Kitabı oku: «Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын», sayfa 2
Бітва каля вакзала
1
Я прыехаў у Варшаву па выдавецкіх справах і адразу пазваніў свайму сябру Болеку.
– Ты тут? – узрадваўся той. – Вось цяпер мы дакладна паездзім па Польшчы. Ты куды хочаш – у Кракаў ці ў Гданьск?
– У Гданьск, – сказаў я. – Там і Сопат побач.
– Не толькі Сопат, – засмяяўся Болек. – Заўтра ўранку сустракаемся на вакзале.
Мы з Болекам даўно дамаўляліся праехацца па Польшчы. Болеку больш даспадобы была паездка ў Кракаў, гістарычную сталіцу Польшчы, але я выбраў Гданьск, колішні Данцыг. Там ваяваў мой дзядзька, і я хацеў, як кажуць, пазнаёміцца з мясцовасцю.
Сябры звалі нас Болек і Лёлік. Канечне, пры жаданні Алеся можна было перарабіць у Лёліка, але ўсё-ткі гэтае жаданне павінна было быць вельмі моцным. Спачатку я пратэставаў, аднак потым прызвычаіўся. А Болек і не пратэставаў, па натуры ён быў канфарміст. Хаця сябраваць з рускімі ў Польшчы адважваўся далёка не кожны канфарміст.
– А мы нікому не скажам, – гаварыў Болек, калі я яму нагадваў пра гэта. – Давай лепш вып’ем.
Мы сустрэліся на вакзале. Болек ужо ўзяў білеты туды і назад.
– Прыедзем, пагуляем па Гданьску, з’ездзім у Сопат і Мальбарк і вячэрнім цягніком вернемся, – паведаміў ён. – Я тут пакінуў машыну, каб адразу адвезці цябе ў гатэль.
– Я спыніўся ў Рускім доме, – сказаў я.
– Адвязу цябе нават у Рускі дом, – усміхнуўся ён.
– Нацыяналістам не скажам? – шэптам спытаўся я.
– Нікому не скажам, – таксама шэптам адказаў Болек.
2
Мы ўладкаваліся на сядзеннях. Цягнік крануўся.
Нейкі час я пазіраў у акно, потым пераключыўся на тэлевізійныя навіны. Ва ўніверсітэце я вучыў польскую мову, і набытых ведаў мне хапала не толькі для зносін з Болекам, але і для прагляду апошніх навін. Тэлевізійная карцінка значна аблягчала разуменне таго, што адбывалася ў свеце. У глыбіні душы я спадзяваўся, што калі-небудзь гэтыя веды дапамогуць мне дамовіцца аб рамантычным спатканні з чароўнаю Тэрэзай альбо Гражынай, аднак пакуль такі выпадак не надарыўся. Я хацеў быў спытацца, ці ёсць у шоу Болека, якое ён вядзе на тэлебачанні, падыходзячыя экземпляры, але ён мяне апярэдзіў.
– Матка Боска! – схапіў мяне за руку Болек і перажагнаўся.
– Што такое? – занепакоіўся я.
– Глядзі, гэта ж прывакзальная плошча ў Варшаве!
Болек пабляднеў, на лбе ў яго выступілі дробныя кроплі поту.
– Так, – прыгледзеўся я, – плошча, нядаўна мы на ёй былі.
– Я там пакінуў свой «сааб»…
– Добрая машына, – кіўнуў я, – лепшая за маю «міцубішы».
– Дык жа там зараз нямецкія геі, і яны б’юцца з нашымі гамафобамі!
Болек ледзь не плакаў.
Высветлілася, што ў Варшаву з Германіі для ўдзелу ў гей-парадзе прыбыў цягнік з гэтымі самымі геямі, трансгендарамі і іншымі бісексуаламі. І на прывакзальнай плошчы з дубінкамі ў руках іх сустрэлі мясцовыя ахоўнікі чысціні нораваў.
– Пяць тысяч геяў! – схапіўся за галаву Болек.
Я падумаў, што ў адзін цягнік пяць тысяч пасажыраў не ўлезуць, нават калі яны будуць сядзець ці ляжаць адзін на адным. Але гаварыць зараз пра гэта Болеку не было сэнсу. Ён быў на мяжы істэрыкі.
– У гады сваёй бурлівай маладосці ў Мінску мне з імі даводзілася сустракацца, – сказаў я. – Сярод іх поўна качкоў.
– Каго? – на імгненне сціх Болек.
– Хлопцаў з нарошчанымі біцэпсамі і трыцэпсамі. Пабіць іх было няпроста.
– Мая машына! – зноў схапіўся за галаву Болек. – Што яны зробяць з маёй машынаю?!
– Пазвані каму-небудзь, каб яе забралі з плошчы, – сказаў я. – Ты ж пакідаеш ключы ад машыны сваякам ці палюбоўніцы?
– Нікому ключы я не пакідаю! – закрычаў Болек.
Адчувалася, што размова са мной толькі пагаршае ягонае становішча. Я замаўчаў.
3
Наш цягнік прыбыў у Гданьск, і мы накіраваліся на пешаходную вуліцу, якая была запоўненая вулічнымі мастакамі і турыстамі.
Болек мяне папярэдзіў, што на гэтай вуліцы трэба асцерагацца кішэннікаў, якіх тут поўна. Аднак зараз сам ён знаходзіўся ў поўнай прастрацыі, абсалютна не думаючы пра цэласць бумажніка. Як добры ахоўнік, я ішоў за ім на паўкроку ззаду, уважліва сочачы за сітуацыяй.
– Куды паедзем? – спыніўся Болек.
– У Сопат, – сказаў я. – Гэта адзінае месца, дзе мы здолеем прывесці свае думкі ў парадак.
Болек паслухмяна пайшоў за мной на вакзал.
Мы прыехалі ў Сопат і прагуляліся па дарожках уздоўж пясчанага пляжа. Для ліпеня тут было халаднавата. Некаторыя з тых людзей, што загаралі на пляжы, хаваліся ад ветру за сімвалічнымі загарадкамі, зробленымі з падсцілак. Некалькі хлопцаў і дзяўчат гулялі ў валейбол, але і мяч зносіла ветрам.
– Пайшлі ў кафэ, – прапанаваў я.
Болек моўчкі пайшоў за мной.
– Чым будзем закусваць? – спытаўся я.
– Халібутам, – сказаў Болек.
Я замовіў палтуса, падсмажанага ў кіпячым алеі, па-польску ён называўся халібутам, і трохі гарэлкі.
– Выпі, – падсунуў я да Болека чарку, – гэта адзінае, што можа дапамагчы ў дадзенай сітуацыі.
Болек выпіў.
– Гарэлку добра галёнкай закусваць, – сказаў ён і ўздыхнуў.
Мелася на ўвазе свіная галёнка. Гэта сапраўды была добрая закуска.
– Палтусам таксама някепска, – сказаў я. – Зноў немцы вам свінню падклалі. Спачатку крыжакоў нацкавалі, потым Гітлера са Сталіным, цяпер вось геяў падаслалі.
– Гэта англа-саксы, – вяла пакалупаў палтуса Болек. – У іх Ротшыльд з Ракфелерам на службе. Сусветны ўрад.
Ён ізноў цяжка ўздыхнуў.
– Як думаеш, хто ў гэтай прывакзальнай бойцы перамог – геі ці вашыя? – спытаўся я.
– Якая розніца? – паглядзеў на мяне Болек. – Маю машыну ўжо нічога не ўратуе. Замак крыжакоў паедзем глядзець?
– Канечне, – сказаў я. – Даўно марыў убачыць яго.
4
Гняздо тэўтонскіх рыцараў я агледжваў без Болека.
– Я яго ўжо бачыў, – сказаў ён. – Пасяджу вунь у той кавярні.
На яго было балюча глядзець.
«Няхай пасядзіць, – падумаў я. – Я яму толькі на нервы дзейнічаю».
Я паказаў журналісцкае пасведчанне, і мяне ў замак прапусцілі бясплатна.
Памеры і моц замка пераўзышлі ўсе мае чаканні. Гэта была цытадэль у поўным сэнсе гэтага слова. Тут рыцары елі, там спалі, у гэтым крыле спраўлялі патрэбу. Усё ў замку было прадумана да дробязяў. Я нават пасядзеў у крэсле вялікага магістра ордэна Ульрыка фон Юнгінгена.
«І як толькі палякі перамаглі іх у бітве пад Грунвальдам! – здзіўляўся я, седзячы ў крэсле. – А ўсё таму, што кароль польскі Ягайла аб’яднаўся з вялікім князем літоўскім Вітаўтам, узяўшы ў паплечнікі татарскую конніцу Джалаладдзіна і тры палкі смалянаў. На жаль, больш нам адзіным фронтам выступаць не даводзілася».
Я злез з крэсла і пайшоў да Болека.
– Пра што-небудзь даведаўся? – спытаўся я.
Болек адмоўна пахітаў галавой.
– Ну і добра, – сказаў я. – Будзем спадзявацца на цуд.
І гэты цуд здарыўся.
Мы прыехалі ў Варшаву і выйшлі на прывакзальную плошчу. Яна спрэс была засыпаная бітым шклом, зламанымі дубінкамі, жалезнай арматураю і падранымі анучамі. І на ўсёй гэтай вялізнай плошчы, якая патанала ў кучах смецця, стаяла толькі адна машына. Гэта быў «сааб» Болека. На ім не было ні драпіны.
– Матка Боска! – зноў закрычаў Болек. – Ніякага Рускага дома! Паехалі да мяне!
Мы прыехалі да Болека і прасядзелі ў яго да раніцы. На гэтым урачыстым сходзе мы не толькі ўзнеслі асану Госпаду, але і абвясцілі братэрства каталікоў і праваслаўных. Болек некалькі разоў прамовіў слова «схізматыкі», але я гэтага не заўважыў.
– А геі няхай ідуць у… – крычаў Болек, уздымаючы келіх.
– Яны туды і пайшлі, – супакойваў я яго. – «Яшчэ раз, яшчэ раз, нех жые-жые нам!»
Гурыі ў Галіцыне
Мне пазваніў пісьменнік Аляксей Пролін і запрасіў да сябе на дзень нараджэння.
– Галіцына ведаеш? – спытаў ён.
– Канечне, – сказаў я. – На беларускай дарозе.
Праз Галіцына я шмат разоў праязджаў на цягніку Масква – Мінск, аднак бываць у ім мне яшчэ не даводзілася. Зрэшты, у Падмаскоўі нямала пасёлкаў, у якіх я не бываў. Як кажуць, якія нашыя гады, яшчэ сямідзесяці няма.
– Прыязджай, – сказаў Пролін. – Кумпанія тая ж, што і ў ЦДЛ. Наконт пітва таксама ўсё ведаеш. Карацей, чакаю ў пятнаццаць нуль-нуль, ужо хутка цямнее.
– Добра, – сказаў я.
З Проліным я пазнаёміўся ў Цэнтральным доме літаратараў. Потым у нас у адным і тым жа выдавецтве выйшлі кнігі, і мы міжволі зблізіліся. Ён аказаўся не толькі добрым пісьменнікам, але і дасціпным субяседнікам. Глухаваты, праўда, але для чалавека, якому ўжо пад восемдзесят, гэта нармальна.
«Вазьму бутэльку рыжскага бальзаму, – вырашыў я, – слоік леташніх марынаваных апенек, падпішу кнігу, якая нядаўна выйшла, – і вось ён, тыповы маскоўскі госць. Добра, кветкі купляць не трэба, не юбілей. Ды і мужчынам яны не пасуюць».
«Гледзячы, якім мужчынам, – сказала маё другое “я”. – Некаторым кветкі падабаюцца».
«Гэта ў каго бабы, – запярэчыў я. – А ў Аляксея яе, здаецца, няма. Вунь як вакол Кацярыны ўвіхаецца».
Кацярына была галоўным рэдактарам выдавецтва, у якім у нас з Проліным выйшлі кнігі. Яна была не толькі маладая, але і надзвычай прыгожая, што ў выдавецкім свеце было хутчэй выключэннем, чым правілам. Я і сам бы паўвіхаўся вакол яе, але ж занадта многа канкурэнтаў. Акрамя Проліна, гэта былі філосаф з Каломны Малюцін, паэт Пянцюх, які хадзіў з кавялой, і марыенбадскі язвеннік Аганясян. Марыенбадскім я яго называў таму, што кожны год ён на два тыдні ездзіў у Марыенбад для папраўкі здароўя. І, здавалася, яму ўдавалася гэта зрабіць. Я сам, напрыклад, не ўмеў пазбегнуць мацнейшага ўдара па ўласным здароўі ні на адным з курортаў. Але гэта асобная гісторыя.
У Галіцына я вырашыў ехаць на таксі.
– А чаму не на машыне? – здзівіўся мой сын Ягор. – Усяго пятнаццаць хвілін ад Перадзелкіна.
У Перадзелкіне ў нас была дача, і ехаць адтуль у Галіцына сапраўды было б зручней на машыне. Але што яна ў жыцці разумее, цяперашняя моладзь.
– У адрозненне ад усіх вас, – сказаў я, – за рулём я не п’ю.
– Мы не толькі за рулём, – гмыкнуў Ягор, – мы зусім не п’ём.
Тут ён сказаў праўду. Ягор і ўся іхняя перадзелкінская кампанія былі абыякавыя да алкаголю. Мяне, зрэшты, здзіўляла яшчэ і тое, што ў гэтай кампаніі хлопчыкі лёгка сябравалі з дзяўчынкамі. У тыя часы, калі мне было столькі ж гадоў, колькі ім, гэта было немагчыма. Мы ці кахаліся, ці варагавалі, і трэцяга не існавала.
– Закажы мне лепей таксі, дзе не трэба плаціць, – сказаў я. – Выдатны від транспарту.
– Закажу, – кіўнуў Ягор, – але ўваб’ю ў заказ нумар тваёй банкаўскай карты. Ён у мяне ёсць.
«Пракаціцца на шармачка не ўдасца, – падумаў я, – але ўсё роўна гэта лепш, чым расплачвацца жывымі грашыма».
І я сказаў Ягору, каб ён заказваў машыну на палову на трэцюю.
Нягледзячы на затор, які ўтварыўся на мінскай шашы з-за перакуленага аўтакрана, мы даехалі да Галіцына за дваццаць хвілін.
«Раней за ўсіх прыеду», – падумаў я.
Вадзіцель таксі ехаў строга па навігатары. Мне летась на дзень нараджэння таксама падарылі навігатар, але я дасюль не сабраўся яго паставіць. Без навігатара ўсё-ткі лягчэй было адбрэхвацца ад дамачадцаў.
– Адвязі мяне ў сядзібу Кускова, – патрабавала жонка.
– А я не ведаю, як туды ехаць, – лёгка адказваў я.
– Ты ж трыццаць гадоў за рулём, – не разумела яна.
– А як ехаць у Кускова – не ведаю, – уздыхаў я. – Гэта ўсё ж не мая вотчына, юсупаўская.
З навігатарам такі нумар не прайшоў бы.
– Які вуліца? – спытаў вадзіцель. Ён быў, канечне, гастарбайтар.
– Барадзінаўская, – сказаў я.
– Даўно ваджу машыну, але горад яшчэ не вывучыў, – прамармытаў ён, напружана ўглядваючыся ў навігатар.
Я паціснуў плячыма. Усе мы даўно водзім. І ўсе яшчэ не ўсё вывучылі.
Мы паўзлі па нейкай ухабістай вулачцы, але гэта мяне амаль не непакоіла. Навігатар ведае, па якіх вулачках нам поўзаць.
– Тут, – сказаў вадзіцель. – Бачыш, напісана?
Вулачка ўпіралася ў глухія жалезныя вароты, на якіх вісела шыльда: «Барадзінская, д. 11».
Мне быў патрэбны дом дзесяць «А», але я адчыніў дзверы машыны і выйшаў. Раз ёсць дом адзінаццаць, значыць, дзесьці побач і дом дзесяць «А».
Таксі развярнулася і паволі паехала па вулачцы назад. Я азірнуўся па баках. На паўнацэнную вуліцу гэтая выбоістая вулачка не цягнула. Уся спрэс яна была ў глухіх жалезных парканах, з-за якіх бачыліся чарапічныя дахі змрочных цагляных асабнякоў.
«Няўжо ён такі багаты? – падумаў я пра Проліна. – Па ім не скажаш».
Каля аднаго з парканаў стаяў джып, у салоне якога сядзелі мужчына і дзяўчынка гадоў каля пяці. Пакуль я ішоў да джыпа, мужчына з дзяўчынкаю выбраліся з яго.
– Дзе тут дом дзесяць «А»? – спытаў я.
Мужчына паціснуў плячыма і накіраваўся, прыспешваючы хаду, да весніц у паркане. Ён і дзяўчынка так сінхронна азіраліся на мяне, што я зразумеў: гэта бацька з дачкой.
Я спыніўся, яшчэ раз паглядзеў направа-налева і таксама паціснуў плячыма.
– Давядзецца званіць Проліну, – услых сказаў я.
Аляксей адказаў пасля трэцяга гудка.
– Ты дзе? – спытаў ён.
– Стаю на Барадзінскай вуліцы каля дома нумар адзінаццаць, – адрапартаваў я.
– На Барадзінскай такога дома няма, – памаўчаўшы, сказаў Пролін.
– Ды вось напісана на варотах: Ба-ра-дзін-ска-я, – па складах прачытаў я.
Пролін зноў памаўчаў.
– Ты куды і на чым прыехаў? – нарэшце спытаў ён.
– У Галіцына на таксі.
Я вырашыў быць карэктным да апошняга.
– Барадзінская вуліца даўжынёю дзвесце метраў! – закрычаў Пролін. – І цябе на ёй няма! Я выйшаў на Барадзінскую і гляджу ва ўсе бакі – няма цябе!
– А дзе я? – спытаў я, з усяе моцы стараючыся валодаць сабою.
– Не ведаю! – крыкнуў Пролін і адключыў тэлефон.
Я ў разгубленасці зноў паглядзеў па баках. Тыя ж парканы. Ранейшыя асабнякі. І ніводнай жывой душы, апроч мяне, вядома.
«Вось і з’ездзіў на дзень нараджэння!» – хіхікнула маё другое «я».
«Заткніся! – раз’юшыўся я. – Тут нашымі літарамі напісана – Барадзінская!»
У канцы вулачкі паказаліся дзве мужчынскія постаці. Я адразу зразумеў, што гэта гастарбайтары, але, тым не менш, кінуўся ім насустрач.
– Дзе тут вуліца Барадзінская? – спытаў я, калі яны параўняліся са мной.
– Нэ знаю, – сказаў адзін з іх.
– Там Лясная, – паказаў на завулак другі.
«Бярмудскі трохкутнік!» – злосна сплюнуў я.
У кішэні курткі завібраваў мабільнік.
– Ну, і дзе ты? – пачуў я голас Проліна.
– Тут, – сказаў я, круцячы галавой. – Вакол жалезныя парканы і цагляныя дамы. У цябе цагляны дом?
– Ты мне зубы не загаворвай! – адчувалася, Пролін таксама ледзь стрымліваецца. – Ты дакладна ў Галіцына прыехаў? Не ў Жаваранкі?
– Што я, Жаваранкі не ведаю? – сказаў я. – Па навігатары ехаў, а ён Галіцына з Жаваранкамі не зблытае.
– Яшчэ раз скажы: на якой вуліцы ты знаходзішся?
– На Барадзінскай, – адказаў я, адчуваючы сябе калі не дурнем, дык паўдуркам. – Так на шыльдачцы напісана. Рускімі літарамі.
– А шыльда на чым вісіць?
– На жалезных варотах у тупіку.
– У нас няма тупіка! – зноў закрычаў Пролін. – Калі не можаш выйсці на Барадзінскую, выбірайся хоць бы на праспект Рэвалюцыі! У нас гэта галоўная вуліца.
І ён адключыўся.
«Мала табе Барадзінскай, – паныла падумаў я, – атрымай праспект Рэвалюцыі. Цудоўная назва».
Такім чынам, я стаяў на вуліцы, на адных з варот якой у тупіку вісела шыльда з назваю «Барадзінская». І ў той жа час Барадзінскай яна не была, таму што на ёй не было бачна Проліна. Між іншым, галіцынскага абарыгена.
«Можа быць, менавіта вось гэтак вар’яцеюць? – зноў вылезла маё другое «я». – У газетах часта пішуць пра старых, якія згубіліся».
«Па-першае, я яшчэ не стары, – запярэчыў я, – а па-другое, не твая сабачая справа. Сядзі і маўчы».
«Ну-ну, – гмыкнуў субяседнік. – Барадзінскую ўжо знайшоў, цяпер шукай праспект Рэвалюцыі».
– І гэта я яшчэ не піў! – услых здзівіўся я.
«Бутэльку рыжскага бальзаму адкаркуй, – параіла другое «я». – Прападаць – дык з музыкай!»
Гэта была першая разумная думка майго апанента, але я адкінуў яе. Яшчэ не вечар.
Я паглядзеў на гадзіннік. Палова на чацвёртую. Цікава, госці ўжо ўсе сабраліся?
Ці ёсць такія, хто таксама ехаў па навігатары? Не, на маёй вулачцы больш нікога не было.
Я раптам убачыў, як адчыніліся аўтаматычныя вароты аднаго з асабнякоў, і з іх выехаў джып.
«Цуд! – узрадаваўся я. – Калі больш няма на каго спадзявацца, вер у цуды, і табе адплаціцца».
Я ледзь не бегма накіраваўся да джыпа, матор якога вуркатаў, але з месца ён не кранаўся. У салоне машыны я разгледзеў чатыры постаці ў хіджабах.
«Адкуль тут хіджабы? – спыніўся я. – Я ж знаходжуся ў Галіцыне…»
«А цяпер усё Падмаскоўе пераўтварылася ў Ісламскую дзяржаву, – улезла маё другое «я». – Кожны дзень новыя мячэці адчыняюцца».
Ад разгубленасці я нават не цыкнуў на спрачальніка.
Усе чатыры ўладальніцы хіджабаў былі маладыя і прыгожыя. Старэйшая з іх сядзела за рулём. Ды і хіджабы, трэба сказаць… Гэта быў дарагі матэрыял, можа быць, парча.
Я дзівіўся з мусульманак, што называецца, разявіўшы рот.
«Пра справу не забывайся», – паляпала мяне па шчоках другое «я».
– Так… – ачомаўся я. – Дзяўчаты, вы не ведаеце, дзе тут праспект Рэвалюцыі?
«Якія яны табе дзяўчаты? – з лёгкай ноткай перавагі спытаў мой апанент. – Гэта ж сапраўдныя гурыі. І чаму ты спытаў пра праспект Рэвалюцыі? Табе ж патрэбна Барадзінская».
Тры гурыі як па камандзе апусцілі вочы. Ім не дазвалялася размаўляць з няверным. І толькі чацвёртая гурыя, дзяўчо гадоў чатырнаццаці, усміхнулася, паказаўшы брэкеты на зубах, і махнула рукой:
– Праспект Рэвалюцыі там.
– А Барадзінская?
– Барадзінская тут.
Яна паказала на завулак, па якім пайшлі джыгіты, якія запэўнівалі мяне, што ён вядзе да Лясной.
– Хай ратуе вас Алах! – прыціснуў я да грудзей правую руку. – Да скону буду памятаць!
Джып гайдануўся і паволі крануўся з месца. Я доўга праводзіў яго поглядам, стараючыся захаваць у памяці ўсмешку малодшай з гурый.
«Мужчыны, нябось, у Сірыі ваююць, – зноў няўчас вылезла маё другое «я», – а гэтыя на базар па барана паехалі. У іх заўтра Курбан-байрам».
«Адкуль ты ўсё ведаеш? – абурыўся я. – Навошта ім баран?»
«Рэзаць».
«Як, самі будуць рэзаць?!»
«Канечне, самі. Мусульмане з нажамі добра ўпраўляюцца».
Я зразумеў, што другое «я» канчаткова ахамела, і вырашыў больш з ім не спрачацца. Няхай думае, што хоча. А мне трэба на Барадзінскую.
Завулак вельмі хутка вывеў мяне на вуліцу, якая на самай справе называлася Барадзінскаю. Гэта была звычайная вуліца, асфальтаваная, з хатамі на той і гэты бок. Каля дома нумар дзесяць «А» нервова пахіствалася постаць Проліна.
– Ну, і дзе ты швэндаўся? – закрычаў ён здалёк.
– Знаёміўся з Ісламскай дзяржаваю, – сказаў я. – У цябе тут ягоны анклаў.
– Якая Клава?
Пролін зноў зрабіўся глухі. А яшчэ хвілін пятнаццаць таму, калі ён крычаў на мяне па телефоне, Аляксей усё выдатна чуў.
– Не Клава – анклаў, – гучна сказаў я.
– Там, дзе ты быў, у нас пасёлак, – зірнуў на мяне спадылба Пролін. – Мы туды нават не ходзім.
– Дарэмна, – гмыкнуў я, – там жывуць чароўныя гурыі. Як ты думаеш, хто пераможа: хрысціяне ці мусульмане?
– Я ўжо такі стары, – ганарыста сказаў Пролін, – што мне гэта абсалютна ўсё роўна.
«А мне не ўсё роўна, – падумаў я. – Пакуль сярод іх будуць трапляцца гурыі з брэкетамі, яшчэ не ўсё страчана».
– Пайшлі лепш вып’ем, – абняў я Проліна за плечы. – Я табе ў падарунак бутэльку рыжскага бальзаму прывёз.
– Бальзам я нікому не дам, – цвёрда адвёў маю руку Пролін, – а гарэлкі вып’ем.
І мы накіраваліся ў сад, у глыбіні якога ўжо даўно гаманіла застолле.
Гурый у хіджабах і тым больш з брэкетамі на зубах сярод гасцей застолля не было.
Завіруха
Адвячоркам разгулялася завіруха, аднак Аляксей ад сваіх планаў не адмовіўся. Раз ужо вырашыў вырвацца ў Мінск, ніхто яго не спыніць, нават дырэктар школы Станкевіч.
А той, нібы мацёры вартавы сабака, ужо да яго падыходзіў, бразгаючы ланцугом.
– Не забыліся, Аляксей Канстанцінавіч?
– Пра што?
– Бацькоў Кабака наведаць. Вы ж яшчэ і да Курачаў не схадзілі?
Аляксей пачухаў патыліцу. Да бацькоў двоечнікаў Кабака і Курача ён сапраўды не хадзіў. Дакладней, спроба была. Мінулай нядзеляю ён з’ездзіў на ровары ў Першамайскае, якое калісьці называлася Кабыллем.
– Куды ідзеш?
– У Кабылле.
– Навошта?
– Па кабылу.
Ужо гадоў дваццаць прайшло, як памянялі найменне, а кожны першакласнік у школе ведае, што Кабак з Кабылля.
Між іншым, баба Зося, у якой кватараваў Аляксей, лічыла, што дзеўкі з Кабылля не самыя горшыя.
– Пра іх у нас кажуць: пілоткай стукнеш, не паваліцца – можна браць, – сказала яна. – У мяне там пляменніца жыве.
Аляксей Канстанцінавіч толькі паціснуў плячыма. Яму падабаўся салдацкі гумар бабы Зосі, але жаніцца ён не збіраўся ні з кабыльскімі, ні з крайскімі дзеўкамі.
Аляксей прыехаў у вёску – і ўбачыў мужыка, які стаяў пасярод вуліцы. На шыі ў яго вісеў баян. Раз-пораз мужык шырока разводзіў мяхі баяна, але намацаць пры гэтым патрэбныя кнопкі не мог. Баян усхліпваў і замаўкаў.
– Хто гэта? – спытаў Аляксей цётку, якая вызірнула з-за плота.
– Кабак.
– А чаму п’яны?
– Палучка сёння.
Аляксей зразумеў, што пагаварыць з бацькам свайго двоечніка яму не ўдасца. Ён развярнуўся і паехаў назад.
– Кажуць, вы ўчора ў нас былі? – падышоў да яго на наступны дзень Мікола Кабак.
– Быў.
– А чаму ў хату не зайшлі?
– Твой бацька быў п’яны.
– Ён кожны дзень п’яны, – паціснуў плячыма Мікола. – Маці дома была.
– Ты таксама сядзеў дома?
– Я заместа бацькі на трактары ў полі араў.
Аляксей Канстанцінавіч гмыкнуў. Мікола Кабак, канечне, двоечнік, аднак жа вось арэ. Нягледзячы на трыццаць памылак ва ўчарашняй дыктоўцы, трэба ў чвэрці ставіць тройку. І з восьмага класа выпускаць. Усё роўна яму далей араць, а не ў інстытуце вучыцца.
Але Станкевіча ўсе гэтыя тонкасці не хвалявалі. Яму важна, каб класны кіраўнік правёў гутарку з бацькамі двоечніка.
І, тым не менш, Аляксей Канстанцінавіч заместа Кабылля накіраваўся ў Мінск.
На аўтобусным прыпынку ён убачыў цётку, абвязаную пуховай хусцінаю да самых вачэй, на нагах бахілы. Пры бліжэйшым разглядзе цётка сталася школьнай бібліятэкаркай Галінай Пятроўнай.
– І вы ў Мінск? – не паверыў сваім вачам настаўнік.
Галіна Пятроўна ў яго ўяўленні была старой бабаю, якой ужо не было сэнсу кудысьці ездзіць. Ёй было гадоў трыццаць, не меней. Да ўсяго яна была незамужкаю.
– Бу-бу-бу, – сказала з-пад хусціны Пятроўна.
– Аўтобус адмянілі? – зноў здзівіўся Аляксей. – Не можа быць. Яго яшчэ ні разу не адмянялі.
І сапраўды, у снегавой сумятні паказаліся два жоўтыя вокі.
– Вось! – паказаў на вочы Аляксей. – А вы кажаце – завіруха.
Ён дапамог Пятроўне ўзлезці на прыступкі, падаў ванзэлак і ўскочыў у аўтобус. У салоне людзей было няшмат. У такую непагадзь толькі на печы сядзець, а не імчацца на спатканне з аднакурсніцаю.
Аляксей уладкаваўся каля акна. Пятроўна перад ім расхутала хусціну і ператварылася ў вельмі мілую асобу.
«Гэта таму, што асвятленне слабае, – падумаў Аляксей. – Пры дзённым святле зморшчынкі каля вачэй відаць».
Ён пачаў думаць аб жыцці. Месца на кафедры рускай літаратуры, да якой быў прымацаваны, яму не выпадала. «Вы, жадною толпой стоящие у трона…» Яго нават і ў натоўпе няма. Гібець у Крайску за сто кіламетраў ад Мінска? «На свеце ёсць тры сталіцы: Мінск, Лагойск і Плешчаніцы». Гэты вершык у Крайску ведалі ўсе, ад першакласніка да выпускніка.
Ён цяжка ўздыхнуў. Тонкая шыя Пятроўны, у якую ўпіраўся ягоны позірк, не давала засяродзіцца. Адкуль у іх бяруцца такія шыі?
Пятроўна паварушылася, і Аляксей зразумеў, што і ёй няўтульна.
«Цікава, куды яна намылілася? – падумаў ён. – Вось ёй насамрэч на печы трэба сядзець».
– Да дзяўчыны? – павярнула галаву Пятроўна.
Профіль у яе таксама не горшы за шыю. На шчацэ румянец.
– Куды хачу, туды і еду, – буркнуў Аляксей.
– Грубіяніць ва ўніверсітэце вывучыліся? – усміхнулася бібліятэкарка.
Дзяўчынай ён не назваў бы яе нават у думках. Пры гэтым не мог не заўважыць выразны выгін усмешлівых вуснаў. Зрэшты, яны не горшыя, чым у Зойкі. А можа, і больш салодкія.
Аляксей утаропіўся ў цёмнае акно. Нічога не відаць, нават агеньчыкі ў вёсках патухлі.
Жаніўся б з Зойкаю, не прападаў бы ў заснежаных палях. Бацька Зойкі ваенкам, даўно вызваліў бы зяцька з палону. А вось не хочацца. Між іншым, дзесяцікласніцы ў Крайску нічога сабе. Адна Тома, дачка Станкевіча, чаго вартая.
Яму раптам зрабілася зябка.
– Кажуць, вас дырэктар абходжвае? – зноў павярнула да яго галаву Пятроўна. – Дахаты да сябе яшчэ не запрашаў?
Цёмна-шэрыя ў крапінку вочы смяяліся. Усе старыя дзеўкі чытаюць чужыя думкі ці толькі гэтая?
– Ды ў вас на лбе ўсё напісана, – хмыкнула Пятроўна. – Вы лепш да Ніны Шкель прыгледзьцеся. Сімпатычная.
Цяпер Аляксею зрабілася горача. Ніна сапраўды яму падабалася. Што, і пра гэта на лбе напісана?
– Анягож! – чмыхнула бібліятэкарка.
«Ведзьма!» – пакруціў ён галавой.
– Я яшчэ і сурочыць магу, – сказала Пятроўна. – Вашае шчасце, што мы ўжо ў Плешчаніцы прыехалі.
Яна пацягнула цяжкі ванзэлак па праходзе.
«Ну і не буду табе дапамагаць, – падумаў Аляксей. – Цяпер зразумела, чаму некаторыя ў векавухах заседжваюцца».
Нягледзячы на познюю гадзіну, на аўтастанцыі было поўна людзей.
– Аўтобусы не ходзяць, – сказаў мужчына ў кажусе. – Дарогі замяло ва ўсе бакі. Як бы начаваць тут не давялося.
Аляксей азірнуўся па баках. Начаваць у гэтай паўцёмнай халоднай зале яму не хацелася.
– Тут недалёка гасцініца, – падміргнуў яму мужчына. – Гайда, пакуль усе месцы не занялі.
– І я з вамі! – кінулася за імі Пятроўна. – Мне таксама няма куды дзявацца!
Аляксей неахвотна ўзяў з яе рук ванзэлак.
– У госці да сяброўкі сабралася, – вінавата сказала Галіна, – усяго адзін слоік з варэннем паклала, і ўсё роўна сумку не падняць.
Упершыню яе тон Аляксею спадабаўся. Можа, калі захоча.
– А што ў камплекце да варэння? – строга паглядзеў на бібліятэкарку мужчына.
– Піражкоў напякла, сала кавалачак…
Пятроўна каялася, і гэта неяк мірыла з ёй. Яна яшчэ і ўзяла Аляксея пад руку і прыхінулася, быццам бы шукаючы паратунку. Нягледзячы на бахілы, яна была лёгкая на нагу. Ён адчуў мяккі дотык клуба, і кроў кінулася ў галаву. Якраз як з Зойкаю…
Кудаса ледзь не збівала з ног. Снег так хвастаў па твары, што было балюча вачам. Аляксей адварочваўся ад ветру і зайздросціў Пятроўне ў яе хусціне.
Гасцініца, на шчасце, была побач са станцыяй. Моцна тупаючы нагамі, яны ўваліліся ва ўтульнае цяпло, залітае яркім святлом.
– З аўтобуса? – з усмешкаю сустрэла іх пажылая дзяжурная. – Якраз адзін пакой застаўся. І дзяўчыне месца знойдзецца.
Аказваецца, для шчасця не так шмат трэба. Ложак з чыстай бялізнаю, гарачая батарэя, а за акном завея.
– Шкада, крама зачыненая, – сказаў сусед.
Ён працаваў аграномам у Завішыне, зваўся Канстанцінам.
– Навошта нам крама? – спытаў Аляксей, складваючы пакрывала.
Яму хацелася як мага хутчэй залезці ў ложак і накрыцца коўдраю з галавой.
– Схадзі да сваёй кралі, – сказаў аграном. – Па-мойму, у яе ёсць.
– Што ёсць? – знерухомеў Аляксей, адчуваючы, што ў цяпле ў яго загарэўся твар.
– Бутэлька! – здзівіўся Канстанцін. – Раз у госці едзе, значыць, з бутэлькай. Я б такую нізавошта не ўпусціў.
«Дык у чым справа?» – насупіўся настаўнік.
– У мяне ўжо двое на лаўцы сядзяць, аднаму тры, другому чатыры, – уздыхнуў аграном. – Але вось сустрэну такую, як твая, і на ўсё забываюся. Нябось, салодкая?
Ён падміргнуў Аляксею. Той намацаў рукою дзверы і выкаціўся ў калідор. Папаў у нерат, ні ўзад, ні ўперад…
– Так і ведала, што не зберагу, – уперлася кулачкамі ў бокі Пятроўна. – Не трэба было даваць вам сумку, ніколі не здагадаліся б, што там бутэлька віна.
– Гэта аграном… – прамармытаў Аляксей.
У кароткім халаціку Пятроўна была неверагодна прыгожая. Зморшчынкі каля вачэй у яркім святле таксама кудысьці прапалі.
– Заходзьце праз пятнаццаць хвілін, – загадала бібліятэкарка. – І захапіце шклянкі.
– Я ж табе казаў! – падскочыў з ложка Канстанцін. – У такіх паненак заўсёды ёсць. Пашанцавала табе, хлопец.
Ён дастаў з чамадана чыстую кашулю, пераапрануўся, абцёр твар і шыю адэкалонам.
– Хочаш? – працягнуў ён бутэлечку Аляксею.
– Не трэба.
Чамусьці Аляксею было непрыемна глядзець на важданіну агранома. Збіраецца, як паляк на вайну. Падобна на тое, што ён не толькі па бульбе спецыяліст.
– Ты, галоўнае, не тушуйся, – сказаў, прыдзірліва аглядаючы сябе ў люстры, Канстанцін. – Лепш, канечне, каб яна з сяброўкай была, але і так будзе добра. Ніколі не ведаеш, дзе пашанцуе, а дзе не. Закон жыцця!
«Пра што ён? – таксама паглядзеў на сябе ў люстра настаўнік. – Мне і не трэба нічога. Да Зойкі на спатканне еду».
У Пятроўны да іхняга прыходу ўсё было падрыхтавана. На стале стаяла бутэлька «Варны», на сурвэтцы горкаю ляжалі піражкі, у талерцы наскрыленае сала.
– Нож у дзяжурнай ёсць, а штопара няма, – сказала, паказваючы на бутэльку, Пятроўна. – Давядзецца закусваць без выпіўкі.
– Ніколі! – накіраваўся да стала аграном.
Ён узяў бутэльку, паставіў на падлогу, вялікім пальцам правай рукі націснуў на корак і прапіхнуў яго ўсярэдзіну.
– Прапалі дванаццаць капеек, – уздыхнула Пятроўна. – З коркам бутэлькі не прымаюць.
– Я ўмею выбіваць корак даланёю, але так хутчэй, – сумеўся Канстанцін.
«Дзе гэта яна навучылася мужыкамі круціць? – падумаў Аляксей. – Няўжо ў Крайску?»
– Гэтаму не вучацца, – хмыкнула Пятроўна. – Талент патрэбен.
Аляксей крактануў. Так і будуць па чарзе з аграномам чырванець.
– І правільна, – кіўнула Пятроўна. – Ад мяне трэба трымацца падалей.
– Ну, за гаспадыню! – падняў шклянку Канстанцін. – Я яшчэ на станцыі зразумеў, што з гэтай парачкай не прападзеш.
«Якая парачка? – глытнуў са шклянкі Аляксей. – Я наогул упершыню ў жыцці яе бачу».
Ён сапраўды ўпершыню разгледзеў шэрыя вочы Пятроўны, цяжкую хвалю русых валасоў, поўныя грудзі і гнуткую спіну. Проста Мар’я-царэўна, а не бібліятэкарка.
Хмель стукнуў у галаву. Краем вока ён заўважыў круглую каленку ў разрэзе халаціка.
– А вось гэта не пра вас, – захінула халацік Пятроўна. – Спачатку гаварыць навучыцеся.
– Пра што… гаварыць? – праглынуў камяк у горле Аляксей.
– Узяўся за грудзі – гавары што-небудзь! – зарагатаў аграном.
«Дубіна!» – скасавурыўся на яго настаўнік.
– Ну, хоць бы тост скажыце! – пагладзіла яго па спіне Пятроўна.
– Прапаную выпіць за тое, каб скончылася завіруха і мы ўсе маглі ехаць па сваіх справах!
Аляксей чокнуўся спачатку з Пятроўнай, потым з аграномам.
– Кепскі тост, – узяў са стала піражок Канстанцін. – Тут лепей, чым у аўтобусе.
– Гэта вам лепей, – зрабіла глыток Пятроўна, – а маладым трэба ў Мінск. Навошта я купляла такое моцнае віно?
– Віно – самы раз, – зноў разліў па шклянках Канстанцін. – У нашай краме такога няма.
– Зірніце ў акно, – усміхнулася Пятроўна. – Хтосьці наваражыў.
Завея за акном сціхла. З апраметнай цемры зрэдзь выплывалі на святло вялікія сняжынкі і знікалі.
– Пойдзем на неба паглядзім? – прапанавала Пятроўна. – Раптам там зоркі?
– Вы ідзіце, а я спаць, – дапіў віно аграном. – Раніцай на першы аўтобус трэба паспець.
– Пайду адзяваць паліто, – падскочыў Аляксей.
Ён раптам зразумеў, што самае прыемнае – гэта выконваць загады Пятроўны, няхай яны і недарэчныя.
На вуліцы была сапраўдная зімняя казка. Пад платамі ляжалі пухнатыя сумёты, у небе выразна малявалася вецце дрэваў у густых махрах, пад цяжарам наліплага снегу прагіналіся правады паміж слупамі.