Kitabı oku: «Зграя», sayfa 12

Yazı tipi:

Воўчы сон

Белыя ваўкі беглі на поўнач, яны пераскочылі роў, забраліся на вал і рушылі далей, у свой лес. Яны бяжалі ад бою зараз, каб адпомсціць пасля.

***

Пяць дзён пайшло на тое, каб пахаваць целы ўсіх ваўкоў. Значную частку закапалі ў рове. Ніхто не спрабаваў адбіраць шэрых ад белых – у мешаніне з крыві і поўсці зрабіць гэта было немагчыма. Горад Суу-Ардун, раздаўлены сваімі ж сценамі, вырашылі не аднаўляць, а пабудаваць побач іншы.

Савет ваўкоў, у які цяпер уваходзілі Гаўл, Акіра, Апосталы і Арык, збіраўся кожны дзень. Праблем было шмат – ад пошукаў ежы, да лёсу зграй. Апошняе найбольш хвалявала ўсіх і выклікала шмат спрэчак. Ежы не хапала, асабліва на землях Суу-Ардун, спустошаных не толькі белымі, але і шэрымі ваўкамі. Паляўнічыя выбіраліся на тэрыторыі Вый-Кло і Стыр-Калі.

У бойцы выжыла каля двухсот дарослых ваўкоў, і яшчэ каля сотні шчанюкоў і старых. Вельмі малая колькасць для сапраўднай зграі, таму ніхто не спяшаўся бегчы на сваю тэрыторыю. За апошнія два тыдні межы паміж зграямі і пахі сцерліся. Ваўкі з цяжкасцю адрознівалі “сваіх” ад “чужых”.

Значная частка жывых стала кланяцца Месяцу і брату ягонаму Сонцу. Асабліва пасля таго, як Апосталы сталі зачытваць скруткі Прарока. Нехта з вернікаў пры з’яўленні Гаўла нізка нахіляў галаву. Важаку гэта не падабалася.

***

– Арык, ваша зграя цяпер самая вялікая, але толькі таму, што позна прыйшла на дапамогу. І калі ты лічыш, што вы здолееце выжыць без нашай дапамогі, я цябе не трымаю.

– Я не гэта меў на ўвазе, Гаўл. Але твая прапанова… Недарэчна. Як ты гэта ўяўляеш? Іншыя зграі будуць смяяцца. А потым пачнуць ненавідзець. Ведаю, ты шмат традыцый парушыў, але гэта… На гэтым трымаецца ўвесь свет.

– А мы згодны з Гаўлам. Зграі павінны быць моцнымі. А гэта магчыма, толькі разам, – апошнім часам Апосталы кожнага разу былі на баку Гаўла. Складвалася адчуванне, што цяпер яны не сумняюцца, што ён абраннік Месяца. – Да таго ж, белыя могуць вярнуцца. Трэба рыхтавацца да гэтага.

– Мне трэба падумаць. Мае ваўкі…

– Арык, у цябе засталося сем дзясяткаў ваўкоў. Так, у вас ёсць караблі і жалеза, ёсць таямнічыя землі на ўсходзе. Аднак ты альбо пагаджаешся зараз, альбо назаўсёды сыходзіш з савета. У нас няма часу на спрэчкі. Зграі збянтэжаны і не ведаюць як жыць далей. Вырашай зараз.

Арык лёг на зямлю.

– Добра, Гаўл, я згодны.

***

Акіра маўчала. Гаўл лічыў такія паводзіны каралевы дзіўнымі, бо яна заўсёды выказвала свае меркаванні па самых розных пытаннях. А на гэтыя прапановы, мабыць, самыя важныя за ўсю гісторыю чатырох зграй, не сказала ні слова.

Дый аб чым яна магла гаварыць, калі сама прырода вырашыла за яе. Акіра насіла шчанюкоў Гаўла. Яна зацяжарыла яшчэ перад бойкай з белымі, але вырашыла пра гэта нікому не казаць – навошта, калі шанцы выжыць былі такімі малымі? А зараз ідэя Гаўла падавалася ёй лепшым выхадам са становішча.

Яна здзіўлялася сама сабе – за ўсё жыццё ў яе ні разу не ўзнікала жадання стварыць пару з іншым ваўком. Гэта пры тым, што яна была не маладая, а Ачын патрабавалася новая каралева. Некалькі месяцаў таму Акіра вырашыла, што праз год зацяжарыць ад аднаго з моцных ваўкоў сваёй зграі. А потым з’явіўся Гаўл – воўк-адзінец з траўмаванай шыяй, нізкага росту, худы і слабы. З дзяцінства яна прывучалася пагарджаць такімі. Але яго розум, яго словы і дзеі загіпнатызавалі каралеву. Усё сваё жыццё яна жыла разам з хуткасцю і магутнасцю і ўпершыню сустрэлася з розумам. Гэта скарыла яе. Акіра нічога не магла парабіць з пачуццямі і першая зрабіла крок насустрач каханню, бо была ўпэўнена, што Гаўл ніколі не наважыцца на такі ўчынак.

Шчанюкі пасля нараджэння не будуць належыць зграі Ачын ці Суу-Ардун. Яны будуць новым пакаленнем, ваўкамі будучыні. Першымі са шматлікіх.

І калі абмеркаванні спыніліся, Акіра расказала савету пра цяжарнасць, чым выклікала новую хвалю спрэчак, у якіх стала ўдзельнічаць з заўсёднай жарсцю.

***

Ваўчыны сход па чарзе аб’явілі Гаўл, Акіра, Арык і Апосталы. Усе ваўкі, жывыя пасля вайны, з’явіліся і паселі вакол вогнішча, побач з руінамі разбуранага горада.

“А ваўкі сапраўды сталі верыць у Месяц. Але трэба адвучыць іх пакланяцца мне, інакш гэта перарасце ў нешта дурное. Нас засталося вельмі мала. Нават на сход Суу-Ардун збіралася больш ваўкоў, чым зараз на сход чатырох зграй. І невядома, як ваўкі ўспрымуць навіны. Можа, заб’юць нас і абяруць сабе чатырох сапраўдных важакоў”.

Першымі да сваіх звярнуліся Апосталы.

– Зграя Вый-Кло, мы перажылі самую вялікую бойку ў гісторыі ваўкоў. Месяц і брат ягоны Сонца задаволены нашым подзвігам. Мы выратавалі ўсіх ваўкоў. Нават няверных, якія яшчэ не прызналі сапраўдных уладароў сусвету. З важакамі зграй мы абмяркоўвалі, што рабіць далей. І адно з рашэнняў тычылася веры. Ад гэтага дня народжаным ваўкам будзе абразацца хвост, у знак пасвечанасці ў тайну Месяца і Сонца.

Следам па чарзе выйшлі Арык і Акіра. Іх словы мала адрозніваліся. Яны пагадзіліся з усім, што сказалі Апосталы.

Важак Суу-Ардун, генерал вайны, казаў апошнім. З дапамогай незвычайнай прылады, якую выдумалі Апосталы, яго шыю падтрымлівала жалезна-драўляная прылада. Цяпер галава ваўка ніколі не апускалася.

– Ваўкі Суу-Ардун, Ачын, Вый-Кло, Стыр-Калі, падчас апошняй бойкі мы з вамі сталі братамі. Таму ад сёння больш не існуе чатырох зграй. Іх назвы, іх тэрыторыі, іх традыцыі сыйдуць у нябыт. Мы ўсе – новая зграя.

Узняўся шум. Ваўкі рыкалі і завывалі, сварыліся. Цяжка было зразумець, каго больш – згодных з такім рашэннем, ці тых, хто супраць.

– Мы разумеем, што прапанова неверагодна. Ад самай пачатковай зграі ваўкі ніколі не аб’ядноўваліся. Зараз мы слабыя, але праз дзесяць год не будзе ў гэтым свеце больш моцнай зграі. Зброя, навука, вера, тэрыторыя – усё агульнае. Шмат ежы, моцнае войска і новыя, добрыя традыцыі. Такія, якія мы самі абярэм. Калі нехта хоча сказаць слова, я слухаю.

Ваўкі сцішыліся, наперад выйшаў адзін з выведнікаў Ачын.

– А што стане з важакамі? Хто будзе галоўным?

– У нас не будзе важака. Кіраваць зграяй зграй будзе Савет. Апосталы будуць адказваць за веру, адукацыю, лекаванне і навуку. Акіра – за выведку, зброю і войска. Арык – за ежу, караблі і гаспадарку. А я – за законы, зносіны з іншымі зграямі і традыцыі. У будучым кожны воўк зможа ўвайсці ў склад Савета. Дзеля гэтага ён павінны даказаць сваю карысць для зграі.

Уперад выйшаў іншы воўк.

– А што з зямлёй?

– Я ж сказаў, усё будзе агульным. На тэрыторыі Суу-Ардун можа паляваць любы з вас, як і воўк з былой зграі Суу-Ардун зможа паляваць дзе захоча.

Ваўкі ціха перагаворваліся і ўперад выйшла старая ваўчыца:

– Новая зграя, як яна будзе звацца? І ці змогуць ваўкі з розных зграй заводзіць шчанюкоў?

– Мы парушаем адну з векавых традыцый, калі зграі зваліся імёнамі ваўка і ваўчыцы, якія яе заснавалі. Цяпер мы Зграя Зграй. Што тычыцца другога пытання, то так – ваўкі вольныя абіраць любога партнёра па жаданні. І яшчэ – Акіра, каралева былой зграі Ачын, цяжарная ад мяне, важака былой зграі Суу-Ардун. Нашы ваўчаты стануць першым пакаленнем, якое народзіцца ў новай зграі.

***

– Усё прайшло не так і дрэнна.

– Ты лічыш?

– Выведка даклала, што большасць пагаджаецца з ідэяй аб’яднання. Але амаль нікому не спадабалася назва Зграя Зграй.

– І як жа яны хочуць звацца?

– Гаўл-Акіра.

– Смешна. Ніколі не думаў, што маё імя ўвойдзе ў гісторыю. Трэба забараніць гэта. Ты згодна?

– Яшчэ б! Зграя павінна звацца не йнакш як Акіра-Гаўл.

Воўк паглядзеў на сваю каханку. Яе твар перасякала чорная абвязка, якая хавала згубленае вока. Праз нос праходзіла вялікая драпіна, некалькі шнараў перасякалі лоб, левы клык быў зламаны. Але…

– Акіра, якая ж ты прыгожая. Я кахаю цябе.

Ваўчыца паглядзела на Гаўла і ціха адказала.

– Я цябе таксама.

– Ведаеш, каханая, я вельмі шчаслівы, што стану бацькам, бо з дзяцінства думаў, што такі воўк ніколі не спадабаецца ніводнай ваўчыцы.

– Ты ўпершыню назваў мяне каханай, Гаўл. Гэта нечакана і… прыемна. Я хачу ў цябе спытаць. Мы не абмяркоўвалі гэта на сходзе, і амаль не гаварылі на Савеце. Быццам баімся гэтай тэмы. Скажы, што рабіць з белымі ваўкамі? Мне ня верыцца, што яны спыняцца.

– Мы зробім тое, што павінны. Адпачнем, а потым я пайду ў іншыя зграі на поўдні дамаўляцца. Нам патрэбна дапамога. Мы не выстаім у такой колькасці. І калі дамовімся, не станем чакаць ворагаў на сваёй зямлі, а пойдзем у наступ.

– Ты… Ты сапраўды хочаш ісці на поўнач?

– У нас няма іншага выйсця.

– Ты неверагодны воўк.

– Не я, а мы разам. Усе зграі.

Яны ляжалі у маўчанні. Над імі свяціўся белы Месяц. Гаўл адчуваў цеплыню ад цела Акіры.

– У мяне такое адчуванне, быццам мне дапамаглі. Пасля перамогі я адчуў, што ўпершыню стаў свабодным. Быццам да гэтага моманту маім жыццём кіраваў нехта іншы, а не я сам. А цяпер мы самі вырашаем, як жыць далей.

Магчымы эпілог у іншым сусвеце

– Тата, а шэрыя перамаглі белых і яны больш не вернуцца?

– Я гэтага не казаў. Белыя адышлі на поўнач. Яны злыя і галодныя, хочуць адпомсціць.

– Але ў Гаўла ўсё атрымаецца? Ён жа здолее разам з іншымі ваўкамі забіць іх, перамагчы? А потым аб’яднаць усе ваўчыныя зграі ў адну вялікую? І раскажы, што там за таямнічыя ваўкі жывуць на іншым кантыненце, якія ведаюць пра жалеза. І як ваўкі пілуюць дрэвы?

– Шмат у цябе пытанняў. Пра ўсё раскажу заўтра. А цяпер адпачывай.

– Тата, пачакай. Апошняе пытанне, калі ласачка. Гэта праўда? Уся гэта гісторыя пра Максіма, пра ваўкоў, пра вайну?

– Яна будзе праўдай, калі паверыш у яе. Адпачывай. Заўтра я раскажу, чым скончыліся перамовы Гаўла з іншымі зграямі, хто жыве на другім кантыненце планеты ваўкоў і пра прыгоды Зграі Зграй на поўначы.

Мінск, лістапад 2019 – красавік 2021