Вайна і пажар… На вогнішчы людзі Жывуць босымі. – Няўжо ж гэтак і будзе? Свой уласны дар У чужых просім мы? Працуй – на пана, Працуй – на падпанка. Жыць стала пагана. А тут яшчэ з самага ранку Усякі чорт лезе ў балота. Ну і ёсць жа людзям ахвота? Крыжам бы іх – каля плота, Ды – трах! Які тут страх?! А ты маўчыш, Цягнучы сам цяжкі крыж. Крыжамі ўставілі поле, Пад крыжамі – магілы. Шлях класці да Волі У людзей няма сілы. – Эх, жыві як папала… А для жыцця мала Аднаго толькі хлеба. Пагуляць бы, душу адвясці!.. Эх!.. пусці!!! На ўсходзе зардзелася неба: Нібы золата, падаюць косы… На зямлі… агнявыя палосы, — Дзень новы, новыя ночы, Век новы: агню, дыму, попелу… Будзе шмат каму горача, Нам толькі цёпла, Дармо што мы босыя!
2. – Пажар на Усходзе!
– Пажар на Усходзе! Таварышы, ур-р-ра! – Што вы, шалёныя, годзе! Што вам не шкода дабра? Усё, што збіралі вякамі, Сёння марнее ў агні… – Маўчы! Мы цябе кулакамі, Чуеш?! Ні-ні! Цэрквы, палацы, харомы — Памяць мінулага – з дымам! Што не запалім мы – зломім! Знізу наверх ўсё падымем! Страшна вам? страшна? Пажару агонь ломіць вочы? Затое нам відна уночы… Не ліце крыві – не пагасне. Маліцеся, грэшныя, небу, Рукі ўгору узняўшы, Вас не паслухаюць хмары. Таварышы! Што нам трэба? – Пажа-ары!
3. І пылае мур струхнелы…
І пылае мур струхнелы, Іскры скачуць па страсе. Раптам вецер, вецер смелы, Крыж чырвоны нам нясе. – Адным крыжам будзе болей, — Шэпча змучаны народ… На крыжы чытаюць «Воля». – Братцы! Гляньце на Усход! То ж агонь, агонь збавення Нам нясе Чырвоны Крыж. – Братцы, песню вызвалення! Люд гаротны, што маўчыш? Паняслася песня волі Між лясоў густых, балот… І аб лепшай вольнай долі Стаў ля рэчкі пець чарот.