Kitabı oku: «Літоўскі хутарок», sayfa 3
Убачыла, як санітар папярэдне пары троху сунуўся на камлыжку, а насілкі варухнуліся, ранены ледзь утрымаўся, і ўсміхнулася. Схапіла жменьку валасоў і моцна рванула сябе за смех.
Ян ездзіў з падводаю збіраць на пахаці забітых.
Перад вечарам вярнуўся маўклівы і замораны.
На роспыты сям'і адказваў марудна і неахвотна. I кажучы аб другое, бачыў перад сабою ашклянелыя вочы, рукі са сціснутымі кіпцямі і ўзнятыя ўгору і кроў. I як ён, прывёзшы іх да брацкай магілы, па загаду санітараў хапаў за ногі, як за дубцы, і кідаў з калёс у яму, нібы дровы.
Салдаты часам поркаліся ў нямецкіх рыжых і касматых ранцах, даставалі салодкія жоўценькія сухаркі і частавалі Яна.
Ён папробаваў, і цяпер яму прыкра і мляўка.
IV. Заціхлі гарматы: пасунуліся на захад…
Заціхлі гарматы: пасунуліся на захад. Хутарок астаўся ў тыле. Пайшлі…
Хутарцы ўздыхнулі вальней. I думалі, што навальніца мінула. Ждалі лістоў ад Блажыса, але пошта была раскідана той навальніцай, і Даміцэля блізка месяца дарэмна штодня ўранні і ўвечары ў малітвах пыталася, ці жывы сыны яе? Лістоў не было, вешчых сноў не снілася, трывога не міналася.
Ян колькі разоў падвозіў хлеб на пазіцыю. Вярнуўшыся, шмат расказваў у двары аб тое, што бачыў.
Крэпка верылі ўсе, што не адыдуць ужо нашы і не прыйдуць сюды немцы.
А мінуўся месяц, і вестка аб адступленні ўразіла хутарок больш, чым некалі вестка аб вайне. Тры пары, дзень і ноч, гудзіць маць-зямля. Дымяць пажары. Чырванее неба. Выюць сабакі. Тарарахкаюць пушкі і павозкі.
– Рускія ўцякаюць…
Вот з аднаго хутара выйшла гаспадыня, старая літвінка, зірнула на лог свой, акопамі зрыты і гэтак кінуты, пачула жалобнае мычанне непакормленага ў сумяціцы скоту, абхапіла галаву рукамі і завыла сама, як той бедны сабака.
А ў касцёлах, бажніцах – трывожны звон, у званіцы навалена вузлоў спалоханых уцекачоў, там богамаленцы і сівы дзядок – кунігас. Дрыжачымі рукамі благаслаўляў тых, што па дарозе забягалі са стрэльбамі ў руках, каталікі.
Курыў па полі дожджык і, урэшце, паліў як з вядра. Клум, гразь. Адзадзі страляніна, і збоку лятуць ужо снарады. Там нейкія крыкі, вазня, уцекачы-жыхары з цэлым возам убогага шкумацця поўзаюць у гразі ля калёс і беднага каня, што прыстаў у патапечы.
А ў хутары Шымкунаса голаснае выццё. Блажыс ішоў са сваім палком міма роднай хаты і забег да сваіх на пяць мінутак.
– Што нам рабіць, сыночак, што? – Кладуць яму ў торбу сала і каўбасу, сыр і хлеба.
– Сам не з'ясі, таварышаў пачастуеш, – нечым будзённым чуецца сярод гора і плачу.
I не пускаюць таго з хаты. Матка і Ядвіська прыніклі да яго і выюць; ужо Монця падае торбу і роніць слёзы, а бацька ўсіх супакойвае і сам плача.
– Ужо не ўцеч вам, – кажа сын, – выкапайце за дваром ямку і накрыйце тоўстым бярвеннем з зямлёю. Калі будуць біцца, хавайцеся туды, а пакуль што хоць у паграбніцу. Бывайце, бывайце!
– Цалуе бацьку, хапае матчыны рукі, абшчапіў сясцёр, схапіў стрэльбу і торбу і пабег даганяць свой полк.
– Калі што, дай вестачку, Блажыс!
А наўкола сяліб і ўздоўж шасэ ўжо рыюць зямлю нямецкія гарматы.
Ядвіся палезла на вышкі, кінулася на сена і аддалася панаванню гора. Нітка думак парвалася, і дзяўчынка плакала доўга і няўцешна, чуючы толькі, што на свеце робіцца нешта незразумела страшнае, што на хатку прыйшло незвычайнае няшчасце, што герман іх забірае.
Выплакалася Ядвіся ўволю і троху прыціхла, у пакоі з прыемнасцю палепшанага пацягнулася на мяккім паху чым сене, закінула рукі за галаву, глыбока ўздыхнула і прыслухалася. Гарматны гул не сціхаў, але далятаў здалёку, як глухі гром, глухімі раскатамі. Наўкола ж блізка ўсё было ціха. З хаты не чуваць было ані гуку.
Шкло вакенца на вышках ледзь дрынчэла і званіла, калі мацней гудзеў гул. Мусі, дожджык ішоў: вакенца было затуманена дробнымі капачкамі, запацела.
На вышкі залезла кошка, упёрлася зялёнымі зрэнкамі на дзяўчыну, падняла хвост і замяўкала.
– Кыць-кыць-кыць, – паманіла Ядвіся, але вуха яе раптам уразілася рэзкім хлопаннем унізе, блізка возера.
Яна мігам скочыла, падбегла да шыбкі, працёрла яе ад туману і глянула на поле.
Дожджык ішоў. Людзей не было відаць, але паміж гор то тут, то там хлопала, і на міг віднеўся клубочак пару, як ад дыхання ў мароз.
Прыгледзеўшыся, убачыла Ядвіся, што за хутарам, куды пайшло рускае войска, па ўсім полі, у лагчынах і па адхону гары пераскаквалі, як вераб'і, адбягалі назад і прысядалі, нібы перапырхвалі, шэрыя са штыкамі і старэцкімі хатылькамі фігуркі. I ўсё нешта хлопала.
– Матка боска! То ж яны страляюць, – спалохана даўмелася Ядвіська і заламала, аж хрэснулі, пальцы.
Адна шэрая, абчэпленая торбамі кароценькая фігурка бегла саўсім недалёка ад пруда, па канаўцы ля шасэ. Во прысела, выставіла стрэльбу да лесу, рэзка хлопнула, – і раз, і два, і тры. Усхапілася і шпарка-шпарка пакацілася ад хутарка.
Ядвіся не мела сілы аглянуцца. Во фігурка ўзмахнула ўгору рукі і кінула стрэльбу. А воддаль яе і блізка пыл на раллі там, тута курыцца, як пыл на дарозе, калі пачынаецца буйны дождж. Прысела фігурка, потым сярдзіта пачала рваць з сябе тыя торбачкі; ізноў ускочыла, схапілася за грудзі, замяталася туды сюды ў бакі, кінулася ніц на дол і асталася ляжаць нерухома.