Sadece LitRes`te okuyun

Kitap dosya olarak indirilemez ancak uygulamamız üzerinden veya online olarak web sitemizden okunabilir.

Kitabı oku: «Вазьмі сваю свяцільню», sayfa 2

Yazı tipi:

– А калі ў цябе новы сезон серыяла пачнецца? – пацікавілася Маша.

– Не ведаю, – шчыра прызнаўся Курачкін. – Ды і навошта ён мне? Разам бавіць час лепш. Давай наогул забудзем пра гэтыя серыялы.

Маша ўсміхнулася. Серыяльная «пандэмія» ў сям’і скончылася.

Нечаканы падарунак

Святы бываюць розныя: міжнародныя, дзяржаўныя, арыгінальныя, сямейныя, асабістыя, як дні народзінаў, напрыклад. Адны не адзначае ніхто, іншыя – па жаданні, а ёсць і такія, што не адзначыць проста нельга. Прычым хтосьці ў такія святы абавязкова чакае падарунка. Так, 23 лютага сюрпрызаў чакаюць мужчыны, 8 Сакавіка – жанчыны, у дні нараджэння – імяніннікі.

У сям’і Курачкіных таксама былі святы. Акрамя вышэйназваных, яны адзначалі круглыя даты стасункаў: гадавіну знаёмства, шлюбу. Словам, нагод хапала.

Пасля завяршэння мядовага месяца першым падарункам ад маладога мужа стала навамодная патэльня. «Спадзяюся, на кухні яна стане табе добрай памочніцай», – рэзюмаваў Курачкін.

Маша надзьмула шчокі. Яна ж чакала зусім іншага. На 8 Сакавіка Курачкін падарыў ёй прас, а на дзень нараджэння – пральную машыну. Маўляў, цяпер у нас ёсць усё для ўладкаванага сямейнага жыцця.

Маша такі падарунак не ацаніла. І не размаўляла з Курачкіным тыдзень.

– А ты лепшая? – сказаў ёй Курачкін, каб пачаць прымірэнчую размову. – Шкарпэткі, пена для галення…

– Наступным разам я цябе сапраўды здзіўлю, – паабяцала Маша.

– І я цябе, – таксама паабяцаў Курачкін.

Гэтую гісторыю герой расказаў сябрам у кавярні.

– Хіба пральнай машынай можна пакрыўдзіць? – казаў ён. – Ды я ж ад усяго сэрца. Бо думаю і клапачуся толькі пра яе.

– А падаруй ёй іншы раз кветкі, – прапанаваў адзін з сяброў, Мікола.

– Кветкі? – здзівіўся Курачкін. – І што гэта за падарунак?

– Ну, тады машыну. Ці аформі паездку ў еўратур, – падказаў іншы сябар, Саша.

– Машына не па кішэні. А ў еўратур яна паедзе, а я што буду рабіць дома адзін?

– Тады кветкі, – падвёў рысу сябар Алег.

Набліжалася чарговая гадавіна, калі ён зрабіў Машы прапанову.

– Але ж ты не забывай, што кветкі – гэта толькі знак увагі. А падарунак – гэта падарунак, – зноў падказаў сябар Саша.

Неўзабаве настаў дзень ікс. Пасля працы Курачкін выправіўся ў кветкавую краму. Кветак было шмат, і наш герой ніяк не мог вызначыцца. Спачатку (для найбольшага эфекту) хацелася набыць незвычайныя кветкі. А калі не спадабаюцца ці пахнуць будуць не так? Пахадзіўшы па краме, Міша спыніўся на традыцыйных ружах.

Выйшаўшы з крамы, Курачкін згадаў словы Сашкі, што кветкі – гэта толькі знак увагі, а вось падарунак… Тут зноў Міхась пачухаў патыліцу. Ногі нібыта самі павялі яго ў краму бытавой тэхнікі.

«Можа, кухонны камбайн? – думаў малады муж. – Вельмі карысная рэч».

«Ці мультыварка? Мікрахвалёўка?»

Усе гэтыя рэчы прынеслі б вялікую карысць дому. «Ды толькі як Маша? Зноў будзе кавезіцца?»

Курачкін выйшаў з крамы.

Ідэй не ўзнікала. І тут… Курачкін убачыў перад сабой будынак цырка.

«Вось дзе я… дзе мы даўно, відаць, не былі!» – узрадавана ўсклікнуў у думках ён.

Такому падарунку Маша абрадавалася, бо таксама даўно не была ў цырку.

– Але ж і ў мяне ёсць сюрпрыз, – сказала яна.

– Няўжо новая вуда? – усміхнуўся Міхаіл.

– Не. Лепш. Залатая рыбка. Цяпер яна будзе спраўджваць нашы жаданні.

Курачкін прайшоў у залу. Там на століку стаяў невялічкі акварыум. У ім плавала зусім маленькая рыбка.

– Вось гэта?

– Так, – адказала Маша.

– Яна ж яшчэ зусім маленькая для нашых грандыёзных жаданняў.

– Гэта нагода яе пачаставаць. Каб яна хутка стала дужай. І магла выканаць любое нашае жаданне.

Маладыя муж і жонка назіралі за тым, як рыбка ловіць ротам корм. У думках яны загадвалі свае першыя жаданні.

Помста

Аднойчы ўсе надумваюць рабіць рамонт: кватэры, дачы ці асобнага пакоя. Такая ідэя адным вясновым ранкам прыйшла і да Курачкіна. Захацелася замяніць плітку на кухні і ў ваннай, пакласці ў зале лінолеум. Гэтай ідэяй ён падзяліўся за сняданкам з Машай. Тая падтрымала мужа. Пасля працы Курачкін набыў неабходны будматэрыял і прыняўся перфаратарам збіваць старую плітку.

Калі Маша вярнулася дадому, то пачула непрыемны гук электраінструмента.

– А гэта што? – здзівілася яна.

– Рамонт, – адказаў Курачкін. – Як і дамаўляліся.

– Але ж у мяне з заўтрашняга дня адпачынак. Я не думала, што ты так хутка яго пачнеш. Проста хацела цябе падтрымаць.

– Вялікі дзякуй, – усміхнуўся муж. – Але цяпер гэты працэс не спыніць, не стрымаць! – пры гэтым ён паказаў адбітую плітку на падлозе.

Курачкін шчыраваў да сямі гадзін вечара – да часу, калі дазваляецца шумець. Але суседзі ўсё роўна былі незадаволеныя. Так, адна з суседак гучна выказалася, праходзячы міма дзвярэй іх кватэры:

– Знайшлі час. Маглі б і летам! Калі ўсе едуць на дачы і ў адпачынак.

– Ведаеш, як у нас стане прыгожа! – ужо вечарам падзяліўся думкамі з жонкай муж.

– Уяўляю, – адказала Маша, а потым запыталася: – А ты ведаеш, колькі разоў чалавек можа хадзіць у адпачынак?

– Як мінімум два разы, – адказаў Курачкін.

– Гэта не ва ўсіх. У мяне звычайна адзін адпачынак. І ты хочаш, каб я правяла яго ў разбуранай табой кватэры?

– Не хвалюйся. Я хутка скончу! – паабяцаў муж.

Штовечар Курачкін вяртаўся з працы і браўся за справу. Маша ў гэты час сыходзіла з дому і да позняга вечара шпацыравала па горадзе. Былі цёплыя вясновыя вечары. Не сцюдзёна, як зімой. Чаму і не развеяцца?

У перадапошні дзень Машынага адпачынку Курачкін скончыў рамонт.

– Ну вось, цяпер у нас парадак і прыгажосць, – абвясціў радасна ён. – Ды і ты свежым вясновым паветрам надыхалася. А то кісла б у кватэры ўвесь адпачынак.

– Ага, – усміхнулася жонка. – Дзякуй, што так клапоцішся пра мяне.

Ішлі дні, тыдні… Неўзабаве адным ліпеньскім днём Курачкін зазбіраўся ў адпачынак.

– Міша, а ты любіш закруткі: агуркі, памідоры? – запыталася Маша.

– Вядома. Пад бульбачку ў самы раз, – адказаў муж.

– Дык вось. Як ты ідзеш у адпачынак, а я працую, то чаму б табе не паехаць на дачу і не заняцца нарыхтоўкай стратэгічнага запасу на зіму? – пацікавілася жонка.

– Хто, я?! – здзівіўся Курачкін. – Але ж у мяне былі іншыя планы на адпачынак. Ды, нарэшце, я закруткамі ніколі не займаўся.

– І ў мяне былі іншыя планы на адпачынак, – адказала Маша. – Але рамонт – справа неабходная. І нарыхтоўкі на зіму таксама. Камусьці патрэбна гэтым займацца. А як ты будзеш вольны, то чаму не навучыцца такому рамяству? Ты ж у мяне вунь які майстар на ўсе рукі!

Курачкін зразумеў, што ад «камандзіроўкі» на дачу яму не адбіцца.

– Ведаеш, гэта цудоўная ідэя, – адказаў ён. – Таксама свежым паветрам падыхаю. А ўжо якіх закатак нараблю! Ты ў мяне яшчэ ўрокі практыкі будзеш браць!

– Згода! – засмяялася Маша.

А вось рэцэпт, па якім рабіў зімовыя запасы Курачкін, так і застаўся сакрэтам.

Халадзільнік

Усе жанчыны мараць мець талію, каб ім зайздросцілі… Дзеля мары не шкада ні часу, ні сродкаў. І хоць Маша была прывабнай жанчынай, але і яна ў адзін дзень вырашыла, што мяжы прыгажосці няма і што заўсёды ёсць «над чым папрацаваць».

Жанчына зайшла ў інтэрнэт, дзе хутка знайшла дыету, якая, на яе думку, дапаможа ёй дасягнуць жаданага.

– З гэтага дня мы на дыеце, – абвясціла жонка Курачкіну і пералічыла прадукты, якім больш не месца ў халадзільніку.

– А я пры чым? – здзівіўся Курачкін. – Я ні на якую дыету не падпісваўся.

– Заняцца сабой ніколі не позна, – адказала Маша. – А калі не, то я не буду з табой размаўляць.

Курачкін зразумеў, што ад дыеты яму не адкруціцца.

– Вось спіс прадуктаў, якія неабходна набыць, – працягвала камандаваць Маша.

Праз гадзіну халадзільнік быў забіты карыснымі для душы і цела прадуктамі. Увесь вечар Маша складала меню на заўтрашні дзень, якое пасля з задавальненнем агучыла Курачкіну.

– Уяві толькі: аўсянка з разынкамі, зялёная гарбата з абястлушчаным тварагом…

– Нешта стаміўся я, – адказаў муж і адправіўся адпачываць.

У той вечар Курачкін не захацеў ні глядзець тэлевізар, ні гуляць у камп’ютарную гульню, ні нават перапісвацца з сябрамі ў сацыяльных сетках.

Ноччу яму спачатку прысніліся шашлыкі, потым смажаная курыца з бульбай. Ён неўзабаве згадаў, што ў лядоўні ляжыць добры кавалак мяса.

«Калі прыгатаваць яго зараз?» – узнікла думка.

Курачкін прачнуўся. Паглядзеў на Машу, тая моцна спала. Мужчына падняўся і ціхенька, амаль крадком, пайшоў да халадзільніка. Зачыніўшы добра дзверы, каб пах смажанага мяса не пратачыўся ў спальню, Курачкін пачаў гатаваць вельмі познюю вячэру.

Пад’еўшы як трэба, Міхась усміхнуўся сам сабе і падумаў, што пасля такой вячэры на сняданак пойдзе і аўсянка з разынкамі.

Апантаная ідэяй Маша прачнулася рана і прынялася за прыгатаванне сняданку.

– Бачыш, як апетытна выглядае! – сказала яна Курачкіну, калі той прачнуўся.

– Вельмі! – пагадзіўся Міхаіл і падыграў: – Аж апетыт усхадзіўся!

Пасля Курачкін падзякаваў Машы за сняданак і выправіўся на работу. У яго ссабойцы былі вараныя яйкі, памідор з агурком і невялічкі кавалачак хлеба. Абед атрымаўся так сабе. А вячэра і зусім ніякай. Хіба бутэрброд і зялёную гарбату можна было назваць сытнай стравай?

Ноччу Курачкіну снілася смажаная бульба і катлеты. Але сон тое быў ці не, Курачкін узгадаць не мог. Як і мінулай ноччу, ён апынуўся на кухні, дзе стаў гатаваць сабе вельмі каларыйную страву. А потым уплятаць яе за абедзве шчакі.

Так ішлі дні за днямі. Маша кожны дзень круцілася перад люстэркам і не магла налюбавацца, як дыета ўплывае на яе талію. Каля люстэрка станавіўся і Курачкін, каб падыграць жонцы.

Невядома, колькі б працягвалася гэтая гісторыя, але здарылася вось што. У адну ноч Курачкін завітаў на кухню, каб прыгатаваць познюю вячэру, і ўбачыў там Машу. Яна піла гарбату з пірожным.

– Прабач, – пачырванеўшы, сказала яна. – Нешта салодкага захацелася.

На імгненне яна збянтэжылася, а потым падазрона паглядзела на мужа:

– А ты што тут робіш?

– Таксама салодкага захацелася, – знайшоўся Міхась, а потым прызнаўся: – І мяса. Маша, можа, пакончым з дыетай? Ты мне падабаешся такой, якая ёсць.

– І ты мне. Сядай, зараз завару табе гарбату. А вось пірожнае.

Эх, каб не яно…

Не тэлефонная размова

Падчас абеду ў Курачкіна зазваніў мабільны. Нумар быў незнаёмы.

– Алё, – сказаў звыклае слова мужчына.

– Добры дзень, – адгукнуўся жаночы голас.

– Мы знаёмыя? – пацікавіўся Курачкін.

– Пакуль не, – прамовіла жанчына. – Але можам пазнаёміцца.

– У вас праблемы з сантэхнікай? – запытаўся Курачкін, мяркуючы, што, пэўна, яму тэлефануюць па працы.

– Бываюць, – у голасе з трубкі пачулася ўсмешка. – Але сёння ніякіх праблем няма. Усё працуе спраўна.

– Тады не разумею, – шчыра здзівіўся Курачкін. Ён хацеў зразумець, хто яму тэлефануе, але гэта ў яго пакуль не атрымлівалася. – І адкуль у вас мой нумар?

– Набрала лічбы, якія на душу прыйшлі. І трапіла на вас. Чаму нам проста не пагутарыць? – пачуўся зноў жаночы голас. – У вас жа цяпер абед? І ў мяне таксама. Сумна. А вам?

– Ну… – Курачкін не ведаў, што адказаць.

– Вось бачыце, – прамовіла жанчына. – Вас як зваць?

– Міша.

– А мяне Люда.

Курачкін разумеў, што яго, пэўна, нехта спрабуе разыграць. Але хто? Ён пачаў прыгадваць усіх жончыных сябровак, але ніякай Люды не памятаў, хоць, як яму здалося, такі жаночы голас ён ужо недзе чуў.

– Сёння цудоўнае надвор’е. Можа, сходзім вечарам у кафэ? – прапанавала Людміла.

– Не. Мяне Маша чакае, – адказаў проста Курачкін.

– Хто такая Маша?

– Жонка.

– А-а, – пачуўся ўздых. – Яна добрая?

– Вельмі.

Тут Курачкін згадаў жанчыну, якую, здаецца, звалі Людміла і пра якую некалі расказвала Маша як пра даўнюю школьную сяброўку.

«Ці не яна? – пранеслася ў галаве думка. – І ці не розыгрыш гэта ад яе і жонкі?»

– Значыць, вы добры сем’янін?

– Так.

– Заўсёды спяшаецеся з працы дадому?

– Але.

– Як вашай жонцы пашанцавала, – уздыхнулі зноў у трубцы.

– Спадзяюся.

– Яна добра гатуе?

– Ага.

– І што плануецца на вячэру?

– Не ведаю. Але хацелася б баршчу, смажанай бульбы з катлетамі.

– Ну ў вас і апетыт!

– Пасля працы надараецца, што і дыназаўра хочацца з’есці.

– Ведаеце, я вельмі рада, што ў вас усё так добра.

– А вы замужам?

– Так.

– Пэўна, і ў вас добры муж.

– Магчыма. Але я не ведаю, што б ён адказаў незнаёмцы, якая запрасіла б яго на сустрэчу.

– Ведаеце, абед заканчваецца. Трэба ісці. Калі ў вас будуць праблемы з сантэхнікай, то тэлефануйце. Дапамагу. І кавы пап’ём.

– Дзякуй. Добрага дня вам. Было прыемна паразмаўляць.

Курачкін пайшоў працаваць. Увесь час ён думаў пра загадкавую Людмілу і выпадковую размову. «Дзіўныя сітуацыі часам надараюцца», – думаў ён.

Але яшчэ больш мужчына здзівіўся, калі дома на вячэру Маша прыгатавала боршч, смажаную бульбу і катлеты.

«Вось гэта супадзенне!» – падумаў ён. Але пра размову з незнаёмкай гаварыць не стаў. Толькі падазрона паглядзеў на жонку і падумаў: «А як бы яна зрабіла на маім месцы – пайшла б у кафэ ці адмовілася?»

Сакрэт віншавання

Аднойчы Курачкін прыйшоў з працы вельмі заклапочаным.

– Заўтра дзень нараджэння ў нашай бухгалтаркі. Шэф сказаў, што віншаваць будуць усе. І я ў тым ліку. А я ж зусім не прамоўца.

– Нічога страшнага, – супакоіла Маша. – Ты ж мяне віншуеш, вось і бухгалтарцы тое скажы.

– Але ж яна не ты…

– А ты на хвіліну ўяві. Усё і атрымаецца.

Курачкін падзякаваў жонцы за слушную ідэю і, задаволены, сеў за вячэру. Вечарам наступнага дня ён ізноў прыйшоў засмучаным.

– Што здарылася? – запыталася Маша.

– Віншаванне. Ведаеш, спачатку ўсё было цудоўна. Я ўявіў, што бухгалтарка – ты, і пачаў жадаць. А пасля на імгненне запамятаўся і сказаў крыху лішняга: «Ну, як мая Маша рэдка гатуе боршч, так і ты, шаноўная Наталля Сяргееўна, нячаста радуеш мяне разліковым лістом». Цяпер прэміі мне доўга не бачыць.

– Не хвалюйся, – супакоіла жонка. – Прэмію табе ставіць дырэктар. І ён, пэўна, чуў тваё пажаданне. А вось бухгалтарка і іншыя, бадай, успрынялі твае словы як жарт і добра пасмяяліся.

– Канешне. Усе трымаліся за жываты, – панура прамовіў Курачкін.

– Усё будзе добра, – яшчэ раз запэўніла жонка.

І сапраўды, за бягучы месяц Курачкін атрымаў добрую прэмію. «Відаць, Маша мела рацыю», – падумаў ён. І да вячэры набыў шакаладны торт. За гарбатай ён падзяліўся з жонкай сваімі думкамі і радасцю.

Прайшоў час, і Курачкін зноў прыйшоў дадому заклапочаным.

– Заўтра дзень народзінаў у начальніка нашага працоўнага ўчастка. І я зноў у спісе віншавальнікаў.

– Калі не хочаш уявіць мяне, то намалюй у думках маю маму. Ты ж яе таксама вельмі добра віншуеш з усімі святамі.

– Ага, – уздыхнуў мужчына, згадаўшы, як, выціраючы пот з ілба, віншаваў з 8 Сакавіка цешчу.

Вечарам наступнага дня ён зноў прыйшоў устрывожаным.

– А цяпер што не так? – занепакоілася Маша.

– Такіх прыгожых слоў віншавання я, пэўна, не гаварыў ніколі, – стаў расказваць Курачкін. – Але напрыканцы віншавання, разумееш, не стрымаўся, сказаў: «Ведаеш, Мікалай Мікалаевіч, як мая цешча рэдка бывае ў нас у гасцях, так хацелася б, каб і ты менш круціўся на нашых вачах. Толькі працы замінаеш». Усе зайшліся смехам. Нават сам імяніннік.

– Вось бачыш, няма чаго хвалявацца. Нярэдка такія пажаданні падчас віншавання трапляюць у яблычак.

Так і адбылося. Начальніка ўчастка Курачкін стаў бачыць толькі раніцай на планёрцы, а потым спакойна працаваў дзень на аб’екце.

– Ведаеш, заўтра дзень народзінаў нашага шэфа, – у адзін з вечароў сказаў Міхась жонцы. Намеснік паведаміў што без мяне не абысціся. Што ж мне пажадаць самому Івану Іванавічу?

– Тое, што і сабе, – параіла Маша.

«Ну, сябе я хваліць умею», – падумаў Курачкін і, супакоіўшыся, пайшоў адпачываць.

– Напачатку я разгубіўся, – падзяліўся назаўтра з Машай муж. – Але потым нагаварыў Івану Іванавічу вельмі шмат добрых пажаданняў. На што ён адказаў: «Пасля такіх слоў я павінен табе, Курачкін, паставіць адпачынак у наступным годзе, як і сабе, у аксамітны сезон. Так што можаш планаваць, як ты яго правядзеш, ужо зараз».

– Сапраўды? – здзівілася Маша. – Тады і я вазьму адпачынак у наступным годзе ў верасні. Будзем адпачываць разам!

Цяпер, калі Курачкіна прасілі павіншаваць каго-небудзь, ён хутка згаджаўся, бо ведаў галоўны сакрэт віншавання.

Крама «Лёс»

Аднойчы Курачкіну прысніўся сон, нібыта трапіў ён у краму пад назвай «Твой лёс».

– Чым тут могуць гандляваць? – задаўся пытаннем Міша.

– Нічым, – пачуў адказ прадаўца-кансультанта, які з’явіўся невядома адкуль. – Тут даюць магчымасць наведвальнікам выбраць свой лёс. Вось вы – мужчына, значыць, вам патрэбная для жыцця жанчына. Можам паказаць, якія ў нас ёсць мадэлі.

– Мадэлі?! – яшчэ больш здзівіўся Курачкін.

– Так. Усе жанчыны, як і мужчыны, дзеляцца на пэўныя тыпы – катэгорыі. Можам паказаць.

– Цікава. Давайце.

Прадавец-кансультант правёў нашага героя ў асобную залу. Там на подыуме стаялі розныя жанчыны, падобныя да манекенаў-робатаў.

– Вось гэта мадэль хатняй гаспадыні, – сказаў кансультант і націснуў нябачную кнопку на манекене, на ёй быў фартух, а ў руках – чарпак.

Жанчына адразу зарухалася і пачала гаварыць:

– На сняданак – аўсянка, зялёная гарбата з блінамі. На абед прыгатую боршч. На вячэру – катлетак. Збегаю ў гастраном, захаплю фарш, грэчку. А потым прыбяру посуд…

– Прабачце, а чаму яна, – Курачкін паказаў на манекен, – ні слова не кажа пра працу?

– Гэта ж мадэль хатняй гаспадыні, – падкрэсліў кансультант. – Сям’ю забяспечвае муж.

Кансультант выключыў манекен і падышоў да наступнай мадэлі.

– А вось супрацьлеглая мадэль – бізнесвумен. У такім выпадку муж можа і не працаваць, – пры гэтым кансультант зноў націснуў на нябачную кнопку.

– На абед мяне не чакай, у мяне запланаваны бізнес-ланч, – строгім тонам пачала гаварыць жанчына. – Вячэраю я з будучым інвестарам. Дадому вярнуся позна. Выбі дываны, зрабі вільготную ўборку. І не забудзься на Рэкса. У дзве гадзіны і сем вечара ў яго прагулка. Для Мурзіка набудзь сухі корм, замяні ваду ў акварыуме. Усё, я пабегла. На сувязі. Калі будуць пытанні, пішы. Я патэлефаную…

– Хопіць, хопіць, – занепакоіўся Курачкін. – Гэта зусім не жанчына маёй мары. Мне б такую, каб і працавала, і гатавала, і паразмаўляць магла.

– Універсальная. Зразумела, – адказаў кансультант і падышоў да наступнага манекена. – Вось.

Прадавец уключыў і гэты экспанат.

– Каханенькі, сёння спазнілася, трапіла ў затор, так стамілася, – пачала жанчына-робат. – Я ў лазенку, а ты пакуль прыгатуй вячэру. Ну, як у цябе на працы? Нічога не чую, я ў лазенцы. І не думай сёння глядзець свой серыял. Абяцала зайсці сяброўка. Падтрымаеш нашу размову. А вось яшчэ што: вынес смецце?

– Выключайце. Гэта зусім не тое. Хочацца і рамантыкі, – сказаў Курачкін.

– Зразумела, – кіўнуў галавой кансультант і падышоў да наступнага манекена. – Думаю, гэта тое, што трэба.

– Мілы, я так цябе кахаю, – пачала жанчына.

– Вось-вось, – адобрыў Курачкін.

– У нашым сямейным жыцці даўно не было рамантыкі, – працягвала яна. – А так хочацца прагулак пад месячыкам на пляжы Чорнага мора. Мяккага ложка ў пяцізоркавым атэлі.

– Не, гэта не тая рамантыка, – запярэчыў наведвальнік. – Мне б такую, з якой можна хоць куды.

– Я б вам не раіў, – адказаў кансультант. – Вось, паглядзіце самі, – і прадавец уключыў наступны манекен.

– Каханы, я з табой хоць куды. Але для гэтага мы напачатку зробім шопінг. Калі мы збіраемся ў Амазонку, то мне патрэбныя боты каўбоя, калі на рыбалку, то крэм для загару, пасля загару, надзіманая лодка, мангал, шашлык, новы купальнік, туфелькі, сонечныя акуляры…

– Я не тое меў на ўвазе, – перабіў пакупнік. – Мне б такую, якая прытрымлівалася б здаровага ладу жыцця…

– І такая мадэль у нас ёсць. Вось, – кансультант уключыў наступны манекен.

– Дарагі, заўтра мы пераходзім на здаровы лад жыцця. Прачынаемся ў шэсць раніцы, ідзём на прабежку, потым лёгкі сняданак – і на працу. Пасля працы ідзём у фітнес-залу. Абанемент каштуе сто рублёў на дваіх. Гэта два тыдні.

– Не-не, – зноў запярэчыў Курачкін. – Тут працаваць толькі на фітнес-залу будзеш. Ведаеце, – звярнуўся ён да кансультанта, – няма ў вас прыдатнага экспаната. А сваю жанчыну-лёс я ўжо сустрэў. Завуць яе Маша. Яна хоць і не ідэальная, але самая блізкая, такая, што трэба! І яна мяне ўжо, пэўна, чакае з працы.

– У нас дагэтуль ніхто не выходзіў без другой палавінкі, – заўважыў кансультант.

– Відаць, я буду першы, – адказаў Курачкін і хутка накіраваўся да выхаду.

У дзвярах стаяў ахоўнік, які не хацеў выпускаць Курачкіна. Кансультант жа, учапіўшыся за Мішаву руку, цягнуў наведвальніка назад, да манекенаў. Невядома, чым гэта ўсё скончылася б, але тут Курачкін прахапіўся. З ілба цёк пот. Міхась агледзеўся. Побач мірна сапла Маша.

– Дзякуй, гэта толькі сон, – супакоіўся наш герой.

Ён лёг зноў, абняў Машу і моцна заснуў. Да раніцы больш ніякія сны яму не сніліся.

…А пад раніцу яны прачнуліся, альбо Што такое добра і што… не вельмі

Згадваючы розныя гісторыі, Курачкін не заўважыў, як настала раніца. Ціха, каб не будзіць жонку, пайшоў рабіць сняданак – бутэрброды з сырам і кавай. Ён уяўляў, як складзецца іх размова з Машай. Ужо і пажартуе, пакпіць ён з яе!

За такімі думкамі Курачкін не заўважыў, як на кухню зайшла каханая. На дзіва, выглядала яна добра адпачыўшай. Нават не скажаш, што прыйшла вельмі позна.

– Сняданак ужо гатовы, – з усмешкай прамовіў Курачкін.

– Гэта добра, – у адказ усміхнулася Маша.

Яны селі за стол.

– У колькі я ўчора прыйшла? – запыталася жонка.

– А другой гадзіне ночы, – адказаў Курачкін.

– Гэта дрэнна, – уздыхнула Маша.

– Ага, – падыграў муж.

– А прыйшла сама?

– Так.

– Гэта добра, – усміхнулася Маша, а потым удакладніла: – А таксіста не было?

– Не, – на гэты раз ужо здзівіўся Курачкін.

– Гэта дрэнна.

– Чаму? – раўнівым тонам запытаўся Курачкін.

– Атрымліваецца, я столькі шыбавала пехатою…

– Гэта добра, – выдыхнуў Курачкін. Яшчэ б – таксіста не было, ды і грошы сэканоміліся.

– А сумачка са мной была?

– Так.

– Гэта добра, – узрадавалася Маша.

– Ты думала, што недзе яе згубіла?

– Не. Затое ўсе грошы, што былі ў ёй, пакінула ў клубе. Якія цудоўныя там напоі…

– Гэта дрэнна, – па інерцыі прамовіў Курачкін.

– У цябе ж аванс у гэтую пятніцу? – пацікавілася жонка.

– Так.

– Гэта добра, – адказала Маша. – Ведаеш, я наглядзела сабе сукенку…

– Ведаеш, не вельмі. Я думаў…

– А я падумала першай, – адказала Маша.

– Добра. Няхай будзе сукенка, – выдыхнуў Курачкін.

– А як мае туфелькі, у якіх я ўчора прыйшла? – пацікавілася Маша.

– Выдатна. Уяўляеш, не зламаўся ніводны абцас, – падкрэсліў муж.

– Вось бачыш, казала я табе, што гэта вельмі якасныя туфлі. А ты – як заўсёды: «Шмат каштуюць!..»

– Вялікі кошт – непрыемнасць для сямейнага бюджэту, – заўважыў Курачкін.

– Ага, – пагадзілася Маша, а потым дадала: – Твае розныя мужчынскія рэчы таксама нятанна каштуюць.

– Гэта кепска. Каб танна, у мяне іх было б нашмат больш, – пажартаваў Курачкін.

Крыху памаўчалі, атрымліваючы асалоду ад кавы.

– Ты як хацеў правесці выхадныя? – запыталася першай Маша.

– З сябрамі на шашлыках.

– Гэта добра. Я з табой.

– Ідэя не вельмі, – зноў выдыхнуў Курачкін.

– Чаму?

– У нас сабралася толькі мужчынская кампанія.

– Кепска, – выдыхнула Маша. Памаўчаўшы, дадала: – А ведаеш, Наташка, што ў суседнім пад’ездзе, зацяжарыла. Учора яе бачыла, хвалілася.

– Цудоўна, – без эмоцый прамовіў Курачкін.

– А ў нас з табой дзяцей яшчэ няма.

– Кепска, – уздыхнуў Курачкін.

– Ну вось, я падумала, а чаму б нам не завесці хлопчыка ці дзяўчынку?

– Выдатна! – узрадаваўся Курачкін. – Я толькі за!

Ён падхапіўся з крэсла, падбег да Машы, абняў яе і пацалаваў у шчаку.

– Ціха! Ціха! – стала супакойваць мужа жонка. – Зараз трэба ісці на працу.

– Гэта дрэнна, – уздыхнуў Курачкін і зноў сеў на сваё месца.

– Але вечарам мы зможам вярнуцца да гэтай размовы, – падміргнула Маша.

– Выдатна! – прамовіў натхнёна Курачкін.

Абое шчаслівыя, маладзёны пайшлі на працу.

Сямейнае жыццё працягвалася.

І яно, як паказалі вечар і раніца, вельмі рознае, але ўсё ж цікавае.

І абяцае шмат яшчэ сюрпрызаў.

₺278,65