Kitabı oku: «Камедыя», sayfa 5
Сцэна 15-я
Селянін, Чорт
Селянін. А панічэньку дабрадзею, ужо ж цяпер не буду болей таго чыніць.
Чорт. Ты і першы раз тое самае гаварыў, аднак не вытрымаў.
Селянін. Цяпер, мой дабрадзею, датрымаю.
Чорт. Але як табе верыць, калі ты ўжо раз схлусіў і яшчэ ашукаць мяне хацеў.
Селянін. Ох! Я сам не ведаю, хто гэта мяне спакусіў.
Чорт. Ты сам сябе. Табе ж сам бог прыдаў інстынкты, а ты іх не паважаеш. Я нават сам перасцерагаў цябе, але ты не слухаў мяне. Цяпер табе ўжо не дарую. Ідзі за мной! (Бярэ Селяніна, а ён пачынае крычаць.)
Селянін. Ах, дабрадзею! Змілуйся! Даруй!
Чорт. Не дарую. Ужо гэта другі раз.
Селянін. Да галубенька ты мой! Да кукулачка ты мой! Зязюлечка ненаглядная! Да ты ж маё ні сёе ні тое! Да даруй жа гэтат разочак! (Становіцца на калені.) Даруй!
Чорт. Зноў, зважаючы на тваю нягегласць, дарую табе і другі раз. Але разам з тым і папярэджваю цябе, калі ты не вытрымаеш ужо ў трэці і апошні раз свайго маўчання, каб ты мяне не вінаваціў, бо кожны ведае, што ты сам вінаваты. Да таго ж, я цябе сам адводжу ад гэтага сваімі перасцярогамі і настаўленнямі, якія калі б бог дазволіў скіраваць на маё збаўленне і калі б я сам тады прыняў гэтыя настаўленні да сэрца, напэўна, не быў бы самай шчаслівай істотай.
Селянін. Добра, мой дабрадзею, добра.
Чорт. Адумайся зараз і глядзі, каб вытрымаў свой заклад. Я цябе папярэджваю, што ўжо ў трэці раз табе не дарую. Будзь уважлівым. Як толькі пачне біць гадзіна, каб ты зараз жа змоўк і на працягу ўсёй гадзіны моцна трымаўся, каб ані піснуў, бо ведай, што ў трэці раз я ўжо табе не дарую. Тут будзе табе і канец. Адумайся! (Сам адыходзіць.)
Сцэна 16-я
Селянін. Ах, як я нешчаслівы! Ублутаўся ў заклад, чы яго ліха на мяне нагадзіла! То хлопцы звялі, а цяпер панічы, а Чорт сам хіба ведаець, што гэтай гадзіны будзець. І сапраўды не ведаю, што я цяпер рабіць буду. Закладу адрачыся няможна, прасіць яго больш не патраплю. Вот як худа, так худа. Бяда, мая бяда! Чы мяне чорт у гэта ўплутаў? Ах, праўда, што чорт. Да я яго не знаў і нядужа тагды чорным быў. Хоць кажуць людзі, што чорт чорны, а вот ён не чорны быў. Чорт яго дзяры? Пайду толькі я ў хату, пакуль тая гадзіна ўдарыць. Нядужа мне там доўга можна бавіцца, аднак пайду, хоць кароценькі час. Ведаю, што незадоўга тая гадзіна ўдарыць, аднак хоць трошэчку з жонкай пацешуся, гаворачы.
Акт трэці
Сцэна 1-я
Селянін. Аж змарыўся, бегучы. Аддыхацца яшчэ не магу. А ліха знаець, можа, ужо і запазніўся… Сапраўды, здаецца, што ўжо спазніўся. Чы не быў ужо тут д’ябал? Да яшчэ, здаецца, што яшчэ рана. Не мусіў яшчэ ён прыходзіць, бо мне здаецца, што ён аба мне лепей мусіць помніць цяпер, бо і яму а рэч ідзець. А толька кажуць людзі, калі ўдаецца раз і другі, так трэцяга ўжо не спадзявацца. І ён казаў, трэці і астатні раз пазволіў мне маўчаць. Вот тут мне альбо прайграць прыйдзецца. Аднак прайграць не спадзяваюся, бо як два разы я прайграў, так і ўму набраўся. Не, не! Не выйграеш – трэці раз за мной, пане д’ябле! Ужо цяпер ані на хлопцаў, ані на панічоў уважаць не буду. Няхай яны сабе што хочуць, так робюць. Хоць бы сабе і на галаве хадзілі б, то я ані паўслоўца не скажу. А яны сабе хоць голавы няхай круцяць, я маўчаць буду, а ў духу смяяцца: ха-ха-ха… калі што смешнага рабіць будуць. А гаварыць, да душы ж, не буду ані слоўца, хоць бы што захацелася, так я і губу заткаю. І вочы завяжу, калі б толька нічога не гаварыць, ані абачыць. Але ж калі дацярплю – сто рублей маіх будзець!
Сцэна 2-я
Селянін, Жыд
Селянін. Ах, бяда, мая бяда! Не ў каго мне і парадзіцца: жане не хочацца сказаць, што я з д’яблам пазнаўся, а больш некаму і зверыцца. Вот калі ліха на мяне прыходзіць. Калі я прайграю, ніхто не будзець ведаць, гдзе падзенуся. І памінкі па мне ніхто не справіць. Пайду толька я да арандара, аднак ужо ён ведаець. Нап’юся гарэлкі, буду яго прасіць, каб ён пры мне быў. Да ён чорта баіцца, не захочыць. Падарую яму палавіну грошы, што выйграю, тагды, можа, намысліцца. (Кліча.) Арандар, арандар! Хадзі толька ты сюды.
Жыд. Ню, чаго ты ў чорта гамоніш?
Селянін. Да хадзі ж сюды, нешта табе скажу.
Жыд. Не, не ашукаіс болі! Досіць табе, раз удалося, што я за табой наха[дзіўся].
Селянін. Да хадзі сюды! Будзем грошы тыя дзяліць, што я ў д’ябла выйграў.
Жыд. Ці ўзё ты выйграў?
Селянін. А ўжо ж! Нашто я буду ілгаць?
Жыд. Сора, Сора! Падай мне бутэльку гарэлкі, пайду я пана Дзёмку пацястую.
Селянін. Да не баўся ж!
Жыд. Зараз, зараз.
Селянін. Ашукаецца ён.
Сцэна 3-я
Жыд, Селянін
Жыд (выходзіць з бутэлькаю). Кланям вашэці. На, Дзёмацку, гарэлку, напіся! А сказы, як табе ўдалося выйграць з д’яблам?
Селянін. Дзякуй за гарэлку. Мусіцьбыць, шабасоўка? Ну, пане рандару, чы ведаеш ты, што я мыслю?
Жыд. Пацым я магу ведаць.
Селянін. Я мыслю – колька табе даць грошы.
Жыд. Колька ты хоцісь?
Селянін. Я б табе і многа даў, каб ты мяне ўсягды слухаў.
Жыд. А колька дасі?
Селянін. Папалам бы с табой падзяліўся б.
Жыд. Ню і сто ты хочаш, каб я цябе слухаў?
Селянін. Калі толька я цябе зазаву, каб ты з гарэлкай прыйшоў.
Жыд. Добра, добра.
Селянін. Я табе цяпер не дам яшчэ грошы.
Жыд. Цаму?
Селянін. Ты мяне потым не будзеш слухаць.
Жыд. Ню?! Буду, буду! На табе рука!
Селянін. Яшчэ д’ябал мне не аддаў. Кажыць, што не абяцаў сто рублей.
Жыд. Я сам цуў, сто ён табе абяцаў толька.
Селянін. Змілуйся ж, пане арандару! За гадзіну прыйдзі тут, і д’ябал тагды тут будзець. Не бойся яго, ён маець троха сумлення.
Жыд. Баюся, баюся.
Селянін. Да душы ж, кажу табе, не бойся.
Жыд. Дзёмацка, не зводзь ты мяне!
Селянін. Ну, дурак, я ж табе кажу, што не бойся.
Жыд. Дзёмацка! Дай зэ ты мне руку на тым, сто д’ябал мяне не возмець, хоць я няхрэснік.
Селянін. На табе руку, што пры мне не возмець.
Жыд. Не бойся, цяпер прыйду. Толька – грошы.
Селянін. Будуць, будуць.
Жыд. Будзь здароў, Дзёмка!
Сцэна 4-я
Селянін і Чорт
Селянін. Здаецца, што тут ужо і баўлюся, аднак д’ябла дачакацца не магу. Мусіць, ён мысліць, як мяне ашукаць. Ашукаецца ён сам уперад. А мяне ўжо не ўварвуць болей. Вот і нет, і нет, ага, мо яшчэ гадзіна не тая, бо ён бы зараз прыбег. Ён і даўней усягды перад гадзінай прыходзіў. Мусіцьбыць, яшчэ далёка. Да глядзі, вялікая шкода, што даўжэй не заб[ав]іўся жонкай. Да, у страху вочы вялікі. Два разы ашукаўся, так на трэці раз і на зімнаю ваду дзьмухаць трэба. Гэта не жарты – з гэтакім панічом мець справу! Каб то ён пачцівы быў, так можна б было ад яго адпрасіцца. Да ён – веданы непрыяцель. У яго ад пушчэння не дастаць. Праўда, што мне два разы дараваў, а чаго ж мне за трэцім разам спадзявацца. Пэўна то, што ўжо не даруе, як ён сам казаў, што два разы ўдалося, а болей не спадзявацца.
Чорт. Добра, што ты тут знаходзішся, бо ў неўзабаве ўжо праб’е гадзіна. Памятай жа, у чым пакляўся!
Селянін. Помню.
Чорт. Знаеш, што з таго вынікае?
Селянін. Знаю і добра знаю.
Чорт. І што ж ты знаеш?
Селянін. Ах, знаю, знаю, што ты мне трэці раз не даруеш.
Чорт. Ты ўгадаў, што я не дарую. Раней прымаў пад увагу тваю цемнату і таму я дараваў табе два разы. Але ўжо ў трэці раз не думаю і не магу; да двух разоў удаецца фокус. Глядзі ж, каб потым ты не наракаў на мяне, як наракаў на Адама, калі табе не хацелася працаваць. Вось ты і пераканаўся, што сам горшы за яго, бо, маючы столькі перасцярог, не выканаў і малога абавязку.
Селянін. Знаю я тое сам усё. Але што ж я меў рабіць, калі раз блазны ў злосць увялі, другі раз – панічы. Хоць ужо вялікія, але зусім глупы. Як ім таго не знаць, што пераз цесныя дзверы, шырока ўбраўшыся, улезці інакш няможна, як толька бокам. А яны таго не пазналі. Дуракі зусім!
Чорт. А што было табе да таго? Ты ж павінен быў пільнавацца свайго абавязку.
Селянін. А што ж я меў рабіць, калі няможна.
Чорт. А навошта тады скардзішся на Адама, калі ты сам горшы? Самай найменшай рэчы выканаць не можаш. Падумай цяпер аб тым, я цябе перасцярагаю, бо ведай, што ў трэці раз я ўжо табе не дарую; хай у цябе не будзе нават самай малай надзеі. Просьбы твае будуць ужо дарэмнымі, а слёзы – марнымі. Я цябе папярэджваю – сцеражыся! (Селянін хоча схавацца.) Стой! Я кажу, каб захоўваў маўчанне, бо тут будзе табе канец. Сачы! Як ударыць гадзіна, каб замоўк.