Kitabı oku: «Васiлёк»

Yazı tipi:
Апавяданні

© Ярашэвiч. I. П., 2016

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2016

Змагар

Аднойчы выканкам Смілавіцкага пасялковага Савета даручыў мне праверыць інфармацыю артыкула пра падзеі ў Смілавічах часоў Вялікай Айчыннай вайны і смерці бацькоў сусветна вядомага мастака Хаіма Суціна. Я ўдзячны Богу, што пашчасціла выконваць гэтую просьбу.

Калі я збіраў матэрыял і размаўляў з рознымі людзьмі, не адзін раз траплялася прозвішча загінуўшага юнага партызана Сіўчыка Міхаіла Якаўлевіча. Шмат аб ім расказаў яго траюрадны брат Сіўчык Васіль Емяльянавіч з іншымі асобамі. Геройскі ўчынак народнага мсціўца ўзрушаў, не даваў спакою, і я вырашыў вярнуць імя з забыцця, таму што пра подзвіг героя павінны ведаць і помніць, колькі б гадоў ні прайшло.

…Ішла вайна. Развярнулася ўсенародная барацьба супраць фашысцкіх акупантаў, у тым ліку і на тэрыторыі былога Рудзенскага раёна, да якога належалі Смілавічы і навакольныя вёскі. Тут дзейнічаў партызанскі атрад імя К. Я. Варашылава. У складзе яго прыкладна з кастрычніка 194З года пачала змагацца з захопнікамі сям’я Сіўчыка Якава Кузьміча з вёскі Гудавічы: ён сам, жонка Анастасія Сямёнаўна, непаўналетні сын Міхаіл, дачка з зяцем, былым міліцыянерам. Як толькі арганізаваліся партызанскія атрады, адразу пачалі садзейнічаць ім, а потым і самі падаліся ў народныя мсціўцы. Немцы, каб напужаць іншых, разабралі іх хату і гаспадарчыя пабудовы.

У барацьбе з гітлераўскімі акупантамі выдзеліўся сын, не па гадах высокі, прыгожы, спрытны, хуткі, кемлівы, разумны юнак. Да вайны ён вучыўся ў Смілавіцкай сярэдняй школе. Вайна перашкодзіла атрымаць сярэднюю адукацыю і стаць лётчыкам, як яму раіў старэйшы брат. Нягледзячы на юны ўзрост (Міхаіл нарадзіўся ў 1926 годзе), хлопец выконваў адказныя заданні па выведванні важнай інфармацыі. У розным адзенні ён наведваў мястэчкі і вёскі Чэрвеньскага, Рудзенскага, Пухавіцкага і Смалявіцкага раёнаў. Заўжды вяртаўся з важнымі звесткамі. У барацьбе з лютым ворагам набіраліся баявога вопыту народныя мсціўцы. Але ж, нягледзячы на вялікую небяспеку і цяжкія ўмовы, жыццё брала сваё. Так дзіцячае захапленне перарасло ў каханне. Яшчэ ў школе Міхаіл прыкмеціў дзяўчынку. Яна з кожным годам станавілася яму ўсё мілей. Калі ўдавалася, пасля паспяховай разведкі на кані ён наведваў сваякоў, каб атрымаць што-небудзь з харчоў і пабачыць каханую. Пешшу таксама не мінаў яе двор.

Пачуцці былі ўзаемнымі. Жыхары вёскі радаваліся светлым адносінам.

…16 студзеня 1944 года Міхаіл выканаў чарговае заданне камандавання раней за дамоўлены тэрмін. Таму некалькі хвілін вымеркаваў для наведвання роднай вёскі, любімых веснічак. Ён вяртаўся да партызан праз Святую горку ў напрамку вёскі Жураўкавічы. У гэты ж час па Магілёўскай шашы ішла нямецкая аўтакалона. У прыдарожнай лясной паласе хлопец перачакаў яе праезд.

Васіль Емяльянавіч Сіўчык на ўсё жыццё запомніў размовы старэйшых жыхароў Гудавіч і сваіх бацькоў пра гэты дзень:

«…Частка машын мінула месца, дзе схаваўся разведчык, а другая была яшчэ на падыходзе. Ён не пачуў яе гула і пачаў пераходзіць магілёўку з вінтоўкай за плячыма. У гэты момант выскачылі на пагорак адстаўшыя аўтамашыны з немцамі. Яны ўбачылі яго і адкрылі шалёную стральбу. Дарогу партызан паспеў перабегчы, але быў моцна паранены. Накіраваўся да схованкі ў пясчаных кар’ерах Баброўкі. Ды фашысты не адсталі і акружылі, каб захапіць у палон.

Але гэтага не здарылася. Міхаіл скінуў бот, падставіў дула вінтоўкі да галавы і вялікім пальцам нагі націснуў на курок. Раз’юшаныя фашысты пачалі здзеквацца. Пасярэдзіне цела расклалі агонь. Прыставілі варту, каб схапіць і тых, хто прыйдзе яго пахаваць. Плакалі ў кожнай хаце, хоць гэта і было небяспечна. I сёння не магу спакойна ўспамінаць той жудасны час. Хоць і малым быў, але ўсё яскрава адлюстравалася ў памяці, не сціраецца».

Толькі праз дзве начы партызаны змаглі забраць свайго таварыша. Пахавалі ў брацкай магіле на могілках вёскі Петравінкі.

Выпускнік Смілавіцкай школы 1941 года, генерал-маёр авіяцыі ў адстаўцы шаноўны Крэпскі Карл Іванавіч, адказваючы на маё пытанне, распавёў: «Я не забыў гэты ўчынак. Змагаўся таксама маладым хлопцам, але ў атрадзе імя Будзёнага. Камісар расказаў і папярэдзіў нас, гарачых, аб большай перасцярозе. Мы ж абяцалі помсціць фашыстам за смерць партызана».

Што адчуваў юнак у апошнія хвіліны свайго жыцця? Хто бачыўся яму: бацька, маці, сястра або каханая? Што пажадаў ім, апошні раз удыхаючы паветра і гледзячы на блакітнае неба?

Безумоўна, хлопец быў вельмі моцным чалавекам з вялікай адказнасцю. Ён добра разумеў, што яго замучаюць, і не даў немцам такога шанцу. Сваёй смерцю жадаў аблегчыць становішча сваякоў, каханай, даць ім магчымасць пазбегнуць кары, падоўжыць жыццё. Барацьба – смерць дзеля жыцця іншых людзей – сутнасць подзвігу Сіўчыка Міхаіла Якаўлевіча, чалавека вялікай душы.

Пасля вайны яго каханая дзяўчына выйшла замуж. Аднаго з сыноў яна назвала Міхаілам. Васіль Емяльянавіч дадае: «Яна ніколі не забывала Міхаіла. Расказала аб ім сваім дзеткам. Ды і мы, сваякі, помнім і будзем нашчадкам расказваць».

Прозвішча партызана Міхаіла Сіўчыка высечана на памятнай стэле, усталяванай у гонар вучняў Смілавіцкай сярэдняй школы, якія аддалі сваё жыццё за наша сёння, мірнае і шчаслівае.

Пра ўзнагароды мужнага змагара не пішу, бо ён годны самай высокай – вечнай памяці народа.

Пасля вайны бацькі перахавалі астанкі сына на Смілавіцкіх могілках з надпісам: «Загінуў ад фашысцкіх захопнікаў». У раённай кнізе «Памяць» гэты факт не адзначаны. Згодна ёй, цела партызана да нашых дзён пакоіцца на Петравінскіх могілках.

З Васілём Емяльянавічам мы адшукалі магілу Міхаіла, а лепей сказаць – магілы трох мужных барацьбітоў. За сціплай агароджай у роднай зямельцы, за якую сумленна ваявалі ў партызанах, знайшлі вечны прытулак сын, бацька, маці… Нельга стрымаць пачуцці ў гэтым святым месцы.

Васiлёк

Мой сябра карыстаецца вялікай павагай у аднавяскоўцаў. Яшчэ з дзяцінства ўсе завуць яго ласкава – Васільком. Вочы – блакітныя, глыбокія, ясныя. Безадмоўны да просьбаў суседзяў. Заўжды дапаможа прайсці за плугам, акучнікам, унесці ў хлеў брыкет, адрамантаваць электраразеткі. Ведаюць – аплата яму не патрэбна. Не пераносіць і «вадкай валюты». Дастаткова ўдзячнасці.

Апошнія гады сур’ёзна хварэе. Цяжка дацягваў да пенсіі. Спачуваюць яму ўсе і называюць прычыну хвароб: наступствы вайны. Васілёк лічыць, што і так шмат пражыў і зрабіў. Нават унукаў дачакаўся. Дзякуе за гэта Богу і людзям.

Бацька яго пайшоў на фронт у першы ж дзень вайны. У маці засталося чацвёра дзяцей. Васільку толькі шэсць гадкоў споўнілася. Увесь час хацелася есці. Але накарміць іх было цяжка. Смілавіцкі тэхнікум паляводства ў вайну не працаваў. У яго будынках і парку змясціліся розныя нямецкія вайсковыя ўстановы і нават метэаралагічны пункт. Іх карміла палявая кухня. Для нарыхтоўкі дроў зганялі дарослых і дзяцей. Ад старэйшых хлопчыкаў Васілёк аднойчы даведаўся: там можна досыць наесціся. У наступны дзень ужо складваў дровы. Па загаду кухара-таўсцюна дужэйшыя хлопцы вынеслі бачкі з нейкім варывам. Ён жа выдаў металічныя лыжкі. Бачкі ўмомант апусцелі. Васільку вельмі спадабалася лёгкая і блішчастая прылада для ежы. Па-дзіцячы, не думаючы аб наступствах, хуценька паклаў яе за пазуху. Дома карысталіся толькі драўлянымі. Праца працягвалася. Раптам кухар пачаў крычаць як недарэзаны:

– Айн лёжка! Айн лёжка! З кухні выскачылі яшчэ тры немцы. Сагналі працуючых у кружок і пачалі абшукваць. Сцяміў аб бядзе позна – не паспеў выкінуць лыжку. Немец ужо нашчупаў яе і зароў:

– Гір! Гір! Гір!

Васілёк адчуў толькі першы ўдар кухара ў грудзі. Праваліўся ў забыццё. Раз’юшаны немец нагою біў і цягаў яго па зямлі. Трое мардатых фрыцаў дружна рагаталі. На плач дзяцей не звярталі ўвагі. Нарэшце загадаў забраць пабітае дзіця. Адзін з хлопцаў скінуў сваю сарочку, і на ёй акрываўленае цельца бегам занеслі дамоў.

Толькі на сёмы дзень ён ледзьве расплюшчыў заплыўшыя гноем вочы і папрасіў піць. Лячылі ўсёй вёскай – хто чым мог. Па-сапраўднаму стаў на ногі пасля вайны – дапамаглі ваенныя дактары.

Бацька з вайны не вярнуйся. Загінуў у Чэхаславакіі. Васільку ён яшчэ доўга сніўся: разам шукалі немца, каб адпомсціць.

Прайшлі дзесяцігоддзі, а вайна настойліва напамінае аб сабе нездароўем, не жадае знікаць з лёсу чалавека…

Радня

Валянціна Васільевіча Рухлова і сёння помняць жыхары Смілавіч. Ён працаваў старшынёй калгаса імя Дзяржынскага, памочнікам дырэктара Смілавіцкага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча № 23, кіраўніком пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Смілавіцкай сярэдняй школы № 1. Умеў пагутарыць з людзьмі, даць разумную параду, дапамагчы з канкрэтнай справай. Да яго пастаянна звярталіся з просьбамі, а ён, у сваю чаргу, настойліва турбаваў каго трэба было і дамагаўся станоўчага вырашэння пытанняў. Таму і аўтарытэт меў вялікі.

Асабіста пазнаёміўся з ім я ў 1969 годзе падчас нашай сумеснай працы ў вучылішчы, пасля чаго падтрымліваў стасункі да самай яго смерці. Мы шмат размаўлялі. Ён заўжды выказваў арыгінальныя, вывераныя жыццём і вопытам думкі.

Нарадзіўся Валянцін Васільевіч у 1925 годзе ў вёсцы Заастроўе Вінаградаўскага раёна Архангельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля сямігодкі працаваў у калгасе. У 1942 годзе ва ўзросце 17 гадоў добраахвотнікам пайшоў у армію. Дзеля гэтага нават год сабе прыпісаў. Змагаўся за Радзіму, не шкадуючы жыцця. Служыў танкістам. Сярод яго баявых сяброў быў брат Зоі Касмадзям’янскай Аляксандр, пасмяротна ўганараваны званнем Героя Савецкага Саюза. Валянцін Васільевіч вызваляў ад фашыстаў Беларусь, у тым ліку і Мінск. Баявы шлях закончыў ва Усходняй Прусіі. За адвагу і мужнасць, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, узнагароджаны шматлікімі медалямі, ордэнамі, у тым ліку ордэнам Славы ІІ і ІІІ ступеняў. Пасля вайны праслужыў у арміі да 1951 года. Апошняя вайсковая пасада – партарг танкавага батальёна…

Здавалася, я ведаў усё з яго біяграфіі. Але нядаўняя сустрэча ў Смілавіцкай пасялковай бібліятэцы з яго дачкой Тамарай пахіснула гэтую ўпэўненасць. У размове мяне «зачапіў» сказ: «…У яго быў сын палка, які жыве ў Мінску».

Не чакаў такога павароту. Узяў нумар тэлефона і звязаўся з былым выхаванцам танкавага палка Леанідам Iванавічам Паповым, 1933 года нараджэння. Яго аповед узрушыў. Мяркую, што ён не пакіне раўнадушнымі і чытачоў.

Вось што ён расказаў: «Мы жылі ў Мінску. Калі пачалі бамбіць горад, адна бомба трапіла ў наш дом. Бацькі загінулі. Я застаўся жывым таму, што знаходзіўся ў суседнім двары. Некалькі дзён бадзяўся галодным па Мінску, затым пайшоў па Маскоўскай шашы. Затрымліваўся ў вёсках, пабіраўся. Дзесьці зімою дайшоў да Плісы. Мерзнуў, галадаў. Хутка пакідаў цёплыя месцы – баяўся нямецкай аблавы. У лясах ля Плісы ўжо дзейнічалі партызаны. Яны і падабралі мяне. Я знаходзіўся ў партызанскім атрадзе да самага вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Спачатку пасвіў кароў ды на кухні бульбу абіраў. Праз нейкі час пачаў з байцамі хадзіць у разведку. Узнагароджаны медалём «Партызан Вялікай Айчыннай вайны» I ступені. Атрад прыбыў у Мінск на парад, а з ім і я, ды потым яго пакінуў. Пачаў шукаць знаёмых. Нікога не спаткаў. Праяўлялі спагаду да мяне шмат добрых людзей: давалі есці, запрашалі ісці з імі. Ды штосьці іх прапановы не краналі мяне. Аднойчы са мной загаварыў малады прыгожы танкіст. Я ўжо разбіраўся ў родах войск. Запрасіў у полк, у танку паездзіць. У вайсковай часці мяне сытна пакармілі. Прапанавалі стаць сынам палка – я пагадзіўся з вялікай радасцю. Хутка самым блізкім сябрам стаў танкіст-старшына, які прывёў мяне ў полк. Ён поўнасцю ўзяў на сябе клопат аб маёй асобе. Мне ж пасля лесу ўсё хацелася рукамі пакратаць, пасядзець у танку. Нягледзячы на маладосць, старшыну пачалі зваць бацькам сына палка, гэта значыць – маім. Больш нікога так не называлі, нават камандзіра. Мне з ім было вельмі цікава. У перапынках паміж баямі мы вывучалі танк. З танкістамі сустрэў Перамогу ва Усходняй Прусіі. У палку меў і абавязкі, якія з задавальненнем выконваў: дапамагаў сувязістам, быў пасыльным, выконваў і іншую патрэбную работу.

Узнагароджаны медалямі «За взятие Кенигсберга», «За Победу над Германией».

У 1947 годзе мне споўнілася 14 гадоў. З гэтай нагоды сфатаграфаваліся. Здымак падпісалі: «На память Леониду Попову от близких тебе людей Валентина и Михаила».

Бліжэй за Валянціна Васільевіча ў мяне нікога не было – я прызнаваў яго за бацьку. Яму як кавалеру ордэна Славы прысвоілі афіцэрскае званне. Радасці маёй не было межаў.

Пасля вайны полк перадыслацыраваўся ў г. Бярозу Брэсцкай вобласці. Валянцін Васільевіч стаў партаргам батальёна. Я ж скончыў 10 класаў вячэрняй школы.

У палку выхоўваўся да 1953 года, пакуль не закончыў сярэднюю школу. Адчуваў агульны клопат, але ў першую чаргу – ад Валянціна Васільевіча. Калі захварэў і не змог згінацца – ён мяне ўласнаручна абуваў. Пільна сачыў за маім абмундзіраваннем.

Ён быў не па гадах мудрым чалавекам і добра бачыў далёкую перспектыву. Менавіта па яго парадзе я паступіў на гістарычны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта.

Адносіны нашы не парываліся і тады, калі ён ажаніўся. Мяне лічылі членам сям’і. Валянцін Васільевіч і полк падтрымлівалі мяне матэрыяльна падчас вучобы ва ўніверсітэце, прысылалі ў Ленінград грашовыя пераводы. Сабралі грошай і камандзіравалі ў Талін вайскоўца, які быў родам адтуль. Ён купіў шыкоўны касцюм, каб я змог выглядаць, як і ўсе маладыя людзі. I ва ўсім гэтым адчувалася арганізатарская роля Валянціна Васільевіча.

Я вучыўся, а ён ужо шукаў месца працы. I знайшоў. I не дзе-небудзь, а ў Мінскім сувораўскім вучылішчы, у якім лічылі за гонар працаваць вопытныя педагогі – не раўня мне маладому.

Жылля ў Мінску ў мяне не было. Доўгі час жыў у сям’і Валянціна Васільевіча ў вёсцы Заполле Чэрвеньскага раёна.

Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.

₺15,77
Yaş sınırı:
12+
Litres'teki yayın tarihi:
20 aralık 2016
Yazıldığı tarih:
2016
Hacim:
50 s. 1 illüstrasyon
ISBN:
978-985-7103-63-8
İndirme biçimi:
Seriye dahil "Дзеці вайны"
Serinin tüm kitapları
Metin
Ortalama puan 5, 3 oylamaya göre