Kitabı oku: «Гульня ўяўлення»
Гульня ўяўлення
Гэта здарылася са мной, а можа, і не са мной, не памятаю, у горадзе… зрэшты, у ніякім горадзе ніякай краіны ў ніякім годзе.
Уся справа ў тым, што я заўсёды баяўся памерці ад раку. Перад вачыма ўвесь час стаяў вобраз аднакурсніцы, памерлай ад раку маткі ў 24-гадовым узросце. «Як я хачу жыць, Мікола, – сказала яна перад смерцю, – ты не ўяўляеш, які гэта цуд – жыццё!»
Не менш жывы, але крыху пабляклы, як старая фотакартка, мільгаў вобраз аднакласніцы, памерлай ад раку страўніка. Перад смерцю яна страшэнна высахла, усе костачкі можна было пералічыць. «Ты яшчэ будзеш жыць, – сказала яна, – кахаць і быць каханым, а я ўжо не». Я запэўніваў аднакласніцу ў адваротным, але дзяўчына лепш за мяне ведала моц хваробы, і ў той дзень, калі я адыходзіў у войска, яна адыходзіла ў іншы свет.
Боязь раку перарасла з часам у нейкую манію. Рак уяўляўся мне гэтакім двухметровым маньякам з кулямётам на плячы, рыхтык тэрмінатар-Шварцэнегер, і збегчы ад яго я нікуды не мог. Паўсюль ён знаходзіў мяне, настаўляў сваю страшэнную зброю мне ў твар, але стрэліць чамусьці марудзіў. У апошнюю секунду ў пакой забягала медсястра са шпрыцам у прыгожых танклявых пальцах. Не ведаю чаму, але мой крыўдзіцель адразу знікаў. Мабыць, ён баяўся іголкі, якая зіхцела на сонцы, а затым з вялікім садысцкім захапленнем упівалася, як камар, мне ў правую (заўсёды!) палавінку азадка.
Я прасіў, каб медсястра не пакідала мяне, хаця б пакуль я не засну.
Яна згаджалася і сядала побач, на зэдлік, гладзячы мае валасы.
Я называў яе Ніхто, дзяўчынай Ніхто, бо з твару медсястра вельмі нагадвала гераіню Вайдаўскай кінанавелы, да таго ж імя мела Ніко. Яна не крыўдзілася і згаджалася быць нікім, толькі каб я не хваляваўся.
Супакоены, я засынаў. Спаў я добра, бо ў снах заўсёды займаўся каханнем з дзяўчынай Ніхто. Яна здымала белы халацік і белую шапачку, валасы колеру дзьмухаўцоў воблакам расплываліся па спіне і ахоплівалі абцугамі асіны стан дзяўчыны. Аднойчы мне дазволілі выйсці пагуляць за вароты лячэбні пад наглядам дзяўчыны Ніхто. Адразу за дарогай раскінулася самотнае кукурузнае поле, схавацца ў якім было вельмі проста.
Дзяўчына запаліла цыгарэту і аб нечым задумалася, а я, улучыўшы момант, вырашыў яе напалохаць, – не больш, і шуснуў у кукурузу. Пра тое, што медсястра можа падняць трывогу, вярнуўшыся ў лячэбню, я не думаў. Бо быў упэўнены, што яна не зробіць гэтага таму, што я падабаўся ёй. Акрамя таго, дзяўчына не надта верыла ў мой статус душэўнахворага. Ніко вучылася на псіхолага і бачыла, што я цалкам здаровы. Яна не разумела, чаму мяне дагэтуль трымаюць у лячэбні.
Я меў намер напалохаць Ніко, але не на жарт спалохаўся сам. Ззаду пачуліся цяжкія крокі ботаў і гук зламаных сцяблін кукурузы. Дзяўчына ні ў якім разе не магла ствараць такі шум. З жахам я здагадаўся, што гэта тэрмінатар-Шварцэнегер. Упэўненасці мне дадаў лязгат кулямёта. Што было сілы, я кінуўся наўцёкі, спрытна працуючы рукамі, адкідваючы з дарогі кукурузу. На імгненне мне падалося, што на яве можа паўтарыцца сюжэт кінастужкі «Дзеці кукурузы».
Праз некаторы час я пачуў сваё імя. Напэўна, Ніко гукала мяне. Як ні баяўся я адгукнуцца, у фантазіях малюючы, як мой крыўдзіцель ператвараецца ў дзяўчыну, асмеліўся ўсё-ткі падаць голас і выкрыць месца свайго знаходжання.
У адначассе з двух бакоў заварушылася кукуруза. Я не ведаў, што рабіць. Заставацца на месцы ці бегчы на злом галавы, бо дакладна ведаў, што з аднаго боку з’явіцца не сімпатычны тварык медсястры, а страшэнная морда маньяка-раку, які даўно палюе на мяне.
Нібы рак, павольна пераводзячы свой позірк то ў адзін бок, то ў другі, на кукурузу, што калыхалася і падгіналася пад нагамі Ніко і тэрмінатара, я спінай намацваў дарогу і адступаў.
Першай з’явілася Ніко. Яна хацела нешта сказаць, але я без лішніх слоў схапіў яе за руку, і мы пабеглі.
– Ты можаш мне растлумачыць, у рэшце рэшт, што адбываецца? – пачуў я ззаду дзявочы голас. – І ад каго мы ўцякаем?
Я спыніўся. Нам абодвум неабходна было аддыхацца.
– Слухай!.. – прамовіў я, прагна хапаючы ротам паветра, ледзь не пхаючы яго пальцамі, як кавалак торту.
Спачатку было ціха. Пасля пачуліся хуткія цяжкія крокі, трэск зламанай кукурузы, бразгат амуніцыі і зброі.
– Цяпер ты верыш мне? – спытаўся я ў дзяўчыны, калі яна на ўласныя вушы пачула гукі, што ствараў не прывід, народжаны маёй хворай фантазіяй, а хтосьці сапраўдны. – Трэба спяшацца.
Я зноў схапіў дзяўчыну за руку, і мы зноў пабеглі. Яна раз-пораз азіралася, яшчэ не верачы пачутаму. Сумнявацца ўжо не выпадала. Назад я ўжо не змагу вярнуцца, бо там Ён. І навошта я шуснуў у гэтую кукурузу? Ён жа толькі і чакаў гэтага. Яшчэ і дзяўчыну ўцягнуў…
Поле скончылася. Мы апынуліся на беразе даволі шырокай ракі і пабачылі на пясочку перакуленую лодку, нібы знарок некім падрыхтаваную для нас.
Ніко дапамагла мне спусціць лодку, села ў яе. Я таксама ўскочыў і адштурхнуўся ад берага.
Я сядзеў спінай да кукурузнага поля і глядзеў на Ніко, тварык якой усё больш рабіўся падобны на маску мерцвяка. Азірнуўшыся, я зразумеў, чаму. Ён спыніўся ля вады і пагрозліва трос кулаком у наш бок. На плячы яго ляжаў вялізны кулямёт, які здалёк нагадваў сабаку.
– Ён дагоніць нас? – спалохана спыталася Ніко, але істэрыкі ў ейным голасе я не заўважыў.
– Не зараз, – на адным дыханні кінуў я.
Некаторы час мы не размаўлялі. Нават, калі б вельмі захацелі – нічога не атрымалася б. Нібы цяжкая каменная сцяна ўтварылася між намі, вакол нас павісла цішыня. Калі вельмі захацець – можна пачуць дыханне вады.
Лодка ціха плыла сама па сабе, як бы ведаючы канчатковы прыпынак маршруту.
Ніко моўчкі сядзела насупраць мяне, аб нечым, відаць, задумаўшыся, пазіраючы ў празрыстую зеленаватую плынь ракі.
Меч маланкі бліснуў на сонцы, але дажджу не было. Магчыма, патокам цяжкага мокрага штофу ён абрынецца пазней.
– Ніколі не думала, – прамовіла Ніко, гледзячы ў неба, – што побач з лячэбняй існуе такое чыстае возера: колеру сапраўднага «Тархуна».
– І правільна рабіла, што не думала, – сказаў я.
– Чаму?
– Не існуе гэтага возера ці ракі на свеце, і ні на воднай мапе ты яго не знойдзеш. Вельмі сумняваюся, што і кукурузнае поле сапраўднае.
– Але ж я іх адчуваю: і поле, і раку, і лодку, і…
– Гэта проста гульня ўяўлення, – перапыніў я дзяўчыну.
– Якая гульня? – абурылася Ніко. – Як ты можаш так гаварыць?…
– Я магу так гаварыць і кажу. Спрачацца не будзем, таму што любая спрэчка пустая, як гладыш, калі з яго выпіць малако.
– Ты хочаш сказаць, што і мы не існуем?
– У некаторай ступені.
Яна хацела нешта дадаць, але, відаць, перадумала, да таго ж, лодка ткнулася носам у прыбярэжны пясок, за якім пачынаўся глухі цёмны лес.
– Куды ён вядзе? – спыталася дзяўчына Ніхто.
– У нікуды, – прамовіў я, бо і сам не ведаў, што нас чакае ў гушчары.
– Я не хачу заходзіць у гэты лес! – заявіла дзяўчына.
Пачаўся дождж.
Мы імгненна прамоклі да ніткі.
А да берага набліжалася байдарка з Ім.
Хочаш не хочаш, нешта абмяркоўваць не было часу. Я схапіў Ніко за руку, і мы пабеглі ў лес, які схаваў нас ад ледзянога дажджу, але і не прапускаў да нас сонца.
Лес быў змрочны і таямнічы. Ніводзін гук не даносіўся звонку, толькі хруст сухіх галін, на якія мы наступалі. Ні птушак, ні звяроў, ніякіх казюрак не было ў гэтым лесе, нават павуціння і таго не бачна.
Лес ціснуў на мазгі сваёй зацятай маўклівасцю і невядомасцю. Складвалася ўражанне, што з яго няма ніякага выйсця, што мы апынуліся ў лабірынце, у абмежаванай прасторы. Як бы не пачалася клаустрафобія… Я ўжо задыхаўся, Ніко цягнула на ваніты.
Раптам…
Перад намі адкрылася паляна, светлая і амаль казачна прыгожая, з хаткай на курынай лапцы, за якой ў поўнай цішыні круціліся каруселі. На розных коціках, сабачках, страусах, коніках, пеўніках мясціліся фотаздымкі загінуўшых у маладым узросце спевакоў, сярод якіх я пазнаў твары Джона Ленана, Джыма Морысана, Аляксандра Башлачова, Віктара Цоя, Ігара Талькова, Фрэдзі Мэркуры, Курта Кабэйна…
Каруселі круціліся з аднолькавай хуткасцю – ні хутка, ні марудна, разам з імі круцілася, бы ваўчок, і хатка, але яна набірала абароты і, у выніку, лапка заблыталася сама ў сабе. Хатка бразнулася аб зямлю, пасыпалася шкло з вокнаў – і ўсё гэта без аніводнага гуку.
У хатцы – нікога. Відвць, Баба-яга яшчэ не вярнулася з палявання.
Як малое дзіця, што вучыцца хадзіць, хатка паднялася на лапку і зноў пачала круціцца.
– Сюжэт для постмадэрніста, – прыкмеціла дзяўчына Ніхто. Я пагадзіўся.
Аднак нам трэба было ісці. Я яшчэ не ведаў дакладна, але адчуваў, што дарога хутка скончыцца, прывядзе да лячэбні, і калі я дайду, мае жахі скончацца, і Ён назаўсёды знікне з майго жыцця.
Як шыкоўны дыван, перад намі паўстала дрыгвяністае балота. За балотам павінна быць шаша. Чамусьці я быў упэўнены ў гэтым. Толькі як яго перайсці? Здавалася, выпрабаванням не будзе канца, як у тым фільме пра чалавека, які бег. Што трэба зрабіць, каб мне адкрылася, куды ісці? Я выламаў сабе драўляную дзідку, каб абапірацца і правяраць глыбіню, але спадзявацца на яе…
Ніко ж прыспешвала, бо адчувала патыліцай Яго цяжкое дыханне.
– Добра, – прамовіў я, – трымайся за мяне і тэпай дакладна па маіх слядах.
Я ніколі не хадзіў па балоце, але нешта падсвядома падказвала, як трэба гэта рабіць.
Чарапахавай хадою мы пасунуліся наперад. Не ведаю, колькі поту з мяне сышло, але, калі б я быў анучай, то з мяне сцякло б вядро вады.
Мы амаль прайшлі небяспечнае месца, ужо відаць бабулі, якія развешваюць бялізну ўзбоч шашы, а па самой шашы праносяцца рознакаляровыя машыны.
Заставаўся нейкі метр да выратавання, як пачуўся спалоханы крык Ніко. Павярнуўшыся, я паспеў убачыць толькі руку дзяўчыны ды белую шапачку, але і яны хутка зніклі ў ненажэрнай пашчы багны. На месцы Ніко, узрадаваны, як Фрэдзі Кругер, з’явіўся Ён, гатовы націснуць на гашэтку кулямёта. Я павярнуўся да шашы. Адтуль не маглі не бачыць, што адбываецца ў багне. Я намагаўся крычаць, але крык застраваў у горле, нібы костка. Мабыць, я і крычаў, але не чуў свайго голасу, раптоўна страціўшы слых, як Бетховен. Але ж глухі Бетховен пісаў музыку. Аднак я не кампазітар…
Страх скаваў мяне кайданамі і зрабіў падсечку. Я паляцеў, гатовы ўжо адчуць брудны прысмак дрыгвы ў роце. Але чамусьці ніякага смаку не адчуваў. Расплюшчыўшы вочы, я ўбачыў, як Ён плюхаецца ў багне, спрабуючы выратаваць кулямёт, узняўшы яго над галавой. На твары Яго – нейкая разгубленасць і няўцямнасць. Відаць, монстр не мог зразумець, што адбываецца.
Нехта (ці не Бог?) шапнуў мне на вуха, каб я прыўзняў пазногцем край балота; гэта будзе лёгка зрабіць, бо нагой я ўжо адкінуў невялікі кавалак, з-за чаго Ён і праваліўся ў твань.
Я крануў пазногцем прыўзняты ўжо кавалак, ён скруціўся, што дыван. Маньяк пачаў захлынацца і праз імгненне знік. Балота зрабілася звычайным дываном, які я скруціў у рулон і пад пахай аднёс да бабуль, што развешвалі бялізну. Бабулямі яны здаваліся толькі здалёк. Насамрэч гэта былі студэнткі медінстытута. Відаць, і без таго дрэнны мой зрок яшчэ больш пагоршыўся. Студэнткі запрасілі мяне ў госці.
Я паабяцаў прыйсці і выйшаў на шашу лавіць машыну.
Ужо седзячы ў салоне «бумера», я заплакаў, бо дзяўчыну Ніхто любіў, як нікога. Але ніхто і знікае ў нішто. Магчыма, яе ніколі нідзе і не існавала, акрамя майго ўяўлення, як і кукурузнага поля з ракою і балотам, як не існавала і мяне, бо я таксама быў гульнёй нейчага ўяўлення.
Добры чалавек Мазахаў
Мазахаў курыў. Ён ляжаў на раскладушцы ў сваёй асабістай кватэры, а на ягоным ложку кахаліся яго сябар з сяброўкай. Яны так пыхцелі і так шумна цалаваліся, і так рыпеў ложак пад імі, што Мазахаву стала балюча за ложак. Ён злез з раскладушкі і пайшоў на кухню. Уключыў ваду і зачыніў дзверы, каб нічога не чуць. Мазахаў уздыхнуў і закурыў яшчэ адну цыгарэту: уключаная вада, што лілася з-пад крану вадкай трубкай, і зачыненыя дзверы не пазбавілі Мазахава гукаў з пакою. Яны сталі яшчэ больш гучнымі. Відаць, прысутнасць Мазахава рабіла больш-менш сціплымі яго сябра з сяброўкаю, адсутнасць жа нарадзіла выбух стрымліваемых пачуццяў.
Мазахаў самотна, як воўк на поўню, зірнуў у начное акно. Ён пачаў спяваць ад няма чаго рабіць і ад самоты, але хутка змоўк, бо ведаў усяго толькі адну песню, вывучаную з вялікімі цяжкасцямі яшчэ ў школьныя гады да нейкага вечара, пра Яся, што касіў канюшыну.
Яму стала няўтульна і адзінока.
З сябрам Мазахаў вучыўся пяць гадоў на адным факультэце ў адной групе. Сябар стаў беларускім пісьменнікам, а Мазахаў пайшоў працаваць падсобным рабочым на тыпаграфію, у якой друкаваліся кніжкі сябра. Ніводнай з іх ён не чытаў, бо не разумеў беларускай мовы, да таго ж праца замінала чытанню. У вольны час Мазахаў любіў гартаць «Плэйбой» і глядзець па відаку «Эмануэль». На тыпаграфіі ён паралельна засвоіў электракару і атрымаў права на яе кіраванне. Яго празвалі «Ферары-аварыя», таму што гойсаў ён на сваёй машыне па цэхах з неверагоднай хуткасцю, уяўляючы сябе кіроўцам «ферары» на аўтагонках, з-за чаго вельмі часта не паспяваў націскаць тормаз і не ўпісваўся ў вольнае месца праезджай часткі цэхоў.
Мазахаў не вельмі паважаў сваю працу і не стараўся выконваць, а тым больш перавыконваць план. Наадварот, з яго гойсаннем работа стаяла, бо Мазахаву даводзілася цэлымі днямі рамантаваць сваю кару з-за частых аварый. Затое зарплату атрымоўваў ён большую, чым тыя, хто літаральна парыўся на працы. Магчыма, начальства лічыла яго механікам?…
Мазахаву было адзінока і няўтульна на кухні. Ён падумаў было зноў закурыць, але выцягнуўшы цыгарэту з пачака і паглядзеўшы на яе, перадумаў. Мазахаў паламаў цыгарэту напалам і падсунуў пад вадзяны струмень, з-пад якога цудам выкараскаўся вялікі рыжы прусак. Ён вылез на сухое і перакуліўся лапкамі дагары.
Мазахаў закрычаў. Так, як крычаць у галівудскіх фільмах жахаў ахвяры.
На крык прыбеглі сябар з сяброўкай.
– Што здарылася? – занепакоена ўзіралася ў яго сяброўка сябра.
– Трэба выклікаць 911, прусак памірае, – пазіраючы на яе, адказаў Мазахаў.
– Ідыёт, – прамовіла сяброўка сябра і хутчэй выбегла з кухні пад цёплую коўдру, а сябар рассмяяўся і паляпаў Мазахава па плячы.
Неяк Мазахаў збіў электракарай пераплётчыцу з пераплётнага цэха (нешта яму там трэба было) Дэсадаву – дзяўчыну кроў з малаком, якая вучылася ў вольны час на стрыптызёршу. Дзякуй богу, не забіў і нічога не пераламаў ёй. Але пры ейным падзенні і сам паваліўся на яе. Яшчэ і нейкую сваю руку на левую грудзь яе паклаў, як бы між іншым. Дэсадава раскрычалася, што тая фурыя, і пабіла Мазахаву твар да крыві. Мазахаў жа з размазанай крывёй на твары запрасіў Дэсадаву ў кіно. Дэсадава падумала-падумала, перастала крычаць і прыняла запрашэнне.
Прусак не памёр. Ён і не збіраўся паміраць. Пакуль Мазахаў у калідоры набіраў па тэлефоне 911, ад прусака і слядоў не засталося. Вось незадача. Затое на падлозе засталіся сляды, што пакінулі сябар з сяброўкай. На іх Мазахаў паслізнуўся і моцна пабіў галаву. Пяць хвілін ён не памятаў як яго завуць. Мазахаў хацеў тэлефанаваць у даведачную, але тут яго паклікаў сябар і яны пайшлі курыць на балкон. Сяброўка сябра сапела ў дзве дзірачкі (стамілася), адвярнуўшыся да сценкі. З-пад коўдры відаць быў белы аксаміт попачкі.
Сябры пакурылі, паціснулі адзін аднаму рукі і вярнуліся да сваіх часова пакінутых сябар да сяброўкі, Мазахаў да раскладушкі.
Дэсадава прыйшла ў кіно ў скураной міні-спадніцы, у скураной кофтачцы, у скураных батфортах, дакладней, прыехала на «харлеі» айчыннай вытворчасці.
Мазахаў чакаў яе з кветкамі і пры гальштуку.
– Ой, гэта мне?! – узрадавалася Дэсадава кветкам і чмокнула Мазахава ў лоб, пакінуўшы свой аўтограф на ім. Мазахаў зіхацеў ад шчасця.
Пад час сеансу Мазахаў вадзіў рукамі па ножках Дэсадавай, неяк трапіў і пад спадніцу, але там было так горача, што Мазахаў спалохаўся і аддзёрнуў руку. Дэсадава сама вярнула яе назад. Ды пасля зноў, як на працы, пабіла Мазахаву твар. Адмываць павезла да сябе.
Там Мазахаў прыгрэўся і, як кот – ласы на каўбасы, прымружыў вочы ад будучага прадчування задавальнення. Ён жа быў не дурны і разумеў, што самае цікавае наперадзе.
– Я цябе кахаю! – сказаў Мазахаў.
– Дык што? – адказала Дэсадава.
– Не ведаю, – паціснуў плячыма Мазахаў.
І тады Дэсадава шпурнула ў яго падушкай. Мазахаў кінуў яе назад. Яны пачалі перакідвацца падушкамі, як жанглёры. Пасля Мазахаў памерыў камбінацыі і сукенкі Дэсадавай, але яны яму не пасавалі, і катаў яе на сабе, як на коніку.
Дэсадава не дала Мазахаву, таму што была нявінніцай. Мазахаў пакрыўдзіўся і пайшоў, не развітаўшыся. Болей ён не збіваў яе электракарай.
Раніцай Мазахаў не знайшоў у сваёй кватэры сябра. Сяброўкі сябра таксама не было. На непрыбранай пасцелі ляжаў аркуш паперы. Мазахаў прачытаў: «Дзякуй, стары! Не забудзь, у мяне сёння вяселле!»
Сябру Мазахава надакучыла пісаць, як надакучылі і жанчыны. І першую і другую работу ён стараўся рабіць як мага горш, але нічога дрэннага не атрымлівалася. Кнігі яго раскупаліся хутка, у асноўным жанчынамі, кожная з якіх марыла, калі не выйсці за яго замуж, хаця б пераспаць. Стаміўшыся ад іх сябар Мазахава вырашыў жаніцца на сяброўцы, з якой быў у Мазахава ў апошнюю ноч.
На вяселлі, якое адбывалася ў вёсцы Смаркачоўшчына, адкуль родам была нявеста сябра Мазахава, сабралася ўся пісьменніцкая братва. Гарэлкі было – хоць упіся. З-за апошняга, відаць, і пісьменнікаў было шмат, бо амаль усе яны ненавідзелі сябра Мазахава за вышэйпаложаны поспех яго ў літаратуры і ў жанчын, а гарэлку любілі. Усе лашчылі надзею, што з шлюбам сябра Мазахава ім пашанцуе хаця б на поспех у жанчын.
Смаркачоўшчына спявала і плясала. Музыкі, славутыя «Песняры», не паспявалі закусваць, іх гналі на эстраду. Сябар Мазахава піў болей за ўсіх, ён хацеў бы ўвогуле не дапаўзці да шлюбнага ложка, але дапоўз і прачнуўся раніцай паміж дзвюма жанчынамі. Можа, у яго дваілася ў вачах, таму што абедзве жанчыны былі аднолькавыя? Толькі апахмяліўшыся, сябар Мазахава ўспомніў, што ў ягонай жонкі – сястра-блізняшка.
А Мазахаву не пілося. Ён таксама хацеў жаніцца. Надакучыла аднаму ў пустой кватэры. Ён з’ехаў з вяселля ў горад і патэлефанаваў Дэсадавай, вырашыўшы папрасіць прабачэння і прапанаваць шлюб.
Але Дэсадава адмовілася. Яна засмяялася ў трубку, аб чым праз колькі хвілін пашкадавала, але Мазахаў ужо адключыўся, і колькі яна ні набірала ягоны нумар тэлефона, абанент не адказваў. Ад адчаю і злосці яна адлупцавала скураным рэменем начальніка пераплётнага цэха, які на той час знаходзіўся ў ейнай кватэры, абазвала «старым казлом» і заплакала.
Мазахаў заплакаў таксама. Ён выйшаў на вуліцу ў ноч і трапіў пад машыну. І памёр маладым.
На пахаванні сябар Мазахава, які быў беларускім пісьменнікам, сказаў, што вучыўся разам з Мазахавым у адным універсітэце і што Мазахаў быў вельмі добрым чалавекам.
Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.