Sadece LitRes`te okuyun

Kitap dosya olarak indirilemez ancak uygulamamız üzerinden veya online olarak web sitemizden okunabilir.

Kitabı oku: «Паўлінка», sayfa 4

Yazı tipi:

З'ява 15

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата

Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею, Я, вось-цо-да, казаў, собственно, не дзе падзенецца.

Агата (дражнячы). Вось-цо-да, вось-цо-да! Сам кабылу, тудэма-сюдэма, паставіў у вас пад паветкай, а шукае за плотам. Дарма толькі поўзалі і слядоў прыглядаліся.

Альжбета. Ну, дзякуй Богу, што хоць найшлася. (Да Сцяпана.) Што ты там круціш у руках?

Сцяпан (тыкаючы фатаграфію ў твар Альжбеце). На, на! любуйся, якія празэнты атрымлівае твая дачушка!

Альжбета. (закрываючы рукой твар). Чаго соваешся… Такая яна і твая, як мая.

Сцяпан. Лжэш! Каб яна была мая, то была б такая, як і я.

Пранцісь. Пакажы, пакажы, пане дабрудзею, што гэта за птушка?

Сцяпан (паказваючы). На, глядзі, сваток! Павіншуй мяне з такой дачушкай і з гэтым, з гэтым гарэтыкам!

Пранцісь (разглядаючы). Эге! Гэта гэты разумненькі, вучоны, грамацей… Собственно, Сарока, вось-цо-да.

Сцяпан. Але ж, але! Якім Сарока.

Агата (да Сцяпана). Тудэма-сюдэма, пакажыце і мне, сватка.

Пранцісь (да Агаты). Ты, пане дабрудзею, баба, не лезь сюды з цікавым носам. Собственно, пільнуй сваей спадніцы і панчохаў, вось-цо-да. А мы суд, суд зробім… правы і скоры.

Паўлінка (падыходзячы да Альжбеты, ласкава). Мамачка, адбярыце яе ў таткі.

Альжбета. Што я з ім, дзеткІ, зраблю? Яшчэ біцца будзе…

Сцяпан. (да Пранціся). А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд добрым складам над гэтым гадам. А які?

Пранцісь. А такі, пане дабрудзею: стражнікаў паклікаць, спраўніку данясці. Собственно, інквізітарскі суд зрабіць – па палавіне шась! і гатова, вось-цо-да.

Паўлінка (кідаючыся да Сцяпана і цалуючы яму рукі, скрозь слёзы). Татачка, аддайце! Не здзекавайцеся над ім!.. Ён жа вам нічога благога не зрабіў.

Сцяпан (са злосцю). Спаць, спаць пайшла, калі гэткага знайшла! Спаць! (Рве фатаграфію.)

Паўлінка (з плачам апускаючыся на лаву). Татка, згубіць мяне хочаце… Гвалтам з хаты выгнаць.

Пранцісь (дастаючы пляшку). А цяпер, собственно, вып'ем хаўтурнага, вось-цо-да. (П'е.)

Паўлінка (усхапіушыся з лавы, кідаецца да Пранціся). Па кабыле сваей пі хаўтурнага, а не па чалавеку, якога І падноскаў не варт! (Вырываючы і разбіваючы аб зямлю пляшку.) Вось-цо-да!

Пранцісь (развесіўшы рукі, здзіўлены, як і ўсе). О-о-о!!!

Заслона.

АКТ ДРУГІ

Тая ж самая – што ў першым акце – святліца. За стадом сядзяць: Сцяпан, Альжбета і госці – тры хлопцы і тры дзяўчыны. Мужчыны сядзяць з аднаго канца стала, а жанчыны – з другога. П'юць гарбату, наліваючы на сподкі; закусваюць. Дзецюкі з дзяўчатамі жартуюць, перакідваючыся крошкамі ад хлеба. з левай стараны (гледзячы ад публікі) пры сцяне ад бакоўкі сядзяць два музыкі і, зводзячы инструменты, сціха перагаварваюцца між сабой. Ля дзвярэй ад сенцаў, у канцы куфра, на табурэце стаіць самавар. Паўлінка, прыбраўшыся па-святочнаму, увіхаецца каля гасцей. Трохі ў твары змяніўшыся; час ад часу ўздыхае і няўзнак паглядае ў акно; адно стараецца быць з усімі вясёлай і бойкай. Як падымаецца заслона – Паўлінка нясе гарбату.

З'ява 1

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, госці, музыкі

Паўлінка (стаўляючы гарбату перад Сцяпанам). Што ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху ні духу? Ці не знюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака?

Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не бядуй. Не будзе Прша, будзе чорт іншы.

Паўлінка (насмешліва). Мала што будзе… Але ж, калі мяне ўжо неяк, як цмокам, стала цягнуць да гэтага Бык… Бычка… Ах, як яго?…

Сцяпан (з націскам). Быкоўскага.

Паўлінка (падыходзячы да другого, канца стала). Можа, Адэльцы яшчэ шкляначку?

Адэлька (госця). Дзякуй. Ужо напілася.

Альжбета. Ды бяры! Што там пытается? Панна Адэля толькі дзве выпіла.

Адэлька. Калі ж болей не хочацца.

Паўлінка (забіраючы шклянку). Вып'еш, вып'еш, Адэлька, – змесціцца.

Альжбета (падсоўваючы гасцям яду). Старайцеся, госцікі, старайцеся. Вось – сыр, масла, вяндліна! Такі ж сягоння трохі папрацавалі каля полькі да лявоніхі.

Колькі галасоў (перажоўваючы і сёрбаючы). Дзякуй, дзякуй! Мы стараемся.

Сцяпан. Чым хата багата – тым рада. Хлеб на стале – рукі свае. Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма. Але я ў гэтым не вінават. Хацеў узяць у Міхалішках, дык, як на ліха, манаполька цэлы дзень была закрыта.

Музыка (убок да другога). Каб не салгаў, дык бы і не жыў. Я сам бачыў, як пасля імшы адбываўся з пляшкамі пры манапольцы нешпар.

Другі Музыка. Слухаць! Скнэра, і больш нічога.

Паўлінка (паставіўшы Адэлі шклянку, да аднаго з гасцей). Можа, пан Вінцусь яшчэ вып'е?…

Вінцусь (госць; уціраючы канцом настольтка губы і лоб). Яно-то было ўжо і досыць, але калі панна Паўлінка так пекна просіць, дык можна яшчэ са шкляначку.

Паўлінка (ідучы са шклянкай). Гэты ўжо дык пятую шклянку бабохае…

Сцяпан (да Альжбеты). Ці добра хаця ты прасіла Пустарэвічаў? Чаму іх так доўга няма?

Альжбета. Каб і не прасіла, то прыедуць. (з насмешкай.) Пэўна, собственно, кабыла заблудзіла.

Адзін з гасцей. Штось сягоння на кірмашы Якіма Сарокі не было. А то, бывала, такім франтам пахаджывае, што куды мяне вядзеш, пусці мяне к чорту.

Паўлінка (стаўляючы гарбату). А пану Банадысю зайздрасць, што так прыадзецца не патрапіць, хоць мо і мае за што.

Госць. Чымся грошы траціць на адзежу, я лепей іх каму пазычу.

Паўлінка (садзячыся на ложку). І працэнцік добры злуплю, каб аж у пяты другому закалола.

Госць (самадавольна). Хе-хе-хе! А панне Паўлінцы злосць яшчэ не адышла, што калісь гэтаму ягамосці Сароцы ні за які працэнт не пазычыў.

Паўлінка. Вельмі ж яму гэтым і не пашкодзілі. Нашліся людзі, што і без працэнтаў пазычылі і далі яму магчымасць паехаць на настаўніцкія курсы. Цяпер нічыёй ласкі не патрабуе.

Адна з гасцей. Пэўна, што не! Такі чалавек нідзе не прападзе.

Сцяпан (прыслухваючыся дагэтуль гутарцы аб Сароцы). Каханенькія, родненькія, кіньце аб гэтым свінапасе гаварыць. Прыелася ўжо мне гутарка аб ім горш горкай рэдзькі. І ці гаманіце аб ім, ці не гаманіце – усё роўна нічога не выйдзе. Я ўжо яму даў дарогу.

Паўлінка (неспакойна). Якую дарогу?

Сцяпан. А ты, каханенькая, родненькая, не слухай вушы развесіўшы, ды лепей гасцей глядзі. Дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Нейкую хвіліну ціха. Паўлінка падыходзіць браць шклянкі, але ўсе адказваюцца.

Альжбета. Што ж, выбачайце, госцікі. Не хацелі піць і есці, пасля самі будзеце жалець.

Сцяпан. Выбачайце, выбачайце, каханенькія, родненькія, адно не скажыце, што ўсяго было ўдаволь, толькі прынукі не было.

Колькі галасоў (устаючы з-за стала). Дзякуем, дзякуем пану гаспадару і пані гаспадыні! Падмацавэліся, хвала Богу, як лепей не трэба.

Паўлінка (устаючы з ложка). Проша паненак сюды прысесці, а, паны кавалеры, вазьміце сабе табурэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў.

Сцяпан і Альжбета (вылазячы з-за стала). А як жа – трэба, трэба! Дзяўчаты садзяцца на ложку, хлопцы каля іх на табурэтах; жартуюць між сабой.

Альжбета (падыходзячы да музыкаў). Хадзіце, міленькія, выпійце са шкляначку гарбаты.

Музыкі. Дзякуем пані! Мы ужо сягоння пілі.

Альжбета. Мала што калі было, а цяпер трэба яшчэ падмацавацца. (Забірае інструменты і кладзе іх на куфар, садзіць музыкаў за стол і сама садзіцца. Да Паўлінкі.) А ты, дзеткі, налі музыкам гарбаты!

Сцяпан (закурваючы люльку). Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма.

Музыкі. І без гэтых кропель будзем жывы. Чуваць стукат у сенцах.

Сцяпан. А бач, нехта такі хоць нарэшце з'явіўся. Трэба ісці ды глянуць, а то яшчэ ў дзверы не луча. (Ідзе.)

Адзін з гасцей. Нясі, Божа, нежаматага ды багатага!

Адна з гасцей. Жаніць будзем!

Паўлінка (стаўляе музыкам гарбату, пидыходзе і глядзіць у акно. У бок.) Ах, як жа цёмненька!

Адзін з гасцей. Каго так, панна Паўлінка, выглядаеце?

Паўлінка. Таго ж – нежанатага ды багатага.

З'ява 2

Тыя ж і Адольф Быкоўскі

Сцяпан (спатыкаючы Адольфа ў дзверах). А-а! Нарэшце з'явіўся, дарагі госцік! Што ж гэта, каханенькі, родненькі, так доўга чакаць на сябе нас заставіў?

Адольф (вешаючы пальто на сцяне каля парога). Пахвалёны ў хату!

Колькі галаcоў. Навекі! Навекі!

Адольф (вітаючыся са Сцяпанам), Выбачайце, што трохі прыпазніўся. Але гэта вінават мой жарабец. Як панёс з тары, што каля Прытыкаў, – і мяне выкінуў, і вось зламаў, так што аж мусіў другую каламажку ўзяць; праз тое і замарудзіў.

Адзін з Музыкаў (убок да другого). Каб ён толькі дыхаў. Які яго чорт нёс! Прыстау конь, ды ўсё тут.

Другі Музыка. Няўжо ж што. У мае вочы заплаціў вясной за нейкую здыхляціну трыццаць рублёў, і тая ўжо скарэй яго панясе.

Сцяпан (да Адольфа). Проша ж, проша далей, сюды, дзе бліжэй кут і дзе усе тут.

Адольф. Дзякую, дзякую, вашэці. Проша са мной клопату не рабіць. Ідзе і з усімі вітаецца; Альжбету цалуе ў руку, стоячы к ёй бокам і не згінаючыся.

Альжбета. Проша пана Адольфа, проша за стол! Можа, вып'еце гарбаты і чаго закусіце? (Да Паўлінкі.) Паўлінка, налі пану Быкоўскаму гарбаты!

Адольф (садзячыся за стол з другога канца ад музыкаў і закурваючы папяроску). А што ж у васпанства добрага чуваць?

Сцяпан (прысаджваючыся к сталу). Ды што у нас чуваць? – Старая баба не хоча здыхаць, а маладая замуж ісці.

Адольф (самадавольна). Хе-хе-хе! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.

Альжбета (да Сцяпана). А, ваша, схадзі паглядзі, ці добра прывязаны конь пана Быкоўскага.

Адольф. Не турбуйцеся. Я яго добра прывязаў.

Сцяпан. Каханенькі, родненькі, хоць і прывязаў, але сена, пэўна, не даў. У нас так: госць як папала, а жывёліну дык трэба добра дагледзець. (Выходзіць.)