Sadece LitRes`te okuyun

Kitap dosya olarak indirilemez ancak uygulamamız üzerinden veya online olarak web sitemizden okunabilir.

Kitabı oku: «Камедыя», sayfa 2

Yazı tipi:

Чорт. Памятай жа, што будзеш маім падданым. (Дае селяніну руку.)

Селянін. Пане арандару, перабій, вашэць, нам рукі.

Жыд. Дай бог Дзёмку выйграць! (Тут жа перабівае ім рукі.)

Чорт. А чы ведаеш, хто я такі?

Селянін. Не ведаю.

(Жыд прыглядаецца.)

Чорт. Я – д’ябал! (І скідае з сябе плашч.)

Жыд (уцякае і, лямантуючы, крычыць). Гвалту! Гвалту!

(Селянін хоча уцякаць. Чорт трымае яго за рукі. Селянін трасецца.)

Чорт. Калі не вытрымаеш закладу, душу тваю вазьму ў пекла і ўжо без ніякага прабачэння. Памятай жа аб гэтым!

Селянін. Ах, ах! Да што тут мне рабіць? Да ўжо ж, пане д’ябле, датрымаю, датрымаю.

Чорт (адыходзячы, кажа). Глядзі ж!

Жыд (з парывам да Селяніна). Дзёмка! На табе іголку, засый губу сабе.

Сцэна 5-я

Селянін. Ну ж папаў жа я залажыцца!.. Ох, каб я ведаў, хто ён ёсць, не ашукаў бы тагды ён мяне! А цяпер і рады сабе даць не магу; што маю рабіць? Аднак заклад датрымаць трэба, бо з д’яблам жартаваць не патрафлю. Ашукаў жа ён мяне! Каб то можна было, адрокся б і закладу, ды ён не адступіць. Вот бяда. Не а цяжкую то, праўда, рэч тут ідзець. Маўчаць, здаецца, патрафлю. Гэта ж невялікая рэч – пераз гадзіну маўчаць. Я на пару пераз цалюхенькі дзень маўчу, калі ў полі раблю. Так мне няцяжка будзець закладу дадзяржаць. Да як жа ўжо дадзяржу, так буду мець сто рублей, а можа, і болей, як ён сам казаў. Тады ж я сабе статку накупляю; пану, што вінен, аддам і яшчэ на гарэлку, з малацьбы ідзя напіцца, застанецца. Арандар тагды не скажэць, што не дам. Ох, каб ён тагды сказаў, што не дам, то я б яго ў морду, у морду. Або адною рукою за пэйсахі, а другою паказваў бы грошы. Тагды б ён быў для мяне лепшы! (Размаўляючы так, паказвае, як бы біў Жыда.) І суседзі тагды будуць мне кланяцца, калі абачуць, што я багаты. А Гарасім, хоць мой вялікі непрыяцель, аднак, спадзяюся, што будзець кланецца, каб я толькі яму на чынш грошы пазычыў. Ды нет! Не вырвець. З’есць чорта – не дам… Не дам, хоць бы і з’еў. Няхай розуму наўчыцца…

І д’ябла ўжо чорт нясець. Трэба губу затыкаць. Ужо мусіць быць тая гадзіна?

Сцэна 6-я

Чорт, Селянін

Чорт. Ужо набліжаецца час, калі ты павінен будзеш выконваць сваё абяцанне. Зараз праб’е гадзіна, і ты пачнеш маўчаць.

Селянін. А чы скора?

Чорт. Вось зараз. Памятай жа, каб добра трымаўся свайго абяцання! Я табе, без сумнення, аддам сто рублёў і больш. Звыш таго абяцаю яшчэ, што буду даваць іх табе кожны год, калі вытрымаеш.

Селянін. Дацярплю, бо губу пакулем, у дзёгаць памачыўшы, заткаю.

Чорт. Не трэба. Ты так вытрымай на працягу гадзіны ў маўчанні.

Селянін. Вытрымаю, да душы ж, вытрымаю. Што гэта?

Чорт. А калі не?

Селянін. Так душа твая будзець.

Чорт. Глядзі ж! Я цябе перасцерагаю, каб потым на мяне не наракаў; бо як не вытрымаеш закладу, я табе дараваць не думаю.

Селянін. Я табе кажу, што дацярплю! Дацярплю. Чаго ты хочаш ад мяне?

Чорт. Слухай жа! Як ударыць гадзіна, каб ты зараз жа замоўк.

Селянін. Без твае казкі я гэта ведаю. Ідзі сабе проч.

Чорт. Глядзі ж! (Адыходзіць.)

Селянін. Добра, добра!

Сцэна 7-я

Селянін. Вот цяпер абачым, хто каго пераможэць. Ён кажэць, што мяне возьме да пекла, калі маўчаць не буду. А я кажу, што ён і з родам сваім не дажджэць, бо я гатоў сабе губу на калодку замкнуць. Але, праўда, прыпамінаю сабе, нашто мне тыя калодкі, нашто тое пакулле з дзёгцем. Вот калі захочацца гаварыць, так я рукою губу заткаю. Вот гэтак. (Паказвае.) Абачым, што ён мне тагды зробіць! А коньчо – выйграю сто рублёў. Вот тагды мне будзець добра! (Садзіцца. Гадзіна б’е. Цыц, цыц,! Паказвае на мігах.)

Сцэна 8-я

Хлапчукі і Селянін

Першы хлапчук. Ужо кліча і нас Бог да сваёй славы, і будзем мы ўжо радавацца з ім вечна.

Другі. Але як жа мы падымемся, калі так высока?

Трэці. Бог прыдумае спосаб, каб мы падняліся.

Першы. Глядзіце, глядзіце! (Вымаўляе з вялікай радасцю, бачачы, як спускаецца лесвіца.) Вось спускаецца ўжо лесвіца!

Другі. Гэта, мусіцьбыць, дарога на неба. Але як па ёй ісці?

Трэці. Вось так. (Ставіць толькі ногі на перакладзіны, але не дакранаецца да іх рукамі.)

Першы (адпіхвае). Не так, а гэтак! (Павісае на руках без дапамогі ног.) (Селянін, бачачы ўсё гэта, калоціцца ад злосці. Другі хлапчук. пралазіць паміж перакладзінамі. Селянін злуецца, паказвае на мігах, як трэба лезці. Хлапчукі спрабуюць некалькі разоў, але ў іх нічога не выходзіць.)

Селянін (не вытрымаў, памкнуўся да лесвіцы і кажа ім). Вот гэтак трэба лезці. Вы не ўмееце. Абачыце, як я зараз узлезу да неба. (Як толькі Селянін узяўся за лесвіцу і паставіў на яе нагу, лесвіца пацягнулася ўгару. Селянін звальваецца, хлапчукі з жалем адыходзяць.)

Сцэна 9-я

Чорт і Селянін

Чорт (выскачыўшы, хапае Селяніна і цягне). А дзе ж прысяга? Ты ж заракаўся, што будзеш маўчаць! Пайшоў у заклад і вось не ўстрымаўся. Зараз я цябе павяду ў пекла. (Цягне. Селянін падымаецца.)

Селянін. Мой ты, наймілейшы дабрадзею! Прапрашаю! Выбачай мне, бо гэтыя блазны да астатняе злосці мяне ўвялі. Чы ім Бог розум адабраў, чы што ў чорта? Як ім не пазнаць таго, як лезці трэба па драбіне? (Сам трасецца і кланяецца.)

Чорт. А што табе да гэтага? Ты ж павінен быў маўчаць, бо такі наш заклад.

Селянін. Да як жа было сцярпець, калі аж у злосць уступіў. (Кланяецца.)

Чорт. Што мне да гэтага? Я маю права на цябе, ты мой.

Селянін (становіцца на калені і складвае рукі). А дабрадзею! Да даруй жа ты, вашэць, мне! Ужо папраўлюся.

Чорт. Нельга. Такая была наша ўмова.

Селянін. А панічэньку, а будзь жа ласкаў!

Чорт. Бачыш, як няслушна ты наракаў на Адама, калі ты сам вось яшчэ горш зрабіў.

Селянін. Да знаю тое, толькі пазволь яшчэ хоць трошачкі, а ўжо ж буду маўчаць.

Чорт. Прымаючьі пад увагу тваю нягегласць, дазваляю табе на час які фору. Але глядзі, каб ты зноў, як я загадаю табе маўчаць, маўчаў упарта, бо ў другі раз я ўжо табе не дарую. (Селянін кланяецца, Чорт адыходзіць.)

Сцэна 10-я

Селянін. Вот у якую я бяду ўлез! Хвароба тых блазнаў на маю галаву прынясла. Вох! Якія яны дуракі?! На драбіну хацелі ўлезці то аднымі нагамі, то аднымі рукамі, то вешаліся. Ліха ведаець, што яны рабілі. А я бачыў, што дужа прыгожа з гары нехта іх прасіў. Да як жа было маўчаць, хоць трэба было, бо я пайшоў у заклад. Але я тагды і забыўся, як мяне ў злосць увялі. Няхай жа – буду на другі раз астаражнейшым! З’ясі ты ліха, пане д’ябле, калі мяне болей ашукаеш! Каб ты цяпер і медзвядзёў на мяне спусціў, то ўжо буду маўчаць. Цяпер яшчэ схаджу дадому, пакуль тая пара не прыйдзець. Трэба абачыць, што там дзеецца: работку якую сабе загадаць, а ўзад потым сюды прыйсці. Гэтыя сто рублей мушуць такі мае быць, – коньчо. (Адыходзіць.)

Акт другі

Сцэна 1-я

Селянін. Што гэта ёсць такое? (Азіраецца.) Здаецца, што тое ж самае мейсца, а цяпер ужо адмянілася так борзда. Да чаго я дзіўлюся?! Шак гэтаму пану д’яблу нічога не трудна. Мусіў я трохі доўга забавіцца. Чы не быў ён ужо тут? Чы не біла ўжо гадзіна? Праўда, каб была ўжо пара, знайшоў бы ён мяне. Мусіцьбыць, што нет яшчэ тое пары. Пачакаю я тут троха, гдзе маю хадзіць; калі прыйдзець, так добра. Але ведаю, што прыйдзець, бо яму дужа душы мае хочэцца… Не, не! Хоць сабе і лбы, і галовы паўкручваюць, лезучы на драбіну, ужо я ім не пакажу, як лезці. Не! Другі раз мяне не ашукаюць. Я цяпер, як пара прыйдзець, вазьмуся за лупы, а дзяржаць моцна буду, хоць і хацець буду што гаварыць, то не буду магчы. Раз удалася штука, другі раз не – заўтра мяне падмануць. Дзяржыся, Дзямідзе… дзяржыся, нябожа! Ой, буду, буду. Не ўхопіць ужо цяпер. З’есць чорта! Ну што ж дзелаць? Ужо сталася. На другі раз буду астаражнейшым. Цяпер усе абачуць, як буду маўчаць. Вот гэтак, напрымер (бярэцца за губы і трымае іх). Хоць хацелася б што гаварыць, тагды б гэтак. (Зноў стрымлівае сябе.)

Сцэна 2-я

Жыд, Селянін

Жыд. Дзёмка! Сказы ты мне, як ты ад цорта адкаснуўсе?

Селянін. Ох, каб ты і з чортам разам прапаў, тагды б я смяяўся.

Жыд. Да ню, Дзёмка, сказы ты мне, чы выйграў ты?

Селянін. А табе што да таго, чы я выйграў, чы не?

Жыд. Я для таго пытаюся, калі ты выйграў, так ты мне за гарэлку заплаці.

Селянін. Не бойся. Чорт не возьмець – заплачу. Але абачым, чы возьмеш і чы захочаш мае заплаты.

Жыд. Чаму не! Аддай толькі.

Селянін. Чорт за мяне табе меў заплаціць.

Жыд. Я не хацу, каб мне цорт плаціў, ты сам мне заплаці.

Селянін. Да не будзь жа ты дураком! Ён зараз заплаціць.

Жыд. Не хацу я! Не хацу, каб ён плаціў, ты сам мне заплаці.

Селянін. Ужо я яго прасіў, і ён мне прыабяцаў табе заплаціць. А вот і ён з грошмі ідзець.

Жыд. Гдзе? Гдзе? (Трасецца.)

Селянін. Восе-ка, восе-ка. (Паказвае у той бок, адкуль выходзіць Чорт, і сам спалохаўся.)

Жыд (крычыць). Гвалту! Гвалту! (І ракам уцякае.)

Селянін. Арандар, арандар! Вазьмі грошы.