Kitabı oku: «Вершнікі на дарозе», sayfa 3
– О, – Йурай пакруціў галавой, і падала голас завушніца. – Не падманвайся. Я не дапамагаю табе. Мне, чалавечае дзіця, насамрэч мала справы да твайго праклёну.
– Але ж ты выправіўся разам са мной…
– Таму што так трэба, – перапыніў Леля лютніст. – Таму што гэта Яе воля. Таму што ўсё, што сустрэну на гэтым шляху, пасля наніжацца на ніці слоў і гукаў, стане музыкай для Курганова Поля. Ну, або таму, што чалавечых дзяцей трэба скіроўваць на шляху, іначай яны папросту не здолеюць дабрацца да месца. Выбірай, што болей падабаецца.
Лель пачухаў патыліцу, збіраючыся з думкамі.
– Таму што… ты нешта там такое пабачыў, – ціха мовіў ён, прыгадаўшы начную размову, і Йурай варухнуў цёмнымі бровамі і падціснуў вусны. Што б ён ні ўбачыў, распавядаць пра гэта лютніст не спяшаўся.
Коні мерна мясілі капытамі дарожны пыл, а Лель тым часам разважаў, зводзячы ў адно ўсе нітачкі здагадак. У яго хапіла клёку звязаць спеў камянёў у прошчах з чарамі не-людзей, і абрыў таго спеву, з якой-кольвек прычыны, мусіць, азначаў разарваныя закляцці, разбітыя чары. Ясна, што не-людзям тое зусім не даспадобы, адно Лель трохі сумняваўся, ці будзе вяртанне кургановых чараў на карысць чалавеку. Дакладней, пра карысць ці шкоду чалавеку кургановы народ наўрад ці стане задумвацца.
З іншага боку, і людзі не дужа заклапочаныя лёсам тых, з Курганова Поля.
Пра халоднае жалеза Лель таксама прыгадаў тое-сёе, пакорпаўшыся ў памяці, успомніўшы вусцішныя бабуліны казкі. Быццам бы некалі самыя адважныя і ўмелыя ваяры сярод людзей выкоўвалі адмысловую зброю для бітваў з народам курганоў. Звычайная сталь аднаго з вагнявокіх не заб’е, і нават звычайны жалезны нож проста параніць. А вось загаворанае халоднае жалеза, нават яшчэ і не ўдарыўшы, цягне з не-людзей сілу, раз’ядае, як іржа, спляценні іхніх чараў, ломіць волю і рушыць сілу.
«То, можа быць, – Лель унутрана пахаладзеў, але ўсё-такі не мог пра гэта не падумаць, – можа быць, і добра, што даўняе загаворанае жалеза адабрала ў каменнага кола мову, разарвала ніці наведзеных чар?»
– Спеў камянёў, – загаварыў Йурай, быццам прачытаў у зацягнутым маўчанні Леля гэтае пытанне. – Важны не толькі для нас, чалавечае дзіця. Як думаеш, чаму каменныя чары ўкрываюць усю гэтую зямлю? Чаму прошчы раскіданыя па самых глухіх кутках?
– Я не… – прамармытаў Лель, прысаромлены, адчуваючы, што яму і насамрэч зазірнулі ў не самыя годныя думкі. – Не, не ведаю. Чаму?
– Таму што, – адчаканіў лютніст, – гэтыя чары аддзяляюць нас ад нечага, што страшнейшае за «не-людзей». Або нават за чалавечых дзяцей.
– І што гэта? – Лель зацікаўлена прыўзняў бровы. – Тое страшнейшае?
У перачутых ім бабуліных казках нічога такога не было, ды і Лелю цяжкавата было ўявіць штосьці болей жудаснае, чым Дзікі Гон. Ці чары, здольныя пераўтварыць чалавека ў звера. Ці… Тут Лель прыгадаў чорныя бездані ў зрэнках Той, у сне, які не быў сном, і скалануўся, быццам ад халоднага ветру.
– Можа быць, – нядобра ўхмыльнуўся лютніст, – гэта пачвары, што паглынаюць тых, хто задае зашмат пытанняў!
Лель змрочна засоп. «А можа быць, – працягнуў ён пра сябе, перадражніваючы, – можа быць, ты проста не хочаш адказваць». Праўда, выпрабоўваць цярплівасць Йурая або нават і тых уяўных пачвар Лель не рашыўся і палічыў за лепшае замаўчаць.
Ваколіца, падобна, сапраўды была добра абжытая, бо чым далей, тым болей сустракалася ім людзей. Хтосьці працаваў у полі і паварочваўся на конскі тупат, прыглядаючыся да вершнікаў. Хтосьці прамінаў пратаптанымі сцежкамі да сяліб, несучы мяхі ці кошыкі, а то і вязанкі дроў. Раз-пораз і вазы паўзлі па дарозе, насустрач ці ў той жа бок, і суровыя барадатыя вознікі падазрона касіліся на нябачаных верасовых скакуноў.
Хутка за бліжняй дубровай паказалася ўмацаванае селішча, і на драўляных вежах за ўтравелымі равамі танчылі пад ветрам барвовыя сцягі. Стуль несліся чалавечыя галасы, пах дыму і голас металу пад кавальскім молатам. Туды, да дыму і металу, паўзло некалькі цяжка нагружаных вазоў, грукаталі коламі па пад’ёмным мосце. Лель пытальна зірнуў на Йурая, але той адмоўна пахітаў галавой: іх дарога ішла далей на поўнач.
І чым далей яна ішла, тым больш занядбанымі, здзічэлымі станавіліся мясціны. За наступным жа раздарожжам пазнікалі дымы раскіданых па дубовых узгорках селішчаў. Не бялелі на схілах авечыя чароды, не падавала голасу жалейка. Хутка стала відавочна, што шлях сюды быў закінуты: каляіны зарасталі травою. Вакол раптоўна раскінулася бязлюддзе – зусім як на верасовых пустках, – і расцякалася цішыня, даўкая, цяжкая, як бы пераднавальнічная. Зыкі каменных колаў, што ўпляталіся ў вецер, тут не гучалі, і нават птушыная драбяза ў прыдарожных зарасніках не ўсчынала вясёлага перазвону.
Край быў безгалосы. Мёртвы.
– Адчуваеш, пэўна? – мовіў Йурай нягучна, і Лель часта паківаў. Ён сам не здолеў бы ўцямна патлумачыў, што іменна расцякалася вакол, але гэтае нядобрае адчуванне было самым рэчыўным і толькі мацнела, аблягаючы дваіх вершнікаў шчыльней.
– Мы блізка, – сказаў лютніст. – Будзь напагатове.
Верасовыя скакуны пафырквалі, трывожна стрыглі вушамі. Падобна, нядобрая ціша, якая затапіла ўсё вакол, ім таксама была не пад густ. Лель, шкадуючы, пагладзіў свайго каня па шаўковай шыі – і са здзіўленнем зразумеў, што нястомны звер, створаны чарамі, успуджана дрыжыць.
Можа, трывога ад каня перадалася і Лелю, бо праз пэўны час страх быў паўсюль, у самым паветры. Страх пранізваў і дубовае вецце, што спляталася над дарогай, і трапяткія галіны зараснікаў. Страх гучаў у голасе ракі, амаль цалкам укрытай, быццам схаванай за альхоўнікам. Страх варушыўся ў ценях ад вершнікаў, што клаліся на сухую траву, на багун і дурнап’ян. Між звівастых каранёў і зблытаных сцяблін варушыліся, быццам клубок, іншыя цені, якія слізгалі, сачыліся і сачылі пільнымі позіркамі. Лель заўважаў ламаныя рухі краем вока, паварочваў галаву – ды бачыў толькі старыя дубы і шапаткія травы. Але неспакой рос у ім, і пальцы мацней сціскаліся на аброці.
Напэўна, з той прычыны, знянацку згледзеўшы на ўзбочыне цёмную постаць, Лель ледзьве не ўскрыкнуў. А тая вусцішная постаць махнула рукою, просячы іх прыпыніцца, і адразу ж ступіла на дарогу, ледзь не пад капыты верасовых скакуноў.
Зрэшты, цёмнаю ды вусцішнай яна была толькі таму, што насіла плашч. Цяпер, калі Йурай і Лель спынілі коней, капюшон упаў, адкрываючы растрапаную русую касу і жывы твар з яснымі шэрымі вачыма пад упартымі бровамі, з белаю паласою шрама ля пульхных вуснаў. Твар быў жаночы, ці, дакладней, дзявочы, досыць юны, і Лель падумаў быў, што беднае дзяўчо згубілася і шукае дапамогі.
Адно толькі ў руках у яе быў рагавы лук, а на сцягне калчан са стрэламі. Таму ані згубленай, ані безабароннай дзяўчына не выглядала, ды і загаварыла зусім без боязі, упэўнена, нават строга:
– Вы на поўнач едзеце? Дарма. За дубровай дарога зусім дзічэе, а далей заклятае возера з нелюдскімі камянямі. То лепей паварочвайце.
«З нелюдскімі камянямі», – паўтарыў Лель шэптам, і яго ажно перасмыкнула. Занадта ярка прыгадаўся човен, што вёз іх з маленькай сястрою цераз начную раку, ікол маладзіка ў цёмным небе, і шлях па мокрым пяску, і ў грозным каменным коле – вычварная здань, хіжая да дзіцячай крыві.
– …а калі, – адказваў тым часам дзяўчыне Йурай. – Калі менавіта тое заклятае возера ды нелюдскія камяні нам і патрэбныя, чалавечае дзіця?
Яна звузіла вочы, разглядаючы лютніста і верасовага скакуна пад ім, пасля кінула ўважлівы пагляд на Леля, які міжволі ўнутрана сцяўся. Апошнім часам яму падавалася, быццам, гледзячы на яго, людзі лёгка могуць заўважыць заключанага ўнутры звера – і, як звера, пагоняць ад сябе.
– …то вы нелюдзі? – працягнула дзяўчо трохі расчаравана. – А і ўсё роўна: кажу, на возеры нядобра. Здані там. Паварочвайце, кургановыя, да душы. Нават і вас – шкада.
Йурай насмешліва чмыхнуў.
– О, гэтае чалавечае спачуванне, – сказаў, пахітаўшы галавою.
– А сама? – не стрываў Лель. – Сама нашто тут цягаешся, калі побач здані і страхі?
Яна паціснула плячыма.
– Палюю, – патлумачыла проста. – Сцежкі-та ведаю. Казулю, бач, няўдала падстрэліла, а яе ад спуду сюды панесла. Ішла па слядах, а тут вы. Ну, думаю, дай папярэджу, а то…
– Казулю, значыць, падстрэліла? – паспешліва перарваў яе Йурай. Дзяўчо паківала.
– Ну так, – адказала. – Блізка паўдня якраз, на сцежцы з вадапою. Схібіла трохі – слізганулі пальцы. Дык падранак і збег. Праз уласную дурасць давялося паўдня высочваць, вышукваць крывавы след на зямлі ды апалым лісці.
Лютніст, пакуль дзяўчо распавядала, стрымана ківаў і яўна нешта абдумваў, паціраючы падбароддзе. Пасля спешыўся – і са скуранога чахла ад рэзкага руху сонна падала голас лютня. Дзяўчо, нахіліўшы галаву трохі набок, з бессаромнай цікаўнасцю яго разглядала – і франтаваты камзол, што паказваўся з-пад дарожнага плашча, і завушніцу, што знічкай мільгала ў светлых валасах.
– Сам-та не паляўнічы, нелюдзь, – сказала дзяўчо задуменна. – І нашто табе туды?
– То як там след падранка ты знайшла? – трохі раздражнёна кінуў Йурай, быццам і не пачуў пытання. – Далёка ён быў?
– Ды побач, – дзяўчо махнула рукой кудысь убок. – След да возера якраз спускаўся. Казуля нядоўга, мусіць, яшчэ пабегае: шмат крыві страціла.
– Неба бачыць, пабегае нядоўга, – пагадзіўся Йурай, усміхнуўшыся востра, па-ваўчынаму, і павярнуўся да Леля: – Хадзем. Цяпер асцярожна.
Лель нехаця саскочыў на зямлю. Лютніст, верагодна, меркаваў адсюль ісці пехатою, а набліжацца да жывых ценяў, што варушыліся вакол, адчайна не хацелася, ажно дрыжыкі беглі па скуры. Не столькі ад страху нават, колькі ад гідлівасці да вычварнага віравання ды сіплага перашэптвання.
– То ты што, нелюдзь, – дзяўчо прыўзняла брыво. – Хочаш па следзе ісці? Кажу ж, занадта блізка ад возера. Я хоць ваколіцу сяк-так ведаю, а ўсё роўна туды не сунулася б.
– Мне ведаць не трэба, – адгукнуўся Йурай трохі звысоку. – Я бачу.
– А я бачу, – адказала дзяўчо, назнарок падладжваючыся пад ягоны тон. – Што азёрныя крывасмокі ды відмы пакінуць ад дваіх нелюдскіх дурняў рожкі ды ножкі.
Йурай нахмурыўся: мабыць, не звык, каб з яго збівалі пыху, ды яшчэ і хтосьці з чалавечых дзяцей.
– Нелюдскія справы, – мовіў ён, чаканячы словы, – не для смяротных вачэй. То вяртайся да сваіх ачагоў, дзіця людзей, як хутчэй вяртайся, бо змрок хутка прыпадзе і здані выйдуць са сваіх сховаў. А ўвогуле, тое, што тут адбываецца, як і шляхі народу курганоў, не твайго розуму справа.
– Не так вас нават, як вашых коней шкада, – мовіла ўпартае дзяўчо, хмурачыся не горш за лютніста. – Жывёла-та чым вінаватая?
У адказ Йурай працягнуў руку ў бок верасовых скакуноў ды зноў вымавіў тое слова без гуку. Прайшла рабізна па паветры, узвіўся дарожны пыл – і коні, якія толькі што білі капытамі па дарозе, развеяліся, як мроя. Засталіся адно падсохлыя суквецці верасу на зарослых шорсткай травой каляінах.
– Не табе шкадаваць нас, – сказаў лютніст. – Ідзі сваёю дарогай.
А дзяўчо ўражана глядзела туды, дзе толькі што стаялі верасовыя скакуны, і вусны ў яе былі дрогкія, быццам хацеў сарвацца выгук – ды не мог. Йурай адным нядбайным кіўком прыспешыў Леля, і збочыў з дарогі – упэўненым, пругкім крокам. Лелю нічога не заставалася, як паспяшацца за лютністам. Зрэшты, ён дазволіў сабе азірнуцца на дзяўчо – і пабачыў, як тая нахінулася і асцярожна, двума пальцамі падабрала з дарогі кветкі верасу.
Лютніст ішоў хутка і лёгка, ступаючы па-ваўчынаму бязгучна. Побач з ім Лелю падавалася, быццам сам тупае аглушальна, штохвіліны натыркаецца на сухое вецце, спатыкаецца аб карані ды купіны. Драпежныя цені ўсё варушыліся ў цёмных кутках, паўзлі следам, і Лель адчуваў хіжыя пагляды на спіне – яны калолі, як атрутныя іглы.
Ці то дзяўчо правільна ўказала накірунак, ці то Йураева ваўчынае чуццё не падвяло, але і гадзіны не мінула, як яны выйшлі на след падстрэленай казулі. Йурай апусціўся на адно калена побач з зыркімі плямінамі пад тонкімі рабінкамі, вывучаючы сляды бліжэй. А Лель выразна пачуў, як узрыкваюць галодныя цені, як сквапна цягнуцца яны да яшчэ не астылай жывой крыві. І сам пачуваў сябе стомленым падранкам, за якім спяшаецца драпежнік. І думаў: «А ці сапраўды варта ім ісці за той параненаю казуляй, калі тыя, галодныя, прагныя, неадступна крочаць па тым следзе таксама?»
Лель нават паспрабаваў – шэптам – задаць гэтае пытанне лютністу. Той, аціраючы пальцы аб лісце арэшніку, пакруціў галавой, дзынкаючы завушніцай.
– Гэтыя – драбяза, – спакойна адказаў Йурай. – На гэтых ты нават не зважай, чалавечае дзіця. Горшае чакае наперадзе, вер мне.
– І чаму наперадзе заўжды горшае, – забурчаў Лель сабе пад нос, стараючыся не заўважаць няспынны рух льсняных драпежных ценяў па баках. Лютніст, пачуўшы ягонае бурчанне, крывенька ўсміхнуўся.
– Дурны верыць у шчаслівы выпадак, – мовіў. – Мудры рыхтуецца да горшага.
– То лепей, значыць, быць дурнем, – буркліва адгукнуўся Лель. – Калі мудрацам усё роўна шчаслівых выпадкаў не свеціць.
На гэта лютніст адказаў прыдушаным смяшком.
– Паспрабуй, – параіў весела. – Раптам атрымаецца.
Неба паступова згасала над рабінамі, над зялёнымі шапкамі дубоў, і цені гусцелі, нахабна падкочваліся бліжэй і бліжэй. І цішыня гусцела таксама, налівалася варожасцю, ціснула на вушы, абляпляла твар, замінаючы дыхаць. Лель ледзь перастаўляў ногі, ідучы за Йураем, і часта аціраў пот з ілба, і ніяк не мог перавесці дыханне.
А пасля дубы расступіліся, і стала відаць светлыя хвалі возера, пафарбаваныя захадам. З узгорка, на якім яны прыпыніліся, ясна праступала ўнізе круглае азёрнае ложа, і скалісты астравок сярод хваляў, і пакатыя берагі ў касматай поўсці цёмнай травы. Далей паблісквала рака – тая самая, мусіць, што бегла, укрытая алешнікам, уздоўж закінутай дарогі. На дальнім беразе відаць было колькі счарнелых ад часу і сырасці, добра патрапаных непагаддзю будынкаў, верагодна, закінутых. Калі нехта і спрабаваў тут абжыцца, то досыць даўно сышоў.
Вецер прыносіў з азёрнай даліны шэпты трыснягоў і дробныя пырскі вады. Па чыстай вадзяной паверхні плылі адбіткі падсіненых хмараў, і ўсё вакол выглядала спакойным і заміраным. Толькі ад гэтай навакольнай заміранасці трывога разгаралася яшчэ мацней, і сэрца тахкала часта, быццам спрабавала выскачыць з грудзей.
На дубовым узгорку, гледзячы на возера, у якім згасала неба, яны прыселі адпачыць – ці, як удакладніў Йурай, прычакаць.
– Чаго прычакаць? – не ўцярпеў Лель.
Лютніст усміхнуўся. А пасля загаварыў.
– След параненай казулі цягнецца па пагорках, быццам зыркая барвовая ніць. Ваўчыным чуццём яе лёгка злавіць, і ясна: падранак, хістаючыся, ідзе да вады. Сонца сядзе, і на пах крыві пачнуць збірацца мясцовыя драпежнікі, меншыя і большыя. Не змогуць супрацьстаяць адвечнаму Голаду, выберуцца з берлагоў.
– І ты… збіраешся ўпаляваць іх? – у Леля перасохла ў горле, а сэрца ўпала ў гулкую пустку. Ён прыгадаў, што пры сабе не мае аніякай зброі, і пахаладзеў, і неспакойна закруціўся на месцы. Лелевы продкі не былі ваярамі, і змалку яго вучылі адно апрацоўваць зямлю ды вудзіць рыбу.
Йурай, аднак, пахітаў галавою.
– Я не паляўнічы, – мовіў. – Таму… лепш трымацца падалей ад драпежнікаў.
– Спадзяешся, што атрымаецца, каб падалей? – недаверліва звёў бровы Лель. Йурай паціснуў плячыма з зайздросным спакоем.
– Атрымаецца, – адказаў. – Прынамсі, да той пары, пакуль драпежнікі будуць занятыя лёгкай здабычай.
– Ну, давай верыць у шчаслівы выпадак, – падагульніў Лель, цяжка ўздыхнуўшы.
– Як апошнія дурні, – вельмі сур’ёзна паківаў лютніст. – І… на ўсялякі выпадак рыхтавацца да горшага.
Верачы і рыхтуючыся, бавілі час у траве пад дубамі: Йурай – сузіраючы мірнае возера ўнізе, Лель – трывожна прыглядаючыся да няспыннага, патаемнага руху ў зарасніках. Лелю думалася пра тое горшае, што можа прыдарыцца, і досыць жыва ўяўляліся незлічоныя пачвары, што выпаўзаюць з цёмных куткоў. Успыхнула, пакорлівае слову-без-гучання, пад рукою лютніста чароўнае полымя, і драпежныя цені з віскатам адхіснуліся, і злавесная цішыня раздалася ўбакі, зрабілася не такою густой.
Так, чакаючы, яны паспелі нават падсілкавацца, і травяны ўзвар з Йураевай біклагі разліваўся па ўсім целе пругкімі цёплымі хвалямі. Ад траваў у напоі ў стомленых руках і нагах ажывала прыхаваная сіла, марнеў люты голад – не чалавечы, а мядзведжы, – што патроху накатваў аднекуль знутры і настойліва прасіў выхаду. І ў Леля трохі святлела на сэрцы, нягледзячы на злавесную цішу, што душыла з усіх бакоў.
– Дык усё-такі, што – там? – спытаў Лель, ківаючы на возера.
– Прошча, – адказаў Йурай у сваёй звычайнай манеры.
– Гэта я разумею, – Лель пакасіўся на лютніста, які, выцягнуўшы лютню, цяпер важдаўся з ёю, нешта падкручваючы і спрабуючы галасы струн. – Што з тою прошчай?
– Знямела, – мовіў Йурай, і струны загулі неяк не так, як лютністу хацелася, бо ён незадаволена цыкнуў і зноў пачаў заклапочана нешта падкручваць.
– І гэта я разумею, – раздражнёна азваўся Лель. – Што… не пяе ды ўсё такое.
– То нашто пытаеш?
Лель толькі засоп, адкінуўся на спіну, у траву, і стаў змрочна глядзець у неба. Там паступова бляклі апошнія водбліскі захаду, і гусцела, становячыся бяздоннаю, сінь, і хмары плылі ў ёй, як чоўнікі па азёрнай гладзі. Лель заплюшчыў вочы – і раптам уявіў тое ж возера з трапяткімі белымі ветразямі над вадой. І ўскрыквалі чайкі, і скалы на востраве ў азёрным сэрцы падобныя былі да стромкіх вежаў над вадой.
Уздыхалі вечныя дубы на ўзгорку – быццам хвалі, а Лель слухаў шэпты лісця і плыў на хвалях дрымоты, далей і далей. Чоўнікам боўтаўся між Калісь і Цяпер.
– Яна атручана, – нараспеў гаварыў Йурай, і лютня тут жа паставіла на ягоных словах палымяны рабінавы росчырк. – Прошча атручана. Некалі тут грымела зброя, і кроў лілася на пясок, змешвалася з азёрнай вадой. Чалавечыя сыны біліся з народам курганоў, раз’юшана рыпела халоднае жалеза, рассякаючы ніці чараў, разбіваючы жывое срэбра.
Уздыхала сталь на дубовых пагорках, і рассыпаліся баявыя поклічы, і воі падалі, быццам каласы пад сярпом, і сыходзілі ў зямлю, і трава прарастала на іхніх костках.
– Срэбра чараў, – распавядаў Йурай, нанізваючы словы на ніць музыкі, – гэта наша кроў, што струменіць у каменных жылах. І адзін з чалавечых сыноў, зразумеўшы гэта, вырашыў ударыць у самае сэрца.
Чайкі ўскрыквалі над вадой – белыя, быццам карагод стаячых камянёў. Шэсць у коле, а адзін, меншы, з ямінкай, запоўненай дажджавою вадой, з наліплым сухім дубовым лістком, укленчыў пасярэдзіне. І Лель быў тым самым каменем і мог толькі глядзець. І бачыў: ішоў, кульгаючы, да яго чалавек. Ішоў, абапіраючыся на страшны чорны меч, пакідаючы за сабою барвовы след на скалах і травах. Чары цесна звіваліся тут, выпешчаныя доўгімі вякамі і песнямі, тут білася іх жывое сэрца, і тое сэрца было ўнутры Леля. А страшны чалавек, замахнуўшыся, з высілкам, апошнім, адчайным, поўным скрухі і помсты, поўным болю і нянавісці, ударыў белы камень мячом.
Лель задыхнуўся і прахапіўся са слязьмі ўваччу, падскочыў, схапіўшыся за грудзі. Бо халоднае жалеза прайшло скрозь яго, і пякло агнём, рассякаючы жывую плоць, і сеяла атруту і немач. Колькі імгненняў яшчэ падавалася: жалезнае церне ўсё яшчэ ўнутры, а сам ён можа толькі нема крычаць, захлынаючыся чужою скрухай, горкаю, як палын, як попел.
Дубраву вакол патроху паглынаў змрок, дрыжала полымя, крэслячы кола святла вакол іх дваіх. Йурай з лютняю на каленях сядзеў побач, і вочы ў яго цьмяна свяціліся зялёным агнём.
– Там… меч, – глуха выгукнуў Лель, усё яшчэ трымаючыся за грудзі, усё яшчэ адчуваючы водгаласы нясцерпнага болю. – У сэрцы… у камені!
Лютніст згодна нахіліў галаву.
– Зараз ты разумееш, чалавечае дзіця.
Пасля азірнуўся на цёмныя зараснікі ляшчыны, што туліліся да схілу ўзгорка, і дадаў гучней і трохі раздражнёна:
– А ты – выходзь. Зараз жа, ну.
Дзівячыся, Лель таксама глянуў на арэшнікі – і пабачыў, як на святло выбіраецца, пакрэхтваючы, тое ўпартае дзяўчо, што сустрэлася ім па дарозе на поўнач. Звузіла вочы, падазрона прыглядаючыся да зялёнага агню, скрывіла вусны – маўляў, ведаю-ведаю я вашыя нелюдскія штучкі. Рагавы лук спачываў у яе за спінаю, а на русай макаўцы замёр зжоўклы лісток ляшчыны.
– Хіба я не казаў табе ісці сваёй дарогай? – спытаў Йурай, хмурачыся. – Справы народу курганоў, – дадаў лютніст павучальна, – чалавечых дзяцей не тычацца.
– Можа, гэта і вашыя кургановыя справы, – адказала дзяўчо, падбачыніўшыся. – Але тут наша зямля. Наш дом. То – тычацца, нябось!
– «Ваша зямля», – абурана прагаварыў Йурай, варухнуўшы бровамі, але дзяўчо яго не слухала. Загаварыла горача, быццам даўно выношвала словы ўнутры сябе.
Гаварыла так:
– Яшчэ не так даўно ля возера жылі людзі. І прадзед, і дзед яе тут нарадзіліся і выраслі. А пасля з гэтым самым возерам нешта здарылася – упрост жудаснае насланнё. Кашмары душылі па начах і дарослых, і дзяцей, драпежнікі рэзалі скот, збожжа гніла ў палях, а немаўляты нараджаліся мёртвымі. Ліхаманкі папаўзлі ад вады, а ў ваколіцы сталі знікаць падарожныя, і на скрыжаваннях знаходзілі адно абгрызеныя косткі. І мясцовыя не вытрымалі, сталі збягаць, шукаць іншага прытулку, сяліцца падалей. І казалі між сабою, бяссільна разводзячы рукамі: напэўна, праклён.
– …або чары нелюдзяў, – заключыла дзяўчо, і голас у яе задрыжаў абвінаваўча.
– О, калі ў нас такія моцныя чары, – адказаў яўна задзеты за жывое Йурай, – дык чаму тады мы саступілі вам нашу зямлю і наш дом? Мы жылі тут раней за вас, дасюль жылі б, каб не… каб не чалавечыя сыны.
– Ён… – Лель кашлянуў і выправіўся: – Мы, то бок… хочам дапамагчы. Выправіць тое, што сталася з возерам, з краем. Праўда.
Дзяўчо заўважна задумалася, зноў з сумневам зірнула на зялёны агонь, на лютніста, пасля, ацэньваючы, на Леля і зноў на Йурая – з недаверам. Лютніст варухнуў цёмнымі бровамі.
– Выправіць тое, што здзейснілі тут чалавечыя сыны, – удакладніў ён, паставіўшы на струнах лютні пералівісты росчырк. – Што твае прадзеды здзейснілі тут. Так.
Лель зноў неспакойна пакруціўся на месцы. Йурай, падобна, не бачыў асаблівай розніцы паміж прашчурамі і нашчадкамі. Можа быць, у вачах насельнікаў Курганова Поля, жыцці якіх доўжацца стагоддзямі, гэтая розніца і незаўважная, і многія пакаленні чалавечых сыноў для іх, праз доўгажыхарства, зліваюцца ў адно.
Але ўсё-такі не дужа справядліва вінаваціць дзяцей за ўчынкі іх бацькоў. А тым больш асуджаць праўнукаў за правіны прадзедаў.
– Смелыя словы, – сказаў Йурай, насмешліва зірнуўшы на Леля, які паспрабаваў гэтую думку выказаць услых, прычым, як звычайна, няўклюдна. – Але цябе, прынамсі, асуджаюць за твае ўласныя ўчынкі.
«Зараза ты», – змрочна падумаў Лель, патаемна спадзеючыся, што з’едлівы лютніст зможа лёгка прачытаць ягоныя думкі. Але Йурай толькі трасянуў валасамі, дзынкнуўшы завушніцай, і твар у яго быў непранікальны.
– Я… чула, як ты спяваў, – гаварыла, між тым, дзяўчо, сціскаючы кулакі. – Пра меч з халоднага жалеза там, на востраве. Быццам бы праз гэта, праз нас усё пачалося. Але… тут жа не было бітваў, можа, век. То як жа…
– Прошчы паміраюць павольна, – нехаця патлумачыў Йурай. – Атрута ў іх збіраецца доўга, перш чым прарвацца, як гной у ранцы. І чары нашы адразу не згасаюць. Чапляюцца за аскепкі, за водгаласы. Пакуль не знямеюць канчаткова.
– Але… – дзяўчо зрабіла пару асцярожных крокаў да агню. – Ты можаш яе… ну, гэтую вашу прошчу, ажывіць? Каб усё было як раней?..
Яна з такім шчырым спадзяваннем углядалася ў лютніста яснымі шэрымі вачыма, нават, здаецца, дыханне затрымала, быццам чакала, што зараз, вось-вось чарадзей узмахне вострым рукавом – і адбудзецца цуд. Йурай толькі пакруціў галавою.
– Ніколі так не бывае, дзіця, – адказаў спакойна. – Каб стала ўсё, як было.
Адказ яе не дужа суцешыў: дзяўчо расчаравана ўздыхнула і апусціла пагляд.
– Я хачу памагчы, – мовіла яна і спадылба глянула на зялёны агонь. – Чуеце вы, нелюдзі? Я змалку ў ваколіцы палюю, сцежкі ведаю. Ну і страляю няблага, як што.
– Ну? І ў пачвару пацэліш? – спытаў, звузіўшы вочы, Йурай і скоса зірнуў на Леля, так што апошняму стала трохі ніякавата.
– А што, – дзяўчо паціснула плячыма. – І пацэлю. Як трэба будзе.
І дадала, прыпячатваючы адразу і навечна:
– Гэта – мой дом.
Яе звалі Ружанай – яна назвалася, асцярожна ўссеўшы побач з зялёным агнём, якога заўважна пабойвалася. Умацаванае селішча па дарозе на поўнач якраз-такі і пабудавалі людзі, што збеглі некалі ад заклятага возера, і бацька яе быў там князем. Як прадзед і дзед да яго, гаспадарыў у гэтым краі – адно навала злых чараў распаўзалася ад возера ўсё далей і далей, прымушаючы людзей адступаць, пакідаючы абжытыя мясціны.
– …але калі вы ўсё-такі здымеце праклён, – горача казала Ружана, звёўшы ўпартыя бровы. – То мы ўсе, значыць, зможам вярнуцца сюды. Дамоў.
І таропка патлумачыла:
– Людзей тут жыве многа, і з кожным годам толькі большае, а вось зямлі, прыдатнай для будоўлі або ворыва, нестае. Суседзі з поўдня, з Парэчча, ціснуць штогод усё мацней ды мацней, ураджаі меншаюць, бо глеба стамляецца, і прыходзіць нястача. Калі так далей пойдзе – дык, раней ці пазней, здарыцца вялікі голад, людзі будуць пакутаваць.
Йурай, пакуль яна гаварыла, асцярожна перабіраў струны. Пад ціхі голас лютні Лель глядзеў на русую касу, у якой варушыліся водбліскі ад чароўнага полымя, на белы шрам ля пульхных вуснаў, на тое, як Ружана нецярпліва адкідвала з твару неслухмяныя русыя пасмы. Чамусьці вярэдзіла сэрца жывая гарачнасць, з якой яна гаварыла пра гэтую зямлю. Як бы адгукаючыся, быццам абуджаная палкімі словамі, гарачыня ажывала і варушылася ўнутры. Можа быць, таму ад кожнай новай рысы, што заўважалася ў Ружане, таксама рабілася цяплей на сэрцы.
А ўсе заўважаныя драбочкі, спавітыя ціхай музыкай, – і нахіл галавы, і завіткі валасоў на скронях, і многае іншае, дзівоснае па-свойму – у надзвычайнай суладнасці збіраліся ў адзін – адзіны – вобраз. І Лель, забыўшы пра ўсё на свеце, нават пра нястачы і голад у ваколіцы, нават пра блізкіх пачвар, нават пра ўласны праклён і зарок-абяцанне, глядзеў на яе. І не мог не ўсміхацца, бо тая гарачыня ўнутры сама па сабе была – шчасце.
Прынамсі, да таго моманту глядзеў, пакуль Ружана не зірнула на Леля здзіўлена і трохі нават грэбліва і не пацікавілася, чаго гэта ён так па-дурному тарашчыцца.
– …і рот унь яшчэ разявіў.
Лель, сцяміўшы, што і сапраўды тарашчыцца, зніякавеў і ўтаропіўся ў агонь, дзівячыся самому сабе. Абуджаная гарачыня так і не сціхала, хвалямі праходзілася за рэбрамі, сарамліва праступала на шчоках чырванню.
– Дзіўныя, аднак, вы нелюдзі, – заўважыла Ружана стрымана. І дадала напаўголасу, пакасіўшыся на Леля: – Той хоць гожы, а гэты і ўвогуле быццам бы чалавек.
– А ён – чалавек, – сказаў Йурай вельмі сур’ёзна. – Быццам бы.
– Ну?.. – шчыра здзівілася Ружана.
Лель няўпэўнена пакруціў галавою, адчуваючы, як сонна варочаецца ў жылах звярыная сіла. Нечаму цёмнаму і касматаму было цесна ў ім, і косткі ламіла, быццам звер, заключаны ў Лелева цела, як у клетку, рваўся вонкі.
– Чалавек, – прагаварыў Лель упарта, нібыта сам сябе пераконваючы.
А змрок гусцеў, затапляючы навакольныя ўзгоркі і векавыя дубровы, ажно пакуль не выкацілася, рассыпаючы сярэбранае святло, бледная поўня.
І тады над возерам, па якім паплыла, гушкаючыся на хвалях, дарожка месяцовага святла, пранёсся крык, не звярыны і не чалавечы. Роспачны, вісклівы голас далёка раскатваўся над дубравамі, цяжэў, пераходзячы ледзь не ў хрып, і абрываўся. І ад гэтага вусцішнага, нечуванага зыку ажно кроў застывала ў жылах.
– Што гэта?.. – шэптам спытала Ружана, зірнуўшы на лютніста. Той толькі прыклаў палец да вуснаў – маўляў, сцішся.
А пагорак скалануўся – раз, другі, – як бы адгукаючыся на цяжкія крокі. Зялёны агонь задрыжаў і баязліва ачэз, прыпадаючы да зямлі. Йурай, бліскаючы вачыма, уважліва прыглядаўся да цемры ўнізе, засяроджаны, напяты. Ружана перарывіста выдыхнула і бязгучна сцягнула лук з-за плеч, паспрабавала пальцам цеціву, папляскала па калчане. Падміргнула зніякавеламу Лелю, які трывожна прыслухоўваўся да даўкай цішыні.
Далей ад возера чуваць было слабы, як бы прыдушаны цемраю крык казулі, і імклівы рагаты цень, кульгаючы, прамільгнуў унізе, на фоне светлай вады. Прамільгнуў – і знік дзесь убаку. І амаль адразу па азёрнай кромцы імкліва пранеслася нешта яшчэ, нешта вялізнае, падобнае да цёмнага стога, і зноў прагучаў такі самы крык, толькі куды як грамчэй. Ружана паморшчылася, прыкрываючы далонямі вушы, Йурай коратка кіўнуў Лелю над вогнішчам.
– Час, – прамовіў лютніст аднымі вуснамі.
Чароўны агонь тут жа цалкам сышоў у зямлю, быццам і не было яго тут. А Йурай пругка падхапіўся і пакрочыў уніз, у цемру, і Ружана з Лелем, пераглянуўшыся, рушылі следам, блытаючыся ў высокай траве. Спускаючыся па схіле, яны абачліва ўзялі трохі ўбок, каб абысці тое месца, дзе толькі што страшнае нешта заходзілася немым крыкам. Льсняныя драпежныя цені падымалі галовы, сычэлі па-змяінаму, заступалі шлях. І пелі – цяпер Лель нават мог разабраць гэты варожы спеў, поўны Голаду, падобнага да таго, што варушыўся і ў яго самога ўнутры.
Ружана, затрымаўшыся, злажылася і наўдачу стрэліла ў віраванне ценяў. Страла мільганула, прайшла наскрозь, не прыносячы ім асаблівай шкоды, і ўдарыла, выбіўшы трэскі, у дрэва. А тое разгневана загуло, быццам было выкавана з металу, і цені, большыя і меншыя, рвануліся скрозь зараснікі і травы, сюды, накінуліся, збілі Ружану з ног. Але тут жа ўспуджана адкаціліся: Йурай, азірнуўшыся, рэзка шпульнуў у драпежнікаў прыгаршчаю чароўных агеньчыкаў. Тыя паплылі, ціхутка пазвоньваючы і губляючы калючыя іскры, не дапускаючы драпежныя цені за колы святла. Лель дапамог Ружане падняцца, а тая круціла галавою і аддувалася, быццам толькі што вынырнула з-пад вады.
– Чаму… чаму іх зброя не бярэ? – спытала амаль з роспаччу.
– Бо яны не зусім тут і цяпер, – нягучна адказаў Йурай. Выкліканыя ім агеньчыкі, перагукаючыся ціхімі галасамі, танчылі вакол іх траіх, утваралі абарончае кола.
Цені віравалі і на азёрным беразе: пелі, сычэлі, хрыпелі. Шапталі пра жывую кроў, пра ахвяру, якая дастанецца ім сёння. У Леля ад тых шэптаў перасохла ў горле, і досыць ясна ўявіўся салоны смак на вуснах – ажно пацягнула на ваніты. Йурай нахіліўся над слядамі ў мокрым пяску – капытцамі казулі, сям-там пафарбаванымі барвай, і глыбокімі адбіткамі добрага тузіна агромністых лап. Вусцішны крык зноў разарваў змрок – але ў аддаленні, і рассыпаўся абрыўкамі рэха.
– Гэта не проста драпежнік, так? – прашаптала Ружана, крануўшы лютніста за рукаў. – Гэта…
– Пачвара, – працягнуў за яе Йурай. – Так. Стары Звер.
Ён падняўся на ногі, змешваючы на далонях акрываўлены пясок са следу казулі з азёрнаю вадой. Пасля, апусціўшы павекі і нахмурыўшыся, сціснуў рукі. Лелю, якому пах крыві туманіў галаву, ці то пабачылася, ці то здалася ўспышка зялёнага агню. А лютніст рэзка ўзмахнуў рукамі, як бы абтрасаючы вострыя рукавы – і з драбочкаў пяску і зялёных агеньчыкаў саткаліся паўпразрыстыя здані казуляў, якія з ціхім бляяннем сыпанулі ў розныя бакі.
Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.