Kitabı oku: «Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын», sayfa 3
– А дзе зоркі? – задрала галаву Пятроўна, спатыкнулася і ўхапілася за руку Аляксея.
Ён, быццам чакаў гэтага, прыцягнуў яе да сябе і ўсмактаўся доўгім пацалункам у салодкія ад віна вусны.
Гэта быў сапраўдны пацалунак, хмельны і прагны. Зямля выкручвалася з-пад ног і зносіла парачку ў чорны вір космасу.
Пятроўна нешта прамармытала. Аляксей, не адрываючыся ад вуснаў, прасунуў рукі ў прарэх між гузікамі на паліто і моцна абхапіў яе за талію. Пятроўна ўсё-ткі адштурхнула яго і засмяялася. Іхнія вочы знаходзіліся на адным узроўні, аднак Аляксею не ўдавалася злавіць позірк Галіны.
– Заяву падала, – сказала Пятроўна.
– Якую заяву?
Ён зноў пацягнуўся да салодкіх вуснаў.
– На звальненне, – уперлася рукамі яму ў грудзі Пятроўна. – З’язджаю з Крайска.
Аляксей адчуў, як яму за каўнер папоўз холад. Сусветная сцюжа скавала зямлю. Аляксей не мог варухнуць ні рукой, ні нагой. У тое самае імгненне, калі ён быў гатовы застацца з Пятроўнай у трэцяй са сталіц назаўсёды, яго адкінулі ўбок, як анучу.
«Жартуеш?» – узмаліўся ён сам сабе.
– Не жартую, – цвёрда сказала Пятроўна.
Яна адступіла на крок і пачала стрэсваць снег з футровага каўняра.
– І вы тут не застаняцеся, – працягвала Пятроўна. – Дырэктар гэта таксама ведае, так што не бойцеся.
«Каго я павінен баяцца?» – мільгнула ў галаве.
– Томы Станкевіч, – чмыхнула Пятроўна. – Яна першая нявеста ў Крайску, якраз для вас. Але Ніна лепшая. Праўда, вам і яна не дастанецца. На наступны год вы ўжо будзеце ў Мінску.
«Адкуль яна ўсё ведае?» – здзівіўся Аляксей.
– Тут і ведаць няма чаго, – махнула рукой Пятроўна. – Хадзем у гасцініцу, холадна.
– А я да вас дзяўчынку падсяліла, – сказала Пятроўне дзяжурная, уважліва гледзячы на Аляксея. – Таксама са станцыі.
– Вось і добра, – кіўнула Галіна. – Удзвюх спаць весялей.
Яна ішла па калідоры нашмат чужэйшая, чым да сённяшняга дня. І Аляксей разумеў, што гэта незваротна.
«На свеце ёсць тры сталіцы – Мінск, Лагойск і Плешчаніцы», – круціўся ў галаве вершык.
Вершык быў бязглузды, але ў ім хавалася ўся праўда пра жыццё Аляксея.
Міледзій Кукуць
БЛІЗКА ДА ЖЫЦЦЯ
Міледзій Мікалаевіч Кукуць нарадзіўся ў 1953 г. у вёсцы Вусаўцы Мёрскага раёна, на Віцебшчыне. У 1989 г. скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Працаваў інжынерам-механікам, старшынёй калгаса ў Шаркаўшчынскім раёне. У 2014 г. стаў лаўрэатам ганаровага званыня «Чалавек года Шаркаўшчыны».
Друкаваць вершы і апавяданні пачаў у 1992 г. Аўтар кніг прозы і паэзіі «Адзін дзень і ўсё жыццё» (1997), «Люблю я родную зямлю» (2002), «Чысціня душы» (2008), «На сёмым небе» (2013), «У палоне кахання» (2018) і інш.
Твор, які вы зараз прачытаеце, па жанры аўтар вызначыў як «быль». Не будзем гадаць, чаму пісьменнік прыняў такое рашэнне, заўважым толькі, што і ў гэтым творы, і ў іншых сваіх апавяданнях і аповесцях ён імкнецца быць блізкім да жыцця сваіх герояў. Адчуваецца, што матэрыялам для мастацкіх пошукаў становіцца ўсё тое, што сустракаецца творцу непасрэдна на Шаркаўшчыне, увогуле на роднай Віцебшчыне. Проза Міледзія Кукуця надзвычай сацыяльная, красамоўная ў адлюстраванні характэрных з’яў і тэндэнцый правінцыйнага жыцця. Добра гэта ці дрэнна – вырашаць чытачу.
Пацалунак мядзведзіцы
Быль
Першага снежня, як заўсёды, рабочы дзень у Тунілавецкім лясніцтве Глыбоцкага лясгаса пачынаўся з паўсядзённай мітусні. Вальшчыкі лесу ладзілі бензапілы, запраўлялі іх бакі палівам, іншыя рабочыя вастрылі сякеры, а больш балбатлівыя голасна расказвалі розныя небыліцы. Майстры лесу пасля планёркі ў кабінеце ляснічага, не губляючы часу, спешна заканчвалі пісаць справаздачы па выніках працы за мінулы месяц. Калі закончылі ўсе неабходныя зборы для працы ў лесе, леснікі, акрамя канторскіх, пагрузіліся на машыны і пад павучальныя парады ляснічага Віктара Аляксандравіча Чарняўскага паехалі на дзялянкі, дзе вялася планавая нарыхтоўка драўніны. І, здавалася, не бачылася ніякага прадвесніка бяды ў гэты дзень для маладога майстра лесу Лізы Каштальян. Адукаваная і прыгожая дзяўчына ўжо няпоўны год як працуе ў гэтым лясніцтве пасля заканчэння ў Мінску Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, дзе рыхтуюць спецыялістаў розных галін хімічнай і лясной прамысловасці.
Прыехаўшы на дзялянку і размеркаваўшы падначаленых людзей на працоўныя ўчасткі, Ліза абгаварыла ўсе надзённыя пытанні з дасведчаным брыгадзірам, які заставаўся кіраваць працэсам высечкі лесу, а сама, адправіўшы машыну ў лясніцтва, сабралася ў дарогу. Павесіўшы на плячо важкую сумку і палажыўшы туды паходны планшэт для майстра лесу, дзе захоўваліся вымяральныя прыборы, карта мясцовасці, компас, і, як было месца, яшчэ паклала невялікі тэрмакантэйнер з абедам. Надзеўшы на галаву капюшон, каб за каўнер не сыпаўся снег з галінак дрэў, шпарка пайшла праз ельнік на паляну былой высечкі, а гэта па друзлым снезе больш за кіламетр. Там, уздоўж квартальнай лініі яшчэ да першага зазімку, спецыяльным трактарным плугам былі нарэзаны разоры для высадкі вясной саджанцаў хвойнага лесу. У лесе Ліза нават без компаса арыентавалася добра. Яшчэ з маленства яна з бацькамі часта ездзіла ў грыбы і ягады, бо ў Шаркаўшчынскім раёне, дзе яна нарадзілася, грыбных лясоў і ягадных балот шмат, толькі не лянуйся збіраць падарункі прыроды. Тата ў яе ваенны – падпалкоўнік, навучыў дачку, як трэба карыстацца ў лесе компасам, а ў ясны, вось як сёння, дзень выбіраць маршрут па сонцы, у пахмурны – па іншых прыродных прыкметах. Адназначна можна сказаць, што Ліза лесу не баялася, і таму, без непрадбачаных здарэнняў, праз дваццаць хвілін яна была ўжо на месцы. Паляна сярод лесу бачылася вялікай, поўных тры гектары, і вакол яе заснежанай сцяной рос густы высокі ельнік. На ўскрайку былой высечкі пасвіліся тры еўрапейскія казулі, але, убачыўшы няпрошаную госцю, дзікія красуні няспешна заглыбіліся ў лес. Не губляючы часу, Ліза павесіла сумку на сук і, дастаўшы з яе вымяральную лінейку, пачала працу. На працягу дзвюх гадзін дзяўчына зрабіла ўсе патрэбныя замеры, атрыманыя даныя зафіксавала на паперы. Трактарыст з лясніцтва сваю працу выканаў сумленна, амаль без значных заўваг, і, калі ўсё складзецца добра, менавіта на гэтым месцы праз 60–80 гадоў хтосьці ўжо пасля нас атрымае прыдатную, дзелавую драўніну. Для гэтага нам, леснікам, спачатку трэба лес якасна і ў спрыяльны час пасадзіць, потым зберагчы ад стыхійных прыродных з’яў, пражэрлівых шкоднікаў і, як часам бывае, нават сцерагчы ад браканьераў, – так думала Ліза, збіраючыся пасля заканчэння працы ў зваротны шлях. Не затрымліваючыся, дзяўчына яшчэ раз акінула вачыма адкрытую сярод лесу паляну і пайшла па наезджанай трактарам каляі, мінаючы высечку, дзе працавала брыгада лесарубаў, у напрамку лясніцтва пісаць дакументы на выкананне работ. Надвор’е, як на дзіва, у гэты дзень у самым пачатку зімы было цудоўным. Лёгкі марозік у лесе амаль не адчуваўся, толькі цвёрды неглыбокі снег гулка хрумсцеў пад нагамі, здалёк пужаючы лясных звяроў і птушак. Па-зімоваму прыгожае сонца ўзнялося над ляснымі прасторамі і нясмела грэла кроны ельніка, таму лес ужо не здаваўся такім непрабудным і халодным. Ліза нават прыпыніла свой шпаркі крок, любуючыся першароднай прыгажосцю. Ад цяжару аселага снегу галінкі елак звісалі амаль да зямлі, пераліваючыся ў серабрыстых промнях сонца.
Да берага лесу заставалася яшчэ больш за кіламетр, і дзяўчына, спыніўшыся, уважліва напружыла слых – ужо не быў чутны манатонны гул бензапіл і стук сякер з дзялянкі, толькі перарывісты перастук дзятлаў даносіўся з глыбіні лесу. Ліза дастала з сумкі смартфон і набрала дзядулю, які працаваў ў Глыбоцкім райвыканкаме архітэктарам.
– Алё, дзядуля! – гучным рэхам разнёсся па лесе голас Лізы.
– Добры дзень, лясная фея і любімая ўнучка, – з жартам у голасе адгукнуўся дзед.
– Я заўтра з Сашам на выхадныя прыеду да вас у Шаркаўшчыну.
– Прыязджайце, будзем з бабуляй вельмі рады. Як вам там маладым жывецца і як зладжваюцца справы на працы?
– У нас з Сашам усё добра, здымаем кватэру ў Докшыцах, ездзім кожны дзень за 15 кіламетраў на працу ў лясніцтве. Я са сваімі абавязкамі цалкам спраўляюся, калі што, Саша дапамагае, бо ён больш вопытны спецыяліст. Адно бянтэжыць, што працую не па спецыяльнасці, бо, як ты ведаеш, дзядуля, я інжынер ландшафтнага праектавання і паркавага будаўніцтва. У глыбоцкім лясгасе абяцалі даць пры паступленні на працу мне пасаду па спецыяльнасці, ды і па прызванні, але амаль год прайшоў, і пакуль маўчаць.
– Не хвалюйся, унучка, будзем чакаць. І дзе ты, лясны наш чалавечак, цяпер знаходзішся?
– Так, як звычайна, дзядуля, у лесе, а зараз іду з дзялянкі ў кантору.
– Надвор’е сёння, унучка, добрае, не халоднае. Напэўна, прыемна па лесе прагуляцца, што, галоўнае, карысна для здароўя. І заадно перадай прывітанне касалапаму мішку, – як здавалася, бяскрыўдна, але з папераджальнай перасцярогай пажартаваў дзед.
– Цьфу-цьфу-цьфу, – тры разы праз левае плячо паплявала Ліза, – на маім участку, дзякуй богу, мядзведжага следу пакуль не бачна, і я ўжо хутка выходжу на бераг лесу, менш за кіламетр засталося, таму не хвалюйся. І да сустрэчы, дзядуля.
Сувязь на смартфоне абарвалася.
Сапраўды, да берага заставалася недалёка – пачыналася рэдкалессе, густы ельнік скончыўся, а ўздоўж дарожкі ўперамешку раслі ліставыя дрэвы. У большасці – гонкія бярозкі з асіннікам і сям-там паляны арэшніку. І вось ля самай сцежкі бухмаціўся калінавы куст, увесь абчэплены, як караламі, яркачырвонымі ягадамі. Напаткаць зімой у лесе пад шапкамі пухнатага, бела-іскрыстага снегу гронкі сакавіта-чырвоных ягад – відовішча невыказнае, гэта трэба бачыць на свае вочы. Ліза нават спынілася, любуючыся на прывабны воку калінавы куст. Ягады яго хоць і горкія, але дужа карысныя для здароўя людзей і зімой жаданы ласунак для птушак. Вечназялёны лес сваёй прыгажосцю вабіў Лізу з самага маленства, а яшчэ больш яна любіла жывёльны свет, бязмерную цягу мела да свойскіх і дзікіх звяркоў. Нават марыла паступіць пасля заканчэння школы ў ветэрынарную акадэмію, але бацькі параілі лепш паступаць у лясны ўніверсітэт. І вось яна ўжо працуе майстрам лесу пакуль не зусім па спецыяльнасці, але займаецца жаданай з дзяцінства справай. Тут жа ў лясніцтве сустрэла свайго суджанага – калегу Сашу Зінкевіча. Ён таксама родам з Шаркаўшчынскага раёна, яго бацькі жывуць у маляўнічым мястэчку Лужкі. Абаяльны Саша неяк адразу спадабаўся Лізе: высокі, адмыслова складзены брунет. Блакітна-прамяністыя вочы, адкрыты позірк імгненна пакарылі дзявочае сэрца. І, што важна, ён хлопец моцнай косці, з жывым і бойкім характарам. Як стрэлка гадзінніка перакуліла за поўдзень, Ліза, здарожыўшыся, захацела есці. Дзяўчына акінула позіркам месца абапал сцежкі, каб знайсці зручную, незацемненую палянку з прыдатным пнём, дзе можна было б, прысеўшы, крыху адпачыць і заадно перакусіць. Раніцай яны з Сашам, як заўжды, амаль не елі, толькі пасмакавалі гарачую каву ў прыкуску з пячэннем і спешна паехалі на працу. На сёння Ліза з сабой у лес прыгатавала на абед складзеныя канвертам бліны, начыненыя курыным мясам, а Саша яшчэ ўзяў з сабой літровы тэрмас з кавай на дваіх з суджанай, бо звычайна яны абедалі разам. Годных пнёў, каб зручна пасядзець, Ліза не знайшла: адны былі маленькія, іншыя далёка ад сцежкі, і ўсе яны былі пакрыты высокімі снежнымі шапкамі. Крыху падумаўшы ў такой неспрыяльнай абстаноўцы, якая склалася, Ліза вырашыла лепш перакусіць на хаду, ціха ідучы па заснежанай сцежцы. З сумкі, што вісела на плячы, дзяўчына выняла тэрмапакет, дастала адтуль адзін, яшчэ крыху цёплы блінчык і, адкусіўшы ад яго кавалачак, пачала есці. Цёпла-спакуслівы пах бліноў з мясам, перамяжоўваючыся з водарным пахам зялёнай ігліцы, падхоплены чуйным ветрыкам, далёка разносіўся па зімовым лесе. Не прайшла Ліза і сто крокаў, як нечакана ўбачыла, што недалёка справа ад сцяжынкі, з глыбіні лесу, агінаючы дрэвы і падымаючы клубы снегу, коцяцца прама на яе два пухнатыя камячкі. «Напэўна, паляўнічыя сабакі», – падумала адразу дзяўчына. Гэта часта бывае тут у разгар паляўнічага сезона. Не спускаючы вачэй з няпрошаных гасцей, Ліза перастала есці, спынілася і разважыла, што, калі гэта паляўнічыя сабакі, не страшна, яны звычайна не агрэсіўныя, але, добра прыгледзеўшыся, яна спужалася. Прама на сцежку, абганяючы адзін аднаго, імчалі два медзведзяняты.
Такіх малых яна бачыла неаднойчы ў вальерах для ўтрымання звяроў і нават карміла іх, а вось каб сустрэць мядзведзяў у лесе – не выпадала. Ліза, як адукаваны ляснік, добра ведала: медзведзяняты звычайна адны не ходзяць, значыць, хутчэй за ўсё, побач дзесьці іх маці. Пакуль дзяўчына спалохана разважала аб магчымых наступствах, шустрыя медзведзяняты ўжо былі каля яе.
Два досыць цяжкія камячкі свавольна куляліся і гулліва церліся каля ног Лізы, атрасаючы сваю пухнатую шэрстку ад снегу на штаны спалоханай дзяўчыны.
Яна напружана стаяла, апусціўшы рукі, і ад страху не ведала, што рабіць. Адно з медзведзянят стала на заднія лапы і, злаўчыўшыся, выхапіла з рукі Лізы разам з рукавіцай недаедзены блінчык. Пакуль медзведзяняты дзялілі сваю здабычу, дзяўчына дрыготкай рукой дастала з сумкі смартфон і здранцвелым ад страху пальцам стала шукаць у кантактах нумар Сашы. Ад хвалявання і слёз Ліза не магла чытаць і націснула пальцам наўздагад на адзін з нумароў. І вось поспех: з першага разу пайшлі гудкі.
– Слухаю вас, – пачуўся мяккі жаночы голас.
– Хто гэта? – надрыўна прамовіла Ліза.
– Лізачка, гэта я, Вераніка, што, не пазнала? – здзівілася супрацоўніца лясніцтва.
– Вераніка, пакліч хутчэй Сашу. Ён у вас там у канторы, – узбуджана, адчайным голасам прамовіла дзяўчына.
– Што здарылася, Ліза? – адразу пачуўся ўстрывожаны голас Сашы. На шчасце, ён быў побач з Веранікай і адразу пазнаў голас каханай.
– Сашачка, любы, ратуй. Мяне медзведзяняты апанавалі ў лесе…
– А дзе мядзведзіца?..
– Няма пакуль, Сашачка.
– А ты дзе зараз?
– На выхадзе з лесу, я іду па дарозе з высечкі, – толькі паспела сказаць дзяўчына, як з зараснікаў за дваццаць крокаў ад яе на сцежку выйшла вялізная мядзведзіца.
– Ай, Сашачка!
Смартфон выпаў з рук Лізы, з якога толькі і пачулася, як Саша надрыўна пракрычаў: «Стой на месцы, не варушыся, я еду!»
Бурая мядзведзіца ішла павольна, шырока расстаўляючы лапы, як бы штосьці разважаючы, час ад часу задзірала ўгару нос, гучна ўдыхала паветра і незадаволена фыркала, паматваючы калматай галавой. Ліза ў адчаі ад безвыходнасці разважала, што рабіць у гэты неймаверна пагрозлівы для яе час. А ці думала яна ў той момант зусім, бо яе цела ад страшнага жаху неяк адразу скамянела, і што яна толькі змагла, дык гэта абедзвюма рукамі закрыць свае вочы, каб не бачыць страшнага звера. Пакінутая на літасць Бога, дзяўчына стаяла, не варушачыся, і чакала немінучай смерці. Ад жаху Ліза прытомнасці не страціла, а ў галаве завярцелася пытанне: «За што, за якія грахі менавіта мяне напаткала такая жудасная доля быць пакаранай звярамі, якіх я так люблю? І што я паспела ў сваім кароткім жыцці?» Яна добра ведала, што для кожнага чалавека, каб пакінуць пасля сябе важкі след на зямлі, трэба пасадзіць дрэва, і Ліза яго пасадзіла, і не адно. А вось астатняе не паспела: хату сваю не пабудавала, дзіцё не нарадзіла, бо афіцыйнай сям’і пакуль няма з Сашам, якога бязмерна кахае і жыве разам, але вяселля яшчэ не было, па розных прычынах усё адкладвалі, а зараз… Перад вачыма, як наяве, з’явіліся бацькі – мудры тата, добрая, ласкавая мама – і два любімыя брацікі. Што будзе з імі? Ад тужлівай роспачы Ліза яшчэ мацней заплюшчыла вочы. Мядзведзіца была ўжо побач.
Яна, устаўшы на заднія лапы, доўга абнюхвала дзяўчыну зверху ўніз з усіх бакоў, як бы ацэньваючы, што рабіць са сваёй бездапаможнай ахвярай. Потым лізнула языком рукі, твар, які быў не шчыльна закрыты далонямі. Ліза выразна адчула, як шурпаты мокры язык мядзведзіцы прайшоўся па яе носе, ілбе, якія не былі схаваныя пад закамянелымі ад страху пальцамі. Гэты жахліва-сіверны пацалунак мядзведзіцы Ліза будзе памятаць доўга, усё жыццё, бо так цалуе мо толькі смерць. Доўга ці каротка звер абнюхваў дзяўчыну – для Лізы здавалася, што гэта цягнулася цэлую вечнасць. Напаследак Ліза толькі пачула, як мядзведзіца гучна фыркнула амаль ля самага вуха – і ўсё раптам сціхла.
Колькі Ліза стаяла нерухомая – не памятае, толькі праз нейкі час амярцвелыя рукі самі адвольна апусціліся ўніз, адкрыўшы вочы, што заплылі ад перажытага страху шызай дымкай. Першае, што Ліза ўбачыла праз туманную ад слёз смугу, гэта яркае сонца, яго асляпляльныя промні, агінаючы вяршыні дрэў, цёпла песцілі яе твар. «Слава богу, я яшчэ жывая!» – дрыготкі гук вырваўся з вуснаў дзяўчыны. Убачыўшы сонца, зімовы лес, Ліза адразу ажыла, страпянулася. Мо гэта быў страшны сон? Яна нават шчыпанула сябе за нагу. Ды не, не сон, было бачна, што вакол яе ўвесь снег стаптаны маленькімі і вялізнымі мядзведжымі лапамі. Як змагла, Ліза снегам працерла мокры ад слёз твар, вочы, агледзелася вакол. У лесе зноў панавала цішыня і спакой, толькі было відаць, як ужо далёка па сцяжыне сыходзіла мядзведзіца, а следам беглі яе малыя, адзін з іх нёс у пашчы рукавічку (ужо потым ляснік, ідучы па следзе звера, знайшоў яе ў лесе ўсю скамечаную). Праз нейкі час мядзведзіца спынілася, стала на заднія лапы, ляніва павярнуўшыся, жаласліва паглядзела на Лізу, паківала галавой, як бы сказаўшы: «Жыві, дзяўчынка!» – і, можа, так развітаўшыся, яна нырнула ў глыб лесу. Толькі зараз Ліза пачула, што дзесь недалёка натужна гудзе аўтамашына. «Любы Саша, ты ўжо тут…» – толькі і паспела падумаць дзяўчына, як ногі падкасіліся, і яна знясілена павалілася на снег. Ачуняла Ліза ў машыне, уся мокрая, хоць выкручвай нацельную бялізну, ды наогул усю вопратку. Вакол стаяў шум-гам, мітусіліся людзі. Нехта настойліва крычаў: «У бальніцу яе хутчэй трэба везці!» Другія раілі: «У гарачую лазню. Трэба папарыць дзяўчыну, каб не захварэла». «Гарэлкі грам дзвесце хай вып’е», – настойвалі трэція.
Не губляючы часу, пасля гучнай каманды Сашы машына кранулася з месца і, наколькі дазваляла лясная дарога, паімчалася ў лясніцтва. Ужо ў дарозе Саша асцярожна зняў са сваёй суджанай верхняе змоклае адзенне і далікатна надзеў на Лізу, якая ўжо крыху адышла ад страху, сваю цёплую суконную куртку, пры гэтым усё прыгаворваў: «Як ты, любая, з табой усё добра?» «Усё добра, Сашачка, паехалі хутчэй дамоў», – адзінае, што змагла сказаць Ліза і ў роспачы ад перажытага, прыпаўшы да грудзей каханага, ізноў ціха заплакала.
Ужо дома, паглядзеўшы апошнія навіны па тэлебачанні, Ліза разважна падумала, які жорсткі сучасны свет, людзі іншы раз, забыўшыся пра Божыя запаветы, часам люта за грошы забіваюць адзін аднаго. Нават звяры, як мы бачым, бываюць больш міласэрнымі.
Генадзь Аўласенка
НЕЗВЫЧАЙНАЕ Ў ЗВЫЧАЙНЫМ
Генадзь Пятровіч Аўласенка нарадзіўся ў 1955 г. у вёсцы Ліпавец Ушацкага раёна, на Віцебшчыне. Пасля навучання ва Ушацкай сярэдняй школе скончыў біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у Якуціі і Забайкаллі. Болей за дваццаць гадоў выкладаў біялогію і хімію ў Вайнілаўскай сярэдняй школе Чэрвеньскага раёна, на Міншчыне. Потым працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка». Жыве ў горадзе Чэрвені.
Піша Генадзь Аўласенка на беларускай і рускай мовах. Друкуецца ў часопісах «Родная прырода», «Вясёлка», «Бярозка», «Рюкзачок» і іншых перыядычных выданнях. Жанравая палітра таленавітага творцы даволі шырокая – вершы, аповесці і апавяданні. Свае творы пісьменнік адрасуе як юнаму, так і даросламу чытачу. Аўтар кніг «Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак», «Прыгоды Васі Лайдачкіна», «Казкі дзядулі Дняпра», «Дашачка і чароўныя акуляры», «Зайка польку танцаваў», «Малпачка – дачка Нябеснага Дракона», «Колькі колераў у лета?», «Новые приключения маленького Ветерка из Вентилятора», «Ветерок и госпожа Зима», «Ветерок и Крысиный король», «Растения, которые нас приручили», «Сказки моего друга Ёжика» і інш.
Што да прозы Генадзя Аўласенкі, то яна амаль цалкам фантастычная, прычым фантастыка гэтая самая розная, пачынаючы ад амаль класічнай, навукова-фантастычнай і заканчваючы жанрамі фэнтэзі і містыкі.
Але час ад часу Генадзь Аўласенка піша і невялікія па памерах творы, у якіх амаль альбо зусім няма нічога фантастычнага і незвычайнага. Незвычайныя толькі сітуацыі, у якія героі па злой іроніі лёсу ці з-за ўласных памылак могуць патрапіць. Менавіта такое і адбылося з героямі апавяданняў, прадстаўленых у нашым зборніку…
Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.