Kitabı oku: «Планета ў падарунак», sayfa 3
2
Жнівень буяў астрамі, раскашаваў гладыёлусамі, у цётчыным садзе ўжо пачалі жаўцець бакамі нават антонавы яблыкі – такі ён быў спякотны, гарачы, зыркі. За нейкі тыдзень яны перагаварылі з цёткаю ўсё, што толькі можна было перагаварыць, а потым… Потым яна аблюбавала сабе мясцінку на мясцовым пляжы і з самай раніцы ледзь не да адвячорка адчайвалася ва ўспамінах ці, наадварот, натхнялася марамі, аддаючы ўсю сябе сонцу.
Пляж стракацеў капелюшамі, бейсболкамі, купальнікамі, і хоць бы адзіны знаёмы твар! А яна правяла ў гэтым мястэчку ледзь не ўсё сваё дзяцінства. Тут нават ёсць у яе сяброўка, але той не да пляжа. Мясцовыя, напэўна, і не ходзяць на пляж. У вольныя хвіліны парадкуюць гароды, а гэты гарачы пясок – для прыезджых, як яна, у адпачынак ды для моладзі, а хутчэй для дзятвы. І ўсё ж на тым-сім позірк спыняўся. «Вунь тая бландзінка ў модных акулярах, да якой учора некалькі разоў падсаджваўся даволі цікавы малады чалавек, – адзначала яна для сябе. – Сёння яго чамусьці не відаць. А ён і сапраўды цікавы, ва ўсялякім выпадку, знешне». Ёй падабаўся гэты тып мужчын – стрункія брунеты з шэра-сіняй мяккасцю вачэй, у якіх можа нараджацца бяздонная глыбіня, якую разгадвай – не разгадвай, а разгадаць немагчыма. Выключэннем быў Лагуцкі, і ёй упершыню пасля іх разводу не хацелася думаць пра яго. Бландзінка пазірала на гадзіннік, яна таксама палезла ў сумку, дастала і зірнула на свой, а калі падняла вочы, адчула, як штосьці трапятнулася ў сэрцы. Зверху ўніз на яе пазіраў той самы ўчарашні цікавы малады чалавек. Пазіраў не без інтарэсу і хацеў атрымаць адказ на тое, што яго зацікавіла.
– Вы заўсёды ходзіце на пляж з пацеркамі на шыі?
– Гэта не пацеркі, а абярэг!
– І што за камень?
– Не ведаю і нават ніколі не цікавілася. Мне іх неяк у цягніку падарыла адна незнаёмая бабуля. Проста падышла і сказала: «Вы ў мяне выклікаеце давер, і я вам хачу падарыць гэтую рэч. Насіце пацеркі, як абярэг».
– У мяне вы таксама выклікаеце давер, – ён пасміхнуўся ёй. – Я прысяду. – І калі сеў побач, запытаўся: – Ну, і ад чаго аберагае гэты абярэг?
Яна паціснула плячыма.
– Пакуль ні ад чаго, хаця хто ведае…
Дзесьці вельмі-вельмі далёка ў яе думках ужо гатовая была вымалявацца постаць Лагуцкага, але яна не дала ёй праявіцца, больш уважліва паглядзела на незнаёмца, адзначыўшы, што ў яго бездакорная скура з роўным загарам нават на пальцах рук.
Ён парушыў паўзу:
– Гнатко.
Яна не зразумела. Ён адчуў гэта і ўдакладніў:
– Гнатко, імя ў мяне такое.
– Значыцца, Ігнат.
– Не ведаю, бацькі звалі Гнатко.
Яна назвала сябе.
– Вунь тую бландзінку таксама Галінай завуць, – сказаў ён. – Яна, як і вы, прыезджая.
– І як вы гэта вызначылі, што я не мясцовая?
Бландзінка ўжо заўважыла яго і, відавочна, нервавалася, але іхняя гаворка толькі пачыналася. І зразумець гэта можа толькі жанчына, якой хочацца падабацца і якая нейкім няўлоўным пачуццём адчувае, што гэта магчыма. Яны размаўлялі доўга. Самая звычайная, якая нікога ні да чаго не абавязвае, гаворка, але, нарэшце, ён сустрэўся позіркам з бландзінкай і сказаў:
– Мне трэба падысці да той Галіны, каб развітацца. Яна сёння ад’язджае, была тут наконт рэстаўрацыйных работ. Але я вярнуся…
І ён сапраўды вярнуўся, і вельмі хутка. Зноў сеў побач. Пазіраў на каменьчыкі ейных пацерак, было адчуванне, што хоча іх нават памацаць.
– Значыцца, абярэг?
– Падабаецца? – І тут жа перакінулася на іншае: – А якія ж тут рэстаўрацыйныя работы?
– Ніякіх! Пакуль толькі праект аднаўлення кляштара картэзіянцаў. Тут у наваколлі захаваліся рэшткі кляштарных будынкаў. Чула калі-небудзь пра яго?
Яны незаўважна перайшлі на «ты», і яна магла б шмат яму расказаць пра той кляштар, пабудаваны італьянцам Джыслені па фундацыі падканцлера літоўскага Сапегі, які запрасіў сюды з Францыі больш як трыста гадоў таму манахаў-картэзіянцаў (як-ніяк па адукацыі яна – гісторык), але сказала зусім пра іншае:
– У дзяцінстве, калі прыязджала да цёткі, мне даводзілася з мясцовымі падлеткамі бегаць да сцен таго кляштара, і яны палохалі зданямі, потым мне прывіды розныя сніліся.
– Прывіды? А-ат!.. Што тыя здані? Няшчасныя людзі…
– Людзі?
Сонца сцішвала свой жар, ад Ясельды цягнула халадком. Шумная кампанія побач з імі збірала свае рэчы ў рукзакі, наважваючыся пакінуць пляж.
– А ты з мясцовых? – запыталася яна. – Валю Карпінчык ведаеш? На паштамце тутэйшым працуе загадчыцай. – І далей ёй хацелася сказаць яму, што Валя яе сяброўка яшчэ з часоў дзяцінства, што заўтра – трыццатага жніўня – ейны дзень нараджэння і што ў іх з Валяй ужо ёсць дамоўленасць пасядзець заўтра вечарам з шампанскім, і калі ён не супраць, дык яна запрашае і яго да Валі на свой дзень нараджэння, але ён было не пачуў пра Валю Карпінчык ці па нейкіх прычынах не хацеў пра яе чуць і, са свайго боку, запытаўся ў яе:
– Ты з працамі Эпікура знаёмая?
Яна не без здзіўлення паглядзела на яго.
– У якім сэнсе? – збянтэжылася. – Калісьці ва ўніверсітэце, калі праходзілі курс старажытнай літаратуры, не міналі і філасофіі. – Яна баялася выглядаць недасведчанай.
– Я зусім пра іншае. Пра матэрыяльнае і тонкае…
– Ну-ну, мне цікава.
– І тое, і другое складаецца з атамаў, душа і цела… Старэе апошняе, старасці паддаецца і душа. Дарэчы, паводле Эпікура, яна размяшчаецца па ўсім целе. Ну, а ўяві смерць гвалтоўную… Матэрыяльнае цела памірае, а тонкае? Атамы душы, як больш лёгкія, пакідаюць яго… Эпікур назваў гэта «выцяканнем», якое складваецца ў «бачнасць», хочаш, магу працытаваць дакладна: «… і форма гэтая ёсць форма шчытнага цела».
– Ты захапляешся старажытнай філасофіяй?
Ён засмяяўся, але ў вачах ягоных мільгануў нейкі глыбокі сум, памарудзіў і адказаў:
– Хутчэй, хацеў патлумачыць табе прыроду зданяў, каб ты іх не баялася, а шкадавала. Ахвяры гвалтоўнай смерці. Аднак яшчэ пячэ… – Паглядзеў на сонца і дадаў: – Пайду да вады, акунуся…
Яна бачыла, як ён уваходзіў у раку, і ёй раптам падумалася, што пачалася нейкая прыгожая паўза ў ейным жыцці. Яны, гэтыя паўзы, бываюць у кожнага чалавека і пры пэўным збегу абставін цягнуцца далей і далей і, нарэшце, выроўніваюцца, выцягваюцца ў суцэльную лінію, якая і завецца лініяй лёсу… Яна, пэўна, перагрэлася на сонцы – якая паўза, якая лінія лёсу?! Лагуцкі шпурнуў яе ў безвыходнасць, у самоту, з якой яна ніяк не можа звыкнуцца. А з другога боку, ну і што? Свет не рухнуў! Усё цячэ, і ўсё змяняецца. Яна на адпачынку. Ёй спадабаўся мужчына. Яна можа ўжо заўтра прагульвацца з ім па гэтым разамлелым пад спякотаю мястэчку, а можа зачыніцца з ім у адным з пакояў цётчынай хаты і легчы ў ложак… І вось гэтае апошняе хочацца загарнуць у прыгожую абгортку. Напусціць як мага больш мройнага туману, заблытаць, пераблытаць усе пачуцці, ад адных – трапятаць, ад другіх – укідвацца ў шал, ад трэціх – сумнявацца, самой сабе пярэчыць…
Мужчыны больш безаглядныя: калі нейкі кудысьці рынецца, то як бык. Жанчыны ж схільныя да самааналізу, таму менавіта яны заваёўніцы, якія дазваляюць думаць мужчыну, што гэта ён бярэ жанчыну, падпарадкоўвае сваёй плоці ейнае цела, а на самай справе ўсё наадварот. Выбірае і бярэ жанчына. Крок за крокам. Спачатку какетнічаннем, потым ад какетнічання пераходзіць да пяшчотаў… Хочацца табе пакласці руку на каленца – ну што ж, пакладзі… Але праз імгненне я яе скіну, стану ў позу, згуляю ў недатыкальнасць і тым самым выклічу ў табе жаданне настаяць на сваім, каб гэтая рука ўсё-ткі апынулася на ранейшым месцы, на каленцы…
Але дзе ж Гнатко? Каля берага ў рацэ пялёхкаліся дзве дзяўчынкі, і больш нікога па ўсёй Ясельдзе, як можна было бачыць. Куды ж ён знік? І дзе ягоная адзежа? Можа, ён прыйшоў на пляж з сябрамі? Але пляжнікаў усё менела і менела… Яна пачакала яшчэ трошкі і таксама пачала збірацца і сама сабе здавалася дзяўчынкай, якой паказалі прыгожую цацку, але ў рукі не далі, толькі паказалі… «У гэтым мястэчку цяжка згубіцца, – цешыла яна сябе думкай, – дый, нарэшце, заўтра зноў прыйду на гэты пляж». Ёй хацелася, каб гэтае нечаканае знаёмства мела працяг. І штосьці ёй падказвала, што яно гэтак і будзе.
І яна не памылілася ў сваіх адчуваннях. Назаўтра сабралася на пляж раней звычайнага і як толькі звярнула са сцежкі, спрэс парослай кураслепам ды асакой, і выйшла на пясчаны бераг Ясельды, адразу ж угледзела Гнатко. Ён сядзеў на тым самым месцы, дзе ўчора ляжала коўдра, і таксама заўважыў яе, бо прыўзняўся, памахаў рукой. А яе ахапіла няўцямнасць: штосьці тут, на гэтым пляжы, не гэтак, як учора, штосьці змянілася – перад ёю ляжала, бы вымерлая, пясчаная роўнядзь. Хаця не, вунь там мажная жанчына з трыма дзецьмі, і ўсё! Акром гэтых чатырох і Гнатко – ні душы, пра гэта яна і спыталася, калі падышла да яго.
– Падобна на прыродны катаклізм, – сказала жартам. – Учора тут проста ўсё кішэла людзьмі, а сёння бы вымерла… Мёртвы пляж. Што здарылася?
– Лета адыходзіць. Студэнты падаліся ў свае вучэльні, школьнікі таксама ўпрытык са школай, дый прырода… Пасля абеду абяцаюць дождж, і, думаю, будзе.
Пакуль яна рассцілала коўдру на пяску, з сумкі выкацілася некалькі яблыкаў.
– Хочаш? – паказала позіркам на іх. – Гэта белы наліў.
– Бачу, – адказаў ён, але яблык не ўзяў.
– Адвярніся, – папрасіла яго. – Трэба распрануцца.
– Сёння не так спякотна, можна і ў шортах.
Але яна сцягнула іх, кінула паверх і майку.
– Слухай, а дзе твая адзежа? Ты размясціўся ў нейкім іншым месцы?
– Не-е, усё маё валяецца недзе тут з мінулага года.
– Хочаш сказаць, што адно і робіш, што бавішся на пляжы?!
– Хм-м, – толькі і адказаў ён, прысаджваючыся побач.
Ёй хацелася распытаць, дзе ён працуе, з кім і на якой вуліцы жыве ў гэтым мястэчку, але замест гэтага сказала, расцягваючыся на коўдры:
– Дык ты кажаш, што сёння павінен быць дождж? І не дзіўна! Сённяшні дзень і заўтрашні – тая самая мяжа паміж летам і восенню, і я на гэтай мяжы нарадзілася. Сёння – мой дзень нараджэння! Можаш пачынаць віншаваць… Прымаю пажаданні, а магу і букеты… Я – Дзева! Дзевы любяць кветкі.
Яна бачыла, што па ягоным твары прабег цень разгубленасці, і падахвоціла:
– Урэшце, проста вазьмі і пацягай мяне за вушы, як у дзяцінстве.
Ён вагаўся, потым пахітаў галавою:
– Лепш кветкі. На тым беразе цэлы зараснік лотаці. Пялёсткі бы ў лотаса. Незвычайна буйная лотаць. У нас тут яе, бывае, завуць жоўтай лілеяй. Я мігам!..
І ён ускочыў, шпарка пайшоў да ракі.
– Чакай, Гнатко!
Ён азірнуўся, прыпыняючыся.
– А калі твой дзень нараджэння?! Ты хто па гараскопе?
Ён не адказваў, адно глядзеў на яе, потым нагнуўся, выхапіў з-пад ног нейкі пруток і праз колькі крокаў штосьці хутка пачаў пісаць на вільготным пяску. Потым адкінуў пруток, увайшоў у раку і паплыў да супрацьлеглага берага.
Яна заплюшчыла вочы, прыкрыла твар, хаваючы яго ад сонца, саламяным капялюшыкам… «А можа, не ісці сёння вечарам да Валі Карпінчык? Яшчэ не позна ўсё адмяніць. Свой дзень нараджэння я магу адзначыць і ў цёткі, тая толькі ўзрадуецца. Вось зараз вернецца Гнатко, запрашу яго, і мы адразу ж сыдзем з гэтага мёртвага пляжа. Пойдзем на рынак, накупляем прадуктаў, потым разам пачнём гатаваць…» Яна міжволі ўздрыгнула. Штосьці цяжкое, халоднае, мокрае ўпала ёй на руку, пырскі абдалі плечы, жывот… Ад нечаканасці падхапілася, зачапіла рукою нітку пацерак, і яны парваліся… На коўдры ляжала некалькі сцяблінак лотаці. Цяжкое, з пражылкамі лісце, яркія жоўтыя кветкі.
– Гнатко! – Яна азіралася па баках, яго нідзе не было, толькі зводдаль мажная жанчына гукала сваіх дзяцей, якія плёскаліся ў вадзе, маўляў, досыць! Расціснула кулак, ёй удалося ўхапіць пацеркі, але каменьчыкаў было мала, пэўна, рассыпаліся па коўдры, а можа, і па пяску. – Гнатко-о! – цяпер яна ўжо крычала, бо, магчыма, ён зноў паплыў да таго берага. Ён не адгукаўся, і яна пайшла да ракі. Спынілася на тым месцы, дзе Гнатко нешта пісаў прутком. Там выразна былі напісаны толькі лічбы: 26.07.1999 г. «Што ж гэта ён тут такое напісаў? Я запыталася пра ягоны дзень нараджэння, і, адпаведна з логікай, гэта павінна быць адказам. Але ж яму, напэўна, гадоў дваццаць сем. Дык да чаго 1999 год? Нейкі рэбус». І зноў крыкнула: – Гнатко-о!
Ад Ясельды цягнула халадком, і адчувальным. На тым, супрацьлеглым, беразе шумелі вербы, згінаючыся пад даволі моцным ветрам. Мажная жанчына ледзь не выцягвала з вады дзяцей, крычала, каб ішлі апранацца. Відаць, таксама адчула, што надвор’е будзе мяняцца. «Трэба і мне сыходзіць з гэтага пляжа, – падумала Галка. – Гнатко пабачыць, што я пайшла, і, калі захоча, пойдзе следам».
Яшчэ раз зірнула на супрацьлеглы бераг, а потым сагнулася, падхапіла пруток, якім Гнатко выводзіў свае лічбы. Пад імі і напісала, літара за літарай, на вільготным пяску: «Вечарам буду ў Валі Карпінчык. Захочаш – прыходзь!» Адкінула пруток і пайшла… Хуценька апранулася, коўдру разам з лотаццю камяком запіхнула ў сумку, туды ж укінула і рэшту пацерак… Нацягнула на галаву свой саламяны капялюш і, падхапіўшы сумку, пачала шпарка аддаляцца ад ракі, раз-пораз азіраючыся…
3
Цётка Маня правяла яе да веснічак, напэўна ж, пакрыўдзілася, што яна, Галка, будзе святкаваць свой дзень нараджэння дзесьці ў чужых людзей, хай сабе і ў сяброў, але выгляду не падавала, толькі сказала:
– Будзеш вяртацца, дык няхай Карпінчыкі правядуць цябе, бо на ноч людзі сабак з ланцугоў спускаюць.
– Правядуць, не хвалюйся, ды я асабліва і не затрымаюся, – адказала цётцы, а сама сабе падумала, што калі раптам у Карпінчыкаў з’явіцца Гнатко, дык і ўвогуле яны вернуцца вельмі хутка, таму і пакінула пляшку шампанскага на ўсялякі выпадак.
Да Карпінчыкаў пайшла пешшу, балазе жылі недалёка. «А людзі ўжо навучыліся жыць па-людску, – адзначыла для сябе. – Хаты праз адну чырвонаю чарапіцаю крытыя ды цэглай абкладзеныя». Дзе-нідзе на сценах верандаў віселі вязанкі цыбулі, дасушвалася падвешаная ў пуках фасоля. Валін дамок таксама чырванеў дахам. Заліўся брэхам і выбег насустрач сабака. Тут жа з веранды выскачыла і Валя.
– Ідзі, не спыняйся, пры мне ён не ўкусіць!
Агромністы ваўкадаў правёў Галку да веранды. Валя перахапіла з ейных рук сумку, і яны прайшлі ў гасцёўню. Пабачыўшы ўжо накрыты стол, Галка зразумела, што гаспадары гэтай заможнай будыніны рыхтаваліся да прыходу грунтоўна.
– Не здзіўляйся, трэба было накрыць гэткі стол, – патлумачыла Валя. – Твой дзень нараджэння толькі зачэпка, мы ж не бачыліся сто гадоў, вось за ўсе і адседзім!
– А дзе ж твае хатнія?
– Хутка збяруцца… Дзеці па сябрах разышліся, а Васіль у садзе… Бачыла, як неба з усіх бакоў абклала на дождж, а ў нас там копы сухой атавы, дык цэлафанам пайшоў прыкрыць, а то ж пагніе! Сядай пакуль сюды, на канапу…
– А ты?
– У мяне яшчэ па гаспадарцы не ўсё ўпраўлена, – адказала Валя і пачала штосьці шукаць за шклом у шафе.
– Дык я з табою пайду, дапамагу што, – прапанавала Галка.
– Ты ж у нас госця, лепш наш альбом паглядзі, табе і занятак будзе.
Галя ўзяла альбом з фотакарткамі і, калі сяброўка пайшла, перагарнула старонку-другую, хацела ўжо нават адкласці – на здымках у сваёй большасці былі незнаёмыя ёй людзі, дык што іх разглядваць! Але раптам позірк зачапіўся за знаёмае аблічча. На адным з фотаздымкаў яна пазнала Гнатко ў гурце людзей. «Тут і Валя збоку стаіць, дык я і распытаю ў яе пра яго». Міжволі расхвалявалася, пайшла з разгорнутым альбомам на кухню.
– Валь, паглядзі сюды, хто гэта?
– Дзе? – схілілася Валя над здымкам.
– Ну вось гэты хлопец.
– Гнатко! На нашай пошце інжынерам-электрыкам працаваў. У Ясельдзе ўтапіўся мінулым летам.
І Галка ўся скаланулася.
– Як утапіўся?
– Звычайна, як топяцца людзі. Мо сутарга якая… У вір мог трапіць…
– А дакладна калі гэта здарылася?
– Якая табе розніца, Галка! Ты што, яго ведала? Дзесьці ў канцы ліпеня. Хавалі дваццаць восьмага, гэта я добра помню, ну, а ўтапіўся, відаць, дваццаць шостага… Адчапіся, ідзі ў гасцёўню, мне катлеты варочаць трэба.
І Галка пайшла бы на ватных нагах. Яна ўжо штосьці пачынала ўсведамляць, пра нешта здагадвацца. Тыя лічбы на вільготным пяску, выпісаныя Гнатко, былі зусім не рэбусам. Гнатко ўтапіўся 26.07.1999 года… Але ж там, на пляжы, яны пісаліся ім як адказ на ейнае пытанне: «А калі твой дзень нараджэння?!» Значыцца… Значыцца, Гнатко ўтапіўся і нарадзіўся прывід, здань… Але ці магчыма такое? Ён жа нешта гаварыў пра здані. Яна імкнулася згадаць, аднавіць яго словы пра Эпікура, пра «выцяканне» атамаў і «бачнасці» і не магла. Думкі блыталіся, не паддаваліся логіцы.
У пакой увайшла Валя з падносам, дзе месцілася нейкая салата, зірнула на Галку і захвалявалася:
– А божухна, Галя… Ды табе, мабыць, кепска! Нешта ж ты ўся бледная стала, твару на табе няма, трасешся ўся.
І Галка знайшлася, што адказаць ёй:
– Сэрца разанула. – І потым загаварыла хутка, збіваючыся: – Ты ж ведаеш, я перажыла развод… Мы ж разышліся з Лагуцкім, у яго другая жанчына, ён мяне кінуў… Я шмат адпакутавала, я няшчасная… І ўсё на сэрца лягло! – Гэтак яна гаварыла ўслых, а сама сабе, у думках, разважала пра іншае: «Гнатко сядзеў побач, ён размаўляў са мною, ён пасміхаўся… І, аказваецца, усё – здань, здань, прывід! Нават абсыпаў мяне лотаццю… Як жа ён нёс яе, калі прывід ва ўяўленні людзей – пустата, штосьці выключна нематэрыяльнае?! Знікнуць, з’ехаць адсюль! І як мага хутчэй! Больш ні дня ў гэтым мястэчку не прабуду!»
Гэтак яна і зрабіла. Праўда, з’ехала праз дзень, патлумачыўшы цётцы Мані свой раптоўны ад’езд хваробаю.
* * *
А дзесьці праз пяць гадоў пасля падзей, што апісаны вышэй, Галіна Іванаўна Лагуцкая стаяла каля акна ў сваёй мінскай кватэры, адхінуўшы лёгкую гардзіну. Пазірала, як Віктар Сямёнавіч Лагуцкі садзіўся ў «Опель Кадзет», які з тыдзень таму прыгнаў з Бельгіі. У яго памерла жонка. Аказалася, што ў яе ніякая не астма, а рак. Ён павінаваціўся, папрасіўся назад, і Галка прыняла яго. І цяпер вось глядзела, думала: «Што за жыццё такое?! Дурное жыццё! Лагуцкі старэе, грошы як прыходзяць, так і сыходзяць! Брат звоніць, маці зусім аслабла. Сама ўся раздражнёная, знерваваная… Цёткі Мані даўно няма, хата ейная спушчана за бясцэнак, і па начах усё сніцца і сніцца лотаць…»
Вока Сусвету
Ліна яшчэ раз набрала нумар сяброўкі, і зноў у трубцы гучалі доўгія гудкі: да тэлефона ніхто не падыходзіў. Сяброўка павінна была дамовіцца наконт сустрэчы з прафесарам-анколагам Тамарай Максімаўнай Даманеўскай, і ці дамовілася? Але што цяпер гадаць? І яна пайшла ў спальню. Муж ляжаў у ложку з газетай у руках. Яна падумала, што і заснуць адразу не давядзецца: будзе шамацець старонкамі. Але муж адклаў газету, спытаўся:
– Так і не дазванілася?
– Можа, тэлефон адключылі, позна ўжо. Я зачыню балконныя дзверы?
– Не чапай, горача тут. – І дадаў: – На дварэ бы й не сярэдзіна верасня, каб хоць дождж які. – Ён пачакаў, пакуль яна ляжа, павярнуўся да яе. – А навошта табе сустракацца з Даманеўскай? Што гэта зменіць? Ехаць трэба ў Магілёў.
– Хм-м, ехаць… Ну і што – я паеду, пасяджу каля ложка… Я ўжо ездзіла. Яму ж дыягназ не пераменяць. Трэба паслухаць, што тут, у Мінску, спецыялісты скажуць. Там выпісалі з бальніцы – і ўсё, медыцына бездапаможная, няхай памірае дома. Дык што, і сядзець склаўшы рукі, збіраць грошы на пахаванне? А раптам і тут што-небудзь прапануюць? Яму ж чамусьці абпраменьванне не рабілі. Мне трэба біць ва ўсе званы, у мяне адзін брат, і ў яго – рак!
Ён уздыхнуў.
– Проста пракручваю варыянты як лепш, а ты адразу ў крык. – Адвярнуўся, зноў узяў у рукі газету.
Яна таксама адвярнулася і ажно прыўзняла галаву… У праёме расчыненых балконных дзвярэй пабачыла зорачку. Зорачка ўплывала ў пакой… «А гэта што яшчэ за дзіва? – падумала яна. – Рыхтык такія ўспыхваюць, калі запальваеш бенгальскую свечку», – і прашаптала:
– Коля… Коля…
– Я сваю думку выказаў, – адгукнуўся ён. – Потым шкадаваць будзеш, чаму не паехала, не пабыла з ім хоць некалькі лішніх дзён.
А зорачка рухалася, рухалася… Вось яна падплыла да карціны, што вісела на сцяне насупраць ложка, на імгненне прыпынілася, быццам яе зацікавіў намаляваны на палатне хутар: хата, крытая саломаю, і кладка цераз невялікі ручай… Потым зорачка ўспыхнула, стала больш яркай і ўвайшла ў карціну. І адразу ж стаў знікаць той хутар… На палатне з’явілася Вока, самае сапраўднае ясна-блакітнае Вока з блішчастаю чорнаю зрэнкаю. Яно запоўніла сабою ўсю карціну і было жывым. Жывое Вока. Яна адчувала на сабе позірк. Дрыжыкі пабеглі па скуры. Прыціснулася да мужа:
– Коля… Коля, там – Вока.
Ён адкінуў газету. Яна бачыла, як павольна згасае Вока. На карціне зноў праяўляўся хутар – хата, ручай, кладка…
– Коля, ды павярніся ж ты! Я толькі што бачыла вялікае Вока там, на карціне… Яно засталося ў ёй, хоць і згасла. Яно глядзіць на нас.
Ён павярнуўся, абняў яе і сказаў, нічога не ўдакладняючы:
– Спі. Заплюшчы вочы і спі. Ты стамілася.
* * *
Раніца пачалася з мітусні. Пазваніла сяброўка, сказала, што прафесар Даманеўская будзе чакаць яе а дванаццатай гадзіне. Трэба было адпрошвацца з працы, тэлефанаваць сыну, які жыў асобна, каб таксама адпрасіўся і завёз яе ў Бараўляны ў Навукова-даследчы інстытут анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Трэба было патэлефанаваць яшчэ і брату ў Магілёў, дзе ўсё заставалася без змен: колюць па кубіку морфій два разы на дзень, прапісалі вітаміны… Яна чула, які прыгнечаны, разгублены і зусім слабы братаў голас:
– Ну ты, Ліна, сама ведаеш… Калі што, глядзі маму. Як бы там ні было, прыехаць да яе на дзень-другі заўжды можна. Чуеш мяне?
А яна чула і не чула… Бы з туману, ужо з надта вялікай адлегласці, з таго, што называецца далёкім мінулым, выплыў сад, ахутаны водарам вільготнай прахалоды. У дальніх кутках саду рассыпаў мігатлівыя цені летні прыцемак. Ёй бачылася іхняя карова Галка, якую пасля пашы маці вырашыла яшчэ папасвіць у садзе. Вось зусім яшчэ маладзенькая маці стаіць з дубчыкам. Вось і бацька… Тут і яны, малыя: яна і брат. Бацька падскоквае, кіем збівае крамяныя, з ружовымі бакамі, яблыкі. Яны падаюць у густую траву…
– Шукайце іх, дзеці, – весела крычыць бацька. – Хто першы знойдзе – таму цукерка!
І яны бягуць з братам, рукамі разгортваюць высокую траву.
– Яблык! Яблык! – аж захліпаецца брат і падлазіць пад самую Галчыну мызу. Галка крутнула галавой, зачапіла рогам за шлеечку братавых кароткіх штонікаў і падкінула яго высока ўгору. Крычыць маці… А яна сама, зляканая, ужо з усіх ног бяжыць, каб падхапіць брата. І падхоплівае, ледзь утрымліваючы яго. Брат абхапіў пульхнымі ручкамі шыю, яна чуе, як спуджана тахкае, б’ецца ягонае маленькае сэрцайка.
Падбягае бацька, бярэ брата да сябе на рукі, а яна бы ўрасла ў зямлю, і яе перапаўняе радасць: «Я ўратавала брата! Я не дала яму ўпасці на зямлю!»
Уратавала тады, а ці ўратуе цяпер? Каб не выдаць брату, што яна плача, пачала развітвацца. Пра тое, што збіраецца ехаць на сустрэчу з прафесаркай, яму нічога не сказала. Страшна было марна абнадзеіць, але надзея жыла ў ёй самой. Бываюць жа выпадкі, бываюць… Яна помніла, як з год таму на рынку нейкая гаваркая сялянка прапаноўвала ёй мёд: «Купі, купі, кабетка, не пашкадуеш. Ён у нас лекавы. У мужа было падазрэнне на рак, а як нашча па сталовай лыжцы вядро мёду з’еў, што куды і падзелася». Яна тады падумала: «Харошая ты мая, каб у яго той самы рак быў, не дапамагло б і вядро мёду». І вось цяпер сама спадзяецца на цуд, за нітачку хапаецца, але, пагаварыўшы з Тамарай Максімаўнай, калі яны з сынам прыехалі ў Бараўляны, зразумела, што спадзявання няма.
– У мяне не шмат часу, – сказала Даманеўская, як толькі яна пераступіла парог кабінета і села ў крэсла, на якое паказала прафесарка. – Таму давайце без лішніх слоў, адразу сутнасць, што вы ад мяне хочаце пачуць?
– Ці ёсць надзея? Год таму брату зрабілі аперацыю на страўніку. Пухліна была, але не злаякасная. І вось у канцы жніўня – страшэнны боль, з дому на насілках выносілі. Прайшоў абследаванне, жонцы сказалі, што выявілі метастазы ў забрушынных лімфавузлах. Доўга ў бальніцы не трымалі, дома колюць морфій… Можа, варта яму прыехаць сюды на абследаванне?
– А як вы яго давезяце, калі ўжо морфій колюць? Мала што ў дарозе?.. Машына сапсуецца, хто тады што ўколе. Да таго ж у Магілёве добрыя ўрачы, новы анкалагічны корпус выдатна абсталяваны. Там усё найноўшае. Магілёўшчыну ж зачапіў Чарнобыль… – Даманеўская на момант задумалася і спытала: – Хто ў яго быў доктар, прозвішча назваць можаце? Мне трэба падрабязны дыягназ ведаць.
Ліна помніла прозвішча доктара, у яе быў і нумар ягонага бальнічнага тэлефона, неаднойчы даводзілася званіць, распытваць… Дастала з сумачкі запісную кніжку.
– Дайце яе сюды, – папрасіла Тамара Максімаўна. – Пакажыце, дзе тут нумар у вас запісаны. Я паспрабую пазваніць доктару…
Ён аказаўся на месцы. Але іхняя размова, з якой Ліна мала што зразумела, была кароткай. Даманеўская паклала трубку.
– Абпраменьвання ён ужо не вытрымае, можа на стале памерці. У яго метастазы большыя за два сантыметры ў дыяметры.
– Тамара Максімаўна, калі ласка, што гэта значыць? – устрывожылася Ліна.
– Да новага года наўрад ці…
– Што наўрад?
– Вы ж не маленькая… Я ад вас нічога не ўтойваю. Морфій колюць, болю ён не адчувае…
– А лячэнне?
– Дарагая вы мая, акром комплексу вітамінаў, ужо… На жаль, нічога.
Ліна выходзіла з кабінета прафесаркі як на ватных нагах. Зрабіла некалькі крокаў, і раптам дзверы… Расчыненыя дзверы ў бальнічную палату. І яна ўвайшла ў іх. Ложкаў было многа: сем ці восем пар жаночых вачэй павярнулася да яе. Яна ведала, пра што трэба запытацца, а мову бы адняло.
– Вы, можа, да Юркевіч, дык яе яшчэ ўчора выпісалі, – адазвалася адна з жанчын.
– Не, я да вас… Да вас усіх. – І далей яна загаварыла горача, як на апошняй споведзі перад расхінутай прорвай: – Жанчыначкі, даражэнькія, вы ж тут паміж сабою самыя розныя размовы ведзяце, і найчасцей пра хваробы свае… У мяне брат ужо безнадзейны, дык, можа, вы мне які нетрадыцыйны сродак падкажаце, людзі ж па-ўсялякаму ратуюцца.
Жанчыны перазірнуліся, быццам пыталіся адна ў адной: а ці варта ёй што казаць? Ліна чакала.
– Я сама, праўда, не спрабавала, – няпэўным голасам сказала адна з жанчын, – але чула, што ў суседняй з нашай вёсцы нехта піў газу, а вось дапамагло ці не, не ведаю. Не магу нічога сказаць.
– Газа не дапамагае, – жыва адазвалася другая жанчына і паднялася з ложка. – Можна паспрабаваць вясёлку. Грыб такі ёсць. Яго трэба настойваць на спірце, потым у слоіку гэты настой на тры месяцы закапаць у зямлю і пасля ўжо піць. Па кроплях, вядома. Я спрабавала, мне трошкі нават лягчэла, але хвароба была ўжо запушчаная.
– А яшчэ нафталін ужываюць… На саменькі-саменькі кончык нажа бяруць. Ды вы сядайце во сюды на крэсла, чаго ж стаяць? – І даволі рухавая жанчына паднесла да яе крэсла. Ліна села, бачыла, як пасвятлелі ў жанчын вочы, як ажывіліся твары. Падумала: «Гэта ж трэба, во-о, якія людзі, і чаму ж з імі такое здарылася! Самі ў безвыходнай бядзе, а як пранікліва адгукнуліся на чужое гора».
А тым часам яшчэ адна жанчына згадала, як ёй раілі зрабіць настой балігалову, але яна не знайшла гэтай расліны: відаць, у іхняй мясцовасці ён не рос.
– Не, жанчынкі, – сказала чарнявая маладзіца, што сядзела на ложку найбліжэй да Ліны. – Усё, што вы тут нараілі, гэта ж атрута.
– Дык мо і добра, клеткі ракавыя патруціць, хоць газа, хоць нафталін, – пачуўся голас з-пад коўдры на аддаленым ложку.
– Не-не, здаровыя таксама труціцца будуць. – І чарнявая кабетка падышла да Ліны з нейкаю паперкаю ў руках. – Вось вам ксеракопія метаду Шаўчэнкі. Тут усё распісана, што да чаго… Разберацеся. Спірт ці гарэлка патрэбна ды алей нерафінаваны, змешваюцца ў пэўных дозах… Як-ніяк, натуральны прадукт, калі і не дапаможа, дык і не зашкодзіць.
Ліна ўзяла паперчыну, падзякавала, паднялася з крэсла і прыпынілася, бо адазвалася яшчэ адна жанчына.
– Метад Шаўчэнкі тут наўрад ці дапаможа. Гэта калі на самым пачатку, а ты ж чула: чалавек ужо безнадзейны. Ведаеце што, – цяпер ужо яна звярталася да Ліны. – Ёсць яшчэ адзін сродак. Прэпарат Дорагава. Кажуць, некалі Хрушчоў загадаў вучоным вынайсці лякарства супраць раку. Вось Дорагаў і вынайшаў. Але чамусьці яго не зацвердзілі ў медыцыне, у ветэрынарыю спусцілі. Вам трэба да ветэрынараў звярнуцца.
Ліна яшчэ раз падзякавала, цяпер ужо ўсім, пажадала здароўя і развіталася. У калідоры тварам у твар сутыкнулася з прафесарам Даманеўскай, збянтэжылася:
– Я, бачыце, яшчэ тут…
Тамара Максімаўна толькі цяжка ўздыхнула:
– Здагадваюся, чаго вы заходзілі ў палату, але не труціце яго нічым. Паверце, за час маёй працы столькі людзей прайшло… Усё марна… Хай чалавек спакойна дажыве да свайго апошняга дня.
Ліна і не збіралася труціць. Слухаючы парады няшчасных кабецін, яна ў думках адмятала і балігалоў, і нафталін, і газу… Хіба што толькі грыб вясёлка? Але, даслухаўшы ўсіх да канца, спынілася на метадзе Шаўчэнкі і на прэпараце Дорагава. Яны ўсялялі надзею, а галоўнае, як сказала адна з тых жанчын, лічыліся бясшкоднымі. Можна было паспрабаваць. Таму, як толькі сын прывёз яе дамоў, адразу ж узялася за тэлефон… У даведачнай дазналася нумар ветэрынарнай службы і нумары некалькіх ветэрынарных аптэк. Спачатку пазваніла ветэрынарам.
– Скажыце, калі ласка, у парадку кансультацыі, вы карыстаецеся ў сваёй практыцы прэпаратам Дорагава?
– Бывае…
– А супраць чаго ён выкарыстоўваецца? Мне для чалавека трэба.
– Хм-м… Ад раку.
Ліна падзякавала і хутка пачала набіраць нумар ветэрынарнай аптэкі. Толькі ў трэцяй ёй адказалі, што гэты прэпарат у іх ёсць. Не стала адкладваць на заўтрашні дзень, адразу ж сабралася і паехала ў аптэку. Там папрасіла дзесяць пляшачак. Калі аптэкарка адпускала іх, дык папярэдзіла:
– Хто будзе піць, хай нос затыкае. Смярдзючае надта, там жывая клетка ў стадыі гніення.
Але гэта ўжо для Ліны здалося дробяззю, абы памагло, хоць што можна выпіць. Дома яна нават не зняла плашч. Ад мужа, які запытаўся, дзе яна так доўга забавілася, толькі адмахнулася, пайшла да тэлефона і пачала набіраць братаў нумар… Ёй адказала братавая:
– Добра, што ты патэлефанавала. Мне ўдалося ўладкаваць Вадзіма ў стары анкалагічны корпус. Санітарка знаёмая дапамагла. Ён адразу і лёг пасля абеду.
– А я тут дазналася сёння… Бывае, людзі метадам Шаўчэнкі лечацца. Ёсць яшчэ і прэпарат Дорагава. Я купіла.
– Пра метад Шаўчэнкі мне казалі.
– Дык давай запішы, у мяне рэцэпт гэты ёсць. Я прадыктую, у якіх дозах трэба браць спірт і алей. – Яна выцягнула з сумачкі паперку, пачала дыктаваць, потым запыталася: – А як перадаць бутэлечкі з прэпаратам? Можа, праз вадзіцеля рэйсавага аўтобуса заўтра?
– Пачакай з прэпаратам, хай спачатку метад Шаўчэнкі паспрабуе.
– А ў бальніцы яму што-небудзь прызначылі?
– Ну якія прызначэнні, Ліна?! Яму проста спакайней там, усё ж ляжыць у бальніцы. Дактары побач. Ён цяжка дыхаць пачаў, можа, метастазы ў лёгкія пайшлі? І ўвогуле… Калі раптам самае страшнае здарыцца, няхай лепш у бальніцы, а не дома. Я мерцвякоў баюся.
Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.