Kitabı oku: «Зграя», sayfa 6
Воўчы сон
Гаўл прачнуўся з галаўным болем. Учора яго некалькі разоў ванітавала, таму Акіра вырашыла не ісці адразу ў горад, а адпачыць да раніцы на беразе. Воўк здолеў падняцца на ногі і адчуў, што можа ісці самастойна. З зарасцяў прыбегла каралева трымаючы ў зубах мёртвага зайца.
– Трэба паснедаць і набрацца сіл.
– Акіра, я не буду. Частуйся адна.
– Гаўл, я не збіраюся зноўку валакчы цябе на сваёй шыі. А таму еш.
Яму стала сорамна. Учора ваўчыца тройчы выратоўвала яго жыццё, кожны раз рызыкуючы загінуць. А таму ён паслухаўся і адкусіў кавалак мяса.
– У мяне дрэнныя навіны.
Ваўчыца была занепакоена.
– Нам нельга вяртацца ў горад. Ваш былы важак скінуў Грыка і захапіў уладу.
– Што? Як гэта адбылося?
– Не ведаю. Я сустрэлася са сваімі выведнікамі. Яны сказалі, што паўмёртвага Грыка выкінулі з горада разам з апосталам Вый-Кло. А маіх ваўкоў, якія дапамагалі на будаўніцтве сцяны і рова сёння раніцай папрасілі сысці. Аўк сказаў, што не аддасць нам паляўнічыя надзелы.
– Акіра, я не ведаў, што так адбудзецца. Павер…
– Змоўкні, Гаўл. Я вельмі злая. Мне не патрэбны апраўданні.
– Атрымоўваецца, усё скончана? Праз два тыдні, а можа і раней, прыйдуць белыя і пазабіваюць усіх? І за некалькі гадоў атрымаюць перамогу над усімі зграямі, з’ядуць нас…
– Вырашыў прызнаць паразу?
– Калі зграя падтрымала Аўка, то ў нас няма шанцаў. Грык забіты…
– Я не сказала, што яго забілі. Вый-Кло выратавалі яму жыццё. Да таго ж, сам Аўк, які шмат гаворыць пра традыцыі, парушыў іх падчас бойкі з важаком. Ён загадаў сваім сябрам, каб яны трымалі Грыка.
– Што? Гэта немагчыма. І ўсе маўчалі?
– Усе былі незадаволены тым, што згубяць свае хвасты, а таму заплюшчылі вочы. Аднак прайшла ноч і шмат хто перадумаў. Зараз мы пойдзем да сяброў і вырашым, што рабіць далей.
***
Сярод сяброў былі апостал Вый-Кло, Грык, Сутра і, што вельмі здзівіла Гаўла, Аўчылак. Воўк, які ненавідзеў адзінца і не аднойчы збіваў у дзяцінстве. Усе казалі, што менавіта Аўчылак стане наступным важаком, бо ён быў самым моцным сярод маладых ваўкоў.
Грык ледзь трымаўся. Замест пярэдней правай лапы ваўкі Вый-Кло прывязалі яму драўляную палку, якую назвалі “пратэз”.
– Вітаю вас, сябры-паўстанцы, – Акіра ўзяла на сябе правы галоўнай і ніхто ёй не пярэчыў. Сярод прысутных ваўкоў яна адна была уладаром зграі. – Сёння ж мы зробім так, каб Грык зноў стаў важаком Суу-Ардун. Думаю, усе разумеюць, што перамовы не дапамогуць. Мы заб’ём Аўка і ўсіх здраднікаў. І будзем верыць, што астатнія ваўкі не прыйдуць ім на дапамогу. Сутра, Аўчылак, які настрой у зграі?
– Не скажу за зграю, аднак ваўчыцы на баку Грыка. Ніхто з нас – ні старая, ні малая, не выступіць супраць, – Сутра была самай паважанай ваўчыцай Суу-Ардун. – Мы незадаволены рашэннем Грыка па Вый-Кло. Але ён – важак. На сходзе мы можам выказаць сваё меркаванне, але вырашае уладар. Калі б Аўк перамог чэсна, ніхто б не спрачаўся. Але ад пачатку было зразумела – Грык мацнейшы за старога.
– Мне не падабаецца Грык. Яшчэ менш мне падабаешся ты, Акіра, і ты – Гаўл. – Аўчылак ніколі не хаваў свае намеры. – Але ў мяне ёсць вочы і вушы. Я чую, што кажуць ваўкі Алык-Ачын паміж сабой пра белых. І я бачу, што за апошнія некалькі дзён наша зграя ў вайсковым плане дасягнула такіх поспехаў, на якія нам спатрэбілася б шмат месяцаў. Мне падабаецца зброя Вый-Кло. Калі дзеля таго, каб авалодаць ёй, трэба адрэзаць кончык хваста, то можаце зрабіць гэта. Калі трэба пакланіцца Месяцу на небе, то я пагаджуся і на такое. Мае сябры, маладыя ваўкі, падтрымаюць ваша вяртанне. А сам я, калі можна, хачу паўдзельнічаць у вяртанні ўлады Грыку.
– Тое, што вы мне расказалі – вельмі добра. Вый-Кло, вы нам дапаможыце?
– Дзеля Месяца і святой справы мы зробім тое, што скажаш. Хай ты і не нашай веры.
– Добра. Колькі ў вас ёсць зброі?
– Катапульта і два лукі, мы ж не думалі тут з некім біцца.
– Гэтага хопіць. А браня?
– Толькі тая, што на нас.
– Здымайце ўсё. Без крыўдаў, аднак біцца будуць ваўкі з маёй зграі.
– Вядома, Акіра. Ніякіх крыўдаў. Мы й самі добра ведаем, што ваўкі Ачын лепшыя воіны.
– Выведка даклала, што да Аўка набліжаны дзевяць ваўкоў – усе старыя, але кожны можа біцца. Мінулым вечарам яны збіраліся разам ля асобнага вогнішча. Калі сёння адбудзецца тое ж самае, то гэта наш адзіны шанец. Апостал, ці здолеюць твае стралкі з сарака крокаў патрапіць з лука ў ваўка? Папярэджваю, страляць прыйдзецца у прыцемках з лесу.
– З трыццаці крокаў гэта нескладана будзе зрабіць.
– Добра. Але пацэліць трэба так, каб яны альбо загінулі, альбо страцілі рухомасць. Пасля гэтага я, трое маіх ваўкоў, Гаўл, Грык і Аўчылак нападзем на астатніх.
– Акіра, – апостал быў занепакоены. – А Грык абавязкова павінен ісці? Яго стан не лепшы. Ён вельмі слабы. Наўрад ці ён дапаможа.
Грык перабіў апостала.
– Я пайду. Вый-Кло доўга жывуць не па воўчых законах і пра ўсё забылі. Каб вярнуць тытул важака я сам павінен забіць Аўка. Так, Акіра?
– Мы таксама не жывем па вашых законах, але твая праўда. Так будзе лепш. Сутра ідзе, як сімвал падтрымкі ваўчыц, а Аўчылак – ваўкоў. І менавіта таму нас будзе сем. Мы ў меншасці павінны перамагчы васьмярых ваўкоў, каб астатнія зразумелі, што праўда за намі. Інакш я б і сто ваўкоў паклікала.
– У мяне ёсць пажаданне.
– Чаго ты хочаш, Грык?
– Аўка павінен забіць Гаўл. І я перад усімі прызнаю яго важаком.
– Непрымальна! – Аўчылак выскаліў зубы. – Я супраць.
– Аўчылак, ты сам расказваў якіх поспехаў мы здолелі дасягнуць за апошнія дні. Не падманвай сябе і іншых – гэта зрабіў не я. Гаўл прапанаваў прасіць дапамогу іншых зграй, ён жа ішоў з імі на перамовы, ён перацягнуў на наш бок Ачын і Вый-Кло. А я у адказны момант пашкадаваў Аўка, хаця падчас бойкі мог забіць яго. І ён ведаў пра маю слабасць. Таму не магу быць важаком, асабліва зараз, калі ідзе вайна.
– Добра, Грык. Але ты, Гаўл, ведай, калі мы пераможам белых, я першым выступлю супраць цябе і перамагу ў бойцы.
– Я згодны, Аўчылак. Калі мы абодва выжывем так і будзе.
***
Аўк быў задаволены. На яго розум абарончыя збудаванні, якія засталіся ад Алык-Ачын, надоўга стрымаюць белых. А калі нехта і праскочыць, яго лёгка заб’юць, стомленага і знямоглага. Стары воўк ведаў, што не ўсе ў зграі задаволены тым, як ён атрымаў перамогу над Грыкам і што пасля зрабіў – выкінуў яго з горада, а значыцца са зграі. “Нічога, пройдзе час, яны зразумеюць, што я ўсё рабіў дзеля іх. Калі б уладу атрымаў Гаўл ніякай Суу-Ардун наогул не засталося б”.
У час вячэры ён зноў пайшоў да вогнішча сваіх сяброў, з дапамогай якіх адваяваў уладу. Хаця па традыцыі важак еў у адзіноце, каб не паказваць, што адасаблівае некага ад астатніх.
“Сёння яшчэ раз аддзякую сябрам і сяду да іх. Хай яны бачаць, што мы імі роўныя. А заўтра буду вячэраць асобна, як важак”.
Аўка турбаваў толькі Гаўл, які дагэтуль не вярнуўся. Быў шанец, што яго забілі, аднак… Нешта падказвала новаму старому важаку, што гэта не так. Пра гэта ж размаўлялі яго сумоўцы:
– Калі вернецца, нельга яго блізка пускаць да зграі. Выведзем з горада ў лес, дзе ніхто не пабачыць, і загрызем.
– А зараз што, чакаць? Не, трэба камусьці выпраўляцца да ракі і чакаць яго вяртання. Дні тры. Калі не вернецца, то й добра. А калі вернецца, то там і забіваць трэба. Ніхто на сваіх і не падумае. Цела ў раку кінем.
– Добрая думка, – Аўку падабалася, што гэтыя ваўкі думаюць аб тым жа. – Так і зробім. Па чарзе будзем хадзіць і пільнаваць. А зараз…
Адзін з шэрых заякатаў, усхапіўся на ногі і адразу паваліўся. З яго спіны тырчэлі дзве стралы.
***
Гаўл з ваўкамі выскачыў да Аўка і ззаду пачуў незадаволены рык Акіры – стралкі не дамовіліся ў каго цэліць і забілі аднаго ваўка. Што за глупства – у Вый-Кло была лепшая зброя з усіх зграй, а ваяваць яны не ўмелі. З-за гэтага ім усямёх прыйдзецца біцца з дзевяцю ваўкамі. А ўлічваючы, што ён і Грык у дрэнным стане, а Сутра слабая ваўчыца, бойка была няроўнай. Супраць іх будуць старыя, але моцныя і вопытныя ваўкі. У кожнага з іх у свой час быў шанец стаць важаком.
Аўк са сваімі сталі вакол мёртвага.
– Ты…
Усё, што паспеў прамовіць важак Суу-Ардун. Акіра кінулася ў бойку. Урэзалася ў бок бліжэйшага ваўка, паваліла на зямлю і ўчапілася зубамі ў шыю. За ёй кінуліся астатнія. У атаку на Аўка, як і было дамоўлена, пайшоў Гаўл.
Акіра хутка расправілася са сваім супернікам і білася з другім ваўком. Гаўл прайграваў. У яго з дзяцінства былі слабыя ногі, а хворая шыя не дазваляла вывернуць пысу для ўкуса. Яшчэ і галава з учорашняга дня ніяк не праходзіла і перад вачамі ўсё хадзіла колам. Аўк жа нават не біўся, а падсмейваўся над супернікам, кусаючы яго ў бок і збягаючы ад чужых зубоў.
Акіра забіла другога ворага і кінулася на дапамогу Сутры. “Свайго” забіў і Аўчылак і цяпер біўся разам з ваўкамі Ачын. Грык дацягнуўся да шыі суперніка і перагрыз яе. Але зрабіў гэта коштам свайго жыцця. З яго распоратага жывата валачыліся кішкі. Ён паміраў.
З дзевяці прыхільнікаў Аўка у жывых засталіся трое. Двое здаліся і схілілі галовы, а адзін збег у лес. Аўк працягваў біцца з Гаўлам. У іх бойку ніхто не лез. Акіра вырашыла, што не будзе дапамагаць ваўку-адзінцу. І калі ён загіне – сама заб’е важака.
Гаўл адчуваў, што бойка спынілася, але не ведаў, хто перамог. Вочы залівала кроў і ён не мог адвесці іх ад суперніка, бо баяўся ўпусціць яшчэ адзін укус. Ён не ведаў, як перамагчы. Спрабаваў кідацца на старога, а той адступаў і атакаваў ззаду. Хітрыкамі прыманьваў ворага бліжэй і ўсё роўна не паспяваў схапіць зубамі блізкую шыю.
“Відаць, гэта канец. Мы, напэўна, перамаглі. Інакш мяне б хутка загрызлі. І тое добра”.
Гаўл сеў на заднія лапы каля вогнішча. З яго выцекла столькі крыві, што стала холадна. Аўк вырашыў, ён так рыхтуецца, каб скокнуць, а таму адбяжаў далей. А потым пабачыў – яго супернік не варушыцца. Стары воўк цудоўна разумеў, што прайграў. І не сумняваўся, што чакае яго пасля бойкі. “Але гэтага я забяру з сабой”, – вырашыў ён.
Стары колам стаў абыходзіць Гаўла. І калі стаў насупраць, адзінец кінуўся ў атаку праз агонь. Попел і іскры паляцелі ў бок Аўка, трапілі ў вочы. Воўк стаў матляць галавой, каб пазбавіцца болю. У гэты момант у яго шыю ўчапіўся Гаўл. Яго пашча настолькі моцна сціснулася, што хруснулі пазванкі суперніка. Аўк памёр імгненна.
***
Акіра аглядала пляц бою. Яны перамаглі, хай і са стратамі. Грык памёр, так і не давёўшы нікому, што важаком будзе Гаўл. З хвіліны на хвіліну за сынам павінна была пайсці Сутра – у яе былі зламаны тры лапы і амаль усе рэбры. Гаўл у другі раз за апошнія два дні страціў прытомнасць. Апостал запэўніў, што ён выжыве, але здолее ўстаць на свае ногі не раней як праз тыдзень. Аўчылак круціўся побач з ёй і чакаў.
– Я ведаю, што ты хочаш пачуць, воўк – каб я прызнала цябе важаком, бо ніхто іншы ім быць не можа. Аўчылак, мне шкада, што ты не нарадзіўся сярод Ачын. Ты добры воін. Аднак ты ніколі не станеш уладаром зграі. Не выскаляй зубы, бо ў бойцы са мной прайграеш. Зразумей – твой лёс не кіраваць, а весці салдат у бой. А таму ад сёння ты генерал аб’яднаных войскаў шэрых ваўкоў. А Гаўл наадварот, не створаны для бойкі. Але ў яго ёсць тое, чаго ніколі не будзе ў цябе – розум. І зараз мы з табой пойдзем да зграі і скажам, што новым важаком Суу-Ардун стане Гаўл. А ты – яго саветнік.
11.
Лена першая паснедала і кудысьці збегла. Максім патэлефанаваў на працу і папрасіў адпачынак на два тыдні. Пасля ўчорашняга здарэння яму не пярэчылі.
Дзяўчына прыйшла з вялікай торбай і стала выкладаць яе змесціва на стол: некалькі нажоў, газавы балончык, два шокеры, перыскапічныя дубінкі.
– Ого, мы што, у партызаны ідзем?
– Не, мы збіраемся змагацца з тым, чаго не разумеем. Глядзі – гэты маленькі ножык схавай дзе-небудзь, хай заўсёды будзе побач. Вялікія патрэбны для сапраўднай бойкі. Наконт газавага балончыка не ведаю, спрацуе ён ці не, шокер таксама – трэба спрабаваць.
– Думаю, часу на выпрабаванні нам не дадуць.
Да выкладзенага на стале дзяўчына паклала абрэз Філіпа.
– Лена, ты ж ведаеш, ён ім не нашкодзіць.
– Ведаю, але… Думаю, калі стрэлам трапіць у нагу, гэта іх запаволіць.
А далей паміж хлопцам і дзяўчынай пачаліся разважанні – што рабіць далей і як змагацца з троіцай.
– Яны быццам з воска злеплены. Наста ўдарыла бялявага ў шыю, а з яго нават кроў не пацякла. І рухаюцца дзіўна.
– Думаеш, калі галаву ім адрэзаць, яны застануцца жывымі?
– Не ведаю. А памятаеш, я расказваў, што яны Насту ў іншы сусвет перамясцілі і пра яе ўсе забылі? Думаю, калі б яна жывая там апынулася, таксама б пра нас забыла.
– Прапануеш, каб мы іх некуды накіравалі?
– У тым і сэнс. Яны ж знаходзяцца ў нашым сусвеце і памятаюць усё пра сябе. Можа троіца ўтрымлівае нейкую сувязь са сваім вымярэннем? Не канчаткова сюды перамясцілася?
– За сёння гэта лепшая версія. Так сапраўды можа быць. Але ж мы не ведаем, як гэту сувязь разарваць. Можа я магу нанесці шкоду іх целам, бо таксама маю сувязь з іншым сусветам? Тады і ты таксама.
– Не. Калі такая сувязь і была, то я згубіла яе, калі расказала табе гісторыю пра ваўкоў.
Яшчэ адно пытанне, якое не давала спакою Максіму – жыццё Філіпа.
– Я ведаю, што ты хочаш адшукаць свайго нечканага сябра, але не ўяўляю, як гэта зрабіць. Мы ж не можам чытаць думкі троіцы, не можам ведаць, дзе яны знаходзяцца. Нават не ведаем, ці жывы Філіп.
– Разумею, Лена. І гэта вельмі непакоіць. Тое, што здарылася з ім і Настай – мая віна. Хочацца верыць, што з ім усё добра. А калі абшукаць дамы побач з месцам, дзе ён знік? Не маглі ж яны далёка яго адвалакчы?
– Макс, мы не ведаем, што яны могуць, а што не. Давай працаваць з тым, штодакладна вядома.
***
Удзень, калі ідэі скончыліся, а галовы балелі ад напружання, Максім разам з Ленай выйшлі ў горад. Яны не размаўлялі, проста разам гулялі па Мінску – Няміга, вуліца Багдановіча, Асмалоўка. Зайшлі ў невялікую кавярню за кавай.
– Лена, ведаеш, калі я ўпершыню пабачыў іх, то нават не зразумеў, што гэта ваўкі. Непадобныя яны зусім да таго, што я бачыў у відэа . А яшчэ дзівіць, як жывуць розныя зграі. Адна падобна да старажытнагрэчаскай Спарты, іншая – на сярэднявечную краіну Еўропы, дзе ўсё вырашаў Папа Рымскі. А Стыр-Калі з караблямі – гэта натуральныя гішпанцы часоў каланізацыі. Няўжо хлопчык, які выдумаў сусвет, дадумаўся да такога?
– Не. Думаю на пачатку зграі былі аднолькавыя. А потым, калі "стваральнік" памёр і яны атрымалі волю, сталі развівацца самастойна. І кожная пайшла сваім шляхам. Нехта не змяніўся. А іншыя, наадварот, адбудавалі сябе наноў. Тут і знешнія абставіны згулялі ролю, і самі ваўкі. Гаўл, Акіра, Прарок… Яны ж непадобныя на іншых. Гэта як Галілей, Бруна, Ньютан ці Тэсла ў нашым свеце.
– Даўно хацеў спытаць пра тваю зграю. Які быў ключавы момант? На чым спыніліся сны?
Дзяўчына задумалася.
– Здаецца, я нічога не вырашала. У маёй зграі не было шанцаў. Супраць тысяч белых біліся трыста шэрых. Не ведаю, што мне трэба было расказаць, каб яны перамаглі. Калі я падышла да цябе, то разумела, што не здолею сказаць, быццам белыя прайгралі. Гісторыя б не дазволіла.
– Значыцца, дарэмна я лаяўся, што самой трэба было ўсё змяніць?
– Не дарэмна. Я магла паспрабаваць.
Кава была горкая і не смачная, больш падобная на нелюбімы Максімам цыкорый.
– Мы шмат гаварылі раніцай, але так і не вырашылі што рабіць.
– Сёння, думаю, нічога. Троіца ў шматлюдных месцах не з'яўляецца. Таму вечарам пойдзеш дадому і сустрэнешся з імі. Хай паглядзяць, як Гаўл з Акірай і іншымі скінулі Аўка. А калі яны сыйдуць – патэлефануй мне. Будзем збірацца.
– У сэнсе?
– Няма чаго чакаць. Гісторыя хутка скончыцца. Прыйдуць белыя і твой час распавядаць…
– Ты гэта адчуваеш?
– Не, я сачу за гісторыяй. Амаль усе зграі аб'яднаныя, ды й белыя павінны былі падрыхтавацца за гэты час.
– І куды мы збяжым?
– Спачатку ў метро. Увечары там будзе шмат людзей. Троіца не з'явіцца. А затым я схаваю нас. І мы паедзем куды хочам, выйдзем на любым прыпынку… А потым за горад. Чым далей, тым лепш.
– Што з роднымі і сябрамі?
– Не ведаю. Я амаль упэўнена, што без цябе яны ні да каго не прыйдуць.
– Але ж…
– Максім, трэба рызыкнуць. Інакш нельга.
– Добра. Я веру табе.
***
Троіца з’явілася праз дзесяць хвілін пасля вяртання Максіма дадому. Яны былі яшчэ больш маўклівымі, чым у мінулы раз. Лысы адмовіўся адказваць на пытанні, чарнявы час стаяў за спіной Максіма, быццам чакаў, што ён кінецца на іх. Бялявы трымаўся далей за ўсіх і не выпскаў з рук металічны кій.
Лысы скончыў працэдуру і яны сышлі. Макс патэлефанаваў і праз паўгадзіны расказваў Лене аб дзіўных паводзінах троіцы.
– Яны сталі нейкімі адстранёнымі. Эмоцый і раней не было, а цяпер яны быццам адначасова былі са мной і ў той жа час недзе яшчэ.
– Гэта пацвярждае версію пра сувязь з іншым сусветам.
– Мне падаецца яны ведаюць наконт нашых планаў.
– Троіца не ўмее чытаць думкі. Інакш мяне б даўно чакаў лёс Філіпа. Можа адчуваюць нейкія змены ў тваім розуме, але не разумеюць з чым гэта звязана.
– Альбо яны самі рыхтуюцца прыняць удзел у фінальнай бойцы і таму ім няма на мяне часу. Лена, дапамажы зразумець. Белыя ваўкі – іх жа шмат, яны ў разы мацней… Дык чаму яны адразу не атакавалі Суу-Ардун? Пакуль Гаўл дамаўляўся, не былі збудаваны ўмацаванні, а ваўкамі кіравалі Грык з Аўкам? Яны б за гадзіну перамаглі. І з той жа лёгкасцю накіраваліся далей.
– Не ведаю. Можа, так яны парушаць законы таго сусвету? Альбо не могуць ісці супраць гісторыі? Свет ваўкоў несвабодны. Ты – іх бог, у нейкім сэнсе. І вырашаеш, як гісторыя ваўкоў будзе развівацца ў ключавых момантах.
– Дрэнна быць богам, які нічога не разумее…
– Ведаеш, калі над нашым сусветам ёсць бог, то ён таксама нічога не разумее.
Яны пасміхнуліся адно аднаму.
***
З сабой узялі неабохднае – запас ежы на два дні, ваду, набытую Ленай зброю, два камплекты адзежы. Усё паклалі ў заплечнікі і рушылі да метро. Яно знаходзілася ў двух прыпынках ад дома Максіма і прыйшлося ледзь не бегчы – на вуліцы людзей было няшмат і небяспека сутыкнуцца з троіцай узрастала.
Хлопец з дзяўчынай спусціліся ў падземку і, змяніўшы лінію, даехалі да Ўручча. Выходзячы, Лена сказала:
– Як толькі мы зайшлі ў метро, я схавала цябе. Не ведаю, ці добра атрымалася, але хутка пабачым. Трымай нож напагатове.
На вуліцы дзяўчына завяла Максіма ў двор. Людзей не было і калі троіца ведала, дзе яны, гэта быў лепшы момант для атакі. Ніхто не з’явіўся. Яны селі ў арэндаваны аўтамабль і паехалі.
– Лена, у нас ёсць план? Куды мы едзем?
– Пакуль не скажу. Раптам яны могуць чытаць думкі? Даведаешся, калі прыедзем.
***
Даехалі праз чатыры гадзіны. Лена, як сапраўдны шпіён, ад Уруччы па кальцавой паехала на другі канец горада да брэсцкай шашы. Але і па ёй яны рухаліся нядоўга і кіламетраў праз дваццаць звярнулі на вясковую дарогу, затым зноў была шаша, вёскі і лес. Максім настолькі заблытаўся, што калі аўтамабіль спыніўся ля трохпавярховага катэджу, не змог бы нават пад катаваннямі распавесці, дзе знаходзіцца.
– Прыехалі. Гэта катэдж майго дзядзькі. Ён бізнэсмэн, чатыры гады жыве ў Маскве. Маці гаворыць, што ён і забыўся пра існаванне гэтага дома. Таму мы самі ім карыстаемся.
На першым паверсе катэджу была саўна і басейн, другі займалі кухня, сталовая і гасцёўня, на трэцім змясціліся спальні. Максім з Ленай хутка перакусілі і пайшлі спаць. Сіл яшчэ раз перамолваць думкі аб ваўках і троіцы не засталося.
Воўчы сон
Бяда прыйшла адкуль нечакалі. Выведнікі прывялі ў будку важака Суу-Ардун, якую займала Акіра, чужога ваўка.
– Каралева, мы злавілі яго каля ракі. Ён кажа, што прынёс паведамленне ад Стыр-Калі.
– Я памятаю цябе, воўк. Ты дапамог нам выратавацца ад смерці. Якія ў цябе навіны?
– Вам пагражае небяспека! Учора ноччу наш важак збіраў сход і сказаў, што заўтра раніцай мы нападзем на Суу-Ардун. Сход спрачаўся, даводзіў, што нас мала. Але яму ўсё роўна. Зараз ідзе падрыхтоўка, паляўнічыя запасаюць ежу, ваўчыцы рыхтуюць атруту, каб абмазваць ёй скуры.
Акіра злілася. Абарончыя збудаванні Суу-Ардун была разлічана на тое, што ворагі прыйдуць з поўначы, а не з поўдня. А таму прыйдзецца біцца сярод лесу. І хай лікавы перавес на яе баку, шмат ваўкоў пацерпяць. А кожны будзе патрэбен для вайны з белымі. Яна звярнулася да сваіх ваўкоў.
– Ідзіце да апостала. Спытайце, у якім стане Гаўл – ці можа ён размаўляць.
– Можа, каралева. Я бачыў сёння, як Важак Суу-Ардун хадзіў па вуліцы.
– Тады шукай яго і вядзі да нас.
Гаўл быў на нагах, але стаяў няўпэўнена. Галава была схілена да пола – шыя яе не трымала.
– Гаўл, чаму ты не адпачываеш? Табе пакуль шкодна выходзіць з будкі.
– Акіра, калі не памыляюся, зараз я важак гэтай зграі. Няма чаго камандаваць мной.
– Упёрты, як зубр… Добра, ёсць неадкладная справа. Воўк, перакажы тое, што расказаў мне.
Пасля навін Гаўл лёг на зямлю.
– Што будзем рабіць?
– Пра гэта я цябе хацела спытаць. Ты ў нас стратэг, а я тактык. Трэба прымаць бой, але дзе? Чакаць іх у горадзе ці ісці да ракі?
– Не, Акіра, мы не можам біцца з імі. Шмат непатрэбнай крыві пральецца.
– І што ты прапануеш?
– Мы павінны ўдарыць першыя.
– Хочаш забіць цэлую зграю? Цябе, відаць, моцна па галаве стукнулі…
– Усё не так. Воўк, вітаю цябе. Мяне клічуць Гаўл і я важак гэтай зграі.
– Вітаю цябе, Гаўл, я Арык са зграі Стыр-Калі.
– Скажы мне, Арык, што думаюць іншыя ваўкі наконт прапановы важака?
– За ўсіх не скажу, але большасць супраць.
– Зразумела, Акіра?
– Ты хочаш забіць важака на тэрыторыі чужой зграі. Такога не прабачаць. Хай яны нават ненавідзяць яго.
– Калі гэта зраблю я, то так. А таму супраць яго выступіць Арык
Воўк са Стыр-Калі спужаўся ад такой прапановы.
– Я не магу… Ён жа мацней мяне, мацней усіх ваўкоў, якія засталіся.
– Табе трэба кінуць яму выклік і распачаць бойку. Астатняе зробім мы.
Гаўл расказаў план, які быў простым і складаным адначасова. Пры паспяховым выкананні Арык рабіўся важаком зграі. Калі ж нешта пойдзе не так, то Суу-Ардун павінна будзе цалкам знішчыць суседзей.
– Вы хочаце, каб я стаў здраднікам…
– Арык, у нас няма выйсця. Кінеш выклік важаку – атрымаеш шанец захапіць уладу. Не кінеш – твая зграя загіне ў бойке з намі. А пасля і мы загінем пад белымі ваўкамі. Выбірай.
– Зразумеў цябе, Гаўл. Я згодзен.
***
Гаўл вярнуўся ў хату, якую займаў Апостал, і лёг на зямлю. Заўтра Суу-Ардун абрэжуць хвасты і яны пачнуць кланяцца Месяцу ды брату ягонаму Сонцу. Сёння ноччу трэба забіць важака Стыр-Калі, а ўчора ён забіў Аўка і сам стаў важаком. А што было да гэтага? Няпростыя перамовы з Ачын і Вый-Кло, пабег ад Стыр-Калі, белыя… За апошнія дні ў жыцці зграі адбылося столькі ўсяго, што раней за тысячу год такога б не накапілася. Далей – горш. Набліжаецца бойка з белымі. І важак Суу-Ардун дрэнна ўяўляў як іх перамагчы. Сцяна горада амаль дабудаваная, земляныя валы будуць насыпаныя самае меншае заўтра, роў выкапаны. Але гэтага мала.
– Апостал, падыдзі да мяне.
Апостал на час знаходжання ў горадзе Суу-Ардун ператварыўся ў лекара. Ён дапамагаў не толькі ваўкам, якім дасталося ў бойцы супраць Аўка і яго прыхільнікаў, але і іншым. Расказваў, што трэба есці ад розных хвароб, пры болі ў костках, калі выпадае поўсць ці зубы. Навука лекавання ў Вый-Кло дасягнула вялікіх поспехаў. Апостал пахваляўся, што асобныя ваўкі дажывалі ў іх зграі да дваццаці пяці гадоў. Гаўлу гэта падавалася казкай. Але за пошнія дні ён навучыўся верыць у казкі.
– Слухаю, важак.
– Сёння ўвечары нам спатрэбяцца самыя лепшыя стралкі.
Гаўл каротка распавёў свой план. Пераказваючы яго другі раз, зразумеў, наколькі ён недасканалы. Адна нестыкоўка і прыйдзецца натуральна біцца з іншай зграяй да смерці. Гэта ж заўважыў і Апостал
– Гаўл, я вельмі цябе паважаю. Мы дапамагалі, калі справы тычыліся Суу-Ардун. Ты меў на гэта права. Стыр-Калі – чужая зграя. Напад на яе ніхто не зразумее, усе будуць супраць.
– Хто – усе? Суу-Ардун пойдзе за мной, Акіра павядзе Ачын. А калі ты падтрымаеш мяне, то значыцца і Месяц на нашым баку. Не ведаю вашы правілы, але заўважыў – што гаворыць адзін Апостал бясспрэчна прымаюць і іншыя.
– Ты назіральны.
– Апостал, я дагэтуль не прачытаў вашы скруткі. І не ведаю, ці гаворыцца там аб тым, што свет змяняецца. Але ён змяняецца. Два тыдні назад мая зграя нічым не адрознівалася ад іншых. Прынамся, так здавалася. А потым я пазнаёміўся з традыцыямі Ачын, з вамі, са Стырк-Калі і зразумеў – мы розныя. Вы ўсе парушылі спрадвечныя традыцыі. Дык можа прыйшоў час змяняцца? Мне таксама не падабаецца нападаць знянацку, але што рабіць? Калі не мы сёння, то заўтра яны “нечакана” нападуць на нас.
– Гаўл, з кожным разам ты ўражваеш мяне. Часам я думаю, што ты – яшчэ адзін прарок, які выратуе нас. А часам гатовы перагрызці табе глотку. Але… “Свет зменіцца і тыя ваўкі, якія не захочуць змяняцца разам са светам, ніколі не пабачаць шчанюкоў”. Хай і не слова ў слова, ты зноў працытаваў Прарока.
– Мне ўсё роўна, Апостал. Называй мяне і лічы кім хочаш. Ты дапаможаш?
– Дапамагу, Гаўл.
– І яшчэ… Я хачу ведаць пра ўсю вашу зброю, пра ўсе вынаходніцтвы. Бо дагэтуль не разумею, як мы зможам перамагчы белых.
– “Месяц і Сонца будуць на яго баку. Аднак не здолее ён перамагчы без дапамогі іншых ваўкоў”. Я раскажу ўсё. Бо твая вайна – наша вайна.
***
Арык прыплыў да берага Суу-Ардун на вялікім караблі. На ім жа разам з Гаўлам, Акірай, трыма стралкамі з лукам і трыма ваўкамі Ачын плыў назад. Акіра злілася, бо да апошняга спрачалася з важаком Суу-Ардун, прымушала яго застацца дома. А ён упёрся і не адступаў: “Гэта маё рашэнне. І калі нешта пойдзе не так, то я першы буду пакараны”.
Карабель плыў павольна, рух волнаў не адчуваўся. Але калі Арык прычаліў да берага ўсё пайшло не так – іх чакалі. Больш за дваццаць ваўкоў кінуліся да карабля. Сярод нападнікаў лёгка пазнаваўся важак зграі Стыр-Калі. На яго першага кінулася Акіра, а той нечакана лёгка адкінуў ад сябе ваўчыцу. Яна паляцела і ляснулася ў ваду каля берага.
“Мы прайгралі, – гэта думка маланкай праскочыла ў Гаўла. – Шанцаў на выратаванне няма. Нас заб’юць тут жа. А заўтра гэтыя ваўкі зруйнуюць усё, што мы збудавалі супраць белых”.
– Вітаю вас, Суу-Ардун. Бачу, сам важак вырашыў наведацца да нас, нягледзячы на хваробу. А яшчэ так званая “каралева” Алык-Ачын і некалькі ваўкоў Вый-Кло. Няўжо мы ваюем з усімі гэтымі зграямі? Арык, ты прывёз гэтых ваўкоў на перамовы, ці здрадзіў сваім братам?
– Я не здраднік. Я хачу выратаваць нас ад белых. А ты прапанаваў першымі напасці на Суу-Ардун.
– Белыя – нашы сябры. Я ж казаў і табе і ўсёй зграі пра гэта. Ааа… ты быў сярод ваўкоў на караблі. Адзіны з вольнадумцаў, якога мы не заўважылі і не паклалі ў яму побач з астатнімі. Цяпер выправім гэтую памылку. Але вы ж хацелі мяне зрынуць, ці не так? На сапраўдную вайну прыплыла б куды больш. А таму кожны атрымае свой шанец. Я буду біцца з усімі па чарзе. Кожны воўк, які мяне пераможа, атрымае свабоду і пакіне нашы землі. Астатнія застануцца тут назаўсёды.
***
Гаўл вызваўся першым. І першым жа прайграў. Важак Стыр-Калі нават ні разу не ўкусіў яго – з набегу моцна штурхнуў у бок. Пасля ўдару адзінец не падняўся. За ім гэтак жа хутка прайгралі ваўкі Вый-Кло, а важак Стыр-Калі нават зубы не паказаў.
Трое з Ачын біліся дольш. Але адзінае, што яны маглі рабіць – адскокваць ад удараў. Іх жа ўкусы не пакідалі на поўсці важака Стыр-Калі нават адмецін. Акіра адмовілася біцца і пайшла да Гаўла і іншых, абкружаных колам варожых пашч.
– Гаўл, мне гэта не падабаецца. Не ведаю чаму, але важак нейкі… дзіўны. Ніводны воўк не будзе біцца так, як б’ецца ён – без зубоў і кіпцюроў. Паглядзі на нас – усе збітыя, усім баляць бакі ды спіны, але ніводнай драпінкі.
– Акіра, я шмат бачыў за гэтыя дні. Можа, Стыр-Калі выпрацавалі свой стыль бойкі?
– Арык папярэдзіў бы нас. Да таго ж я не магу зразумець, чаму яго ўдары такія магутныя, бо па памерах ён не нашмат большы за мяне.
Знічка-здагадка прасякнула розум важака Суу-Ардун. Яна была настолькі дзіўная і фантастычная, што воўк спачатку пасміхнуўся, а потым з жахам паглядзеў на пляцоўку, дзе насупраць адзін аднаго стаялі Арык і важак Стыр-Калі. Калі тое, аб чым падумаў Гаўл, праўда, яны змогуць перамагчы.
Арык назіраў за бойкамі, таму лёгка адскочыў ад першага і другога ўдараў. А потым на секунду яго рэакцыя спазнілася і воўк атрымаў моцны штуршок, ад якога паваліўся на зямлю.
– Цяпер усё. Ваўкі мае, вядзіце палонных да ямы і забейце.
– Не! – Арык падняўся на ногі. – Не ўсё. Я магу біцца! І ніколі не прызнаю цябе важаком зграі. Ты забойца! Я бачыў, што робяць белыя ваўкі. І той, хто ідзе з імі на перамовы – сапраўдны здраднік не толькі сваёй зграі, а ўсіх шэрых ваўкоў.
– У такім выпадку, заб’ю цябе тут.
Важак Стыр-Калі нізка нахіліўся да зямлі і скокнуў на Арыка. У таго не было сіл адскочыць і ён рыхтаваўся памерці. Але нешта здарылася. У паветры воўк запаволіўся, паваліўся на зямлю і завыў. Вой перайшоў у злосны рык. Шэрая поўсць жмутамі спадала з яго. А пад ёй была іншая, асляпляльна белая, нібы снег на далёкіх горных вяршынях. Цела “важака” вырасла ў памерах у два разы. Вочы з рудова-карычневых зрабіліся невыносна блакітнымі, вялікі язык не змяшчаўся ў пашчы і вывальваўся з рота.
***
Акіра не разумела, аб чым так настойліва гаворыць Гаўл.
– Не разумею. Што ты вярзеш? Да чаго тут белыя ваўкі?
– Акіра, ён і ёсць белы воўк.
– Хто?
– Важак Стыр-Калі.
– Я не бачыла белых, але дакладна ведаю, што яны… белыя. Ці ты галавой стукнуўся? Адкуль такія думкі?
– Ты сама адзначала яго моц і… кроў.
– Не пралілося ні кроплі крыві.
– Я пра тое ж. Успомні паляванне на трусоў, нашу асноўную ежу. Мы разважлівыя і спакойныя, гадзінамі чакаем і выслежваем здабычу. Але як адчуем пах крыві нам дах зрывае. Нясемся за трусамі, б'ем мёртвае цела аб зямлю, рвем поўсць.
– Я разумею, аб чым ты – гэта нашы інстынкты. Але такога ніколі не здараецца ад крыві ваўка.
– Бо воўк не здабыча – мы не палюем адзін на аднаго. А белыя… Мы – іх асноўная ежа. Таму ў мінулы раз важак не стаў забіваць нас у горадзе, а загадаў адвесці да ямы.
Разуменне аслупяніла Акіру. У яе заставўся лёгкі недавер, але словы Гаўла гучалі разумна.
– А цяпер прагрызі мне скуру.
– Навошта?
– Калі тое, што хаваецца пад скурай важака Стыр-Калі, адчуе пах крыві, то выдасць сябе. Я ўпэўнены. І трэба хутка яго забіць, бо ён стане вельмі небяспечным. А я самы дрэнны баец з вас. Чарговая драпіна мне не зашкодзіць.
***
Асляпляльна белы воўк, чыя поўсць свяцілася ў паўцемры, павольна пайшоў да Гаўла. Чуткі не падманулі – па памерах ён быў значна большы за шэрых. А цела настолькі густа парасло поўсцю, што ніводны воўк не здолеў бы зубамі пракусіць яе.
Ваўкі Стыр-Калі ў страхе схаваліся ў лесе і кінулі палонных. Акіра зразумела, што зараз будзе ды рыкнула: