Kitabı oku: «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi»

Yazı tipi:
* * *

© Грушэцкі А., 2023

© Козел В., ілюстрацыі, 2023

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва „Чатыры чвэрці“», 2023

* * *

Прыгоды клічуць ізноў


Кожныя вакацыі Янка і Мілана праводзілі ў дзедавай вёсцы, цёплыя ўспаміны аб якой цешылі падлеткаў у горадзе. Гэтае ж лета выдалася найбольш запамінальным і багатым на падзеі. Такіх прыгод не зведаў яшчэ ніводны з іх знаёмых.

Каму яшчэ ў жыцці давялося спаткацца з жывым Цмокам, які вывяргае сапраўдны агонь? А хтосьці ладзіў сяброўства з магутным волатам Вярнігарой, якому пад сілу валуны варочаць і горы руйнаваць? Ці хто бачыў няўрымслівых гарцукоў – сяброў ветру, альбо лесуна з багнікам? Прыгажунь-вужалак? Вось-вось, дакладна ніхто! А Янку з Міланай пашчасціла не толькі бачыць, але разам перажыць столькі, што іншым і не ўяўлялася! Юнакі за адно лета пасталелі, выраслі, сталі смелымі і моцнымі духам – сапраўднымі героямі, дасведчанымі на справе, што такое праўдзівая адвага і гонар!

Успамінаў хопіць не на адно жыццё. Шкада толькі, што падзяліцца няма з кім. Гэта ж сакрэт, вялікая тайна… пра таямнічае каралеўства.

Вярнуўшыся пасля бурных і яркіх падзей дадому, дзеці ледзь сябе не выдалі. Янка ўласна зачыніў праход у чароўнае каралеўства Сварга і нават паклаў на месца дзедавы падарункі – крыж з падковай, ад аправы люстэрка і загадкавы кулончык, з дапамогай якога ў Міланы атрымалася выклікаць Цмока, што выратаваў іх падчас вырашальнай бітвы. Аднак хлопчык забыўся замкнуць куфар на замок.

Вох, раззлаваўся ж тады дзядуля, які заўсёды вельмі любіў парадак і трымаў кожную рэч на сваім месцы, даведаўшыся, што дзеці ўзялі тыя загадкавыя прадметы без яго ведама. Але гневаўся нядоўга – ён моцна любіў сваіх унукаў, да таго ж яны адразу ва ўсім прызналіся. Праўда, не да канца. Сказалі, што вельмі карцела паглядзець на абяцаныя падарункі, і, убачыўшы адчыненыя дзверы, яны папросту не ўтрымаліся.

Ну што ты будзеш рабіць з любімымі ўнукамі? Старога гэта нават рассмяшыла. Тым не менш ён вельмі сур’ёзна выказаў, што такога рабіць не варта было. Няма дазволу, значыцца, няма. Дзед ніколі на іх не крычаў, толькі сур’ёзным голасам тлумачыў, што добра, а чаго рабіць не годна. Менавіта пасля такіх размоў дзеці адразу пачувалі сябе больш дарослымі і адказнымі, чыніць нешта неналежнае ім больш не хацелася.

Так камора была надзейна зачыненая, а крыжык, падкова і ўпрыгожванне схаваны ў куфар, хоць гэтыя рэчы дзеці вельмі палюбілі. Ад кулончыка Мілана была ў захапленні, ён здаваўся прыгожым і незвычайным. У яе сябровак дакладна такога не было.

Брату і сястры засталося чакаць канца вакацый, і дзед мусіў аддаць тыя рэчы. Але сумаваць па іх не было часу – падлеткі атрымлівалі асалоду ад летняга адпачынку ў любімай вёсцы. Мяркуйце самі: непадалёк ад хаты лес, за плотам гарода рэчка, адразу за якой распасцёрся поплаў, – хоць пейзаж малюй, бы маленькая Швейцарыя, а мо і прыгажэй.

Ні Янка, ні Мілана ніколі не бывалі ў той далёкай Швейцарыі. Але яны былі ўпэўненыя, што толькі ў іх вёсцы буслы клякочуць, нібыта вясёлыя музыкі з душою граюць на клякотках. Раніцай прыгожа спяваюць птушкі, раскрываючы ўсю сакавітасць сваіх галасоў у ранішніх пошчаках. Нават артысты з кансерваторыі імі заслухаліся б. Певень на плыце зранку заходзіцца, і, здаецца, сонейка выглядае толькі затым, каб паслухаць ды палюбавацца маляўнічай постаццю спевака. А якія яблыкі на гародзе растуць, каб вы толькі бачылі… Сакавітыя, толькі скаштуеш – аж унутры ўсё напаўняецца асвяжальна-салодкім сокам.

Непадалёк ад хаты, на дзялцы (зямельным участку), стаяў калодзеж з празрыстай, як сляза, і сцюдзёнай, як ляднік, вадой. У любога падарожніка ці госця, якому пашэнціла трапіць сюды ў спякотны сонечны дзень, папіць сцюдзёнай вады з калодзежа будзе адным з самых яскравых успамінаў. А калі ён да таго ж і абальецца вадой з вядра – дакладна не забудзецца на такое.

Вада была і ў доме, падавалася помпай ад калодзежа. Але ж набраць яе, зачэрпнуўшы вядром з цёмнай глыбіні студні і падымаючы на звінючым ланцугу, круцячы ручку бервяна-барабана, паставіць цяжкае, налітае да краёў вядро на лаву, аглядаць, як бавіцца ў ім на хвалях сонейка, – зусім іншая справа. Толькі такая вада і мае самы смак, сок зямліцы. П’еш і адчуваеш, як напаўняешся жыццёвымі сіламі, неверагоднай моцай.

У хаце ў адным з пакояў стаяла сапраўдная, мураваная печ з ляжанкай, – усё як мае быць. Зімой дзеці нават злазіць з яе не хацелі. Котка, напэўна, адтуль амаль і не саскоквала. Вядома ж, яна лавіла мышэй і сваім абавязкам давала рады на выдатна, але вольны час бавіла на ляжанцы, прывольна расцягнуўшыся або пяшчотна згарнуўшыся клубочкам.

Канешне, кухня ў хаце была абсталяваная газавай плітой, мікрахвалёўкай, мульціваркай. Але стравы з печы… Гэта ж зусім іншая рэч. Ежа, прыгатаваная асаблівым чынам у чыгунках, была духмянай і смачнай, адным словам – з душой.

Сям’я ахвотна прыязджала да дзядулі і бабулі, а малыя заўсёды бавілі час з задавальненнем. Сяброў у Янкі з Міланай было тут багата, бо тыя таксама імкнуліся выбрацца на лета не да нейкага там заморскага выраю, а да любай вёсачкі, адпачынак у якой не заменіць аніякая чужына. Гэткай красуні-прыроды больш анідзе не знайсці. Усё сваё, роднае, любае і дарагое сэрцу. Родны кут, зямля, адкуль карані бацькоў і продкаў. Таму і цягне штораз сюды, дзе ўсё так міла і знаёма, цешыць душу.

Рыбалка, купанне ў рэчцы, гульні ў хованкі да поцемак, паходы ў лес па ягады ды грыбы, святкаванне Купалля з начнымі скокамі праз вогнішча і пусканне падпаленага кола з гары, гонкі на роварах па прасёлкавых дарогах, а калі пашэнціць – то і на конях можна пакатацца… Але, на жаль, як бы тут ні было файна, вакацыі калі-небудзь ды скончваюцца.

Адпачынак нашых герояў ужо падыходзіў да завяршэння. Яшчэ колькі дзён – і час збірацца дадому. Але быў у гэтым і станоўчы момант – хутка дзеці атрымаюць свае незвычайныя падарункі. Ды і дзед пра іх не забыўся. Бацькі Янкі з Міланай акурат адправіліся ў госці разам з бабуляй. Самі ж дзеці бавіліся з сябрамі на вуліцы.

Дзед павольна накіраваўся да каморы, адчыніў дзверы і запаліў святло. Яму здавалася, што заўсёды першым на вочы ў каморы траплялася менавіта люстэрка. Можа, таму, што яно вялікае. Ці таму, што святло адразу адлюстроўвалася ад яго. А можа, з-за таго, што самотна вісела на сцяне і сваім загадкавым выглядам прыцягвала ўвагу. Дзядуля зайшоў, паглядзеўся ў яго і адкрыў куфар, выцягнуў драўляныя падкову і крыж, таямнічага колеру кулончык. Закрыўшы вечка, стаў разглядаць усё гэта, магчыма, у апошні раз.

– Хм, сапраўды дзіўна. І чаму мой дзед папрасіў ім перадаць тое?..

У роздумах стары падняў галаву і зірнуў на люстэрка, заўважыўшы, што крыж з падковай маглі быць выразанымі з таго ж дрэва, што і рама. Яны былі падобныя і па колеры. І тут ён паглядзеў вышэй.

– О, не… – вырвалася з яго вуснаў, і ён ледзь не ўпусціў з рук тыя прадметы. – Гэтага не можа быць. Гэтыя фігуры могуць з’яўляцца часткай герба, якіх бракавала. Ну-ка, – прамовіў ён, паклаўшы кулончык на вечка, а сам залез, пыхкаючы, на куфар.

Дзед паспрабаваў уставіць драўляны крыжык, паднёсшы той да пустога месца на гербе. На дзіва, крыж пасаваў таму месцу.

– Як тут і быў! – толькі ён гэта прамовіў, як па памяшканні прабегся лёгкі ветрык. Дзядуля крыху здзівіўся, але не надаў гэтаму вялікай увагі. Затым ён узяў падкоўку, пакруціў, разглядаючы, і таксама прыставіў яе ў адпаведнае паглыбленне, прыціснуўшы для надзейнасці. Але цяпер крыж выехаў са свайго месца. Дзед спужаўся, што той адваліцца і хуценька падхапіў яго. Але перасцярога апынулася залішняй – ён не выпаў, а боўтаўся на шрубе.

Старога гэта нават крыху заінтрыгавала. Напачатку ён паспрабаваў націснуць на яго, вярнуць на месца, але той не паддаваўся. Адначасова дзядуля заўважыў, што крыжык можа круціцца, і павярнуў яго, бы кранік на старым кухонным змяшальніку.

Тое, што адбылося далей, не на жарт напалохала яго. Па люстэрку пранёсся трэскат, быццам шкло разам з драўлянай рамай былі гатовыя лопнуць. Напужаны стары адразу ж саскочыў з куфра. Разам з тым у лямпачцы, што вісела над галавой, забзыкала напруга. Ледзьве дзед паспеў адскочыць, як лямпачка ўзарвалася, разляцеўшыся па пакоі на дробныя аскепкі, і стары, расхінуўшы дзверы, хутка выскачыў з каморы.

Абапёршыся на сцяну, ён схапіўся за грудзі. Сэрца зашчымела, даючы аб сабе ведаць непрыемным болем. Добра, што таблеткі заўсёды з сабой. Закінуўшы адну пад язык, стары прайшоў на кухню і прысеў на крэсла, пераводзячы дыханне.

Не тое, каб ён моцна спужаўся, за свае гады ўсяго пабачыў. Але здарэнне адбылося так нечакана і загадкава! Ён сядзеў і не мог зразумець, ці на самой справе люстэрка трэснула, ці гэта быў электрычны трэскат.

– Што б там ні было, а святло трэба памяняць. – Дзед крыху супакоіўся, аддыхаўся і пайшоў за новай лямпачкай, кіпа якіх заўсёды ляжала ў скрыначцы на палічцы каля ўваходу ў хату. Апусціўшы руку ў скрыню, ён павадзіў рукой і расчаравана выдыхнуў: – Ды няўжо скончыліся? Вось няўдача, – занерваваўся ён. – Давядзецца ісці ў краму.

Стары павольна павалокся на вуліцу, дзе сустрэў унукаў, якія акурат вярталіся дамоў ад сяброў.

– Добры дзень, дзядуля! – ветліва павіталіся яны.

– Добры, добры, шалапуты вы мае, – пажартаваў ён. – Найграліся? Дахаты?

– Так. А вы, дзеда, да каго ў госці?

– Ды не, у краму трэба схадзіць.

– Вам, можа, дапамагчы?

– Дзякуй, даражэнькія. Я так, па дробязі.

– Тады мы пойдзем? А то дзень гарачы, так піць хочацца.

– Вядома ж, ідзіце. Я, напэўна, потым яшчэ да вашых бацькоў далучуся, хутка мяне не чакайце. Не засумуеце?

– Не, дзядуля, не хвалюйцеся.

– Ну і добра.

Яны былі ўжо даволі самастойнымі, а за лета на свежым паветры выраслі, нават пасталелі. Гэта ўжо былі не тыя шалапуты, як любіў іх называць дзед, а сур’ёзныя, разважлівыя юнакі са сваімі думкамі, меркаваннямі і поглядамі. Выраслі, нічога не скажаш. І таму былі свае прычыны, пэўныя падзеі, што так паўплывалі на іх характары.

Яны дайшлі дадому, зайшлі ў хату і, ступіўшы на парог, тут жа застылі ў напружанні. Па падлозе спакойна паўзла змяя. Убачыўшы людзей, яна застыла на месцы, прыпадняўшы галаву, і ўтаропілася на іх.

– Змяя? – не тое каб спалохана, хутчэй, здзіўлена прамовіла Мілана.

– Гэта вуж, – паправіў Янка.

– Так, бачу, – пагадзілася сястра, – у яго жоўценькія вушкі. Пасля ўсяго, што з намі здарылася, вужа я здолею адрозніць. Ну, прывітанне табе, вужык! Адкуль жа ты тутака ўзяўся?

Вуж высунуў раздвоены язык, сыкнуў і, як ім падалося, нібыта пакланіўся, вітаючы.

– Гэта немагчыма, але… – насцярожана прамовіла Мілана, прыглядаючыся да змейкі. – Няхай я падамся табе дзіўнай, але…

– Папраўдзе і мне так здалося, – не даў ёй дагаварыць свае здагадкі брат. – Ён вельмі нагадвае нашага старога знаёмага.

– Але ж такое немагчыма!

– Так, гэта неверагодна.

А вуж, не адводзячы ад іх погляду, пачаў выгінацца, шыпець, а затым то падпаўзаць да іх, то зноў даваць задні ход.

– Слухай, ён неяк незвычайна сабе паводзіць, – пачала разважаць Мілана, – нібыта…

– Кліча за сабой, – падхапіў думку Ян.

– Менавіта так.

Хлопец павярнуў да яе галаву і моўчкі кіўнуў.

Яны паглядзелі адзін аднаму ў вочы і, не кажучы ні слова, павольна накіраваліся за нечаканым госцем. Той, нібыта ўзрадаваўшыся, што яго нарэшце зразумелі, прыўзняўся, развярнуўся і хутка папоўз у бок дзедавай каморы. Дзеці паспяшаліся за ім.

На іх здзіўленне, дзверы былі прыадчыненыя, і змяя спрытна праціснулася ў шчыліну. Дзяцей гэта крыху насцярожыла – дзед звычайна пільна сачыў за тым, каб яны былі надзейна замкнёныя на замок. Мабыць, ён толькі адзін раз дапусціў такую прамашку, ды і тое ў мітусні. Што было далей, мы памятаем.

– Нешта ў мяне нядобрае прадчуванне, – захвалявалася дзяўчына.

– Лепшы спосаб даведацца, наколькі маеш рацыю, – гэта спраўдзіць, што там.

– Я гэта і сама разумею.

– Ты гатовая?

Мілана глыбока ўздыхнула:

– Так, адчыняй, – рашуча прамовіла яна.

І брат, узяўшыся за клямку, расхінуў дзверы. А затым яны ўдваіх знерухомелі. У каморы было цёмна, але святла з калідора было дастаткова, каб зразумець, што ў памяшканні адбываецца нешта незвычайнае. З люстэрка на сцяне лілося серабрыстае святло таямніча, мякка і прыгожа, нібы прамень ад поўні напаўняе пакой у летнюю ноч, у якім нават лятучыя парушынкі, што павольна вісяць у паветры, падаюцца срэбнымі сняжынкамі. Дзіўна, таямніча і нерэальна. Зачароўвае.

У паўцемры было відаць, што вуж жадаў узлезці на куфар, але ў яго гэта ніяк не атрымлівалася.

– Здаецца, ён просіцца да люстэрка, – заўважыў Янка.

Хлопча паклацаў выключальнікам, але па-ранейшаму было цёмна.

– Падобна, лямпачка перагарэла.

Янка, нядоўга разважаючы, ступіў у пакой. Не паспеў ён зрабіць і некалькі крокаў, як яго пацягнула назад сястра.

– Што? – спытаўся ён.

У адказ дзяўчына толькі кіўнула галавой, паказваючы на падлогу. Брат павярнуўся і ўбачыў у месячным святле, як на падлозе блішчаць аскепкі дробнага шкла.

– Мяркую, гэта і ёсць лямпачка, – выказаў здагадку Янка. – Тое, што ад яе засталося.

– Відаць, так.

– Лепш я вазьму ліхтарык. Не хачу параніцца.

Звычайна ён ляжаў каля ўваходу ў хату. Янка падумаў адразу там жа ўзяць і новую лямпачку, але скрынка была пустая. Хлопец расчаравана схапіў толькі ліхтарык і накіраваўся назад да каморы. Пабачыўшы, што ў свяцільні застаўся пусты патрон, ён здагадаўся:

– Дзеда, відаць, спяшаўся да крамы па лямпачкі. А ў паспеху ізноў забыўся зачыніць дзверы.

– Хутчэй за ўсё. Мяне толькі турбуе, ці бачыў ён гэта, – кіўнула сястра на люстэрка.

– Мяркую, што не. Інакш бы ён быў усхваляваны. Як я зараз. Бо баюся, што праход… – брат нервова каўтнуў паветра, – ізноў адкрыты.

– Як гэта?

– Вось і я б хацеў пра гэта даведацца.

Брат з сястрой падышлі да люстэрка і паглядзелі на яго.

– О, не… – прамовілі яны разам.

Як яны і лякаліся, адлюстравання ніякага не было. Замест гэтага дзеці бачылі ў ім толькі змрочную пустэчу, праз якую прабівалася здалёку ледзь заўважнае святло. Янка насцярожана пасвяціў унутры.

– Так і ёсць! Гэта той самы праход, – прамовіў хлопец.

– Але як такое магло здарыцца? Не мог жа ён сам адкрыцца? Ты ж яго тады дакладна зачыніў.

Брат зірнуў ніжэй і перавёў ліхтарык на вечка куфра.

– Баюся, я здагадваюся, што тут адбылося.

На куфры ляжаў чароўны кулончык на вяровачцы, які прызначаўся Мілане.

– Вой! – усклікнула яна і тут жа падхапіла яго. – Няўжо ён самы? Мой любімы, – і яе твар ахінула прыемнай усмешкай.

– Ды гэта яшчэ не ўсё, – загадкава прамовіў брат, пасвяціўшы ўгару.

Дзяўчына падняла галаву і разгублена прамовіла:

– Як гэта?

Крыжык і падкова знаходзіліся на сваіх месцах. Хаця больш правільна было сказаць – не на сваіх. Яны павінны былі ляжаць у куфры пад надзейным замком, а цяпер былі ў гербе над рамай.

– Няўжо дзеда пра ўсё даведаўся? – спалохана прамовіла Мілана.

– Спадзяюся, што святло згасла раней, чым ён мог гэта пабачыць.

– Цудоўна, калі так. Але ж трэба нешта з гэтым рабіць. Можа, зачыніць яго, пакуль не позна?

У гэты момант вужык ізноў паспрабаваў узлезці на куфар, але і гэтым разам безвынікова. Тады ён засыкаў, быццам звяртаючыся да людзей.

– Мяркую, ён просіць аб дапамозе, – здагадалася Мілана і нахілілася.

Яна ўзяла змяю на рукі, а тая і не супраціўлялася. Але потым пачала выгінацца і рыўкамі быццам спрабавала паказаць, куды жадае далей – у пустэчу, якая зараз ззяла замест люстэрка.

Гэта і здзіўляла, і насцярожвала. Брат з сястрой пераглянуліся, і Янка пагаджальна кіўнуў. Мілана прыпадняла вужыка, які юрка кінуўся праз раму. У поцемках яго не было відаць, але дзеці пачулі, як ён з таго боку чмякнуўся аб зямлю і з шамаценнем скаціўся кудысьці.

– Што ж, – прамовіў Янка, – падаецца, прыгоды нас клічуць ізноў?!

– Падобна на тое, – не магла не пагадзіцца Мілана.

– Тады памкнёмся наперад? Ізноў да прыгод?!

– Да новых прыгод! – паправіла яго сястра.

– Так. Мабыць, каралеўства ізноў у небяспецы, а яго жыхарам патрэбна наша дапамога.

– У такім выпадку не будзем губляць часу.

Яны ўжо былі гатовыя адправіцца ў дарогу, як Мілана пра нешта ўспомніла.

– Я зараз! – папярэдзіла дзяўчынка брата і хутка выбегла з каморы.

Не прайшло і хвіліны, як дзяўчына вярнулася, трымаючы ў руках дыядэму і рыцарскія даспехі. Тыя самыя, у якіх яны вандравалі па каралеўстве.

– Гэта дарэчы! Малайчынка! – пахваліў брат.

Яны тут жа пераапрануліся і ўхваляльна агледзелі адзін аднаго.

– Так значна лепей, – прамовіла Мілана.

– І сапраўды. Ты неверагодная! Ну што, а цяпер у шлях?

– Так! А тое на нас, пэўна, ужо зачакаліся.

І, не кажучы больш ні слова, яны перасягнулі мяжу паміж іх светам і таямнічым каралеўствам.

Непрыемныя змены ў каралеўстве


Крок наперад, спуск долу праз патаемным ход, прасвет… Яны так хутка павыскоквалі з дрэва, што змяя ледзь паспела адпаўзці ўбок і ўзлезці на валун, які ляжаў непадалёк ад магутнага разгалістага дуба.

Нават не верыцца – яны ізноў на той самай дзівоснай паляне, на тым месцы, дзе ў мінулы раз пачаліся іх вялікія прыгоды. Чароўная краіна залюстрэчча – каралеўства Сварга!

Усё амаль так, быццам нічога і не змянілася. Нават вужык на тым жа камяні, калі яны першы раз сустрэліся.

– Дзень добры, пане Вуж! – павіталася першай Мілана.

– Дзень добры, шаноўныя!

Павітаўся і Янка, але затым дзеці падазрона ўтаропіліся на змяю. Яны быццам і пазнавалі свайго старога сябра, але нешта было не так. Вуж быццам памаладзеў, нават голас яго гучаў не так.

– Бачу ў вашых вачах пэўную разгубленасць, – пачаў вужык, заўважыўшы збянтэжанасць юнакоў.

Яны насцярожана маўчалі.

– Так, я насамрэч не той, каго вы чакалі ўбачыць. Я зараз усё растлумачу. Справа ў тым, што я сын таго Вужа, якога вы ведалі.

– Пана Вужа? – нарэшце прамовіў Янка.

– Так.

– Ха! А мы глядзім і не можам зразумець. Быццам бы прад намі наш стары знаёмы, а быццам бы і не. Але ж як вы падобныя!

– Дзякуй. Я вельмі ганаруся ім. Прызнацца, і я напачатку сумняваўся, ці то вы. Але ж цяпер, – акінуў ён іх позіркам з ног да галавы, – я дакладна бачу, што вы – героі, якіх мне апісваў бацька.

Янка з Міланай пераглянуліся, і вочы іх у захапленні загарэліся. Яны ізноў былі тымі самымі – статным рыцарам у бліскучых даспехах і прыгожай юнай каралеўнай з пераліўнай на сонцы шыкоўнай дыядэмай.

– Але ж, – пацікавіўся Янка, – дзе ён, ваш бацька? Чаму ён сам не з’явіўся? Мы былі б усцешаныя яго бачыць.

– Ён… – адразу ж змяніўся той у твары, – Баюся, вы не зможаце з ім пабачыцца.

– Як?

Вуж цяжка ўздыхнуў:

– Ён загінуў, як сапраўдны герой, у бітве за наша каралеўства.

– Прабачце, мы не ведалі, – засмуціліся Янка з Міланай. – Як шкада…. Мы шчыра спачуваем.

– Дзякуй, – з сумам у голасе прамовіў няшчасны.

– У нас пра яго былі толькі найлепшыя думкі і ўспаміны. Мы разам з ім шмат праз што прайшлі. Ён быў побач з намі ўвесь той час, што мы правялі ў каралеўстве. Ад пачатку і да канца…

– Так, я ведаю. Ён таксама мне апавядаў пра вас толькі добрае заўжды. Нават у апошнія хвіліны, калі быў смяротна паранены падчас той бітвы.

– Якой бітвы? – не зразумелі юнакі.

Наколькі яны памяталі, падчас ніводнай з бітваў, у якіх яны разам змагаліся, іх сябра не быў паранены. А тым больш смяротна.

– Ах, вы ж не ведаеце. З таго часу, як вы былі тут апошні раз, шмат чаго адбылося. І ў тым ліку не самага лепшага.

– Што такога страшнага магло адбыцца за той невялікі прамежак, які мы адсутнічалі?

– Невялікі? Вас не было амаль сем гадоў!

– Сем гадоў? – Мілана не дала веры сваім вушам.

Яна нават падумала, што Вуж нешта блытае ці не тое хацеў сказаць. Але брат тут жа тузануў яе за сукенку:

– Тут жа час па іншаму ідзе, чым у нас. Памятаеш?

– А, так. Амаль сем гадоў… – сцяміла што да чаго Мілана і не стала спрачацца. – Як жа час хутка бяжыць.

– Прабачце, а што за бітва адбылася? – ізноў пацікавіўся Янка.

– Пасля вялікай перамогі, здабытай пад вашым кіраўніцтвам, мы нарэшце адчулі, што такое воля! Мы зноў былі свабодныя. Людзі абралі сабе новага караля, добрага і мудрага, які клапаціўся пра нас.

– Але каго?

– Аднаго з тых рыцараў-вайскаводцаў, што змагаўся плячо ў плячо разам з вамі. Ён кіраваў мудра і справядліва пасля ненавіснага Волха. Ды толькі нядоўга доўжыліся шчасце, мір ды спакой. Волх, адчуваючы, што яго перамога можа апынуцца пад пагрозай, адправіў сваю жонку ў небяспечнае месца – у каралеўства да яе дзядзькі, караля Семаргала. У яе разам з атрадам аховы атрымалася пакінуць муры замка незаўважанымі праз патаемныя хады замкавых сутарэнняў.

– Ух ты! Ну і навіны… – дзівіліся Янка з Міланай.

– Так. А потым да іх яшчэ ацалелыя паслугачы ды ваяры Волха далучыліся. Ніхто такога і прадугледзіць не мог.

– А што гэта яшчэ за Семаргал? Хто ён?

– Яго каралеўства суседнічала з тым, адкуль прыйшоў на нашы землі Волх.

– Яшчэ адзін кароль?

– Так, дужа страшны. Волх быў каралём ваўкалакаў, іх гаспадаром. Хадзілі нават чуткі, што ён і сам быў пярэваратнем і ведзьмаком, але ж моцы яму надаваў збольшага яго чароўны кій. А Семаргал можа станавіцца ваўком з крыламі сокала. І здольны ён выклікаць не толькі вецер, але і спусташальны агонь. Там, дзе ён праскочыць на сваім златагрыўным кані, застаецца толькі выпалены след. Такі ён магутны!

– І хіба няма яму якой рады?

– А як жа, калі ён бессмяротны?

– Хіба ж такое бывае?

– Ну, можа, і не зусім бессмяротны, але, кажуць, калі ў яго нават галаву адсячэш – замест яе з’явіцца новая, бо ў яго іх сем!

– Ну і справы…

– Але і гэта яшчэ не ўсё. Памятаеце, як скончыў Волх?

– Ха, вядома ж! Па заслугах! У пашчы Цмока, якога ён доўгія гады трымаў у няволі.

– Гэта так. Але пра кій ягоны памятаеце?

І тут Янка з Міланай прызадумаліся. Падаецца, яны памяталі ўсё яскрава і дасканала, як Цмок адным рухам заглынуў Волха. А што далей было?..

– Што ж, дазвольце я вам нагадаю? Ён праглынуў таго ведзьмака, як закуску, а кій папросту выплюнуў, бы калыпок, што захрас у зубах.

– А, так, – нарэшце ўзгадалі яны тую карціну. – Кудысьці далёка-далёка, што і не было відаць.

– Пэўна, недастаткова далёка. Яго ваяры адшукалі кій. Так яны мелі хоць які шанс уласкавіць гнеў аўдавелай каралевы пасля таго, як не здолелі абараніць свайго ўладара. І дзякуючы гэтаму маглі разлічваць на літасць у Семаргала. Падацца ім больш не было куды. Семаргал сабраў магутнае войска і захапіў наша паслабленае ў бітве каралеўства. Для больш моцнага войска гэта амаль не склала цяжкасці. У нас не было ані шанцаў, ані сіл цягацца з імі.

– Падаецца, ізноў прыйдзецца клікаць Цмока на дапамогу, – разважліва падсумаваў Янка.

– А вось тут і самае непрыемнае. На вялікі жаль, няма больш Цмока. Семаргал добра падрыхтаваўся да нападу. Ён выдатна разумеў, ад каго можа сыходзіць найбольшая пагроза для яго – ад нашага высакароднага Цмока. А можа, гэта была і помста. За тое, што Цмок з’еў Волха, мужа яго пляменніцы.

Брат з сястрой на хвіліну змоўклі, ачомваючыся ад гэткіх навін.

– Але ж як яны здолелі забіць Цмока? – не хацела ўсім сэрцам верыць у гэта Мілана. – Ён жа быў непераможны.

– На кожнага знойдзецца свая бяда.

– Ахілесава пята, – выказаўся Янка.

– Прабачце, што? – не зразумеў Вуж.

– Гэта ў нас так пра слабое месца кажуць, праз якое можна нанесці нечаканую шкоду.

– Так, магчыма. Вось і ён знайшоў спосаб, якім можна перамагчы Цмока. І ўсё пры дапамозе таго вядзьмарскага кія. Семаргал, відаць, адшукаў у старажытных кнігах, як надаць кію моцы, каб знішчыць любога цмока. Высветліўшы, дзе Цмок хаваецца, ён вычакаў, калі той засне, пракраўся са сваімі ваярамі ды ўторкнуў загавораны кій у слабое месца Цмока, што пад самай пашчай на горле. Хацеў ужо і цмокава дзіцяці забіць…

– Дзіцяці? – перабіў яго Янка.

– Так, з таго самага яйка, якое вы і ўратавалі, вылупіўся маленькі цмок. На шчасце, у яго атрымалася пазбегнуць той жа сумнай долі.

– Вух, як здорава! Але ж як ён выратаваўся?

– Семаргал усё разлічыў, але не ведаў ён, што ў пячоры любіў бываць Вярнігара, які моцна прывязаўся да малога, няньчыўся з ім. І ў тую ноч таксама волат быў у пячоры, спаў побач. У цемры яго ніхто не заўважыў. Толькі, на жаль, абудзіўся ён запозна, калі працяты Цмок перадсмяротна пачаў выгінацца ў пакутах. Але шанец дапамагчы малому яшчэ быў. Вярнігара ўступіў з ворагамі ў няроўную бойку. Ён змог даць ім рады, аднак у Семаргала атрымалася ўцячы. А Вярнігара разам з маленькім цмокам вымушаны былі схавацца ў небяспечным месцы. Дзякуй, што горы і разгалінаваныя хады ў пячорах ён ведаў як свае пяць пальцаў.

– І што адбылося далей?

– Гэтага ніхто не ведае, бо не бачылі больш ні волата, ні цмока. Кажуць толькі, што волат атуліўся ў пячорах і ўзяў на сабе клопаты за маленькім Цмокам. Той жа яшчэ нават лятаць не ўмеў…

– Хочацца спадзявацца, што ўсё абышлося, – задумаўшыся, Янка працягнуў: – Ці не трэба ізноў ісці да мудрага Пугача? Баюся, без размовы з ім і яго парад няма сэнсу нават штосьці і думаць, не тое што пачынаць.

– Так, – падтрымала Мілана. – І гэтым разам усё значна цяжэй… Але ж чакайце, – узгадала нешта дзяўчына і дакранулася да кулончыка на шыі, які ўзяла з сабой у падарожжа па дзіўным каралеўстве. – Калі Цмок жывы, то… – прамовіла яна загадкава і пацерла ўпрыгожванне.

Чамусьці цяпер ёй не здавалася, што яна ляціць недзе высока па-над лесам, як гэта было мінулым разам. Не было тых краявідаў, ад якіх дух перахоплівала. Цемра, быццам перад табою каменныя муры, пачуццё непакою і бездапаможнасці. Нешта незразумелае. Яна змоўкла і стаяла цалкам разгубленая.

– Штосьці не так? – занепакоіўся брат.

– Нават не ведаю. Напэўна, стамілася. Усё так нечакана.

– Ну, тады адведаем нашага старога знаёмага. Вось ён здзівіцца! Заклад, ён, пэўна, і не чакаў такога!

– Шчыра кажучы, гэта ён мяне і ўгаварыў адшукаць вас. Бо цяпер вы – наша апошняя надзея, – шматзначна прыжмурыўшы вока, прамовіў Вуж.

– Дзіўна, але ж чаму ён сам да нас не завітаў?

– Гэта ўжо асобная гісторыя. Ну, сябры, шлях у нас доўгі. Рушым!

І яны крануліся ў дарогу да мудрага Пугача, а Вуж распавёў ім яшчэ адну гісторыю:

– Ці памятаеце вы, як сюды трапілі ўпершыню?

– Гэта нібы ўчора было. Тут амаль нічога не змянілася, усё так жа прыгожа.

– Бацька распавядаў пра тую сустрэчу. Ён казаў, што вельмі доўгі час цалкам не мог зразумець, адкуль вы ўзяліся ў такой глухмені. Пра паляну з выйсцем у іншы свет бадай ніхто не ведаў, таму ён і любіў там адпачываць. І ён не менш за вашага спалохаўся, калі вы з’явіліся ніадкуль.

– У пэўным сэнсе можна і так сказаць.

– Мудры Пугач добра разумеў, што чым меней хтосьці будзе ведаць пра тое, адкуль вы з’явіліся, тым у большай небяспецы будуць жыхары каралеўства. Ён адмовіўся дазнацца пра выйсце, як яму гэтага б ні хацелася і цікава ні было. Апроч майго бацькі, ніхто пра тое больш і не чуў. І толькі перад самай смерцю, калі ён ужо дакладна разумеў, што яго час палічаны, распавёў мне таямніцу. Бо нельга такое знесці з сабой, яшчэ можа надысці час, калі гэта яшчэ можа спатрэбіцца. І, на жаль, ён надышоў.

– Але чым мы можам дапамагчы?

– Як?! Вы – нашы героі! Тыя, у каго мы верым! А без веры нам і не выстаяць. Зараз яна нам патрэбная, як ніколі. З верай мы пераможам! Зараз выйсця няма – альбо перамога, альбо смерць.

– Лепш перамога, – прамовіў Янка.

– Дакладна, – падтрымала Мілана. – Будзьма разам!

– Дзякуй! – з палёгкай радасна выгукнуў Вуж.

Yaş sınırı:
12+
Litres'teki yayın tarihi:
27 ocak 2023
Yazıldığı tarih:
2023
Hacim:
243 s. 23 illüstrasyon
ISBN:
978-985-581-506-9
İndirme biçimi:
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Ses
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin
Ortalama puan 3,9, 7 oylamaya göre