Sadece LitRes`te okuyun

Kitap dosya olarak indirilemez ancak uygulamamız üzerinden veya online olarak web sitemizden okunabilir.

Kitabı oku: «Дудка беларуская»

Yazı tipi:

Францiшак Багушэвiч
ДУДКА БЕЛАРУСКАЯ

Мая дудка

 
Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсім будзе чутка
Ад краю да краю!
Ой! то будзе гранне,
Як на павітанне
І як на васэле,
Нядоўга тыкеле1:
Прэндка скончу песні…
Покі дудка трэсне,
Ці паглохнуць людзі,
Ці высахнуць грудзі,
Сілы надарвуцца
На радаснай дудца,
І выцякуць слёзы
На сухія лозы…
Выйдзе душа парай,
Падымецца з хмарай,
Туманом па рэчца
Расой разліецца,
Каласочкі зрося,
Каб жыта ўдалося,
А хлеб з'ядуць людзе,
І зноў сляза будзе.
Ну, дык грай жа, дудка,
Каб жа была чутка,
Каб аж вушы драла;
Каб ты так іграла,
Каб зямля скакала!
Заграй так васола,
Каб усе у кола,
Узяўшыся ў бокі,
Ды пайшлі у скокі,
Як віхор у полю —
Аж выючы з болю,
Каб аж рагаталі,
А усё скакалі…
Каб скакалі горы,
Як фаля на моры,
Як паны на балі, —
Каб вот як скакалі!
Каб аж пыл курыўся,
Каб свет заваліўся
Ды усё круціўся,
Як у нашага брата
У п'янога хата…
Га! чаму ж не граеш?
Хіба ты не знаеш,
Не ведаеш хіба,
Што, як тая рыба
Ды на лёдзе б'ецца,
Так вот я, здаецца,
Сорак гадоў б'юся,
Ніяк не звярнуся,
Ніяк не натраплю
Вадзіцы хоць каплю,
Ды такой вадзіцы,
Ды з такой крыніцы,
Што як хто нап'ецца,
Дык вольным стаецца.
Грай, васола ж грай
Альбо долю дай!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Енчыш безумолку!
Не, не будзе толку!
Кіну ж дудку тую,
А зраблю другую,
Цяпер зраблю дудку
Ад жалю, ад смутку,
Га! зраблю ж другую,
Жалейку смутную, —
Ды каб так заграла,
Каб зямля стагнала,
От каб як заграла:
Каб слязьмі прабрала,
Каб аж было жудка,
От то мая дудка!..
Вот зрабіў такую!
Дай жа папрабую…
Ну, дык грай жа, грай жа,
Усё спамінай жа…
Штодзень і штоночы
Плач, як мае вочы,
Над народу доляй,
І плач штораз болей.
Плач так да астатка,
Галасі, як матка,
Хаваючы дзеці,
Дзень, другі і трэці
Іграй слёзным тонам
Над народу сконам!
Каб ты так іграла,
Каб немарасць брала.
Як слязы не стане,
Заціхне ігранне, —
Кінь наўкола вокам,
Дык крывавым сокам —
Не слязой – заплачыш,
Як усё абачыш.
Як крыві не стане,
Тагды кончу гранне!
 

Дурны мужык, як варона

 
Весь свет кажыць, б'ець у звона:
«Дурны мужык, як варона!»
Гэта тыкі справядліва:
Ён дурнейшы ад вароны,
І не дзіва – было б дзіва,
Каб мужык ды быў вучоны.
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Да навукі ён не браўся,
Закасіўся, заараўся;
Дурнем умрэ, як радзіўся,
Сам сабой дурным зрабіўся,
Ведама, мужык – хамула —
Ад навукі адвярнула!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Ці ж не дурань мужык гэта:
Гарэ, сее усё лета,
А як прыйдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асьмінкі,
А даждаўшы на Каляды,
Мужыкі мякінцы рады.
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Усю зіму возам цягне
Да вакзалу ружнэ збожжа,
Ногі змерзнуць, сам засмягне,
А на хлеб кажух заложа,
Каб дажыць як да крапівы,
Абы ў поле выйшаў жывы.
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Ад Пятра і да Якуба2
Ён касой махаў ад рання:
Наклаў стагоў, людзям – люба,
Ў хаце ж сена – анізвання;
Равець з голаду скаціна,
Хоць кінь, бяжы за вачыма!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Глядзі, касцёл аж да неба,
Воласць бляхамі пакрыта!
Срэбрам скрые, калі трэба,
Бо за гэта яго біта,
А сам жывець ў мокрай яме,
Дзверы заткнуў анучамі!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
З камаровы нос сякерку
Сцісне, крэкне, замахае, —
Зробе пушчу, як талерку,
Свет дрывамі закідае!
А у хаце – зварыць страву,
Пашчапае стару лаву!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Глядзі! горы паразрыты,
А чугункай свет абвіты:
Ўсё з мужыцкай цяжкай працы,
Усе едуць у палацы;
Ў мужыка ж няма білета!
Ці ж не дурань мужык гэта?
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
 

Як праўды шукаюць

 
Як простая праўда згінула у свеце,
Дык праўды і з свечкай шукаюць,
І золатам маняць, і людзей склікаюць,
І Бога цалуюць, – а ўсё-такі прэце3,
Як камень у воду, так праўда прапала!
Судоў нарабілі, начальстваў ці мала:
Пасрэднік і воласць, сынод і санаты,
Прысуцтва і вокруг, управы, палаты.
А найбольш міравых, участковых і з'ездаў,
Што ў полі камення, што гвездаў4!
Затое ж жыццё цяпер труднае стала,
У сведкі улезці, ні села – ні пала,
Ад суду да суду праз лета цягацца
Так лёгка, што навет не трэба старацца!
 
 
Раз еду я ў Вільню адведаць сынка,
Ажно пры дарозе пасецца кабыла,
Стаіць чалавек якісь ля млынка,
За млынам сука там брахала ці выла,
І гдзесьці «ратуйце» крычала кабета,
А мостам ляцела якаясь карэта.
І што ж тут такое было? Мне здаецца:
Хто едзе, хто вые, хто, можа, смяецца…
(А мельнік стаяў у дзвярах і смяяўся.
Чаго ён смяецца? – дык я ж не пытаўся!)
Мінуўшы я млын той, еду ўжо лесам, —
Ляжыць чалавек пад кустом ля дарогі
Без шапкі і босы, так шталтам убогі5;
Але я еду з сваім інтарэсам,
Мне няма дзела больш ні да кога;
Ляжачага ж люду усюды ёсць многа!
Я аглянуўся, аж гоніцца хтосьці,
Кліча: «Пастой жа для Боскай мілосці!..»
Стаў я, чакаю, аж ён і пытае:
Хто я, адкуль ёсць і хто мяне знае?
І кажа вярнуцца мне аж да млыну,
Сведкам ураднік зве на гадзіну.
Вярнуўся, гляджу, аж карэта у рэчцы,
Мельнік цяпер ужо не смяецца,
Кабылу сотнік цягне да стану,
Цырулік6 кроў кінуў абмокшаму пану,
Дзюра на мосце так, як на хату,
Два хлопцы ловяць сучку кудлату;
Баба стаіць у парванай спаднічцы,
І кроў ёй цячэ па руцэ і па лытцы.
Вязуць і труп той зараз на возе,
Што я то відзеў, лежачы пры дарозе.
Пытаецца ратнік7 мяне ды за сведка:
Ці мельнік цкаваў, ці крычала кабетка?
Ці сучка парвала? А сучку ці білі?
Ці відзеў, што ў мосце масціны пагнілі?
Ці відзеў, як мельнік смяяўся?
Як пан з фурманом у карэце купаўся?
Як фурман ўтануў, а як пан ратаваўся?
Як злодзей цікаўся з-пад млыну да коні?
Як свіснуў кабылу і ляцеў на Рыконі8?
Ці знаю, хто то забіты валяўся?
І кім забіты, ды каб я прызнаўся,
Ці не я яго вёз ды после уклаў?
Можа, меў грошы, можа, я іх забраў?
(І дух мне заняў, сказаць слова не мог!
Вот напасць на мяне, чысты крыж паслаў Бог!)
Чаму я не хацеў ратаваць фурмана?
Чаму майстра таго не лавіў ля млына?
Чаму сучкі ад бабы куслівай не гнаў?
Чаго я ўцякаў, што ледзь соцкі нагнаў?..
Пратрымаў ён мяне цэлы дзень.
А бадай ты прапаў! Яшчэ даў я рубель,
Ён так спрытна яго запусціў у кішэнь.
Я паехаў сабе! Аж у восем нядзель
Соцкі прэць мне павестак і шмат:
Ў першай сведкам – як мельнік цкаваў,
Ў другой сведкам – што мост без прыгат9,
Ў трэцяй сведкам – як коні хтось краў,
Ў чвартай сведкам – як пан заваліўся,
Як выплыў наверх, а фурман як заліўся,
Ў пёнтай сведкам – што труп пры дарозе
Быў убіты, а двое людзей уцякалі,
І што я даганяў тых людзей ды на возе,
А яны праз ламы10 удваіх паскакалі!
Аж на шостай ужо дык я стаў вінават,
Што ратунку не даў, як карэта плыла.
Як я стаў па павестках хадзіць ад Каляд,
Дык асеўся якраз, як Пакрова11 была!..
І не сеяў, не жаў, не касіў сенажаць,
У арэнду аддаў, бо не мог дадзяржаць.
І што меў, то прадаў, пераеў,
Па судах агалеў, як шэсць разы згарэў;
І ў казе12 адсядзеў нядзель шэсць,
За няяўку плаціў, можа, трэйчы і штраф.
Як на тое ж і праўда схавалася гдзесьць,
А шукаўшы яе, і мне здарыўся траф13.
 

У судзе

 
Давялося ж і мне быць на велькім судзе,
На акружным судзе, гдзе усе ў грамадзе:
Мужыкі і паны, маскалі і жыды,
Хто у чым, як папаў, – ўсё туды ды туды.
Тут кажух, і шынэль, і бурнос, лапсардак,
І сурдут, і мундзер… а адзін быў і храк
(Так як куртка з хвастом), і брадзяжка14 была…
Прыйшлі ўсе, і Пантурчыха навет прыйшла…
Быў тут ксёндз, быў і поп, быў і рабін жыдоў,
Толькі наш аліндар15, той чагось не прыйшоў.
Самы суд за шырокі сеў стол ўпяцярох,
Шосты ходзе сабе, – ўсе ў залатых каўнярох16,
Як дукат на дукат, так на іх зіхаціць.
(Каб я быў так багат – не хацеў бы судзіць.)
Па аднэй старане душ чтарнасця сядзіць,
Па другой – арыштант, той, што будуць судзіць,
А прад ім – без палы, толькі хвосцік вісеў —
Адвакат, што то меў бараніць, той сядзеў.
Арыштантам тым быў наш Пятрук Пантурок,
Што у пушчы гдзесь меў патайны браварок.
А акцызнік17 Яськоў браў з яго кубана18,
Дый данёс, дый злавіў, як той воўк барана.
І акцызнік той быў, прысягаўся і ён,
Як яму хтось данёс, як сачыў ён пяць дзён,
Як кацёл там кіпеў, як гдзе брага была,
Як Пятрук не паспеў уцячы ад катла…
А брахаў дык брахаў і сябе ўсё хваліў,
А таго ж не сказаў, як Пантурку даіў.
Потым нас па адным сталі ў суд выклікаць.
Прысягаўшы на тым, трэба ж праўду казаць!
Тут пытаюць мяне, а тут жаль Петрука;
І мая ж у яго там прапала мука,
І я думаў сабе выгнаць водкі з вядро
На васэле дачкі (вот было бы дабро),
Ды завёз Петруку дзве асьміны мукі,
Дык якраз на той час наляцелі ж «крукі»,
Ды мяне ж павялі у той лес панятым,
Каб ім дна не было і акцызнікам тым!
Як спыталіся ўсіх, – прачыталі той «а х»,
Што злавіўся Пятрук (а набрэхана ж – страх).
Там такое стаіць, што і ў думцы няма:
Паравік, змеявік і якаясь шляма19
Прачыталі ото і яшчэ там папер;
Пагляджу ж, кажу я, што-то будзе цяпер?
Прасцідацель сказаў: «Пяць мінут перарыў!»
І ў каморку шмыгнуў, толькі ксёнжку закрыў.
І усе паднялісь і пайшлі хто куды;
Я застаўся сядзець, усё роўна з нуды.
Як вярнуліся зноў, дык адзін той устаў,
Што сядзеў на канцы і найболей пытаў;
Паглядзеў на усіх, як узяўся за стол,
Як зачаў ён крычаць: «Прытакол, прытакол!»
І казну спамінаў, і трубу, і кацёл,
І муку, і мяшок… ды усё – «прытакол!».
Я сяджу і дрыжу, каб мяне не назваў;
Калі – бразць! і я тут! – А бадай ты прапаў!..
Але хвале мяне, справядлівым заве,
На Пантурку ж зіркне, – як скаціна, раве:
«Вінават, вінават, няхай плаце казне,
І ў турму, і ў Сібір!» – і яшчэ кудысь пхне…
Гаварыў, гаварыў, ажно піць захацеў,
Так, як бульбу, Пятра пасаліўшы ды з'еў.
А сказаць бы, за што? – За сваё за дабро.
Чалавек захацеў зрабіць водкі з вядро;
Што за наўда20 яму, каб ён свету не знаў,
Ці Пантурка з'еў блін, ці гарэлкі нагнаў?
Потым стаў вылічаць свае страты акцыз:
Той дык так бы зубамі Пантурку загрыз!
Налічаў, налічаў – і двайну і трайну,
Як шынкар у карчме тваю чарку адну.
І начынне забраць, і худобу прадаць,
Што ў казну, то ў казну, і яшчэ камусь даць,
Тысяч тры там, ці што, налічыў ён пяні.
(У Пятра ж каб хоць грош, не то што, ў кішані.
Смачны жабе гарэх, да зубоў Бог не даў —
Каб акцыз тое меў, што ў Пантуркі забраў;
Дзве казы прадалі, ды сярмягу, ды воз,
І то брат адкупіў, а назаўтра адвёз.)
Аж не сцярпеў той пан, што у куртцы сядзеў;
Петруку штось сказаў, акуляры надзеў.
Калі ж крыкне-зыкне, аж затросся той суд.
«Гдзе тут, – кажа, – віна, чым Пятрук вінен тут?
Што скацінку карміў працаваным дабром,
Насіў брагу з двара на насідлах вядром?
Тут турму, тут і штраф для акцыза схаваць…»
Як зачаў гаварыць, як зачаў бедаваць,
Дык Пятрук і не гнаў, і у лесе не быў,
А то я вінават, я сам гнаў, і падбіў,
І данёс на яго… Вінават я увесь!
А бадай ты прапаў, а бадай цябе рэзь!
Як ката дагары, так ён дзела скруціў:
На мяне набрахаў, Пантурка зашчыціў.
Я гляджу, што тут куц, – прападу, як сука,
Бо мяшок тыкі мой, ды мая ж і мука!..
Калі дзверы «скрыпель»,
а я – «шусць» праз людзей,
Ды на двор, ды ў карчму, да кабылы бардзей;
Прыляцеў аж у дом, бурачкоў трохі з'еў,
Сказаў жонцы: «Маўчы ж!» Сам у лес паляцеў:
На тым мейсцы, гдзе быў браварок Пантурка,
Дай садзіць дзераўца, аж самлела рука.
Сцежку мохам заклаў і след той так закрыў,
Што ніхто б не пазнаў, гдзе і бровар, ці быў.
Ды ізноў аж на суд, а суда ўжо няма,
Толькі плача, клянець Пантурчыха сама.
Пантурка адвялі-тыкі зараз ў астрог;
Той куртаты зашчыт, як кадзідла, памог.
Я ж якосьць уцалеў ад суда на той час.
Каб жа Бог не давёў на той суд другі раз!
 
1.Тыкеле – толькі
2.Ад Пятра да Якуба – з 29 чэрвеня да 25 ліпеня (н. ст.).
3.Прэце (польск. przecie) – аднак, але; тут у значэнні дарма, дарэмна.
4.Гвезды – зоркі.
5.Шталтам убогі – на выгляд убогі.
6.Цырулік – лекар.
7.Ратнік – ураднік
8.Рыконі – мястэчка Рукойны (Рукайняй), непадалёку ад Вільні; у Рукойненскім касцёле хрысцілі паэта.
9.Без прыгат – без парэнчаў.
10.Ламы – завалы з галля і сухастою ў лесе.
11.Пакрова – Пакровы, рэлігійнае свята 1 кастрычніка.
12.Каза – астрог.
13.Траф – выпадак, здарэнне.
14.Брадзяжка – валацуга; бяспашпартная.
15.Аліндар – арандатар.
16.Усе ў залатых каўнярох – у аўтографе: усе ў адных каўнярох.
17.Акцызнік – службовец акцызнай установы, якая збірала падатак за выраб і продаж гарэлкі.
18.Кубан – хабар.
19.Шляма (польск. szlam) – шлам; ціна, асадак (у паравых катлах пры адстойванні ці фільтрацыі).
20.Наўда – карысць.