Ücretsiz

Літоўскі хутарок

Abonelik
iOSAndroidWindows Phone
Uygulamanın bağlantısını nereye göndermeliyim?
Kodu mobil cihazınıza girene kadar bu pencereyi kapatmayın
TekrarlaBağlantı gönderildi

Telif hakkı sahibinin talebi üzerine, bu kitap dosya olarak indirilemez.

Yine de, onu mobil uygulamalarımızda (internet bağlantısı olmadan bile) okuyabilir ve Litres sitesinde çevrimiçi olarak okuyabilirsiniz.

Okundu olarak işaretle
Літоўскі хутарок
Yazı tipi:Aa'dan küçükDaha fazla Aa

Максім Гарэцкі
ЛІТОЎСКІ ХУТАРОК

I. Худое лета выдарылася хутарку…

Худое лета выдарылася хутарку. Сядзеў ён паміж гор, і ўся ярына выгарала. Дый жа ставок, што сінеў пад гарою, блізка што высахнуў, а ў студні даўно вады не было. Гліністая дарожка, што вілася ад хутарка ўніз, вакол стаўка да Вержбалоўскага шасэ, закамянела і патрэскалася.

Па вясне хадзілі чуткі, што будуць у тутэйшых ваколіцах вялікія дзяржаўныя манёўры, сам імператар прыедзе. Газеты ж прыходзілі толькі кунігасу (свяшчэнніку), ды і то рэдка, і вайны ніхто з хутарцоў не спадзяваўся.

Калі ж познаю начою з фанаром у руках прыскакаў на хутарок конны ад гміны і забарабаніў у вакеніцу, уся сямейка мігам ускочыла і спалохалася. Нібыта прыйшло заканчэнне злыбед усяго лета.

А калі пасланец уваліўся ўвесь у пыле ў хату, рупліва дастаў паперу і загадаў гаспадару хутарка Яну Шымкунасу той час запрагаць каня і ехаць у гміну для патрэб мабілізацыі, бо абвешчана вайна з прусамі, – у хаце прайшоў жах і запанавала смяценне.

– Так… вайна, знача, – неслухмяным языком сказаў Ян і пачаў рыхтавацца.

Усе маўчалі.

Ніякіх выгукаў, ніякіх пытанняў. Толькі гаспадыня, старая Даміцэля, адразу ўзяўшы ў думку сыноў сваіх: Блажыса, што апошні год у войску служыў, і Дамяніка, што ў шахтах быў, усхліпнула і дрыжачым голасам сказала дочкам:

– Збірайце бацьку ў дарогу.

Большая, Монця, узняўшыся на падушцы, з падпёртаю шчакою, быццам застыгла ў думках, а меншанькая, Ядвіська, нервова заклапаціла па хаце.

У гэту ноч ужо не заснулі.

А на другі дзень, як свет, пацяклі па ўсёй ваколіцы жаночыя слёзы, былі хліпанне і выццё, малітвы і кляцьба. Праваджалі запасных. Звон бажніцы (цэрквы) смутна і багамаленна гукаў усіх пад'ярэмных пад купал храма да ног раскрыжаванага за словы любові і міру.

Плакаў зморшчаны сівенькі кунігас, благаслаўляючы духоўных дзяцей на шлях брані, заказуючы храбрасць у баі і літасцівасць да зможанага ворага; плакала, уздрыгваючы ўся, колькі было людзей, бажніца. Істава хрысціліся і малебным поглядам прыліпалі да абраза спасіцеля ў цернявым вянку і не ўтрымлівалі буйных слёз пагуканыя запасныя.

А на вуліцы – цёплае сонейка; пяюць без клопату птушкі, гудзяць у ліпняку пчолы. Усё – як усягды. Не даецца веры навінам.

Правадзілі… Доўга стаяла асірацелая таўпа з сівенькім кунігасам паперадзе. I ўсё яшчэ махала тым любым, што пайшлі спраўляць крывяныя хаўтуры.

– Су деў, су деў!.. (з Богам!) – Доўга шчэ адгукаліся тыя, махаючы шапкамі.

– Прашчайце! прашчайце! Схаваліся за ўзгорак.

II. Мабілізацыя канчалася…

Мабілізацыя канчалася.

Ля хутарка на горцы стаяла паўбатарэя: вартавала мост ад ворага з паветра. Некалькі вольных ад дзяжурства салдатаў, нібы забыўшыся, што вот-вот можа быць пераход, бойка і той свет, чаёўнічалі сабе ля вогнішча, скалілі зубы, хадзілі дажа купацца ў лужу на ставок ці шчыпалі гарох. А то, абышоўшы далёка кругом, падбіраліся да сям'і хутаранаў-літвінаў, што жалі авёс, і пачыналі заводзіць з імі знаёмасць.

Салдаты-назірачы дзівіліся ў біноклі ці трубу Цэйса і, рагочучы, абвяшчалі, што «наша бяроць», чорненькая ўжо смяецца, а беленькая не хоча і не глядзіць, – усё жне. Потым хапаліся за працу: касілі, вязалі і насілі снапы. Ярмашчук і Дудзік жалі, і ўсе ўвесь час смяяліся з дзяўчынамі і вялі гутарку з панам-татулем, катораму падабалася работа салдат, іх вясёласць і жарты і велічанне панам.

– Няго сюды, да мяне на хутар, можа прыйсці герман? Няго тут на маім родным полі, блізка хаты маёй страляць будуць? I тутака ляжаць будуць забітыя? Не, не можа таго быць! А то што ж тады? – во праз што млела сэрца ў старога.

– Не клапаціцеся вы, татуля! Не прыйдзе да вас герман. Мы яго так турнём, – супакойваў яго бойкі, курносы, папсованы воспаю кастраміч.

– Ты не ведаеш, братка: прусы – народ кітры (хітры), – трывожыўся стары.

Увечары салдаты гасцявалі ў хутарку.

Нягледзячы на тое, што дзяўчаты гаварылі з «москолюсамі» ўбогай мяшанкай руска-польскіх слоў, салдаты, дзякуючы магнэчнай сіле прыгажосці, пачувалі ў сабе паўнату шчасця ад знаёмства з імі. Праўдзівая прыгажосць сярод літовак страчаецца нячаста, але прынадных дзяўчынак на Літве даволі.

Чорненькая Ядвіся не была так прыгожа, як большая, Монця, але яе бойкія, вясёлыя чорненькія вочкі, чырвона-смугленькія з ямачкамі шчочкі, дзяціна-капрызны са смяшком склад вуснаў, маладыя, круглыя ручкі, гібкасць і крутасць паланялі салдатаў, не ведаўшых, чым і як ёй дагадзіць.

Беленькая Монця мела больш строгую красу і была сур'ёзней і неяк задумней. Гэта быў тып літвінкі. Прадаўгаваты тварык з шэрымі, сумнымі, удаўжонага разрэзу вачамі; круглы, але правільны нос; рот з рысамі, лёгка даючымі пакорліва-сумную ўсмешку; роўныя, белыя зубы, доўгая, багатая белакурая з завіточкамі каса.

Не кожны салдат рашаўся жартаваць з Монцяю.

– Куды паненкі схаваюцца, як прыйдзе германец? – вёў за ядою гутарку малодшы феерверкер Сініца.

– А чаго мы схаваюцца? – бліскае чорненькімі вочкамі Ядвіся. Ах, каб ёй яшчэ троху слоў. – Я не бус (не буду) схаваюцца… Прусы – народ лабай гражус… прыгожы (прусы – народ дужа прыгожы).