Kitabı oku: «Паўлінка», sayfa 3
З'ява 9
Тыя ж і Паўлінка
Паўлінка (уваходзячы, да Альжбеты). Можа б, мамка, прыціснулі сыр, бо да заўтрашняга не адціснецца.
Альжбета. Яшчэ паспее… Дай мне з цёткай разгаварыцца.
Паўлінка. Ідзіце, ідзіце, мамка, а я за вас з цёткай пагавару.
Агата. Ідзіце, свацейка, тудэма-сюдэма, не зважайце на мяне. Мы тут з Паўлінкай пачакаем на цябе.
Альжбета (выходзячы). Ну, як сабе хочаце.
Паўлінка з Агатай садзяцца на куфры і жыва аб чымсьці гавораць.
З'ява 10
Паўлінка, Сцяпан, Пранцісь, Агата
Сцяпан. Знаеце, сваток, гэтага, гэтага… як ён… а каб цябе… (Да Паўлінкі.) Паўлінка, як гэты завецца, што мяне сягоння падмазываў?
Паўлінка (з месца). А скуль жа я магу ведаць, хто татку мазаў?
Сцяпан. Ну, гэты ж?., каб ён цяміўся… зяць, зяць!
Паўлінка (прыпамінаючы). Як жа ён, як?… Здаецца, Бык… Бычок…
Сцяпан. Ага, ён, ён. Не, не так! Быкоўскі, каханенькая, родненькая, вось як. Пан Адольф Быкоўскі. (Да Пранціся.) Дык бачыш, сваток, ён, значыцца, падлабуньваецца да маёй Паўлінкі. Што ты на гэта?
Пранцісь (дастаючы гарэлку). Глупства, глупства, пане дабрудзею. Собственно, бычок, вось-цо-да, больш нічога. (П'е і дае гарэлкі Сцяпану.)
Сцяпан (выпіўшы). Заутра, знакам тым, прыедзе абнюхаць, як і што, дык і сваток са сваей загляньце да нас. Ану ж, каханенькі, родненькі, можа, які гандаль будзе наладжвацца, дык прыкінеш якое слаўцо. Прыедзьце толькі.
Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею, і прыйсці можна. Собственно, блізка, вось-цо-да.
Сцяпан. Блізка-то блізка, але каб не было слізка: на дождж як бы збіраецца.
Паўлінка (з месца). А ці, татка, каня паілі?
Сцяпан. Не, каханенькая, родненькая. Зараз пайду. (Да Пранціся.) Можа, разам з сватам пойдзем? Я свайго напаю, а сват свайго паглядзіш, ці добра прывязаны.
Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею. Собственно, жонка завязе, калі б кабыла ўцякла. (Да Агаты.) Праўда, баба?
Агата (з месца). Што – праўда?
Пранцісь. Собственно, калі б кабыла ўцякла, то мяне тады ты дамоў завязеш, пане дабрудзею.
Агата. А каб ты, тудэма-сюдэма, бокам ездзіў! Ідзі скарэй, паглядзі! Гэта ж і мне з памяці сышло.
Сцяпан. Пойдзем, каханенькі, родненькі. (Абымаюцца і сланяючыся выходзяць, напяваючы.) Чаму ж нам не пець, Чаму ж не гудзець, Калі ў нашых хатачках Парадак ідзець?
З'ява 11
Паўлінка, Агата
Паўлінка. Але ж калі я яго люблю, цётачка.
Агата. Мала што, дзеткі, тудэма-сюдэма, любіш яго, але калі бацька не хоча, дык падумай, што людзі скажуць, як супроці волі старых пойдзеш.
Паўлінка. А што там людзі? Яны ж з ім жыць за мяне не будуць і па маёй смерці за мяне пакутаваць не будуць. Пагавораць, пагавораць ды перастануць, як намазоляць языкі.
Агата. Як уважаеш, мае дзеткі. Што ж я, тудэма-сюдэма, нічога не дараджу.
Паўлінка. (заламаўшы рукі на каленях). Калі ён такі добры, такі разумны, што і сказаць не магу.
Агата. Усе яны добрыя, пакуль не ўбярэ каторы дзяўчыны ў свае рукі, а як убярэ, тады на іншы лад, тудэма-сюдэма, зайграе, а ты танцуй пад яго дудку. І мой, пакуль толькі сватаўся да мяне, – патульны быў, як цялё, а як ажаніўся, дык праўдзівым ваўком зрабіўся.
Паўлінка. (як бы не зважаючы на гаворку Агаты). Кніжкі мне прыносіў… Хораша так аб усім расказваў… як трэба жыць, як людзей трэба ўсіх любіць, і шмат, шмат чаго. І любіць жа ён гэтых людзей зусім неяк не так, як мы іх любім. Гэта ж трэба ведаць, столькі мой тата на яго ўсякай дарэмшчыны нагаварыў і ачарніў, а ён хоць бы што. «Ведама, кажа, чалавек: яму нешта абышло ці не спадабалася, дык і помстуе. У нас, кажа, усе ідзе не так, як трэба. Людзі, кажа, у нас, як звяры: адзін на другога кідаюцца, адзін другога цкуюць, пад'юджваюць, ненавідзяць адзін другога. Змалку дзён, кажа, прывыкаюць у ненавісці жыць, змалку дзён іх да гэтага вучаць і дома, і за домам. Сляпыя, кажа, усе сляпыя. Адзін над другім не маюць ніякай літасці, хоць усіх душаць зверху ўсялякія пошасці ды злыдні».
Агата. Чула я, чула аб ім не раз. ВельмІ ўжо, кажуць, тудэма-сюдэма, разумны і добры ён.
Паўлінка (ажывіўшыся). А што ж, ці не праўда? І ўсё б было добра, каб не гэты тата: хоць немаведама што рабі з ім.
Агата. Трэба, дзеткі, пачакаць, ану ж, тудэма-сюдэма, ліха перамелецца, і ўсё добра будзе.
Паўлінка. Трэці год, цётачка, чакаем, і нічога не выходзіць. Трэці год трасуся і выглядаю той часінкі, каб толькі з ім пабачыцца. Павешуся, цётачка, павешуся, калі мяне з ім разлучаць!..
Агата (хрысцячыся). Мёйца, сына! Тудэма-сюдэма, што ты, Паўлінка? Пабойся Бога гэткія рэчы гаварыць напроць ночы! Цьфу! матачка найсвентшая!
Паўлінка (паказваючы). Калі тут, цётачка, так пад сэрцам баліць, што і жыць неўмагату. Такі ён міленькі, такі прыгожанькі, такі паслухмяны… (Заглядзеўшыся ўдаль). Калі яшчэ з гэтам былі яны добра, прыйдзе, бывала, вады за мяне прынясе, дрэўкі нашчапае. Не глядзіць на тое, што калісь вучыўся, а цяпер сам вуча і болыпых, і меншых. Ніколі ад яго слова благога не чула. Так, ведаеце, цётачка, і хочацца з кім-колечы аб ім гаварыць і думаць без канца і пачатку. І чаму я такая няшчасная? (Са слязьмі.) Бацька родны хоча мяне адарваць ад таго, хто мне цяпер мілей ад усяго чыста – жыцця, хаты роднай, цэлага свету. І чаму ж я такая няшчасная?
Агата (тулячы да сябе Паўлінку, праз слезы). Ціха, мае дзеткі, ціха. Не гаруй, не маркоцься, міленькая, вельмі. Неяк жа ды будзе. Бог найвышэйшы, тудэма-сюдэма, міласэрны і аб тваёй тут цяжанькай долі не забудзецца.
Паўлінка (як бы збудзіўшыся). А няхай сабе будзе, што мае быць – я свайго такі даб'юся або згіну, каб і следу не засталося.
Агата. А усе ж такі, скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеўся?
Паўлінка. Бо… бо Якім з мужыкоў…
З'ява 12
Паўлінка, Агата, Сцяпан, Пранцісь
Пранцісь (за дзвярыма). Глупства, вось-цо-да. Не дзе падзелася! Я знаю, собственно, дамоў уцякла, пане дабрудзею.
Сцяпан (уваходзячы у хату, а за ш Пранцісь). І трэ было ж свату так дрэнна яе прывязаць, ды ў гэткую яшчэ цемру.
Агата. (усхапіўшыся). Каго прывязаць?
Пранцісь. Кабылу, кабылу, пане дабрудзею. Ужо ж не цябе, вось-цо-да.
Агата. Дык дзе ж кабыла?
Пранцісь (дастаючы пляшку). Собственно, няма кабылы, дзе была, вось-цо-да, пане дабрудзею.
Агата (падбягаючы да Пранціся з кулакамі). Дык чаго ж ты, тудэма-сюдэма, несвянцоная костка, рассеўся, як у сваей хаце!
Пранцісь (пацягваючы з бутэлькі). Глупства, глупства, вось-цо-да. Пасвенцім, собственно, пане дабрудзею, калі несвянцоная.
Агата (хоча вырваць пляшку, Пранцісь не дав). Вот я цябе зараз, тудэма-сюдэма, як высвенчу гэтай пляшкай па галаве, дык і сваіх не пазнаеш, няшчасны ты «вось-цо-да». (Галосячы.) А Божа ж мой, бацюхна мой! Нашто мяне пакараў гэтай, тудэма-сюдэма, п'яніцай, гэтай недарэкай, гэтай куксамордай, гэтай… гэтай…
З'ява 13
Тыя ж і Альжбета
Альжбета. (убяеае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія?
Паўлінка. Кабыла дзядзькава ўцякла ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложак і шые.)
Альжбета (да Пранціся). Дык чаго ж, сватка, чакаеце? Бяжыце скарэй дамоў, – пэўна, там; гэта ж ей не першыня.
Агата. Ці ж тэту, тудэма-сюдэма, трухлявую калоду зрушыш з месца! Сядзіць жа вось анцыхрыст, каб яму моль пяты пабіла, і з месца не скранецца.
Сцяпан (закурваючы люльку), Супакойцеся, свацця. Не дзе яна дзенецца. Каханенькая, родненькая, яна дома, напэўна дома.
Агата. А сват, тудэма-сюдэма, не сунься з сваім носам туды, куды цябе не просяць. (Да Пранціся.) Ідзём! Чуеш ці не!..
Пранцісь (устаючы). Глупства, пане дабрудзею, глупства. Мае мазгі спрытныя. На табе, вось-цо-да, паеду, собственно, дамоў.
Агата (выводзячы Пранціся). Бывайце здаровы! Нахвалены Езус!.. Падла гэты, ламака, нарабіў работы!
Выходзяць, за імі – Альжбета з клінком.
З'ява 14
Паўлінка, Сцяпан
Сцяпан. Ох, і даюцца ж гэтыя сваякі ў знакі. Але, дзякуй Богу, дзве дзюркі ў носе і сканчылося, – ужо пазбыўся.
Паўлінка. А дауно гэта таткаў гняды ўцёк з Лужанкі, і татка дамоў пехатой прытрапаў?
Сцяпан. Што было, тое сплыло і болей, каханенькая, родненькая, не будзе, як кажуць людзі.
Паўлінка. Паглядзім. Заутра кірмаш.
Сцяпан. Не бойся, каханенькая, родненькая. Я кабылу злаўлю, але і ты глядзі, каб мне таго зяця злавіла, аб якім я табе сягоння гаварыў.
Паўлінка. Што ён, конь ці вол, каб я яго яшчэ мела лавіць?
Сцяпан. Не конь і не вол, а так сабе, дойная жывёліна.
Паўлінка. Дык, татка, яго і дойце, калі ён для вас такі дойны, а я і не думаю.
Сцяпан. Нічагутанькі, каханенькая, родненькая. Надумается, ваша, як пакармлю бярозавай кашай. Вось толькі каб пагода была добрая, а то казаў ён, што на кірмаш не паедзе, калі будзе дождж ісці.
Паўлінка. Ліха не возьме! Гэткі цукар не размокне.
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, як скажу, так і будзе; дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заутра пагода. Купіў я сягоння каляндар – нейкі беларускі, як кажа крамнік. Пытаўся ў яго, ці піша аб пагодзе, дык крамнік гавора мне, што аб пагодзе напісана ў Ім болей, як аб чым іншым. Значыцца, паглядзім праўды. Ідзе і дастае з-за абраза каляндар, адтуль валіцца на зямлю фатаграфія. Паўлінка, саскочыўшы з ложка, падбягае падняць яе, але не паспявае. (Падымаючы фатаграфію.) А гэта што такое?
Паўлінка (хочучы адабраць). Гэта мая. Аддайце мне, гэта!
Сцяпан. Я пытаюся – хто гэта?
Паўлінка. Ці ж, гэта, не бачыце?
Сцяпан (са злоснай насмешкай). Ха-ха-ха! Якім!.. Хай жа ён прападзе саўсім. (Хоча рваць, Паўлінка адбірае.)
Паўлінка (скрозь слёзы). Аддайце, татачка, аддайце, не рвіце! не здзекавайцеся над ім…
Сцяпан (адпіргнуўшы ад сябе Паулінку). Адчапіся ад мяне, гіцлёўка! Я вам тут наразводжу шашняў…
Стукат у сенцах. Уваходзяць Пранцісь, Агата, а за імі Альжбета. Паўлінка стаіць патупіўшыся, глытаючы слёзы, і скубе пальцам! фартух.