Kitabı oku: «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi», sayfa 2

Yazı tipi:

Шлях да мудрага Пугача


Яны ішлі праз лес, і яркія ўспаміны даганялі герояў з кожным крокам. Мяркуючы па ўсім, хутка быў павінен паўстаць каралеўскі замак. Наперадзе здаўся прасвет, але хаду замаруджвалі зарослыя павуціннем хмызнякі. То і справа даводзілася рассоўваць іх і абтрасацца ад наліплых смецця і лістоты, што псавала ўвесь настрой.

– Ну і разраслося іх, – прабурчаў незадаволена Янка.

– Так, мінулым разам дарога была лягчэйшай, – пагадзілася сястра.

Але ўжо хутка юнакі былі ў гуморы.

– Нарэшце замак! – усцешыўся хлопец.

Толькі пачуццё радасці тут жа змянілася трывогай. Па хмызах пранёсся трэск галін, усё захадзіла ходырам, і па верхавінах кустоў было відаць, як нешта набліжаецца ў іх бок даволі хутка. Яны ніяк не маглі разгледзець, што там, і гэта насцярожвала ды пужала. Да таго ж з усіх бакоў пачалі нарастаць пранізліва гідкія крыкі і воклічы, якія да дрыжыкаў казыталі нервы.

Ды праз момант Янка не толькі супакоіўся, але рашуча выпрастаўся і з сур’ёзным выглядам стаў, расставіўшы рукі па баках. Мілана здзівілася і ўважліва ўтаропілася на кусты. Цяпер было ўсё зразумела. Праз зараснікі, змінаючы ўсё на сваім шляху, несліся маленькія чалавечкі ў велізарных капелюшах і высокіх ботах. Гэта былі ўжо знаёмыя па мінулым падарожжы злыдні. Хіба што з той розніцай, што цяпер яны мелі невялічкія шаблі, якімі на бягу прачышчалі сабе шлях, нібы мачэтэ, скрозь сапраўдныя джунглі. Трэба аддаць ім належнае: з-за іх невысокага росту гэта было нялёгкай справай. Але ўпартасці ім было не займаць.

Яны падбеглі, атачыўшы юных герояў з усіх бакоў, і наставілі на іх маленькія шабелькі. Хай тая зброя была для юнакоў не большай за сцізорык, але шкоды, ды яшчэ пры такой колькасці, можна было прынесці ёй не на жарт. Сітуацыя складалася даволі небяспечная.

– Вы хто такія? Што вы тут робіце? – звярнуўся да Янкі з Міланай адзін з іх, відаць, верхавода.

Хлопец адразу пазнаў таго самага злыдня, якога патурбаваў у зарасніках ядлоўцу падчас свайго былога падарожжа па каралеўстве.

– Па-першае, дзень добры, панства, – павітаўся Янка. – Няўжо вы нас не пазналі?

Галоўны адышоў крыху назад і ўгледзеўся ў падарожнікаў.

– А, гэта вы?! – выгукнуў злыдзень і сунуў шаблю ў ножны. Яго падначаленыя зрабілі тое ж. – Ну, дзень добры! Вы ўжо прабачце, служба ў нас такая, – развёў рукамі маленькі чалавечак.

– Служба?

– Ну так. Мы ж цяпер на службе ў новага караля. Абыходзім дазорам тэрыторыю вакол замка. Ад нас ніхто не ўтоіцца, знізу кожную травінку відаць. Вось Семаргал нас да сабе на службу і паклікаў.

– Як так? – не зразумеў хлопча. – Чакайце, вы ж, падаецца, далекавата жылі, за Чорным Лесам, каля Паганага Балота.

– Мы на адным месцы не сядзім, хаця там быў наш дом. Мы, наагул, аматары прыгод, павандраваць любім.

– Чакайце, што значыцца быў?

– У сэнсе?

– Вы сказалі, што там быў ваш дом.

– А, пра гэта, – дацяміў суразмоўца. – Дом наш там і застаўся, хто пажадаў, там і жыве. Новы кароль нам падараваў усе кусты ў лесе і вакол яго палёў у абмен на тое, што мы будзем абыходзіць штодня гэтыя мясціны, не прапускаючы нікога старонняга. Дык зараз мы ў яго на службе.

– Вось у чым справа! Зразумела, – саркастычна ўсміхнуўся Янка. – І як вам служыцца ў таго, хто, прыхапіўшы сабе землі іншых, раздае яе сваім паслугачам?

– Мы не паслугачы! – пакрыўдзіліся злыдні, незадаволена хістаючы галовамі ў вялікіх капелюшах.

– Дзіўна. А хто тады? Як яшчэ вас назваць?

– Мы… – збянтэжыліся яны. – Мы – вартаўнікі! Вось! – нарэшце выдаў галоўны. – А гэтыя землі нікому не належалі, нам няма чаго саромецца. Нам таксама трэба недзе жыць. Мы тут, на ўскрайку лесу, нікому не перашкаджаем.

– Ага, канечне, – пакрывіўся Янка. – Ваша хата з краю!

Злыдні толькі незадаволена насупіліся, але прамаўчалі.

– Ну што ж, глядзіце, – працягнуў хлопец. – Нездарма ж пра такое кажуць у народзе: «Чыя хата з краю, тая першая згарае».

– Гэта вы пра што?

– Ды гэта не мы, гэта ў народзе так кажуць.

– Ну, досыць, наслухаліся мы ўжо вас, – раззлаваўся галоўны. – Кажыце лепш, з якой мэтай вы тут і што вам трэба?

– Ды асабліва нічога. Мы так, праходам.

– Дык і праходзьце, калі так!

– То мы пайшлі?

– Так, так, бывайце! Ходзяць тут розныя, розуму вучаць.

І хлопец з Міланай і Вужам, моўчкі пра сябе ўсміхнуўшыся, крануліся далей, праходзячы паміж невялічкіх, але ж такіх шкодных злыдняў. Але толькі яны прайшлі некалькі крокаў, як ізноў пачулі ў спіны голас таго злыдня:

– Э-эй! Разагналіся! Пачакайце! Зусім задурылі галаву сваімі павучаннямі, – апамятаўся ён, узгадаўшы пра свае абавязкі.

– Што такое?

– Яны яшчэ пытаюцца! Забілі мне галаву сваімі разважаннямі і пайшлі задаволеныя. Я ж адразу сказаў, што наш службовы абавязак – не прапускаць нікога незнаёмага.

– А якія ж мы незнаёмыя? Мы вас ужо сем гадоў як ведаем, а вы – нас.

Хлопец нібыта здзекаваўся з іх, выпрабоўваючы цярпенне.

– Так, усё! Кажу, хопіць мне дурыць галаву. Тут ніхто не пройдзе, я вас папярэдзіў.

У пацвярджэнне сур’ёзнасці сваіх намераў дастаў і зноў накіраваў у іх бок сваю шаблю. Усе астатнія, як па камандзе, зрабілі тое ж самае.

– Ну што ж, добра, – паспрабаваў Янка не выявіць свайго спалоху. – Тады проста пакажыце нам іншы шлях, як можна яшчэ абысці гэтыя землі, на тым і разыдземся.

– Ага, зараз, разбегся я. Знайшла дурня, – падступна засмяяўся ён, у чым астатнія злыдні яго падтрымалі.

Трэба адзначыць, што галасы ў іх былі і без таго не самыя прыемныя. А іх вісклівы смех і наагул рэзаў вушы. Янка з Міланай непрыемна паморшчыліся, падціснуўшы галовы ў плечы.

– Здаецца мне, што будзе правільней адвесці вас да каралеўскай варты. Яна хутка разбярэцца з такімі разумнікамі.

Прызнацца, гэтыя словы крыху напалохалі Мілану. Але толькі не яе брата, які не разгубіўся.

– Не, вы нас усё ж такі не толькі адпусціце, а яшчэ і праведзяце бяспечнай дарогаю, – прамовіў, не паддаючыся на іх пагрозы, хлопец. – Ды такой, каб нам не сустрэць больш ніводнага каралеўскага патруля.

– Ха, гэта яшчэ з якой нагоды?!

– А з такой! – сур’ёзна сказаў Янка і палез за пазуху. – Зараз я дастану свой прыхаваны мех, і мы з вамі пройдземся да найблізкага балота. Недзе, як я памятаю, было тут адно.

Як толькі злыдні пра гэты пачулі, тут жа змяніліся ў тварах.

– Не-не-не, – нават адступілі яны назад. – Не трэба мех, не трэба балота. Мы вас, вядома ж, правядзём. Чаму б не дапамагчы старым знаёмым?

Адзінае, чаго злыдні баяліся больш за ўсё, – гэта патрапіць у мех і быць кінутымі ў балота.

– Іншая размова! – задаволена прамовіў Янка, дастаючы руку. – Вядзіце!

– Добра, добра, – прабурчаў галоўны.

Ён выштурхнуў аднаго са сваіх памагатых і прамовіў:

– Вось вам павадыр, ён тут усе сцежкі і патрулі ведае. – Потым звярнуўся і да свайго суродзіча: – Правядзеш нашых знаёмых, куды яны скажуць. Потым вяртайся.

– Так, – падпарадкаваўся той.

– Дзякуй! З вамі прыемна мець справу, – з усмешкай выказаўся Янка. – Я ведаў, што мы дамовімся.

– Яшчэ б! З такімі майстрамі дамаўляцца, – насупіў бровы галоўны.

– Тады не будзем больш адымаць ваш час і адцягваць ад службовых абавязкаў. Да сустрэчы!

– Бывайце здаровыя!

І ўсе разышліся: злыдні пайшлі абыходзіць тэрыторыю, а нашы героі рушылі да вёскі, якая стаяла на шляху да Пугача.

Толькі цяпер яны ішлі зусім іншымі сцежкамі, чым падчас першага падарожжа. Семаргал зрабіў высновы з гісторыі падзення Волха, і многія дарогі цяпер патруляваліся. Карантышка-злыдзень раіў ім прытуліцца і ісці цішэй. Ён паказваў, дзе і ў якіх хованках сядзяць патрулі. Нярэдка ні Янка, ні Мілана, ні Вуж не маглі іх разгледзець, што і не дзіва, на тое яны і хованкі. А часам іх было відаць, бо нават і не хаваліся, упэўненыя ў сваёй беспакаранасці.

– Я бачу, што яны занадта вольна сабе пачуваюць, – заўважыў Янка.

– Ну так, вераць у сваю непераможнасць, – пагадзіўся злыдзень.

– Што ж, самаўпэўнены часам губляе пільнасць. Гэта можа быць нам на руку, – падмеціла Мілана.

– Вось і я пра тое, – пагадзіўся брат. – Няхай яны і далей наіўна вераць, што сіла за імі. Волх таксама лічыў сябе ўладаром усяго і ўсіх. І дзе ён цяпер? Час усё расставіць па сваіх месцах. Бо сіла не ў моцы ды зброі, а заўсёды на баку праўды. А вашыя хованкі… Глядзіце, каб не спатрэбіліся з іншай нагоды!

Чым болей яны аддаляліся ад каралеўскага замка, тым меней было патрулёў. Нарэшце злыдзень іх запэўніў, што далей іх амаль няма, хоць і параіў быць пільнымі. Яны падзякавалі павадыру і развіталіся з ім. Вельмі хутка ён заспяшаўся да сваіх, перабіраючы сваімі малымі ножкамі ў вялікіх ботах, а на яго галаве ў такт хадзе раздзімаўся непамерна вялікі капялюш. Але ж сваёй ганарлівай выправай ён і выгляду не падаваў, што яму можа хоць нешта перашкаджаць. Мабыць, ён так прызвычаіўся? Або дзякуючы вялікаму памеру вопраткі маленькія злыдні здаваліся сабе большымі? Дзіўныя стварэнні, што ні кажы.

Юныя падарожнікі тым часам наблізіліся да вёскі, якую наведвалі і даўней. Толькі на гэты раз Вуж загадзя паклапаціўся пра тое, ува што пераапрануцца юнакам. Ён прадбачліва прыхаваў адзежу ў лесе. Падрыхтаванымі да новых сустрэч, яны і ўвайшлі ў вёску. Нельга сказаць, каб нешта змянілася за час апошняга наведвання, хіба на драбніцу.

Тым не менш было заўважна: калі раней мясцовыя жыхары хаваліся і пры сустрэчы апускалі долу вочы, то цяпер у іх поглядах былі гонар і тая іскра, якая ўспыхне, дай толькі ветру дзьмухнуць. Гэта ўжо былі іншыя людзі, якія зведалі волю і добра памяталі смак свабоды. Па вачах было відаць, што на іх ціснулі, але не змаглі зламіць. І гэта было добрым знакам. Не ўсё страчана, а высілкі нашых герояў падчас мінулага падарожжа не прайшлі дарма.

Ацэньваючы сітуацыю, Янка з Міланай прышлі да высновы, што новы кароль згрупаваў асноўныя сілы вакол замка і ўнутры яго, баючыся нападу. Значыцца, па каралеўстве войск раскідана меней. Гэта трэба будзе ўлічваць, каб скарыстаць найлепшым чынам. Праходзячы па вёсцы, вандроўнікі не сустрэлі ваяроў караля. Ці, можа, яны і сядзелі ў якой хаце на ўскрайку ды не турбаваліся лішні раз? Не відаць – яшчэ не значыцца, што няма.

Падарожнікі ўжо дайшлі да сярэдзіны вёскі, як іх увагу прыцягнула дзея. Папросту сярод вуліцы, на невялічкай прасторы збоку ад дарогі, зграмадзіўся тлум люду. Янка з Міланай зацікаўлена наблізіліся і праціснуліся паміж народу, каб паглядзець, што адбываецца. На іх здзіўленне, там была сапраўдная батлейка. Нехта на вуліцы, побач з плотам адной з хат, паказваў лялечнае тэатральнае прадстаўленне. Усё было так прыгожа і цікава зроблена, што дзеці не маглі адарваць вачэй ад дзеі на сцэне. Гульня захапіла, і яны на пэўны час забыліся пра ўсё. Героямі пастаноўкі былі рыцар на кані, прыгожая каралеўна, цмок ды нейкі злодзей. Янка з Міланай глядзелі пастаноўку, унікаючы ў сюжэт, і да іх закралася думка, што ўсё гэта ім знаёма – постаці герояў, эпізоды…

Янка з Міланай пераглянуліся, і іх вусны кранула лёгкая ўсмешка. Дзяўчына ўзяла брата за руку, і яны выбраліся з натоўпу. Адышоўшы крыху, хлопец прысеў да Вужа і паўшэптам спытаў:

– Гэта што, мы?

– Так, безумоўна. Вы зараз героі! Пра вас складаюць легенды.

– Ну і справы…

– А найгалоўнае – людзі па-ранейшаму вераць у вас і чакаюць, калі вы вернецеся і зноў паведзяце іх за сабой.

Гэта вельмі ўразіла юнакоў. Янка прыпадняўся, не ведаючы нават, што і казаць, задуменна павярнуўшы галаву. І тут ён заўважыў, як з канца вуліцы з-за рага хаты выходзіць патруль. Ён быў яшчэ далёка, але тлум прыцягнуў яго ўвагу.

– Жаўнеры! – напаўголасу выгукнуў Янка.

Люд, што сабраўся вакол батлейкі, адразу пачуў гэта, і перасцярога хутка разнеслася да сцэны. Рэакцыя не прымусіла сябе доўга чакаць. Адразу ж батлейка была разабраная і перададзеная разам з іншымі рэчамі камусьці праз плот, а народ паспешна пачаў разыходзіцца ў розныя бакі. І ўжо праз імгненне ўсё было так, быццам нічога тут і не адбывалася.

Нашы юныя героі хуткай хадой пакінулі межы вёскі, ублытвацца ў гісторыі ім зараз было не варта. І добра, што ў звыклай сялянскай вопратцы іх ніхто не пазнаў. Яны накіраваліся да лесу, у якім, схаваўшыся за дрэвамі, спыніліся і азірнуліся. Падаецца, ніхто ім не чыніў пераследу. Сярод густых хмызоў і дрэў можна было перадыхнуць, асцерагацца не было каго. І яны, супакоіўшыся, рушылі ў глыб лесу, да дома Пугача.

Зараснікі далей рабіліся густымі і непралазнымі. Праз пэўны час кампанія прабіралася, як мядзведзі цераз кусты малін, трэск ад юнакоў стаяў не меншы. Праз якіх пару гадзін цяжкага вандравання Мілана спынілася і, пераводзячы дыханне, абаперлася на разгалістае дрэва.

– Некалькі хвілін перадыхнём, добра? – звярнулася яна.

– Так, вядома, – з разуменнем пагадзіўся брат.

– Прызнацца, я трохі стамілася. Ідзём доўга, лес стаў зусім непралазны.

– Добра, можна і маленькі прывал зрабіць. Наколькі я памятаю, тут ужо недалёка засталося, да цемры ў любым выпадку паспеем.

– Так, – пацвердзіў Вуж. – Перадыхнём, яшчэ рывок, і будзем на месцы.

Яны паселі вакол дрэва і моўчкі атрымлівалі асалоду ад той чароўнай цішыні, якая стаяла ў лесе. Як жа гэта цудоўна! Толькі недзе ўдалечы быў чуваць забіяцкі спеў нейкай адзінокай птушкі.

Ногі адчувалі стому, і Мілана нахілілася іх памасіраваць.

– Чш-ш-ш… – нечакана насцярожыўся Янка. – Чуеце? – прашаптаў ён.

Усе ўважліва прыслухаліся. Сапраўды, недзе ўдалечыні пачулася храбусценне галінак, відаць, рухалася нешта вялікае. Гук рабіўся ўсё выразней… Дзеці стаіліся, а Вуж прыхіліўся да зямлі і ўважліва прыслухаўся. Яму хапіла некалькі секунд, каб усё зразумець. Яго вочы пашырэлі, было ясна, што гэта нешта нядобрае.

– Дзікі! Усе на дрэва! – раптоўна закрычаў ён.

– Вы ўпэўненыя? – не хацела верыць у гэта Мілана.

Яна яшчэ добра памятала тых бязлітасных дзікоў, якія ледзьве не з вар’яцтвам прыслужвалі Волху. Гэта не тыя істоты, з якімі вам захочацца сустрэцца ў глухім лесе.

– Дакладна! – ні на хвіліну не сумняваўся Вуж. – Можа, слых у змей не самы лепшы, але па наймалым ваганні глебы і паветра я магу, як ніхто, вызначыць, хто і дзе знаходзіцца. Таму, паверце, зараз лепш не марудзіць.

Усё, больш не трэба было ніякіх слоў. Янка прыпадняў змея на галіны дрэва, пад якім яны сядзелі, дапамог забрацца сястры, хутка ўзлез і сам. Для большай бяспекі яны забраліся як мага вышэй і, стаіўшыся, утаропіліся долу. Прайшло некалькі імгненняў, і непадалёк захадзілі ходырам верхавіны высокіх зараснікаў разрослага хмызняку. Нарэшце з-за кустоў паказаліся і вінаватыя таго шуму. Вужык цалкам меў рацыю, гэта і насамрэч апынуліся дзікі.

Напачатку з-за кустоў выбег адзін – буйны і з грознымі чорнымі вочкамі, якія шалёна бегалі на яго зарослай шчаціннем галаве, азіраючыся па баках, ці няма каго. Дзік нешта неразборліва прабурчаў і прабегся трохі наперад.

Але далейшая карціна прымусіла нашых падарожнікаў прыемна здзівіцца. Услед за ім выбеглі з дзясятак невялічкіх яшчэ паласатых парсючкоў. А за імі крочыла, відаць, іх маці.

– Дык гэта ж сям’я, – з усмешкай ціха прамовіла Мілана.

– Так, пэўна, не ва ўсіх ёсць жаданне ваяваць на баку злыдня, – прымеціў яе брат.

– Лішні раз пераконваюся, што не варта пра ўсіх думаць аднолькава.

– Маеш рацыю, сястрычка.

Шчаслівая вялікая сямейка доўгім ланцужком, самавіта перавальваючыся, прабегла недалёка ад іх і з такім жа шумам, патрэскваючы пад сваімі капыткамі галінкамі, схавалася ў зарасніках. І толькі па верхавінах галін, якія хісталіся і прагіналіся, можна было здагадацца, у якім напрамку кабаны аддаляюцца.

– Хто б мог падумаць?! – дзівіўся Вуж. – Такія малыя, а столькі шуму.

– Ну дык і іх нямала, – усміхнулася Мілана.

– Гэта дакладна. Весела ім хіба.

Янка злез з дрэва і дапамог астатнім.

– Але ж усё адно лепей ад іх трымацца здалёк, – прамовіў Вуж. – Ніколі не ведаеш, што ў гэтых дзікоў на розуме.

– Так, яны могуць здзівіць.

– Пакуль мы не дойдзем да Пугача, нам лепей трымацца асцярожкі, – адзначыў хлопец.

– Ужо блізка. Мяркую, па дарозе да яго нас больш ніякія сюрпрызы не чакаюць.

І яны, атросшыся, рушылі далей. Ужо было відаць, як хутка пачынае шарэць, і падарожнікі дадалі ходу. Іх шлях быў без прыгод. Нарэшце яны пабачылі наперадзе прасвет.

– Падаецца, недзе тут, – пачала ўспамінаць Мілана.

– Маеце рацыю, – падтакнуў Вуж. – Мы прыйшлі.

І праз хвіліну перад імі паўстала прасторная паляна. А пасярод яе велічна ўзвышаўся магутны разгалісты дуб – той самы, у якім жыў мудры спадар Пугач. Гэта было яго неверагодна дзіўнае жыллё.

Гісторыя караля Мацея. Янка з Міланай – героі на вякі


Ужо пачынала вечарэць. Вандроўнікі цэлы дзень правялі на нагах і пасля доўгай дарогі вельмі стаміліся. Але, як толькі перад вачыма паўстала жыллё Пугача, настрой адразу ж узняўся, стомленасць бы рукой зняло, і яны дадалі хады. Цёплыя пачуцці і яркія ўспаміны атачылі іх, і юнакі заспяшаліся да запаветнага дрэва, бы іх вецер падхапіў.

Яны пабеглі так бадзёра і гучна, што радасны гоман было чуваць па паляне. Відаць, гаспадар Пугач, які чакаў гасцей, пачуў тыя воклічы і высунуў галаву з дупла. А, пазнаўшы сваіх старых знаёмых, ён усцешана выбраўся на тоўстую галіну, што расла пад дуплом, і павітаў кампанію, ветліва махаючы крылом.

– Спадар Пугач! Спадар Пугач! – шчасліва закрычалі яны. – Дзень добры!

– Хо-хо-хо! – засмяяўся ён. – Добры! Насамрэч добры! Няўжо ж гэта вы, мае даражэнькія?! Як жа я рады вас ізноў бачыць, вы нават не ўяўляеце. Ну, давайце заходзьце. Зараз, зараз… – усё паўтараў ветлівы гаспадар.

Пугач нырнуў зваротна ў сваё жыллё. Праз некалькі імгненняў пранёсся працяглы трэск, да якога было цяжка прызвычаіцца. Падавалася, дуб вось-вось напалову патрэскаецца. Дрэва задрыжала, і ўпоперак яго пачала з’яўляцца расколіна, вышэйшая за дарослага чалавека. Яна шырэла, пакуль не зрабілася дастатковай для таго, каб праз яе можна было прайсці.

Юнакі разам з вужыкам, апынуўшыся ўнутры, асцярожна пакрочылі па цёмным вузкім калідоры, ад якога цягнула волкай старой драўнінай. Але яны не звярталі на гэта ўвагі, бо ведалі, наколькі ўтульна і прасторна долу, папросту казачна.

Хутка пабачыўся прасвет, а там і пакой. У гасціную залу яны ўвайшлі разам з Пугачом, які адначасова з імі спусціўся з гары па стромкіх сходах. Ён распасцёр свае шырокія крылы і, не хаваючы эмоцый і шчырых пачуццяў, накіраваўся да іх.

– Мае сябры, дайце ж я вас абдыму! – паклікаў ён усіх пад свае крылы. – Які ж я шчаслівы, што вы прыйшлі! Мае прывітанні!

– Дзень добры! – прытуліліся юнакі да яго. – Мы таксама рады вас бачыць, мы вельмі сумавалі.

– Хо-хо-хо! Як жа мяне цешаць вашы словы! Вужу! – звярнуўся ён да змяі. – Які ж ты малойца, што адшукаў іх! Цяжка было?

– Не без гэтага, задача была няпростая, – усміхнуўся той. – Па праўдзе, больш пужала, што трэба было адправіцца туды, куды нават і сам не ведаў.

– Невядомасць многіх пужае, гэта нармальна.

– Так, але ж як у тую невядомасць было трапіць?.. Ледзь адшукаў ход. Давялося ўспамінаць усё, што казаў бацька, астатняе дамысліваць.

– Я ніколі ў табе не сумняваўся, ты заўжды быў цямлівым. Такі ж разумны, як бацька. Ён бы табой ганарыўся.

– Дзякуй, спадзяюся.

– Тое дакладна, павер мне. Ну, а вы як маецеся, мае юныя сябры? – звярнуўся ён да Янкі з Міланай. – Пакажыцеся.

Усміхаючыся, яны адышлі на некалькі крокаў назад.

– Хм, – задуменна прамовіў Пугач. – Прызнацца, я чакаў вас убачыць большымі. Хаця… – нешта ці ўспомніў, ці падумаў ён і махнуў крылом. – Мне б так захоўваць знешні выгляд, – засмяяўся ён і правёў па сваім старым пер’і.

– Ну што вы! Вы вельмі добра выглядаеце.

– Дзякуй за добрыя словы! Пацешылі старога. Распавядзіце ж, чым займаліся ўвесь гэты час? Дзе былі, што бачылі?

– Ды асабліва нідзе. Дома ў дзядулі з бабцяй. Сябры, рыбалка, забавы. Нічога новага. Што ў нас магло здарыцца за такі кароткі час?.. – прамовіў гэта і адразу ж сумеўся Янка, успомніўшы, што час дома і ў іншасвеце – зусім розныя рэчы.

– А ў нас тут, мае даражэнькія, столькі ўсяго здарылася, што вам нават і не перадаць.

– Нам пан Вуж распавёў. Вельмі вам спачуваем.

– Так, добрага мала.

– Скажыце, калі ласка, а што ж адбылося з вашым каралём?

– Вы пра рыцара Мацея, якога мы абралі каралём пасля перамогі над Волхам?

– Так, менавіта. Слаўны ваяр. Ён жывы?

– Жывы. Але ж…

– Што?

– Ды ў вязніцы ён, у Семаргала.

– Ну, галоўнае, што жывы.

– Ды яно так. Але самі можаце здагадацца: звычайнаму чалавеку яшчэ невядома што лепей – у вязніцы Семаргала альбо…

– Дык і рыцар Мацей – чалавек загартаваны, такіх мужных яшчэ пашукаць. Мы добра памятаем, як ён біўся ў бітвах.

– Так, адчайны ваяр, мужнасці яму не займаць. Але не ведаю, хто здольны вытрымаць здзекі семаргалаўскіх катаў.

– А ў вязніцы ён у той жа, што і пры Волху пакутвалі рыцары?

– Так, у той самай, што Цмок ахоўваў.

– Трэба было, каб Цмок яе ўшчэнт зруйнаваў!

– Можа быць, але ж тое не выйсце. Няволілі б тады ў сутарэннях замка. І ахоўвалі б ужо найадданыя паслугачы Семаргала. А гэта яшчэ горш, бо там самыя бязлітасныя і бяздушныя сабраліся.

– Таксама верна. Але што нам цяпер рабіць? Трэба ж яго вызваліць, бо там і да смерці закатаваць могуць.

– Гэта ці наўрад.

– Чаму?

– Мяркуючы па тым, колькі наш Мацей там знаходзіцца, ён дакладна патрэбны каралю. Каб усе ведалі, што моц і кантроль знаходзяцца ў яго руках. Семаргал можа паказаць народу, які Мацей слабы і знясілены, няздольны даць рады новаму каралю. А калі б ён загінуў, то адразу б зрабіўся пакутнікам-героем, яго смерць магла б выклікаць бунт у жыхароў.

– Мудра.

– Так, Семаргала дурнем не назавеш.

– Дык як яго ўратаваць? Сябры сяброў не пакідаюць.

Пугач толькі сумна прамовіў:

– Гэта ўсё так, мы таго жадаем вельмі моцна. Але што мы можам зрабіць? Ці можам зараз проціпаставіць свае паслабленыя вайной з Волхам сілы магутным войскам Семаргала?

– Прабачце, але я ўпэўнены, што рыцар Мацей бы так не разважаў. Ён бы жыцця свайго не пашкадаваў, калі б хто-небудзь з нас патрапіў у бяду.

– Тут вы маеце рацыю. Гэта, бадай, самы высакародны рыцар, якога я ведаў за сваё жыццё.

– Тады можа пачнём нашыя дзеі з малога – з выратавання аднаго?!

Пугач цяжка ўздыхнуў:

– Гэта будзе вельмі цяжкая місія, папярэджваю вас.

– Спадар Пугач, у мінулы раз мы вызвалілі атрад рыцараў. Ды няўжо ў гэты раз не атрымаецца выратаваць аднаго?

– Добра, каб усё так лёгка было. Мацея ахоўваюць лепей, чым усіх рыцараў разам узятых.

– Але ж тады сам Цмок вартаваў, а зараз хто? Горстка ваяроў?

– Ды не, далёка не горстка. Да таго ж добра падрыхтаваных і загартаваных у баях.

– Значыцца, трэба адцягнуць іх увагу. Альбо нават вымусіць пакінуць замак. Мы ж нешта падобнае ўжо выкідвалі, і гэта мела поспех.

– Вох, так! – успомніў з задавальненнем былое Пугач. – Толькі цяпер іншая сітуацыя. Хаця… – аб нечым прызадумаўся птах. – Падаецца, ёсць у мяне адна ідэйка.

– Падзяліцеся!

– На днях у каралеўскім замку павінен адбыцца турнір.

– Сапраўдны рыцарскі турнір?

– Амаль. Нашыя ж высакародныя рыцары ў ім удзелу прыняць не змогуць. Але галоўнае, што на турнір, апрача ўдзельнікаў, прыбудзе і шмат гледачоў. Каб падтрымаць парадак, трэба, адпаведна, сцягнуць і ваяроў для нагляду. Значыцца, частка іх ад вязніцы будзе адцягнутая.

– Падаецца, мы разумеем, да чаго вы ведзяце, – хутка сцяміла здагадлівая Мілана. – Жадаеце выкарыстаць гэты шанец?

– Упэўнены ў ім. Але ж, мае шаноўныя, прабачце мяне старога, – раптам спахапіўся Пугач. – Я ж за гэтымі размовамі зусім забыўся пра галоўнае! Вы ж з дарогі, стаміліся ж, відаць, то не будзеце супраць, каб падмацавацца?

– Шчыра кажучы, ёсць такое. Шлях, і сапраўды, быў вельмі доўгім і цяжкім. За гэты час усё так пазарастала і змянілася…

– Маеце рацыю, змянілася шмат чаго, – задуменна працягнуў Пугач і тут жа страпянуўся: – Але ж, як кажуць, вайна вайной, а абед… учасна!

– Так, – усміхнуўся Янка. – Прыйшлі вестачкі, што хочацца естачкі.

– Давайце, госцейкі даражэнькія, праходзьце, рассаджвайцеся, я хутка. У мяне ўжо амаль усё гатова, гэтым разам я падрыхтаваўся загадзя.

Яны распрануліся, памылі рукі перад ежай і ўтульна паселі. А гаспадар замітусіўся і пачаў хутка накрываць на стол, на якім ужо прадбачліва штосьці было. Хутка пачалі з’яўляцца смажаная бульба з грыбочкамі, ды не простымі, а маладымі лісічкамі. А да яе і верашчака – гэта мясныя свіныя рабрынкі, абсмажаныя з дробна нарэзанай цыбуляй, а потым стушаныя ў хлебным квасе ў чыгунку. Да гэтага птах падаў свежую зеляніну і агародніну, яшчэ гарачы закісны чорны хлеб, выпечаны ў печы. Нават ад аднаго паху, каб і зусім не хацеў есці, прачнуўся б апетыт.

Пугач заўважыў бляск у іх вачах і моўчкі заўсміхаўся.

– Частуйцеся, – запрасіў ён. – Спадзяюся, вам спадабаецца.

Ад такога багацця страў вочы разбягаліся, ды яшчэ і на галодны страўнік.

– Жартуеце?! Каб такое і не было даспадобы?

І яны накінуліся на ежу.

– М-м-м, – смакуючы, працягла прамовіў Янка. – Якая ж смаката! Пальчыкі абліжаш.

– Дзякуй, мяне вельмі цешыць, што вам дагадзіў.

– Яшчэ і як! – пацвердзіла Мілана. – Нашы бацькі, асабліва бабуля, таксама добра гатуюць, але такіх страў каштаваць, прызнаюся, мне яшчэ не даводзілася. Трэба абавязкова папрасіць у вас рэцэпт.

– Юная пані яшчэ і гатуе?! – прыемна здзівіўся Пугач.

– Не так шыкоўна, – сціпла прамовіла дзяўчына. – Але ж дапамагаць маці пры гатаванні люблю.

– Гэта вельмі пахвальна. Дапамагаць бацькам – добрая справа. А рэцэптамі, вядома ж, падзялюся. Гэта кухня нашага народа, яму трэба падзякаваць. Я толькі прыгатаваў, – відавочна сціпла паводзіў сябе Пугач, як і належыць выхаванай асобе.

– Затое як пышна! – ізноў пахвалілі яго юнакі. – Так выдатна ды смачна прыгатаваць таксама трэба ўмець, не кожны здолее.

– Дзякуй, мае добрыя. Імкнуўся як найлепей, з душой.

Але найбольшай падзякай для гаспадара было бачыць, з якім задавальненнем і апетытам госці ўміналі ўсе стравы. І было зразумелым, што яны і насамрэч прыйшліся да густу. Аднак адолець усё былі не ў сілах, бо наеліся аж ад пуза.

– Пф, насыціўся, дзякуй! – цяжка прамовіў Янка, адкідваючыся на спінку крэсла.

– Так! – далучылася Мілана. – І ўсё так смачна, не перадаць. Аж бракуе слоў…

– Каралеўская вячэра! – прамовіў брат за яе.

– У кропку, менавіта.

– Дзякуй, мае даражэнькія, пацешылі старога, – заўсміхаўся Пугач. – Да гэтага і імкнуўся – пачаставаць нашых збавіцеляў па-каралеўску.

– Вой, ну што вы, – засаромеліся яны, – навошта так гучна? А вось тое, што вашага сапраўднага караля зараз побач няма, насамрэч шкада.

– Так, маеце рацыю. Але, спадзяюся, як вы цяпер тут, то хутка і ён будзе з намі. Дзеля гэтага мы вас і паклікалі.

– Ваш кароль быў вельмі мужным і адважным рыцарам. Аб ім толькі найлепшыя ўспаміны. Калі што будзе па нашых сілах, мы, безумоўна, усё зробім, – цвёрда і рашуча выказаўся Янка.

– Спадар Пугач, – звярнулася Мілана, – а вы нам можаце што-небудзь распавесці пра караля Мацея? Пра тыя часы, калі ён быў яшчэ рыцарам.

– Анягож! Ён удзельнічаў ва ўсіх бітвах каралеўства, дзе прадставаў мужным ваяром і высакародным рыцарам. Але ж адно, напэўна, засланяе ўсе яго перамогі і пераўзыходзіць колькасць зрынутых ім ворагаў.

І Янка з Міланай уважліва засяродзіліся, прыкаваўшы ўвагу да аповеду мудрага Пугача. А той з цікавасцю працягваў:

– Тое была вялікая бітва. З аднаго далёкага каралеўства незлічоныя войскі, якія знішчалі ўсё на сваім шляху і пад крывавым націскам якога ўжо пала некалькі суседніх каралеўстваў, чорнай навалай уварваліся ў нашы землі. Яны моцным ударам адкінулі частку нашых воінаў ад памежжа. І вось павінна ўжо была адбыцца рашучая бітва каля муроў нашага замка. Адвесці войскі за сцены і схавацца было немагчыма, замак не мог змясціць у сябе ўсіх жыхароў і ваяроў. Да таго ж гэта азначала б вырак на галодную смерць, бо мінулыя гады былі вельмі неўрадлівыя. Таму ўнутры былі толькі мірныя насельнікі.

У лютай бітве сышлася вялізная колькасць рыцараў і ваяроў. Нашы мужныя войскі стаялі да смерці і біліся адважна, як ніколі. Яны абаранялі сваю родную зямлю. Але як бы адчайна яны не змагаліся, сілы былі няроўныя. Сапернік пераўзыходзіў нас у некалькі разоў. У нейкі момант ваярам, што стаялі каля самых муроў замка, нават падавалася, што наступае пераломны момант. Быццам вораг ужо гатовы разбуральнай хваляй прарвацца да ўзгорка, на якім велічна развіваўся сцяг нашага каралеўства. А завалодай ім вораг – і ўсё, нашыя войскі і каралеўства, лічы, былі б зрынутыя. І такі момант ледзьве не здарыўся – вораг моцным напорам прабіў нашы шыхты і рынуў да ўзвышша, на якім у атачэнні дужых і вопытных рыцараў стаяў каронны харунжы, які цвёрда трымаў сцяг каралеўства. Дасведчаныя рыцары грудзьмі сталі на абароне штандара і прыкладалі вялікія намаганні, каб не дапусціць ворага да яго. Аднак моцы былі звыш чым няроўныя. На вялікі жаль, амаль усе ваяры былі забітыя, а захопнікі змаглі прабіцца на ўзгорак. Харунжы быў сур’ёзна паранены. Страціўшы прытомнасць, абяссілены, ён выпусціў сцяг з рук. Яшчэ імгненне, і штандар ганебна зваліўся б на зямлю, што канчаткова вырашыла б ход бітвы. Балазе, тое супрацьстаянне заўважылі і некаторыя іншыя рыцары. Яны ў той жа час рынуліся на дапамогу сваім паплечнікам. І наперадзе ўсіх быў тады яшчэ зусім малады, але вельмі дужы і мужны рыцар Мацей. Адной рукой ён разрубіў мячом таго чужынца, які параніў харунжага, а другой амаль у самы апошні момант падхапіў сцяг, тым уратаваўшы гонар каралеўства ад паразы.

– Ух ты! Уратаваць гонар каралеўства – сапраўды, мужны ўчынак!

– Так.

– Цікава, а што было далей? – спытаў Янка з запаленымі вачыма.

– Той высакародны ўчынак узрушыў ваяроў і абудзіў у іх гонар за сваё каралеўства. Невядома адкуль, у іх, стомленых і знясіленых бітвай, з’явілася моц, каб даць адпор. Ворагі ў сполаху нават забыліся на сваю зброю і кінуліся наўцёкі. Гэта быў пераломны момант у той бітве. Гераічны ўчынак Мацея натхніў усё войска.

– Вось гэта да! Цікава, як адзін чалавек можа паўплываць на падзеі і на гісторыю!

– Сапраўды. Гераізм аднаго можа нават натхніць і ўзрушыць увесь народ!

– Моцна! Мы і раней яго паважалі, а зараз проста ў захапленні, – горача прамовіў Янка.

– Менавіта так, – падтрымала яго сястра.

– Тады ведайце, што і ён вамі захапляўся, – запэўніў іх Пугач.

– Ну што вы, – сціпла прамовіла Мілана. – Гэта была не столькі наша заслуга, колькі ўсяго народа, усіх жыхароў. Гэта яны, а не мы адстаялі незалежнасць свайго каралеўства і радзімы ад захопнікаў.

– І гэта так. Але ж вы здолелі аб’яднаць народ вакол сябе і павесці ў бой. І наш народ ізноў мае патрэбу ў вашай дапамозе, мы разлічваем на вас. Многія спадзяюцца, што вы з’явіцеся і выратуеце ўсіх, як і ў мінулы раз. Упэўнены, што і кароль Мацей, калі б толькі мог, то прасіў бы вас аб тым жа.

– Што ж, мы не ў праве не спраўдзіць спадзяванні жыхароў каралеўства. Шчыра кажучы, калі мы сёння выправіліся сюды, то падазравалі, што ў вас ізноў неспакойна. Нездарма ж Вуж так клікаў за сабой.

Yaş sınırı:
12+
Litres'teki yayın tarihi:
27 ocak 2023
Yazıldığı tarih:
2023
Hacim:
243 s. 23 illüstrasyon
ISBN:
978-985-581-506-9
İndirme biçimi:
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Ses
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin
Ortalama puan 3,9, 7 oylamaya göre