Kitabı oku: «Беларуская лiтаратура»

Yazı tipi:

Рэцэнзенты: кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “Юрыдычны каледж БДУ” (А. В. Шышко); дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” кандыдат філалагічных навук, дацэнт Н. В. Заяц.

© Навумовіч У. А., 2007

© Навумовіч У. А., 2013, са змяненнямі

© Афармленне. УП «Выдавецтва “Вышэйшая школа”», 2013

Літаратура – прыгожае пісьменства

Мастацкая літаратура – адзін з самых папулярных і даступных відаў мастацтва. У літаратурных творах слова перадае рэчаіснасць, паўстае ў выглядзе адметных эстэтычных вобразаў. У адрозненне ад навукі мастацкая літаратура раскрывае з’яву цэласна, аб’ёмна, маштабна, у рэальным перапляценні і ўзаемадзеянні яе разнастайных якасцей і адметных асаблівасцей, паказвае з’яву з эстэтычных пазіцый.

Літаратура – гэта ў першую чаргу чалавеказнаўства. У гэтым яе асаблівая каштоўнасць. Іншы раз на дзвюх-трох старонках літаратурнага твора апісваецца ўсё чалавечае жыццё, а часам ва ўсёй кнізе – адно імгненне, эпізод. Творцы пішуць пра матэрыяльнае і духоўнае, пра лёс чалавека і лёс краіны, пра дабро і зло, пра з’явы прыроды. Глыбіня пранікнення ў свет чалавечай душы, у сутнасць падзей і адпаведна каштоўнасць твора для чытача залежаць ад таленту пісьменніка, яго здольнасці за малым бачыць вялікае, важнае, ад яго ўмення адкрываць чалавечае ў чалавеку.

Апавяданне, раман, п’еса, паэма, верш – гэта пераўтвораная рэальнасць, жыццё ў формах самога жыцця. Усё, што напісана пісьменнікам, нібыта і плён яго фантазіі, але ў той жа час і пераплаўлены аўтарам жыццёвы вопыт: надта ж праўдападобна, нагадвае само жыццё ў яго вечным кіпенні моцных пачуццяў, праяўленні сімпатый і антыпатый. З мноства фактаў пісьменнік выбірае найбольш характэрныя, тыповыя, кожная фраза ў яго творы – адзіна значная, адзіна магчымая. І мова, і стыль набываюць у майстра мастацкага слова асаблівае значэнне.

Слова – галоўны будаўнічы матэрыял у літаратуры. Яно перадае найтанчэйшыя парывы душы, разнастайныя адценні ўсіх фарбаў, становіцца ў стройнай плыні апісанняў гнуткім, зменлівым, рухомым і ў той жа час дакладным, канкрэтным інструментам. Узнятае з глыбінь народнай памяці, слова “раздзімаецца” пры дыханні твора, як вугалёк на далоні, трапечацца, быццам злоўленая рыбка ў руках. Яно, паводле выказвання філосафа Гегеля, з’яўляецца самым пластычным матэрыялам з усіх, што належаць чалавечаму духу. У творах прыгожага пісьменства – менавіта так здаўна называюць літаратуру – можна лёгка перадаць стан душы або ўзбуджанае пачуццё, пластыку танцавальных рухаў ці велічнасць архітэктурнага збудавання.

Выдатны рускі літаратурны крытык В. Р. Бялінскі адзначаў: “Філосаф гаворыць сілагізмамі, паэт – вобразамі і малюнкамі, але гавораць яны аб адным і тым жа… адзін даказвае, другі паказвае, і абодва пераконваюць, толькі адзін лагічнымі довадамі, другі – малюнкамі. Але першага слухаюць і разумеюць нямногія, другога – усе… Тут ні навука не можа замяніць мастацтва, ні мастацтва навуку”.

Літаратура мае яшчэ адну важнейшую якасць. Яна выяўляе і фарміруе нацыянальнае жыццё, стымулюе нацыянальную псіхалогію, уздымае самасвядомасць народа, акумулюе культуру, з’яўляецца адной з першакрыніц утварэння і развіцця літаратурнай мовы. Іншай трыбуны, апроч літаратуры, у народа, бадай, не было і не магло быць. З дапамогай літаратурных крыніц мы спасцігаем дух часу, сувымяраем свой жыццёвы вопыт, пазнаём заканамернасці сацыяльных рухаў, усведамляем праблемы развіцця грамадства. Дзякуючы творам мастацкай літаратуры мы глыбей спасцігаем гісторыю свайго краю, жыццё народа, лепш разумеем час і сябе.

Так сталася, што на працягу ўсяго перыяду свядомага развіцця чалавецтва цэнтрам духоўнага ўдасканалення грамадства з’яўлялася літаратура. Рух грамадства, несумненна, адбываецца па сваіх законах, і этапы гэтага руху, яго заканамернасці мы пазнаём перш за ўсё праз літаратуру, праз друкаванае слова.

Беларуская літаратура заўсёды была выразнікам болю і трывог, роздуму і надзей, “валадаром дум народных”, ледзь не адзіным мастацкім адбіткам душы нацыі. Літаратура ад пакалення да пакалення несла дар, пераняты ў народа і замацаваны ў мастацкім слове, – дар праўды, дабрыні і любові, разумення вялікага свету з дапамогай твораў прыгожага пісьменства.

Творы мастацтва слова не могуць існаваць самі па сабе, яны абавязкова з’яўляюцца часткай сусветнага літаратурнага працэсу. Літаратуру называюць спрасаваным сусветам. Узнікшыя ў выніку свабоднага натхнення, выдатныя творы мастацкай літаратуры адлюстроўваюць жыватворны дух народа, жыццём якога жывуць творцы, у асяроддзі якога яны выхаваны, “духам якога дыхаюць”.

Мабыць, таму беларуская літаратура дала свету больш, чым свет ведае пра яе.

Першакрыніцы мастацкай творчасці

Беларуская літаратура – гэта народная трыбуна. Разам з беларускім народам наша літаратура прайшла доўгі і складаны шлях свайго развіцця. Беларускае слова выяўляла духоўны стан нацыі, звілістымі сцежкамі вяло просты народ да свабоды і праўды, выводзячы селяніна-беларуса на шырокую дарогу будаўніцтва роднай гаспадаркі, краю, фарміруючы і ўмацоўваючы калектыўны дух, услаўляючы самастойны выбар. Устанаўленню незалежнасці Беларусі ў многім садзейнічала тое, што беларускае слова – вуснае і друкаванае – захоўвалася на працягу многіх і многіх стагоддзяў.

Вольнае беларускае слова дапамагала выжыць у цяжкіх умовах прыгнёту асобы, заклікала на бой, як набат, у грозныя, суровыя часы, дзякуючы чаму беларусы не зніклі, не растварыліся ў велізарным моры шматлікіх народнасцей на планеце. Роднае слова яднала, кансалідавала беларускі этнас, робячы яго адметнай нацыяй, фарміравала духоўную моц народа, мабілізоўвала на стваральную працу вялікую супольнасць беларусаў. Лёс чалавека, лёс народа, лёс краіны ў беларускай літаратуры цесна звязаны між сабой. У творах мастацтва слова адлюстраваны асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў, ментальнасць, правасвядомасць, адносіны ў грамадстве, традыцыі, светабачанне і светаўспрыманне, светаразуменне народа ў мінулым і сучасным.

Мастацтва слова ўсхваляла дасягненні беларускага народа ў культуры, асвеце, навуцы, эканоміцы, грамадскім жыцці. Беларуская літаратура – літаратура агульначалавечых духоўных каштоўнасцей.

Беларускай літаратуры наканавана адлюстраваць актыўныя намаганні народа і краіны па будаўніцтве суверэннай дзяржавы, уславіць моцную і квітнеючую Беларусь.

Падобна да таго, як у старажытнасці лічылася, што Зямля трымаецца на трох кітах, так і беларуская літаратура, можна сказаць, заснавана на трох асноўных культурных падмурках-першакрыніцах.

Першы з іх бярэ свой пачатак у агульнаславянскай літаратуры з яе рэалістычным падыходам да жыцця, стылявой эмацыянальнасцю. Агульнаславянская скіраванасць праяўлялася ва ўсім: у выбары сюжэта, у характарыстыцы персанажаў, у пачуццёвай насычанасці слова, якое перадавала самыя розныя душэўныя станы.

У беларускай літаратуры хутка і інтэнсіўна развіваліся разнастайныя стылявыя плыні: рэалістычна-канкрэтная, лірычная, рамантычная, фантастычная, прыгодніцкая, натуралістычная, філасофска-канцэптуальная.

Другі падмурак, на якім заснавана беларуская літаратура, – элементы візантыйскай, найперш духоўнай, культуры, пранікненне якіх узмацнілася пасля прыняцця хрысціянства на землях Кіеўскай Русі ў канцы X ст. Разам з верай у свядомасць уваходзілі паняцці размежавання дабра і зла, пошукі ісціны, сэнсу жыцця. З Візантыі ехалі вазы з кнігамі ў манастыры Навагрудка, Полацка, Турава.

Візантыйская дзяржава была шматэтнічнай. Яе насялялі многія народы, у тым ліку і славянскія, у прыватнасці балгары. У фарміраванні і развіцці літаратуры і мастацтва Візантыі славяне адыгралі вялікую ролю. І менавіта праз “усходнехрысціянскае культурнае кола” пашыралася хрысціянства на беларускія землі, што абумовіла ўзнікненне пісьменнасці на Беларусі ў X ст.

Візантыйская літаратура развівалася на грэчаскай мове. Большасць літаратурных помнікаў Візантыі загінула, але тое, што захавалася, сведчыць аб блізкасці да антычнай культурнай спадчыны. Візантыйская культура сінтэзавала мастацтва шматлікіх народаў і ўплывала на культуру тых этнасаў, якія былі звязаны з Візантыйскай дзяржавай палітычнымі, гандлёвымі і іншымі сувязямі.

Ад старажытнасці і да сённяшняга часу жывілі і жывяць беларускую літаратуру каларыт і стыхія народнага жыцця. Таму трэці падмурак, бадай, самы важны пласт беларускай культуры – фальклор. Фальклорная плынь у беларускай літаратуры надзвычай моцная. Беларуская проза, паэзія, драматургія пачыналіся з невялікіх вусных апавяданняў, сцэнак, маналогаў, дыялогаў, жартаў, анекдотаў, бытавых ці лірычных замалёвак, абразкоў, біблейскіх прытчаў, вершаў, якія здаўна жылі ў народзе. Існуе думка, што фальклорная традыцыя дамінуе ў нашай літаратуры. Але ці можа быць зашмат народнага духу, каларыту ўвогуле ў любым творы мастацтва?

Вусная паэтычная творчасць беларускага народа – тая глеба, на якой развіваецца прафесійная літаратура, яе асноўныя і найбольш жыватворныя пласты.

Фальклор – жывая творчасць народных мас, узлёт чалавечага духу. У казках, легендах, паданнях праявіліся векавая мудрасць народа, яго прыродны розум. Як вядома, мудрасцю засноўваецца дом, а розумам сцвярджаецца. Дом беларускай мастацкай літаратуры заснаваны на трывалым падмурку.

З трох названых першакрыніц пайшло станаўленне самых старажытных жанраў літаратуры – летапісна-апавядальных твораў. Шмат у іх было павучальнага і мудрага, багата жывога і трапяткога чалавечага пачуцця, урокаў жыцця і канкрэтных настаўленняў часу. У старажытных летапісах мы знаходзім і ўласна літаратурныя творы, якія сталі пачаткам многіх гістарычных жанраў, бо расказвалі пра важнейшыя падзеі, што былі звязаны з ваеннымі паходамі, з барацьбой супраць знешніх ворагаў. Летапісцы апавядалі пра свой час, падавалі гісторыю знатных родаў, апісвалі прыродныя з’явы.

Ад антычнасці да сярэднявечча

Антычнасць – старажытная культура Грэцыі і Рыма. Паняцце “антычнасць” даволі шырокае, яно ўключае цэлую эпоху, калі зараджаліся і закладваліся асновы дзяржавы і права, прынцыпы свабоды і дэмакратыі, выпрацоўваліся законы роўнасці паміж людзьмі, якія маглі вылучацца найперш сваімі прыроднымі якасцямі – фізічнай сілай, гнуткасцю розуму, кемлівасцю, дасціпнасцю, гумарам, мудрасцю, адкрытым характарам.

Гэта была эпоха культу Чалавека, росквіту яго разумовых і фізічных здольнасцей, дадзеных яму маці-прыродай У названы перыяд інтэнсіўна развіваецца філасофская думка (Сакрат, Платон, Арыстоцель), шмат зроблена ў станаўленні выяўленчага мастацтва (Праксіцель, Фідзій, Лісіп), архітэктуры, тэатра. У эпоху Антычнасці значных вяршынь дасягае літаратура, з’яўляюцца выдатныя майстры слова – Гамер, Гесіёд, Сапфо, Вергілій, Авідзій. Матэрыяльная і духоўная культура Антычнасці сталі падмуркам, на якім развівалася ўся еўрапейская навука, адукацыя, літаратура і мастацтва. Традыцыі грэчаскіх трагедыі, камедыі, сатыры, лірыкі (байка, эпіграма, мадрыгал) ляжаць у аснове сучасных твораў. Антычны свет даў людзям Алімпійскія гульні, класічны тэатр, усталяваў выдатную сістэму адукацыі, пакінуў высокія ўзоры мастацтва. У той час узніклі брукаваныя дарогі, амфітэатры, іпадромы, з’явіўся цырк, былі пабудаваны магутныя масты, у рэлігійным богаслужэнні ўкараняліся хоры, дыялогі. Антычная літаратура надзвычай багатая па змесце і дасканалая па форме.

Асаблівую цікавасць уяўляюць сабой міфы і легенды Старажытнай Грэцыі і Рыма, а таксама паэмы-эпапеі Гамера “Іліяда” і “Адысея”, трагедыя Эсхіла “Прыкуты Праметэй”, паэма Вергілія “Энеіда”, лірыка Катула і інш. Міфы і легенды Старажытнай Грэцыі расказвалі аб нараджэнні планет, кантынентаў, частак свету, зямных цывілізацый.

Сярод міфаў самага ранняга (архаічнага) перыяду грэчаскай гісторыі – цудоўнае паданне аб нараджэнні багіні прыгажосці і кахання Афрадзіты з марскіх хваляў. З маленькай кропелькі крыві бога Урана ў марской пене з’явілася на свет гэтая багіня. Цікавы і незвычайны міф пра Зеўса. Тытан Крон, сын багоў Урана і Геі, хітрасцю скінуў свайго бацьку і заняў яго месца на Алімпе. Баючыся, што нашчадкі зробяць з ім тое ж, Крон глытаў усіх сваіх дзяцей. Цудам, вялікай таямніцай і загадкай стала выратаванне аднаго з апошніх сыноў – Зеўса. Яго маці Рэя (жонка Крона), каб засцерагчы сына ад смерці, схавалася ў глыбокай пячоры на востраве Крыт, дзе і нарадзіўся яе сын Зеўс. Як вядома, менавіта на гэтым востраве пазней зарадзілася цывілізацыя, да якой належым і мы. Ненажэрнаму Крону замест дзіцяці Рэя дала праглынуць прадаўгаваты камень, загорнуты ў пялёнку. Крон задаволіўся ім. Зеўс – галоўны бог, само жыццё, які дае жыццё іншым, “першапатэнцыя”, сіла, дух – перавёз на Крыт прыгажуню Еўропу, закахаўшыся ў яе з першага погляду. Ад іх сына Мінаса пайшлі іншыя цывілізацыі. Дарэчы, аснова “мін” – у імёнах князёў Вялікага Княства Літоўскага (Міндоўг, Гедымін), у назве галоўнага горада беларусаў – Менска, што магло азначаць узнікненне новага культурнага кола (Т. Шамякіна).

Са шматлікіх міфаў узніклі крылатыя выразы, якія часта выкарыстоўваюцца ў нашым жыцці: нітка Арыядны, ахілесава пята, сізіфава праца, аўгіевы канюшні, танталавы пакуты, скрынка Пандоры, дамоклаў меч, траянскі конь, вечны горад.

З беларускімі вандроўнымі старцамі-лірнікамі можна параўнаць старажытнагрэчаскага сляпога паэта Гамера, які хадзіў па плошчах і рынках і спяваў пад акампанемент кіфары. Гамера ва ўсе часы называлі бацькам паэзіі, царом усіх паэтаў. Яго “Іліяда” і “Адысея” – выдатныя паэмы старажытнагрэчаскага эпасу. У першай з іх Гамер расказваў пра Траянскую вайну. Троя, альбо Іліён (адсюль “Іліяда”), – горад у Малой Азіі, вядомы з канца ІV тысячагоддзя да н. э. У паэме мы сустракаемся з Зеўсам, які скаланае зямлю, хутканогім Ахілесам, кемлівым Адысеем, а таксама з падобным да бога, прыгожым, як бог, маладым Парысам. З-за прыгажуні Алены пачалася Траянская вайна, якая цягнулася дзесяць гадоў. Парыс – сын траянскага цара Прыама, а Алена – спартанская царыца, жонка цара Менелая. Пакахалі адно аднаго траянскі царэвіч Парыс і Алена, дачка Спарты, схаваліся ў крэпасці Троі (Іліён – Троя), але пайшлі грэчаскія цары на горад.

У паэме гаворыцца пра змаганне Патрокла за свае караблі, якія збіраўся спаліць Гектар, малюецца паядынак Ахілеса з Гектарам. Як вядома, Ахіл перамог героя траянцаў, прывязаў цела Гектара да калясніцы і ездзіў перад сценамі Троі. Але ўпрасіў бацька – цар Прыам аддаць яму цела забітага сына. Доўга не маглі ўзяць грэкі асадай Трою. Заваявалі Трою дзякуючы хітрасці Адысея.

Паэма Гамера “Адысея” – апавяданне пра небяспечную вандроўку хітрага і кемлівага Адысея на родную Ітаку. Дзеянне адбываецца на сушы, на моры, на нябёсах і ў падземным царстве, сярод разбойнікаў і людаедаў, на сонечных фантастычных астравах, сярод прыгожых і духоўна багатых людзей. Буры перашкаджаюць вяртанню, пагражаюць загубіць карабель. А ў гэты час на радзіме шматлікія і зламысныя жаніхі рабуюць дом Адысея, кожны з іх хоча ўзяць сабе за жонку Пенелопу, якая ўвесь гэты час чакае Адысея. Нарэшце Адысей распраўляецца з ворагамі, дома сустракаецца з сынам, вернай жонкай, заступаецца за старога бацьку і зноў усталёўвае сваё царства.

Паэмы Гамера “Іліяда” і “Адысея” сталі першымі літаратурнымі помнікамі, створанымі ў Старажытнай Грэцыі. Гэтыя творы прынеслі сусветную славу і вядомасць усёй заходнееўрапейскай літаратуры.

Змест і кампазіцыя паэмы Вергілія “Энеіда” даволі разнастайныя. Паэма складаецца з 12 песень, кожная з якіх успрымаецца з цікавасцю. У першай песні апавядаецца пра тое, як траянец Эней са сваімі спадарожнікамі сёмы год вандруе па моры, пра тое, як Нептун ратуе караблі, што могуць загінуць у час шторму. У іншых песнях расказваецца пра самыя розныя прыгоды Энея, якому з усіх бакоў пагражае небяспека: цыклопы, пявунні, астравы-прывіды Сцыла і Харыбда, птушкі-гарпінні. Эней трапляе ў Карфаген. У пятай песні вандроўкі па моры працягваюцца. У ёй Эней прызнаецца ў любові да бацькі. У шостай песні караблі прыбываюць у Італію, вандроўнікі спускаюцца ў падземнае царства, дзе Эней сустракаецца з бацькам. Гэтая песня вельмі важная, бо ў ёй гучыць матыў звароту да рымлян, якія павінны навучыцца “народамі правіць” – “у гэтым мастацтва”. Затым герой вяртаецца на паверхню зямлі, трымае шлях да італійцаў, каб “спяваць аб вайне”. Войны, пакуты, смерць, гатоўнасць ахвяраваць сабой, неймаверная храбрасць паклалі пачатак вялікай Рымскай імперыі.

“Энеіда” – паэма аб будаўніцтве новай дзяржавы. У ёй апяваецца вялікі цуд адраджэння славы і велічы асобы, надзеі моладзі на будучае, парыванні маладых. Змаганне шло за самога чалавека, за тое, каб не толькі надышоў мір, але і каб будучае Італіі і ўсяго свету стала бязвоблачным, радасным, шчаслівым, каб на зямлі панаваў спакой. Дзеля гэтага ўзводзілася моцная і квітнеючая дзяржава, дзе кожны чалавек змог бы найлепшым чынам праявіць сябе, жыць шчасліва.

Вергілій стаў класікам пры жыцці, яго вершы і радкі з паэм завучвалі на памяць цары і прасталюдзіны, па яго вершах спрабавалі варажыць, іх выкарыстоўвалі ў эпітафіях і эпіграфах, яны давалі штуршок нараджэнню новых твораў.

Вергілій – апошні паэт Антычнасці, які ўслаўляў “залаты век” літаратуры Старажытнага Рыма. Яго прызнавалі за найвялікшага рымскага генія, хрысціянская царква лічыла святым.

Дантэ звяртаўся да Вергілія: “О гонар і светач усіх песняроў на зямлі!”, “Мудрэц, які ўсё ведае!”, “Вышэйшы розум!”, “Настаўнік таямніц запаветных!”

Шырокавядомы ў народзе міф, што пакладзены ў аснову сюжэта трагедыі Эсхіла “Прыкуты Праметэй”. Праметэй выкраў на Алімпе агонь, якім распараджаліся багі, аддаў тое жыватворнае полымя людзям, за што Зеўс загадаў прыкаваць віноўніка да скалы. Да прыкутага героя кожны дзень прылятае арол, каб дзяўбці яго печань. У фінале твора Праметэй правальваецца пад зямлю разам з кавалкам скалы, да якой ён быў прыкуты.

Назва Грэцыі на грэчаскай мове – Элада, а грэкі называлі сябе элінамі. Час росквіту старажытнагрэчаскай літаратуры прынята называць перыядам класікі або элінскім перыядам.

У эпоху элінізму паспяхова развівалася лірыка рымскіх паэтаў Катула, Авідзія, Гарацыя. Арыстоцель распрацаваў “Паэтыку” вершаскладання, сістэму жанраў, стыляў, вобразаў, смела пранікаў у законы мастацкай творчасці, не толькі імкнуўся данесці да чытача прыгажосць мастацкага твора, але і раскрываў адметнасці мастацкай формы, г. зн. паглыбляўся ў самую сутнасць твора, раскрываў тэхналогію, па якой ён створаны.

Падагульняючы, можна зрабіць вывад, што ў часы Антычнасці на першы план выходзіў культ грамадства, поліса, грамадзянскасці, калі кожны грамадзянін адчуваў сваю еднасць з грамадой, далучанасць да дзяржавы, прымаў удзел у яе жыцці, прыкладаў намаганні дзеля ўзмацнення яе магутнасці. Услаўляўся герой не толькі гарманічны (Афіны), але і аскетычны (Спарта), адкуль і пайшоў выраз “спартанства”, калі герой у імя высокіх мэт і велічы дзяржавы, дзеля высокай ідэі ахвяроўваў зямнымі радасцямі і ўцехамі, вёў спартанскі лад жыцця, абмяжоўваў сябе. Развіваліся гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі, значна ўзрос у грамадстве аўтарытэт вучонага, вынаходніка, чалавека таленавітага, узмацнялася павага да філосафаў, аратараў, мудрых асоб, якія ўмелі запаліць словам людскія душы, павесці за сабой. Шырока развівалася ў часы Антычнасці выяўленчае мастацтва. На першым плане часоў Антычнасці – культ фізічнай прыгажосці (багі, героі Гамера, удзельнікі Алімпіяды). Тэатр “забірае” ў палон грамадзян, якія прагнуць прыгожага – “хлеба и зрелищ”, у грамадстве пануе ўслаўленне ўсіх зямных уцех і радасцей жыцця, міфы, вера лёс.

Сярэднявечча – перыяд ад V ст. н. э., з часоў падзення Рымскай імперыі, да XV ст., калі пачалася эпоха Адраджэння. Гэта быў час, калі ў цэнтры светапогляду, людской увагі былі нябесныя сілы, калі надзвычайнае пакланенне Богу і рэлігійны (хрысціянскі) культ панавалі ва ўсім жыцці. У гэты час узрос аўтарытэт Бібліі, шырока распаўсюджваліся шматлікія рэлігійныя вучэнні, вывучаліся пропаведзі святых айцоў, немагчыма было не прыслухоўвацца да настаўленняў царквы і касцёла. Аскетызм і рыгарызм сталі нормай чалавечага існавання. Узнікла манаства. Служэнне Богу станавілася самым распаўсюджаным заняткам. Панаваў культ рэлігійнага падзвіжніцтва, захавання рэлігійных канонаў, догмаў. Шырока бытаваў у Сярэднявеччы культ рыцара, які змагаўся на ратным полі, ажыццяўляў свае подзвігі ў імя росквіту і магутнасці краіны. Воінскі гонар, доблесць і адвага цаніліся ў грамадстве вышэй за ўсё. Сярэдневяковая культура грунтавалася на жанравым сінкрэтызме (злітнасці) форм: царкоўнай і свецкай, першая з якіх, больш афіцыйная, часам прыходзіла ў сутыкненне з простанароднай, “смехавай”, карнавальнай, агульнадаступнай.

У эпоху Сярэднявечча распаўсюджвалася рэлігійнае асветніцтва, у светапоглядзе пераважаў хрысціянскі гуманізм. Аднак усё прыкметней станавілася панаванне схаластыкі, традыцыяналізм змяняўся кананічнасцю, дагматызмам, а нярэдка і нецярпімасцю да іншадумства і свабоды выбару. У свецкай літаратуры вельмі мала ўвагі ўдзялялася пакутам і нягодам простага народа. У процівагу царкоўнай і саслоўнай літаратуры для духавенства і дваранства ў асяроддзі простага люду ўзнікла народная літаратура, як аўтарская, так і ананімная.

Але менавіта ў эпоху Сярэднявечча назіраўся рост буйных гарадоў, заяўлялі аб сваёй самастойнасці новыя дзяржавы, ішло інтэнсіўнае станаўленне і фарміраванне з жывых народных гаворак нацыянальных моў. У Еўропе ўзнікла кнігадрукаванне. Ажыццяўляліся вялікія падарожжы, у выніку якіх былі адкрыты новыя землі.

Антычная і сярэдневяковая культуры аказалі вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры, у якой знайшлі сваё яскравае ўвасабленне шматлікія тэмы, вобразы, сюжэты сівой даўніны чалавечай цывілізацыі.

“Жыціі” і пропаведзі

Лёсавырашальнай падзеяй у жыцці нашых далёкіх продкаў стала пашырэнне хрысціянства на землях старажытнай Беларусі. Важнейшым цэнтрам хрысціянізацыі быў старажытны Полацк, аб чым і сёння сведчыць стромкі сілуэт Полацкага Сафійскага сабора на беразе Заходняй Дзвіны.

Полацкае княства ўзнікла як своеасаблівая мытня ў верхняй частцы вялікага гандлёвага шляху “з варагаў грэкі” – на самым яго пачатку. Полацк кантраляваў увесь гандаль па рацэ Заходняя Дзвіна аж да Балтыйскага мора.

Гандлёвы шлях пралягаў праз усе вялікія гарады, што закладваліся ў старажытнасці па берагах рэк. Ажыўлены гандаль, якім займаліся і полацкія купцы, быў асновай працвітання горада і ўсёй Полацкай зямлі. Ён патрабаваў ведаў, граматы, пашыраў кругагляд. Такім чынам, не толькі палітычныя, але і эканамічныя кантакты з шырокім светам рухалі хрысціянскую ідэю ў глыб усходнеславянскіх зямель, што садзейнічала развіццю мастацтваў, у тым ліку і мастацтва слова.

Помнік Ефрасінні Полацкай у двары студэнцкага гарадка БДУ (скульптар І. Голубеў)


Дзякуючы шырокім кантактам з іншымі народамі ў свядомасці тутэйшага люду хутчэй праходзілі працэсы канвергенцыі (узаемадзеяння, перапляцення, зрашчэння) дзвюх ментальнасцей – язычніцкай і хрысціянскай. Нашы продкі заставаліся язычнікамі, з верай у шматбожжа, магутную сілу слова, у адушаўленне прыроды, у абагаўленне наваколля. Прыход новай хрысціянскай веры рабіў сапраўдны рэвалюцыйны пераварот у свядомасці. Для многіх няпроста было прыняць нязвыклую веру.

“Асваенне” новай рэлігіі шло праз стварэнне мастацкіх твораў рэлігійнага зместу. Першыя ўзоры мастацкага пісьменства падобнага роду дала агіяграфічная літаратура, так званыя жыціі – апісанні жыцця і дзейнасці кананізаваных царквою асоб. На Беларусі вядомы арыгінальныя творы гэтага жанру XII–XIII стст.: “Жыціе Ефрасінні Полацкай”, “Жыціе Аўрамія Смаленскага”.

Такім чынам, разам з пашырэннем хрысціянскай веры на Беларусь прыходзіць і пісьменнасць. Манахі перапісвалі Біблію, старанна выводзячы радок за радком, але перайначвалі яны той тэкст на свой лад, набліжаючы яго да мовы і свядомасці простага люду. Пісьменныя людзі і духоўнікі перапісвалі жыціі, казанні, апокрыфы, спісвалі святыя тэксты дзеля пашырэння веры і выратавання душы. Шмат бытавала ў гэты час на Беларусі твораў візантыйскага пісьменства. Па кірмашах хадзілі лірнікі-старцы, якія спявалі ці пераказвалі “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, міфалагічныя байкі, казанні, апокрыфы. Шырока бытаваў твор “Блуканне Багародзіцы па пакутах”, выконваліся арыгінальныя беларускія вершаваныя пераказы, дзе гаварылася пра жыццёвыя подзвігі і смерць Барыса і Глеба, Кандрата-пакутніка, Тэклі-першапакутніцы. Распаўсюджаны былі і перакладныя творы. Жыціі ўтрымліваюць каштоўныя гістарычныя факты, бытавыя замалёўкі, эмацыянальна-псіхалагічныя маналогі герояў і тым цікавыя для сучаснага чытача.

Менавіта ў гэтым жанры захавалася апісанне жыцця і дзейнасці выдатнай хрысціянскай асветніцы Ефрасінні Полацкай (каля 1103–1173). Зусім юнай князёўнай Прадслава (свецкае імя Ефрасінні), дачка полацкага князя Георгія Усяславіча і ўнучка славутага Усяслава Чарадзея, прыняла манаскі пострыг.

Лёс князёўны склаўся нетрадыцыйна. Надта рана зрабіла яна свой выбар паміж свецкім жыццём, поўным зямных радасцей і клопатаў, і ўзвышаным, духоўным. Паводле легенды, даведаўшыся, што яе хочуць выдаць замуж за аднаго з князёў, Прадслава знайшла прытулак у манастыры, дзе была ігуменняй яе цётка. Так Прадслава і стала манашкай. Хутка яна сама заснавала жаночы манастыр недалёка ад Полацка, у Сяльцы, пазней – мужчынскі.

Шмат зрабіла “Хрыстова нявеста” Ефрасіння для ўзвядзення храмаў, іх аздаблення. Але найбольш мы цэнім яе асветніцкую дзейнасць. Яна адкрывала школы пры манастырах, перапісвала ў скрыпторыі кнігі, вучыла людзей справядлівасці, праўдзе, дабру. У канцы жыцця Ефрасіння паломніцай наведала Святую зямлю і там, у Ерусаліме, у праваслаўным манастыры скончыла свой жыццёвы шлях. Астанкі яе былі перавезены на родную зямлю ўжо значна пазней.

Ефрасіння Полацкая – адна з першых жанчын на ўсходнеславянскіх землях, якую кананізавала царква. Вобраз Ефрасінні Полацкай натхніў нямала мастакоў слова, якія працавалі і працуюць у гістарычным жанры. Аднак імя аўтара “Жыція Ефрасінні Полацкай” невядомае. Гэта адзін з найбольш ранніх твораў гістарычнай прозы. Да нашага часу ён дайшоў у спісе XVI ст. Падзеі ў “Жыціі Ефрасінні Полацкай” падаюцца строга храналагічна. Акрамя біяграфіі Ефрасінні, апісання яе паломніцтва ў Святую зямлю ў творы ёсць цікавыя звесткі пра жыццё палачан, побыт княжацкай сям’і.

“Жыціе Аўрамія Смаленскага” напісана каля 1240 г. манахам Яфрэмам. Захавалася шмат рукапісных спісаў, найбольш раннія датуюцца пачаткам XVI ст. Апавядаючы пра жыццё героя, аўтар перадае і агульную атмасферу таго часу.

Як ужо адзначалася, папулярнымі на Беларусі былі перакладныя творы “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, зборнік “Жыціі святых”.

Адначасова з жанрам агіяграфічнай літаратуры развівалася аратарская проза. Найбольш яркім прадстаўніком гэтага жанру з’яўляецца сучаснік Ефрасінні Полацкай, выдатны прамоўца, царкоўны дзеяч, пісьменнік і прапаведнік Кірыла Тураўскі (каля 1113 – пасля 1190). Ён нарадзіўся ў багатых бацькоў у Тураве.

Кірыла Тураўскі пачынаў сваю прамоўніцкую і асветніцкую дзейнасць пад уплывам старажытнарускай і грэчаскай духоўнай спадчыны. Ужо ў сталым узросце ён адмовіўся ад сямейнай маёмасці і пачаў служыць Богу і людзям у Тураўскім Барысаглебскім манастыры.

Найбольшая заслуга Кірылы Тураўскага ў тым, што ён з’яўляецца не толькі распаўсюджвальнікам, але і стваральнікам аратарскай прозы. Ён сам складаў малітвы, прамаўляў арыгінальныя пропаведзі, ведаў шмат прытчаў, вучыў сваіх прыхаджан дабру, праўдзе, справядлівасці. Да нашага часу дайшлі тры сачыненні святога Кірылы аб манаскім жыцці, некалькі “слоў”-пропаведзяў, аповесцей-прытчаў, каля 30 малітваў, якія прамаляў Кірыла Тураўскі ў царкве. У сваіх творах ён шырока выкарыстоўваў яркія вобразы-сімвалы, параўнанні, метафары, эпітэты. Дзякуючы магічнай сіле мастацкага слова маленні і пропаведзі Кірылы Тураўскага доўгі час жылі і распаўсюджваліся ў народзе. Яны былі вытрыманы ў духу рэлігійнай літаратуры тагачаснай Еўропы. Вядомы яго прытчы пра чалавечую душу, пра Боскі суд, пра ўваскрэсенне Хрыста, пахвалы Госпаду і прароцтвы людзям. Яго называлі Залатавустам. Ён сеяў слова Божае сярод людзей.

Пытанні для кантролю

1. Назавіце характэрныя рысы Антычнасці.

2. Якія творы мастацтва створаны ў эпоху Антычнасці?

3. Дайце характарыстыку эпасу Сярэднявечча.

4. Ахарактарызуйце мастацкія вартасці вядомых вам твораў агіяграфічнага жанру.

5. Вызначце ролю Ефрасінні Полацкай у развіцці беларускай і ўсходнеславянскай культуры.

6. У чым найбольшая заслуга Кірылы Тураўскага?

Эпоха адраджэння

Эпоха Адраджэння (XIV–XVII стст.) – найважнейшы этап у развіцці сусветнай культуры. Адраджэнне чаго, патлумачым у першую чаргу. Гэта было новае “адкрыццё” Антычнасці, адраджэнне ўвагі да чалавека, яго ўнутранага свету, пошукі гармоніі Чалавека і Свету. Адраджалася павышаная цікавасць да культуры, навукі, літаратуры, да духоўнага свету асобы, яго гармоніі, да традыцый Старажытнай Грэцыі і Рыма. Але гэтае Адраджэнне (Рэнесанс) адбывалася на новай аснове. Узрасла цікавасць да самога чалавека, дзякуючы чаму значна пашыралася гуманістычнае светаўспрыманне, светаразуменне і светаадчуванне. Быт і быццё асобы ў грамадстве сталі асновай для раскрыцця ўнутраных заканамернасцей развіцця жывой паўсядзённай рэчаіснасці. Чалавек станавіўся свабодным у сваім выбары. Пафас радасці жыцця стаў галоўным зместам і сэнсам існавання. У грамадстве вылучаюцца тытаны духу, абагаўляюцца асобы-творцы, расце павага да тых, хто займае адпаведнае высокае месца на іерархічнай лесвіцы. Адбываецца актыўнае абуджэнне народнай свядомасці.

Менавіта ў гэты час актыўна развіваюцца філасофія, мастацтва, культура, якія садзейнічаюць духоўнаму станаўленню асобы. Варта прыгадаць выдатную кнігу “Вопыты” французскага мысліцеля XVI ст. Мішэля Мантэня, імёны сусветна вядомых вучоных Джардана Бруна, Тамаза Кампанэлы, Эразма Ратэрдамскага, Мікалая Каперніка, Галілеа Галілея. Можа, упершыню людзі так моцна задумаліся пра будучае ўсяго чалавецтва, спрабуючы прадказаць новае ўсталяванне сацыяльнага ўкладу ў грамадстве.

Эпоха Адраджэння характарызуецца інтэнсіўным развіццём адукацыі, навукі. Замацоўваюцца цікавасць і навуковыя ўсебаковыя падыходы да разумення асаблівасцей псіхікі і анатоміі чалавека.

Асаблівага росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння выяўленчае мастацтва, аб чым сведчыць творчасць Рафаэля, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Батычэлі, Тыцыяна.

Адраджэнне пачалося ў Італіі.

Эпоха Адраджэння, магутнымі выразнікамі якой былі шматлікія пісьменнікі, мастакі, кампазітары, дойліды, з’явілася, па сутнасці, абуджэннем усяго грамадства. Свету нібыта адкрываліся новыя погляды на прыгажосць, чалавека, прыроду. Глыбей выяўлялася душа чалавека ў мастацтве слова.

Больш разнастайнай стала архітэктура гарадоў, у іх узводзіліся ратушы, храмы, палацы, многія з якіх на Беларусі ствараліся па праектах выдатных італьянскіх дойлідаў. Новыя лініі ў архітэктуры часам яшчэ спалучаліся з готыкай, але ўсё выразней паўставала свабода творчасці ў горадабудаўніцтве. Рэалізм мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, увага да праўды жыцця давалі вялікую прастору для шырокага праяўлення таленту мясцовых майстроў, самавукаў з народа. У літаратуры, жывапісе, архітэктуры заявілі аб сабе сапраўдныя народныя таленты. З’явіліся першыя беларускія прафесійныя пісьменнікі. У краінах Еўропы пачынаўся сапраўдны росквіт мастацтва і літаратуры. Чалавек стаў мерай усіх маральна-этычных і духоўных каштоўнасцей, прыгожага ў мастацтве. Homo pulcher – чалавек прыгожы – заняў трывалае месца ў паэзіі, прозе, драме.

Эпоха Адраджэння аказала вялікі ўплыў на развіццё беларускай культуры. Менавіта на гэты час прыпадае выдавецкая дзейнасць Ф. Скарыны, які даў “люду паспалітаму” кнігу “к добраму навучанню”. Ф. Скарына – выдатны дзеяч эпохі Адраджэння, ён унёс вялікі ўклад у асвету, культуру, мастацкую творчасць, стаў заснавальнікам кнігадрукавання ва Усходняй Еўропе. Ф. Скарына быў не толькі першым доктарам “вызваленых”, гуманітарных навук, доктарам медыцыны, але па сваім кругаглядзе з’яўляўся асобай універсальных ведаў пра чалавека і прыроду. “Каб чалавек быў дасканалы, скіраваны на добрыя справы” – такую задачу ставіў ён у прадмове да “Псалтыра”. Створанае Ф. Скарынай па праву можна назваць першым беларускім універсітэтам для простага народа.

С. Будны – гуманіст, рэлігійны рэфарматар, асветнік, быў адным з заснавальнікаў беларускай друкарні ў Нясвіжы. Прадаўжальнікам гуманістычных традыцый Ф. Скарыны і С. Буднага стаў В. Цяпінскі, які на ўласныя сродкі заснаваў беларускую друкарню на ўсходніх землях Беларусі, у маёнтку Цяпін каля Лепеля, надрукаваў “Евангелле” на роднай мове як аснову ведаў пра свет і чалавека.

М. Гусоўскі праславіў Беларусь, паказаў на ўвесь свет першародную найбагацейшую яе прыроду, намаляваў магутнага зубра Белавежскай пушчы, стварыўшы выдатны мастацкі помнік на лацінскай мове – “Песню пра зубра”.

Росквіту духоўнай культуры беларускага народа ў значнай ступені садзейнічала творчасць М. Сматрыцкага, А. Філіповіча, братоў Зізаніяў, І. Пацея і інш. У эпоху Адраджэння ствараліся рэальныя ўмовы для жывой творчасці народных мас у Беларусі.

Старабеларуская літаратура

Францыск Скарына (каля 1490 – каля 1551)

Перыяд Адраджэння – гэта час росквіту Вялікага Княства Літоўскага – моцнага дзяржаўнага ўтварэння на беларускіх землях. На змену рэлігійным догмам Сярэднявечча, яго ідэалізму, схаластыцы ў навуцы прыйшла цікавасць да чалавека, да асобы, яе фізічных і духоўных сіл і магчымасцей, прыродных здольнасцей і інтэлекту. У грамадстве фарміравалася гуманістычнае светаўспрыманне і светаадчуванне. Беларускія пісьменнікі-гуманісты эпохі Адраджэння ў сваіх творах набліжалі мастацтва да чалавека, на першы план вылучалі яго духоўныя запатрабаванні, паказвалі хараство душы сучасніка.

Пашырэнне ідэй гуманізму змушала дзеячаў культуры да пошуку новых магчымасцей задавальнення эстэтычных густаў і патрэб “люду паспалітага”, у асноўным гараджан і прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя. Літаратурныя традыцыі, якія склаліся яшчэ ў XII–XIV стст., мелі ў асноўным царкоўна-рэлігійны характар і не зусім адпавядалі новаму часу. Само жыццё беларуса ў Сярэднявеччы дзякуючы гандлёвым сувязям гарадоў з заходнееўрапейскімі краінамі адкрывала доступ да антычных крыніц культуры, знаёміла з літаратурнымі традыцыямі еўрапейскіх народаў. Яно, такім чынам, ставіла задачу творча ўзбагаціць старую спадчыну, наблізіць мастацкую творчасць да рэальнага жыцця, развіваць у літаратуры свецкія жанры.


Помнік Францыску Скарыне ў двары студэнцкага гарадка БДУ (скульптар С. Адашкевіч)


Гэту задачу бліскуча выканаў беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар і асветнік Францыск Скарына. Цікавым, драматычным, насычаным падзеямі было яго жыццё. Нямала ў ім і загадак для сучаснага даследчыка.

Ф. Скарына нарадзіўся ў сям’і полацкага купца. Год паяўлення на свет будучага генія беларускага народа дакладна невядомы. Рана, яшчэ ў дзяцінстве, ён далучыўся да навукі, засвоіў латынь. Незвычайныя здольнасці да вучэння дапамаглі Францыску трапіць у вядомы на той час Кракаўскі ўніверсітэт, дзе ён атрымаў высокую ступень бакалаўра філасофіі. Пазней, у Падуанскім універсітэце, ён бліскуча абараніў вучоную ступень доктара лекарскіх навук. Год 1551-ы, магчыма, быў апошнім годам яго жыцця, за якое ён зрабіў невымерна многа.

Першыя свае кнігі Ф. Скарына друкаваў у Празе. Дакладна вядома, што 6 жніўня 1517 г. ён выпусціў першую кнігу – “Псалтыр”: “Повелел… тиснути рускыми словами, а словенским языком”. Гэта былі псалмы, рэлігійныя песнапенні лірычна-драматычнага характару, павучальнага зместу па біблейскіх матывах, чытанне для душы, кранальнае, займальнае, якое надоўга западала ў сэрца. “Псалтыр”, або зборнік духоўных песень, традыцыйна з даўніх часоў выкарыстоўваўся для навучання грамаце. З гэтай мэтай ажыццяўляе сваё выданне і Ф. Скарына. Яго кніга з тлумачэннямі, каментарыямі на палях станавілася для сучаснікаў вялікага асветніка асновай светаразумення, светабачання. Да кнігі была падрыхтавана і прадмова, якая тлумачыла прызначэнне выдання. Ф. Скарына падкрэсліваў свецкае прызначэнне свайго выдання. Напісанне прадмовы ў беларускай літаратуры было новым прыёмам. Гэта давала магчымасць уздзейнічаць на чытача, накіроўваць яго ўвагу. Даследчыкі мяркуюць, што Ф. Скарына сам рабіў набор, адліваў шрыфты, выконваў ілюстрацыі і выразаў па іх гравюры, сам перакладаў тэксты. Амаль тытанічную працу здзейсніў вялікі першадрукар, асветнік, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння Ф. Скарына, слаўны сын беларускага народа. У беларускай бібліятэцы-музеі імя Ф. Скарыны ў Лондане захоўваецца фрагмент “Бібліі” – адна старонка, ціснутая самім Скарынай. Той рарытэт беларусы замежжа купілі на аўкцыёне ў Мантэвідэа, калі распрадавалася парыжская бібліятэка С. Дзягілева.

З 1517 г. па 1519 г. Ф. Скарына выдаў 23 кнігі Бібліі, якія былі разлічаны хутчэй на свецкага чытача, чым на выкарыстанне ў літургічнай службе. У прадмовах і пасляслоўях да гэтых кніг ён раскрываў свае погляды на свет, прызначэнне чалавека і яго патрыятычны абавязак, выявіў шырыню маральна-філасофскіх, эстэтычных і сацыяльна-прававых поглядаў.

Беларускі першадрукар выдаў яшчэ ў свет “Малую падарожную кніжку” і “Апостал” у Вільні. Ён жа адным з першых даў узоры беларускага і ўсходнеславянскага вершадрукавання. “Не капай, Мардахею, другому яму, сам увалишся в ню”, – перадаваў у адным са сваіх вершаў Ф. Скарына вядомую біблейскую прытчу.

Філасофскія і маральна-этычныя погляды Ф. Скарыны закладвалі асновы светаўспрымання беларускага народа. Кнігі яго садзейнічалі набыццю канкрэтных ведаў, вучылі мудрасці. “Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птицы, летающие по воздуху, ведають гнезда своя, рыбы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих. Тако и люди, игде зродилися и ускормлены суть, по Бозе к тому месту великую ласку имають”, – пісаў Ф. Скарына ў прадмове да кнігі “Юдзіф”. У кнігах асветніка знаходзім мы тлумачэнне яго поглядаў на роўнасць усіх людзей на зямлі, на справядлівае светаўладкаванне, на захаванне агульначалавечых маральна-этычных прынцыпаў у паводзінах, на адвечнае імкненне чалавека да свабоды і праўды. Уласныя сачыненні Ф. Скарына пісаў на мове, блізкай да народнай і зразумелай кожнаму.

Ф. Скарына заклаў традыцыі, на якіх заснавана беларускае, рускае і ўкраінскае кнігадрукаванне. Яго філасофскія і літаратурна-эстэтычныя погляды развівалі іншыя пісьменнікі-гуманісты.

Мікола Гусоўскі (каля 1470 – пасля 1553)

У Італіі, у Рыме, напісаў сваю выдатную паэму “Песня пра зубра” беларускі паэт-лацініст эпохі Адраджэння Мікола Гусоўскі. У Рыме ён служыў у складзе дыпламатычнай польска-літоўскай місіі да папы Льва Х, якую ўзначальваў плоцкі біскуп Эразм Вітэліус.


Помнік Міколу Гусоўскаму ў двары студэнцкага гарадка БДУ (скульптар У. Панцялееў)


У сваёй славутай паэме “Песня пра зубра” беларускі паэт, які пісаў на лацінскай мове, упершыню шырока і ўсебакова ўславіў Беларусь і яе прыроду, апеў веліч, мудрасць, духоўнасць беларускага народа, свабодных духам людзей. Так быў “адкрыты” для ўсёй Еўропы край беларускіх пушчаў і палёў, азёр і рэк, сапраўдны архіпелаг зямнога хараства і незлічоных багаццяў.

Сын паляўнічага, М. Гусоўскі добра ведаў таямніцы лесу, паводзіны зубра – волата беларускіх лясных нетраў, “пушчанскага рыцара”, неаднойчы сам удзельнічаў у паляванні. І калі ён упершыню ўбачыў карыду, калі пачуў, як расхвальваюць “бой з быком”, паабяцаў расказаць цывілізаванаму свету пра паляванне на зубра ў глухіх беларускіх лясах.

Па заказу Папы Рымскага паэт у 1522 г. стварыў вядомую нам сёння паэму, якая мела першапачатковую назву “Паляванне на зубра”. Пазней гэтая паэма ўвайшла ў зборнік “Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго”, дзе змяшчаліся яшчэ і адзінаццаць вершаў (напісаных у Рыме) пад назвай “Песня пра зубра”. Гэты мастацкі твор і дайшоў да нас упершыню ў 1969 г. у перакладзе Я. Семяжона з лацінскай мовы. Асноўным зместам твора па сутнасці стала паляванне на зубра ў Белавежскай пушчы. Падрабязна і дэталёва аўтар апісвае тое, як спачатку заганяюць зубра ў загон, як затым раз’юшаны стрэламі звер гатовы крушыць і ламаць, зносіць усё на сваім шляху, “як лавіна з гары”. Падабенства з апісаннем іспанскай карыды тут відавочнае. “Пушчаў жыхар”, магутны зубр, паводзіць сябе ваяўніча, нястрымна, дзіка.

 
Грозны і страшны цяпер гэты лясны велікан.
Гневам напяты ўвесь, шыбуе праз пні і калоды.
 

Але, як і ва ўсякім выдатным мастацкім творы, змест паэмы выходзіць далёка за межы толькі апісання палявання на ляснога звера. У паэме перадаецца абагульнены лёс краіны, лёс народа. Для Міколы Гусоўскага зубр увасабляў сілу, моц і прыгажосць роднай зямлі. “Пушчанскі рыцар” паказаны магутным, велічным, неўтаймаваным, высакародным, ён нібыта выступае абаронцам усіх пакрыўджаных, занядбаных, абаронцам, які гатовы прынесці сябе ў ахвяру, загінуць у няроўнай барацьбе дзеля таго, каб жыў дух беларускіх лясоў. Гэта вобраз-алегорыя. Аднак паэт не апісвае самой смерці волата беларускай пушчы. Усім ходам свайго паэтычнага аповеду аўтар імкнецца сцвердзіць жыватворную сілу беларускай зямлі, яе неўміручы дух, нязломнасць, веліч і духоўнасць народа, пра які паэт кажа, што духоўныя “скарбы свае людзі гэтай зямлі на золата нават не прамяняюць”.

Паэма сведчыць, што ў беларускай паэзіі таксама шырока выкарыстоўвалася лацінская мова, якая была найбольш распаўсюджанай у Еўропе ў Сярэднія вякі, з’яўлялася і ў ВКЛ мовай навукі і культуры. На лацінскай мове Мікола Гусоўскі напісаў яшчэ гістарычную паэму “Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпе ні месяцы” (1524), з-пад пяра паэта выйшаў таксама твор у вершаванай форме “Жыццё і подзвігі святога Гіяцынта” (1525).

Пытанні для кантролю

1. Чым славіцца эпоха Адраджэння?

2. Якую ролю адыграла эпоха Адраджэння ў развіцці ўсяго чалавецтва?

3. Якіх сусветна вядомых дзеячаў эпохі Адраджэння вы ведаеце?

4. Назавіце беларускіх дзеячаў эпохі Адраджэння.

5. У якіх умовах пачыналася станаўленне ўласна беларускай літаратуры? Назавіце яе асноўныя жанры.

6. Гістарычнае значэнне дзейнасці Францыска Скарыны – першадрукара і асветніка, яго роля ў пашырэнні асветы, стварэнні прыгожага пісьменства, кнігадрукавання на Беларусі.

7. Ахарактарызуйце значэнне творчасці Міколы Гусоўскага ў агульнаеўрапейскім кантэксце.

Літаратура XVII–XVIII стст.

Барока. Класіцызм. Асветніцтва

У канцы XVI–XVIII ст. у Еўропе шырокае распаўсюджанне атрымаў стыль, названы “барока”, які спачатку ахапіў архітэктуру і выяўленчае мастацтва, а пазней і іншыя віды творчасці. Барока стала своеасаблівай формай Контррэфармацыі. У мастацтве ўзнікалі новыя выяўленчыя тэндэнцыі, метады і прыёмы, своеасаблівыя падыходы да раскрыцця рэчаіснасці. Усё мацней заяўляла аб сабе перавага формы над зместам.

Эпоха стылю барока характарызуецца пэўнай элітарнасцю жанраў, імкненнем да знешніх эфектаў, пышнасці, відовішчнасці, параднасці, да таго, што абавязкова павінна ўразіць чалавека, пакінуць след у ягонай душы. У мастацтве назіралася захапленне новаўвядзеннямі, вычварнасцю форм, праяўлялася жаданне здзівіць нагрувашчаннем розных стыляў, змяшэннем фарбаў: “наварочана, накручана”, “фарба фарбаю атручана”.

Тэрмін “барока” паходзіць ад італьянскага слова “barocco”, што азначае “вычварны, дзіўны”. Неверагоднасці ў мастацтве барока хапала ва ўсім: у форме, змесце, стылі. У літаратуры гэта праяўлялася ў змяшэнні рэальнага з ірэальным, перапляценні свету ілюзорнага з канкрэтна рэалістычным і побытавым, адлюстраванні кантрастаў сапраўднага і ўяўнага, засіллі пачуццёвасці, выяўленні драматызму дзеяння аж да паказу трагедыйнасці становішча персанажаў.

Барока на Беларусі ў літаратуры дало штуршок для развіцця школьнай драмы, інтэрмедый, парадыйна-гуманістычнай і сатырычнай паэзіі, іранічнай і саркастычна-з’едлівай прозы, жартоўных пераказаў незвычайных прыгод у лесе, у панскім двары, алегорый “вандроўных сюжэтаў”. Нараджаўся беларускі народны лялечны тэатр – батлейка. Шырока ўкаранялася ў свядомасць народа меладычная і эмацыянальна-пачуццёвая песенна-інтымная лірыка, якая шырока распаўсюджвалася і ахоплівала розныя слаі насельніцтва, людзей самых розных узростаў, ад юнакоў і дзяўчат да асоб сталага веку.

Гармонія чалавека і свету па-ранейшаму прыцягвала ўвагу творцаў, з’яўлялася мерай духоўных каштоўнасцей. Але ў формах падачы матэрыялу назіралася ўжо большая вольнасць думак і пачуццяў. У стылі барока актыўна выкарыстоўваліся алегорыя, ускладненасць метафар, адбывалася перанасычэнне эпітэтаў, параўнанняў, гіпербалізацыя падзей і вобразаў. Але не ў гэтым была адметнасць часу, а ў тым, што творы мастацтва ставілі задачу “прабіцца” да пачуццяў чалавека, апелявалі да эмоцый, да людскіх адчуванняў, а гэта значыць, што ўздзеянне такога мастацтва на фарміраванне светапогляду самой асобы ў значнай ступені павышалася.

Гэта быў час развіцця дыдактычна-філасофскай лірыкі, аратарскай прозы. На першы план выходзілі павучальны змест, маральны аспект. Адбывалася прамое ці ўскоснае адмаўленне Адраджэння і Рэфармацыі.

На Беларусі вылучаюцца “высокае” (творы якога напісаны на польскай, лацінскай, стараславянскай мовах), “сярэдняе” (разлічанае на бяднейшую шляхту і гараджан), а таксама “нізкае”, ці “мужыцкае” (парадыйна-сатырычная і гумарыстычная паэзія і проза, інтэрмедыі, сцэнкі, маналогі, дыялогі), барока.

На эпоху стылю барока прыпадае росквіт народнага тэатра, актыўна развіваліся сатыра, гумар. Шырока бытавалі эпічныя жанры, асабліва распаўсюджаны быў эпас пра жывёл, расліны, з’явы прыроды, пра розныя паўсядзённыя здарэнні, прыродныя і жыццёвыя анамаліі. Гэта быў час барокавай лірыкі, калі суб’ектыўнае пераважала над аб’ектыўным, калі лірыка разглядалася як адна з найяскравейшых форм самавыяўлення паэта, якога перапаўнялі пачуцці. Упершыню так выразна праяўляліся прыкметы макаранічнага стылю, характэрнай асаблівасцю якога з’яўлялася цеснае “суседства”, “перасыпанасць” вершаваных радкоў словамі з розных моў, блізкароднасных ці нават больш аддаленых.

Увогуле ж мастацтва барока мае некалькі этапаў свайго развіцця: “ранняе” (канец XVI – першая палова XVII ст.), “сталае” (другая палова XVII – першая палова XVIII ст.), “позняе” барока (з сярэдзіны XVIII ст.).

Для архітэктуры былі характэрны напышлівасць і грувасткасць фасадаў, складаныя лініі ў забудовах, імкненне ўпрыгожваць будынкі арнаментальнай лепкай, шматкаляровай мазаікай, вітражамі, разьбой па дрэве, распісваць сцены і столь, а таксама паўсюдная ўстаноўка самых разнастайных маленькіх і вялікіх скульптур.

У жывапісе таксама панавала адлюстраванне велічнасці планаў, падкрэслівалася значнасць падзей, палатно павінна было ўражваць грандыёзнасцю задуманага і здзейсненага.

У гэты перыяд на Беларусі пабудаваны выдатныя храмы – Гродзенскі касцёл Святога Францыска Ксаверыя, касцёл Гродзенскага езуіцкага калегіўма.

У кнігадрукаванні майстрамі была ўведзена ва ўжытак кніжная графіка, дзе кожная літара мела сваю аздобу, значна палепшыліся пераплёты кніг, па-новаму афармляліся вокладкі і тытульныя старонкі.

На Беларусі галоўныя прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах народных рамёстваў – ткацтве, вырабах са шкла, гліны (паліваная кераміка), разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве. У краязнаўчым музеі пры бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў паўночнай частцы Лондана ў раёне Фінчлі, дзе знаходзіцца так званая “беларуская вёска”, захоўваюцца два рарытэтныя слуцкія паясы і фрагменты трэцяга, у якім нават можна “пакратаць” рукамі залатую нітку, што ўткана ў шырокую і ад таго цяжкую, але прыгожую, стракатую, узорыстую тканіну.

Працу над вядомымі ўсяму свету слуцкімі паясамі ўславіў Максім Багдановіч у сваім цудоўным вершы “Слуцкія ткачыхі”.

Новы стыль і кірунак у мастацтве слова, літаратуры, як і ў іншых мастацкіх формах – жывапісе, музыцы, тэатры, сфарміраваўся ў XVII – пачатку XIX ст. і атрымаў назву “класіцызм”. Гэта было вяртанне да Антычнасці як да ідэалу і ўзору. Тэрмін “класіцызм” паходзіць ад лацінскага слова “classicus”, што азначае “ўзорны”.

У мастацтве патрабавалася строгае захаванне гармоніі формы і зместу. У архітэктуры пераважалі геаметрычныя формы без якіх-небудзь аздабленняў, строгасць і яснасць планіроўкі. Жывапісныя палотны адлюстроўвалі гістарычныя сюжэты, расла цікавасць да партрэтнага жанру. Найбольшага росквіту дасягнула музычнае мастацтва, асабліва ў творчасці прадстаўнікоў так званай “венскай класічнай школы” – Л. Бетховена, Ф. І. Гайдна, В. А. Моцарта.

На Беларусі вырасталі новыя палацы, гарады, паркі. Жылыя кварталы ў гарадах набывалі класічную стройнасць, мелі прамавугольную планіроўку. Будаўніцтва ўпершыню стала ажыццяўляцца па тыпавых праектах. Былі пабудаваны Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор. Шырокую вядомасць набылі мануфактурныя вырабы слуцкіх і гродзенскіх майстроў: ткачых, чырванадрэўшчыкаў, шкловыдзімальшчыкаў, разьбяроў па дрэве, дэкаратараў. Ствараліся выдатныя габелены.

У літаратуры выразна праявіўся падзел на “высокія” і “нізкія” жанры. “Высокімі” жанрамі лічыліся ода, трагедыя, эпапея, “нізкімі” – сатыра, камедыя, байка. Праблематыка і змест літаратурнага твора, ідэя, тэма, мараль, павучанне, думка, якая выражалася ў творы і прымушала да развагі, набывалі асаблівае значэнне. Мастацкая літаратура станавілася ідэалагічнай сферай. За ёй трывала замацоўвалася права ўплываць на свядомасць, фарміраваць грамадскую думку, выхоўваць і весці за сабой, быць прыкладам для пераймання. Літаратура, як было прынята лічыць, можа і павінна даць узоры паводзін чалавека, абудзіць асобу і паказаць шляхі да яе самаўдасканалення, духоўнага росту. Уплыў твораў мастацкай літаратуры на чалавека меў асаблівае значэнне.

У 1635 г. у Парыжы адкрылася Акадэмія літаратуры, прадстаўнікі якой зацвердзілі класічную школу прыгожага пісьменства, выпрацавалі строгія патрабаванні класіцызму як асноўнага кірунку ў развіцці жанраў, стыляў. Ад твораў мастацкай літаратуры патрабавалася строгая нарміраванасць паводзін персанажаў, адпаведная дазіроўка станоўчых і адмоўных рыс.

У мастацкай літаратуры традыцыі класіцызму знайшлі сваё праяўленне ў абагульненасці падзей і вобразаў, перавазе рацыянальнага (думкі, філасофіі) над эмацыянальным і рамантычным (пачуццямі, перажываннямі, захапленнямі). Такой у многім была творчасць Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі. У іх творах мы назіраем таксама некаторыя праяўленні пачуццёвасці, сентыменталізму, узвышанай патэтыкі, рамантычных настрояў.

У 1674 г. выйшла кніга “Паэтычнае мастацтва” Н. Буало, у якой сфармуляваны асновы класічнага мастацтва.

У другой палове XVII – першай палове ХІХ ст. значна змяніўся грамадскі ўклад жыцця. Шырылася прага да асветы, навукі, культуры. Чалавечы розум прызнаваўся галоўным вяршыцелем людскіх лёсаў, роля адукацыі ў грамадстве значна ўзрасла. Развіваліся філасофія, літаратура, выяўленчае мастацтва. Па-ранейшаму захапленне выклікалі музычныя творы (І. С. Бах, В. А. Моцарт, Г. Ф. Гендэль, Ф. І. Гайдн), жывапісныя палотны (Ф. Бушэ, Ж. А. Вато, Ж. Л. Давід). Класіка ўносіла гармонію і парадак ва ўсе сферы быцця асобы.

У асяроддзе адукаваных людзей усё актыўней пачыналі пранікаць вольналюбівыя ідэі свабоды, роўнасці, братэрства, справядлівасці, якія выказвалі ў сваіх працах філосафы Ж.-Ж. Русо, Вальтэр, Д. Дзідро, Ш. Мантэск’ё, К. Гельвецый. У еўрапейскай літаратуры ў гэты час працавалі І.В. Гётэ, Ф. Шылер, Д. Дэфо, Дж. Свіфт, А. Радзішчаў. Перадавыя ідэі пераўтварэння жыцця завалодвалі розумам і сэрцамі людзей.

Надыходзіла эпоха Асветніцтва. Яе назвалі “царствам розуму”, зыходзячы з таго меркавання, што кожны чалавек мае “натуральнае права” на асабістую свабоду, роўнасць, братэрства, а значыць, можа і павінен далучацца да высокіх ідэалаў мастацтва, да асветы, навукі, культуры, павінен мець мажлівасць найяскравей праявіць свае патэнцыяльныя разумовыя здольнасці, творчыя задаткі, маральна-этычныя погляды. Гэта быў час актыўнага звароту ў выхаванні і адукацыі да значных навуковых адкрыццяў у галіне прыродазнаўства, да філасофскіх ідэй часу – Свабоды, Роўнасці, Братэрства, да маральных асноў грамадства, да агульначалавечых духоўных каштоўнасцей.

Стылі мастацкай культуры заставаліся тыя ж самыя, але ў эпоху Асветніцтва набывала асаблівае значэнне імкненне да геданізму (ад грэч. hedone – асалода, вяселле, задавальненне), пачуццёвага задавальнення ад судакранання з мастацтвам, ад яго ўплыву на душы і сэрцы людзей.

У 1773 г. на Беларусі ствараецца Адукацыйная камісія – першае, па сутнасці, Міністэрства народнай асветы на тэрыторыі тагачаснай Еўропы. Аднак на нашых землях асветніцтва ахоплівала ў асноўным шляхту і магнатаў, мела элітарны характар, амаль зусім не закранала сялянства, гарадскіх рамеснікаў, панскую чэлядзь. Ганаровую асветніцкую місію для простага люду на доўгія гады наперад узяла на сябе беларуская літаратура. Мастацкае слова смела пранікала ў народ. Беларуская літаратура, якая была прадстаўлена тады яшчэ бытавымі замалёўкамі, апавяданнямі, ананімнымі творамі, анекдотамі, вершаванымі пераказамі біблейскіх сюжэтаў, з гонарам выконвала сваю пачэсную асветніцкую задачу – уздымала агульную культуру народа, далучала да мастацтва слова гаротны люд, замацоўвала ў свядомасці народа перавагу навукі, розуму ў жыцці асобы і грамадства.

Адначасна з павышэннем высокіх еўрапейскіх мастацкіх стыляў, з перайманнем і трансфармацыяй іх на беларускамоўную глебу актыўна развіваліся мясцовыя стылі і адметныя выяўленчыя традыцыі беларускага мастацтва слова.

Вершаскладанне і драматургія

З XVI ст. на Беларусі пашырылася вершаскладанне. Спачатку ў гэтым жанры пераважала царкоўна-рэлігійная тэматыка, затым паступова паэтычныя творы набывалі свецкую накіраванасць. Пісаліся эпіграмы, прысвячэнні, літаратурныя “ляманты” і паэтычныя “плачы”, палемічныя, павучальна-дыдактычныя і сатырычныя вершы. Працавалі ў паэтычных жанрах Андрэй Рымша, Стафан і Лаўрэнцій Зізаніі, Сімяон Полацкі.

Калі гаварыць пра паэзію XVI–XVII стст., дык варта прыгадаць, што самыя першыя ўзоры беларускага вершаскладання знаходзім мы ў прадмовах і пасляслоўях да кніг Францыска Скарыны. Прыкладна на той жа час – на пачатак XVI ст. – прыпадае росквіт новалацінскай паэзіі, у якой вылучаліся Мікола Гусоўскі, што стварыў славутую “Песню пра зубра”, а таксама Ян Вісліцкі, які напісаў паэму “Пруская вайна” (1516), прысвечаную Грунвальдскай бітве. У першай рэдакцыі “Статута Вялікага Княства Літоўскага” (1529) быў змешчаны верш Яна Казіміра Пашкевіча “Польска квітнет лаціною…” (1621), які раскрываў асноўныя тэндэнцыі часу ў грамадскім жыцці, а таксама ў вершаскладанні.

Сімяон Полацкі


“…Писах в начале по языку тому. Иже свойственный бъл моему дому”, – адзначаў царкоўны дзеяч, пісьменнік і публіцыст Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітніяновіч, 1629–1680), які стаў найбольш значнай фігурай у паэзіі XVII ст., распрацаваў паэтыку (асновы, тэхніку) вершаскладання. Пасля сканчэння Кіева-Магілянскага калегіума Сімяон Полацкі служыў у Богаяўленскім манастыры ў Полацку, а потым – у Маскве, вучыў дзяцей цара, сярод яго вучняў быў маленькі Пётр I. Сімяон Полацкі распрацаваў новы паэтычны жанр – дэкламацыю, выдаў некалькі паэтычных зборнікаў. У сваіх вершах шырока выкарыстоўваў біблейскія сюжэты. У творах узнімаў вострыя філасофскія праблемы. З імем Сімяона Полацкага звязана зараджэнне ўсходнеславянскага барока, якому ўласцівы драматызм, патэтыка, складанасць формы. У далейшым на працягу ста гадоў развіцця беларускай літаратуры складвалася цэлая галіна паэтычнай творчасці, якая вызначаецца эстэтыкай барока. Гэта былі павучальныя духоўныя вершы і канты (харавыя песні-гімны) і шматлікія творы свецкай паэзіі – грамадска-філасофская, песенна-інтымная лірыка, а таксама гумарыстычныя і парадыйна-сатырычныя вершы. Побач з “высокім” барока, якое адпавядала эстэтычным густам арыстакратаў, заможнай шляхты, у беларускай літаратуры развівалася “сярэдняе” і “нізкае” барока, у такім стылі ствараліся ўзоры парадыйна-сатырычнай, панегірычнай і песенна-інтымнай лірыкі. Але, мажліва, менавіта яны станавіліся найбольш распаўсюджанымі ў народзе, іх асабліва любілі простыя людзі, перадаючы з пакалення ў пакаленне. У вуснай паэтычнай форме творы Сімяона Полацкага доўга бытавалі на Беларусі. Многія з тых першых вершаваных спроб арганічна ўвайшлі ў скарбонку вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа, сталі неад’емнай часткай беларускага фальклору, заклаўшы трывалыя традыцыі народнай песеннай творчасці.

У канцы XVI ст. і асабліва ў XVIII ст. развіваліся драматургічныя жанры. Шырока была распаўсюджана ў Беларусі школьная драма. Творы, якія ставіліся ў брацкіх школах, езуіцкіх калегіумах, ствараліся на лацінскай і польскай мовах, таму што сам школьны тэатр узнік як сродак удасканальвання лацінскай мовы, выхавання пэўных эстэтычных густаў і толькі пазней выкарыстоўваўся для пашырэння рэлігійных ідэй. У межах школьнай драмы развіваўся жанр інтэрмедыі – камедыйных сцэнак на бытавыя тэмы. Інтэрмедыі выконваліся ў асноўным на беларускай мове. Персанажамі, якія дзейнічалі ў сцэнках, былі селянін, казак, салдат, карчмар, чорт, шкаляр, пан. Яны паўставалі ў творах у смешным, карыкатурным выглядзе. Менавіта драматургія “нізкіх” жанраў стала ў далейшым вытокам новай беларускай літаратуры.

Школьны тэатр і адпаведна драматычныя жанры на Беларусі развіваліся ва ўлонні розных рэлігійных канфесій. Езуіцкія школьныя тэатры існавалі ў Полацку, Пінску, Гародні, Віцебску, Брэсце, Оршы і іншых гарадах і мястэчках Беларусі. У Полацку вучні праваслаўнай брацкай школы пры Богаяўленскім манастыры выконвалі дэкламацыі, напісаныя спецыяльна для гэтай мэты Сімяонам Полацкім. У Слуцку пратэстанты наладжвалі школьныя тэатральныя паказы.

Сюжэты школьных драм чэрпаліся з біблейскіх крыніц, агіяграфічнай і гістарычнай літаратуры, антычнай міфалогіі. З развіццём асветніцкіх ідэй школьная драматургія набывала ўсё больш свецкі характар, спектаклі рыхтаваліся пераважна на польскай мове. Паказальным у гэтым сэнсе быў школьны тэатр Забельскага дамініканскага калегіума (зараз в. Валынцы Верхнядзвінскага раёна), які дзейнічаў у канцы XVIII ст. Менавіта там працавалі прафесарамі рыторыкі і паэзіі К. Марашэўскі, аўтар арыгінальнага драматычнага твора “Камедыя”, і М. Цяцерскі, аўтар камедыі “Доктар па прымусу”. Вядома камедыя “Пышнагольскі” І. Юрэвіча.

П’есы для школьных тэатраў звычайна мелі 3–5 актаў, пісаліся сілабічным вершам.

Тэатральная культура развівалася і ў магнацкіх рэзідэнцыях. Драматычныя, оперныя і балетныя спектаклі ставіліся ў прыдворных тэатрах Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Агінскіх – у Слоніме, Тызенгаўзаў – у Гародні, Зорыча – у Шклове. Акцёрамі магнацкіх тэатраў, музыкантамі былі, як правіла, прыгонныя, таленавітыя самародкі з народа.

Высокі эстэтычны ўзровень пастановак забяспечвала многае, у тым ліку тэхнічныя магчымасці сцэны. І сёння здзіўляе і ўражвае апісанне тэатра Агінскіх у Слоніме. Глядзельная зала мела 2 тысячы месц. Пры неабходнасці сцэна рассоўвалася і ўтвараўся вадаём, дзе выканаўцы роляў плавалі на лодках. Дэкарацыі тэатральных пастановак былі максімальна набліжаны да натуральных карцін прыроды.

Пры тэатральных трупах існавалі музычныя капэлы з прыгонных музыкантаў, якія выконвалі не толькі творы прыдворных і вядомых на той час замежных кампазітараў, але і народныя песні, беларускія канты.

Развіццё новых жанраў і літаратурнай мовы, удасканаленне апошняй, заглыбленне аўтараў ва ўнутраны свет чалавека – усё гэта надавала літаратуры новыя якасці, больш дэмакратычнае гучанне.

Тэатр на Беларусі быў шматмоўны, як і ўся культура таго часу. Паасобныя спектаклі ішлі на 8 мовах свету. Часцей са сцэны гучала польская мова, бо паводле сеймавых пастаноў 1696–1697 гг. Рэчы Паспалітай беларуская мова страціла статус афіцыйнай.

Нацыянальная драматургія ў такіх умовах не магла развівацца. Аднак нельга было стрымаць імкненне беларуса да самавыяўлення. Тэатральная культура мела высокі ўзровень, бо вытокі гэтага мастацтва – у невычэрпных фальклорных крыніцах.

Менавіта з фальклорнай творчасці паходзіць мастацтва беларускай батлейкі, якая бытавала з XVI ст. да пачатку ХХ ст. Кананічны тэкст драмы “Цар Ірад” перамяжоўваўся інтэрмедыямі больш свецкай тэматыкі, напісанымі ў сатырычным плане.

Вышэйшым дасягненнем народнай драматургіі з’яўляецца п’еса “Цар Максіміліян”, паказы якой таксама чаргаваліся з інтэрмедыямі бытавога характару. Гэтыя драматычныя творы з‘явіліся той глебай, на якай узнік у далейшым прафесійны беларускі тэатр, асновай якога стала драматургія В. Дуніна-Марцінкевіча.

Пытанні для кантролю

1. Што характэрна для стылю барока?

2. Што ўключаюць у сябе паняцці “высокае”, “сярэдняе”, “нізкае”, ці “мужыцкае”, барока?

3. Якое значэнне меў стыль барока для развіцця мастацтва слова?

4. Дайце кароткае тлумачэнне – формулу – класічнага мастацтва.

5. Асветніцтва – “царства розуму”. Што ўваходзіць у гэтае азначэнне?

6. Назавіце “высокія” і “нізкія” жанры ў літаратуры.

7. Якія пісьменнікі працавалі ў еўрапейскай літаратуры ў стылі класіцызму?

8. Ахарактарызуйце новыя жанры, якія з’явіліся на мяжы XVI–XVII стст. у беларускай літаратуры.

9. Якія паэтычныя жанры характэрны для літаратуры названага перыяду?

10. Чым адметны пачатак развіцця драматургіі ў беларускай літаратуры?

Развіццё новай беларускай літаратуры XIX ст.

Рамантызм

Адным з найцікавейшых і захапляючых кірункаў у літаратурным развіцці з’яўляецца эстэтыка рамантызму.

Адну і тую ж з’яву можна з большым ці меншым уплывам на чалавека перадаць каларытна, з усімі фарбамі і адценнямі, рэалістычна-канкрэтна, па-майстэрску дэталёва апісваючы ўсё да драбніц. А можна адлюстраваць узнёсла, велічна, натхнёна, умоўна рамантызавана. Падкрэслім, што рамантызм як спосаб выяўлення рэчаіснасці нельга “выводзіць” з рамантыкі светаўспрымання, што само па сабе можа стаць прадметам рэалістычнага паказу. Рамантызм у літаратуры, такім чынам, гэта не толькі эмоцыі, духоўнае парыванне, уздым асобы, якая імкнецца да дасканаласці, не толькі своеасаблівая пабудова вобразна-выяўленчай структуры твора. Лічыцца, што калі ў творы ёсць умоўнасць – гэта рамантызм, жыццепадобнасць – рэалізм.

Рамантызм – своеасаблівае светабачанне, светаўспрыманне, светаразуменне аўтара і яго персанажаў у творы, ён вызначаецца не аб’ектам адлюстравання, а спецыфікай асэнсавання жывой рэальнасці ў мастацкай палітры, асаблівасцямі формы і зместу.

Рамантызм як літаратурная плынь заключаецца ў шматлікіх стылёвых адзінках, ва ўвасабленні ў вобразе галоўнага героя ідэалу, набліжэнні да ідэалу. У рамантызацыі падзей і вобразаў праз своеасаблівую вобразна-выяўленчую структуру, якая прадугледжвае наяўнасць героя-адзіночкі, прысутнасць сімволікі, гіпербалізацыю падзей і вобразаў, палярызацыю сіл дабра і зла і рэзкае іх размежаванне, індывідуалізацыю вобразаў з унутранай формай пратэсту, які ўсё нарастае, трагічнасць лёсу; вастрыню супярэчнасцей паміж марай і рэальнасцю; гістарызм мыслення.

Такія асноўныя рысы метаду рамантызму. Яны грунтуюцца на ідэалістычнай аснове, але даюць рэалістычна-канкрэтны выхад у жывую паўсядзённую рэчаіснасць, у жывое жыццё. Мастак не імкнецца да адцягненасці, умоўнасці, мыслення ўскладненымі філасофскімі сілагізмамі. Рамантык, як і рэаліст, паказвае жыццё ва ўсёй яго паўнаце і разнастайнасці, толькі ацэньвае факты і падзеі з пазіцыі цудоўнага, высокага ці пачварнага, нізкага, у залежнасці ад таго, што яны значаць у жыцці герояў, якую ролю адыгрываюць у іх лёсе, лёсе народа, краіны ўвогуле.

Можна сказаць, што пісьменнік-рамантык становіцца на абарону, каб адстаяць і ўзняць на п’едэстал усё прыгожае, духоўнае, багатае, “чалавечае ў чалавеку”, адкінуўшы прэч і адмежаваўшыся ад пачварнага, антыгуманнага, бесчалавечнага, што даўно ўжо адыходзіць у нябыт. Вось чаму без рамантычнага ўспрымання рэальнасці няма і не можа быць мастацкай творчасці: рамантычнае бачанне свету з’яўляецца першаасновай мастацтва любога творцы.

Рамантызм як ідэйны і мастацкі кірунак склаўся ў Германіі (нямецкі рамантызм Гётэ, Гейнэ, Шылера) і Францыі (В. Гюго). Яркім прадстаўніком рамантызму з’яўляўся англійскі паэт Дж. Г. Байран.

Тэрмін “рамантызм” увёў у літаратурную крытыку нямецкі пісьменнік Э. Т. Гофман. Рамантызм найвышэйшай каштоўнасцю аб’яўляў духоўнае жыццё, унутраны свет чалавека, які жыве не пад уздзеяннем рацыянальнага погляду на жыццё, кіруецца ў сваіх учынках не розумам, а пачуццямі, праяўляе глыбокія страсці, здольны да фантазій, валодае тонкай інтуіцыяй. Не “прыродны чалавек” з яго лёгка распазнавальнымі ўчынкамі цікавіў рамантыкаў, іх вабілі таямніцы чалавечай душы, “зігзагі” псіхікі, містыцызм і ўнутраны “бунт пачуццяў” асобы.

Такі “бунт пачуццяў” у межах рэалістычнага апісання ўмеў перадаваць у беларускай літаратуры К. Чорны, які падкрэсліваў, што калі чалавек “маўчыць – значыцца, у яго многа важкага ў душы: у яго многа слоў” (апавяданне “Хвоі гавораць”).

Рамантызмам напоўнена творчасць М. Зарэцкага – аднаго з самых папулярных празаікаў у беларускай літаратуры 20-30-х гадоў ХХ ст. Рамантычныя матывы шырока выкарыстоўваліся ў творах Я. Купалы “Курган”, “Бандароўна”, “Раскіданае гняздо”, “Сон на кургане”, “Магіла льва” і інш. Прыёмы рамантызацыі знайшлі праяўленне ў паэме Я. Коласа “Сымон-музыка”, у алегарычных апавяданнях цыкла “Казкі жыцця”, у творах М. Багдановіча “Страцім-лебедзь”, Цёткі “Мора”, З. Бядулі “Салавей”. Раманы, аповесці, апавяданні У. Караткевіча – гэта лірыка-рамантычная проза, створаная на рэальнай гістарычнай глебе. Рамантычныя матывы адчуваюцца ў творах В. Быкава, Я. Брыля, І. Навуменкі. Аповесць А. Карпюка “Данута” пра каханне маладых герояў цалкам пабудавана на святлаценях рамантычнага ўспрымання: там, дзе каханая – там святло, там, дзе яе няма, – апускаецца цемра.

Літаратурная творчасць у новых гістарычных умовах

Старабеларуская літаратура паступова набывала выразныя дэмакратычныя рысы, агульначалавечы змест, насычалася народна-сказавымі, гутарковымі элементамі. Паўставала патрэба ў літаратуры разгалінаванай, якая выявіла б шматграннасць нацыянальнага свету беларусаў, у літаратуры глыбокай, разнажанравай. Але ўмовы для развіцця беларускай літаратуры заставаліся неспрыяльнымі.

Калі мы заглыбімся ў тоўшчу стагоддзяў, прасочым развіццё еўрапейскай культуры і на гэтым фоне разгледзім шляхі станаўлення беларускай літаратуры, дык убачым напачатку захапленне лацінскай мовай, якую ведаў кожны адукаваны еўрапеец. Затым прыйшла чарга народных еўрапейскіх моў, “грубых, неапрацаваных, але жывых (М. Багдановіч), на якіх ствараліся сапраўдныя духоўныя каштоўнасці многіх народаў. Так сталася, што беларусы, застаўшыся ў складзе ВКЛ, захавалі глыбокія, старадаўнія славянскія карані. “Писарь земски (дзяржаўны служачы. – У. Н.) маеть по-руску (па-беларуску. – У. Н.) литерами и словы рускими вси выписы, листы и позвы писати, а не иншимъ езыкомъ и словы” – так патрабаваў Статут ВКЛ 1588 г., паводле прадпісанняў якога дзяржаўны ўклад атрымліваў беларускія нацыянальныя формы. Адбывалася інтэнсіўнае збліжэнне з Заходняй Еўропай. Агульны ўздым еўрапейскай культуры ў эпоху Адраджэння не мог не паўплываць і на рост культуры Беларусі, у развіцці якой прымалі ўдзел гарады, асабліва тыя, што мелі магдэбургскае права. У паасобных школах на Беларусі ўжо ў той час выкладанне вялося на пяці сусветна вядомых мовах, засноўваліся друкарні, адкрываліся вышэйшыя навучальныя ўстановы (напрыклад, Полацкая езуіцкая акадэмія з правамі ўніверсітэта). “Усё гэта, разам сабранае, – паводле выказвання М. Багдановіча, – вылучала Беларусь на адно з першых месц сярод культурнага славянства”.

“Залаты век” у гісторыі беларускай культуры закончыўся пасля аб’яднання ВКЛ з Рэччу Паспалітай. Надышлі іншыя часы і іншыя парадкі. Найперш істотныя змены адбыліся з адменай выкарыстання беларускай мовы, паступовым выцясненнем яе з ужытку мовай польскай.

Падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) паміж больш моцнымі Германіяй, Аўстрыя і Расіяй прывялі да таго, што беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Паланізацыя спынілася, але распачалася не менш пагражальная для беларускай культуры актыўная русіфікацыя. Адмаўлялася культурна-этнічная самабытнасць беларускага народа, скажалася яго гісторыя. У 1840 г. цар Мікалай I забараніў ужыванне назваў “Беларусь” і “беларусы”. Было ўведзена штучна ўтворанае паняцце “Северо-Западный край”. Беларусь, такім чынам, стала правінцыяй, ускраінай Расіі. Ды немагчыма было спыніць духоўнае жыццё народа. Падымаліся з народных нізоў паэты-самавукі, пакідалі ўлонне польскай культуры і цягнуліся да беларускага слова лепшыя прадстаўнікі шляхты, якія праявілі сапраўдную грамадзянскую мужнасць у сваёй вернасці нацыянальным караням.

Прыкладам такой вернасці быў паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч, 1823–1862), які працаваў на паграніччы дзвюх культур. Як правіла, тыя пісьменнікі, што выступалі ў сваіх творах на баку сялянскай беднаты, абавязкова прыходзілі да беларускага слова. У. Сыракомля адным з першых адчуў неабходнасць нацыянальна-культурнага адраджэння беларусаў. Тэматыка большасці яго твораў – антыпрыгонная, беларуская, хаця пісаў ён пераважна на польскай мове. Першы надрукаваны верш У. Сыракомлі “Паштальён” (змешчаны ў часопісе “Атэнэум”) у перакладзе Л. Трэфалева на рускую мову лёг у аснову рускай народнай песні “Когда я на почте служил ямщиком…”. У сваёй творчасці паэт выкарыстоўваў фальклорныя сюжэты і вобразы, апрацоўваў беларускія народныя песні. Вядомы і беларускія вершы У. Сыракомлі “Ужо птушкі пяюць усюды”, “Добрыя весці”.

Уладзіслаў Сыракомля


Гісторыя беларускай літаратуры ў XIX ст. цесна звязана з абуджэннем грамадска-палітычных ідэй, з народным лёсам. Свядомыя беларускія сілы аб’ядноўваліся ў нелегальныя арганізацыі, куды ўваходзілі і мясцовая шляхта, і разначынцы. З’яўляліся нарадавольцы. У Вільні ў 20–30-я гады XIX ст. утварылася “Дэмакратычнае таварыства”, дзейнічалі народніцкія гурткі, таварыства філаматаў ва ўніверсітэце. У пачатку 60-х гадоў ХІХ ст. на Беларусі па сутнасці разгортвалася сялянская вайна за зямлю і волю, нарастаў шляхецкі рух. У гэты ж час дзеячы літаратуры настойліва шукалі праўду гістарычнага быцця народа, які прымусова быў пазбаўлены свабоды і нават уласнага імя.

Таварыства філаматаў. Ян Чачот. Адам Міцкевіч

У новых гістарычных умовах сам зварот да беларускага слова патрабаваў ад аматараў прыгожага пісьменства вялікай мужнасці і самаахвярнасці. Таму многія з адукаваных людзей на Беларусі вымушаны былі пісаць мастацкія творы па-польску або па-руску. “Летаргія беларускага нацыянальнага жыцця абазначалася вельмі актуальна”, – падкрэсліваў, характарызуючы гэты перыяд, М. Багдановіч. Тым большае значэнне мелі творцы, што не спалохаліся ні праследаванняў, ні арыштаў, што не дапускалі нават думкі пра кароткую памяць і доўгае забыццё, пра бесперспектыўнасць беларускай справы. Сярод тых, хто зноў пачынаў адкрываць беларускае слова, песню, верш, хто быў цесна звязаны з беларускім рухам, віднае месца займаў Ян Чачот (1796–1847).

У артыкуле “Беларускае адраджэнне” М. Багдановіч заўважаў, што каштоўны ўклад у беларускую літаратуру ўнёс Ян Чачот, хоць лёс гэтага творцы, і асабісты, і ў гісторыі літаратуры, склаўся драматычна.


Ян Чачот


Ян Чачот належыць да таго дапытлівага і няўрымслівага пакалення, якое з першых крокаў самастойнага жыцця паставіла свой талент і здольнасці на службу народу, простым людзям, роднаму краю. У дзейнасці гэтага пакалення студэнтаў Віленшчыны выявіўся час глыбокіх ідэйных пошукаў моладзі той бурлівай, хоць і не надта працяглай эпохі ў царскай Расіі, якая ўзгадавала дзекабрыстаў.

Асноўным крытэрыем ацэнкі рэчаіснасці прадстаўнікі гэтага пакалення абвясцілі розум. Яны былі ўпэўнены, што толькі чалавечы розум складае аснову існавання асобы, з’яўляецца гаспадаром людскіх лёсаў. У развітым, глыбокаадукаваным і аналітычным розуме, а таксама ў чыстых, светлых пачуццях, марах, намерах, у шчырасці душэўных парыванняў знаходзілі яны вытокі высокай і незаплямленай агульначалавечай маралі, тыя духоўныя каштоўнасці, якія надавалі сапраўдную прыгажосць чалавеку. Але гэтыя добрыя намеры натыкаліся на злавеснае супраціўленне царскага самаўладдзя.

Іх высылалі з роднай зямлі, выпраўлялі назаўсёды, пазбавіўшы маладосці, зблытаўшы ўсе іх дабрачынныя намеры, мары і надзеі. Жорсткая рэальнасць жыцця царскай Расіі станавілася самым страшным сном, а высокія спадзяванні разбіваліся аб халодныя сцены казематаў і адзіночных манастырскіх келляў.

Ян Чачот нарадзіўся 24 чэрвеня 1796 г. у вёсцы Малюшычы Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён) у сям’і дробнага шляхціца, якая арандавала маёнтак. Бацька Яна, Тадэвуш Чачот, неўзабаве пайшоў служыць аканомам да пана Тызенгаўза, і сям’я пераехала ў Новую Мыш пад Баранавічы, адкуль юнак падаўся на вучобу ў Навагрудак. У Навагрудскай дамініканскай школе ён з першага класа пасябраваў з Адамам Міцкевічам, з якім некалькі гадоў сядзеў за адной партай. Вучні мелі сваю форму, насілі белыя каптуры, аднак “белакаптурныя” хутка расчараваліся ў схаластыцы і дагматызме казённых навук. Студэнцкая моладзь Віленшчыны патрабавала нацыянальных, сацыяльных і палітычных свабод для простага народа роднага беларускага краю.

У верасні 1817 г. студэнты Віленскага ўніверсітэта арганізавалі тайныя таварыствы філаматаў (аматараў навук) і філарэтаў (прыхільнікаў маральнай чысціні). Галоўнай мэтай, якую ставілі перад сабою філаматы, была асвета роднага краю. У таварыства філаматаў уваходзілі сябры-землякі з Навагрудчыны: Ян Чачот і геніяльны паэт Адам Міцкевіч, а таксама Ігнат Дамейка, пазней выдатны вучоны і падарожнік, рэктар чылійскага ўніверсітэта і нацыянальны герой Чылі, імем якога на званы горад у гэтай далёкай краіне, і горны ланцуг, і кветка, і мінерал. Філаматамі былі таксама паэт і грамадскі дзеяч Тамаш Зан, член тайнага таварыства “Ваенныя сябры” Міхал Рукевіч і інш.

З літаратурнай спадчыны Яна Чачота акрамя вершаў народнага складу да нас дайшлі балады, напісаныя паводле беларускіх народных паданняў, а таксама “Зосіны песні”, песенныя тэксты на матывы беларускіх народных твораў. Вядомы і журботныя элегіі Яна Чачота, што склалі цыкл вершаў “Заблудны”. Яны напісаны на аўтабіяграфічным матэрыяле.

Паэзія Яна Чачота нараджалася на скрыжаванні розных стылёвых пачаткаў: класіцызму, сентыменталізму, рамантызму, рэалізму з вялікай доляй народнасці.

У баладзе Яна Чачота пад назвай “Магіла Міндоўга” распавядалася пра народную памяць аб адным з першых каралёў Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу:

 
У Навагрудку дагэтуль
Ёсць гара Міндоўга.
Там ляжыць ён, яго помніць
Люд наш будзе доўга.
Быў ён свой кароль, ліцвінскі,
Меў калісьці сілу.
Ды абманам жыў. Абман той
Звёў яго ў магілу.
 

Не прытрымліваючыся адзінай “святой веры”, атрымаўшы дзеля кароны “абманнае хрышчэнне” (К. Цвірка), кароль не ўстояў і перад іншай спакусай – адабраць жонку ў князя Даўмонта: ён сілай затрымаў яе, калі тая прыехала на пахаванне сваёй сястры – жонкі Міндоўга. Нальшчанскі князь Даўмонт забіў князя Міндоўга, адпомсціўшы за жонку.

Песня-паданне завяршаецца маралізатарска-павучальным запытаннем, але далёка не двухсэнсоўным, а прамым, строгім, патрабавальным:

 
Што ж з таго, што ўздзеў карону
Князь сваёй парою,
Раз не ўстояў перад тою
Жонкаю чужою?
 

У творчай спадчыне Яна Чачота – “Спевы пра даўніх ліцвінаў”, п’ескі, лірычныя сцэнкі, вадэвіль, драматычная паэма “Малгажата з Зэмбаціна” – пра вернае каханне жанчыны да рыцара, паэма “Тыртэй”, прысвечаная Адаму Міцкевічу, напісаная да дня яго нараджэння (1819), у якой аўтар напрарочыў сябру славу вялікага паэта славянскага свету.

Найбольшы ўклад зрабіў Ян Чачот у беларускую фалькларыстыку. Запісы беларускіх народных твораў засведчылі невычэрпнасць і багацце духу і таленту беларускага народа.

Адам Міцкевіч (1798–1855) – найвялікшы паэт Польшчы, ролю якога для польскай літаратуры можна параўнаць з той роляю, якую адыгралі ў рускай літаратуры А. Пушкін, ва ўкраінскай – Т. Шаўчэнка, у беларускай – Я. Купала і Я. Колас, нарадзіўся на Беларусі і ў сваёй творчасці абапіраўся на матэрыял, узяты з беларускага жыцця, апісваў прыроду роднага яму беларускага краю. “Калі ў палякаў з’явіўся Міцкевіч, яны ўжо перасталі зважаць на паблажлівыя заўвагі якіх-небудзь французскіх ці нямецкіх крытыкаў, не прызнаваць польскую літаратуру азначала б толькі паказваць сваё ўласнае дзікунства”, – адзначаў рускі пісьменнік-дэмакрат М. Чарнышэўскі.

Паэтаў нараджае час. Час, у якім жыў А. Міцкевіч, быў часам, калі тварылі ў літаратуры А. Пушкін, іншыя паэты пушкінскай эпохі. Гэта быў час бурлівых ідэйна-палітычных пошукаў, сацыяльнага і нацыянальнага абуджэння народаў, актыўнага рэвалюцыйнага руху ў Еўропе. У Расіі ў 1825 г. выйшлі на Сенацкую плошчу на чале сваіх вайсковых атрадаў дзекабрысты, дваране, удзельнікі тайных рэвалюцыйных таварыстваў, вышэйшыя афіцэры, якія разам з салдатамі перамаглі “каранаванага злодзея” Напалеона Банапарта, прайшлі да Парыжа і бачылі, як жыве ўся Еўропа. Яны выступалі з патрабаваннямі роўных правоў для грамадзян, дамагаліся змен у грамадска-палітычным ладзе.


Адам Міцкевіч


З 1817 па 1823 г. у Віленскім універсітэце дзейнічалі тайныя таварыствы студэнтаў – філаматаў і філарэтаў, актыўную ролю ў якіх адыгрываў і Адам Міцкевіч. У 1830 г. на радзіме Міцкевіча ўспыхнула паўстанне палякаў пад кіраўніцтвам генерала Хлапоўскага, мэтай якога было вызваленне Польшчы з-пад улады царскай Расіі, што тады называлі “турмой народаў”. У 1848 г. спачатку ў Італіі, а потым у Францыі адбыліся паўстанні, у ходзе якіх вялася актыўная ўзброеная барацьба з рэакцыяй. Народы падымаліся на рэвалюцыйную барацьбу. “Свабода, Роўнасць, Братэрства” было напісана на сцягах паўстанцаў. Той час увайшоў у гісторыю Еўропы як “вясна народаў”.

Ян Парандоўскі, выдатны польскі даследчык літаратуры, у кнізе “Алхімія слова” адзначаў: “Міцкевіч быў паэтам усяго толькі некалькі гадоў, і яны далі ўсё – ад балад да “Пана Тадэвуша”. Пасля гэтага ён жыў і дзейнічаў як палітык, публіцыст, лектар універсітэта і апостал, закончыў жыццёвы шлях салдатам. Але ва ўсіх сваіх пераўтварэннях ён заўсёды заставаўся паэтам, таму што паэтычная творчасць складаецца не толькі з адных вершаў: ёю з’яўляецца і ўсё жыццё сапраўднага паэта”.

Адам Міцкевіч яшчэ пры жыцці стаў сімвалам барацьбы польскага народа за свабоду і незалежнасць. Ён ніколі не заставаўся ўбаку ад рэвалюцыйнага руху, з’яўляўся перадавым грамадскім дзеячам сваёй эпохі, прыхільнікам прагрэсіўных ідэй часу. Літаратурная творчасць паэта стала здабыткам усёй сусветнай культуры.

Зорка А. Міцкевіча ўспыхнула на небасхіле і павяла яго па жыцці 24 снежня 1798 г. Паэт нарадзіўся на хутары Завоссе, непадалёку ад Навагрудка. Гэта былі землі летапіснай Літвы. Усе думкі аб радзіме, усе мары аб будучыні звязаны з ёю. “Літва – мая Айчына,” – паўтараў паэт.

У XVI ст. Літва і Польшча, беларускія і польскія землі, злучыліся ў адну дзяржаву. Будучы паэт выхоўваўся ў сям’і, дзе панавалі польская культура, польская мова, польскі патрыятызм. Бацька паэта, Мікалай Міцкевіч, належаў да дробнапамеснай шляхты, прымаў удзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1794 г. пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, таму выхоўваў сына ў традыцыях патрыятызму і свабодалюбства. Бацька генія польскай літаратуры служыў адвакатам пры гарадскім судзе ў Навагрудку. Маці – Барбара Маеўская – была родам з вёскі Варонча. Маленькі Адам рана пазнаёміўся з жыццём простых беларускіх сялян, любіў прыроду Навагрудчыны, часта бываў сярод рыбакоў на возеры Свіцязь, меў шмат сяброў у маёнтках Варонча, Туганавічы, Шчорсы, Мядзвядка, Малюшычы, якія знаходзіліся непадалёку ад Навагрудка.

У 1807 г. Адам Міцкевіч паступіў вучыцца ў Навагрудскую дамініканскую школу, дзе ўпершыню пачаў пісаць вершы. Закончыў школу ў 1815 г., паступіў у Віленскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, але праз год перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт. Прага да прыгожага пісьменства перамагла. Настаўнікам, а пазней і сябрам на ўсё жыццё для Міцкевіча стаў прафесар Іаахім Лялевель, заснавальнік польскай гістарыяграфіі.

Студэнцкі сябра Ігнат Дамейка пазнаёміў Адама Міцкевіча з Марыляй Верашчакай, якая жыла ў Варончы. Каханне да яе паэт пранёс праз усё сваё жыццё. Хоць ім і не суджана было застацца разам, вобраз каханай натхняў Міцкевіча на паэтычную творчасць.

У 1818 г. Міцкевіч ужо закончыў універсітэт, працаваў у Коўна настаўнікам павятовай школы, бачыў цяжкае жыццё, галечу простага люду, разумеў неабходнасць барацьбы за рэвалюцыйныя пераўтварэнні. Міцкевіч актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці студэнцкіх арганізацый. “Песня Адама”, “Песня філарэтаў” – прызнаныя гімны філаматаў. А. Міцкевіч – аўтар вядомай “Оды да маладосці”, якая доўгі час заставалася папулярнай сярод моладзі:

 
Разам, сябры маладыя!..
У шчасці для ўсіх – нашы мэты святыя;
Розумам дужыя, у цвеце і сіле,
Разам, сябры маладыя…
 

Міцкевіч і яго сябры верылі, што іх намеры – правільныя, думкі – чыстыя, настроі – узнёслыя, мэты – высокія. Але царскі ўрад Расіі палохалі самі спробы ўтварэння арганізацый сярод студэнцтва, праяўленне вольналюбівых настрояў на ўскраінах царскай імперыі, што разглядалася як імкненне “адкалоць” літвінскія і польскія землі, як жаданне “аддзяліцца” ад цэнтра. У 1822 г. у Варшаве было выкрыта “Патрыятычнае таварыства”, а ў 1823 г. пачаліся судовыя працэсы па справе таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Узнавіліся рэпрэсіі. Арыштаваных пасадзілі ў адзіночныя камеры Базыльянскага манастыра, які ператварыўся ў турму. Больш за паўгода вяліся допыты. Міцкевіча арыштавалі 23 кастрычніка 1823 г. Калі закончылася следства, 21 красавіка 1824 г. ён быў адпушчаны з турмы на парукі прафесара Лялевеля, а ўжо 22 кастрычніка 1824 г. яму належала выехаць у Пецярбург, куды “саслалі” паэта разам з сябрамі-студэнтамі, сынам і дачкой рэктара Віленскага ўніверсітэта.

У Пецярбургу паэт збліжаецца з дзекабрыстамі К. Рылеевым і А. Бястужавым. У хуткім часе прыйшоў загад ехаць у Адэсу, затым у глыбінныя губерні. Пасля наведвання Крыма з’явіліся “Крымскія санеты”. У канцы 1825 г. Міцкевіч прыехаў у Маскву. Вясной 1826 г. маскоўскі літаратар М. Палявы ў салонах графіні Валконскай знаёміць А. Міцкевіча з П. Вяземскім, Я. Баратынскім. У кастрычніку 1826 г. завязалася знаёмства і пачалося працяглае сяброўства Міцкевіча з А. Пушкіным. У Пецярбургу Міцкевіч сябруе з В. Жукоўскім, А. Грыбаедавым, І. Крыловым, А. Дэльвігам. Выходзяць “Санеты”, з’яўляецца паэма “Конрад Валенрод”, сюжэт якой узяты з гісторыі XIV ст. У ёй гучалі заклікі да барацьбы за свабоду роднага краю, дзеля чаго не страшны ніякія ахвяры. Паэму ведалі, любілі.

У 1839 г. паэт працаваў ва ўніверсітэце горада Лазана ў Швейцарыі, у 1840 г. стаў лектарам Калеж дэ Франс у Парыжы, дзе заняў кафедру славянскіх моў і літаратур, чытаў лекцыі, у тым ліку па гісторыі рускай і беларускай моў і літаратур.

Рэвалюцыя і “вясна народаў” 1848 г. не прынеслі свабоды ні Францыі, ні Італіі, ні Польшчы, ні Венгрыі. Усё ж Міцкевіч паехаў у Італію, каб арганізаваць польскі легіён. Ізноў паэт імкнуўся набраць польскі легіён для барацьбы з царызмам у часы руска-турэцкай вайны, дзеля чаго наведаў Канстанцінопаль.

У 1855 г. А. Міцкевіч захварэў і 26 лістапада памёр у Канстанцінопалі.

Ян Баршчэўскі і паэты-дэмакраты

Уплыў фальклору на развіццё беларускай літаратуры меў асабліва вялікае значэнне. Беларускі фальклор – той грунт, на якім вырастала прафесійная мастацкая літаратура, сілкуючы сродак для станаўлення паэзіі, прозы, драмы, важнейшы інструмент для захавання каларыту і стыхіі народнага жыцця ў мастацкай практыцы. Новая літаратура самага ранняга перыяду свайго развіцця трывалай “пупавінай” звязана з этнаграфіяй, доўгі час не выходзіла за яе межы. Захапленне вусна-паэтычнай творчасцю сялян-беларусаў насіла праявы “шляхецкага рамантызму” (М. Гарэцкі), часам мела фанатычны характар, будучы модным заняткам, стаўшы своеасаблівым “брэндам”, як бы цяпер сказалі, народнасці, застаючыся яркай і ледзь не адзінай праявай дэмакратызацыі жывога літаратурнага працэсу. На гэтую асаблівасць новай літаратуры звярнуў увагу яшчэ М. Гарэцкі ў “Гісторыі беларускай літаратуры”. Ён прыводзіць прыклад Зар’яна Даленгі-Хадакоўскага, які “цэлы век” жыў па вёсках нелегальна пад імем Адама Чарноцкага, хаваючыся ад праследавання ўлад за падбухторванне сялянства да пратэсту. Зар’ян Даленга-Хадакоўскі абышоў усю Беларусь і Украіну, прызнаючыся, што “ёсць яшчэ на зямлі шчасце” жыць адным жыццём са сваім народам, “жыць паэтычным жыццём сялянства”. Ён адзначаў:

“Сярод народа жыве сумленне, сярод народа жыве паэзія. Злое ж сэрца мае той, хто не любіць народа ўсёю сілаю братняй любові”.


Ян Баршчэўскі


Сярод тых аўтараў, што пісалі на польскай мове, але шырока ўжывалі ў сваёй творчасці беларускія народныя песні, прыказкі, прымаўкі, крылатыя выразы, апісвалі сцэнкі з беларускага жыцця, быў Ян Баршчэўскі (1790 ці 1794–1851). Яго называлі “бардам беларускага краю”, бо ён шмат павандраваў па Беларусі, запісаў, падслухаў у народзе мноства песень, займальных гісторый з жыцця беларускага народа, фантастычных апавяданняў, прыпавесцей, прымавак, жартаў і анекдотаў, якімі ён “сыпаў, як з рукава”. У тых творах гаварылася пра мудрасць і мужнасць беларускага народа, кемлівасць і прадпрымальнасць мужыка, яго духоўную перавагу над панам, пра цягавітасць і працавітасць, таленавітасць беларусаў. “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” – такую назву атрымалі чатыры кнігі празаічных твораў Яна Баршчэўскага пра Беларусь і беларусаў. Гэтыя кнігі выйшлі на працягу 1844–1846 гг. Напісаны яны былі па-польску, але ўстаўкі рабіліся на той мове, на якой размаўлялі сяляне, беларусы. У кнігі ўвайшлі апрацаваныя аўтарам беларускія народныя паданні, сцэнкі, маналогі, дыялогі, прытчы, вершаваныя апавяданні, жарты, анекдоты, трапныя выслоўі, афарызмы. Дзяцінства пісьменніка прайшло каля Расонаў, ён рос на ўлонні прыроды разам з сялянскімі дзецьмі таму добра ведаў жыццё простага люду. Вось чаму творы яго былі блізкія і зразумелыя народу. Вучыўся Ян Баршчэўскі ў Полацкай езуіцкай калегіі.

Як фальклорныя дайшлі да нашых дзён вершы Яна Баршчэўскага “Гарэліца”, “Дзеванька”. У Пецярбургу пісьменнік выдаваў часопіс “Незабудка”, дзе друкаваў шмат матэрыялаў з жыцця беларусаў. Пасля разгрому сялянскага паўстання, у час вобыску ў Крошыне ў хаце таленавітага паэта-самавука Паўлюка Багрыма, “беларускага Шаўчэнкі”, быў знойдзены ўрывак аднаго з вершаў Яна Баршчэўскага.

У творах народнага складу ішлі актыўныя пошукі раскрыцця адметнасцей нацыянальнага характару беларусаў. Верш Я. Баршчэўскага “Дзеванька” (“Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята”) стаў папулярнай народнай песняй аб каханні, долі-нядолі беднай вясковай дзяўчыны, якая вымушана хаваць свае сапраўдныя глыбокія душэўныя пачуцці пад наўмыснай весялосцю. Песня была вельмі распаўсюджана ў народзе, яе любіла спяваць беларуская шляхта ў час застолляў.

Вершаваная паэма “Рабункі хлопаў” раскрывае стыхійнае бунтарства сялян, даведзеных да адчаю мясцовымі панамі і чужаземнымі заваёўнікамі (дзеянне адбываецца ў маёнтку пад Полацкам у 1812 г.). Карыстаючыся прыходам французскага войска, вяскоўцы заняліся “экспрапрыяцыяй” (“рабункі нарабаванага”) панскай маёмасці, вырашылі ўстанавіць новыя парадкі, але далей намераў не пайшлі, перапіліся, пабіліся і зноўку здаліся на літасць паноў. Ад стыхійнага бунтарства да актыўнага ўдзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе – такі шлях яшчэ не хутка пройдзе беларускае сялянства.

Характэрнай асаблівасцю развіцця новай беларускай літаратуры стала тое, што першыя арыгінальныя мастацкія творы на беларускай мове распаўсюджваліся ў асноўным сярод сялянства, а змаганне за беларускую мову і літаратуру было неаддзельнае ад абароны правоў простага люду, ад яго змагання за волю і лепшую долю. Пачынаць даводзілася з арганізацыі паасобных гурткоў: фальклорных, краязнаўчых, драматычных.

Усё больш перадавой разначыннай інтэлігенцыі гарнулася да беларускага слова, імкнучыся даць народу асвету, літаратуру на роднай мове. Сярод пачынальнікаў новай беларускай літаратуры варта ўпамянуць імёны Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, Францішка Багушэвіча, Адама Кіркора, Адэлі з Устроні, Элігія Карафа-Корбута (Я. Вуля), Вінцэся Каратынскага, Франца Савіча, Вікенція Равінскага, Кастуся Каліноўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Каруся Каганца. Вядучае ж месца ў стварэнні новай беларускай літаратуры належыць тром зоркам першай велічыні – Максіму Багдановічу, Янку Купалу і Якубу Коласу.

Калі пра класікаў беларускага мастацкага слова мы ведаем многае, дык пра тых, хто пачынаў пісаць свае творы і па-польску і па-беларуску, хто ствараў іх на беларускім матэрыяле, вядома няшмат. Часта аўтары не называлі сябе беларускімі пісьменнікамі. У сваіх творах яны ўзгадвалі, як і А. Міцкевіч, старадаўнюю назву беларускіх зямель – “Літва”, а самі называліся літвінамі.

Нялёгкі лёс выпаў Францу Савічу (1815 – каля 1845). “Беларускі дзекабрыст” Ф. Савіч, сын святара з-пад Мінска, утварыў “Дэмакратычнае таварыства” ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, дзе ён вучыўся. За сваю рэвалюцыйную дзейнасць, як у свой час М. Ю. Лермантаў, А. I. Паляжаеў, А. А. Бястужаў-Марлінскі, Ф. Савіч быў сасланы ў дзеючую армію на Каўказ, уцёк адтуль, праз Маздок, Стаўрапаль, Таганрог дабраўся да Малдавіі, каб пераправіцца ў Румынію, але быў затрыманы як беглы салдат. Яго зноў чакала салдатчына. Пазней Ф. Савіч заняўся медыцынскай практыкай, ратаваў людзей ад халеры, але сам не ўсцярогся, памёр ад гэтай хваробы. Пахаваны ў Астрожску ва Украіне.

У паэме Адэлі з Устроні “Мачыха” родная зямля ў неспрыяльных умовах уціску і несправядлівасці стала мачыхай для дзяўчыны, лёс якой склаўся нешчасліва, бо яна рана засталася сіратой. Злая мачыха забараняе ёй сустракацца з любым. Паэма напісана ў форме плачу-галашэння спакутаванай душы, якая трывожыцца за лёс каханага, нагадвае плач Яраслаўны на гарадской сцяне ў Пуціўлі. Гэта сведчыць аб несумненным таленце стваральніцы і трываласці мастацкіх традыцый “Слова пра паход Ігаравы” ў беларускай літаратуры. Назва прытока Нёмана Устронь стала псеўданімам аўтаркі, сапраўднае імя якой, гады нараджэння і смерці невядомы.

З глыбінь народнага жыцця нараджаліся творы, аўтары якіх пад сваімі імёнамі, пад псеўданімамі распавядалі пра лёс і лад думак беларуса.

Адным вершам вядомы пісар Віцебскай палаты дзяржаўных маёмасцей Э. Карафа-Корбут, які запісаў у альбом свайму паплечніку А. Вярыгу-Дарэўскаму наступныя радкі (“К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка”):

 
Грудзяй цэлай гудзі смела
На увесь мужыцкі свет, —
Што пасееш, будзе цэла;
Будзе некалі і цвет…
 

За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага Э. Карафа-Корбут быў сасланы ў Сібір.

Яшчэ больш трагічны лёс “дудара Арцёма”. Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816–1884) быў кіраўніком атрада паўстанцаў на Віцебшчыне ў 1863 г., наладзіў кантакты з арганізацыяй “Зямля і воля”. За гэта быў сасланы ў Сібір, куды разам з ім адправілася яго дачка Габрыеля. У ссылцы, якая доўжылася больш за 20 гадоў, паэт і памёр. Захаваўся “Альбом Арцёма Вярыгі-Дарэўскага”, куды запісваліся беларускія вершы: “Бяседа над Нёманам”, “Дзіця дзвюх матак”, “Скромны ў бяседзе не страціць”, “Яшка і Цімошка” і інш.

У альбоме-альманаху пакінулі свае запісы В. Дунін-Марцінкевіч, яго дачка Каміла, А. Кіркор, згаданы ўжо Э. Карафа-Корбут, У. Сыракомля.

Адам Ганоры Карлавіч Кіркор (1818–1886) быў выдатным літаратурным крытыкам, выдаўцом, літаратуразнаўцам, фалькларыстам, публіцыстам, заснаваў у Вільні салон, вакол якога групаваліся літаратурныя сілы. Усё шырэй станавілася кола беларускіх пісьменнікаў. А. Кіркор стаў членам-карэспандэнтам Імператарскага археалагічнага таварыства, напісаў нарысы па гісторыі беларускай літаратуры ў кантэксце славянскіх літаратур – кнігу “Пра літаратуру братніх славянскіх народаў”, ён жа адзін з аўтараў “Живописной России”.

Вінцэсь Каратынскі (1831–1891) – паэт з мужыкоў, нарадзіўся ў в. Селішча Карэліцкага раёна. Працаваў хатнім настаўнікам, быў сябрам і сакратаром У. Сыракомлі. Выдаў кнігу вершаў на польскай мове “Чым хата багата, тым і рада” з відавочным беларускім каларытам і скіраванасцю да стыхіі народнага жыцця. Беларускія вершы паэта мелі выразную песенна-народную аснову. У адным з іх – пад назвай “Туга на чужой старане” – чуецца боль па роднай старонцы:

 
Ой, саколка, ой, галубка!
Не пытайся, не, —
Што мне тошна, мая любка,
Ў гэтай старане…
Я ж зямліцу меў радную,
Быў свабодзен сам.
Ох, ці днюю, ці начую, —
Я ўсё там ды там.
 

Яшчэ адзін верш на беларускай мове “Уставайма, братцы!..” з’яўляецца яркім фактам вобразнага і каларытнага прыгожага пісьменства.

Незвычайны лёс Вікенція Равінскага (1786 – каля 1855), верагоднага аўтара паэмы “Энеіда навыварат”. Ён адносіўся да перадавых людзей свайго часу. Удзельнічаў у Айчыннай вайне 1812 г., прайшоў з рускім войскам праз усю Еўропу, да Парыжа. Быў ад’ютантам генерала Д.С. Дохтурава, за бітву пад Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай. “Вярнуўшыся на радзіму, – пісаў унук Равінскага, – Вікенцій Паўлавіч смела мог назваць сябе перадавым чалавекам, так рэзка адрозніваўся ад большасці памешчыкаў таго часу”. В. Равінскі стварыў камедыйна-сатырычныя творы “Шлюб паняволі”, “Вялікі муж субардынацыі”, вершы, якія распаўсюджваліся ў спісах. На жаль, яго творчая спадчына страчана.

Ананімныя паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”

“Асноўная ідэйна-эстэтычная вартасць беларускай “Энеіды навыварат” заключаецца менавіта ў тым, што адмоўныя рысы характараў падаюцца не як “прыродныя”, а як сацыяльныя, спароджаныя прыгонніцтвам, канкрэтна-гістарычнымі абставінамі жыцця”, – адзначаў А. Лойка. Што ўяўляла сабой паэма “Энеіда навыварат”, якая прыпісваецца В. Равінскаму? Захаваўся толькі пачатак паэмы, якая, па ўсім відаць, пісалася на Смаленшчыне.

Беларуская паэма “Энеіда навыварат” – спроба “пераапрануць” у беларускую вопратку і не ў гераічнай, а ў іроікамічнай (з грэч. “іроі” перакладаецца як “не-герой”) форме перадаць прыгоды героя са старажытнарымскай паэмы Вергілія “Энеіда”. Багі паводзяць сябе на нябёсах, як звычайныя беларускія сяляне. Замест высокіх, узнёслых апісанняў перад чытачом паўстаюць каларытныя і смешныя малюнкі штодзённага сялянскага побыту. Багі тут займаюцца звычайнымі хатнімі справамі, яны па-зямному надзелены мноствам самых нечаканых і самых экзатычных рыс характару: галоўны бог Алімпа Зеўс “гарэлку з мёдам там сцябаў” ды закусь “з паддоння пальцам калупаў”. Багіня прыгажосці Венера, што народжана з марской пены, паўстае моднай засцянковай шляхцянкай, якая “андарак з насоўкай апранула…”.

У беларускай “Энеідзе…” захаваны толькі сюжэт паэмы Вергілія і асобныя імёны, назвы. Каларыт і стыхія жыцця – глыбока народныя. Сваім ідэйным зместам твор скіраваны на “антычалавечыя праявы сацыяльнага жыцця” (А. Лойка).

Багі, як кажуць, маюць хіба што “незямныя” заганы. Для нас сёння цікавым з’яўляецца рэалістычна-канкрэтны змест, замалёўкі быту, якія падаюцца ў творы, жывыя карціны натуральнага існавання сялянства, каларыт і стыхія жыцця беларускай вёскі і яе насельнікаў.

Твор выкрываў дзікунства побыту і ўмоў беспрасветнага існавання простага люду. У дапушкінскую эпоху яшчэ рана было высмейваць нешта ў айчыннай літаратуры. Гэта сатыра на існуючыя парадкі. Твор быў распаўсюджаны ў асяроддзі беларускай шляхты, якая ведала змест паэмы на памяць.

Больш выразны нацыянальны каларыт мае паэма “Тарас на Парнасе”, што прыпісвалася розным аўтарам (В. Равінскаму, Т. Манькоўскаму, В. Дуніну-Марцінкевічу, А. Вярыгу-Дарэўскаму, студэнту Горы-Горацкага земляробчага інстытута К. Вераніцыну, палясоўшчыку з-пад Клімавіч Я. Крупеньку), але дайшла да нас ананімнай.

“Тарас на Парнасе” – сапраўды народная паэма. Беларус у вялікім свеце, сярод багоў, на Алімпе, сам пачувае сябе Богам, застаючыся пры гэтым простым і мудрым, таленавітым і дасціпным. Тыя самыя багі і маляваліся з вобразаў сялян. Паэма напоўнена жыццесцвярджальным пафасам. Яе герой, палясоўшчык Тарас, які апынуўся ў сне аж на небе, уяўляе сабой тып простага чалавека, дасціпнага жартаўніка, працавітага, кемлівага, іранічна-з’едлівага, але ў той жа час і паблажлівага, памяркоўнага. Падобных літаратурных герояў шмат: Санча Панса і Дон-Кіхот, Кала Бруньён. Такі прыём скарыстаў А. Твардоўскі, ствараючы паэму “Цёркін на тым свеце”. Герой паэмы “Тарас на Парнасе” таксама нечакана апынуўся на “тым свеце”, але жыве ён на гэтым, змардаваным, спакутаваным, вычварным свеце. І ўсе рэальныя падзеі часу паўстаюць у іншым выглядзе, трансфармуюцца праз характары багоў, якія паводзяць сябе, як людзі, а часам і горш за людзей. Праз малюнкі побыту антычных багоў пазнаецца матэрыяльна-побытавая культура і сістэма маральных паводзін, выяўляецца народны погляд на рэчы. Так ідзе адкрыццё народа, яго высокіх духоўных і маральных каштоўнасцей. Багі і людзі падобныя, значыць, і людзі могуць жыць на гэтай Богам дадзенай зямлі па-боску, займаючыся кожны сваёй справай, выяўляючы свае здольнасці. Так у літаратуры адбывалася “асваенне” сялянскага мацерыка. Бог мора Нептун “на лаўцы чыніць сеці”, бог кахання Амур іграе на жалейцы і спявае дзяўчатам песні, у мужыцкі танец – “Мяцеліцу” – пускаецца Венера, скача, як скачуць вясковыя кабеты. Багі ядуць звычайныя сялянскія стравы, трымаюць свіней, мыюць у начоўках кашулі і парткі, падплятаюць лапці. Вялікі і малы свет, жыццё высокае, боскае і жыццё нізкае, сялянскае. Паэма “Тарас на Парнасе” паклала пачатак гістарычнага летапісу працоўнага сялянскага роду ў беларускай літаратуры.

Паэма – скарбонка народнага гумару, фантазіі, вясёлага гуллівага смеху. Тарас з гонарам прадстаўляе свой народ у “завоблачных высях”. Ён і цярплівы, і кемлівы, і танцор спрытны:

 
Аж рот разінулі багі:
То ён прысвісне, то прытопне,
То шпарка пойдзе у кругі.
 

Тарас пры неабходнасці праяўляе высакароднасць духу, ён можа быць далікатным, пачцівым, выхаваным у свецкім духу чалавекам, які прытрымліваецца народнага этыкету.

Роўным сярод роўных адчувае сябе просты палясоўшчык Тарас сярод багоў. Характар галоўнага героя ўвабраў у сябе лепшыя нацыянальныя рысы – мяккасць, дабрыню, лагоднасць, уменне сыходзіцца з іншымі асобамі, жыць у ладзе з самім сабою і з цэлым светам, з людзьмі на зямлі і з багамі на Алімпе.

Паэма нараджалася з жывой гутарковай мовы, яна рытмічная, вясёлая, жартаўлівая. Твор напоўнены мудрасцю, гумарам, народным светаразуменнем, светаўспрыманнем і светабачаннем. Зразумелыя і лёгкія для запамінання, дасціпныя вершаваныя радкі западалі ў душу кожнага, хто знаёміўся з паэмай, якая доўгі час бытавала на Беларусі як фальклорны твор.

Ідэйны змест народнай паэмы “Тарас на Парнасе” даволі глыбокі. Адзін з галоўных матываў твора – услаўленне таленавітасці, жыццястойкасці, кемлівасці і дасціпнасці, жыццёвай спрактыкаванасці народа.

Заўважым, што нараджэнне новай, па-мастацку разнастайнай беларускай літаратуры звязана з адкрыццём новага героя, якім стаў таленавіты і працавіты чалавек з народа, звычайны беларускі селянін. Многае з паэмы “Тарас на Парнасе” адпавядала памкненням душы самога селяніна, увайшло ў яго плоць і кроў, стала неад’емнай часткай ягонай свядомасці. Твор вучыў быць сумленным, любіць родны край. Паэма ўслаўляла духоўную сілу і магутнасць беларускага народа ў свеце.

Так узнікала новая, эстэтычна багатая, сапраўды нацыянальная літаратура.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808–1884)

Жыццёвы і творчы шлях Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з’яўляецца яркім прыкладам таго, як няпроста было пачынаць пісаць па-беларуску, як нялёгка адраджалася і сцвярджала сябе новая беларуская літаратура.

Для В. Дуніна-Марцінкевіча мастацкая творчасць была справай усяго жыцця, ён без рэшты аддаваў сябе стварэнню тэатра, напісанню драм, камедый, лібрэта опер, выявіў сябе ў паэзіі і прозе.

Тэатральныя калектывы, якія ствараў Дунін-Марцінкевіч, былі аматарскімі, у іх удзельнічаў сам аўтар і яго сям’я. Уся сям’я пісьменніка мела дачыненне да паўстання 1863–1864 гг., сам В. Дунін-Марцінкевіч апынуўся пад хатнім арыштам. Яму забаранілі пісаць па-беларуску, але ён працаваў. “Беларускі Мальер” – В. Дунін-Марцінкевіч – клапаціўся пра развіццё нацыянальнай драматургіі. На пачатку 40-х гадоў ХІХ ст. у Мінску ставілася адна з трох створаных ім опер – “Рэкруцкі яўрэйскі набор”. Яна мела вялікі поспех. Тэксты лібрэта не захаваліся. Затое нам вядома пра поспех оперы “Ідылія”, якая была пастаўлена ў 1852 г. і музыку да якой на лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча напісаў вядомы кампазітар С. Манюшка. “Ідылія” – самастойны драматургічны твор (лібрэта оперы было надрукавана асобным выданнем у 1846 г.), сюжэт якога просценькі, сапраўды ідылічны, аднак даволі жывучы, можна сказаць, вандроўны ў беларускай літаратуры канца XIX – пачатку і сярэдзіны XX ст. Ён не траціць сваёй актуальнасці, на жаль, і сёння. Сюжэт аб тым, як расхвальваецца ўсё чужое і ганіцца ўласнае, тое, што бытуе на Бацькаўшчыне, на чым чалавек узгадаваны.


В. Дунін-Марцінкевіч як мастак слова фарміраваўся пад уплывам перадавых ідэй часу, польскага рамантызму 40–60-х гадоў XIX ст. А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Э. Ажэшкі, М. Канапніцкай, а таксама філасофіі Ж.-Ж. Русо, Вальтэра, Д. Дзідро, сусветнай класікі. Менавіта ён узняў беларускую п’есу на ўзровень сусветнай класікі. Яго творы сапраўды класічныя, яны не старэюць і прачытваюцца ў кожным часе па-новаму. Ён узнімае адвечныя праблемы неадпаведнасці знешніх прэтэнзій і ўнутранай сутнасці чалавека, як, напрыклад, фарс-вадэвіль “Пінская шляхта” (1866). Гэта першая беларуская камедыя. Шмат камедыйнага ў п’есе, але смех у ёй намнога глыбейшы, чым гэта можа падацца на першы погляд. Сварацца дзве сям’і, дзве галіны аднаго сялянскага роду, толькі з-за таго, што Іван Цюхай-Ліпскі абазваў Ціхона Пратасавіцкага мужыком. Рассудзіць іх прыязджае такі ж абмежаваны ў поглядах чалавек, чынадрал і судовы бюракрат суддзя Кручкоў, які нічым не адрозніваецца ад тутэйшага люду, любіць выпіць “кубак крупніку”, а “на прашчанне” просіць: “…заспяваем нашу родную песню ды паскачам на заручынах”. Раз’яднанасць, “рассяляньванне” сялянства, падзел на касты і групы, эгаізм і фанабэрыя, затурканасць дазваляюць круціць мясцовым людам хто як захоча, крыўдзіць іх і абражаць, трымаць у невуцтве, выкарыстоўваць іх абмежаванасць, пасіўнасць і апатыю, каб зняць новае “жніво”.

Праблема самавызначэння беларускага народа – адна з магістральных тэм у беларускай літаратуры. В. Дунін-Марцінкевіч ствараў народную літаратуру, адкрываючы народ і паказваючы народу шляхі духоўнага станаўлення.

В. Дунін-Марцінкевіч напісаў камедыю “Залёты” (1870), вершаваныя аповесці “Гапон”, “Вечарніцы” (абедзве ў 1855), “Халімон на каранацыі”, “Купала” (1856), “Травіца брат-сястрыца”, “Шчароўскія дажынкі”, “Быліцы. Расказы Навума” (1857), пераклаў на беларускую мову раздзелы паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” і інш.

Незвычайны лёс народнага творцы. Буркатлівым, змужычэлым гарбуном насмешліва называлі яго бацькі будучай жонкі, якія не хацелі выдаваць дачку замуж за беднага кансісторскага чыноўніка. Але яна, закахаўшыся, пайшла насуперак волі бацькоў. Пажаніўшыся, яны разам ладзілі спектаклі, разам спявалі, а пазней у хатніх спектаклях разам з імі прымалі ўдзел і іхнія дзеці – дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў. Толькі падмурак захаваўся на шляху з Івянца ў Мінск ад таго дома ў Люцінцы, дзе жыў Дунін-Марцінкевіч з сям’ёй. Падмуркам новай прафесійнай літаратуры на Беларусі была і творчасць гэтага выдатнага пісьменніка.

Пытанні для кантролю

1. У чым заключаецца спецыфіка рамантызму як літаратурнай плыні?

2. Якія прыёмы і сродкі рамантычнага адлюстравання выкарыстоўвалі беларускія пісьменнікі ў мастацкай творчасці?

3. Назавіце імёны пісьменнікаў-рамантыкаў у беларускай літаратуры.

4. Які асноўны пафас твораў У. Сыракомлі?

5. Што вы ведаеце пра таварыствы філаматаў і філарэтаў?

6. Якія фальклорныя зборнікі і творы Яна Чачота вы можаце назваць?

7. У чым вы бачыце сувязь творчасці Яна Чачота і Адама Міцкевіча з жыццём і культурай беларускага народа?

8. Ахарактарызуйце адну з выдатнейшых паэм А. Міцкевіча.

9. Якія малюнкі беларускага жыцця адлюстраваны ў творчасці А. Міцкевіча?

10. Назавіце галоўны літаратурны твор і вядомыя вершы Я. Баршчэўскага.

11. Назавіце імёны беларускіх паэтаў-дэмакратаў.

12. Ідэйны змест народнай паэмы “Тарас на Парнасе”.

13. Грамадзянская пазіцыя і асаблівасці драматургіі В. Дуніна-Марцінкевіча.

Рэалізм як вядучы літаратурны напрамак

Рэалізм як адзін з прынцыпаў мастацкага адлюстравання рэчаіснасці існуе даўно, на працягу многіх стагоддзяў. Рэалістычныя рысы назіраліся ў антычным мастацтве пры паказе чалавечых характараў, карцін по быту, а таксама ў больш познія часы ў творчасці асобных пісьменнікаў і асабліва ў фальклоры.

Пачынаючы з эпохі Адраджэння рэалізм паступова сцвярджаў сябе ў мастацкай літаратуры. Ён сфарміраваўся ў творчасці еўрапейскіх пісьменнікаў – Г. Флабера, Ч. Дзікенса, Стэндаля, Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, А. Чэхава, мастакоў і кампазітараў – І. Рэпіна, В. Сурыкава, Дж. Вердзі, М. Мусаргскага.

Галоўныя прынцыпы рэалізму ўключаюць раскрыццё праўды характараў і праўды абставін, паказ тыповых карцін рэальнага жыцця, спасціжэнне глыбіні пагружэння ў рэальнасць, асвятлення чалавека ў свеце і ўнутранага свету ў самім чалавеку.

У аснову рэалізму ў мастацкай творчасці пакладзены прынцыпы адлюстравання аб’ектыўнага развіцця гісторыі і асобы, паказу шматбаковасці характару чалавека, раскрыцця складанасці яго псіхікі. Мастакі шукалі розныя тыпы свайго часу. Асаблівая заслуга ў сцвярджэнні прынцыпаў рэалізму ў мастацкай літаратуры Беларусі належыць народным пісьменнікам: Я. Коласу, Я. Купале, К. Чорнаму, М. Багдановічу, К. Крапіве, І. Мележу, Я. Брылю, В. Быкаву, І. Шамякіну, І. Навуменку, І. Чыгрынаву.

У першай палове ХХ ст. усталяваўся так званы сацыялістычны рэалізм, паводле якога перад творамі мастацтва (літаратурай, жывапісам, скульптурай, тэатрам, кіно, музыкай) ставілася задача ўмацоўваць заваёвы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак творы сацыялістычнага рэалізму не былі пазбаўлены ідэалізацыі, двайных стандартаў у паказе з’яў рэчаіснасці, калі жаданне выдавалася за рэальнае, існуючае, даўно ўсталяванае.

У сучасным мастацтве поруч з рэалістычнымі падыходамі развіваюцца таксама авангардысцкія і постмадэрнісцкія тэндэнцыі.

Францішак Багушэвіч (1840–1900)

Ф. Багушэвіч – першы вялікі нацыянальны паэт, які пісаў пра існаванне беларускай нацыі, выразна адзначаючы агульнасць псіхалогіі народа і яго мовы, якая “і ёсць адзежа душы”, акрэсліваючы межы роднай старонкі: “Там, братцы, яна, дзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…” Так пісаў Ф. Багушэвіч у прадмове да сваёй паэтычнай кнігі “Дудка беларуская”, выдадзенай у Кракаве ў 1891 г. Пасля Ф. Скарыны ўпершыню Багушэвіч заявіў аб сваёй прыналежнасці да нацыянальнага паэтычнага свету да мовы народа пра якую ён пакінуў свой мудры запавет: “Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем катораму мову займе а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” Ён быў паўстанцам у 1863 г., выступаў са зброяй у руках, пазней стаў следчым і адвакатам – мужыцкім заступнікам. Такім жа заступнікам гарапашнага люду ён стаў і ў літаратуры. У паэме “Кепска будзе!” Ф. Багушэвіч выводзіць на авансцэну героя – юнака яшчэ падлетка пазбаўленага ўласнага імя. Беларускі люд, як той “Аліндарка з каліндарка”, упершыню пачынаў усведамляць, што яны, тутэйшыя жыхары, – беларусы, ідуць нялёгкімі шляхамі самапазнання і самавызначэння. Без долі нарадзіўся чалавек на гэтай зямлі, прайшоў праз здзекі, глум, гвалтаванне, бяспраўе, праз астрог і пастарунак, каб пераканацца, што датуль “кепска будзе”, пакуль людзі не адчуюць сябе людзьмі і не знойдуць праўду на свеце, не набудуць, як і герой паэмы, у рэшце рэшт, свайго імя.



Жыццёвая рэальнасць паўстае ў Ф. Багушэвіча ў трагічным асвятленні. Гэта была сапраўды трагедыя народа, за якім гора ішло па пятах, дыхаючы ў патыліцу (“Гора”), калі “не надта свабодна ў гэтай свабодзе”. Паэт завастрае праблемы гора і нядолі сялянства, паказвае іх узбуйнена, аголена, непрыхарошана. Вершы “Бог не роўна дзеле”, “Праўда”, “Ахвяра”, “Не цурайся”, “Чаго бяжыш, мужычок?”, “Калыханка” пабудаваны на народна-песенных традыцыях. Настраёвыя, эмацыянальныя, інтанацыйна багатыя, яны сваім размоўна-бытавым каларытам нагадваюць галашэнні, дыялогі, маналогі, сцэнкі, звароты, дзе падрабязна гаворыцца пра розныя жыццёвыя сітуацыі, нявыкрутку і тупікі, у якія траплялі простыя сяляне. Уражваюць дакладнасць мастацкіх дэталей, уменне паэта стварыць яркія і запамінальныя, сапраўды тыповыя малюнкі беларускай парэформеннай рэчаіснасці. Крытычны, выкрывальны пафас жывіць усю творчасць Ф. Багушэвіча, ён умела карыстаецца іроніяй, сарказмам. У многіх творах падаюцца народная філасофія быцця, маральна-этычныя законы, якія прымушаюць чалавека трымацца праўды, справядлівасці, сумленнасці.

Ф. Багушэвіч – заснавальнік крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры. Заслуга паэта ў тым, што ён стварыў тыповы вобраз селяніна-беларуса, паказаў яго не заскарузлым мужычком, нехлямяжым, вечным няўдачнікам, а дасціпным, мудрым, іранічным, з трывалымі жыццёвымі каранямі і глыбокай філасофіяй. Ф. Багушэвіч ніколі не парываў свае сувязі з народам, і дзякуючы менавіта яму беларускі народ і беларуская літаратура набылі сваё ўласнае імя.

Эліза Ажэшка (1841–1910)

Мастакоў слова нараджаюць вялікія падзеі. Пісьменніцай Эліза Ажэшка (дзявочае прозвішча Паўлоўская) стала пад уплывам паўстання 1863–1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага за свабоду Беларусі ад прыгнёту царызму.



Будучая пісьменніца нават хавала ў сябе дома пэўны час пасля разгрому паўстання аднаго з кіраўнікоў паўстанцаў – камандзіра атрада Рамуальда Траўгута. Апавяданне “З гадоў голаду”, аповесці “Нізіны”, “Дзюрдзі”, “Хам”, раман “Над Нёманам” з’явіліся вынікам глыбокага роздуму над трагедыяй жыцця беларускага сялянства з яго галечай, бяспраўем, вынішчэннем роду. Па ідэйным змесце і галоўным пафасе мастацкая проза Э. Ажэшкі блізкая да лірыкі Францішка Багушэвіча. Усё жыццё і творчасць пісьменніцы звязаны з Гродна, з Кобрынам. Свае творы яна пісала на польскай мове, але матэрыялам для іх заўсёды служылі лёс і духоўныя пошукі беларускага сялянства.

Аповесць “Хам” Э. Ажэшкі мае цікавы і займальны, напоўнены драматызмам сюжэт. Гэта твор аб сустрэчы звычайнага вясковага рыбака – сялянскага сына – з гарадской пакаёўкай, жанчынай, якая паходзіла з заможнага асяроддзя, але на долю якой прыйшлося столькі гора, бяды, здзекаў, колькі, мажліва, мала хто перажываў у вёсцы.

Ужо сваёй назвай аповесць скіравана да лёсу простага чалавека, якога абражаюць, з кім не лічацца, навечна, здавалася б, прыклеіўшы да яго здзеклівую мянушку Хам, але які выяўляе высокія духоўныя сілы, учынкі якога хоць і выклікаюць неўразуменне ў блізкіх яму людзей, але ва ўсім характарызуюцца паслядоўнасцю, пазначаны ўпартасцю характару. Вясковы працаўнік, які ўсё жыццё лавіў рыбу ў Нёмане, праяўляе высокія духоўныя якасці. Штодзённае існаванне на ўлонні прыроды, прастор і воля рачной плыні ўжо самі па сабе не даюць аніякай падставы думаць пра грубасць і “хамскасць” яго натуры, а тым больш не дазваляюць іншым персанажам пагардліва ставіцца да чалавека працы.

Аповесць “Хам” раскрывае лепшыя рысы душы чулага і свабоднага ў сваіх дзеяннях чалавека. Вольная душой асоба ніколі не стане “хамскай”. Унутрана свабодны чалавек валодае высокімі маральна-этычнымі прынцыпамі. Талстоўскія ідэі духоўнага ўдасканалення чалавека знайшлі адлюстраванне не толькі ў тым уплыве, які зрабіла на Паўла Кабыцкага каханне да Франкі, але і ва ўсёдараванні любімай жанчыне, у настойлівым імкненні дапамагчы блізкаму чалавеку ачысціцца ад спакусы, распусты, фанабэрыі, лёгкага бесклапотнага існавання. Дабратой ратаваў Павел сваю каханую Франку ад згубы.

Выдатнай польскай пісьменніцы Э. Ажэшкі не стала ў той самы год, калі памёр Леў Талстой, “ля падножжа якога”, па вобразным выказванні літаратуразнаўцы Алеся Адамовіча, узрасталі, уздымаліся многія мастакі слова іншых краін і народаў. Л. Талстой быў адным з настаўнікаў польскай пісьменніцы, якая атрымала ў спадчыну яго вучэнне “аб паляпшэнні душы”.

Кастусь Каліноўскі. Газета “Мужыцкая праўда”

Паролем у паўстанцаў К. Каліноўскага былі словы:

– Каго любіш?

– Люблю Беларусь.

– Так узаемна.


Кастусь Каліноўскі


Кастусь Каліноўскі (1838–1864) – нацыянальны герой Беларусі. Выхадзец са старадаўняга шляхецкага роду К. Каліноўскі вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце стаў кандыдатам права але ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціў рэвалюцыйнаму змаганню за вольнасць беларускага народа, за свабоду і незалежнасць. Уваходзіў у склад нелегальнай арганізацыі польскіх, літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх студэнтаў і афіцэраў, вёў актыўную падрыхтоўку да паўстання. Ён пачынаў змаганне ў рэчышчы польскага нацыянальна-вызваленчага руху, які дасягнуў найбольшага размаху на тэрыторыі Беларусі і Літвы, выступаў не толькі за незалежнасць Польшчы, але і за права народаў самім вызначаць свой лёс. Гэта быў апантаны ідэяй рэвалюцыйнага вызвалення барацьбіт за лепшую долю селяніна. К. Каліноўскі з сябрамі хадзіў ад вёскі да вёскі, агітаваў народ на барацьбу (яго першыя рэвалюцыйныя псеўданімы былі Васіль Світка, Хамовіч, Чарноцкі), заклікаў сялян змагацца за зямлю і волю, тлумачыў рабаўніцкі змест зямельных рэформ 1861 г. Перад пачаткам паўстання К. Каліноўскі ўзначаліў Літоўскі правінцыяльны камітэт, які неўзабаве абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі. У разгар паўстання К. Каліноўскі стаў урадавым камісарам Гродзенскага ваяводства, а затым урадавым камісарам Літвы і Беларусі. Але народны заступнік быў выдадзены правакатарам, арыштаваны і пакараны смерцю праз павешанне ў Вільні.

Агітуючы народ на змаганне, К. Каліноўскі выдаваў газету “Мужыцкая праўда”, сем нумароў якой выйшлі ў падпольнай друкарні ў 1862–1863 гг. Газета змяшчала звароты гаспадара сваёй зямлі, які назваў сябе “Яська – гаспадар з-пад Вільні”, да ўсіх сялян, да простага люду. Аўтар даверлівага звароту да ваяроў-змагароў сцвярджаў народную праўду пра “тлум і здзерства і несправядлівасць”. К. Каліноўскі валодаў сакавітым беларускім словам, сам пісаў вершы, быў асобай таленавітай. “Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца да сахі, – цяпер настаў час, што мы самі можам пісаці… Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, але яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўдзе”. К. Каліноўскі заклікаў брацца за косы і сякеры, ісці здабываць лепшую долю. Газета давала ўяўленне пра магчымы дзяржаўны лад пасля перамогі паўстання, падымала пытанні дзяржаўнага будаўніцтва, пісала аб ролі асветы, навукі, культуры, аб абуджэнні народнага духу, фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, кансалідацыі нацыі.

У турме, у апошнія дні перад смерцю, Каліноўскі напісаў вядомыя “Лісты з-пад шыбеніцы”, прасякнутыя верай у перамогу народа, дзе былі такія радкі:

 
Бывай здаровы, мужыцкі народзе!
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе
I часам спамяні пра Яську свайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
 

Вобраз К. Каліноўскага жывіў і жывіць творчасць многіх беларускіх пісьменнікаў.

Працяг дэмакратычных традыцый

Напрыканцы XIX ст. беларуская літаратура развівалася ў розных кірунках, хоць умовы для яе развіцця былі далёка не спрыяльнымі, бо амаль зусім адсутнічаў беларускі друк. Часта, каб быць надрукаваным, беларускі верш выдаваўся за балгарскі ці яшчэ чый-небудзь. Так у 1903 г. у Пецярбургу выйшаў у свет пасля смерці Янкі Лучыны яго зборнік “Вязанка”. Па-ранейшаму з’яўляліся творы бытапісальнага зместу (А. Пшчолкі, В. Арлоўскага), дэмакратычную традыцыю прадаўжалі Альгерд Абуховіч, Фелікс Тапчэўскі, Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Янка Лучына, Адам Гурыновіч.

Янка Лучына (Іван Люцыянавіч Неслухоўскі, 1851–1897) нарадзіўся ў Мінску ў сям’і адваката. Пасля заканчэння Мінскай гімназіі вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, спачатку на матэматычнам факультэце ўніверсітэта (адзін год), пазней закончыў тэхналагічны інстытут. Служыў начальнікам чыгуначных майстэрняў у Тыфлісе, там пазнаёміўся з М. Горкім, які пры выпадковых сустрэчах з агульнымі знаёмымі часта распытваў пра лёс паэта, неаднойчы падкрэсліваючы, што “асабіста ведаў яго”.

У 1886 г. Я. Лучына, прыехаўшы ў Мінск наведаць радню, цяжка захварэў, быў паралізаваны, але пераадолеў хваробу і “з двума кійкамі мог хадзіць”. Хвароба якраз і актывізавала адчуванні, думкі паэта, абудзіла яго ўражанні ад вялікага свету.

Я. Лучына пачаў літаратурную творчасць, калі яму споўнілася 35 гадоў, пісаў, асабліва не разлічваючы на шырокую вядомасць сярод чытачоў ці на асобнае месца ў літаратуры, але стаў адным з першых прафесійных пісьменнікаў на Беларусі. Пачынаў пісаць па-руску, надрукаваўшы ў газеце “Минский листок” верш “Не ради славы иль расчета” (1886), пісаў таксама на польскай і беларускай мовах. Паэт жыў увесь час у горадзе, але ў творах сваіх расказваў пра вёску.

Янка Лучына


Я. Лучына актыўна працаваў у літаратуры на працягу 1886–1890 гг., але ўбачыць шматлікія свае творы надрукаванымі пры жыцці яму ўдавалася не часта. Адразу пасля смерці паэта выйшаў томік яго вершаў на польскай мове ў Варшаве (“Poezye”), аповесць “Верачка” была выдадзена на рускай мове ў Маскве ў 1900 г. Да нас дайшоў зборнік вершаў на беларускай мове “Вязанка” пад псеўданімам Янка Лучына. Кніга выйшла ў 1903 г. у Пецярбургу. Я. Лучына вядомы і як публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч.

Зборнік вершаў Янкі Лучыны “Вязанка” адкрываецца перакладам твора У. Сыракомлі “Не я пяю – народ божы”. Па сутнасці, гэта творчая пазіцыя самога мастака слова, які хацеў падслухаць і перадаць сялянскія “спевы душы”. У той час увесь парэформенны Мінск нібыта павярнуўся “тварам” да народа, як бы захацеў зразумець і адчуць сялянскія боль, крыўду, горыч. Я. Лучына асабіста не быў знаёмы з Ф. Багушэвічам, “мужыцкім адвакатам”, але творчасць іх блізкая па духу. Я. Лучына як асоба культурная, высокаадукаваная, дбаў аб пашырэнні асветы сярод простых людзей. Рэалістычныя сцэнкі з жыцця працоўных выяўлялі трагічныя акцэнты ў светаўспрыманні жыцця беларускага люду самім паэтам і яго героямі. Паэта хваляваў лёс народа і будучае роднага краю. Вершы з кнігі “Вязанка” – гэта замалёўкі роднай прыроды, паказ гаротнай долі беднага мужыка.

“Усё ў табе бедна”, – кажа паэт у вершы-прысвячэнні “Роднай старонцы”.

Бязрадасныя малюнкі родных ніў і гоней паўстаюць перад вачыма. Але ў канцы верша паэт выказвае спадзяванне, што “сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне”, надыдзе новы дзень і будуць жыць дзеці, нашчадкі працоўнай сям’і, “добраю доляй”, “доляй шчаслівай”. Напоўнены псіхалагізмам верш “Што думае Янка, везучы дровы ў горад?”, у якім перададзены жорсткая рэальнасць (“бяда ў карак пагнала”) і мары селяніна.

Паэма “Паляўнічыя акварэлькі”, па сутнасці, стала ў беларускай літаратуры папярэдніцай “Новай зямлі” Я. Коласа. Паэт паказвае нараджэнне ў грудзях блізкіх яму простых людзей пачуцця ўсведамлення свайго гаротнага становішча, разам са сваімі героямі пакутуе, марыць. Я. Лучына, будучы рэалістам, не хаваў праяў дзікунскага побыту і поўнай галечы простага люду. Разам з тым ён вычарпальна і яскрава малюе карціны роднай прыроды. Мала хто так дэталёва, з замілаваннем апісваў прыроду. Я. Лучына перадае здаровы дух беларускай зямліцы, маляўніча і адухоўлена раскрывае багацці навакольнага свету.

Як і ў “Запісках паляўнічага” І. Тургенева, у паэзіі Я. Лучыны выяўляецца найперш душа працоўнага селяніна, што фарміравалася на ўлонні роднай прыроды. Паэт-інтэлігент як бы падагульняў усё сказанае паэтамі-папярэднікамі пра бяду і нядолю мужыка, але і адкрываў новую старонку ў паказе беларускага народа.

Прытрымліваючыся традыцыі “натуральнай школы”, Я. Лучына ў сваіх творах заглыбляўся ў жыватворныя адухоўленыя сілы народа, якія той чэрпаў з паўсядзённага яднання з роднай прыродай, каб скіраваць іх на пераўтваральную дзейнасць.

Адам Гурыновіч (1869–1894) рана, яшчэ ў студэнцкія гады, падчас вучобы ў Пецярбургу, далучыўся да беларушчыны, пачаў збіраць фальклор, складаць вершы па-беларуску Пісаў на трох мовах: рускай, беларускай, польскай. Спачатку пісаў на беларускай мове пракламацыйныя вершы ярка выражанага агітацыйнага зместу, потым з-пад яго пяра з’явіліся творы філасофскія, лірычныя, песенна-народнага складу, самабытныя і змястоўныя (“Што ты спіш, мужычок…”, “Перш душылі паны…”, “Што за звук ды так громка раздаўся…”, “Сцямнела на дворы і ціха кругом…”, “Да жніва”, “Раз у Зольках, у дзярэўні…” і інш.).

 
Глянь! Іны мужыкі
Уставаць пачалі.
Што я? хто за такі? —
Раздумываць сталі:
Ці я звер? Ці я птах?..
Ці я скаціна?
Ці ж здаецца мне так,
Што людска дзяціна?
 

Адам Гурыновіч


А. Гурыновіч раскрываў нялёгкія шляхі беларускага народа да самапазнання, марыў аб сацыяльнай і духоўнай незалежнасці беларусаў.

З марай пра лепшую долю народа, з надзеяй на светлую будучыню заканчвалася ХІХ стагоддзе.

Пытанні для кантролю

1. Калі сфарміраваўся рэалізм як асноўны напрамак у літаратуры?

2. Што ўваходзіць у паняцці “рэалізм”, “рамантызм”?

3. Назавіце творы рэалістычнага кірунку ў беларускай літаратуры.

4. Чаму Ф. Багушэвіча можна назваць заснавальнікам крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры?

5. У чым вы бачыце адметнасць біяграфіі пісьменніцы Элізы Ажэшкі?

6. Якія асноўныя рысы беларускага нацыянальнага характару знайшлі адлюстраванне ў аповесці Э. Ажэшкі “Хам”?

7. Асоба К. Каліноўскага ў беларускай гісторыі.

8. Якія асноўныя тэмы, ідэі, вобразы паэзіі Я. Лучыны?

Шляхі развіцця беларускай літаратуры першай паловы ХХ ст.

Беларускае друкаванае слова: “Наша доля” і “Наша ніва”

Пачатак новага стагоддзя для развіцця беларускай літаратуры бы п у многім спрыяльным. Дзякуючы творчасці пісьменнікаў-дэмакратаў у беларускай літаратуры набірала сілу грамадзянская лірыка. Паступова выкрышталізоўваліся характэрныя рысы беларускай літаратуры: дэмакратызм і рэалістычны змест, крытычны пафас, імкненне да філасофскага паглыблення. Беларускі народ адкрываўся свету, выяўляліся адметныя рысы нацыянальнага характару. ХХ стагоддзе несла беларускай літаратуры новыя падзеі і новыя расчараванні. На рэвалюцыйнай хвалі ажыўлялася нацыянальна-культурнае жыццё беларусаў.

У Мінску пачала выходзіць газета “Северо-западный край” (1902–1905), у якой дэбютаваў першым вершам на беларускай мове Янка Купала. Пад уплывам рэвалюцыйнага абуджэння 1905–1907 гг. была знята забарона з друкаванага беларускага слова. Беларуская літаратура станавілася грамадскай трыбунай цэлага народа. З восені 1906 г. пачалі выдавацца легальныя газеты “Наша доля” і “Наша ніва”. Газета “Наша доля” – першае перыядычнае выданне на беларускай мове – была забаронена ў студзені 1907 г. Гэта былі сапраўды народныя газеты. Выдаўцамі іх сталі вядомыя дзеячы нацыянальнага Адраджэння А. Уласаў, В. Ластоўскі, браты Луцкевічы. Вакол гэтых перыядычных выданняў гуртаваліся амаль усе тагачасныя літаратурныя і навуковыя сілы, якія працавалі на адбудову Бацькаўшчыны. У розныя часы ў газетах “Наша доля” і “Наша ніва” працавалі А. Пашкевіч (Цётка), Я. Колас, Я. Купала, Ядвігін Ш., З. Бядуля, С. Палуян. У 1914–1915 гг. Я. Купала з’яўляўся рэдактарам-выдаўцом “Нашай нівы”. Для Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага шлях у літаратуру адкрылі менавіта названыя выданні. М. Багдановіч падлічыў, што за 1910 г. у “Нашай ніве” надрукавалі свае творы 24 паэты і 30 празаікаў.

Значэнне газет “Наша доля” і асабліва “Наша ніва” ў пашырэнні сярод працоўнага люду беларускага мастацкага слова нельга пераацаніць. З усіх куткоў Беларусі ў рэдакцыю ішлі карэспандэнцыі, допісы, мастацкія творы, газеты вялі шчыры дыялог з сялянамі аб самым набалелым, надзённым, усялялі веру ў росквіт Айчыны.

Пачалі выходзіць таксама газеты “Гоман”, “Дзянніца”, альманах “Маладая Беларусь”, часопіс для моладзі “Лучынка”, працавала выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”.

Паскоранае развіццё і станаўленне літаратуры. Новыя імёны

Мастацкая спецыфіка новай літаратуры заключалася ў паскораным яе развіцці: яна хутка засвоіла здабыткі сусветнай культуры, стала ўпоравень з развітымі літаратурамі свету. Сапраўднай класікай стала беларуская лірыка (Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, А. Гарун), з’явіліся выдатныя ўзоры нацыянальнага паэтычнага эпасу (рамантычныя паэмы Я. Купалы “Курган”, “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я”, паэма М. Багдановіча “Максім і Магдалена”). Менавіта ў гэты час Я. Колас пачаў працу над паэмамі “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Пры адсутнасці трывалых традыцый нацыянальнай прозы якраз тады фактычна закладваліся яе асновы, выпрацоўваліся мастацкія стылі. Беларуская проза развівалася на пачатку ХХ ст. пераважна ў малых жанравых формах: алегарычнае, лірычнае, сацыяльна-бытавое, псіхалагічнае апавяданне.

Асаблівасцю тагачаснай літаратурнай творчасці было тое, што кожны твор мастацтва ўтрымліваў у пэўнай раўнавазе розныя стылі, напрыклад рэалізм і рамантызм (Я. Купала, А. Гарун, З. Бядуля). Шляхам узаемапранікнення і перапляцення розных стылёвых дамінантаў (сімвалізму, неарамантызму) ішло інтэнсіўнае жанрава-стылёвае ўзбагачэнне літаратуры, паглыбляўся яе агульначалавечы змест. Сваім глыбокім абноўленым зместам беларуская літаратура ўключалася ў агульнаеўрапейскі літаратурны працэс, набывала вагу і займала сваё месца ў кантэксце агульначалавечай культуры. Як пісаў М. Багдановіч, “за восем-дзевяць год свайго праўдзівага існавання наша паэзія прайшла ўсе шляхі, а пачасці і сцежкі, каторыя паэзія еўрапейская пратаптывала болей ста год”.

У галіне драматургіі выступілі М. Гарэцкі, Я. Купала, К. Каганец. Выходзілі першыя беларускія лемантары (буквары), чытанкі для дзетак-беларусаў.

Зараджалася беларуская літаратурная крытыка, найперш у асобе М. Багдановіча, да якога далучыліся С. Палуян, В. Ластоўскі, Л. Гмырак, М. Гарэцкі.

Адным з пачынальнікаў беларускай прозы па праву лічыцца пісьменнік Ядвігін Ш. (А. Лявіцкі, 1868–1922). Выйшлі зборнікі яго апавяданняў “Бярозка” (1912) і “Васількі” (1914), у якіх раскрыты каларыт і жывая стыхія народнага жыцця, паказаны яркія малюнкі штодзённасці. Боль, гнеў, абурэнне, спагада, захапленне – такія пачуцці пераважаюць у творах, дзе высмейваюцца людская хцівасць і намаганні ўзвысіцца над усім родным, бацькоўскім (“Дачэсныя”, “Падласенькі”), раскрываюцца кемлівасць у характары і несамавітасць існавання гарапашнага люду (“Гаротная”, “Цырк”). Ядвігін Ш. з’яўляецца аўтарам першага беларускага рамана “Золата”.

Ужо не адзінокай лучынкай свяціліся ў цемры для беларускага народа сапраўдныя таленты, паэты-самавукі, новыя інтэлігенты, духоўныя пастыры беларусаў, хто ўзяў на свае плечы развіццё многіх літаратурных жанраў. Сапраўдным “каганцом” (каганец – свяцільнік, асвятляльная прылада ў хаце беларускага селяніна), асветнікам, настаўнікам, мастаком быў Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі, 1868–1918). Выхадзец са старадаўняга беларускага шляхецкага роду, Каганец марыў стаць мастаком, вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, а стаў вядомым беларускім драматургам. Будучы мастак афармляў “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1909) Я. Коласа. У той жа час сам К. Каганец выдаў “Беларускі лемантар” (1906), а таксама “Беларускую граматыку”. Напісаў драму “Сын Даніла”, камедыю “Модны шляхцюк” (1910), у якой фанабэрысты, пыхлівы герой, які пагарджае духоўнымі асновамі народнага жыцця, ізноў выходзіць на авансцэну ў беларускай літаратуры.


Карусь Каганец


Альберт Паўловіч (1875–1951) выдаў у Вільні ў 1910 г. зборнік паэзіі пад назвай “Снапок” з лірычнымі і гумарыстычнымі вершамі. Апошнія карысталіся асаблівай папулярнасцю ў народзе.

Гальяш Леўчык (Ілля Ляўковіч, 1888–1944) – аўтар зборніка вершаў “Чыжык беларускі” (1912), у якім выказаны глыбокі смутак, боль і трагізм беларуса, што пакутуе ад неразумення, ад нядолі, галечы, крыўды:

 
Каб усю так крыўду беднай Беларусі,
Стогны, боль, загубу (зносіць што ў прымусе),
Жальбы ўсе і гора сонцу паказаць,
То ад грому неба стала бы дрыжаць,
З перуноў-маланак хутка бы аглухла,
Ад пракляцця ж сонца б яснае патухла!..
 

Паэту падуладны таксама тонкія лірычныя перажыванні, філасофскія сентэнцыі.

Першым старшынёй Часовага ўрада Савецкай Беларусі з’яўляўся відны грамадскі дзеяч і беларускі пісьменнік Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч, 1887–1937), які ў шматлікіх сваіх вершах (зборнік “Песні”), апавяданнях (зборнікі “Трэскі на хвалях”, “Прысады”), аповесцях, раманах (“Сокі цаліны”) адлюстроўваў духоўнае выспяванне рэвалюцыйных павеваў на Беларусі, дзе галоўнай фігурай быў рабочы – “рыцар працы цяжкай”, носьбіт новай маралі і новых узаемаадносін у грамадстве. Цішка Гартны выдаваў у Петраградзе газету “Дзянніца”. Плённа працаваў як крытык і літаратуразнавец, публіцыст.


Цішка Гартны


Песенна-ўзнёслай была творчасць адной з першых беларускіх паэтэс Канстанцыі Буйло (Канстанцыя Калечыц, 1893–1986). Яна ўзбагаціла беларускую паэзію лірыкай тонкіх душэўных перажыванняў, меладраматызмам, пачуццёвасцю. Кожны яе верш не можа не выклікаць суперажыванне ў чытача. Патрыятызм і пафаснасць у вершах паэтэсы прапушчаны праз яе ўласнае сэрца, ацеплены, заземлены і гучаць як шчырая задушэўная споведзь. Такі верш “Люблю” (“Люблю наш край, старонку гэту, / Дзе я радзілася, расла, / Дзе першы раз пазнала шчасце, / Слязу нядолі праліла…”). У творах Канстанцыі Буйло шчасліва “ўжываюцца” шчымлівасць настрояў і сімвалічнасць, квяцістасць радка і рубленасць фразы, узнёсласць апісанняў і рэалістычнасць планаў, маштабнасць вобразаў, панарамнасць карцін, бытавая канкрэтыка. У 1914 г. у Вільні выйшаў зборнік К. Буйло “Курганная кветка”.


Канстанцыя Буйло


Прадаўжальніцай традыцый Ф. Багушэвіча ў беларускай паэзіі і арыгінальным майстрам слова з’явілася Цётка (Алаіза Пашкевіч, 1876–1916). Яна пражыла ўсяго сорак гадоў, але шмат зрабіла для абуджэння нацыянальна-вызваленчага руху, фарміравання рэвалюцыйнай свядомасці народа, унёсшы значны ўклад у развіццё публіцыстыкі, паэзіі, прозы. Яна з’яўлялася актыўным прапагандыстам рэвалюцыйнага руху. На сходах і мітынгах выступала выключна па-беларуску, чытала свае вершы “Мора” (“Не такое цяпер мора, мора з дна цяпер гарыць”), “Хрэст на свабоду”. Удзельнічала ў паўстаннях, хавалася ад царскіх жандармаў, жыла ў эміграцыі ў Львове, Кракаве, Закапанэ, Германіі, Італіі. У 1906 г. выдала два зборнікі вершаў “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду”. У Вільні газета “Наша доля” надрукавала апавяданне “Прысяга над крывавымі разорамі”, у Пецярбургу выйшла яе “Першае чытанне для дзетак беларусаў”.


Алаіза Пашкевіч (Цётка)


Паэтычны свет Цёткі даволі разнастайны: фальклорныя матывы і вобразы, сімволіка, рамантыка, шчымлівая лірыка, някідкасць фразы і спакой, а побач – узбунтаванасць радка і палёт фантазіі, узбуйненасць карцін, рытмічныя інтанацыі, маршавыя заклікі ды песенна-народны напеў, споведзь, роздум пра час і асобу ў тым часе.

Росквіт прыгожага пісьменства на Беларусі

Пачатак ХХ ст. быў зорным часам для Беларусі, якая перажывала новую хвалю нацыянальна-культурнага Адраджэння.

Рэвалюцыя 1905 года абудзіла народ, пад яе ўздзеяннем вырастала беларуская літаратура. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі далі магчымасць для далейшага станаўлення мастацкага слова на Беларусі.

Так сталася, што стагоддзямі беларуская літаратура развівалася на выжыванне. І ўсё ж беларускі народ ніколі не пераставаў спяваць, імкнуўся да слова прарочага, мастацкага, каб не знікнуць, не патануць у чорнай прорве бездухоўнасці, асляплення, занядбання. Літаратура рабіла людзей нацыяй, з’ядноўвала іх. На мяжы стагоддзяў гэты працэс даў добры плён. І першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. адзначаны прыходам новых сіл у літаратуру. Выходзілі газеты “Звязда”, “Дзянніца”, “Савецкая Беларусь”.

Літаратурныя сілы былі раскіданы. Я. Купала пэўны час жыў у Смаленску, Я. Колас – на Куршчыне, Ц. Гартны знаходзіўся ў Пецярбургу. У рэвалюцыйных падзеях і сацыяльных пераменах разабрацца было няпроста. Беларуская інтэлігенцыя добра ўсведамляла, што несла народу новая ўлада.

Культурнае жыццё аднаўлялася. Ужо ў 1921 г. у Мінску пачаў працаваць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, праз год, у 1922 г., быў адкрыты Інбелкульт (Інстытут бела рускай культуры), на базе якога ў 1929 г. утварылася Акадэмія навук Беларусі. З 1921 г. у Мінску працуе Дзяржаўная публічная бібліятэка, 14 верасня 1920 г. свой першы спектакль даў першы беларускі прафесійны тэатр. Святам беларускай культуры назвала газета “Савецкая Беларусь” прыезд у Мінск Я. Коласа ў 1921 г.

Пачынаўся новы этап у развіцці Беларусі і яе культуры.

Тры зоркі першай велічыні заззялі на небасхіле беларускай літаратуры. Гэта Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч.

Я. Купала на пачатку ХХ ст. напісаў выдатныя творы, якія ўзбагацілі беларускую літаратуру новым зместам, значна ўзнялі ўзровень яе мастацкай вартасці, засведчылі яе развітасць, размаітасць, жанрава-стылёвую разнастайнасць.

Лёс беларускага народа і яго дух, каларыт і непаўторнасць жыцця сялянскага роду, пакручастыя шляхі станаўлення беларускай ідэі, неабходнасці будаўніцтва нацыянальнага дому адбіліся ў ранніх паэмах Янкі Купалы “Курган”, “Бандароўна”, “Яна і я”, “Сон на кургане”, “Магіла льва”, у п’есе “Паўлінка”, у драме “Раскіданае гняздо”. Багатая і яго лірыка пачатку стагоддзя, дзе галоўнымі матывамі сталі матывы маладой Беларусі, спадчыны, непакою за родную зямлю, парывання да свабоды духу.

 
За свабоду сваю
Усёй душой пастаю,
У агонь, у ваду
Я за ёю пайду.
 

Пытанні далейшага лёсу радзімы, разуменне, што моладзь – парасткі новай нацыі, тэмы жыццёвай навукі, праўды, справядлівасці займалі паэта.

У Я. Коласа да пачатку першага дзесяцігоддзя ХХ ст. было напісана багата глыбокіх па думцы і высокамастацкіх твораў. Вядомы ягоныя філасофска-інтэлектуальныя, алегарычныя творы – “Казкі жыцця”, а таксама класічныя па сваім змесце і форме апавяданні “Соцкі падвёў”, “Нёманаў дар”, “Малады дубок” і інш., шчымлівая лірыка – “песні-жальбы”, вершы-звароты, з лёгкай іроніяй і гумарам, з глыбока захаванай у сэрцы скрухай – “смех скрозь слёзы” (А. Лойка), а таксама вершы-споведзі, вершы – гімны роднаму краю, яго прыродзе, таленавітаму і шматпакутнаму працоўнаму люду, мужыку.

З самага пачатку ў аснове мастацкага спасціжэння паэтам чалавека і свету ў беларускай літаратуры ляжалі агульначалавечыя матывы.

Менавіта гэтым характарызуецца і творчасць М. Багдановіча, чыя паэзія, узгадаваная на нацыянальнай глебе, была скіравана да вяршынь чалавечага духу. Дастаткова ўспомніць, што ў паэтычнай спадчыне гэтага выдатнага беларускага паэта знайшлі своеасаблівы працяг, былі “пераплаўлены” і незвычайным чынам “уплецены” ў тканіну твораў многія матывы найвядомейшых паэтаў свету (П. Верлена, Авідзія, Г. Гейнэ, Ф. Шылера, І. В. Гётэ, А. Пушкіна, А. Майкава і інш.), вершы якіх ён перакладаў. Пры гэтым М. Багдановіч цалкам знаходзіўся ў нацыянальнай стыхіі: у звароце да роднай зямлі, да краю, да гісторыі, узнаўляючы дух, быт і быццё беларусаў. Адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі М. Багдановіча “Вянок” стаў класічным.

У залаты фонд чалавечай культуры можна занесці ўсю творчасць гэтага паэта, рэалістычнага, касмічна-планетарнага, узнёслага і адухоўленага. У паэзіі М. Багдановіча выяўляюцца адзіныя цуды на зямлі (І. Кант), зорнае неба над галавою і маральны закон, што ўнутры кожнага з нас. У зямным паэт бачыць незямное, схіляючыся ў пашане перад чалавекам і Богам, у зорках і дрэвах, снегавых завеях і веснавым цвеце, у маладых парываннях і народнай памяці, у барацьбе святла і ценю – будучыню Беларусі.

Такім чынам, у ХХ ст. беларуская літаратура ўвайшла ўзмужнелай, распрацаванай у жанравых і стылёвых адносінах, псіхалагічна заглыбленай, папаўняючы агульныя здабыткі еўрапейскай і сусветнай культуры.

Літаратурны рух на Беларусі ў 20-30-я гады ХХ ст.

Вялікім ажыўленнем літаратурнага жыцця і актыўнымі ідэйна-мастацкімі пошукамі характэрныя 20-я гады ХХ ст. Гэта быў бурлівы час, час перамен, намаганняў адразу вырашыць усе праблемы мастацкага спасціжэння рэчаіснасці, “адкрыць” неадкрытае раней. Аднак пісьменніцкія сілы панеслі страты: 25 мая 1917 г. у Ялце памёр М. Багдановіч.

Янка Купала пэўны час жыў у Смаленску. У 1919 г. ён пераехаў у Мінск, дзе яму давялося перажыць не адну змену ўлад, не адну акупацыю. Прыходзілі і адыходзілі з беларускай зямлі кайзераўскія захопнікі, пэўны час тут панавалі белапольскія акупанты, а затым на доўгія гады ўсталяваліся на нашай зямлі бальшавіцкія, савецкія парадкі. Я. Купалу было нялёгка прыстасоўвацца да новых улад і да новых абставін. Глыбока перажываў паэт за лёс беларускага народа, трывожыўся за будучае Бацькаўшчыны. Шмат давялося перанесці пакут і страт народнаму паэту і ў асабістым плане на яшчэ даволі працяглай жыццёвай дарозе свайго шчымліва-балючага лёсу. Былі, несумненна, і светлыя хвіліны жыцця, але скруха і трывога не пакідалі паэта праз многія гады ў апошнія перыяды жыцця і творчасці.

Калі заканчвалася Першая імперыялістычная вайна, Якуб Колас знаходзіўся на Румынскім фронце, цяжка хварэў, дэмабілізаваўся, жыў пад Курскам, на радзіме жонкі, Марыі Дзмітрыеўны Каменскай, дзе працаваў настаўнікам, інспектарам народных вучылішч. У Мінск Я. Колас пераехаў толькі ў 1921 г., адразу пасля таго, як Мінск быў канчаткова вызвалены ад інтэрвентаў.

Цішка Гартны ў Петраградзе выдаваў газету “Дзянніца”, затым быў сакратаром Белнацкама пры Наркамаце РСФСР, прымаў актыўны ўдзел у станаўленні савецкай улады на Беларусі. Максім Гарэцкі стала супрацоўнічаў у газетах “Звязда” і “Известия Смоленского Совета”. Вядомы паэт Алесь Гурло жыў у Петраградзе. У 1921 г. з Сімбірскай губерні, дзе, далёка ад радзімы, ён працаваў настаўнікам, на Беларусь вярнуўся старэйшы паэт Янка Журба. Малады паэт Міхась Чарот, які неўзабаве стане кумірам літаратурнай моладзі і правафланговым у яе магутных шэрагах, яшчэ толькі выходзіў на арэну літаратурнага жыцця. Кузьма Чорны – выхадзец з самых нізоў беларускага сялянства – вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі, якую скончыў у 1917 г. Міхась Лынькоў, які пабывае пазней на розных войнах, што наканавана было перажыць яго роднаму краю, не абмінуўшы ніводнай з іх, знаходзіўся на фронце. На франтах Грамадзянскай вайны ваявалі будучы пісьменнік Мікола Нікановіч, крытык Адам Бабарэка.

Масавы літаратурны рух на Беларусі пачаўся ў 1923–1925 гг., калі былі ўтвораны літаратурныя аб’яднанні, групоўкі, калі пачала выходзіць вялікая колькасць літаратурных часопісаў, газет, альманахаў, зборнікаў, кніг, літаратурных дадаткаў да газет і часопісаў.

У гады пасля Кастрычніка 1917 г., замежнай інтэрвенцыі і Грамадзянскай вайны Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля востра перажывалі час складаных ідэйных пошукаў. Яны заўсёды былі са сваім народам, захоўваючы светлую веру ў ідэалы свабоды, роўнасці, шчасця, імкнучыся спазнаць ісціну, кіруючыся з самага пачатку пачуццём уласнага сумлення, выяўляючы ў творчасці глыбінны народны дух, што, як і цвярозы розум і здаровы сялянскі практыцызм, дапамагала арыентавацца ў палітычных падзеях таго часу. Пісьменнікі перадавалі ў творах усю складанасць жыцця грамадства пераломнай эпохі.

Творы беларускіх пісьменнікаў друкаваліся ў 20-я гады ў выдавецтве “Адраджэнне” (пазней “Савецкая Беларусь”). “Органам новага пісьменніцтва” называў Я. Колас газету “Савецкая Беларусь”, якая адыграла выключную ролю ў фарміраванні новага атрада беларускіх пісьменнікаў. У “Савецкай Беларусі” працавалі Я. Купала, Ц. Гартны, М. Кудзелька (М. Чарот), А. Гурло, Я. Журба, З. Бядуля, К. Крапіва і інш.

У лістападзе 1923 г. пачаў выходзіць часопіс “Маладняк”, спачатку як орган ЦК ЛКСМБ, пазней стаў органам Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”. Менавіта з утварэннем гэтага масавага літаратурнага аб’яднання, фактычна з канца 1923 г., абуджаецца актыўнае літаратурнае жыццё рэспублікі.

Варта сказаць, што літаратурны рух на Беларусі ў 20-я гады ў многім выяўляў асаблівасці тых літаратурных працэсаў, якія адбываліся ва ўсёй савецкай літаратуры. Каб зразумець усю складанасць узаемаадносін пісьменнікаў і літаратурных груповак у гэты перыяд, варта мець на ўвазе, што ўсе пісьменнікі ўваходзілі ў тую ці іншую арганізацыю. Разыходжанні часцей за ўсё меліся ў эстэтычных праграмах. Парыванні былі шчырымі, непасрэднымі – знайсці новыя формы для выяўлення рэчаіснасці, для раскрыцця новага, як тады бачылася, рэвалюцыйнага зместу жыцця, выявіць нетрадыцыйны, наватарскі падыход, сказаць новае, свежае слова ў літаратуры.

Дзейнасць літаратурных аб’яднанняў на Беларусі

Свежай плынню ў беларускай савецкай літаратуры стала літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”. Яно праіснавала даволі доўга, дало жыццё іншым літаратурным групам, адчувальна паўплывала на развіццё літаратуры. У яго шэрагах выхавалася цэлая плеяда маладых паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў, публіцыстаў, журналістаў, прапагандыстаў роднага слова.

Арганізацыйнае афармленне “Маладняка” адбылося ў Мінску 28 лістапада 1923 г., калі ініцыятыўная група, у якую ўваходзілі А. Александровіч, М. Чарот, А. Бабарэка, А. Дудар, А. Вольны і Я. Пушча, заявіла на адным з пасяджэнняў у клубе “КіМ” аб заснаванні згуртавання літаратурнай моладзі. Старшынёй літаб’яднання стаў М. Чарот.

Маладнякоўцы вялі шырокую прапаганду мастацкай творчасці ў масах (“Мастацкае слова – масам” – пад такім дэвізам выходзілі многія кнігі), клапаціліся аб выяўленні маладых літаратурных сіл, аб іх выхаванні і прафесійным росце, распрацоўвалі новыя тэмы, дзейнічалі напорыста і актыўна. Вяліся пошукі новых форм у мастацтве для адлюстравання дынамікі жыцця.

Лічыцца маладнякоўскім аўтарам было гонарам у той час. “Мы зарунелі на беларускіх загонах”, “мы – маладняк гэтых новых усходаў” – гаварылася ў дэкларацыях літаб’яднання. “Маладнякоўскія шэрагі папаўняюцца такімі паэтамі, якія з глухіх куткоў Беларусі ідуць у лапцях і нясуць у торбачках свае творы. Але пяюць гэтыя песняры-лапцюжнікі весела, бадзёра!” – пісаў М. Чарот у артыкуле “Маладнякоўскімі крокамі”.

Рост патрабаванняў да мастацкай творчасці, неабходнасць развіцця розных жанраў, стыляў, імкненне падняць эстэтычны ўзровень мастацкіх твораў сталі прычынамі расколу “Маладняка” і ўтварэння літаратурнага аб’яднання “Узвышша” (1926–1928), куды ўвайшлі К. Чорны, К. Крапіва, У. Дубоўка, А. Бабарэка і інш. Многія ўзвышэнцы адкрыта не згаджаліся з пазіцыяй маладнякоўцаў, не маглі задаволіцца агульным станам беларускай літаратуры. “Узвышша” займалася пераважна творчымі пытаннямі, члены гэтай арганізацыі паставілі на мэце даць сапраўды “каштоўнае ў беларускай літаратуры”, клапаціліся пра высокі эстэтычны ўзровень сваіх твораў, пра нацыянальнае аблічча літаратуры, пра культуру творчасці. Хоць і абвінавачвалі ўзвышэнцаў у каставай замкнёнасці, адасобленасці, эстэцтве, акадэмізме, але настроенасць на вырашэнне сур’ёзных задач у літаратуры не магла не выклікаць павагі. «Узвышша» – унікальнае літаратурнае аб‘яднанне маладых паэтаў і празаікаў, якія стварылі выдатныя творы беларускай літаратуры сусветнага ўзроўню, непераўзыдзеныя ўзоры нацыянальнага слоўнага мастацтва.

Характар самастойнага аб’яднання насіла “Полымя” (1927), у якое ўваходзілі Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны і якое існавала пры аднайменным часопісе. Аб’яднанне не вылучала ніякай эстэтычнай праграмы і лічылася пазастатутным.

Пралетарска-сялянская беларуская суполка “Пробліск” (1926) праіснавала мала, у яе складзе былі Я. Бобрык, А. Гурло, Т. Кляшторны, А. Звонак. “Беларуская літаратурна-мастацкая камуна” (1927–1928) мела лефаўскі ўхіл, у яе ўваходзілі Я. Скрыган, М. Шалаеў, П. Шукайла, якія намагаліся пісаць “пад Маякоўскага”, пераймалі канструктывістаў, спрабавалі даць новыя вершаваныя ўзоры рэвалюцыйнага кірунку.

Былі яшчэ літаратурныя гуртоўкі “Мінскі перавал” (1927), “Звенні” (1925). Яны аб’ядноўвалі паэтаў і празаікаў, якія пісалі на рускай мове (С. Пілітовіч, Р. Кобец, Р. Бунтар і інш.).

Утварэнне груповак, аб’яднанняў, а таксама іх рэарганізацыя, самаліквідацыя і паяўленне новых плыняў доўжылася да 1932 г., пакуль не была прынята пастанова ЦК ВКП (б) “Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый”, пасля чаго ўсе літаб’яднанні былі распушчаны, утвораны аргкамітэт і пачалася непасрэдная падрыхтоўка да першага з’езда беларускіх савецкіх пісьменнікаў (1934). Бурнае літаратурнае жыццё 20-х гадоў павольна ўваходзіла ў свае берагі. Але водгаласы тых “вірлівых” дзён чуліся яшчэ доўга ў літаратуры і грамадска-палітычным жыцці рэспублікі. Маладая беларуская літаратура шукала новыя формы мастацкага спасціжэння жывой, хутказменлівай рэчаіснасці.

* * *

У 20-я гады імкліва развіваліся ўсе літаратурныя жанры. Асаблівы росквіт атрымала паэзія, найперш беларуская паэма. З’явіліся першыя беларускія раманы, дасягнулі значных вяршынь драматургія і крытыка. Выйшлі з друку зборнікі паэзіі: “Завіруха” М. Чарота, “Па беларускім бруку” А. Александровіча, “Сонечнымі сцежкамі” А. Дудара і інш.

Маладыя аўтары эксперыментавалі, шукалі новыя формы (“Раніца рыкае” Я. Пушчы, “Гвалт над формай” М. Грамыкі), пісалі пра рэвалюцыйнае абнаўленне (“Ветры буйныя” П. Труса, “Чарнакудрая радасць” А. Вольнага, “Песні працы і змагання” Ц. Гартнага).

Жанр паэмы развіваўся з сапраўдным размахам. З’явіліся фундаментальныя творы – “Новая зямля”, “Сымон-музыка” Я. Коласа, “Безназоўнае” Я. Купалы, паэмы, тэмай і зместам якіх сталі падзеі рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, – “Босыя на вогнішчы” М. Чарота, “Юны змаганец”, “Дзясяты падмурак” П. Труса. У буйных творах паэзіі і прозы ажывалі старонкі далёкай гісторыі (“Крычаўская спакуса” У. Дубоўкі, “Францыск Скарына” С. Хурсіка).

Сапраўднага росквіту дасягнула ў 20-я гады беларускае апавяданне. Асабліва актыўна выступалі ў гэтым жанры Я. Колас (“Сяргей Карага”, “Крывавы вір”), М. Зарэцкі (“Кветка пажоўклая”, “Дзіўная”, “На чыгунцы”), П. Галавач (“Кнак”, “Дзве сцежкі”), М. Лынькоў (“Над Бугам”), М. Нікановіч (“Крык працы”), В. Каваль (“На загонах”).

У беларускай літаратуры ствараліся першыя раманы. Яны ўзніклі як эпас народнага жыцця падчас рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны (“Сцежкі-дарожкі” М. Зарэцкага, “Сын” Р. Мурашкі). Убачылі свет высокамастацкія аповесці Я. Коласа “У палескай глушы” і “У глыбі Палесся”, якія разам з аповесцю “На ростанях” склалі трылогію – першае эпічнае палатно ў нашай літаратуры, а таксама раманы К. Чорнага “Зямля”, “Вясна”, “Ідзі, ідзі”, “Бацькаўшчына”.

Гэта быў час феерычнай успышкі твораў для моладзі і аб моладзі ў рэвалюцыйным змаганні. Паявіліся шматлікія героіка-прыгодніцкія аповесці – “Свінапас” М. Чарота, “Два” А. Вольнага, “Рыгор Галота” I. Барашкі, “Мяцеліца” М. Нікановіча, “Затока ў бурах” Я. Скрыгана. Да іх прымыкае і аповесць З. Бядулі “Салавей”. Напісаны займальныя прыгодніцкія аповесці Я. Маўра “Палескія рабінзоны”, “ТВТ”, “Амок”, “Сын вады”. Гэтымі творамі зачытвалася моладзь, яны мелі поспех. У іх быў заключаны новы, рэвалюцыйны змест эпохі. Ад “чалавека ў рэвалюцыі” да “чалавека рэвалюцыі” – такі шлях беларускай літаратуры 20-х гадоў, якая імкнулася паказаць героя ў “віры жыцця”, а ў пазнейшы час – на памежжы 20–30-х гадоў – выявіць, як тыя прынцыпы, нормы, ідэі, за якія працоўныя ішлі на бой і гінулі ў гады Грамадзянскай вайны, увасабляліся ў жыццё. Але сапраўднага адкрыцця новага героя не адбылося.

На рубяжы 30-х гадоў выразна акрэслілася тэндэнцыя да адлюстравання ў творах літаратуры самых розных перыпетый чалавечых лёсаў, шляхоў у рэвалюцыю, паказу жыцця тых, “хто быў нікім”, а стаў усім. З’явіліся аповесці-лёсы, раманы-біяграфіі, раманы-хронікі, якія малявалі жыццё сялянства (“Праз гады” П. Галавача, “Камароўская хроніка” М. Гарэцкага).

Знешне гэты працэс насіў характар набліжэння літаратуры да жыцця. У 30-я гады ўлады патрабавалі ад літаратуры паўней раскрываць штурмавы пафас першых пяцігодак. Для паэта таго часу мала быць уважлівым сведкам, рэгістратарам падзей, ён – актыўны і непасрэдны ўдзельнік сацыялістычнага будаўніцтва. У сувязі з гэтым можна прыгадаць першыя вершы П. Броўкі “Ой, не шапчы, мая бярозка” ці “Не буду я стаяць на раздарожжы”.

Найбольшыя здабыткі літаратуры 30-х гадоў – з’яўленне твораў “вялікага пералому” – аб калектывізацыі, сярод якіх аповесць П. Галавача “Спалох на загонах”, раман М. Зарэцкага “Вязьмо”, аповесць Я. Коласа “Адшчапенец”, раман К. Крапівы “Мядзведзічы”, аповесці С. Баранавых “Межы” і “Новая дарога”, раман Р. Мурашкі “Салаўі святога Палікара”. У кожным з гэтых твораў маляваліся вострыя драматычныя сітуацыі ў вясковых сем’ях, ломка векавых традыцый, гвалт над псіхалогіяй селяніна, складаныя сацыяльныя працэсы, што адбываліся ў вёсцы ў гады калектывізацыі.

Такімі былі асноўныя шляхі беларускага прыгожага пісьменства ў даваенны перыяд, у такіх умовах уваходзіла беларуская літаратура ў суровы час Вялікай Айчыннай вайны.

Пытанні для кантролю

1. У якіх умовах нараджалася беларускае друкаванае слова?

2. Вызначце ролю газеты “Наша ніва” ў працэсе станаўлення новай беларускай літаратуры.

3. Якія новыя імёны з’явіліся ў беларускай літаратуры ў пачатку ХХ ст.?

4. Якія літаратурныя рухі і групоўкі дзейнічалі ў 20-я гады ХХ ст.?

5. Дзейнасць “Маладняка”, “Полымя”, “Узвышша”, літаб’яднання “Звенні”.

6. Пакажыце жанрава-стылёвую разнастайнасць літаратуры 20-х гадоў ХХ ст.: прозы, паэзіі, драматургіі.

7. Праблема асабістага і грамадскага ў беларускай прозе 20-х гадоў ХХ ст.

8. Літаратура 30-х гадоў ХХ ст. і яе характэрныя асаблівасці: аддаленне ад рэалій жыцця, збядненне чалавеказнаўчага пласта.

9. Якія творы 30-х гадоў ХХ ст. мелі найбольшае значэнне для развіцця літаратуры?

10. Якія раманы-лёсы, раманы-біяграфіі вы ведаеце?

11. Сацыяльныя і псіхалагічныя праблемы калектывізацыі і іх адлюстраванне ў мастацкай літаратуры.

Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны

Характэрнай асаблівасцю беларускай літаратуры перыяду Вялікай Айчыннай вайны было тое, што ўсе творы ствараліся ў асноўным па-за межамі Беларусі. Янка Купала слаў свае лісты-пасланні “Беларускім партызанам” з-пад Масквы, на франтавых дарогах пісаў паэму “Беларусь” П. Броўка, яркая і праўдзівая франтавая лірыка П. Панчанкі, “праз вогненны небасхіл” пранёс сваё слова М. Танк, напісаўшы многія вершы і паэму “Янук Сяліба”. Лірыка перыяду Вялікай Айчыннай вайны А. Куляшова – творчы подзвіг паэта, цікавыя апавяданні М. Лынькова (“Астап”), драма К. Крапівы “Проба агнём”, раман К. Чорнага “Пошукі будучыні”. Усе гэтыя выдатныя творы сталі залатым фондам нашай літаратуры. У іх паказвалася складанасць лёсу Беларусі на “скрыжалях вайны”, будні партызан, байцоў, раскрываўся патрыятызм і гераізм людзей, на фронце і ў тыле.

Вялікая роля адводзілася сатыры. “Раздавім фашысцкую гадзіну” – так называлася газета-плакат К. Крапівы. Літаратура ваеннага часу носіць ярка выражаныя рысы гістарызму, з’яўляецца мастацкім летапісам барацьбы беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вобраз Бацькаўшчыны, ідэя вызвалення роднага краю праходзяць праз усе творы.

Тры пакаленні беларускіх паэтаў і пісьменнікаў плённа працавалі ў суровыя ваенныя гады. Многія з паэтаў загінулі: М. Сурначоў, З. Астапенка, А. Коршак, А. Жаўрук, Хв. Шынклер, А. Мілюць, А. Ушакоў. Але сацыяльны заказ эпохі выконваўся з гонарам, нараджаліся выдатныя радкі пра веру народа ў перамогу. Літаратура расла, развівалася, мужнела.

Вычарпальна і ўсебакова паказаў гістарычны шлях беларускага народа П. Броўка ў паэме-араторыі “Беларусь”. Кожны новы раздзел пачынаўся зваротам: “Зямля Беларусі! Ты помніш нямала…” Услед за паэтам чытач праходзіў нялёгкімі шляхамі мінулага, сучаснага, робячы акцэнт на няскоранасці, гераізме і творчым уздыме беларускага народа. Паэт славіў продкаў, культуру, асвету, мастацтва, звяртаўся да новых дзён, калі краіне і людзям выпалі новыя суровыя выпрабаванні. Талент П. Броўкі раскрываецца з новай сілай: творца актыўна выкарыстоўвае прыёмы вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа, вершы насычаны стыхіяй жывога народнага жыцця, напоўнены трапяткім пачуццём, пакідаюць незабыўнае ўражанне. У творы “Надзя-Надзейка” выяўляецца трагізм ваенных дзён. Гэта верш-плач па гвалтоўна загубленым жыцці дзяўчыны. Ужо не жаці жыта яе рукам, са скрухай гаворыць паэт, “снапоў не вязаці”. Звяртаючыся да бярозы, пытаецца: “Што ж ты, бярозанька, не ўратавала?” Вершы П. Броўкі ваеннага часу – гэта народныя песні аб славе і надзеі. “Будзем сеяць, беларусы”, – сцвярджае паэт у аднайменным вершы, перадае адчуванне байца-беларуса ад сустрэчы з роднай зямлёй у вершы баладнага складу “Спатканне”.

 
Як спяшаў я да Вас,
Засмучоныя хаты,
Здратаваныя нівы,
Лугі-мурагі!..
Я вярнуўся да Вас
Цвёрдым крокам салдата,
Хоць нямала пранёс
За дарогу тугі.
 

Пранікнёная лірыка А. Куляшова перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Творы не страцілі сваёй эстэтычнай каштоўнасці і сёння, праз многія дзесяцігоддзі пасля іх напісання.

Поўная драматызму балада “Над брацкай магілай”.

 
Ёсць пад Стараю Русай
Руская вёска Лажыны.
Там, нібы ў Беларусі,
І вербы растуць, і рабіны.
 

Святлацені змяняюцца, калі паэт з горыччу гаворыць аб ахвярах вайны: “Там магіла ёсць брацкая ў лузе, / За вёскай Лажыны, / Там хлапцы беларускія / Чэсна галовы злажылі”. Балада мае развітальны змест.

Паэт гаворыць ад імя тых, хто аддаў сваё жыццё, каб вечна свяціла над нашай зямлёй зіхатлівае сонца свабоды, каб ніколі не было вайны. Загінуўшыя воіны змагаліся за родную Бацькаўшчыну, думкі пра якую агортваюць лірычнага героя верша. Твор не падобны да народных плачаў над труной нябожчыка, ён напоўнены мужнасцю, глыбінёй патрыятычнага духу. Увага аўтара скіравана на родныя гоні, што жывілі сэрца і душу, да валі надзею на мірны час.

 
Наглытацца хачу туманоў,
Твайго ветру і пылу;
Наглытацца хачу за сябе і за тых,
Што не ўстануць з нябыту.
Вочы просяць нябёсаў тваіх;
Ім твайго не хапае блакіту.
 

Яркая і пераканаўчая франтавая лірыка П. Панчанкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Паэт прайшоў дарогамі вайны з захаду на ўсход, адступаючы ад Беластока разам з савецкімі войскамі.

Душэўным смуткам, жывым болем насычаны верш П. Панчанкі “У мяне не забілі нікога”. Сапраўды, кажа паэт, не асабістым горам кіруецца наш салдат, калі гоніць чужынцаў на захад, а патрыятычным жаданнем хутчэй убачыць родныя гоні і палеткі вольнымі і шчаслівымі. Гэта верш-балада. У спакойнай разважлівай танальнасці пачынае аўтар свой твор, спрабуючы асэнсаваць вытокі нашага гераізму, помсты, адплаты, бо, калі сапраўды “у мяне не забілі нікога – ні маці, ні жонкі, ні брата. Я не плакаў бяссоннаю ноччу ад горкае страты,” дык чаму ж, пытаецца лірычны герой, “ад чаго ж тады сэрца так хоча, так прагне расплаты?”

“Я ўвайду ў Беларусь, як байцы ўвайшлі ў Сталінград”, – сцвярджае ад імя воіна-пераможцы П. Панчанка.

“Вока снайпера” – верш П. Панчанкі аб неспатольнай празе простага салдата – ачысціць родную зямлю ад набрыдзі, заразнай пошасці, выполваючы іх, як пустазелле, з нашых палёў і ніваў, знішчаць, выглядаючы ў снайперскі прыцэл, як нейкіх дзікунскіх казюрак, мошак, жучкоў-караедаў, калі глядзець на іх здалёку, як ненавісных пачвар.

“Дзеля жыцця на зямлі” беларускія паэты, сучаснікі і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, імкнуліся па-мастацку асэнсаваць бессмяротны подзвіг народа, які стаў на абарону сваёй Радзімы, гераічны пачатак у характары народа, што меў глыбокія карані.

Апошнюю кулю сваім парабелуме, кажа аўтар, трымае ротны палітрук не для сябе, але каб “загнаць у зямлю” яшчэ хоць аднаго ворага (“Апошняя куля”).

Пяру Панчанкі належыць цыкл выдатных вершаў, якія аб’яднаны ў “Іранскі дзённік”: “У Тэгеране”, «Слухаючы “Перапёлку”», “Сустрэча з бярозай”, “Што я думаў, гледзячы на Каспійскае мора”, “Апяваў Адам Міцкевіч”, “Рамантыка”, “Малярыя”, “Караван”, “Мы першы раз за межамі Радзімы…”. Лірычны герой у вершах “Іранскага дзённіка” паўстае палымяным патрыётам роднай краіны, верным сынам Беларусі, франтавіком, які думамі і справамі гатоў набліжаць доўгачаканую перамогу. З “прыільменскіх балот” трапіў паэт у сонечную краіну, прайшоў упершыню па зямлі нейтральнай дзяржавы, не губляючы форсу салдата-пераможца: “Тужэй падцягваем франтавыя дзягі, глянцуем боты, чысцім шынялі”.

Франтавая лірыка П. Панчанкі разам з вершамі А. Суркова, К. Сіманава (“Темная ночь”, “Землянка”, “Жди меня”, “Ты помнишь, Алёша, дороги Смоленщины” і інш), песеннай лірыкай М. Ісакоўскага, М. Блантара і іншымі выдатнымі творамі той пары стала яркай і незабыўнай, надзвычай уражлівай старонкай мастацкай творчасці ў галіне слова. Уклад беларускіх паэтаў ва ўслаўленне гераізму і непераможнасці народа на дарагой і любай сэрцу роднай Беларусі асабліва важкі.

У празаічных мастацкіх палотнах подзвіг народа ў гады вайны ўвекавечылі “па жывых слядах” часу празаікі М. Лынькоў і К. Чорны. У зборніку “Астап” М. Лынькоў расказаў пра гераічны ўчынак простага селяніна, які паўтарыў подзвіг кастрамскога мужыка Івана Сусаніна, што аддаў жыццё за Радзіму, завёў палякаў-ляхаў у балоты. Беларускі селянін Астап таксама не пашкадаваў уласнага жыцця дзеля таго, каб адвесці бяду ад родных яму людзей, завёў фашысцкіх прышэльцаў у непралазны лясны гушчар, дзе яны і загінулі.

Кузьма Чорны за гады вайны стварыў шэраг мастацкіх палотнаў – раманы і аповесці “Пошукі будучыні”, “Скіп’ёўскі лес”, “Млечны шлях”, “Вялікі дзень”. Раманы філасофскага напаўнення малявалі выбар і лёс беларускага народа на краі абрыву – у час ваеннага ліхалецця, змагання з чужынцамі. Чарговы раз беларуская зямля стала арэнай бітваў. Ад народнага лубка, анекдота, звычайнай бытавой сцэнкі, якая адбывалася ў праслаўленай сваімі неверагоднымі здарэннямі вёсцы Галаскі, адштурхоўваецца празаік К. Чорны ў апавяданні “Вялікае сэрца”, каб раскрыць самабытнасць, арыгінальнасць, мужнасць беларускага нацыянальнага характару.

Незалежнасць сённяшняй Беларусі асветлена Вялікай Перамогай. Менавіта за важкі ўклад у разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў і значныя страты, што панесла наша краіна ў гады вайны 1941–1945 гг., Беларусь была надзелена правам суверэннага голасу ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая ўтварылася на канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адным з удзельнікаў канферэнцыі быў беларускі пісьменнік Міхась Ціханавіч Лынькоў, подпіс якога стаіць пад устаноўчым дакументам гэтай уплывовай арганізацыі свету.

Беларусь шмат вынесла на сваіх плячах. Значны ўклад ва ўвекавечанне бессмяротнага подзвігу народа ўнесла беларуская мастацкая літаратура, якая ўжо ў суровыя дні ліхалецця раскрывала вызваленчы характар народнай вайны, паказвала непераможнасць духу беларусаў, прагу Беларусі да незалежнасці.

Першае і другое пасляваенныя дзесяцігоддзі

Пасля Вялікай Айчыннай вайны беларуская літаратура ўваходзіла ў мірны час моцна абяскроўленай. Са звыш 500 маладых аўтараў, якія прыйшлі ў літаратуру ў “маладнякоўскі перыяд”, у паэзіі, прозе, драматургіі, крытыцы, публіцыстыцы пасля вайны налічвалася не больш за 50. Многіх беларускіх пісьменнікаў страціла літаратура ў гады рэпрэсій, іншыя загінулі на фронце.

У верасні 1949 г. адбыўся другі з’езд пісьменнікаў Беларусі, які падвёў вынікі развіцця беларускай літаратуры пасля першага з’езда, за 15 гадоў. Некаторыя з тых пісьменнікаў, хто пачынаў у 20-я гады ХХ ст., адышлі ад літаратуры, бо літаратура па-ранейшаму была “гарачым цэхам”, справай небяспечнай.

Што займала ў гэты перыяд майстроў слова? Мірная праца па адбудове роднага краю, які быў разбураны ў вайну, услаўленне гераізму воінаў і партызан у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, агітацыя за мір – вось асноўныя тэмы ў літаратуры таго часу. У творах апявалася дружба народаў СССР, гучалі матывы “ўсяленскай” радасці, планетарнай урачыстасці. Аднак у літаратуры ўжо адчуваліся павевы “халоднай” вайны, калі жыццё народаў розных краін, якія яшчэ ўчора выступалі адзіным фронтам супраць сумеснага ворага – гітлераўскага фашызму, – падавалася ў розных фарбах, калі чорнай фарбы не шкадавалі дзеля паказу капіталістычнага свету, а сацыялістычная рэчаіснасць малявалася ў ружовых колерах. Гэта быў час з’яўлення буйных эпічных палотнаў. Пісаліся эпапеі, раманы, аповесці, паэмы пра змаганне беларускага народа з фашызмам. Прыкладам можа быць раман-эпапея М. Лынькова “Векапомныя дні”, які ставіў эпахальную задачу – паказаць панараму барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на фронце, у тыле, у партызанах, ахапіўшы падзеі мінулай вайны як мага шырэй. Раман I. Мележа “Мінскі напрамак” таксама аб вайне, аб аперацыі “Баграціён”, што завяршылася вызваленнем Беларусі ад чужынцаў.

Аб разгортванні партызанскай барацьбы – раманы I. Гурскага (“У агні”), М. Ткачова (“Згуртаванасць”), А. Кулакоўскага (“Расстаёмся ненадоўга”), Т. Хадкевіча (“Рэха ў гарах”), аповесці У. Карпава, А. Міронава, У. Шахаўца, запіскі ўдзельнікаў партызанскага руху В. I. Казлова, В. I. Лівенцава, М. П. Каралёва, п’есы К. Губарэвіча (“Брэсцкая крэпасць”), А. Кучара (“Гэта было ў Мінску”). У паэзіі звярнулі на сябе ўвагу кнігі вершаў М. Танка (“На камні, жалезе і золаце”, “Каб ведалі”), П. Броўкі (“Дарогай жыцця”), паэмы А. Куляшова (“Толькі ўперад”), А. Зарыцкага (“Залатое дно”).

Паступова ваенная тэматыка саступала месца мірным тэмам. Для дзяцей пісалі А. Якімовіч, У. Краўчанка, М. Гамолка, К. Кірэенка. Ствараліся апавяданні пра асушэнне балот і будаўніцтва гідраэлектрастанцый, пра заможнае жыццё калгаснікаў (“Пяюць жаваранкі” К. Крапівы). Аднак у творах аб сучаснасці назіраўся відавочны перакос у бок ідэалізацыі. Уплыў даваеннай традыцыі ў літаратуры значна аслабеў. З’явіўся шэраг твораў, у якіх жыццё пасляваеннай вёскі і горада прыхарошвалася, малявалася светлымі фарбамі. Сяляне жылі ў зямлянках, у калгасах не аплочваліся працадні – ні рублём, ні хлебам. Людзі галадалі, аралі калгасны палетак, упрагаючыся ў плуг, ці сеялі, цягнучы за сабою барану. Такой была рэчаіснасць. А літаратура выдавала жаданае за рэальнае, нібыта даўно залечаны ўсе раны, людзі жывуць у дастатку. Так нарадзілася “тэорыя бесканфліктнасці”, паводле рэцэптаў якой паўсядзённае жыццё паказвалася ў ружовым святле.

Нават лепшыя творы не былі пазбаўлены ўплываў названай тэорыі. Асудзіўшы яе на словах, беларуская літаратура, па сутнасці, яшчэ доўга не магла пераадолець яе разнастайных праяўленняў. Несумненна, што “тэорыя бесканфліктнасці” была спараджэннем атмасферы пасляваеннага часу, новым “вітком” культу асобы, калі падганялася пад ідэалагічныя догмы рэальнае жыццё. Часта мастакі апісвалі не тое, што хацелі, што бачылі, а вымушаны былі на ўсе лады расхвальваць сацыялістычную рэчаіснасць.

Прыкладам таго, як жывая рэчаіснасць “не ўкладвалася” ў схемы, з’яўляецца раман I. Шамякіна “Глыбокая плынь”.

Асобна стаяць у літаратуры першага пасляваеннага дзесяцігоддзя апошняя частка трылогіі Я. Коласа “На ростанях”, раман П. Пестрака “Сустрэнемся на барыкадах”, аповесць у вершах А. Куляшова “Граніца”. Гэтыя творы непадуладныя часу.

У сярэдзіне 50-х гадоў ХХ ст. адбыліся якасныя змены ў грамадскім жыцці. Прайшоў ХХ з’езд Камуністычнай партыі, ён асудзіў культ асобы Сталіна. Надышоў час “хрушчоўскай адлігі”. У гэты перыяд літаратура наблізілася да непасрэднага жыцця, выявіла шмат праблем, новых тэм, вобразаў. У творах нібы “жыццё загаварыла само”. На першы план выйшлі апавяданне і нарыс. Многія праблемы часу ўзнімала аповесць Я. Брыля “На Быстранцы”. Аўтар удумліва і глыбока даследуе праблемы сучаснасці.

Новыя падыходы намеціліся ў адлюстраванні душы, пачуццяў чалавека.

Каханне – свет, які падзелены на святло і цені. Там, дзе яно ёсць, свеціць сонца, там, дзе яго няма, цемра, бездань. Героі жывуць у гэтым цудоўным свеце, у перапляценні святла і цемры. Гераіня ў творах паўставала носьбітам святла, духоўнасці, маралі, цноты і праўды. Герой імкнуўся да высокага пачуцця, адчуваў прыліў сіл і энергіі, перажываў узлёт духу. Каханне нібыта “вярнулася” ў мастацкія творы. У гэты час напісана аповесць А. Карпюка “Данута” (1960) – адзін з лепшых твораў у пасляваеннай беларускай літаратуры аб юначым каханні.

Літаратурнае жыццё 1956–1960 гг. характарызуецца шматлікімі дыскусіямі: што такое сучаснасць, наш сучаснік у жыцці і ў літаратуры, аб розных стылях у літаратуры, аб спецыфіцы літаратуры і інш. Вярнуліся да чытача творы і імёны многіх рэпрэсіраваных пісьменнікаў: М. Гарэцкага, М. Зарэцкага, М. Чарота, П. Галавача, Б. Мікуліча, У. Дубоўкі, Ц. Гартнага, В. Каваля, С. Баранавых, А. Бабарэкі і інш. Незвычайны лёс гэтых аўтараў і іх кніг не мог не паўплываць на абуджэнне творчага пачатку іх маладых паслядоўнікаў, не мог не абудзіць цікавасць да беларускай літаратуры. На змену адкрыта публіцыстычнаму характару твора прыходзіць большая праўдзівасць, канкрэтыка, спакой, даверлівасць, спавядальнасць, шчырасць.

Абнаўлялася паэзія. У ёй стала больш жыццёвай змястоўнасці, шчырасці, даверу. Упершыню за многія гады паэты загаварылі пра самае набалелае, пра духоўнасць у чалавеку, пра нацыянальныя карані, бацькоўскую мову, пра гісторыю роднага краю.

У літаратуру прыходзілі новыя пакаленні паэта ў і празаікаў, нарысістаў і публіцыстаў, драматурга. Такога “прызыву” ў літаратуру даўно не назіралася. Гэта былі надзвычай “ураджайныя” гады ў беларускай літаратуры.

На літаратурную арэну ў другой палове 50-х пачатку 60-х гадоў выйшла пакаленне паэтаў і пісьменнікаў, чыё дзяцінства было “абпалена” вайной, пакаленне бязбацькавічаў, як яны самі сябе ахрысцілі ў мастацкай творчасці. Літаратурная крытыка называла яго яшчэ “філалагічным” пакаленнем, бо ўсе яны ў асноўным прайшлі праз універсітэцкія і інстытуцкія аўдыторыі. Гэтыя паэты і празаікі заявілі аб сабе гучна, таленавіта, засведчыўшы высокую культуру творчасці, выявіўшы адметны погляд на рэчы, прафесійнае ўмельства. Яны выдатна валодалі пластыкай пісьма, прагнулі духоўнасці і ідэалу, рамантыкі і філасафічнасці, глыбіні пазнання жыцця, часу і асобы. Гэта найперш празаікі У. Караткевіч, М. Стральцоў, I. Пташнікаў, I. Чыгрынаў, І. Навуменка, В. Адамчык, Б. Сачанка, А. Кудравец, У. Дамашэвіч, вядомыя паэты Р. Барадулін, Н. Гілевіч, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін, В. Зуёнак, П. Макаль, А. Лойка, Ю. Свірка, А. Грачанікаў, Е. Лось.

Яркія і цікавыя творы з’яўляліся адзін за другім. Пра вайну пісалі ўжо з большым роздумам, аналітычна, імкнучыся асэнсаваць тое, што значылі падзеі ваенных гадоў для чалавека, канкрэтнай асобы (“На чацвёртым годзе вайны” М. Стральцова). Былі надрукаваны дылогія А. Адамовіча “Партызаны” (“Вайна пад стрэхамі” і “Сыны ідуць у бой”), раманы I. Навуменкі “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”.

Звяртае на сябе ўвагу глыбока лірычная, праўдзівая проза М. Стральцова (“Сена на асфальце”), I. Навуменкі (“Хлопцы-равеснікі”, “Верасы на выжарынах”), Б. Сачанкі (“Зямля маіх продкаў”), I. Чыгрынава (“Птушкі ляцяць на волю”), I. Пташнікава (“Чакай у далёкіх Грынях”) і інш. Гэтыя творы называлі яшчэ спавядальнай прозай. Паэтызацыя прозы і празаізацыя паэзіі – такімі былі тэндэнцыі ў мастацкай творчасці пазначанага перыяду. Іншымі словамі, у прозе назіралася імкненне да выяўлення ўнутраных пачуццяў, а ў паэзіі ўсё большае месца займалі думка, аналіз. Як у прозе, так і ў паэзіі выяўлялася неадольнае жаданне дайсці да глыбінных вытокаў нашага грамадзянскага існавання, зведаць і адказаць самім сабе на пытанні: хто мы, што мы, што ў нас за душой, чым жывём і чым цікавыя мы сярод іншых людзей? Невыпадкова асаблівы поспех выпаў на долю твораў У. Караткевіча, менавіта дзякуючы таму, што на гістарычнай аснове, адметнай, нацыянальнай, вырасталі яго сюжэты, рамантычныя па духу, багатыя, змястоўныя, вострыя. Творы У. Караткевіча – філасофска-інтэлектуальныя па сваім змесце. Аўтар гаварыў пра мінулае, а меў на ўвазе светлы нацыянальны дом. Дойлідам нашага беларускага нацыянальнага дому выступіў у сваіх творах гэты пісьменнік. Ён пісаў:

 
Усе шляхі прыводзяць не да Рыма,
А да родных вербаў і бяроз…
 

Мова пісьменніка пластычная, чыстая, сакавітая. Жывапіс словам у яго вельмі каларытны. У паэта У. Караткевіча ёсць верш “Дзяўчына пад дажджом”, дзе даецца пластычны малюнак летняга дня, лірычна-натхнёны аповед пра дзяўчынку-падлетка, якая выбегла на дождж. У творы выказана захапленне маладосцю, хараством. Дзяўчына нібы злілася з сонцам, з дажджом, вырастае пад небам, расце з зямлёй, усё тут з’ядналася – і водар бэзу, і пахі зямлі, і фарбы неба. Дзяўчына – вернасць, дзяўчына – вечнасць, калі так хочацца жыць і жыць. Але… “ стронцый быў у дажджы”. Нечаканае, як стрэл, заключэнне змушае задумацца пра лёс чалавека, які толькі сабраўся жыць і выбег пад струмені цёплага дажджу. Нязвыклая канцоўка твора. Радок, як выбух, як нараканне на лёс, як адкрыццё неадступнага. А верш жа напісаны задоўга да аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі.

Заўсёды цікавыя чытачу раманы У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, “Нельга забыць”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чазенія”, “Цыганскі кароль”, зборнік апавяданняў “Блакіт і золата дня”. Далёкая па часе і ўсё ж такая блізкая нам сівая мінуўшчына ўспрымаецца ў творах выдатнага мастака слова, як наш сённяшні дзень.

З нязменным пастаянствам пісаў на тэму вайны народны пісьменнік Беларусі В. Быкаў. Але творы яго не столькі пра вайну, колькі пра чалавечае ў чалавеку, пра мяжу чалавечых мажлівасцей, пра вернасць чалавека самому сабе, пра здольнасць ці няздольнасць заставацца чалавекам у любых сітуацыях, нават на мяжы жыцця і смерці. З твора ў твор пераходзяць своеасаблівыя маральныя высновы, заключэнні пра жыццё чалавека, этычныя канцэпцыі паводзін персанажаў, адметныя “законы” чалавечага быцця тыпу: “прайсці праз усе выпрабаванні і застацца чалавекам”, “не загубі чалавечае ў чалавеку”, “не здрадзь”, “не спрабуй выратавацца сам за кошт чужога жыцця”, “не падманвай самога сябе”, “не хавайся”, “жыві жыццём сваіх падначаленых”, “лепш весці ў атаку, чым гнаць на вышыню”, “перамога любой цаной – ганебная перамога”, “не забывайся ніколі раскопваць кар’ер сваёй памяці”, “не ўсё няясна ў тумане…” і г. д.

“У дачыненні да праблем мінулай вайны, – пісаў В. Быкаў, – літаратура павінна праявіць крыштальную праўдзівасць і шчырасць. Толькі праўдзівыя і да канца асэнсаваныя сведчанні мінулай вайны могуць саслужыць чалавецтву патрэбную службу… Абавязак кожнага сведкі і ўдзельніка мінулай вайны – гаварыць толькі праўду, якой бы горкай яна ні здалася, будучы пры гэтым бязлітасным у сваёй шчырасці”.

Сярод твораў таго часу звяртаюць на сябе ўвагу аповесці I. Шамякіна “Драма”, Э. Ялугіна “Пасля нябыту” (пра Цішку Гартнага).

Выпадае са звыклага рада традыцыйнасці філасофска-інтэлектуальная проза (цыкл апавяданняў Я. Сіпакова “Жанчына сярод мужчын”, твор А. Карпюка “Сучасны канфлікт”), у якой ажываюць шчырыя чалавечыя пачуцці, дзе гаворыцца пра вернасць і здраду, калі для кожнага персанажа “ўчарашняга не вернеш”, таго трапяткога, першаснага, самага моцнага пачуцця кахання, якое героі хацелі б захаваць у душы назаўсёды. Раман А. Карпюка “Карані” вяртае чытача да нацыянальных духоўных вытокаў.

Вяртанне да каранёў і асэнсаванне сучаснасці – гэта якраз тыя дзве тэндэнцыі, якія і з’яўляюцца галоўнымі ў сённяшняй беларускай літаратуры. Творцы мастацкага слова знаходзяцца на шляхах асэнсавання гістарычнага і сучаснага быцця беларускага народа.

Ваенная тэма ў беларускай літаратуры

У беларускай літаратуры ў пасляваенны час надоўга і трывала запанавала ваенная тэма. Тэма вайны, цяжкай, непасільнай, што руйнавала не толькі хутары, вёскі, гарады, але і звыклы лад жыцця, душы людскія, была, бадай, адзіным абсягам, дзе галоўным стаў паказ гераізму і патрыятызму народа ў святой справе абароны роднай зямлі ад чужаземных захопнікаў.

Доўгі час вайна малявалася ў літаратуры як супрацьстаянне двух светаў, дзвюх ідэалогій – духоўнасці і бездухоўнасці, як выяўленне каштоўнасці чалавечага жыцця, як яшчэ адна спроба зразумець магчымасці чалавека ў вірлівых катаклізмах ХХ ст. За гэтую асаблівую прывязанасць да ваеннай тэматыкі ў адрас літаратуры, у тым ліку беларускай, не аднойчы гучалі папрокі, што, маўляў, падзеі вайны займаюць зашмат месца ў мастацкіх творах, што ваеннае супрацьстаянне стала для многіх пісьменнікаў ледзь не своеасаблівай рэлігіяй. Занадта балючымі і цяжкімі былі ўспаміны аб вайне ў народа Беларусі. Таму найбольш трывалае месца ў нашай літаратуры занялі матывы чалавечых страт і чалавечага болю, расчараванняў і пакут, матывы гвалту і здзекаў з чалавечай прыроды, апісанні таго, якімі агромністымі высілкамі і далёка не ўсім удавалася выжыць і заставацца з чалавекам у ваеннае ліхалецце.

Для беларускай літаратуры найбольш трывалыя поспехі надоўга былі звязаны з распрацоўкай вострых і набалелых праблем мінулай вайны. Старажытная зямля Беларусі, з яе шматпакутным народам, якая па сваім геапалітычным становішчы знаходзіцца нібы на сямі вятрах і не раз станавілася арэнай, полем крывавых бітваў, здолела столькі вынесці, перажыць, ды не зламацца, не загібець, а выстаяць.

Адзначым дзеля справядлівасці, што вайна і ваеннае супрацьстаянне маляваліся ў беларускай літаратуры ў розныя часы па-рознаму. Умоўна можна вылучыць пяць этапаў у асвятленні падзей мінулай вайны ва ўсёй беларускай літаратуры.

Першы этап звязаны з паказам вайны перамаганоснай, маштабнай, эпахальнай, вайны народаў, франтоў, ставак, падполля і тылу, вайны партызанскай. У літаратуры панавала так званая “тэорыя бесканфліктнасці”. Жыла эйфарыя перамогі ў грамадстве. У такіх творах Беларусь паўставала ўся агні пажарышчаў (“У агні” I. Гурскага), малявалася згуртаванасць народаў перад небяспекай усеагульнага вынішчэння (“Згуртаванасць” М. Ткачова), паказваліся гераічныя старонкі змагання (“Брэсцкая крэпасць” К. Губарэвіча, “Канстанцін Заслонаў” А. Маўзона), апісваліся найбольш удалыя ваенныя аперацыі па вызваленні роднага краю ад ворагаў-чужынцаў (“Мінскі напрамак” I. Мележа). Паэтычныя радкі гучалі заклікам да святой барацьбы з захопнікамі (“Беларускім партызанам” Я. Купалы, паэма “Беларусь” П. Броўкі). Ваенны час разглядаўся не іначай як час лёсавызначальны, а падзеі, з ім звязаныя, заставаліся на доўгі час векапомнымі (“Векапомныя дні” М. Лынькова).

У такіх творах яшчэ не было месца людскім адчуванням, асабістым бедам, трывогам за заўтрашні дзень, на першым плане – батальныя сцэны, подзвігі героя ў, военачальнікаў і камандзіраў. Дзеянні адбываюцца глабальным маштабе, у штабах на фронце і партызанскіх зямлянках. На велізарных прасторах ідзе змаганне не на жыццё, а на смерць.

Другі этап у распрацоўцы ваеннай тэмы распачаўся ў канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў, калі мастакі слова нарэшце звярнуліся да суровай праўды ваеннага часу. ХХ з’езд партыі камуністаў “адкрыў шлюзы” для ўрачыстасці праўды. Амаль з дакументальнай дакладнасцю ў літаратуры пачалі паказваць і жорсткасць, бесчалавечнасць вайны, пакуты чалавека на вайне, сталі раскрываць далёка не прываблівыя карціны вынішчэння ўсяго жывога на зямлі, вытручвання з душ людскіх лепшых пачуццяў, нівеліроўкі характараў. Загаварылі пра кар’ерызм на фронце, траскучую рыторыку пустых заклікаў да змагання, галавацяпства некаторых камандзіраў, дэмагагічнасць разважанняў аб нашых перамогах, “шапказакіданне” на пачатку вайны альбо і проста пра пранырлівасць, падман, здзек, спробу схавацца за чужымі спінамі, імкненне любой цаной выжыць у крывавай бойні. Гэты этап бярэ пачатак з выхадам у свет аповесці I. Шамякіна “Агонь і снег” – адной з частак кнігі “Трывожнае шчасце”.

Менавіта на гэты перыяд прыпадае і прыход у беларускую літаратуру В. Быкава, празаіка вострага і бескампрамісна-праўдзівага, які, здавалася б, “аддаў” іншым пісьменнікам усё – штабы і стаўкі, дзеянне на франтах і ў тыле, але не адступіўся, не забыўся толькі на аднаго, самага галоўнага ўдзельніка вялікай бітвы – радавога байца, простага салдата, на плечы якога і лёг асноўны цяжар ваеннага ліхалецця.

Трэці этап літаратуры аб вайне звязаны, як адзначала тагачасная крытыка, з феерычным усплёскам дакументалістыкі. З’явілася шмат твораў мемуарнага жанру. Гэта былі дзённікавыя запіскі, развагі і літаратурныя апрацоўкі ўспамінаў удзельнікаў вайны. У іх прываблівала жывая канкрэтыка, рэальнасць падзей, вострая памяць на дэталі быццам ужо далёкага, але яшчэ трывалага ў свядомасці мінулага. Перажыта ды не забыта. З’яўляюцца мемуары военачальнікаў, камандзіраў, дзеяча фронту і тылу. Менавіта на гэты перыяд прыпадае выхад кнігі па-сапраўднаму ўнікальнай – мастацкага дакумента часу, успамінаў ахвяр шматлікіх беларускіх Хатыняў – “Я з вогненнай вёскі” А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка, а таксама другое выданне ўспамінаў дзяцей вайны “Ніколі не забудзем”.

На чацвёртым этапе звяртаў на сябе пільную ўвагу чытачоў зварот пісьменнікаў да жаночай і дзіцячай памяці, якая, як аказалася, была надта ўчэпістай, трывалай на жывыя, непасрэдныя ўражанні аб днях, што ніколі не забудуцца (“Суд у Слабадзе” В. Казько, “Гандлярка і паэт”, “Шлюбная ноч”, “Вазьму твой боль” I. Шамякіна).

Пяты этап паказу вайны ў беларускай літаратуры выявіў тэндэнцыю да філасофска-інтэлектуальнага асэнсавання падзей вайны як падзей усеагульнага нявечання і разбурэння: зямлі, жытла, душ людскіх. У гэтым рэчышчы напісаны аповесці В. Быкава “Знак бяды”, “У тумане”, “Кар’ер”, а таксама раманы I. Навуменкі “Сасна пры дарозе” (1962), “Вецер у соснах” (1967), “Сорак трэці” (1974), “Смутак белых начэй” (1980), I. Чыгрынава “Плач перапёлкі” (1972), “Апраўданне крыві” (1977), “Свае і чужынцы” (1984), іншыя творы беларускіх пісьменнікаў.

Асвятленне падзей вайны ў мастацкай практыцы беларускіх пісьменнікаў праходзіла ў настойлівых пошуках, у жаданні “прабіцца” да самога чалавека, у імкненні зразумець і спасцігнуць усю паўнату чалавечых адчуванняў у суровых умовах выпрабавання фізічных і духоўных сіл.

Пытанні для кантролю

1. У якіх умовах стваралася беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны?

2. Якія творы беларускай літаратуры былі напісаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны?

3. Назавіце імёны тых пісьменнікаў, хто працаваў у беларускай літаратуры ваеннай пары.

4. Які асноўны пафас твораў ваеннага перыяду?

5. У чым кансерватыўнасць літаратуры першага пасляваеннага дзесяцігоддзя?

6. У чым заключаецца сутнасць “тэорыі бесканфліктнасці” і як яна паўплывала на пасляваеннае літаратурнае развіццё?

7. “Спавядальныя” матывы ў літаратуры 60-х гадоў ХХ ст. Як вы разумееце выраз, што ў творах літаратуры “жыццё загаварыла само”? Праблематыка твораў таго часу.

8. Чым адметна творчасць пасляваеннага пакалення літаратараў?

9. Новыя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры – вяртанне да нацыянальных вытокаў, асэнсаванне гістарычнага лёсу беларускага народа.

10. Якія этапы ваеннай тэматыкі можна вылучыць у беларускай літаратуры?

Беларуская літаратура на сучасным этапе

Проза

Агульнавядомыя дасягненні ўсіх жанраў беларускай літаратуры ХХ ст. – паэзіі, прозы, драматургіі. Але, бадай, шырокае прызнанне ў свеце беларуская літаратура заслужыла сёння дзякуючы найперш здабыткам нашай прозы: рамана, аповесці, апавядання. Прозы, якая літаральна на вачах некалькіх пакаленняў, прайшоўшы паскораны шлях развіцця, стала шматжанравай і шматстылёвай, паглыбленай, аб’ёмнай. Беларуская проза – эпас народнага жыцця на найбольш важных этапах гісторыі чалавецтва. У паказе лёсавызначальных шляхоў беларускага народа на нялёгкіх дарогах гісторыі чалавечай цывілізацыі сучаснай прозе належыць асаблівае месца.

Беларуская проза моцная перш за ўсё паказам падзей мінулай вайны. Тут прыярытэтнае месца займае Васіль Быкаў.

Празаік піша “сваю” вайну, знаходзячыся “на бестэрміновай перадавой” (А. Адамовіч). Ён апавядае пра радавых вайны, што вынеслі на сваіх плячах увесь цяжар ваеннага ліхалецця, пра “пралетарыят” пярэдняй лініі акопаў, пра тых, хто бяжыць у атаку або засыпаны зямлёю, каго “дабіваюць”, “дакалочваюць” мінамі, снарадамі, хто ідзе здабываць партызанскі харч ці ўзрывае варожы эшалон, хто штурмуе варожыя ўмацаванні. Вось атака, яшчэ атака (“Праклятая вышыня”). Пісьменнік вырашае ў сваім творы, што лепш – весці людзей ці гнаць іх, як на бойню, у атаку (“Яго батальён”). Як прайсці праз выпрабаванні і застацца чалавекам (“Пайсці і не вярнуцца”)? Аказваецца, што на вайне многае залежыць ад самога чалавека. Як неабходна, чаго б гэта ні каштавала, дажыць да світання, не замерзнуць, не памерці, каб унесці свой, хай невялікі, але такі неабходны ўклад у агульную перамогу (“Дажыць да світання”).

Аповесць “Знак бяды” напоўнена філасофскім зместам. Колькі тут “знакаў” – прыкмет чалавечай бяды! Запусцелы хутар – знак поўнага вынішчэння чалавецтва. Калі прыйшла бяда, нічым яе не спыніць, не адвесці. Дык ці не лепш, каб яе, бяды, зусім не ўзнікала.

Аповесць В. Быкава “Сотнікаў” – твор аб узыходжанні і падзенні чалавека. Узыходжанне на п’едэстал славы, чалавечнасці, дабра, праўды. І падзенне ў чорную прорву здрадніцтва, калі, хочучы перахітрыць “самога сябе”, чалавек пайшоў на змову з уласным сумленнем, падмануўся, каб выжыць. Але сам не выратаваўся, а душу д’яблу прадаў, стаў забойцам і ўжо як збавення шукае смерці.

Маральна-этычныя праблемы аўтару лягчэй было вырашыць на матэрыяле вайны. Ды і матэрыял гэты добра знаёмы пісьменніку. Ён усю вайну ваяваў у пяхоце. Імя лейтэнанта В. Быкава было нават выбіта на абеліску над брацкай магілай, маці атрымала на яго пахавальную. А ён выжыў.

Пра падзеі на Беларусі ў першыя дні вайны, калі фронт адкаціўся на ўсход, а ў невялічкую вёсачку Верамейкі неўзабаве павінны прыйсці немцы, пра жыццё і барацьбу пад нямецка-фашысцкай акупацыяй расказвае пісьменнік Іван Чыгрынаў у пенталогіі “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві”, “Свае і чужынцы”, “Вяртанне да віны”, “Не ўсе мы згінем” (1996).

З сучаснай прозы сапраўдным адкрыццём новага мацерыка чалавечага быцця сталі раманы Вячаслава Адамчыка “Чужая бацькаўшчына” (1978), “Год нулявы” (1983), “I скажа той, хто народзіцца” (1987), “Голас крыві брата твайго” (1990). У сваіх раманах пісьменнік нібыта раскрыў формулу існавання народа Заходняй Беларусі. Бацькаўшчына – гэта бацькоўская зямля, надзел, бацькоўскі кут – хата, жытло, зямля, поле, тое, што ад нараджэння, змалку павінна належаць чалавеку які з гэтай зямліцы корміцца, на якой жыве. А тут бацькаўшчына становіцца чужой, не сваёй, навісае пагроза зусім яе страціць, з-за чаго гераіня ідзе на неверагодны ўчынак, хітрасцю перапісвае спадчыну, а сама адважваецца на смяротны грэх – зводзіць са свету свякроў і залоўку, апаіўшы іх чэмерам. Ноччу ў адрыне яны паміраюць у пакутах, што не застаецца таямніцай для вёскі.

Раманы В. Адамчыка – пра адвечныя сувязі чалавека з роднай зямлёй і яе людзьмі.

“Агульнанацыянальныя адзнакі” (В. Каваленка) даўно зацікавілі В. Адамчыка. Ён з пакалення беларускіх празаікаў, што дало літаратуры такія вядомыя імёны, як Іван Пташнікаў, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Алесь Адамовіч, Міхась Стральцоў. Гэтыя аўтары разам з непасрэднымі сваімі папярэднікамі, такімі як Іван Мележ, Іван Шамякін, Янка Брыль, Васіль Быкаў, спрыялі сваёй творчасцю буйному росту беларускай літаратуры.

Новыя жанрава-выяўленчыя мажлівасці “дэманструе” ў інтэлектуальнай прозе Янка Сіпакоў. Творы яго не толькі пра тое, што было (гістарычная тэма), што ёсць (рэалістычна-канкрэтная, бытавая тэма), але найперш пра тое, што можа быць. У апавяданнях нібы мадэліруецца жыццё герояў, распавядаецца пра тое, што можа быць, калі чалавек зробіць той ці іншы крок, ажыццявіць свой учынак. У творах паказваюцца не тыповыя характары ў тыповых абставінах, як таго патрабуе тэорыя рэалістычнага мастацтва, а нешта іншае. Гэта іншае якраз можна сфармуляваць так: пісьменнік раскрывае створаныя логікай мастацкага ўяўлення характары персанажаў і ўчынкі, ім прадыктаваныя, у лагічна верагодных абставінах.

Вось сюжэт такога твора. Муж так любіў жонку, так раўнаваў яе, што, калі прыйшла небяспека і яму трэба было нечакана развітацца з жыццём, ён, раздумаўшыся (“мяне не будзе, а яна застанецца тут, з гэтымі… супернікамі”), вырашыў і яе забраць з сабою на той свет. Выдаў яе фашыстам (падзеі адбываліся ў гады вайны). Лёс распарадзіўся такім чынам, што жонка з прыёмным сынам загінулі, а ён застаўся жыць. Па-свойму парадаксальная сітуацыя.

З таго часу Вазьміцель (так завуць галоўнага героя) кожны год – увосень, узімку, летам – едзе ў адну і тую ж вёску, усё ў адну і тую ж хату, да жончынай сястры, каб дапамагчы ёй па гаспадарцы і хоць чым “замаліць” свае былыя грахі. Яны выбіраюць з поля бульбу, звозяць сена, жанчына ўвесь час злуе, патрабуе, каб болей не ехаў, але ён усё роўна едзе. Узімку яны, мужчына і жанчына, моўчкі ўскідваюць мёрзлае бярозавае бервяно на козлы, моўчкі яго пілуюць. “Маўклівыя людзі” – так называецца гэтае апавяданне Янкі Сіпакова. Вазьміцель (можа, зусім невыпадкова так завуць галоўнага героя, які забраў “нізашто чужое жыццё”) будзе ехаць і другі, і трэці раз сюды, і гэтак жа маўкліва яны разам будуць працаваць.

“Не раўнуе, значыць, не любіць!” – вырашыла для сябе галоўная гераіня іншага апавядання Я. Сіпакова і пачала ўсё рабіць так, каб муж яе прыраўнаваў. У сваю чаргу муж павёў сябе адпаведным чынам, так, што жонка яго таксама прыраўнавала. У выніку на бліжэйшым каля іх дому прыпынку гарадскога транспарту, на слупе, з’явілася аб’ява: “Маладая сям’я разменьвае двухпакаёвую кватэру…” Апавяданне хораша называецца: “Нехта глядзіць у гняздо жаўранка”. Наогул назвы апавяданняў у пісьменніка цікавыя, ёмкія, інтрыгуючыя.

Умоўнасць сітуацый, неразгорнутасць характараў персанажаў, ярка выражаны павучальны змест, своеасаблівая стылістыка, адметная інтанацыя характарызуюць прозу Я. Сіпакова. Гэта новае слова ў беларускай літаратуры, новыя па змесце і па сваіх жанрава-стылёвых якасцях творы.

Хлопец прыехаў да дзяўчыны, з якой сябраваў у студэнцкія гады, у тую вёску, дзе яна працуе настаўніцай Прыехаў нечакана. Дзяўчына ўжо замужам, у яе – маленькае дзіця, клапатлівы муж. І былы жаніх выдае сябе за далёкага родзіча настаўніцы.

“К нам прыехаў дзядзя з Глядзівастока”, – гулліва паўтарае яе дачушка. А свякруха гадае, які гэта родзіч, калі ў цёткі Пелагеі ў тым далёкім Уладзівастоку ніколі дзяцей не было, а таму, калі маладыя – Ён і Яна – ідуць растрасаць сена на лугі, выпраўляе ім услед і маленькую пяцігадовую ўнучку. І хоць апранула маладая настаўніца на сенакос сваю колішнюю студэнцкую сукеначку, і хоць правялі яны разам паўдня, але былое каханне не вярнулася. Нязваны госць вымушаны гэтак жа цішком, нечакана, як і прыехаў, паехаць назад. “Госць пад час сенакосу” – такую назву носіць апавяданне. Як бачым, інтэлектуальная проза патрабуе думак, суперажывання, саўдзелу чытача.

Проза гэтая эмацыянальная, настраёвая, пластычная, суб’ектыўная. Яна мае адметную стылістыку, своеасаблівы сінтаксіс і адметную ж лексіку, сваю выключную інтанацыю, мелодыку. Гучанне твора, у залежнасці ад настрою, то гулліва-радаснае, то мінорнае, задуменна-элегічнае, то іранічна-паблажлівае, з гумарам.

Апавяданні-канцэпцыі, аповесці-канцэпцыі, раманы-канцэпцыі – такіх твораў у беларускай літаратуры з’яўляецца ўсё больш і больш, што сведчыць аб пашырэнні ў ёй канцэптуальнага (канструктыўнага) філасофскага мыслення. Пісьменнікі ўсё глыбей аналізуюць кожную з’яву, дэталёва даследуюць характары персанажаў, дакопваючыся да таямніц душы сваіх герояў, прасочваючы найтанчэйшыя зрухі чалавечай душы, змены настрою, павароты думкі.

Вядомы мастак П. Пікаса неяк заўважыў: “Адны хацелі адлюстраваць свет такім, якім яны яго бачылі. Я хачу паказаць свет такім, якім я яго мыслю”. Менавіта так можна ахарактарызаваць пазіцыю аўтараў, што пішуць інтэлектуальную прозу. Яна – наватарская па сваім характары. Інтэлектуалізм у мастацтве – гэта такая форма мастацкага асэнсавання рэчаіснасці, якая мае адметныя мэты, асаблівую актыўнасць (павышэнне ролі суб’ектыўнага пачатку) і стылістыку (умоўнасць, эксперыментальнасць абставін), незвычайны “жывапіс словам”, нязвыклыя фарбы. У такіх творах думкі аўтара разыгрываюцца ў асобах. Гэта невялікія фрагменты паўсядзённай рэчаіснасці, “абразкі жыцця”. “На улице среди других” называецца зборнік апавяданняў Я. Сіпакова ў перакладзе на рускую мову. Сваіх герояў пісьменнік бярэ на вуліцы, сярод іншых людзей.

Сюжэты твораў – арыгінальныя, свежыя, дынамічныя. Праблемы – вострыя, надзённыя, агульначалавечага гучання. Вывады з твораў – павучальныя.

Складаныя маральна-этычныя праблемы, вострыя і жыццёва важныя, балючыя, узнімае празаік Я. Сіпакоў у сваіх апавяданнях. Кожны герой вырашае для сябе нібыта нанова адвечныя пытанні чалавечага існавання. Што такое дабро і зло, як пражыць хораша, не здрадзіць блізкаму табе чалавеку, як захаваць юнацкі максімалізм, рамантыку ўзаемаадносін, у чым сэнс жыцця?

Назва твора павінна арганічна вынікаць з самой сутнасці мастацкага твора. Такія назвы ў Я. Сіпакова: “У гарадку, які называецца Учора”, “Жаночы вальс”, “Знаёмыя жнівеньскія сны”, “Жыві, як хочацца”, “Усе мы з хат” і інш. Кожны яго твор – неразгорнутая драма.

У творах інтэлектуальнай прозы няма той “сшибки характеров” (В. Р. Бялінскі), што павінна рухаць сюжэт, няма хітраспляценняў дзеяння, часам адсутнічае нават сама дынаміка падзей, іх нечаканасць, абгрунтаванасць, глыбокая матываванасць паводзін, усіх дзеянняў і ўчынкаў персанажаў. Тут няма ў характарах таго “выбуховага” рэчыва, якое абавязкова дасць аб сабе знаць дзе-небудзь у творы, абавязкова праявіцца: пісьменнік не жадае нават “выпісваць” да драбніц дэталі, хоць і не адрываецца ад рэальных абставін быту, але яны яго цікавяць настолькі, наколькі гэта неабходна для характарыстыкі персанажаў. Уражанне такое, калі чытаеш гэтыя творы, што дэталі пісьменніка ўвогуле не цікавяць. Менш за ўсё тут знойдзем жывапісанне словам. Тут ёсць настрой, думка. Для такіх твораў яшчэ характэрна наяўнасць ярка выражанай маралі, своеасаблівага маралізатарства, разумовага аўтарскага заключэння, што дапамагае чытачу ўстрымацца ад таго ці іншага ўчынку, які аніяк яго не ўпрыгожыць і з-за якога яму доўга давядзецца каяцца. Мараль не казачная, не павярхоўная, а незаўважная, выпакутаваная персанажам, пададзеная праз светаразуменне мастака і яго героя. Творы змяшчаюць філасофска-канцэптуальны аналіз свету, стану рэчаў у ім, жыцця-быцця чалавека ў гэтым свеце, многаму вучаць і прымушаюць суперажываць. Выхаваўчае ўздзеянне такіх твораў на асобу бясспрэчнае. Інтэлектуальная проза патрабуе асаблівай чуйнасці аўтара да ўсяго, што яго атачае, асаблівай глыбіні погляду на з’яву. Несумненна, што ў гэтай прозе значна павышаецца роля суб’ектыўнага пачатку. На ўсё пісьменнік пазірае з уласнага пункту гледжання, з суб’ектыўных пазіцый, вядзе да таго, што лічыць неабходным сказаць.

Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.

Yaş sınırı:
0+
Litres'teki yayın tarihi:
05 temmuz 2016
Yazıldığı tarih:
2013
Hacim:
608 s. 47 illüstrasyon
ISBN:
978-985-06-2271-6, 978-985-06-1950-1
İndirme biçimi:

Benzer kitaplar