Kitabı oku: «Дом для адзінай»

Серыя «Сучасная проза» заснавана ў 2024 годзе
© Дудзюк З. І., 2025
© Афармленне. ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2025
* * *
1
Хлопец вяртаўся з вайны, на плячы нёс амаль пусты заплечнік. Ногі, абутыя ў чаравікі і абматаныя анучамі, бадзёра абміналі лужыны. Полы шыняля ён падгарнуў пад пасак, каб не мачыліся. Снегу сёлета было шмат, але да гэтага часу амаль увесь паспеў растаць, толькі там-сям пад платамі ляжалі яшчэ пачарнелыя гурбачкі, дажывалі апошнія дні, зліваліся з зямлёю. Гледзячы на іх, былы франтавік міжволі прыгадаў сваіх палеглых аднапалчан, якія гэтак жа недзе ператвараюцца ў прах без трунаў, а найчасцей і без магіл. Забітыя ці атручаныя газам, яны засталіся ляжаць далёка ад родных мясцін. Шмат разоў кляўся не ўспамінаць жахі вайны, а яны зноў і зноў паўставалі ў памяці. Цешыла тое, што яму пашанцавала выжыць, і цяпер вяртаўся да бацькоў, а таму хацеў, каб і галава ягоная стала такою ж пустою, як заплечнік: нічога і нікога не згадваць, ні пра што не шкадаваць, ні ў чым сябе не вінаваціць. Карцела хутчэй абняць родных, нацешыцца спакоем, заняцца звычайнаю сялянскаю справаю. Паабяцаў сабе, што першага сустрэчнага вяскоўца абдыме і пацалуе ад радасці толькі за тое, што атрымае прывітанне на роднай гаворцы. Бацька пісаў, што сястра Хадоска выйшла замуж за хлопца з Рудні, там і жыве з ім, а самая старэйшая Гарпіна не спяшаецца, усё перабірае, сватоў адпраўляе ні з чым, мабыць, даседзіцца, што ўрэшце застанецца старою дзеўкаю. Паведамляў таксама і пра малодшых брата Алёшу і сястру Таню, што яны прыкметна падраслі і дапамагаюць па гаспадарцы. На франтавых мітынгах розныя агітатары абяцалі, што людзям раздадуць панскую зямлю. Цікава, ці будзе што рабіцца ў родных Чаплічах, ці гэта толькі абяцанкі-цацанкі?
Дарога да бацькавай хаты пралягала праз вёскі, што выцягнуліся на высокім правым беразе Дняпра. На шчасце, сюды вайна не дакацілася. На вокнах красаваліся вазоны, былі бачныя накрухмаленыя фіраначкі з марлі, але двары заставаліся непраглядныя з-за высокіх варот на магутных шулах і з такімі ж высокімі весніцамі. Вёскі перацякалі адна ў адну, хіба толькі тутэйшыя жыхары і ведалі, да якога павета прылічана тое ці іншае селішча. Недзе далёка, за сотні кіламетраў, у расійскіх гарадах віравала жыццё, руйнаваліся старыя парадкі. Ва ўсіх на вуснах было слова «рэвалюцыя», хоць сярод салдатаў мала хто разумеў, што гэта за падзея такая адбылася. Прыходзілі на фронт агітатары, абяцалі людзям зямлю, волю і рай на зямлі, пасля з’язджалі, а салдаты заставаліся сядзець у акопах і весці доўгую вайну, якая аднолькава набрыдла нямецкаму і расійскаму войскам. З двух бакоў фронту без дазволу генералаў выходзілі салдаты братацца, абменьваліся нейкай дробяззю. Здарылася нагода, што ў германцаў стала зусім блага з харчамі, пэўна, своечасова не падвезлі, тады ўдалося Міхалку выменяць у немца за бохан хлеба выдатную брытву, якою ён з задавальненнем галіўся.
За гэтымі міжвольнымі думкамі-згадкамі хлопец амаль дайшоў да першай хаты сваёй вёскі, тут і сустрэлася яму дзяўчына, што несла вёдры на каромысле. Хлопец яе не пазнаў, падумаў, мабыць, нечая дачка падрасла, пакуль ён ваяваў, але гукнуў весела:
– Здарова была, зямлячка! Чыя будзеш?
– Добры дзень, Паўлава сястра, – паказала яна ў бок хаты свайго родзіча.
– Чаму я цябе раней не бачыў?
– Жыву ў старэйшай сястры ў Засеках.
Хлопец параўняўся з дзяўчынаю, зірнуў у мілавідны твар, у шэрыя вочы, але пацалаваць не адважыўся, а яна між тым патлумачыла:
– Паўлава жонка дачку нарадзіла, дык мяне паклікалі памагчы парадзісе пакуль акрыяе.
– Дазволь спытаць, як завуць цябе?
– Хрысціна, – адказала яна і апусціла вейкі, быццам засаромелася, што спынілася і размаўляе з чужым чалавекам.
– А я – Міхалка Дубровіч. Цяпер будзем знаёмыя.
– З вайны вяртаешся? – са спагадай спытала яна.
– Адтуль… Няхай яна спрахне! Канца ёй не бачна, немцы зноў краіну апанавалі.
– З нашых Засекаў шмат хлопцаў загінула. А табе няхай і надалей шчасціць, – сказала яна і пайшла, асцярожна ступаючы, каб не расплёсквалася вада з вёдраў.
– І табе шчасця, дзякую, што з поўнымі перайшла дарогу, – адказаў ён наўздагон, разважаючы, што намерваўся пацалаваць першага сустрэчнага вяскоўца, хто б там ні быў, дзядзька ці цётка, а сустрэлася незнаёмая дзяўчына – і не адважыўся здзейсніць задуму, цяпер шкадаваў і ўшчуваў сябе за нерашучасць.
Хрысціна несла ваду з-пад гары, менавіта там вяскоўцы капалі калодзежы, бо каля Дняпра было шмат крынічак. Міхалку раптам пацягнула да ракі, тут усяго сотня крокаў улева. Хлопец звярнуў на тую сцежку, па якой толькі што прайшла дзяўчына, мінуў чужы агарод і апынуўся ля бярозак, якія ўзбеглі на вяршыню гары. Адсюль было добра відаць раку і зарэчча. Ажно дыханне перахапіла ад хвалявання і радасці: два гады не выходзіў на гэты бераг. І вось ён, Дняпро, ва ўсёй сваёй невыказнай велічы! Разліўся так, што затапіў старыцу і востраў, толькі там-сям былі бачны верхнія галінкі лазы над вадою. Рака ляжала спакойная, стомленая, чакала сонца, цяпла, каб заззяць у промнях, засвяціцца. Але дзень выдаўся пахмурны, таму і вада выглядала шэрай. За ракою сінеў далёкі лес, з гары добра раскрывалася прастора, аднак вёсак не было відаць. А недзе ж там жыве сястра Хадоска і нават не здагадваецца, што зараз брат думае пра яе і спрабуе ўявіць, як яна пачуваецца ў ролі жонкі. Ён прайшоў па гары, мінаючы высокія кусты ляшчыны і старую дзікую грушку. Наплылі ўспаміны, як у маленстве шнырыў тут з сябрукамі Пецем і Сцёпам у пошуках лузанцаў, ажын, іншы раз і краснагаловіка якога ўдавалася адшукаць пад бярозкамі. Цяпер дрэвы і кустоўе яшчэ былі голыя, а таму здаваліся бездапаможнымі і кволымі. Але ён ведаў, што праз які месяц усё тут зазелянее, зацвіце, зямля прачнецца для жыцця і красавання.
Не хацелася адыходзіць ад ракі, здаецца, стаяў бы тут да ночы, назіраў за наваколлем, але ж карцела хутчэй убачыць родных. Ён вярнуўся ў вёску. На вуліцы было пуста, толькі куры дзе-нідзе грэбліся каля двароў, ды выбег насустрач калматы сабачка і не звярнуў увагі на хлопца. «Куды ўсе падзеліся? – спытаў сам у сябе і знайшоў адказ. – Вядомая справа, гной варочаюць у хлявах. Хутка павязуць на поле». Падумаў так і адчуў, як усё цела прагне працы да стомы, да знясілення, замаркоцілася, седзячы ў акопах. Нават і нямецкага атрутнага газу ўдалося паспытаць, але быў ён салдат паслухмяны, усё рабіў, як загадвалі камандзіры, не рызыкаваў, пры першай небяспецы нацягваў процівагаз, таму і выжыў. Нагледзеўся на пасінелыя трупы смельчакоў, якія не верылі, што нейкі саладкаваты ружовы дымок можа забіць.
Лічаныя крокі засталіся да родных весніц. Вось вялізны куст бэзу ў гародчыку, а за ім – родная хата. Двор пераадолеў за некалькі шырокіх і паспешных крокаў, ускочыў у цёмныя сенцы, адчыніў дзверы ў хату, убачыў бацьку, які, седзячы каля грубкі, плёў кош. Маці на лаве каля акна вязала нешта на прутках, першая заўважыла сына, радасна ўскрыкнула і кінулася насустрач, прыгаворваючы:
– Вярнуўся! Вярнуўся мой Міхалачка! – размазвала па твары слёзы радасці.
Тут ужо і бацька падняўся з зэдліка, адхіліў жонку, падаў руку сыну, абняў, прамармытаў:
– Парадаваў, парадаваў… Мы ўжо тут не ведалі, што думаць. Лістоў няма, ды і паштары не працуюць, быццам жыццё спынілася.
Сын і бацька стаялі насупраць адзін аднаго, высокія і зграбныя, толькі Міхалка танклявы па-юначы, а Мірон шыракаплечы, магутны, як волат, з пышнаю сіваватай барадой і такою ж густою кучмаю хвалістых валасоў на галаве.
– Дык рэвалюцыя, тата, здарылася. Яшчэ вайна з немцамі толкам не скончылася, а ўжо, кажуць, грамадзянская пачалася. Дзякаваць Богу, адпусцілі жывога дадому.
– І добра зрабіў, што вярнуўся! Няма чаго шукаць прыгод на галаву. Няхай ваююць, каму шмат трэба, а мы маем кавалак зямлі, які нас корміць.
– Які ж худзенькі і змарнелы, – завяла скрозь слёзы маці.
– Абы жывы! Распранайся, прысядзь з дарогі, – прапанаваў бацька.
Міхалка кінуў у парог заплечнік, сцягнуў шынель і павесіў на кручок каля дзвярэй, удыхнуў на поўныя грудзі знаёмыя пахі, здалося, што ажно ў галаве завадзіла, сеў на лаву.
– Як жа ты дабіраўся, сынок, немцы, кажуць, зноў аселі ў Гомелі і ў Рэчыцы? – спытала маці.
– Гэта якраз і дапамагло. Немцы наладзілі чыгуначны рух, стараюцца найболей чаго вывезці. Дык я і даехаў на дахах таварнякоў, спачатку – да Мінска, пасля – да Гомеля, а стуль ужо пешкі прыдыбаў.
– І ніхто цябе не затрымаў? – здзівіўся бацька.
– А за што мяне затрымліваць? Зброі пры сабе не маю, а што ў вайсковым адзенні, дык цяпер палова краіны так апранутая.
– Божа мой, колькі бяды на долю нашаму дзіцяці выпала, – зноў заплакала маці.
– А як вы тут жылі? Агітатары на фронце абяцалі людзям зямлю, – пацікавіўся сын.
– Мы пра той дэкрэт таксама чулі, – пасміхнуўся бацька. – Некаторыя рызыканты нават кінуліся дзяліць зямлю пані Бараноўскай, вешкі паставілі, аднак усё дарма. Ты ж чуў, мабыць, што наш уезд немцы далучылі да Украіны, цяпер хахлы кіруюць. Дык і мы хахламі мусім быць на сваёй зямлі ды са сваёю гаворкаю. Улады часта мяняюцца, але кожная ходзіць і патрабуе хлеба, мяса, масла ды сена коням.
– Усялякае войска есці хоча. У каго зброя, у таго і сіла. Як хочуць краіну дзеляць, – уздыхнула маці.
Раптам дзверы шырока расчыніліся, і ўбеглі сёстры з братам, павіслі на Міхалку, абцалавалі, ускудлацілі валасы.
– А я заўважыла, быццам нехта чужы пайшоў у наш двор, калі з Клаўкаю гуляла. Паклікала Гарпіну з Алёшам з хлява, яны там гной дзяўблі, – пахвалілася малая Таня.
– Ого, якая ты вырасла! – здзівіўся Міхалка, паглядаючы на малодшанькую сястру, якая мела гадоў пяць ад роду, падхапіў яе на рукі. – Хутка мяне дагоніш!
– Даганю, – паабяцала малая і абняла брата за шыю, наколькі хапіла дзіцячае сілы.
– Прабачце, родныя, ніякіх гасцінцаў вам не прывёз. Там, дзе быў я, крамы не працуюць, дзяржава кашу дарэмyную варыць і хлеб раздае. На гэтым яе ласка канчаецца.
– Ты для нас – найлепшы гасцінец! Калі не надта галодны, дык мыйся, апранайся ў цывільнае адзенне і пачынай новае жыццё. Калі ж есці хочаш, маці пакорміць, – прапанаваў бацька.
– Дзякую, спярша хачу ў лазню.
Міхалка нават і не ведаў, галодны ён ці сыты. Душу напоўніла радасць сустрэчы, хацелася глядзець на родных, слухаць іхнюю гаворку, распытваць пра навіны ў вёсцы, а найбольш карцела як мага хутчэй змыць з сябе франтавыя ўражанні, боль страт і страх смерці, якія штодзённа віселі над кожным вайскоўцам.
– У такім разе пайду натаплю лазню, а ты рыхтуйся, – сказаў бацька і пайшоў з хаты.
– Сыночак, ты і не ведаеш, мабыць, што твае сябрукі Пеця і Сцёпа палеглі на той вайне. Іхнія маткі так ужо галасілі, як атрымалі паведамленні аб смерці. А найбольш шкадавалі, што не маюць іхнія дзеці магіл. Дзе іх сырая зямля прыняла, невядома. З жывымі не нацешыліся і з мёртвымі не пагавораць.
– Так, мама, шмат людзей скасіла вайна. Пецю і Сцёпу шкада. Зямля ім пухам і царства нябеснае. Даваеннае жыццё мне ў акопах райскім здавалася, – адказаў Міхалка і зірнуў на аціхлых сясцёр і брата. – А вы як пажываеце?
– Звычайна ў нас, – азваўся баском шаснаццацігадовы Аляксей. – Я з татам па дровы ездзіў, лазу нарыхтоўваў. Гарпіна з Таняй маме дапамагаюць.
– А я цэўкі навівала, калі мама на кроснах ткала, – паведаміла Таня.
– Малайчына, – Міхалка прыгладзіў трохі раскудлачаныя валасы чарнявай Тані і падумаў, што малая знешне ўдалася ў маці.
– Такіх майстрыц, як нашы Хадоска ды Гарпіна, яшчэ трэба пашукаць, – не стрывала, каб не пахваліцца дочкамі маці.
– А як наша Хадоска жыве? – спытаў Міхалка.
– Добра, муж яе, Рыгор, – чалавек працавіты, хату будуе. Прыгожая ў іх там мясцовасць. Кругом лес, грыбоў багата ды чарніц, сажалку выкапалі, рыба водзіцца. Спакойная я за яе, а вось Гарпіна мяне турбуе, – пажалілася маці.
– Чаго ты, мама, усё на мяне нагаворваеш? – азвалася Гарпіна.
– Нельга было, каб Хадоска, маладзейшая за цябе, ішла замуж першая.
– Набудуся яшчэ за тым замужам, мне і тут няблага.
– Дзіва што за бацькавай спінаю…
У хату ўвайшоў гаспадар – і спрэчка спынілася.
– Ідзі, сынок, – лагодна сказаў ён, – лазня гатовая.
– Дзякую, – адказаў Міхалка, і ажно сэрца соладка зашчымела ад бацькавай дабрыні, ад радасці сустрэчы з маці, братам і сёстрамі, ад адчування сваёй прыналежнасці да гэтай сям’і, дзе тата, высокі і дужы, строгі і клапатлівы, дзе мама, хударлявая і кволая, але можа быць непахіснаю і адначасова непамерна ласкаваю. Характары сваіх бацькоў ведаў добра, але і сам меў такі ж упарты нораў, а іншы раз сентыментальны.
2
Міхалка толькі адзін дзень палайдачыў, пабыў госцем у роднай хаце, а пасля ўцягнуўся ў працу, як усе сямейнікі. А турбот вясновых хапала ўсім: выдзіралі гной з хлява, складвалі ў кучу, пасля вазілі на агарод і на поле, раскідалі, аралі загоны, рыхтаваліся да пасеву. Што б ні рабіў хлопец, а думкамі вяртаўся чамусьці да нечаканай сустрэчы з Хрысцінай, адчуваў, што патрэбна яму яшчэ пабачыцца з ёю. Наведацца да яе брата Паўла не адважваўся, баяўся паставіць у няёмкае становішча дзяўчыну, ды і самому ніякавата было заявіцца ў чужую хату без папярэдняй дамоўленасці. Нават схадзіў на вячоркі з Гарпінаю. У скокі не кідаўся. Да вайны гэтаму штукарству не навучыўся, а цяпер быццам і позна, ён жа не які блазнюк, а дарослы мужчына. Гарпіну хлопцы на польку не запрашалі (у вёсцы дзяўчына, якой было трохі за дваццаць, лічылася старою), але яна не гублялася, а вытанцоўвала з кім-небудзь з сябровак. Хоць, безумоўна, усе ведалі, якая яна майстрыца прасці, ткаць і вышываць, таму шмат хто з вясковых цётак, можа, хацелі б займець яе за нявестку, але ўсім сватам адмаўляла Гарпіна, чакала некага да сэрца. За той час, пакуль Міхалка быў на вайне, падрасло шмат маладзенькіх і прывабных дзяўчатак, якія з малых гадоў шчыльна далучаліся да працы, а таму ў чатырнаццаць гадоў выглядалі ўжо як дарослыя, апраналіся ў вышыванае даматканае адзенне, на фарбу сялянкі сваім дочкам не скупіліся, ажно стракацела ў вачах ад гожых убораў. Шкада толькі, што большасць была абутая ў лапцікі, а некаторая малеча і зусім босая, мабыць, з’явіліся сюды без дазволу мацярок. Пастаяў Міхалка, паўзіраўся ў гэты гармідар, перакінуўся словам з хлопцамі, але з-за гармоніка і бубна нават уласнага голасу не было чуваць, таму ніхто асабліва да гаворкі не імкнуўся. Больш бойкія хлопцы, аматары паскакаць, кідаліся ў гурт дзяўчат, выцягвалі стуль за руку на круг якую прыгажуню і апантана пачыналі мясіць дол нагамі, астатнія стаялі ўбаку, пакурвалі ды азіралі прысутных, прымерваліся, якую кралю правесці дахаты з вячорак. Міхалка ўсё чакаў, можа, з’явіцца Хрысціна, але дарэмныя былі ягоныя спадзяванні. Да яго прыбілася Гарпіна, разгарачаная пасля полькі, спытала задыхана, абмахваючыся хусткаю:
– Чаго стаіш слупом? Ідзі паскачы з якою.
– Я ж не казёл, каб скакаць, – пасміхнуўся Міхалка. – Адскакаў і адпоўзаў на вайне. Не цікава мне гэта. Прабач, пайду дахаты, заўтра рана ўставаць.
– А як жа ты жаніцца будзеш? Трэба дзяўчыну нагледзець.
– Дасць Бог, неяк ажанюся, паспею той хамут на шыю ўздзець. Бачыш, колькі тут дзяўчат, як гароху, выбар вялікі, ажно вочы разбягаюцца, а хлопцаў мала.
– Хлопец і ў сорак гадоў сабе пару падбярэ, а дзяўчына такой магчымасці не мае.
– Дык падбірай сабе тут пару, а мне да сарака гадоў часу яшчэ шмат, – засмяяўся Міхалка, – узмахнуў рукою на развітанне і пашыбаваў дамоў, думаючы пра Хрысціну.
Сам не заўважыў, як гэтая дзяўчына пасялілася ў ягонай душы, захапіла ўсе яго думкі. Згадваліся яе ясныя вочы, цёмныя валасы, расчасаныя на роўны прадзел, тоненькая постаць, мілы твар, ціхі прыемны голас. Здавалася, зроду не сустракаў прыгажэйшай дзяўчыны. Разважаў, куды яна магла падзецца, чым займаецца, што не знаходзіць магчымасці хоць які вечар пабыць сярод моладзі?
Спраў у гаспадарцы набіралася ўсё больш, пасля пачаўся пост перад Вялікаднем, пра весялосць трэба было часова забыць, усе чакалі свята. Спадзяваўся на гэтыя яскравыя дні і Міхалка. Адчуваў, што недарма паслаў Бог яму сустрэчу з Хрысцінай, напэўна, меў нейкія намеры, і не можа быць, каб не знайшлося магчымасці пабачыцца з ёю зноў.
З вечара перад усяночнаю службаю прыбраўся Міхалка ва ўсё святочнае, прычасаў рыжаваты чуб, падстрыг вусы, якія яшчэ на вайне адгадаваў па прыкладзе старэйшых ваяк, і выправіўся ў царкву. Аляксей таксама падахвочваўся ісці з ім, але Міхалка пераканаў малодшага брата, што яму лепш паехаць з бацькамі, яны раней вернуцца са службы, а Міхалка мае намер сустрэцца з ацалелымі хлопцамі, з якімі ішоў на вайну, каб пагутарыць ды паўспамінаць.
Царква была ў Холмечы. Па дарозе Міхалка прыглядаўся да дзяўчат і жанчын, шумлівыя гурты якіх раз-пораз абганяў, бо ногі меў доўгія, таму крокі рабіў шырокія. Іншыя гаманкія асобы спрабавалі яго зачапіць, маўляў, далучайся, з намі весялей. Ён аджартоўваўся, што баіцца адтаптаць іхнія босыя ногі. Дзяўчаты шанавалі абутак, хоць было яшчэ золка, шыбавалі басанож, несучы чаравічкі, завязаныя ў хусткі.
У царкву набілася поўна людзей, разгледзець там Хрысціну не было ніякай мажлівасці, між тым Міхалка меў цвёрдую перакананасць, што сёння абавязкова сустрэне яе. Адстаяў службу, хоць было душна, памаліўся, каб не размінуцца з мілаю дзяўчынаю. І, падобна было на тое, што Бог пачуў ягонае жаданне. Пад раніцу, калі ўсе вернікі разам са святаром высыпалі на дзядзінец і сталі ў два даўжэзныя радочкі, каб пасвяціць свае кошыкі з прыпасенымі харчамі, толькі тады нарэшце ўбачыў Міхалка Хрысціну, ажно сэрца заскакала вясёлым мячыкам. Стаяў зводдаль і чакаў, калі дойдзе да яе чарга атрымаць асвячэнне з папоўскага крапідла, а яшчэ баяўся, каб яна якіх сябровак не набрала сабе ў спадарожніцы. Асцерагаўся лішні раз трапляць на вочы бацькам, яны таксама былі тут, але, на шчасце, стаялі на другім канцы гэтага зборышча. Пасля таго як пасвяцілі змесціва сваіх кошыкаў, людзі пачыналі патроху разыходзіцца. Хрысціна таксама скіравалася да брамкі. Міхалка падаўся за ёю, згледзеў, што яна нікога не чакае, не азіраецца, пашыбаваў услед, дагнаў на вуліцы і радасна сказаў:
– Хрыстос уваскрос, Хрысцінка!
Яна павярнула да яго здзіўлены твар, а калі пазнала, дык адказала:
– Сапраўды ўваскрос!
– Дык пахрыстосаемся, – прамовіў Міхалка ўсхвалявана і, не чакаючы згоды, тройчы цмокнуў дзяўчыну ў шчокі.
Яна заружовілася, засаромелася, пачала азірацца, але хрыстосаванне на Вялікдзень – справа звычайная, ніхто на іх не звярнуў увагі. Яны пайшлі побач. Міхалка быў шчаслівы, быццам здзейсніў нейкую даўнюю задуму, якая да гэтага часу не ўдавалася.
– Дзе ты, Хрысціна, прапала? Я ўжо, можа, тысячу кругоў накруціў вакол Паўлавай хаты, усё хацеў цябе спаткаць.
– Дапамагла трохі Паўлавай сямейцы і вярнулася да сястры.
– А дзе твае бацькі? Чаму ў сястры жывеш? – спытаў хлопец.
– Паўміралі, калі я была зусім малая. Ты, мабыць, помніш, мой бацька настаўнікам быў, Дупляём звалі, бо показку такую любіў: адна птушачка сама гняздо ўе, а другая гатовае дупло шукае.
– Нешта чуў.
– А маці маю, Марфачку, таксама шмат хто ведаў. Калі сяляне разгружалі ці нагружалі баржы, дык заробак, які плацілі купцы, людзі толькі ёй дазвалялі на ўсіх падзяліць.
– Мабыць, мудрая і справядлівая была жанчына, – прамовіў Міхалка.
– Зусім мала помню яе. Яна памерла першая, а следам за ёю праз два гады пайшоў і тата. Пасля смерці бацькоў забрала мяне да сябе старэйшая сястра Куліна. А ў тваёй вёсцы яшчэ адна мая сястра жыве, Серафімаю завуць, можа, ведаеш?
– Ведаю, чаму ж не, толькі не здагадваўся, што гэта твая радня. Я і на вячоркі разы два хадзіў, спадзяваўся цябе ўбачыць. Чым ты займаешся ў вольны час?
– Які там вольны час? На гаспадарцы заўсёды турбот хапае. У святы хіба толькі пачытаю Біблію, псалтыр ды якія іншыя кніжкі, што засталіся ад таты.
– Сястра не крыўдзіць?
– Куліна добрая, і муж яе Яўсей неблагі чалавек, толькі дзівакаваты трохі. Збіраліся яны ехаць на ўсяночною, ды нешта не паладзілі. Дык ён сабраў сваё начынне і пайшоў у лясок. Куліна кінулася за ім перапрошваць, так яны і не выправіліся ў царкву, паслалі мяне. Я і ў Серафімы жыла, і ў Паўла, але ў Куліны мне найлепш.
Міхалка агледзеўся, што ўжо паменела людзей і вазоў на дарозе, а Хрысціне хутка паварочваць направа да сваёй вёскі, спытаў:
– Ці можна цябе правесці?
– Праводзь, весялей будзе, толькі ж пасля далекавата табе вяртацца давядзецца.
– Звыклы я шмат хадзіць. Давай твой кошык паднясу, – прапанаваў ён.
– Ён лёгкі, ці такія кашы я нашу! – адказала яна, але ўсё ж аддала яму свой кошык.
– Вясковым жанчынам хапае цяжкае працы. У горадзе бачыў я паненак, дык ручкі – у пальчатках, галоўкі – у капялюшыках.
– Вой, Міхалка, што нам тыя пальчаткі, што тыя капялюшыкі, калі на свеце спакою няма, ты з адной вайны прыйшоў, а людзі кажуць, што яшчэ гэтая бяда не скончылася, услед за войнамі ідуць хваробы ды голад.
– Удосталь на свеце калатнечы…
Так за размовамі дайшлі яны да Засекаў. І тут ужо Хрысціна спынілася і папрасіла:
– Мая хата ўжо блізка, пятая з правага боку. Не трэба далей мяне праводзіць. Людзі пабачаць, пачнуць нешта выдумляць.
– Калі сустрэнемся? – спытаў ён з надзеяй.
– Калі ж мы можам пабачыцца? Наперадзе сяўба чакае, пасля касавіца, затым жніво… Можа, знойдзецца магчымасць на якое свята.
– Буду чакаць свята і прыйду ў твае Засекі, – паабяцаў Міхалка, паціснуў Хрысцініну руку, але пацалаваць дзяўчыну не адважыўся.
– Прыходзь, буду радая, – адказала яна, цнатліва апусціла вочы, павярнулася і пайшла да сваёй хаты, Міхалка правёў яе позіркам, адчуваючы вялікае жаданне затрымаць.
3
Непрыкметна адцвіў сад, абсыпаў пяшчотныя пялёсткі на дол бэз у гародчыку, адкрасаваў буйной і духмянай квеценню, а Міхалка за бясконцымі гаспадарчымі турботамі так і не сабраўся наведаць Хрысціну, хоць і вельмі карцела. Адважыўся ўсё ж на Купалле, апрануў белую кашулю, з любасцю вышытую сястрой Гарпінай, абуў хромавыя боты, падпаясаўся салдацкім паскам, падкруціў вусы, агледзеў сябе ў люстэрка, застаўся задаволены і нарэшце з хваляваннем выправіўся ў Засекі. Прыйшоў поначы, заўважыў на пагорку высокае зыркае вогнішча, падаўся туды. Людзей сабралася шмат, пераважала моладзь, аднак таўкліся тут і падлеткі, былі і людзі сталага веку, ужо дзяўчаты браліся вадзіць карагод. Хадзіў і прыглядаўся да твараў, але Хрысціны нідзе не было. «Куды ж ты падзелася? Пачуй, здагадайся, што я шукаю цябе, – прамаўляў ён у думках. – Выйдзі насустрач, прашу цябе. Вельмі ж запала ты мне ў душу, што ні раблю, чым нi займаюся, а ўсё ты стаіш у вачах…»
– Міхалка, – аклікнуў яго радасны і ціхі голас.
– Хрысцінка, ты тут? Я ўжо тройчы абышоў гэтае вогнішча, здаецца, кожнаму чалавеку ў твар зазірнуў, а цябе не ўбачыў.
– Я з дзяўчатамі была, мы людзей склікалі на свята.
Ён замілаваным позіркам акінуў стройную постаць дзяўчыны ў вышытай кашулі, спаднічцы, аздобленай чырвонай тасьмой, з фартушком таксама ўпрыгожаным карункамі. Як і большасць прысутных вяскоўцаў, была Хрысціна босая (не варта ў цёплую пару таптаць абутак), ад таго ў трапяткім святле вогнішча выглядала безабароннай і лёгкай. Здавалася, падхапіў бы яе на рукі і панёс на край свету, каб не разлучацца ніколі. Яна ціха прыемным голасам раптам заспявала:
Ішла Купалка сялом, сялом,
Закрыла вочкі пяром, пяром,
Вітала хлопцаў чалом, чалом…
Хрысціна ўсміхнулася і нізка пакланілася, як быццам і Міхалку клікала на Купалле. Яны адышлі ад вогнішча, пашыбавалі напрасткі праз лужок. Хрысціна спатыкнулася, войкнула, Міхалка падхапіў яе пад руку і падтрымаў, а пасля ўжо і не выпускаў яе далонь.
– Як ты пражыла гэты час, пакуль мы не бачыліся? – спытаў ён.
– Цябе згадвала, хацела пабачыць, пагутарыць, а цяпер іду побач – і ўсе думкі з галавы вылецелі.
– Я таксама сябе адчуваю дурнем, але мне добра з табою і памаўчаць, толькі б ты была побач.
– Вой, Міхалачка, ты мяне гэтак прыручыш, што я дзень і ноч толькі пра цябе буду думаць, бо вельмі цяжка знайсці ў гэтым свеце блізкую душу, а з табою мне неяк спакойна і добра.
– І я ўжо думаю ўвесь час, не ведаю, як мне адважыцца прыйсці ў хату да тваёй сястры, каб паклікаць цябе, пагутарыць з табою сам-насам. А тут яшчэ бясконцыя гэтыя турботы на гаспадарцы, колькі ні рабі, век не пераробіш.
– Дык і ў мяне тое ж самае. Кручуся цэлы дзень, як вавёрка ў коле. Мужчыны хоць зімою маюць нейкі роздых, а жанчыны прадуць, ткуць, шыюць, вышываюць…
Кароткая купальская ночка, толькі-толькі, здаецца, адышлі ад вогнішча, а ўжо неба пасвятлела, набліжаўся досвітак. Апамятаўся Міхалка, што хутка развітвацца з любаю дзяўчынаю, пяшчотна абняў за плечы і пацалаваў нясмела ды няўмела спачатку ў шчаку, а пасля ў вусны, адчуў задаволена: яна цягнецца да яго, прыемная ёй ягоная ласка.
– Мабыць, пайду ўжо я дадому, – сказала Хрысціна.
– Калі яшчэ сустрэнемся?
– Можа, дзе ўжо восенню, як скончыцца праца на полі.
– Не забывай мяне, – папрасіў ён. – З часам нешта вырашыцца. А да восені ўжо недалёка. Тваю пятую хату з краю помню, не заблуджуся.
– Не забуду ніколі, – усміхнулася яна. – Ідзі шчасліва.
– Можа, я цябе дахаты правяду?
– Не варта. Бачыш, людзі ўжо таксама разыходзяцца, не трэба, каб нас бачылі, яшчэ сурочаць.
– Няўжо ты такая прымхлівая?
– Анягож, – засмяялася яна і ўзмахнула рукою на развітанне, – да сустрэчы, Міхалачка!
Хлопец паўзіраўся ёй услед, пакуль не знікла ў натоўпе, нацягнуў кепку на лоб і патупаў у бок сваёй вёскі. Дома ўпаў на пасцель і заснуў, бы забіты, ледзьве маці раніцай дабудзілася, пачала адразу выгаворваць, маўляў, валачыўся недзе ўсю ноч, а бацькам сэрца баліць. Міхалка нічога не адказаў на тыя папрокі, ведаў, што з маці лепш не спрачацца, усё роўна будзеш вінаваты.
Лета выдалася турботнае, шчодрае на спёку, пацягнуліся доўгія дні, напоўненыя працаю, якая забірала сілу. Такі лад жыцця быў заведзены спрадвеку, людзі знаходзілі ў ім задавальненне ад зробленага, перажывалі святочныя моманты пачатку і завяршэння працы, не скардзіліся і не ўяўлялі сабе інакшага жыцця.
Усё здарылася так, як і прадбачыла Хрысціна, сустрэцца з ёю ўдалося Міхалку толькі на Пакровы. Бацькі раненька выправіліся на кірмаш нешта прадаць ды купіць, дачок узялі з сабою, Міхалку і Аляксея пакінулі даглядаць гаспадарку. Як толькі хлопцы ўправіліся і паснедалі, малодшы брат пачаў прасіць старэйшага, каб расказаў пра вайну.
– Нічога цікавага на той вайне няма. Як пачнуць гарматы страляць, дык, здаецца, у зямлю закапаўся б, як крот, бо ў тым акопе няма ратунку. А як пусцяць немцы газ, дымок такі салодкі ды ружовенькі, дык мала хто паратуецца, калі своечасова процівагаз не нацягне на морду. Такая вайна, братка. Не назаляй ты мне гэтымі ўспамінамі.
– Раскажы яшчэ што…
– Што я табе раскажу? Пашанцавала мне, што ў рэзерве доўга прастаяў, а так бы з табою тут зараз не балабоніў, і касцей маіх ты не знайшоў бы. Слухай, мне трэба адлучыцца, мо зоймешся гаспадаркаю сам, дасі есці парасятам, курам…
– Добра, калі вельмі трэба, дык ідзі, – пагадзіўся Аляксей.
Міхалка хуценька сабраўся, паклаў у кішэню два сакаўныя яблыкі на гасцінец і рушыў у Засекі. Яму тыя сем вёрст на доўгіх нагах прайсці, як няма чаго рабіць. І не згледзеў, як апынуўся каля хаты Хрысціны. А тут ужо захваляваўся. Але ўсё ж адважна адчыніў весніцы, насустрач рвануў калматы чорны сабачка на ланцугу. Хлопец прыпыніўся, але адразу на ганку з’явілася Хрысціна і ўскрыкнула ад нечаканасці:
– Дарагі госць!
– Добрага здароўя, Хрысцінка!
– Добры дзень! Заходзь у хату, Міхалачка!
– А ці можна? – спытаў ён, адчуваючы вялікую радасць ужо ад таго, што чуе яе голас, бачыць яе.
– Заходзь, я адна дома. Сястра з мужыком паехала на кірмаш, дзяцей з сабою ўзялі. З’явяцца толькі пад вечар.
Увайшлі ў сенцы. Хрысціна адчыніла дзверы ў пакой і сказала:
– Тут жывуць мае сямейнікі, як бачыш, усё звычайна: печ, стол, услоны, іконы на покуці. А я аддзялілася ад іх, упрасіла Яўсея паставіць грубку ў каморы ды прарэзаць акно. Цяпер жыву асобна.
Яна адчыніла дзверы ў маленькі ўтульны пакойчык, дзе стаялі ложак і невялічкі стол, зроблены з негабляваных брускоў, але засланы чыстым вышываным настольнікам, у процілеглым кутку амаль упрытык да стала размясцілася скрыня.
– Хоць і цеснавата, але ўтульна, – сказаў Міхалка і прыгарнуў да сябе дзяўчыну. – Калі ты маеш уласнае жытло, дык я змагу часцей наведвацца да цябе.
– Паспрабуй, – засмяялася яна.
– І паспрабую, – адказаў Міхалка і прагна прыпаў да яе вуснаў. Дзяўчына быццам абмякла. Ён адчуў яе падатлівае цела і доўга не выпускаў з абдымкаў. Яны лашчылі адно аднаго, прыпадалі вуснамі да разгарачаных твараў, цалаваліся і ніяк не маглі спатоліць прагу кахання.
– Прыйшоў госць, а я нават нічым не пачаставала, пойдзем папалуднуем, – прапанавала яна.
– Пойдзем, – пагадзіўся Міхалка, – але ты для мяне – найлепшы пачастунак! Як пабачу цябе – так соладка на душы, быццам мёду адведаў, – засмяяўся хлопец. – А гэта табе гасцінец, – спахапіўся ён і аддаў яблыкі, яна ўдзячна прыняла іх, удыхнула прыемны водар.
– Дзякую. Бачу я, Міхалачка, што з табою не засумуеш.
– А чаго сумаваць? Трэба жыць весела, калі Бог даў такую магчымасць.
– Сядай да стала, пачастую цябе баршчом і наліснікамі, сама ўсё гатавала.
Яны абедалі няспешна, перакідваліся жартамі, адчувалі еднасць, уласцівую блізкім душам. Міхалка нахвальваў стравы, Хрысціна дзякавала, хоць сама толькі рабіла выгляд, што есць, мусіць, саромелася. Па абедзе аглядалі грады і бясконца размаўлялі, не згледзелі нават, як дзень пачаў хіліцца да захаду.
– Цяпер ты, пэўна, толькі на Каляды зноў прыйдзеш? – спытала дзяўчына.
– Чаму ты так думаеш?
– Неяк так атрымліваецца, што сустракаемся мы толькі па вялікіх святах.
– Кожны раз, калі цябе бачу, для мяне – найвялікшае свята. Прыходзь у наступную нядзелю надвячоркам на той узгорачак, дзе Купалле адзначалі, буду цябе там чакаць, – прапанаваў хлопец.
– Прыйду, – паабяцала яна і зноў сарамліва апусціла вочы, быццам сказала ці зрабіла нешта забароненае.
Па вуліцы праехалі першыя вазы – вяскоўцы вярталіся з кірмашу, толькі тады Міхалка спахапіўся, развітаўся з Хрысцінаю і паспяшаў дадому, несучы ў душы святло яе вачэй і згадкі пра той час, які бавілі разам.
4
Тое, што сын пачаў некуды знікаць па вечарах амаль кожную нядзелю, зацікавіла і ўстурбавала Аксінню, яна паспрабавала ў Гарпіны дапытацца, дзе бывае Міхалка, ці ходзіць на вячоркі, але дачка нічога пэўна не змагла патлумачыць.
– Можа, да якой дзяўчыны ўнадзіўся? – удакладніла маці.
– Не ведаю, мама, на вячорках разы два пабыў і пры мне ні да якой дзяўчыны не заляцаўся, неяк абыякава стаяў, пазіраў, а пасля рана адзін сыходзіў дамоў. А зараз яго і там не бачу.
– Куды ж ён ходзіць? Гэта ж цяпер такая непагадзь, дождж, халадэча, а ён некуды пасунуўся.
– Табе што за справа, Аксіння? Няхай ходзіць, – азваўся муж, які па звычцы гэтаю слотнаю парою ў будні дзень нечым бы займаўся, а ў святую нядзельку мусіў лайдачыць, сядзеў ля грубкі ды час ад часу падкідваў паленцы.
– Табе, Мірон, можа, усё роўна, якую нявестку сын у хату прывядзе, а я хачу, каб тая дзяўчына была з добрага роду ды з ладным пасагам.
– Вядома, пасаг нам не зашкодзіць, але ж галоўнае, думаю, каб была яна добрым чалавекам, а ўсё астатняе можна нажыць. А нажывеш, дык прыйдуць дабрадзеі і забяруць, што маеш. Бачыш, што на свеце робіцца, бясконцыя войны, рабункі, бязладдзе. Казалі мужчыны, што ў Холмечы нейкая банда парабавала ды пазабівала жыдоў.
– Ай-ёй! Што робіцца! Чаму ж ты мне раней не сказаў?
– Не паспеў яшчэ.
– І каго ж яны там забілі? Я шмат сем’яў ведаю.
– Выбралі тых, у каго хаты самыя дыхтоўныя.
– І ўправы на тых забойцаў няма! Дзе ж той Міхалка ходзіць? Каб не трапіў на якіх ліхадзеяў.
Аксінні не спалася, чакала сына. Міхалка вярнуўся дамоў недзе апоўначы. Хацела яго паўшчуваць, але пашкадавала сямейнікаў, бо за гаворкаю магла ўсіх пабудзіць, таму адклала размову да раніцы. Як толькі ўправіліся па гаспадарцы ды паснедалі, маці пачала распытваць сына, куды ён хадзіў учора, але той асабліва не кідаўся ў гаворку, аджартоўваўся:
– Хаджу па ваколіцах, прыглядаюся, што да чаго.
– І ў непагадзь таксама прыглядаешся? І не сорамна табе роднай маці хлусіць? Пэўна, нейкая дзяўчына цябе прычаравала.
– Калі і прычаравала, дык што?
– Можа, ты жаніцца думаеш? – дапытвалася яна ў хлопца.
– Маці, супакойся, як настане час, усё скажу, пакуль я не гатовы.
– Дык рыхтуйся, толькі не думай, што прывядзеш мне абы-каго, глядзі, каб дзяўчына была цябе вартая. За такога высокага ды прыгожага хлопца самая найлепшая палічыць за гонар пайсці.
– Не перабольшвай, мама. Няма пра што гаварыць, – адмахнуўся Міхалка, схапіў старую світку і выскачыў на двор, бо яшчэ шмат трэба было малаціць. Аксіння наўздагон толькі рукамі пляснула і незадаволена крыкнула:
– Бач, які ўпраўны, ні пагаварыць, ні дамовіцца, ні параіцца.
Міхалка падаўся ў гумно, развязаў сноп, кінуў на дол перавясла, расклаў калівы жыта, пачаў малаціць, думаючы пра Хрысціну. Сапраўды, чаго сноўдацца па начах за сем вёрст, калі можна ажаніцца ды жыць з каханаю побач. Але ж не хацелася весці ў хату да бацькоў маладую жонку, бо добра ведаў напорысты характар сваёй маці: ледзь што не па ёй, дык трываць не будзе, знойдзе самыя балючыя словы, бы крапівою апячэ. Збіраўся ён на вясну куды-небудзь на заробкі. Трэба было займець сваё жытло, каб жыць незалежна ад бацькоў ды цешыцца з жонкаю.
Міхалкаў одум парушыла Хадоска, якая прыйшла ў госці да маці па першым лёдзе праз Дняпро, была ўжо прыкметна цяжарная, але гаваркая і вясёлая. Сямейнікі пакінулі справы і сабраліся ў хаце, каб пабыць з госцяй, якая прынесла навіну, што Раман, які гадоў колькі таму сватаўся да Гарпіны, аўдавеў, жонка памерла ў час родаў. Застаўся маленькі хлопчык, цяпер яму тры гады, бацькі нябожчыцы забралі ўнука да сябе, а Раман мае намер зноў пасватацца да Гарпіны. Аксіння нават узрадавалася гэтай навіне, пачала ўгаворваць старэйшую дачку не адмаўляцца ад магчымага шлюбу, бо ўжо хутка на яе ніхто не паглядзіць. Раман мае сваю хату і добрую гаспадарку, да таго ж мужчына ладны. Такой бяды, што ўдавец, сам Бог судзіў, каб зноў ён вярнуўся, бач, не забыўся за столькі гадоў… Маці пераконвала сябе, дачку і ўсіх сямейнікаў, а Гарпіна доўга маўчала, думала і нарэшце дала згоду, чым усцешыла ўсіх, толькі Міхалка засмуціўся трохі, што свой шлюб пакуль мусіць адкласці. Хаця, з другога боку, хутка ў хаце стане на адну душу меней, цяпер, безумоўна, яго чарга жаніцца.
Гэтая навіна змяніла лад жыцця сям’і Дубровічаў. Спачатку рыхтаваліся да сустрэчы сватоў, а пасля таго як сватанне прайшло ўдала, вяселле прызначылі пасля Калядаў. Пачалася новая падрыхтоўка, больш грунтоўная: зарэзалі вялізнага парсюка, колькі гусей і курэй. З захоўваннем мяса клопату не было, бо стаялі моцныя маразы. Свежына за суткі замерзла на костку. Можа, і занадта шчыравала Аксіння, бо колькі таго вяселля, свая радня пасядзела адзін дзень, пабалявала, пакуль маладыя павянчаліся, а як вярнуліся, трохі пасядзелі за сталом і пачалі збірацца да маладога. Зімовы дзень кароткі, трэба ехаць праз Дняпро, а там яшчэ лесам да Рудні вярсты тры па цяпершнім неспакойным часе.
Міхалка таксама выправіўся з маладымі, каб паглядзець, дзе сястры належыць жыць. Вёска аказалася не надта вялікая, кругом лес, на жаль, далекавата ад Дняпра. Свае Чаплічы ні на якое іншае месца жыхарства не памяняў бы, а сястра няхай жыве шчасліва. Тут яна не адна, вунь і Хадоска жыве праз тры хаты. Міхалка наведаўся і да малодшай сястры таксама, застаўся задаволены, як добра ўпраўляецца сястра з гаспадаркаю, як згодна жыве са сваім Рыгорам.
Ранічкаю пешкі накіраваўся дамоў. Лёд на Дняпры спрэс занесла снегам, было зусім не коўзка, і Міхалка парадаваўся, што можа так лёгка пераадолець шырокую раку. Яна вымасціла выдатны мост, які вясною растане, і тады ўжо толькі на чаўне можна будзе дасягнуць другога берага. Ніхто з ягоных сябрукоў у маленстве не браўся пераплываць Дняпро, хоць ён здаецца спакойным, але цячэнне мае моцнае, з ім не паспрачаешся. Думаў пра Хрысціну, дамаўляўся сустрэцца з ёю яшчэ перад Калядамі, але з-за розных турбот з вяселлем сястры так і не сабраўся наведаць любую дзяўчыну. Мабыць, яна пакрыўдзілася, трэба будзе вымольваць дараванне. А калі не даруе? Ажно спалохаўся гэтае думкі, бо, здавалася, ні адна жанчына не магла замяніць яе. Таму вырашыў не адкладваць сустрэчу, на другі дзень па абедзе выправіўся ў Засекі, пайшоў проста ў хату, іншага выйсця не было. Застаў дома гаспадара з гаспадыняю ды Хрысціну, павітаўся.
– Гэта ж хто такі да нас завітаў? – здзівілася Куліна, узіраючыся ў твар хлопца. – Ці не Міронаў сын, быццам на яго падобны.
– Так, Міхалкам мяне завуць, – ніякавата адказаў госць.
Куліна зірнула на сястру, заўважыла, што тая засвяцілася ад радасці, і ўсё зразумела.
– Дык ты, мусіць, да Хрысціны прыйшоў? – спытала гаспадыня.
– Не да цябе ж, – засмяяўся Яўсей.
Ад гэтага жарту ўсім зрабілася весела. Тут ужо Хрысціна авалодала сабой і прапанавала Міхалку:
– Пойдзем у маю камору.
Маладыя выйшлі. Гаспадары задаволена пераглянуліся. Куліне не надта хацелася адпускаць з хаты малодшую сястру, усё ж добрая памочніца, але дзяўчыне даўно пара ўладкоўваць уласнае жыццё.
– Можа, што добрае атрымаецца, – сказала яна мужу. – Хлопец ладны.
– Мабыць, старыя Дубровічы не пагодзяцца. Ты Аксінню не ведаеш. З такою свякрухаю ні адна нявестка не ўжывецца, – заўважыў Яўсей. – Ліхая баба.
– А я вось без свякрухі жыву.
– Не ўсім так шанцуе, – зноў засмяяўся Яўсей.
Маладыя, як толькі зачынілі за сабою дзверы каморы, кінуліся адно аднаму ў абдымікі і доўга наталяліся пацалункамі.
– Я думала, што ты ўжо ніколі не прыйдзеш, – сказала Хрысціна.
– Прабач, так атрымалася, наша Гарпіна, старэйшая сястра, замуж выйшла. Малады вельмі спяшаўся, таму за два тыдні вяселле зладзілі. Вельмі ж было шмат турбот, ледзь не палову гаспадаркі парэзалі дзеля гэтае падзеі.
– Вось яно што, няхай ім жывецца шчасліва.
– Я думаю, калі сёстры павыходзілі замуж, дык цяпер мая чарга жаніцца. Ці пойдзеш ты за мяне, Хрысцінка?
Дзяўчына захвалявалася, апусціла вочы, нібы раздумваючы, пасля адказала:
– Пайшла б я, Міхалачка, за цябе, але ж баюся, што нічога ў нас не атрымаецца.
– Чаму?
– Не роўня я табе. Усе бацькі жадаюць, каб нявесткі былі з багатым пасагам.
– Я ж бяру цябе, а не твой пасаг. На вайне наш полк каля Смаргоні стаяў. Ад таго мястэчка адны падмуркі засталіся. Людзі пазбавіліся жытла і ўсялякай маёмасці, аднак жа неяк абжывуцца, пабудуюцца. Не варта засмучацца раней часу. Параюся з бацькамі, калі яны пагодзяцца, дык зашлю сватоў, каб па Вялікадні згуляць вяселле.
– А калі не пагодзяцца? – спытала яна, напружана ўзіраючыся ў яго вочы.
– Мы дарослыя людзі і самі можам вырашаць свой лёс, любая мая, – Міхалка прыцягнуў да сябе дзяўчыну і прытуліў, адчуў стук яе сэрца – і невыказнае замілаванне напоўніла ягоныя грудзі.
– Мабыць, нам трэба трохі пачакаць, – раптам прапанавала Хрысціна. – Твае бацькі толькі адбылі адно вяселле і адразу брацца за новае ім будзе цяжка. Так усю гаспадарку можна звесці.
– Я памру ад чакання, – усміхнуўся хлопец.
– Тады і я разам з табою памру, а лепш давай будзем жыць і спадзявацца на ўсё самае лепшае ў нашым жыцці.
– Бадай, слушная твая думка. Згодны, трохі пачакаем, – пагадзіўся Міхалка. – Хаця, як вядома, адклад не ідзе на лад.
5
Новы 1919 год ляцеў вельмі хутка, мо таму, што прынёс шмат трывожных навін. Нарэшце сышлі немцы, бальшавікі адразу разгарнулі харчразвёрстку, нікому з сялян не падабалася разлучацца са здабыткамі ўласнай працы. Зброю насельніцтва мела, тыя, хто не жадаў мірыцца ні з якою ўладаю, сыходзілі ў лясы і ваявалі супраць усіх. Казалі, што і ў Гомелі ўспыхнуў нейкі мяцеж, але яго на працягу месяца задушылі. Незаўважна прамінула зіма з завеямі ды маразамі, прыгрэла вясновае сонца і разбудзіла сілу Дняпра, які з грукатам узарваў панцыр лёду, раструшчыў на крыгі і панёс да мора, усім сваім выглядам паказваў, які ён па-маладому дужы. Адчайна зацвілі сады, галінкі шчыльна былі абсаджаны кветкамі да ненатуральнасці, бо столькі пладоў ні адно дрэва не магло даспеліць. У краіне таксама нешта ўвесь час адбывалася. Хоць чуткі ў вёску даходзілі са спазненнем, аднак стала вядома, што насунуліся на краіну ваяўнічыя палякі. Па-ранейшаму спакою не было ад розных бандаў, якія прыходзілі з Украіны, ці свае, што хаваліся па лясах, рабавалі і забівалі людзей. Насельніцтва існавала ў трывозе, але суцяшала сябе прымаўкаю: паміраць збірайся, а жыта сей.
Сям’я Дубровічаў жыла адвечнымі сялянскімі клопатамі, рыхтавала глебу, сеяла, палола, збірала ўраджай, даглядала гаспадарку. Справы хапала ўсім, кожная хвіліна была занятая, аднак знаходзіў Міхалка час, каб наведаць Хрысціну, пагутарыць, прыціснуць яе да грудзей і пацешыцца ўзаемным каханнем. Нават зацягнутае чаканне будучага сумеснага жыцця не абцяжарвала, бо ўсе сустрэчы былі ў радасць.
Аксіння прасачыла за сынам, заўважыла, што часцяком кіруецца ён у Засекі, ды зноў пачала дапытвацца, да каго ж ён ходзіць. Міхалка вырашыў схлусіць, каб супакоіць маці:
– Хаджу да хлопцаў, з якімі на вайне быў, гуляем у карты.
– Як можна на такое глупства час марнаваць? – незадаволена прабурчала маці.
– Ведаеш, мама, што я табе скажу, мы працуем усе разам, адпачываем паасобку. Тата ходзіць да дзядзькоў, ты – да суседак, малая Таня – да сябровак, Аляксей – да прыяцеляў. І я знайшоў сабе кампанію.
– Нашто ў такую далеч хадзіць па вечарах? Можна ў сваёй вёсцы завесці сяброўства. Столькі ліхадзеяў сноўдаецца па ваколіцах, могуць і забіць дзеля жарту.
– У кожнага свой лёс, але, думаю, калі мяне на вайне не забілі, дык тут быццам не павінны, – усміхнуўся сын.
– Глядзі, хлопец, не дазваляй сабе жыць з ветрам у галаве, бо скруціш шыю, – падвяла Аксіння рысу ў гаворцы.
У гэты час падбегла да яе Таня з нейкаю патрэбаю, маці быццам забылася пра размову, а Міхалка з палёгкаю ўздыхнуў. Не было ў ягонай галаве ніякага ветру, адна думка толькі турбавала, як забраць да сябе Хрысціну, колькі разоў прапаноўваў пабрацца, а яна быццам і не спяшалася замуж, адцягвала тэрмін вяселля.
На Каляды прыдыбаў хлопец у Засекі ўвесь заінелы ад шапкі да вусоў. Дзяўчына ажно ў ладкі пляснула:
– Божа мой, як ты не замерз?
– Яшчэ трохі такога жыцця – зусім прападу, – з папрокам адказаў Міхалка.
– Годзе, не крыўдуй, усе ідзе да лепшага. Вось і сонца на лета павярнула.
– Хрысцінка, думаю, нам не варта далей адкладаць вяселле. Безумоўна, хаты сваёй пакуль я не маю, але ж усе людзі спачатку жэняцца, а пасля будуюцца.
– Нашто нам хата, мы і ў маёй каморы можам жыць, – засмяялася яна ў адказ.
– Не, у прымы ісці я не згодны, – адмоўна паківаў галавой Міхалка.
– Які прывярэдлівы!
– Такі ўжо ўдаўся. Скажы мне нарэшце, ці будзеш маёю жонкаю?
– Дык мы ж пра гэта і гаворым, што толькі тваёю я магу быць, – усміхнулася яна і пацягнулася вуснамі да хлопца.
– Ластавачка мая, – прашаптаў Міхалка, абняў яе і доўга цалаваў, наталяючы шал кахання.
Дамоў вяртаўся, быццам ляцеў на крылах, такая лёгкая была ў яго хада. Звонка рыпеў пад ботамі снег, мароз пашчыпваў за вушы і шчокі, час ад часу ён расціраў твар, пазіраў у начное неба, здавалася, што зоркі падскоквалі і весяліліся разам, падміргваючы вострымі промнямі, і ўвесь свет радаваўся разам з ім. На другі дзень па абедзе, калі ўсе Дубровічы яшчэ сядзелі за сталом, сказаў Міхалка:
– Надумаў я жаніцца.
– І каго ж сабраўся браць? – зацікаўлена спытала маці.
– Хрысціну…
– Якую Хрысціну? У нас іх на вёску, мабыць, пяць будзе, – настойліва ўдакладніла Аксіння, бо нядобрае прадчуванне закралася ў яе сэрца.
– З Засекаў яна, Паўла Марфетчынага сястра.
– Гэтую беспасажніцу, сірату сабе абраў? Яна ж старая дзеўка, нікому не патрэбная! Як ты мог да такога даўмецца? – абурылася маці. – І на парог яе не пушчу!
Міхалка ўстрывожана перавёў позірк на бацьку, той качаў крошку на стале, але па ўсяму было відаць, што і ён не ўхваляў выбар сына. Хлопец запярэчыў, хоць і разумеў, што жартуе з агнём:
– А чаго ты, мама, гэтак расхвалявалася? Гэта ж мне з ёю жыць, а не табе. І пасаг яе мне без патрэбы, усё нажывецца з часам.
– Добрыя людзі з самага пачатку ўсё маюць, таму і дабро нажываюць. А бедната як пачне з галечы, так у галечы і памрэ! Не дазволю жыццё калечыць з гэтаю галадранкаю! За такога хлопца, як ты, найлепшая дзяўчына пойдзе, а ён выбраў сабе старую карову! – крычала Аксіння, ажно сліна пырскала з рота, а на шыі непрыгожа напружыліся жылы.
Апошнія словы абурылі Міхалку, і ён адказаў хоць і стрымана, але цвёрда:
– Я кахаю яе!
– Кахае ён! Ды хай яно спрахне такое дурное каханне! Мы калі з бацькам жаніліся, ні пра якое каханне не ведалі. Прыехалі сваты, і я да вяселля з маладым не бачылася. А пражылі век усім людзям на зайздрасць. А цябе што чакае? Падумай!
– І мяне тое чакае. Калі не яна, дык ніхто! Лепш у манахі пайду.
– Гаспадар, чаго ты маўчыш? Скажы сваё слова. Глядзі, гэтая ведзьма, мабыць, абпаіла нейкім зеллем нашага сына, ён жа сам не свой, – папракнула Мірона жонка.
– Нікудышні выбар ты зрабіў, сын, – сказаў бацька. – Перш, чым нешта рабіць, трэба добра падумаць, каб пасля шкадаваць не давялося.
– Дзякую, тата, за параду, толькі я падумаў, сваё рашэнне мяняць не збіраюся.
– Людцы добрыя, рашэнне ён прыняў! Вунь жанатыя, бывае, разводзяцца, а ён, нічым не абцяжараны, вырашыў свой лёс! Ці бачыш, нічога памяняць не можа! Поўная вёска дзяўчат! Выбірай любую, а ён выбраў нейкі абносак! Я гэтага не перажыву! – Аксіння схапілася за сэрца.
Міхалка хутка падняўся з-за стала, сарваў з кручка світку і выбег на двор. Працягваць гаворку не было сэнсу. Характар маці ён ведаў добра, што задумала, свайго даможацца. Калі малую Таню везлі кум з кумою хрысціць, сказала ім, каб Адаркаю дзіця не называлі. Перад выездам у царкву кум з кумою прычасціліся, пакуль даехалі на месца, пра той наказ забыліся. Поп спытаў у іх, як дзіця хочуць назваць, тыя ніяк не маглі ўспомніць, а пасля кума згадала, што быццам была гаворка пра Адарку. Пахрысцілі дзіця, прывезлі дамоў. Як пачула Аксіння імя дачушкі, дык за галаву схапілася, загаласіла, маўляў, што вы нарабілі, дзіця загубілі. Аднак нічога не зробіш, справа здзейснена. Тады і сказала Аксіння куме з кумам і сямейнікам, што будуць яе дачку зваць Таняю. Вось і расце Таня, некалі ахрышчаная Адаркаю.
«Няхай кажуць, што хочуць, а я ад Хрысціны не адступлюся! Толькі як мне ёй паведаміць пра гэтую спрэчку? Зрэшты, сама папярэджвала, што бацькі не ўзрадуюцца майму выбару. Нешта прыдумаем, неяк будзем жыць. Хіба можна няволіць людзей, прымушаць іх адмаўляцца ад кахання? Гэта ж вялікі грэх! – з абурэннем думаў Міхалка. – Як маці не разумее, што не ўяўляю сябе побач з іншаю дзяўчынаю? Ды яна не надта імкнецца каго разумець, звыкла рабіць усё на сваю патрэбу, нават з бацькам не надта лічыцца. Проста дзіўна, як такі магутны чалавек можа падпарадкавацца маленькай жанчыне? Толькі яна вырашае, колькі парасят купіць на кірмашы, колькі жыта прадаць, колькі гусей завесці…»
Хлопец выйшаў на гару, яго сустрэлі заінелыя бярозкі, прыгожыя, быццам дзяўчаты ў вэлюмах. Дняпро спаў, акрыты лёдам. Унізе гаманілі дзеці, коўзаліся на самаробных каньках. Некалі і яму зрабіў тата драўляны канёк, прымацаваў замест ляза таўставаты кавалак дроту. На тым каньку і гойсаў Міхалка па Дняпры. Калі гэта было? Здаецца, вечнасць мінула.
6
Цэлы тыдзень раздумваў Міхалка, як і што мусіць растлумачыць любай дзяўчыне пра будучае жыццё. Але быў перакананы, што б ні здарылася, яны павінны быць разам, тады перамогуць усе нягоды. Калі з’явіўся ён на парозе Хрысцінінай каморы, яна ўзрадавалася, але прачытаў у яе вачах прытоенае напружанне. Напэўна, сама хвалявалася і вельмі сумнявалася, што яе чакае радаснае паведамленне.
– Як ты, Міхалачка? Змерз, пакуль дайшоў?
– Сёння не вельмі холадна, а я ішоў хутка, дык нават трохі ўгрэўся. А ты як жыла?
– Корпалася з сястрою, рыхтуемся кросны ставіць. Што ў цябе дома чуваць?
– Нічога прыемнага там няма. Сказаў бацькам, што хачу з табою пабрацца, дык маці вельмі раззлавалася, сама разумееш…
– Разумею, я нічога іншага не чакала. Шукай сабе, Міхалачка, іншую дзяўчыну, я крыўдаваць не буду. Бацькоў трэба слухацца.
– Не, Хрысцінка, я не адступлюся, пайду ўсім наперакор, будзеш ты маёю жонкай.
– Мо не варта табе рабіць такія хуткаплынныя высновы? – спытала яна. – Нельга ж варагаваць з роднымі.
– Я і не варагую, але зраблю па-свойму, толькі ты не адмаўляйся ад мяне, давай будзем разам змагацца за нашу долю.
– Любы мой, я на ўсё гатовая. Нельга нам узяць шлюб, я і без таго шлюбу буду цябе заўсёды кахаць. Не жадаюць нам людзі шчасця, няхай Бог ім даруе, а мы не маем права забіваць сваё каханне.
– Мудрая мая дзяўчынка, як я ўдзячны табе за разуменне! Каб ты ведала, як цяжка было несці гэтую навіну. Як пакутаваў цэлы тыдзень ад таго, што не магу пераламаць варункі.
– Мы зробім так, як запатрабуюць нашыя сэрцы. І ніхто нам не суддзя, толькі Бог і каханне няхай вядуць нас па жыцці, – сказала Хрысціна і прыпала да грудзей каханага.
У тую ноч, калі злосная мяцеліца гула за вокнамі і шпурляла жмені снегу ў шыбы, упершыню хлопец заначаваў у Хрысціны. Раніцай не хаваўся, а пайшоў у пакой да Куліны і сказаў усю праўду пра тое, што бацькі яму не дазваляюць ажаніцца з каханаю, таму яны вырашылі без усялякіх сватанняў і вяселляў жыць разам. Папрасіў дазволу застацца дзяўчыне ў сястры, пакуль заробяцца нейкія грошы, каб пачаць будаваць хату, бо свякруха нявестку не прыме.
– Бацькі могуць вас праклясці, – заўважыла Куліна.
– Аксіння крыўды нікому не даруе, – пацвердзіў Яўсей.
– Няхай робяць, што хочуць, я ад Хрысціны не адступлюся.
– Дай вам Бог шчасця, а я шкодзіць не буду. Сястра мая вартая добрага лёсу, але сіраціна, а ўсе свякрухі за багаццем гоняцца. Як для мяне, дык чалавек з добраю душою важней за ўсялякае багацце. З Хрысціны будзе добрая гаспадыня, усіх маіх дзяцей дапамагала гадаваць, усялякую справу рабіць умее, не пашкадуеш, што выбраў яе, Міхалка, – запэўніла Куліна.
– Дзякую на добрым слове.
Міхалка развітаўся і пашыбаваў дадому. Лёгка яму ішлося, быццам скінуў вялікі цяжар з плячэй, бо нарэшце вызначыўся з далейшым сваім жыццём, і ніхто цяпер не мог збочыць яго з абранага шляху, што б там ні было наперадзе. Толькі смерць можа разлучыць яго з Хрысцінаю. Дома хлопца сустрэла маці з папрокамі:
– Дзе ты валочышся? І не сорамна табе? Мы ўсю ноч не спалі, не ведалі, што думаць. Цяпер на свеце неспакойна, бандыты розныя па ваколіцах блукаюць.
– Цяпер я буду часта начаваць не дома.
– Чаму гэта?
– Ажаніўся я сёння.
– Як ты мог ажаніцца? Па-сабачы пад плотам, ці што? Людзі ж спачатку сватаюцца, пасля вянчаюцца ды вяселле гуляюць.
– Я таксама так збіраўся, але ж ты сказала, што Хрысціну на парог не пусціш. Вось мы і вырашылі абысціся без твайго парога, а заадно без дазволу пачаць уласнае сумеснае жыццё.
– Ганьба, вялікі грэх так рабіць! А для дзяўчыны проста недаравальна!
– Годзе табе, мама, нервавацца. Якая розніца, было ў нас вяселле ці не, абы мы шчаслівыя.
– Памыляешся! Не бачыць шчасця ні табе, ні тваім дзецям, ні ўнукам, бо ты не слухаешся і не паважаеш бацькоў, – помсліва прамовіла Аксіння. – Пракляну ўсіх!
– Ты, мама, не маіх наступнікаў праклінаеш, а сваю будучыню! Можа, якраз гэтыя дзеці будуць даглядаць цябе на старасці?
– Не будзе гэтага, не жадаю нікога ведаць і бачыць!
– Як ты думаеш, мама, ці бацькі павінны паважаць і слухаць дзяцей? Я ж чалавек, не карова і не свіння, з якою можна абыходзіцца як заўгодна. Я зрабіў свой выбар, ніхто мне не можа замяніць Хрысціну!
– А раптам расчаруешся, калі пажывеш з ёю год ці два?
– Людзям не дадзена ведаць, што іх чакае наперадзе, але я перакананы, калі адступлюся ад яе, дык ніколі сабе не дарую, не будзе мне жыцця.
– Мабыць, яна цябе нейкімі чарамі напаіла, інакш немагчыма, каб такі хлопец выбраў дзяўчыну, якая аказалася нікому не патрэбную. Колькі ёй гадоў, ці ты ведаеш? Яна ж старэйшая за нашу Гарпіну.
– А што мне яе гады, мама? Старэйшая ды разумнейшая, мудрэйшая нават.
– Як і дзе ты збіраешся жыць? За якія сродкі?
– Я з рукамі і з галавою, нешта прыдумаю.
Аксіння не вытрымала і раптам загаласіла на ўсю хату:
– Божа літасцівы! Забіў, без нажа зарэзаў, гэта ж ганьба на ўсю вёску!
Мірон быў на дварэ, пачуў крык, ускочыў у хату, спытаў ад парога:
– Што тут здарылася?
– Гэты нягоднік зганьбіў нас, спіць з Хрысцінаю, – размазваючы слёзы па твары, сказала жонка.
– Такой бяды, няхай спіць з кім хоча, – адмахнуўся Мірон.
– Ты да ўсяго абыякавы! А як дзеці пойдуць? Што тады? Калі я не хачу мець яе за нявестку, дык навошта мне яе выпладні?
Міхалка ад абурэння не палічыў патрэбным нешта адказваць маці, а ляснуў дзвярыма і выскачыў на двор. Прырода трывала зіму. Міхалка падумаў, што і яму трэба ператрываць незадаволенасць бацькоў і асуджэнне аднавяскоўцаў, блізкай і далёкай радні. Усе будуць супраць, ніхто не зычыць ім шчасця. А якая справа Міхалку да чужых думак і размоў? У адным толькі згаджаўся з маці, што трэба будзе недзе жыць, не туліцца ж у Хрысцінінай каморцы. Дзе ўзяць грошы, каб пабудаваць хату? У насельніцтва на руках сустракаліся нямецкія маркі, украінскія карбованцы, «керанкі», «царскія» рублі, апошнім сяляне давяралі найбольш. І паспрабуй разбярыся з гэтымі фінансамі. Пачаўся новы 1920 год, невядома, што ён прынясе, вайну ці мір, новую нечыю акупацыю ці хоць нейкае адноснае вызваленне, бо тэрыторыю Беларусі рвалі на кавалкі Польшча, Літва, Расія і Украіна, якраз у межах апошняй апынуліся Рэчыцкі уезд і Міхалкава вёска. Што б там ні было, калі не здарыцца вайна, трэба зарабіць на драўніну. Будучая хата ўжо стаяла ў яго перад вачамі, прыгожая, светлая, аздобленая аканіцамі, за хатаю хлеў, гумно, насупраць – павець і склеп.
7
Як толькі Дубровічы справіліся з сяўбою, Міхалка наняўся ў суседнюю вёску капаць калодзежы. Памочнікам узяў Аляксея. Цяжкая ім выпала работа, вада залягала вельмі глыбока, напакутаваліся хлопцы, пакуль дакапаліся да яе ды паставілі драўляныя зрубы. Пайшло на гэта цэлае лета з перапынкамі на касавіцу і жніво, бо тут ужо нельга было адмовіць у дапамозе бацькам. Трохі зарабіў Міхалка, але тых грошай было недастаткова, каб купіць драўніну. Заплацілі яму «царскімі» рублямі, быў усцешаны і тым. Праўда, маці хацела прыбраць сабе тыя грошы, але Міхалка адказаў, што мае свае патрэбы, таму аддаў ёй толькі Аляксееву долю. Восенню хацеў падацца ў Гомель ці Рэчыцу на заробкі да якога гаспадара, але аказалася, што Хрысціна чакае дзіця, вырашыў застацца з ёю, тым больш хапала малацьбы дома. Маці ўвесь час незадаволена бурчала, але Міхалка стараўся не звяртаць на яе ўвагі. Чым больш спрачаешся, тым больш вінаваты.
Хрысціна хадзіла на апошніх месяцах цяжарнасці, але з-за таго, што была занадта худая, дык і не вельмі выпіраўся жывот. У лістападзе нарадзіла дзяўчынку, здарылася гэта ўначы з чацвярга на пятніцу, так што пра гэтую навіну бацька дзіцяці даведаўся толькі ў суботу ўвечары, калі прыйшоў, як звычайна, каб пабыць з жонкаю да раніцы панядзелка. Ён узрадаваўся, узіраўся ў тварык немаўляці, смяяўся і казаў, што дзяўчынка падобная на яго, нават такая ж рыжанькая.
– Як жа мы назавём нашу прыгажуню? – спытала Хрысціна.
– Не ведаю, трэба прыдумаць нейкае незвычайнае імя.
– Навошта незвычайнае, не трэба, каб вылучалася дзяўчынка сярод равесніц. Яшчэ дражніцца будуць. Людзі заўсёды знойдуць прычыну, каб абгаварыць ды папляткарыць. Ішла я неяк міма нашых баб, што сядзелі на лаўцы, і чую, што кажуць у спіну: «Паглядзіце, з яйкам пайшла».
– Ты пакрыўдзілася? – спагадліва спытаў Міхалка.
– Чаго крыўдаваць? У мяне ўжо не яйка, а дзіцятка, – Хрысціна шчасліва ўсміхнулася.
– І я рады, што ўсё ў цябе добра абышлося. Трэба нам неяк узбіцца на сваю хату, хачу, каб ты была ў ёй гаспадыняю.
Хрысціна прыхінулася галавою да ягоных грудзей, сцішылася ад адчування абароненасці і еднасці, толькі спытала:
– Калі тое будзе?
– Калі будзем жывыя і здаровыя, дык усё ў нас будзе.
Паведамленне пра тое, што Хрысціна нарадзіла дачку, страшэнна раззлавала Аксінню. Яна бэсціла сына, ягоную нявенчаную жонку і немаўля, казала, што гэтая падзея зняславіла іхнюю сям’ю, што ніколі не прыме нявестку, не пагодзіцца называць дзіця ўнучкаю.
– Не трэба мне такой радні! – крычала яна. – Скажы ты, Мірон, сваё мужчынскае слова, – патрабавала яна ад мужа.
А той толькі пасміхнуўся сабе ў бараду і адказаў:
– Аксіння, зразумей, што дзіця назад не запхнеш, нарадзілася і няхай жыве. Калі Бог даў яму жыццё, дык для нечага гэта яму спатрэбілася. А таму, думаю, не нам з табою вырашаць, каму нараджацца і жыць на свеце.
– Заўсёды ты гатовы ўсялякі ўчынак Міхалкі апраўдаць!
– А што ён такога дрэннага зрабіў? Дзіця змайстраваў? Дык усе людзі гэтым займаюцца. Вырас наш хлопец, дзякаваць Богу!
– Не магу! Не магу трываць, што мне рабі-і-іць, куды падзецца ад ганьбы-ы-ы? Што людзі скажуць? – Аксіння сарвала з галавы хустку і загаласіла.
Матчын лямант рваў душу Міхалку, таму палічыў за лепшае сысці з хаты. Паплёўся на гару, дзе стаялі голыя дрэвы, галінкі бездапаможна хісталіся ад ветру, які сёння дзьмуў з усходу і здаваўся непрыемна пранізлівым. Зямля чакала зіму, каб акрыцца снегам і не выглядаць такой беднай і знядоленай, а снег пазніўся, хмары нізка апускаліся, здавалася, ператвараліся ў туман. Аглядаючы гару, заўважыў, што нехта выкапаў яму з чырвонаю глебаю, сцяміў, што і сам можа тут накапаць гліны для росчыны, калі будзе класці печ. Міжвольна ўвесь час думаў пра хату, якая пакуль яшчэ існавала толькі ў ягоных марах.
8
Хрысціна прапанавала назваць дачку Капіталіную, такое імя насіла яе бабуля, якая пражыла шмат гадоў, была добраю і спагадліваю, нават чытаць умела.
– Нейкае вельмі рэдкае імя і доўгае, – заўважыў Міхалка.
– Можна будзе зваць дзяўчынку Капаю, а яшчэ лепш Калінаю, Калінкаю…
– Бадай, Калінка гучыць прыгожа, – пагадзіўся ён, схіляючыся на дачкою і злёгку кранаючы яе пяшчотную шчочку.
– Што ў цябе дома чуваць? – спытала Хрысціна.
– Нічога асаблівага, не звяртай увагі. У нас з табой сваё жыццё. Пражывём яго, як палічым патрэбным. Летам мне зноў давядзецца наймацца на нейкую працу, каб зарабіць грошай на хату, прабач, што вымушаны буду сноўдацца недзе па чужых вёсках, але іншага выйсця няма.
– Не турбуйся, калі што спатрэбіцца, мне сястра дапаможа. Ды і сама ўжо маю вялікі вопыт па выхаванні пляменнікаў.
– Добра хоць тое, што быццам войны скончыліся, хоць Саветы са сваімі харчразвёрсткамі людзям спакою не даюць, але ў нас з табою пакуль браць няма чаго.
– Калі ж мы дажывём да ўласнай гаспадаркі? Вельмі ж я стамілася ад жыцця ў сям’і сястры, хоць Куліна і добра да мяне ставіцца.
Міхалка абняў яе за плечы, пацалаваў і суцешыў:
– Абавязкова дажывём, не сумнявайся, трэба толькі трохі пачакаць.
– Яўсей быў у воласці і чуў там, што з вясны беднякам будуць зямлю наразаць. А ў нас наогул нічога няма, пайду і я, трохі счакаўшы, у воласць прасіць які пляц пад хату.
– Атрымаць надзел зямлі было б добра, не хочацца да бацькоў звяртацца. Трэба спрабаваць жыць самастойна.
– Я таксама лічу, бо мне няма на каго разлічваць.
– Не бядуй, Хрысцінка, усё будзе добры. Немцы адкаціліся, палякі адышлі, нейкі Булак-Балаховіч аб’явіўся, дык і таго прагналі. Можа, нарэшце пачнецца мірнае жыццё. Гэта ж пяць гадоў бясконцай калатнечы. Б’юцца за ўладу і зямлю, а не думаюць, што чалавеку няшмат трэба, абы сабе на хлеб зарабіў, а як памрэ – наогул двума квадратнымі метрамі абыходзіцца.
Міхалка абняў жонку прытуліў да сябе, такую жаданую і ласкавую, сказаў:
– Пабуду з вамі колькі дзён, хоць дома заўсёды праца кіпіць. Бацька кошыкі пляце, маці кросны паставіла, малой Тані пасаг рыхтуе.
– А я лайдачу.
– Ты чалавека гадуеш, будзе табе памочніца, як падрасце.
Хрысціна, не адкладаючы, пасля Каляд сабралася ў воласць і вярнулася задаволеная, паказала паперу, згодна з якой ёй выдзелілі трыццаць сотак зямлі.
– Малавата, – пачухрыў патыліцу Міхалка, – але гэтай зямлі хопіць, каб хату збудаваць і бульбу пасадзіць.
– Каб атрымаць больш, трэба ўступаць у арцель, – патлумачыла Хрысціна. – А які з мяне арцельшчык з малым дзіцем?
– Не трэба спяшацца, тая арцель сёння ёсць, а заўтра няма. У цябе дзіця, а мне трэба на заробкі выпраўляцца. Дзе выдзелілі нам зямлю?
– Каля Архіпа, будзем мець багатага суседа, – задаволена адказала Хрысціна.
– У Чаплічах, на самы краю вёскі! Выдатна, люблю, каб было вольна, – радасна адказаў Міхалка. – Над Дняпром – улюбёныя мае мясціны. Да агарода яшчэ і падгор’е, быццам, даецца ў прыдачу.
– Бачыш, Бог нам спрыяе!
– Як цябе ў воласці прынялі?
– Расказала ім, што я сірата, тулюся ў сястры, а муж з бацькамі жыве, няма дзе нам галавы прыхінуць, хочам сваю хату збудаваць. Яны ўзбадзёрыліся і кажуць, маўляў, беднякам мы даём зямлю ў першую чаргу. Так справа і вырашылася.
– Малайчына ты ў мяне, ведаеш, што трэба начальству сказаць. Я, мабыць, не сабраўся б з думкамі. Паклала добры пачатак, цяпер мне трэба пастарацца, каб здзейсніць нашу мару.
Як толькі знайшоў Міхалка вольную часіну, змайстраваў з дзвюх тычак «казу», якою мераюць плошчу, узяў некалькі вешак і пайшоў глядзець свой пляц. Радасць панавала ў душы, што тут ён будзе самастойным гаспадаром. Забіў першую вешку каля Архіпавага плота, яна лёгка ўвайшла ў зямлю, яшчэ не надта замерзлую, ледзь прыцярушаную снегам. Прайшоўся з «казою» ўдоўж поля, пасля – упоперак, затым – зноў удоўж. Ставіў вешкі і адразу прыкідваў, дзе будзе стаяць хата, гумно, хлеў, павець, дзе закладзе садок, пасадзіць бульбу, трохі пшаніцы на першы абыходак, ячменю на крупы. Пляц можна было засеяць ужо вясной, а гэта асабліва радавала, што ягоная сямейка будзе мець уласную бульбу. Міхалку ўбачыў Архіп, выйшаў на крываватых нагах, абутых у валёнкі, павітаўся і спытаў:
– Зямлю атрымаў?
– Так.
– Добра вам, цяперашнім лайдакам, зямлю за так даюць, а мне за кожную пядзю плаціць давялося, – незадаволена прабурчаў у бараду будучы сусед.
– Што зробіш, дзядзька Архіп, калі такі закон выйшаў, зямлю цяпер нельга купіць, бо яна дзяржаўная. Атрымаў трыццаць сотак, будуй хату, жыві як здолееш.
– Хачу нагадаць табе, Міхалка, што тут, па маім агародзе, якраз праходзіць мяжа паміж двума паветамі, каб не атрымалася так, што не той табе надзел далі.
– Дзякую за падказку.
– Памагай Бог, будзь здаровы, – адказаў Архіп і патупаў да свайго двара.
Міхалка адчуў, што сусед не надта задаволены з’яўленнем у недалёкім часе тут новай сядзібы. Можа, меў намер далучыць да свайго агарода гэтыя соткі? «Чаму я павінен прыслухоўвацца да чужых жаданняў і пачуццяў? Я не ўкраў гэтую зямлю і ні ў кога не забраў. Мне яе далі, буду карыстацца», – падумаў ён, выйшаў на гару, паўзіраўся ўдалячынь, дзе за Дняпром туманіўся далягляд, усё было размытае і няпэўнае.
Міхалка не падзяліўся з бацькамі навіной, быў упэўнены, не парадуюцца. Лепш моўчкі рабіць свае справы, не любіў ён лішніх непрыемных гаворак. Уся ягоная істота жыла ў прадчуванні вясны. Ён прыспешваў час, быў перакананы, што нарэшце ўсталюецца ў краіне спакой, можна будзе жыць, радавацца кожнаму дню і рабіць усё для здзяйснення сваіх задум.
Але ўжо ў лютым скаланула вяскоўцаў навіна: банда нейкага Івана Агалака, што прыйшла з Чарнігава, пабіла, парэзала ў Холмечы амаль з паўсотні яўрэяў, парабавала іхнія шматлікія крамы, усё дабро не маглі вывезці, таму спрабавалі раздаць сялянам, тыя палохаліся нечаканых дарункаў, здабытых на чужой крыві.
– Калі ўжо гэтая калатнеча скончыцца? – сам сабе сказаў Мірон, плетучы кош.
– Усё, што мае пачатак, мае канец, – адказаў Міхалка, які сядзеў побач і займаўся тою ж самаю справаю.
– Добра маладым, у іх усё жыццё наперадзе, а мы аджываем і нічога суцяшальнага не бачым.
– Няма сэнсу дабра чакаць ад іншых людзей, трэба рабіць яго ўласнымі рукамі, – адзначыў Міхалка, успомніў Хрысціну і маленькую дачку, усміхнуўся.
– Вельмі ты разумны, за бацькавым сталом седзячы, а нават ажаніцца па-людску не здолеў, – упікнула маці, якая завіхалася каля печы.
– Мама, мне так добра, што лепш не бывае, – засмяяўся сын. – А будзе яшчэ лепш. Палякаў прагналі, а з бандытамі ўжо неяк справяцца, усё ўладзіцца.
Міхалкавы прадчуванні здзейсніліся, ужо ў сакавіку замянілі харчразвёрстку, харчпадаткам, гэта азначала, што не будзе гвалтоўнага выграбання хлеба з сялянскіх засекаў. Тады забіралі ўсе запасы, якія знаходзілі, не пакідаючы гаспадарам зерня ні на ўласнае спажыванне, ні на насенне, што асуджала людзей на голад. Хто з сялян імкнуўся выжыць, выпраўляўся жабраваць, але скрозь была тая ж самая бяда. Цяпер кожны гаспадар мог сам разлічыць, колькі павінен аддаць дзяржаве хлеба з уласнага надзела. Людзі з палёгкаю ўздыхнулі, спадзеючыся на добрыя перамены.
9
Міхалка на сваіх трыццаці сотках пасадзіў бульбу і зноў выправіўся на заробкі па сёлах. З малодшым братам Аляксеем капалі калодзеж, крылі гонтаю аднаму чалавеку дах, падладзілі адной цётцы печ і яшчэ такой-сякой працы знайшлося. Вызваліўся толькі ў пачатку верасня і пасля амаль месячнай разлукі позна ўвечары заявіўся да Хрысціны. Малая яшчэ не спала, сядзела на ложку, пацягнулася насустрач ручкамі, прашчабятала:
– Тата! Тата!
Міхалка падхапіў дачку на рукі, пацалаваў у шчаку, радасна сказаў:
– Не забыла мяне.
– Кожны дзень пачынае з гэтых слоў, – з усмешкаю адказала Хрысціна.
Не спускаючы з рук малую, Міхалка абняў, пацалаваў жонку і спытаў:
– Як вы тут, мае дзяўчаткі, пажываеце?
– Бульбу капаем патроху, мяшкі Яўсей у канцы дня забірае. Усё ў нас добра.
– А як жа Калінка?
– Адзін дзень з сабою брала, другі з Кулінаю пакідала.
– Заўтра пойдзем дакопваць бульбу разам. Зарабіў я грошай, думаю, што на драўніну хопіць.
– Няўжо ў нас некалі будзе свая хата?
– Павінна быць. Толькі трэба табе будзе зноў схадзіць у воласць і дамовіцца, каб прадалі драўніну, хоць бы кубоў семдзесят. Сама разумееш, зямля на цябе запісана, дык і хата там будзе твая! – усміхнуўся Міхалка.
– Дык я ж тады буду вельмі багатая! – засмяялася ў адказ Хрысціна.
– Багатая наша хата будзе на каханне і дзяцей, было б толькі здароўе.
Як толькі пакапалі бульбу, Хрысціна выправілася ў воласць і прыйшла з добраю весткаю, дазволілі купіць драўніну. Пачытаў Міхалка паперу і радасна прамовіў:
– Добрая ты ў мяне перамоўшчыца. Заўсёды буду цябе да начальства пасылаць. Зімой будзем драўніну нарыхтоўваць.
– Чаму ажно зімой? – здзівілася жонка.
– Тады драўніна найбольш прыдатная, найменей вады ў сабе ўтрымлівае.
– А калі ж будаўніцтва пачнецца?
– Найлепш, каб дрэва паляжала год або два, добра падсохла. А пасля будзем патроху будавацца. Справа доўгая і нялёгкая. Мала зруб паставіць і дахам накрыць, трэба ж яшчэ вокны і дзверы парабіць, печ зляпіць, начынне рознае ў хату змайстраваць, а хлеў, гумно…
– Абы толькі хату паставіць, няхай без хлява, нам усё роўна няма чаго там трымаць.
– Будзе хлеў, завядзецца нейкая жыўнасць, каханая мая гаспадынька.
Пасля Калядаў, як толькі ўсталявалася марознае сонечнае надвор’е, Міхалка пагаварыў з бацькам і Аляксеем, яны згадзіліся дапамагчы нарыхтоўваць драўніну. Мужчыны па-змоўніцку да апошняга дня нічога не казалі Аксінні, каб лішні раз яе не злаваць. Аднойчы падняліся раніцай і пасля сняданку пайшлі запрагаць каня.
– Куды ты, Мірон, сабраўся? – спытала жонка.
– У лес, – коратка адказаў ён.
– Па дровы, ці што?
– Вядома, па дровы, не па грыбы, – пасміхнуўся ў бараду Мірон.
– І хлопцаў з сабою бярэш?
– Бяру, не цябе ж мне браць.
– Чаму так са мной здзекліва размаўляеш? – абурылася Аксіння.
– Звычайна размаўляю. Якія пытанні – такія адказы, – адмахнуўся ён ад жонкі, не хацелася, каб яна раней часу дазналася пра мэту паездкі сямейнікаў у лес, абавязкова сапсуе настрой на дарогу.
Калі ўвечары вярнуліся дамоў з пустымі санямі, Аксіння дзіву далася:
– Дзе ж дровы?
– У лесе пакінулі, – адказаў Мірон.
– Бязглуздзіцца нейкая, іх жа могуць іншыя людзі забраць.
– Не забяруць, мы на іх кляймо паставілі, – засмяяўся Мірон. – Не турбуйся, маці, стаў хутчэй на стол ежу, мы галодныя як ваўкі.
Аксінні карцела насварыцца на мужа і сыноў, але яна змоўчала, ведаючы, якая цяжкая праца нарыхтоўка дроў, аднак спытала:
– Заўтра таксама паедзеце?
– Паедзем і заўтра.
– Куды ж мы тыя дровы будзем дзяваць?
– У печ, маці, у печ, – засмяяўся Мірон.
– Нейкі ты занадта вясёлы, – падазрона паглядзела на мужа Аксіння і пачала даставаць з печы гаршкі, наліваць страву ў міскі ды ставіць на стол.
Калі і праз тыдзень ніякіх дроў у двары Мірона не з’явілася, Аксіння абурылася:
– Што такое робіцца? Чаму я нічога не ведаю. Дзе вашыя дровы?
– Супакойся, маці, мы не дровы нарыхтоўвалі, а драўніну Міхалку на хату.
– Якую хату? Дзе ён яе будзе ставіць? – са здіўленнем спытала Аксіння. – Можа, у нашым агародзе? Сад для гэтага будзем вынішчаць?
– Хрысціна атрымала пляц, для яе буду хату будаваць, – адказаў Міхалка.
– Хто яна, гэтая прыблуда? Нашто ёй хата?
– Яна гадуе маю дачку.
– У такім разе мы таксама будзем будавацца. Колькі гадоў гэтай разваліне, у якой мы жывём? Мо ўсе сто! – закрычала Аксіння.
Мужчыны маўчалі, абдумвалі пачутае.
– Чаго вады ў рот набралі? Нам трэба новая хата! Аляксей хутка будзе жаніцца, Таня падрастае!
– Хата дык хата. Купляй драўніну, будзем будавацца, – спакойна адказаў Мірон, ведаючы, што грошай у жонкі ў запасе мала, ды і тыя па цяперашнім часе няпэўныя.
– І куплю! Здамо бычка, пару парсюкоў выгадую, можна прадаць трохі збажыны і бульбы, – адказала Аксіння і адразу супакоілася, бо яшчэ не было такой задумы, якую б яна не дамаглася здзейсніць, вось толькі з нявесткаю не пашанцавала, але не лічыла, што ўжо прайграла гэтае змаганне.
Бярвенні перавезлі на Міхалкаў агарод і паскладвалі. Вясною ўсю драўніну гаспадар ачысціў ад кары, склаў, каб прасыхала, і зноў упрогся ў сялянскую працу, не хацеў лішні раз раздражняць маці, але Хрысціну і дачку не пакідаў без увагі.
Усю зіму мудраваў, рабіў вокны для будучай хаты, а толькі з наступнай восені меў намер пачаць будаўніцтва. Зноў бацька з Аляксеем абяцалі памагчы Міхалку. Гэта радавала і надавала ўпэўненасці ў здзяйсненні задумы.
У верасні Хрысціна капала бульбу на агародзе, Калінка сядзела босенькая на посцілцы. Міхалка, як толькі вызваліўся дома з працы, прыйшоў ёй дапамагаць. Малая пабегла насустрач, пакідаючы маленькія слядочкі ад босых ножак. Падняў яе на рукі, памацаў халодныя ступні, сказаў:
– Холадна малой босай, трэба лапцікі якія сплесці. Каб не застудзілася.
– Цяпер яшчэ цёплая зямля, як пахаладае, дык буду пакідаць дачку з сястрою.
– Адпачні, дай капаніцу, я пакапаю, – прапанаваў Міхалка.
Хрысціна выпрасталася, пацерла паясніцу.
– Баліць? – спытаў ён.
– Ад такой працы ва ўсіх спіны баляць, – усміхнулася яна ў адказ, села на посцілку, узяла малую на рукі, пагрэла яе ступні ў далонях.
– Бульбу пакапаем – пачну будавацца, – сказаў Міхалка, спрытна збіраючы клубні з-пад вывернутага карча.
– Дай Бог у добры час, – адказала яна.
– А бульба добрая ўрадзіла. Неблагі агарод нам дастаўся з тваёй шчаслівай рукі.
– Усялякая зямля гною патрабуе, без гэтага хутка можа збяднець.
– Будзе хлеў, будзе і гной. Усё ў нас будзе, Хрысцінка.
10
Да Пакроваў паспеў Міхалка з дапамогаю брата і бацькі паставіць дубовыя слупы для падмосця ды пакласці некалькі ніжніх дубовых вянцоў, далей меў намер узводзіць хату з сасновых бярвенняў. Свята спыніла працу на адзін дзень, таму выправіўся Міхалка на кірмаш, каб купіць клямкі, замкі, завесы і зашчапкі для вокнаў, а таксама цвікоў розных памераў. Зайшоў у краму, дзе прадавалі абутак, і набыў Калінцы чаравічкі, няхай малая не ходзіць босая. Каб меў удосталь грошай, дык упрыгожыў бы ён сваіх дзяўчатак, апрануў бы і абуў, але спярша трэба паставіць хату, а пасля думаць пра апранахі. Чаравічкамі пацешыў і малую дачку, і Хрысціну, абцалавалі яны Міхалку, пакармілі смачнаю вячэраю, а пасля выправіўся ён зноў да бацькоў, каб раненька ўстаць ды будаваць сваю першую ў жыцці хату. Хацелася зрабіць хутка, але будаўніцтва расцягнулася на гады, таму што і бацькі тэрмінова ўзяліся будаваць хату сабе. Міхалка мусіў дзень працаваць на бацькавай сядзібе, а пасля ўжо прыцемкам бег да сваёй хаты, каб хоць што-небудзь зрабіць, бо і падлогу трэба пакласці, і столь падшыць, і печ паставіць. А яшчэ кожная хата павінна мець плот і вароты на добрых шулах, як было заведзена тут спрадвеку. За гадзіну ці дзве да змяркання не вельмі шмат паспяваў. Нарэшце ў кастрычніку 1926 года хата і хлеў былі гатовыя. Міхалка вельмі спяшаў зрабіць збольшага ўсё да зімы. Хрысціна павінна была ў хуткім часе нарадзіць яшчэ адно дзіця. Хацелася нарэшце пажыць сям’ёй у сваім доме ды на сваім хлебе. Яўсей дапамог перавезці рэчы Хрысціны, Куліна ў якасці пасагу дала сястры цялушку, ад якой яшчэ трэба было дачакацца малака недзе зімой, але ж ужо было каго паставіць у хлеў. Маладая гаспадыня павесіла на вокны накрухмаленыя марлевыя занавескі, заслала ложак посцілкаю, паставіла падушкі з вышыванымі навалачкамі, накрыла настольнікам стол, хата напоўнілася жыццём. Малая Калінка тупала па жоўтых масніцах. Шчасце панавала ў хаце.
Па абедзе выправіўся Міхалка да бацькоў, каб расказаць пра сваю радасць, што дажыў усё ж да наваселля, хоць зусім схуднеў ад гэтых бясконцых турбот, але і радасць атрымаў вялікую – займеў уласную хату, дзе будзе жыць з жонкаю і дачкою. Аднак не спяшаўся выказвацца, збіраў у заплечнік свае рэчы, маці заўважыла і спытала:
– Куды гэта ты?
– Дадому. Хрысціну з дачкою перавёз. Там цяпер буду жыць, – адказаў Міхалка, не падымаючы на маці вачэй.
– З наваселлем, сын, – павіншаваў бацька. – Няхай ладзіцца ў цябе жыццё.
– Дзякую.
– Што ў яго можа ладзіцца? Хіба гэта жонка! – абурылася Аксіння.
– Прыйдзі, мама, і паглядзі, як у нас хораша.
– Адсохнуць мне ногі і рукі, перш чым я да вас пайду.
– Не хочаш, дык і не трэба, – абыякава азваўся Міхалка, звыклы да матчынай незадаволенасці.
– Трэба сыну каня даць, маладога жарэбчыка, – прапанаваў бацька.
– Жарэбчык самім патрэбны, прадамо – будуць грошы, каб хату дабудаваць. Няхай бярэ старога каня. Хопіць з яго! Жонку старую ўзяў, няхай і каня бярэ старога, – маці злосна засмяялася.
– Як кажуць, даронаму каню ў зубы не глядзяць, якога дасце, такога і вазьму, – адказаў Міхалка, хоць крыўда і апякла сэрца, ці не заслужыў ён добрага слова ад маці? – Дык бывайце здаровы, жывіце багата.
Бацька выйшаў правесці сына, вывеў з хлява каня, перадаў повад і пажадаў шчаслівага жыцця, папрасіў:
– Заходзь калі. На маці не крыўдуй. Яна не злая, а вельмі ўпартая, любіць, каб усё было так, як яна жадае. А жыццё складанае, наперад не разлічыш. Вось і пакутуе яна па дурноце бабскай. Нічога, адляжа і ў яе некалі ад сэрца, яшчэ і пашкадуе, што была такая жорсткая.
– Дзякую, тата, і ты заходзь, паглядзі, як мы ўладкаваліся, – сказаў Міхалка, падаў руку, ускінуў заплечнік на спіну, адчуў, што слёзы наварочваюцца, і паспяшаў развітацца.
Выйшаў з двара, не стаў чакаць, калі з’явяцца Аляксей і Таня, не ў далёкую дарогу сабраўся, на край вёскі, самі могуць яго наведаць.
Хрысціна сустрэла яго ў двары, узрадавана сказала:
– Мабыць, табе коніка падаравалі?
– Стары гэты конь, але паслужыць трохі, а пасля будзем бачыць.
– Ты пакрыўдзіўся на бацькоў? – удакладніла Хрысціна, якая ўжо ўмела добра па твары чытаць настрой мужа.
– Здавалася мне, што заслужыў лепшага каня. Ат, які ёсць, абы мы нарэшце разам. Не трэба мне за сем вёрст хадзіць у госці да жонкі, – усміхнуўся Міхалка.
– Я тым часам вячэру зварыла, – весела адказала яна і пайшла наперад, несучы вялізны жывот.
«Добра, што паспелі да нараджэння дзіцяці перасяліцца, – падумаў Міхалка. – Пастараўся я, каб хата была цёплая, кожную шчылінку заткнуў, камар носа не падточыць. Хачу, каб хлопчык нарадзіўся, быў бы мне памочнік. Але каго Бог дасць, таму і буду рады».
Праз тыдзень Хрысціна нарадзіла сына. Міхалка пачуваўся шчаслівым, але бацькам хваліцца не пайшоў, бо ведаў, маці не ўзрадуецца, яшчэ пачне праклінаць нявестку і ўнука, што не на карысць ягонай сям’і. Аднак навіны па вёсцы разносяцца хутка. Увечары, калі Аксіння чакала сваіх дзвюх кароў з чарады, падышла да яе суседка Сынклета павіталася і павіншавала з нараджэннем унука.
– Якога яшчэ ўнука? – перапытала Аксіння, думаючы пра дачок Гарпіну і Хадоску.
– Хрысціна хлопчыка нарадзіла, схадзіла б пабабіць.
– Адсохнуць мне рукі і ногі, калі я пайду туды! – злосна адказала Аксіння і ажно пачырванела ад злосці, найбольш разгневала тое, што не ад сына, ад чужой жанчыны дазналася.
– Кажуць, што і малака ў іх няма, цялушка яшчэ не доіцца, занесла б, там жа і ўнучка падрастае, – сыпала соль на рану Сынклета.
– Не твая справа, лепш за сваімі дочкамі сачы, каб не прынеслі ў прыполе, – злосна адказала Аксіння і пайшла ў двор.
Нельга было сказаць, што яе не цікавіў лёс сына, але вельмі была незадаволена, што ад самага пачатку пайшоў наперакор маці. Дзе гэта бачна, каб дзеці не слухаліся бацькоў? Яна нават хадзіла крадком паглядзець на Міхалкаву хату, сказала сямейнікам, што выправілася ў Холмеч, каб купіць паркалю на хустку, няспешна прайшла міма, агледзела і засталася задаволеная: добрая будыніна атрымалася, вокны нават велікаватыя, светла ў хаце будзе. Двор не разгледзела, бо хаваўся ён за высачэннымі варотамі. Унучка сядзела каля весніц, прыгожая дзяўчынка ў хустачцы, бабу не пазнала. Ніколі ж не бачыла. Захвалявалася Аксіння ад нечаканай сустрэчы, ледзь не кінулася абняць малую, але стрымала сябе, ажно сэрца разбалелася, быццам адчувала, што нешта не так робіцца. Але хіба ж яна павінна скарыцца, пераступіць цераз свае перакананні? Не для таго гадавала сына, каб чужая дзеўка завалодала ягонаю душою, прывязала да сябе, прычаравала, свет яму завязала. І сам жа не зломак, знешне прывабны, высокі, дужы, усялякую справу па гаспадарцы зробіць. Вунь якую хату ўзвёў! Нічога не скажаш, залатыя рукі ў хлопца. А мусіць жыць з гэтаю пераспелкаю. Божа літасцівы, за што ты нас так пакараў?
Аксіння, молячыся па вечарах, кожны раз пытала ў Бога, за што ёй такая бяда выпала, і не знаходзіла адказу, толькі яшчэ больш распалялася злосцю і нянавісцю да нявесткі і дзяцей, якіх тая нарадзіла. Праклінала каханне, якое зрабіла чужым сына, не прынесла радасці ў хату, заадно кляла нявестку і яе вывадак, каб ніколі ім шчасця не зведаць. Добра, што хоць у Хадоскі і Гарпіны нарадзілася па дачцэ, гэта сапраўдныя былі ўнучкі, якім яна была гатовая і душу ахвяраваць. Дасць Бог, будуць унукі ў Аляксея і Тані, не засумуе бабуля Аксіння на старасці, будзе з кім словам перакінуцца. Гэтым суцяшала сябе, адганяла дакучлівыя думкі, што часам будзілі яе сярод ночы і не давалі заснуць да рання.
11
Цяжкаваты аказаўся першы год самастойнага жыцця для Міхалкі і Хрысціны. Напачатку даймала нішчымніца, аднак пачалі да іх суседзі наведвацца ды разгледзелі, якія прыгожыя парабіў Міхалка стол, суднік, ложак, услоны, зэдлікі, сталі звяртацца з просьбамі, каб і ім нешта змайстраваў, а за гэта плацілі хто кавалачкам сала, хто яйкамі, малаком для дзяцей. А яшчэ ж у кожнай гаспадарцы неабходныя цэбрык, бочка, карытца, маслабойка – усё гэта ўмеў зладзіць Міхалка. Праўда, даводзілася пакуль стругаць ды рэзаць у сенцах, а калі асабліва было холадна, тады ў хаце. Таму на лета задумаў сабе між іншымі справамі паставіць павець, таксама неабходна было зладзіць гумно, бо восенню не будзе дзе малаціць збожжа. Гаспадыня папярэдзіла, што зімой ёй спатрэбяцца кросны, каб саткаць палатно, бо адзенне пры чорнай працы дзярэцца хутка, а грошы зарабіць на крамнае няма дзе, таму трэба самім прасці ды ткаць. Усё ладзілася ў Міхалкі, сядзе каля парога, майструе нешта, спявае песню, пачутую некалі на вайне ад аднапалчан:
Сухой бы я корочкой питалась,
Воду б я холодную пила…
Хрысціна падцягвала за ім:
Табой бы, мой милый, любовалась
И век давольная была…
Спявалі і шчасліва ўсміхаліся адно аднаму, не страшныя ім ні безграшоўе, ні нішчымніца, ні цяжкая праца, якую рабіць і не перарабіць.
Сруби ты мне комнату уютну,
Где б век я могла коротать,
Приди ко мне хоть на минутку,
Тебя, мой милый, буду ждать.
Ужо і Калінка, калышучы брата, падхапіла тую песню, бо чула яе шмат разоў, нават маленькі Радзік падаў ціхі галасок. Выйшла жанчына на колькі хвілін у сенцы ўзяць бобу і замачыць, каб заўтра зварыць крышаны, а сямейнікі ўжо амаль даспявалі, апошні куплет застаўся. Міхалка і Хрысціна любілі гэтую песню, бо яна апавядала пра неразлучных закаханых, якія знайшлі адзін аднаго і не жадаюць, каб нехта ўплываў на іхні лёс. Яны былі перакананыя, што адолеюць усе нягоды. Так і атрымалася: своечасова засеялі соткі, перажылі касавіцу, сабралі ўраджай, праўда, хапіла Хрысціне працы на полі, бо ўсё трэба было палоць і не адзін раз. Міхалка пастараўся і да лістапада сплёў з лазы павець і гумно, атынкаваў глінай, накрыў дахам. Пашанцавала нават з падаткамі разлічыцца, праўда, сабе засталося толькі тое-сёе на насенне ды на сціплае харчаванне.
Пачынаўся 1929 год, які прынёс вялікія перамены. У лютым запрасілі ўсіх гаспадароў на сход у сельсавет, але з Міхалкам здарылася непрыемнасць, паехаў па дровы, угрэўся, а пасля трохі астыў і прастудзіўся, кашляў і адчуваў сябе блага, таму пайшла Хрысціна. Прынесла яна непрыемную вестку: начальства хоча стварыць калгас, так загадала партыя, прапаноўваюць уступаць усім вяскоўцам. Хто не ўступіць, тыя будуць называцца аднаасобнікамі, на іх ускладуць павялічаныя падаткі.
– Як яно будзе выглядаць, тое ўступленне? – спытаў Міхалка з печы, дзе выграваў сваю хваробу.
– Хочуць забраць у людзей усё: жывёлу, вупраж, плугі, хто што мае, і з гэтага зрабіць калектыўную гаспадарку.
– Вар’яцтва нейкае! Чалавек усё жыццё працаваў, а цяпер аддай задарма невядома каму! А куды яны тую жывёлу паставяць, што ў людзей забяруць? Куды падзенуць кароў, коней і авечак? Гэта ж якія хлявы трэба мець!
– Не ведаю, Міхалачка, толькі адчуваю, што нешта дрэннае насоўваецца на нас. Яны яшчэ казалі, што тыя, хто мае асабліва вялікую гаспадарку, будуць называцца кулакамі.
– Кулакамі? Во дзіва! А бедныя, выходзіць, – пальцы?
– Дык вось у гэтых кулакоў усё будуць забіраць, а іх з вёскі выганяць.
– Куды выганяць?
– Вывозіць у Сібір ці куды, дзе людзі не жывуць.
– Ад такіх навін самому немаведама куды ўцякаць хочацца.
Хрысціна скінула світку, развязала з галавы шэрую канаплянку, пагрэла рукі каля грубкі, падышла да сына, які спаў на кароткім дзіцячым ложку, з любасцю змайстраваным бацькам, спытала:
– Як тут наш маленькі?
– Пад’еў і спіць, – адказаў Міхалка.
– А Калінка як? А ты?
– Дачка таксама пагартала кніжкі і пайшла спаць, а я кашляю патроху. Цяжка ў грудзях. Думаў, прапацею – і ўсё пройдзе, а нешта нічога не дапамагае.
Міхалка хварэў, з цяжкасцю адсеяўся вясною. Не столькі працаваў, колькі ляжаў, сілы не было. Калі старшыня сельсавета Веня (высокі, з пышным светлым чубам) зайшоў да яго спытаць, чаму не ўступае ў калгас, Міхалка так і растлумачыў, што няма здароўя на сваіх сотках працаваць, дык які з яго будзе калгаснік.
– А што з табою здарылася? – спытаў Веня.
– Сам не ведаю. Нейкі кашаль бясконцы, слабасць, якое толькі зелле ні парыла Хрысціна, нічога не дапамагае.
– Чаго ты, цёмны чалавек, зелле парыш, едзь да доктара ў Холмеч, няхай лекі выпіша. Так і памерці можна.
– Я ўжо казала яму, – уставіла слова Хрысціна, – а ён упарціцца.
– Жонку іншы раз трэба слухаць, – заўважыў старшыня. – Заўтра зноў будзем сход збіраць, начальства прыедзе. Прыходзьце. І скажы сваім бацькам, каб у калгас уступалі. У іх сад, два кані, дзве каровы, дзве хаты – кулакі!
– Сапраўды могуць выгнаць з вёскі? – спытаў Міхалка.
– Не тое слова «выгнаць»! Вывязуць, куды Макар цялят не ганяў. Ні кала, ні двара з сабой не возьмеш, як на той свет. Хоць, кажуць, і там людзі неяк жывуць.
– Як жа так можна? Забраць у чалавека ўсё, што ён за жыццё набыў? Гэта ж проста рабаўніцтва нейкае!
– Барані цябе Бог, нікому не кажы такія словы, бо прыпішуць контррэвалюцыю і таксама павязуць да белых мядзведзяў.
– Сам казаў, цёмны я, не разумею, – азваўся Міхалка.
– Таму і тлумачу. Гэта лінія партыі. Людзі павінны жыць і сумесна працаваць у сацыялістычным калектыве, усё зробленае і заробленае дзяліць па-брацку! Уяўляеш, як усё цудоўна вымалёўваецца?
– Уяўляю, – адказаў гаспадар, а сам падумаў: «Ішоў бы ты на сухі лес са сваімі лініямі. Дадумаліся, сумесна працаваць, дзяліцца. Начальства сваімі заробкамі ні з кім дзяліцца не будзе, а з сялян пры ўсялякай уладзе скуру дзяруць…»
– Калі вы ўсё зразумелі, пайду цяпер да Архіпа, а вы бывайце здаровы, – развітаўся Веня і выйшаў.
Хрысціна праз акно прасачыла, як за Венем зачыніліся весніцы, уздыхнула і сказала:
– Чуў, што дзеецца? Казала я табе, што наспявае не лепшы час.
– Пажывём – пабачым.
– Міхалка, давай заўтра з’ездзім да доктара, можа, ён што параіць. Я цябе не вылечу.
– Паедзем, – пагадзіўся ён.
На другі дзень з самага ранку Міхалка з Хрысцінаю пакінулі гаспадарку і Радзіка на Калінку і паехалі ў мястэчка. Любіў гэтую дарогу Міхалка, асабліва падабалася яму высокая гара, на якой стаяў Холмеч, і вялізны роў, які прарэзала вада, што кожную вясну бегла з палёў у Дняпро. Казалі, некалі тут было замчышча. Сапраўды, вельмі прыдатная мясціна для замка. З аднаго боку – рака, з другога – натуральны роў, пастаў яшчэ сцены – і будзеш абаронены. Зямля па-вясноваму ўбіралася ў хараство, за парканамі цвілі вішні, абапал вуліцы паднялася маладая трава, прырода прагнула жыцця і красавання. У душу міжволі ўсялялася надзея на ўсё добрае ў будучыні.
Міхалка пайшоў у амбулаторыю, Хрысціна засталася сядзець на возе. На плошчы ўзвышалася царква, стаялі аднапавярховая крама і школа на два паверхі. Царкву зачынілі, яна не працавала, але Хрысціна перажагналася, пазіраючы на ўзнёслы і лёгкі будынак, памалілася, папрасіла Бога, каб памог ачуняць Міхалку. Пасля паклала руку на жывот і стала маліць Бога, каб ён даў здаровае дзіцятка, якое неўзабаве павінна было нарадзіцца. Слёзы выступілі на вачах жанчыны. Ёй здавалася вельмі несправядлівым тое, што якраз цяпер, калі яны займелі ўласнае жытло, новыя беды пагражаюць ім. Не ўтрымалася, каб не зазірнуць у краму. Агледзела вітрыны, дзе на шкле былі намаляваны мужчына ў чорным гарнітуры, белай сарочцы, жанчына ў квяцістай сукенцы і чырвонай хустцы. У памяшканні востра пахла селядцамі, гаспадарчым мылам і газаю. Усе гэтыя непрыемныя пахі былі ў нос, можа, з-за таго, што паветра тут занадта застаялася. На прылаўку ляжала некалькі сувояў паркалю і цёмнага корту, стаяў абутак. Хрысціна ўздыхнула і з болем падумала, што Калінка вырасла з тых чаравічкаў, якія ёй падарыў бацька, цяпер іх носіць Радзік, а дзяўчынцы з восені не будзе чаго абуць у школу. Ды і сама Хрысціна хадзіла ў такіх атопках, што, як казаў Міхалка, няма куды латкі ставіць. Але нават, каб і мела грошы, нічога не купіла б, патрэбны былі яшчэ талоны, якія выдавалі толькі начальству ды найлепшым працаўнікам. Аднаасобнікі і марыць не маглі пра дазвол купіць нешта ў краме. У другой палавіне памяшкання прадаваліся крупы, хлеб, цукеркі-падушачкі, бляшанкі з кансервамі. У Хрысціны грошай не было, хоць і хацелася парадаваць нечым смачным дзяцей, але разумела, што цяпер трэба думаць, за што Міхалку купіць лекі. Маладзіца вярнулася да воза, пагладзіла па шыі каня, акінула позіркам пустую плошчу, прайшлася трохі па вуліцы, чакала мужа. Неўзабаве вярнуўся Міхалка.
– Ну што? – нецярпліва спытала яна.
– Доктар сказаў, што ў мяне сухоты.
– А Божачкі! Што ж рабіць?
– Лекаў ад гэтай хваробы няма, толькі сонца, паветра і добрыя харчы. Там нейкі чалавек сядзеў, казаў, што яму барсучыны тлушч памагае, – патлумачыў Міхалка.
– Дзе ж той тлушч браць?
– Не ведаю, мо ў якіх паляўнічых. Трэба да сясцёр наведацца. Яны ў лесе жывуць.
– Божа мой, за што нам такая бяда?
– Мабыць, за тое, што былі занадта шчаслівыя.
– Хіба ж за гэта караюць?
– Бог зверху ўсё па-свойму бачыць. Хвароба гэтая заразная. Доктар сказаў, што цяпер я павінен мець сваю міску, лыжку, есці асобна і старацца не дыхаць на іншых, каб не перадаць нікому сухоты. Пара ехаць, нічога мы тут з табою не выстаім. Дома дзеці адны, а табе пад вечар на сход трэба.
– Можа, і ты пойдзеш?
– Нельга мне між людзьмі быць, заразны я, – адказаў Міхалка, тузануў лейцы, і конь рушыў у зваротны шлях.
Са сходу Хрысціна прынесла дрэнныя навіны:
– Архіпа будуць высяляць, бо ён кулак, летась наймаў баб капаць бульбу, малацілку мае і жыўнасці рознай шмат.
– Куды высяляць? – удакладніў Міхалка.
– Ніхто не ведае. Але маюць намер усё забраць і перадаць у калгас.
– Вось гэта ўлада! Спачатку самых багатых абабралі, цяпер за сялян узяліся.
– Калі твае бацькі не запішуцца ў калгас, іх таксама вывезуць. Папярэдзіў бы ты іх.
– Ці ж маці пераканаеш? Яна, мабыць, ніколі не пагодзіцца нешта аддаць.
– Дык забяруць жа гвалтам.
– Можа, толькі палохаюць?
– Надта сур’ёзна ўсё гэта казалася, неяк не да жартаў усім было. Чалавек дзесяць ужо запісаліся са страху.
Хрысціна назвала вяскоўцаў, які палічылі за лепшае ўступіць у калгас. Міхалка пасміхнуўся ў адказ:
– Дык гэтым няма чаго губляць, бедната беззямельная. Ім і ў калгас няма чаго аддаць, хіба апошнюю карову.
– Веня пра цябе пытаўся, калі ў калгас пойдзеш. Я сказала, што ў цябе дактары знайшлі сухоты, ён і змок, быццам страціў цікавасць.
– Дзіва што. Ведаюць, што з гэтаю хваробаю людзі доўга не жывуць.
– Ты будзеш жыць, Міхалка! Нельга, каб Бог забраў бацьку ў дзяцей. Хутка ж і трэцяе з’явіцца, – прамовіла Хрысціна, і вочы яе напоўніліся слязьмі.
– Не плач, мо яшчэ трохі пажыву, – усміхнуўся ён у адказ.
12
Міхалка выправіўся да бацькі, каб пагутарыць з ім і расказаць пра ўсё, што чула Хрысціна на сходзе. Няспешна пайшоў па гары, шчодра зазелянелай з майскім цяплом, нават на доле там-сям рассыпаліся дробныя рамонкі. Дняпро разлёгся шырока і вольна, заўсёды прыцягваў да сябе позірк, палоніў душу прыгажосцю. Забываліся ўсе горкія думкі, цяжкія прадчуванні, непазбежныя і нежаданыя перамены. Бацьку сустрэў нечакана. Той нёс з-пад гары такі агромністы пук лазы, які хіба толькі канём можна было вывезці.
– Добры дзень, тата, – павітаўся Міхалка, падаў руку.
Бацька скінуў пук з плячэй, паціснуў сынаву руку, аддыхаўся.
– Навошта такія вялізныя пукі носіш? Я спачатку падумаў, што нехта канём едзе.
– Па звычцы, сіла пакуль ёсць. Куды ты сабраўся?
– Да цябе ішоў, каб сказаць навіну. Ты ж учора не быў на сходзе?
– Чаго я пайду да тых галадранцаў? Няхай больш працуюць і меней языкамі мелюць, дык усё ў іх будзе.
– Новая ўлада жартаваць не будзе. Цябе таксама ў кулакі запісалі. Могуць усё забраць, а сям’ю вывезці за свет вочы.
– Чаго гэта раптам? – здзіўлена зірнуў Мірон на сына.
– Кажуць, такая лінія партыі: у сялян забраць усё, што маюць, і стварыць калгас, а калі хто з багацейшых заўпарціцца, дык тых будуць вывозіць у Сібір. Такія справы, тата.
– Якое ж у мяне багацце?
– Дзве каровы, два кані – у іхнім разуменні ўжо зашмат. Дзве хаты маеш: старую і новую. Адну тэрмінова трэба разбіраць, бо лепшую могуць забраць. Думай, тата, што рабіць мусіш.
– Старую хату разбяру, няма нічога лягчэйшага. Толькі мне цікава, мо і ты ў той калгас сабраўся?
– Калі б я і сабраўся, дык мяне не возьмуць, – адказаў Міхалка і закашляўся.
– Чаму гэта? – здзівіўся бацька.
– Сухоты ў мяне, тата, хвароба невылечная. Працаўнік я ніякі.
– Скуль ты ўзяў? – насцярожана спытаў Мірон.
– Учора ў доктара быў. Лекаў ад гэтай хваробы няма, кажуць, трохі барсучы тлушч памагае, а больш нічога.
– Як жа так выйшла? Дзе ж ты дастаў гэтую хваробу?
– Сам не ведаю. Зімою, калі дровы вазіў, быццам прастудзіўся, дык да гэтага часу кашаль не сціхае.
– Дык Аляксей наш таксама кіхікае, а мы і ўвагі не звяртаем.
– Завязіце яго да доктара, мусіць, і ён гэтую цацку зарабіў.
– Але дзе?
– Ці ты не помніш, колькі мы па людзях хадзілі, што елі, дзе начавалі, колькі ў халодных калодзежах сядзелі! Гэтая хвароба не ў адзін дзень выяўляецца, можа нават некалькі гадоў прайсці, а пасля пачне чалавек кроўю харкаць, як я цяпер.
– Што рабіць думаеш?
– Трэба шукаць барсучы тлушч. Да Хадоскі ці Гарпіны наведацца хачу, мо там які паляўнічы знойдзецца.
– Ведаеш, мы з маці збіраліся дачок праведаць, я сам распытаю там у людзей, што ды як. А ты мацуйся, сын, у цябе дзеці, сям’я, трэба жыць. Можа, да нас зойдзеш?
– Не варта, зноў маці будзе лаяцца. Скажы, тата, Аляксею няхай забяжыць да мяне, пераканаю яго, каб да доктара пайшоў. Калі ён акажацца здаровы, мне будзе спакайней, бо ягоная хвароба на маім сумленні, гэта я цягаў яго скрозь з сабою. А я, можа, гэтую хваробу яшчэ на вайне зарабіў, калі газам труцілі. Хто ведае?
– Не бяры на сябе гэты цяжар, у кожнага свая доля, яе і на кані не аб’едзеш.
– Дзякую, тата, будзь здаровы, рады быў пабачыцца, пайду я.
Праз колькі дзён прыйшоў да Міхалкі Аляксей. Хрысціна на той час палола грады, каля яе на агародзе былі і дзеці. Гаспадар ляжаў на печы і кашляў.
– Быў я ў доктара. Апанавала нас з табою аднолькавая хвароба. Я і не ведаў, што такія страшныя захворванні ёсць на свеце, – сказаў брат.
Міхалка злез з печы, павітаўся з Аляксеем за руку, спытаў:
– Як пачуваешся?
– Кашляю, пацею, але не звяртаў на гэтую немач увагі. А цяпер, калі доктар сказаў, што і ў мяне сухоты, дык розныя думкі ў галаву лезуць.
– Ці ездзіў бацька да сясцёр?
– Ездзіў і шукаў той тлушч, але нічога не знайшоў. Адзін дзядзька яму сказаў, што барсука трэба забіць перад зімой, калі ён яшчэ спаць не залёг, тады ён найбольш тлушчу мае. Але ж тых барсукоў вельмі мала, так што надзеі няма ніякай нам падмацавацца тым тлушчам.
– Бяда, – са скрухай прамовіў Міхалка.
– Той дзядзька казаў, што для нашай хваробы падыдзе тлушч усялякіх дзікіх жывёл, якія спяць зімою, напрыклад, вожыкаў. Яны таксама назапашваюць тлушч на час спячкі.
– Дык у нас пад гарою процьма вожыкаў жыве, – узрадавана прамовіў Міхалка.
– Няўжо ты зможаш есці вожыка? – здзівіўся Аляксей.
– А што? Абсмалю і ў печы засмажу…
– Гэта ж гідота! Лепш памерці, чым такое паскудства есці, – упарта прамовіў брат.
– Мне нельга паміраць. У мяне двое дзетак, хутка трэцяе з’явіцца. Што Хрысціна адна з імі будзе рабіць? Як падумаю, што яе чакае, дык зямлю гатовы есці, каб толькі не пакідаць адну.
Паслухаў Аляксей брата і суцешыўся, што не мае ён ні жонкі, ні дзяцей, а таму няма чаго асабліва задумвацца пра гэтую хваробу, сама прыйшла, сама пойдзе. Няўжо яму, маладому ды здароваму, паміраць ад нейкіх сухотаў? Ды няхай ідуць яны лесам.
Міхалка доўга абдумваў пачутае і вырашыў, калі няма іншага выйсця, давядзецца есці вожыкаў, няхай яны спрахнуць. У тую ж ноч не ўспаўся, не давала спакою думка пра лекі. Вырашыў схадзіць на паляванне. Ведаў, што ўдзень вожыкі спяць, а ноччу выходзяць, заяўляюцца і на сядзібу, каб на сметніку падабраць што-небудзь ядомае. Устаў ціхенька сярод ночы, каб Хрысціну не пабудзіць, ускінуў на плечы світу, бо майскія ночы яшчэ халаднаватыя, выйшаў на гару, пастаяў, прыслухаўся. Недзе чуліся галасы. Гэта было дзіўна. Хто ў такі час можа размаўляць, хіба моладзь з вячорак вяртаецца ў суседнюю вёску. Наблізіўся да сваіх варот, выглянуў на вуліцу, убачыў, што каля Архіпавай хаты стаіць воз і нейкія людзі ходзяць. Насцярожыўся Міхалка: «Што ж гэта робіцца сярод ночы? Ці не рабаўнікі якія? Пайшоў у левы край свайго гарода, адкуль лепш было відаць Архіпаву хату, прысеў і сцішыўся за плотам. Заўважыў, што з вокнаў падае святло на вуліцу. Крыку ніякага няма. Падумалася, мо пазабівалі ўсіх, у Архіпа шасцёра дзяцей, трое дарослых жывуць асобна, астатнія з ім. Зноў пачуліся галасы, на вуліцу выйшлі два вайскоўцы. «Няўжо банда пераапранулася?» – сам у сябе спытаў Міхалка. Але праз колькі хвілін Архіп вывеў каня, запрэжанага ў воз. У паўзмроку разгледзеў Міхалка ягоную постаць. На возе ляжалі нейкія клункі. Услед пацягнуліся трое сыноў, моўчкі селі на воз, апошняй, галосячы, выйшла з двара гаспадыня. Нехта крыкнуў на яе:
– Молчать! Не на базаре!
Жанчына асеклася, села на воз, абхапіла галаву рукамі, глядзела на сваю хату і быццам закалыхвала боль.
– Паехалі! – загадаў нечый уладны голас.
Чацвёра незнаёмцаў ускочылі на вольны воз, усе скіраваліся ў бок Холмеча. Міхалка выйшаў з двара, правёў іх позіркам. Толькі цяпер зразумеў, што гэта ж Архіпа вывезлі з сям’ёй. Улада моцна трымалася ўзятага курсу, нішто яе не магло спыніць: ні слёзы, ні скаргі, ні просьбы.
Устрывожаны пабачаным, Міхалка страціў цікавасць да палявання, падаўся ў хату, але доўга не мог заснуць, задрамаў толькі пад ранне. Калі прачнуўся, Хрысціна абурана сказала:
– Ідзі, Міхалачка, паглядзі, што робіцца ў Архіпавай хаце.
– А што там робіцца? – спрасоння спытаў ён.
– Сельсаветчыкі расцягваюць гаспадарку, а Архіпа, кажуць, ноччу некуды вывезлі. Можа, нават судзіць будуць.
– За што? – здзіўлена ўскрыкнуў Міхалка.
– Нехта чуў, што той лаяў Савецкую ўладу. Бедныя Архіп, Параска і іхнія дзеці, як шкода людзей!
Міхалка не стаў расказваць жонцы, што бачыў ноччу, меней будзе размоў, але зразумеў, што трэба быць вельмі асцярожным, лішняга слова не казаць, бо з сухотамі апынуцца на поўначы ці ў Сібіры – самы горшы варыянт, таму сказаў Хрысціне:
– На ўсялякі выпадак нам трэба прыкінуцца недалёкімі і цёмнымі. Кажы ўсім, што я непісьменны, пра цябе ведаюць: ты заявы ўмееш пісаць, тут не падманеш. Да ўсяго ў мяне сухоты, гэтая хвароба шмат каго ў магілу звяла ў ваколіцах, таму, думаю, пакуль да нас чапляцца асабліва не будуць. Тым больш конь стары, і ўсяго ў нас багацця – маладая карова.
– Я ўсё зразумела. Сапраўды, трэба быць больш асцярожнымі.
– Асабліва табе, вунь ужо пуза да каленяў абвісла, а ты ўсё на градах сядзіш.
– А хто ж зробіць? Калінка дапамагае, але ж яна зусім яшчэ дзіця. Радзік нічога не разумее, толькі шкоду на градах робіць.
– Ураджай збірае, – усміхнуўся Міхалка. – Добры гаспадар будзе.
– Дай Бог…
– Цяпер шмат гаспадароў развялося, мала таго, што праз падаткі вымятаюць сялянскія засекі, дык яшчэ ноччу, як бандыты, налятаюць, жнуць, дзе не сеялі.
Міхалка нацягнуў шапку ніжэй на лоб і падаўся на вуліцу, каб паглядзець, што ж там робіцца ў двары Архіпа, як новыя ўладары чужое дабро разбіраюць.
Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.