Kitabı oku: «Нязніклыя», sayfa 3

Yazı tipi:

IV

У гэтую гадзіну сонца толькі злёгку кранала сваімі прамымі прамянямі галаву Мікалая, усё больш цёплае святло растваралася ў цяжкім паветры, у прахалодным парыве шкоднага ветру, які быў змрочным і непрадказальным. Да сярэдзіны дня летні цёплы вецер яшчэ больш узмацніўся. Ён раззлавана гнаў шэры пыл ва ўсе бакі, шумеў і гарэзаваў на кожным вуглу, хаваў усю дробязь, што ўпала да самай зямлі. Грозны вецер лётаў, нібы страціў увесь свой спакой і злаваўся толькі на аднаго Мікалая. Ён дражніў хлопца моцнымі парывамі, калі той толькі з'явіўся на вуліцы. Шчодра абсыпаў яго цела дробнымі пясчынкамі.

Шэры сухі пясок, мяккі, як бавоўна, хутка абхапіў і схаваў у сабе чаравікі Мікалая. Выйшаўшы з хованкі, хлопец усім сваім целам прыняў на сябе бушуючую гарадскую буру. Адчуў, як адзенне ўшчыльную прыціснулася да цела. Моцная дробязь, нібы ўраган пустэльні, атакавала яго. «Хутка ж памянялася надвор'е», – нядобра падумаў Мікола і паглядзеў налева. У ахоўныя празрыстыя акуляры жвава паляцеў ледзь прыкметны пыл. Рот і нос пры гэтым быў прыкрыты чорнай тканінай, якая чысціла, не прапускала змешаны кісларод, давала беспраблемна дыхаць хлопцу. Пры такім надвор'і, трэба было значна часцей замяняць тканіну на новую, чым раніцай ці ж у вечар. Усе астатнія часткі цела, ад плячэй і да пятак, адчувалі больш густое зборышча шэрага парашка, які быццам штурхаў хлопца на першы крок. Мікалай спачатку пільна разгледзеў вуліцу, а затым пайшоў у бок вакзала. Ён дастаў пісталет і ўпэўнена ішоў наперад. Справа не заканчваліся легкавыя аўтамабілі, якія мільгалі, хаваліся ў лятучых пясках. Спачатку, злева, моцна дзьмуў вецер, ён імчаўся з боку пустой прасторы і перашкаджаў Мікалаю. Але як толькі хлопец дайшоў да першага пяціпавярховага будынка, які страціў толькі шэры дах і частку сцен верхняга паверха – стала спакайней, але ненадоўга. Хлопец спяшаўся, хуткімі крокамі кароціў цяжкі шлях. Абышоўшы паркоўку, дзе спалі аблезлыя жоўта-белыя кузава маршрутных таксі, ён павярнуў да палаца культуры і тут жа, праз дарогу, замільгаў чыгуначны вакзал.

Мікалай падняўся на ганак палаца. Прыціснуўся да белай сцяны, каля ўваходных зачыненых цёмных дзвярэй. Стаяў пад белым маленькім балконам і нервова глядзеў, ці няма за светлымі, высокімі, архітэктурнымі калонамі бадзяжных жывёл. Прыслухоўваўся да шуму ветру, выяўляў староннія гукі. Але крыкі і выццё не рэзалі голас пясчанай завеі, хлопец выдыхнуў. Сэрца стала стукаць ледзь цішэй і павольней. Акрамя шэрай гуляючай буры няма нічога і нікога. Мікалай думаў пра тое, як за адну раніцу змянілася яго жыццё пасля сустрэчы з Палінай. Яшчэ ўчора ён баяўся адзіноты, песімістычна думаў пра паход у далёкі горад, думаў, што ў горадзе больш не засталося нармальных людзей. А ўжо сёння, у яго ёсць Паліна, а з ёй: з'явілася матывацыя, адвага, няма чалавечай адзіноты, няма ляноты і апатыі. Яму хацелася хутчэй адправіцца ў падарожжа, пакінуць гэты апакаліптычны горад і пакінуць усе перажыванні. Ён спадзяваўся, што на фінішы іх чакае лепшае жыццё. Ну а пакуль, гэта не зусім засланяла яго хвалюючы стан душы. Бо зараз яго больш турбавала дрэнная бачнасць. Ён не быў упэўнены ў бяспецы. Не хацелася сустрэць наперадзе свайго шляху або на зваротнай дарозе нядобрую істоту, а потым змагацца з ёй у пясчанай ценявой буры. Хлопец працёр акуляры, збіраўся ўжо сыходзіць з-пад балкона, падумваў зрабіць некалькі павольных крокаў, як затрашчала высокая цыліндрычная калона перад ім – Мікалай зараз жа выбег на ходнік, як баязлівы кот. Яго цяжкія чаравікі прыціскалі, рассыпалі і ўздымалі яшчэ больш сыпкага пяску. Вецер заўзята падхопліваў шэрасць і выносіў яе далей. Архітэктурная калона прыхілілася, легла на сцяну палаца, нібы з-за знямогі вырашыла задрамаць.

Рудавалосы хлопец хутка пакінуў звязанае з рызыкай месца. Ён прайшоў праз дарогу, паміж пакінутымі аўтамабілямі, і падышоў да вакзала. Хлопец з трывогай зайшоў унутр будынка. Тонкі пласт сухога парашка з бетону і цэглы, быў паўсюль. На падлозе хаатычна ляжалі сумкі і чамаданы рознай велічыні. Разбітая люстра ляжала там жа, толькі ў цэнтры. Паміж першым і другім паверхам, на лесвічнай пляцоўцы, бязрукая скульптура Леніна, чыя правая рука вялікімі кавалкамі разляцелася па прыступках. Усе кіёскі, крамкі, заставаліся такімі, як да знікнення жыхароў. Вецер разносіў пыл ад незашклёнага акна з боку чыгункі да выхаду ў горад і па іншых памяшканнях. Мікалай паглядзеў уверх. Дах будынка быў у маленькіх дзірках, над галавой праглядалася чыстае блакітнае неба. Хлопец дакладна ведаў, дзе яго чакае папяровая карта з найбліжэйшымі вялікімі гарадамі, з мяжуючымі суседнімі краінамі. Ён хутка накіраваўся туды. У кіёску, сярод газет і часопісаў, акуратна ляжала рознакаляровая дарожная карта яго роднага горада і карта ўсёй краіны. Як толькі хлопец узяў у рукі невялікі вертыкальна складзены кавалак тоўстай паперы, ён зноў падумаў пра Паліну. Прадставіў яе мілы твар, прыгожую ўсмешку, як пры яго вяртанні, яна будзе рада яго адважнаму подзвігу. Затым, прыемныя думкі адпудзіў звонкі стук. Нібы хтосьці выпусціў тонкую жалезную пасудзіну на мармуровую падлогу. Сэрца зноў забілася хутчэй. Хлопец насцярожыўся, прыжмурыўся, агледзеўся. Побач нікога. Мікалай схаваў карту пад адзеннем у вобласці грудзей, пасля памяняў тканкавую маску на твары і павольным крокам стаў рухацца да цэнтральных дзвярэй вакзала. Як раптам, у лёгкім скуголенні ветру прагучаў цвёрды скрыгат. За спіной пачуўся дрыготкі гук. Мікалай развярнуўся і накіраваў пісталет на чалавечую скульптуру, на галаве якой, сядзела маленькае, крылатае, чырвонае стварэнне. Незразумелая, бязперая жывёла моцна ўчапілася зубамі ў помнік і гучна згрызала цвёрды матэрыял. Хлопец уважліва разглядаў раней нябачаную жыўнасць, якая больш нагадвала яму кажан, чым нешта іншае. Яркая афарбоўка быццам паказвала на небяспеку. У гэты ж момант ля параднага ўваходу гучна закрычала іншая істота, ды так, што хлопец на пару секунд аглух. Ціха загуло ў вушах. Мікалай ад нечаканасці стрэліў у скульптуру. Чырвоная пляма ўзляцела і рэзка схавалася ў бушуючай буры. Тады ж, хлопец павярнуўся на звонкі крык і ўбачыў недалёка ад сябе бледны высокі сілуэт, які хаваўся ў бескантрольным дробным пяску. Па невыразнай цені сілуэту можна было падумаць, што Мікалай сустрэў чалавека, гарадскога жыхара. Але з-за моцнага знаёмага крыку, які прыносіў жах, Мікалай не сумняваўся, што перад ім быў вораг. Для яго гэта была чарговая сустрэча з істотай. Пасля двух начэй, калі рэзка памянялася жыццё горада, хлопец пачаў сустракаць іх. Зараз жа істота не падыходзіла да Мікалая, а сам хлопец нерухома стаяў з выцягнутымі рукамі, якія трымалі баявую зброю. Ён не змог дакладна разгледзець мігатлівы цень у пясчанай буры, але ўяўляў ужо знаёмае непрыемнае аблічча істоты. Дзе на гладкай блакітнай скуры былі белыя ўзоры, як тонкія крывыя лініі, якія перапляталіся ў знакі. Пры ціхім надвор'і твар істоты быў чыстым і ледзь вільготным. На круглявай галаве не было валасоў, а на белым фоне вочнага яблыка толькі маленькі сіні круг. Цёмна-шэрыя вусны. Злёгку згладжаныя абрысы носа і вушэй. Істота насіла вільготнае патрапанае чалавечае адзенне.

Мікалай успомніў усе непрыемныя сустрэчы з істотай. Ад адной, ад самай трагічнай, з'явіліся халодныя дрыжыкі, якія прабегліся па ўсім яго дужым целе. Вочы хлопца злёгку напоўніліся вадой і смуткам. Цэліўшы ў галаву, ён адразу ж стрэліў. Затым зрабіў яшчэ два стрэлы ў бок істоты. Мікалай выпусціў усе тры кулі ў худое цела цёмнага сілуэту. І калі ля ўваходу заставаўся стаяць толькі ён, тады хлопец паспяшаўся пазбавіцца ад глыбокіх усхваляваных пачуццяў. Ён зняў чорную пальчатку і выцер вочы, затым роўна задыхаў. Шаптаў: «Гэта была істота, не чалавек…істота…я ўсё правільна зрабіў і ў гэты раз… Цяпер трэба данесці карту!» Хлопец хутка выйшаў з вакзала. На хаду, ён правёў сур'ёзным позіркам тое месца, дзе стаяў сілуэт. Ля ўваходу нікога не было. Цяпер для хлопца галоўным было хутчэй вярнуцца ў свой прытулак. Абабягшы палац культуры, Мікалай чуў далёкія крыкі істот, якія даносіліся з боку вакзала. Ён не рабіў ніякіх прыпынкаў, бег, спяшаўся, моцна сціскаў пісталет. Бура супраціўлялася, ішла ў супрацьход, нібы змагалася з ім, забірала сілы. Калі Мікалай падышоў да дзвярэй, за якой яго чакалі Паліна і Яша, ён не спяшаўся націскаць на кнопку. Хлопец прыжмурыўся счырванелымі вачыма, скрозь мокрыя рудыя вейкі ён выглядваў істоту. Ён не жадаў, каб у яго новы дом уварваліся чужыя. Дрэнная бачнасць не сказала яму ні слова, ён націснуў на кнопку каля дзвярэй і цвёрдым голасам вымавіў:

– Адчыняй!

Дзверы адчыніліся. Напалоханы Мікалай ускочыў у памяшканне, трасучы пыльнай вопраткай, сарваў маску з твару.

– Як ты? У цябе атрымалася? – паспяшалася з пытаннямі Паліна.

Хлопец моўчкі выцягнуў правую руку, не падпускаў да сябе дзяўчыну. Ён хацеў аддыхацца, перш чым нешта сказаць. Спачатку Мікалай паглядзеў на Яшу, які рады быў яго вяртанню. Потым зірнуў на Паліну, на яе прыгажосць. Убачыў: як доўгія чорныя кучаравыя валасы прыгожа ляглі на плечы, як яны атачалі сабой яе мілы белы тварык; як хвалююча бегалі цёмныя вочы; як пяшчотна варушыліся яе пухленькія ружовыя вусны.

– Ты ў парадку? – спытала дзяўчына.

– Так. Добра… Я знайшоў карту. Зараз… – сказаў Мікалай і зняў з сябе брудную вопратку, працягнуў дзяўчыне карту. – Вось. Вось што нам трэба.

– Выдатна! Прабач, але я ў цябе тут знайшла шмат чыстага адзення і вырашыла пераапрануцца ў зручнае. Ці не занадта вяліка на мне сядзіць. Яшу падабаецца. Ты ж не будзеш пярэчыць? Дарэчы, адкуль у цябе столькі ваеннага адзення?

– Табе пасуе, – з усмешкай адказаў ён, – Тут, непадалёк была крама з вайсковым адзеннем. Вось я вырашыў на ўсялякі выпадак узяць з запасам. Я зараз прыбяру пыльныя рэчы, а ты пакуль разгарні карту.

Паліна з азартам раскінула паперу на стале. Вадзіла тонкімі пальцамі па жоўтых лініях дарог, шукала вачамі патрэбны маршрут.

Святло замігацела, задрыжала вельмі хутка, біла па вачах. А праз хвіліну згасла, затым праз секунду зноў уключылася, але ўжо без асаблівых адрозненняў. Гэта крыху напружыла і прымусіла задумацца, асабліва Мікалая, які стаў уяўляць свой план не гледзячы ў карту. Ён у задуменнасці падышоў да дзяўчыны, зладжваў у галаве няпросты паход. Паліна зірнула на яго занадта сур'ёзны твар і спытала:

– Мікалай, як усё прайшло, як ты схадзіў? Ты, дарэчы, хутка вярнуўся…

– Хутка, але не спакойна. Будынкі руйнуюцца на вачах. Пачвары нейкія лётаюць, якіх я яшчэ не бачыў. Потым, наткнуўся на істоту і атакаваў яе першым. Але мне было нескладана дастаць карту. Я і больш складаныя вырашаў праблемы.

– Істота?! – ціха, з нейкай горыччу сказала Паліна.

Унутры дзяўчыны ўзнік неспакой і страх, яна баялася сустрэць нябачаную істоту. Яна не магла ўявіць сабе яе сапраўдны вобраз, затое з лёгкасцю ўяўляла і прыдумляла сабе ўсякае.

– Глядзі! – паказаў на карту Мікалай. – Мы не пойдзем па гэтай дарозе, занадта адкрытая мясцовасць… Гэта ж колькі яшчэ па горадзе крочыць. Не, гэта для нас небяспечна. Мы не зможам выйсці за межы Гомеля. Я прапаную, скарыстацца момантам, пакуль ёсць электрычнасць, і выехаць з горада на электрычцы. Я шмат разоў быў на вакзале, але не адважваўся паспрабаваць завесці электрычку, праверыць яе. Але яна там сапраўды ёсць! – сказаў ён і стаў вадзіць пальцам. – Вось адсюль мы выедзем, як мага далей, прадоўжым шлях па гэтым кірунку. Але ёсць адно «аднак»…стрэлкі на чыгунцы могуць згуляць не на нашу карысць.

– Так мы можам спыніць састаў у любы момант і пайсці пешшу… – дадала Паліна.

– Так. Усё так… Добра. Возьмем за аснову план з электрычкай.

– Дык, а калі будзем выходзіць?

– Ты хочаш зараз выйсці? Не спяшайся. Трэба сабраць рэчы і старанна ўсё абдумаць. Нават калі мы з горада выберамся, нас чакае доўгі, і не думаю, што бяспечны шлях.

Яны яшчэ доўга размаўлялі аб сумесным падарожжы. Пасля доўгіх роздумаў і выстройвання лепшага маршруту – адразу быў пабудаваны план. Які-ніякі, але ўсё ж план, якому яны павінны будуць строга прытрымлівацца, каб не губляць час і не натрапіць на складанасці.

На карце чырвоным маркерам былі пастаўленыя тоўстыя кропкі папаўнення запасаў ежы і піцця, а таксама абведзеныя месцы адпачынку, начлегу. Адна няроўная чорная лінія малявала самы кароткі і лепшы шлях да Бабруйска. Другая лінія, была даўжэйшай, была на выпадак правальнай ідэі рухацца па чыгунцы – служыла планам «Б». Кожны з будучых падарожнікаў, падчас абмеркавання, уносіў свае пажаданні. Пажаданні Мікалая не былі дрэннымі для абодвух, менавіта ён вырашаў, як будзе праходзіць маршрут. А вось пажаданні Паліны патрабавалі зменаў, больш часу ў дарозе. Дзяўчына вельмі хацела ўнесці больш кропак для прывалаў, больш адпачынку, разбіць на адрэзкі вельмі доўгія дарогі. Гэта б дазволіла ёй не прыгнятаць свой арганізм, а ўпэўнена ісці наперад. Яна хацела ацалець, быць заўсёды моцнай, на той выпадак, калі прыйдзецца біцца з істотай. Гэтае пытанне, аб унясенні яе змяненняў, патрабавалі большага пераканання. Мікалаю не хацелася марнаваць час, ён уяўляў дадатковую складанасць, небяспеку не толькі для сябе, але для ўсіх. Лішні прыпынак мог б прывабіць непатрэбных гасцей, небяспечных ворагаў. Але гледзячы ў выдатныя вочы Паліны, якія замілавальна прасілі паслухаць яе, Мікалай нібы растаў і ўсё ж даў слабіну. Цяпер яны павінны будуць зрабіць больш прыпынкаў да Бабруйска, чым планаваў Мікалай.

Раней, калі на Паліну навалілася вялікае гора, калі надышоў дзень застацца адной у шэрым халодным горадзе, калі яе сэрца балела аб знікненні родных, калі прыйшла думка пэўнасці таго, што яна адзіны чалавек – яе матывацыя згасала з кожным трагічным днём. Надзея пра жывых сваякоў тлела і ўсё больш упэўнена аддалялася ад яе. Цёмныя думкі неўзабаве ахінулі яе галаву, парушалі розум. Першыя дні яе адзіноты былі цяжкімі, яна не прымала рэчаіснасць, яна замкнулася ў сабе. Яна не пераставала думаць пра дачку. Не адпускала думка пра яе жывым існаванні. Неўзабаве, прыняўшы трагедыю, з'явілася жаданне зазірнуць за межы горада, каб даведацца ці ёсць яшчэ людзі. Але страх хутка спыніў і адкінуў гэтую ідэю. Паліна блукала з смуткам, з стратай і са сваім згасаючым выжываннем адшукаць дачку. Усё было так, пакуль яна не сустрэла Мікалая, сапраўднага чалавека. Тады зноў ажыла яе надзея на сустрэчу з роднымі, што яны жывыя.

Мікалай астыў ад думкі, што яго сваякі і сябры яшчэ жывыя, у яго была на тое прычына так думаць. Перад Палінай ён яшчэ не адважваўся раскрыць гэты сакрэт. Ён адчуваў яе напорыстасць у голасе, бачыў, як гарэлі яе вочы ад маленькай надзеі, што адрадзілася. Таму, ён проста пагадзіўся з Палінай, не жадаючы мяняць яе настрой.

Цяпер трэба было збіраць рэчы і маральна рыхтаваць сябе да сур'ёзных выпрабаванняў. Рыхтаваць сабаку да паходу.

Усім было страшна і няўтульна ад думкі, што наперадзе можа здарыцца ўсё што заўгодна. Але ў адрозненне ад Паліны, Мікалай ужо наглядзеўся на розныя новыя істоты змяняючага свету. Ён быў гатовы бегчы як мага далей ад іх у бяспечнае месца і думаў пра тое, што будзе гатовы да ўсяго, што сустрэнецца на шляху, будзе гатовы даць адпор любой перашкодзе.

Выходзіць вырашылі заўтра, раніцай. Трэба было добра выспацца, але як можна добра спаць, калі заўтра цябе чакае няпростая дарога? Думкі аб ёй мімаволі лезлі ў галаву. Хваляванне, перажыванне і ўяўленне гоняць сон. Нават сабака не змыкаў сваіх рудых вачэй, адчуваў неспакой людзей.

Ноч была маўклівай, доўгай. Толькі ў яе сярэдзіне двое змаглі заплюшчыць вочы.

Раніцай, завадны гадзінны механізм звонка затрашчаў, закрычаў, як шалёны, аб тым, што пара падымацца. Гэта казала, што малазнаёмыя людзі і адзін сабака, адправяцца ў новыя прыгоды. Мікалай хутка заглушыў раздражняльны гук, двое ляніва ўставалі на ногі. Праз гадзіну, добра прачнуўшыся, ужо ўсе былі сабраныя. Паліна накінула на сябе свой невялікі шэры заплечнік набіты рэчамі і падышла да радыё. Уключыла яго ў апошні раз. Прыемны мужчынскі голас разборліва спяваў пра пачуццё суму, лірычная музыка ахінала словы спевака, станавілася сумна на душы. Песня нібы клікала да сябе. Здавалася, што яе жыўцом спяваюць у Бабруйску і адтуль транслююць на ўвесь свет. Цёпла і меладычна было ў памяшканні некалькі хвілін, пакуль радыё імгненна не змоўкла. У тую ж гадзіну, і святло згасла. Быццам хтосьці апусціў рычаг рубільніка і электрычнасць знікла. Дзяўчына ўбачыла лёгкае святло, якое прабівалася скрозь закрытыя вокны, і, з неспакойным пачуццём, адышла ў бок, бліжэй да дзвярэй. Мікалай у гэты час дастаў светлавую палачку з хімічным святлом, сагнуў яе і кінуў у цэнтр памяшкання. Светла-зялёнае святло дапамагло ім бачыць адзін аднаго. Хлопец пасадзіў Яшу ў спецыяльную сумку-пераноску, а затым спіной павярнуўся і накінуў яе на сябе. Чорны заплечнік, у які змясціліся толькі самыя патрэбныя рэчы, хлопец павесіў спераду. Рыжую валасатую галаву ён схаваў чорным шырокім капюшонам ад талстоўкі, якую ён надзеў на голае падкачанае цела. Ніжэй, на доўгіх нагах, нагавіцы цёмны хакі з тонкай шчыльнай тканіны і светлыя, цялеснага адцення, чаравікі.

У хлопца было два пісталеты, чатыры абоймы, ён мог падзяліцца з дзяўчынай, але гэтага не зрабіў. Мікалай быў не гатовы даверыць зброю чалавеку, з якім правёў так мала часу. Ці ўмее яна наогул карыстацца пісталетам? Якое мінулае ў яе? Як яна выжыла ў такі цяжкі і незвычайны апошні месяц? Ён не дапытваў Паліну, не ціснуў на яе, бо баяўся аддаліць яе ад сябе. Не ведаў, як адрэагуе на яго пытанні Паліна і ці будзе адказваць на іх толькі праўдай. Мікалай лічыў, што будзе лепшым рашэннем пакінуць зброю пры сабе, а па дарозе даведацца пра дзяўчыну: у паводзінах, у размове. Сама ж Паліна меркавала, што хлопец знайшоў зброю ў міліцэйскіх участках і, не турбавалася аб тым, што ў яе няма такой абароны.

Усе стаялі перад дзвярамі, накрылі галаву тканінай. Мікалай накінуў капюшон, а вусны і нос схаваў пад чорнай маскай. Дзяўчына прыгожа абматала сабраныя валасы ў зялёную тканіну і таксама схавала ніжнюю частку твару пад чорнай маскай. Мікалаю было цяжка пакідаць свой бяспечны куток, пакідаць яго з пачуццём, што ён больш ніколі не вернецца ў родны горад. А Паліна, наадварот, спяшалася выйсці на вуліцу, пакінуць паміраючы горад і дабрацца да месца, дзе яе чакаюць.

– Ты гатовая? – спытаўся Мікалай у дзяўчыны.

– Так. Давай жа хутчэй адчынем дзверы, – упэўнена адказала Паліна.

Раптам, непрыемна і звонка, па-новаму заспявала радыё сваім трэскам. Усе двое тузануліся ад нечаканасці. Святло лямпаў заміргацела вельмі хутка. Сабака толькі павярнуў галаву на музыку і паварушыў вушамі. Пасля чаго, хлопец рэзка павярнуўся, падышоў да радыёпрыёмніка і вырваў вілку з разеткі. Шум абарваўся.

– Цяпер мо, пойдзем? – спытала дзяўчына.

Паліна шукала новыя прыгоды. Яна была з тых людзей, якія не сядзелі на адным месцы, не любілі маркотных і аднастайных дзён. Нават у такі змрочны час, ёй хацелася рухацца, адправіцца ў паход. Менавіта таму яна блукала па горадзе не толькі думаючы пра дачку, але і ў пошуках чагосьці новага. І сустрэўшы Мікалая, яна ні ў якім разе не хацела спыняцца. Бо побач з ім, яна станавілася яшчэ храбрэй, была гатовая зазірнуць далей гарадскіх будынкаў. У гэты момант, Паліна, нібы зусім забылася пра мінулае ці ж не хацела ўспамінаць пра яго. Трымала ўсё ў сабе, ёй так было прасцей.

– Паліна, зараз, калі выйдзем. Ты ідзі за мной, трымайся мяне. Рабі ўсё аб чым я цябе прасіў учора. Усё тое, што датычыцца нашай бяспекі…калі ласка, моўчкі рухаемся да вакзала. Ні слоў, ніякіх глупстваў, ніякіх рухаў у бок без асаблівых прычын ты не робіш. Усё разумееш? – звярнуўся хлопец і сур'ёзна паглядзеў на мілую дзяўчыну.

– Слухаюся, камандзір, – хітра ўсміхнулася яна.

– Добра, ідзем ужо…але строга па плане, – настойваў Мікалай.

– Мг, – добрая ўсмешка не пакідала яе вуснаў. – Адчыняй ужо.

«Будзе цяжка!» – падумаў ён і адвёў вочы. Адчыніў, расхінуў дзверы.

Двое ступілі на вельмі дробны шэры пясок.

V

Раніца была зацішная, бясхмарная, цёплая. Пыл спакойна ляжаў унізе, нібы яшчэ не прачнуўся, а працягваў ціха спаць. Вялікія шэрыя пяшчаныя насыпы яшчэ больш накрылі сабой увесь праспект пасля ўчорашняй буры. Зусім не відаць колаў машын, салоны поўныя ўсякім здробненым смеццем. Усё што перашкаджала ветру вольна гуляць па горадзе, сабрала перад сабой масу дробнага сухога пяску. Быццам, як зімой, пранеслася снежная завіруха і загнала снежную пудру ва ўсе вуглы. За мінулую ноч высокія будынкі зусім не змяніліся, яшчэ больш не сцерліся, усё гэтак жа, як і ўчора, стаялі без дахаў або верхніх паверхаў. Ні на сантыметр не зменшыліся.

Мікалай першым ступіў на мяккую паверхню, якая ад кожнага яго кроку абуджалася. Падымаліся і забаўляліся парушынкі, а пасля хутка асядалі. Хлопец неспакойна азіраўся, кідаў пільны погляд па баках. За ім упэўнена ішла Паліна, якая падымала пыл усё вышэй, да сваіх каленяў. Яе чорныя кеды з белымі палосамі і новыя цёмна-зялёныя мужчынскія нагавіцы, якія дзяўчына знайшла ў часовым доме Мікалая, хаваліся ў гарэзлівым роі пясчынак. Свае халодныя пальцы рук Паліна схавала ў кішэні сіняй кофты. З больш спакойным пачуццём яна глядзела на горад, на раскіданыя жоўтыя плямы ранішняга сонца. Усё вакол грэлася. Дзяўчына прыемна прымала прамяні і думала толькі пра бяспечны шлях. Побач не было тых цёмных ценяў, па якіх маглі блукаць вар'яцкія звяры. Падумаўшы пра гэта, Паліна паглядала на Яшу, які бесклапотна сядзеў за спіной Мікалая. Чорны сабака не вадзіў носам, толькі прыжмурваў вочы, быццам збіраўся заснуць.

Яны ішлі да чыгункі па апусцелай вуліцы. Усю дарогу маўчалі. Кожны думаў аб сваім. Праходзячы міма палаца культуры, Паліна кінула свой погляд на ацалелыя калоны ля ўваходу, прыўзняла вочы і паглядзела на іх самы верх, як яны яшчэ моцна трымаліся за апошнюю бэльку даху. Пасля чаго вярнула свае вочы на Мікалая. А хлопец, трывожна ішоў наперад, ён зусім не звяртаў увагі на прыгожы будынак, не ўспамінаў той выпадак з падзеннем адной калоны. Ён толькі пачухаў канапаты нос і працягваў у думках разважаць над тым, што чакае іх наперадзе. Але калі б Мікалай хоць на секунду адвёў вочы на палац, і ўбачыў, што ўсе калоны роўна стаяць перад ім, гэта б яго трохі напалохала. Закінула б яму ў галаву яшчэ некалькі пытанняў, на якія ён не адразу б змог адказаць.

Калі яны падышлі да чыгуначнага вакзала, было падазрона ціха. Шырокі галоўны будынак, з ледзь пацёртым дахам, амаль не прапускаў сонечнае святло ўнутр, схаваў унутры сябе ўсе памяшканні ў халоднай цені. Іншыя будынкі, якія знаходзіліся побач, адкідалі адлюстраванне цемры і не давалі прамога сонечнага бяспечнага праходу паміж імі. У цені, у будынках або каля іх, маглі папросту хавацца драпежнікі або тыя, каго больш баяўся Мікалай, тыя каго яшчэ не сустракала Паліна – істоты. Было відавочным рашэннем хлопца не праходзіць па падземным пераходзе да чыгункі. А таксама, небяспечна было прабірацца па версе, па высокіх лесвіцах, якія злёгку сцерлі свае вострыя вуглы. Менавіта цяпер Паліна перастала адчуваць нейкую лёгкасць, прыгнятальная абстаноўка прывяла да хвалявання. Яны абышлі вакзал з левага боку, выйшлі на першую платформу.

На чыгунцы тоўпіліся вагоны: грузавыя і пасажырскія. Злева, ля пераходнага моста, на чыгунцы бязладна адпачывалі перакуленыя цэлыя саставы. Сутыкнуўшыся адзін з адным, яны перамяшаліся, збілі амаль усе слупы, якія трымалі правады. Уся куча была накрытая пяском, нібы шэрым попелам, і ўсё гэта непрыемна глядзелася ў нежывых танах. А вось з правага боку было значна чысцей, прыстойней. Вагоны стаялі смірна пад блакітным небам. Два сумных дызельных састава на далёкіх пуцях і адзін электрычны састаў, што быў бліжэй да вакзала, на другім пуці. Гэты транспарт ужо даўно нікуды не спяшаўся.

– Вось ён… Ацалеў, – ціха прашаптаў Мікалай. – Я за ім даўно назіраю.

Двое глядзелі на шэра-чырвоны састаў электрычкі, над якім віселі непашкоджаныя правады. Затым, ад спалоху, яны паглядзелі ў бок вакзала. Дадатковы груз трывогі, да, да таго не спакойным чалавечым сэрцам, надаў раптоўны шум крылаў дробных чырвоных стварэнняў, што зграяй падняліся высока над вакзалам.

– Пойдзем… – сказаў хлопец і працягнуў Паліне руку.

Дзяўчына ўзялася за яго левую далонь. Яны ступілі на першыя засыпаныя пуці, якія асвятляліся прамымі сонечнымі прамянямі. Ішлі цяжка. Абутак патанаў. Ногі, амаль да каленяў, хаваліся ў масе сыпкіх пясчынак бетону. Ішлі як зімой па высокім мяккім снезе. Мікалай моцна трымаў дзяўчыну за цёплую далонь, дапамагаў ёй не ўпасці. Пад нагамі яны адчувалі: то рэйкі, то шпалы, то дробныя камяні. Хоць вакол не было чуваць нейкіх звяроў, істот, і ўсё ж, яны не рызыкнулі падысці да транспарту праз ценявую частку, з боку вакзала.

Усе дзверы чатырох вагонаў былі зачыненыя, шкла зусім не было.

Падышоўшы да першага ад іх вагона, Мікалай зняў з сябе заплечнік і кінуў яго праз акно, затым зняў са спіны сумку-пераноску з сабакам і перадаў яе Паліне. Дзяўчына адчула вялікі цяжар, цярпела боль у руках. Мікалай хутка ўзлез унутр вагона праз шырокае акно, а затым падаў руку дзяўчыне. Падняў спачатку Яшу, затым пацягнуў да сябе Паліну. Унутры шэрага вагона было ціха, амаль не страшна. Слядоў ад прысутнасці жывых буйных арганізмаў тут не было. На некаторых пасажырскіх месцах было не занадта пыльна і можна было разгледзець зялёны колер крэслаў. Да таго ж, шмат розных прадметаў ляжала ў цэнтры, у калідоры: часопісы, жаночыя сумачкі, чамаданы, тэлефоны, акуляры.

Мікалай маўчаў. Ён паглядзеў на зачыненыя шэрыя дзверы, якія вялі ў кабіну кіравання. Нервова патузаў іх за ручку, не адчыніў. Хлопца гэта не вельмі знервавала, бо яму трэба было ўзяць кіраванне электратранспартам з іншага боку састава. Гэта казала аб тым, што прыйшоў ужо час ісці далей.

– Глядзі па баках, – сказаў Мікалай дзяўчыне і прысеў да Яшы.

Хлопец выпусціў сабаку з сумкі, надзеў яму на пысу спецыяльна пашытую павязку, каб жывёла не задыхнулася ад шкоднага пылу. Затым скруціў сумку-пераноску і змясціў яе ў заплечнік, які пасля накінуў на плечы.

– Ну што там, за вокнамі, нікога? – спытаў ён і ўстаў на ногі.

– Звяры, аблезлыя звяры ля вакзала, ходзяць па цені… Глядзяць на нас, – сказала Паліна.

– Яны да нас не палезуць. У мяне заўсёды для іх ёсць кулі, – спакойным, цвёрдым голасам загаварыў хлопец. – Пойдзем ужо. Давай, за мной.

Увесь калідор добра праглядаўся, наперадзе было бачна нутро іншых вагонаў. Яша бег наперадзе. Спачатку ён недалёка адыходзіў ад гаспадара, але як толькі яны перасеклі палову саставу, то тут жа сабака ірвануў, нібы бег у атаку. Мікалай і Паліна паскорылі свае крокі, паспяшаліся за ім. Падышоўшы бліжэй да галавы электрычцы, пачуўся глухі брэх за прыадкрытымі дзвярыма кабіны кіравання. Хлопец узяў у рукі пісталет і павольна ўвайшоў за дзверы, Паліна засталася стаяць каля крайніх пасажырскіх месцаў. Яна стаяла тварам да дзвярэй і ўважліва слухала, трывожна, страшна думала пра тое, хоць бы нічога дрэннага не здарылася з Мікалаем. Сабака замоўк. І ў гэты момант за спіной дзяўчыны штосьці непрыемна заскрыгатала. Як быццам моцна сціснутая людская сківіца стачвала свае зубы. Хутка развярнулася Паліна. За імгненне, яна перад сабой разгледзела брыдкі твар і ад страху, па ўсім яе стройным целе, прабеглі мурашкі. Холад і жах ахапілі яе. Перад ёй стаяла істота. Яна мела, свайго роду, адрозненні: шэрая вільготная скура, чалавечыя рысы твару, белыя бровы, безжыццёвыя бела-сінія вузкія вочы, маленькі нос з закругленым кончыкам, белыя вусны – гэты вобраз надоўга засядзе ў памяці дзяўчыны. Ёй здавалася, што яе дрыжачае ад страху сэрца спынілася. Не паспела Паліна хоць неяк адрэагаваць, як гэтая невядомая істота схапілася за яе руку. Яна кончыкамі сваіх доўгіх вільготных пальцаў кранула адкрытага ўчастка скуры на запясце дзяўчыны. Паліна не паспела зразумець, ці быў кантакт альбо не, як ёй здалося, што істота растварылася. У гэтую секунду ў белую скуру дзяўчыны ўвабралася вільгаць ад адбіткаў, ад пальцаў істоты. Паліна заплюшчыла вочы.

Свядомасць Паліны імгненна атруцілася. Пасля чаго дзяўчына нібы перанеслася ў сон, апынулася зусім у іншым вобразе. Яна стаяла ў ярка-чырвонай пышнай сукенцы, якая сваёй даўжынёй хавала ногі. Распушчаныя кучаравы валасы былі спакойныя. Прастора вакол Паліны асвятлялася штучным белым святлом, радыусам у метр, а за ім была толькі цемра. Побач нікога. Яна быццам бачыла сябе з боку, здалёку, на ўвесь рост. Дзе пад нагамі павольна калыхаліся дробныя хвалі цёмнай вады. Няроўная вільготная паверхня, як люстэрка, адлюстроўвала яе сілуэт з боку твару. Не дакранаючыся цёмнай вадкасці, Паліна нібы стаяла на шкле. Яна ад цікаўнасці павярнула галаву налева і тады, нібы па пстрычцы, яе акружылі тыя самыя істоты, аб якіх казаў Мікалай. Яны былі ў пашарпаным, брудным, чалавечым адзенні. На адкрытых участках блакітнай скуры можна было ўбачыць белыя ўзоры. Але бліжэй за ўсіх да Паліны стаяла тое самае стварэнне, што кранула яе ў вагоне. Яно было не падобна на астатніх, адрознівалася не толькі знешнасцю, але і чыстым, чорным, сухім адзеннем. Істота трымала Паліну за руку, як у электрычцы. Затым гучна пракрычала:

– Прымі! Прымі гэта, як належыць! Данясі! Данясі як выратаванне! Як нешта добрае! Як агульнае!

Пасля, паверхня перавярнулася на другі бок, як манета або як лёд на рацэ. Цяпер Паліна бачыла сябе на дне вадаёма. У асяроддзі белага багавіння і мёртвых рыб. Чырвоная сукенка была патрапаная і брудная. Чорныя валасы асвятляліся, ператвараліся ў белыя адценні. Яна стаяла, як раней, з працягнутай рукой, нібы адчувала дотык істоты. Затым зверху пачалі падаць у ваду чырвоныя густыя кроплі крыві, якія апускаліся ўсё ніжэй і цяжэй да яе рукі, пакідаючы пасля сябе чырвоную размазаную нітку. Калі ж першая цёплая кропля кранулася халоднай скуры Паліны, пачуўся гучны стрэл. Дзяўчына адразу ж адкрыла вочы, свядомасць вярнулася ў рэальны свет. Перад Палінай ляжала бяздушная істота, на якую павольна апускаўся пыл, павольна хаваючы выразную абмалёўку мёртвага цела.

Тады дзяўчына пачула голас Міколы, хлопец стаяў у яе за спіной.

– Яна кранула цябе? Істота паспела дакрануцца да тваёй скуры? – грубым тонам казаў ён, накіроўваючы на дзяўчыну пісталет.

Напалоханая і разгубленая Паліна не павярнулася да яго, яна не змагла сказаць ні слова. Быццам адчувала пагрозу, якая сыходзіла ад хлопца. Мікалай зноў паўтарыў тыя ж самыя пытанні і зрабіў крок назад, не жадаючы, але ён гатовы быў стрэліць ёй у галаву.

– Не… – ціха, скрозь сухія вусны, ледзь чутна прасачыўся адказ Паліны.

Хлопец не апускаў пісталет і з лёгкім недаверам паглядзеў на яе спіну.

Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.

Yaş sınırı:
16+
Litres'teki yayın tarihi:
02 mart 2023
Yazıldığı tarih:
2023
Hacim:
280 s. 1 illüstrasyon
Telif hakkı:
Автор
İndirme biçimi:

Bu kitabı okuyanlar şunları da okudu