Kitabı oku: «Сляды волатаў», sayfa 4
Уладзімір Ягоўдзік
САМЫЯ СВЕТЛЫЯ ЎРАЖАННІ
Уладзімір Іванавіч Ягоўдзік нарадзіўся ў 1956 г. у вёсцы Кастровічы Слонімскага раёна, на Гродзеншчыне ў сялянскай сям’і. Выхоўваўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах. У 1978 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1978 па 1982 г. працаваў карэспандэнтам брэсцкай абласной газеты «Заря», рэдактарам Брэсцкай абласной студыі тэлебачання. У 1982–1990 гг. – супрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва». У 1990–2010 гг. – галоўны рэдактар газеты «Дзеці і мы». Адначасова ў 1997–2003 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Бярозка». Зараз – на творчай працы.
Друкавацца пачаў у 1972 г. Першая публікацыя – вершы на старонках абласной газеты «Гродзенская праўда». Аўтар кніг «Стронга» (1984), «Вочы начніцы» (1989), «Прыручэнне птушкі» (1989), зборніка казак «Сонейка, свяці!» (1988), мастацкага альбома «Алена Кіш» (1990) і інш. Напісаў шэраг п’ес, адрасаваных дзецям. Спектаклі па іх ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах Беларусі, а таксама на Беларускім радыё і тэлебачанні: «Залатое зярнятка», «Сонейка, свяці!», «Пякла баба калачы», «Сакрэты Вогніка», «Усміхніся, прынцэса…» і інш. Выступае ў друку як літаратурны крытык і аўтар мастацтвазнаўчых артыкулаў пра самадзейных і прафесійных мастакоў Беларусі. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Я. Маўра (1994), Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2019).
Уладзімір Ягоўдзік шмат піша пра прыроду – прыродныя з’явы, птушак, звяроў і расліны, адрасуючы свае апавяданні, замалёўкі, нарысы і эсэ юнаму чытачу. Нястомны вандроўнік па розных мясцінах нашай краіны, пісьменнік валодае пільным мастацкім зрокам у асэнсаванні ўбачанага, пераконвае чытача ў тым, што Беларусь мае прыгожыя, сапраўды ўнікальныя багацці прыроднага свету. «Барабаншчыкі вясны: кніга пра дзятлаў», «Прыродны азбукоўнік», складзены для дзяцей і бацькоў, «што не крыўдзяць птушку, звера, у дабро і казкі вераць», «У царстве Вадзяніка», «Ці вернецца князь Кук?», як і іншыя кнігі, іншыя творы пісьменніка, – гэта сапраўдныя адкрыцці, сапраўдныя мастацкія і проста жыццёвыя падарожжы, кожная сустрэча падчас якіх прыносіць асалоду і незабыўныя ўражанні.
Азбукоўнік
Гэты «Азбукоўнік»
Склаў дзядзька Ягоўдзік
Для дзяцей і для бацькоў,
Маіх даўніх сябрукоў,
Што не крыўдзяць
Птушку, звера,
У дабро і казкі вераць.
А
Алені пасуцца на ўзлессі. іх рогі нібы дзівосныя кветкі. Глядзі здалёк і любуйся, а бліжэй – не падыдзеш. Хутчэй за вецер бегаюць алені.
Б
Бабры славутыя майстры, без сякеры і без пілы ладзяць сабе хаткі. Хочаш з імі сябраваць, без запінкі паўтары: «Дабёр бабёр, бабраняты на падбор!»
В
Воўк – самы люты драпежнік, які жыве ў нашых лясах і пушчах. Воўк штогод ліняе, але свой нораў не мяняе. У яго вачах заўжды адна загадка: «Стаіць баран у полі, просіць долі: “Дайце мне долю, над усімі волю!..”»
Г
Глушэц на дасвецці такуе ў сасновым бары. А хто яго пачуе, той зразумее мову травы і дрэў, звяроў і птушак.
Д
Дрозд у лесе над рэчкай спявае-пытаецца: «Хто два разы на свет нараджаецца?»
ДЖ
Джала ў пчалы маленькае, але затое ўдаленькае. Ад пчалінага пацалунка не захочацца ласунку.
ДЗ
Дзікі – свойскім свінням сваякі. Яны жывуць на волі, ядуць карэнне і жалуды. Вельмі любяць бульбу: вараную, параную, смажаную, сырую – любую!
Е
Елка-елачка, схавай нас ад дажджу, мы тваю загадку дзецям загадаем: «Ехалі паны на рабым кані. Да зімы ўсе распрануліся, засталіся ў шубах тры прыгажуны. Адкажыце – хто яны?»
Ё
Ёрш клюе – аж вуда гнецца, а вудар не рад, злуецца. Вось улоў дык улоў: нават кот не наесца!
Ж
Жаўрукі – першыя пасланцы вясны. Каб хутчэй прагнаць зіму, памагайце ім песенькай-замовай:
Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце,
Бо зімачка надаела,
Усе хлебушкі пераела!
З
Зубры – нашых лясоў і пушчаў слаўныя ўладары. А сталіца іхняя Белавежская пушча. Добра жывецца пад аховай зуброваю зверу лясному і птушцы малой.
І
іўчыка ніхто не бачыў. Людзі кажуць, ён тады спявае, як папараць-кветка зацвітае.
Й
Пра «і» кароткае не забываЙ, старанна літары запамінаЙ. ЧытаЙ, спяваЙ, танцуЙ, малюЙ – своЙ краЙ любімы праслаўляЙ.
К
Куніца-куня – спрытная ласуня. У куніцы няма сяброў, яна палюе на птушак, вавёрак і зайцоў.
Л
Лось – лясны волат, а нікога не крыўдзіць. Рогі ласёвыя быццам карона. Пэўна, за сілу і дабрыню носіць карону гэтую лось.
М
Мядзведзь нават зімою, калі ў бярлозе спіць, галодны смокча лапу і мёд пчаліны сніць.
Н
Норка жыве ў норцы земляной і ў старадрэвіне-дуплянцы, але заўжды непадалёк ад вады. Звярок – добры мышалоў, а яшчэ лепшы рыбалоў.
О
«О» – літара салодкая, на ягадку падобная. На суніцы і чарніцы, на маліны і ажыны, на брусніцы, буякі і журавінкі… У вас не пацяклі яшчэ слінкі?
П
Пугач – савіны цар – не начуе, а толькі днюе, бо ад змяркання да світання на мышэй палюе.
Р
Рак здароўкацца мастак. Клюшняй цапне, і паверыш прымаўцы-нявымаўцы: «Рады рыбы – ракі рады, рады ракі – рыбы рады».
С
Сінічка-невялічка з надыходам зімы жаліцца: «Сіверка, сіверка, сіверка…»
А вясною звонка хваліцца: «У лесе красачкі сіненькія з жоўтымі вочкамі цвітуць!»
Т
Турухтан надзеў каптан. Модны – з бантам-каўняром. Па балоце цяпер ходзіць, надзімаецца, выхваляецца: «Вось які я важны пан!»
У
Удод – чубаты прыгажун. Ён цэлы дзень жучкоў збірае. І чуваць аж за вярсту яго скарга: «Пуста тут! Пуста тут!..»
Ў
Над нескладовым «у» загнуты хвосцік, нібы Ў сабакі і ката. Таму сабака гаЎкае: «ГаЎ-гаЎ!..» А кот заЎсёды мяЎкае: «МяЎ-мяЎ!..»
Ф
Фазан нібыта з казкі прыляцеў. Напэўна, ён уцёк з палаца або з клеткі залатой. Там было ўсяго даволі, не хапала волі.
Х
Хамяк – руплівы гаспадар, яму не страшны холад, голад. Цёпла ў хамяковай норцы, цесна ад зярнятак у каморцы.
Ц
Цецярук вясною – зух. Толькі холад прыпячэ, ён балбоча аж за двух: «Прадам паліто, куплю кажух! Прадам паліто, куплю кажух!..»
А як пацяплее, спявае наадварот: «Прадам кажух, куплю паліто! Прадам кажух, куплю паліто!..»
Ч
Чарапаха – і няўклюда, і санлівая маруда. А ці вельмі паспяшыш, адкажыце мне, з цэлай хатай на спіне?
Ш
Шпакі – нашых садоў вартаўнікі. Калі хатку ім змайструеш, смачны яблык пакаштуеш.
Ь
Мяккі знак не просты знак, а маўклівы чараўнік. Ён кітайскі нават рыс ператворыць лёгка ў рысь.
Ы
«Ы» – вароты ў вадзяное царства. А хто ўладарыць там, здагадайся сам: «Ва ўсіх дзетак адзенне з манетак, крылы ёсць, а не лятаюць, ног няма ды не дагоніш».
Э
«Э» як месяц-маладзік, носік мае, нібы цвік. Па небе ноччу ён гуляе і «Азбукоўнік» наш чытае.
Ю
Юрок гняздзіцца ў ельніку і ў беразняку. Заўсёды дрэвы рады такому сябруку.
Я
Яшчарку за хвосцік, дружа, не хапай. Яшчарка ўцячэ, хвосцік застанецца, казачная нітачка зараз жа парвецца.
Апостраф
Аб’ява! Аб’ява! Аб’ява!
Паслухайце вераб’я!
Апостраф не літара,
Гэта проста знак.
А ўсе літары —
Дружная сям’я.
Жменя ягад
Замест першай ягадкі
– Аднойчы ў год, – казала мне бабуля, – ягады збіраюць на небе. Запомні гэтую прыкмету: калі напярэдадні Вадохрышча будзе зорная ноч, дык зародзіць гарох і шчодра высыплюць ягады.
Хто не ведае, адразу патлумачу: Вадохрышча – зімовае свята, якое адзначаецца 19 студзеня. Не ведаю, як вы, сябры, а я прыкметам веру, бо яны ўвабралі ў сябе людскую назіральнасць. і старадаўнія замовы мне таксама падабаюцца. Вось адна, ад хітрыкаў Лесавіка: «Па кустах хаджу і па лясах, па імхах і па балотах, і куды я ні хаджу – аніколі не блуджу. З сонцам – па сонцы, з месяцам – па месяцы, з зоркамі – пад Божымі свечкамі. Хаджу не блуджу, табе, гаспадар лясны, кланяюся і прашу: адкасніся ад мяне, адхіліся, у пень або корч абярніся».
А цяпер – гайда па ягадных мясцінах! Нам абавязкова пашанцуе.
Суніцы
«Сядзіць паненка ў чырвонай сукенцы, як убачыш яе, абавязкова паклонішся». Гэтую загадку я памятаю з дзяцінства. Ах, як далікатна пахнуць, як хутка растаюць у роце салодкія суніцы! Мабыць, няма смачнейшага ласунку на свеце. Кожная ягадка – нібы чарадзейная кропля, што ўвабрала ў сябе і фарбы, і пахі, і птушыныя спевы на пачатку лета.
З ягаднай сямейкі суніцы высыпаюць самыя першыя – у сярэдзіне чэрвеня. Іх не трэба збіраць, як грыбы, – не даспаўшы, на раннім досвітку. Бяруць суніцы, калі сплыве туман і прападзе раса, інакш яны памнуцца ў кошыку, разлезуцца на кашу. Найлепшыя сунічнікі – усцяж лясных дарог і сцежак, на прасеках і светлых палянах, дзе шаты верхалесся не замінаюць сонечным промням мілаваць зямлю, кожную травінку і былінку. Збіраць суніцы – свята, а не работа. Яны самі скачуць на далонь, хоць умеюць спрытна хавацца пад шырокімі лісцікамі. Таму наперад раю: убачыўшы першую ягадку, трэба спярша пакланіцца. і не тупай, як мядзведзь, не тапчы сунічнік. Не забывай народнае мудраслоўе: «Ягаднік раз пашкадуеш – ён цябе дзесяць разоў».
Суніцы не толькі смачныя: яны яшчэ і выдатныя лекі. Дзякуючы гэтым ягадам можна пазбавіцца ад многіх захворванняў. Пра гэта сведчыць нават прымаўка: «Суніцы спажываеш – хваробы з сэрца выганяеш».
Суніцы сушаць, ціснуць на сок, з іх вараць таксама варэнне. Зімой адна лыжка сунічнага варэння адразу напомніць лета, спякотлівы поўдзень з пчаліным гудам і гаркавым пахам кветак. Але самыя смачныя і карысныя суніцы – свежыя, з кубкам малака ці вяршкоў. Не лянуйцеся іх збіраць, ешце па ягадцы і цэлымі жменямі, тады ніякая хвароба да вас не прычэпіцца.
Чарніцы
«Калі бывае шмат мух – тады шмат і чарніц», – сцвярджае народная прыкмета.
А мне здаецца, што чарніц заўсёды багата ў нашым лесе. Гэтыя цёмна-сінія з шызым налётам ягады добра ўсім вядомыя. Яны растуць на нізкіх кусціках з дробнымі лісцікамі. Галінкі бываюць такія шчодрыя – ажно вочы разбягаюцца. Міжволі прысядзеш або ўкленчыш і давай збіраць: па ягадцы, па дзве, як ужо налаўчыўся. А як хочаш вярнуцца дамоў з поўным вядром, тады не абысціся без мудрай парады: «Адной рукой – дзіця не няньчаць і ягад не збіраюць».
Дарэчы, няцяжка заўважыць, што з усіх ягаднікаў чарнічнік найбольш распаўсюджаны. Яго ўладанні расхінаюцца на шмат кіламетраў: і ў сасновым бары, і ў ельніку, і пад лісцянымі дрэвамі. Ні сухменю ён не баіцца, ні змрочнага ценю… А чаму так атрымалася, расказвае старадаўняя легенда…
Калісьці людзі даведаліся, што Лесавік мае дзівосны скарб, і вырашылі ім завалодаць. Шукаючы гэты скарб, яны перакапалі шмат лясоў і пушчаў, спілавалі мноства старых дрэў. Зусім не стала куды прытуліцца Лесавіку. Пашкадаваў небараку кусцік чарнічніку. Ён схаваў ляснога ўладара і яго скарб пад свае кволыя галінкі. Людзі не здагадаліся пра гэта, бо не прыкмецілі малечу пад векавымі ялінамі і хвойкамі.
З таго часу ў знак удзячнасці Лесавік старанна рассяляе чарнічнік па лясных абшарах. Што ж, чарніцы вартыя такой пашаны. Думаю, са мной кожны пагодзіцца. Гэтыя ягады прыемныя на смак і карысныя для здароўя. Любыя – свежыя, сушаныя, звараныя. Асабліва смачныя варэнікі з чарніцамі. Цэлую талерку з’ясі і папросіш дабаўкі.
Маліны
Любата ліпеньскім днём збіраць маліны! Хоць цэлы дзень шчыруй – не надакучыць. і спіна не забаліць, бо не трэба нагінацца. Трыста гадоў таму, калі ў мястэчку Смаргонь працавала славутая мядзведжая акадэмія, маліннік называўся букетам касалапых, бо гэтыя ягады вельмі смакуюць мядзведзям.
У чалавечы рост, нават вышэй паднімаецца маліннік. Расце ён уздоўж лясных дарог, на высечках, дзе не прайсці і не пралезці. Такой бяды – даўно вядома: «Дзе ягаднік, там і ягады».
Здалёк спелыя маліны вісяць, быццам чырвоныя кропелькі сонца: адна за адну большая і прыгажэйшая. Так і просяцца, каб іх пакаштавалі. Сарвеш самую буйную – і хутчэй на язык, ажно заплюшчыш вочы ад смакаты. Раю вам не спяшацца, бо, акрамя мядзведзяў, маліны ўпадабалі жучкі і чарвячкі. Разам з ягадай можна праглынуць дармавое мяса…
А вось перабіраць маліны, праўду кажучы, нецікавы занятак. Як жа пазбавіцца ад усялякай заедзі і чарвячкоў? Калі ведаеш, не так складана: трэба заліць вядро з ягадамі падсоленай вадой. Праз некалькі хвілін усё лішняе паднімецца наверх, а ягады застануцца чыстыя.
Не стану пералічваць прысмакі, што гатуюць з лясных малін. Няма ніякага сумнення: іх не заменяць садовыя гатункі дагледжаных сясцёр. Асабліва ў зімовы сцюдзёны вечар, калі за шчокі, не жартуючы, кусаецца мароз. Нарэшце здаволішся, набегаешся дасхочу на каньках ці лыжах і стомлены прыцягнешся дахаты. Хуценька распранешся, скінеш мокрае адзенне – і да стала. Нальеш поўны кубак гарачай гарбаты, а на сподачак пакладзеш лыжку малінавага варэння…
Глыток, яшчэ адзін – і дрыжыкі ці стому як рукой здыме. Вось што такое гарбата з малінавым варэннем! А тым часам у акно з цёмнага неба маўкліва пазірае зорная мядзведзіца. Пакліч яе ў госці на гарбату з варэннем. А раптам прыйдзе? Калі не адразу, дык хоць у сне.
Ажыны
Ажыны падобныя на маліны, толькі бываюць буйнейшыя і, калі паспеюць, не чырвоныя, а чорныя, з шызым налётам на кожнай ягадцы.
Часцей за ўсё ажыннік трапляецца побач з ляснымі сцежкамі, каля балоцістых лагчын і лугавін. Праз гэтыя зараснікі прадзерціся не проста, бо ажыннік мае вострыя калючкі. Збіраючы ягады, можна балюча падрапаць рукі.
Аднак ажыны вартыя таго, каб назбіраць іх цэлае вядро. Ажынавае варэнне вельмі духмянае і прыемнае на смак, а свежыя ягады выдатна наталяюць смагу. Дарэчы, калі ў малінах трапляюцца жучкі і чарвячкі, дык ажыны гэтая заедзь не чапае.
Збіраеш ажыны, асцерагаешся калючак-пякучак, а сам весела думаеш: «Ягадка да ягадкі – і поўны збан!»
Буякі
Паспрабуйце сказаць вось гэтую прымаўку-нявымаўку. Я ўпэўнены – з першага разу атрымаецца: «Як дурніцы не чарніцы, так чарніцы не дурніцы».
Дурніцы – старадаўняя назва буякоў, што растуць на вялікіх кусціках. Яны падобныя на чарніцы, але прыкметна большыя. Часцей за ўсё буякі сустракаюцца ў лагчынах і на забалочаных палянах.
Збіраць буякі нашмат хутчэй, чым дробныя чарніцы. Праўда, гэтым ягадам трапіўся незвычайны сусед – багун. У гарачы летні поўдзень ён так дурманліва пахне, што трошкі пастаіш – і кружыцца галава. Надыхаешся хмельнага дурману, а потым спатыкаешся, губляеш раўнавагу. Таму не дзіўна, што буякі называюць дурніцамі, што яны, быццам знарок, высыпаюцца з вядра.
і ўсё ж такі варта цярпець багуновы чад, бо няма смачнейшага кампоту, чым буяковы.
Брусніцы
«Ехалі паны на рабым кані. Да зімы ўсе распрануліся, засталіся ў кажухах тры прыгажуны. Назавіце – хто яны?»
Напэўна, вы чулі такую народную загадку. Няцяжка здагадацца, што рабы конь – гэта цётухна восень, паны – дрэвы, а прыгажуны – елка, сасна і ядловец, якія засталіся ў зялёных строях. І не толькі яны: ледзь прыкметны бруснічнік таксама не скідвае бліскучыя лісточкі. Яны трымаюцца на галінках і на сцюдзёным ветры, і пад снегам. Потым шмат ападзе, але большасць дачакаецца вясны і ўсміхнецца сонейку.
Як сцвярджаюць батанікі, бруснічнік жыве па дзвесце і нават больш гадоў, хоць мае кволыя карэньчыкі. Сапраўдны доўгажыхар, міжволі пачнеш паважліва ставіцца да такой незвычайнай раслінкі.
Растуць брусніцы побач з чарніцамі і буякамі, але яны не замінаюць адны адным. Бруснічнік рассцілаецца, як зялёны дыван, аж напачатку шкада ступаць. І ўсюды, куды ні кінеш вачамі, чырванеюць ягады. Паспяваюць яны ў канцы жніўня. У гронцы бываюць і спелыя, і няспелыя пацеркі. Зялёныя ягады кепска захоўваюцца; назбіраўшы іх, даводзіцца шмат выкідваць. Найлепш хадзіць па брусніцы восенню, калі ў гронцы няма белых плямак. Спелыя брусніцы трымаюць у вадзе, тады яны доўга не губляюць сваю кіслінку і вітаміны.
Бруснічнікі – сапраўдны рай для многіх птушак і звяроў, асабліва для цецерукоў і глушцоў, рабчыкаў і курапатак… Збіраючы ягады, не забывайце, што лясных дзяцей наперадзе чакае суровае выпрабаванне голадам. і калі мы любім родную прыроду, то павінны берагчы ягаднікі – цудоўныя сталоўкі дзікіх жывёл.
Журавіны
Што за казачнае слова «журавіны»! Колькі музыкі, пяшчоты ў кожным гуку! Так і хочацца ўголас паўтарыць: журавіны, журавінка… Быццам гэта не назва, а замова-весялінка.
Хутка прамільгнула лета. Восень апранае дрэвы ў залатыя строі. і сонечным дзяньком, і ў дажджлівы дзень клічуць грыбнікоў любімыя мясціны. Там чакаюць іх баравікі, апенькі ці зялёнкі.
Ну а мы хадзем у ягады, у журавіны. Дарога няблізкая – на балотныя імшарыны. На колах туды не заедзеш і пешкі не ўсюды пройдзеш, бо пад нагамі дрыжыць, гайдаецца зямля, а хвойкі растуць з растапырамі-галінамі. Пад імі купіны сядзяць, падобныя на мяккія падушкі. На кожнай ягад, як пацерак, насыпана. Нагінайцеся, збірайце, толькі спачатку адгадайце загадку: «Як была я маладая, то была як снегавая, а як пастарэла, то пачырванела».
Журавіны восенню з моцнай кіслінкай, свежых надта шмат не з’ясі. Затое яны лекі – няма іншых такіх на свеце. Пра гэта людзі ведалі здаўна. Шмат якія стравы адразу становяцца царскімі, калі гаспадыня не забылася пра балотныя пацеркі. Назаву хоць бы добра ўсім вядомую кіслую капусту з журавінамі.
А яшчэ я параіў бы вам збегаць на імшарыну вясной і знайсці там перамёрзлыя ягады. Цяпер яны саладзейшыя за цукеркі. Але не дужа налягайце, пакіньце ласунак гаспадарам балотнай краіны. Чуеце, як з паднябесся звіняць жураўліныя трубы: «Курлы-ы! Курлы-ы!..»
«Вясной зверху цячэ, а знізу кусае», – кажуць людзі. Раптам уначы неспадзявана вернецца зіма, як з бяздоннага меха пасыплецца снег, зноў пачне кусацца мароз. Гэта паўбяды – страшнейшая за ўсё бяскорміца, асабліва для птушак, якія вярнуліся з далёкага выраю. Адзіны ратунак для жураўлёў – балотныя ягады. Таму журавіны часам называюць інакш, але таксама прыгожа – жураўлінамі.
Воўчыя ягады
Багатыя і шчодрыя на ягады нашы беларускія лясы. Было б жаданне і ахвота – абавязкова прынясеш дахаты поўнае вядро. Але не трэба забывацца, што лясныя дарункі не ўсе ядомыя. Сярод грыбоў і ягад ёсць атрутныя, або воўчыя, як інакш іх называюць. У грыбной сям’і – гэта бледная паганка і выхваляка-мухамор, а пра воўчыя ягады я раскажу больш падрабязна.
Найперш трэба асцерагацца воўчага лыка – невысокага кусціка, што цвіце ранняй вясной прыгожымі бэжавымі кветачкамі. Не трэба іх зрываць або здзіраць кару з галінак, каб паспытаць на смак. Такі жахлівы чэмер паспытаеце – нібы агонь прабяжыць у роце. Асабліва атрутныя ярка-чырвоныя ягады воўчага лыка, добра прыкметныя восенню. Некалькі такіх ягад не проста шкодныя для здароўя; пакаштаваўшы іх, можна трапіць у бальніцу.
Яшчэ адна небяспечная расліна – гэта канвалія. Так у даўніну называліся ландышы. Вясной букецік пахучых белых званочкаў прыносіць нам радасць, святочны настрой. А калі прамільгне лета, замест кветак застаюцца аранжавыя ягады. Не бярыце іх у рот, бо яны атрутныя.
На канваліі падобная аптэчная купена, толькі яе званочкі не белыя, а з прыкметнай зелянінкай і зусім не пахнуць. Восенню замест іх выспяваюць сінявата-чорныя атрутныя ягады. Хтосьці падумае: вось дык дзіва! Ягады атрутныя, а кветка лекавая… Хіба так бывае? Бывае, штосьці падобнае ёсць і сярод жыўнасці. Напрыклад, калі ўкусіць гадзюка – бяда. А лекі, прыгатаваныя з яду, дапамагаюць хворым людзям пазбавіцца ад цяжкіх захворванняў. Значыць, каб жыць у добрай згодзе з прыродай, нам трэба ведаць яе таямніцы.
Да названых ужо шкодных ягад належыць мудранка, якая расце на высокай голай сцябліне і падобная на шызае вока. Адсюль яе другая назва – вароніна вока. Нельга не ўспомніць і чорныя ягады варанцу каласістага – высокай травяністай расліны з перыстым лісцем. І ён не апошні ў атрутнай сямейцы…
Адным словам, у лесе шмат воўчых ягад, але навошта іх збіраць? Зірніце, колькі навокал суніц і чарніц, малін і ажын, буякоў, брусніц, журавін… Як жа не пакланіцца ім, калі яны нібы сонечныя кроплі, а жменя ягад – сонечная жменя. Жменя радасці на цэлы год.
Грыбок, грыбок, выстаў лабок
Як з’явіліся грыбы
Няма больш цікавага занятку, як хадзіць у грыбы. Нездарма грыбнікоў празвалі ціхімі паляўнічымі. Чаму? Вы потым зразумееце, а цяпер давайце будзем збірацца.
Лепш гэта рабіць вечарам, няспешна, як кажуць, з толкам. Спачатку падбярыце абутак, каб не намуляць ногі, затым падрыхтуйце адзенне. Кошык вазьміце невялікі, на першы раз хопіць торбачкі. Раніцай пакладзіце ў кішэню лусту хлеба і скрылік сала, бо ў лесе захочацца падсілкавацца. Адным словам, рыхтуйцеся, а я вам раскажу, як з’явіліся грыбы.
Вандраваў па свеце Хрыстос і вучыў людзей, як трэба жыць праўдзіва, каб не было бяды і гора. Разам з Божым Сынам хадзіў апостал Пятро. Добрыя гаспадары з радасцю іх прымалі, а злыя і сквапныя нават на парог не пускалі.
Аднаго дня падарожнікі заблудзіліся. Паўдня мінула, а вёскі няма і няма. Прагаладаўся Пятро, стаміўся несці торбу з харчамі. Нарэшце поле скончылася, пачаўся лес. Не вытрываў Пятро, развязаў торбу, адламаў непрыкметна скарынку і запхнуў сабе ў рот. Убачыўшы гэта, Хрыстос спытаўся:
– Парай мне, як накарміць галодных людзей?
Хацеў Пятро адказаць Настаўніку, але не здолеў, бо поўны рот напхаў хлеба. Што яму заставалася рабіць? Выплюнуў ён хлеб на зямлю, а з пажаванага мякішу выраслі грыбы. Усялякія – і добрыя, і ядавітыя. Напэўна, каб апостал не адшчыкнуў скарынку ўпотайкі, дык мухаморы і паганкі не раслі б… А людзі з таго дня ахвотна збіраюць грыбы, смачныя стравы гатуюць. Ядуць і прыгаворваюць: «Добры грыб смачнейшы за мяса».
Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.