Kitabı oku: «Дудка беларуская», sayfa 3
Yazı tipi:
Думка
Чагось мне маркотна, на плач забірае:
Мусіць, душа чуе якоесьці гора
Ці штосьці зрабілась… што? Хто яго знае:
Ці град жыта выб'е, ці згіне абора,
Ці ураднік загнявіцца, пагоне падводу,
Ці знайдуць у лесе крадзену калоду?
Ці сын умрэ, што маскалём служыць,
Ці той, у Мэрыку падаўся, ды тужыць?..
От так цяжка, здаецца, каб грэху не баяўся б,
Ці ў пятлю палез бы, ці ў ваду схаваўся б!
Летась мне было так – і валы прапалі,
Свінні бульбу з'елі, гарод пакапалі,
Нябожчыца матка чыста захварэла,
І дзядзькава хата з каміном згарэла;
Сукна не звалілі – хадзіў без сярмягі,
А тут і без хлеба… прападаў ад смагі!
Хоць бы прандзэй стала, што ўжо стацца мусе,
Каб так не цягнула за сэрца, як ліна30;
Бедаваць не перша, я і не баюся:
Няхай усё згіне, дык душа ж не гліна?
Тагды б ужо ведаў, як і ратавацца,
Ці там ад няшчасця, ці з людской напасці,
Ці сядзець у хаце, ці куды падацца,
Ці, злажыўшы рукі, навекі прапасці!..
Ды што ж мне такога, чаго мне журыцца?
У мяне не будзе, – знайдуць людзі хлеба;
На бяду мне плюнуць, Богу памаліцца,
Да слушнага часу дажыву як трэба!
Вун стаіць бярозка тут ля самай хаткі,
Косы папусціла… плача, кажуць людзе,
А мне так здаецца, што ёй анігадкі:
Што было – не помне, не ўзнае, што будзе.
А можа ж, і помне, як то я калісьці,
Быўшы малым хлопцам, лазіў, калыхаўся.
Яна была гібка, болей было лісці…
І я дзісь не мог бы, як тагды спінаўся.
Чаго ж мне маркотна? Ты ж скажы, бярозка,
Маўчыш, як нямая, і сама смутная!..
Мусіць-такі праўда – гэта яе слёзка,
Што кажуць другія – капля расяная.
Мне жаль і бярозкі, чаго ж яна плача,
Калі ужо долі не пераінача?
Не тужы, бярозка, свет з намі не згіне,
Вецер як павее, шышачкі раскіне;
Хоць бы ты засохла – вырасце вас болей…
Перастанем плакаць мы над сваёй доляй!
Якось яно будзе, дажывём да дошкі,
Хоць лепей, хоць горай, абы не так трошкі!
Шышачкі раскіне, як параскідала
Маіх шэсць сыночкаў – здаецца, ці мала?
Усе разышліся! – Адзін у наборы31,
Адзін пайшоў прочкі, за чорныя моры,
Адзін за Дунаем саўсім асядліўся,
Адзін у Сібіры – з старшынёй пабіўся;
Пяты на пісарстве гдзесь у Патарбурку,
Кінулі у хаце вот крывога Юрку!..
Ну ды рана-позна, тыкі мне здаецца,
Кожны занудзіцца, да дому прыб'ецца…
Паглядзець, як людзі ў бядзе сабе радзяць,
Абсядуцца ў дому і лад заправадзяць.
З кірмашу
Гэй, ляці, кабыла, хоць ты падарвіся,
Бо мяне чакае там мая Людвіся,
Чакае, чакае, аж выйшла за дзверы,
Вот ужо і поўнач, а не есць вячэры.
Зварыла зацірку, дык аж гоне слінку,
Малачком збяліла, як тую сняжынку!
Гэй, ляці ж, кабыла, па пнях, па каменнях,
Бо яна чакае уся у пламеннях.
Уся у пламеннях ад аднэй мілосці!..
Гэй, ляці, кабыла, каб не ўспелі госці.
Гэй, басуй, басуй жа, мая ты кабыла,
Каб жонка не спала, дзверы адчыніла.
Маскалі ж у вёсцы яшчэ не паснулі,
Праляці ж, кабыла, каб яны не чулі!
Рві, кабылка, жыва, вязу я гасцінчык:
Ці хустку чырвону, ці валовік-бічык.
Гэй, вязу гасцінчык, вязу кірмашовы,
Ці новую хустку, або і біч новы!
Падарожныя жыды
Што крук круку не выдзюбае вока,
То ведама даўно і ведама далёка;
І гдзе крапчэйшыя дзяруцца,
Дык слабшыя няхай жа не суюцца,
Бо ўжо чубы напэўна што парвуць,
Калі яны адзін другога не паймуць.
З двух мястэчкаў два падвозцы
Двух жыдоў вязлі напроці.
Спаткаліся ж на вузенькай дарожцы,
І ні адзін не уступае па ахвоце.
Той кажа: «Парха ты вязеш, дарогу дай!»
А той крычыць: «Ты пана мне не лай,
Бо я твайго і біць гатоў!..»
І біч смалёны тут завёў,
А той у рукі ды бічышча…
І замахалі так, аж свішча!
Жыдкі у просьбу, каб гадзіцца.
Куды табе! – ні прыступіцца.
Так б'юць, аж кроў цячэ жыдам!
«Ты б'еш майго, а я твайму аддам!»
І, можа б, так насмерць пабілі,
Дык хітра ж і жыдкі зрабілі:
Той перасеў таму на воз, а той туды.
І так запхалі абодва без бяды;
І мужыкам так стала бліжэй дому,
І крыўды ніякай нікому.
Пазналіся жыдкі, пагергаталі,
Дык мужыкі і біцца перасталі!
А што, каб так і мы зрабілі,
А можа бы, і нас не білі?
Хрэсьбіны Мацюка
Калісь, як у нас казакі-то стаялі,
У «шнурах» за горкай раз мяне спаткалі.
Сказаў «пахвалёны», а яны смяюцца,
Адзін штось спявае, іншы дзьме на дудца,
А старшы скіпеўся: «Ты што за адзін?»
Думаю: хто ж я? – ужо ж Юркаў сын!
«Тутэйшы, – кажу я, – свой чалавек:
Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей,
Тут і радзіўся, тут жыву век;
Юркам зваць бацьку, я дык Мацей.
Вун гдзе і хата, і выган, і сад;
Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат!..»
Ён кіпіць горай, пытаючы, лае,
Крычыць, і б'ецца, і ў твар штурхае.
«Да хто ты, да хто ты, ці рускі, ці не?»
Я дай круціцца туды і сюды,
Думаю: што б тут сказаць яму мне?
«Я не нашу, – кажу, – барады».
«Да ты, – ён кажа мне, – веры якой?
Ці ты праслаўны, ці ты – паляк?»
«А дайце ж, паночку, – кажу, – мне пакой,
Да я ж тутэйшы, я ж казаў так!..»
Як сцебане, пракляты, мяне, —
Аж у вачах чырвона здалося!
Каб я ж чым-кольвек ў якой віне,
А то не ведаць, скуль узялося?
Я кажу гэтак: «Калі ж ужо так,
Што васпан б'ешся без дай прычыны,
То, мусіць, і праўда, што я і паляк
І буду паляк я ад гэтай гадзіны!..»
Ну і далі ж мне добра на знак:
Цягнулі, біўшы, у Замаслаў32,
Каб помніў крэпка, што я паляк,
Каб і вам гэта здарэнне сказаў!
Тое прайшлося, пайшлі і казакі,
Калі пад восень завуць нас у збор.
«Прыехаў, – кажуць, – начальнік такі,
Сам князь Хаванскі, ідзіце у двор!»
Трэба ўсё кідаць (хоць святам было).
Народам, як макам, весь двор заліло:
Князь у палетах, васолы такі!
«Эх, – кажа, – рыбяты! – вы дуракі,
Што ў рускай зямлі ды каталікі!
Ну, цар вас прымае ў сваю веру;
Дасць зямлі многа!.. Вы на паперу
Тут падпішыце, а поп пасвенце, —
Будзе ўсё добра, усюды пашэнце.
Ну, братцы, вып'ем па чарцэ усе;
Бацюшка крыж і крапідла нясе!»
Мы ж толькі зірк адзін на другога,
Маўчым, трасёмся, не кажым нічога:
Ён Міруна за плечы узяў,
Вядзець да стала, гарэлкі падаў:
«Пій на здароўе і так пішы:
– Вот сабраліся дзве тысяч душы;
Рускую веру хочым прыняць,
Каб каталіцкай не ведаць, не знаць…»
Мірун папярхнуўся, як хуста, збялеў,
Глянуў на ўсіх, на мяне паглядзеў.
«Як, – кажа, – людзі, так, – кажа, – я,
Спытайце, – кажа, – вун Мацяя;
Як ён ды скажа перавярнуцца,
Дык усе вёскі на яго здадуцца».
Цягнуць мяне да таго князя,
А тут аж мурашка за скурай лазе.
«Ну што, маладзец, нап'ёмся водкі?»
Даець мне грошы, такі салодкі:
Усё гавора, радзе, пытае,
Жонку цалуе, дзяцей гайдае.
«Ну што ж, надумаўся, гатоў?..»
«Надумаўсь, – кажу, – каб сто катоў
Дралі мне скуру, пяклі на агню,
Я веры сваей тыкі не змяню!»
Іх! закіпеў той князь, аж зароў,
Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў…
«Розаг падайце, нагаек, сто лоз!
Ён з веры смяецца мне тут пад нос!»
Хапілі мяне якісьць гайдукі,
І розаг падалі чатыры пукі,
І б'юць – не баліць, хоць за сэрца бярэ:
За што ж ён мне гэта ды скуру дзярэ?!
Як крыкну гэта: «Эй, бійце ж мацней,
Мацнейшы ад веры вашай Мацей!»
О так-то хрысцілі мяне казакі
З тутэйшага ды у палякі!
Бог не роўна дзеле
Бог сіроты любе, але долі не дае.
Прыказка
Чым-то дзеіцца на свеце,
Што не роўна дзеле Бог?
Адзін ходзе у саеце33,
У золаце з плеч да ног,
А другому, каб прыкрыцца
Хоць анучай – велькі труд:
Весь, як рэшата, свіціцца,
Адны латы, адзін бруд!
Адзін мае хатаў многа,
А вялікіх – касцёл моў;
Увясці б туды хоць Бога,
І той бы з іх не пайшоў.
У другога ў сцяне дзюры,
Вецер ходзе, дым і снег;
Тут карова, свінні, куры…
Тут пакута, тут і грэх!
Гэты едзе у вагоне, —
Цёпла, мякка, толькі жыць!
А ляціць, як віхар гоне,
А ён сабе толькі спіць!
Той ў мяцеліцу, ў марозе,
Што аж вон яму прэ дух,
Паўзе з клункам па дарозе,
У снягу увесь па брух!
Гэты хлеба і не знае,
Толькі мяса ды пірог,
І сабакам выкідае
Усё тое, што не змог.
А той хлеб жуе з мякінкай,
Хлёбча квас ды лебяду,
Разам жывець і есць з свінкай,
З канём разам п'ець ваду!
Аднаму дзесяткі-служкі
Зарабляюць сотні сот;
Рукі ў яго, як падушкі,
Як кісель, дрыжыць жывот!
Другі ж сам, аж на дзесятак
Працуючы, лье свой пот,
А высахшы, як аплатак,
Цянюсенькі, як той кнот.
Хцівец і скарб на святога Яна
Пры выгане ў вёсцы, ў самай перагонцы,
Была хата крывенька у адно аконца;
Ў хатцы адзінокі жыў хцівец лянівы,
Што думаў без працы зрабіцца шчаслівы.
У грошах, ён думаў, усё людское шчасце,
А ён жа павінен гдзесьці скарб напасці!
За мілю ж за вёскай ды быў лес закляты;
А хціўцу жа лес той якраз проці хаты,
Ў тым лесе заклятым не расло нічога,
Праз яго ніколі не ішла дарога;
Баяліся людзі у той лес заходзіць,
А як хто заблудзе, – чорт па тры дні водзіць!
П'яны хцівец, ішоўшы з васэля дадому,
У той лес убіўся, залез серад лому.
Вот стаіць ён гэта, клянець, праклінае,
Калі гляне воддаль, – светлачка мігае.
Думаў, хата блізка ці хтось пасець коні,
Кінуўся на светла, прайшоў, можа, гоні,
Аж глядзіць, агонь той ды з зямлі бярэцца.
Хоць гарыць – не пале; няможна й сагрэцца.
Спалохаўся хцівец, аж працверазіўся,
Сам не аглядзеўся, як і апыніўся
Аж у сваёй хаце, аж на печ забіўся!
Назаўтра па вёсцы аб усім аб гэтам
Вестка абляцела, як папер штахвэтам34.
Адзін скажа верна, другі праінача,
А кажды па-свойму здарэнне тлумача.
Адзін кажа: пэўне маланка бліскала,
Дык п'яному хціўцу у вачах і стала.
Другі: што то светласць з магілкі святога,
Пэўне хцівец будзе шчаслівы у Бога.
А другія кажуць, што то скарб закляты,
Што хцівец, як знайдзе, дык будзе багаты!
А хцівец дай думаць: як бы тут разжыцца,
Хоць бы гэтым скарбам з чортам падзяліцца.
І сядзіць на прызбе ці ў свята, ці ў будні.
Калі раз пад вечар вылазе чорт з студні!
Опратка нямецка, спераду куртата,
Капялюх высокі, як жыд носе ў свята,
Портачкі, як дудкі, сам якісь цыбаты,
І шкляныя вочы, ззаду хвост куртаты…
Хцівец дагадаўся, што то за пасланец,
Са страху затросся так, як той паганец,
А тыкі пытае, трохі ачуняўшы:
– Хто ж такі, панічык? – нібы не пазнаўшы.
– Ды я не тутэйшы, кліпатэнт35, здалёку,
Душы закупляю для пана штороку.
– А ваш пан багаты? Ці дорага плаце?
– Іх! – кажа. – Мільлёны ён на гэта траце.
Яму трэскі а грошы, што грошы – то трэскі,
Усякага купе, абы толькі кепскі!
– Нашто ж душы кепскія, здаецца?
– Э! бо добры у добрым псуецца!
– Ці б то мне не можна прадацца вашэці,
Каб я быў багатшы ад усіх на свеце?
– Можна, – кажа немчык, – а чаму ж не можна?
Чэраз маго пана нігды не парожна.
Пры сабе не маю, але вун, у пушчы,
Ляжыць скарб закляты за ройстам у гушчы,
А там, на засценку, ёсць ведзьма старая,
Пакажа, як браць скарбы, яна ўсё знае!
Наша душа, твае грошы! – І запісаў штосьці,
А сам кінуўся аб землю, забразджалі косці!
Віхрам закруціла, і ён знік, як пена.
Хцівец звяк на камень, аж пабіў калена.
Спалохаўся чыста, што аж пражагнаўся,
Навет плюнуў трэйчы, злажыў трэйчы хвігу,
Але чорт закрысліў36 душу сабе ў кнігу!
Вот назаўтра хцівец прад усходам рана
Ляціць да той ведзьмы, казаў бы да пана.
Вот ужо і блізка яму да засценку…
Стала чагось страшна! Ідзець памаленьку,
Аж скуль узяліся, як туман з дубровы,
Крукі і вароны, сарокі і совы
Ды як сталі кракаць, галасіць, смяяцца, —
Хцівец аж схітнуўся, каб назад падацца;
Узяў камень, калі пусце, калі уцярэбе,
Ды трафіў не ў пташкі, а сабе па лэбе!
Аж зарагаталі каменні па полю,
Аж сыпнулі слёзы у хціўца ад болю.
Давай таптаць лапцям камяні са злосці…
Калі гляне – ведзьма! Адны толькі косці!..
Калі гаркне хціўцу у варонне горла:
«Якая ж то немач цябе тут прыпёрла?»
«Маю інтарэсы, – кажа, – да вашэці
І даўно прыйшоў бы, каб не твае дзеці…»
А яна праз комін глядзіць і гавора:
«Я цябе чакала, але не так скора.
Не рабі мне глуму, а ідзі у сені,
Але зажмур вочы, выверні кішэні
І паўзі на брусе, ды наперад задам,
Пад сцяну пралезеш яшчаркай ці гадам».
Увайшоў ён гэтак у тое мяшкане,
Аж спацеў са страху! – калі гэта гляне,
Паўнюсенька хата пташкавых галовак,
Скрыдэлак і ножак і цэлых паловак.
Та свішча, там вішчыць, то крэкча,
Гэтая стогне, а другая клекча.
А ведзьма як крыкне каршуновым басам,
Дык усё замоўкла зараз тым жа часам.
«Ну, кажы ж, што трэба? Мусі, ці не грошы?
Бо віджу, для нас ты чалавек харошы».
«Эгэ ж, – кажа, – скарбу хацеў бы дабрацца,
А ваша дык знаеш, як за яго ўзяцца».
«Відзіш, які ласы? шык37 гэта не жарты!
Пагляджу я первей, ці ты яго варты:
Задам тры работы, – як выдзержыш пробу,
Дык забярэш скарбы, а не – дык хваробу!
Нанасі ж пазногцям мне вады вядзерца,
З маленькіх пылінак, вот па гэтай мерца,
Пастаў слуп высокі ды, як волас, ценькі
І злічы лісточкі на весь лес гусценькі!»
Мусіць, тут і немчык тыкі памог трошкі,
Досьць, што крутам-мутам выпаўніў да крошкі,
Адкуль і ахвоты, і розуму стала?
Усё зрабіў хцівец, што ні загадала.
Ведзьма яго хвале, гладзе па галоўцы,
Падала вячэраць чагось у латоўцы38,
Здаецца, яечню і з савіным шмальцам,
Сама яго корме, папіхае пальцам…
Потым таго кажа: «Калі ты, лядачы,
Захацеў так скарбу, дык ідзі ж уночы
У лес перад Янам, каб ні брэх сабачы,
Ані спеў пятушы, ані людзкі вочы
Не былі ў прашкодзе. У папараць сядзіш,
Хустачку падсцеліш, добранька разгладзіш
І чакай паўночы. Папараць дасць кветку;
Ты струсні на хустку папараці ветку,
30.Ліна – канат, тоўстая вяроўка з канопляў або лёну.
31.У наборы – у рэкрутах.
32.Замаслаў – мястэчка Жэмаслаў (Жамаслаўе) у колішнім Ашмянскім павеце (цяпер Іўеўскі раён). Вясной і ўлетку 1861 г. тут адбыліся сялянскія хваляванні, якія скончыліся сутычкай з войскам; непакорлівых цягнулі на пакаранне ў Замаслаў, дзе стаялі казакі. У Замаслаўі жыў Багушэвічаў знаёмы Казімір Умястоўскі.
33.Сает – тонкае фабрычнае сукно лепшага гатунку.
34.Штахвэтам – эстафетай.
35.Кліпатэнт (польск. plenipotent) – давераная асоба.
36.Заскрысліў – запісаў.
37.Шык – скарб, багацце.
38.Латоўка – гліняная патэльня.
Türler ve etiketler
Yaş sınırı:
12+Litres'teki yayın tarihi:
30 ağustos 2016Hacim:
50 s. 1 illüstrasyonTelif hakkı:
Public Domain