Kitabı oku: «З табой я дома. Кніга пра тое, як кахаць адно аднаго і заставацца вернымі сабе», sayfa 2

Yazı tipi:

У пошуках «свайго»

але якімі б мы ні блукалі крывымі,

кожны раз вяртаемся да агульнай прамой.

абдымі мяне,

абвясці мяне,

растлумач мяне

мне самой.

Ксенія Жалудова

У кнізе журналісткі і псіхатэрапеўта Лоры Готліб «Мне патрэбны самы лепшы»5 я сустрэла адсылку да цікавага даследавання Пола Амата, амерыканскага сацыёлага. У 1980 годзе ён разам з калегамі запусціў дваццацігадовае даследаванне, падчас якога яны назіралі за развіццём сямейнага жыцця дзвюх тысяч людзей, каб зразумець, што прадвызначае магчымы развод.

Як і чакалася, распадаліся тыя шлюбы, у якіх муж і жонка пастаянна спрачаліся і скандалілі, але многія пары выходзілі за межы гэтага шаблону – партнёры ў іх у цэлым ладзілі паміж сабой, а прычыну разводу тлумачылі так: «Я не адчуваў, што расту ў гэтых адносінах як асоба» або «Мой муж добры чалавек, але не мая “палавінка”».

Праз пяць гадоў Амата звязваўся з тымі, хто развёўся, пытаў, наколькі яны задаволеныя сваім жыццём, і параўноўваў іх адказы з вынікамі, атрыманымі ў пачатку даследавання. І ведаеце што? З пункту гледжання статыстыкі яны былі менш шчаслівыя.

Людзям здаецца, што калі ў нейкі момант яны пачынаюць адчуваць сябе ў шлюбе адзінокімі, то гэта паказчык таго, што каханне «скончылася» і ў адносінах «больш няма чаго лавіць». Яны сыходзяць, а потым зноў пачынаюць стасункі з надзеяй, што на гэты раз усё будзе па-іншаму: «Вось цяпер я ўжо дакладна знайду сваё». Як жа яны здзіўляюцца, калі і ў наступных адносінах у іх здараюцца перыяды «адзіноты ўдваіх». Аказваецца, гэта адбываецца не таму, што зноў не пашанцавала, – «ім самотна таму, што людзям наогул уласціва адчуваць сваю адзіноту»6.

І нават калі вы сустрэнеце «свайго» чалавека (што б вы ні разумелі пад гэтым паняццем), вы ўсё адно калі-нікалі будзеце адчуваць сябе самотнымі.

Гэта нармальна, гэта натуральна, ад гэтага нельга засцерагчыся. Выходзіць з адносін толькі таму, што аднойчы ўвечары вы адчулі побач з партнёрам пустэчу, – вельмі паспешнае рашэнне. Адзін дрэнны дзень не азначае дрэннае жыццё.

Так, адзіноту складана трываць – і таму мы імкнёмся яе пазбягаць, запаўняючы прастору іншымі людзьмі. Як з паўзамі ў размове: мы гатовыя абмяркоўваць любыя тэмы, абы не заставацца ў цішыні. Мы кажам: «Ага». Мы кажам: «Угу». Мы кажам: «Ну і справы!» – і абмяркоўваем надвор’е і корм для кошкі.

З паўзамі ў каханні гэтаксама: пасля расстання мы з зайздросным імпэтам шукаем, у каго б закахацца, і пераносім сардэчную тугу аб ідэальным партнёру на першага стрэчнага.

У вас жа дакладна ёсць прыяцелька, якая ў пачатку чарговых адносін клянецца, што ніколі ні з кім падобнага не адчувала? Што гэта «бомба», «космас» і «знос даху»? Што ён – той самы? Вось толькі вы не спяшаецеся ў гэта верыць: восем яе папярэдніх раманаў пачыналіся гэткім жа чынам, а потым заканчваліся – усе як адзін.

Але калі зняць белае паліто – а ў каго не так? Сустракаеш чалавека – і не можаш пазбавіцца ад адчування, што гэта лёс: настолькі вы адно аднаго дапаўняеце. Вам камфортна, лёгка і бяспечна разам, як з сябрам дзяцінства. Здаецца, далей будзе толькі лепш. Хочацца, каб менавіта так і было.

Эйфарыя ад знаёмства працягваецца пару дзён. Потым на вахту заступае страх: страх неўзаемнасці, страх здацца дакучлівымі, страх ацэнкі. Страх рашэнняў не на вашу карысць, страх неабходнасці далейшых крокаў, страх непрыемных адкрыццяў. Нарэшце, страх таго, што чароўны пылок асыплецца – і такі неверагодны Іншы акажацца звычайным, з непрыемным пахам з рота, з плоці і крыві. І звычкі ў яго будуць недарэчнымі, і густы – дзіўнымі, і наогул: злы жарт з вамі згуляла паўночнае святло, а ранішняе сонца бязлітаснае і не сыпле кампліментамі.

І зноў заные пад рэбрамі туга аб тым, сваім, «сапраўдным», які ўсё яшчэ недзе ходзіць і «не здарыўся», – ён супадае з табой па краях, думае гэтак жа, як і ты, яго цела хочацца кранаць і цалаваць, а прозвішча – з гонарам насіць, каб калі-небудзь перадаць дзецям.

Але гэта шкодны стэрэатып, што сапраўды «твой» чалавек (а не той, хто выпадкова прыбіўся да твайго жыцця) здольны ўсё зразумець, прыняць і дараваць. Маўляў, што б ты да яго з’яўлення ні нарабіла, ён па ўмаўчанні стане на твой бок, раздзеліць твае інтарэсы і планы на будучыню, бездакорна ўвойдзе ў тваё жыццё, спадабаецца бацькам і сябрам. Прыйдзе і возьме цябе ў свае надзейныя, моцныя рукі, і з гэтага імгнення і да канца вы будзеце разам. Хай разбураюцца гарады, сыходзяць на дно акіянаў кантыненты – вы будзеце назаўсёды, назаўсёды.

Вы спытаеце: а ў чым тут шкода? Справа ў тым, што, пакуль мы чакаем такога, мы рэдка задумваемся аб будучых стасунках з пазіцыі: «А што партнёру змагу даць я?» Са сваімі шалёным графікам і трыма камандзіроўкамі ў тыдзень, доўгім спісам патрабаванняў і чаканняў, мэтамі і амбіцыямі, у рэалізацыі якіх трэба калі не дапамагаць, то хаця б не блытацца пад нагамі? Што, акрамя абстрактных «пяшчоты і кахання», якія ідуць у стартавым пакеце па ўмаўчанні?

Ці захачу я лячыць чужыя раны, якія засталіся ад мінулых адносін, – ці мяне саму трэба вяртаць да жыцця безумоўным прыняццем і каханнем? Чым я змагу ахвяраваць дзеля іншага чалавека, якімі звычкамі і інтарэсамі, – а што буду абараняць да апошняга? Якія адносіны мне цяпер наогул патрэбныя – працяглыя, з разлікам на агульных дзяцей і дом, або ненадакучлівыя, гарэзлівыя, лёгкія, не звязаныя грандыёзнымі планамі і абавязкамі?

Я веру, што шукаць трэба не «сваю другую палавінку», а чалавека, з якім вы супадаеце вобразамі Дома – уяўленнямі пра тое, дзеля чаго патрэбныя сур’ёзныя, працяглыя адносіны, што вы гатовыя ў іх укладваць і што, згодна з вашымі чаканнямі, павінен укладваць партнёр.

Важна не беззаганнае супадзенне характараў, а тое, як вы абое збіраецеся вырашаць праблемы на доўгай дыстанцыі.

Збягаць пры першых цяжкасцях, бразнуўшы дзвярыма? Ці рабіць выгляд, што ўвогуле імі памыліліся? Або адкрыта гаварыць: «Х’юстан, у нас праблемы. Давай вырашым, што будзем рабіць. Галоўнае, не хвалюйся, Х’юстан, – мы справімся»?

Калі адносіны для вас пра дом, а не пра пакой у матэлі на адну ноч, шукайце таго, хто таксама шукае дом. Хто разумее паміж імі розніцу. Хто хоча паўлітровыя шампуні і любімую зубную шчотку на паліцы, а не аднаразовыя гігіенічныя наборы з таннага пластыку і змылак у цэлафанавым пакеціку.

Калі вы абое цэніце і шануеце свой Дом, вам не страшныя ні рамонт, ні адключэнне гарачай вады сярод зімы, ні патоп, учынены суседзямі. Што б ні здарылася, вы станеце поплеч, возьмецеся за анучы, вёдры, тазікі і малярны скотч – і адолееце любую бяду.

Таму што разам вы значна мацнейшыя, чым па адным.

Пра каханне «назаўсёды»

а час ідзе незалежна ад таго, ці дазваляеш яму ісці:

так аднойчы разумееш, што толькі ў маўклівасці мову можна знайсці,

наканаваных сустрэнеш, нават калі не хацеў сустракаць,

і згубіш – нават калі хацеў захаваць.

Ксенія Жалудова

Аднойчы, многа рамантычных глупстваў назад, на абшарах інтэрнэту я натрапіла на фразу, якой наступныя дзесяць гадоў неўсвядомлена мерала ўсе свае пачуцці і адносіны: «У жыцці бывае толькі адно вялікае каханне, усе папярэднія – спроба пяра, а ўсе наступныя – бег наўздагон»7.

Дзіўна, як у дваццаць гадоў хочацца верыць, што каханне – гэта назаўсёды.

Міф пра каханне на ўсё жыццё прыгожы, але гэта міф – такое каханне хутчэй выключэнне, чым правіла. Прытым незразумела, чаго ў падобных стасунках больш – таго самага «вечнага кахання» або проста звычкі, агульных дзяцей, ляноты штосьці мяняць і страху больш нікога не сустрэць.

Я даведалася – праз шмат гадоў, – што тая цытата на самай справе няпоўная. У арыгінале яна заканчваецца фразай, якую рэдка выкарыстоўваюць у інтэрнэтных падборках цытат пра каханне, бо лічаць няважнай, але менавіта ў ёй, на маю думку, і змяшчаецца галоўнае: «…каханне – гэта цяпер або ніколі».

І чаму такія важныя словы бессаромна хавае ў цень рамантычная мішура, якая ім папярэднічае? Без гэтага фінальнага акорда можна падумаць, што каштоўнасць мае толькі міфічнае «вялікае каханне», якое «абавязкова» здараецца ў жыцці кожнага з нас – галоўнае, не прапусціць. І атрымліваецца, што калі цяпер вашы адносіны неяк не вельмі, то «вялікае каханне» або наперадзе, або… ужо было.

Але фраза «каханне – гэта цяпер або ніколі» расстаўляе ўсё па месцах. Яна пра тое, што жыць і кахаць трэба тут і цяпер, не задумваючыся, што гэта: спроба пяра або бег наўздагон. Ставіцца да кахання як да чыставіка, а не чарнавых накідаў; як да магчымасці стварыць нешта новае, а не спрабаваць паўтарыць поспех бліскучага рамана з мінулага. Калі кахаеце кагосьці, не параўноўвайце свае пачуцці з мінулымі сувязямі і не гадайце, ці чакае вас наперадзе нешта лепшае. Самыя важныя адносіны – тыя, у якіх вы прачнуліся сёння раніцай. Добра марыць у дзень вяселля пра тое, як вы састарыцеся, трымаючыся за рукі. Але гарантый няма. Ні ў чым, ніколі, і асабліва – у такой тонкай матэрыі, як каханне.

Каханне – гэта сапраўды цяпер або ніколі.

Гэта простае, зразумелае жыццё без драм і спецэфектаў, у якое вы, як у дом, штодня прыносіце па жменьцы друзу, будаўнічай вапны, чырвонай цаглянай крошкі, смаляной стружкі – і тады пад нагамі цвярдзее зямля, а вы становіцеся вышэйшымі.


Калі ласка, не ўзвальвайце на сваё каханне цяжар «цяпер гэта назаўсёды», а на партнёра – абавязак замяніць вам увесь свет. Звычайна так бывае, калі чалавек уступае ў адносіны з думкай, што на гэтым яго місія сталення завершана: «Ну ўсё, вяселле згулялі, можна расслабіцца!» І тады ён перастае расці, нечаму вучыцца, кудысьці рухацца. На жаль, такое каханне можа мець непрыемны фінал: калі партнёр раптам вырашыць пакінуць вас, то ўсё, з чым вы застаняцеся, – гэта вясельныя фотаздымкі і абсалютная непрыстасаванасць да самастойнага жыцця.

Стасункі, створаныя выключна дзеля стасункаў, адбіраюць шмат часу і сіл. Калі замкнуцца на сваім саюзе і кожны вечар прапаноўваць партнёру «пагаварыць пра тое, што паміж намі адбываецца», каханне ператворыцца ў бясконцы прыём у псіхааналітыка і вы будзеце размаўляць, размаўляць, размаўляць – замест таго каб жыць.

Не бойцеся, што каханне можа калі-небудзь скончыцца – «хто баіцца раней, чым трэба, той баіцца больш, чым трэба»8.

Няхай вас не турбуе тое, на што вы не можаце паўплываць (курсы валют, пандэмія, эмоцыі, якія ўзнікаюць у іншых людзей наконт вас), – інакш лёгка страціць розум.

Тое, што вам хочацца акрэсленасці, стабільнасці, гарантый і ўпэўненасці ў каханні, – цалкам нармальнае жаданне. Толькі яго ніхто не можа выканаць – ні каханы чалавек, ні жыццё.

Каб непакой пра будучыню не азмрочваў сучасны момант, нагадвайце сабе быць у кантакце з тым, што адбываецца. Працуйце з кантэкстам і абставінамі: вам цяпер добра, бяспечна, цёпла з чалавекам? Калі адказ «так», пераключайцеся на іншыя задачы. Вернецеся да гэтага пытання, калі нешта зменіцца.

Варажыць, а ці назаўсёды вашы адносіны, – гэта як, засяліўшыся ў новую кватэру, увесь час думаць: ці не затопяць вас суседзі? Ці не кінуць чужыя дзеці запалку на балкон? Ці не будуць паскудзіць на акно птушкі? І можна так ад усяго гэтага перанервавацца, што, калі якая-небудзь варона сапраўды запэцкае падаконне, вы сядзеце пасярод кухні, расплачацеся і з горыччу выдыхнеце: «Я так і ведала!»

Беражыце сябе і замест таго, каб думаць пра тое, што яшчэ не здарылася, проста жывіце.

Нельга застрахавацца ад таго, што партнёр можа вас разлюбіць. Магчыма, вы пражывяце разам усё жыццё, магчыма – расстанецеся наступнай восенню. Будзе як будзе.

Але хіба гэта вартае таго, каб не кахаць?

Неўзаемнасць

…здаецца, кожнаму тут патрэбны хтосьці,

такі, як ты,

але не ты.

Ксенія Жалудова

Добра памятаю сваё першае спатканне з будучым мужам: я настолькі стамілася хадзіць на бессэнсоўныя сустрэчы, што ў свае дваццаць восем зняверылася ў існаванні «нармальных» свабодных мужчын. Мне хацелася хутчэй даведацца, у чым праблемы канкрэтна ў яго, і паехаць дадому чытаць кніжку. Я была ўпэўнена: з ім таксама абавязкова нешта будзе не так.

Па дарозе ў кафэ я трапіла пад дождж, але нават не збіралася хавацца, каб яго перачакаць. Такая і прыйшла: мокрая, аблезлая, з падцёкамі тушы на твары і прылепленай да ног спадніцай. Страчваць не было чаго: я ж ведала, што ў наступны раз мы сустрэнемся ніколі, таму… Навошта прыкідвацца?

Аднак на спатканні я зразумела, што, у адрозненне ад іншых маладых людзей, гэты мне сапраўды сімпатычны, – і мая натуральнасць некуды знікла. Я пачала тарахцець, спрабуючы зрабіць уражанне і спадабацца. Напэўна, канчаткова я дабіла б мужчыну-інтраверта, які сядзеў перада мной, калі б залезла на стол, падабрала спадніцу, выставіла нагу наперад і выгукнула: «А цяпер – полька!»

Трэба аддаць належнае: ён да апошняга трымаўся малайцом, пакуль я, наступіўшы на горла свайму ўнутранаму верабейку-сацыяфобу, прыкідвалася асобай, цікавай ва ўсіх адносінах. Пра тое, што я ўмею быць нармальнай, муж даведаўся значна пазней.

Тады ж мне здавалася, што сустрэча прайшла цудоўна і працягу быць. Але…

Ці патэлефанаваў ён мне на наступны дзень або хаця б праз тыдзень? Не. Ці думала я тады ў кафэ, што ён – «той самы»? Безумоўна. Ці было мне балюча, калі я ўсвядоміла, што «не зачапіла» яго? Яшчэ як. І гэты выпадак навучыў мяне многаму.

Так я зразумела, што «нармальныя» яшчэ засталіся, але гэта зусім не азначае, што такая «нармальная» я абавязана камусьці падабацца проста па ўмаўчанні, таму што «калі не я, то хто».

Мне спатрэбіліся месяцы, каб прыняць гэтую думку.

Сустракаеш часам чалавека – і ўсё пры ім: і шырыня плячэй, і ўсмешка, і ямачкі на шчоках, і рукі такія, што цалаваць бы іх і цалаваць. Вось толькі гутаркай за кавай усё і заканчваецца, няхай і «вечар быў выдатны, дзякуй».

І ты застаешся сам-насам з непрыгожай і невясёлай думкай: што са мной не так?

На спатканні смяяліся, усміхаліся, здавалася, усё прайшло найлепшым чынам, але чалавек больш не тэлефануе і не піша. Як гэта растлумачыць?

Адносіны, што не склаліся, звычайна прыгнятаюць пытаннямі без адказу і пакідаюць пасля сябе непрыемны смак, як у недаспелай хурмы: кіслы і даўкі. У які момант усё пайшло наўскасяк? Што вы сказалі не так? Навошта вы ўвогуле гэта сказалі?

Тлумачэнняў можа быць шмат, але праўду ведае толькі той, хто не патэлефанаваў і не напісаў. Таму важна не накручваць сябе і не разгортваць махавік думак кшталту: «Я нікому ніколі не спадабаюся і памру ў адзіноце».

Прычыны неўзаемнасці могуць быць самымі рознымі.

Магчыма, чалавеку здалося, што вы «дарагія ў абслугоўванні». Не ў сэнсе грошай, а ў сэнсе эмоцый. Чалавек шукаў роўныя і спакойныя «хатнія» адносіны, а тут раптам ураган у спадніцы-пачцы і кедах або тайфун у пінжаку ад куцюр – з амбіцыямі і напорам, якія збіваюць з ног. Ён зразумеў, што яму давядзецца бясконца выходзіць з зоны камфорту і рабіць рэчы, якія ён ніколі не рабіў, каб хаця б адпавядаць, – і вырашыў нават не ўблытвацца.

Часам прычынай можа стаць агіда на ўзроўні цела: раздражняе чужы смех, голас, пах – і хочацца адсунуцца далей, каб выпадкова не дакрануцца.

Бывае, што не здарылася сексуальная «хімія» – унутры па-сяброўску цёпла, але па-дзелавому роўна. І чалавек вырашае спыніць зносіны, каб не даваць беспадстаўных надзей, калі адчувае, што на вашым баку інтарэс якраз не сяброўскі. У яго ўяўленні больш міласэрна будзе не працягваць знаёмства, чым разбіваць вам сэрца.

Іншы раз у такіх выпадках яшчэ кідаюць класічнае: «Ты вельмі добры (добрая), але…» Заканчэнне фразы можа быць розным: «але не для мяне», «але я яшчэ не адышла ад папярэдніх адносін», «але мне цяпер не патрэбны сур’ёзныя стасункі», «але я нічога не магу табе прапанаваць».

З аднаго боку, лепш адразу даведацца, што вам не могуць адказаць узаемнасцю, – не давядзецца падманвацца наконт перспектыў і працягваць праяўляць ініцыятыву, не разумеючы, чаму яна заўсёды аднабаковая. А з другога – горкая праўда прыносіць боль, сустрэчу з якім неўсвядомлена хочацца адкласці, таму лагічна, што спытаць пра пачуцці адкрыта і атрымаць адказ – страшна.

Калі праўда ўсё ж такі прагучала («Прабач, але ў нас нічога не атрымаецца»), вось як можна пражыць неўзаемнасць беражліва да сябе:

Не экстрапаліруйце прыватны выпадак на ўсё наступнае жыццё: вас пакінуў адзін чалавек, а не ўсе людзі свету. Не, гэта не назаўсёды. І так – вы яшчэ будзеце шчаслівыя.

Пражывіце журбу аб тым, што не здарылася, не саромейцеся даць волю слязам і добра выплакацца.

Не расцягвайце агонію марнымі пошукамі «знакаў», што вы нешта няправільна зразумелі ў чужым «не» («А раптам гэта ўсё ж “так”, але пазней?»). Існуе англійская прымаўка: «If he wants, he will», – якую можна перакласці так: «Калі мужчына хоча – ён зробіць». Не суцяшайце сябе марнай надзеяй, што ён проста не разгледзеў, якая вы класная, разумная і смешная. Хутчэй за ўсё, ён выдатна ўсё разгледзеў, проста вашы клас, розум і гумар – не тое, што яму трэба (у дадзены момант ці ўвогуле).

Не ідзіце крыжовым паходам на свае «недахопы» з мэтай неадкладна іх выправіць («А вось была б я больш зграбная, усё атрымалася б…»). Жыццё заўсёды пра цяпер, а не пра гіпатэтычную будучыню. Не факт, што вы спадабаліся б у іншым памеры адзення, і не факт, што ў іншым памеры вам быў бы патрэбны гэты чалавек.

Не абясцэньвайце сваю сімпатыю («Падумаеш, не вельмі і хацелася, мне і адной добра»). Гэта нармальна – зачароўвацца кімсьці і хацець цяпла і адносін. І нармальна – адчуваць смутак, калі сімпатыя неўзаемная.

Памятайце, што з вамі ўсё ў парадку. З вашай патрэбнасцю быць каханымі – таксама. Так, не атрымалася з жаданай рэальнасцю – але рэальнасць вам нічога і не павінна. І прызнаць гэта – значыць стаць яшчэ крыху больш дарослымі.

Працягвайце верыць, што ўзаемнае каханне абавязкова будзе. Ніколі не стаўце на сабе крыж і іншым не дазваляйце.

Часам мы праходзім праз неўзаемнасць зноў і зноў, нібы затрымліваючыся ў адным і тым жа сцэнарыі, і працягваем несці свае далікатныя пачуцці тым, каму яны не патрэбныя.

Чаму мы так робім?

Адна з прычын: таму што не верым, што нас увогуле можна кахаць.

Мы да гэтага не прывыклі, мы не ведаем, як гэта – быць каханымі. Так бывае, калі бацькі не пазнаёмілі нас з безумоўным прыняццем, і, як бы нам ні хацелася адчуць сябе «вартымі» кахання, сярод нашых звыклых схем – толькі неўзаемнасць. Сустракаючыся з сімпатыяй у свой адрас, мы палохаемся: нам незразумела, што з гэтым рабіць. Гэта настолькі незвычайна, што ўспрымаецца як злы жарт ці падман. Затое мы дакладна ведаем, як быць нялюбымі, – і раз за разам шукаем тых, хто будзе нас пакідаць. Разарваць гэтае заганнае кола дапаможа праца па фарміраванні здаровай самаацэнкі і змене ўстановак, вынесеных з дзяцінства.

Другая і, бадай, самая папулярная прычына таго, чаму мы трымаемся за неўзаемныя адносіны: таму што насамрэч узаемнасці баімся. І пакуль чалавек недасягальны, ён для нас асабліва прывабны.

Пра яго можна фантазіраваць, ідэалізаваць яго і, не маючы магчымасці праверыць фантазіі на справе, атрымліваць ад неўзаемнага кахання рэальнае задавальненне. Задавальненне кахаць ідэальнага прыдуманага чалавека. Улюбляцца ў такога больш бяспечна: звычайна ўслед за гэтым нічога не трэба рабіць, акрамя «кахаць і пакутаваць». А ва ўзаемных адносінах часта бывае нязручна, складана і шмат працы – па прыціранні, пазбаўленні ад ілюзій і прыняцці адрозненняў.

Калі вы пазналі ў гэтым апісанні сябе, перш за ўсё спыніцеся і падумайце: гаворка ідзе сапраўды аб неўзаемнасці (чалавек свабодны і «ў актыўным пошуку», проста выбірае не вас) ці аб яго недасягальнасці? І калі аб недасягальнасці, то якая ў гэтым для вас схаваная выгада? У чым вы нават сабе баіцеся прызнацца? Вось прыклады такой схаванай выгады:

няма неабходнасці ажыццяўляць дзеянні – прызнавацца ў каханні, абмяркоўваць будучыню, з’язджацца і ўладкоўваць побыт;

наяўнасць зручнай адгаворкі для ўсіх, хто спрабуе вас з кім-небудзь пазнаёміць і выцягнуць «развеяцца» («Мне ніхто не патрэбны, маё сэрца ўжо занятае іншым, і гэта сур’ёзна»);

сублімацыя энергіі нераздзеленага кахання ў творчасць і працу: пакутуючы, вы асабліва добра пішаце, малюеце, лепіце з гліны ці закрываеце здзелкі, а гэта прыносіць і прызнанне, і даход;

магчымасць не мяняцца і ні пад кога не падладжвацца: не ўлічваць інтарэсы партнёра ў саюзе немагчыма, хочаш не хочаш, а давядзецца ў нечым ісці на кампраміс, як мінімум – ахвяраваць часам, які вы прывыклі прысвячаць толькі сабе;

жаль да сябе і легалізацыя самаразбуральных паводзін: чалавек з чыстым сумленнем разыходзіцца на ўсю моц, таму што няма для каго весці здаровы лад жыцця і ўвогуле: ён пакутуе, яму можна, «зразумейце і даруйце»;

пакуты як сэнс з-за адсутнасці іншых сэнсаў: з нераздзеленым каханнем жыць не так тужліва, як наогул без яго, асабліва калі ў вас багатая фантазія;

кантроль: у адносінах з партнёрам кантраляваць тое, што адбываецца вакол, атрымліваецца толькі напалову, а ў каханні, якое выключна ў галаве, чалавек усёмагутны: так, калі ў рэальным жыцці партнёр можа вас пакінуць, то ў прыдуманым – ніколі.


Раз-пораз пражываючы неўзаемнае каханне, можна з часам увогуле страціць цікавасць да пошуку адпаведнага партнёра. Такога, з якім добра і цёпла. Вырашыць, што «не лёс», і больш нават не спрабаваць.

І тут мне ўспамінаецца карцінка, дзе гутараць два кацяняцi. Адно плача: «Мяне ніхто не любіць!» А другое яму кажа: «А ты ва ўсіх спытаў?»

Дык вось: пакуль вы «не ва ўсіх спыталі», нават не думайце апускаць рукі і адчайвацца. У свеце любові хопіць на ўсіх.

5.Готтлиб Л. Мне нужен самый лучший! Как не испортить себе жизнь в ожидании идеального мужчины / перевод Элеоноры Мельник. – М.: Эксмо, 2020.
6.Готтлиб Л. Мне нужен самый лучший! – С. 290.
7.Бегбедер Ф. Воспоминания необразумившегося молодого человека / перевод Ольги Акимовой. – СПб.: Symposium, 2007.
8.Афарызм прыпісваюць Сенеку.