Kitabı oku: «Закон захавання кахання»

Yazı tipi:

© Дудзюк З., 2020

© ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2020

Закон захавання кахання

1

Ада лёгка павярнула ключ, адамкнула дзверы, пераступіла парог пакоя, паставіла рэчы на падлогу і агледзелася: ложак, стол, канапа, дзве ўбудаваныя шафы пры ўваходзе – мелася ўсё неабходнае для сціплага існавання. Тут ёй належала пражыць два гады, а пасля… Цяпер пра будучыню думаць не хацелася. Была задаволеная, што нарэшце здзейснілася даўняя мара: яе залічылі на Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце, таму не жадала азмрочваць настрой разважаннямі ні пра мінулае, ні пра будучыню. Годзе, ужо ўсяго хапіла! Трэба паспрабаваць жыць адным днём, балазе для гэтага стварыліся пэўныя ўмовы. Яна нават не стала распакоўваць валізку, яшчэ паспее, а вырашыла неадкладна ехаць у Літаратурны інстытут, каб заявіць аб сваім з’яўленні і даведацца пра расклад заняткаў, якія пачыналіся з панядзелка. У калідоры сустрэлася з высокім хлопцам у акулярах, які першы павітаўся і спытаў:

– Прыехалі на курсы?

– Так, – адказала Ада.

– Будзем аднакурснікамі, – весела прамовіў ён. – Мяне завуць Гоша. Я з Кіева. А вы адкуль?

Яна назвала сябе, сказала, што з Беларусі, з Бабруйска, і спытала, як дабрацца да Літінстытута. Гоша растлумачыў, што з перасадкаю на метро трэба даехаць да плошчы Пушкіна, а там ужо па Цвярскім бульвары рукой падаць да дома Герцэна. Ада шмат разоў была ў мінскім метро, але, мусіць, падземная дарога там залягала не так глыбока, як у Маскве, таму яна зараз звярнула ўвагу, як нахіляюцца ўперад людзі, якія падымаюцца на эскалатары, быццам хочуць хутчэй выйсці на паверхню, і як адхіляюцца назад тыя, што едуць да цягніка, нібы падсвядома супраціўляюцца спуску ўніз, у падзямелле. Сама паспрабавала стаць роўна, каб нікуды не хіліцца, але гэта была дарэмная спроба. Заўважыла, што і яе постаць адхіляецца назад, быццам баіцца трапіць у апраметную. Безумоўна, гэта толькі першае ўражанне, пасля прывыкне і не будзе звяртаць увагі, а мо яшчэ і пачне бегаць, як вунь той чарнявы хлопец, што паскакаў уніз ледзь не праз дзве прыступкі.

Электрычка даімчала Аду да патрэбнай станцыі вельмі хутка. За той час яна толькі паспела разгледзець свой трохі стомлены з дарогі твар, адлюстраваны ў вагонным шкле. Выйшла з падземнага перахода, убачыла постаць Пушкіна, які з п’едэстала журботна пазіраў уніз на мноства машын і людзей, ад якіх ажно мільгацела ў вачах. Вялікі паэт наперад ведаў, што ўся іх мітусня – пустая трата каштоўнага часу, адведзенага кожнаму чалавеку Вышэйшымі сіламі. Мала хто з гэтых мурашоў, стомленых і вясёлых, злосных і абыякавых, знайшоў свой сапраўдны шлях у жыцці і шыбуе да канкрэтнай мэты. Большасць з іх заблудзіліся паміж працаю і сям’ёю, цягнуць воз са скрыпам, сварацца, мірацца, паміраюць ды так і не паспяваюць усвядоміць за жыццё, якім жа яно павінна быць, чалавечае шчасце. Мабыць, Ада ў гэтай гурме была рэдкім выключэннем. Яна здзейсніла мару, паступіла на вучобу, куды хацела, хоць папярэдне пераадолела адчайныя пратэсты і супраціў мужа. Пра свой намер сказала яму толькі за тыдзень да ад’езду, але і гэтага часу хапіла, каб выслухаць ад яго абвінавачванні, абразы, здзек далёка не заўсёды ў межах цэнзурнай лексікі. Урэшце не вытрымала, сабрала рэчы і сышла да маці, якая на яе таксама навалілася з заклікамі не рабіць глупства і трымацца сям’і.

«Якой сям’і? – абурана думала Ада. – Не кахаю яго. Мо ніколі і не кахала».

Так, здалося аднойчы, што Мечыслаў добры хлопец. Ён такі і быў: пакладзісты, спакойны, памяркоўны, але толькі да вяселля. А потым пачаў ставіцца да яе, як да рэчы, якая павінна слугаваць і падпарадкавацца яму ва ўсім. Безумоўна, Ада паспяшалася з замужжам. Маці ўсё чаплялася:

– Табе ўжо за дваццаць. З гэтаю вучобаю застанешся старою дзеўкаю… Каму ты трэба будзеш з тваім дыпломам?

Ада тады вучылася завочна на трэцім курсе філфака ў Мінскім педінстытуце, працавала спачатку ў школе лабаранткаю, а яшчэ з восьмага класа перыядычна друкавала вершы ў раёнцы. Яе добра ведалі ў рэдакцыі, запрасілі на працу, дзе яна ўзначаліла аддзел мастацтва і культуры, а таксама збірала матэрыялы для літаратурных старонак, таму аўтаматычна стала кіраўніком літаб’яднання.

Яшчэ калі працавала ў школе, на яе звяртаў увагу настаўнік фізкультуры Мечыслаў, а калі перайшла ў рэдакцыю, дык пачаў настойліва прапаноўваць пабрацца. А тут яшчэ маці насела са сваімі ўгаворамі ды парадамі – Ада здалася пры адной умове, што дзяцей не будуць заводзіць, пакуль не скончыць інстытут. Пабыла з год замужам і зразумела: не той Мечыслаў чалавек, пра якога марыла, чужы, злосны, раўнівы, нястрыманы. Патрабаваў, каб яна пакінула вучобу ў інстытуце, таму што ён здатны пракарміць сям’ю. Аду смяшылі ягоныя заявы. Вядома, якія заробкі ў настаўніка. І чаму яна павінна адмаўляцца ад уласнага жыцця ў дагоду мужу?

– А раптам з табою што здарыцца? На каго мне разлічваць? – пытала Ада.

– Ты маёй смерці жадаеш! – крычаў раз’юшана ён у адказ і знаходзіў яшчэ тысячу прыдзірак, каб зняважыць і пакрыўдзіць яе.

Гады ляцелі хутка. Ездзячы ў Мінск для здачы курсавых работ і на сесіі, Ада наведвала часопіс «Маладосць», газету для моладзі «Чырвоная змена», дзе і пачала змяшчаць свае вершы. Як толькі скончыла вучобу, сабрала і выдала першы зборнічак паэзіі, неўзабаве – другі. Яе прынялі ў Саюз пісьменнікаў, пачалі запрашаць на семінары творчай моладзі. Кожная паездка даводзіла мужа да істэрыкі, але Аду, якая так і не наважылася займець дзяцей з гэтым чалавекам, нішто не магло затрымаць. Нарэшце ў яе з’явілася магчымасць павучыцца ў Маскве, у Літаратурным інстытуце, пра які яна марыла яшчэ ў школьныя гады, ды так і не адважылася паехаць, бо маці сказала, што не здолее вучыць яе на стацыянары, няма чаго замахвацца невядома на што, маўляў, выйдзеш замуж – нікому твая навука не трэба будзе. Займей які-небудзь дыплом аб вышэйшай адукацыі – і дастаткова для дзяўчыны.

Ада была паслухмянай з маленства, але калі зразумела, што трапіла ў нерат, вырашыла паўстаць супраць мужа і маці – і дамаглася свайго. Праўда, з матуляю яна не сварылася, а разжаліла яе слязамі, упала на канапу і доўга плакала наўзрыд, не прыкідваючыся, па-сапраўднаму, бо занадта горка было з-за таго, што ніхто яе не разумее.

– Чым тут румзаць ды глупствам галаву забіваць, лепш бы дзіця нарадзіла, – сказала маці.

Дачка нічога не адказвала. Як яна магла растлумачыць, што не толькі душа, але і цела не прымае Мечыслава. Хіба можна нараджаць дзяцей без кахання? Якія ж гэта будуць дзеці? Душу можна ўгаварыць, упрасіць, пераканаць, яна патрывае. А цела ўпартае. Яно пратэстуе, адгукаецца болем на кожную нашу ману і няпраўду. Усе мітрэнгі, перажытыя перад ад’ездам, яшчэ скабкамі сядзелі ў душы, але над усім панавала радасць ад тых новых падзей, якія чакалі яе наперадзе.

Яна пайшла ўніз з горкі па бульвары, убачыла прыгожы дом у садзе і яшчэ нейкія пабудовы за каванай агароджай, завярнула ў вароты. Злева на будынку згледзела патрэбную шыльду, паднялася на другі паверх, пастукала ў дзверы загадчыцы навучальнай часткі. У маленькім кабінеце пад вялізнаю пальмаю, што стаяла ў куце і ахоўна, з любоўю растапырвала лісце над гаспадыняю, Аду ветліва сустрэла Наіна Андрыянаўна, пра якую дзяўчына чула ад іншых пісьменнікаў. Гэта была ўжо не маладая жанчына, але твар яшчэ захоўваў адбітак колішняга хараства, хоць не маладзілася і не падфарбоўвала ні вусны, ні вейкі, ні пышныя цёмныя валасы, у якіх не было відаць сівізны. Загадчыца распытала курсантку пра яе хатнія справы, пра мужа і сям’ю наогул. Ада не стала расказваць, з якім скандалам з’ехла на вучобу. Не варта перакладваць свае праблемы на чужыя плечы, няхай думаюць, што ў яе ўсё добра, а штамп у пашпарце сам за сябе гаворыць. У гэты час зноў нехта пастукаў у дзверы. У пакой увайшла невысокая прывабная маладзіца, старэйшая за Аду, але дагледжаная і з густам апранутая. Валасы, падстрыжаныя да плячэй, падтрымліваў бліскучы абручык пад колер бэзавай сукенкі. Яна адразу заўсміхалася. Было відно, што ўжо не раз наведвалася сюды.

– Заходзьце, заходзьце Эмілія Міхайлаўна, – запрасіла загадчыца. – Гэта ваша аднакурсніца з Беларусі – Ада Ліцвінка, знаёмцеся.

– Вельмі прыемна, – гулліва адказала маладзіца. – Завіце мяне проста Эма.

– Ну, дзяўчаткі, у калідоры вісіць расклад, запасайцеся сшыткамі, асадкамі – і ў добры час. Вучыцца ў нас не надта цяжка, але прапускаць заняткі не раю, таму што, як бы мы лаяльна не ставіліся да сваіх курсантаў, усё ж вам давядзецца здаваць залікі і экзамены, каб урэшце атрымаць дыплом.

– Мы будзем вельмі дысцыплінаванымі, – паабяцала Эма. – Не ведаю, як у Ады, а мой сын ужо дарослы і самастойны, ніхто маёй вучобе замінаць не будзе.

– Ды калі ж вы паспелі? – здзівілася Наіна Андрыянаўна.

– Само сабою атрымалася, – усміхнулася Эма, у яе паставе адчувалася задаволенасць сабою і лёсам, быццам яна дасягнула ўсяго, да чаго імкнулася, а вучоба для яе будзе прыемным баўленнем часу.

– А ў мяне дзяцей пакуль няма, – адказала Ада. – Муж застаўся дома. Так што мяне таксама ніхто не будзе адрываць ад заняткаў.

– Вось і выдатна, будзем лічыць што я займела дзвюх прыкладных курсантак.

– Скажыце, калі ласка, як тут вучыўся наш славуты пісьменнік Уладзімір Караткевіч? – спытала Ада.

– Выдатна вучыўся. Вельмі здольны быў.

– Ці чыталі вы ягоны раман «Нельга забыць» пра той час? Ён быў у некага закаханы?

– У выкладчыцу Ніну Молеву… Ведаю, што ёсць такі твор, але не чытала. Па-беларуску не разумею…

– Ды ў нас усё проста, як гаворыцца, так пішацца і чытаецца. Там ён вас назваў Галінаю Іванаўнай…

У дзверы зазірнулі. Наіна Андрыянаўна ўзрадавана сказала:

– Заходзьце! Хто там такі нясмелы?

У пакой увалілася гурма хлопцаў, сярод іх быў і Гоша, якога Ада сустрэла ў інтэрнаце. Загадчыца пачала з імі знаёміцца. Ада з Эмай выйшлі з пакоя, наблізіліся да дошкі з раскладам, пачалі чытаць дысцыпліны, якія належала вывучаць. Чаго там толькі ні было: руская літаратара, гісторыя Расіі, філасофія, эстэтыка, тэорыя літаратуры, гісторыя эканамічных вучэнняў, тэатральнае і выяўленчае мастацтва, замежная літаратура, мова мастацкіх твораў, спецкурсы па творчасці рускіх пісьменнікаў XIX – ХХ стагоддзяў…

– Вы з якога горада? – спытала Эма.

– З Бабруйска. Невялікі гарадок, недалёка ад Мінска, мо чулі?

– Чула, там, здаецца, шыны робяць. І чым вы там займаліся?

– Працавала ў раённай газеце.

– Дык мы калегі. Я таксама з газетчыкаў. Раней мы жылі ў Свярдлоўску, а потым пераехалі ў Маскву. Мой муж тэлежурналіст.

Яна назвала прозвішча, знаёмае Адзе па маскоўскай праграме «Журналісцкае расследаванне».

– Бачыла вашага мужа па тэлебачанні, постаць прыкметная. Цікавы чалавек…

– Так. Але праца яго вельмі небяспечная. Яны ж займаюцца расследаваннем наркатрафіка, а гэта тоіць у сабе пэўную пагрозу.

– Вас гэта, напэўна, трывожыць, – паспачувала Ада.

– Вядома, перажываю, але заўсёды спадзяюся на лепшае…

Наіна Андрыянаўна выйшла з хлопцамі з кабінета, расчыніла дзверы ў аўдыторыю і сказала:

– Тут будзеце слухаць лекцыі.

Курсанты увайшлі ў пакой, патапталіся ля дошкі, Гоша нават сеў за стол і спытаў:

– Колькі жанчын будзе на курсе?

– Дзесяць, а мужчын – трыццаць, – шматзначна адказала Наіна Андрыянаўна. – Вось першыя ластаўкі: Эма і Ада, абедзьве замужнія.

Хлопцы расчаравана азваліся незразумелымі воклічамі, як быццам яны прыехалі сюды жаніцца. Загадчыца засмяялася і суцешыла іх:

– Дзяўчат поўная Масква! Усе вашы! Дарэчы, заўтра першая нядзеля верасня, у якую масквічы адзначаюць Дзень горада. Можна сказаць, што вы трапілі з карабля на баль. Праграма свята вельмі цікавая і разнастайная. Афішы вісяць на тумбах. Безумоўна, скрозь не паспееце, таму раю засяродзіцца на тым, каму што болей падабаецца. Праезд у метро бясплатны. Жадаю цікава адпачыць. А ў панядзелак прашу на заняткі. Расклад у калідоры…

2

На другі дзень раніцай Ада сутыкнулася з Гошам на кухні. Ён прывітаўся і спытаў, чым яна збіраецца сёння займацца.

– Мусіць, паеду глядзець Маскву. Зусім яе не ведаю. Толькі аднойчы была на экскурсіі. Нас правезлі на аўтобусе па горадзе, паказалі Траццякоўскую галерэю, павадзілі па Крамлі міма вялізнай пушкі і звона, завялі ў маўзалей, на гэтым усё скончылася.

– Калі дазволіце, стану вашым гідам, з намі яшчэ Сеня Хмурноў паедзе. Ён наогул у Маскве ўпершыню. Хлопец з Чувашыі. Я ў яго пытаў, мо там у вас усе зачувашаныя? – засмяяўся Гоша. – Ён кажа, што сапраўдных чувашоў толькі ў вёсцы можна знайсці, раствараюцца дробныя народы ў рускай культуры, як у сернай кіслаце. Савецкі Саюз – своеасаблівая імперыя, турма народаў. Але яна ўжо хістаецца, вось-вось абваліцца. Адчуваеце?

– Украіна яшчэ трымаецца мовы, традыцый, а ў нас… – Ада безнадзейна махнула рукой. – Мы хутка дарэшты растворымся…

– Усё будзе добра. У паветры пахне пераменамі. Я гэта адчуваю, асабліва ў Кіеве.

– Дай Бог…

– Дык як вы? Далучаецеся?

– Паедзем, – пагадзілася Ада. – Дайце мне хвілін дзесяць на зборы.

– Выдатна, – Гоша зірнуў на гадзіннік. – У дзесяць сустракаемся, я вам пастукаю ў дзверы.

Ада пераапранулася з халата ў цёмную трыкатажную сукенку, накінула лёгкую куртку з зеленаватай плашчоўкі. У Маскве стаяў ясны і цёплы пачатак верасня, але на ўсялякі выпадак трэба было перастрахавацца, раптам надвор’е зменіцца. Прычасалася, пакруцілася перад люстэркам, якое вісела на сцяне. Потым прыдзірліва агледзела пакой, ці ўсё на месцы. Учора яна вымыла падлогу, дзіву далася: пад ложкам сабраўся таўшчэзны слой пылу. Ніколі такога не бачыла! Мусіць, тут шмат гадоў жылі мужчыны, якія ніколі не прыбіралі ў пакоі. Ада працерла вокны, павесіла новыя шторы, на стол паставіла талерку з яблыкамі, як звычайна рабіла дома. Яе маці жыла на ўскраіне горада, за вузенькай і зарослай аерам рэчкай Бабруйкай, у прыватным доме, мела стары сад, які раз у чатыры гады так буйна пладаносіў, што не ведалі куды падзець тую садавіну. Новае жытло Ады пахла бабруйскімі яблыкамі і мела даволі прыемны і ўтульны выгляд. У дзверы пастукалі. Ада адчыніла, убачыла Гошу, а з ім маладога мужчыну, невысокага, з чорнымі вачамі і прыемным тварам.

– Знаёмцеся, гэта Сеня Хмурноў, – сказаў Гоша.

– Вельмі прыемна. Нядобра знаёміцца праз парог. Зайдзіце на хвілінку ў пакой.

– Ну, паглядзім, як вы тут уладкаваліся, – Гоша смела пераступіў парог доўгімі нагамі. – Выдатна! Так могуць прыхарошыць звычайны інтэрнацкі пакой толькі жанчыны.

– А вы хлопцы хто, паэты ці празаікі? – спытала гаспадыня.

– Па нас не відно? – іранічна спытаў кіеўлянін.

– Гоша падобны на паэта, узнёслы, парывісты, а наконт Сені не ведаю… – адказала Ада.

– Так, я пішу вершы, – сказаў Гоша, – але на курсах мы абодва лічымся перакладчыкамі. Будзем нешта ці некага перакладаць з боку на бок.

– Жадаю поспеху, – засмяялася Ада, пачаставала хлопцаў яблыкамі, і разам яны рушылі аглядаць горад.

Прайшліся па праспекце Руставелі да прыпынка метро, спусціліся пад зямлю і паімчалі з грукатам па цёмным тунэлі, куды задумаў Гоша. Па ўсім было відаць, што ён меў пэўны план. Як толькі вынырнулі з падземнага перахода, апынуліся перад піўным кіёскам. Сеня вінавата зірнуў на Гошу і прапанаваў:

– Мо зробім па піву?

– Безумоўна, – падтрымаў ідэю Гоша. – Ада, як вы?

– Дзякую, піва не люблю. Ад піва ходзяць крыва…

– Мо якой газіроўкі ці соку? – спытаў Гоша.

– Ні ў якім разе. Для мяне гэта дрэнная прыкмета. Як пачну з ранку салодкую ваду піць, дык да вечара гэта не скончыцца, – засмяялася Ада.

Хлопцы купілі па бляшанцы піва, стаялі і з задавальненнем пацягвалі яго.

– Куды гэта мы прыехалі? – спытала жанчына.

– Пойдзем, я пакажу вам тое месца, дзе стаяў храм Хрыста Выратавальніка, потым яго ўзарвалі і зрабілі адкрыты басейн.

Яны падняліся на ўзгорак і ўбачылі вялізнае пустое бетоннае карыта, якое нагадвала падмурак пад будучы пампезны будынак. Каб Гоша не сказаў, што гэта басейн, сама Ада ніколі не здагадалася б, для чаго гэтае збудаванне прызначалася.

– А чаму ён пусты? – спытала жанчына.

– Нікому непатрэбны. Мы не ў лепшы час прыехалі ў Маскву. Бязладдзе вакол. Брудныя вокны, вуліцы, людзі з мяшкамі… Зрэшты, самі бачыце… Пагаворваюць, быццам збіраюцца храм аднаўляць.

– Калі ходзяць чуткі, ды так яно і будзе, – выказала меркаванне Ада.

– А ці трэба? – засумняваўся Сеня.

– Храм аднавіць не цяжка, а мільёны людзей, знішчаных у гулагах, не ўваскрасіць, – сказаў Гоша.

Яны пастаялі яшчэ трохі, паўзіраліся ў шэры бетон і зноў рушылі да метро. Наступным пунктам экскурсіі аказалася Лубянка. Гоша падвёў спадарожнікаў да пустога пастамента і сказаў:

– Тут стаяў помнік Дзяржынскаму. Ідалы адлятаюць у вырай.

– Дзе іх вырай? – насмешліва спытала Ада і сама адказала: – Дзе ходзіць прывід камунізму.

– Кожны народ здатны сам сабе ствараць ідалаў. Савецкія, думаю, пойдуць на пераплаўку, – выказаў меркаванне Гоша. – З іх зробяць новых, не менш экзатычных балванаў. Вось яна, знакамітая Лубянка, дзе перамолвалі лепшых людзей Расіі, Украіны, Беларусі, Чувашыі…

Яны глядзелі на доўгі будынак, дзе праём кожнага акна абрысамі нагадваў жаўнера, які гатовы быў бараніць існуючую ўладу і караць усіх, хто не адпавядаў пэўным патрабаванням палітычнай сістэмы. Гэты механізм семдзесят гадоў дзейнічаў зладжана, але раптам нейкая дэталь у ім зламалася, і ён пачаў рабіць збоі, што і вылілася ў падзеі лета 1991 года, калі ўзнікла пагроза дзяржаўнага перавароту і часова ўладу захапіў так званы Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы. Пра абарону Белага дома ў Маскве было вядома з трансляцый па тэлебачанні, але потым усё супакоілася, і Ада без трывогі выехала ў сталіцу СССР, тым больш што яе наогул не цікавіла палітыка.

– Цяпер паедзем на Старую плошчу, – сказаў Гоша і рушыў да станцыі метро.

Ада з маўклівым Сенем паспяшалі ўслед за ім. Зноў з грукатам пранесліся некалькі станцый метро, падняліся наверх і апынуліся перад высокім шматпавярховым будынкам з вялікімі вокнамі.

– Тут засядаў Цэнтральны камітэт кампартыі СССР! А цяпер яго няма! Камуністы таўкуцца з плакатамі на Чырвонай плошчы, ніяк не могуць паверыць, што іхняя ўлада скончылася, – сказаў самазваны гід.

Ад будынка, да якога прывёў Гоша, веяла тым прыгнечаным і цяжкім пачуццём, якое звычайна людзі адчуваюць на могілках. Хаця, зрэшты, так яно і павінна быць. Арганізацыя, не здатная стварыць прыстойныя ўмовы існавання для людзей, заўсёды патыхае мярцвячынай.

– Раскажу анекдот, праўда, стараваты. – сказала Ада. – Славу Метравелі ведаю, Славу Старшынава ведаю, а Славу КПСС не ведаю.

– Гэта, мусіць, бабруйскія габрэі такі прыдумалі? – спытаў Гоша.

– Цяпер у Бабруйску габрэя днём з агнём не знойдзеш. Ці яны дурні сядзець у правінцыі?

Масква святкавала Дзень горада, спяшала ў будучыню, а Гоша, Сеня і Ада таўкліся на яе мінулым, якое прыгнятала настрой. Гід нарэшце адчуў гэта сам і сказаў:

– Нешта мы ходзім, як пахавальная каманда.

– Я таксама падумаў, каб дзе піва папіць, – азваўся Сеня, які да гэтага ўвесь час маўчаў.

– Паедзем да маіх знаёмых у наша прадстаўніцтва. Я пазнаёмлю вас з сапраўднымі хахламі, хоць сам я напалову рускі, але Украіна мая радзіма, якую я вельмі люблю, – сказаў Гоша і рынуўся ўперад, Ада з Сенем ледзь паспявалі за ім.

«Усе мы нешта і некага яўна ці ўпотай любім, але далёка не ў кожнага хапае смеласці адкрыта пра гэта сказаць, прынамсі, я мо толькі ў вершах даю сабе волю, – падумала Ада. – А ці трэба раскрывацца, выказвацца, разнасцежваць душу, калі твае прызнанні і лепшыя пачуцці пасля могуць абярнуцца супраць цябе, калі ператворацца ў брыдкія плёткі? Са мною было гэта ўжо не раз. Хоць бы ўзяць лепшую сяброўку Ларысу, якая пісала вершы, хадзіла на пасяджэнні літаб’яднання, адначасова распаўсюджвала розныя небыліцы пра мяне ад зайздрасці, бо яе творы адмаўляліся друкаваць у мінскіх выданнях. Ёй здавалася, што я знарок не дацягваю яе вершы да пэўнага ўзроўню. Якія могуць быць вершы, калі твая душа заплыла брудам, калі ты робіш паскудства іншым? Зрэшты, такіх асоб мо і не варта цягнуць за вушы ў літаратуру, дзе ім няма чаго рабіць? Вершы пішуцца найперш не для друку, а для таго каб вызваліць душу ад пачуццяў, што просяць выйсця, ліюцца рыфмаванымі радкамі, струменяць крынічкаю. Нельга іх стрымліваць. Здаецца, калі не дасі ім волю, то захлынешся і загінеш. А друкаванне – справа другарадная. Можна выбраць нешта і надрукаваць, калі твор мае мастацкую каштоўнасць. Для мяне напісанне вершаў – гэта лад жыцця…»

Разважаючы, Ада нават трохі адстала ад хлопцаў, але Гоша своечасова спыніўся і пачакаў яе, каб не згубіць у вірлівым натоўпе. Нарэшце яны прыйшлі ў нейкае памяшканне, дзе было чалавек сем, маладых мужчын, якія весела і хутка перамаўляліся паміж сабою па-ўкраінску, потым аднекуль узнікла пляшка гарэлкі. Разлілі ў маленькія кілішкі, выпілі за Украіну, стоячы і не закусваючы. Ада таксама мусіла прыгубіць пітво, каб не абразіць нацыянальныя пачуцці прысутных. Міжвольна падумала: «Ці хто п’е калі за Беларусь? Мала ў нас выхоўваюць патрыятызм не напускны, а сапраўдны, каб глыбокія карэнні пускаў у душу. Беларусаў ці сілком высялялі, ці заклікалі-заваблівалі ехаць у Сібір, на цаліну – у Казахстан, у Карэлію – на лесанарыхтоўкі, за свет, каб толькі яны не трымаліся за свае балоты ды лясы. Для чаго? А мусіць, для таго, каб развучыліся шанаваць і любіць роднае, каб размываліся як народ, як нацыя ў чужародным асяроддзі».

Увогуле Ада трымалася сціпла, хавалася за спінамі Гошы і Сені, у размовы не кідалася, каб лішні раз не звяртаць на сябе ўвагу. Ёй было няўтульна ў гэтым мужчынскім гурце, і яна міжвольна падумала, што можа і самастойна аглядаць Маскву, не абавязкова ўвязвацца ў нечыю кампанію.

Нарэшце Гоша развітаўся са сваімі землякамі і прапанаваў яшчэ наведаць знакаміты Арбат. Ада і Сеня пагадзіліся. Метро зноў за лічаныя хвіліны даімчала іх да мэты, што ні кажы, вельмі зручны транспарт. На Арбаце гэтым святочным днём было шматлюдна, як на кірмашы. Гандляры прадавалі карціны і матрунак, размаляваных пад Сталіна, Брэжнева, Гарбачова і Ельцына. Мастакі пісалі эцюды на мальбертах. Музыкі ігралі на гітарах, саксафонах, скрыпках. Нейкі хлопец у вышыванцы нешта далікатна выцінаў на дудачцы. У расчыненыя футаралы зрэдзь-калі сыпаліся манеты. Людзі сядзелі за столікамі, пілі ды елі. Усё тут было дарэчы, усім хапала месца.

Сеня зноў захацеў піва, Гоша падтрымаў яго, Ада згадзілася папіць кавы. З кубачкам яна падышла да гітарыста, які віртуозна выконваў нейкую класічную рэч, і падумала, што Касьян тут таксама мог бы знайсці магчымасць для выяўлення ўласных музычных здольнасцей. Але ён, мабыць, так і не сабраўся напісаць заяву на курсы, прынамсі, нічога пэўнага не адказаў на яе прапанову паехаць разам на вучобу. А раптам усё ж прыедзе!

Дамоў вярталіся пад вечар. Убачылі ў небе вялізныя рознакаляровыя паветраныя шары, якія з-за ціхага надвор’я доўга віселі без руху на адным месцы. Паназіралі трохі за імі, пасля толькі спусціліся ў падземны пераход. Там было тлумна і шумна. Ішлі галерэяй да метро. Гоша з Сенем пачалі пераморгвацца, аглядаючы дзяўчат, якія стаялі ўдоўж сцен. Ада не адразу зразумела, што яны маюць на ўвазе, мо проста ацэньваюць масквічак з мужчынскага пункта гледжання. Хлопцы ёсць хлопцы, яны не могуць абыякава праходзіць міма хараства ў спадніцах. Аднак Гоша патлумачыў:

– Путаны выйшлі на паляванне…

– Калі ёсць попыт, дык будзе і прапанова, – адказала Ада. – Патрыярхальны свет нарадзіў шмат заганных з’яў у грамадстве. Я нікога не хачу пакрыўдзіць.

– Згодны, – пацвердзіў Гоша. – У нашым свеце шмат недасканалага, але нам гэтага не паправіць.

– А мяне ўсё задавальняе, – прамовіў Сеня. – Я гатовы любіць путан і сваю жонку, Маскву і сталіцу маёй Чувашыі, Чэбаксары, і ўвесь свет наогул!

– Каб дазваляла каліта! – засмяяўся Гоша.

– Гэта ты трапна прыкмеціў.

Ада і не заўважыла, як хутка праляцеў дзень, толькі зараз успомніла, што яны не абедалі, а пара ўжо і павячэраць. Таму запрасіла хлопцаў:

– Прыходзьце да мяне праз гадзінку, я бульбу звару.

Яны ўзрадаваліся і паабяцалі з’явіцца абавязкова. У бедным абшарпаным літінстытутаўскім інтэрнаце не было лядоўні. Таму харчы, якія хутка псуюцца, тут купляліся ў такой колькасці, каб іх адразу можна было з’есці. Калі што і заставалася няз’едзенае, дык ставілася ў халодную пару года паміж двайнымі рамамі акна ці вешалася за фортку.

Ада наабірала бульбы, пакінула на малым агні варыцца, а сама пайшла ў гастраном, які быў побач, цераз дарогу, купіла сасісак, памідораў, смятаны і булачак. Вячэра атрымалася не надта багатая, але па-студэнцку добрая. Хлопцы ахвотна паелі бульбы з салатаю і сасіскамі, папілі чаю з булачкамі і варэннем і, мусіць, не пашкадавалі, што на цэлы дзень прынялі ў сваю кампанію жанчыну.

Пасля таго, як госці пайшлі, Адзе засталося памыць посуд і хутчэй легчы спаць, бо хоць і ездзіла цэлы дзень, але нахадзілася так, што ногі ажно гулі. Яна колькі разоў павярнулася з боку на бок, выбіраючы найбольш зручную позу для сну, згадала Касьяна, мусіць, успаміны пра яго ніколі не пакінуць яе, як бы яна не адгаворвала сябе забыць мінулае. Аднак усё ж заснула, стомленая доўгаю вандроўкаю па Маскве, у шчаслівым прадчуванні першага дня заняткаў.

Yaş sınırı:
12+
Litres'teki yayın tarihi:
25 şubat 2020
Yazıldığı tarih:
2020
Hacim:
260 s. 1 illüstrasyon
ISBN:
978-985-581-273-0
İndirme biçimi:
Metin
Ortalama puan 4,3, 3 oylamaya göre
Metin
Ortalama puan 5, 2 oylamaya göre