Kitabı oku: «На дняпроўскім лузе»
© Сліва М., 2019
© ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2019
Міхась Сліва

Аўтар шматлікіх кніг прозы «Усмешка Джаконды», «Прыгожыя караблі», «Запрашаю ўсміхнуцца», «Ход канём», «Сустрэліся кум з кумой», «Віртуальнае каханне», «Радасць жыцця», «Клюква по знакомству», «Жыццё на Парнасе», «…І мора па калена»; кніг для дзяцей «Кот Матрос», «Як кнігі дзяўчынку выхавалі»; зборнікаў літаратуразнаўчых і літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій «Найвышэйшае і светлае» і «Лік, які выратоўвае»; публікацый у калектыўных зборніках, альманахах, часопісах, газетах.
Уганараваны рэспубліканскай літаратурнай прэміяй «Залаты Купідон». Лаўрэат абласных літаратурных прэмій імя К. Тураўскага і А. Капусціна, лаўрэат конкурсу Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро».
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў.
Прыгожыя караблі
Прыгожыя караблі
На невялікай чыгуначнай станцыі сустрэліся два цягнікі. На некалькі хвілін спыніліся.
У адным з вагонаў, гледзячы ў акно, сядзеў мужчына сярэдніх год з прыемным, дабрадушным тварам. У вагоне насупраць у асветленым акне, бы ў зарамленай карціне, застыла сімпатычная жанчына. Яна паглядала на мужчыну. Той таксама глянуў на яе. Іх позіркі сышліся.
«Які светлы твар, – падумала жанчына. – Відаць, што чалавек добры. Магчыма, з ім была б шчаслівая.
Шчасце… Многія мне зайздросцяць: кватэра, машына, дача, муж добра зарабляе, у педкалектыве карыстаюся аўтарытэтам, дзеці дарослыя. Але на сэрцы радасці няма. Бо муж заняты толькі сабой. Яго праца, яго захапленні, яго справы. Вечна надзьмуты, вечна хмуры. Цяжка ўспомніць ужо, калі проста размаўлялі як людзі. Ідзе з дому раненька, вяртаецца позна. Можа, у яго ёсць хто? Спрабавала па-шчырасці пагутарыць, але дзе там. Тут жа знаходзіць тэрміновую справу, і толькі яго бачыла! І зноў адна… Машына, дача. За букет кветак, за прыемную ўсмешку аддала б усё гэта!»
«Якім шчаслівым я мог бы быць з ёю! – думаў мужчына. – Такія добрыя, прыгожыя вочы не могуць быць у дрэннага чалавека. Як хочацца клопату, увагі, спагады, жаночай ласкі… А яе няма, бо ў жонкі ў галаве зусім іншае. У яе, адчуваецца, гарыць сэрца па суседу, высокаму, стройнаму таксісту. Яго амаль ніколі няма дома, але калі ён з’яўляецца ў двары або калі жонка заўважыць яго праз акно, яна адразу мяняецца. Замыкаецца ў сабе, становіцца нервовай, злой. І тут ужо не дапамогуць ні твая ўвага, ні тое, што ты гадзінамі тупаеш на кухні. А не стрымаешся, заўважыць, што раўнуеш, – яшчэ горш будзе».
…Цягнік, у якім ехала жанчына, крануўся з месца і пачаў набіраць хуткасць. Крануўся і той, у якім сядзеў мужчына. «Прыгожымі здаюцца заўсёды тыя караблі, якія праходзяць міма», – успомніў ён нечыя словы і цяжка ўздыхнуў.
Перасяленне
Разбудзіў яго тэлефонны званок. «Вось яны, “перавагі” прагрэсу, – незадаволена паморшчыўся Максім. – А не было б тэлефона – хоць бы выспаўся…»
Званок быў з працы. Сакратарка Света паведаміла, што патэлефанавалі з вобласці, і яму, як галоўнаму архітэктару, трэба ехаць узгадніць дакументы.
– А намеснік мой навошта! – усклікнуў Максім. – Скажыце Дзянісу Пятровічу, хай зоймецца. А я – у адпачынку, мяне – няма, шаноўная Святлана Іванаўна!
Даўно ўжо ён марыў, што пойдзе ў водпуск, зоймецца любімай справай – маляваннем. У Максіма добра атрымліваліся пейзажныя эцюды, асабліва з малюнкамі ваколіц вёскі Белыя Берагі, адкуль родам яго жонка Марына. Зараз, пакуль яна ў сталіцы на курсах павышэння кваліфікацыі інжынера-праграміста, ён рашыў паехаць у вёску і адвесці душу любімым заняткам.
Белыя Берагі… Палюбіў Максім гэтую вёсачку моцна. «Гэта таму, што ты мяне кахаеш», – жартавала Марына. «А ты мяне?» – задаваў ёй сустрэчнае пытанне Максім. «О, калі б ты кахаў мяне так, як я – цябе, я была б самай шчаслівай жанчынай на свеце!» – адказвала жонка.
Максім паклаў трубку на апарат, задумаўся. Успомнілася апошняя паездка ў вёску…
– Глядзі, свежая магілка! – усклікнула Марына, паказваючы на край сцяжыны.
– Можа, памёр стары Макар з Ціхага Кута, – няпэўна адгукнуўся Максім. Яны не былі ў вёсцы ўжо больш трох тыдняў, сёння прыехалі з горада і адразу завіталі на могілкі, нікога не сустрэўшы з вяскоўцаў. Дый каго сустрэнеш, калі ў вёсцы засталося ўсяго шэсць хат «жывых» – у дзвюх жывуць дзядулі з бабулямі, у адной – стары дзядзька з двума сынамі-халасцякамі, яшчэ ў адной – удава-пенсіянерка, а летам на ўскраі вёскі ў малюсенькай хатцы, якая засталася ад бацькоў-нябожчыкаў, пасяляецца дачнік з горада. Вось і ўвесь сучасны «кантынгент» гэтай вёскі, якая, здаецца, зусім нядаўна яшчэ была вялікай, шматлюднай, шумнай, вясёлай, а стала неперспектыўнай… Большасць яе жыхароў перасяліліся ўжо на могілкі, знайшлі спачын у маладым бярэзніку.
Могілкі размяшчаліся на значнай адлегласці ад вёскі, на мяжы двух раёнаў. Хавалі нябожчыкаў тут з усёй ваколіцы – вёсак Белыя Берагі, Прырэчча і пасёлка Ціхі Кут. І з суседняга раёна на стары могільнік, дзе знаходзіцца прах колішніх паноў, падкладвалі нябожчыкаў. Перасяленне апошнім часам ішло актыўна…
Наведванне вясковых могілак, дзе пахаваны іх родныя і блізкія, стала ўжо для Максіма і Марыны Новікавых сямейнай традыцыяй. Абое – і муж, і жонка – адчувалі ўнутраную патрэбу як мага часцей бываць у гэтай ціхай мясціне, дзе знайшлі вечны прытулак Марыніны бацька, маці, старэйшы брат, дзед, прадзед, бабулі і прабабулі, стрыечныя родзічы, сваякі.
– Я ж як пабуду тут, дык быццам сустрэнуся з усімі, – казала Марына.
Аднавяскоўцы, большасць з якіх даўно ўжо абжыліся ў гарадах, звычайна прыязджалі сюды на Радаўніцу або перад ёй, як у каго атрымлівалася. Частыя паходы Новікавых на гэтае новае «паселішча», якое з кожным годам пашыралася, можна было растлумачыць яшчэ і тым, што размяшчалася яно ў невялікім гаёчку, дзе, акрамя прыгожых бяроз, раслі маладыя клёнікі, ліпкі, рабінкі, было тут і некалькі дубкоў. За восень вецер наносіў кучы лісця. Таму Новікавы ўзялі за правіла позняй восенню вычышчаць лісце і ўсё смецце, якое накоплівалася тут за лета. Бо вясной тады рады не дасі, таму што плошчы, якія ім даводзілася прыбіраць, немалыя: Максім налічыў ажно чатырнаццаць магіл. Штогод Новікавы фарбавалі агароджы, наводзілі парадак. Звычайна бралі з сабой і дзяцей – сына Алёшу і дачку Олю, калі тыя яшчэ былі школьнікамі, а цяпер яны – студэнты, мелі менш часу для такіх паездак.
– Звярні ўвагу, – працягвала Марына, – тут ужо адвялі месца і яшчэ аднаму чалавеку!
– Нічога дзіўнага, – адгукнуўся Максім, – кожнаму хочацца быць побач са сваімі. Я вось таксама…
– Зноў ты заводзіш сваю «шарманку»! – сярдзіта перабіла яго Марына. – Знясі вось лепш лісце! Дарэчы, цікава, ці паедзе хоць сёлета Фёдар да бацькоў?
Фёдар – яго сябар дзяцінства. Часта вяртаецца думкамі ў тую пару Максім. А ўспомніцца дзяцінства – усё быццам ускалыхнецца ў душы, заные нейкім светлым смуткам. Не, што ні кажы, колькі год не пройдзе, а часы дзяцінства і юнацтва заўсёды ў памяці як самыя яркія і, напэўна, самыя лепшыя і бесклапотныя ў жыцці…
Фёдар зараз таксама пры пасадзе – галоўны інжынер буйнога вытворчага аб’яднання ў вобласці, мае магчымасць наведваць родныя мясціны. Але ж ён нават дакладна не ведае магілу свайго бацькі, бо няма на ёй ні агароджы, ні надпісу на крыжы. Аднойчы яны ўдвух зайшлі, доўга блукалі, але так дакладна і не вызначылі, дзе пахаваны бацька Фёдара. Ну, а пра дачок яго ўжо і казаць не даводзіцца, бо ні разу бацькі не звазілі на дзедаву магілу..
– Эх, Федзя, Федзя, – з узрушэннем прашаптаў Максім, успомніўшы як не вельмі даўно да яго ў кабінет зайшоў пажылы мужчына, былы аднавясковец. Зайшоў з незвычайнай просьбай: каб Максім пазваніў Фёдару і прысароміў, бо вяскоўцы ўжо ўсе абураюцца – больш як дзесяць гадоў ні разу не глянуў на бацькаву і матчыну магілы. Добра, што там, у іх роднай вёсцы Слаўнае, і людзі такія ж – слаўныя: працавітыя, гаспадарлівыя, спагадлівыя. Гэта ж можна толькі ганарыцца – да апошняга часу не было ніводнага п’яніцы! А ў гады вайны вёска была партызанскай, за што фашысты і спалілі яе разам з жыхарамі.
Зараз тут шануюць памяць аб загінуўшых у вайну і памерлых у мірны час: штогод напярэдадні Радаўніцы ўсе, хто яшчэ можа працаваць, прыходзяць на могілкі і дружна, грамадою наводзяць парадак. Нават калі ў кагосьці не атрымліваецца прыехаць здалёк, можна не хвалявацца – на могілках заўсёды чыста. Нават больш таго – і навокал, за агульнай агароджай, парадак. Нездарма Максім прывозіў сюды, у маляўнічы сасоннік на краю вёскі, некаторых раённых кіраўнікоў, каб паказаць, як можна ўтрымліваць гэтае святое месца, нават калі ў вёсцы засталося мала жыхароў…
Дык вось зямляк і прасіў Максіма напомніць Фёдару пра яго сыноўні абавязак. Максім тут жа набраў хатні нумар сябра, але тэлефон не адказваў. Тады ён пазваніў яму на працу. «Фёдар Іванавіч у адпачынку. Званіце праз месяц», – пачуўся ветлівы голас сакратаркі.
Максім яшчэ некалькі разоў спрабаваў патэлефанаваць Фёдару, але, напэўна, у таго змяніўся нумар. Аднойчы, ранняй вясной, будучы па справах у абласным цэнтры, зайшоў на кватэру да сябра дзяцінства. Адчыніла яго жонка, Клава.
Максім ведаў яе яшчэ з маладосці, калі Фёдар толькі пазнаёміўся з ёй. Быў і на вяселлі ў іх. Потым нярэдка сустракаліся. Клава ўсё жыццё нідзе не працавала, бо выхоўвала дзвюх дачок. Хаця, чаго крывіць душой, магчымасць ісці працаваць была, ды яшчэ якая: Фёдар забраў сваю маці да сябе, тая рыхтавала абеды, глядзела дзяўчынак. Але Клаве – па адукацыі тэхніку-тэхнолагу хімічнай прамысловасці – страшна было распачынаць сваю працоўную дзейнасць, і яна абівала бакі, сноўдалася па кватэры. Балазе, кватэра чатырохпакаёвая, месца хапала. Клава, на выгляд ціхая, спакойная, хутка на Фёдара надзела аброць. Як кажуць, у ціхім балоце чэрці водзяцца…
Фёдараў бацька памёр рана. А ў маці, якая хоць і стала жыць у сына бесклапотна, як у вёсцы казалі, у «шайнасці», нечакана выявілася невылечная хвароба. Тады ў Клавы закруціла ў носе, паставіла Фёдару ўмову: мне твая маці не патрэбна, з бальніцы да сябе ў кватэру не пушчу, бо раптам заражуся!
Фёдара выручыла стрыечная сястра Ганна, якая жыла ў іншай вёсцы адна, была яшчэ пры сіле. Завёз Фёдар сваю маці туды, хоць сэрца і шчымела.
Максім у той час жыў далёка ад родных мясцін, не ведаў усіх падрабязнасцей. А калі нарэшце сустрэў Фёдара, той, на добрым падпітку ў гонар сустрэчы, па сакрэту сказаў: «Пастаўлю на ногі дачок – і скажу «Бывай!» сваёй Клаўдзіі Анісімаўне за яе такія адносіны».
Хаўтуры справіла пляменніца маці Фёдара, Ганна. Прыехала і Клава. Спрабавала нават пусціць слязу, але гэта выклікала толькі прыкрасць і злосць у тых, хто быў побач.
Час бяжыць хутка. Не стала на свеце і Ганны. Фёдара, як высветлілася пазней, жонка на пахаванне стрыечнай сястры не пусціла.
…Пакуль Максім распытваў у Клавы пра жыццё-быццё, запісаў іх новы нумар тэлефона, вярнуўся з працы і Фёдар. Узялі па чарцы за сустрэчу. Высветлілася, што дачок сваіх Фёдар «паставіў на ногі» – даў вышэйшую эканамічную адукацыю, уладкаваў у яшчэ адзін «вуз» – выдаў удала замуж, але Клаве «Бывай!» не сказаў. Прывык, відаць. Дый характар такі, як кажуць, цямця-лямця.
І тут Максім стаў здалёк падводзіць да таго, што нядобра так – не бываць на родных могілках.
– Хіба ты забыў, сябра, як над табой калаціліся бацька з маці? Як яны цябе любілі і шкадавалі? Ты ж адзіны сын! Што з табой здарылася? Дажыўся, што чужыя людзі нават павязваюць на крыжах стужкі, прыбіраюць на могілках вясной лісце, шыгалку, пясочку падсыпаюць…
Клава зацята маўчала, а Федзя згодна ківаў галавой і падтакваў: трэба, абавязкова трэба з’ездзіць.
– Глядзіце ж, каб не сорамна было перад людзьмі! – сказаў тады на развітанне Максім. – Вунь Андрэй Яўменаў, ты ж ведаеш нашага земляка, пятнаццаць гадоў адсядзеў за забойства чалавека, і то кожны раз здалёк прыязджае, наведвае магілу сваёй маці. А вы нават нагой не ступаеце!..
Па даўнай завядзёнцы, на Радаўніцу, Максім з Марынай з’ездзілі ў Белыя Берагі, а ў Слаўнае, дзе быў пахаваны Максімаў бацька, завіталі на другі дзень. Толькі выйшлі з аўтобуса – насустрач імчыць на веласіпедзе Іван Кузняцоў. Яму ўжо за семдзесят гадоў, але ён тут зараз адзін з самых моцных і актыўных жыхароў. Радасна павітаўшыся, ён паведаміў:
– А вы хіба не сустрэлі аўтамабіль? Фёдар жа прыязджаў на нейкай шыкоўнай іншамарцы. Казаў, пабыў на могілках, а зараз заедзе да родзічаў у Залессе.
– Ах, як шкада, што не засталі, – засмуціліся Новікавы.
Яны тады наведалі ўсе магілы землякоў, аддалі даніну павагі, успомнілі добрым словам. І звярнулі ўвагу, што на магілах Фёдаравых бацькоў не было ні кветачкі..
Праз некалькі дзён Максім пазваніў Фёдару:
– Слухай, сябра, шкада, што мы размінуліся. А ты ў Залессе заязджаў?
– Ды я… – адчувалася, што Фёдар нечакана збянтэжыўся. А ў тэлефоннай трубцы пачуўся і голас Клавы, якая, відаць, была побач з мужам.
– Я нікуды не ездзіў, – нейкім драўляным голасам прамовіў Фёдар.
– Дык Іван жа Кузняцоў казаў, што бачыўся і размаўляў з табой! – не адступаў Максім.
– Нікуды я не ездзіў, – паўтарыў Фёдар і стаў развітвацца.
– Значыць, ездзіў потайкам ад сваёй Анісімаўны! – «вылічыла» тады Марына. – Але чаму хоць кветачку якую не паклаў?
…Адарваўшыся ад думак, Максім рашыў неадкладна ехаць у Белыя Берагі. Сабраў усе неабходныя рэчы, сёе-тое з харчоў (а там прыедзе аўталаўка – можна будзе дакупіць!) і паімчаў на аўтавакзал.
Больш як тыдзень ён пражыў у хаце нябожчыка-цесця, зрабіў шмат малюнкаў і накідаў, а самае галоўнае – цудоўна адпачыў.
Вярнуўся дадому – і адразу да паштовай скрыні. Там набілася столькі рознай карэспандэнцыі, што нават не ўмяшчалася, бо Максім, нягледзячы на дарагавізну, выпісваў процьму газет і часопісаў. Максім стаў разбіраць. Вылецела з газеты і ластаўкай паляцела долу тэлеграма. Максім падхапіў яе. Тэлеграма была ад Клавы. Яна паведамляла, што нечакана памёр Федзя. Здарылася гэта, мяркуючы па даце адпраўкі тэлеграмы, якраз тыдзень таму.
Максім кінуўся да тэлефона. Трубку падняла Клава. Маркотным голасам яна расказала пра раптоўную хваробу – інфаркт міякарда сэрца – і адыход з жыцця яго сябра, стала плакаць, як жа ёй жыць, бо да пенсіі яшчэ далёка…
– А дзе вы яго пахавалі? – не вытрымаў Максім.
– Ведаеш, зараз так цяжка і дорага з пахаваннем. Дык мы Федзю крэміравалі…
Максім раптоўна кінуў трубку і выйшаў на балкон курыць. Душа яго была не на месцы…
Бумеранг
Пераехаўшы жыць у іншы раён горада, Віктар стаў часта сустракаць там гэтага мужчыну. Той прыцягваў увагу сваёй знешнасцю: на лбе быў вялікі шрам, заўсёды падрапаны твар, а пад вачамі і на руках часта былі сінякі і раны. Увогуле выгляд быў замучанага чалавека, які ніколі не глядзеў сустрэчнаму ў вочы. І амаль заўсёды ён быў нецвярозы, у зашмальцаванай вопратцы, на якой не хапала гузікаў.
Віктар доўга прыглядаўся да мужчыны і ніяк не мог зразумець, адкуль ён яго ведае. Ён быў такім знаёмым – і не пазнавальным! Аднойчы Віктар не вытрымаў і, сустрэўшы на пустыннай вуліцы, спыніў мужчыну:
– Прабачце, калі ласка, вы не вучыліся ў Белабярэжскай школе?
– Вучыўся, – ахвотна адказаў мужчына. – І вас памятаю, – заблішчалі ў яго вочы. – Вы ж таксама там вучыліся…
– Вы мяне ведаеце? – здзівіўся Віктар.
– Так, я на тры класы ішоў пазней вас. Памятаю, як вы паказвалі рэкорды ў лёгкай атлетыцы, мы тады ўсе бралі з вас прыклад.
– Дык гэта ж прайшло амаль трыццаць гадоў!..
– Вас завуць Віктар Кандраценя.
– Так. А вас?
– А я Аркадзь, сын дырэктара школы Пятра Тарасавіча.
Віктар шырока раскрыў вочы ад здзіўлення. «Божа мой, няўжо гэта той сімпатычны хлапчук, які добра вучыўся і падабаўся настаўнікам і вучням?..»
– І чым ты зараз займаешся? – перайшоў на «ты» Віктар.
– Пасля заканчэння політэхнічнага працаваў на аўтазаводзе, а зараз пакуль што не працую, – Аркадзь крыху зніякавеў і стаў развітвацца.
– А жанаты на Веры? – не ўтрымаўся Віктар. Вера была дачкой завуча школы, да яе заляцаліся многія мясцовыя хлопцы, але яна аддавала перавагу сыну дырэктара. Аб гэтым Віктар даведаўся ад сваіх бацькоў, калі ў час вучобы ў сельскагаспадарчай акадэміі прыязджаў дадому на канікулы. Жыў ён у аддаленай вёсцы, таму з дырэктаравым сынам сустракацца не даводзілася.
– На Веры, – чамусьці ўсміхнуўся Аркадзь і пайшоў сваёй дарогай.
Віктара яшчэ больш заінтрыгавала тое, што сын дырэктара школы, па спецыяльнасці інжынер, мае такое аблічча. Але ж не будзеш лезці ў душу чалавека, дапытвацца, як жыве, чаму дакаціўся да такога стану…
І вось аднойчы Віктару пашанцавала – у магазіне нечакана ўбачыў Веру. Пазнаў яе адразу, бо і яму падабалася яна ў школьныя гады. Была яна па-ранейшаму прывабнай на выгляд, усё такімі ж былі прыгожыя ад прыроды рысы твару, невысокая зграбная постаць. А вось у вачах быў бязмежны сум.
– Віктар?!. – радасна ўсклікнула яна. – Цэлую вечнасць не бачыліся! Як ты жывеш?
– Нармальна. Вось памяняў кватэру, з большай на меншую, атрымаў даплату ды дапамог сыну кватэру пабудаваць. Я раней жыў у Чыжоўцы, а зараз вось у вашым мікрараёне…
– А-а-а… А я думаю, за столькі гадоў ні разу не сустрэліся…
– Раскажы пра сябе! – Віктар уважліва глядзеў у Верыны вочы, поўныя смутку. – Я сустрэў з месяц таму твайго мужа…
– Аркадзя? – неяк загадкава ўсміхнулася Вера. – Даўно ўжо ён мне не муж, хоць і жывём у адной кватэры. Прыватызавалі калісьці, а зараз вось пакутуем. Развяліся, а кватэру – двухпакаёвую «хрушчоўку» размяняць ніяк не можам.
Вера памаўчала. Відаць было, што сямейнае жыццё яе не песціла, хваліцца няма чым.
– А пачалося ўсё з-за дробязі, – працягвала Вера, цярэбячы гузікі на сваім старым паліто. – Стаў Аркадзь прыходзіць з працы крыху выпіўшым. Калі я ўшчувала яго, маўляў, лепш бы дзецям цукерак купіў, Аркадзь тлумачыў, што нельга было адмовіцца, дый наогул, што тут такога, зняў стрэс пасля работы… І вось такое зняцце стрэсаў працягвалася год, другі, трэці… А потым пачалася наогул катарга. З работы турнулі, а быў жа інжынерам! Стаў простым рабочым, а затым перабіваўся выпадковымі заробкамі. А дзеці – сын і дачка – падрасталі, трэба ж было карміць, апранаць, потым сын у тэхнікум паступіў, а дачка – у медвучылішча. А што я зраблю з адной сваёй зарплаты?
Аркадзь жа, замест таго, каб дамоў прыносіць грошы, стаў выносіць з дому, прычым не толькі грошы, але і рэчы. Ён і не заўважыў, як захварэў на алкагалізм. А потым спахапіўся, але было ўжо позна. Ён разумеў, што робіць няправільна, дрэнна, што ап’яненне – гэта добраахвотнае вар’яцтва чалавека. Аднойчы ў час прасвятлення ў яго нават верш нарадзіўся:
Начинается снова запой,
Начинаются снова страдания
Для меня и моей дорогой,
Что грозилась сказать «До свиданья…»
А як ён пакутваў! Спачатку тыдзень-два беспрабудна п’е, а потым – хварэе. Віно яму помсціла. Я настаяла, каб закадзіраваўся. Сябры дапамаглі, завялі да ўрача. Амаль год гэта быў зусім іншы чалавек: і з дзецьмі стаў займацца, і па гаспадарцы дапамагаць. Але аднойчы выпіў піва. Потым уцягнуўся – пойдзе ў летні павільён, надзене акуляры ад сонца і сядзіць з півам цэлы дзень. Калі станеш сарамаціць, ён пачынае лаяцца, кідацца з кулакамі да мяне і дзяцей. Як усё роўна падмянілі чалавека! Зрабіўся нейкім ненармальным. А потым звязаўся з такімі ж п’янтосамі з нашага двара і дапіўся да таго, што стаў начаваць пад плотам, галаву хтосьці разбіў яму… Неўзабаве ўчастковы інспектар аформіў дакументы – і загрымеў мой Аркадзь у лячэбна-працоўны прафілакторый.
Мы ўжо к гэтаму часу былі разведзеныя. Мне сорамна было нават прызнацца, што гэта быў мой муж…
На вачах у Веры з’явіліся слёзы. Віктар бачыў, што ёй цяжка было гаварыць. Ён узяў яе за рукі, паціснуў іх і прамовіў:
– Не хвалюйся, Вера, у цябе ж цудоўныя дзеці, усё будзе добра.
Жанчына слаба ўсміхнулася, удзячнасцю засвяціліся яе прыгожыя вочы…
Віктар развітаўся і шпарка пакрочыў па вуліцы ў супрацьлеглы бок. Нечакана з’явілася нейкая думка – згадка пра школьныя гады. І раптам – як азарэнне: «Дык вось яно што! Хто б мог падумаць! Як кажуць: не судзіце іншага».
Віктар успомніў Аркадзевага бацьку, дырэктара школы Пятра Тарасавіча. Ён выкладаў гісторыю. Але ўрокі яго праходзілі незвычайна: адразу задаваў дамашняе заданне, маўляў, падрыхтуйцеся самастойна, а большую частку адведзенага часу прысвячаў… «натацыям» дзецям, чые бацькі вялі сябе недастаткова прыстойна. Асабліва даставалася тым вучням, бацькі якіх часта выпівалі, дрэнна паводзілі сябе ў людзях і дома. Віктар і яго аднакласнікі не ведалі і не маглі тады адказаць Пятру Тарасавічу знакамітымі словамі: «Дзеці за бацькоў не адказваюць».
Пятро Тарасавіч быў сакратаром мясцовай партячэйкі, народным дружыннікам, дэпутатам сельскага Савета і яшчэ немаведама кім. Адным словам, актывіст на ўсе сто. «Да ўсіх бочак шпунт», – казалі пра яго аднавяскоўцы. Але нічога не зробіш – дырэктар школы, настаўнік. Вучні, хоць у іх і сэрцы сціскаліся, а ў некаторых нават слёзы на вачах з’яўляліся, цярпліва слухалі яго «лекцыі» пра сваіх няўдалых бацькоў і ў нейкай меры зайздросцілі Аркадзю, сыну Пятра Тарасавіча. Бо Аркадзеў бацька выстаўляў сябе ўзорам для ўсіх вясковых мужчын. І сыну, як кажуць, было з каго прыклад браць…
Пятра Тарасавіча даўно ўжо няма на свеце. Застаўся адзіны яго сын, Аркадзь, які пераўзышоў самых няўдалых вясковых мужчын.
«Цікава, што зараз сказаў бы сваім вучням Пятро Тарасавіч?» – з горыччу падумаў Віктар.
Двое ў дарозе
Васіль любіць гэтую дарогу. Паабапал шляху стаіць густы задуменны, крыху нават таямнічы лес. Зіхацяць-пераліваюцца промні сонца ў вершалінах магутных соснаў. Як дзяўчынкі ў карункавых сукенках, расселіся маладыя елачкі.
Па гэтай дарозе Васіль ездзіць ужо больш як год. Дастаўляе малако з калгаса на маслазавод. Машына яму дасталася ад старога вопытнага шафёра Макаравіча. Той гадоў дваццаць працаваў на ёй, шанаваў надзвычай. Ідучы на пенсію, даверыў яе Васілю. Бачыў, што хлопец любіць тэхніку, і ў яго руках гэтая, як жартавалі таварышы, «старая калымага» яшчэ паслужыць.
Вось і знаёмы паварот з галоўнай магістралі на дарогу ў райцэнтр. Тут часта галасуюць пасажыры, якія прыходзяць сюды з лясной вёсачкі. Васіль заўсёды падвозіць. Асабліва цікава ехаць, калі цётка ці дзядзька трапяцца гаваркія. Якіх толькі гісторый не наслухаешся! Адно матай на вус.
На мінулым тыдні яго спыніла тут жанчына. Напрамілы Бог прасіла заехаць у вёску, забраць яе малога ў бальніцу.
Васіль на момант задумаўся: часу затраціць шмат, а сонца пячэ – малако можа сагрэцца. Але жанчына ледзь не плакала. І Васіль згадзіўся.
Як на бяду, на вузкай лясной дарозе машына загрузла ў вялізнай лужыне. Добра-такі павазіўся Васіль, пакуль выбраўся. Хворае дзіця ён завёз у бальніцу, і жанчына адразу кінулася шукаць урача.
Калі Васіль прыехаў на завод, малако сапраўды сагрэлася. І вось учора на агульным заводскім прафсаюзным сходзе пасля вырашэння розных пытанняў зачапілі і яго, Васіля. Асабліва гарачыўся шафёр Аўраменка Пятро.
– Едзе іншы, варон ловіць, а нам гэта бокам вылазіць! З-за розных недацёп квартальная прэмія накрыецца! – чым больш гаварыў Пятро, тым больш гнеўным рабіўся яго голас. Пятра не перабівалі, многія згодна ківалі галовамі.
Яго падтрымаў галоўны інжынер:
– Можа, яшчэ да дзяўчат куды заехаў! Бяры прыклад з Аўраменкі: ні разу за пяць гадоў не спазніўся.
Ад крыўды ў Васіля да горла падкаціў камяк. Памкнуўся ўстаць, расказаць усё, але не паспеў: паклікалі да тэлефона. Званіў брат з суседняга горада, дзяліўся радасцю: нарадзіўся сын. Пасля размовы на сход вяртацца Васіль не захацеў.
…Сёння на павароце пасажыраў не было. Яно і зразумела: самы разгар лета, усе ў полі ды на агародзе, раз’язджаць асабліва няма калі.
Да гарадка заставалася тры кіламетры, калі Васілю не пашанцавала. Заклініла матор. «Вось і зноў будзе Аўраменку нагода палаяць мяне, – у роспачы падумаў Васіль. – Цяпер ужо малако скісне, факт». Толькі падумаў гэтак Васіль, як паказалася машына Пятра Аўраменкі.
Хоць і думаў Васіль пра яго няпрыязна, але ўзрадаваўся. Свой чалавек не пакіне на дарозе, возьме на буксір. З вінаватай усмешкай ён выйшаў з-за паднятага капота насустрач Аўраменку. Той крыху пацішыў ход, памахаў рукой, маўляў, спяшаюся і…паехаў.
– Стой! – закрычаў Васіль. – Пачакай!
Але Аўраменка ўсё больш аддаляўся.
«У такога малако не скісне» – са злосцю падумаў Васіль. На яго шчасце неўзабаве пад’ехаў малады хлопец з аўтабазы, амаль равеснік.
– Не бядуй, браток, – супакоіў ён узрушанага Васіля, – свет не без добрых людзей. Зараз паімчым!
І палез па трос.
Некалі
Максім вяртаўся з роднай вёскі. Не наведваўся туды больш як пяць гадоў. За гэты час разрасліся прысады, а хаты як быццам сталі меншымі, некаторыя нават і не пазнаць. Ні родных, ні сваякоў у Максіма там ужо няма. Але ёсць выдатныя суседзі, гасцінныя аднавяскоўцы. Хто ні сустракаў на вуліцы, усе настойліва запрашалі да сябе.
Спыніўся Максім у былога суседа, брыгадзіра Данілы Антонавіча. Малады яшчэ мужчына, энергічна і ўдала гаспадарыць у роднай вёсцы Каменка. Ён і яго жонка Ніна, якая працуе ў паляводчай брыгадзе, расказалі госцю ўсе навіны…
Ад хвалявання, уражанняў ад сустрэчы з аднавяскоўцамі ў галаве быў сапраўдны калейдаскоп. І ўвесь час не давала спакою, свідравала адна думка: нешта забыў, не споўніў, не зрабіў…
Вырашыў выкарыстаць апрабаваны ўжо спосаб – пераключыў думкі на іншае, на працу, сям’ю, калег. І ўспомніў! Гэта ж ён не зайшоў да старой Марылі, жонкі дзеда Мікіты! Старой яе назваць і язык не паварочваўся, бо запомніў яе адносна маладой. Яна разам з Мікітам, які быў значна старэйшы за жонку, бавіла доўгія зімнія вечары ў хаце Максімавага бацькі. Мужчыны ўспаміналі баі на фронце ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Марыля ж мела своеасаблівы талент – пераўвасаблялася, капіравала мову, жэсты, міміку, характэрныя рысы таго, пра каго расказвала. Замуж яна прыйшла з суседняга мястэчка. Агульных знаёмых было шмат, і Марыля смяшыла ўсіх. Расказвала пра розныя смешныя здарэнні, выпадкі, размовы. І так было весела вечарамі!
І вось зараз зашчымела ў Максіма сэрца, што не зайшоў, не павітаўся, не пабачыўся. «Іншым разам адразу ж зайду да яе», – цвёрда вырашыў Максім.
«Іншым разам… А ці хутка гэта будзе? Ці атрымаецца так, як з любімым настаўнікам?» Максіма аж у холад кінула ад такіх думак.
Было ў яго ў свой час вялікае жаданне – заехаць у суседнюю вёску, дзе заканчваў дзясяты клас, да Яўгена Фёдаравіча. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ён выкладаў родную мову і літаратуру. Які гэта быў цудоўны чалавек, і якія захапляючыя былі ў яго ўрокі! Максім марыў купіць яму падарунак – якую-небудзь добрую кнігу і зайсці, пагутарыць, а галоўнае – сказаць «дзякуй».
Але ўсё было некалі. Усё неставала часу.
Прайшлі гады. Нарэшце Максім кінуў усё і паехаў.
Якое расчараванне і туга чакалі яго! Ужо два гады, як Яўген Фёдаравіч памёр. Словы ўдзячнасці, якія Максім сказаў яму над магілаю, ён ужо не пачуў.
Васількі
У той дзень у Алеся было многа працы на месцы, але начальнік распарадзіўся інакш – паслаў яго ў самую аддаленую гаспадарку, на край вобласці. Алесю было не прывыкаць да такіх сітуацый. Ён нават жартаваў сярод сяброў: «За што я люблю сваю працу, дык за тое, што не ведаю, дзе магу аказацца, бо планую з раніцы адно, а даводзіцца займацца іншым».
Алесь хутка зрабіў усё, што трэба было, звязанае з працай. Потым, падзякаваўшы старшыні за запрашэнне на абед, спытаў, дзе ў іх найбольш урадзіла жыта. Высветлілася, што поле гэтае недалёка ад магістралі. Старшыня, пажылы, сур’ёзны чалавек, недаўменна паглядзеў на Алеся. Але растлумачыў вадзіцелю, як ехаць.
І вось машына імчыць па пыльнай дарозе, абапал якой раскінуліся жытнёвыя палеткі. Неўзабаве Алесь убачыў шмат васількоў.
– Стой! – гучней, чым трэба, крыкнуў ён вадзіцелю. – Спыніся!
Выскачыў, стаў хуценька рваць. Назбіраўшы цэлы букет, ён загарнуў іх у газету, беражліва паклаў на задняе сядзенне машыны.
Пасля працы Алесь бягом кінуўся да таго месца, дзе яго заўсёды чакала Ларыса. Сёння, ён ведаў, яе не будзе, бо ўчора вельмі пакрыўдзіў каханую, і яна сказала, што больш не сустрэнуцца.
Ён кахаў яе. Кахаў даўно, моцна, страсна…
Не звяртаючы ўвагі на прахожых, Алесь з васількамі ў руцэ бег па вуліцы. Раптам ён заўважыў, што насустрач яму ідзе… Ларыса. Яна ўбачыла яго, твар яе заззяў радасцю, як дзве зоркі, свяціліся яе незвычайныя вочы…
Сюрпрыз
Пераступіўшы парог сваёй хаты, Вера здзіўлена азірнулася: вакол было чыста і ўтульна. Свежавымытая падлога. Поўны парадак на кухні, на стале вячэра.
«Няўжо Таня прыехала? – мільганула думка. – Дык наўрад жа, усяго два дні, як паехала з малым, рабочыя дні зараз, у адпачынку пабыла ўжо…»
Яшчэ больш здзівілася жанчына, калі ў сенцах убачыла даёнку з малаком, а ў хляве – карову і сытага парсюка, побач з ім было карыта з недаедзенай мешанню. І куры ўжо зачынены ў хлевушку.
– Сапраўдная казка, – не ўтрымалася Вера. – І як дарэчы.
Сёння, як ніколі, Вера стамілася, бо час быў гарачы – жніво, працы на таку хоць адбаўляй. Яна ўгаварыла сябровак – такіх жа жанчын перадпенсійнага ўзросту – папрацаваць у дзве змены.
Зноў зайшла ў хату, стала пераапранацца. Раптам дзверы расчыніліся і са ззяючым тварам увайшоў Сцёпа, яе муж. У руках ён трымаў вялізны букет кветак.
– Ну, віншую… – нібы саромеючыся, прамовіў ён і падаў кветкі Веры. Задумаў гэта сумысна.
– З чым? – ледзь не вырвалася ў той, бо дзень яе нараджэння яшчэ не хутка, свята 8 Сакавіка – таксама. Але зірнула на сцяну, дзе вісеў каляндар. Ён паказваў дваццаць першае жніўня – дзень яе нараджэння. Спачатку яна разгубілася, але ўспомніла, што гэта ўнук, які быў у гасцях, потайкам ад дзеда адарваў лішнія лісткі календара…
Вера ўзяла букет і моцна пацалавала Сцяпана. Сэрца яе напоўнілася ўдзячнасцю.
Стары сшытак
– Дык вось, – пачаў Андрэй Усцінавіч, сядаючы бліжэй да гасцей. – Раскажу я вам гісторыю пра свайго колішняга начальніка. Звалі яго Кузьма Ягоравіч. Быў ён строгі і пануры. Часта даваў разгон нам, сваім падначаленым. Любімым заняткам Кузьмы Ягоравіча было чытанне нейкага тоўстага сшытка.
Гэта быў стары агульны сшытак у пацёртай карычневай вокладцы. Калі хто-небудзь заходзіў у кабінет Кузьмы Ягоравіча, ён хуценька хаваў сшытак у сейф. А ключ ад сейфа насіў заўжды ў кішэні.
Зайшоў я неяк да яго па справе. Гляджу – Кузьма Ягоравіч чытае свой тоўсты сшытак. І так зачытаўся, што мяне не заўважае. На твары шчаслівая ўсмешка, якую я ніколі раней у яго не бачыў. Вочы гараць нейкім дзіўным агнём.
Раптам следам за мной у кабінет зазірнуў мой калега. Вельмі гучна павітаўся. Разгублены Кузьма Ягоравіч аж падскочыў са сшыткам у руках. Імгненна выраз яго твару змяніўся, стаў сярдзітым. Не гледзячы на нас, ён хуценька засунуў сшытак у сейф…
Аднойчы Кузьма Ягоравіч цяжка захварэў і трапіў у бальніцу. А тут наляцела рэвізія са сталіцы. Тэрмінова спатрэбілася паглядзець нейкія дакументы з сейфа. Мы звярнуліся да жонкі Кузьмы Ягоравіча. Тая прынесла ключ.
І вось мы трымаем у руках запаветны сшытак. Той самы тоўсты сшытак, які начальнік чытаў потайкам шмат гадоў. Каліграфічным почыркам у ім былі запісаны ўсе выпадкі, калі Кузьма Ягоравіч пакараў таго ці іншага свайго падначаленага…
Рамантыка
– Эх, Васіль, Васіль!.. – паківала галавой Аксана, калі муж вярнуўся з працы. – Я цябе не пазнаю…
– А што здарылася?
– Мне нават не верыцца, што той рамантычны хлопец, за якога я ішла замуж, і ты, практычны муж, – адзін і той жа чалавек. Ты забыў ужо, што прыносіў мне мілыя букецікі кветак, рабіў нечаканыя прыемныя сюрпрызы, кранальныя падарункі! – разышлася жонка. – Ты хоць памятаеш, колькі разоў у год прыносіш мне кветкі?
Васіль стаў успамінаць…
– Не моршчы лоб, я сама нагадаю: на мой дзень нараджэння ды восьмага сакавіка! Куды мы з табой хадзілі, акрамя кіно! Дый то гады ў рады, пасля маіх шматлікіх просьбаў і грозьбаў. Божа, як з табой стала сумна і нудна!
– Даражэнькая, – пачаў прасіцца Васіль, – я так стаміўся, што мне зараз зусім не да рамантычных глупстваў.
– Дык ты лічыш, што гэта глупства!.. – залемантавала Аксана.
На другі дзень на працы Васіль завёў размову на гэтую тэму з Наталляй Самсонаўнай, вядучым інжынерам іх аддзела, жанчынай перадпенсійнага ўзросту, вельмі дасціпнай і добразычлівай.
– Тваю бяду я рукамі развяду, – весела зашчабятала тая. – Ты, Васіль, да вяселля гэтую рамантыку, відаць, выкарыстоўваў, каб заваяваць каханне Аксаны. Але, даражэнькі, адносіны ў сям’і трэба будаваць і ўдасканальваць пастаянна. Інакш ты рызыкуеш страціць тое, што стваралася не адзін дзень: узаемныя пачуцці, душэўную блізкасць, радасць зносін…
Васіль ажно рот разявіў, слухаючы калегу. А тая працягвала:
– Ты, сябра, недаацэньваеш псіхалогію жанчыны. Думаеш, калі прыносіш грошы дадому, дык усё будзе ў парадку? Не забывай, што жонка чакае ад цябе ў першую чаргу пяшчотных слоў, хоць ты яе і золатам абсыпаў. Ёсць жа куча мілых дробязей, якія амаль не патрабуюць часу. Напішы ласкавую запісачку і пакладзі яе жонцы ў сумачку. Вось убачыш, тваё задавальненне ад уласнай фантазіі будзе не меншым, чым радасць Аксаны…
Васіль прыслухаўся да парады. На сваім рабочым камп’ютары набраў, затым вывеў на прынтэры запіску, у якой прызнаваўся ў каханні Аксане, напрыдумваў кампліментаў, прапанаваў сустрэчу ў гарадскім парку ў першы выхадны дзень, а падпісаў прыдуманым імем – Артур.
Вечарам, калі жонка была ў ваннай, ціхенька палажыў запіску ў сумачку.
Ідучы на працу раніцай, Аксана ўспамінала словы сваёй сяброўкі Ніны: «Час праходзіць, мілая. Іншы раз варта і па баках паглядзець!..» А на яе даўно заглядваюцца мужчыны не толькі з іх цэха, але і з іншых. Асабліва старшы механік Артур Краўцоў падоўгу затрымлівае свой позірк на яе твары, ласкава ўсміхаецца пры сустрэчах. «А можа, і сапраўды варта звярнуць увагу на паклоннікаў?» – пранеслася ў галаве Аксаны думка.
На прахадной завода Аксана, дастаючы з сумачкі пропуск, заўважыла запіску. Але чытаць яе не было калі. Толькі ў канцы працоўнага дня яна ўспомніла пра яе. Прачытала – і ахнула. Пра такое можна толькі марыць! Артур прызнаваўся ў каханні. А якімі ласкавымі словамі ён яе называў!.. Аж сэрца закалацілася.
Назаўтра, а гэта ўжо быў выхадны дзень, потайкам ад мужа Аксана купіла новую сукенку, схадзіла ў цырульню і з хваляваннем накіравалася ў гарадскі парк. Да прызначанага часу сустрэчы Аксана пахадзіла ўдалечыні, а затым рашуча накіравалася да месца спаткання.
Падышла – і аслупянела. Насустрач ёй з кветкамі ў руках рухаўся… яе Васіль…
«Вось табе і сюрпрыз, вось табе і рамантыка!» – падумала Аксана. Яна пачырванела і збянтэжылася.
– Як ты даведаўся? – разгублена прамовіла яна.
– А ты хіба чакала не мяне? – хітра заўсміхаўся Васіль.
Усмешка Джаконды
У ноч на мужчынскія святы
Святкавалі мы пад кіраўніцтвам дырэктара нашай фірмы «Перапрадай» Івана Мікітавіча ў адзін вечар адразу два мужчынскія святы: 23 лютага і 8 Сакавіка. Няважна, што ніхто з нас не служыў. Выкруціліся: хто «пласкаступ», хто «блізарукі»… А 8 Сакавіка?.. Дык мы ж усе жанчын кахаем. Якое ж без іх свята? Перш за ўсё, яны выдатна зарэкамендавалі сябе пры пераносцы сумак з пітвом і закуссю.
Разгавеліся ў мясцовым рэстаране – так бы давеку. На стале засталося ўсяго столькі, што вялікую рэшту ежы спакавалі жанчынам у сумкі. Пітво – два партфелі – узяў у рукі пад сваю адказнасць сам Іван Мікітавіч.
Ад рэстарана да мікрараёна, дзе фірма купіла шэфу двухпавярховы катэдж з басейнам, бліжэй за ўсё праз чыгунку. Але не праз станцыю, а цераз ускраіну. Вырашылі ўсёй грамадой правесці Івана Мікітавіча дадому: ёсць жа каго, а галоўнае, ёсць чым суправаджаць.
Вядома, па дарозе некалькі разоў спыняліся, бралі чарку, жадалі здароўя Івану Мікітавічу, шчасця яго сям’і і росквіту фірме «Перапрадай». Яна ж нас у людзі вывела – у кожнага свой дамок, рахуначак у банку.
Праўда, быў тост і за жанчын. Ужо ля чыгункі, калі пяты ці шосты раз чаркаваліся, шэф сказаў: «За жанчын! Каб квітнелі вакол нас!..»
Выпілі і заўважылі, што чамусьці наўкола цёмна, хоць мы каля чыгункі. І трэба ж – шлях перагароджвае грузавы састаў! Глядзім налева – хоць вока выкалі… Направа – удалечыні ледзь свецяцца агеньчыкі.
– Абыходзіць – няма дурных! – кажа шэфаў намеснік, брат яго жонкі Пятро Пятровіч. – І чакаць не будзем, невядома калі цягнік паедзе. Але ўспомніце маё слова – раніцай (машыністы таксама людзі, святкуюць) палезем пад вагон, мы яшчэ хлопцы – ого!.. Хто першы? (Што праўда, то праўда, старых у фірме няма, мажных, не раўнуючы, як вяпрук, акрамя шэфа, – таксама. Дык шэфу па пасадзе трэба быць важным. Ды яшчэ лысым. Зараз ці не кожны ўлюбёны ў сябе «круты» бізнесмен такі.)
– Я першым буду! – не раздумваючы, азваўся шэфаў рэферэнт невядома па якіх пытаннях, худзенькі цыбаты Толік. Але ён такі: за шэфа – хоць у пельку. Будучы шэфаў зяць: усе ведаюць, што Толік кахаецца з яго дачкой-банкіршай.
– Давай! – дазваляе шэф. І Толік ужо на тым баку чыгункі, вокамгненна пад вагон шуснуў.
– Не бойцеся!! – крычыць адтуль Толік. – Састаў стаіць. Калі будзе кранацца, абавязкова сігнал дасць.
– Ат, жывём адзін раз! – раптам крыкнула наш эканаміст Аляўціна Паўлаўна і з важка напакаванай сумкай кінулася пад вагон.
Які ўзрост яе – ніхто не ведае. Можа, трыццаць, калі не глядзець у пашпарт. Не ў гэтым справа. Спартсменка. За кошт фірмы наведвае спартзалу. Шэф заўсёды бярэ яе з сабой у камандзіроўкі. Кажа, для прадстаўніцтва. Маўляў, зараз сапраўдныя бізнесмены без прыгожага атачэння на людзі не паказваюцца.
Калі ўжо жанчына пад вагон нырнула, дык што застаецца рабіць нам, мужчынам?
Шэф, трымаючы ў кожнай руцэ па партфелю, не раўнуючы, як той герой, адчайна кінуўся пад вагон, ажно глуха брэнкнулі бутэлькі. Але не разбіліся.
Памятаеце, я казаў, што Іван Мікітавіч мужчына мажны, як і належыць сапраўды важнай асобе, бізнесмену. Ён і апрануты быў адпаведна: у скураным, да пят, паліто. І раптам з-пад вагона крычыць:
– Гэй, там, наверсе! Хто мяне трымае?
Ды ніхто… Эге, за нешта зачапіўся, значыць. Тым часам нечакана ў галаве састава, можа, за паўкіламетра ад нас – гудок лакаматыва!.. Пранізлівы. Усё, папярэджанне, састаў адпраўляецца!..
– Цягніце! – крычыць шэф не сваім голасам.
Мог бы і не лямантаваць: што трэба цягнуць у такой сітуацыі, мы і без яго ведаем.
З гэтага боку вагона ўхапіўся за партфель я, а Толік – за партфель з таго боку.
Не ведаю, што ў такі адказны для ўсяго калектыву час думаў Толік, а я меў, мяркую, правільную думку: як самому не трапіць пад колы і ўратаваць партфель! Шэф што? Фірма без яго абыдзецца вельмі проста. Хаця мільганула і іншая думка: у яго ж сям’я…
Зноў гудок…
– Ідыёты, – шэф ужо сіпіць, – мяне цягніце.
Паставілі мы асцярожна партфелі побач з рэйкамі. Я са свайго боку штосілы пацягнуў шэфа за рукаў – рукаў у мяне застаўся, Толік – са свайго.
– Дапамажыце!.. Міліцыя, міліцыя! Людцы!.. – вые, ну чыстая сірэна, як у кіно ў час авіяналёту, Аляўціна Паўлаўна.
Калегі вакол мітусяцца. Шум, гам… Адтуль, дзе цьмянае святло, даносіцца тупат ног па прамерзлай зямлі, чуецца міліцэйскі свісток. І тым жа часам – зноў гудок лакаматыва. Лязг буфераў… Усё, знясілены, падаю на снег побач з вагонам. І раптам крыкі «Ура!» з таго боку вагона і – «Жывы, жывы…»
Вось яно што, выратаваўся. Не паспеў усвядоміць усё, што здарылася, як нехта тыцкае мне ў твар вострым святлом ліхтарыка:
– У чым справа? Каго рабуюць?
Ды не рабуюць, тлумачаць нашы, а, маўляў, так і так.
Святло папаўзло па вагоне, міліцыянер кажа:
– Ды гэта спісаны вагон. Тут тупік! Дзе ж вы бачылі састаў? А станцыя – там, – паказвае направа ўдалечыню, дзе цьмяныя агні. – Вас бы, шаноўныя, – аштрафаваць! Але амністыя вам ад мяне. Сёння ж, як вы сказалі, ноч двух мужчынскіх святаў.
У каго пасля гэтага не адсохне язык, калі ён будзе на нашу міліцыю плявузгаць усялякае глупства? Міліцыянер, пасля нас суправаджаючы, строга сачыў, каб з намі больш нічога не здарылася… Сяржант нават ад пачастунку адмовіўся: служба… А на развітанне працытаваў, калі мы не ведалі, як яму аддзячыць: «Мая міліцыя мяне беражэ». Мы думалі, што сам датумкаў, але ён сказаў, што Маякоўскі: маўляў, бізнесмены, як вы ў школе і інстытутах вучыліся?..
Рукаў ад шэфавага паліто, як экспанат-доказ бяспрыкладнай адвагі і мужнасці Івана Мікітавіча, мы выставілі ў музеі фірмы «Перапрадай». А што, хай кліенты-пастаўшчыкі рознага замежнага ім непатрэбнага рыззя ведаюць, хто кіруе фірмай, і зайздросцяць нам.
Незвычайная хвароба
Іван Іванавіч Сініцын, начальнік нашай арганізацыі, нечакана захварэў. Дактары толькі рукамі разводзілі, не маглі паставіць дыягназ: тэмпературы няма, а галава і ўсё цела гарыць, кардыяграма выдатная, а сэрца – ледзь не выскачыць з грудзей…
У гэты час наш інжынер Антон Мяцёлкін быў прызнаны лепшым рацыяналізатарам у сістэме міністэрства, атрымаў салідную прэмію, стаў удзельнікам выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі. Падзея для ўсяго калектыва прыемная і хвалюючая, вось толькі Іван Іванавіч з-за свайго недамагання не змог павіншаваць віноўніка радаснай падзеі.
Праз некаторы час Івана Іванавіча зноў прыхапіла хвароба. Гэта супала якраз з тым, што Змітрака Пятровіча, інжынера-планавіка нашай канторы, нечакана для кіраўніцтва запрасілі на працу ў міністэрства… Зноў урачы думалі-гадалі, шукалі прычыну нечаканага абвастрэння хваробы нашага шаноўнага Івана Іванавіча.
І калі ў трэці раз ён зноў захварэў, мы ўсе і без дактароў вызначылі дыягназ. Бо ў гэты час намеснік начальніка набыў новенькі «Мерседэс-600».
Нядаўна адзін наш калега выйграў у «Суперлато» трохпакаёвую кватэру ў сталіцы. Іван Іванавіч аб гэтым яшчэ не ведае. Мы не паведамляем яму, таму што баімся за яго жыццё…
Віртуальнае каханне
Артур, як i многія яго сябры-равеснікі, ацаніў перавагі навукова-тзхнічнага прагрэсу: не трэба бегчы на спатканне да дзяўчыны, каб сказаць ёй пяшчотныя словы, варта толькі націснуць на адпаведныя кнопкі на сотавым тэлефоне – i твая каханка атрымае пасланне. Артур стаў часта адпраўляць SMS-пасланні адной сваёй знаёмай, прывабнай і загадкавай Юліі. Нумар яе тэлефона ён даведаўся ад сябра.
І вось кожны вечар ідзе перапіска-тэлефанаванне.
– Ты мне вельмі падабаешся, Юленька! – піша на мабільніку дзяўчыны Артур, утульна ўладкаваўшыся на канапе перад тэлевізарам.
– Ты мне – таксама, – адказвае Юлія, націскаючы на кнопкі свайго мабільніка і адначасова займаючыся хатнімі справамі.
Праз некалькі тыдняў пасланні ідуць яшчэ больш пяшчотныя, страсныя, гарачыя.
– Я не магу без цябе, я згараю ад жадання!
– А ў мяне кружыцца галава ад уяўлення, як мне хораша з табой…
– Ты – мая, – ідзе праз некаторы час новае SMS-пасланне.
– Я заміраю ад слодычы! – ідзе адказ. – Ты – мой! У нас будзе цудоўны блакітнавокі хлопчык, назавём яго Ігарком! Ах…
Тэлефанаванне працягвалася яшчэ дзевяць месяцаў. І вось у адзін цёплы сонечны дзень Артур атрымаў на сваім мабільніку паведамленне:
– Любы мой Артур! Прыязджай тэрмінова на адрас: вуліца Садовая, дом 18. Я буду сустракаць цябе з нашым сынам! Ён вельмі падобны на цябе! Я – шчаслівая!..
Па прынцыпе «аднаго акна»
Васіль Пятровіч даўно ўжо збіраўся звярнуцца па дапамогу ў гэтую арганізацыю, але ўсё не было часу. Аднак далей цярпець было ўжо немагчыма, дый жонка, як кажуць, плеш пераела, таму сёння з раніцы ён адпрасіўся ў шэфа і паехаў у фірму па санітарна-тэхнічнаму абсталяванню жылых памяшканняў «Жывіце багата!» Тут, згодна рэкламе, рабілі ўсе магчымыя і немагчымыя аперацыі па рамонту і замене сантэхнікі на ўзроўні еўрастандартаў, прычым без валакіты, у сціслыя тэрміны.
Васіль Пятровіч паставіў свайго «Жыгуля» на пляцоўку побач з шыкоўнымі іншамаркамі і бадзёра накіраваўся ў кантору, над уваходам у якую вісеў кідкі плакат: «Мы працуем па прынцыпе «аднаго акна». Заглянуў у прыёмную дырэктара. Сімпатычная дзяўчына ў такой мініспаднічцы, што ў Васіля Пятровіча ажно дыханне перахапіла, ветліва сказала, выслухаўшы наведвальніка:
– Звяртайцеся да нашага майстра Ягора Мікалаевіча. Ён знаходзіцца ў восьмым кабінеце, гэта далей па калідоры.
Васіль Пятровіч рушыў туды. У кабінеце за сталом сядзеў малады мужчына і разгадваў сканворд. Незадаволена адарваўся ад свайго цікавага занятку і стаў слухаць наведвальніка, які пачаў выкладваць сваю просьбу пераабсталяваць сантэхніку на кухні і ў ванным пакоі. Выслухаўшы да канца, ён прамовіў:
– Ведаеце, з задавальненнем дапамог бы вам, але ў нас, як кажуць, вузкая спецыялізацыя. З вашай праблемай лепш звярнуцца да Анатоля Сідаравіча, а ён будзе заўтра…
Васіль Пятровіч ветліва развітаўся. На другі дзень ён яшчэ з раніцы прыехаў у кантору, стаў шукаць Анатоля Сідаравіча. Той, аказваецца, і сёння, як сказала сакратарка, будзе адсутнічаць, бо ўчора павёз жонку з дзецьмі да цешчы ў вёску і яшчэ не вярнуўся.
«Вось табе і маеш! – з прыкрасцю падумаў Васіль Пятровіч, накіроўваючыся ў суседні кабінет, да дырэктара фірмы. – Тут у іх дзейнічае прынцып «трох дзвярэй», а не «аднаго акна»…
Дырэктар, як высветлілася, паехаў на нейкую тэрміновую нараду.
– Зайдзіце лепш заўтра, – пяшчотным голасам параіла сакратарка.
На наступны дзень дырэктар, невысокі, кругленькі мужчына з пышнымі вусамі, быў на месцы. Уважліва выслухаў Васіля Пятровіча і расплыўся ва ўсмешцы:
– Не хвалюйцеся, даражэнькі, мы вашаму гору мігам дапаможам! Толькі давядзецца крыху пачакаць, бо адзіны майстар, які займаецца менавіта гэтай аперацыяй, паехаў сёння ў камандзіроўку на тыдзень.
– А як жа яго завуць? – пацікавіўся Васіль Пятровіч.
– Ягор Мікалаевіч, яго рабочы кабінет нумар восем…
«Згарэла» пуцёўка
Адам Пятровіч Зазубрын штогод адпачываў у санаторыі. Быў ён яшчэ добры мацак, на спортпляцоўку заглядваў, асабліва калі там было начальства, на здароўе не скардзіўся, але расслабіцца ў час адпачынку любіў…
Паехаў у прэстыжны санаторый Адам Пятровіч і на гэты раз. Падначаленыя яго таксама сталі пачуваць сябе крыху вальней: праца тая ж, нават лепш справы пайшлі, не чуеш скрыпучага голасу шэфа, не бачыш яго вечна пахмурнага позірку, незадаволенага выгляду незалежна ад таго, добра ты працуеш, ці дрэнна. Тыдзень у канторы панаваў цудоўны настрой. А на наступным, у сераду, усе супрацоўнікі, прыйшоўшы на працу, ахнулі: Адам Пятровіч сядзеў у сваім крэсле і заўзята гартаў нейкія дакументы.
– Што здарылася, Адам Пятровіч? – першым кінуўся да яго намеснік, Сымон Вітальевіч, які якраз сёння паабяцаў цешчы даць дырэктарскую машыну, каб з’ездзіць да сястры ў іншы горад. Цяпер давядзецца прасіць дазволу ў Адама Пятровіча або даваць «адбой» цешчы, за што, зразумела, будзе страшэнны наганяй ад жонкі.
Адам Пятровіч адарваў вочы ад папер, незадаволена прабурчаў:
– Гэта ж прыдумалі, д’яблы, новаўвядзенне: хто тры разы запар пабудзе ў санаторыі, таму аўтаматычна прызначаецца трэцяя група інваліднасці і адпраўляюць на лёгкую працу. А я ж восьмы раз запар адпачываю ў санаторыях, ды яшчэ ў якіх!.. Дык кінуў сваё лячэнне-адпачынак ды прымчаў за пяцьсот кіламетраў. Карацей кажучы, «згарэла» мая пуцёўка сінім полымем…
– Як гэта? – здзівіўся Сымон Вітальевіч. Ён добра ведаў, што да пенсіі шэфу яшчэ «грукаць» шэсць гадоў і калі перавядуць на іншую працу, то цяжка яму давядзецца, бо, як кажуць у народзе, языком мянташыць – не мяхі цягаць… – Адам Пятровіч! Што вы кажаце? Някіх жа дакументаў на гэты конт апошнім часам не прымалася, я строга сачу…
– Што? – зніякавеў дырэктар. – Няўжо мяне ашукалі?
– А хто вам сказаў пра гэтае новаўвядзенне?
– Ды знаёмы з суседняга санаторыя, калі 1 красавіка «бралі чарку» з жанчынамі перад танцамі. Кампанія, скажу табе, сабралася – пальчыкі абліжаш, не да газет ды радыё было… А ён, нягоднік той, пажартаваў, значыць. Каб яму!.. Згарэла мая пуцёўка! – ажно пабялеў твар у Адама Пятровіча. Ён расшпіліў каўнер у сарочцы і ў роспачы выскачыў з кабінета…
Ажаніцца – не журыцца…
(З дзённіка маладога мужчыны)
Раніцай устаў, пагаліўся, памыўся, заварыў сабе чаю, зрабіў бутэрброды.
На працы дзень прайшоў хутка і весела, паабедалі з калегамі ў сваёй фірменнай сталоўцы. Вяртаючыся дадому, зайшоў у гастраном, купіў сёе-тое на вячэру.
Занёс у пральню бялізну. Глядзеў крыху тэлевізар, а потым засеў за камп’ютар.
Пазваніла маці. Вельмі непакоіцца: як цяжка мне жыць аднаму, нежанатаму. Усё даводзіцца рабіць самому. І можа ў соты раз параіла хутчэй ажаніцца.
* * *
Уступіў настойлівым просьбам і патрабаванням маці – ажаніўся. Для родных і блізкіх радасць: ёсць цяпер у мяне надзейны «тыл», не буду, як раней, адзін гараваць…
* * *
Раніцай, пакуль галіўся і мыўся, закіпела вада ў чайніку. Прыгатаваў каву і бутэрброды на дваіх з жонкай. Па дарозе на працу занёс у кантэйнер пакет смецця, якое ўчора па просьбе жонкі сабраў у кватэры.
На працы дзень цягнуўся доўга: мучылі-вярэдзілі думкі-перажыванні, дзе ўзяць грошай на паліто і новыя боцікі для жонкі, бо не за гарамі зіма.
Вяртаючыся дадому, прастаяў у чэргах у краме больш як гадзіну, выконваючы жончын заказ на прадукты. Сама яна па вытворчай неабходнасці затрымліваецца на працы…
Вечарам вучыўся рабіць катлеты, затым мыў нашу бялізну і сваю кашулю. Лёг спаць позна, бо трэба было пісаць курсавую работу: жонка вучыцца завочна ў ВНУ.
Торт
Сёння з раніцы Яўгену трэба было зайсці ў дзве канторы, каб вырашыць свае гаспадарчыя праблемы. А тут яшчэ жонка напомніла:
– Глядзі ж, не забудзь пра торцік, ды нідзе не затрымлівайся!
«Так, – уздыхнуў Яўген, – давядзецца ж яшчэ ехаць з жонкай у другі канец горада, цешчу віншаваць з днём нараджэння…»
Каб не забыць і не трапіць у няміласць да жонкі, ён вырашыў адразу купіць торт, а потым заняцца сваімі пытаннямі. Тым больш што крама была па дарозе.
І вось з вялікім тортам (не паскупіўся для дарагой цешчы!) Яўген паімчаў па інстанцыях. Зайшоў у адзін з кабінетаў, а там дзве дзяўчыны працуюць. Убачыўшы ў руках у Яўгена торт, пераглянуліся, усміхнуліся і ў імгненне вока выдалі яму патрэбную даведку. Радасны Яўген горача падзякаваў, паклаў паперку ў кішэню, схапіў торт і пабег далей.
У наступнай арганізацыі яго сустрэла мілавідная жанчына сярэдняга веку. Яна здзіўлена паглядзела на торт, хацела нешта сказаць, а потым, відаць, перадумала. Бо адвяла ўбок вочы і махнула рукой. Яўген выклаў ёй сваю просьбу. Жанчына хуценька зрабіла неабходныя запісы і патлумачыла, што трэба яшчэ зайсці ў суседні кабінет, там усё ўзгадніць і паставіць пячатку.
У другім пакоі, куды зайшоў Яўген, за сталамі сядзелі некалькі чалавек. Свабоднага крэсла не было, таму торт ён паставіў на край аднаго са сталоў, аддаў паперы, каб заверылі пячаткай, і стаў расказваць пра свае клопаты. Справа, па якой ён звярнуўся, была складаная, тым не менш вырашылі яе тут хутка і ветліва. Шчаслівы Яўген схапіў паперы і паімчаў дадому.
…Толькі калі мінуў два аўтобусныя прыпынкі, спахапіўся: забыў торт на стале!
Кінуўся назад. Адчыніў дзверы – і разгубіўся: работнікі канторы, весела перамаўляючыся, дружна рэзалі і елі яго торт!
Яўген ціхенька зачыніў дзверы і ўсміхнуўся: дык вось чаму сёння яму так шанцавала!
Як упаляваць зайца…
Стары Цімох – знакаміты на ўсю ваколіцу паляўнічы. Бывала, ні адзін паляўнічы з іх вёскі і бліжэйшых не мог столькі ўпаляваць дзічыны, як ён. Узімку ні разу не вяртаўся з лесу без беляка.
Апошнім жа часам чамусьці Цімоху не шанцуе.
– Страціў ты, відаць, нюх, – жартуе яго жонка Марфа. – А можа, ты так дзе швэндаешся, стрэльбу толькі для прыліку носіш?
– Гэта ўсё экалогія вінавата, – апраўдваецца стары паляўнічы. – Дый браканьераў развялося больш, чым зайцоў!
Як бы там ні было, але зайчаціны даўно не елі за сталом у Цімоха.
І тут раптам пранеслася чутка: Верка, дачка Аксінні, што жыве на другім канцы іх вялікай вёскі, якая ўжо носіць назву аграгарадка, злавіла ў горадзе зайца.
«Вось табе і маеш, – зніякавеў Цімох. – Звычайная баба злавіла зайца. А я нават са стрэльбай рады не дам!» І так узяло Цімоха за жывое, што не вытрымаў: дачакаўся чарговай пенсіі і, ні слова не сказаўшы жонцы, паехаў у горад. Распытаў у суседзяў, дзе можна сустрэць Верку.
Завітаў да яе на працу – у аўтапарк. Спытаў у дыспетчара, назваўшы прозвішча – Назарава.
Неўзабаве да яго накіроўвалася высокая маладая дзяўчына з чырвонай павязкай на рукаве і з нейкімі паперамі ў руках.
– Слухаю вас, дзядуля!
– Дзень добры, зямлячка! Гэта ж я спецыяльна прыехаў, каб даведацца, дзе ты таго зайца злавіла. А то мне, бываламу паляўнічаму, сорамна, што ніяк не ўпалюю…
– Ой, дзядуля! – Нечакана рассмяялася дзяўчына. – Ды я гэтых «зайцоў» кожны дзень лаўлю, нават па некалькі ў кожным аўтобусе. Я ж кантралёрам працую…
Неспрыяльны дзень
У сваёй газеце мы завялі рубрыку, пад якой сталі змяшчаць інфармацыю аб тым, якія дні неспрыяльныя для здароўя. Гэта спадабалася шматлікім чытачам. І мы радаваліся, што прыносім карысць людзям.
Сёння ж з раніцы пазваніла незнаёмая жанчына:
– Вы прымушаеце мяне хвалявацца! Я буду скардзіцца!
– А што здарылася?
– Я не атрымала газету і не ведаю, які сёння дзень: спрыяльны ці неспрыяльны. Сяджу і пакутую, думаю, прымаць лякарства ці не…
– Прабачце, але ў тым, што вы не атрымалі газету, рэдакцыя невінаватая, – гаворым мы жанчыне. – Спытайце на пошце. А якое ў вас самаадчуванне?
– Добрае…
– Ну, дык радуйцеся жыццю, займайцеся справамі…
Праз некаторы час пазваніў нейкі дзядок. Як завуць, не сказаў. У яго – свая скарга:
– Вы, шаноўныя журналісты, няпраўду пішаце!
– Чаму ж? – захваляваліся мы.
– Вось напісалі ў газеце, што сёння – неспрыяльны дзень, а ў мяне цудоўнае самаадчуванне!
– Скажыце: «Слава Богу!» ды адпачывайце на здароўе!
– Дык як жа так: вы пішаце адно, а атрымліваецца другое! І наогул, адкуль вы ведаеце пра тое, што пішаце?
– Наконт прагнозаў усе звесткі ёсць у Інтэрнэце…
– Што мне ваш Інтэрнэт! Вы праўду пішыце! Калі дзень неспрыяльны, то чаму я гэтага не адчуваю?
– Таму што гэта ўплывае толькі на метэазалежных людзей…
– Але я таксама чытаю вашу газету! Буду скардзіцца!
– Ну вось і пацвердзіўся наш прагноз, – з горкай усмешкай сказаў галоўны рэдактар. – Дзень сапраўды неспрыяльны, ва ўсялякім разе, для нас.
Творчыя пакуты
(З дзённіка аднаго пісьменніка)
21 студзеня
Учора быў на сустрэчы з чытачамі гарадской бібліятэкі. У асноўным гэта былі рабочыя мясцовага завода. Я выступаў разам з паэтам Яўгенам Сінякрылавым. Ён быў у настроі, парадаваў усіх новымі вершамі. Я таксама не падвёў – расказаў пра свае творчыя планы. Не ўтрымаўся, каб не пахваліцца, што працую над апавяданнямі, адначасова думаю пра аповесць аб жыцці сучаснага рабочага класа.
8 лютага
На гэты раз сустрэча адбылася ў гімназіі. Малайцы, гімназісты! Задавалі шмат пытанняў аб маім жыцці і творчасці, цікавіліся, над чым я працую зараз.
Распавёў ім, што планую напісаць аповесць аб жыцці сучаснай моладзі.
16 лютага
Выдатна прайшла творчая сустрэча ў жаночым інтэрнаце. Дзяўчаты і маладыя жанчыны расказалі пра сваё жыццё-быццё, дапытваліся, ці жанаты я. Выказалі просьбу, каб я напісаў раман пра сямейныя адносіны ў наш няпросты час. Я не змог адмовіць у такой шчырай просьбе, паабяцаў напісаць, парадаваць чытачоў.
18 лютага
Сёння зноў будзе сустрэча з чытачамі. На гэты раз у домакіраўніцтве. Прыйдуць ветэраны. Безумоўна, будуць прасіць напісаць пра іх слаўныя справы.
Давядзецца, як заўсёды, абяцаць…
Песня без канца
– Іншыя мужчыны, як мужчыны: усё для дому стараюцца. А ты, целяпень, нават дачу не пабудуеш!..
Пабудаваў.
– Ну і жыццё! Іншыя жанчыны не жывуць, а красуюцца. А тут на дачу даводзіцца дабірацца спадарожнымі машынамі ды пехатой…
Купіў «Запарожца».
– Ну й гаспадар, ну й гаспадар! Машына пад адкрытым небам іржавее, а ён гараж не пабудуе!..
Купіў зборны металічны гараж.
– Кожны, хто паважае сябе, на «Жыгулях» ездзіць, а ў гэтую бляшанку і садзіцца брыдка!..
Купіў «Жыгулі» дзевятай мадэлі.
– Трэба такому ёлупню быць: машыну прыстойную набылі, а гараж, як куратнік…
Пабудаваў новы, цагляны.
– Табе не здаецца, што на нашу дачу сорамна ўжо гасцей запрашаць! У людзей – двухпавярховыя!..
Паехаў па будаўнічыя матэрыялы і… не вярнуўся.
Новае жыццё
– Хопіць! – рашуча сказаў Максім Бярозка, вяртаючы буфетчыцы талерку з жаўтлявым рысам пад назвай «плоў». – Ешце яго самі!
– Нагі маёй тут не будзе! – казаў Бярозка праз некаторы час у пральні, забіраючы пакамечаную кашулю з плямамі, як на геаграфічнай карце.
– Усё, хлопцы, па піва я ўжо бегаць не буду! – сказаў неўзабаве Бярозка аднакашнікам у інтэрнаце.
– Ну, даеш?! – не паверылі тыя.
– Святая праўда! На Каляды жанюся!..
Тонкі разлік
У двары стаяла старая альтанка, якую трэба было тэрмінова знесці. Старшыня жыллёвага кааператыву некалькі разоў прасіў жыльцоў разабраць яе, але ніхто не хацеў і пальцам паварушыць. Тады старшыня павесіў на альтанцы запіску: «Ахоўваецца дзяржавай!»
За адну ноч альтанка была разабрана.
Будзе ведаць
Не кожны нават і ва ўмовах публічнасці адважыцца на свайго начальніка бочку каціць, крытыкаваць, значыцца. Асабліва на такога, як наш. Іван Калістратавіч злы, як чорт. Яго і падначаленыя баяцца, і жонка дома па адной масніцы ходзіць.
Адзін толькі я рэжу яму праўду-матку прама ў вочы. Пра тое, што падначаленым сваім за дысцыпліну ледзь карак не праеў, а сам ранкам прыходзіць, калі ўсе ўжо на працы. Што падхалімаў вакол сябе напладзіў. Што пах ад яго ў рабочы час, як ад бочкі з півам.
Словам, ні аб адным ягоным недахопе не прамаўчу. Зарок сабе такі даў. Няхай ведае, што… аб ім гавораць у нашым калектыве.
На прыёме да ўрача
– Парфен Ягоравіч! – увайшла ў кабінет медсястра. – Там да вас просіцца на прыём начальнік Глаўка…
– Вось бюракраты, дык бюракраты! Чаму б не пастаяць, як людзі, у чарзе, не ўзяць талончык да ўрача? Дык не ж, абавязкова яму трэба без чаргі! Хопіць! Больш нікому ніякага патурання! Не прыму! Тым больш, што мой працоўны час даўно скончыўся і трэба бегчы на нараду да галоўнага ўрача.
– Прабачце, Парфен Ягоравіч, – заявіла медсястра, – але там яшчэ рубшчык мяса з нашага гастранома чакае!
– Вось як?! Чаму ж вы раней не сказалі? Запрасіце, калі ласка, у мяне яшчэ паўгадзіны знойдзецца…
Знайшоў выйсце
Што ні кажыце, а ёсць яшчэ ў нас бюракраты, грубіяны. Мяне ж у гэтым ніхто не папракне. Хоць кірую такой установай, што іншы даўно б з глузду з’ехаў.
Мяркуйце самі: аднаму тэлефон патрэбен без чаргі, хоць і нумароў свабодных няма, другі скардзіцца на дрэнную дастаўку карэспандэнцыі, у трэцяга радыё маўчыць. Карацей кажучы, працую начальнікам вузла сувязі.
Працу сваю я арганізаваў па-новаму, ніводнай скаргі не чую. Толькі зазвоніць тэлефон, як мая сакратарка Нэлачка падхоплівае трубку:
– Сідар Сідаравіч яшчэ не прыйшоў…
Праз некаторы час новы званок. Сакратарка ласкавым голасам у адказ:
– Сідара Сідаравіча пакуль што няма…
Зноў звоняць, зноў гучыць пяшчотны голас:
– Прабачце, калі ласка, але Сідар Сідаравіч выйшаў…
У тым, што менавіта так адказвае мая сакратарка, можаце не сумнявацца, бо я заўсёды пры гэтым прысутнічаю.
Дамафон – штука патрэбная
У нас на працы зайшла нядаўна размова, ці варта ўстанаўліваць у пад’ездах дамоў дзверы з кодавымі замкамі, а ў кватэрах – дамафоны. Меркаванні былі розныя, але ўсіх пераканаў малады электрык, адзіны халасцяк у нашай брыгадзе, Слава Падбярэжскі.
– Нават не сумнявайцеся! – горача даводзіў ён. – Калі б не гэтыя самыя дзверы і дамафон, то не ведаю, што было б са мною. Вось толькі паслухайце.
Пазнаёміўся гэта я з маладой і прыгожай кабетай, Аксанай. Муж яе – нейкі таленавіты інжынер, з камандзіровак не вылазіць. Ну, а я, зразумела, – ад Аксаны. І вось аднойчы толькі мы расслабіліся, чую званок у дзверы. А справа адбывалася на сёмым паверсе. Сунуў я свае трусы ды шкарпэткі ў кішэні, кулем вылецеў з кватэры і джыгануў на восьмы паверх. Ледзьве паспеў, бо ліфт ужо спыніўся на сёмым паверсе, дзверы расчыніліся, і выйшаў Аксанін муж. А калі б не было такіх дзвярэй і ён адразу дадому з’явіўся? Страшна ўявіць, што было б!..
Сапраўды, дамафон – штука карысная.
Свае стэрэатыпы
У краме жанчына ветліва гаворыць касіру:
– Прабачце, але вы няправільна далі мне здачы…
– Яшчэ чаго! – абурылася касірка. – Вечна вы, пакупнікі, што-небудзь прыдумаеце! У іншага дома непарадкі, тады тут пачынае прыдзірацца! Што, я не ведаю сябе? Як я магла памыліцца, калі машына лічыць!
– Справа ў тым, што…
– Гэта вы ўсё выдумляеце!
– Паслухайце…
– І слухаць нічога не хачу!
– Гэта ж вы далі мне на здачу лішнія грошы!
Ці многа трэба для шчасця?
Тамара радасна расказвае сяброўцы:
– Каб ты ведала, які цудоўны мужчына на мяне клюнуў! Сіла! Страсць! Сапраўдны джэнтльмен! Прыязжаў з іншага горада ў нашу кантору па справах сваёй фірмы. Пакуль я афармляла яму паперы, дык ён нагаварыў мне кучу кампліментаў. Маўляў, я – незвычайная дзяўчына, пра якую можна толькі марыць, а ён, калі быў бы свабодны, не раздумваючы ажаніўся б на мне… Толькі ў мяне такія незвычайныя валасы і грудзі, толькі ў мяне такі прывабны пагляд і ласкавы голас…
Слухаючы яго, я ледзь здолела правільна аформіць патрэбныя дакументы, бо ад шчасця ў мяне ажно закружылася галава. Ух, вось гэта мужчына!
– Тамара, а які ён з выгляду? – зацікавілася сяброўка.
– А ведаеш, я нават і не прыкмеціла…
Людзі-суседзі
Што нi кажыце, а добрыя суседзі – вялікае шчасце. Мне ў гэтым сэнсе надта пашанцавала.
На адной пляцоўцы са мной жыве Антось Гаўрылавіч – добры, сціплы чалавек. Працуе недзе на заводзе. Сям’я вялікая, дружная. У ix кватэры ёсць тэлефон. Таму мы часта там бываем. Асабліва мая цешча. Яе старая сяброўка атрымала кватэру на другім канцы горада, i асноўны сродак зносін паміж iмi – тэлефон. Па паўтары гадзіны праседжвае цешча з трубкай у руках. I нічога, Антось Гаўрылавіч i яго сям’я церпяць, нават i выгляду не падаюць, што мы ix турбуем.
Другі сусед – Сямён Данілавіч. Энергічны, дзелавы, любіць тэхнікy, а дакладней – уласныя «Жыгулі». Ну i мы, зразумела, не абыходзім яго бокам. То на базар цешча з’ездзіць з суседам, то жонка мая на працу пад’едзе, то мне з iм па дарозе…
Трэці сусед наогул золата. Максім Іванавіч выдатны рыбак, грыбнік, ягаднік. Haловіць рыбы – я ўжо тут як тут. I юшкі адведаю, і да юшкі нешта перападзе. Ну, а калі грыбоў ці ягад набярэ, то разам са мною ў Maксімa Іванавіча сядзяць i цешча, i жонка, i абедзве мае дачкі. Наядзімся i да дому яшчэ прынясем. Так што, можна сказаць, дарогу ў лес не ведаючы, мы дароў прыроды на зімy назапашваем нават больш, чым тыя, хто з лесу не вылазіць.
Вось толькі нядаўна пасяліўся ў нашым пад’ездзе Альберт Круцёлкін. Ну i тып, я вам скажу. Такі ўжо нахабны, што далей няма куды. То грошай прыйдзе пазычыць, то спытае колькі часу, бо ў яго, бачыце, гадзіннік сапсаваўся. Відаць, давядзецца мне кватэру мяняць.
Усмешка джаконды
Я сустракаўся з ёю амаль штодня. Ідучы ў гастраном па пакупкі, вяртаючыся дадому, заўсёды заглядваўся на яе. Прыгожы твар, прывабная, загадкавая, нават таямнічая, як у Джаконды, усмешка. Надзвычай зграбная постаць.
Я так прывык да яе, што пры кожным зручным вьпадку стараўся пайсці лішні раз у магазін, каб толькі ўбачыць знаёмае аблічча. Стаяў звычайна падоўгу, любаваўся. Настрой падымаўся, у грудзях як бы нешта пераварочвалася.
Так прайшло некалькі тыдняў. Нават на працы я стаў думаць толькі пра яе, з нецярплівасцю чакаў канца змены, каб хутчэй бегчы дадому, а потым – у магазін.
Сёння на сэрцы горка i цяжка… Чacoпic, на вокладцы якога быў змешчаны фотаздымак прыгожай артысткі кіно, у кіёску нехта купіў.
Камерцыя
– Скачы! – яшчэ з парога крыкнула жонка. – Мне далі турысцкую пуцёўку ў Румынію! На дваіх. Хоць ты i не заслугоўваеш, але так i быць, вазьму… Паедзем на чатырнаццаць дзён. А то Соня Андрэйчыкава надта выхвалялася, што ездзіла са cваім, дык добра пагандлявалi.
Пакуль я афармляў дакументы, жонка лётала па крамах, выбірала тавар, які можна прадаць за мяжой, а на выручаныя грошы купіць такое, каб i самім фарсіць, i капейчыну якую агораць.
I вось, нарэшце, мы ў Румыніі!
Я заікнуўся быў наконт таго, каб наведаць музей, дык жонка такога ляманту нарабіла, што мясцовыя ахоўнікі парадку нават устрывожыліся. Давялося ўслед за жонкай цягнуцца на базар. А там тавараў – свет не бачыў! А людзей – яшчэ больш. Ну, не раўнуючы, як у тым Бабруйску! Жонка адразу ж схапіла ў нейкай маладзіцы джынсы. Для мяне.
– Пачакай, – запярэчыў я. – Яны ж надта пацёртыя…
– Нічога ты не разумееш! Кладзі ўсё ў мех – дома разгледзім!
Адным словам, два тыдні правялі мы на базары. Награблі столькі розных трантаў, што на тры добрыя сям’і хапіла б.
– Навошта нам столькі, ды яшчэ паношанае?! – не сцярпеў я, ледзь цягнучы cyмкi да цягніка.
– Купілі – не згубілі! – павучальна сказала жонка.
…Праз некалькі дзён я выйшаў на працу ў джынсах i кашулі, якія купіў у Румыніі. У канцы дня, загадкава ўсміхаючыся, да мяне падышоў наш вадзіцель Васіль Андрэйчыкаў:
– Слухай, Эдзік, ты дзе гэтыя абноўкі набыў?
– У Румыніі. На базары, – задаволена адказаў я.
– Няужо?.. – здзівіўся Васіль. – Гэта ж мае неданошаныя рэчы, жонка прадала на польскім базары.
Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.