Kitabı oku: «Літоўскі хутарок», sayfa 2
Уся хата дрыжыць ад звонкага, адылі закароткага смеху. Толькі задумная Монця ледзь усміхнулася на словы смяшлівае сястронкі.
Пачалі развітвацца. Салдаты дастаюць «пінегу» (грошы).
– Не, не… Грэх браць у салдата. Наш Блажыс таксама ў войску. Вы ідзіцё на смерць за ўсіх. Не.
I адварочваецца ад платы.
Але хто заможней, пакідае грошы на стале.
– Добрыя людзі, – кажуць у хаце после іх, – вясёлыя.
– Добрыя людзі, – кажуць салдаты па дарозе, – сумленныя людзі.
А тым часам трывога аб крывавую будучыню ўсё расла, даходзіла да хутарка і сяліла там смутак і клопат, хоць ужо ўсе трохі і прывыклі, што вайна.
Стары, седзячы іногды ўвечары ля салдацкага вогнішча і сапучы піпкаю, гаварыў, шукаючы спагады і даючы і не даючы веры самому сабе.
– Баюся, што хлеб сабраць не паспею. Збяру ў гумно, што ёсць, а прыйдуць свае ці чужыя – і спаляць.
– Не бойся,– супакойваў салдат.– Хто цябе будзе паліць? Мірных жыхароў чапаць забараняецца.
III. I вось два ворагі-асілкі сышліся…
I вось два ворагі-асілкі сышліся. Нарання будзе бой. Сталі закопвацца ў зямлю. Ночы з пазіцыі прыйшлі да хутара салдаты (не тыя, што сцераглі мост, тыя ўжо даўно былі дзесьці ўперадзе). Пачалі ламаць вароты, дзверы, платкі на будоўлю бліндажоў. Ян выйшаў з хаты.
– Няможна! Не далі! Я не далі, – казаў ён салдату, што цягнуў вершкавую дошку-паліцу.
– Няможна? Возьмем… Вайна, дзядуля. Табе заплацяць.
Салдаты ідуць і ідуць.
Ян нікога не разумее. Учора ён раздарыў шмат хлеба і сала. Так, па-хрысціянску, без грошай. I прыемна самому было. Яму і цяпер не шкода. Толькі нашто ўсё руйнуюць. Прыкрасць. Без вайны зглумуюць.
Надышоў дзень. Калоны войска ідуць туды і сюды. Грымяць цялежкі, кухні, гарматы. Скачуць вершнікі. А ранне такое сонечнае, цёплае. Прыпякае. Неба сіняе-сіняе. А ўдалі над лесам выплываюць знедкуль белыя клубочкі дыму. Пакажуцца і паволі расплывуцца, Там жа нешта гудзіць, як далёкі ціхі гром.
– Што то, зямляк? – пытаецца літвін у сумятліва бягучага пехацінца.
– Што то? – ізноў пытаецца ён тэлефаністаў, што шпарка разматваюць шпульку з кабелем.
– Што? Шрапнелі… Уцякай, дзед, назад!
Ян узняў далонь над вачмі і пільна ўглядаецца ў тыя белыя клубочкі высока над лесам. Не, ён не кіне свае сялібы, свае гаспадаркі. I ён спакойны: жонка і дочкі з вузламі і пакункамі яшчэ досвіткамі пайшлі ў касцёл, далёка ў тыл.
– Тра-рах!
Ян здрыгнуўся мімаволі і як толькі не зваліўся на дол ад раптоўнасці. Сабачка жалабна заскігатаў і кумільгам рынуўся пад вароты. Аграмадны чорны стоўб зямлі і газаў уздымаўся на пакаце гары, а міма ляцелі і клаліся на палату чарапкі: дзвыгд!.. пук! – пелі і пукалі яны. Ян палажыў рукою крыж на сябе і зайшоў за вугал, прыхінуўся да сценкі. Чуваць, як за гарою быццам чым хлопаюць ці бабы на падоле бялізну перуць; перш рэдка і дзе-нідзе: тах! тах! А потым усё часцей і часцей, і пасыпалася дробна, як гарох аб сцяну: хлоп-лоп-лоп!
– Са стрэльбаў,– сказаў сам сабе стары.
Сэрца стукала. Чуе: запрацаваў кулямёт, роўна і доўга: тра-та-та, а збоку і адзадзі, у лагу, куды ўчора артылерысты цягалі дошкі, круглякі і жэрдзі, разам у цішы пачулася рэзкая, дужая каманда:
– А адзін патрон, беглы агонь!!
Разам, аглушаючы, тарарахнуў залп усёй батарэі. Ян неяк ненаўмысна пабег у хату, стаў, кіраваўся абдумаць і зноў выбег за вароты.
– Гэта ж свае… чаго баяцца.
I потым ужо цалюткі дзень, да канца бою, стары не мог апамятацца і агоўтацца і зрабіцца такім, як заўсёды, і думаць, як заўсёды. Нібы пялёнка нейкая заслала вочы, нібы ўва сне плыло ўсё ў бездонне часу, толькі ні на каліва не пакідала балючае пачуццё чакання канца бою, чакання ночы і нейкая прыглушаная трывога аб сабе і аб жонцы з дочкамі і аб сваіх салдатах.
Беглі міма пехацінцы, скакалі патронныя двухколкі, прагрукатала з лагчыны на новую пазіцыю батарэя, на хутар пляліся лёгка раненыя. Стары паіў іх вадою, падаслаў у хаце і на двары чысценькай, сёлетняга першага абмалоту, саломкі. Блукаючы, абы не сядзець, ён за дваром набрыў на забітага. Перш хацеў вярнуцца і не зірнуць, ды нешта цягнула туды. Стаў і глядзеў, глядзеў, бутуваўся папарадкаваць думкі, уцяміць, але думка была неслухмяна ці затупілася, і ён такі аклумлена дзівіўся доўга на аскаленыя зубы, крывяны твар і раскінутыя рукі.
К ночы, калі пачало заціхаць, успомніў Ян, што ўвесь дзень нічога не еў і не карміў скоту. Ноч. Ранне. Ізноў сонца, ізноў дзень. Не даецца веры, што ўсё ціха. Немцы адышліся. Уранні ў садзе Шымкунаса сівавусы палкоўнік гаманіў з некім па тэлефону:
– Няма сілы падабраць. Ляжаць цэпкамі, калонамі. Бог іх ведае, ці забіты так, ці параненыя спаўзліся ў адзін груд. Трупаў не менш трох тысячаў на адной маёй пазіцыі. Можа быць, тыл падбярэ.
Ян чуе і не можа цяміць: ці шмат то ў адным грудзе забітых і як яны спаўзліся? Прыйшла жонка са збялелай проці звычайнага Монцяй і нервова-сумятлівай Ядвіськай. Яны праседзелі ў касцёле і не бачылі бою, толькі маліліся, плакалі і пужаліся кананады. У хаце Монця села ля акна, па-свойму падпёршыся рукою. Без слёз плакала сухімі вачамі. Ядвіська разоў дзесяць вылятала за садок і з-за вуголчыка дзівілася на палатняныя насілкі з капкамі крыві і барадатых, у пыле, санітараў з чырвоным крыжам на рукаве, на нерухомых сініх нямецкіх салдатаў у жоўтых ботах з гваздамі, на фурманкі, дзе крахтавалі, стагналі раненыя, на шпаркі самакат, што курыў то ў той бок, то ў той, па шляху.