Kitabı oku: «Зграя», sayfa 10

Yazı tipi:

Воўчы сон

Шэры, белы і чырвоны колеры перамяшаліся на зямлі. Адусюль чуліся рыкі, скавытанні і падвыванні. Нехта прасіў дапамогі, хтосьці радаваўся забойству, іншы паміраў. Гаўл збіўся з ліку, колькі белых ваўкоў забіта. Іх целы, перамешаныя з целамі шэрых, засейвалі зямлю, утварылі новы вал з іншага боку ад рова. Катапульты працягвалі кідаць камяні ў гушчу белых спінаў, аднак рабілі гэта куды радзей, чым на пачатку бою. Стралкі выпускалі дзясяткі залпаў, кожны з якіх станавіўся смяротным для ворагаў. Але ім не было бачна канца. Замест старых з лесу выходзілі новыя забойцы, быццам нараджаліся там дарослымі.

Ні Акіры, ні Аўчылака не было бачна з узвышэння Гаўла. Генерал канчаткова заблытаўся, хто зараз перамагае, а хто прайграе. Пачалі з’яўляцца ваўкі з будак лекараў – з перавязанымі галовамі, з дошкамі на лапах. Яны адразу кідаліся ў бойку.

Тактыка, сумесна распрацаваная Гаўлам, Акірай, Аўчылакам і Апосталамі была простая – першы рад шэрых ваўкоў атакуе белых. Пажадана, каб на аднаго белага кідалася не менш за трох шэрых. Двое фіксуюць яго на адным месцы, а трэці прапорвае жывот. Пасля троіца адыходзіць у апошні рад, а іх месца займаюць ваўкі, якія да гэтага былі ў другім раду. Падыходзіць іх чарга біцца з белымі, а першыя адпачываюць.

Такая тактыка давала магчымасць адпачываць, а пры неабходнасці, атрымліваць дапамогу лекара. Нажаль, пратрымалася яна хвілін дзесяць, пакуль белых не стала вельмі шмат. Яны пераскоквалі вал з ровам і атакавалі вялікай колькасцю. Адзіны іх недахоп – яны вар’яцелі ад паху крыві шэрых. І апынуўшыся каля акрываўленага цела ваўка пачыналі яго жэрці, не звяртаючы ўвагі на бойку. Пажыраючы мяса разам з поўсцю праз хвіліны белыя ваўкі валіліся на зямлю ў канвульсіях. З-за атруты іх кроў гусцела і сэрца не магло праштурхнуць яе да знутраных органаў.

“Толькі гэта нас і выратоўвае. Інакш нас бы даўно задавілі”.

Гаўл думаў, калі даваць каманду на адыход да наступнай кропкі абароны – горада. Там белых чакалі новыя пасткі і яшчэ шмат з іх загіне. Аднак пры адступленні яны згубяць катапульты і лукі, якія дагэтуль нядрэнна прарэджваюць стан ворагаў.

“Ды й белыя бегаюць хутчэй за нас, а значыцца ўсе, хто будзе ззаду, загіне ў іх зубах. Трэба неяк запаволіць іх. І чаму я не падумаў пра гэта раней?”.

Ён перадаў некалькі загадаў двухгодкам і тыя пабеглі да апосталаў.

“Гэта добры шанец. Пасля іх вяртання будзем адступаць”.

***

Акіра абламала адзін са сваіх клыкоў, калі намагалася за тоўстую поўсць утрымаць на месцы белага ваўка. Ён вырваўся і яго магутная пашча схапіла шыю аднаго з шэрых, які павінен быў праскочыць пад яго і забіць. Палілася кроў – белы патрапіў на ашыйнік з вострых костак. Звычайны воўк на яго месцы адскочыў бы і завішчэў ад болю, а гэты працягваў давіць, пакуль не зламаў шыю суперніка. І сам жа ўпаў мёртвы. Ці атрута на яго падзейнічала, ці адна з костак прайшла ў мозг.

Ваўчыца моцна штурхнулі з боку сляпога вока. Белы схапіў абарончую дашку на яе баку, перакусіў на дзве часткі і цяпер выплёўваў нясмачнае дрэва. Акіра скарысталася момантам, кінулася пад ворага, разгрызла яго жывот. Свой шалом яна згубіла яшчэ на пачатку бойкі. Ён ушчаміўся паміж рэбраў аднаго з ворагаў і там застаўся.

Каралева стамілася. Яна забіла дваццаць шэсць белых і паўдзельнічала ў забойстве яшчэ адзінаццаці. Нылі пашча, спіна, лапы. Кроў на яе твары залівала вочы і нос.

“І ўсё ж мы перамагаем. Мне толькі трэба адпачыць. Дзве-тры хвіліны хопіць”.

Яна пачала праціскацца ў задні рад праз мёртвыя целы шэрых і белых ваўкоў. І пачула незвычайны гук падаючых камянёў. Паглядзела на захад, дзе ад навалы белых ваўкоў іх ахоўвала высокая скала, і зубы яе сцяліся. На самым версе стаялі ворагі. Яны падбіраліся да зрыва і рыхтаваліся скакаць уніз.

“Вышыня скалы не менш трыццаці хвастоў. Яны адразу заб’юцца. Але…”.

Адзін з белых адштурхнуўся лапамі і паляцеў уніз. Ён трапіў на спіны шэрых, двое з якіх ненатуральна прагнуліся і бязгучна памерлі, а трэці громка заякатаў і паваліўся на зямлю. Белы зламаў ногі, але заставаўся жывы і спрабаваў ухапіць пашчай бліжэйшых да сябе шэрых. Акіра ўзняла пысу высока ўверх і завыла. А потым кінулася да ворага і пярэднімі лапамі з узмацняльнікамі апусцілася на яго галаву, раздрабляючы чэрап.

***

Гаўл пачуў Акіру. Яны не дамаўляліся аб нейкіх сігналах, і тым больш дзіўным быў яе заклік. Менавіта так важак заклікае на сход. Генерал углядаўся ў левы фланг і не разумеў – чым выкліканы гэты зоў. А потым заўважыў. Небяспека, якую ён прапусціў. Высокая скала, з якой немагчыма было спусціцца не пераламаўшы ногі. І белыя на яе вяршыні. Іх целы выконвалі ролю камянёў. Яны давілі шэрых, забівалі сваёй масай

– Воўк, як можаш хутка бяжы да Апостала, які камандуе стралкамі. Хай пачынае абстрэльваць скалу на левым фланзе. І чым шчыльней, тым лепш.

Праблемы з’явіліся і на правым фланзе – белыя кідаліся ў мора, плылі і падымаліся на бераг збоку ад войскаў Аўчылака. Гаўл зразумеў, што праз дзесяць-дваццаць хвілін ворагі абкружаць правы фланг.

– Ты, – ён тыцнуў пысай у наступнага сувязнога, – бяжы да таго ж Апостала. Хай таксама абстрэльвае мора. Тое ж самае перадай Апосталу з катапультамі.

“Адступаць нельга. Калі дам такі загад, белыя на сваіх хуткіх нагах возьмуць нас у кальцо і перагрызуць аднаго за адным. Трэба чакаць. А чаго? Я прайграў… Застаецца адно – забіць як мага больш вырадкаў!”.

***

Аўчылак паміраў. Яго мара стаць важаком зграі так і не здзейсніцца. Хтосьці з белых моцна піхнуў яго ў бок і паваліў на спіну. Другі самкнуў пашчу на задняй лапе, перакусіў яе і стаў пажыраць.

“Мой сямнаццаты забіты белы. Шкада, што ён памрэ не ад зубоў, а ад атруты ў маёй поўсці”.

Яшчэ адзін воўк кінуўся на Аўчылака, ухапіўся за бок, адгрыз вялікі шмат мяса і прагна заглынуў. Шэры з войска падскочыў да яго і насадзіў на свой рог.

“Нічога. Не стаў важаком, затое падрыхтаваў добрых вайскоўцаў. Яны перамогуць і без мяне. Нават з гэтым Гаўлам”. Апошняе, што пачуў Аўчылак – дзіўны гук з боку мора, адкуль на іх нечакана накінуліся белыя. Гук, нібы дрэва рэжа мяса.

***

Акіра бачыла працу Гаўла. Ён адрэагаваў імгненна. Стралкі абстрэльвалі скалы. Белыя калі і падалі ўніз, то рабілі гэта мёртвымі. Яна, ў сваю чаргу, дала каманду адысціся як мага далей ад камяннай глыбы. Хай ворагі скочуць уніз. Калі і выжывуць, са зламанымі нагамі далёка не дойдуць.

Непакоіла ваўчыцу іншае. Яе фланг прагінаўся. Пакрыху яны саступалі ўсё глыбей. Дзясяткі шэрых заставаліся паміраць у пашчах белых.

“Хутка мы не здолеем стрымліваць іх. Нас засталсоя вельмі мала. Менш за палову. Гаўл, калі ж ты вырашыш, што надыйшоў час адступлення?”.

***

Пяць дзясяткаў караблёў з чорнага дрэва ўрэзаліся ў целы плывучых белых ваўкоў. Нібы востры камень яны пераразалі іх целы на часткі. Арык стаяў сярод сваіх братоў на адным з гэтых караблёў. Ён радаваўся, што паспеў, бо з першага погляду зразумеў – Гаўл прайграе.

“Мы паспелі і выратуем іх. З нашай дапамогай ваўкі перамогуць белых. Зграя Стыр-Калі пакажа, на што здольная”.

Вецер з мора надаваў хуткасці караблям. Вада зрабілася чырвонай ад крыві белых. Арык упершыню бачыў такое. Новы від дрэва, знойдзены на далёкім кантыненце, быў неверагодна цвёрдым – як камень.

Першы карабель дасягнуў берага і з яго выскачыла тры незвычайных ваўка. Іх пашчы былі закрыты дзіўным шэрым матэрыялам, які блішчэў на сонцы і быў нібы працягам зубоў. Арыку расказалі, што гэты матэрыял завецца ”жалеза”. Яно вельмі цвёрдае, аднак пры жаданні можа прыняць патрэбную форму. Пра сакрэт яго вырабу ваўкі Выё-Кло даведаліся ў адной са зграй іншага кантынента. Яна ж падаравала ім жалезныя маскі, з дапамогай якіх можна перакусіць не толькі чужую шыю, а нават дрэва.

Ваўкі кінуліся да белых. Іх жалезныя маскі лёгка пракусвалі целы ворагаў, нават на спіне, якая была абаронена поўсцю. Хутка на беразе былі ўсе сто пяцьдзясят ваўкоў. Яшчэ трыццаць па зямлі накіроўваліся на дапамогу іншаму флангу.

***

Нечаканае з’яўленне саюзнікаў выратавала аб’яднанае войска. Гаўл задаволена назіраў за бойкай. Зграя белых скончылася – новыя ворагі не выходзілі з лесу. Аднак нельга стаяць на месцы. Змораным, ім не хопіць сілаў біцца далей. Нават з дапамогай цудоўнай зброі ад Стыр-Калі. Генерал перадаў Акіры, Аўчылаку, Арыку і Апосталам пра пачатак адступлення па яго загадзе. Усё было падрыхтавана, каб можна было збяжаць, не баючыся за свае хвасты.

Гаўл падлічваў страты. Загінула не менш за пяць соцен шэрых. Лічы, цэлая зграя. Яшчэ шмат было паранена. Пры адступленні пацерпяць некалькі дзясяткаў. Што тычыцца белых, то іх засталося епля чатырох тысяч.

Спроба акружэння з вады была заблакавана магутнымі чорнымі караблямі. А скалу бесперапынна абстрэльвалі стралкі.

“Самы час перабрацца на наступную лінію абароны”, – Гаўл падняў пысу ўверх і завыў.

***

Акіра завыла ў адказ генералу. Усе ваўкі з яе фланга кінуліся бегчы. Белыя паспелі схапіць трох-чатырох, астатнія былі занятыя тым, што жэрлі мяса трупаў. Каралева адыходзіла адной з апошніх. Да выратавання было некалькі соцен крокаў.

***

Гаўл з узвышэня сачыў, як шэрыя беглі да выратавальнай паласы катапультаў, дзясяткі паспелі яе пераадолець. Белыя кінуліся наўздагон і лёгка атакавалі безабаронных праціўнікаў.

Катапульты па чарзе абвальваліся на зямлю нібы забітыя драпежнікі. Ваўкі, якія да гэтага цягалі камяні, аблівалі дрэва канструкцый чорнай вадой. Ёй было заліта ўсё навокал, цэлая паласа ад мора да гор па лініі, адкуль раней ляцелі камяні. Важак Суу-Ардун пераскочыў яе і ў гэты ж момант за яго спіной узнялася полымя. Шэрыя лёгка пераадольвалі яго, нават не абсмаліўшы поўсць. А некалькі белых, не паспеўшы спыніцца, імгненна ўспыхвалі.

Наступ быў спынены, і шэрыя схаваліся за сценамі горада – апошнім абарончым рубяжом шэрых.

***

Падчас перапынку, пакуль дагарала дрэва і чорная вада, у будке генерала сабраўся Савет. Акіра без сілаў ляжала на зямлі і цяжка дыхала. Яе поўсць стала чырвонай ад чужой і сваёй крыві. Арык сядзеў у жалезнай масцы, бо не мог самастойна зняць яе. Сем апосталаў, як і Гаўл, выглядалі змучанымі. Яшчэ чатыры займаліся лекаваннем і не маглі падысці.

– Дзе Аўчылак?

– Ён цяжка паранены. Не ведаю, ці выжыве. Робім усё магчымае.

– Трэба ўсіх параненых пачаць выводзіць з гораду. Ад іх тут дапамогі не будзе.

– Мы займаемся гэтым.

– Акіра, ты як?

– Я добра, – голас ваўчыцы казаў аб адваротным. – Стамілася.

– Арык, дзякуй за дапамогу.

– Няма за што. Я ж абяцаў.

Гаўл замаўчаў. Ён не ведаў, што трэба казаць. Далейшы план быў добра вядомы. Яго не трэба было зноўку прагаворваць і абмяркоўваць.

Гэта быў яго план, які альбо здабудзе ім перамогу, альбо усіх загубіць. Калі так, то белыя адным ударам перамогуць адразу чатыры зграі шэрых. І яшчэ бліжэй падыйдуць да ўладарання над планетай.

– Хачу падзякаваць кожнаму з вас. Не за бойку, тут вы самі ведаеце, чаго вартыя, мае падзякі не патрэбны. Хацеў падзякаваць за давер. Разам мы зрабілі немагчымае – перабілі больш за палову белых вырадкаў. Частка з іх загіне ў пастках на падыходзе да сцен, а астатнія – пад нашымі сценамі і ў горадзе.

– А што далей, важак Гаўл? Мы пераб’ем усіх белых, што прыйшлі сюды. Аднак у іх усё роўна застанецца палова планеты. Праз дзесяць гадоў да нас прыйдзе яшчэ большая зграя.

– Акіра, мы не ведаем, што хаваецца на іх тэрыторыі, як яны жывуць. Але падаецца мне, што ўсе белыя, хто можа хадзіць, прыйшлі да нас. Заб’ем гэтых, а потым будзем вырашаць, што рабіць з астатнімі. Апосталы, усё падрыхтавана да апошняй бойкі?

– Так, Гаўл.

– Тады слухайце загад – усе знешнія сцены па магчымасці аблейце чорнай вадой. Белыя не змогуць праз іх пераскочыць, а таму будуць станавіцца адзін на аднаго. У патрэбны момант мы падпалім і …

– У нас не так шмат чорнай вады.

– Яна нам больш не спатрэбіцца. Усё, што ёсць, лейце на сцены. Калі што застанецца, то пасля зверху ўпрыгожым белую поўсць чорным. І таксама падпалім.

У будку зайшоў адзін з выведнікаў Ачын.

– Генерал, вогнішча затухла. Белыя ідуць.

– Добра. Савет скончаны. У наступны раз, калі збяромся разам, будзем святкаваць перамогу.

16.

“Цікава, ці ў кожнага з жывучых у свеце людзей ёсць свая гісторыя? Сапраўды свая, не падобная на гісторыі мільёнаў іншых людзей. Не нейкая там недарэчная гісторыя кахання, а каб было ўсё – і любоў, і вайна, і шчасце, і гора. А можа, такога не бывае? Не жыцці, а ўспышкі. Яркія і імгненныя, нібы ад фотакамеры. Як у мяне. Трыццаць гадоў са мной не адбывалася нічога. Вучыўся нядобра і нядрэнна, споратм не займаўся, ва ўніверсітэт паступіў на платнае аддзяленне, знайшоў добрую працу. Звычайнае жыццё чалавека. А потым у ім, нібы выбух, здарыліся гэтыя ваўкі. Калі ўявіць мой лёс як лінію з пункта “А”, ад нараджэння, у пункт “Б” – да смерці, то ваўкі ўтварылі на гэтай лініі пункт “В”, які перакрэсліў усё, што было да гэтага. А можа заўтра, калі ваўкі знікнуць і гэта гісторыя будзе падавацца мне сном, я застануся тым жа чалавекам?”.

Максім ляжаў пасля сняданка і раздумваў над сэнсам жыцця. Ён не планаваў зменаў, бо хутка задаволіўся тым, што мае. Вытыркацца далей, змагацца, сілаў не засталося. Кожны яго намер на супраціў заканчваўся дрэнна – смерцю і горам.

Раніцай ён атрымаў пігулкі – заспакаяльныя і вітаміны – і ўсе праглынуў. Доктар прымусіў адкрыць рот і даказаць, што нічога не засталося. Паглядзеў пад языком і за вуснамі, нічога не знайшоў і адпусціў.

Ад такіх лекаў стала лёгка жыць. І, у той жа час, невыносна. “Невыносная лёгкасць быцця… Ніколі не разумеў гэты выраз – як так, лёгкасць можа быць невыноснай? А цяпер адчуваю – так і ёсць. Жыццё вельмі простая рэч. Аднак з-за таго, што ўсе мы робім сур’ёзны выгляд, яно для нас невыноснае”.

Андрэй, які сеў на ложак Максіма, пераказваў яму сучасны расійскі серыял пра залежных людзей.

– У яго і назва пра гэта гаворыць. Там ёсць людзі, залежныя ад наркотыкаў, алкаголю… Аднак калі ўглядацца глыбей, то разумееш, што і іншыя героі гэткія ж. Нехта залежны ад грошай, нехта ад сэкса. Але самая галоўная метафара – мы залежныя адзін ад аднаго. І ад такога нельга пазбавіцца, нельга пратрымацца без іншых людзей. А ўсе гэтыя святыя, пустэльнікі – вар’яты.

“Залежнасць адзін ад аднаго. Сапраўды, добрая метафара. А што, калі адзін з залежных людзей – нікацін, а іншы – гераін? Ад гэтага і памерці можна.

Думкі пра сэнс жыцця і падзеі апошніх дзён давялі Максіма да адзінага вываду: “Жыццё скончана. У гэтых сценах, на гэтым ложку, сярод гэтых людзей, якія па сто разоў перачытваюць Дастаеўскага і хаваюцца ад рэальнага жыцця ў вар’ятні і серыялах. Што б далей не адбывалася з ваўкамі, ніхто ніколі не раскажа працяг маёй гісторыі”.

***

Лена з раніцы пасварылася з бацькам. Ён з’ехаў за мяжу, на нейкую канферэнцыю па цукру і яго замяняльніках. А значыцца выратаваць Максіма стала немагчыма. Яна ж дагэтуль не магла добра рухацца, хутка стамлялася і не ведала, як пазбавіцца ад целаахоўніка, прыстаўленага бацькам.

“А нават калі і здолею збегчы, што рабіць далей? У міліцыю пайсці ці ў Навінкі ехаць? Дык там мяне не будуць слухаць. А дапамогі шукаць няма ў каго”.

Ён з’явіўся бязгучна. Высокі, цёмнавалосы і безэмацыйны. Адзін з троіцы. Той самы, які выхапіў з яе рук стрэльбу падчас апошняй бойкі. Лена інстынктыўна забілася ў кут палаты і пачала крычаць.

– Ціха, жанчына, цябе ніхто не пачуе. Усё, што зараз тут адбываецца, схавана ад іншых людзей.

Дзяўчына змоўкла і з жахам паглядала на нечаканага госця.

– Мы столькі разоў папярэджвалі твайго хлопца. Шмат часу ў нас сыйшло на спробы хоць неяк з ім дамовіцца. Прапаноўвалі любыя варыянты. А ён збягаў, кідаў выклік, калечыў, а потым забіў… Варыянтаў не засталося. Ты пойдзеш са мной. Мы схаваем цябе ад усіх. Закладніца – не самая дрэнная роля. Не хвалюйся, забіваць цябе ніхто не будзе. Нам гэта не трэба. Ты ж і сама чула нашу размову. Калі мы заб’ем апавядальніка, нават былога, могуць адбыцца непапраўныя змены. Бо вы не звычайныя людзі, а… богі іншага сусвету. А цяпер апранайся і збірай рэчы. Можаш не спяшацца, але, калі ласка, не спрабуй збегчы. Стане горш.

– У мяне няма адзежы…

– Гэта не праблема. У месцы, дзе мы цябе схаваем, будзе цёпла.

– Тады… Мне няма чаго збіраць.

– І добра. Падыйдзі і дакраніся да маёй рукі.

– Я хацела б спытаць… Скажыце, чаму вы такія, як ёсць? Размаўляеце як людзі, на нашай мове, з інтанацыямі, без акцэнта. І нават маеце свае, асабістыя характары. Як гэта магчыма, калі вы… іншыя?

– Кожны сусвет сам абірае, якую форму павінна прымаць разумнае жыццё. Таму на планеце ваўкоў мы сталі белымі ваўкамі. А ў вас мы такія… Такія розныя. Насамрэч, я не вельмі добра пра гэта ведаю. Законы сусвету, што паробіш. Мы нават не ведаем, дзе наш дом і які наш сапраўдны выгляд. А цяпер пайшлі.

Лена падыйшла да чарнявага на дрыжачых нагах і дакранулася да працягнутай рукі. І знікла.

***

Салата з капусты, вадзяністы бульён з вялікімі плямамі тлушча на паверхні, вязкая пярловая каша без смака, хлебная катлета, кісель. Добрая ежа, каб падтрымліваць жыццё ў чалавечых арганізмах і не даваць ім паверыць у магчымасць лепшага. Максім запіхваў у сябе лыжку за лыжкай. Ён адыходзіў ад ранішніх лекаў, думкі сталі зразумелымі, а ў навакольным сусвеце з’явіўся сэнс.

Андрэй, які чамусьці лічыў яго сябрам, увесь дзень сядзеў побач і не змаўкаў. Ён пераказваў брытанскі серыял пра чатырох сяброў, трое з якіх усё жыццё смяяліся з чацвёртага, проста таму, што ён быў тлусты. Кожная серыя была маленькай трагедыяй у жыцці добрага, але закамплексаванага чалавека. Андрэй сцвярджаў, што гэта сіт-ком з традыцыйным англійскім гумарам. Праўда, канчатак серыяла атрымаўся банальным – сяброў-паскуднікаў выкрылі і герой застаўся адзін. Без працы, без жонкі, без каханай і без тых самых сяброў.

Пасля ежы чакалі чарговыя лекі. Дванаццаць пігулак. Сем белых, тры блакітных і дзве ружовыя.

“Доза смерці пасярод жыцця”, – Максім пасміхнуўся і ўсё праглынуў. А праз хвіліну страціў час. Ён бачыў людзей, памяшканне. Але рэчы сталі гіперрэальнымі, ператварылі ў сябе паветра, захілілі думкі. Вочы спыніліся на белай столі. Хлопец пабачыў кожную расколіну, бруднае павуцінне, пляму ў форме галактыкі. Не ў сілах адвесці вочы, падарожнічаў па гэтым бясконцым пляскатым сусвеце.

– Калі б я ведаў, што перамагчы так проста, то зрабіў бы гэта з самага пачатку.

Голас, нібы з іншага розуму, пранзіў галаву хлопца. Яркім промнем разарваў рэчаіснасць звышрэальнасці і звышматэрыяльнасці. Праз яго прарваліся і думкі. “Небяспека. Я ведаю гэты голас”.

– А цяпер слухай. Нягледзячы на твой цяперашні стан, ты ўспомніш мае словы заўтра раніцай, калі зможаш нешта рабіць і самастойна думаць. Твая сяброўка ў нас. Яна жывая і здаровая, мы не хочам забіваць яе.

“Жывая і здаровая… Гэта можа быць толькі Лена. Яна адзіная мая сяброўка… А голас. Чый гэта голас? Не магу ўспомніць”.

– Я бачыў твой сон. Тое, што робяць аб’яднаныя зграі шэрых вельмі дрэнна. Таму мы вымушаны пайсці на такія меры. Будзем чакаць, пакуль твае сненні скончацца. А потым прыйдзем, і ты раскажаш наступнаму апавядальніку тое, што нам трэба. Калі ўсё зробіш – застанецеся жывымі. А калі не – яна памрэ. Выбар за табой.

“Небяспека! Голас пагражае яму. Ён злы. Я павінен змагацца. Павінен ачуняць і забіць яго, выратаваць сябе, Лену, ваўкоў… Я павінен паглядзець на яго, пазнаць. Крыху нахіліць галаву ці адвесці вочы ад столі”.

– А ты сапраўды моцны. Інакш ніколі не здолеў бы забіць аднаго з нас. І нават зараз, пад лекамі, змагаешся. Я адчуваю гэта.

“Выбух. Рэзкі выбух эмоцый. Гук ці слова. Хаця б нешта”.

– А цяпер бывай. Пабачымся напрыканцы тваёй гісторыі.

Максім застаўся адзін. Ён не здолеў паглядзець на незнаёмца, не пазнаў яго. У галаве засталіся словы і адчуванне небяспекі. А вочы ўглядаліся ў плямы і расколіны, у павуцінне і бясконцасць.

***

Андрэй сядзеў расчараваны і паглядаў на суразмоўцу. Мабыць, адзінага адэкватнага чалавека ў гэтым дурдоме. У мінулым адэкватнага. Пасля лекаў ён ператварыўся ў сапраўднага вар’ята. Глядзіць уверх і не адгукаецца. Ад мерцвяка адрознівала мычэнне і шумнае дыханне. Мужчына нахіліўся над яго тварам, каб заглянуць у вочы. І хлопец, які дагэтуль быў нерухомы, падняў рукі і схапіў Андрэя за шыю. Жалезныя пальцы перакрылі шлях для паветра.

– Пусці, пусці мяне!

Максім не адрэагаваў на слабы хрып. І ніхто з санітараў у калідоры не звярнуў на гэта ўвагі. Іншыя вар’яты з палаты былі занятыя сваімі справамі – хадзілі з кута ў кут, у пяцісоты раз чыталі Дастаеўскага, размаўлялі з нябачнымі субяседнікамі.

– Спыніся…

У вачах Андрэя пацямнела, ён абмяк і паваліўся на Максіма. Нехта з пацыентаў пабачыў гэта і завішчаў. У палату прыбеглі санітары, расчапілі пальцы, вынеслі мёртвае цела. Хлопец працягваў жыць у свеце расколін і плямаў.

***

– Ты ўпэўнены, што правільна зрабіў?

– Так. У яго няма выйсця. Ён давёў сябе да зрыву з-за смерці іншых людзей. А калі загіне гэтая дзяўчына, то не вытрымае.

– Цяжка быць чалавекам. Памятаеш, у іншым цыкле мы былі чыстай энэргіяй. Адна матэматыка – адразу вядома дзе плюсы, а дзе мінусы. А ў гэтым сусвеце ператварыліся ў ахвяр эмацыйнасці і недасканаласці. Нават сярод ваўкоў жыць лепш. Ніколі не рабілі столькі памылак.

– Не жалься. Не нам абіраць дзе нарадзіцца і які выгляд узяць. Сусвет вырашае. У нас ёсць мэта і трэба рабіць усё для яе здзяйснення.

– Я разумею. Скажы, улічваючы тое, што ты бачыў у свеце ваўкоў, ці хопіць нам яго гісторыі для перамогі? Дастаткова яе будзе?

– Цяпер не ведаю. Але з-за гэтага мы і не можам даць яму свабоду.

***

Лена дакранулася адным пальцам да рукі чарнявага і апынулася ў нумары гатэля “Еўропа”. Адна, з зачыненымі дзвярыма і вокнамі.

“Відаць, я паважанная палонная, раз хаваць мяне будуць не дзе-небудзь, а ў адным з лепшых гатэляў горада”.