Kitabı oku: «Двое на вуліцы», sayfa 4

Yazı tipi:

А быў бы снег, ды яшчэ з марозікам, – як бы ўсё гэта ад яго сляпучай белізны павесялела, заблішчала, заззяла, як бы пачало пералівацца. І цацкі сталі б ярчэйшыя, і самі ёлкі набылі б тую сваю прыгажосць і ўрачыстасць, якімі заўсёды захапляюцца не толькі дзеці, але і дарослыя.

Праўда, перад самым Новым годам ноччу крыху было падмарозіла, а ўдзень зноў адпусціла, і ў горадзе, як і да гэтага, зрабілася мокра і брудна.

У дварах яшчэ і сёння прадавалі з машын мокрыя, запырсканыя гразёю навагоднія ёлкі. Яны, наваленыя адна на адну, паўграваліся ў кузавах і паравалі зараз, нібы сена пасля цёплага летняга дажджу.

Алег ішоў дамоў. Ён спяшаўся пакласці ў дамоўленую схованку падарунак для Вовачкі – маленькага, усмешлівага мядзведзіка, якога купіў раней і ўсё ніяк не мог сунуць за батарэю: пасля той сустрэчы з сынам, якая яго вельмі разнервавала, ён колькі дзён не начаваў дома, а затым і напраўду папрасіўся ў камандзіроўку. Жавейка зразумеў, што жыць у сваёй хаце ён зараз не зможа, і цвёрда надумаў адразу ж пасля Новага года заняцца дужа турботнаю, але патрэбнаю справаю – абменам кватэры.

Ён усунуў руку пад куртку – калматы мядзведзік, сагрэўшыся ля грудзей, нібыта штосьці жывое, грэў зараз і яго самога.

Падыходзячы да свайго дома, Алег адразу ж заўважыў, што ў лейтэнантавай кватэры зусім няма святла, і падумаў: значыць, Новы год яны сустракаюць не тут, а, мусіць, запрошаны куды-небудзь да сяброў.

Ужо добра звечарэла, але на верандзе, не зважаючы на набліжэнне свята, цемру і холад, сядзелі цёпла апранутыя жанчыны – праўда, сёння іх было тут нямнога. Яны, здалёк пазнаўшы суседа, сумна заківалі галовамі, а калі Жавейка праходзіў ля іх, неяк вельмі ж ужо спагадліва і са спачуваннем глядзелі на яго.

І толькі адна – худая, нервовая жанчына з дробнаю цырульнаю завіўкаю, што выбівалася з-пад зімовай хусткі, нібыта радавалася чамусьці і глядзела ў яго бок злацешліва. Алег ведаў, што яна злуецца на ўсіх мужчын, бо ад яе нядаўна збег муж. Усё пакінуў ён – і хату, і нажытае разам дабро, і пайшоў да другой жанчыны, якую кахаў, – пайшоў, у чым стаяў.

Вось гэтая яго высакароднасць і раззлавала яе яшчэ горш: «Няхай, няхай ідзе, паглядзім, як тая подсцілка яму болей, чым я, касцюмаў справіць», – злапомсліва казала яна суседкам і ўсялякую мужчынскую бяду прымала зараз як сваю радасць.

Алег жа адчуваў сябе сёння на дзіва спакойна – мусіць, пакуль была ў яго справа. Ён па-хлапечы лёгка – часам і праз дзве прыступкі – бег уверх па лесвіцы і таму не заўважыў, як апынуўся на сваім паверсе. Узняўся вышэй, да акна. Азірнуўся на Сашкавы дзверы – ля іх стаяла нейкая ламаная скрыня, а ў ёй ляжаў чорны, скручаны, як змяя, у многіх месцах аголены маток проваду, падключанага да электрычнага шчыта: відаць, Тоня прымусіла Сашку рабіць у хаце вялікі рамонт.

Ён прыслухаўся, ці не адкрывае дзе хто дзверы, а потым хуценька, нібы злодзей, запіхнуў мядзведзіка за цёплую батарэю і адразу ж выпрастаўся – нібыта нічога і не рабіў.

Пастаяў крыху, зноў чамусьці прыслухаўся. І вось тут, зрабіўшы галоўную, як яму здавалася, справу, што і вяла яго сюды, і была яго мэтаю, адчуў раптам, які ён самотны і якая навокал яго пустата.

Нават пад курткаю, там, дзе толькі што, прытуліўшыся да грудзей, ляжаў цёплы мядзведзік, таксама было пуста і холадна: Алег, здавалася, напраўду адчуваў зараз, як неіснуючы, золкі і прывідны вецер выстуджвае, нібы птушынае гняздо, нагрэтае вушасцікам месца.

Ён паціху, без ранейшага імпэту спусціўся ўніз і, унурыўшыся, абыякава пайшоў па горадзе – не ведаў куды, не ведаў чаго, а ішоў проста так, каб не стаяць на месцы.

На гэтай золкай вуліцы яму міжволі прыгадаўся дзядзька Піліп, далёкі родзіч, стары і адзінокі чалавек, які ўвесь час ухутваўся ў каўняры і шалікі, нібыта яму заўсёды, нават і летам, у самую спякоту, было холадна. Дзядзька Піліп жыў у Віцебску, быў ужо на пенсіі і, як казалі ў іхняй вёсцы, пад старасць зусім здзяцінеў – гаварыў сам з сабою, сам сабе пісаў пісьмы і кідаў іх у паштовыя скрынкі: дзядзька Піліп прызнаваўся, што яму потым прыемна было іх атрымліваць з поштаю – сапраўдныя, заклееныя, са штэмпелямі – быццам бы і пра цябе вось нехта ўспомніў.

Пад старасць ён пачаў шмат разважаць пра самае запаветнае і сваімі думкамі ахвотна дзяліўся з кожным. Дзядзька Піліп лічыў, што чалавек мінае за сваё жыццё некалькі стадый: час пазнання свету – дзяцінства, пара кахання – юнацтва, пара працы – сталасць і час хвароб – старасць. Кожнаму наканавана прайсці праз усё гэта, каб урэшце ўліцца ў апошнюю, своеасаблівую супольнасць людзей, дзе ўсе роўныя – міністры і конюхі, дырэктары заводаў і прыбіральшчыцы – супольнасць пенсіянераў.

Алег не ведаў, у якой зараз стадыі ён сам, разумеў толькі, што ўжо далёка ад свайго дзяцінства і што старасць – час хвароб – таксама для яго яшчэ няблізка, але гэта не дужа суцяшала: яму, як і дзядзьку Піліпу, было адзінока і холадна.

Сустракаць разам Новы год яго запрашалі многія, але ён ад усіх запрашэнняў адмовіўся. Адчуваў, што як бы яму ні было хораша і весела ў сямейных, ды нават і не ў сямейных кампаніях, усё роўна недзе ў глыбокую ноч ён акажацца лішні ўсім, застанецца адзін – нават несямейныя к таму часу неяк неўпрыкмет перазнаёмяцца, падзеляцца на пары, а ён шукаць сабе пару пакуль што не збіраўся. І яшчэ ён адмаўляўся ад запросін, бо яму здавалася, што ў гэтую навагоднюю ноч павінен быў здарыцца нейкі цуд. Ён настойліва чакаў гэтага цуду, але, калі пабачыў цёмныя вокны ў лейтэнантавай кватэры, зразумеў, што чакаць чаго-небудзь незвычайнага і спадзявацца на нейкую радасць яму, відаць, не выпадае.

Усюды ўжо рыхтаваліся да сустрэчы Новага года. Вокны ў дамах свяціліся зырка і весела. Асабліва светла было ў залах і на кухнях: на кухнях гаспадыні спяшаліся са святочнаю вячэраю, – відаць, рэзалі хлеб, раскладалі на талеркі закусь, а ў залах ужо сядзелі прычасаныя госці – чакалі, калі іх нарэшце запросяць за стол. Усюды, як зоркі на зімовым небе, весела мігцелі электрычныя агні на ёлках, сноўдаліся сюд-туд узбуджаныя людзі, мусіць, іграла музыка. Ля студэнцкіх і рабочых інтэрнатаў, якія трапляліся яму па дарозе, было светла, як удзень. З ярка асветленых вокнаў святло шчодра лілося на вуліцу – у інтэрнатах усе вокны свецяцца нават і ў звычайны, будзённы дзень, а ў свята, здавалася, што шыбаў у іх яшчэ большала – і Жавейку недарэчы, назойліва муляла чамусьці думка, што тут светла, як на пажары.

На вочы трапіліся кідка асветленыя вокны рэстарана, і ён зайшоў на святло. Нават сам не заўважыў, як гэта адбылося: толькі што халадзеў на восеньскай вуліцы, а ўжо стаіць у душнай і светлай зале. Гучна, аж нічога не чуваць, іграў аркестр, танцавала моладзь – хлопцы і дзяўчаты так торгаліся, так махалі рукамі, што здавалася, быццам яны пілуюць дровы. Неяк збоку ад усіх, заняты толькі сабою, торгаўся, бессаромна вібрыраваў увесь зверху ўніз нейкі ці то п’яны, ці то вар’ят – па тым, як закочваліся яго вочы, як крывіліся губы, як торгаліся рукі, было відаць, што ў гэтым ягоным трансе было нешта нездаровае.

Жавейка зморшчыўся і зноў выйшаў на вуліцу, у халодны і мокры вечар.

Алега не здзівіла, калі ён, падняўшы галаву, убачыў раптам, што стаіць на прывакзальнай плошчы, – апошнім часам вакзал стаў для яго нібыта сваім клубам, куды ён звычайна прыходзіў знерваваны, раззлаваны, засмучаны, каб згубіцца ў кішлівай мітусні, удыхнуць крыху людскога руху, заразіцца чалавечай заклапочанасцю і паспешлівасцю, ды гэтак, між людзей, забыцца на сваю бяду. Людскі натоўп, што віраваў навакол, увесь час мяняўся, ён не стамляў сваёй аднастайнасцю, і на душы ў Жавейкі паступова спакайнела.

На вакзале было яшчэ больш тлумна, чым заўсёды: усе спяшаліся, усе хацелі паспець хутчэй дадому, каб не толькі сустрэць Новы год, але каб хапіла часу збольшага правесці і стары. Людзі, здавалася, таўкліся бязладна, без асаблівай на тое патрэбы, а разам з усімі тоўкся і ён: калі б Алег мог зірнуць на сябе збоку, то заўважыў бы, што сама настойлівей лез усюды ён сам – быццам яму больш за ўсіх карцела хутчэй некуды ехаць. Пазней народу на вакзале стала зусім мала – многія з тых, што таўкліся ля кас яшчэ нейкіх пару гадзін назад, мусіць, сядзелі ўжо за святочнымі сталамі і, расчырванелыя з дарогі, паспешліва чокаліся і пілі за стары год, а тыя, што засталіся тут, відаць, ужо страцілі ўсялякую надзею паспець куды-небудзь у застолле і таму сноўдаліся сюд-туд ціхія і спакойныя.

Калі да Новага года заставалася з паўгадзіны, Алег, спяшаючыся, купіў білет на нейкі бліжэйшы поезд – яму было ўсё роўна, куды ён ідзе, – і ўскочыў у тамбур, калі цягнік ужо крануў вагоны, і тыя, мякка парыпваючы, паволі набіралі ход: ён ведаў, што людзі ў дарозе, як і ў бядзе, часцей за ўсё ласкавеюць, у іх адкрываецца невідомая да гэтага дабрата; што свята, якое заспела ў дарозе, яднае незнаёмых між сабою спадарожнікаў, і яны робяцца такія шчырыя і зычлівыя, нібы дужа даўнія сябры.

Правадніца здзівілася, што чалавек едзе з пустымі рукамі – у яго нават якой авоські не было з сабою, але білет пасажыр меў сапраўдны, і яна саступіла, адхінулася, каб прапусціць яго ў вагон.

Вагон быў амаль пусты – рэдка на якой лаўцы ў ім сядзелі людзі. Алег выбраў сабе, здавалася, зусім незанятае купэ, смела ўвайшоў у яго і толькі тады ўбачыў, што там ужо ёсць пасажырка. Дзяўчына сядзела ў самым куточку, і за перагародкаю, пакуль не зайшоў, яе не было відаць. Жавейка здзіўлена спыніўся, але паварочваць назад ужо было няёмка, і ён рашуча падышоў бліжэй, павітаўся і сеў за столік – якраз насупраць дзяўчыны.

Яна чытала кніжку. Яе доўгія, белыя, як лён, валасы пасмамі спадалі на столік, захіналі дзяўчыне вочы і, мусіць, заміналі чытаць.

Алег яшчэ раз уважліва зірнуў на суседку, і яго ажно скаланула ад успаміну: яму здалося, што тое, даўняе, паўтараецца зноў.

Як тады – дзяўчына за столікам, як тады – кніжка перад ёю, як тады – даўгія, разабраныя на дзве пасмы, валасы, што засланяюць вочы, замінаюць чытаць. І як тады – вагон, цягнік, дарога.

Гарачая, тугая хваля ўдарыла яму ў галаву, і ён, не помнячы сябе, не разумеючы, што робіць, як тады, нахіліўся над сталом, ласкава дакрануўся рукамі да белых валасоў і, адхінаючы пасму з вачэй і закладаючы яе за вуха, як тады, сказаў:

– А вы прыгожая.

Да другой пасмы ён не паспеў дакрануцца. Дзяўчына спачатку сцялася, нібы птушка, якая хоча ўзляцець, нягледзячы на тое, што ў яе звязаныя крылы, потым падхапілася, халоднаю далонькаю – так, так, халоднаю: ён і зараз помніць, што яна была дужа халодная – пляснула яму па шчацэ, раззлавана перасмыкнулася, нібы атрасаючыся ад нечага брыдкага, і закрычала:

– Хам! Пашляк!

I пакуль Алег спрабаваў зразумець, што ж, урэшце, здарылася, дзяўчына хутка, як вецер – толькі прашамацела побач адзенне – вылецела адсюль, і яе абцасікі ўжо раздражнёна, сярдзіта грукалі за сценкаю ў суседнім купэ.

Яму было прыкра, што такое ўвогуле здарылася, прыкра за сябе, што не стрымаўся, за дзяўчыну, што прыняла яго за пашляка і спакусніка: а дзе ж дзенешся, прымеш – не паспеў чалавек сесці, а ўжо дае рукам волю, гаворыць нейкае банальнае глупства.

Ён злаваўся на сябе, хадзіў па купэ, думаў, як растлумачыць дзяўчыне свае паводзіны, не ведаў, што яму рабіць далей, і таму вельмі ўзрадаваўся, калі раптам пачуў гучны, прыемны бас:

– Людзі, дзе вы ўсе! З Новым годам!

Жавейка выглянуў з купэ і ўбачыў, што на праходзе з бутэлькаю шампанскага ў руках стаіць высокі, паважны мужчына – ужо крыху лысаваты, але гэтая лысіна якраз не замінала яму быць сімпатычным. Са сваіх клетак-купэ паказаліся – хто толькі высунуў галаву, а хто і сам таптаўся ўжо на праходзе – астатнія людзі (маўляў, хто ж гэта там крычыць?), і тады стала відаць, што іх не так ужо і мала едзе ў вагоне.

– Ого, дык нас жа цэлае застолле, – павесялеў мужчына і, усё трымаючы ў руках бутэльку, прайшоў крыху ўперад. – А ці не пара ўжо нам сустракаць Новы год.

Людзі, якія да гэтага сядзелі ціха, кожны сабе, радасна загаварылі, зашумелі, заварушыліся – ім спадабалася, што знайшоўся нарэшце чалавек які, мусіць, зможа што-кольвек прыдумаць, каб гэтая навагодняя ноч не стала для іх сумнаю і нуднаю.

Алег зірнуў на гадзіннік: было ўжо без дзесяці хвілін дванаццаць.

Людзі сабраліся ў купэ, якое выбраў усё той жа лысавата-прыгожы арганізатар. Кожны прынёс тое, што ў каго было, і, трэба прызнацца, імправізаваны стол у іх атрымаўся неблагі: на ім была і вяндліна, і балычок, і ўжо нарэзаная і накладзеная на скібачкі хлеба сухая каўбаса – яе прынесла дзяўчына, якую ён міжволі абразіў, – і яблыкі, і цукеркі. Вузенькага стала не хапіла, і таму закусь паклалі нават на верхнія лаўкі, на суседні столік, што быў насупраць, за праходам, пры акне.

У самым цэнтры горда ўзвышалася бутэлька шампанскага, якую паставіў арганізатар свята і яго самазваны тамада, побач, выцягнуўшы шыю, зелянела пляшка сухога віна, збоку сціпла стаяла чацвярцінка гарэлкі – яе і не відаць было за шырокімі спінамі пузатых бутэлек, – а з дальняга купэ нейкі кульгавы дзядзька, відаць, вясковы, не здымаючы з галавы шапкі-вушанкі, нёс сюды яшчэ паўлітру самагонкі, заторкнутую вялікім, зробленым з газеты, заткалам.

Алегу было няёмка, што ён нічога не дадаў да агульнага стала, што прыйшоў сюды з голымі рукамі. Гэта, відаць, заўважыў тамада і ласкава падштурхнуў яго:

– Чаго муляешся – праходзь, праходзь. Сядай.

На лаўцы знайшлося вольнае месца – якраз побач з той жа белавалосаю дзяўчынаю, якая і тут трымала ў руках кніжку, – ён сціпла сеў каля яе і адчуў, як дзяўчына ад гэтага грэбліва перасмыкнулася.

– Чакай, мы табе зараз добрую работу дадзім, – каб Алег не пачуваўся тут, у застоллі, лішнім, адразу далучыў яго да кампаніі тамада. – Будзеш наліваць чаркі.

Правадніца прынесла шклянкі, людзі дасталі свае кубкі, кварты, адкруцілі крышкі ад тэрмасаў. Гаваркая, дзябёлая цётка раптам заікнулася, што вязе новыя крыштальныя чаркі ў падарунак сваякам, і ўсе адразу закрычалі: «Давай іх сюды! Абновім».

Наліваць Жавейку было лёгка. Кожны браў з яго рук бутэльку, казаў: «Я сам» – і наліваў альбо з яе, альбо даставаў са стала тое, што яму падабаецца, ці тое, што яму льга было піць.

Застолле сабралася так хутка, што яны паспелі яшчэ выпіць і за стары год, як звычайна, успомніўшы, што ён быў добры, – Алег таксама выпіў разам з усімі, хаця яму год, які мінаў, нічога, апрача непрыемнасцей, не прынёс. Потым хуценька налілі яшчэ, і роўна ў дванаццаць гадзін зноў зазвінелі чаркі. Найбольш звінелі, вядома, крыштальныя – жанчына, відаць, не радая, што прагаварылася пра іх, адно спалохана прасіла: «Вы ж цішэй чокайцеся, а то паб’яце – чуеце, як звіняць?», а тамада, смеючыся, супакойваў яе: «Няхай звіняць! Чаркі ж і зроблены, каб звінець. Нідзе яны не дзенуцца – вытрымаюць».

За Новы год Жавейка выпіў ужо з большаю ахвотаю, бо Новага года ён пакуль не ведаў, – яго яшчэ трэба было пражыць. Алег не загадваў наперад, што яму той прынясе – радасць ці зноў гора, але ўсё ж пакідаў сабе спадзяванні на лепшае.

Усе выпілі, разгаварыліся. Сядзелі, жартавалі, смяяліся, і каму-небудзь збоку магло здацца, што ўсе гэтыя людзі – адна кампанія, якая едзе ў адно месца і ў якой усе ведаюць адно аднаго даўно, хаця і блытаюць часам імёны. А людзі тут жа знаёміліся, тут жа забывалі, як каго завуць, і Таню называлі Маняй, а Колю – Лёнем, але ніхто за гэта ні на кога не злаваўся – наадварот, ад такой несянеціцы ў вагоне рабілася толькі весялей.

Усім было тут хораша, таму людзі не разыходзіліся па сваіх купэ. Нават калі спаражнілі ўсе бутэлькі, паелі ўсю закусь, усё роўна ніхто і не думаў уставаць – сядзелі і дружна гаварылі, жартавалі. Падсмейваліся з дзядзькі ў зімовай шапцы – ён так і не зняў яе, – які прынёс бутэльку самагонкі: «Ідзі пашукай у сваёй торбе – там у цябе яшчэ адна пляшка павінна быць», на што дзядзька бажыўся: «Яй жа Богу, няма»; пацвельваліся з жанчыны, якая беражна загортвала ў паперу свае абноўленыя чаркі, на якіх і пасля абнаўлення засталіся фабрычныя наклейкі: «Пачакай, што ты робіш? А раптам зноў спатрэбяцца? Яны ж дужа хораша звіняць!»; нехта нават падаў дзіўную думку: «А давайце кожны Новы год так сустракаць», але на яго замахалі рукамі: «Што ты! Што ты!», і нават сам тамада запярэчыў: «Не, кожны год так не атрымаецца».

Пра свае купэ і свае рэчы – чамаданы, авоські, партфелі – людзі ўспаміналі толькі тады, калі пад’язджалі да сваіх станцый, хутка, але цёпла развітваліся з усімі, бегма хапалі рэчы і выскоквалі з вагона.

I выскачыўшы, не спяшаліся адразу ісці дадому ці ў госці – стаялі на пероне і доўга, аж пакуль не кранаўся цягнік, махалі рукамі сваім новым знаёмым.

Застолле ўсё радзела і радзела – людзі выходзілі, а новых пасажыраў на маленькіх, сонных станцыях і раз’ездах ужо не было. Амаль апошнім развітаўся сам арганізатар гэтага навагодняга свята ў цягніку, і яны ў купэ засталіся толькі ўдваіх: Алег і тая самая белавалосая дзяўчына з кніжкаю, з якою ў яго на самым пачатку выйшаў канфлікт. Дзяўчына адразу ж перасела на суседнюю лаўку, яны абое амаль адначасова пасунуліся да акна – і зноў апынуліся адно супроць другога. Да гэтага, хоць і сядзелі побач, – нават іхнія рукі дакраналіся адна да адной, нават чаркі ў агульным тлуме сустракаліся таксама, – усё ж між сабою яны не гаварылі.

Маўчалі яны і зараз. Дзяўчына паспрабавала чытаць, але святло ў вагоне было кепскае, таму яна хутка загарнула кнігу, адклала яе і ўгледзелася ў акно.

І зараз яна вельмі ж была падобная на Тоню: толькі крыху худзейшы твар і святлейшыя валасы.

– Хочаце, я раскажу вам казку, – нясмела паспрабаваў загаварыць з ёю Алег.

Яна недаверліва ўзняла на яго вочы, бровы, нібы крылы ў той птушкі, што спрабуе ўзляцець, падняліся ўверх, здзіўлена паглядзела – ну, ну, якую ж яшчэ казку можа расказаць гэты пашляк? – і нічога не адказала. Але Жавейка і без слоў зразумеў, што яна будзе яго слухаць.

– Я тады служыў у арміі і ехаў дадому ў водпуск, – пачаў ён. – У купэ, за столікам, якраз вось так, насупраць мяне, сядзела прыгожая белавалосая дзяўчына і, як вы, чытала кніжку.

І Алег расказаў пра тое сваё знаёмства з Тоняй, расказаў шчыра, нічога не тоячы: і як спадабалася яму дзяўчына, і як ён адхінуў з яе вачэй валасы, і як сказаў ёй: «А вы прыгожая», і як яна адказала: «А вы смелы», і як студэнты крычалі ім: «Горка!», і як яны потым пажаніліся.

– І вось убачыў раптам вас, – белавалосую, за столікам над кнігаю – і мне здалося, што ўсё тое паўтараецца зноў. Таму я, нібы ў сне, не разумеючы, што раблю, палез адхінаць і вашы валасы. Даруйце, – закончыў Алег сваю казку.

Ён не глядзеў на дзяўчыну, але адчуваў, што яна з прыцемненага кутка ўважліва сочыць за ім – не ведае, верыць ягонаму прызнанню ці не; у яго словах адчувалася праўда, але ж таксама закрадвалася і сумненне: а ці не чарговы гэта ход залётніка?

– А дзе ж ваша жонка зараз? – халаднавата спыталася яна.

– Зараз я халасцяк.

– Вы развяліся?

– Не, яна пакінула мяне. – Гэтае малое і, як яму здавалася, зусім наіўнае яшчэ дзяўчо выклікала ў яго нейкі дзіўны давер, і ён гаварыў ёй шчыра, не маніў: – Яна пайшла ад мяне, а на стале пакінула запіску: «Жыві як хочацца». Вось я і спрабую жыць, як мне хочацца.

– І што – вам падабаецца вось так сустракаць Новы год?

– Лічыце, што падабаецца.

– А мне не, – сумна прызналася яна, памаўчала крыху, а затым дадала: – Новы год, мне здаецца, не дарожнае, а хатняе, сямейнае свята.

Дзяўчына, відаць, паверыла ў шчырасць гэтага дзіўнаватага чалавека, з якім не так даўно нават пасварылася, і расказала яму пра сябе.

Наташа, так звалі яго спадарожніцу, працавала афіцыянткай у рэстаране, сябравала з прыстойным хлопцам, таксістам Жэнечкам, – ён часта прыязджаў па яе пасля закрыцця рэстарана і адвозіў дадому. Яны дамовіліся разам сустракаць сёлета Новы год, Наташа папрасілася, каб яе вызвалілі ад працы ў навагоднюю ноч, але якраз сёння – ой, даруйце, ужо ўчора – даведалася, што ў Жэнечкі яна не адна: другой сваёй каханай, выхавальніцы дзіцячага сада, ён нібыта паабяцаў нават хуткае вяселле. Калі прыехаў Жэнечка, яна насварылася, накрычала на яго, а пасля расплакалася ад крыўды, што не стрымала сябе, і вось нечакана апынулася ў гэтым цягніку, які ішоў у бок ціхага, непрыкметнага гарадка, дзе жыла Наташына мама.

Шчыра прызнаўшыся адно аднаму ў сваіх крыўдах, яны нібыта сталі між сабою больш блізкія, уважлівыя, як радня – праўду кажуць, што гора заўсёды радніць людзей і абуджае ў іх дужа дарагое для чалавецтва пачуццё, на якое сёння, здаецца, ёсць дэфіцыт, – абуджае спагадлівасць.

Алег бачыў, як Наташка, амаль дзяўчо яшчэ, з нейкай не зусім знаёмай і ёй самой мацярынскай адданасцю спрабуе супакойваць яго – што ж, інстынкт мацярынства ў бядзе абуджаецца, відаць, перш за ўсё, – і яму было трохі смешнавата ад яе клопатаў, але ж было і хораша, бо ён адчуваў, што ўсё гэта яму падабаецца.

У Наташыным гарадку – поезд далей не ішоў – яны выйшлі з вагона. Было холадна, падаў мокры снег. Яны доўга хадзілі па начным і бязлюдным пероне. Наташка ўжо хацела вяртацца разам з ім назад, але ён адгаварыў малую:

– Ну што ты! Калі прыехала ўжо сюды, дык абавязкова зайдзі да маці: парадуй яе ды і сама адпачні крыху.

Дзяўчына запрашала яго дадому, толькі Алег адмовіўся: не хацеў, каб падзеі разгортваліся так імкліва.

Наташка дачакалася цягніка на Мінск, і калі Алег сеў у вагон, памахала яму рукою і пайшла да выхаду ў горад.

Вагон быў пусты. Алег, як толькі сеў да акна, адразу ж расслабіўся і адчуў, што падсвядома шкадуе, што не правёў Наташку да яе бацькоў. Успомніў, што нават не запісаў Наташынага адраса, і зашкадаваў яшчэ болей. Але тут жа ўсміхнуўся: навошта яму адрас – ён жа ў любы час можа знайсці яе ў рэстаране. Аднойчы ён ужо вось так знаёміўся з дзяўчынаю.

У аўтобусе. Калі ехаў у камандзіроўку ў Лепель. Дзяўчына была шчырая, простая, яны адразу знайшлі пра што гаварыць, адразу з паўслова зразумелі адно аднаго, з ёю яму – адчуваў, што і ёй з ім таксама, – было лёгка і хораша, нібы яны даўно ўжо сябравалі. Яна таксама ехала да Лепеля, ён памог ёй вынесці чамаданы, пазнаёміўся з яе бацькамі, якія на аўтастанцыі чакалі дачку, – такімі ж шчырымі і гаваркімі людзьмі. Яны запрашалі да сябе дадому, але Жавейка адмовіўся і, спяшаючыся, развітаўся з імі – ён тады ўжо быў жанаты на Тоні, яны чакалі Вовачку, і блудаваць тут Алег зусім не збіраўся. І толькі пасля, страціўшы Тоню, ён часта ўспамінаў тую дзяўчыну з Лепеля – чамусьці яму здавалася, што з ёю яны маглі б жыць душа ў душу. Хто яго ведае, як бы яно было на самай справе, але, хоць і прайшло столькі часу, ён усё яшчэ шчыра шкадаваў, што не запісаў яе адраса.

І вось – Наташа. Зноў нешта радаснае і ў той жа час крыху трывожнае.

Алег сцішыўся, заплюшчыў вочы, і нейкія спакойныя, хоць і не дужа вясёлыя думкі, як хвалі, няспешна накотваліся на яго.

Хто перад табою сядзеў вось тут, у гэтым вагоне, за гэтым сталом? Куды ён ехаў? Што думаў? Што гаварыў? Можа, ён бесклапотна смяяўся, а можа, несуцешна плакаў? Можа, ехаў з вяселля? Ці вяртаўся з пахавання, і ў яго вушах усё яшчэ стаяў той жахлівы грукат мёрзлай зямлі аб века толькі што апушчанай у яму труны? А можа, той, што ехаў перад табою, як і ты, рабіў такую ж марную справу – уцякаў ад самога сябе?

Задумаўшыся, Алег не заўважыў, як заснуў. I прачнуўся толькі ў Мінску – і то не сам, а яго раскатурхала правадніца:

– Ну і спіцё. Ледзь дабудзілася.

Мінска Алег не пазнаў: ён быў светлы, чысты, нібы прыбраны – уначы тут выпаў снег, які ляжаў зараз усюды і на ўсім, за што толькі можна было зачапіцца: на дахах, на карнізах, на падаконніках, на дрэвах, на правадах.

Горад, навесяліўшыся, натанцаваўшыся, насмяяўшыся і, вядома ж, стаміўшыся ля навагодніх ёлак і ў святочных застоллях, не зважаючы на тое, што ўжо даўно разаднела, усё яшчэ спаў моцным, неабудным сном – як вымер усё роўна. Некаторыя, відаць, угаманіліся толькі пад раніцу – паспрабуй іх зараз дабудзіся! – але і тыя, што леглі раней, спалі таксама бесклапотна: нават гаспадыні не спяшаліся ўставаць, бо сёння ж яшчэ свята ды і рупіцца пра сняданак асабліва не трэба – навагодні стол заўсёды бывае такі шчодры, што яго хапае і на другі дзень.

Як толькі Алег выйшаў з вагона, у нос яму рэзка ўдарыў пах свежага снегу: ён казытаў ноздры, і Жавейку ад гэтага ўвесь час хацелася чыхнуць.

Алег пайшоў пехатою. Ён, не спяшаючыся, рыпеў па ціхіх і бязлюдных вуліцах, па яшчэ не расчышчаных тратуарах, і яму падабалася першым пракладаць след па гэтай нечапанай белізне, чуць, як пругка мнецца пад чаравікамі свежы, макраваты, не схоплены яшчэ марозам снег, удыхаць яго чысты і ўжо амаль забыты падчас зацяжной восені пах – Алегу здавалася, што малады снег пахне як свежавымаражаная бялізна, і гэты пах нібы вяртаў яго ў дзяцінства, калі маці ўносіла ў хату з марозу залубянелыя просціны і сарочкі, якія да гэтага, пазвесіўшы да самых сумётаў нягнуткія полы і рукавы, шаргацелі на халаднаватым ветры.

У горадзе было бела і светла, і ён – шэранькі, у сваім лёгкім асеннім адзенні: у скураной кепачцы, цененькай куртачцы, нават без шаліка – выглядаў у гэтай раптоўнай зіме неяк недарэчна і непраўдзіва і, відаць, у кожнага, хто бачыў, як ён соўгаецца па глыбокім снезе, мог выклікаць толькі адно пачуццё – шкадаванне.

Яму ж самому было на дзіва хораша. Гэты нечаканы снег сам сабою ўзварушыў яго радасць, падняў настрой і нібы асвятліў душу, у якой ужо за час адзіноты сабралася столькі цёмнай крыўды, змрочнасці і непрытульнасці.

Гэтая дзіўная навагодняя ноч у вагоне, гэтыя міражныя знаёмствы, якія ўжо нават зараз успаміналіся толькі як цікавы сон, гэты белы снег, які, нібы падарунак, усцешыў яго, – усё як бы пацвярджала, што і ноч, і снег, і горад, які ў снезе стаў такі незнаёмы, былі не напраўду. Здавалася, што і сам ён, нібы ў жарце якога чараўніка, перанесены ў невядомы яму свет – прывідны, часовы і нетрывалы – і варта толькі Алегу прачнуцца, як усё гэта разбурыцца, знікне, і ён зноў астанецца сам-насам са сваімі невясёлымі думкамі.

Яны ж, калі гаварыць шчыра, не пакідалі яго і зараз – гэта ён проста лгаў сабе, стараўся самога сябе заспакоіць, што яму, маўляў, не так ужо і кепска. Але чым бліжэй падыходзіў да свайго дома, тым больш разумеў, што ні ў які іншы свет не пераносіўся, што, як заўсёды, ён тут, на зямлі, у рэальным жыцці. I гэтая рэальнасць неадольна, нястрымана насоўваецца на яго, як і вось гэты навагодні дзень, які ўвесь яшчэ наперадзе і які яму трэба нечым запоўніць.

Ён разумеў, што ад рэальнасці нікуды не ўцячэш, бо яна – гэта ж і ёсць ты сам. А куды можна ўцячы ад самога сябе?

Яго рэальнасць была халодная. Алег ведаў, што вось вернецца ён дадому, увойдзе ў сваю хату, і яна сустрэне яго пустатою, у якой гулка адбіваюцца – аж стукае ў скроні – крокі. Ён ведаў яшчэ, што самыя блізкія яму – пасля маці і бацькі – людзі будуць якраз не дома, а паверхам вышэй, будуць хадзіць там па сваёй падлозе, а па ягонай столі (падлога і столь, аказваецца, адно і тое ж!), а ён, нібы вар’ят, будзе ўважліва прыслухоўвацца да крокаў, каб разабраць, куды пайшла яна ці куды пабег Вовачка: на кухню, у спальню або ў ванную.

На верандзе яшчэ не было жанчын-заўсёдніц, і Алега гэта ўзрадавала, бо ён не любіў, калі яго пільна, ва ўпор, як гэта ўмеюць каляпад’ездныя жанчыны, разглядаюць. Усё роўна таропка прайшоў веранду, падняўся на свой паверх. Хацеў ужо адчыняць дзверы, але крыху пачакаў, потым, быццам успомніўшы нешта, падняўся вышэй, да акна, і засунуў руку за батарэю: цеплыня ўгрэтай поўсці мядзведзіка адразу нібы схапілася за яго халодную далонь – яму нават падалося, што мядзведзік узрадаваўся, пазнаўшы знаёмую руку.

Мядзведзік быў на месцы. Значыць, альбо яны яшчэ не вярнуліся з гасцей, альбо Вовачка забыўся на дамову з бацькам і не дастаў падарунка са схованкі.

Алег спусціўся на сваю пляцоўку, адамкнуў дзверы і, зайшоўшы ў хату, адразу ж прыслухаўся.

Над ім ніхто не хадзіў. У лейтэнантавай кватэры было ціха-ціха. Скінуўшы куртку, ён пайшоў на кухню і заварыў сабе свежага чаю. Бяздумна сядзеў за сталом і абыякава адпіваў з кубка гарачы напітак. Потым злавіў сябе на думцы, што сядзіць ён усё ж не абыякава, а ўвесь час прыслухоўваецца да столі – ці не затупае там хто?

Раней Алега раздражнялі гэтыя крокі над ім, а зараз ён адчуў, што яго яшчэ болей раздражняе глухая цішыня наверсе.

Пасля ён доўга стаяў тут жа на кухні, ля акна, якое выходзіць на сельгаспасёлак і ля якога заўсёды хораша маўчалася і думалася: з гэтага боку горада нібы не было, а драўляныя, як сялянскія, хаты з агародамі і садамі напаміналі яму вёску.

Неба на ўсходзе пасля начнога снегападу крыху пасвятлела. Быццам нехта ад самага небасхілу пачаў маляваць яго белымі фарбамі, але хутка стаміўся: вышэй пайшлі ўжо толькі асобныя палосы, яны былі ўсё радзей і радзей, а потым і зусім зніклі.

Вецер каціў па снезе нейкую шэрую паперыну: яна, здавалася, была жывая, бегла, нібы тое сабачанё, часта спынялася, да нечага прынюхвалася і зноў, віхляючы, спяшалася наперад.

Снег зусім змяніў сельгаспасёлак: Алег глядзеў на яго і нібы не пазнаваў. Увосень мокрыя, аж чорныя дрэвы, якія, здавалася, прадажджаваліся наскрозь, мокрыя і чорныя хаты, платы, веснічкі зліваліся з цёмна-бураю, набраклаю зямлёю ў агародах і з чорнай – яна аж ільснілася і блішчала ад чарнаты – гразёю на вуліцах, і ўсё гэта ўтварала адну густую, непраніклівую, чорна-бурую пляму, у якой нельга было нічога адрозніць. Нават агні, якія ўвосень запальваюцца дужа рана (яны загараюцца заўсёды знянацку: сядзіш вось так у вечаровым прыцемку, глядзіш у акно, быццам чакаючы чагосьці, і раптам аж уздрыгнеш ад неспадзяванасці – глухая цемра перад табою нібыта парвецца ў многіх месцах, і праз вострыя дзірачкі ў ёй успыхнуць тысячы агеньчыкаў – як насее іх хто), дык вось нават гэтыя агні не могуць асвятліць восеньскі вечар; яны будуць калоцца ў вочы, але на вуліцах не стане ад гэтага святлей.

Сёння сельгаспасёлак быў іншы. Снег нападаў на дахі дамоў, на стрэшкі франтонаў, на ліштвы вокан – нібы знарок хацеў падкрэсліць іх формы, – і зараз ужо вельмі выразна кідаліся ў вочы белыя паралелаграмы стрэх і дахаў: нават адсюль можна было палічыць, колькі хат у пасёлку, колькі гаражоў, сабачых будак, колькі агародаў ля хат і нават колькі ў каго дрэў стаіць у гэтых агародах.

Цемра з’ядноўвала ўсё, снег паправіў яе – раз’яднаў. І адразу сталі бачны, нібы праявіліся, вуліцы, двары, кварталы.

І яму вельмі захацелася вось зараз, не адкладаючы, пахадзіць па вясковых вуліцах аснежанага сельгаспасёлка.

Спяшаючыся, зноў апрануў куртку і выйшаў з хаты.

На верандзе ўжо сядзелі жанчыны. Між імі была і Лена – «суседка злева». Ля яе ківаўся муж. Ён п’янавата дзёўбаў носам, і таму было незразумела, ці то яны вяртаюцца адкуль з гасцей, ці, наадварот, толькі яшчэ збіраюцца ў госці, а муж пакуль што не праспаўся ад учарашняга.

Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.