Sadece Litres'te okuyun

Kitap dosya olarak indirilemez ancak uygulamamız üzerinden veya online olarak web sitemizden okunabilir.

Kitabı oku: «Любоў і каханне»

Kollektif
Yazı tipi:

© Жук А. А., 2025

© Лазута Л. П., 2025

© Маркоўская Л. М., 2025

© Федарэнка А. М., 2025

© Брава А. В., 2025

© Бензярук А. Р., 2025

© Фралова I. М., 2025

© Бычкоўсю А. А., 2025

© Белаяр С. С., 2025

© Беланожка А. М., 2025

© Бушчык М. У., выява на вокладцы, 2025

© Карлюкевiч А. М., укладанне, уступныя артикулы, 2025

© Афармленне. ТДА «Аверсэв», 2025

Пакуты і сумненні асобнага чалавека

Мастацкая літаратура ў самыя складаныя часы набывала выразна сацыяльны і нават палітычны характар. Такі ўжо закон суадносін рэчаіснасці і яе разгляду ці апісання. Але вось што важна: калі сацыяльная сутнасць твора выпірала на паверхню, у ім пераважалі заідэалагізаваныя сюжэты і вобразы, то такі твор не прымаўся чытачом, успрымаўся «прэсным». Век у падобных раманаў і аповесцей быў нядоўгім… Іншая справа, калі ў творы палітычныя і сацыяльныя канфлікты праходзілі нервам праз чалавечыя лёсы, калі аўтар знаходзіў самыя важныя словы, адлюстроўваў усе складанасці жыцця праўдзіва. Тады чытача ў палон брала шчырае жаданне пісьменніка расказваць не столькі пра час, колькі пра чалавека ў прасторы і часе.

Даволі няпроста было ствараць мастацкую карціну праўдзівага жыцця ў савецкі час. Але творцы ўсё ж знаходзілі такія сродкі і вымалёўвалі такія вобразы, што пераканаўча сведчылі пра многія сацыяльныя, духоўныя, маральныя праблемы сучаснасці і сучасніка. Таму шмат што з напісанага ў беларускай літаратуры другой паловы XX ст. можна перачытваць і зараз.

Ці будуць чытачы наступных пакаленняў з цікавасцю ставіцца да мастацкай літаратуры, у тым ліку да беларускай прозы, першай чвэрці XXI ст.? На гэтае пытанне адкажа час. Пакуль жа відавочна толькі тое, што многія сучасныя празаікі імкнуцца выбудаваць ці проста адлюстраваць канфлікты іншага плана, чым іх папярэднікі: унікліва зазіраюць ва ўнутраны свет асобнага чалавека, стараюцца разабрацца ў складаных перыпетыях яго жыцця, не замахваючыся на аповед пра пэўныя сацыяльныя з'явы, якія ўсё ж закладзены ў аснове паводзін кожнага з нас. Што гэта: уцёкі ад рэальнасці? Няўжо і ў нашай нацыянальнай літаратуры, традыцыйна напоўненай чуласцю, суперажываннем, літаратуры, якая пастаянна нагадвала чалавеку пра важную тэму жыццёвага выбару, з часам будзе гаспадарыць выключна эскапізм?.. Будзе пераважаць памкненне ўцячы ад рэальнасці, абысці непрыемнасці і складанасці сапраўднага жыцця?.. Ці зможа такая літаратура быць сродкам мастацкага выхавання чалавека і ўсяго грамадства?

У новым зборніку серыі «Сучасная беларуская літаратура» сабраны разнапланавыя празаічныя творы пісьменнікаў розных пакаленняў. Верыцца, што творцы пакуль не падвялі нашу мастацкую літаратуру да той мяжы, якая можа стаць кропкай незвароту, бо ўсё яшчэ імкнуцца паставіць пэўныя пытанні ў развіцці чалавека, прааналізаваць залежнасць фарміравання асобы ад навакольнага жыцця. І ўсё ж проза Алеся Жука, Людмілы Лазута, Людмілы Маркоўскай, Андрэя Федарэнкі, Алены Брава, Анатоля Бензерука, Іны Фраловай, Алеся Бычкоўскага, Сяргея Белаяра, Алёны Беланожкі ўжо адрозная па сваёй вастрыні, сваім унутраным напружанні ад прозы другой паловы XX ст. Пры гэтым прапанаваныя апавяданні і аповесці нечым нават паяднаны паміж сабой… Ледзь не ў кожным творы выяўляецца «звышзадача» разгледзець галоўнае, што трымае нас у жыцці, што апраўдвае само існаванне чалавека на гэтым свеце: і ў простым (але простым толькі на першы погляд) апавяданні «Сок манга» Алеся Жука, і ў аповесці «Дзядзька Адольф» Андрэя Федарэнкі, і ў апавяданнях «Любоў і каханне» Анатоля Бензерука і «На ланч да Мэрылін Манро» Алены Брава, а таксама ў іншых уключаных у зборнік творах, кожны з якіх цікавы сам па сабе. Адчуваецца, што ў іх прысутнічае нерв жыцця, аднак не аголены і гучны, а схаваны і ўнутрана напружаны – закручаная, сціснутая спіраль духоўных шуканняў і сумненняў чалавека…

Алесь Карлюкевіч,
старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі

Алесь Жук

Спадзяванні на гармонію…

Алесь (Аляксандр Аляксандравіч) Жук нарадзіўся ў 1947 г. у вёсцы Клешаў Слуцкага раёна, на Міншчыне. У 1970 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва» (1980–1986). З 1986 па 1990 г. – сакратар Саюза пісьменнікаў БССР. У 1990–1997 гг. з'яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», у 1997–2002 гг. – галоўным рэдактарам часопіса «Нёман», у 2003–2005 гг. – галоўным рэдактарам часопіса «Беларусь». Памёр 15 кастрычніка 2022 г.

Апавяданні пісьменніка друкуюцца з сярэдзіны 1960-х гг. Першая кніга твораў – «Асеннія халады» – пабачыла свет у 1972 г. Маладога празаіка адразу заўважыла літаратурная крытыка ў Мінску і Маскве, і яго творы пачалі перакладацца на мовы народаў Савецкага Саюза, а таксама розных краін свету. Выйшлі кнігі «Паляванне на старых азёрах» (1975), «Зоркі над палігонам» (1977), «Не забывай мяне» (1978), «Па саннай дарозе» (1979), «Паўстанак вяртання» (1981)…

Апавяданні «Сок манга», «Летняя прыгода» і «Эцюды вяртання» былі напісаны ў розныя перыяды творчага станаўлення пісьменніка, «Сок манга» наогул з першай кнігі «Асеннія халады». Празаік шукае гармонію чалавечых адносін, нязмушана выбудоўвае такія мастацкія кампазіцыйныя канструкцыі, якія дазваляюць выверыць важкасць тых ці іншых паводзін, учынкаў, узаемаадносін герояў. Часам гэты пошук падаецца не зусім лагічным, ва ўспрыманні чытача выглядае абарваным. Але, мабыць, якраз у тым і заключаецца таямніца творчасці, што яна адпавядае таямніцам і ўсёй непрадказальнасці нашага жыцця…

Сок манга
(Апавяданне)

Яна ведае, што падабаецца хлопцам. Віцька, самы модны хлопец з усяго двара, у якога ўжо чарнеецца на верхняй губе мяккі пушок, вадзіў яе ў кіно. Яны сустрэліся за паўгадзіны да пачатку сеанса, хадзілі пад руку па фае, разглядвалі выстаўку дзіцячых малюнкаў і фотапартрэты артыстак – карціны і партрэты былі падвешаны на ледзь прыкметных белых нітачках і пакалыхваліся. Яны глядзелі яшчэ нейкую каляровую хроніку, якую паказвалі тут жа, у фае, для такіх, як яны, ранніх, а потым Віцька павёў яе па вузенькай крутой лесвіцы ўніз, у буфет, і яны пілі напітак, елі бутэрброды з чорнаю ікрою, стоячы за круглым цыбатым, як i Віцька, столікам.

– Ты не хочаш соку манга?

– А які ён?

– Калі верыць напісанаму, з субтрапічных пладоў.

Экзотыка!

Віцька прынёс ёй шклянку светла-жоўтай вадкасці, і яна выпіла яе – саладкаватую, крыху цягучую. І пасля было непрыемна ў роце, бы там ляжаў кавалачак паранага гарбуза, і Людцы ўсё ўспаміналася, як яны восенню выбіралі ў калгасе бульбу, жылі на ўскрайку вёскі ў адзінокае жанчыны, і яна парыла свінням гарбузы, і кожную раніцу ў хаце стаяў такі ж самы густы, саладкаваты пах.

У той вечар Віцька хацеў пацалаваць яе, але яна сказала, што іншым разам: сяброўкі гаварылі, што на першым спатканні цалавацца нельга…

А назаўтра да іх на кватэру прыбегла худая высокая жанчына і пачала крычаць… З яе слоў, Людка была ледзь не распусніца, якая хітрыкамі паддобрылася да яе сына i дурманіць яму галаву. Людка, здаецца, і цяпер бачыць, як дрыжыць у жанчыны густа нафарбаваная верхняя губа, чамусьці дрыжыць толькі верхняя.

Потым маці крычала на Людку, а вечарам шапталася з бацькам…

І вось Людка жыве ў вёсачцы, якая густа зарасла бэзам і дзе, мабыць, прыгожа, калі бэз цвіце, а цяпер пуста і сумна.

Вечарамі, калi ў расчыненым акне драўлянае хаты-чытальні, якая замяняе клуб, пачынаюць круціць радыёлу і сыходзяцца якіх чатыры дзяўчыны i тры хлопцы, Людка ідзе на танцы. Праўда, доўга яна не танцуе, бо яе неўзабаве клічуць:

– Людка-а-а, ма-а-рш дадому!

Так клічуць з рэчкi вясковыя жанчыны сваіх хлапчукоў-дашкольнікаў, i Людцы крыўдна, але яна ідзе на кліч, бо ведае, што маці напісала дзеду доўгае пісьмо, і ён, калі чытаў яго, незадаволена і насцярожана пазіраў на яе. Яшчэ Людка ведае, што дзед ніякі ёй не дзед, а брат яе сапраўднага дзеда, якога спалілі ў вайну немцы. Але мацi называе гэтага дзедам, і Людка таксама. Людка памятае, як ён жыў некалі ў іхнім горадзе i працаваў бухгалтарам – яна тады любіла дурэць з ім і хадзіць гуляць на вуліцу, – а потым ён пайшоў на пенсію, паехаў у вёску да незамужняе старэйшае сястры.

Сястра яго верыць у Бога ды ўдзень і вечарам чытае «святыя» кнігі ў пажоўклых, абтрапаных вокладках. Яна адна з усёй вёскі пабаялася «саграшыць», і таму ў хаце няма электрычнасці, а пакуль вячэраюць – гарыць газавая лямпа.

Ужо лежачы ў ложку, Людка чуе абрыўкі песень і музыкі, ціхенька плача. А потым прыходзіць добры чараўнік, i яна ўцякае з ім далёка-далёка…

Яна ўжо была ўцякла раз адна… у гумно, на сена, і дзед падняў паўвёскі, пакуль суседскі хлапчук не падказаў, дзе ўцякачка.

Пасля гэтага з яе пачалі пасмейвацца на вёсцы, і Людка, узяўшы кнігі, на цэлы дзень сыходзіць з дому на рэчку. І там, сярод густых лазнякоў, загарае на вільготным, халаднаватым аеры, купаецца, чытае або проста доўга-доўга глядзіць, лежачы на спіне, у рэдзенькі, расплаўлены сонцам блакіт неба, пакуль не засне.

Людка любіць бываць там да самага захаду сонца. Тады ад вёскі, якая стаіць на ўзгорку, аж да самае рэчкі сцелюцца доўгія выцягнутыя цені, а паветра робіцца тугім, свежым i моцна пахне рэчкаю, поплавам.

І так прыемна ісці, ступаючы босымі нагамi па халодным зялёным аксаміце, а потым – ужо на ўзгорку – па цёплай, пяшчотнай пудры дарожнага пылу!

Яна ішла паволі, як заўсёды, крыху апусціўшы галаву, і валасы амаль закрывалi яе твар.

– Добры вечар, русалка.

Яна павярнула галаву, паглядзела на матацыкліста – ён ехаў побач.

– Добры вечар.

– Давай падвязу. Ці старога баішся?

– Не баюся. Апасаюся, што твой вослік не пацягне.

– Баішся? – усміхнуўся ён.

– Я не баюся!

– Тады садзіся.

Ужо калі пад'язджалі да вёскі, ён запытаў:

– Хочаш паглядзець, як бегае вослік?

– Хачу, – адказала яна.

I матацыкл, пакінуўшы вёску ўбаку, памчаў па прамым уезджаным прасёлку, здаецца, проста ў чырвань захаду.

У Людкі закружылася галава, перахапіла дых, халацік агаліў ногі і трапятаў на ветры – яна баялася нават паварушыцца, каб абцягнуць яго.

– Ну як?

Ён спыніў матацыкл, аглянуўся. Яна не паспела апамятацца і не магла нічога прамовіць, толькі глыбока і часта дыхала, таропка прыкрываючы халацікам ногі.

Ён завярнуў матацыкл.

– Цяпер не трэба так хутка, – ціха папрасіла яна.

– Не буду. А ты хочаш навучыцца ездзіць?

– Хачу. Толькі баюся.

– Заўтра магу ўкрасці цябе з рэчкі, каб не ведаў стары.

– Добра, толькі я злезу тут і пайду, каб ён не бачыў сёння. I скажы, як цябе завуць.

– Шура. А цябе?

– Людка… Люда.

– Да заўтра, Людка-Люда.

– Да заўтра.

I яна доўга глядзела ўслед матацыклу.

Вечарам Людка не пайшла нікуды, не плакала цішком, а заснула амаль адразу і сніла чараўніка, чамусьці ў клятчастай кашулі з закасанымі рукавамі, загарэлага, з гаркаватаю ўсмешкаю ў куточках вуснаў і тоненькім шрамам на шчацэ…


Трава пад бярозаю доўгая, бліскучая і халаднаватая. На ёй так прыемна ляжаць і глядзець у далёкае неба. Салодка туманіцца ў галаве, і самі па сабе заплюшчваюцца вочы…

Яна ціхенька гладзіць яго руку. Ён сядзіць побач і нервова курыць, потым кідае недакурак, нахіляецца над ёю: у сініх вачах і чаканне, і боязь, і пакорлівасць – усё разам, і вочы заплюшчваюцца, а грудзі пачынаюць узнімацца часцей…

Ён закурвае зноў і глядзіць на дзяўчынку, якая перастае быць дзіцем, у якой ужо прачынаецца жанчына. I як трывожыць яе незнаёмае, страшнае шчымліва-салодкае адчуванне, што нешта змяняецца ў жыцці, прыходзіць такая вялікая і важная перамена! I ўспамінае другую, таксама наіўна-шчаслівую, і як страшна было ўпотайкі прыходзіць да яе, і як добра дваім ад адчування, што яны звязаны навечна!.. Ужо тры гады, як яна пакінула яго, першая, Рыта. А ён, як у помсту ёй, прыходзіць да жанчын, груба, нахабна, і не толькі да такіх, якія разумеюць, што яму патрэбна ад іх, і для якіх усё намнога прасцей, чым для гэтае Людкі-Люды.

Яна ляжыць нерухома, нібы нечага яшчэ чакае, і яму робіцца няёмка за сябе і добра ад таго, што ён не быў з ёю, як з іншымі, ад таго, што яна так і засталася Людкаю-Людаю.

Яна рэзка адварочваецца, закрывае твар рукамі і плача.

– Ну што з табою, русалка? – ён адчувае, што голас у яго вінаваты.

– Я люблю… люблю цябе!.. Аднаго… А ты… – з адчаем выдыхае яна.

Ён паднімае яе за плечы, прытуляе да грудзей, гладзіць валасы, нібы супакойвае хворае дзіця, і ціхенька цалуе ў лоб і вочы.

– I я люблю цябе, дурнічка.

Яна ўсхліпвае цішэй i пытае:

– Праўда?

– Вядома…

– Не хлусіш? – яна ўжо не плача. – Наступным годам я прыеду да цябе… А пасля – да маіх… У іх – вочы на лоб!..

I яна ўсміхаецца, і ў вачах свецяцца гарэзлівыя іскрынкі.

Ён таксама ўсміхаецца.

– Можа, дадому паедзем, а?

– Паедзем, толькі завязеш мяне на рэчку, а вечарам у клуб прыйдзі.

– Лепш не трэба. А заўтра махнём на лясное возера. Там у мяне лодка…

– Добра, добра. Я буду слухацца цябе.

Ноччу яму не спалася. Мажліва, таму, што за акном была чорная, душнаватая цемень – збіралася на дождж, і ў яго разбалелася рана.

Ён злаваўся на самога сябе за тое, што вырашыў звязацца з гэтаю Людкаю, выкрадаць яе з рэчкі, вазіць у лес…

Гэта толькі развярэдзіла ўжо крыху забытыя ўспаміны пра Рыту, на гэтым кончылася прыдуманая ім ілюзія, што забыў ён яе, і яму было цяжка.

Не спала і Людка. Яна без усхліпаў плакала, чула, як варочаецца з боку на бок стары, і здавалася, зноў пачне бубнiць, што яна ўздумала швэндацца па лесе з прайдзісветам, ад якога збегла жонка i які ўсё роўна не кінуў бадзяцца, будаваць масты, нібы не можа знайсці лепшае работы, інжынер няшчасны… Прыехаў цяпер адлежвацца дадому – прыціснула недзе.

А назаўтра раніцою, калі над рэчкаю яшчэ толькі пачынаў высцiлацца лёгенькі туман і матава бялелі густа аброшаныя аселіцы, у аўтобусе, які тонка шыпеў коламі па чорным вільготным пасля ночы асфальце, побач са старым сядзела сіратліва-няшчасная дзяўчынка з набрынялымі ад слёз вачыма.

Потым яна пісала пісьмы і не атрымлівала адказу, зноў многа плакала і ненавідзела старога, які – вядома ж! – перахопліваў яе пісьмы на пошце…

Так думала яна.

Летняя прыгода
(Апавяданне)

Анюта прачнулася ад сонечнага промня, які лёг на вочы, прытушаны жоўтай штапельнай фіранкай. Здалося, што нехта ходзіць пад вокнамі, а яна спіць раскрыўшыся. Баковачку, у якой спала Анюта, адгарадзілі некалi для маці. Яна хварэла, у яе моцна і часта балела галава. Бацька сам з негабляваных дошак зрабіў перагародку. Анюта тады доўга прасіла ў яго грошай на шпалеры – абклеіць з сярэдзіны, каб маці не глядзела на голыя дошкі. Цяпер, калі прыязджае дадому, Анюта жыве ў гэтай баковачцы. Бацька не раскідаў перагародку: у яго кватаруюць выкладчыкі ці кіраўнікі, калі прыязджаюць на работу ў калгас студэнты ці рабочыя. Анюце гэтая баковачка – адзіны дарагі куток у роднай хаце, у якую яна не любіла прыязджаць і не прыехала б і сёлета, каб не прыхварэла не ў пару – калі раз'язджаліся студэнцкія атрады. Тры апошнія леты яна ездзіла з будаўнічымі атрадамі, а таму грошай мела і на адзежу, і на тое, каб жыць прыстойна. Анюта пацягнулася, прыслухалася, як тупае басанож на кухні цётка. Незамужняя, яна дажывала свой век пры маладзейшым браце.

Спяшацца не было куды, наперадзе доўгі і вольны дзень. Цяпер тыя, хто прыязджае летам дадому, на работу ў калгас не бегаюць. Ды і самі бацька з цёткай, пасля таго як атрымалі пенсію, на калгасную работу не ходзяць.

Анюта памкнулася ўстаць, але пачула, як у хату ўвайшоў бацька.

– Сядзь мо, блінец памаж, – паклікала цётка.

– Чорт, і так забавіўся… Ты прайдзі, збі на пустках палын, каб было дзе траву раскідаць, як прывязу.

– Хто яе ў тым балотцы схопіць?

– Ніхто не схопіць, але людзям вока рэзаць будзе. Чужое дабро век вочы коле, – бацька гаварыў глушэй, мабыць, сеў есці.

Старонняму чалавеку здалося б, што старыя сварацца, але Анюта ведала, што гэта звычайная размова.

– Вось Анюту бяры на работу, а то цэлы дзень вылежваецца і толькі кніжкі чытае, як малая…

– У яе галава на плячах. Інстытут канчае…

– На гэта інстытута не трэба… Кожны вечар усё некуды выбіраецца.

Цётка яшчэ нешта злосна бубніла і пасля таго, як бацька пайшоў з хаты. Анюта пасміхалася з гэтых цётчыных мерак. Яна сучасная маладая жанчына і разбярэцца сама. Адна праўда была ў цётчыных словах – бунтуецца, не дае спакою кроў.

На дварэ было ўжо душнавата, толькі ў садзе спадыспаду травы шкляніста паблісквалі зярняткі расы і ад самога саду павявала яшчэ вільгаццю і халадком. I ціха было. Пачыналася летняя жнівеньская спякота, калі ў вёсцы нікога не відно і не чутно, нават куры лянуюцца паквохтваць і шыюцца ў цень, пад зараснік бэзу, уграбаюцца ў сухую, як попел, зямлю і сядзяць з адкрытымі дзюбамі.

Вада ў рукамыйніку яшчэ не нагрэлася, прыемна халадзіла твар.

Цётка выйшла з-за хлява з касою на плячы. Яна была ў старой Анюцінай некалі карычневай, а цяпер вылінялай да белага на плячах сукенцы з кароткімі рукавамі, якая вісела на ёй, як на калу. І твар, і парэпаныя вялікія рукі былі аж чорныя ад загару.

– Ты, Анюта, сама паснедай, прыбяры ў хаце троху… Цэлы месяц нічога не робіш, і есці табе ніхто не шкадуе, а ніяк не папаўнела. Няўжо гэта вучоба гэтак усушвае чалавека?

Анюта ўсміхнулася – няхай сабе будзе і так, як думае старая.

– А я пайду палын саб'ю, пакуль ён травы прывязе…

Анюта ў купальніку, з махровым ручніком на плячах глядзела ўслед цётцы, якая неяк бокам у старых брызентавых тапачках ішла з двара. Анюта паспрабавала ўявіць сябе такою, міжволі сцепанула плячыма.

Не верылася, што і яна вось так магла пражыць жыццё і нічога болей не ведаць – толькі работу.

Работа дачасна даканала і маці, а бацька і цётка ўсё ідуць тым жа сваім бясконцым кругам. І ёй пасаг збіраюць. Анюта горка ўсміхнулася.

Свой шлях у жыцці яна ўжо вызначыла: як толькі Андрэй абароніць кандыдацкую, яны пажэняцца. На першым часе будуць мець пакойчык у сямейным інтэрнаце, а потым… Потым усё пойдзе і далей нармальна – Анюта ў сабе не сумнявалася, у сваіх магчымасцях – таксама. Вяселле яна запланавала на восень, каб потым спакойна пісаць дыпломную, рыхтавацца да абароны.

Паўдня Анюта чытала і загарала, потым узялася і памыла ўсе фіранкі, якія толькі былі ў хаце. Пад вечар апранулася просценька: у шэрыя з прастрочанымі канцікамі штаны, белую кофтачку з кароткім рукавом.

Ціха і спакойна лажылася ноч. Было чутно, як ля клуба скончылася пласцінка і хлапечы голас крыкнуў: «Хто там, давай! Заснуў, ці што?» Анюта не магла ісці туды, дзе збіраліся большасцю школьнікі, танцавалі і ціскалі дзяўчатак, якія ахвотна папісквалі. Кампаніі ёй там ужо не было, і жадання да такіх танцаў – таксама.

Анюта завярнула ў канец вёскі. За апошняю хатаю прыпынілася. Ад сажалкі цягнула цеплаватаю вільгаццю, пахам угрэтае вады, а з поля цякло моцнае, як з напаленае печы, цяпло збажыны. Мяккі пыл казытаў пальцы.

З палёгкаю ўздыхнула, калі ўбачыла на палявой дарозе матацыкл. Віктар чакаў яе. З ім Анюта пазнаёмілася ўчора, калі вярталася са Слуцка, – Віктар падвёз яе з напакаванай сумкай ад аўтобуснага прыпынку да хаты. Хлопец у калгасе «забяспечваў» работай шабашнікаў, якія будавалі цялятнік. Сам ён ужо два гады як скончыў вучобу, працуе інжынерам у канструктарскім бюро. Шабашнічаць пачаў яшчэ з першага курса, а цяпер сам арганізатар «шабашкі». У яго жонка, сын, пабудаваў кааператыўную кватэру. Зарабляе грошы на машыну. Да горада сорак кіламетраў, на матацыкле заехаць не праблема. Матацыкл на час работы выпрасіў у калгасе – каб у пару даставаць матэрыялы. Цялятнік калгасу пазарэз патрэбны да восені.

Віктар павітаўся, пажартаваў:

– А я думаў, ты ўжо на танцы завярнула.

– Давай разам.

– Можна, калі табе хочацца.

– Не. Там ужо не мая кампанія.

– І тым болей не мая, – Віктар па-свойску ўсміхнуўся.

– Давай я лепш правязу цябе на матацыкле, – прапанавала Анюта.

– Умееш?

– Паглядзіш.

Яна страсянула адной нагой, потым другой – вытрасла пыл з басаножак, узялася за руль, села, пару разоў газанула, быццам прывыкала да матора, матнула галавой:

– Садзіся!

Матацыкл асеў пад Віктарам. Ён памкнуўся абняць яе. Анюта коратка азірнулася цераз плячо:

– Ну!

Віктар прыняў рукі. Яна з месца ўзяла рыўком, пераключылася з хуткасці на хуткасць. Пакуль набірала разгон, колькі разоў абмацала тармазны рычаг, каб прывучыць да яго нагу. Адчула, што матор набраў магутнасць. Колы пухка разбівалі дарожны пыл, падкручвалі пад сябе белую стужку палявой дарогі. Анюта з усмешкаю думала пра тое, што Віктару, як і кожнаму, хто прывык ездзіць за рулём, няўтульна ехаць ззаду, памкнулася азірнуцца, пачула, што Віктар нешта крыкнуў, і адчула, як з рук ірванула руль, лёгка кінула наперад. Яна не магла яшчэ зразумець, што адбылося, адчувала пясок у роце, у носе, пыл на твары.

Анюта ўбачыла, як Віктар, накульгваючы, падбег да яе, правёў рукамі па плячах, па руках, па спіне.

– Ну як? – толькі і здагадалася спытаць Анюта.

– Лепш не бывае. Газанула! – Ён выплюнуў пясок, выцер вусны, з палёгкай уздыхнуў і засмяяўся. Тады засмяялася і яна, спачатку нервова, а потым – убачыўшы, як Віктар матляе галавой, каб вытрасці з валасоў пясок, – шчыра, да знямогі.

– А ты і рот разявіў!

Віктар падаў Анюце руку, дапамог устаць, падняў, завёў матацыкл. Яна ўмасцілася на задняе сядзенне.

– Памыцца трэба было б…

– Паехалі купацца, – прапанавала Анюта.

– Давай.

Віктар праехаў па дарозе, потым скіраваў на палявую мяжу, з аднаго боку якое цягнулася ячменнае поле, а з другога – бульбяное. Калі скончыўся бульбоўнік, матацыкл пабег па аселіцы. Віктар ехаў па адной з тых сцяжынак, якія застаюцца на паплавах ад каровіных ног. Па гэтай сцежцы яны нырнулі ў вузкую белую палоску туману. Віктар прыбавіў газу, і матацыкл выскачыў на вышэйшае месца, зноў павеяла душнаватай летняю цеплынёй. Неўзабаве яны спыніліся на невысокім пясчаным беразе ля рачной завоінкі.

У начным небе недзе высока жыло яшчэ святло, і пад ім роўна і спакойна паблісквала вада, а на тым беразе, дзе пачынаўся сенакос, ціха стаялі лазовыя купчастыя кусты. Адтуль абзываўся адзінокі драч, здалёк па вадзе даносілася ціхае качынае пакракванне. Засцілаўся туманам луг за лазовымі кустамі ўдалечыні, роўна цякла вада, вечна і загадкава стаялі над зямлёй начная светласць і цішыня, якая поўніць душу неразгаданаю прыгажосцю, па якой вечна смуткуе жывая чалавечая душа.

Анюта распранулася хутка, азірнулася на Віктара:

– А ты чаго стаіш? Перадумаў?

Знарок спытала гучна, каб парушыць цішыню, ведала, што ён любуецца ёй, паволі пайшла ў ваду, памацала яе нагой. Прыемна адчуваўся пад нагамі мяккі мылец на дне. Анюта легла на ваду і ціха паплыла.

Яна чула, як шумна плюхнуў у ваду Віктар, дагнаў яе, пафыркваючы, пырскаўся вадой. Далей паплылі разам. Ён на баку, гледзячы на Анюту, яна роўна, быццам нікога і побач няма.

Дзяўчына першая выйшла на бераг, пакуль плаваў Віктар, выкруціла за алешнікам купальнік. Калі ён вылез з вады, Анюта расчэсвала валасы. У начным святле паблісквала яе мокрае загарэлае цела. Яна адчула Віктараў позірк, крыху павярнулася, зірнула на яго з-пад рукі.

Віктар прыпыніўся, страсянуў галавой – усё ішло сваім парадкам. Ён падышоў да дзяўчыны і моцна абняў яе. Анюта адчула, які ён увесь мускулісты і гарачы, хоць толькі што з вады. I сама адчула, як стала горача ў грудзях, як цела міжволі туліцца да яго. Віктар знайшоў яе вусны сваімі, сухімі і гарачымі.

Яна адапхнула яго рэзка, з усёй сілы, і ён ад неспадзяванасці ледзь астояўся.

– Адвярніся, ну! – загадала яна.

Віктар крута адвярнуўся, па-салдацку хутка адзеўся.

У кожным ягоным руху адчуваліся крыўда і злосць.

– Паехалі, мне холадна, – Анюта папрасіла як мага безабаронней.

Віктар завёў матацыкл, знарок глядзеў у другі бок, чакаў, пакуль сядзе яна. І здрыгануўся ад нечаканасці, калі яна абняла і ўся прытулілася да яго. Асцярожна крануўся з месца і ехаў паволі.

Анюта ўсміхалася з самой сябе, з таго, як прыліпла да гэтага маладога мужчыны. Не хацелася адрывацца ад яго, і рука міжволі пагладзіла яго па грудзях, спынілася там, дзе было сэрца, і яно застукала мацней.

Ля дома Віктар адважыўся прытрымаць яе за руку. Анюта сама абняла яго, пацалавала доўга і з такою прагай, што аж у самое закружылася ў галаве, адхілілася:

– Не трэба. Дай мне прывыкнуць да цябе. Да заўтра.

– Да заўтра, – рэхам адказаў ён.

Пасля таго як Віктар паехаў, Анюта яшчэ стаяла на дварэ. У хату ісці не хацелася, не хацелася і спаць. Горача і душна было ў гэтую летнюю ноч.

Назаўтра яна перанесла сваю пасцель з хаты ў садовы дашчаны домік – усё праз гарачыню. А вечарам чакала за вёскай Віктара.

Надвячоркам збіраўся на вахту, як любіў сам гаварыць, і дзед Ляксей, а там мяняў параднае адзенне на рабочае: замест галіфэ надзеў старыя ватныя штаны, замест сандаляў – старыя шытыя валёнкі з галёшамі, выкачаны і заплямлены ўсё на гэтых жа «баявых вахтах» кажушок. І замест фуражкі належала надзець старую аблавушку.

– Ну дзе ты там ужэ, жаніх? Два часы ўбіраешся! Саўсім умеркне. Выкураць цябе, качарга старая, з гэтае варты!

– Хто мяне выпра? Які ім дурань за гэтыя грошы гэтулькі цехнікі вартаваць адважыцца?

– А ты ўвартуеш! Для прыклёпу там цябе дзяржаць, можа, каб якія пажарнікі не чапляліся ці начальства…

– Для прыклёпу, для прыклёпу! Сама ты прыклёп бесталковы! Падавай валёнак!

Дзед Ляксей злосна вышмаргнуў з жончыных рук валёнак, і яна тут жа ўзяла другі.

– А то ж бо не? Які ж бы гэта дурань плаціў табе за тое, што пераспіш ноч у апілках…

– Каб цябе ліха!.. Дурань нейкі ляпнуў, a ты і паўтараеш! – Дзед замахнуўся валёнкам, але Мар'я загадзя адступілася.

– Ну не спіш, не спіш, хто цябе ведае… Толькі чаго гэта з кажушка апілкі, як тыя блохі, сыплюцца?

– У цябе самое з галавы труха сыплецца!..

– Добра, добра, убраўся ўжэ? Давай хіба і бараду ножанкамі падрэжу, а то ўночы яшчэ каго напужаеш, падумаюць, што чорт вылез…

– Яшчэ чаго! У парыкмахерскую схаджу, пастрыгуся і бараду папраўлю.

– А стрыгчы што будзеш, пушок гэты, што, як у куры пад хвастом, у цябе на галаве астаўся?

Мар'я яшчэ далей адступілася ад дзеда.

– Ты ў мяне некалі дакудахчашся, – дзед рашуча ўстаў з лаўкі і шыбануў за хлеў.

– Скарэй, а то не ўспееш! – падражніла ўслед Мар'я. Дзед Ляксей не агрызнуўся – не было калі.

Пачынала змяркацца, калі дзед Ляксей сцежкай пад вішняком выйшаў да дарогі. Да вайны тут была вузкакалейка да ваеннага гарадка. Цяпер яе разаралі, не засталося і следу. Толькі з зямлі яшчэ не-не ды і вылезе ржавы кастыль. Дзед Ляксей паглядзеў у той бок, дзе быў ваенны гарадок. Ад яго засталася толькі канюшня з чырвонае цэглы і пахіленая, падарваная ў вайну партызанамі вадакачка. Цяпер яе не ўгледзіш праз сасоннік, які там узрос.

Далей у палях прысядалі да зямлі цёмныя астраўкі вёсак. Пахла пылам угрэтае дарогі, травою ад аселіцы і збажыной з поля. I яшчэ сапраўды свежа і смаліста ад кажушка – апілкамі, але гэтага паху дзед не вылучаў.

У такія часіны дзеду Ляксею здавалася, што гэта ён, маленькі, у лапціках, глядзіць аднекуль на сябе цяперашняга і на ўсё навокал. Адтуль, з аселіцы, дзе ў вясновых лужынах жоўта цвіла лотаць. І ў цяперашняга яго, старога, аж заходзіцца душа ад таго, што гэтулькі ўсяго таму хлопчыку з ахапкам жоўтай лотаці прыгатавана наперадзе (і работы, і вайны, і смерці), што душа чалавечая і вытрымаць не зможа. Але вытрымае, не разарвецца сэрца, не адсохнуць рукі і ногі, не выцекуць слязой вочы… А мо гэта і не ён на сябе малога, а ягоны бацька ці дзед глядзіць на яго цяперашняга з кіёчкам, аднаго ў цёмным свеце, з нейкае свае далёкае вышыні?

Дзед Ляксей прыпыняецца, уражаны процьмай часу і прасторы, якая раптам адкрываецца перад ім, якую ён не можа спасцігнуць ні вокам, ні розумам.

Дзед уздыхае з палёгкай, азіраецца навокал, каб яшчэ раз пераканацца, што пад нагамі знаёмая дарога, калі і павалішся, то ніжэй зямлі не ўпадзеш. На ўсякі выпадак азіраецца яшчэ раз – ці ніхто не бачыў, як ён немаведама чаго стаяў пасярод дарогі. Потым дастае з кішэні кажушка бутэльку віна, якую ён хаваў сёння ад старое ў кастры дроў за хлявом, таму і была ў яго перад дзяжурствам пільная патрэба зазірнуць туды.

Далей ідзе цвярдзей і весялей.

Пра дзеда Ляксея калгасныя механізатары могуць расказваць бясконца: пачынаючы з яго ўспамінаў пра маладосць, калі дзяўчаты не давалі Ляксею праходу, і заканчваючы апошнім дзедавым наведваннем парторга з заявай аб уступленні ў партыю. Дзед катэгарычна растлумачыў, што цяпер ён не можа не быць у партыі – пакуль хопіць здароўя, будзе дапамагаць Гарбачову перабудоўваць. Адна няўвязка атрымоўвалася ў дзеда – як сумясціць свой новы статус з любоўю да віна. Парторг растлумачыў, што дзед па ўсіх пунктах падыходзіць, але «праклятая» – перашкода сур'ёзная, і таму ён дае тэрмін дзеду падумаць і «выправіцца»…

Але гэта быў дзед Ляксей – сонны, як сава ўдзень, пра якога Мар'я, божкаючы, гаварыла: «Што ж вы хочаце, немцы ў тым карцары ўсё ў яго ўнутры, акрамя душы, адбілі». Галоўнымі ў дзеда-Ляксеевым існаванні даўно ўжо засталіся толькі ночы. Начамі вяртаўся ён да свайго сапраўднага жыцця, да самага дарагога і балючага, самага свайго: быў бы і ён дзедам і прадзедам, і спаў бы ў сваёй хаце, і не смяшыў бы людзей… Думаў дзед пра дзяцей сваіх, якіх на вачах у яго немцы забітых кідалі ў запаленую хату. Як душу яго там палілі. Старэйшыя загінулі потым, адзін у партызанах, другі на фронце. Але тыя два, меншыя…

Даставаў дзед з кішэні бутэльку, адпіваў крыху, каб супакоіцца. Потым яму пачынала здавацца, што бачыць сябе малога, што ідзе ён з Вужанскага палетка, паўз лужкі, парослыя асакой і лазовымі кустамі, да сваёй вёскі, якая кучаравіцца ліпамі. Дарога палявая, трыпутнік студзіць ногі. Вечарам у вёсцы збіраліся на ігрышча, іграў на цымбалах яго аднагодак Змітрок, панскі парабак. Не засталося ўжо нікога з яго аднагодкаў – Амерыка, рэвалюцыя, войны, калектывізацыя пазабіралі іх. І першую жонку сцерла жыццё, Мар'я – гэта другая, працавітая, але не здатная ні на танцы, ні на песню, глухая яна да ўсяго гэтага. Сам жа ён памятае тыя танцы, душа яго мучыцца без тых песень. Дарэмна ён прыслухоўваецца да радыё, прыглядаецца да тэлевізара – і песні быццам даўнейшыя, але ўжо нейкія як і несапраўдныя, як і не яго…

А потым людзі ўспаміналіся, галасы іхнія, асабліва тых, з кім сядзеў у СД… I не боль і жах катаванняў вярталіся, а страшны ўспамін, як гарыць хата, як дзяцей забітых у агонь кідаюць…


Адкуль пра ўсё гэта было ведаць Віктару, які ноччу вяртаўся ад Анюты? Работу яго брыгада канчала, амаль па дзве тысячы выходзіла чыстымі на рукі ў месяц. З Анютай абмяняліся тэлефонамі, праўда, знарок ён адну лічбу ў нумары назваў няправільна. У яго жонка, дзіця, сям'ёй ён даражыць умее. Віктар, вядома ж, не ведаў, што і ў Анюты свае планы былі на будучае і што яна замест інтэрнацкага тэлефоннага нумара, які і не памятала, назвала першыя лічбы, якія прыйшлі ў голаў. Адным словам – бывай, маё лета, бывай, летняя прыгода! Настрой у Віктара быў цудоўны, і ён не мог не пажартаваць, калі ўгледзеў пры плоце чорны кажушок вядомага ўсім на цэнтральнай сядзібе дзеда Ляксея, здагадаўся, што дрэмле стары, пусціў матацыкл накатам і, калі пад'ехаў блізка, асляпіў старога святлом, раўнуў маторам, краем вока ўгледзеў, як ускінуўся той, як нема закрычаў, – і знік у начной цемры. Не бачыў ён, што гэтак і пралежаў дзед пры плоце да раніцы. I недапітае чырвонае віно пад ім засохла на прыдарожным пыле.

І ніхто ў тую ноч не ведаў, што, калі зноў бачыў дзед, як паляць дзяцей яго, белае вока фары, тае, з нямецкае машыны, якая свяціла тады, апякло лютым агнём вочы, зверам скочыла на яго.

Падабранага раніцай дзеда завезлі ў бальніцу на старшынёўскай «Волзе», там ён скардзіўся толькі, што пячэ ў грудзях, прасіў, каб прывезлі Мар'ю развітацца, але не дачакаўся яе, ціха, незаўважна нават для суседзяў па палаце, сканаў.

Эцюды вяртання
(Навела)

Сонца за хмаркамі ўранні…


Дробаў абапёрся рукамі на падаконнік і прытуліўся лбом да шыбіны.

Вечарэла. Густа барвавела неба на захадзе, за акном, у вершалінах клёнаў, мучыўся вецер, несупынна раўлі побач у аэрапорце самалёты, бясконца і адчайна кружылася долу мёртвае лісце. Дробаў па звычцы не зважаў на самалётны роў, але затое, калі той на некалькі хвілін сціхаў, выразна чуў, як густа і лёгенька цокаюць па асфальтавых сцяжынках скверыка сухія пакручаныя лісцікі, і гэты цокат зліваўся ў ціхі пошум – здавалася, ішоў буйны ласкавы вясновы дождж і з бляшанага даху бясконца цурчэла вада. І гучала працяжная мелодыя скрыпкі. Іграў сусед, які жыў паверхам вышэй, скрыпач з аркестра опернага тэатра, маленькі і сухенькі дзядок. Ліда чамусьці не магла трываць скрыпку, і стары быццам нейкім чуццём адчуваў, калі яна вярталася з работы, і пераставаў іграць.

Дробаву неўспадзеўкі ўспомнілася невялічкая рачулка між парослага густымі кустамі алешніку, лёгенькі, прывідны туман, нізкі чырвоны месяц, свежая вільготнасць травы і ціхенькі плюскат кропель з альховага лісця ў рэчку – надвячоркам прайшоў па-летняму цёплы і спакойны дожджшапатун.

Ліда сядзіць на камені, які ледзь бялеецца над травою. У блакітнай мужчынскай кашулі, у адпрасаваных нагавіцах, з рассыпанымі на плячах густымі валасамі, яна падобная не то на русалку, не то на Алёнушку. І глядзіць яна некуды на захад, дзе яшчэ тлеецца рэдзенькім блакітам вузенькая палоска неба.

Потым яна ціхенька запявае пра сонца, што схавалася ўранні за хмаркі, пра параненае сэрца, і ў песні – такі шчымлівы боль, такая дабрата шчырай і чыстай душы. Дробаў сядзіць побач на траве, прыхіліўшыся галавою да яе каленяў і абхапіўшы рукамі яе халаднаватыя шчыкалаткі. Яму ніколі так не падабалася гэтая песня і, здавалася, ніколі не было так добра.

Потым яны ішлі вузенькаю, нібы канава, вулачкаю, зацененай кашлатымі клёнамі. Ліда паказвала яму сваю хату і хлеў, дзе яна спіць на сене, а потым павяла ў канец вуліцы на схаваную ў бэзавых кустах лавачку. I, калі ён жартам спытаў, ад каго яна хаваецца, дзяўчына, усё гэтак жа сарамліва паглядваючы з-пад валасоў, што ападалі на твар збоку, сказала:

– Ай, дурань! Кожны вечар праходу не дае.

Дробаў слухаў, і яму было смешна і шкада гэтага шафёра, што кожны вечар наведваецца да яе і ад якога яна ўцякае.

І сапраўды, праехаўшыся па вёсцы, машына спынілася ля яе хаты.

Але што Дробаву было да гэтае машыны, да шафёра! А потым яны ішлі ўзмежкамі, агародамі, каб незаўважна падысці да хаты. Быў чысты белы месяц, халаднаваты, самотны, пакамечаны бульбоўнік, арэшнікавы ўзлесак, золкая, да сівізны буйная раса…

Гэта былі першыя дні, калі пачыналася іхняе з Лідай шчасце, і ён гаварыў ёй пра гэта, і яна верыла яму, глядзела ў вочы шчыра і аддана…

– Ужо зноў да акна прыліп, Кулібін няшчасны! – Дробаў не пачуў, калі ўвайшла ў хату жонка, азірнуўся: яна стаяла ў дзвярах у прамоклай балонневай куртцы, з вялікай торбай, поўнай прадуктаў, і таму адно плячо было апушчана.

– Ліда, помніш той вечар на беразе рэчкі? Як мы з табой пазнаёміліся?

Яна здзіўлена і насцярожана паглядзела на яго – ці не насміхаецца. І не разабралася.

– Во пакараў Бог! Нічога я не помню! – Ліда амаль крыкнула. I ў голасе была не толькі злосць, але і пагарда, яна ўспыхнула ў вачах, і Дробаў улавіў гэтае імгненнае свячэнне. – Я пасля работы, як конь, яму ежу валаку, а ён выдурняецца. У людзей мужчыны як мужчыны… Пайшоў бы хоць малую з садка забраў. І гэты ўсё ката за хвост цягае, – Ліда ўскінула голаў угору, паказала на суседа зверху.

– Забяру, – паспешна згадзіўся Дробаў.

Але галоўнае было вось у чым: толькі сёння ён нутром адчуў, што не памятае Ліда нічога таго і памятаць не хоча. І ўжо неяк па-іншаму паўсталі перад ім яе штодзённыя, пастаянныя папрокі за тое, што не хапае грошай, што не выберуцца са старое маленькае хрушчоўкі, што ў іншых «мужчыны як мужчыны», бо ўмеюць зарабляць грошы… І самому сабе Дробаў раптам здаўся малюсенькім, нікчэмным, як жабрак з меткаю ІТР, не інжынер, а гэты «ітээр», зняважлівей за якое і быць не можа звання… Але не гэта галоўнае, а тое, што ўбачыў у Лідзіных вачах.

Дробаў прачыніў акно – голас скрыпкі, праніклівы і шчымлівы, быццам дакрануўся да душы, на нейкі час перамог усе гукі навокал, усе адчуванні. Адзін толькі ён жаліўся, прасіў, вымольваў нечага, спадзяваўся і потым адчайна, наўзрыд усхліпваў…

Прывычны рык самалёта на ўзлёце заглушыў усе гукі, і Дробаў сцепануў плячыма, зачыніў акно, апрануўся, выйшаў на двор і пакрочыў па шапаткім лісці ўглыб скверыка, бяздумна, як адзінокі падарожны ў восеньскім тумане.

Сон

Ён мякка і бясконца падаў некуды ўніз, наўскасяк, ад гэтага падзення, здаецца, раствараўся, знікаў. Потым пачынаў выплываць аднекуль знізу, з бясконцай чорнай глыбіні, і яна, як вада, адчувальная, шчыльная, расступалася і выпускала яго наверх. І тады ён бачыў ноч у пакоі, падсветленую вулічнымі ліхтарамі, чуў глухі шум дажджу. Дажджом пахла і ў пакоі – фортачка была прачынена. І ён удыхаў гэты пах, як чалавек, які вынырнуў з-пад вады і ўцягвае паветра. Адчуваў, які ўвесь мокры і саслаблы ў вільготных ад поту прасцінах. Яго ўжо не калаціла, і дзве коўдры, і асенняе паліто, ускінутае наверх, цяпер былі непатрэбныя, ціснулі. Але ў яго не ставала ні сілы, ні жадання нават паварухнуць рукой. Ён прыслухоўваўся да болю, які неадступна, няўмольна выціскаў з сэрца жыццё. Не засталося сілы ўстаць з ложка па лякарства, нават узяць з падлогі шклянку з вадою. Тлелася млявае спадзяванне, што вось гэтак усё і скончыцца, і хацелася, каб скончылася. Яшчэ магла з суседняга пакоя зайсці жанчына, падаць яму ваду, лякарства. Але ён ведаў, што яна спіць і ніколі не прачнецца ні ад прадчування бяды з ім, ні ад таго, што яго няма побач. Ён гэта ведаў. Але чаму ўсё ж сэрца не магло змірыцца з гэтым веданнем і адгукалася болем? І ён зноў правальваўся, нібы паміраў, і потым зноў вяртаўся назад. І ноч цягнулася бясконца. І яму здалося, што, калі раніцай яна зазірне да яго і са святой шчырасцю запытаецца пра здароўе, ён скажа, што ведае ўсё, што больш прытварацца не трэба… І непрыкметна сасніў раніцу, чуў, як яна бегала ў прыхожай, нават нешта напявала, а потым, апранутая, радасная, зазірнула і спыталася толькі дзеля таго, каб спытацца: «Ты жывы хоць?» Ён ірвануўся, выкрыкнуў: «Перастань прытварацца!» Але голас прагучаў бездапаможна, жаласліва, як просьба міласціны. І яна не пачула яго, пстрыкнула выключальнікам, стала цёмна ў прыхожай, весела грукнулі зачыненыя кватэрныя дзверы. Яго проста не існавала на гэтым свеце!..

Уражаны адкрыццём, ён не выплыў з забыцця, а прахапіўся са сну: у прыхожай і сапраўды гарэла святло, весела тупала жанчына, было чуваць, як яна апранаецца, як пайшла да дзвярэй, як яны грукнулі, зачыніліся. І ў прыхожай, і ў ягоным пакоі запанаваў прыцемак. Цяпер у яго было не толькі разуменне, але і адчуванне кожнай сваёй знясіленай клетачкай, што ён чужы і што яна пайшла. З палёгкаю падумаў: «Добра, што звярнуўся да яе ў сне, а не сапраўды…»

І, спакойны, заснуў здаровым сном. Прачнуўся ўдзень у халаднаватым і выветраным пакоі. Цела, цяжкае, змучанае, было на дзіва лёгкае, ясная, чыстая галава. Увесь ён здаваўся самому сабе чыстым, маладым і здаровым. Ён памыўся пад душам, потым піў гарбату, і здавалася, што пахмуры дзень за акном святлейшы за ўчарашні.

Пасля тае ночы прайшло шмат гадоў, цэлае жыццё. І, калі ён успамінае перажытае і тую, першую, жанчыну, якую ён любіў і якая пайшла ад яго, найперш успамінае сон і свой жабрачы непачуты голас. Цяпер ён ведае, што, калі жанчына пакідае, яна не азіраецца. І з гадамі яму пачынае здавацца, што і тая пакутная ноч, і ўсё, што адбылося з ім тады, – гэта не сапраўды было, а саснілася, і гэты адзіны сон толькі і запомніўся яму з усіх сноў у доўгім чалавечым жыцці, і гэты сон і ёсць ягонае жыццё, а ўсё астатняе – няпраўда.

Людміла Лазута

Жыць усім разам…

Людміла Паўлаўна Лазута нарадзілася ў 1954 г. у вёсцы Едначы Слонімскага раёна, на Гродзеншчыне. Сярэднюю школу скончыла ў Слоніме. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута працавала ўрачом-педыятрам у Гродзенскай вобласці і Гродне. З 1989 г. жыве ў Мінску. На працягу 20 гадоў была галоўным урачом дзіцячай паліклінікі. Зараз займаецца педагагічнай дзейнасцю ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

З апавяданнямі друкавалася ў часопісах «Полымя», «Здоровье и успех», «Домашний очаг», «Курносики», газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Воскресение», «Царкоўнае слова», «Веснік БДМУ», «Слонімская газета», альманаху «Літаратурны экватар». Аўтар кніг «Імгненні» (2014), «Вузкімі сцежкамі» (2014).

У апавяданні «Незвычайнае паляванне», ідэю стварэння якога аўтару падказалі ўласныя падлеткавыя ўспаміны, адчуванне еднасці свету, усяго жывога ў ім праходзіць праз шэраг падзей. Сусвет адзіны для ўсіх. У ім людзі існуюць побач з раслінамі і жывёламі. І паспяховае суіснаванне магчыма толькі пры ўмовах павагі, спачування і ўзаемадапамогі. Апавяданне прываблівае чытача і далікатным вясковым гумарам. Ён вельмі пасуе пазітыўным характарам герояў твора.

Незвычайнае паляванне
(Апавяданне)

«Маня, дзе ты падзелася, чаму ў хлеў не ідзеш?» – з гэтымі словамі Рыгор пераступіў парог кухні, дзе ўжо сцямна спрытна завіхалася жонка, рухавая Маня. Заглянуўшы чарговы раз у печ, яна павярнула галаву на голас мужа.

Непаслухмяныя кучаравыя валасы жанчыны, заплеценыя ў касу і замацаваныя «кошычкам», былі прыціснутыя лёгкай бязевай хусткай, але ўсё ж такі выбіваліся з-пад яе, хваляй абводзілі высокі лоб, што надавала маладжавасці твару, ружоваму ад цяпла з печы. Гэтая прычоска ды яшчэ бліскучыя зеленаватыя вочы зрабілі сваю справу – Рыгор не мог адвесці вачэй ад Мані, нібыта ўбачыў жонку ўпершыню і ўразіўся. Было чаму: нягледзячы на пятнаццаць гадоў шлюбу, яна ўсё яшчэ заставалася першай прыгажуняй на вёсцы.

– Ты ж не чуў, як я амаль кожную гадзіну цалютку ноч у хлеў бегала, хроп сабе, як жыта прадаўшы. А зараз, калі ты ўжо на двор пайшоў, чаго мне туды бегчы? Блінцы во пяку.

У печы ярка гарэлі дровы. Па баках яе размясціліся два чыгуны, у якіх ужо кіпела намытая бульба – ежа для свіней. Паміж чыгунамі рабром стаяла цагліна. Яна служыла апорай адразу для дзвюх вялікіх круглых патэльняў, прыладжаных супрацьлеглымі бакамі на краі чыгуноў. На патэльнях выпякаўся сняданак. Калі блінец ружавеў, Маня спрытна віламі паднімала і выцягвала патэльню на прыпек, адным рухам пальцаў дакраналася да яе, і блінец, як акрабат на спаборніцтве, пераварочваўся іншым бокам, каб зноў трапіць у пячны жар. Гатовыя бліны ўзвышаліся ў талерцы на прыпечку – ладны іх стажок сведчыў аб тым, што гаспадыня не заляжалася ў ложку, хоць сёння і нядзеля.

– А што там? Ужо ж не маўчы, па вачах бачу – навіну прынёс.

Па румянцы на шчоках мужа было відаць, што гаспадар хвалюецца. Нават русыя яго валасы прыпацелі над ілбом пад шапкай.

Рыгор расшпіліў кажух і прысеў на табурэтку, нервова пакручваючы ў руках шапку. Стараючыся размаўляць цішэй, каб не пабудзіць дзяцей, сказаў:

– Яно так, маем прыплод, апарасілася таўстуха без нашай дапамогі, я налічыў адзінаццаць парасятак. Адно нейкае зусім слабенькае, не відаць, ці дыхае. Усе ў кучцы, ля маткі грэюцца, а гэтае неяк асобна. Я, канешне, падсунуў яго бліжэй, але мне здаецца, што свіння не вельмі ласкавая да яго.

– Дык ці жывое тое парасё? – спыніла мужа Маня.

Глянуўшы на разгублены твар гаспадара, яна зразумела, што трэба бегчы ў хлеў самой. Ён быў дбайным мужчынам, але ў такіх далікатных справах на яго была слабая надзея.

– Падварушы трохі дровы, каб блінцы не прыпалі, пабягу сама гляну, – хутка сказала кабета. Накінуўшы на плечы кажушок і прыхапіўшы з рук мужа ліхтарык, знікла за дзвярыма.

«Ну нібыта маланка паляцела. Сама хай і палічыць гэтых парасят ды са слабым разбярэцца», – падумаў Рыгор, знімаючы з чыгуна патэльню з падпечаным блінцом.

Маня, канешне, управіла справы. Налічыла дзесяць ладных парасятак, а адзінаццатае было зусім кволае. Каб яго не затапталі іншыя ці незнарок матка не прыціснула, вырашыла забраць гаротніка ў хату.

І такі ўратавалася гэтае парасё. Для спання яму прыладзілі фанерную скрыню ад пасылкі, саломы на дно паклалі, мяккай мешкавінай прыкрылі. Кармілі каровіным малаком праз дзіцячую соску. Дзеці, як прачнуцца ці пасля школы, перш-наперш да скрыні бягуць, гладзяць малое, ласкавыя словы прыгаворваюць. Нават купалі яго колькі разоў. Праз якія два тыдні парасё падужэла, пачало варочацца, потым выкульвацца са свайго жытла ды хатнюю прастору асвойваць.

Шпацыры тыя вельмі не падабаліся кошцы. Мурка адчула ў парасяці саперніцу, якая паціху авалодвала ўвагай і пяшчотай усяе сям'і. Кошка паспрабавала выгнуць спіну і пашыпець на парасё, але тое, відаць, не разумела, што гэта азначае, паглядвала на Мурку маленькімі няхітрымі вочкамі і дыбала паціху далей, пацокваючы капыткамі. Кошка затойвалася на табурэтцы, чакала свайго часу, назіраючы за парасём. Па напружаным уздрыгванні поўсці на спіне можна было здагадацца аб яе адчуваннях. Калі б Мурка ўмела гаварыць, сказала б нешта накшталт: «Ходзіць, нібы гаспадыня на абцасах, якая да свята рыхтуецца».

Кошкі – натуры настойлівыя, такі дачакалася.

А трэба сказаць, што па прапанове малодшай дачкі дзеці назвалі парасё Свінкай. «Пісаць з вялікай літары, як мянушку», – сказала першакласніца на сямейным савеце. Ніхто не пярэчыў. Толькі старэйшы сын-падлетак здзівіўся: «Мы што, пашпарт ёй рабіць будзем, каб мянушку з вялікай літары пісаць?» Усім ад гэтага выказвання зрабілася смешна і весела.

Дык вось, калі нікога не было ў хаце, адбылася там, відаць, вайна мясцовага значэння, бо калі Маня аднаго дня прыйшла пакарміць Свінку, то застала тую ў скрыні: парасё паціху рохкала, а на пысе і на спіне былі заўважныя чырвоныя сляды ад вострых Мурчыных кіпцюроў.

– Ах ты, бедалага мая, – занепакоілася Маня. Хутка прынесла зялёнку і памазала раны, што дужа не спадабалася парасяці: зялёнка пякучая.

– Дзе ты, злосная твая натура, – паклікала гаспадыня кошку. Але тая, прадчуваючы разборкі, схавалася, відаць, у цёмны падпечак. – Пачакай, будзе табе вечарам ад гаспадара.

І як толькі Рыгор бразнуў клямкай, хітрая кошка ўжо стаяла ля дзвярэй напагатове. Кінулася ў сенцы, чуць не збіўшы яго з ног, адтуль па драбіне на гарышча. Аднак раніцай ужо чакала гаспадыню перад дзвярамі, голад жа – не цётка. Цёрлася аб ногі Мані, пакуль тая не наліла ёй малака. Рыгор назіраў за гэтымі падзеямі здалёк, усміхаўся ў вусы, у каторы раз дзівячыся магутнасці каціных інстынктаў.

З таго часу Мурка наладзіла з парасём мірныя ўзаемаадносіны. Разборак за тэрыторыю больш не было. За выключэннем хіба хвілін дэманстравання неспакою, калі Маня прысядала ля Свінкі з бутэлькай малака – кошка тады саскоквала з печы і пачынала церціся ля ног гаспадыні.

Так парасё і падрастала, набірала паціху вагу, каб мець магчымасць вярнуцца ў хлеў і жыць сярод мацнейшых суродзічаў. Праз колькі тыдняў Свінка патрабавала ўжо больш ежы, а калі-нікалі ўночы вылазіла са скрыні, цокала ў пакой, дзе спалі гаспадары, пачынала патрабавальна смактаць ражок прасцірадла, які звісаў з ложка. Для Мані гэта азначала, што трэба ўставаць і карміць парасё. «Хутчэй бы яно зусім ачуняла, каб у хлеў занесці, а то ж лішнюю хвілінку падрамаць не дасць», – думала гаспадыня, адрываючы галаву ад падушкі.

А час рухаўся ў сапраўдную зіму. Перад Калядамі, па шматгадовай завядзёнцы, да Рыгора з райцэнтра прыехалі даўнія сябры – аматары палявання і рыбалкі: урач Мікалай Пятровіч і палкоўнік з ваенкамата Сяргей Мікалаевіч. З імі Рыгор сябраваў з тых часоў, калі рэгістраваўся на вайсковы ўлік як ветэран, а палкоўнік яшчэ быў маёрам. Далучыліся да кампаніі і двое мясцовых хлопцаў з цэнтральнай сядзібы калгаса – Пеця і Міша. Ніхто з мужчын не быў такім ужо завадовым знаўцам паляўніча-рыбацкай справы, але два ці тры разы на год яны сустракаліся ў Рыгора, каб пабыць у мужчынскай кампаніі дружбакоў, напячы бульбы на вогнішчы, юшкай паласавацца ды з нагоды парадаваць сямейных свяжуткай рыбай ці дзічынай. Падабаліся гэтыя сустрэчы і мужчынам, і хлопцам, і сям'і Рыгора. Усе любілі паслухаць паляўнічыя байкі пасля вячэры. Самым здатным да іх быў, канешне, Мікалаевіч – на тое ён і палкоўнік, бывалы чалавек.

Сустрэча і на гэты раз была радаснай. Пасядзелі за сталом, смачнымі салёнкамі са смажаным сальцам ды квашанай капусткай пачаставаліся, пагаманілі. Заседжвацца не сталі, праверылі яшчэ раз ружжы ды снасці для лоўлі рыбы з палонак. Вырашылі ўстаць напрыканцы ночы, каб прайсціся спачатку праз малады лясок, потым па хмызняках – мо якога зайца ці кабана і ўпалююць. Калі не – то далей рушаць да ракі, там рыбацкага шчасця пашукаюць.

Каб ранкам не парушаць спакой Мані і дзяцей, на ноч размясціліся ўсе ў адным пакоі: двое на ложку, адзін на канапе, а Мікалаевіч папрасіўся паслаць яму на падлозе. «Я так і лягу ў спартыўным касцюме, цёпла будзе. Ды і ранкам самы першы за снеданне вазьмуся, пакуль іншыя апранацца будуць».

Маня згадзілася. Прынесла з каморы вялікі, напоўнены пахкай саломай мяшок, палкоўнік на яго з задавальненнем улёгся. Рыгор прымасціўся на шырокім услоне ля печкі. Пагаманілі перад сном, парагаталі, успамінаючы ранейшыя прыгоды, ды і заснулі, храпучы на розных нотах.

Маня спала на кухні, на печы вырашыла спіну пагрэць. Думала раней падхапіцца ды паспець раненька яешню на керагазе насмажыць, каб не ішлі сябрукі галоднымі на паляванне.

Так яно добра і атрымалася: яешні на сале насмажыла, салёных гурочкаў з каморы прынесла, смачнага свойскага хлеба нарэзала. Чакае. А госці і не варушацца. Пайшла Маня мужа будзіць. Хутка ўсе паўскоквалі, апрануліся.

Ужо нават і за сталом не сталі заседжвацца, без размоў хутка падсілкоўваліся. А Мікалаевіч – той і зусім нічога не стаў есці, папрасіў толькі кубак гарачага чаю. «Мо галава чалавеку разбалелася, не хоча есці, усяляк бывае», – падумалася Мані.

На стук відэльцаў саскочыла з цёплай печы кошка: смажанае сала смачна пахне на ўсю хату. Пачаставалі і яе. А тут і Свінка асмялела, вывіхнулася са сваёй скрынкі і таксама да Рыгора накіравалася.

– Што гэта ў вас за звярына такая, няўжо парасё? Чаму ж па хаце ходзіць, а не ў хляве? Калі яно тут з'явілася? – зацікаўлена распытваў палкоўнік.

Рыгор распавёў гісторыю жыцця Свінкі, дадаўшы, што ўчора вечарам яна спакойна спала ў падпеччы, наеўшыся падкалотак з малаком, таму ніхто яе прысутнасці і не заўважыў.

Тут наш палкоўнік падскочыў з месца, Свінку паспрабаваў пагладзіць, а яна – дзёру ў бок Мані. Госць суправаджаў парасё настойліва-ўважлівым позіркам, пакуль тое не схавалася ў падпеччы. Зноў сеў ля стала. Пацягваючы з кубка чай, задуменна ўсміхаўся, загадкава, як у нас кажуць – «сабе ў вус», як быццам ведае штосьці ды раздумвае, ці вартыя гэтыя веды ўвагі прысутных.

Праз якую хвіліну, узяўшы відэлец, палкоўнік далучыўся да дружбакоў, паведаміўшы, што чай вельмі дапамог, нагнаў апетыту. Яешня на сале яму таксама прыйшлася да смаку, асабліва са свойскім хлебам, які ў Мані заўсёды атрымліваўся адмысловым.

Дружна падняўшыся ад стала, мужчыны дзякавалі за снеданне. І тут адбылося непрадбачанае. Кінуўшы вокам у бок падпечка, з якога высунуўся зацікаўлены лычык Свінкі, бывалы чалавек Мікалаевіч, палкоўнік па званні, ні з таго ні з сяго ляпнуў сябе далонню па лбе і… пачаў рагатаць. Сябры і гаспадары разгубіліся. А госць рагоча і рагоча – не маючы сілы спыніцца. Нарэшце супакоіўся. Аддыхаўшыся, пачаў расповед, якога, паглядваючы адзін на аднаго, чакалі ўсе прысутныя.

– Заснуў я звечара хутка. Сяброўская гутарка пад смачную вячэру заўсёды спрыяе жаданню адпачыць. Не ведаю, колькі праспаў. Прачнуўся ад таго, што на мяне хтосьці пазірае і сапе зусім побач, ля твару. Уціснуўся разам з саломай у падлогу. За імгненне якія толькі думкі не пракруціліся ў галаве: «Няўжо пацукі такія вялізныя водзяцца ў падполлі хаты? Яны ж, я чуў, і ўкусіць могуць за твар, калі чалавек спіць». А пацукі, прызнаюся, для мяне з маладосці самыя агідныя і непрыемныя з усяго жывога. Асмеліўся пальцам дацягнуцца да звярыны, спадзеючыся, што гэта ўсяго толькі кошка, але палец мацнуў нейкую незвычайную шкуру з дзіўнымі валаскамі. Накрыўся з галавой, ледзь не залямантаваў, – працягваў Мікалаевіч свой расповед, паглядваючы на ўсіх хітраватым вокам і пасмейваючыся ў вусы. – Ляжу, прыслухоўваюся. Потым датумкаў, што адышоў звер: пачуў лёгкі тупат яго ног. Канешне, было ўжо не да сну, ледзьве ранку дачакаўся. Не адважыўся адразу пра начное здарэнне распавесці, усе падзеі нанава прыпамінаў… А тут – парасё!

Рогат у кухні пабудзіў дзяцей, а мо і суседзяў. Усе адразу зразумелі, што ноччу галодная Свінка па звычцы гаспадыню шукала і натрапіла на госця, які хроп якраз пасярэдзіне яе звычайнага начнога шляху да падсілкавання.

…А паляванне добрае ўдалося. Вялікага кабана падстрэлілі – нібыта ў кампенсацыю за начныя страхі.

Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.

Kollektif
Metin, ses formatı mevcut
₺498,62