Sadece LitRes`te okuyun

Kitap dosya olarak indirilemez ancak uygulamamız üzerinden veya online olarak web sitemizden okunabilir.

Kitabı oku: «Дудка беларуская», sayfa 4

Yazı tipi:
 
У хустку завяжаш кветачку ты тую
І будзеш мець скарбы, калі пашанцуе.
Толькі, дзяцюк, слухай! Каб ты не жагнаўся
І, несучы скарбы, каб не аглядаўся!»
Хцівец, дачакаўшы прад святога Яна,
Зайшоў ў лес далёка ад самага рана,
Выспаўся за слоньца, вечарам памыўся
І сабе чакае: ці прэндка паўночы?
Паставіўшы слупам на папараць вочы,
Толькі зірк: па лесе кажаны, як мухі,
Каля яго круцяць, поўзаюць рапухі,
Гадзіны суюцца, а совы галосяць,
Ваўкі страшна выюць, аж рэха разносяць,
Ажно лес трасецца! І хцівец затросся,
Але страх падолеў, і усё прайшлося,
І усё заціхла, як магілка ўночы.
Хцівец зноў паставіў на папараць вочы,
Вецярок па лесе лісткі развявае,
Струхнулася папраць, як бы то жывая!
Калі глядзіць хцівец: кветачка, як слоньца,
Заблішчала ясна, хораша бясконьца!
Струсануў на хустку хцівец кветку гэта
І ляціць дахаты з кветкай, як штахвэта!
Цяпер хцівец ведаў ўсё на свеце чыста:
Што ў зямлі ў сяродку, гдзе сіла нячыста,
Як звяры гавораць, скуль вада у рэчцэ,
Калі што пасеяць, адкуль што бярэцца,
Калі будзе вецер, маладзік настане
І каму якое гдзе будзе спатканне.
Умеў перакінуць сябе ці другога
Хоць у што захоча, абы не ў святога!
З скарача39 надое малака кадушку,
З вады зробе водку, з каменя падушку;
Як захоча, – дохне скаціна ад вока,
Ведае, гдзе скарбы, хоць бы як глыбока!
Знаў лячыць шалёных і кроў стрымаць з раны,
Загаварыць зубы ці вочы паганы,
Заломы у жыце закруціць па злосці
Ці выжаць чужыя, як закруце хтосьці.
Такі стаў дасужы, што свет здзіваваўся,
Адкуль гэта хцівец розуму набраўся?
Усё, усё чыста стаў ведаць як трэба,
Толькі што не ведаў, як зарабіць хлеба!
Узяў ён сякеру, рыдлёўку пад паху
І ідзець у лес той без жаднаго40 страху.
Прыходзе да месца, гдзе светла мігнула,
Штырхануў рыдлёўкай, аж зямля здрыгнула,
Як людскія грудзі, і аж застагнала
Жаласліва, цяжка, як бы вот канала!
А ваўкі, мядзведзі, каты і сабакі,
Гадзіны, рапухі і звяры усякі
Калі загалосяць, як закрычаць пташкі,
Аж хціўцу за скурай сыпнулі мурашкі,
Пот паліўся цуркам, валасы паўсталі…
Хцівец страх падолеў і капае далей.
Трошкі пачакаўшы, скуль браліся крыкі,
Шаблі зазвінелі, забрашчалі пікі,
Б'юць у барабаны і крычаць салдаты:
«Лаві, рубі ногі, каб не ўцёк дахаты!»
А хцівец капае, як бы і не чуе.
Тут ляціць карэта! – от-от задратуе!
Там сотнямі коні яго налятаюць,
Фурманы ганяюць і асцерагаюць, —
Ён усё капае – вот так, як наняўся.
Як ужо ж і гэтым страхам не паддаўся;
Гадзіны з балота і вужоў ці мала
Лезуць проста ў вочы і тыкаюць жала…
Ані страпянуўся! А усё капае,
Як бы то не чуе, як бы то не знае!
Потым ваўкалакі, смакі41, ваўкалюды,
Зубастыя ведзьмы сабралісь з усюды;
На яго суюцца, зубамі скрыгочуць, —
Ён тыкі капае, аж чэрці рагочуць!
Асэсараў, соцкіх, ураднікаў хмара
Наляцелі, грозяць, другі аж удара…
Ён усё капае, ані аглянецца.
Скарб і паказаўся, – няма куды дзецца.
Кацёл, як кадушка, жалезам закуты…
Абухом як трэснуў, дык пусцілі нуты,
Рэчкай паліліся новыя дукаты,
А хцівец падумаў: «Цяпер я багаты».
Набраў іх без ліку, у мяшок насыпаў!
На плечы закінуў, зрадзеў, аж захліпаў!
І… ляціць дадому з тымі дукатамі.
Аж тут і пагоня зямлю капытамі
Рвець, як даганяе, аж сапуць іх коні!
Ён чуе, што блізка, можа, няма гоні,
Дукаты ў лісічкі, а сам у калоду
Перакінуўсь зараз і прапаў, як ў воду!
Калі ж наляцелі калмыкі, арапы,
Шаблямі махаюць, аж трасуцца храпы,
Ды ніяк нічога не могуць дарадзіць:
Так-то умеў хцівец і след свой загладзіць.
Тыя ж пастаялі, пацмокалі трохі,
Коні завярнулі і пайшлі, як блохі.
Калоду ў сябе зноў, лісічкі ў дукаты
Перакінуў хцівец і ляціць дахаты.
Калі ў паўдарогі чуе – ізноў гоняць,
Крычаць, і страляюць, і шаблямі звоняць.
То цяпер былі татары: кудлатыя шапкі,
А твар, як дзве скулы, а вочы, як крапкі.
Як зглядзелі хціўца, калі запішчэлі,
Аж прыляглі коні… але не паспелі:
Хцівец верць у дуба, а грошы у роя,
А мяшок у вулей! Удалося й тоя!
Цмокаюць татары! Прапаў, як у воду!
Адзін кажа: «Трэба б зласаваць хоць мёду».
А тут на іх коні пшчолы як сунуцца, —
Ледва паўсядалі, каб назад вярнуцца!
Хцівец зноў уцёкі. Пад вёскай, за гоні,
Чуе – забубнела і зноў хтосьці гоне!
То гналіся туркі. Так як падчас бітвы:
Палашы крывыя, вострыя, як брытвы,
У зубах кінжалы, голавы абрыты,
Бровы так, як вусы, а твары сярдзіты!..
Хцівец кінуў камень, а гдзе ён каціўся,
Там ручай глыбокі, шырокі зрабіўся;
На ручаю човен і буч42 на дне рэчкі,
Поўны карасямі. Туркі, як авечкі,
Саўсім не пазналі, што то перакінуў
Хцівец сябе ў човен! І цяпер не згінуў.
Туркі завярнулі, а хцівец уцёкі!
Ужо тут пад хатай сусед недалёкі
Як крыкне на хціўца: «Пачакай ты, скнэра!
Падзелімся скарбам! А, які нявера!»
Вытрымаў і гэта і не аглядаўся,
Стануў на парозе, за закрутку ўзяўся,
Аж тут сам з сабою узяў мех прадраўся;
Як сыпнуць дукаты, дык аж загрымела!
Не вытрымаў хцівец, у вачах сцямнела…
Аглянуўся, відзе – ажно чорт смяецца,
Крыўляе, рагоча, за бокі бярэцца!
Тут абамлеў хцівец, як сноп, паваліўся,
На раніцы толькі з расой прабудзіўся
І наперш заглянуў – скарб яго ці цэлы?
Зірк! і губы развесіў, і стаіць здурнелы:
У мяху ўсё трэскі, а грошы не стала.
А душа за чары навекі прапала!
З папараці кветку хцівец гдзесьці страціў,
Памаркі43 забіла і не разбагацеў!
Цяпер не то дзесяць, трох не пераліча,
Не хціўцам, а дурнем кожны яго кліча.
Вот хцівасць на грошы давяла да згубы:
Няма ў свеце лепей, як свой грошык любы.
А то, як каторы чалавек харошы,
У добрым здароўі век зжыве без грошы!
 

Гдзе чорт не можа, там бабу пашле

 
Адзін мужык ды добра з жонкай ладзіў,
А гэта ж чорту ў горле косць,
І што ён толькі ні рабіў – не звадзіў,
І немарасць бярэ і злосць.
Чорт з хаты вон ідзе, хвастом трэ вочы;
Жаль душ яму, а навет стыд;
Не раз не еўшы быў, не спаўшы ночы,
А скутку ніц44 – сабе абрыд!
Калі глядзіць, шкулдык, шкулдык бабуся,
Якраз у тую вёску йдзець;
Чорт думае: дай бабе пакланюся, —
Яна іх пэўне развядзець?
Прад бабай чорт такім харошым стаўся,
Аж вышчырыўся бабін клык.
Чорт жаль свой расказаў і абяцаўся
Даць бабе пару чаравік,
Як толькі муж ды жонку аддубасе,
І прысягу па-свойму даў;
А баба внэт45 за дзела узялася!
(Чорт бабу, пэўне, добра знаў
Яшчэ тагды, як яблык крала Эва
У раі божым, гдзесьці там,
З таго праклятага праз Бога дрэва,
Што праз яго прапаў Адам!!)
Вот бабка зараз шусць да жонкі на сакрэты,
Давай хваліць: што добра так жывуць,
Што рэдка гдзе такой знайсці кабеты,
А лепшых дык нігдзе не чуць.
А можна бы і лепей навет жыць,
Каб жонка ведала сакрэт,
Умела як на тое варажыць, —
Яшчэ бы лепшы стаў ёй дзед!
«Ёсць у мужчын на самым гарляку
Грубейшы валасок адзін;
Як спіць, – згалі яго, дык будзе да вяку
Слухмяны для цябе, як сын!»
Тут бабе жонка надала, што мела,
І баба з Богам выйшла вон,
А жонка з радасці і полудня не ела, —
Што век жа будзе добры ён!
Мужык гарэ, а блізка ля мяжы,
А баба міма йдзе… шкулдык —
І стала! кажа: «Божа, памажы!»
Як трэба адказаў мужык.
«Што добрага чуваць, бабуся, ў людзях?» —
«Ай, чула, чула дзісь я шмат!
Ці то казаць, ці не казаць? бо страх.
Цяпер на брата ідзе брат,
А жонкі вернай, – гдзе цяпер шукаць?..
І у тваей каханак ёсць;
Змаўлялася, – як будзіш у полі спаць,
Дык брытвай табе зробе штосьць!..»
Сказаўшы гэта, марш у лес бабуся,
Як ліс, лягла за першы куст,
Ціхусенька ляжыць, хоць кашаль дуся,
Не пусце навет пары з уст!
Аж жонка з полуднем ляціць ад вёскі,
Схаваўшы брытву у кішэнь;
На вобмежку паставіла дар Боскі
І кліча мужа, як штодзень.
Ён хмурны штось і есць не надта хоча,
А потым зараз лёг заснуць.
Заснуў! а жонка ў кішані шамоча…
Дастала брытву – і чуць-чуць…
«Га! рэзаць, подлая ты душагубка?» —
Зароў, як той шалёны бык.
«Дык вот якая ты, мая галубка?..»
І дай біць жонку той мужык!..
Здзівіўся чорт, што баба так зрабіла.
Узяў яго прад бабай ляк46.
Ціжэмкі47 бабіны наткнуў на вілы,
Здалёка даў, баяўся так,
Каб баба і яму жыцця не струла48,
Не нарабіла ў пекле штук,
Не набрахала б там, што чула,
Або што ён – яе байструк.
З тых пор, як чорт гдзе не дарадзе,
Там слухае ён бабскіх рад,
У бабскай круціцца грамадзе
І ў пекле тым трымае лад!
 

Кепска будзе!

 
Як я толькі нарадзіўся —
Бацька сказаў: «Кепска будзе!»
Ну дык жа ж не памыліўся:
Здзекавалісь Бог і людзе.
А чым кепска? – бо на марцы
Я радзіўся (пост праўдзівы,
Цяжкі месяц гаспадарцы.
Як пражыў хто, – будзе жывы).
Пераеўся хлеб да крышкі,
Бульбы толькі як пасеяць,
І прыварку49 ані лыжкі,
І скаціна – хоць развеяць;
Ні саломкі, ні то сена,
Хоць бы на раз для скаціны;
А тут дроў ані палена,
А тут яшчэ нарадзіны!
Трэба ж бабе бохан хлеба
І гарэлкі ж трэба пляшку,
Яшчэ ж хрысціць хлопца трэба…
Вот і думай, як сярмяжку
Нясці жыду пад заставу50
Ці прадаць каня, кароўку?
«Сеў, – казаў ён, – я на лаву,
Узяўшыся за галоўку,
І заплакаў, аж заліўся,
Так, як бацьку пахаваўшы…
Кепска зрабіў, што радзіўся,
Кепска будзе, свет пазнаўшы!»
Ці то слова йшло урокам,
Што сказаў у кепскім часе,
Ці хто кінуў такім вокам?..
Ну і доля ж удалася!
І збылося ж бацькі слова!
Вот у тыдзень вязуць гэта
Хрысціць мяне да Макрова
Кумоў двое і кабета.
У Аборках51 мост сарвала,
А я ж быў – чуць жывы, слабы.
Рада – ў раду, на тым стала,
Што ахрысцяць з вады бабы.
З Беразіны52 жменяй вады
Кума сама зачарпнула,
Паматала сюды-туды.
Трэйчы на мяне лінула.
«Вот і хрэст увесь тут, – кажа, —
І ксёндз хрысце гэтаксама,
Толькі яшчэ чымсь памажа,
А хлопцу ўсё роўна – яма!
Хоць бы жывым хоць давезці,
Каб дарогай не сканала, —
Скажуць – кепска вязла гдзесьці
Або туга спавівала!..»
Гэтак мяне пахрысціўшы,
Вязуць назад ужо да маткі,
Вочы добра пазаліўшы,
Ледзьве уняслі да хаткі.
Закусіўшы тут як трэба,
Пакумаліся, і квіта:
Баба ўзяла бохан хлеба,
Пляшку водкі, торбу жыта;
Разышліся і паснулі.
Матка ж мяне калыхае:
«Люлі, – шэпча, – сынок, люлі…»
А як зваць? – сама не знае.
Вот назаўтра спазарання
Бяжыць матка да кумошкі
Ды пытае: як празванне
Далі сыну? Лёну трошкі
Тут прынесла пры здарэнню,
Трошкі сала, круп са жменю…
А кума ж была праворна:
Хоць што збрэша – не запнецца;
Круце сабе ў сенях жорна,
Трэба ж салгаць! Куды ж дзецца?
«Імя, – кажа, – твайму сыну
Ксёндз хацеў даць па кантычцы,
Думаў ён, можа, з гадзіну,
Узяў ксёнжку, як стаў рыцца,
Дык даў потым з каліндарка»53!
Матка прандзей з хаты ў сені,
Як бы цівун гнаў па карку,
Усё шэпча то імене:
«Аліндарку, Аліндарку!»
Прыляцеўшы так дадому,
За калыску узялася
І зрадзела, як святому,
Што аж слязьмі залілася.
І калыша, і галосе:
Надта імя спадабала,
Надта добрае здалося,
Што такога і не знала!
Вот і клікаць мяне сталі
Скаліндаркай, Аліндаркай…
Ну, як зналі, так і звалі.
Але вот што з гаспадаркай?
Наперш конь здох таго ж лета,
І цялушка, як лань, пала…
Матка ж, ведама, кабета,
Затужыла і запала,
Гадкоў зо тры пацягнула,
Ў марцы й ручанькі згарнула.
(А ўсё ў марцы, трэба ж гэта!
А разумная была кабета!)
З таго гора бацька бедны
Стаў маркотны, як магіла.
Было сядзіць такі бледны…
«Што ж ты гэта нарабіла?!»
Гэтак скажа і заплача.
(Хто ж пачуе, хто забача?)
Потым дай памалу сватаць;
Трэба ж, ведама, жаніцца,
Каб было каму палатаць,
Каб было у што змяніцца,
А так усё памарнела:
Куры, гусі, навет свінне.
І свіння дзяцей паела,
І карова марне гіне…
Увосень давай шукаць пары,
Ды ніводная не хоча;
Аднэй бедны, другой стары,
Трэця, чорт ве – што тароча:
«Аддай, – кажа, – Аліндарку
Куды-кольвек хоць на людзе,
Сядзь на нашу гаспадарку,
Тагды выйду, добра будзе!»
Бацька кідаўсь зо тры тыдні,
Яшчэ горай зажурыўся,
Прадаў сякі-такі злыдні54,
Разлайдачыўся, распіўся
І умёр так пад гародам,
Устраміўшы ў плот галоўку!
Шапку найшлі аж за бродам
І у шапцы залатоўку.
А назаўтра прывёў соцкі
Асэсара, паноў трое.
Труп той зрэзалі на клёцкі…
(А у марцы ж было й тое!)
Мяне цётка, у апеку
Ўзяўшы, трошкі падрасціла
Ды якомусь чалавеку,
Як за сына, адпусціла.
Незадоўга змёрла цётка,
Я стаў круглая сіротка.
Ці гдзе днюю, ці начую,
А ўсё бяду сваю чую!
Пастухі збяруцца ў гаю,
Пяюць песні ля бярозы,
А мне чагось, сам не знаю,
Смутна, цяжка, цякуць слёзы.
Рос я гэтак за вачыма,
Ужо трэйчы спавядаўся,
Калі зімой да айчыма
Ды ураднік заблукаўся.
Я сяджу сабе на печы,
Пляту лапці, ўю аборы,
Ён паказуе праз плечы:
«Што-то сын твой, – кажа, – хворы?»
«То не сын! – айчым той кажа. —
Ўзяў сіротку; дзякуй Богу,
Добры ўдаўся: позна ляжа,
Рана ўстане і адлогу
Не запусце… спагадлівы;
Маю сына, хоць не родны.
Ажаню, як буду жывы,
Будзе Богу й людзям годны!»
«А лет сколькі?» – той пытае.
«Дваццаць, – кажа, – мусіць, мае?»
«А зваць як?» – «Да Каліндарка!..»
Ратнік піша усё шпарка.
Як радзіўся, гдзе хрысціўся?..
Пісаў, пісаў дый паехаў!
Бацька яго угасцілі,
Далі торбачку гарэхаў…
После таго, так не далей,
Як у тыдзень і асэсар
Шусць у хату (і з мадаляй).
«А гдзе, – кажа, – той пасэсар,
Твой Ліндарка, ці як звецца,
Што хаваецца з някруцтва,
Пляцець лапцікі на печцы?..
Ашуканства, баламуцтва!..»
 
 
А я ж ехаць меў па дровы,
Бацька клікнуў, іду ў хату…
А асэсар – той – здаровы!..
Лясь мне ў морду, потым тату.
Я ж узяў яго за грудзі
 
39.Скарач – ручнік з кутасамі, на які высыпалі вараную бульбу, ад гэтага ён карэў, рабіўся закарэлы.
40.Без жаднага – без ніякага
41.Смакі, або смокі – цмокі, драконы.
42.Буч – прылада для лоўлі рыбы.
43.Памаркі – мары, надзеі, спадзяванні.
44.Скутку ніц (польск.) – без ніякага выніку.
45.Внэт (польск.) – хутка, мігам.
46.Ляк – сполах.
47.Ціжэмкі – абутак з тканіны; палатняныя, парусінавыя або шаўковыя тапці.
48.Не струла (польск. struć) – не атруціла.
49.Прыварак – мука лепшага гатунку, грачаная, гарохавая, бабовая, а найчасцей ячная для прыгатавання розных страў.
50.Пад заставу – пад заклад.
51.Аборкі – вёска пад Маладзечнам каля Палачанаў са слынным старажытным драўляным касцёлам, рэшткі якога захаваліся дагэтуль (пабудаваны ў 1443 г., перабудаваны ў 1773 г.).
52.Беразіна – рэчка ў Аборках.
53.З каліндарка – з календара.
54.Злыдні – дробныя гаспадарчыя рэчы, транты.