Kitap dosya olarak indirilemez ancak uygulamamız üzerinden veya online olarak web sitemizden okunabilir.
Kitabı oku: «Любоў і каханне», sayfa 2
І ніхто ў тую ноч не ведаў, што, калі зноў бачыў дзед, як паляць дзяцей яго, белае вока фары, тае, з нямецкае машыны, якая свяціла тады, апякло лютым агнём вочы, зверам скочыла на яго.
Падабранага раніцай дзеда завезлі ў бальніцу на старшынёўскай «Волзе», там ён скардзіўся толькі, што пячэ ў грудзях, прасіў, каб прывезлі Мар'ю развітацца, але не дачакаўся яе, ціха, незаўважна нават для суседзяў па палаце, сканаў.
Эцюды вяртання
(Навела)
Сонца за хмаркамі ўранні…
Дробаў абапёрся рукамі на падаконнік і прытуліўся лбом да шыбіны.
Вечарэла. Густа барвавела неба на захадзе, за акном, у вершалінах клёнаў, мучыўся вецер, несупынна раўлі побач у аэрапорце самалёты, бясконца і адчайна кружылася долу мёртвае лісце. Дробаў па звычцы не зважаў на самалётны роў, але затое, калі той на некалькі хвілін сціхаў, выразна чуў, як густа і лёгенька цокаюць па асфальтавых сцяжынках скверыка сухія пакручаныя лісцікі, і гэты цокат зліваўся ў ціхі пошум – здавалася, ішоў буйны ласкавы вясновы дождж і з бляшанага даху бясконца цурчэла вада. І гучала працяжная мелодыя скрыпкі. Іграў сусед, які жыў паверхам вышэй, скрыпач з аркестра опернага тэатра, маленькі і сухенькі дзядок. Ліда чамусьці не магла трываць скрыпку, і стары быццам нейкім чуццём адчуваў, калі яна вярталася з работы, і пераставаў іграць.
Дробаву неўспадзеўкі ўспомнілася невялічкая рачулка між парослага густымі кустамі алешніку, лёгенькі, прывідны туман, нізкі чырвоны месяц, свежая вільготнасць травы і ціхенькі плюскат кропель з альховага лісця ў рэчку – надвячоркам прайшоў па-летняму цёплы і спакойны дожджшапатун.
Ліда сядзіць на камені, які ледзь бялеецца над травою. У блакітнай мужчынскай кашулі, у адпрасаваных нагавіцах, з рассыпанымі на плячах густымі валасамі, яна падобная не то на русалку, не то на Алёнушку. І глядзіць яна некуды на захад, дзе яшчэ тлеецца рэдзенькім блакітам вузенькая палоска неба.
Потым яна ціхенька запявае пра сонца, што схавалася ўранні за хмаркі, пра параненае сэрца, і ў песні – такі шчымлівы боль, такая дабрата шчырай і чыстай душы. Дробаў сядзіць побач на траве, прыхіліўшыся галавою да яе каленяў і абхапіўшы рукамі яе халаднаватыя шчыкалаткі. Яму ніколі так не падабалася гэтая песня і, здавалася, ніколі не было так добра.
Потым яны ішлі вузенькаю, нібы канава, вулачкаю, зацененай кашлатымі клёнамі. Ліда паказвала яму сваю хату і хлеў, дзе яна спіць на сене, а потым павяла ў канец вуліцы на схаваную ў бэзавых кустах лавачку. I, калі ён жартам спытаў, ад каго яна хаваецца, дзяўчына, усё гэтак жа сарамліва паглядваючы з-пад валасоў, што ападалі на твар збоку, сказала:
– Ай, дурань! Кожны вечар праходу не дае.
Дробаў слухаў, і яму было смешна і шкада гэтага шафёра, што кожны вечар наведваецца да яе і ад якога яна ўцякае.
І сапраўды, праехаўшыся па вёсцы, машына спынілася ля яе хаты.
Але што Дробаву было да гэтае машыны, да шафёра! А потым яны ішлі ўзмежкамі, агародамі, каб незаўважна падысці да хаты. Быў чысты белы месяц, халаднаваты, самотны, пакамечаны бульбоўнік, арэшнікавы ўзлесак, золкая, да сівізны буйная раса…
Гэта былі першыя дні, калі пачыналася іхняе з Лідай шчасце, і ён гаварыў ёй пра гэта, і яна верыла яму, глядзела ў вочы шчыра і аддана…
– Ужо зноў да акна прыліп, Кулібін няшчасны! – Дробаў не пачуў, калі ўвайшла ў хату жонка, азірнуўся: яна стаяла ў дзвярах у прамоклай балонневай куртцы, з вялікай торбай, поўнай прадуктаў, і таму адно плячо было апушчана.
– Ліда, помніш той вечар на беразе рэчкі? Як мы з табой пазнаёміліся?
Яна здзіўлена і насцярожана паглядзела на яго – ці не насміхаецца. І не разабралася.
– Во пакараў Бог! Нічога я не помню! – Ліда амаль крыкнула. I ў голасе была не толькі злосць, але і пагарда, яна ўспыхнула ў вачах, і Дробаў улавіў гэтае імгненнае свячэнне. – Я пасля работы, як конь, яму ежу валаку, а ён выдурняецца. У людзей мужчыны як мужчыны… Пайшоў бы хоць малую з садка забраў. І гэты ўсё ката за хвост цягае, – Ліда ўскінула голаў угору, паказала на суседа зверху.
– Забяру, – паспешна згадзіўся Дробаў.
Але галоўнае было вось у чым: толькі сёння ён нутром адчуў, што не памятае Ліда нічога таго і памятаць не хоча. І ўжо неяк па-іншаму паўсталі перад ім яе штодзённыя, пастаянныя папрокі за тое, што не хапае грошай, што не выберуцца са старое маленькае хрушчоўкі, што ў іншых «мужчыны як мужчыны», бо ўмеюць зарабляць грошы… І самому сабе Дробаў раптам здаўся малюсенькім, нікчэмным, як жабрак з меткаю ІТР, не інжынер, а гэты «ітээр», зняважлівей за якое і быць не можа звання… Але не гэта галоўнае, а тое, што ўбачыў у Лідзіных вачах.
Дробаў прачыніў акно – голас скрыпкі, праніклівы і шчымлівы, быццам дакрануўся да душы, на нейкі час перамог усе гукі навокал, усе адчуванні. Адзін толькі ён жаліўся, прасіў, вымольваў нечага, спадзяваўся і потым адчайна, наўзрыд усхліпваў…
Прывычны рык самалёта на ўзлёце заглушыў усе гукі, і Дробаў сцепануў плячыма, зачыніў акно, апрануўся, выйшаў на двор і пакрочыў па шапаткім лісці ўглыб скверыка, бяздумна, як адзінокі падарожны ў восеньскім тумане.
Сон
Ён мякка і бясконца падаў некуды ўніз, наўскасяк, ад гэтага падзення, здаецца, раствараўся, знікаў. Потым пачынаў выплываць аднекуль знізу, з бясконцай чорнай глыбіні, і яна, як вада, адчувальная, шчыльная, расступалася і выпускала яго наверх. І тады ён бачыў ноч у пакоі, падсветленую вулічнымі ліхтарамі, чуў глухі шум дажджу. Дажджом пахла і ў пакоі – фортачка была прачынена. І ён удыхаў гэты пах, як чалавек, які вынырнуў з-пад вады і ўцягвае паветра. Адчуваў, які ўвесь мокры і саслаблы ў вільготных ад поту прасцінах. Яго ўжо не калаціла, і дзве коўдры, і асенняе паліто, ускінутае наверх, цяпер былі непатрэбныя, ціснулі. Але ў яго не ставала ні сілы, ні жадання нават паварухнуць рукой. Ён прыслухоўваўся да болю, які неадступна, няўмольна выціскаў з сэрца жыццё. Не засталося сілы ўстаць з ложка па лякарства, нават узяць з падлогі шклянку з вадою. Тлелася млявае спадзяванне, што вось гэтак усё і скончыцца, і хацелася, каб скончылася. Яшчэ магла з суседняга пакоя зайсці жанчына, падаць яму ваду, лякарства. Але ён ведаў, што яна спіць і ніколі не прачнецца ні ад прадчування бяды з ім, ні ад таго, што яго няма побач. Ён гэта ведаў. Але чаму ўсё ж сэрца не магло змірыцца з гэтым веданнем і адгукалася болем? І ён зноў правальваўся, нібы паміраў, і потым зноў вяртаўся назад. І ноч цягнулася бясконца. І яму здалося, што, калі раніцай яна зазірне да яго і са святой шчырасцю запытаецца пра здароўе, ён скажа, што ведае ўсё, што больш прытварацца не трэба… І непрыкметна сасніў раніцу, чуў, як яна бегала ў прыхожай, нават нешта напявала, а потым, апранутая, радасная, зазірнула і спыталася толькі дзеля таго, каб спытацца: «Ты жывы хоць?» Ён ірвануўся, выкрыкнуў: «Перастань прытварацца!» Але голас прагучаў бездапаможна, жаласліва, як просьба міласціны. І яна не пачула яго, пстрыкнула выключальнікам, стала цёмна ў прыхожай, весела грукнулі зачыненыя кватэрныя дзверы. Яго проста не існавала на гэтым свеце!..
Уражаны адкрыццём, ён не выплыў з забыцця, а прахапіўся са сну: у прыхожай і сапраўды гарэла святло, весела тупала жанчына, было чуваць, як яна апранаецца, як пайшла да дзвярэй, як яны грукнулі, зачыніліся. І ў прыхожай, і ў ягоным пакоі запанаваў прыцемак. Цяпер у яго было не толькі разуменне, але і адчуванне кожнай сваёй знясіленай клетачкай, што ён чужы і што яна пайшла. З палёгкаю падумаў: «Добра, што звярнуўся да яе ў сне, а не сапраўды…»
І, спакойны, заснуў здаровым сном. Прачнуўся ўдзень у халаднаватым і выветраным пакоі. Цела, цяжкае, змучанае, было на дзіва лёгкае, ясная, чыстая галава. Увесь ён здаваўся самому сабе чыстым, маладым і здаровым. Ён памыўся пад душам, потым піў гарбату, і здавалася, што пахмуры дзень за акном святлейшы за ўчарашні.
Пасля тае ночы прайшло шмат гадоў, цэлае жыццё. І, калі ён успамінае перажытае і тую, першую, жанчыну, якую ён любіў і якая пайшла ад яго, найперш успамінае сон і свой жабрачы непачуты голас. Цяпер ён ведае, што, калі жанчына пакідае, яна не азіраецца. І з гадамі яму пачынае здавацца, што і тая пакутная ноч, і ўсё, што адбылося з ім тады, – гэта не сапраўды было, а саснілася, і гэты адзіны сон толькі і запомніўся яму з усіх сноў у доўгім чалавечым жыцці, і гэты сон і ёсць ягонае жыццё, а ўсё астатняе – няпраўда.
Людміла Лазута

Жыць усім разам…
Людміла Паўлаўна Лазута нарадзілася ў 1954 г. у вёсцы Едначы Слонімскага раёна, на Гродзеншчыне. Сярэднюю школу скончыла ў Слоніме. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута працавала ўрачом-педыятрам у Гродзенскай вобласці і Гродне. З 1989 г. жыве ў Мінску. На працягу 20 гадоў была галоўным урачом дзіцячай паліклінікі. Зараз займаецца педагагічнай дзейнасцю ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
З апавяданнямі друкавалася ў часопісах «Полымя», «Здоровье и успех», «Домашний очаг», «Курносики», газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Воскресение», «Царкоўнае слова», «Веснік БДМУ», «Слонімская газета», альманаху «Літаратурны экватар». Аўтар кніг «Імгненні» (2014), «Вузкімі сцежкамі» (2014).
У апавяданні «Незвычайнае паляванне», ідэю стварэння якога аўтару падказалі ўласныя падлеткавыя ўспаміны, адчуванне еднасці свету, усяго жывога ў ім праходзіць праз шэраг падзей. Сусвет адзіны для ўсіх. У ім людзі існуюць побач з раслінамі і жывёламі. І паспяховае суіснаванне магчыма толькі пры ўмовах павагі, спачування і ўзаемадапамогі. Апавяданне прываблівае чытача і далікатным вясковым гумарам. Ён вельмі пасуе пазітыўным характарам герояў твора.
Незвычайнае паляванне
(Апавяданне)
«Маня, дзе ты падзелася, чаму ў хлеў не ідзеш?» – з гэтымі словамі Рыгор пераступіў парог кухні, дзе ўжо сцямна спрытна завіхалася жонка, рухавая Маня. Заглянуўшы чарговы раз у печ, яна павярнула галаву на голас мужа.
Непаслухмяныя кучаравыя валасы жанчыны, заплеценыя ў касу і замацаваныя «кошычкам», былі прыціснутыя лёгкай бязевай хусткай, але ўсё ж такі выбіваліся з-пад яе, хваляй абводзілі высокі лоб, што надавала маладжавасці твару, ружоваму ад цяпла з печы. Гэтая прычоска ды яшчэ бліскучыя зеленаватыя вочы зрабілі сваю справу – Рыгор не мог адвесці вачэй ад Мані, нібыта ўбачыў жонку ўпершыню і ўразіўся. Было чаму: нягледзячы на пятнаццаць гадоў шлюбу, яна ўсё яшчэ заставалася першай прыгажуняй на вёсцы.
– Ты ж не чуў, як я амаль кожную гадзіну цалютку ноч у хлеў бегала, хроп сабе, як жыта прадаўшы. А зараз, калі ты ўжо на двор пайшоў, чаго мне туды бегчы? Блінцы во пяку.
У печы ярка гарэлі дровы. Па баках яе размясціліся два чыгуны, у якіх ужо кіпела намытая бульба – ежа для свіней. Паміж чыгунамі рабром стаяла цагліна. Яна служыла апорай адразу для дзвюх вялікіх круглых патэльняў, прыладжаных супрацьлеглымі бакамі на краі чыгуноў. На патэльнях выпякаўся сняданак. Калі блінец ружавеў, Маня спрытна віламі паднімала і выцягвала патэльню на прыпек, адным рухам пальцаў дакраналася да яе, і блінец, як акрабат на спаборніцтве, пераварочваўся іншым бокам, каб зноў трапіць у пячны жар. Гатовыя бліны ўзвышаліся ў талерцы на прыпечку – ладны іх стажок сведчыў аб тым, што гаспадыня не заляжалася ў ложку, хоць сёння і нядзеля.
– А што там? Ужо ж не маўчы, па вачах бачу – навіну прынёс.
Па румянцы на шчоках мужа было відаць, што гаспадар хвалюецца. Нават русыя яго валасы прыпацелі над ілбом пад шапкай.
Рыгор расшпіліў кажух і прысеў на табурэтку, нервова пакручваючы ў руках шапку. Стараючыся размаўляць цішэй, каб не пабудзіць дзяцей, сказаў:
– Яно так, маем прыплод, апарасілася таўстуха без нашай дапамогі, я налічыў адзінаццаць парасятак. Адно нейкае зусім слабенькае, не відаць, ці дыхае. Усе ў кучцы, ля маткі грэюцца, а гэтае неяк асобна. Я, канешне, падсунуў яго бліжэй, але мне здаецца, што свіння не вельмі ласкавая да яго.
– Дык ці жывое тое парасё? – спыніла мужа Маня.
Глянуўшы на разгублены твар гаспадара, яна зразумела, што трэба бегчы ў хлеў самой. Ён быў дбайным мужчынам, але ў такіх далікатных справах на яго была слабая надзея.
– Падварушы трохі дровы, каб блінцы не прыпалі, пабягу сама гляну, – хутка сказала кабета. Накінуўшы на плечы кажушок і прыхапіўшы з рук мужа ліхтарык, знікла за дзвярыма.
«Ну нібыта маланка паляцела. Сама хай і палічыць гэтых парасят ды са слабым разбярэцца», – падумаў Рыгор, знімаючы з чыгуна патэльню з падпечаным блінцом.
Маня, канешне, управіла справы. Налічыла дзесяць ладных парасятак, а адзінаццатае было зусім кволае. Каб яго не затапталі іншыя ці незнарок матка не прыціснула, вырашыла забраць гаротніка ў хату.
І такі ўратавалася гэтае парасё. Для спання яму прыладзілі фанерную скрыню ад пасылкі, саломы на дно паклалі, мяккай мешкавінай прыкрылі. Кармілі каровіным малаком праз дзіцячую соску. Дзеці, як прачнуцца ці пасля школы, перш-наперш да скрыні бягуць, гладзяць малое, ласкавыя словы прыгаворваюць. Нават купалі яго колькі разоў. Праз якія два тыдні парасё падужэла, пачало варочацца, потым выкульвацца са свайго жытла ды хатнюю прастору асвойваць.
Шпацыры тыя вельмі не падабаліся кошцы. Мурка адчула ў парасяці саперніцу, якая паціху авалодвала ўвагай і пяшчотай усяе сям'і. Кошка паспрабавала выгнуць спіну і пашыпець на парасё, але тое, відаць, не разумела, што гэта азначае, паглядвала на Мурку маленькімі няхітрымі вочкамі і дыбала паціху далей, пацокваючы капыткамі. Кошка затойвалася на табурэтцы, чакала свайго часу, назіраючы за парасём. Па напружаным уздрыгванні поўсці на спіне можна было здагадацца аб яе адчуваннях. Калі б Мурка ўмела гаварыць, сказала б нешта накшталт: «Ходзіць, нібы гаспадыня на абцасах, якая да свята рыхтуецца».
Кошкі – натуры настойлівыя, такі дачакалася.
А трэба сказаць, што па прапанове малодшай дачкі дзеці назвалі парасё Свінкай. «Пісаць з вялікай літары, як мянушку», – сказала першакласніца на сямейным савеце. Ніхто не пярэчыў. Толькі старэйшы сын-падлетак здзівіўся: «Мы што, пашпарт ёй рабіць будзем, каб мянушку з вялікай літары пісаць?» Усім ад гэтага выказвання зрабілася смешна і весела.
Дык вось, калі нікога не было ў хаце, адбылася там, відаць, вайна мясцовага значэння, бо калі Маня аднаго дня прыйшла пакарміць Свінку, то застала тую ў скрыні: парасё паціху рохкала, а на пысе і на спіне былі заўважныя чырвоныя сляды ад вострых Мурчыных кіпцюроў.
– Ах ты, бедалага мая, – занепакоілася Маня. Хутка прынесла зялёнку і памазала раны, што дужа не спадабалася парасяці: зялёнка пякучая.
– Дзе ты, злосная твая натура, – паклікала гаспадыня кошку. Але тая, прадчуваючы разборкі, схавалася, відаць, у цёмны падпечак. – Пачакай, будзе табе вечарам ад гаспадара.
І як толькі Рыгор бразнуў клямкай, хітрая кошка ўжо стаяла ля дзвярэй напагатове. Кінулася ў сенцы, чуць не збіўшы яго з ног, адтуль па драбіне на гарышча. Аднак раніцай ужо чакала гаспадыню перад дзвярамі, голад жа – не цётка. Цёрлася аб ногі Мані, пакуль тая не наліла ёй малака. Рыгор назіраў за гэтымі падзеямі здалёк, усміхаўся ў вусы, у каторы раз дзівячыся магутнасці каціных інстынктаў.
З таго часу Мурка наладзіла з парасём мірныя ўзаемаадносіны. Разборак за тэрыторыю больш не было. За выключэннем хіба хвілін дэманстравання неспакою, калі Маня прысядала ля Свінкі з бутэлькай малака – кошка тады саскоквала з печы і пачынала церціся ля ног гаспадыні.
Так парасё і падрастала, набірала паціху вагу, каб мець магчымасць вярнуцца ў хлеў і жыць сярод мацнейшых суродзічаў. Праз колькі тыдняў Свінка патрабавала ўжо больш ежы, а калі-нікалі ўночы вылазіла са скрыні, цокала ў пакой, дзе спалі гаспадары, пачынала патрабавальна смактаць ражок прасцірадла, які звісаў з ложка. Для Мані гэта азначала, што трэба ўставаць і карміць парасё. «Хутчэй бы яно зусім ачуняла, каб у хлеў занесці, а то ж лішнюю хвілінку падрамаць не дасць», – думала гаспадыня, адрываючы галаву ад падушкі.
А час рухаўся ў сапраўдную зіму. Перад Калядамі, па шматгадовай завядзёнцы, да Рыгора з райцэнтра прыехалі даўнія сябры – аматары палявання і рыбалкі: урач Мікалай Пятровіч і палкоўнік з ваенкамата Сяргей Мікалаевіч. З імі Рыгор сябраваў з тых часоў, калі рэгістраваўся на вайсковы ўлік як ветэран, а палкоўнік яшчэ быў маёрам. Далучыліся да кампаніі і двое мясцовых хлопцаў з цэнтральнай сядзібы калгаса – Пеця і Міша. Ніхто з мужчын не быў такім ужо завадовым знаўцам паляўніча-рыбацкай справы, але два ці тры разы на год яны сустракаліся ў Рыгора, каб пабыць у мужчынскай кампаніі дружбакоў, напячы бульбы на вогнішчы, юшкай паласавацца ды з нагоды парадаваць сямейных свяжуткай рыбай ці дзічынай. Падабаліся гэтыя сустрэчы і мужчынам, і хлопцам, і сям'і Рыгора. Усе любілі паслухаць паляўнічыя байкі пасля вячэры. Самым здатным да іх быў, канешне, Мікалаевіч – на тое ён і палкоўнік, бывалы чалавек.
Сустрэча і на гэты раз была радаснай. Пасядзелі за сталом, смачнымі салёнкамі са смажаным сальцам ды квашанай капусткай пачаставаліся, пагаманілі. Заседжвацца не сталі, праверылі яшчэ раз ружжы ды снасці для лоўлі рыбы з палонак. Вырашылі ўстаць напрыканцы ночы, каб прайсціся спачатку праз малады лясок, потым па хмызняках – мо якога зайца ці кабана і ўпалююць. Калі не – то далей рушаць да ракі, там рыбацкага шчасця пашукаюць.
Каб ранкам не парушаць спакой Мані і дзяцей, на ноч размясціліся ўсе ў адным пакоі: двое на ложку, адзін на канапе, а Мікалаевіч папрасіўся паслаць яму на падлозе. «Я так і лягу ў спартыўным касцюме, цёпла будзе. Ды і ранкам самы першы за снеданне вазьмуся, пакуль іншыя апранацца будуць».
Маня згадзілася. Прынесла з каморы вялікі, напоўнены пахкай саломай мяшок, палкоўнік на яго з задавальненнем улёгся. Рыгор прымасціўся на шырокім услоне ля печкі. Пагаманілі перад сном, парагаталі, успамінаючы ранейшыя прыгоды, ды і заснулі, храпучы на розных нотах.
Маня спала на кухні, на печы вырашыла спіну пагрэць. Думала раней падхапіцца ды паспець раненька яешню на керагазе насмажыць, каб не ішлі сябрукі галоднымі на паляванне.
Так яно добра і атрымалася: яешні на сале насмажыла, салёных гурочкаў з каморы прынесла, смачнага свойскага хлеба нарэзала. Чакае. А госці і не варушацца. Пайшла Маня мужа будзіць. Хутка ўсе паўскоквалі, апрануліся.
Ужо нават і за сталом не сталі заседжвацца, без размоў хутка падсілкоўваліся. А Мікалаевіч – той і зусім нічога не стаў есці, папрасіў толькі кубак гарачага чаю. «Мо галава чалавеку разбалелася, не хоча есці, усяляк бывае», – падумалася Мані.
На стук відэльцаў саскочыла з цёплай печы кошка: смажанае сала смачна пахне на ўсю хату. Пачаставалі і яе. А тут і Свінка асмялела, вывіхнулася са сваёй скрынкі і таксама да Рыгора накіравалася.
– Што гэта ў вас за звярына такая, няўжо парасё? Чаму ж па хаце ходзіць, а не ў хляве? Калі яно тут з'явілася? – зацікаўлена распытваў палкоўнік.
Рыгор распавёў гісторыю жыцця Свінкі, дадаўшы, што ўчора вечарам яна спакойна спала ў падпеччы, наеўшыся падкалотак з малаком, таму ніхто яе прысутнасці і не заўважыў.
Тут наш палкоўнік падскочыў з месца, Свінку паспрабаваў пагладзіць, а яна – дзёру ў бок Мані. Госць суправаджаў парасё настойліва-ўважлівым позіркам, пакуль тое не схавалася ў падпеччы. Зноў сеў ля стала. Пацягваючы з кубка чай, задуменна ўсміхаўся, загадкава, як у нас кажуць – «сабе ў вус», як быццам ведае штосьці ды раздумвае, ці вартыя гэтыя веды ўвагі прысутных.
Праз якую хвіліну, узяўшы відэлец, палкоўнік далучыўся да дружбакоў, паведаміўшы, што чай вельмі дапамог, нагнаў апетыту. Яешня на сале яму таксама прыйшлася да смаку, асабліва са свойскім хлебам, які ў Мані заўсёды атрымліваўся адмысловым.
Дружна падняўшыся ад стала, мужчыны дзякавалі за снеданне. І тут адбылося непрадбачанае. Кінуўшы вокам у бок падпечка, з якога высунуўся зацікаўлены лычык Свінкі, бывалы чалавек Мікалаевіч, палкоўнік па званні, ні з таго ні з сяго ляпнуў сябе далонню па лбе і… пачаў рагатаць. Сябры і гаспадары разгубіліся. А госць рагоча і рагоча – не маючы сілы спыніцца. Нарэшце супакоіўся. Аддыхаўшыся, пачаў расповед, якога, паглядваючы адзін на аднаго, чакалі ўсе прысутныя.
– Заснуў я звечара хутка. Сяброўская гутарка пад смачную вячэру заўсёды спрыяе жаданню адпачыць. Не ведаю, колькі праспаў. Прачнуўся ад таго, што на мяне хтосьці пазірае і сапе зусім побач, ля твару. Уціснуўся разам з саломай у падлогу. За імгненне якія толькі думкі не пракруціліся ў галаве: «Няўжо пацукі такія вялізныя водзяцца ў падполлі хаты? Яны ж, я чуў, і ўкусіць могуць за твар, калі чалавек спіць». А пацукі, прызнаюся, для мяне з маладосці самыя агідныя і непрыемныя з усяго жывога. Асмеліўся пальцам дацягнуцца да звярыны, спадзеючыся, што гэта ўсяго толькі кошка, але палец мацнуў нейкую незвычайную шкуру з дзіўнымі валаскамі. Накрыўся з галавой, ледзь не залямантаваў, – працягваў Мікалаевіч свой расповед, паглядваючы на ўсіх хітраватым вокам і пасмейваючыся ў вусы. – Ляжу, прыслухоўваюся. Потым датумкаў, што адышоў звер: пачуў лёгкі тупат яго ног. Канешне, было ўжо не да сну, ледзьве ранку дачакаўся. Не адважыўся адразу пра начное здарэнне распавесці, усе падзеі нанава прыпамінаў… А тут – парасё!
Рогат у кухні пабудзіў дзяцей, а мо і суседзяў. Усе адразу зразумелі, што ноччу галодная Свінка па звычцы гаспадыню шукала і натрапіла на госця, які хроп якраз пасярэдзіне яе звычайнага начнога шляху да падсілкавання.
…А паляванне добрае ўдалося. Вялікага кабана падстрэлілі – нібыта ў кампенсацыю за начныя страхі.
Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.








