Kitabı oku: «Скрыпка беларуская», sayfa 4
Yazı tipi:
ВЕРА БЕЛАРУСА
Веру, братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон;
На сьвет Божы шырэй глянем,
Век напіша нам закон.
Не чарнілам на паперу,
Дзесь ў архівы не здае, —
Ён зьбірае поту меру
I на ніву нашу лье,
Землю поіць, яна родзе
Сок ў зярнятах нам на хлеб.
Спажываем, a ў народзе
Штось як шэпча: «Ўставай, сьлеп!»
Веру, братцы, ў нашу сілу,
Веру ў волi нашай гарт:
Чую агонь ў нас – ня брыну,
Бачу, братцы, мы ня з карт,
Мы ня з гіпсу, мы – з каменьня,
Мы – з жалеза, мы – са сталі,
Нас кавалі у пламеньні,
Каб мацьнейшымі мы сталi.
Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту,
Рука цьвёрда, грудзь акута,
Пара, братцы, парваць пута!
Кастрычнік – лістапад, 1905.
МУЖЫК НЕ ЗЬМЯНІЎСЯ
Дзевятнасьце сотняў,
Як Езус радзіўся,
I за гэту пору
Мужык не зьмяніўся.
Пайшлі горы долам,
А далы гарамі,
Перасохлі моры
I сталі палямі.
А на гэтых полях
Камень пакрышыўся.
I за гэту пору
Мужык не зьмяніўся.
Знайшлі нову землю.
Порах раздабылі.
Сталі папер ткаці,
Літар насадзілі.
Нарабілі кніжак,
Людзям паказалі,
Ад «хамулы» вока
Толькі ключ схавалі.
Напісаў Капернік,
Што сьвет закруціўся.
I за гэту пору
Мужык не зьмяніўся.
Ах! Застаўся цёмны,
Як той лес зялёны,
Застаўся «хамула»,
Усімі прыцясьнёны.
Людзі папсавалі
Свае душы, сэрцы,
Толькі «хам» застаўся
У чыстай спанцэрцы.
I Бог зь неба глянуў,
Глянуў, зьдзіваваўся,
Што за гэту пору
Мужык не зьмяняўся.
– Ну, ты, – кажа, – сынку,
Прасі, што патрэба,
Усім адарую,
Усё пашлю зь неба.
Я хачу, каб, сынку,
Ты больш не мучыўся,
Каб ты быў свабодны,
З горам разлучыўся.
– О, дай ты мне, Божа,
Хаця нову хату,
Дай кабылу сіву
I жонку багату.
Дай кароўку зь целем,
Сьвінку, курэй колькі,
Дай жыта, мы зьмелем,
I годзе, і толькі.
А за гэта дзякуй!
Буду сабе панам,
Разлучуся з горам
На век вякоў. Аман.
1903
НА МАГІЛЕ
На магіле ўзыду дубам,
Пачну шаптаць братнім губам
Аб іх долі, аб свабодзе,
Стану песьняй у народзе!
Пастух дудку зь мяне скруціць,
Як зайграе, кроў замуціць,
Як засьвішча, кожны стане:
«Што за граньне, што за граньне?
Што то будзе, што то будзе
З гэтай песьні ў нашым людзе!»
Востры зубы, як бы зь пілы,
Колюць, рэжуць, цягнуць жылы,
Смаляць, паляць, пякуць, студзяць,
Старых, малых са сна будзяць.
Як на вуглях кожны стане:
«Што за граньне, што за граньне?
Што то будзе, што то будзе
З гэтай песьні ў нашым людзе!»
Ліст дубовы пад хлеб сьцелюць,
Жолудзь яго ў жорнах мелюць.
А дзе з дуба хоць пылінка, —
Грудзь трасецца, як асінка,
А дзе толькі дудка сьвішча, —
Людзі бягуць, як на йгрышча,
Як на дзіва кожны стане:
«Што за граньне, што за граньне?
Што то будзе, што то будзе
З гэтай песьні ў нашым людзе!»
1905—1906
Türler ve etiketler
Yaş sınırı:
12+Litres'teki yayın tarihi:
30 ağustos 2016Hacim:
9 s. 1 illüstrasyonTelif hakkı:
Public Domain