Kitabı oku: «Усміхніся шчасцю свайму»

Yazı tipi:

Серыя «Сучасная проза» заснавана ў 2024 годзе


© Карэнда І. А., 2025

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2025

* * *

Аповесцi

Двойчы грэшнiк

У першыя дні лета вёска ажывае, зноў гамоніць з ранку да позняга вечара, як у свае самыя шумлівыя гады, калі тут віравала калгаснае жыццё.

І сёлета народу ў Мокрына з’ехалася шмат – здаецца, з усяго свету. Хто ў адпачынак да сваіх старых бацькоў, хто проста наведацца да сваякоў, а хто, купіўшы пакінутыя хаты, на ўсё лета.

Ледзь не на кожным падворку – адна, а то і дзве машыны. Калісьці тут грузавікі з раніцы да вечара пыл сцяной уздымалі ды трактары капцілі. А сёння – спрэс легкавушкі блішчаць, не машыны, а цацкі – іх гаспадары, як на кірмашы, адзін перад адным свой шык паказваюць.

Толькі і размоў цяпер: хто, адкуль, з кім прыехаў. Каго пазналі, а каго не…


…Шмат гадоў у Мокрыне месцілася кантора гаспадаркі, побач з ёю быў будынак сельсавецкай улады, а насупраць іх, цераз вуліцу, – Дом культуры, амбулаторыя, сельмаг. Крыху зводдаль, бліжэй да поля, значную тэрыторыю займаў механізаваны двор з майстэрняй і кузняй, шматлікімі гаражамі і тэхнікай пад адкрытым небам. Да яго, за высокім бетонным плотам, туліліся тартак і млын. Чаму ад іх адгарадзіліся, зразумець было цяжка. Тутэйшыя жартаўнікі на гэты конт мелі сваю думку: «Каб пан на тым свеце не пакрыўдзіўся…» (некалі гэта была яго ўласнасць). А пасярэдзіне вёскі суседнічалі дзве несумяшчальныя знешне паміж сабою ўстановы: царква, з яе амаль двухсотгадовай гісторыяй, – на ўзгорку, у атачэнні высокіх старых ліп, і школа, нашмат за храм маладзейшая, новы цагляны будынак якой, у два паверхі, быў узведзены на месцы старога драўлянага, бо яго трухлявыя сцены, паточаныя шашалем, на вачах сыпаліся і асядалі, а дзіравая страха з гонты працякала (пакуль ішла будоўля, дзеці адзін навучальны год, з восені да лета, займаліся па хатах).

Людзям, асабліва з навакольных вёсак, было досыць зручна: прыйшоў чалавек у Мокрына – і за пару гадзін мог усе свае неадкладныя справы вырашыць. А пра саміх мокрынцаў і гаварыць няма чаго, бо ўсё пад рукой: і мясцовае начальства, калі якую даведку неабходна атрымаць, і на працу ўсюды пешкі дойдзеш, і дзеткам у школу ногі не трэба залішне біць, і ў царкву ў святочны дзень хутчэй выберашся. Чым не аграгарадок быў? Адно што водаправода не было і вада гарачая па трубах не цякла.

А што ў Мокрыне сёння? Каб хто-небудзь з нябожчыкаў, яго тагачасных жыхароў, з нябеснага царства вярнуўся, то, пэўна, вачам бы сваім не паверыў: няма той гаманлівай вёскі, няма ні сельсавета, ні калгаснай канторы, ні двара механізатараў. Цэнтр мясцовай улады і гаспадарчага жыцця перамясціўся за дваццаць сем кіламетраў адсюль, у Дыбкавічы. Нават вучэльні няма – шасцёра дзетак школьнага ўзросту возяць аўтобусам у райцэнтр. Стаяць некалі важныя будынкі як сіроты, пакінутыя на горкую долю горам-няшчасцем. З выбітымі вокнамі, расхрыстанымі дзвярыма. А над школай увогуле невядома за што самасуд учынілі: па цаглінцы разабралі, парасцягвалі на свае патрэбы. І ніхто за яе не заступіўся, не абараніў. Можа, так збэсцілася вясковае жыццё толькі тут, у Мокрыне? Вунь па тэлевізары штодня паказваюць, як аграгарадкі патанаюць у зеляніне і кветках, як радуюцца людзі пераменам. А Мокрына яны, гэтыя перамены, чамусьці абышлі бокам.

О не! Адмянілася і Мокрына, яшчэ як адмянілася. Не ў лепшы бок, факт. Каб у лепшы – то моладзь тут, як некалі, шпацыравала б туды-сюды, спаць па начах не давала б сваімі гігікамі ды песнямі. А цяпер вёска спіць як забітая, нават рэдка сабачы брэх пачуеш. Дажыліся мокрынцы: раней тут ганарыліся сваімі ўдарнікамі працы на ферме і ў полі, а сёння адзіны гонар – хор пенсіянерак. А чаму ж ім не спяваць? Кароў даіць не трэба, малако па пятніцах прывозяць у мясцовую краму. А пенсію выплачваюць дакладна па графіку, дзень у дзень. Прыязджае сацыяльны работнік з райцэнтра, здымаюць амбарны замок з зачыненага Дома культуры і там кожнаму пенсіянеру ў канверціку, нібы пану ці бізнесоўцу якому, грошыкі падаюць. Калі такое было? Колішняе, калгаснае, жыццё толькі прымусам і працаднямі запомнілася.

Якія цяпер заняткі засталіся ў мокрынцаў? Агароды з градамі – пасадзіць, апалоць, сабраць ураджай. Ягады, грыбы ўлетку і ўвосень. На спеўкі да Марылі Антоськавай, хто ў хор запісаўся. Ды на свята ў царкву схадзіць, памаліцца.

Зімою, праўда, цяжкавата. Прыцісне мароз, замяце снегам вуліцу – сядзі каля печы, нікуды за парог не высунешся. Каб не тэлік, то адзінокім мокрынцам было б сумна і вусцішна – хоць воўкам вый.

А летам раскоша – вёска нібы нанова нараджаецца. Лагоднае сонейка, зеляніна, кветкі навокал – як тут не радавацца жыццю, якога для многіх вяскоўцаў ужо, напэўна, няшмат засталося. Таму чакаюць яны лета, як Вялікадня пасля доўгага посту.

Вось і ў гэтым годзе летуецца някепска: і ў градах усё расце, і садавіны шмат, і ў лесе ягад-грыбоў набярэш, калі сілу ў нагах яшчэ маеш.

Не падабаецца мокрынцам толькі адно: малако ў магазіне нарасхват, раскупляюць за гадзіну-другую. Крыху затрымаўся дома – і тады чакай наступнай пятніцы, новага завозу. І яшчэ невядома, ці пашанцуе праз тыдзень.

У Ганны Моцькі такі горкі досвед ужо быў: у мінулую пятніцу ёй і яшчэ некалькім мокрынскім кабетам малака не хапіла. І таму на гэты раз яна вырашыла заняць чаргу яшчэ за паўгадзіны да адкрыцця крамы. Але не адна яна такая разумная: перад зачыненымі на замок дзвярыма ўжо стаяла Таіса Бутласік. Яны доўгі час таварышкавалі ў маладыя гады, і таму Ганна нават узрадавалася: «Даўно я з ёю не бачылася, не размаўляла…»

– Ці чула, Ганна, навіну? – першай пачала размову Таіса.

– Якую?

– Чычыча прыехаў.

– Хто-хто?..

– Ну няўжо ты не помніш? Тачанкі сынок…

– А-а-а… – відаць, дайшло да Ганны. – Хіба ў лесе які звер здох? Шмат гадоў вачэй у вёску не паказваў. І дзе ж ён спыніўся? Бацькава хата даўно ў зямлю ўрасла…

– Што пра хату казаць, калі на магілках бацькоў крыжы струхнелі. А помнік не было каму паставіць: ён жа адзін у іх… Бабы на спеўках казалі, што начаваў у Зіны Яськовай. Збіраецца тут застацца, хату старую падправіць. Сказаў: «Паміраць прыехаў у Мокрына. Хачу, каб тут, побач з бацькамі, у зямельку родную паклалі…»

– О, позна певень закукарэкаў – і без яго спеваў вёска прачнулася!.. Можа, яшчэ захоча, каб яго ў царкве бацюшка адпяваў?.. Антыхрыст! На Бога руку падняў…

– Калі тое было… І не адзін ён такі быў…

– Калі б ні было, а грэх на душу ўзяў вялікі. Навошта царкву з хаўруснікамі руйнаваў? Людзі не забыліся, як уначы павыносілі з храма і параскідвалі па вуліцы іконы і харугвы. Бог не даруе…

– Ну ты за Бога не вырашай… Сам ведае, хто што заслужыў…

– Не заступайся – Чычыча і чалавека забіў, лесніка Міхася Зубрыка з Мацяшоўкі, калі той злавіў яго ў лесе з крадзенымі, спілаванымі хвойкамі – на зруб новай хаты. За што і пасадзілі на трынаццаць гадоў. А зруб той, недабудаваны, згніў. Бярозы вунь якія на яго месцы ўжо выраслі, – Ганна паказала рукою на зялёныя вяршаліны дрэў, што ўзвышаліся над стрэхамі хат непадалёку. – Пасля турмы, відаць, сорамна было вяртацца ў вёску. Таму і бадзяўся дзесьці…

Трэцяй у чаргу стала Ніна Гаўрылкава. Згорбленая, але са свежым тварам і яснымі, жывымі вачамі, яна ўжо не першы год хадзіла з кійком. Прывітаўшыся, хвіліну-другую адсопвалася, выцерла пот насоўкай.

– Летам, хоць і спёка, а ўсё-ткі лепей: лягчэй хадзіць… – няспешна ўключылася ў гутарку Ніна, пачаўшы са свайго, набалелага. Але і яна, не ведаючы, пра што гаварылі да яе прыходу жанчыны, чамусьці адразу ж падтрымала гарачую для вёскі тэму. – Кажуць, што Чычыча прыехаў. Можа, бачылі?

Мокрынцы памяталі дзве гэтыя прыкрыя гісторыі – пра аднаго і таго ж чалавека, які даўно тут не жыў, а цяпер вось прыехаў у родны кут, – і з вуснаў у вусны перадавалі вестку пра яго нечаканае вяртанне.

– Не бачыла і бачыць не хачу, паганца гэтага, – зноў выказала сваю адкрытую варожасць да колішняга аднавяскоўца Ганна. – Як толькі зямля такіх мярзотнікаў носіць?!

– Ну ты, Ганна, і крапіва пякучая, – паспрабавала перавесці на жарт гэтае нястрымнае абурэнне Таіса.

– Стрэмку ў язык ты мне не загоніш і рот не зашыеш, – даводзіла сваё ўзбуджаная навіной Ганна.

– Скажыце, а хто і чаму такую мянушку яму даў – Чычыча? Якое ў яго сапраўднае імя? І чаму яго маці Тачанкай называлі? Нешта ў маёй памяці гэта зусім не захавалася… – запыталася Ніна.

– Я забылася, што сёння раніцою з’ела, а ты пытаеш пра тое, калі я яшчэ спадніцу не насіла, – Ганна ніяк не хацела ставіць кропку ў сваім шматслоўі, змяніць яго абуральны тон на стрымана-памяркоўны.

Таіса, якая, наадварот, вылучалася сярод тутэйшых жанчын сваім ціхім норавам і паважлівымі адносінамі да людзей, і на гэты раз паспрабавала перавесці гутарку ў спакойнае рэчышча:

– Добрыя, спагадлівыя былі і яго бацька Сямён, і маці Таццяна, але рана памерлі. Шмат каму калатнеча ў гады акупацыі і пасляваенная галеча жыццё падкасілі – царства ім нябеснае!..

– Пра бацькоў я нічога кепскага не скажу, – крыху паспакайнела Ганна.

– …У іх адзінага сына Шурыка словы чамусьці чапляліся за язык, і ён доўгі час дрэнна прамаўляў, – працягвала Таіса. – Неяк бацькі паслалі яго, хлапчука гадоў пяці, да суседа-франтавіка Тоські падстрыгчыся – тады на ўсё Мокрына толькі ў яго была машынка для стрыжак. Ды якая! Нямецкая, трафейная, з фронту прывёз. А як недарэчна жартавалі з яго: «Напэўна, у абмен на адарваную пад Берлінам нагу?» Тоська жарт успрымаў спакойна, затое хораша стрыг мокрынскіх мужыкоў і падлеткаў і грошай за гэта ніколі не браў. Дык вось як было. Заходзіць у Тоськаву хату Шурык і маўчыць. Гаспадар пытаецца, як у дарослага: «Чаго прыйшоў, з якой пільнай патрэбай?» На што хлапчук адказвае: «Чычыча». – «Чаго-чаго?» – перапытвае Тоська. «Чычыча!» – паўтарае тое ж Шурык. Тоська паціскае плячыма: маўляў, не разумею. «Сіцечка?..» – распытвае, у сваю чаргу, гаспадыня, жонка Тоські, думаючы, што маці хлопчыка хоча прасеяць муку. Аднак хлапчук адмоўна трасе галавою. «Можа, падстрыгчыся?» – здагадваецца, нарэшце, Тоська. Шурык узрадавана ўсміхаецца і садзіцца на ўслончык. Цырульнік-самавучка бярэ ў рукі машынку… «А чый ты сынок?» – пытаецца Тоська. «Самона і Тачанкі», – крыху павесялеўшы, адказвае Шурык. На той час у хаце быў Тоськаў сын-падлетак – і ён зарагатаў, паўтарыўшы ўслых: «Чычыча… чычыча… чычыча…» Шурык умомант саскочыў з услончыка і выбег з хаты, не пастрыгшыся… З таго часу і сталі называць яго гэтым пустым, без усялякага сэнсу, словам. І маці Шурыка неўпрыкмет зрабілася Тачанкай. На людзей не крыўдавала: гэта ж ад роднага сына пайшло, ды і хто ў Мокрыне без мянушкі жыве?..


…А вось Шурыка крыўда з таго дня не пакідала. Хіба ж не хацелася яму быць такім, як іншыя мокрынскія малалеткі, – з нармальным, выразным вымаўленнем, без гэтага праклятага чычання-гычання? Яшчэ як хацелася! Адкуль абрынулася на яго няшчасце? І чаму менавіта на яго, Шурыка? Усе малюнкі жыцця бачыліся хлапчуку спрэс у чорных фарбах. Ён баяўся пры чужых людзях адкрыць рот – размаўляў адно з бацькамі. Цураўся дзіцячай кампаніі, збочваў, калі насустрач яму ішоў хтосьці з суседзяў ці аднавяскоўцаў. Перапоўнены страхам і сорамам, хоць нічога нялюдскага нікому не зрабіў, хлапчына ўзненавідзеў усіх: і сваіх равеснікаў, якія нідзе не давалі яму праходу, мянташылі і мянташылі злымі языкамі, паўтараючы абразлівую, здзеклівую мянушку; і дарослых, бо нават лысыя дзядзькі і сівыя дзядулі не заўважалі хлапечых перажыванняў, звярталіся да яго гэтаксама зняважліва: «Чычыча!..» Але больш за ўсё Шурык не разумеў Бога. Маці расказвала, што Ён з зямлі перабраўся, пасля ўваскрэсення, на неба, адтуль усё бачыць і ўсё чуе, карае нядобрых людзей, а добрым дае здароўе і шмат шчасця. «Дык чаму ж Усявышні не заўважае гэтай вялікай несправядлівасці? Чаму Усемагутны не хоча памагчы мне, такому харошаму хлопчыку, пазбавіцца няскладнага вымаўлення?» – адказы на неадчэпныя, балючыя пытанні заставаліся дзесьці там, на небе, на зямлю спускацца не спяшаліся.

Цэлымі днямі Шурык хадзіў моўчкі. Замкнуўся – і ўсё. Толькі калі-нікалі адгукаўся на словы бацькоў. Крыху падросшы, яшчэ да школы, стаў бегаць на прырэчны луг, дзе, хаваючыся ад людскіх вачэй, падаў ніцма ў траву і горка плакаў. А потым, калі слёзы канчаліся, ён моцна біў сябе кулаком у грудзі і падоўгу тузаў пальцамі за язык, але той чамусьці хутка выслізгваў і займаў ранейшае становішча. Ён адчуваў, што ненавісны і такі жаданы гук «р» сядзіць недзе там, у грудзях ці ў роце, а выходзіць адтуль ніяк не хоча. Уцягваў напоўніцу паветра, напружваў жывот і ўсё нутро, спрабуючы вырваць з сябе патрэбнае яму гучанне. Але з тых практыкаванняў толку, напэўна, не было – адно камяк у горле коўтаўся. І тады ён успамінаў матуліну показку, якую яна часта яму паўтарала: «На падворку – горка, пад горкай – норка, у норцы крот, у пяску яго рот. А на горцы камары, спяць нагамі дагары». Яго разбіраў смех і з таго крата, і з тых камароў, але і смех быў нядоўгі – невядома адкуль зноў вярталіся ў хлапечую душу перажыванні, трывога і страх.

Калі настаў час ісці ў першы клас, Шурык адчуў яшчэ большую небяспеку: там ён будзе ўвесь час перад з’едлівымі позіркамі сваіх аднагодкаў, якія не стомяцца «лупцаваць» яго гэтай калючай мянушкай. «Не пайду ў школу!» – рашуча заўпарціўся хлапчук, і яго пагроза па-сапраўднаму ўсхвалявала бацькоў. Яны папрасілі дырэктара школы Івана Васільевіча пагаварыць з сынам, супакоіць яго. Дырэктара Шурык паважаў і крыху пабойваўся: ён адзін на ўсё Мокрына насіў капялюш – увосень чорны, а летам – саламяны, з чырвонай стужкай. Сустрэўшы аднойчы малога на вуліцы, Іван Васільевіч спыніў яго, пагладзіў па галаве, усміхнуўся і сказаў: «Ну што, Шура, ты ўжо сабраўся ў школу? Прыходзь, мы цябе чакаем. Школа ў нас новая, двухпавярховая, прыгожая. Пара ўжо і табе брацца за навуку. Савецкай краіне патрэбна адукаваная моладзь. Будзеш старанна вучыцца – станеш паважаным чалавекам, вялікі свет, што за Мокрынам, пабачыш. А першай настаўніцай у цябе будзе Галіна Яфімаўна, суседка ваша».

Шурык ведаў, што Галіна Яфімаўна працуе настаўніцай, але што яна можа вучыць і яго – пра гэта ён ніколі не думаў. Шурыкавы бацькі яе чамусьці адным словам называлі: «Яфімаўна», размаўлялі з ёю заўсёды ветліва, звярталіся да яе і за парадай, і калі якая патрэба была. Не раз гаварылі пра яе: «Хлебасольная душа ў Яфімаўны!» Што азначае «хлебасольная», хлапчук не разумеў, але сэрца падказвала: бацькам гэтая жанчына падабаецца. І яму суседка-настаўніца была даспадобы: ад яе Шурык абразлівага «Чычыча» ніколі не чуў. А колькі разоў яна частавала яго цукеркамі-падушачкамі, яблыкамі! Не, яна не такая, як усе, яна добрая! У гэтым ён быў упэўнены.

Але адна Галіна Яфімаўна абараніць свайго вучня ад абразлівай мянушкі не магла, хоць і вельмі старалася. На ўроках яна не прапускала выпадку, калі Шурыка можна было пахваліць. Яму лёгка давалася арыфметыка, ён чысценька пісаў, прыгожа маляваў, і першая настаўніца шчыра радавалася за хлапчука. У яе прысутнасці аднакласнікі не адважваліся зняважыць яго, затое на перапынках свае злыя языкі распускалі зноў і зноў. Аднойчы ён не вытрымаў, кінуўся з кулакамі на крыўдзіцеляў, ды і гэта не памагло.

Крыўда на людзей і на ўвесь белы свет з гадамі не праходзіла, а, наадварот, большала, нарастала, затым запяклася дзесьці ўнутры, пасяліўшыся ў душы назаўсёды. З цягам часу яна пачала валодаць не толькі яго настроем, але і думкамі. «Ну пачакайце, вырасту – пакажу вам, дзе ракі зімуюць», – не раз думаў хлапчук. Пра ракаў у Мокрыне згадвалі часта, бо ў рацэ і навакольных азярынах іх лавілі нямала. Бацька таксама прыносіў іх дадому, яшчэ жывых, і расказваў, што ракі хаваюцца пад карчамі, адкуль іх можна выцягнуць рукамі.

Што ён павінен зрабіць, калі вырасце, Шурык яшчэ не ведаў. «Нічога, прыдумаю пазней», – цешыў сябе няўцямнай, незразумелай марай, спадзеючыся, што ў яго дарослым жыцці адбудзецца нешта такое, ад чаго гэты нядобры свет перакуліцца і кудысьці знікне, разам з тымі, хто пасміхаецца з яго фізічнай недасканаласці. А пакуль у яго адзін клопат – вучыцца, вучыцца і вучыцца, як напісана на чырвоным плакаце перад уваходам у школу.

Шурык стараўся з усіх сіл, каб не адстаць у вучобе, не быць на ўроках ёлупнем, як казаў яго бацька. Яму было прыемна, што ён лепшы ў класе вучань па матэматыцы – любую задачку рашаў хутка, нібы спелыя арэхі вылушчваў. Адно не любіў урокаў мовы і чытання: саромеўся свайго вымаўлення. Але і па мовах, у тым ліку нямецкай, настаўнікі ставілі яму заслужаныя моцныя чацвёркі. Таму ў яго пасведчанні аб заканчэнні васьмігодкі не было ніводнай тройкі. Бацькі не маглі нарадавацца, ганарыліся школьнымі поспехамі сына. А Шурык, не раздумваючы, але з іх дазволу, падаў дакументы ў сельгастэхнікум, што ў іх раённым гарадку, – вучыцца на агранома. Яму хацелася найхутчэй пакінуць вёску, дзе ўследкі за ім неадступна хадзіла ненавісная мянушка, дзе ледзь не ў кожным позірку ён чытаў адно і тое ж: «Чычыча». Паступіў вельмі лёгка, бо экзамены былі толькі пісьмовыя.

У тэхнікуме цякло зусім іншае жыццё. Да яго моўнай праблемы нікому не было ніякай справы, ніхто да хлапца наўмысна не чапляўся. У кожнага навучэнца пераважалі асабістыя інтарэсы, далёкія ад Шурыкавых перажыванняў. Некаторыя ўжо пачалі дарослае жыццё: сталі курыць і выпіваць, заляцацца да дзяўчат. Шурыка да тытуню і спіртнога не цягнула, а пра дзяўчат і думаць сабе забараняў. А калі каторая і пачынала з ім гаворку, то ён наліваўся густой чырванню, быццам быў у чымсьці вінаваты перад ёю, і баяўся нават рот адкрыць.

Ціхмянага і сарамлівага, але заўзятага ў вучобе юнака з Мокрына заўважылі выкладчыкі. А колькі ў яго было радасці, калі адным з першых на курсе прынялі ў камсамол і ўрачыста ўручылі чырвоную кніжачку з персанальнай фотакарткай, з якой пазіраў яснавокі, круглатвары хлопец-прыгажун! У той вечар ён кінуўся дадому, да бацькоў:

– Я ў вас не дармаед, – пачаў ён з парога, – варты і лусты хлеба, і кавалка сала. Глядзіце, што мне сёння ўручылі: камсамольскі білет!

Шурык аж свяціўся ад шчасця, ад радаснага ўнутранага хвалявання. Яму здавалася, што ў яго, як і ў птушак, ёсць дужыя крылы і ён можа лёгка ўзляцець высока-высока над зямлёю, над родным Мокрынам.

А тут яшчэ дырэктар школы Іван Васільевіч, сустрэўшы яго на вуліцы, нечакана ад душы пахваліў хлопца:

– Добры дзень, Аляксандр Сямёнавіч. Чулі, ведаем пра твае поспехі. Школа ганарыцца табою: ты ў тэхнікуме нас не падвёў. Можна сказаць, і для ўсёй нашай вёскі гонар вялікі.

З такой павагай да Шурыка яшчэ ніхто не звяртаўся: «Аляксандр Сямёнавіч!..» У хлопца ўмомант запунсавелі шчокі, прыўзняліся плечы. «Каб чуў бацька, доўга чухаў бы ад задавальнення сваю лысіну», – прамільгнула ў галаве прыемная думка. О, як хацелася яму стаць па-сапраўднаму дарослым, менавіта Аляксандрам Сямёнавічам – без усялякага перабольшвання.

– Адслужу ў арміі – пайду ў інстытут, – прамовіў Шурык, адкрыўшы Івану Васільевічу сваю юнацкую мару.

– Малайчына! Ухваляю тваё рашэнне. І раю, атрымаўшы дыплом, працаваць у мясцовым калгасе: ты мокрынскія палеткі ведаеш з маленства, аграномам будзеш адмысловым…


…У блакітным чэрвеньскім небе плыў, неўпрыкмет падымаючыся над вёскай вышай і вышай, залацісты шар цёплага летняга сонца. Яно прыгравала ўжо так, што хацелася схавацца ў цянёк. І жанчыны, не спыняючы бяседы, перайшлі пад старую разгалістую ліпу, якая расла крыху зводдаль, за крокаў дваццаць ад дзвярэй крамы, – толькі яе густая крона магла цяпер засланіць іх ад гарачых сонечных промняў.

– У людзей языкі на прыдумкі спрытныя, і не дзіўна: здорам добра змазаныя, – асцярожна пачала адступленне ад тэмы гутаркі Ніна.

– У каго сёння той здор ёсць? – запярэчыла ёй Ганна. – Ты забылася, што летась афрыканская чума прайшлася амаль па ўсіх свінакомплексах і сялянскіх хлявах – пабілі-спалілі ледзь не ўсё пагалоўе? Нават дзікоў у лясах перабілі, нідзе ўжо не сустрэнеш. Людзі цяпер баяцца трымаць свіней, рэдка хто рызыкуе: дзе гарантыя, што зараза знішчана і болей не вернецца, што зноў праца не пойдзе кату пад хвост – не прымусяць выкінуць выкармленага парсюка?..

– А з чаго каўбасы, што ў наш магазін прывозяць? Дзе бяруць на іх мяса? З якой жывёлы? Не ведаем, але ж купляем, ямо, – сумна сказала Таіса.

Акурат у гэты момант да кампаніі пакупнікоў далучылася яшчэ адна мокрынская пенсіянерка – Зыкіна. Ніякага сваяцтва са славутай спявачкай у бабулі, карэннай жыхаркі, вядома, не было, і сапраўднае прозвішча іншае, хоць таксама з «песеннай» афарбоўкай, – Зязюля. А вось падабенства яе голасу да голасу царыні рускай народнай песні крышачку ўгадвалася, ды і насамрэч спявала яна прыгожа, з нейкай непаўторнай, невычэрпнай душэўнай шчырасцю і бязмежнай адданасцю мелодыі, таму мокрынскія кабеты падчас сваіх спевак і ўганаравалі Вольку такім зайздросным параўнаннем. Адно, жартуючы, раілі хутчэй крывыя зубы з роту павыкідваць – не пасуюць да вобліку артысткі: «Ты ж – запявала, у першым радзе нашай капэлы стаіш, на канцэрце ў раённым Доме культуры людзі заўважаць – засмяюць. Устаўляй залатыя, блішчастыя…» Волька не крыўдзілася, спакойна адказвала: «На залатыя і маёй гадавой пенсіі не хопіць…» Але да зубнога ўрача ўсё-ткі паехала і на металакераміку грошы сабрала, а мо гарадскія дзеці памаглі, – і, здаецца, перамянілася, павесялела бабуля.

– І ты, Зыкіна, баішся, што малако ад цябе ўцячэ? – няветліва сустрэла Вольку языкастая Моцька. – А навошта, гультайка, сваю кароўку летась збыла? Такога малака, як піла раней, ужо не нап’ешся.

– Каб разумнейшая была, то гэта трэба было зрабіць на пару гадоў раней, – адказала Зыкіна. – Душылася то з сенам, то з саломай, то зелле з поля дзяружкамі цягала, каб толькі пракарміць сваю Рагулю. Свету белага не бачыла, думала, што ніякага зносу мне не будзе, што сіл на два вякі Бог даў. А кубак таго малака не было калі выпіць. Цяпер хоць ёсць час у лес па ягады схадзіць, шкада толькі, што ногі аслабелі, заплятаюцца, як у п’яніцы. Ды і малако ў магазін прывозяць някепскае, не трэба грашыць…

– Хто ж не бачыць, што ты цяпер з раніцы да вечара лынды б’еш?..

– А чаму ты, Ганна, сёння такая звяглівая: няўжо раніцою голымі рукамі за гарачую патэльню ўхапілася? – неспадзявана для Моцькі і астатніх секанула ў адказ Волька.

– Я летам да печы і не падыходжу, а газавы балон яшчэ тыдзень назад выпаліла. Заказала па тэлефоне, ды нешта не вязуць, каб іх завезлі…

– І без тваёй падказкі завязуць ці занясуць куды трэба, калі час настане, – не хацела прайграваць спрэчку Волька.

– Во найшла каса на камень: мабыць, толькі адна Зыкіна табе, Ганна, папярок спяваць умее, – выказала сваё меркаванне-задавальненне Ніна…


…Пасля тэхнікума Шурыкава жыццё пабегла так шпарка, нібы вецер па пустым восеньскім полі. Накіраванне на працу малады спецыяліст атрымаў, як і хацеў, у родны калгас. Старшыня гаспадаркі Васіль Пятровіч Ласько, прызначаючы яго загадчыкам участка ў суседнюю з Мокрынам вёску Станевічы, сказаў:

– Набірайся вопыту, Парулік. Я раблю стаўку на маладыя кадры. Буду і цябе падтрымліваць. Але і нядбайнасці, безгаспадарчасці не дарую. Спадзяюся – не падвядзеш.

– Буду старацца з усіх сіл, я ж камсамолец! – запэўніў яго Шурык.

І, па праўдзе кажучы, узяўся хлопец за справу шчыра, як і належыць спецыялісту-пачаткоўцу, – адразу ж на ўсю сваю моц улёгся ў працу і цягнуў яе, нібы малады конь цяжкі плуг у першай пасля зімы баразне. Ужо праз два тыдні на ранішняй калгаснай планёрцы старшыня пахваліў яго: «Бярыце прыклад з Паруліка: першыя стагі сена з’явіліся ў Станевічах…» Ён не чакаў такіх прыемных слоў – разгубіўся, зачырванеўся, апусціў галаву. А ўнутры душа радавалася, спявала – не меней, як тады, калі прынялі ў камсамол.

Праз месяц далі яму новенькі матацыкл, Іж-56 (вадзіцельскае пасведчанне атрымаў яшчэ ў тэхнікуме), і цяпер толькі пыл за ім курэў: ад світанку да змяркання насіўся загадчык участка па вёсцы – з поля ў амбар, з амбара на ферму, з фермы на луг, з лугу зноў на поле. Свой галоўны клопат Парулік разумеў так: усе працаздольныя жыхары падначаленай яму вёскі з раніцы да вечара павінны завіхацца дзеля агульнай калгаснай мэты – даць болей збожжа, малака і мяса роднай савецкай краіне. І каб ніхто ні грама калгаснага дабра не сцягнуў, не ўкраў – тут ён нікому не спусціць, не даруе.

Яму падабалася пасада: хоць і ў адной вёсцы, але першы чалавек, найбольшы тут начальнік. Вось толькі круціў носам, што брыгадзірам называюць, ведама ж – адсталыя людзі, не разумеюць новага часу. «Не брыгадзір, а загадчык участка!» – папраўляў ён кожны раз каго-небудзь з гэтых, адсталых. Яму вельмі хацелася, каб звярталіся да яго па-даросламу: «Аляксандр Сямёнавіч!» Аднак і горшае можна было пачуць: той-сёй са станевіцкіх мужыкоў пад п’яную руку мог нават абразіць. «Смаркач без’языкі!» – пачуў ён аднойчы і ледзь-ледзь стрымаўся, каб не кінуцца на п’янтоса з кулакамі. А ўсё ж адпомсціў: тыдні са тры не даваў таму каня, каб прывезці з лесу дроў.

А праз паўгода забралі Паруліка ў армію. Акрамя вымаўлення, іншых заган у хлопца не знайшлі. Ваенны камісар раёна падпалкоўнік Пільчык, паціскаючы яму руку пасля медкамісіі, сказаў:

– Ты – дужы, спрытны, адукаваны хлапчына, характарыстыка з калгаса выдатная, такія цяпер у войску і патрэбныя. Каб не вядомая табе праблема, то і да камандзірскіх пагонаў дарос бы, а так званнем радавога прыйдзецца задаволіцца.

Аднак жа памыліўся, недаацаніў яго ваенкам. Радавым Аляксандр Парулік служыў нядоўга: пасля паспяховага заканчэння вучэбкі за пару месяцаў стаў у сваім мотастралковым палку выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі, за бездакорную службу яму прысвоілі званне сяржанта і даверылі камандаваць аддзяленнем. А праз год службы яшчэ і ганаровы кароткатэрміновы адпачынак на дванаццаць сутак у роднае Мокрына атрымаў. Зайшоў падчас пабыўкі ў раённы ваенкамат, каб адзначыцца, – падпалкоўнік пазнаў яго (пэўна, па вымаўленні) і, заўважыўшы сяржанцкую нашыўку, аж прысвіснуў:

– Ого!.. Слаўна служаць землякі!

– Служу Савецкаму Саюзу! – звыкла адрапартаваў сяржант.

Той салдацкі водпуск перавярнуў, перайначыў жыццё Паруліка: нечакана-неспадзявана для сябе ён закахаўся. І што было дзіўным і абсалютна непрадказальным – у сваю былую аднакласніцу Галю Самсончык, з якой вучыўся разам з першага класа да паступлення ў тэхнікум. Дзяўчына пасля сканчэння сярэдняй школы падалася ў медвучылішча на фельчара і часцяком прыязджала на выхадныя дадому. Шурык сустрэў яе на вуліцы, калі вяртаўся з гасцёўкі ад цёткі Зіны, дзе пляменніка, салдаціка-адпускніка, добра-такі пачаставалі, наліўшы яму, як самаму дарагому госцю, аж тры чаркі самагонкі. І цяпер градусы рабілі сваю нябачную справу: у хлопца быў прыўзняты настрой, і нават языку ў роце нібыта нічога не замінала, хоць у людзей нападпітку звычайна бывае наадварот – ён калом стаіць.

Колішняя аднакласніца ішла насустрач яму па замеценай снегам, адзінай у вёсцы вуліцы – толькі ёй было ведама куды і навошта, а Шурыку чамусьці падумалася, што яна наўмысна выйшла з хаты, каб убачыць яго і сказаць яму нешта асаблівае, што дагэтуль ніхто ніколі яму не гаварыў. І ад такой радаснай думкі хлопец увачавідкі асмялеў, пайшоў шпарчэй, ледзь не пабег. Здалёк заўважыў, што дзяўчына наставіла каўнер паліто, зняла з адной рукі пальчатку і пачала церці далонню нос і шчокі: мароз перад Вадохрышчам сапраўды браўся не на жарт. За некалькі крокаў да Галі ён раскінуў ушыркі рукі, усім сваім выглядам паказваючы, што абмінуць яго дзяўчына не зможа. Яна крыху разгубілася, прыпынілася і саступіла ўбок, а Шурык у гэты момант паслізнуўся і паехаў нагамі ўперад – з галавы зляцела шапка, і ён стукнуўся аб прамерзлую сцежку патыліцай.

– Ой! – спалохана ўсклікнула Галя і працягнула яму руку, але Шурык падхапіўся, падняўся так хутка, як і падаў. – Моцна выцяўся? Пакажы сваю галаву…

– Ды не, усё нармальна, – амаль па-вайсковаму адказаў хлопец.

Аднак будучы фельчар на слова не паверыла – правяла рукою па яго галаве.

– Дзе ж нармальна? Кроў за вухам… Пайшлі хутчэй да мяне, трэба кроў абмыць, рану ёдам змазаць і забінтаваць галаву, – настойліва прапанавала Галя.

Шурык не стаў упарціцца і неўзабаве атрымаў кваліфікаваную хуткую дапамогу з цёплых і пяшчотных Галіных рук. Яму вельмі хацелася дакрануцца да іх, нават пацалаваць, але не асмеліўся, стрымаўся: а раптам Галя не зразумее яго жадання, пакрыўдзіцца?

Тады яны доўга сядзелі ў яе бацькоўскай хаце, пілі гарбату з хатнім пячэннем, і яму не хацелася ісці дадому. Адыходзячы, Шурык выдыхнуў нечаканае і для Галі, і для самога сябе:

– Адслужу ў войску, вярнуся ў Мокрына – і пойдзем у сельсавет, распішамся, згуляем вяселле…

– Ух, які шустры!.. Мы з табою і не цалаваліся ні разу, а ты ўжо пра шлюб загаварыў. Табе яшчэ служыць і служыць, як меднаму кацялку, – адпрэчыла словы неспадзяванага кавалера Галя.

– Вось пабачыш – я не жартую!.. – сказаў на развітанне Шурык…


…Зыкіна таксама не з пустой торбай прыйшла: і ў яе была навіна, якую з паўгадзіны таму яна пачула ад паштальёнкі – Марусі Кудлачык. Але Ганна Моцька наляцела на яе, як цёмная хмара сярод яснага дня, і свой аповед Зыкіна вымушана была адкласці, пакуль не адбілася ад нястрыманай, вострай на язык Моцькі. Як толькі Ганна на хвіліну замоўкла, Волька падкінула сваім субяседніцам пытанне, якое апякло іх, нібы гарачай галавешкай:

– І дзе мы цяпер будзем пенсію атрымліваць?

– Як гэта дзе?! Дзе і раней – у клубе.

– Там цяпер толькі мышы бегаюць. Але раз у месяц зайсці туды можна… – загаманілі жанчыны. – А чаму ты пытаеш – дзе?

– Для нас клуб зачыняецца назаўсёды, – прамовіла, адчуўшы важнасць сваёй навіны, Зыкіна. – Сёння наша паштальёнка мне расказала, што ў будынку плануюць рабіць капітальны рамонт, але з іншай мэтай: тут размесціцца новая ўстанова – дом для людзей пажылога ўзросту. У ім будуць жыць састарэлыя, нямоглыя людзі з вёсак нашага раёна. Кажуць, што дом разлічаны на сем чалавек.

– Няма бяды: у летні час пенсію і на вуліцы выдадуць. Вось тут, каля крамы. Ці на любой лаўцы. А зімой у чыёй-небудзь хаце збірацца будзем, – падказала выйсце Таіса Бутласік.

– Можаце і ў мяне свае грошыкі атрымоўваць, хата ў мяне вялікая і цёплая, гаспадар добрую памяць пакінуў, – прапанавала Зыкіна.

– А за арэнду грошы браць будзеш з нас ці з раённага кашалька? – зноў не змаўчала, пацягнула на сябе размову Моцька.

– Толькі з цябе, Ганна. За востры язык. Па капейцы за кожнае слоўца. На ўсё астатняе жыццё зараблю, – жартам адказала Зыкіна…


…Пасля армейскага водпуску Шурык амаль штодзень пісаў Галі лісты – часцей, чым бацькам. Яна ў адказ адпраўляла яму кароткія, але цёплыя, абнадзейлівыя дзявочыя пасланні, ад якіх у хлопца кружылася галава. А ён кожны свой ліст заканчваў лічбай – адлічваў дні да дэмабілізацыі: «засталося 126», «засталося 73», «засталося 12»…

Сваё слова Шурык стрымаў. Вярнуўшыся са службы, ён толькі некалькі гадзін пабыў у роднай хаце і, нават не пераапрануўшыся ў цывільнае адзенне, накіраваўся да Галі. З парога з рашучасцю вайскоўца аб’явіў ёй і яе бацькам:

– Цяпер я буду ў гэтай хаце галоўным госцем. – І ў тую ж хвіліну ўдакладніў: – Ды не, не госцем, а мужам вашай дачкі і вашым зяцем. Прашу любіць і шанаваць. Заяву на стварэнне сям’і панясём заўтра.

Ні благаславення сваіх і Галіных бацькоў не прасіў, ні згоды самой Галі пабрацца з ім шлюбам не пытаў. Сказаў – як адрэзаў. Ён так рашыў – і кропка.

Вяселле згулялі праз месяц. Мокрына мокла ў самагонцы, гукала-весялілася амаль тыдзень: пастараліся бацькі з абодвух бакоў, наладзілі багаты застольны пачастунак. А як магло быць інакш, калі і Шурык, і Галя – адзіныя дзетачкі-кветачкі ў сем’ях?

Усе вясельныя дні амаль безупынку ішоў дождж. І мокрынцы шчыра радаваліся яму, верачы народнай прыкмеце: шчодры дождж – на шчасце маладой сям’і…

…Пад ліпу ў цянёк, які пакрысе карацеў, бо сонца набірала сваю звыклую летнюю вышыню, неўпрыкмет стала яшчэ адна мокрынка – Аўдолька. З гэтай жанчыны пасміхаліся амаль усе аднавяскоўцы, але кпіць, калі па праўдзе, не было з чаго – бабуля не ведала, колькі ёй насамрэч гадоў, і на адпаведнае пытанне звычайна адказвала так:

– Ні радзін, ні хрысцін сваіх не памятаю, а метрыка згарэла падчас пажару. Бачыце, толькі попел на галаве застаўся…

Аўдолька скрозь, дзе была, сыпала прыказкамі і прымаўкамі, а то і жартоўнымі вершыкамі, якіх ніхто ні ў адной кніжцы не чытаў, і часам такімі, што жываты ад смеху ў людзей трашчалі. Адкуль яна іх брала – толькі ёй адной было ведама.

А на гэты раз выраз яе твару быў такі сур’ёзны, што Ганна ад здзіўлення аж рукі ў бокі развяла і асцярожна спытала:

– Што здарылася, Аўдолька? Чаму ты сёння не ў гуморы?

– Была б і ты не ў гуморы, калі б гора такое, як мяне, напаткала… Няўжо вы не чулі?

Жанчыны моўчкі пераглянуліся і паціснулі плячыма: маўляў, не чулі і нічога не ведаем. Толькі цяпер яны заўважылі, што Аўдолька ў чорнай хустцы і выцірае яе ражком слёзы, якія пасыпаліся з вачэй.

– Учора брата ў Станевічах пахавала. Сабакі загрызлі…

– Як? Ой, што ж гэта робіцца на свеце! Не можа быць, каб сабакі! Такога ў нашай мясцовасці ніколі не было! – загаманілі адна перад адною жанчыны.

– Шалёныя сабакі, без нагляду… Вы ж ведаеце, ён вартаўніком у дарожным упраўленні працаваў. Вяртаўся раніцай пасля сутачнага дзяжурства дамоў… Знайшлі пакусанага на дарозе. Крывёю сцёк…

– Ён выпіць любіў. Можа, валяўся п’яны… – выказала сваю версію трагедыі Моцька.

– Хай сабе і п’яны, але загрызці чалавека да смерці… А каб яны паздыхалі!.. І чаму гэта іх не навязваюць на ланцуг? Гэта ж такое гора ўчынілі! – спачувальна прамовіла, пахітаўшы галавою, Таіса Бутласік. – Вы кажаце, што нічога падобнага ў нас не было? А таго ж Чычычу так пакусалі сабакі, што ледзь без нагі не застаўся чалавек, з маладых гадоў калекам зрабіўся…

…Пасля вяселля Шурык прывёў Галю ў бацькоўскую хату. Упершыню ў жыцці ён адчуў: у яго сэрцы пульсуе вялікая, ні з чым не параўнальная радасць, якая, напэўна, і называецца сёмым небам шчасця, пра што ён не раз чуў ад сваіх равеснікаў і ў тэхнікуме, і ў войску. Маладая жонка глядзела на яго з такім замілаваннем, усміхалася яму з такой любасцю, што гэтае шчасце здавалася бязмежным і бясконцым, нібыта сам белы свет, які да нядаўняга часу Шурык не вельмі разумеў і мала любіў.

Радаваўся ён і таму, што бацькі прынялі Галю як родную. З першых дзён сумеснага жыцця дзве сям’і жылі як адна, нічога не дзелячы паміж сабою, спаборнічаючы толькі ў тым, хто што з хатніх і сядзібных спраў зробіць раней: бацька і сын – свае, мужчынскія, дзе патрэбныя фізічная сіла і ўменне працаваць з канём, а свякроў з нявесткаю – свае, жаночыя, найперш каля печы ды на градах у агародзе, да чаго іх рукі маюць асаблівы спрыт. Свякроў была не з тых, каму трэба наравіць, нават ва ўсім старалася апераджаць Галю, браць больш гаспадарчых клопатаў на сябе – маўляў, яшчэ напрацуешся, усё жыццё наперадзе, але нявестка заўсёды знаходзіла сабе карысны хатні занятак і, за што ні бралася, – усё рабіла хутка і адмыслова.

Той год, нібы чароўны конь вершніка-рыцара, апантана, імкліва і безаглядна нёс Шурыка ў нязведаную, але такую жаданую будучыню. Ён адчуваў сябе казачным волатам, мужным і рашучым, якому абавязкова ўдасца пранесці сваё каханне, сваё шчасце праз усе выпрабаванні жыцця, пераадолець любыя цяжкасці і нягоды.

На трэцім тыдні пасля вяселля, неяк перад сном, нечакана для маладой жонкі Шурык абвясціў:

– Рыхтую дакументы ў сельскагаспадарчы інстытут, на завочнае аддзяленне.

Галя нават крыху разгубілася і, не ведаючы што сказаць, проста абняла Шурыка за шыю і пацалавала. Калі б і былі ў яго якія-небудзь сумненні наконт сваёй далейшай адукацыі, то ў гэтую шчаслівую хвіліну яны беззваротна сплылі, як смуга перад цёплым сонечным днём. А іх, сумненняў, зрэшты, і не было – інстытуцкі дыплом бачыўся Шурыку толькі справай часу.

Падпісваючы накіраванне на вучобу, новы калгасны старшыня Іван Міхайлавіч Шматко (пакуль Шурык служыў у арміі, былы старшыня Васіль Пятровіч пайшоў на павышэнне, стаў кіраўніком раёна) з усмешкай сказаў:

– Міне мядовы месяц – і выходзь, Парулік, на працу: у нас ёсць вакантная пасада агранома, спецыяліста па насенняводстве.

І ён сапраўды не стаў доўга гультайнічаць. Як толькі першы месяц сямейнай ідыліі скончыўся, Шурык наведаўся ў калгасную кантору і даў згоду на новы для яго прафесійны занятак. Можа, і не зусім новы, бо і тэхнікумаўскія веды яшчэ не выветрыліся з галавы, і вопыт працы загадчыкам участка перад арміяй нікуды не дзеўся – тое-сёе ў насенняводстве ён кеміў. Канечне, грунтоўнай падрыхтоўкі для працы ў гэтай галіне не меў, бо тут шмат што трэба ведаць: і дасягненні сучаснай біялагічнай навукі, і стандарты насення, і тэхналогіі павышэння яго якасці, і агратэхніку вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Але дзве важныя рысы характару, неабходныя для такой справы, у яго, без сумневу, былі: па-першае, па прыродзе ён быў назіральны і цікаўны, любіў навакольны раслінны свет, а па-другое, – быў настойлівы ў тым, чым хацеў дасканала авалодаць. «Разбяруся!» – сказаў ён сам сабе і без доўгіх ваганняў прыступіў да выканання новых абавязкаў.

Пашанцавала і Галі: неўзабаве для яе знайшлася праца ў мясцовай амбулаторыі, цераз тры хаты ад падворка Шурыкавых бацькоў, – былая фельчарка выйшла замуж за хлопца з абласнога цэнтра і назаўсёды пакінула Мокрына…

…У самы разгар жаночай гамонкі да кампаніі вясковых кабет далучылася першая «хутаранка» – так называлі ў Мокрыне тых, хто не меў мясцовых каранёў, а проста купіў тут апусцелую хату. Жыла яна ў вёсцы адна, ціха і непрыкметна, ужо чацвёрты год, з ранняй вясны да позняй восені, і толькі на зіму пераязджала ў сваю сталічную кватэру. Вось менавіта з-за такіх мокрынцаў-падсяленцаў і разбіралі пятнічнае прывазное малако, таму «хутаран» з карыслівых меркаванняў трошкі недалюблівалі, хоць усё ж болей да іх было павагі, бо людзі ў вёску з’язджаліся працавітыя і каля купленых хат, на сваіх сядзібных агародах, завіхаліся так, што і тутэйшым добры прыклад гаспадарання паказвалі. Мала хто з мокрынцаў, акрамя яе бліжэйшых суседзяў, ведаў імя гэтай жанчыны, з выгляду інтэлігентнай і спакойнай. Казалі, што хату тут ёй купіў сын-прадпрымальнік, які сам сюды часта наведваецца. Да выхаду на пенсію працавала яна настаўніцай, і, мажліва, па гэтай прычыне да сезоннай мокрынкі звярталіся не інакш, як да сваіх вясковых настаўнікаў, – падкрэслена ветліва: «Тамара Мікалаеўна». Або, каму ўжо цяжка ці лянота варочаць язык у роце, карацей – «Мікалаеўна».

– Добры дзень! – прывіталася жанчына і стала крыху воддаль, за некалькі крокаў ад узбуджанай гамонкай кампаніі.

А Моцька і на гэты раз не змаўчала.

– Бліжэй, Мікалаеўна, падыходзьце, не давайце нам ганьбы. І раскажыце, што там, у сталіцы, чуваць?

– Я там ад вясны не была. А навіны, як і вы, калі-нікалі па тэліку гляджу ці па радыё слухаю, – сказала «хутаранка».

– Ад тых навін толькі галава пухне: хто каго забіў, хто каго згвалціў, дзе якая аварыя адбылася, хто колькі ўкраў у дзяржавы, – выказала сваю дасведчанасць Таіса.

– А мы чакаем толькі адной навіны: калі пенсію падвысяць, каб можна было што-небудзь смачнае купіць і з’есці, – дадала Зыкіна.

– Во, як толькі зубы новыя ўставіла – пра прысмакі загаварыла. І ад бульбы з малаком не пахудзееш, – зноў знайшла да чаго прычапіцца Ганна.

– Усё, што прывозяць у наш сельмаг, не горшае, чым у сталіцы, – разважліва сказала Тамара Мікалаеўна. – Але я чула, што магазін напрыканцы года збіраюцца зачыніць, бо прыбытку з яго – што кот наплакаў. Будзе аўтакрама з райспажыўсаюза два разы на тыдзень прыходзіць. У суседніх вёсках такое ўжо практыкуюць.

– Рукі ў іх кароткія! Няхай толькі паспрабуюць – напішам скаргу абласному начальству, а то і самому Прэзідэнту! – пагрозліва, хоць і невядома каму, абвясціла Моцька…

…Не прайшло і паўгода сумеснага жыцця з бацькамі, як Парулік-сын падчас агульнай вячэры аб’явіў:

– Буду хату будаваць. Давайце разам прыкінем, дзе лепш выбраць пляц.

– Ой, сынок, няўжо вам так з намі абрыдла? Мы ж, здаецца, ніводным кепскім словам з нявесткай не перакінуліся, – са здзіўленнем глядзела на сына маці. – А хто ў гэтай хаце жыць будзе, калі нас не стане?

А бацька доўга моўчкі круціў галавою, а потым, уздыхнуўшы, сказаў:

– Нялёгкая гэта справа. Але надумаў будавацца – будуйся. Чым змагу – памагу.

Для Галі мужава рашэнне таксама было нечаканым – параіцца з ёю Шурык чамусьці не палічыў патрэбным. Але і яна не мела нічога супраць такога павароту ў іх сямейным жыцці: якая маладая гаспадыня не марыць аб поўнай самастойнасці, аб уласным хатнім асяродку? Нездарма людзі кажуць: у сваёй хаце і качарга помач.

Ужо назаўтра малады Парулік паехаў у лясгас, каб выпісаць драўніны для сваёй будоўлі. Яго просьбу задаволілі толькі напалову: замест трыццаці кубаметраў выдзелілі ўсяго пятнаццаць. Патлумачылі, што годных на зруб бярвенняў больш няма, трэба пачакаць, бо сёлета план па нарыхтоўках выканалі з гакам, а новыя лесараспрацоўкі пачнуцца не раней як праз тры-чатыры месяцы.

І ён выйшаў з канторы лясгаса не ў лепшым настроі. «Як мне жаніцца – дык і ноч кароткая», – успомнілася яму прымаўка, якую часта паўтараў бацька, калі чаго-небудзь не ставала для таго, каб ажыццявіць жаданае. І трэба ж такому здарыцца – акурат тут сутыкнуўся, як кажуць, нос у нос з Васілём Пятровічам Ласько, кіраўніком раёна. Той, наадварот, свяціўся ад нейкай, напэўна, аднаму яму вядомай радасці і весела прывітаў Паруліка:

– О, якая нечаканая сустрэча! Добрага здароўя, Аляксандр Сямёнавіч! А я збіраўся спецыяльна ў калгас пад’ехаць на сур’ёзную размову з табою. Думаю, што табе ўжо пара з камуністычнай партыяй свой лёс звязаць. Рэкамендацыю хоць сёння гатовы даць і старшыня калгаса, і дырэктар школы, і камсамольская арганізацыя. Падумай, калі ласка. Але нядоўга – тыдзень-другі…

Твар Паруліка ўмомант змяніўся, наліўся густой чырванню, а губы пачалі імгненна сохнуць, як скошаная трава пад гарачым летнім сонцам. Язык нібы прысох да паднябення, і нават паварушыць ім ніяк не ўдавалася. Ён разумеў, што нешта трэба сказаць, абавязкова падзякаваць партыі за давер, а з засмяглых вуснаў сарвалася толькі адно слова:

– Згодзен.

– Правільнае рашэнне, Аляксандр Сямёнавіч! Пішыце заяву. На бліжэйшым партыйным сходзе ў калгасе разгледзім і падтрымаем…

Ён вяртаўся з лясгаса дадому нібы ачмурэлы. Не бачыў ні дарогі перад сваім маршрутным аўтобусам, ні таго, што было паабапал яе. Кроў пульсавала з такой хуткасцю, што ён адчуваў яе гарачую плынь ва ўсіх куточках цела. Здавалася, маладое сэрца вось-вось вырвецца з грудзей, каб убачыць гэты белы свет ва ўсім яго бязмежжы і непаўторным харастве.

А выйшаўшы з аўтобуса на прыпынку ў Мокрыне, ён, не чуючы пад сабою ног, подбегам кінуўся на бацькоўскі падворак – напэўна, так нецярпліва ляціць птушка з выраю ў роднае гняздо пасля працяглай ростані з ім.

Галя ішла да студні па ваду і заўважыла мужа, калі ён адчыняў веснічкі. Прыгледзеўшыся, яна аж войкнула ад здзіўлення і выпусціла вядро з рук:

– Ой, Шура, што здарылася? Чаму ты такі ўзбуджаны?

– У-ух!.. – выдыхнуў, нібы цэлы дзень збіраў паветра ў лёгкіх, Шурык. – Ты не паверыш!..

– Ну-у?.. Выкладвай хутчэй…

– Сёння я самы шчаслівы чалавек на свеце – мяне ў партыю прымаюць. Сам першы сакратар сказаў…

– А я падумала, што, можа, якую-небудзь прыгажуню ў райцэнтры сустрэў, забыўшыся пра маладую жонку. Такія радасныя твары толькі ў закаханых.

– Ну што ты вярзеш, Галя? Ты ў мяне адна-адзіная, на ўсё жыццё.

І, не саромеючыся ні бацькоў, ні суседзяў, ні прахожых, падхапіў яе на рукі і стаў кружыцца з ёю па надворку, раз-пораз цалуючы вільготна-цёплыя вусны сваёй яшчэ зусім мала цалаванай абранніцы…

…Машына з малочнымі прадуктамі чамусьці затрымлівалася, а людзей каля ліпы збіралася ўсё больш і больш. І самыя нецярплівыя з пакупнікоў сталі выказваць абурэнне.

– Добра, што лета цяпер. А каб прыйшлося зімою чакаць, то памерзлі б, як рудыя мышы ў люты мароз, – сказала Зыкіна.

– Ты за мышэй не перажывай, яны нару ў любую пару знойдуць, схаваюцца. А вось ты горла ад маразоў беражы, падхопіш ангіну – з кім мы паедзем спяваць? – свой талент прамоўцы Моцька нікому аддаваць не збіралася.

– Што вы да зімы прычапіліся? Лета на дварэ, радуйцеся цёпламу сонейку, пакуль жывыя. Колькі нас у Мокрыне засталося? Не болей, як каліўцаў у капе расады, – напомніла Бутласік.

– Ну ты, Таіса, і параўнала: каліўцам яшчэ расці і расці ў градах, а мы – што тыя снапы на жнівеньскім полі, пераспелыя і зжатыя, якім адно шчасце – сіратліва абмалоту чакаць, – запярэчыла Ганна.

– У снапоў доля не такая і горкая. Пасля абмалоту яны духмяным боханам хлеба на стале казычуць нашы насы, – знайшла ў чым не пагадзіцца з Моцькай Таіса.

– …або новымі каласамі прарастаюць. Кожны каласок спадзяецца зноў жменькай зерня быць кінутым у раллю, даць новы ўраджай, – падтрымала яе Тамара Мікалаеўна. – Так і чалавек: гадуе дзяцей, потым унукаў, праўнукаў. Жыццё не спыніцца, калі нас не стане…

– Дзе ты, Таіса, сёння той духмяны бохан возьмеш? Хіба пахне хлеб, што ў нашу краму прывозяць? – запярэчыла Моцька. – Мінуліся часы, калі хлеб у сваёй печы пяклі, а водар ад яго, як вішнёвы туман вясною, па вуліцы за вярсту плыў. Памятаю, і на аеры, і на кляновых і дубовых лістах у печ высаджвалі. Адрэжаш лусту свежага, яшчэ цёплага хлеба, кубак малака нальеш – і наясіся напоўніцу, цэлы дзень можаш да стала не падыходзіць. А цяпер? Дачка маёй стрыечнай сястры на хлебазаводзе ў Мінску працуе. Расказвала, які там хлеб пякуць. Той, што не распрадаецца, збіраюць і звозяць у пякарні. Высушваюць, перамолваюць і дабаўляюць у муку. Атрымліваецца новы стары хлеб – ешце, людцы, на здароўе…

– У вайну-партызанку ды ў першыя пасляваенныя гады і на мякінным перабіваліся. Прыгаршчам мукі радаваліся. А за пуд солі можна было хату купіць. А я калі-нікалі ўсё ж свой хлеб пяку. Перад Калядамі і Вялікаднем абавязкова – спачатку жытнёвы хлеб, а потым пірагі. Мой Міхась – няхай яму ў нябесным царстве лёгка жывецца і соладка спіцца! – некалі добрую дзежку зрабіў, і сёння мне служыць, – сказала Зыкіна і чамусьці пачала папраўляць, нанова завязваць на шыі сваю шаўковую квяцістую хустку.

Ох, не была б то Моцька! І гэта яна заўважыла:

– Прыхарошвайся, кукуй, Зязюля! Вунь твой каханак на двухколцы падкаціў. – І ў тую ж хвіліну неяк недарэчна, па-старэчаму зарагатала: – Можа, ужо адумаўся і ў прымы да цябе прыйдзе.

– Кінь, Ганна, плявузгаць абы-што. Калі тое было… – Зыкіна ўмомант спахмурнела і на гэтым хацела скончыць тэму.

Ды дзе там! Тэма павінна пачынацца Моцькай і ёю канчацца:

– Маладое каханне да попелу не выгарае, толькі лёгкі ветрык падзьме – і галавешкі зноў разгараюцца…

– Ат, табе абы прычапіцца да чалавека, – пакрыўджана сказала Зыкіна і махнула ў бок Моцькі рукою.

Да магазіна на веласіпедзе пад’ехаў Іван Дольнік – самы стары з мокрынскіх мужыкоў, якіх цяпер можна ўжо на пальцах палічыць. Дзеду ішоў восемдзесят дзявяты год, але быў ён яшчэ даволі рухавы: і каля хаты шлэпаў з раніцы да вечара, і ў лес па грыбы, хоць і зрэдку, на тым жа веліку ездзіў. Больш як дваццаць гадоў жыў Іван адзін – Анюту, жонку сваю, нежывую ў хляве пад каровай з даёнкай знайшоў. Усе ў вёсцы дзівіліся, якая яна працавітая была, ніколі хвіліны адпачынку не мела, бо гаспадарку трымалі вялікую: дзве каровы, каня, авечак, курэй, гусей. Гаспадар працаваў трактарыстам, а потым загадчыкам калгаснага гаража, дома быў амаль што госцем, і ўся хатняя праца ляжала на Анюціных плячах. І давяла сябе жанчына, сэрца не вытрымала.

А ў маладыя гады, пасля службы ў войску, Іван сапраўды сватаўся да Волькі, тады яе яшчэ ніхто Зыкінай не называў. Жыла дзяўчына са сваёй хворай маці і пакідаць яе адну не магла, таму прасіла яго прыйсці да яе ў прымы. Але Іван заўпарціўся і вяселле адмянілася. А пазней знайшоўся-такі чалавек, які не пабаяўся ні звання прымака, ні прымацкай долі. Са сваім Міхасём жыла яна душа ў душу: і хату новую пабудавалі, і дбайнымі гаспадарамі былі, і дзетак добрых выгадавалі. І прозвішча ад яго яна носіць па сённяшні дзень – Зязюля.

Ну што зробіш, калі ў Мокрыне не забыліся пра яе дзявочую гісторыю, а Ганна Моцька не-не ды і прыгадае яе прылюдна?..

…На калгасным партыйным сходзе Паруліка прынялі кандыдатам у члены партыі аднагалосна. Зрэшты, ён і не сумняваўся, што так будзе, бо працаваў сумленна і старанна, кіраўніцтва гаспадаркі было задаволена станам спраў на давераным яму ўчастку, у сямейным жыцці таксама ўсё ішло як належыць, у царкву з юнацкіх гадоў не хадзіў, а гарэлка яго не цікавіла – спіртное ўжываў толькі за святочным сталом, ды і то дома. Дык якія маглі быць да яго прэтэнзіі?

А за тыдзень да схода ён адвёз на дрэваапрацоўчы камбінат купленыя лесаматэрыялы, дзе хутка зрабілі іх апілоўку – праз пару дзён убачыў там акуратна складзены штабель гладкабокіх, адно ў адно, бярвён на зруб і гару дошак, якія засталіся пасля апілоўвання і па праве належалі яму як гаспадару.

Потым схадзіў у сельсавет, аформіў зямлю пад забудову. Пляц ужо быў выбраны: на вялікай сямейнай радзе, з удзелам бацькоў з абодвух бакоў, сышліся на тым, што лепшым месцам для будучай хаты будзе тэрыторыя, якая калісьці лічылася спадчынным, пасажным надзелам Галінай бабулі па мацярынскай лініі, а цяпер штогод засаджвалася бульбай або засявалася збожжавымі, – гэта амаль у цэнтры вёскі, ды і ладны кавалак, каля дванаццаці сотак, нязгоршай мокрынскай зямлі.

Заставалася навазіць камення для падмуроўкі – яго вакол мясцовых палеткаў цэлыя горы, драбільны завод тут працаваў бы на поўную магутнасць не адзін дзясятак гадоў. Аднак чамусьці не дайшлі яшчэ рукі да гэтага – калі-небудзь, можа, і зоймуцца перапрацоўкай, але нікуды каменне не дзенецца, вясковым людзям, як таму ж маладому Паруліку, яго шмат не трэба. На добры фундамент ды на пограб, які абавязкова павінен быць у гаспадарцы, – для зімовага захоўвання бульбы, капусты, буракоў, морквы і хатніх харчовых вырабаў.

З каменнямі вазіцца проста, але цяжка: тут не абысціся без мужчынскай сілы, без моцных рук. Каб нагрузіць машыну, трэба шмат поту праліць. А такіх грузавых рэйсаў, па падліках Паруліка, выходзіла зрабіць не меней за шэсць-сем. Можна было папрасіць дапамогі ў кагосьці з аднавяскоўцаў, але сяброў у Мокрыне ў Шурыка не было: адгарадзіўся ад сваіх равеснікаў высокім і густым частаколам душы яшчэ з малых гадоў, калі дапякалі яго ненавіснай мянушкай. І цяпер ні ён ні да кога не прыгарнуўся, ні да яго ніхто ў сябры-таварышы не набіваўся. А гэта азначала, што памагчы яму маглі толькі бацька ды цесць. Але і яны ў немаладых гадах, а на Галінага бацьку ўвогуле не мог разлічваць, бо той нядаўна перанёс аперацыю на апендыцыт.

Усё ж праўду людзі кажуць: адзін у полі не ваяр. Патрэбна была машына, і найлепш – самазвал, з металічным кузавам, які да таго ж і сам разгружаецца. І Парулік успомніў, што тыдні тры таму ў калгас прыгналі прама з завода самазвал і аддалі яго маладому вадзіцелю Віцьку Эйшу са Станевіч. Хлопец толькі дэмабілізаваўся з арміі, шукаць працу ў горадзе яму не хацелася, і таму ён з радасцю сеў за руль новенькага грузавіка. Дзіўнае ў яго прозвішча – Эйш, але юнак добразычлівы, з адкрытым круглашчокім тварам, прамяністымі вачыма, светлым кучаравым чубам і сарамлівай усмешкай. З ім Шурык і дамовіўся, што пасля працоўнага дня, калі будзе выпадаць аднаму і другому, зробяць столькі рэйсаў, колькі спатрэбіцца. Вядома, не за адзін вечар – прыхваткам хутка не атрымаецца.

Аднак выйшла лепш, чым меркавалася: добрая горка камянёў ляжала на месцы будучай будоўлі ўжо дзён праз дзесяць. Адзін Шурык ніяк бы не ўправіўся, а ўдваіх з Віцькам нагружалі машыну гадзіны за дзве-тры. Прыдумалі, як абодвум не перасіліцца, не сарваць спіны: знайшлі шырокую дошку-саракоўку і па ёй вяроўкай зацягвалі большыя камяні ў кузаў, а потым на іх накідвалі дробныя. Галя ўбачыла вынік іх цяжкай працы толькі напрыканцы, калі муж паведаміў:

– Пачатак ёсць, будзе і канец. Камянёў навазіў. Куплю цэменту, і можна рабіць падмуроўку, а заадно і пограб.

Тады ў сям’і маладых Парулікаў усё ішло на лад, і здавалася, так будзе заўсёды…

…Паставіўшы да сцяны магазіна веласіпед, дзед Дольнік здалёк кіўком галавы павітаўся з жанчынамі, але падыходзіць да іх не рашыўся. І была на гэта прычына: на пачатку вясны ён ледзь вялікага пажару ў вёсцы па неасцярожнасці не нарабіў, падпаліўшы на гумнішчы за сваім хлявом сухую мінулагоднюю траву. Агонь вокамгненна пабег па зямлі, загарэўся плот, полымя перакінулася ў агарод суседзяў. На шчасце, была субота і шмат гарадскіх з’ехалася. Збегліся з усёй вёскі людзі і яшчэ да прыходу пажарнай машыны ўтаймавалі вогнішча. Добра, што возера побач, чэрпалі з яго і перадавалі вёдры з вадой адзін аднаму жывым ланцужком. І хаты, і хлявы з прыбудовамі ўратавалі, але колькі страху людзі перажылі! Што казаць пра самога Дольніка?! І згарэць у агні мог, і сэрца, як у яго Анюты, магло нечакана разарвацца.

На другі дзень пасля пажару ўляпілі дзеду Івану немалы штраф – невядома, ці хапіла месячнай пенсіі. А ён і не апраўдваўся, толькі адно сказаў:

– Гэта ж трэба было старому дурню такое вытварыць – няхай гніла б тая трава.

Успомніўшы вясновую пажарную бяду дзеда Дольніка, Моцька выкінула з галавы яго нежаніцьбу на Вольцы і зноў цяпнула языком, як вострай сякерай:

– Няхай моліцца Богу, што жывы застаўся. Правільна, што штраф упяклі. Дагэтуль, пэўна, чухае патыліцу. Ды і іншым навука.

– Пасля таго выпадку і начальства трохі зашавялілася, – парушыла сваё доўгае маўчанне, нетаропка падключылася да размовы Ніна Гаўрылкава. – Пажарныя нічога ў хатах гадамі не правяралі. А цяпер амаль штотыдзень едуць і едуць, прыдзіраюцца то да печаў, то да комінаў і на гарышчах шныраць.

Яе падтрымала Таіса Бутласік:

– Старшыня сельсавета Скабоцкая мо паўгода, ад апошніх выбараў, калі за яе галасавалі, вачэй сюды не паказвала, а адразу пасля пажару сход сабрала, пра новыя парадкі загаварыла.

– А мне падабаецца, што шматгадовую звалку, вялікі вясковы сметнік, які ў кар’еры на ўзлеску быў, закрылі і засыпалі. Па-першае, далёка туды смецце насіць, а па-другое, – не ўсе туды і насілі, выкідвалі дзе папала, – не пагадзілася з крытыкай дэпутата Зыкіна. – Цяпер раз на тыдзень, у сераду, смецце збірае спецыяльная машына раённага жылкамунгаса, спыняецца ля кожнай хаты, адно складвай у мяшок. І двух рублёў, якія мы плацім раз у месяц за гэта, далібог, не шкада. Затое культурна, па-гарадскому…

– Не заступайся ты за начальніцу! – абрэзала яе Моцька. – Я не адзін раз прасіла спілаваць старую таполю, што насупраць маёй хаты. Насадзілі іх некалі ўздоўж вуліцы, больш за паўвека таму, не думаючы, якую бяду яны могуць прынесці. Баюся, што калі-небудзь шалёны вецер паваліць яе на электрычныя правады і на саму хату. Скабоцкая абяцала арганізаваць спілоўванне ўвосень, бо, казала, вясною і летам можна шкоды нарабіць: разбурыць птушыныя гнёзды, паламаць маладыя дрэвы, што побач. Ужо новая восень на носе, а таполя стаіць як стаяла. Калі што кепскае здарыцца, то страхоўку дэпутатка будзе са сваёй кішэні плаціць – я не спушчу…

– Не адну тваю таполю трэба спілоўваць – такіх з дзясятак-паўтара ў вёсцы набярэцца. І я за тое, каб іх спілавалі, бо ў мяне алергія на тапаліны пух, кожную вясну пакутую ад яго, – выказала і салідарнасць са сваёй сяброўкай маладосці, і ўласную праблему з дрэвамі Таіса Бутласік.

– А вось бэз чапаць не трэба было. Напэўна, рукі ў Скабоцкай залішне свярбелі: прывезла яна ранняй вясной аднекуль мужыкоў з бензапіламі, і тыя цэлы тыдзень выразалі яго пад корань. Навошта? – выказала сваё шкадаванне Аўдолька і пасля кароткай паўзы дадала: – Хіба яна яго садзіла?

Бэз здаўна лічыўся тварам, ці, як цяпер нярэдка можна пачуць, візітнай карткай Мокрына і гонарам яе жыхароў. Такога бэзавага хараства нідзе ў навакольных вёсках веснавой парой не было. Блакітна-ружовая квецень густой сцяной цягнулася ўздоўж мокрынскіх хат амаль на паўвярсты і шчодра радавала вока кожнага, хто яе бачыў. А які салодка-п’янлівы водар плыў тут майскімі вечарамі! Аж галава кружылася. І раптам, ні з таго ні з сяго, знікла бэзавая пекната, быццам яе тут і не было.

– Не бядуй, Аўдолька: бэз праз пару гадоў адрасце, яго і бульдозерам не выкарчуюць. Толькі б дажыць, дачакацца нам гэтай вясновай раскошы прыроды, – паспрабавала супакоіць усіх прысутных, зазірнуць у будучае Таіса Бутласік…

…Хто ў маладыя гады не бяжыць навыперадкі са сваім шчасцем? Каму не хочацца абагнаць яго і самому ўзняцца на самы высокі п’едэстал жыцця? «Маладыя гады, маладыя жаданні!» – наўрад ці варта спрачацца з паэтам. Аднак бывае і наадварот: шчасце бяжыць табе насустрач, гатовае кінуцца да цябе ў абдымкі, хоць ты асабліва і не спадзяваўся на гэта, а проста, з Боскай ласкі, жыў, працаваў і кахаў, як усе на нашай цудоўнай планеце. І, што найбольш дзіўна, здараецца часам так, калі чужое няшчасце, чужое гора паварочваецца да цябе самым нечаканым, самым спрыяльным бокам.

Той год для маладога Паруліка быў менавіта такім. З вясны, калі вёску накрыла вялікая небяспечная паводка, і трое мокрынцаў, сярод якіх быў і старшыня сельсавета Санюк, перакуліліся на чайцы дзесьці кіламетры за тры ўніз па цячэнні ракі, і ніхто з іх не ўратаваўся (вадалазы знайшлі целы тапельцаў месяцы праз два, калі вада спала), пасада кіраўніка мясцовай сельсавецкай улады заставалася вакантнай. Гэтую пасаду і прапанавалі яму, выклікаўшы спецыяльна ў райкам партыі.

Ласько, пацікавіўшыся на пачатку сустрэчы калгасным насенным фондам і патэнцыялам ураджаю ў наступным годзе, неўзабаве павярнуў размову на галоўнае, дзеля чаго і запрасіў Паруліка.

– Я доўга думаў, Аляксандр Сямёнавіч, над гэтай прапановай. Спадзяюся, што ты яе прымеш: хачу аддаць сельсавецкую ўладу ў Мокрыне ў твае дужыя маладыя рукі. Прызнаюся: раіўся і з кіраўніком гаспадаркі, і з многімі тваімі паплечнікамі-камуністамі. Усе бачаць у тваёй асобе здольнага, перспектыўнага кіраўніка. А тутэйшых людзей, з іх клопатамі і праблемамі, ты добра з маленства ведаеш. Працавітыя, душэўныя, спагадлівыя – з імі горы можна звярнуць! Згодзен узяцца за новую справу?

– Ой, не!.. – Парулік рашуча пакруціў галавою. – Дзякую, Васіль Пятровіч, за давер, але я з такой адказнай пасадай не спраўлюся: ранавата мне, тут вялікі вопыт патрэбен. Вось закончу інстытут, хату пабудую – тады, можа, і буду чаго-небудзь варты…

Сказаў, а ў галаве прамільгнула іншае: ці не паспяшаўся з адмовай – калі яшчэ выпадзе такое шчасце? Аднак засяродзіць, зацвердзіць гэтую думку не паспеў. Ласько працягваў свой наступ:

– Вопыт прыходзіць да таго, хто смела бярэцца за новае, не баіцца цяжкасцей, гартуе сябе ў няпростых жыццёвых абставінах. Лічу, што гэтыя якасці ў тваім характары ёсць. Камуніст увогуле не мае права быць бязвольным. Магу толькі адно параіць: трэба заўсёды прыслухоўвацца да людзей, да іх меркаванняў…

Ласько падняўся з крэсла і выйшаў з-за стала, стаў хадзіць па кабінеце. Хвіліну-другую маўчаў, потым падышоў да Паруліка, паклаў яму руку на плячо і, зазірнуўшы ў вочы, дадаў:

– А на завочную інстытуцкую вучобу часу на гэтай пасадзе трохі болей будзе, бо, як раней, дняваць і начаваць у полі не давядзецца. І хату пакрысе пабудуеш – не на вуліцы жывеш. Захочаш хутчэй – талакой дапаможам.

Напэўна, упершыню Парулік стаяў на такой хісткай мяжы. З аднаго боку, прыемна было адчуваць значнасць сваёй асобы: заўважаюць і яго руплівую працу, і яго паважлівыя адносіны да людзей. З другога – ён баяўся праваліцца на новай пасадзе, як кажуць, наламаць дроў, бо тады зваротнай сцежкі на начальніцкую працу ўжо не будзе. А ён бачыў сваю будучыню менавіта на высокай пасадзе ў раёне ці нават у вобласці. Дык чаму не выкарыстаць сённяшні шанс?

Нейкі ўнутраны голас падказваў, што весці спрэчку з кіраўніком раёна не зусім правільна: такі давер партыі, а ты, як малады баран, упарцішся. Ды гэта і не мела сэнсу: Ласько прыняў рашэнне і ад яго не адступіць. Мабыць, трэба пагаджацца. Але ж ужо адмовіўся, сказаў «не».

Васіль Пятровіч заўважыў затоенае хваляванне Паруліка, якое выдавалі густыя чырвоныя плямы на яго маладым здаровым твары, і, нібы падводзячы рысу пад гутаркай, сказаў:

– У тваіх руках і «казырны туз» ёсць: добра, што на апошніх мясцовых выбарах цябе абралі дэпутатам. Застаецца склікаць сесію, каб вылучыць на пасаду старшыні і прагаласаваць. Марудзіць з гэтым не будзем. Жадаю поспехаў!

Ласько хітравата ўсміхнуўся і працягнуў руку, усім выглядам паказваючы, што тэма сустрэчы вычарпана.

– Прабач, ледзь не забыўся: на трэцім паверсе цябе чакае старшыня райвыканкама Штанюк. З ім абмяркуеце арганізацыйныя пытанні. Да пабачэння!

– Дзякуй, дзякуй, дзякуй!.. – толькі адно слова, тройчы паўторанае, прамовіў на развітанне Парулік, пакідаючы самы вялікі ў раёне начальніцкі кабінет.

Ён выйшаў у калідор, нават не развітаўшыся з сакратаркай, і вачыма пашукаў выхад на лесвіцу, каб спусціцца на трэці паверх, у кабінет Штанюка. Але праз некалькі крокаў прыпыніўся, бо ўсё навокал паплыло, быццам у тумане: і сцены з вялікімі дзвярамі і шыльдамі на іх, і падлога з вішнёва-зялёнай дывановай дарожкай, і людзі, якія кудысьці спяшаліся з нейкімі паперамі ў руках. Прытуліўшыся шчакою да халоднай сцяны, Парулік адчуў, як моцна б’ецца яго сэрца, як пульсуе ў скронях кроў.

«Вось гэта дзянёк! Запомніцца на ўсё жыццё!» – прабегла ў галаве прыемная, радасная думка, і ўзбуджанасць пачала патроху адступаць, сыходзіць. Пакрысе вярталася душэўная раўнавага, несучы з сабою спакойнае асэнсаванне таго, што робіцца навокал.

Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.

Yaş sınırı:
16+
Litres'teki yayın tarihi:
14 ağustos 2025
Yazıldığı tarih:
2025
Hacim:
211 s. 2 illüstrasyon
ISBN:
978-985-581-744-5
İndirme biçimi:

Benzer kitaplar