Kitabı oku: «Скрыпка беларуская», sayfa 2
Yazı tipi:
ВАМ, СУСЕДЗІ
Вам, суседзі, вам, кумочкі,
Беларусы-галубочкі,
Пяю з сэрца, падцінайце,
Вы грамадай голас дайце.
Зложым песьню цэлым людам.
Выйдзе пекна, стане цудам.
Як сьвет сьветам яшчэ стаў,
Такой песьні не слухаў:
Восем, дзевяць… і мільён
Грудзей зьльецца ў адзін тон,
Дадуць песьню, а ў ёй труд,
Доля, жыцьце. Ці ж ня цуд?
Ад вякоў мы, братцы, спалі,
А тут разам засьпявалі.
1905
ЛЕТА
Ніва шуміць каласамі
Жыта сьпелага, аўса;
Ўся прыбрана васількамі,
Як дзяўчына да вянца.
Вецярок па ёй гуляе,
Клоніць колас да зямлі,
Сонца зерне налівае,
Бусл клякоча на гумні.
Гаспадар бяжыць з касою
На зялёну сенажаць,
Сьпяшыць выкасіць з расою,
Смаглей, гладчэй траву сьцяць.
Бабы мыюць, хусты рубяць,
Ш’юць сарочкі, фартухі.
Чутна – ў лесе недзе трубяць,
Сочаць гнёзды пастухі.
Дзеці ў пасецы зьбіраюць
Да кузёмак пазямкі,
А ў грыбах дзяўкі гукаюць:
«Сюды, хлопцы, дзецюкі!»
Настаў дзёнь, прыціхлі хаты,
Вёска стала, як у сьне,
Хіба толькі кот лахматы
Дзе на прыпечку зяўне
Або дзед сталетні зь печы
Ракам лезе вады сьпіць.
Горб ад працы сеў на плечы,
Вочы слабы. Цяжка жыць!
Калісь дзед быў малайчынай,
Спрытным хлопцам ў вёсцы слыў.
Першы ў танец йшоў зь дзяўчынай,
Мёд, гарэлку бойка піў.
А цяпер – трасуцца рукі,
Галавы не утрымаць.
«На печ, дзеду! – крычаць ўнукі, —
Пара табе уміраць!»
А згляні на нашу вёску:
Ўвесь палетак аж гарыць!
Так, як пчолы ў жоўтым воску,
Як алтар, так зіхаціць!
Як бы з стужак, як бы з кветак
Дыван пекны ткач саткаў,
Як бы з руты ды нагнетак
Букет велькі май уклаў.
То ў дэсэні, то у клеткі,
Ў жывых фарбах б'ецца ён.
Ну, ня людзі! Дальбу, кветкі!
Іх лісточкі даюць звон.
Хіба ж гэта не ў палетак
Якім чарам я папаў
А ў гародчык з рожных кветак,
Дзе артыста засяваў.
I мо гэта не дзяўчыны
Гудуць летам над снапом,
А каліны ды маліны
Цягнуць ручкі за хмялём.
Бачу я: ідзе ігрышча,
Там вясельля шчыры сьмех.
Чую скрыпку, дудка сьвішча,
Ў флейту дуюць, як у мех.
Льецца песьня, бягуць тоны,
Аж душу на часьці рве.
Ў барабаны б'юць, у звоны,
Вецер ў губы сабе дзьме.
Дрыжыць нолас, серп аж пеніць,
Сыпле іскры з-пад зубоў.
Перавясла рукі шчэміць,
Сноп ісьці скакаць гатоў.
Вот ігрышча так ігрышча!
Нат і копы пайшлі ў тан.
Ім у тахту пожня сьвішча,
Падцінае барабан.
Неба, гледзячы, зьяснела,
Морам чыстым разьлілось,
Так, як люстра, пасінела,
З слонкам ясным абнялось.
Лес махае галавою,
Дуб, нахмурыўшыся, сьпіць,
Вольха шэпча зь лешчыною,
Беразьняк кусты сьмяшыць.
Мухаморы, як жаўнеры,
Ля дарогі сталі ў рад,
Гараць жарам іх каўнеры,
Шапкі блішчаць так, як гад.
Баравік – грыб над грыбамі —
Аб пень сьпёрся, злы стаіць,
Робіць суд ён над братамі,
Годзіць, просіць згодна жыць.
Суравежкі з казьлякамі
Вядуць сварбу ў добры лад.
З страху рыжык з масьлякамі
Ў мох зашыцца быў бы рад.
Птушак шчогат ўсюды млее,
Па лісточках ўверх бяжыць,
То стужэе, то слабее,
То на гольлях заскрыпіць.
Türler ve etiketler
Yaş sınırı:
12+Litres'teki yayın tarihi:
30 ağustos 2016Hacim:
9 s. 1 illüstrasyonTelif hakkı:
Public Domain