Kitabı oku: «Пяшчотна да сябе. Кніга пра тое, як шанаваць і берагчы сябе», sayfa 2
Ціхія эмоцыі
Часам неэмацыйнасць – не сведчанне спустошанасці або свядомага заглушэння пачуццяў, а асаблівасць душэўнай будовы. Не трэба вінаваціць сябе ў нячуласці або халоднасці і гвалтам прымушаць перажываць рэальнасць ярчэй: «якаснасць» эмоцый не залежыць ад ступені іх праяўлення і не вымяраецца вышынёй скачкоў ад радасці або колькасцю вёдраў слёз.
Нармальна – кахаць жарсна, да дрыжыкаў і галавакружэння, і нармальна – так не кахаць.
Пяшчота да сябе – гэта вучыцца цаніць скрыню з уласнымі інструментамі, замест таго каб зайздросціць чужой. У аднаго ў ёй ляжыць лупа, якая дазваляе бачыць вялікае ў дробязях. У другога – сякерка, каб адсякаць лішняе. У трэцяга – рулетка, якой ён мерае ўсё вакол, у чацвёртага – выдатны сродак для згушчэння фарбаў. Нармальна, калі ўзмацняльніка эмоцый у скрыні няма. Гэта ваша асаблівасць, а не хіба.
Для большасці з нас дазволіць сабе адчуваць «негатыў» і пры гэтым нічога з ім не рабіць, не спрабаваць сябе выправіць ці сарамліва прыкрыцца – сапраўдная задача з зорачкай. Хоць часам мы баімся не так пачуццяў, як магчымых учынкаў пад іх уплывам – рэзкіх і неабдуманых дзеянняў, вострых, як скальпель, слоў. Страшыць неабходнасць разбірацца потым з наступствамі: сапсаванымі стасункамі, задоўжанай сваркай, падмочанай рэпутацыяй заўсёды ветлівага і спакойнага чалавека.
Боязь узбаламуціць чарцей з балота падобная на асцярогу адчуць сэксуальную зацікаўленасць да кагосьці, знаходзячыся ў стабільных манагамных стасунках. Нібы яна раўназначная здрадзе і сведчыць пра праблемы ў адносінах. Гэта не так. Чым часцей перакрываць намаганнем волі спантаннае нараджэнне цікавасці да кагосьці («не смей глядзець!», «не смей любавацца!», «не смей прызнаваць, што тое, што ты бачыш, табе падабаецца!»), тым вышэйшая верагоднасць, што доўга стрыманае напружанне аднойчы выбухне і адбудзецца сапраўдная здрада альбо жаданне вытхнецца ў прынцыпе, у тым ліку і да ўласнага партнёра. («"Хадзем у бар!" – "Нельга ў бар". – "Хадзем на рыбалку!" – "Нельга на рыбалку". – "Не шкадуеш, што ажаніўся?" – "Нельга шкадаваць!"»10)
Паміж сэксуальнай цікавасцю і здрадай – мноства прамежкавых рашэнняў і канкрэтных дзеянняў. Нармальна – адчуваць узбуджэнне, але пры гэтым несці яго дадому.
Немагчыма ўплываць на тое, якія пачуцці зараджаюцца. Немагчыма намаганнем волі прымусіць сябе перастаць кахаць ці пакутаваць ад здрады. Добрая навіна:
у нас заўсёды ёсць сілы, каб справіцца з любымі пачуццямі.
Ніводнае з іх нас не заб’е, інакш прырода іх не прадугледзела б.
Як пісала Эн Ламот, «праўду не здабудзеш, седзячы на месцы і лагодна ўсміхаючыся. Гора, страты, злосць – вось крокі на дарозе да ісціны. Мы ідзём да яе праз свае таемныя пакоі і даўнія страхі, усе тыя нетры і пусткі, ад якіх нам загадалі трымацца далей. Калі ступім туды, агледзімся, уздыхнём і ўжывёмся з убачаным – тады і прарэжацца голас. Вось гэтае імгненне і ёсць вяртанне дадому»11.
Бяжы, дыхай, гавары і зноў дзейнічай
Самае складанае ў імгненні моцных пачуццяў – не забывацца дыхаць. Адчуваць, як адрэналін разліваецца па целе, але дыхаць, свядома не дазваляючы сабе замерці, адключыцца ад таго, што адбываецца. Мой досвед паказвае, што цягліцы запамінаюць стан здранцвення лепш за ўсё, і потым патрабуюцца доўгія гадзіны расслабляльных цялесных практык, каб змякчыць наступствы замарозкі, якая ператварае цела ў саляны слуп. (У гэтым плане мяне захапляе сібірскі вуглазуб, што жыве ў раёнах вечнай мерзлаты. Гэты маленькі марудлівы трытончык здольны дзясяткі гадоў (!) праляжаць у расколіне скалы замарожаным, а апынуўшыся на сонцы, адтаць і радасна папаўзці па сваіх справах. Нават зайздросна.)
Шкоду эмацыйнага «замярзання» можна параўнаць са стратамі, якія наносяць зваротныя вясновыя замаразкі маладым парасткам на градцы. Вада ў клетках раслін ператвараецца ў лёд і разрывае клеткавыя структуры, і ў нас атрымліваецца млявае зялёнае месіва там, дзе яшчэ ўчора планаваў вырасці кабачок. Замарожваючы ў сабе крыўды, страхі, перажыты боль, мы робім гэтаксама: носім у сабе ледзякі, ранімся аб іх.
У кнізе «Выгаранне» сёстры Эмілі і Амелія Нагоскі12 расказваюць пра стрэс-рэакцыю, якую адчувае наша цела пры небяспецы. Сустрэча з ваўком у лесе, траплянне ў зону турбулентнасці, дзіўныя паводзіны незнаёмца ў метро ці спроба нахабнага кіроўцы «падрэзаць» на дарозе – усё гэта расцэньваецца целам як пагроза, і яно імгненна пачынае напампоўваць сябе гармонамі стрэсу, каб дапамагчы сабе выратавацца.
Аўтары сцвярджаюць: каб быць больш здаровымі і шчаслівымі, цыкл стрэс-рэакцыі абавязкова трэба завяршаць, прычым актыўнымі дзеяннямі, а не ў думках. То-бок тактыка самаўгаворвання «спужаліся і забыліся, едзем далей» – шкодная тактыка. Калі ў вас трэсліся рукі, дрыжалі ногі, сэрца білася як шалёнае, у вушах шумела, жывот скручвала, ціск падвышаўся, а вочы бачылі толькі перад сабой (тунэльны зрок) – цела не атрымаецца супакоіць фразай: «Ну-ну, дружа, цяпер усё добра, расслабся». Калі вы сядзелі і міла пасміхаліся, хоць унутры закіпалі ад абурэння, ці калі на вас крычалі, а вы баяліся нешта сказаць у адказ, каб не нарвацца на яшчэ большую агрэсію, арганізм адчуваў такі самы стрэс, як і пры абрыве троса ліфта.
Па словах Нагоскі, самы дзейсны спосаб завяршыць цыкл стрэс-рэакцыі – фізічная нагрузка. Гэта своеасаблівы «сігнал арганізму, што вы паспяхова перажылі пагрозу і ў вашым целе зноў бяспечна знаходзіцца»13.
Яшчэ задоўга да таго, як мне трапілася гэтая інфармацыя, я – ды і вы напэўна – інтуіцыйна выкарыстоўвала рух і спорт, каб зменшыць напружанне і справіцца з трывогай.
…Добра памятаю майскія святы, калі мяне накрыў жудасны крызіс ідэнтычнасці: я не проста не супадала з сабой па краях – маё «я» плавілася на сонцы і, застываючы, ператваралася ў выродлівую бясформенную масу. Ці на сваім я месцы, ці з тымі людзьмі, куды я ўвогуле іду і чаму ўсё так складана – пытанняў было процьма, адказаў – нуль.
Пакуль усе елі шашлыкі за горадам, я курыла на балконе ў пустой кватэры і, не вылазячы з піжамных штаноў, пісала тэксты: узяла працу на выходныя, не ўмеючы і не дазваляючы сабе спыніцца. Я была ў фінале сваёй кар’еры на пасадзе галоўнага рэдактара. Знясіленая нагрузкамі, адзінотай і тым, што пасля разводу прайшло паўтара года, а ў мяне так ні з кім і не атрымалася завесці стасункі (хіба што ў тупік).
За акном наркатычна салодка квітнелі яблыні, каштаны і чаромха, а я клацала па клавішах і заядала ўнутраную пустэчу варанай згушчонкай і пяццю-шасцю пачкамі марозіва за раз. Неміласэрна таўсцела і ненавідзела сябе за гэта. Ела, каб яшчэ больш развярэдзіць саму сябе, пагоршыць і без таго поўны раздрай унутры, дайсці да кропкі, вывернуцца навыварат, памерці і нарадзіцца нанова, але ўжо якой-небудзь іншай – і хоць каму-небудзь патрэбнай.
…Позна ўначы, калі я ўжо спала, прыйшла эсэмэска ад былога мужа: ён пісаў, што яго новая жанчына – ягоны персанальны цуд, што ён шчаслівы, што кахае, што «божажтымой табе не перадаць як гэта цудоўна», – і маё сэрца прапусціла два ўдары, а з левага вока выкацілася, павольна спаўзла ўніз і зацякла ў вуха сляза.
Падобна, у майго балота самаразбурэння, шкадавання і непрыязнасці да сябе ўсё ж былі межы – так цёплай майскай ноччу, з яе шолахамі, віном і знічкамі, я ўрэзалася ў сваё дно.
На наступны дзень я прачнулася ў 4:30 раніцы, узяла аркуш паперы і пачала пісаць як шалёная свой «маніфест», дзе, не саромеючыся ў выразах, выклала ўсё, што думаю пра сябе, сваё жыццё і свае перспектывы, – почыркам выдатніцы, прыгожымі друкаванымі літарамі, амаль капслокам. «Ніхто не вырашыць твае праблемы за цябе, ніхто не прыйдзе і не ўратуе цябе, таму што ну колькі ўжо можна пакутаваць. Нікому не цікавыя твае маляўнічыя дэпрэсіі – дый, ліха на яго, нікому не павінны быць. Так што вытры соплі, абуй красоўкі і бяжы. Бяжы, пакуль не ўпадзеш ад стомы, а калі ўпадзеш – паўзі ў кірунку да дому».
Я паднялася з ложка, нацягнула красоўкі, пагладзіла ашалелую котку і пабегла. Велізарныя хрушчы спароўваліся і з гучным храбусценнем падалі на асфальт, а світальнае неба было такім чыстым і ясным, што балелі вочы.
Бег стаў сродкам разагнаць кроў і благія думкі. Часам я бегала, каб не заставалася сіл плакаць. Восем месяцаў у годзе я нацягвала старыя ружовыя трэнікі, якія ляжалі ў шафе яшчэ з падлеткавага ўзросту, устаўляла ў вушы музыку і выпраўлялася на свой штодзённы марафон уздоўж трасы.
Іншы раз я літаральна за шкірку выцягвала сябе ў парную, густую, гарачую ноч, каб не заставацца адной у «таннай роспачы цемры», а бегчы. Хай захлынаючыся слязамі і соплямі, але рухацца далей.
Праз тры кіламетры слёзы высыхалі, праз чатыры спыняліся ўсхліпы, праз пяць адпускаў боль. Дзевяць кіламетраў увогуле не пакідалі надзеі – я проста вярталася дадому, клалася на падлогу і ляжала, слухаючы, як пот сочыцца праз поры, насычае дыван, размякчае бетонныя перакрыцці, пранікае ў зямлю і змешваецца з грунтавымі водамі, каб скіравацца разам з імі куды-небудзь далёка-далёка, дзе ўсё проста і ясна, як шкарлупінка ад яйка, знесенага вясковай рудой куркай…
Самая цёмная ноч – перад світанкам. А спорт сапраўды можа дапамагчы перапрацаваць стрэс.
«А ведаеце, што дакладна не спрацуе? Сядзець і гаварыць сабе, што ўсё засталося ззаду. Завяршэнне цыкла – гэта не разумовае рашэнне, а фізіялагічная трансфармацыя. Вы ж не загадваеце свайму сэрцу біцца, а кішэчніку – ператраўляць ежу. Стрэс-рэакцыя не падпарадкоўваецца вашай волі. Проста дайце целу тое, што трэба, і няхай яно займаецца тым, для чаго прызначана. Столькі часу, колькі спатрэбіцца»14.
Як яшчэ можна дапамагчы сабе спраўляцца з наплывам пачуццяў? Паспрабуйце што-небудзь з наступнага.
Надзімаць мыльныя бурбалкі, пажадана гіганцкія. Гэта выдатны спосаб сканцэнтравацца на дыханні і супакоіцца дзякуючы павольнаму выдыху.
Трэсціся, каб не трэсла. Калі я адчуваю, што мышцы праз стрэс ператвараюцца ў камень, я імкнуся паслабіць іх з дапамогай трасяніны. Уключаю музыку, заплюшчваю вочы, лаўлю рытм і ператвараюся ў старажытную жанчыну, якая танчыць ля вогнішча пры поўным месяцы i якой усё роўна, як пры гэтым выглядае яе попа (спойлер: як жэле). Я далёкая ад эзатэрыкі, але яшчэ ні адна медытацыя, масаж або занятак фітнесам не прыносілі мне настолькі хуткага эфекту аднаўлення, як трасяніна ў рудых хатніх штанах у сябе на кухні.
Прагаворваць тое, што пужае (name it to tame it – «назаві, каб утаймаваць»). Пастарайцеся максімальна дакладна сфармуляваць, што менавіта вы адчуваеце, на што гэта падобна, як праяўляецца ў целе. Чым глыбей у вас атрымаецца наладзiць сувязь з пачуццём, тым хутчэй яно адпусціць. Уяўляйце: хваля набягае – і хваля сыходзіць назад у мора, ліжа пясок і вашы ногі, але пакідае вас на беразе – жывой, непашкоджанай.
Прысядаць, калі спалохаліся. Перажыўшы стрэс, завяршыце стрэс-рэакцыю любым фізічным практыкаваннем, якое прыйдзе ў галаву. Ідэя зачыніцца ў працоўнай прыбіральні і дваццаць разоў падскочыць пасля цяжкіх перамоў можа здацца вар’яцкай, але цела зноў успомніць, што быць вамі – бяспечна, а не адкладзе перажытае напружанне ва ўнутраную скарбонку.
Напамінак пяшчоты да сябе
1. Вы маеце права адчуваць што заўгодна, калі заўгодна і як заўгодна доўга. Няма няправільных, непрыгожых ці недарэчных пачуццяў, яны ўсе – ваша праўда.
2. Толькі вам вырашаць, як пражываць свае пачуцці – з якой інтэнсіўнасцю і якімі спосабамі (пры ўмове, што яны не прыносяць шкоды іншым). Ніхто не можа раіць вам «забіць і расслабіцца», калі адзінае, чым ён уклаўся ў вашу падтрымку, – гэта сваёй дурной парадай.
3. Пытанне да сябе «Мне спадабалася?» заўсёды лепшае, чым «Што пра мяне падумалі іншыя?».
4. Не бярыце сябе на слабо, калі галодныя, не выспаліся ці стаміліся. Лепш вазьміце сябе за руку і прывядзіце туды, дзе можна здабыць цішыню, гарбату і бутэрброды.
5. Не патрабуйце ад сябе яркіх пачуццяў: шчырасць не залежыць ад гучнасці, падзяка не мае патрэбы ў спецэфектах. Наколькі можаце нагрэцца і пасвяціць – настолькі і добра.
6. Вы заўсёды маеце права сказаць: «Калі ласка, не крычыце на мяне». А калі вам усоўваюць пачуццё віны, яго можна не браць – як адмаўляюцца ад рэкламных улётак у пераходзе метро: «Дзякуй, мне не трэба».
Пяшчота трэцяя. Прыярытэты
…гаварыць, не захлынаючыся пытаннем, не зазіраючы ў адказы;
засвойваць катаржны чын прыняцця рашэнняў і вызначэння прыярытэтаў;
ведаць: тое, што ты называеш ісцінай, перастае быць ёю адразу,
калі ты наважышся ўголас пачаць размаўляць пра гэта.
Ксенія Жалудова
Кожны раз, калі я на нешта пагаджаюся і кажу «так», я загадзя ведаю, колькіх «не» гэта будзе мне каштаваць. У першую чаргу сказаных самой сабе.
Расстаноўка прыярытэтаў – гэта не расстаноўка межаў. Прыярытэты вызначаюць чарговасць, межы – ступень дазволенага.
Вызначаць прыярытэты неабходна для таго, каб разумець, чаму раней аддаваць увагу і на што выдаткоўваць сілы і час у першую чаргу.
Без іерархіі мэтаў лёгка распаўзціся, як клякса на прамакатцы – адразу ва ўсе бакі.
Растраціць сябе да адзнакі «нуль», але пры гэтым задавальнення ад выніку не атрымаць. Разгубіцца і згубіцца ў сабе, калі ўласныя жаданні не ўсведамляюцца (вось бы захацець захацець!) і ўвесь час хочацца спаць – але ўжо а пятай раніцы вы знаходзіце сябе ў ложку з расплюшчанымі вачыма, вывучаючы столь. Спадзеяцеся, што «прыйдзе выходны і ўсіх выратуе», але той прыходзіць і праходзіць, не разуваючыся, – не паспявае астыць гарбата ў шклянцы, праветрыцца пакой.
Калі няма іерархіі мэтаў, сілы размяркоўваюцца не на важнае, а на тое, што першым падвернецца пад руку, і яшчэ частка іх сыходзіць на непакой, што вы не спраўляецеся, не паспяваеце. Вось чаму важна расстаўляць прыярытэты:
• каб час на аднаўленне закладваўся ў бюджэт задачы, а не вылучаўся паводле прынцыпу рэшты. Тады можна адключыць галаву, не глядзець на гадзіннік, не думаць аб прадуктыўнасці і не вінаваціць сябе за «бязмэтнасць». Мне падабаецца, як у Італіі гэта называюць dolce far niente (салодкае гультайства), у Ізраілі – עושים חיים, «осім хаім» (даслоўна – «робім жыццё», насалоджваемся жыццём), у англамоўных краінах – me time (час на мяне, мой час);
• каб заставаліся сілы цешыцца, смяяцца ад душы і адэкватна ўспрымаць гумар у цэлым (у стане загнанасці жарты раздражняюць);
• каб у крызісныя часы ў вас хапала рэсурсаў паклапаціцца пра сябе дзякуючы загадзя створанай фінансавай падушцы бяспекі і цёпламу колу падтрымкі з блізкіх людзей.
Калі не сказаць сабе: «Вось гэта мне цяпер важна, а вось гэта – не», – то можна патануць у справах, а потым вырашыць, што з вамі нешта не так, – калі вы зноў не заўважылі, як праляцела паўгода.
Расстаўляючы прыярытэты, мы праяўляем павагу да абмежаванасці сваіх рэсурсаў, іх небясконцасці.
Але калі мы разумеем, дзеля чаго нешта робім, то лягчэй пераносім цяжкасці, таму што матывацыя ідзе знутры. Ужо сама свабода выбару – які цяжар на сябе ўзваліць і які кошт заплаціць – ператварае нас з папяровай лодачкі ў раўчуку ў жыццярадасную жоўтую субмарыну.


