Kitabı oku: «Вершы 1908-1909 гадоў», sayfa 3
Yazı tipi:
Хмурыя, цёмныя гудзяць і шэпчуць елі…
Хмурыя, цёмныя гудзяць і шэпчуць елі.
Бор чырванее на яснай зары.
Грудзь вольна дыша, кроў калышацца ў целе, —
Ціха цалую мяккі мох на кары.
Сэрца гарачае да ствала прыжымаю,
Ясныя слёзы на смалу ціха лью,
Ў неба сінеючыя вочы падымаю, —
Дзіўнае нешта грудзь калыша маю.
Даўней цураўся я вас, сосны, елкі,
У месцы пыльным і душным праклятым жыццё прайшло,
А цяпер бачу я зялёныя іголкі,
Чую, як глуха стучыць дзяцел у дупло.
А цяпер бачу – неба борзда дагарае,
Сам у гэтым свеце ледзьве-ледзьве гарыш;
Ноч ідзе: месяц тонкі, белы выплывае
Там, дзе падняла ель зялёны свой крыж.
[1908-1909]
Я, бальны, бесскрыдлаты паэт…
Я, бальны, бесскрыдлаты паэт,
Помню, раз пазабыў сваё гора, —
Гэта чуда зрабіў Ваш прывет.
Я – бальны, бесскрыдлаты паэт!
Мо жыцця майго верш ужо спет, —
Дык няхай Вам хоць песня гавора,
Як бальны, бесскрыдлаты паэт
На гадзіну забыў сваё гора.
1909
З цыкла «Лясун»
Прывольная, цёмная пушча
Прывольная, цёмная пушча:
Вялізныя ліпы, дубы,
Асінніка, ельніка гушча,
Між хвоі апаўшай – грыбы.
Ўсё дзіка, пустынна імшыцца,
Агністая спека стаіць.
На моху між спелай брусніцы
Лясун адзінокі ляжыць.
Каравая моршчыцца скура,
Аброс цёмным мохам, як пень,
Трасе галавою панура,
Бакі выгравае ўвесь дзень.
Гляджу на яго я уныла, —
На сэрцы і жаль, і жуда:
Ўсё знікла – і ўдаласць, і сіла!
Прапала, як дым, як вада!
[1909]
Türler ve etiketler
Yaş sınırı:
12+Litres'teki yayın tarihi:
30 ağustos 2016Hacim:
6 s. 1 illüstrasyonTelif hakkı:
Public Domain