Kitabı oku: «Пяшчотна да сябе. Кніга пра тое, як шанаваць і берагчы сябе», sayfa 3
First things first
Я склала спіс магчымых прыярытэтаў, адштурхоўваючыся ад якога вам будзе прасцей сфарміраваць уласны.
Прыярытэт адносін (дзяцей, сям’і, сяброўства, прыяцельства). Калі вы гатовы адсунуць працу, каб сустрэцца з сяброўкай ці паспець на ранішнік да дзіцяці. Калі хворае калена не становіцца прычынай, каб адмовіць калегу ў дапамозе пры пераездзе.
Калі вы падпісваеце паштоўку ад рукі замест кароткага «Віншую!» у месенджары і стыкера з цюльпанамі. Калі вы ведаеце, якія вашы дзеянні засмуцяць сябра, і прыкладваеце намаганні, каб гэтага не дапусціць.
Прыярытэт адпачынку. Калі вы не прыбіраеце кватэру, бо стаміліся, нават калі чакаеце гасцей, свякроў ці маму. Калі вы не бераце ў працу трэці праект і шэсцьдзясят восьмага кліента, таму што пяці гадзінаў сну вам недастаткова і вы ўжо не памятаеце, як ваша імя. Калі вы просіце мужа ці дзіця глядзець тэлевізар у навушніках, таму што вам патрэбная цішыня.
Прыярытэт асалоды. Калі вы бегаеце ці ходзіце ў спартзалу не для таго, каб схуднець, а таму, што вам гэта падабаецца. Калі вы выбіраеце з меню не менш каларыйнае ці «здаровае», а чаго па-сапраўднаму хочацца. Калі вы не набываеце тое, што непрыемнае навобмацак, рэжа вока колерам, раздражняе выдаванымі гукамі ці «карыснае, але нясмачнае».
Прыярытэт грошай. Калі вам важна зарабіць як мага больш, нават пры ўмове, што дзеля гэтага давядзецца ахвяраваць сном, выходнымі, зносінамі з сям’ёй і сябрамі. Калі паміж дзвюма прапановамі працы вы выбіраеце тую, дзе большы заробак. Калі церпіце побач чалавека, якога не кахаеце, але які забяспечвае вас грашыма.
Прыярытэт працы/кар’еры. Калі вы працуеце даўжэй, чым агаворана кантрактам, каб перавыканаць план ці здаць праект раней за тэрмін. Калі вы гуляеце па правілах кампаніі, часта няпісаных, каб прасунуцца па кар’ернай лесвіцы. Калі наймаеце няньку, каб яна сядзела з дзіцем, пакуль вы ў офісе. Калі вы не адключаеце тэлефон нават уначы, таму што можа быць «нешта тэрміновае» ці званок з іншага гадзіннага пояса ад партнёраў.
Прыярытэт бяспекі. Калі перш чым паставіць подпіс на дакуменце, вы ўважліва яго праглядаеце, каб разумець усе рызыкі. Калі ў вас ёсць фінансавая падушка бяспекі і яна недатыкальная. Калі вы не згаджаецеся быць даручальнікам за вялікі чужы крэдыт, хоць сябар вельмі просіць. Калі вы прытрымліваецеся хуткаснага рэжыму нават на пустой трасе, дзе няма камер.
Прыярытэт агульнай мэты. Калі разам з калегамі вы працуеце суткі запар, каб каманда здала праект своечасова. Калі вы добраахвотна жывяце з партнёрам на заробак аднаго, каб другі адкладаць на набыццё агульнай кватэры. Калі вы вырашаеце, хто пойдзе ў дэкрэт, а хто будзе зарабляць для сям’і грошы.
Прыярытэт душэўнага спакою. Калі вы не прымаеце запрашэнне на традыцыйны абед са сваякамі, каб не слухаць, як няправільна вы жывяце. Калі не робіце таго, з-за чаго трэба хавацца ад падатковай ці іншых службаў, баяцца званкоў з незнаёмых нумароў (менавіта баяцца, а не прынцыпова ігнараваць) ці ўнікаць сустрэчы з чалавекам, якому вы нешта павінны, але не аддалі.
Вызначаючы, што для вас галоўнае, а што другараднае, вы ўмацоўваеце ўнутраны стрыжань і адчуванне надзейнай зямлі пад нагамі: што б ні адбылося, вы заўсёды зможаце абаперціся на ўжо выбудаваную сістэму прыярытэтаў, каб максімальна беражліва для сябе прыстасавацца да новых выклікаў і змен і не пасыпацца картачным домікам, калі ўздрыгне стол.
На што яшчэ можна абапірацца ў расстаноўцы прыярытэтаў, апроч здаровага розуму? На адчуванне, калі ўсярэдзіне ўсё пішчыць і падскоквае ад радасці. Не абавязкова заўсёды (я нават не ведаю, ці бывае так, каб заўсёды), але час ад часу – абавязкова.
Так адчуваецца на кончыках пальцаў сверб літар, гатовых сарвацца, ператварыцца ў словы, стаць тэкстам, у якім будзе цудоўнае ўсё – ад задумкі да апошняй кропкі.
Так адчуваецца яшчэ не каханне, але ўжо сімпатыя, ужо цікавасць, ужо не выпадковасць, а дадзенасць, якая хвалюе, – непрадказальная, узрушальная. І сэрца б’ецца больш шчыра, адчайна і моцна, і ты разумееш – засталося зусім крыху да поўнай ілюмінацыі ў галаве, калі запаляцца ўсе лямпачкі – і пачнецца свята.
Вершы, карціны, фатаграфіі, тэксты, найлепшыя гутаркі – усё нараджаецца са стану «калі прэ» і па целе бягуць мурашачкі.
Калі, думаючы пра нешта, вы адчуваеце, як усярэдзіне разліваецца святло і нараджаецца цікаўнасць і нецярпенне, гэта дакладна знак, што вам сюды. Як пісала Барбара Шэр, «у нашага сэрца ёсць свае смакавыя рэцэптары»15. Ім можна верыць.
Так, працэс збірання грошай на кватэру нудны, але мурашкі бягуць ад думак, які ўтульны рамонт вы ў ёй зробіце, якія фіранкі павесіце, з якім замілаваннем расставіце на паліцах кнігі, дакладна ведаючы, што больш не спатрэбіцца пакавацца ў скрыні і пераязджаць. Як запарыце смачную гарбату, уладкуецеся ў фатэлі і будзеце сузіраць, як падае за акном першы снег, нарэшце ўсёй душой адчуваючы: вы Дома.
Другое, што дапаможа расставіць прыярытэты, – імкненне да асэнсаванай дзейнасці. Прага сэнсу асабліва востра адчуваецца, калі бачыш хуткаплыннасць жыцця. Калі вы раптам разумееце, што не хочаце брацца за праекты без яснага і бачнага выніку, рэальнай карысці, адчувальнай навобмацак, як чыстая, вымытая падлога. Не хочаце ўдзельнічаць у вытворчых нарадах, якія збіраюцца для таго, каб проста разам пасядзець за сталом і паглядзець на дыяграмы і схемы. Не хочаце пісаць тэксты, што не супадаюць з вашымі каштоўнасцямі, нават калі за іх гатовыя добра плаціць.
Ніякімі грашыма не спатоліць прагу сэнсу. Дзе сэнс, там радасць, там складаней выгараць, здацца на паўдарогі, скончыцца, уперціся ў тупік.
У нас не так шмат часу, каб выбіраць ісці пад знак «дарогі няма» і марнаваць сябе на імітацыю бурнай дзейнасці.
«Цяпер мне важнейшае іншае»
Ёсць такi добры выраз: «Гэта пытанне не часу, а прыярытэтаў». Я ўспамінаю яго кожны раз, калі чую «прабач, няма часу». Таму што ён мае на ўвазе прамое і яснае: «Прабач, няма часу на цябе». І гэта глыбока нармальна, рэсурс жадання зносін не бясконцы – прыяцельства жывіцца перыядамі пэўнага лішку душэўных сіл, добра зараджанай батарэйкай, калі хочацца да людзей, а не ад людзей, і таму вы разам гатовыя ўзаемна напружыцца, каб састыкаваць графікі. (Вядома, калі вашы стасункі не маюць на ўвазе той ступені блізкасці, калі дзеля чалавека адкладзеш усё. Ну ці калі «мама, у мяне галава ў вядры засела».)
Неверагодна важна: дазволіць сабе паважаць свае прыярытэты і не саромецца іх, не адчуваць віны за тое, што вам не хочацца адшчыкнуць ад сябе кавалачак і камусьці даць. Што замест «Я ў мамы добрая» вы выбіраеце «Я ў мамы ўсякая, але цяпер мне важнейшае іншае». Маё здароўе. Мой сон. Мае дзеці. Мая кар’ера. Мой дом. Мая магчымасць самой выбіраць, пад якую музыку танчыць. І з кім.
У прыярытэтах няма нічога ганебнага – яны дыктуюцца часам і абставінамі і змяняюцца, калі змяняюцца ўмовы жыцця. (Часам жыццё мяняецца ў лепшы бок менавіта дзякуючы належна расстаўленым прыярытэтам.)
Гэта нармальна – трымаць фокус на тым, што вас напаўняе і радуе: працаваць у зручным тэмпе; чытаць кнігі з катом на каленях у выходны дзень, а не дарабляць прэзентацыю; працаваць па найме, а не на сябе. Гэта сапраўды нармальна – не рабіць таго, што вас забівае, і не хацець «станавіцца мацнейшай» такім коштам.
Таму, калі наступны раз зловіце сябе на словах «прабач, няма часу», смела прадоўжыце фразу «таму што цяпер мне важнейшае іншае» ў сябе ў галаве.
Або ўголас.
Цяжкасці з расстаноўкай прыярытэтаў
Цяжкасці могуць узнікнуць, калі вы доўга абслугоўвалі інтарэсы іншых і згубілі ў гэтых клопатах сябе. І цяпер здаецца, быццам вы не ведаеце, чаго хочаце, – таму што звыкліся толькі рэагаваць: адказваць на пытанні, а не задаваць, падпарадкоўвацца, а не праяўляць ініцыятыву, плысці па цячэнні, а не куды вам трэба. Далей я раскажу, як можна дапамагчы сабе выбрацца з аморфнага стану і зноў вярнуць сябе сабе.
Калі здаецца, што жыццё выходзіць з-пад кантролю
Калі вы толькі вучыцеся расстаўляць прыярытэты і абапірацца на свае каштоўнасці, то, магчыма, вам знаёмае адчуванне, быццам вы нічога не вырашаеце і не значыце, круціцеся, як хамячок у коле, але не атрымліваеце ніякай аддачы. Гэта даволі непрыемны стан, які можа прывесці да вывучанай бездапаможнасці – калі не адчуваецца сувязь паміж намаганнямі і вынікам, з-за чаго ў чалавека апускаюцца рукі і знікае жаданне штосьці рабіць увогуле.
Мой сябар псіхолаг Павел Зыгмантовіч раіць у такім выпадку старацца кожны дзень і пры любой зручнай магчымасці прымаць рашэнні. Не пра тое, «куды жыць», а больш простыя: выпіць кавы ці гарбаты, на метро паехаць ці выклікаць таксі, апрануць сукенку ці джынсы, напісаць сіняй ручкай ці чорнай, памыць галаву ці не, зрабіць нешта цяпер ці пазней. Гэта трэба для таго, каб вы самі сабе паверылі, што можаце кіраваць сваім жыццём, уплываць на тое, што адбываецца ў ім. Чым больш практыкі прымання маленькіх рашэнняў, тым больш упэўнена вы будзеце сябе адчуваць, калі прыйдзе час прыняць вялікае.
Прыгнятальныя фармулёўкі
Дзіўныя рэчы можна выявіць, калі прыслухацца, як мы тлумачым сабе, чаму штосьці робім. Часцей за ўсё гучаць фразы: «Я павінна» і «Мне трэба». Паспрабуйце пры магчымасці замяніць іх такімі: «Я хачу», «Я люблю», «Я ведаю, што магу…», «У мяне ёсць рэсурс, каб…», «У мяне дастаткова часу, каб…» І адчуйце, як на гэтыя замены адгукнецца цела.
Калі я гавару: «Я павінна быць добрай маці» – я адчуваю супраціў і агрэсію (каму павінна? чаму павінна? я што, здаю іспыт?). Зусім іншыя адчуванні ўзнікаюць, калі я кажу: «Я хачу быць добрай маці», «Я люблю быць добрай маці», «Я ведаю, што магу быць добрай маці», «У мяне ёсць рэсурс, каб быць добрай маці». І ўжо зусім цёпла – ад слоў: «У мяне дастаткова часу, каб быць добрай маці». Я хачу, я ведаю, я магу, я люблю, у мяне ёсць. У гэтых словах шмат рэсурсу самападтрымкі.
Страх сутыкнуцца з незадаволенасцю іншых людзей
Страшна, што назавуць эгаісткай, зазнайкай, снобам. Ці кім там яшчэ можна абазваць, каб было больш крыўдна?
Адмова нешта зрабіць для кагосьці можа суправаджацца сорамам і пачуццём віны – іх трэба пражыць і вытрымаць. (Добрая навіна: яны не пратрымаюцца больш за пару дзён, затое ў вас застанецца тое, што вы абаранілі, – сілы і час.) Будзьце добрай да сябе ў гэты момант і памятайце: можна суперажываць чужым праблемам і цяжкасцям, але вы не абавязаны іх вырашаць.
Што можна зрабіць, калі вы гаворыце камусьці «не», таму што выбралі сказаць «так» самой сабе і прытрымлівацца сваіх прыярытэтаў, але пры гэтым у вас няма намеру зачыніць перад носам чалавека дзверы і сапсаваць з ім стасункі:
• прапанаваць альтэрнатыву – напрыклад, перанесці сустрэчу на зручны вам час (калі скончыцца праект або калі ў цэлым стане лягчэй з нагрузкай), зрабіць працу ў меншым аб’ёме або толькі нейкую частку;
• дапамагчы іншым рэсурсам – не сваім удзелам у чымсьці, а грашыма або сувязямі; напрыклад, даць кантакт іншага чалавека, якому можа быць цікавая гэтая прапанова;
• выказаць спачуванне або падтрымаць словамі, тым самым паказваючы чалавеку, што яго бачаць, ягоная патрэба зразумелая, яго пытанне пачутае, ён не пустое месца. У гэтым свеце вельмі няўтульна быць нябачным. (Як было напісана на паштоўцы цэнтра «Антон тут побач»16: «Можна мне вас абняць? А то памру ад сваёй гаротнасці».)
Жаданне ўсё кантраляваць
Якое, у сваю чаргу, вядзе за сабой праблему з дэлегаваннем. Гэта шкодная ілюзія ўсёмагутнасці: вы не здольная змясціць у сябе ўсё. Гнацца за гэтым – значыць добраахвотна згаджацца на зашкальванне ўзроўню трывогі і выгаранне ў перспектыве.
У гэтым выпадку прапаную расстаўляць прыярытэты, адштурхоўваючыся ад таго, дзе кошт недагляду і памылкі вышэйшы. Вам можа быць надзвычай важна аператыўна рэагаваць на званкі кліентаў, але, калі вы будзеце рабіць гэта за рулём, гэта можа каштаваць вам жыцця.
Патрэба быць паўсюль карыснай
На мой погляд, падспудна ў ёй ляжыць жаданне ўхвалення і прызнання вашай каштоўнасці іншымі. Каб пагладзілі, пахвалілі, а ў ідэале яшчэ і сказалі: «Што б мы без цябе рабілі! Не ведаем і ведаць не хочам!»
Калі даследаваць, чаму вам важна, каб вас хвалілі, можна выявіць патрэбу падзякі і прызнання намаганняў. Вы зразумееце, што па-сапраўднаму гатовы ўкладвацца толькі туды, дзе вашу працу заўважаюць і шануюць, а не прымаюць як належнае. Зрабіўшы задавальненне гэтай патрэбы прыярытэтам, вы ўратуеце сябе ад немінучага выгарання і марнага чакання цукровай костачкі ад тых, у каго ў кішэнях толькі шалупінне семачак.
Вар’яцкая карусель
Гаворка ідзе пра такі рытм жыцця, калі ў браўзеры кожны дзень адкрытыя дзясяткі ўкладак, на пошту і ў месенджары сыплюцца паведамленні з пазнакамі «Тэрмінова», без канца звоніць тэлефон, паралельна чытаюцца дзесяць кніг і ні ў воднай закладка не ляжыць хоць бы на палове. Фільтраваць, што важна, а што не, становіцца практычна немагчыма, і хочацца адключыцца ад усяго і адразу.
Як дапамагчы сабе справіцца з бамбаваннем задачамі:
• ранжыруйце задачы паводле дэдлайну і першымі выконвайце тыя, у якіх хутчэй заканчваецца «тэрмін прыдатнасці». Дамаўляючыся пра нешта, задавайце чароўнае пытанне «калі?» (калі вам ператэлефанаваць? калі вы дашляце? калі будзе зроблена?) – гэта закрывае ў думках фонавыя праграмы падвешаных станаў і нявызначанасці, якія з’ядаюць аператыўную памяць вашага мозгу;
• адключыце гук апавяшчэнняў на тэлефоне: вы будзеце чуць выклікі, але не адрывацца на месенджары і праглядаць паведамленні калі зручна. І, вядома, пераводзьце ў нямы рэжым групавыя чаты (школьныя, бацькоўскія, суседскія), каб не адчыніць выпадкова браму пекла;
• не прымушайце сябе чытаць кнігі цалкам, калі паставілі перад сабой задачу накшталт «прачытаць n кніг за год». Чытайце толькі тыя раздзелы, якія рэзануюць з вашым інфармацыйным запытам. Нічога страшнага не здарыцца, калі вы прагартаеце нуднае – аўтар не даведаецца і не пакрыўдзіцца;
• не бойцеся абмяркоўваць прыярытэтнасць задач з тым, хто вам іх ставіў (дырэктар, кіраўнік аддзела), – няхай сам вызначае, што яму больш патрэбнае цяпер. Дзякуючы гэтаму кіраўнік будзе ў курсе, якую задачу вы бераце ў працу сёння, а якую адсоўваеце, гэта значыць не прыйдзе з пытаннем: «А чаму ты займаешся вось гэтым, калі вунь тое мне патрэбнае было яшчэ ўчора?» (і не сапсуе настрой на цэлы дзень);
• запомніце і выкарыстоўвайце фразу: «Мне патрэбны час падумаць». Так, вы сапраўды маеце права так сказаць. Заўсёды.
Вострая прага ўсяго і адразу
Перш за ўсё даведайцеся, як доўга дзейнічае цікавая вам прапанова. Шмат чаго праходзіць рэгулярна або нікуды не падзенецца ў прынцыпе. То-бок вы можаце ў нешта ўпісацца ці нешта зрабіць і праз паўгода, і праз год, – калі разберацеся з цякучкай (заадно праверыце, ці па-ранейшаму вам гэтага хочацца).
У цэлым пытанні «сіта прыярытэтаў» выглядаюць так:
• «Як доўга гэта будзе яшчэ даступным?»;
• «Што з таго, што вось-вось разбяруць/скончыцца, мне цікавейшае за ўсё?» (адчуйце сваё «пішчыць і падскоквае»);
• «Мне абавязкова прысутнічаць ужывую ці тое, што мне важна, можна атрымаць дыстанцыйна?» (у запісе, тэкставых матэрыялах, у форме канспекта; некаторым увогуле дастаткова паслухаць уражанні сяброў, каб нібы самім пабываць на мерапрыемстве).
А яшчэ перад тым, як упісаць у свой планавальнік чарговую «вельмі важную» справу, праверце, ці знойдзецца ў вашым жыцці для яе месца. Раскажу гісторыю.
Аднойчы суседка Лена напісала мне: «Ёсць кусцік агрэсту. Хочаш?» Я не разважаючы адказала: «Вядома, так!» – і бадзёра паскакала яго забіраць. Прыйшоўшы дадому, хвілін дваццаць (!) хадзіла па садзе з калівам у руках, прыглядаючыся, куды яго прыстроіць: тут – дзіця затопча, там – муж выкасіць; вось сюды ўвогуле нічога саджаць нельга: будуць плот мяняць – наступяць. Сад стары, даўно склаўся, кожны лапік зямлі на ўліку. Хадзіла я, хадзіла і раптам зразумела, што дзіка злуюся і раздражняюся: «не мела баба клопату». У выніку я ўсё ж знайшла, куды яго прыткнуць, але стала на куст агрэсту мудрэйшай: цяпер, перш чым папрасіць таблетак ад сквапнасці, я правяраю, а колькі іх у мяне яшчэ ёсць.


