Kitabı oku: «Зграя», sayfa 7
– Разам!
І першай кінулася на белага. За ёй пабеглі ваўкі Ачын і пакавыляў Гаўл. Стралкі з Вый-Кло знайшлі лук і нацягнулі стралу, ды не маглі пацэліць у шэра-белы ваўчыны згустак поўсці, кіпцюроў і зубоў.
Нягледзячы на лікавую перавагу белы перамагаў. Адзін з ваўкоў Ачын адскочыў ад склокі. У яго не было задняй лапы, а з вялікай дзіркі ў баку ішла кроў.
Арык, які да гэтага стаяў у нерашучасці, завыў, выклікаючы сваю зграю на месца бойкі і, вылучыўшы момант, кінуўся на белага. У чацвярох яны схапілі ворага за поўсць і на секунду здолелі ўтрымаць на месцы. Гэтага хапіла, каб ваўкі Вый-Кло выпусцілі стралу. Яна лёгка ўвайшла ў цела белага. Але той не адчуў, як з яго цячэ струмень крыві. Ён кідаўся на супернікаў, моцным ударам адкінуў Гаўла ў раку і пайшоў на Акіру. Яго вялікая пашча сышлася на галаве ваўчыцы. Яна завішчала, але не магла вырвацца. Два ваўкі Ачын спрабавалі адцягнуць ворага ад сваёй каралевы. У гэты момант другая страла прайшла скрозь шыю белага. Яго зубы разышліся і адпусцілі Акіру. Ён ірвануўся да ракі ў намеры ўцячы і трэцяя страла прашыла яго спіну. Падыйшлі ваўкі Стыр-Калі і разам накінуліся на паўмёртвага белага, пацягнулі да берага і разарвалі.
***
Арыка прызналі важаком Стыр-Калі. Ён абяцаў сваю дапамогу ў вайне з белымі, але не раней, чым прыплывуць ваўкі з-за мора.
Бойка з адным белым стала цяжкім выпрабаваннем. Воўк Ачын з адарванай нагой памёр, астатнія двое моцна пацярпелі, Акіра засталася без левага вока, а Гаўла зноў пачало ванітаваць і тузаць.
Яны селі на карабель, забралі цела белага ваўка і накіраваліся дадому. Суправаджаў іх адзін з ваўкоў Стыр-Калі. Гаўл, якому дасталося менш, глядзеў на ўсход цёмнага неба, дзе з’явіўся месяц. Да яго падышла Акіра з перавязанай пысай.
– Аб чым думаеш, важак?
– Ведаеш, Акіра, у Вый-Кло ёсць цікавая традыцыя. Калі яны хочуць нешта атрымаць, то просяць гэтага ў Месяца. І ён быццам бы ім дапамагае. Яны называюць гэта малітвай. Я плыву на караблі, існаванне якога не мог уявіць яшчэ тыдзень таму, і малюся. Тое, што мы бачылі сёння, неверагодна. Калі б не было стралкоў белы забіў бы ўсіх. Адзін белы воўк. І я не ведаю, як нам перамагчы дзесяць тысяч такіх. Ёсць шмат думак і ідэй, але… Я не ўяўляў з чым прыйдзецца сутыкнуцца.
– Ты запамятаваў, Гаўл. Сказаў пра карабель, Месяц ды стрэлы і ні слова не сказаў, што разам з табой плыве каралева, адзіная ў свеце уладарыня зграі. Ды й пра сябе не забывай. Ты – адзіны за гісторыю воўк, які здолеў аб’яднаць разам чатыры згарі.
Гаўл нявесела пасміхнуўся.
– Акіра… У мяне ніколі не было сяброў сярод ваўкоў. Ніколі б не падумаў, што маім першым сябрам стане ваўчыца з іншай зграі. Калі б у нас быў час, я б пайшоў далей на поўдзень дамаўляцца з іншымі зграямі – Дзір-Карна, Май-Торна, Аз-Руда, Матэр-Трыя і іншымі. Дайшоў бы да Паўднёвага мора, замерзлага ад холаду. Я б сабраў разам усіх шэрых ваўкоў свету. Уяві сабе – тысячы, ці дзясяткі тысяч шэрых у адной вялікай зграі. Гэта была б зграя зграй… Але часу няма.
– Ён у цябе будзе. Адаб’емся ад першай атакі і атрымаем шанец самім пайсці ў наступ.
Па целу Гаўла прабяжалі мурашы. Дрыжыкі білі цела і ён лёг на палубу. Акіра лягла побач і шчыльна прысіснулася да яго.
12.
Упершыню Максім быў у саўне. Сухое гарачае паветра апаляла скуру і вочы. Недзе на другім паверсе Лена гатавала сняданак.
Хлопец быў расслаблены. Калі троіца іх не знойдзе, калі Гаўл прыдумае выратаванне ад белых ваўкоў, калі іх родныя, блізкія, сябры застануцца здаровымі, то яны перамогуць. І не спатрэбіцца зброя, якую прывалакла з сабой дзяўчына. А раніцай яна паказала дубальтоўку свайго дзядзькі і прапанавала адрэзаць ёй ствол. Макс адмовіўся, бо дакладна не ведаў, ні як гэта рабіць, ні навошта ім патрэбен другі абрэз.
Хлопец выйшаў з саўны і скокнуў у басейн. Вада падалася ледзяной. Моцныя грукі сэрца, перарывістае дыханне, стук зубоў і бадзёрасць – такія адчуванні ні з чым не пераблытаеш. Ён праплыў дзвесце метраў, вылез з вады, абярнуўся ў махрач і сеў на скураную канапу каля вады. Гледзячы на люстэркавы блакіт думаў пра ваўкоў. Ад успамінаў пра белага хлопец здрыгануўся. Ён быў настолькі ж непадобны на звычайнага шэрага ваўка, як чалавек непадобны да арангутана. Прыгожы, злы, моцны, ненажэрны. На некалькі секунд Макс апынуўся ў яго сеуры і адчуў толькі нянавісць. Ніякіх іншых эмоцый, пачуццяў ці думак. Гэта быў біяробат з адной функцыяй – забіваць шэрых ваўкоў, знішчаць іх да апошняга.
“А калі б я мог перадаваць інфармацыю шэрым, мог бы расказваць ім пра вайсковую тактыку. Гэтага дабра ў сеціве хапае. Мог бы навучыць іх вырабляць жалеза і порах. А супраць стрэльбаў ніводны белы воўк не выстаіць. Ці, напрыклад, пасадзіць усіх ваўкоў на караблі Стыр-Калі, закінуць у тыл да белых і атакаваць ззаду. Яшчэ б партал туды адкрыць і…”.
– Паглядзіце на яго – там усё стыне, а ён сядзіць ды на ваду глядзіць. Па твары бачу, не менш як Напалеонам сябе ўяўляеш. І дзеля каго я гатавала ды каву заварвала? – Лена змяніла сваю гарадскую адзежу на хатні халат. – Пайшлі есці. Сёння ў нас шмат спраў.
– Спраў? Мне здавалася, што мы будзем чакаць, пакуль сны скончацца…
– Нельга сядзець і чакаць чагосьці. І наогул – не сорамна табе перад маладой дзяўчынай у аднім рушніку сядзець?
Максім пачырванеў і ўсхапіўся з канапы.
– Прабач, зараз адзенуся і прыду.
***
За снеданнем Макс пераказаў учорашні сон. Дзяўчына не рабіла заўваг, не перабівала і не задавала пытанняў. Гэта занепакоіла хлопца.
– Лена, з табой усё добра?
– Прабач мяне, Максім. Я так не магу. Яшчэ адну ноч не вытрымаю. Таму трэба вырашаць што рабіць далей.
– Аб чым ты гаворыш?
– Я не сказала табе. Думала, вытрымаю, нічога цяжкага – не спаць некалькі начэй запар.
– У цябе што – бяссонне?
Лена пасміхнулася і захітала галавой.
– Не. Пакладзі мяне ў ложак і можаш сказаць дапабачэння да наступнага ранку. Я… Я не магу хаваць цябе ад троіцы, калі засну.
– Дык ты не спала ўсю ноч, каб хаваць мяне… Ты ведала пра гэта раней?
– Ведала. Думала, хопіць моцы пратрымацца. Мне падавалася, што яшчэ троху і адбудзецца бойка з белымі, мы пераможам і я адасплюся. Прабач.
– Яшчэ адну ноч вытрымаеш?
– Вытрымалаб, але… Я так стмаілася. Гэта вельмі цяжка спрабаваць схаваць некага акрамя сябе.
Яна заплакал. Максім падхапіўся, стаў хадзіць вакол стала. Сітуацыя была дрэннай. Троіца ў любым выпадку адчувае, што ён знік. Калі зараз вярнуцца ў горад у іх з’явіцца шмат пытанняў і падазрэнняў. Да таго ж яны, вядома, абшукалі кватэру. Вяртацца нельга. Але калі Лена засне яны самі з’явяцца. Будзе нашмат горш – наўрад ці троіца пашкадуе дзяўчыну.
– На якой адлегласці ты можаш хаваць мяне?
– Не ведаю. Я ж не спрабавала…
– За кіламетр зможаш?
– Магчыма…
– Зараз я сыходжу, саджуся ў аўтамабіль і еду як мага далей. А ты хавай мяне, пакуль можаш. Чым далей я буду, тым менш шанцаў, што цябе знойдуць. А мне яны ўсё роўна нічога не зробяць.
– Прабач. Я не думала, што хаваць некага іншага будзе так цяжка.
– Нічога. Ты спрабавала. Мы яшчэ можам перамагчы. Але не сёння.
Максім сабраў рэчы, маленькі нож паклаў у шкарпэтку і пабяжаў да аўтамабіля. Там яго чакала Лена.
– Макс, прабач. Я…
– Ні аб чым не думай. Ідзі ў дом і як мага дольш хавай мяне. А калі адчуеш, што не можаш гэтага рабіць – кладзіся спаць. Тут шмат дамоў побач, не думаю, што яны будуць абшукваць кожны. Калі мяне зловяць, скажу, што сам навучыўся хавацца.
Лена абняла Максіма і пацалавала ў шчаку. Хлопец сеў за стырно, завёў рухавік і паехаў. Адометр пачаў адлічваць пераадоленую адлегласць. Адзін кіламетр, два, тры…
Макс не ведаў куды едзе. Галоўнае, далей ад Лены, уперад. “Шэсць кілометраў, нядрэнна”, – ён не сумняваўся, што троіца з’явіцца ў той жа момант, як дзяўчына не зможа яго хаваць. Дзевяць…
Апошняе, што запомніў Макс – твар лысага.
***
Аўтамабіль стаяў на ўзбочыне. Побач звязаны сядзеў Максім. Бялявы, чарнявы і лысы стаялі над ім.
– Хочаш сказаць, навучыўся хавацца ад нас? Ты што, дагэтуль не зразумеў, што мы заўсёды ведаем, калі ты ілжэш, а калі гаворыш праўду? Пра “хованкі” – мана. Табе нехта дапамагаў. Яшчэ адзін назіральнік? Ці, можа, нехта іншы?
– Я сказаў усё, як было. Можаце мне не верыць…
– Гэта не пытанне веры. Я адчуваю, што ты ілжэш, ведаю тэмпературу твайго цела і што табе чэшацца правая нага. Ты з намі – адно цэлае. А самае галоўнае – я адчуваю твой страх. І не за самога сябе, а за некага іншага.
– Я хвалююся за Філіпа.
– Не, гэты тут ні пры чым… Да таго ж, хутка вы пабачыцеся. Мы не можам давяраць табе. Дадому ты не вернешся. Будзеш сядзець за кратамі, як жывёла. А зробіш яшчэ адзін неабдуманы ўчынак і мы спраўдзім свае пагрозы – адсячэм рукі з нагамі. Гэта зашкодзіць светаўспрыманню, але розум ты не страціш. А зараз дазволь, я пагляджу твае сны.
– Не дазваляю.
– Што ты сказаў?
– Што чуў – не дазваляю. Я доўга думаў, навошта ты кожнага разу пытаешся ў мяне аб гэтым, а цяпер зразумеў. Без маёй згоды ты ні пра што не даведаешся.
– Чалавек, – загаварыў чарнявы. – Мы можам прасіць па-рознаму. Напрыклад, я скажу што ў выпадку адмовы мы абыйдзем кожны дом у бліжэйшых сяленнях і заб’ем усіх людзей. Што думаеш наконт гэтага?
– Вы так не зробіце. Вялікі шум уздымецца з-за такой колькасці ахвяр.
– Не ўздымецца, калі мы зробім з імі тое ж самае, што і з тваёй дзяўчынай. Не думаў пра гэта?
Максім сцяў зубы. Гэта таемная зброя троіцы, з якой ён не мог змагацца.
– Добра, лысы. Глядзі і пабачыш, як шэрыя забілі твайго брата. Ён першы з тысяч белых, якія хутка зальюць сваёю крывёю планету ваўкоў.
***
Пасля сеансу снагляду ад лысага Максіма паклалі ў багажнік і некалькі гадзін везлі. Відаць, не маглі перамясціць яго з такой жа лёгкасцю, як рабілі гэта самі. Па гуках хлопец зразумеў, што вярнуўся ў горад.
“Вось цяпер я сапраўды ператварыўся ў героя. Ахвяраваў сабой дзеля дзяўчыны. Цікава, ця выканаюць яны свае пагрозы? Не, не думаю, інакш даўно маглі б мяне звязаць і прымусіць рабіць тое, што трэба. Відаць, іх улада таксама мае свае абмежаванні. Яны чамусьці баяцца моцна ўздзейнічаць на гэты свет. Няўжо гэта неяк уплывае на сусвет ваўкоў? І чаму я дагэтуль называю яго так – сусвет ваўкоў. Трэба прыдумаць якую-небудзь больш дасканалую назву.”
Макса падкінула на калдобіне і ён успомніў дзе знаходзіцца.
“І пра што я думаю… Назвы даю іншым сусветам у той час, калі мяне вязуць забіваць. Хаця не… Не заб’юць. Прынамсі, цяпер. Спачатку трэба, каб я знічтожыў шэрых ваўкоў. Пасля я буду непатрэбны. Стоп! Чаму мяне гэта не пужае?”
Дадумаць Максім не паспеў. Аўтамабіль спыніўся. Яго вяцягнулі на свет і кінулі на зямлю. Ён ляжаў пасярод гаражоў. Бялявы адчыніў іржавыя дзверы аднаго з іх, а чарнявы занёс яго ўнутр. Троіца сышла, пакінуўшы Максіма ў цемры.
– Максім?
– Філіп? Ты жывы?
– Як бачыш. Ці, лепш сказаць, чуеш. Яны мяне кормяць нейкімі кансервамі, каб не памёр. Не ведаю толькі, навошта. Прасцей было б забіць.
– А ты дзе?
– У правым вуглу. Мяне кайданкамі прыкавалі да жалезнай трубы.
Максім са звязанымі рукамі і нагамі, сімулюючы рухі вусеня, дапоўз да назіральніка і лёг каля яго ног.
– Філіп, ведаеш прынцып брытвы Акама?
– “Не варта памнажаць існае без неабходнасці”?
– Можна па-іншаму сказаць – самы просты адказ найчасцей самы правільны. Яны не забіваюць цябе таму, што не могуць гэтага зрабіць.
– Што ты маеш на ўвазе?
– Не ведаю. Але паглядзі на іх – амаль бессмяротныя, безэмацыйныя, моцныя і смелыя. Быццам суперзлодзеі з коміксаў. Дык навошта хавацца ад людзей? Маглі б лёгка захапіць прэзідэнта і прапанаваць абмяняць на мяне. Такое адчуванне, што так нельга. А чаму – не ведаю. Можа, кодэкс які ёсць па заваёве планет, ці, напрыклад, яны не могуць сёр’ёзна ўплываць на наш сусвет.
– Цікавая версія, Максім. Але карысці ад яе ніякай. Выратавацца немагчыма. Як там твае ваўкі жывуць? Рыхтуюцца да вайны з белымі?
– Ты ж сам павінен ведаць. Гаварыў, што бачыш тыя ж сны.
– Не заўсёды. Часам я бачу толькі цябе.
– Рыхтуюцца. Гаўл аб’яднаў чатыры зграі. Але… Учора я ўпершыню пабачыў белага ваўка і нават пабываў у яго скуры. Ведаеш, яны… Яны іншыя. Мне здаецца, што б ні рабіў Гаўл, якую б гісторыю я не расказаў, мы прайграем.
– Ты гаворыш “мы”, быццам сам воўк.
Максім замаўчаў. Мала дзён прайшло з таго часу, як ён упершыню пабачыў сон пра ваўкоў. І за гэтыя дні стаў адным цэлым з іх светам. У першым сне былі Грык, Аўк, Сутра, Гаўл, Аўчылак. Першыя трое памерлі. А пасля ён пазнаёміўся з іншымі – Акіра, апосталы, Арык.
– Філіп, а калі я памру, яны сапраўды стануць вольнымі?
– Думаю, што так. Але… Хто я такі, каб пра гэта казаць. Дакладна табе раскажуць трое нашых сяброў.
– А ты не думаў збегчы?
– У першы дзень думаў. Крычаў, спрабаваў адарваць гэтую трубу, абшарваў нагамі і рукамі ўсё, да чаго мог дацягнуцца. Толькі ў кіно і камп’ютэрных гульнях галоўны герой лёгка выратуецца з любых абставін. У жыцці не так.
– У мяне ёсць нож у шкарпэтке.
– Цудоўна. Але падаецца мне, што на ногі ты ўзняцца не зможаш, каб я дастаў яго. Сам не дацягнешся?
– Не…
– І добра. Ты ўспамінаў пра Акама. Я таксама адзін прынцып успомніў – Мёрфі.
– “Калі нешта дрэннае павінна адбыцца, то яно адбудзецца”.
– Менавіта так. І мы ў самым цэнтры сінгулярнасці Мёрфі, дзе нас чакае ўсё самае горшае. А разам з намі і ваўкоў.
– Ты стаў песімістам за некалькі дзён.
– Хутчэй, рэалістам. Не ведаю, навошта ўсё жыццё чапляўся да гэтых ваўкоў. Трэба было плюнуць – сняцца і хай сняцца. А так выдумаў, што я абраны. Нэо з матрыцы, ага… А насамрэч звычайны лох.
Сітуацыя была безвыходная. Максім сядзеў у цемры разам з расчараваным у жыцці чалавекам.
Воўчы сон
Адзінаццаць апосталаў, Гаўл, Аўчылак, Акіра і Арык сабраліся ў будке важака Суу-Ардун. Трэці дзень запар яны абмяркоўвалі тактыку бою – хто на якім фланге выступіць, якімі войскамі будзе камандаваць, якія ваенныя хітрыкі выкарыстоўваць. Ідэй было шмат, але значная іх частка аказвалася непрыдатнай для сапраўднай вайны.
Яны назвалі сябе Саветам ваўкоў і заўсёды сядзелі колам – гэта было сімвалам роўнасці. У цэнтры кола ляжала скура забітага белага. Памеры яе ўражвалі. Усе пятнаццаць прысутных маглі змясціцца на ёй. Яна нагадвала пра тых, з кім у хуткім часе прыйдзецца біцца.
Пазаўчора ўсім ваўкам Суу-Ардун былі абрэзаны хвасты. Яны, хай і фармальна, сталі “хадзіць пад Месяцам”. Адзінаццаць ваўкоў з Вый-Кло сталі Апосталамі зграі. Па дамоўленасці кожны месяц адзін з іх будзе замяняцца ваўком Суу-Ардун і праз год кіраваць застануцца толькі свае.
У той жа дзень Акіра першай са сваёй зграі пагадзілася абразаць хвост. А ў выпадку перамогі над белымі ўсе жывыя Ачын павінны зрабіць тое ж самае. У абмен яна атрымае навуковыя вынаходніцтвы Прарока. Арык пакуль не жадаў мець з вернікамі нічога агульнага, хаця іх зброя ўразіла яго.
Гаўл аправіўся пасля боек. Яму балелі зламаныя рэбры і стамляўся ён хутка, але мог самастойна трымацца на нагах. Апошнія дні побач з ім заўсёды была Акіра. Яны вельмі зблізіліся і цяпер ад кожнага погляду ваўчыцы сэрца важака Суу-Ардун пачынала моцна біцца.
За час паседжанняў было дамоўлена, што Аўчылак будзе камандаваць ваўкамі Суу-Ардун, Ачын, Стыр-Калі і Вый-Кло, калі надыдзе час адкрытага супрацьстаяння. Стралкі, катапульты і абаронцы рова знаходзяцца пад камандаваннем Апосталаў. Акіра стала адказнай за абарону горада – хай першая бойка і пройдзе далёка, мала хто сумняваўся, што белыя падыйдуць да яго сцен. Таксама ваўчыца камандавала выведкай. Гаўла прызналі генералам вайны. Ён адказваў за стратэгію і тактыку. Па задумцы падчас бойкі побач з ім заўсёды павінны знаходзіцца маладыя ваўкі – адна- і двухгодкі, якія хутка змогуць даносіць загады кожнаму з камандзіраў і інфармаваць пра падзеі бою.
Важным пытаннем заставаўся ўдзел у бойцы ваўкоў Стыр-Калі. Арык абяцаў дапамагчы, аднак не раней, чым з-за мора прыплыве дапамога. А да гэтага адмаўляўся нават дзясятак ваўкоў даслаць. Пасля бясконцых спрэчак пагадзіўся выдзеліць малых у дапамогу Гаўлу.
Чарговы Савет пачынаўся з таго самага, што і ўсе астатнія:
– Акіра, што даносіць выведка?
– Белыя мітусяцца і рыхтуюцца. Думаю, у нас засталося не больш за тры дні да наступу. У іх няма тактыкі – будуць ісці адзінай навалай. Упэўнена, нам самім трэба падзяліць іх. Інакш захлынемся.
– Зброя?
– Ніякая зброі ў няма. Ты ж памяаеш, што адзін белы варты дзясятка нашых. А таму ім зброя непатрэбна.
– Як прапануеш раздзяліць іх?
– Драўлянымі заваламі такой вышыні, каб яны не здолелі іх пераскочыць. І рабіць гэта трэба за сто крокаў ад замлянога валу.
– Немагчыма, – за будаўнічыя працы адказвалі Вый-Кло. – Мы не паспеем зрабіць гэта за тры дні. Да таго ж, калі самі іх падзелім, наша дальнабойная зброя стане менш эфектыўнай. Магу забяспечыць трыццаць крокаў.
– Апостал, а што са зброяй? – яшчэ адно пытанне, якое падымалася на кожным Савеце.
– Пабудавалі дванаццаць катапульт. Больш не мае сэнсу. Зараз рыхтуем знарады – ваўкі шукаюць камяні па ўсім лесе. Прывезлі трыццаць лукаў і тысячу стрэл.
– Колькі ваўкоў спатрэбіцца на абслугоўванне катапульт і лукаў?
– Паўтары сотні.
– Абарончыя пабудовы?
– Усё завершана. Зараз узмацняем сцены горада.
– Лекары?
– Як ты і загадаў, важак, у горадзе пяць хат перароблены для аказання дапамогі параненым.
– Мабільныя пункты дапамогі?
– Зрабілі тры.
Яшчэ адна частка перамоў была самай нелюбімай Гаўлам, таму ён рабіў перад ёй невялікую паўзу.
– Параненыя?
– Як і раней, важак, мы лічым, што ў першую чаргу трэба лекаваць лёгка параненым, каб яны ў той жа дзень змаглі вярнуцца ў бой. А ваўкам з адгрызенымі канцавінамі і дзіркамі ў целе дапамогу не аказваць. На гэта ня хопіць часу.
Аўчылак і Акіра пагаджаліся з гэтай думкай, Арык не мог выказвацца, паколькі не даў згоды на ўдзел у бойцы.
– Апостал, я разумею цябе. Перадай хаця б адну будку для цяжкапараненых з адным лекарам. Хай дапаможа такой колькасці ваўкоў, якой зможа.
– Добра, Гаўл. Зробім так.
– Аўчылак, колькі ваўкоў ты сабраў?
– Трыста пяцьдзясят Суу-Ардун, трыста дваццаць Алык-Ачын, сто семдзесят Вый-Кло… Атрымоўваецца васемсот сорак. Калі да нас паспеюць далучыцца дзвесце пяцьдзясят ад Стыр-Калі, то агульнае войска складзе тысячу сто ваўкоў, – ён пасміхнуўся. – Самае вялікае ваўчынае войска, якое бачыў гэты свет. Мы нават пераўзыйдзем міфічную пачатковую тысячахваставую зграю.
– Арык?
– Генерал, я адкажу табе тое ж, што казаў раней – як толькі прыплывуць ваўкі з-за мора, мы выправімся вам на дапамогу. Дагэтуль ніхто з маіх не прыйдзе. Нас і без таго мала. Ды й тыя – старыя, малыя і ваўчыцы.
– Дваццаць ваўчыц, Арык, – Акіра гарліва ставілася да таго, што ў зграях збольшага патуралі ваўчыцамі. – Для асабістай аховы мяне і Гаўла.
– Добра, каралева. Для цябе я абяру дваццаць лепшых ваўчыц нашай зграі.
***
Пасля заканчэння савета Акіра засталася разам з Гаўлам. Дэманстратыўна лягла на белую скуру і паглядзела ў вочы генерала.
– Гаўл, ты ж не ведаеш, як нам перамагчы?
– Не ведаю. Ніводна разу я не пытаўся ў цябе на Савеце, колькі да нас ідзе белых, бо баюся пачуць адказ.
– Хочаш, назаву лічбу? Яна і мяне пужае.
– Скажы.
– Дакладна падлічыць цяжка – выведнікам жа трэба не паказвацца на вочы, сачыць за кірункам ветру і…
– Акіра, назаві лічбу. Ты мне неаднаразова расказвала пра асаблівасці выведкі і я гэта ведаю.
– Дванаццаць тысяч. Калі выведка памыляецца ў горшы бок, то пятнаццаць, а калі ў лепшы – дзесяць.
– Дрэнна. Вельмі дрэнна. Па маіх разліках мы зможам параніць і забіць да пачатку бойкі каля трох тысяч. Гэта калі кожны стралок патрапіць у сваю цэль, а пасткі спрацуюць, як трэба. І тады васямсот ваўкоў Аўчылака будуць біцца “ўсяго” з дзевяцю тысячамі белых.
– Не забывай пра Арыка.
– Я памятаю. Але не ведаю, наколькі нам могуць дапамагчы яго дзве сотні. За сцены горада мы здолеем адвесці пяцьсот ваўкоў. А з белых, па маіх падліках, да горада дойдзе тысяч сем. Яшчэ тысяча загіне ля сцен, астатнія рынуцца ў горад. І тут мы самі апынемся ў пастке – збяжаць нельга з-за вялікіх сцен. Нас загрызуць як трусоў у клетках.
– Яшчэ ёсць час. Ты нешта прыдумаеш. Я веру ў цябе.
– Дзякуй, Акіра.
***
Аўчылак агледзеў падначаленых. Тры сотні шэрых ваўкоў, узброеных з дапамогай Вый-Кло. Астатнія ў гэты час займаліся паляваннем на тэрыторыі чатырох зграй, каб здабыць ежу для войска. Праз тры гадзіны яны таксама будуць стаяць тут і слухаць яго, галоўнакамандуючага. А затым і трэцяя частка ваўкоў.
Выглядалі вайскоўцы дзіўна. Дваццаць дзён таму Аўчылак першы б засмяяў іх – драўляныя дошкі па баках, на шыях незразумелыя “ўпрыгожванні” з вострых птушыных костак, на галовах дзіўныя шаломы з умацаванымі рагамі зуброў, А да двух пярэдніх лапаў прывязаны вострыя камяні. Смех ды й толькі.
– Ваўкі! Сёння ўпершыню вы апранулі зброю да бою з белымі ваўкамі. З яе дапамогай мы пераможам любога суперніка, калі будзем прытрымлівацца простых правіл. Першае – калі бачыце, як на вас ідзе белы, ні ў якім разе не паварочвайцеся да яго дупай – там вас нішто не ахоўвае. Лепш прыміце ўдар бокам з бранёй. А потым альбо падскоквайце і бейце яго ў твар ды спіну пярэднімі лапамі, альбо паднырвайце пад іх цела і сваім шаломам прапорвайце жывот. Не спрабуйце пракусіць тоўстую поўсць на шыі, баках ці спіне – усё роўна не атрымаецца. Зараз паспрабуем. Па адным падыходзьце да пудзіла.
Перад войскам стаялі жахлівыя постаці. Скуры зуброў набілі пер’ем і зрабілі фігуры, якія аддалена нагадвалі постаці ваўкоў.
– Першы, паднырвай пад яго і спрабуй пракалоць жывот. Дрэнна. Наступны, за ім, хутка. Дрэнна. Трэці – дрэнна, чацвёрты – дрэнна. Пяты – малайчына! Не бойцеся падчас бойкі згубіць шалом, які засядзе ў целах гэтых пачвар. Проста адступіце да абозу і вазьміце новы.
Аўчылаку займаўся са сваім войскам ад раніцы да ночы. Часу было мала, а ваўкоў якія дрэнна біліся – шмат.
– І памятайце, у дзень бойкі ваша поўсць будзе прапітана атрутай. Не думайце залізваць раны. Лепш ідзіце да лекараў. Дваццаць шосты – дрэнна!
Аўчылак даўно перастаў адрозніваць ваўкоў сваёй зграі ад іншых. Яны для яго сталі салдатамі.
***
Апосталы адасобіліся ў адной з хат для таемных перамоў.
– Мы павінны ім расказаць.
– Не, ні ў якім разе! Пасля перамогі над белымі мы павінны мець зброю і супраць іх.
– Навошта, яны ж прынялі Месяц?
– Зараз – так, а што будзе пасля? Наша вера ім патрэбна для перамогі.
– Гаўл сапраўды воўк з прароцтва. Столькі супадзенняў не можа быць маной.
– Калі так, то ён цудоўна справіцца і без нашых сакрэтаў.
– А ў скрутках напісана па-іншаму. Там гаворыцца, што мы павінны дапамагчы ўсім, чым можам. Інакш загінем.
– Не загінем. Хай яны і прайграюць, белых таксама памрэ шмат. І мы пераможам.
– А калі не? І Гаўл даведаецца пра нашы сакрэты?
– Гэта магчыма, улічваючы яго розум і выведку Акіры.
– Так, іх сяброўства з каралевай-ваўчыцай таксама трэба ўлічваць. Хто ведае, да чаго гэта прывядзе.
– Давайце галасаваць.
Некалькі ваўкоў ляглі на зямлю, астатнія засталіся стаяць.
– Шэсць за тое, каб расказаць, пяць супраць – невялікая перавага.
– Але перавага. Таму нас адзінаццаць, а не дванаццаць.
– Добра, тады я пайду і пра ўсё раскажу.
– Скажы, што мы не так даўно даведаліся пра гэта. Хай не думае, што мы наўмысна хавалі ад яго інфармацыю.
***
Арык зліўся на сябе. “Пайшоў на саступкі, дваццаць ваўчыц… Не шмат, але й не мала. Зграя і без таго амаль выжывае. Не хапае паляўнічых, а хто карміць старых і шчанюкоў будзе? І дзе тыя караблі з усходу?”.
Ён чакаў іх не менш за Гаўла. Бо яны павінны былі прывезці не толькі дзве сотні ваўкоў, якія могуць біцца, але й ежу, якой так не хапае.
Важак Стыр-Калі дамовіўся сам з сабой, што калі ваўкі не прыплывуць, ён сам пойдзе на бойку з белымі, як прадстаўнік зграі. Інакш, у выпадку перамогі, ім нічога не дастанецца. А так яны таксама стануць удзельнікамі, хай і фармальнымі. Яшчэ зліла яго, што на Савеце ніхто не прыслухоўваецца да яго слоў. На любую прапанову адказваюць, што ён не ўдзельнік бойкі, а таму не мае права выказвацца.