Kitabı oku: «Зграя», sayfa 11
Воўчы сон
Яны чакалі, пакуль агонь цалкам знікне, баючыся пераскокваць праз яго. Іх страх перад жоўтым полымем быў не з-за страха згарэць. У сваёй нянавісці да шэрых яны не баяліся смерці. Страх сядзеў у іх на генетычным узроўні, перайшоў ад далёкіх продкаў.
Яны чакалі і не варушыліся, пакуль смачная ежа ўцякала. А ім так хацелася кінуцца следам, перагрызаць глоткі, адчуць смак крыві. Замест гэтага ў нос забіваўся горкі дым ад гарэння чорнай вадкасці.
Калі полымя знікла, ваўкі кінуліся наўздагон. Яны беглі на пах, які пакінулі пасля сябе параненыя. Дзясяткі белых праваліліся ў глыбокія ямы. Вострыя калы прапаролі іх скуры, прайшлі скрозь вантробы і поўсць. Але тысячы дабеглі да сваёй мэтай і х вялікай хуткасцю ўрэзался целамі ў каменныя сцены горада, ламаючы рэбры ды зубы. І не спыніліся. На спіны скалечаных ваўкоў сталі іншыя, на іх спіны трэція. Яны лезлі ўверх, да сваёй перамогі.
Грукат і скрыгат запоўнілі горад Суу-Ардун. Сотні белых асадзілі яго і кіпцюрамі, целамі ды зубамі хацелі прабіць праход да ежы. А ежа, яшчэ жывая, скідвала зверху камяні і вылівала на галовы ворагам кіпень. Ваўкі звонку будавалі піраміду з целаў, каб забрацца ўнутр, захапіць горад, разбурыць сцяну, з’есці ўсё жывое.
І калі жывая вежа была пабудаваны, а самы верхні воўк рыхтаваўся заскочыць унутр, сцены, палітыя чорным, успыхнулі ад агню. Белыя паваліліся на зямлю. Тыя, хто быў у самым нізе, паламалі спіны і адпаўзалі. Тыя, што былі наверсе, зламалі лапы і паразбівалі галовы. Калі полымя сціхла белыя пачалі будаваць новац вежы са сваіх цел.
Яны лезлі ўверх супраць розуму, нягледзячы на камяні і кіпень, не звяртаючы ўвагі на смерць сваіх аднакаляровых братоў.
***
Чорная вада скончылася. Яе хапіла, каб адпіхнуць ваўкоў ад сцяны, але цяпер горад быў безабаронны. Гаўл стаяў побач з Акірай і рыхтаваўся да нападу. Біцца тут было куды лепш, чым каля рова. Шмат ваўкоў не зможа адначасова заскочыць на вузкія сцены – для іх не хопіць месца.
– Гаўл, ты не баец. Сыходзь. Ты ж ведаеш, што тыя, хто застанецца наверсе, загінуць.
– Я сыйду разам з табой, Акіра. Тут хапае ваўкоў і без нас. Пайшлі са мной. Час рыхтавацца да апошняй дзеі.
– Ты яшчэ верыш у перамогу?
Воўк-адзінец пасміхнуўся.
– А што яшчэ застаецца? Сюды дайшло каля трох тысяч, мы здолеем забіць яшчэ з сотню, а потым… Потым будзем верыць у лепшае.
Адзін з белых заскочыў на сцяну, шэрыя хутка схапілі зубамі ворага і спіхнулі ўніз, у горад, дзе яго забілі. Праз хвіліну тое ж сталася з другім ваўком. А потым іх стала вельмі шмат.
– Акіра, пайшлі са мной. Мы патрэбны сваім зграям. На сценах застануцца лепшыя з тваёй зграі. Яны нікога не прапусцяць.
– Я не кіну сваіх, Гаўл.
– Тады прабач мяне.
Генерал моцна піхнуў у бок сваю саюзніцу, з-за чаго яна не ўтрымалася і ўпала са сцяны на дах хаты, скацілася па ім і звалілася на зямлю. На шчасце, ваўчыца нічога не зламала, але была шакавана паводзінамі Гаўла.
– Гаўл, чаму?!
– Прабач, Акіра, у мяне іншыя планы. І твая смерць стала б глупствам.
Важак Суу-Ардун прызямліўся побач з ёй.
– Не злуй. Мы пераможам, толькі калі застанемся жывымі.
Акіра пайшла на яго.
– Ты скінуў мяне са сцен, дзе я павінна біцца побач з іншымі ваўкамі. І зараз кажаш мне, каб я не злавалася? Аб чым ты думаў, “генерал”?
– Яны і без цябе будуць добра біцца. Ці думаеш адна выратуеш усіх?
– Справа не ў выратаванні ці чымсьці іншым. Каралева павінна быць побач са сваімі, калі яны гінуць. Кожны уладар мусіць так рабіць, а не пасылаць на гібель свае войскі, а ты…
– А я за ўсю бойку нават крыві белых не паспрабаваў.
Акіра спынілася, разумеючы, што абразіла Гаўла. Яна апусціла галаву. У гэты момант белы воўк прабіўся са сцяны ўніз. Да яго кінулася не менш за два дзясяткі шэрых, якіх ён лёгка раскідаў і пабег на Акіру. Але не паспеў – яму ў бок пацэліла страла і прыбіла да драўлянай хаты. Драпежнік з усёй сілы рвануўся наперад, разарваўся жывот і вантробы паваліліся на зямлю. Яго моцы хапіла дабегчы да ваўчыцы. Белы разінуў пашчу, каб схапіць каралеву за нагу, ды не паспеў – Гаўл учапіўся ў яго гарляк і дачакаўся, пакуль вораг упадзе на зямлю.
– Вось і ты паўдзельнічаў у бойцы…
– Не. Я не здольны зрабіць нічога добрага зубамі ці кіпцюрамі. Але не дазволю, каб з табой нешта здарылася.
Акіра паказала зубы ў знак падзякі.
– Зразумей, у кожнага з нас свая роля. Я не спрачаўся, калі ты захацела біцца і кіраваць флангам. Але зараз твая мэта – зрабіць усё, каб ацалець. Бо без цябе наша перамога нічога не будзе каштаваць. Прынамсі, для мяне.
– Дзякуй, генерал. Прабач, што накінулася на цябе. У наступны раз я выратую тваё жыццё.
– Ты і так штораз гэта робіш, – ён уперыўся ў аднавокую пысу каралевы. – Часам я пачынаю верыць у казкі пра Месяц, асабліва калі пачытаў працы Прарока. Ён аднекуль ведаў пра з’яўленне белых і пра мяне з табой.
– Ого, і я там таксама ёсць? А мне падавалася, што там толькі пра выратавальніка.
– Не, не толькі. І там гаворыцца… Шмат цікавага пра цябе і мяне. Думаю, пасля заканчэння вайны нам трэба шмат што абмеркаваць.
– Добра. А што рабіць цяпер?
– Тое, што патрабуецца ад каралевы і важака – кіраваць абаронай горада. За табой Апосталы, а за мной – сцены.
Гаўл паглядзеў, як белыя ўсё большай колькасцю сягаюць на сцены. Адзін з шэрых не ўтрымаўся і перакуліўся звонку. Пакуль яго цела разрывалі сотні пашчаў, напор на тым баку сцяны спыніўся.
– А вось і мой першы табе загад, Акіра – ідзі ў лякарню і даведайся колькі мёртвых ваўкоў у горадзе.
***
Катапульты разбураны, чораня вада скончылася, засталося восем лукаў – вельмі мала, каб імі трэба было камандаваць. Таму ўсе Апосталы лекавалі параненых ваўкоў і рамантавалі ўзбраенне. Паламакныя ногі перавязваліся з тоўстымі дошкамі, замест адгрызеных ставіліся штучныя. Цяжка параненых, з разадранымі жыватамі і шыямі, зашывалі. Часу на дапамогу ўсім не хапала. Яны хацелі як мага больш ваўкоў вярнуць на поле бойкі. Мёртвыя целы звальвалі ў адно месца і іх колькасць пераваліла за сотню.
– Апосталы, колькі ў вас мёртвых?
– Мёртвых? А хто іх лічыць – паглядзі сама на вуліцы каля вогнішча.
Ваўчыца зморшчыла нос і паглядзела на скалечаных ваўкоў, якія запаўнялі памяшканне. Кульгавыя, акрываўленыя, без ног і хвастоў. На зямлі побач з уваходам ляжаў вялікі воўк без нагі.
– Аўчылак? Ты жывы?
– Пакуль жывы. І хачу біцца, але не магу хадзіць.
– Апосталы, што з ім?
– Згубіў шмат крыві, пашкоджаны знутраныя органы. Доўга не працягне. Не сёння дык заўтра памрэ.
Аўчылак, які быў самым моцным ваўком Суу-Ардун пасля памерлага Грыка, сціснуў зубы ад злосці.
– Акіра… Выканай маю просьбу. Я не хачу загінуць тут, сярод іншых хворых. Гэта не мой шлях. Калі і паміраць, то ў бойцы. Дапамажы мне.
***
Гаўл сачыў за сценамі, змяняў стомленых ваўкоў на свежых. Калі бачыў, што белыя пачынаюць моцна насядаць на адзін з бакоў, накіроўваў туды дапамогу. Часу заставалася мала. Вярнулася Акіра.
– Гаўл, я размаўляла з апосталамі. Мёртвых у нас у шмат разоў больш, чым параненых.
– Добра, знайдзі моцных ваўкоў і скажы, каб раз на пяць хвілін скідвалі адно цела з кожнага боку сцяны.
– Навошта?
– Гэта спыніць націск. Хаця б на некалькі хвілін. Пакуль ты хадзіла да апосталаў загінула дванаццаць шэрых, чацвёра параненыя.
Акіра панеслася назад, а да Гаўла падыйшоў Арык.
– Генерал, у тваім горадзе так шмат ваўкоў, што цяжка знайсці сярод іх галоўнага. Асабліва з такой шыяй.
– Арык, не час шуткаваць. Чаго табе трэба?
– У мяне прапанова. Замест таго, каб бегчы невядома куды, можам пайсці да ракі. Там чакаюць мае караблі. Пераправімся на наш бераг і выратуемся…
– Не. Мы альбо пераможам белых сёння, альбо загінем.
– Гаўл, навошта паміраць…
– Бо ў нас не будзе іншай магчымасці.
– Але твая прапанова – гэта самагубства… Колькі ваўкоў засталося ў цябе і колькі белых чакае звонку?
– Дзве сотні супраць двух тысяч. Пакуль што. Я планую давесці гэты лік да роўных лічбаў.
– І ты лічыш, што зможаш перамагчы, калі супраць аднаго шэрага будзе біцца адзін белы?
– Так, я сапраўды ў гэта веру.
***
Шэрыя больш не маглі супраціўляцца белай навале. Усе, хто стаяў на сценах, сцякалі крывёю. Не дапамагалі і мёртвыя целы, якія скідвалі зверху. Белыя не звярталі на іх увагі. Ім хацелася свежага, жывога мяса.
Гаўл зразумеў, што чакаць далей няма сэнсу. Важак завыў, падаючы загад да апошняга адступлення. Другая фаза бойкі была карацейшай за першую.
Ваўкі пасунуліся за хату, у якой працавала лякарня. Там, прыхаваны лісцем, быў таемны ход, даўжынёю не менш за дзве тысячы крокаў. Ён з’явіўся тут дзесяць гадоў таму, вырыты ваўкамі Ачын. Адзін з сакрэтаў выведнікаў Акіры – чаму яны пра ўсё ведалі першымі. Такія ж таемныя хады былі ў гарадах усіх суседніх зграй.
Па адным ваўкі пачалі сыходзіць з горада. Праход быў дастаткова вузкі для шэрага ваўка, а белы ніколі б не здолеў праціснуцца ўнутр. Гаўл з Акірай стаялі побач і сачылі як праходзіць пабег. Ваўкі на сценах працягвалі змагацца і паміралі. Яны цудоўна ведалі, што зграя пакінула іх на смерць.
Калі ў горадзе засталося два дзясяткі ваўкоў, Гаўл даў загад абаронцам сцяны.
Белая зграя, якую ніхто не стрымліваў, кінулася ў горад. Без роздумаў, яны ляцелі на зямлю і дахі, паміраючы, а жывыя кідаліся на жывое мяса.
Шэрыя замкнулі кола, у цэнтры якога каля таемнага хода стаяў Гаўл з факелам, а побач з ім ляжаў Аўчылак. Калі белых стала зашмат і яны пачалі шчыміць шэрых, звужаючы кола, генерал скамандаваў:
– Час!
І кінуў факел на незаўважны шэры парашок, рассыпаны пад нагамі. Ён ярка заіскрыўся і полымя панеслася адразу ў некалькі бакоў да сцен. Гаўл, Акіра і ўсе хто мог ісці, кінуліся ў нару. Белыя, разрываючы жывых, рушылі за імі. Аўчылак перакусваў ім сухажылы на нагах, з-за чаго ваўкі валіліся на зямлю. Адразу з дзясятак ваўкоў кінуліся на яго і загрызлі.
***
Белыя зубамі і лапамі, як маглі, пашыралі праход, каб лезці за сваёй ежай. З затуманеным розумам, яны маглі думаць толькі пра гэта і не заўважалі яскравыя агеньчыкі, якія несліся да драўляных скарбонак, урытых у зямлю пад высокімі сценамі горада.
Шаснаццаць выбухаў скалынулі зямлю. Ваўкоў, якія стаялі побач з імі разарвала на кавалкі. А пасля сцены абрынуліся на горад, пахаваўшы пад сабой сотні белых ваўкоў.
***
Апосталы называлі гэты незвычайны парашок чароўным пылам. Яго рэцэпт, як і шмат чаго іншага, вынайшаў Прарок. Апосталы доўгі час не ведалі, навошта ён ім патрэбны. Таму хавалі гэты сакрэт ад іншых зграй і рыхтавалі запасы.
З яго дапамогай Гаўл зрабіў самаробныя бомбы, якія выкарыстаў у сваёй апошняй пастцы для белых. Сцены горада павінны былі пахаваць пад сабою ўсіх ворагаў. Але гэта было б вялікім поспехам.
Жывыя ваўкі, якія вылезлі з таемнага праходу, чакалі на мяжы тэрыторый Суу-Ардун і Ачын. Выведнікі Акіры даклалі, што ў жывых засталося больш за сотню белых. Яны гуртаваліся на руінах і жэрлі целы мёртвых шэрых.
– Нас удвая больш, чым іх. Трэба напасці зараз і перамагчы. Няма часу, каб чакаць наступнага моманту. Калі яны разбягуцца па лесе, то будуць куды большай небяспекай. Акіра, павядзеш нас у апошні бой?
– Так, Гаўл, куды ты, туды і я.
Побач з каралевай стаў Арык і сем жывых Апосталаў.
– Пайшлі.
Дзве сотні ваўкоў панесліся да былога горада Суу-Ардун. Яны беглі як мага хутчэй, марачы усё скончыць адной атакай.
На руінах нікога не было. Усюды валяліся целы мёртвых белых ды косткі з’едзеных шэрых ваўкоў.
– Каралева, дазволь гаварыць.
– Кажы.
– Белыя зжэрлі, што маглі, а потым хутка пабяжалі назад, на поўнач. Яны ўсе сышлі, нікога не засталося. Нашы ваўкі сочаць за імі і хутка вернуцца з дакладам.
Акіра павярнулася да Гаўла.
– Ну што, важак, як ты лічыш – гэта перамога ці параза? Мы прымусілі іх бегчы з поля бойкі.
– Не ведаю, аднак вайна не скончана. Мы не будзем у бяспецы, пакуль жыве хаця б адзін белы. Аднак у нас з’явіўся час. За гэта памерлі восем соцен нашых братоў.
17.
“Гісторыя скончана” – першая думка, якая прыйшла ў галаву Максіма калі раніцай раскрыў вочы. Разуменне, што ён ніколі не пабачыць ваўкоў стала адначасова палёгкай і горам. У нейкім сэнсе хлопец сам стаў ваўком, звыкся з думкай аб абавязковай прысутнасці шэрых у сваім жыцці.
“Цікава, і аб чым я павінен расказаць наступнаму апавядальніку? Белыя пераможаны, хай некалькі дзясяткаў з іх і ацалела. Аб’яднаныя зграі падрыхтуюцца і ўмацуюць абарону. Калі гісторыя і будзе працягвацца, то праз некалькі гадоў. Але… Навошта мне пра гэта думаць? Лысы скажа ўсё, што я павінны ведаць. Як бы там ні было, у сваім свеце шэрыя перамаглі. А ў нас я прайграў бойку белым”.
Успаміны пра візіт лысага з троіцы змясціліся недзе на ўскрайку падсвядомасці. Макс не паятаваў што ён гаварыў, акрамя таго, што Лене пагражае небяспека, а адзіны шанец выратаваць яе – пагадзіцца на ўсе прапановы троіцы. Ці, хутчэй, ужо двоіцы. “Што ж ён мне дакладна казаў?” – хлопец намагаўся ўспомніць, ды не мог. Апошняе, што ўрэзалася ў памяць, як ён схапіў лысага за шыю
Максім адкрыў вочы і паспрабаваў падняцца, ды не змог. Яго цела прывязалі скуранымі рамянямі да ложка. Змянілася і палата – ён ляжаў у адзіночцы, святла з маленькага вузкага акенца пад самай столяй не хапала, над ім з непрыемным гукам вылучала мёртвы белы свет доўгая люмінісцэнтная лямпа.
– Гэй! Мяне хто-небудзь чуе?
Дзвер паходзіла на тыя, што паказваюць у фільмах пра турму – цяжкая, металічная, з невялічкім акенцам, каб можна было сачыць за асуджаным.
На словы Максіма ніхто не адгукнуўся і ён крыкнуў:
– Гэй! Ёсць тут хто-небудзь? Адпусціце мяне!
Пачуліся крокі, нехта паглядзеў у акенца і сышоў.
– Я вас чуў. Адчыніце дзверы. Навошта мяне сюды зацягнулі?
Ніхто не адгукнуўся. Максім спрабаваў успомніць абставіны ўчорашняга дня. Пасля абедзенага прыёму лекаў ён быццам знік. У памяці засталася толькі размова з Лысым. Хлопец памятаў, як спрабаваў задушыць яго, але не ведаў, ці атрымалася.
Дзвер адчынілася. У палату зайшоў доктар.
– Вітаю, Строцаў. Думаю, да суда вы застанецеся ў гэтай палаце, каб не нашкодзіць іншым хворым. Зараз зробім ін’екцыю і вы адпачнеце.
– Не, доктар, не трэба! За што мяне сюды? Я нічога не памятаю.
– Не памятаеце? Ці ваш розум спецыяльна хавае гэты ўчынак? У любым выпадку я не буду з вамі цацкацца ў добрага псіхіятра. Учора вы задушылі іншага хворага.
– Як задушыў? Каго?
– Андрэя Баранава. А цяпер ляжыце спакойна, ці будзе горш.
Доктар часткова асвабадніў адну з яго рук, знайшоў вену і заліўу яе вадкасць са шпрыца.
***
Максім не мог сказаць, колькі гадзін ці дзён правёў у забыцці. Калі ачухаўся, рамянёў на целе не было, а на ложку ляжала адзежа. Побач стаялі Лысы з Чарнявым.
– Апранайся. Зробіш апошнюю паслугу і будзеш вольны.
– Вы напішаце, што я павінен казаць?
– Гэта не трэба. Мы скажам, што павінна адбыцца ў тым сусвеце. А расказваць можаш любымі словамі. Адзінае – ты не павінен гаварыць пра нас.
Макс апрануўся. Чарнявы працягнуў у яго бок руку.
– Дакраніся да мяне і мы перанясемся ў іншае месца.
– Я хачу спытаць.
– Не будзе ніякіх пытанняў. Ты робіш тое, што мы кажам, і разам са сваёй дзяўчынай атрымоўваеш свабоду. Інакш яна памрэ, а ты на ўсё жыццё застанешся ў гэтай лякарні.
– Я забіў чалавека.
– Мы ведаем. Ты зрабіў гэта сам, пад лекамі. Мы ні пры чым. Дапаможаш, і гэты чалавек знікне з сусвета, як зніклі іншыя. Ніхто пра яго не ўспомніць.
– Можна мне пагаварыць з Ленай?
– Ніякіх размоў. Часу мала.
– Альбо вы даеце мне магчымасць размаўляць з Ленай, альбо я раскажу тое, што захачу. Мне трэба ведаць, што яна жывая.
Лысы з чарнявым пераглянуліся.
– Добра. Дакраніся да маёй рукі і перанясешся да яе.
***
Лена была забарыкадавана ў адным з самых шыкоўных нумароў гатэля. Два разы ў дзень чарнявы прыносіў ежу, але адмаўляўся размаўляць ці расказваць пра Максіма. І першае, што яна зрабіла, калі пабачыла апавядальніка – кінулася яму на шыю. Лысы, які стаяў побач, суха прамовіў.
– Даю дзве хвіліны.
– Максім, ты жывы. А я не ведала, што і думаць. Цябе адпусцілі з турмы?
– Хутчэй з вар’ятні. Цяпер усё будзе добра. Хутка ўсё скончыцца і мы атрымаем свабоду.
– Макс, не расказвай тое, што яны хочуць. Не трэба. Не думай пра мяне. Жыццё цэлага сусвету важнее.
– Не магу. Шмат людзей загінула з-за мяне. Я хачу перадаць сваю гісторыю і жыць свабодным.
– Памерлыя людзі застануцца мёртвымі. Ты не зробіш ім горш ці лепш. І што ты скажаш пра тысячы ваўкоў, якія загінуць з-за тваёй згоды?
– Ваш час скончаны. Максім, дакраніся да мяне.
На кароткае імгненне хлопец апынуўся ў цемры, а потым вынырнуў у сваёй кватэры разам з лысым і чарнявым.
– Слухай і запамінай. Мы бачылі, што адбылося пасля бойкі аб’яднаных зграй з белымі ваўкамі. Тое, што зрабілі шэрыя – цуд. Яны амаль перамаглі. А таму наступнаму апавядальніку ты раскажаш, что праз дзень белыя ваўкі вярнуліся і лёгка знішчылі ўсіх шэрых са зграй Суу-Ардун, Алык-Ачын, Вый-Кло і Стыр-Калі. А напад быў настолькі нечаканым і хуткім, што ніхто не выжыў. Пасля гэтага белыя пайшлі на балота, забілі ўсіх шчанюкоў са старымі і спыніліся, каб чакаць дапамогі з поўначы.
– Усё?
– Так. І давай без падрабязнасцей. У мінулы раз табе расказалі пра шаснаццаць ваўкоў, якія нейкім чынам здолелі выратавацца. З-за гэтага Суу-Ардун добра падрыхтавалася да бою. Да чаго гэта прывяло сам ведаеш. Сёння ўвечары ідзі ў горад, выбірай любога чалавека і раскажы яму тое, што мы сказалі. Заўтра вернеш сваё жыццё.
***
Максім вярнуўся ў кавярню, з якой пачалася яго гісторыя. Сеў на сваё месца ў куце, замовіў каву і пачаў абіраць – хто ж з наведвальнікаў здольны супраціўляцца белым ваўкам. Ён здзівіўся, што Лена знайшла такі выхад з абставінаў – выдумала шаснаццаць выратаваных ваўкоў, ад якіх Суу-Ардун і даведаліся пра белых. Сапраўды, калі б не гэта, усё б вырашылася куды хутчэй.
Маладая рудавалосая дзяўчына, саракагадовы лысы мужык з піўным жыватом ці студэнт у акулярах? Не, ніхто з іх не падыходзіў для яго гісторыі. Трэба чакаць далей.
“А можа, плюнуць на ўсё? Падыйду да мужыка і раскажу ўсё, як ёсць. Хай думае, як жыць далей”, – такія думкі апаноўвалі хлопца, але ён працягваў сядзець і чакаць.
“Шэрыя атрымалі перамогу. Яны зрабілі немагчымае. Перамаглі ў дзесяць разоў большае войска, у якім кожны воўк каштаваў мінімум пяцёх іхніх. Гаўл, Акіра, Арык, Апосталы, Аўчылак… Цікава было б даведацца, чаго б яны дасягнулі яшчэ, калі б не мая гісторыя. Можа, усе чатыры зграі ператварыліся б у адну вялікую, якая ведае пра нафту, порах, жалеза, са сваёй рэлігіяй, выведкай і рэгулярным войскам. А яшчэ калонія на іншым кантыненце. Упершыню ваўкі б утварылі зграю зграй, ваўчыную федэратыўную дзяржаву. А пасля яны б лёгка маглі аб’яднацца з іншымі зраямі. Шкада, што Гаўл і астатнія загінуць”.
У кавярню зайшоў высокі трыццацігадовы хлопец. Упэўнены ў сабе, высокі і моцны.
“Вось такі б чалавек здолеў перамагчы. Сапраўдны герой, не тое што я. Яму і раскажу сваю гісторыю”.
Незнаёмец узяў піва і сеў за столік пасярэдзіне кавярні. Максім канчаткова абраў яго наступным апавядальнікам, але перад тым, як падсесці да яго, вырашыў апошні раз успомніць усіх, хто загінуў. Бо не быў упэўнены, што пасля заканчэння гісторыі здолее гэта зрабіць.
Наста, дзяўчына, якую ён кахаў, але з-за маладосці не здолеў зразумець сваіх пачуццяў. Філіп – упэўнены ў сваёй абранасці хлопец, а насамрэч звычайнае дзіця супадзення, які згубіў веру. Андрэй – дзіўнаваты мужык з вар’ятні, які збягаў ад сябе, а прыбяжаў да смерці ў выглядзе Максіма. Грык – важак, які марыў кіраваць зграяй і нічога не вырашаць. Аўк – былы важак, які не здолеў забыцца на свае амбіцыі і загінуў з-за традыцый, якімі сам жа і апекаваўся. Сутра – старая ваўчыца-маці. Аўчылак – воўк, які біўся да апошняга. Да іх хутка далучацца астатнія – Гаўл з Акірай, Арык, Апосталы.
“Не трэба пра гэта думаць. Выйсця няма. Ну раскажу я зараз, як шэрыя кінуліся наўздагон і пазабівалі ўсіх белых. А далей? Лысы прыйдзе да наступнага апавядальніка і скажа – раскажы, як аб’яднаныя зграі трапілі ў пастку і ўсе загінулі. З самага пачатку ідэя супраціву была дурная”.
Хлопец устаў з-за стала і падсеў да абранага чалавека. Той са здзіўленнем паглядзеў на яго.
– Прывітанне, мяне завуць Максім. І я хачу расказаць табе гісторыю пра ваўкоў.
– Што? Ты хто такі? Якія яшчэ ваўкі?
– Хачу расказаць. Адчуваю, што калі пачну, то не здолею спыніцца. Галава расколваецца ад гэтага жадання.
Раптам успамін, кароткі і яркі, быццам звышновая зорка, разарваўся ў розуме Максіма. Ён знайшоў выхад, які выратуе ваўкоў.
“Дзіўна, але я магу стаць героем. Сапраўдным, а не з нейкага міфа. Нажаль, пра гэта не даведаецца ніхто з людзей ці ваўкоў. Мой подзвіг застанецца толькі маім. Мабыць і Лена не здагадаецца… І што з таго, калі я перамагу?”.
– Хачу, але не буду. Мая гісторыя застанецца са мной. Яе больш ніхто не пачуе і ніхто не зможа працягнуць. Калі ласка, скажы Лене, што мне шкада.
Максім схапіў са стала нож і хуткім рухам глыбока утыркнуў сабе ў жывот. Рэзкі боль сцяў хлопца, пальцы знямелі. Неймаверным намаганнем ён разрэзаў свае вантробы ўздоўж.
На падлогу палілася чырвона-чорная кроў. Нехта закрычэў. Нечакана побач з’явіўся лысы мужык, паваліў самагубцу на зямлю, прыклаў свае рукі да раны і… знік.
***
Калі дзвер адчынілася, Лена чакала пабачыць там аднаго з троіцы, але там была пакаёўка. Яна здзіўлена паглядзела на дзяўчыну.
– А вы што, жывёце тут? Мне сказалі, што нумар вольны. Прабачце.
Лена не да канца зразумела, што здарылася, таму выскачыла следам, хутчэй да ліфта, на вуліцу. У яе не было грошай і тэлефона. Яна падбегла да першага сустрэчнага і папрасіла зрабіць адзін званок.
Праз трыццаць хвілін маці забрала яе дадому. Дзяўчына адшукала нумар Максіма, але яго тэлефон быў адключаны. Тады яна кінулася ў сеціва ў пошуках інфармацыі. І знайшла:
“Самагубства ў кавярні
Учора вечарам малады чалавек, апазнаны як Максім Строцаў, учыніў акт самагубства ў кавярні на вачах дзясятка людзей. Наведвальнікі спрабавалі выратаваць яму жыццё, але рана была несумяшчальная з жыццём. Ён памёр праз некалькі хвілін ад страты крыві.
Па словах аднаго са сведак, яго апошнімі словамі было “Папрасі прабачэння ў Лены”. Зараз следчыя органы спрабуюць высветліць асобу названай дзяўчыны”.
Далей ішлі каментары следчага і псіхолага. Лена не магла іх чытаць, схапілася за галаву і заплакала.
– Ты перамог. Ты зрабіў гэта.
***
Лысы прачнуўся ў лесе. Яго розум яшчэ не засвоіўся ў гэтым сусвеце і захаваў частку былых успамінаў. Ён зразумеў, што прайграў вайну. І хутка, праз некалькі гадзін, ператворыцца ў такую ж бязмозглую пачвару, як іншыя белыя ваўкі на гэтай планеце. А адзіным яго жаданнем і мэтай жыцця стане пошук ежы – мяса шэрых ваўкоў.
“Цікава, як кожны з сусветаў змяняе нашы асобы. Дзесьці мы цалкам разумныя істоты, можам размаўляць і думаць, а дзесьці, як тут, нам застаюцца адны інстынкты. І чаму мы ніколі не вывучалі гэты феномен?”.
Думкі хутка змяняліся на іншыя, больш простыя:
“Холад, ежа. Трэба шукаць ежу. Шэрыя ваўкі – смачная ежа. Яны далёка. Буду шукаць іншую ежу, мяса. Шукаць ежу”.
Недалёка ад яго ў лесе з’явіўся яшчэ адзін воўк – з чорнай поўсцю.