Kitabı oku: «З табой я дома. Кніга пра тое, як кахаць адно аднаго і заставацца вернымі сабе», sayfa 3
У пагоні за Няўлоўным Джо
потым ён скажа: ніколі цябе не кахаў,
ніколі не ведаў,
ніколі не гуляў з табой дапазна,
не размаўляў з табой да відна;
ты сама ўсё прыдумала
і нясеш адказнасць адна.
Ксенія Жалудова
Адносіны з Няўлоўным Джо ў псіхалагічнай літаратуры называюць контрзалежнымі. Іншымі словамі, гэта адносіны з чалавекам, які пазбягае прывязанасці, чалавекам, якому «ніхто не патрэбны».
Няўлоўны Джо як агню баіцца адчуць, што для яго хтосьці важны і дарагі – а значыць, можа ўплываць на яго эмоцыі і пачуцці: не толькі радаваць і прыносіць задавальненне, але і хваляваць, расчароўваць, рабіць балюча, ды і наогул чагосьці ад яго хацець – ад выканання просьбы «Патэлефануй, калі дабярэшся дадому» да слоў «Я цябе кахаю». Для «няўлоўнага» гэта азначае страту свабоды, бо магчымасць ні ад кога не «залежаць», нікому нічога не абяцаць, не быць звязаным ні з кім абавязкамі – гэта святое.
Ты яму сэрца і гару падарункаў, а ён: «Слухай, ну міла, вядома, але не трэба было». І пайшоў па сваіх справах.
За фасадам такога стаўлення хаваецца велічэзны ўнутраны страх пачуццяў, прычына якога звычайна тоіцца ў перажытым болі: чалавек так баіцца зноў сутыкнуцца з нечым падобным, што імкнецца пазбягаць любых стасункаў, калі яны больш складаныя, чым тэлефонныя размовы.
Часта паводзіны Няўлоўнага Джо здаюцца нелагічнымі і непаслядоўнымі. Учора вы правялі цудоўны вечар, расказвалі адно аднаму пра дзяцінства і мінулыя няўдалыя сувязі, а сёння на ваша паведамленне, напоўненае цяплом, пяшчотай і падзякай за ўчарашні давер, ён адказаў: «Ок» ці «Не трэба было столькі распавядаць, набалбатаў лішняга», – і недарэчны дзіўны смайл у канцы. Не адказаць наогул, зрабіўшы выгляд, што нічога не было, – для яго таксама звычайная справа.
Такія паводзіны – як выліты на галаву цэбар ледзяной вады. Пачынаеш сутаргава ўспамінаць дэталі гутаркі, каб даць падобнай рэакцыі хоць нейкае апраўданне: «Я нешта не тое сказала? Чымсьці пакрыўдзіла?» Не знаходзіш. Разгубленасць расце. Колькасць адпраўленых паведамленняў таксама: «Што здарылася? Можа, трэба пагаварыць? Давай у абед сустрэнемся і ўсё абмяркуем». Але гэта толькі павялічвае дыстанцыю, таму што Няўлоўны Джо баіцца блізкасці.
«Не будзем пра гэта», «Усё, забыліся, праехалі», «Нармальна ўсё, не тлумі сабе галаву». І справа не ў тым, што ён хоча пабыць адзін, – гэта ўстойлівая сістэма адказаў на любое запрашэнне да шчырай размовы. Няўлоўны Джо шкадуе, калі паказвае слабіну і «агаляецца», і, каб хоць крыху суцішыць сорам перад самім сабой, выбудоўвае межы яшчэ вышэйшыя і мацнейшыя.

Але аднойчы ўбачыўшы, якім непасрэдным, адкрытым, кранальна безабаронным ён можа быць, мы ўжо не здольныя пра гэта забыцца – і робім усё магчымае, каб «заслужыць яго давер». Каб ён зразумеў, што ад нас не трэба хавацца, мы не зробім яму балюча, мы «не такія», як тыя, з кім ён сустракаўся раней: «Добра, калі ты так хочаш, я буду задаваць менш пытанняў. Мы будзем радзей бачыцца. Я пачакаю, калі ў цябе з’явіцца на мяне час. Не, я не буду цябе ні аб чым прасіць, я ўсё разумею».
Трапіўшы на кручок жадання даказаць, што мы лепшыя за ўсіх, хто быў да нас, «не разумеў» і «мучыў» Няўлоўнага Джо сваёй дакучлівасцю, мы згаджаемся на яго ўмовы – заўсёды быць крыху на адлегласці.
Спачатку гэта здаецца сексуальным, але з часам няпэўнасць («Дык мы разам ці як?») пачынае раздражняць. Ад гэтага рана ці позна стамляешся – ніколі не быць важнай настолькі, каб дзеля цябе перанеслі працу, паездкі «па справах», сустрэчы з сябрамі. Дакучае здавольвацца крошкамі ўвагі і таму заўсёды хадзіць галоднай. Хочацца адчуць пад нагамі цвёрдую глебу і ведаць, што ты гэткая ж каштоўная для партнёра, як ён для цябе, што вам абаім трэба агульная будучыня, а не «ўбачымся, калі ўбачымся, усё, пакуль».
Што рабіць, калі вы закахаліся ў Няўлоўнага Джо?
Спытайце сябе, ці гатовыя вы гуляцца ў такое «каханне», ці ёсць у вас час і жаданне «вызваляць ад чараў» партнёра, ці лепш пашукаць цёплыя і надзейныя адносіны, дзе вам не баяцца сказаць: «Ты патрэбна мне, я хачу быць з табой».
Не думайце, што калі на вас звярнуў увагу такі чалавек – значыць, гэта адзіныя адносіны, якіх вы вартыя, і трэба «браць што даюць». Пазбяганне прывязанасці – гэта яго праблема, а не доказ таго, што больш ніхто і ніколі не захоча атуліць вас цеплынёй і пяшчотай.
Да таго ж няма ніякіх гарантый, што гэтую праблему атрымаецца вырашыць – прынамсі, датуль, пакуль Няўлоўны Джо сам яе не ўсведамляе. Немагчыма зрабіць адносіны гарманічнымі ў адзіночку – гэта заўсёды праца дваіх. Таму лепш адразу вызначыцеся: ці гатовыя вы ўжывацца з «няўлоўнасцю»? Наколькі вы можаце гэта прыняць? Ці такое каханне вы на самай справе хочаце?
Калі для вас ненармальна ўвесь час быць на другіх ролях, не мець магчымасці нічога планаваць і ніколі не атрымліваць увагі ўволю, то Няўлоўны Джо – не той, хто зробіць вас шчаслівай.
Беражыце і шануйце сябе.
Адзінота – не прысуд
суцяшаць сябе:
ёсць сябры, ёсць забавы, работа,
але баяцца кожнага вечара як агню.
божа,
ты беражэш мяне для кагосьці
ці беражэш яго ад мяне?
Ксенія Жалудова
Кажуць, што адзінота – файная рэч, калі ёсць каму сказаць, што адзінота – файная рэч. Мне заўсёды падабалася гэтая фраза, таму што здаваўся блізкім і зразумелым запячатаны ўнутры яе смутак – светлы, поўны надзей і казытлівага чакання.
Справа ў тым, што пры правільна расстаўленых акцэнтах адзінота можа стаць плённым, цікавым і шматабяцальным перыядам жыцця, магутным каталізатарам натхняльных змен. Як вы, напэўна, здагадваецеся, акцэнтавацца для гэтага трэба на сабе, развіваючы і ўмацоўваючы свае апоры ў іншых сферах – здароўя, працы, фінансаў, адукацыі і творчасці. Таму хачу мякка нагадаць:
Калі вы цяпер адзінокія, гэта выдатны час, каб закахацца ў сябе.
Лепш з сабой пазнаёміцца, разабрацца, чаго вы чакаеце ад кахання, як паўплывалі на вас папярэднія адносіны, які дар пакінулі. Калі здаецца, што ніякага, і вы выйшлі з іх, як з зачумленай вёскі, хрысцячыся і радуючыся, што жывыя, то адзінота – ідэальны перыяд, каб аднавіцца і ўключыць рэжым падтрымкі і клопату пра сябе на максімум. (Тэзісна сфармуляваўшы сабе на будучыню, як у такія адносіны больш не трапляць.)
На жаль, ні прыгажосць, ні розум, ні бытавая ўладкаванасць не гарантуюць таго, што да ўзросту, які вы вызначылі прыдатным для пачатку адносін, вы сустрэнеце патрэбнага чалавека. Унутраная гатоўнасць не адыгрывае ў гэтым вырашальнай ролі. Многае залежыць ад выпадку, банальнага шанцавання. Таму, калі вы да гэтага часу адны, хоць многае робіце, каб знайсці пару, і ўжо пачынаеце задумвацца, ці ўсё з вамі ў парадку, супакойцеся: вам пакуль проста не пашанцавала. Няхай у вас няма цяпер партнёра, але затое ёсць яснае разуменне, што вам сапраўды трэба ад адносін. І – што не менш важна – ад чаго дзеля іх вы не гатовы адмовіцца ў саміх сабе.
Не слухайце тых, хто прарочыць вам бедную самотную старасць.
З цікавасцю назіраю, наколькі папулярныя сёння трэнінгі па «абуджэнні ў сабе багіні» і станаўленні «сапраўднай жанчыны» – слабай, кволай, прызначанай несці ў свет прыгажосць, а не авоські з прадуктамі. І веру: гэта не тое, чаму трэба вучыцца і што трэба штучна сабе прывіваць, – стан прыемнай расслабленасці і даверу да свету прыходзіць сам, калі з праграмы «выжываць адной» пераходзіш ва ўмовы парнага жыцця, дзе праблемы дзеляцца на дваіх і таму вырашаюцца хутчэй і лягчэй.
Проста ёсць людзі-словы і ёсць людзі-ўчынкі. Першыя шмат гавораць, будуюць графікі, абмяркоўваюць, удакладняюць, раяцца з маці, сябрамі і шарам-прадказальнікам, звяраюцца з гараскопам і курсамі валют. Другія проста прымаюць рашэнне: жыць – тут і цяпер, рабіць – неадкладна, кахаць – вось гэтага чалавека. І што б ні здарылася, ведаць: з усім можна справіцца, калі не выбіраць сектар «ныць» на барабане, а нешта рабіць.
Як правіла, да трыццаці адзінокая жанчына ўжо наелася таннай рамантыкі. Пакуль нехта з захапленнем віў гняздо, яна працавала. Бралася за самае складанае, з галавой паглыблялася ў новае, атрымлівала трэцюю вышэйшую, разбурала шаблоны, рызыкавала і ішла па-банку. Часам ёй было страшна, самотна і цяжка, але спадзявацца не было на каго: добры чалавек – не прафесія, а прыгожыя вочы не аплацяць рахунак за электрычнасць.
Пажыўшы ў такім рэжыме, пачынаеш шанаваць партнёраў, якія не гуляюць у пошукі сэнсу жыцця да сівізны ў барадзе, а знаходзяць адказ на пытанне «Кім я хачу быць, калі вырасту?» крыху раней. Штодзённасць, руціна, бытавы гумар, цяпло абдымкаў – вось што становіцца ў адносінах па-сапраўднаму важным, а не размовы пра прызначэнне.
Адзінота – не прысуд, не пакаранне і не праклён, не нешта, ад чаго пры любым раскладзе трэба пазбавіцца або што неабходна спрабаваць замаскіраваць, нібы танальнікам прышчык. Адзінота – гэта заўсёды пра тут і цяпер, пры дадзеных абставінах, але гэта зусім не азначае, што назаўсёды. «Нармальных» і «добрых» не разабралі – таму што «нармальныя» і «добрыя» не піражкі.
Не бойцеся спазнаваць людзей лепш. І давайце іншым шанц спазнаць вас.
Як ні дзіўна, але менавіта час дае нам у рукі козыры, а боль вучыць пазбаўляцца ад звычкі спальваць масты. Чым старэйшымі мы становімся, тым больш хочам сапраўднай блізкасці, а гэта немагчыма, калі пры ўваходзе ў любыя новыя стасункі перш за ўсё шукаць вачыма выхад.
Думайце, сумнявайцеся, спрабуйце. Не верце, быццам ёсць толькі адзін варыянт развіцця падзей, адзін чалавек на ўсё жыццё, адна магчымасць, якую нізашто нельга ўпусціць. Таму што гэта не так – і ўпушчаных магчымасцей будзе шмат. Гэта нармальна. Але ісці доўгай дарогай – не тое самае, што ісці няправільнай дарогай. Чым лепш вы ведаеце, куды вам трэба, тым вышэйшыя шанцы, што потым не давядзецца вяртацца ў пачатковую кропку і стартаваць нанова, таму што канчатковы пункт прызначэння нічога не даў, а толькі знясіліў.
Яшчэ адзін важны нюанс, пра які трэба памятаць: мы ўступаем у адносіны не толькі каб разам «дыхаць духамі і туманамі» – усе мы шукаем у адносінах пэўную выгаду для сябе.
Бяспеку, фінансавую стабільнасць, партнёрства, магчымасць нарадзіць дзяцей, знайсці таго, хто будзе нас слухаць і прымаць рознымі, а не толькі ў прыгожай сукенцы. Усё гэта – абсалютна нармальныя жаданні, з якімі важна вызначыцца на старце, задаўшы сабе пытанне: «Чаго я хачу ад адносін?» Менавіта ад адносін у прынцыпе, а не ад канкрэтнага мужчыны ці жанчыны.
Таму што калі раптам выявіцца, што на самай справе ўсё, што вам трэба, у вас і так ёсць або вы лёгка можаце сабе гэта даць, а імкненне завязаць адносіны – гэта толькі спосаб пазбавіцца ад сацыяльнага ціску («Ну калі ўжо замуж, калі?»), то каханне ў вашым жыцці можа яшчэ доўга не з’яўляцца. Менавіта гэты пасыл – «мне і адной добра» – вы будзеце неўсвядомлена трансліраваць свету, сабатуючы любыя магчымасці з кімсьці зблізіцца і знаходзячы гэтаму тысячу апраўданняў, якія гучаць лагічна.
Але калі вы сапраўды хочаце завесці з кімсьці адносіны (і не ў тупік!), то прапрацуйце гэтае пытанне, даследуйце свае ўстаноўкі – магчыма, у вас атрымаецца знайсці тыя, якія замінаюць, «тармозяць», і нарэшце «зняць сябе з ручніка».9
Скачок у невядомасць
мама,
калі ты кажаш
«будзь разумніцай»,
што ты маеш на ўвазе:
не забываць засцерагацца або
ніколі не гаварыць «кахаю»?
Ксенія Жалудова
Калі я была адна, я ўвесь час спрабавала зразумець, над якімі рысамі свайго характару мне трэба «папрацаваць», каб мяне можна было «пакахаць».
Ідэя ўласнай дэфектыўнасці ўзялася не з галавы – інтэрнэт запоўнены артыкуламі пра тое, якой ні ў якім разе нельга быць, калі хочаш адносін: знойдзеш хоць адну прыкмету ў сябе – пішы прапала. Пераняўшы ўсе гэтыя парады, наогул здзіўляешся, як людзі сыходзяцца. Такая рызыка!
Крыху пазней я зразумела, што поспех або няўдачу стасункаў прадвызначае не тое, якія вы ў іх пачатку, а тое, як вы спраўляецеся з цяжкасцямі ў працэсе. Наколькі хутка вы страсаеце з сябе шалупінне, здымаеце карону і сярод тоны смецця і мноства шумаў вылучаеце жывое сэрца іншага – сэрца, якому таксама страшна.
Часта нам здаецца, што спачатку мы такія шчырыя адно з адным, сапраўдныя і адкрытыя – як ніколі раней. Мы быццам здымаем маскі, агаляем сваю сарцавіну і дазваляем іншаму чалавеку дакрануцца да яе. Але вопыт паказвае, што «цукеркава-букетны» перыяд – гэта ўсё ж такі час падману, неўсвядомленага і ненаўмыснага.
Тое, што мы гаворым, як сябе падаём і кім імкнёмся выглядаць у вачах ледзь знаёмага, але сімпатычнага чалавека, звычайна мае вельмі мала агульнага з намі сапраўднымі, таму што голенькімі і ўразлівымі нас «асуджаныя» бачыць (і кахаць) толькі самыя блізкія і родныя, з якімі шмат пройдзена. А першае спатканне – гэта спектакль, магчымасць распушыць пер’е, паказаць прыгожы хвост.
Я зразумела гэта, падняўшы з-за цікаўнасці гісторыю адной з першых перапісак з мужам. Мне хацелася знайсці ў ёй знакі «наканаванага», цень Вялікага Кахання, што маячыла на гарызонце. Аднак я не знайшла нічога, акрамя аповедаў пра тое, якія паспяховыя, самастойныя, самадастатковыя і шчаслівыя ў нас жыцці – адно без аднаго.
Пачынаць адносіны страшна. Яшчэ больш мужнасці трэба, каб даць ім шанц, а не задні ход на першым жа павароце. Сказаць: «Я кахаю цябе», – таксама страшна. Страшна з гэтымі словамі паспяшацца. Але яшчэ страшней з імі спазніцца, зразумеўшы, што паміж вамі ўжо адлегласць у некалькі дзён дарогі, іншыя людзі і дзеці.
Пра што варта памятаць: любая ваша гісторыя кахання будзе ўнікальнай. Няважна, як пачынаюцца або заканчваюцца чужыя адносіны – яны не маюць нічога агульнага з вашымі. Як бляск і раскоша вяселля не ўзаемазвязаныя з якасцю і працягласцю шлюбу, так і намаляваная ў вашай галаве карцінка будучыні – не больш чым ілюзія.
Здорава, што вы нешта сабе прыдумалі пра адносіны. Падрыхтуйцеся, што ўсё можа пайсці не так.
Часта людзі, якія перажылі здраду, выбіраюць «верыць у тое, што нікому нельга верыць», баючыся зноў скурчыцца ад болю ў які-небудзь нецудоўны дзень. Яны прымаюць рашэнне не давяраць, як манахі прымаюць зарок, і нясуць яго, як сцяг маленькай ганарлівай краіны, што аднойчы разбурылі дашчэнту.
Я разумею, што стаіць за гэтым рашэннем, і паважаю перанесены боль, але на доўгай дыстанцыі – такой, як жыццё, – гэтая стратэгія аказваецца недальнабачнай. Вам здрадзіў адзін чалавек, а не ўся планета. Да таго ж вы дакладна ведаеце людзей – рэальных людзей, вашых знаёмых, – якім таксама здрадзілі, а яны не толькі рызыкнулі не здацца, але і сустрэлі новае каханне і цяпер шчаслівыя. Няўжо вы чымсьці горшыя? Чаму вы думаеце, што ў вас не атрымаецца? Чыім голасам гаворыць у вашай галаве гэты страх?
Што б ні здарылася, вы справіцеся. Якая б «цёмная ноч» ні наступіла, праз якія б складаныя пачуцці вам ні давялося прайсці, вы выйдзеце з іх жывымі, умудронымі досведам і з каштоўнымі ведамі пра сябе (няхай і не без сівых валасоў). Таму што «ёсць час працаваць, і ёсць час кахаць – ніякага іншага часу не застаецца»10. Іншымі словамі, каханне дадзена для таго, каб перажываць яго, не перажываючы, чым і калі ўсё скончыцца, ці не будзе марным. Можа, будзе, а можа, і не.
Пакуль не скокнеце, не зразумееце.
Разам

Пра «ідэальныя» адносіны
…кахаеш, верыш: шчасце так блізка і непазбежна,
шчырым смехам казычаш сонечны мяккі бок,
таму што кахаць – гэта сорамна, цёпла, кунежна,
ва ўсе бакі свету, напрасцяк, наўскасяк,
наскрозь, праз зямную вось.
Ксенія Жалудова
Калі мы адважваемся на адносіны, нам хочацца, каб усё было ідэальна – прыгожа і лёгка, надзейна і далікатна. Без непрыемных сюрпрызаў і сварак, раздражнення і недагаворак.
Але, як бы ні было крыўдна, «ідэальныя» адносіны магчымыя толькі ў адным месцы – у нашай галаве. Як толькі яны выходзяць у рэальны свет, карцінка пачынае дрыжэць – і схлопваецца.
Прычына простая: «ідэальныя» адносіны мы заводзім з прыдуманым ідэальным партнёрам у прыдуманых ідэальных абставінах. Аднак гэта не мае нічога агульнага з тым цудоўным хаосам, які і ёсць жыццё.
«Ідэальныя» адносіны не прадугледжваюць памылак, незадаволенасці, крыўдаў і расчараванняў. Яны ўвогуле не прадугледжваюць росту.
«Ідэальныя» адносіны – гэта не дом, а музей, дзе не дазваляецца кранаць рукамі прыгожае, шамацець абгорткамі і гучна смяяцца. Яны не прадугледжваюць развіцця, паколькі змены тояць у сабе парушэнне раўнавагі, крызісы, стомленасць – а ў «ідэальных» адносінах месца для гэтага не адводзіцца. У іх увогуле нельга рухацца, яны жыццяздольныя роўна настолькі, наколькі вы гатовыя ціхенька сядзець на канапе і глядзець у сцяну. Дарэчы, на ёй звычайна вісяць усяго дзве карціны: «Заўсёды» і «Ніколі» – менавіта гэтымі словамі мы часцей за ўсё аперыруем, калі апісваем «ідэальныя» адносіны.
«У ідэальных адносінах партнёр заўсёды…», «У ідэальных адносінах партнёр ніколі…» Бяда ў тым, што, калі ў вас ёсць набор такіх жорсткіх установак, жывы партнёр – той самы, які любіць вішнёвы кампот і кранальна картавіць, – можа так і не здарыцца ў вашым жыцці. Вы маглі б у поўнай згодзе пражыць з ім гадоў восемдзесят, але не разглядзелі яго, а то і зусім адмовілі яму, таму што чакалі ад яго «заўсёды» і «ніколі», а ён, халера, «калі-нікалі», «час ад часу» і «не-не – ды і так».
Часта мы і самі не ведаем, што такое «ідэальныя» адносіны, – замест гэтых ведаў у нас прабел, але ёсць вялікае жаданне яго запоўніць.
Бо здаецца, што, калі пра «ідэальныя» адносіны столькі гавораць, значыць, рэч вартая, «трэба браць» – а ніякія іншыя адносіны браць не трэба.

І тады мы звяртаемся да кніг, фільмаў, падглядаем за чужымі гісторыямі кахання, выхопліваем з іх ідэі – катанне на конях, кава ў ложак, букеты пунсовых руж пад акном – і спрабуем рэалізаваць іх ва ўласным жыцці. Знешне атрымліваецца прыгожанька, але сапраўднай радасці не прыносіць: на коней аказваецца алергія, кава праліваецца на новыя прасціны, а кветкі ўжо на трэці дзень блякнуць і прывабліваюць мошак.
А выклікае пяшчоту і да глыбіні душы кранае іншае – «неідэальнае», такое, што не пакажаш, чым не пахвалішся. Напрыклад, словы «Света, прабач мне, дурню», якія напісаны нязмыўнай фарбай перад пад’ездам і да гэтага часу забаўляюць суседзяў. Або пірог, у які вы выпадкова ўбухалі дзве шклянкі солі – ад хвалявання перад вячэрай з бацькамі. Або спазненне на ўласнае вяселле (калі сёй-той вырашыў, што ведае дарогу значна лепш, чым навігатар).
Збоку ўсё гэта можа выглядаць недарэчна і дзіўна, але ўспаміны аб гэтых момантах грэюць так, што не патрэбныя ніякія батарэі: варта толькі падумаць – і ўжо сагрэўся.
Менавіта ў моманты найбольшай «неідэальнасці» мы шмат разумеем пра якасць нашых адносін.
Падзялюся з вамі гісторыяй, якую расказала мне сяброўка Вера і дазволіла апублікаваць яе ў кнізе.
Аднойчы я напісала ў дзённіку: «У гэтым годзе, калі адносінам споўніцца дзесяць гадоў, мы або павянчаемся, або развядзёмся – у мяне больш няма душэўных сіл укладвацца ў гэты шлюб. Нешта павінна змяніцца, так далей нельга».
А неўзабаве здарылася вось што: дачка прынесла з садка вошай, прычым не адну-дзве – а цэлую процьму. Калі я ўбачыла, як яны варушацца ў яе валасах, мяне ледзь не званітавала ад агіды. Адразу ж паехалі па спрэй у аптэку. Па дарозе ў машыне ў мяне трэсліся рукі і цяклі слёзы. Не ведаю, можа, хтосьці спакойна ставіцца да ўсякіх вошай – ну вошы дык вошы, не трэба драматызаваць. Мне ж было брыдка. Чаму менавіта на нашу салодкую дзяўчынку, цудоўную далікатную прынцэсу напала гэтая дрэнь?
Калі вярнуліся дадому, я пайшла ў пакой пераапранацца і набірацца смеласці. Доўга сцягвала джынсы. Усяляк адтэрміноўвала момант.
А потым адчыняю дзверы пакоя – і бачу праз калідор, што муж стаіць у кухні і апрацоўвае дачцэ валасы. Не зняўшы нават курткі, скінуўшы толькі абутак, адразу ўзяўся за яе. Пакуль я ніяк не магла знайсці ў сабе сілы распачаць гэтую справу, ён ужо апрацаваў паўгалавы. І ласкава так прыгаворваў: «Нейкія маленькія блошкі цябе апанавалі, але іх зусім мала. Мы зараз твае прыгожыя валасы палечым – і яны стануць яшчэ больш прыгожымі, яшчэ больш пушыстымі…»
І ў тую секунду, нібы ў падзорную трубу, я ўбачыла ў канцы калідора ўсё сваё жыццё. Што ўсё, што з намі было, ішло менавіта да гэтага моманту.
Карцінка, як муж стаіць у куртцы і ратуе нашу дачку ад вошай, лягла, нібы апошняя дэталька, якой неставала, у пазл нашага сямейнага жыцця, і я ўбачыла, якое яно напоўненае. Я нарэшце супакоілася. І зразумела, што калісьці зрабіла правільны выбар.
Ён мой мужчына.
Мы разам, і мы сям’я.
У Веры не «ідэальныя» адносіны – у Веры адносіны, у якіх шчасця ўсё ж такі нашмат больш, чым незадаволенасці. Зусім не важна, як гэта выглядае збоку, наколькі гэта падобна на тое, пра што пішуць у кнігах і здымаюць кіно: калі Вера бачыць мужа, яна разумее, што яе дом там, дзе ён. Яны разам ствараюць агульнае, пражываючы звычайнае неідэальнае жыццё, з яго турботамі і клопатамі. І пражываюць яны яго не так, як «трэба», а так, як атрымліваецца ў канкрэтных абставінах, з тым наборам сіл, што ёсць.
У адносінах заўсёды будуць моманты, калі вы будзеце сумнявацца, шукаць адказы, рашэнні і тых, з кім можна параіцца, – гэта нармальна. Але заўсёды памятайце: тэорыя ёсць тэорыя.
Добра разважаць, «як трэба» сябе паводзіць у адносінах, як паводзіць сябе «па-даросламу», – але будзе так, як атрымаецца ў вас дваіх.
Наколькі вы абое будзеце да чагосьці гатовыя (ці не), і наколькі моцна вы ўвогуле захочаце над чымсьці працаваць.
У сітуацыях цяжкіх, складаных, крызісных, калі адольвае роспач, не шукайце, як будзе «правільна», а глядзіце і слухайце, як яно ў вас, як вы цяпер самі, – і дзейнічайце ў залежнасці ад абставін.
У каханні няма інструкцый і гарантый, гэта заўсёды скачок веры, чысты эксперымент. Адзінае, што сапраўды трэба старацца рабіць, – гэта не шкодзіць іншаму і самому заставацца цэлым.
Ратуйце сябе, калі тонеце. Клічце на дапамогу. Шукайце раўнавагу (ці страчвайце яе, калі трэба). Злуйцеся. Пражывайце гора. Плачце. Галоўнае, не ляжыце трупам ля ракі – паўзіце кудысьці ў бок канструктыву. А ідэальныя, «дарослыя» паводзіны пакіньце тэорыяй – не трэба іх на сябе нацягваць, калі ў рэчаіснасці вы нічога такога не адчуваеце.
Не шукайце гатовых варыянтаў, якія падкажуць, што трэба зрабіць, – слухайце сябе і заўважайце, што вы зрабіць хочаце. Чым больш шчырыя вы з сабой, тым хутчэй вы выйдзеце на дарогу, якая ў рэшце рэшт прывядзе вас Дадому.
Туды, дзе вас будуць кахаць з усімі вашымі шурпатасцямі, расколінкамі, сколамі і літарай «р», якую вы не выгаворваеце. І бачыць у гэтым не недахоп, а прыгажосць.
Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.