Kitabı oku: «Душа твая светлая», sayfa 2
– Как твои личные дела? Не пора ли выписывать премию к свадьбе?
У него было чутье на чужое неблагополучие. И когда узнал кое-какие подробности, с удовольствием присвистнул.
– Так я и знал, – произнес он. – Такая девушка! Какой же ты балда.
– Да ведь ты никогда не видел ее! – возмутился Костя.
– А все равно балда. – Его глаза сияли.
Был явно рад такому событию. Когда кто-то из журналистов редакции предлагал недоработанную статью, тоже радовался: получал повод поучить уму-разуму. Впрочем, надо признать, журналист и редактор, а может и человек, он был неплохой.
– Может, хочешь съездить куда-нибудь в командировку? Хоть в Турцию! – улыбался своей шутке.
– Нет!
– Ну, как знаешь. Отдыхай пока.
На следующий день вся редакция знала, что у него произошло: редактор не мог не поделиться информацией. Все отводили глаза, но пристально смотрели в затылок, он чувствовал это виртуальное давление и головную боль. Хотелось принародно грубо обругать всех и сбежать домой. Во время обеденного перерыва Кульгавич подошел и предложил снова вместе сходить в кафе. «Нет!» – выкрикнул Костя. И тогда Кульгавич вдруг шагнул и обнял, а Костя грубо оттолкнул его. Невыносимо хороший человек.
Кое-как дотерпел до вечера. Домой, однако, не пошел: там наверняка ждет на лестничной площадке еще один хороший человек. Отправился по улицам, бессмысленно глазея по сторонам. Вдруг обнаруживал себя там, где никогда не был. Круто поворачивал к дому и опять оказывался на том же месте.
Ну и что дальше? Довлел именно этот вопрос.
О том, куда направляется, не думал, обнаруживал себя в разных концах города и вдруг увидел, что стоит перед домом Кати, смотрит на ее окно. Может быть, и она видит его. Сейчас покажется на улице и сложится пополам от смеха: «Как же я тебя разыграла! Будешь знать!» Завтра же приведет ее в редакцию: «Моя невеста!», затем в загс, нет, во Дворец бракосочетаний.
* * *
Заслуженный пенсионер из дома Кати, гуляющий с клюкой около дома, заметил, что некий молодой человек утром и вечером стоит у его дома и внимательно глядит на окна шестого, примерно, этажа. Именно на этом этаже жил данный пенсионер, наверняка в прошлом большой начальник.
– Что ты стоишь здесь? Что смотришь? – возмутился он. – Что выглядываешь? Раскроет рот и смотрит! Что тебе надо в этом доме? Каждый день тебя вижу!
– А ваше какое дело? – молодой человек тоже возмутился.
– Я тебе покажу какое! Ворюга! Домушник! Выглядывает! – трубил на всю улицу. – Вот я сейчас в милицию позвоню! А ну, предъяви документ! Покажи паспорт!
– Ты ненормальный?
– Ты мне не тыкай, молод еще тыкать! Я тебе потыкаю! Палкой по спине! – У заслуженного появился и нервно запрыгал в руке телефон. – Милиция? Дежурный? Тут какая-то подозрительная личность каждый день ходит… В окна смотрит!.. Да, да, это я! Что значит – понаблюдать? Нет уж, не лодырничайте, приезжайте, не то я вам… Я полковнику позвоню, я…
Молодой человек понял, что лучше всего удалиться с места действия.
– Чтоб я тебя здесь больше не видел! – кричал вслед заслуженный. – Поганец! Урка! Урод!
В общем, прогнал с позором.
Это был, конечно, Костя. И на следующее утро он выбрал на работу другой маршрут. Любовь его осталась там, в прошлом. Правда, его соседка, Лизавета Петровна, пожимает плечами. С чем-то она не согласна. Ну, она женщина особенная. Всегда плачет, когда речь заходит о мужской любви.
Расціслаў Бензярук
ПАЗБАЎЛЕННЕ АД АДЗІНОТЫ
Расціслаў Мацвеевіч Бензярук нарадзіўся ў 1944 годзе ў вёсцы Стрыганецкія Бусні Жабінкаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Бацька загінуў на вайне. Маці сама гадавала двух сыноў – Паўла і Расціслава. Пасля сярэдняй школы Расціслаў скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Па размеркаванні малады настаўнік, які ўжо быў захоплены творчасцю (пісаў вершы, апавяданні для дзяцей на рускай мове), патрапіў у Бастынскую сярэднюю школу Лунінецкага раёна.
У 1970 годзе ў піянерскай газеце «Зорька» было надрукавана апавяданне «Ленкин характер». З таго часу і пачалі з’яўляцца ў мясцовым і рэспубліканскім друку вершы і апавяданні Расціслава Бензярука. У 1973 годзе казка «Зайцаў кажушок» увайшла ў чытанку «Роднае слова» для 1 класа. З 1974 года літаратар працаваў у рэдакцыі жабінкаўскай раённай газеты «Сельская праўда». А першая кніга прозы «Вавёрчына дзякуй», адрасаваная дзецям, пабачыла свет у 1975 годзе. У 1986 годзе ў часопісе «Бярозка» была надрукавана аповесць «Цвёрды арэшак», у якой ішла размова пра дзіцячую злачыннасць. Таксама выйшлі кнігі «Зайцаў кажушок», «Добры звычай», «Аўтографы» і інш. У сааўтарстве з Вісарыёнам Крысько напісаў кнігу абразкоў, мініяцюр пра славутага дзіцячага пісьменніка Васіля Вітку – «Жыў на свеце дзед Васіль». Творы Расціслава Бензярука перакладаліся на славацкую, рускую, украінскую мовы.
Апавяданне «Клоўн Кузёмка» – пра сапраўднага клоўна, які вяртаецца жыць у родную вёску. У чалавека няма працы, няма сям’і, памерла маці, на пахаванне якой ён не паспеў прыехаць з далёкіх гастроляў. І ўвогуле ён 20 гадоў не быў у родных мясцінах… Але нечакана светлым і радасным, душэўным становіцца вяртанне чалавека да родных вытокаў, да той прасторы, у якой ён некалі, даўным-даўно, зрабіў першыя крокі ў жыцці. Ці можна назваць такі стан сапраўдным шчасцем?.. Чаго ўсё ж такі мы чакаем ад жыцця?.. Спроба адказаць на гэтыя пытанні – у невялікім апавяданні таленавітага празаіка, які ўсё сваё жыццё правёў у родным краі, паблізу ад вёскі, дзе нарадзіўся.
Клоўн Кузёмка
Жыццё зрабіла рэзкі паварот, і клоўн Кузёмка адчуў сябе адзінокім. Хаця гады, як сталі падбірацца да сямідзесяці, падказвалі Кузьме Казімірчыку, што такое можа і павінна некалі адбыцца, ён адкладваў тыя думкі на заўтра, а здарылася сёння: цырк, якому верна служыў і без малога паўвека пастаянна выходзіў на арэну, каб радаваць дзетак, паехаў без яго.
Роспач ад здрады запоўніла душу старога клоўна. Ён нават не наважыўся папрасіць, каб узялі расстаўляць рэквізіты. Паехаў. Што яму рабіць? Кузьма купіў таннага напою і заліваў гора віном. Выпіваў, засынаў, прачынаўся з думкай, што не ў віне праўда, і зноў піў. Аднойчы, ачнуўшыся ранкам, клоўн зразумеў, што не ў гэтым ягоны паратунак, так можна было дапіцца і да белай гарачкі. Хо-опіць!
Клоўн Кузёмка ў каторы раз стараўся вызначыць, што зможа ўратаваць яго. Недзе з падсвядомасці прыходзіла думка – ехаць у Верхалессе: малая радзіма і будзе яму збавеннем ад адзіноты. Кузёмкава памяць утрымлівала ўрывачак з верша некага з беларускіх паэтаў. Хоць аўтар і назва верша забыліся, але словы былі правільныя:
Малой радзіма не бывае,
Яна становіцца такой,
Як памяць сцежку забывае
У кут, дзе след застаўся твой.
Кузьма ведаў, што след у Верхалессі ён пакінуў невялікі. Быў Кузёмкай, таму, як выпала клоўну выбіраць сцэнічнае імя, назваўся так. Усім спадабалася, і Казімірчык з ім многія гады весяліў дзятву. На малой радзіме ён хоць і не быў гадоў дваццаць, але нехта са знаёмых усё ж жыве. Будзе лепей, чым у горадзе.
Кузьма спрабаваў завесці сям’ю. Ажаніўся. Але хіба гэта было жыццё, калі выпадала пакідаць маладую жонку на месяц-два? Аднойчы вярнуўся з гастроляў, а кватэра пустая. Другая збегла, не дачакаўшыся вяселля. Артыст зразумеў: хоць дзесяць разоў жаніся, а жыць будзеш адзін! І поўнасцю аддаўся рабоце.
* * *
Для паездкі ў Верхалессе Кузьма выбраў цёплы вераснёвы дзень. Аўтобус спыніўся на скрыжаванні, да вёскі заставалася з паўкіламетра. Кузьма закінуў за плечы рукзак, астатняе ўзяў у рукі і рушыў па прасёлачнай дарозе. Зусім блізка жанчыны капалі бульбу. Пакланіўся ім, паздароўкаўся. Адказалі ўразнабой. Мусіць, не ўсе пазналі, бо адна спытала:
– А хто гэта такі?
– Кузёмка Казімірчыкаў, – адказала суседка.
– Той, што артыст?
– Ён самы.
Жанчыны доўга праводзілі падарожнага позіркамі: чаго ж ён раптам заявіўся? Кузьме выпала чуць, што ў вёсцы яго недалюблівалі. Перш за ўсё за тое, што ён пайшоў на лёгкі хлеб, – так ацэньвалі вяскоўцы тых, хто не араў, не сеяў, а песенькі спяваў ці фокусы паказваў. Лічылася, што для розных забаў ёсць святы. А то яшчэ і грошы плацяць! Хіба ж гэта праца?!
Яшчэ горшая слава пра Кузьму пайшла па Верхалессі, калі той не прыехаў на пахаванне матулі. Заганарыўся, казалі, ад роднай маці адрокся! Ніхто ж не стаў разбірацца, чаму пляменнік не дазваніўся (мабільнай сувязі яшчэ не было) да дзядзькі.
Кузьма ў той час быў далёка. Вярнуўшыся з гастроляў, дастаў з паштовай скрынкі пляменнікава пісьмо, прымчаў, паклаў на матчыну магілу кветкі, забіў крыж-накрыж вокны ў хаце, каб хто сп’яну не разбіў шкло, павесіў на дзверы замок і вярнуўся ў горад, дзе яго чакаў цырк шапіто.
* * *
Кузьма якраз набліжаўся да матчынай хаты, калі яго гучна аклікнулі:
– Што, Кузьма Кузьміч, прыехаў паглядзець, ці дом цэлы?
Да яго праставаў мужчына з густой сівою шчацінаю на твары і апрануты па-вясковаму ў фуфайку. Ён усміхаўся ўсім шчарбатым ротам. Нешта вельмі знаёмае было ў яго абліччы, і Кузьма ўрэшце пазнаў аднакласніка:
– Няўжо Віцька Бушыла?..
– …Бушлат, – падказваючы школьную мянушку, пацвердзіў Віктар.
– Правільна, – паціскаючы яго руку, згадзіўся Кузьма. – Толькі я чуў, што ты атабарыўся ў горадзе, на заводзе працуеш?
– Было такое дзела! Да пенсіі адпрацаваў, а як жонка памерла, да дачкі Святланы перабраўся. Што аднаму ў горадзе рабіць?! А пра цябе ў Верхалессі многа гаманілі, што, маўляў, пайшоў на лёгкі хлеб…
– Хіба ён лёгкі?! – крыва ўсміхнуўся Кузьма. – Потам ён пахне, як любы хлеб. Толькі цікавы і як-раз быў па мне.
– Вось і я не верыў і Святланку ўгаварыў, каб свайго меншага сына Кузьмой назвала. Мы яго, як цябе калісьці, клічам Кузёмкам.
І праз хвіліну:
– Вось паказаў бы нам, што ты можаш, мо і гаварыць перасталі б?..
Кузьма пераступіў з нагі на нагу, абдумваючы Віцькаву прапанову.
– А ведаеш, Віктар, мне твая ідэя спадабалася, – нарэшце загаварыў ён. – Мо, і праўда, варта было даўно ўжо арганізаваць канцэрт для аднавяскоўцаў? Ды ўсё часу не ставала. А зараз вольны казак: мо-ожна!
– А што такое?
– Я, як і ты, на пенсію пайшоў.
– А хіба артысты ідуць на пенсію?
Кузьма не стаў расказваць, што ў яго адбылося.
– Усім адпачываць трэба!
– Так-так…
І школьныя сябры пайшлі ў клуб, каб дамовіцца аб канцэрце. У вузкім кабінеце, у якім умяшчаліся стол, некалькі крэслаў ды няхітрая апаратура, наведвальнікаў сустрэла маладая, вяснушчатая, у квяцістым плацейку і з кароткай стрыжкаю загадчыца.
Віктар, як толькі пераступіў парог, адразу пачаў гаворку:
– Ларыса Фёдараўна, гэта мой школьны таварыш. Можна сказаць, а так і было, за адной партай сядзелі. Ён артыст…
Пры апошніх словах загадчыца перавяла пагляд на Кузьму і перапытала:
– Артыст?
– Клоўн-фокуснік, – падхапіў Кузьма.
– Гэта цікава, – усміхнулася Ларыса. – А што ад мяне патрабуецца?
– Па-першае, памяшканне, – працягваў Віктар. – Па-другое, аб’ява аб тым, што ў нядзелю а дванаццатай гадзіне будзе выступаць клоўн Кузёмка.
– Хто-хто? – не зразумела загадчыца.
– Гэта маё артыстычнае імя, – адказаў клоўн і гожа пакланіўся, руку прыклаўшы да грудзей. – Мая вам пашана, мадам: Кузьма Кузьміч Казімірчык!
– А які кошт вашых білетаў, Кузьма Кузьміч?
– Прабачце, Ларыса Фёдараўна, але я сваім аднавяскоўцам паказваю фокусы бясплатна!
– Будзе аб’ява! – паабяцала Ларыса.
Віктар клікаў пераначаваць у яго, але Кузьма адмовіўся:
– Не, лепей будзе дома. У запечку мне заўсёды было цёпла, дый тое-сёе з пасцельных рэчаў я прыхапіў з сабою.
– Значыць, не на адзін дзень ехаў, – зазначыў Віктар.
– А што, толькі табе на старасці гадоў дамоў вяртацца, – сказаў, бы пацвяліў, Кузьма.
* * *
У нядзелю вясковы клуб быў бітком набіты: паглядзець фокусы прыйшлі і старыя, і малыя. Усе нецярпліва чакалі, калі на сцэне з’явіцца артыст. А ён ля люстра прыводзіў сябе ў парадак. Неўзабаве нос стаў ярка-чырвоным, лысаватую галаву ўпрыгожыў рыжы парык, а на ім «усеўся» берэт такога ж колеру, толькі святлейшы. Ногі схаваліся ў чаравіках з непамерна доўгімі насамі.
Кузьма яшчэ раз агледзеў сябе ў люстра і знайшоў, што пара ісці да публікі. Яго выхад сустрэлі такімі апладысментамі, што здавалася, дах рухне, і Кузьма болей чым гадзіну весяліў народ. Спачатку адну падкінуў талерку, пасля дзве, тры і, нарэшце, чатыры. І жангліраваў хвілін дзесяць-пятнаццаць.
Гледачы, затаіўшы дыханне, сачылі за артыстам, баючыся, што паб’е талеркі. Калі ж Кузьма сабраў усе ў руцэ і кланяўся публіцы, зала раптам выдыхнула напругу і дружна заапладзіравала. Праўда, праз воплескі прабіўся адзін бас:
– Талеркі кідаць – не поле араць!
Краем вока артыст вылавіў: гаварыў мажны мужчына з трэцяга рада. Як урэшце апладысменты сціхлі, Кузьма падышоў да краю сцэны і паклікаў рукою таго, хто гаварыў:
– Мілы таварыш, падыдзіце, калі ласка, да мяне!
Мужчына сканфузіўся, крыху пачырванеў і незадаволена падняўся з месца, засланіўшы шырокай спінаю двух чалавек, што сядзелі за ім:
– Хто? Я-а?..
– Ты-ты!
Яшчэ болей бянтэжачыся пад паглядамі соцень вачэй, мужчына падняўся на сцэну.
– Як цябе завуць, араты?
– Пятро Заяц.
– Заяц? – хмыкнуў Кузьма. – Вы больш да мядзведзя падобныя.
Пятро ўхмыльнуўся, магчыма, задаволены такім параўнаннем. Нібыта вярзіла-мядзведзь, падняўся ён над шчупленькім клоўнам, а той працягнуў яму дзве талеркі:
– Ну, пакажыце, Пятро Заяц, сваё майстэрства ў жангліраванні!
– Я-а? – усё больш здзіўляючыся, перапытаў Пятро. – Дык я іх разаб’ю!..
– Адкупіце, – спакойна адказаў клоўн. – Так мяне вучылі жангліраваць. І, ведаеце, дапамагло: хутка перастаў біць талеркі.
– Ну-ну, давай, Пеця! – падтрымлівала аднавяскоўца зала, але той рашуча заматаў галавою:
– Не, не буду!..
Кузьма за гэты час заўважыў, што ў Пятра з верхняй кішэні вытыркаецца ланцужок ад гадзінніка. Адразу зразумеў, як сыграць з суразмоўцам:
– А ў цябе, Пятро, аказваецца, і гадзіннік ёсць?
– Сябры падарылі, як на флоце служыў, – з гордасцю адказаў Пятро. – Нават наш крэйсер намалявалі.
– Пакажы!.. Цудоўны гадзіннік! А памяць якая засталася пра сяброў-маракоў! – з захапленнем разглядваў Пятроў падарунак клоўн. – Вось бачыш, колькі таленавітых людзей у свеце! Ты таксама, мусіць, добра працуеш на трактары?
– Перадавік! – гукнула Зоська Вакуліч – суседка Казімірчыкаў.
Артыст ужо быццам забыўся пра кішэнны гадзіннік і расказваў, як яго вучылі жангліраваць, колькі выпадае трэніравацца, перш чым выйсці на подыум, а потым, як бы мімаходзь, перапытаў Пятра:
– Значыць, ты не згодзен жангліраваць?
– Не-а…
– То ідзі на сваё месца!
Пятро зрабіў крок і павярнуўся да Кузьмы:
– А гадзіннік?
– Які гадзіннік?
– Той, што я табе даў.
– Я ж табе вярнуў!
– Не, не вярнуў.
– Не вярнуў, – падтрымала Пятра Зося, і той упэўнена дадаў:
– Вось у гэтую кішэню ты сабе паклаў!
– Калі так, дык вазьмі, – і, заўважыўшы Пятрову нерашучасць, падахвоціў: – Бяры, бяры, не саромейся!
Пятро абследаваў кішэню, але ягоны гадзіннік як скрозь зямлю праваліўся.
– А ты ў сваіх кішэнях пашукай! – прапанаваў Кузьма.
І якое было здзіўленне, калі ў правай ніжняй кішэні адшукаўся той самы гадзіннік з крэйсерам! І калі яго толькі Кузьма ўкінуў?!
Пасля артыст паказваў іншыя фокусы, здзіўляючы вяскоўцаў. Кузьма даўно пазнаў у першым радзе аднакласніка Віктара Бушылу. Сёння ён быў паголены і нават пры гальштуку. Побач сядзеў бялявы віхрасты падлетак, у нечым падобны да Віцькі ў маленстве. «Кузёмка!» – здагадаўся клоўн.
На адзін з фокусаў ён паклікаў хлопчыка на сцэну.
– Цябе мама Кузёмкам заве? – і хлопчык згодна матнуў галавою. – Дык сёння мы, два Кузёмкі, пакажам адзін фокус, калі ты мне паможаш. Скажы, ты любіш яблыкі? Чырванабокія, сакавітыя і салодкія?
– Ыгы.
– Не «ыгы», а «люблю». Вось табе яблык, ты ад яго адкусіш, але не з’ясі, а мне ўсё аддасі!
– А для чаго?
– Пасля ўбачым, што з ім будзе…
Кузёмка смачна ўкусіў, аж у першых радах пачулі, як рыпнуў яблык, і перадаў дзве часткі клоўну. Той шчыльна сціснуў кавалачкі яблыка, так што сок выступіў, і сказаў, каб пачулі ўсе:
– Добра, што сок пусціў! – і прадаўжаў круціць у руках яблык, прыгаворваючы: – Зрастайся, зрастайся, зрастайся!..
Колькі разоў ён паўтарыў гэтае слова, ніхто ў зале не лічыў, перш чым артыст усклікнуў:
– Ура, зросся! – і працягнуў Кузёмку яблык, вельмі падобны на той, які толькі што хлопчык трымаў у руках. – Зараз можаш з’есці!..
Калі ж закончылася прадстаўленне, гледачы яшчэ доўга не адпускалі клоўна. Кожнаму карцела быць да яго бліжэй, пакратаць адзежыну жывога артыста. Падышоў і Віктар, паціснуў руку:
– Малайчына! Пакуль ты фокусы паказваў, мужыкі знайшлі яблык і захацелі паўтарыць, ды ў іх нічога не атрымалася. Потым паківалі галовамі і рашылі: «Не, нашаму брату мужыку за нішто грошай не плацяць!»
– І ты, Кузёмка, не зразумеў, дзе разгадка фокуса? – запытаў Кузьма-старэйшы.
Хлопчык адмоўна захістаў галавою.
– Вось будзеш прыходзіць да мяне – навучу не толькі гэтаму фокусу.
– Значыць, застаешся ў Верхалессі? – узрадаваўся Віктар.
– Я тут дома! – усміхнуўся сябар у адказ.
Зіновій Прыгодзіч
КАХАННЯ СЛЕД
Зіновій Кірылавіч Прыгодзіч нарадзіўся ў 1944 годзе ў вёсцы Лышча Пінскага раёна. Скончыўшы школу, працаваў у лагішынскай раённай газеце «Калгасная праўда». Пасля заканчэння ў 1967 годзе вучобы на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта накіраваны ў рэспубліканскую партыйную газету «Звязда», дзе быў літсупрацоўнікам, загадваў аддзелам. Затым працаваў у ЦК КПБ інструктарам аддзела культуры, памочнікам сакратара. Завочна скончыў аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Ёсць у біяграфіі Зіновія Прыгодзіча і іншыя вышыні партыйнай і журналісцкай кар’еры. У тым ліку – пасада галоўнага рэдактара газеты «Советская Белоруссия». А зараз ён галоўны рэдактар папулярнага масавага часопіса «Гаспадыня». Дарэчы, нязменны на працягу болей як 20(!) гадоў.
З мастацкімі творамі Зіновій Прыгодзіч выступае ў друку з 1957 года, а першае апавяданне на рускай мове – «Деньги» – было надрукавана ў пінскай раённай газеце «Полесская правда» ў 1963 годзе. Піша нарысы, апавяданні, аповесці, літаратурна-крытычныя артыкулы. Яшчэ – і вершы. Аўтар многіх кніг прозы і публіцыстыкі. А? Можа, пералічыць некаторыя кнігі? У астатніх біяграфіях ёсць, а тут няма.
Апавяданні, якія ўвайшлі ў гэты зборнік, – пра каханне. Аўтар не мае на мэце ў нечым пераканаць чытача, не выступае ў сваіх творах вялікім філосафам. Часам можа падацца, што пісьменнік знарок накіроўвае ўсю ўвагу на сюжэт і не імкнецца нейкім чынам выбудаваць канфлікт, а пасля даць героям шанц выйсці з яго… Усё даволі проста. Ці выглядае так толькі вонкава? Мо чытачу варта глыбей паразважаць над гэтымі творамі, каб зразумець, якім сапраўды бывае каханне?..
Дзікая архідэя
1
Старшы навуковы супрацоўнік Батанічнага саду Васіль Дзядзюля прыйшоў пасля абеду ў аранжарэю, але не паспеў яшчэ нават распрануцца, як яго паклікалі да намесніка дырэктара па навуковай частцы. Васіль здзівіўся (не часта яго клікалі да начальства) і крыху збянтэжыўся: чаго гэта ён ім спатрэбіўся? Можа, нешта непрыемнае здарылася?
Але нічога асаблівага не здарылася. Намеснік дырэктара, як толькі Дзядзюля зайшоў, прадставіў яго маладой жанчыне, што сядзела за прыстаўным столікам.
– Знаёмцеся. Гэта – наш галоўны спецыяліст па архідэях Васіль Пятровіч. А гэта – карэспандэнт рэспубліканскай газеты Наталля…
Жанчына паднялася з-за століка, падала руку:
– Наталля Кот.
– Вельмі прыемна, – па інерцыі вырвалася ў Дзядзюлі, хаця ў душы ён адчуў хутчэй пачуццё прыкрасці, чым прыемнасці. Журналістаў ён не любіў. Адрываюць ад работы, даймаюць рознымі тупымі пытаннямі, а пасля ўсё пераблытаюць і напішуць такое, што часам бывае сорамна калегам глядзець у вочы.
– Ну і добра, – пацёр задаволена рукі намеснік дырэктара. – Васіль Пятровіч, пазнаёмце, калі ласка, карэспандэнта з работай нашай аранжарэі і раскажыце пра ўсё, што яе зацікавіць.
Пакуль ішлі да аранжарэі, Дзядзюля прыгледзеўся да жанчыны. Выгляд яна мела даволі экстравагантны. Падраныя на каленях джынсы, нейкая нехлямяжая наросхрыст кофтачка, праставатыя, у выглядзе вялікіх кольцаў завушніцы, кароткая, ускудлачаная прычоска. Быццам і не маладуха ўжо, а косіць пад дзяўчыну-падлетка. Ад гэтага прыкрасці на душы ў Дзядзюлі яшчэ прыбавілася. Што яна, гэта эпатажная краля, можа зразумець у такой тонкай, далікатнай справе, як селекцыя дзікіх архідэй.
* * *
Аднак Дзядзюля памыліўся.
Свой аповед ён пачаў здалёку. Аб тым, што дзікая архідэя – адна з самых старажытных раслін свету. Ёй, па меркаванні некаторых вучоных, ужо каля 65 мільёнаў гадоў. Зараз налічваецца каля 35 тысяч відаў гэтай экзатычнай і неверагодна прыгожай кветкі. Аднак колькасць відаў год ад году катастрафічна змяншаецца. З-за варварскіх, меркантыльных адносін чалавека. Спробы вырошчваць дзікую архідэю ў хатніх умовах звычайна канчаюцца няўдачай. Гэта надзвычай далікатная, дужа пяшчотная расліна, якая патрабуе асаблівага догляду і пастаяннага клопату. Тым не менш некаторыя гатункі архідэй вучоным удалося адаптаваць да еўрапейскіх кліматычных умоў. Шырока распаўсюджаны, у тым ліку і ў нас, у Беларусі, венерын чаравічак. Ёсць такая легенда…
– Даруйце велікадушна, – няёмячыся, перапыніла яго завучаны, спецыяльна напрацаваны для журналістаў аповед Наталля. – Усё вельмі цікава, але я пра гэта ўжо ведаю. Перад сустрэчаю з вамі я сёе-тое пачытала. А мне хацелася б, каб вы расказалі менавіта пра свае доследы, пра тое, чым, якімі асаблівасцямі вызначаецца ваша аранжарэя.
Цяпер ужо сумеўся Дзядзюля. Звычайна яго паэтычна-натхнёны, а па сутнасці банальны аповед выпадковыя журналісты ўспрымалі на ўра, а гэтая, ці бачыш ты, падрыхтавалася і настроена на сур’ёзную размову. Кашлянуўшы ў кулак і зрабіўшы невялічкую паўзу, Васіль Пятровіч перайшоў да канкрэтных спраў, да таго, чым ён шчыльна займаўся апошнія гады. І гэта аказалася цікавым не толькі для журналісткі, але і для яго самога. Бадай, упершыню ён уголас агучваў зробленае, падсумоўваў вынікі сваёй карпатлівай даследчыцкай працы.
Наталля з разуменнем слухала яго аповед, задавала пытанні, якія сведчылі, што яна не такі ўжо і дылетант, як яна сказала пра сябе на самым пачатку. Пад канец размовы Дзядзюля нават выказаў ёй камплімент:
– Вы парадавалі мяне дасведчанасцю. Адкуль гэта ў вас?
– Проста я люблю кветкі. У мяне дома іх шмат розных, у тым ліку і адна архідэя.
– І якая ж?
– Фаленопсіс.
– О, гэта адна з маіх любімых архідэй.
– Яе яшчэ называюць архідэя-матылёк. Калі яна зацвітае, ад яе нельга адарваць вачэй.
І толькі цяпер ён звярнуў увагу на твар жанчыны. У ім было нешта ад цыганскага, паўднёваазіяцкага аблічча. Асабліва заварожвалі вочы – цёмна-аксамітныя, глыбокія, дзікавата-цікаўныя. І голас… Дзядзюля са здзіўленнем адчуў, што гэты грудны, мяккі, здавалася, таксама нейкі аксамітны голас адгукаецца ў ягоных грудзях хвалюючым рэхам.
Развітваўся ён з Наталляй, не хаваючы сваёй сімпатыі:
– Вось, калі ласка, мая візітоўка. Калі ўзнікнуць якія пытанні – званіце.
Наталля ўзамен падала яму сваю візітоўку:
– Дзякуй за пазнавальнае інтэрв’ю. Думаю, што гэта будзе цікава і нашым чытачам.