Sadece LitRes`te okuyun

Kitap dosya olarak indirilemez ancak uygulamamız üzerinden veya online olarak web sitemizden okunabilir.

Kitabı oku: «Душа твая светлая», sayfa 4

Kollektif
Yazı tipi:

Ружовы туман

1

На танцы Максім Лагодзіч выбраўся позна, калі там ужо ўсё грымела і віравала. Зала была паўнюткая. Мужчыны (некаторыя на прыкметным падпітку) з пажадлівым бляскам у вачах пад аглушальную музыку выраблялі перад сваімі партнёршамі фрывольна-зухаватыя каленцы, а тыя, расчырванелыя, узрушаныя павышанай мужчынскай увагай, адчайна какетнічалі, а то і адкрыта фліртавалі.

Назіраць за ўсім гэтым было і смешна, і няёмка. Асабліва калі ведаць, што яшчэ днём, на працэдурах, большасць з гэтых зухаватых кавалераў вохкалі, цяжка ўздыхалі, трымаючыся хто за спіну, хто за жывот.

Максім спыніўся ля ўвахода, не спяшаючыся праходзіць у глыбіню залы. Вырашыў спачатку прыгледзецца да публікі, прыслухацца да музыкі і, калі нешта не спадабаецца, адразу сысці.

Санаторныя танцы ён не любіў. Сюды, як правіла, прыходзілі з адзінай мэтай: пазнаёміцца з незанятай яшчэ жанчынай і на пару тыдняў завесці амурныя адносіны. Максіму гэтага было не трэба. У другі раз ён прыязджае ў Жалезнаводск з сур’ёзным намерам падлячыць хворую печань і таму акуратна прымае ўсе прапісаныя доктарам працэдуры – ванны, электрафарэз, лячэбную гімнастыку, пасля якіх к вечару ўжо не да танцулек, а тым больш нейкіх амураў.

Ды не толькі фізічна, але і маральна Максім не быў схільны да танцаў. Назіраючы збоку за фрывольнымі паводзінамі некаторых парачак, ён думаў, што ўсё гэта фальшыва і пошла. Таму і не заводзіў ніякіх знаёмстваў, яму больш падабалася быць у адзіноце, пагуляць у парку альбо пачытаць кніжку.

Так было і на гэты раз. Яму пашанцавала набыць пуцёўку ў адзін з лепшых тутэйшых санаторыяў – «Горнае паветра». Прычым у аднамесны нумар. Значыць, ніхто табе не будзе дурыць галаву. Ты зможаш адпачываць, калі захочацца і як захочацца.

І ўсё ж недзе пад канец другога тыдня ён выпадкова пазнаёміўся са сваім суседам справа. Той зайшоў да Максіма папытацца, ці няма ў яго часам ваксы. Вакса ў Максіма знайшлася, і ён ахвотна пазычыў яе суседу. Слова за слова – разгаварыліся і на дзіва хутка зблізіліся. Абодва аказаліся выкладчыкамі: Максім выкладаў гісторыю ў адным з інстытутаў Мінска, а сусед, Іван Акімаў, – эканоміку ў Краснаярскім дзяржаўным універсітэце. Ім было аб чым пагаварыць па дарозе на «вадапой», як усе тут называлі бювет з мінеральнай вадой.

Іван, усмешлівы, прыветлівы мужчына сярэдніх гадоў, аказаўся надзвычай камунікабельным чалавекам. Нягледзячы на знешнюю самавітасць і, здавалася б, пэўную медзведзекаватасць, ён даволі хутка займеў ашаламляльны поспех сярод жанчын. На вуліцы з многімі вітаўся і шмат хто вітаўся з ім. А калі Іван ішоў па праходзе ў сталоўцы, дык некаторыя жанчыны паварочвалі галовы за ім, як сланечнікі за сонцам.

Пахадзіўшы пару дзён разам з Акімавым на «вадапой», Максім зразумеў сакрэт ягонага поспеху. Той прыцягваў увагу да сябе рознымі кампліментамі, на якія быў вялікі мастак.

Вось ідуць яны да бювета па сцежцы вакол гары Жалезнай. Наперадзе – жанчына. Немаладых ужо гадоў, але і не такая старая, каб не зацікавіць мужчын. Апранутая па апошняй (адразу бачна – маскоўскай) модзе: свабодны пінжак з шырокімі плячыма і фасоністыя штаны ў гарошак. Іван, як толькі яны наблізіліся да жанчыны, пачынае ўголас разважаць:

– Які цудоўны ўбор! Якое гарманічнае спалучэнне колераў. Як усё з густам падабрана…

Жанчына, вядома ж, усё гэта чуе, але яшчэ нейкі час ідзе горда і моўчкі. Нарэшце не вытрымлівае, паварочваецца і адорвае Івана ўдзячнай усмешкай. Яна шчаслівая: яе ўбор (які, як высвятляецца пазней, пашыты ў самога Зайцава) годна ацэнены. Пасля гэтага ўступіць у размову ўжо не складала аніякіх цяжкасцей.

Другую жанчыну Іван бярэ іншым. Пачынае хваліць постаць, шчыра, натхнёна:

– Бог мой, і дзе, у якім краі такія красуні водзяцца? Стан тонкі, стройны, гібкі. Хада лёгкая, прыгожая. Глядзіш – і ў самога вырастаюць крылы…

А калі ў жанчыны, як кажуць, няма за што зачапіцца, Іван на хаду прыдумвае іншы козыр:

– Ох і хутка ж вы ходзіце. Мы ледзьве дагналі вас. Напэўна, гімнастыкай займаецеся? Вы ўся такая спартыўная, імклівая.

Ну хто, скажыце, не адгукнецца на такія кампліменты? Прычым Іван не мае пры гэтым ніякіх меркантыльных мэт. Для яго гэта – проста хобі, своеасаблівы спартыўны інтарэс. І, дарэчы, ён ніколі не апускаецца да пошласці ды банальнасці. Свае кампліменты раздае абдумана, узважана, беспамылкова вызнаючы, што каму можна сказаць. Адной сімпатычнай, інтэлігентнага выгляду незнаёмцы, з якой яны загаварылі на «вадапоі», Іван нечакана пачаў чытаць верш:

 
А грудь ее была кругла, —
Казалось, ранняя зима
Своим дыханьем намела
Два эти маленьких холма.
 

Жанчына сумелася, прыкметна заірдзелася, але паглядзела на Івана ўважліва-зацікаўле-на. А ягоны твар у гэты момант выпраменьваў такую добразычлівасць, ззяў такой дабрынёй і шчырасцю, што жанчына толькі прыязна ўсміхнулася і, нічога не сказаўшы, адышлася ад нас. Але можна было не сумнявацца, што Івана яна запомніла.

2

І раптам Іван апошнімі днямі стаў некуды знікаць. Максім колькі разоў стукаўся ў дзверы ягонага пакоя, але ніхто не адказваў. А ўчора Максім убачыў яго ля бювета з маладой сімпатычнай незнаёмкай. Жанчына была невысокага росту, танклявая, апранутая ў цёмна-сінія джынсы і лёгкую кофтачку, на якой ляжала перакінутая цераз плячо раскошная ільняная каса. На выгляд жанчыне было гадоў трыццаць. Яны аб нечым так ажыўлена гаварылі, што Максім не стаў падыходзіць бліжэй, парушаць іхнюю ідылію.

А вечарам Іван сам зайшоў да Максіма.

– На танцы збіраешся? – ён ужо быў пад гальштукам, у поўнай баявой амуніцыі.

– А што я там не бачыў? – паціснуў плячыма Максім.

– Дарма. Сёння ў нас будзе граць папулярны ў горадзе вакальна-інструментальны ансамбль. Ён па чарзе абслугоўвае тутэйшыя санаторыі, і вось чарга дайшла і да нас.

Пра гэты ансамбль Максім чуў і ў мінулы раз, калі адпачываў у Жалезнаводску. Але тады яму ці не пашанцавала (чарга, відаць, не дайшла да іхняга санаторыя), ці то проста не меў неабходнай інфармацыі. Так што на танцы пад жывую музыку ён так і не трапіў. Ды, па праўдзе кажучы, ён не дужа гэтым і цікавіўся.

На гэты раз вырашыў усё ж паглядзець, што гэта за такі знакаміты ансамбль, на каторы аматары танцаў збягаюцца нават з суседніх санаторыяў. Аднак на пытанне Івана: «Ну дык што, пойдзеш?» – адказаў няпэўна:

– Пагляджу. Падумаю…

– Ну, думай, думай, – загадкава ўсміхнуўся Іван і, паправіўшы перад люстэркам гальштук, узяўся за ручку дзвярэй. – А я пайшоў.

Максім усё яшчэ стаяў ля ўвахода, са скептычнай усмешкай назіраючы за тым, што тварылася ў зале.

Нарэшце хуткі танец скончыўся. Запараныя танцоры разышліся па баках, і Максім убачыў музыкаў. Іх было чацвёра, маладых, модна апранутых хлопцаў – два гітарысты, клавішнік плюс ударнік. Вось і ўвесь ансамбль. Але гралі яны сапраўды зладжана, прафесійна.

Непадалёку ад музыкаў стаяў і Іван са сваёй новай знаёмай. На гэты раз яна была апранута ў прыгожую, крыху вышэй каленяў сукенку, а каса заплецена ў акуратны вяночак. Ад таго яна здалася Максіму яшчэ маладзейшай і мілейшай. Іван нешта ёй захоплена расказваў, але яна слухала няўважліва і рассеяна разглядвала публіку.

Максім падышоў да іх, павітаўся з незнаёмкай, і яму падалося, што яна адказала яму з непрыхаванай радасцю.

– Ну што, ансамбль не расчараваў вас? – першым загаварыў Максім.

– Нармальна, – адгукнулася незнаёмка. – Толькі людзей набілася шмат.

– Цесна і душна, – выціраючы насоўкай лоб, дадаў Іван.

Музыкі зайгралі белы вальс. І тут адбылося нечаканае: незнаёмка ступіла крок да Максіма і мілым паклонам галавы запрасіла на танец.

Яны першымі выйшлі ў круг і неяк адразу, нібы даўно танцавалі разам, лёгка, з прыемнасцю закружыліся ў рытме музыкі. Вальс, пры ўсёй сваёй папулярнасці і знешняй прастаце, мала хто ўмеў танцаваць прыгожа. Максіму гэта ўдавалася, асабліва калі партнёрша аказвалася спрытнай. Як вось гэтая незнаёмка. Яна імгненна падстроілася пад Максіма і, падпарадкоўваючыся кожнаму руху ягонай рукі на спіне, закружыла гарэзлівай пушынкай, пластычна і грацыёзна. Краем вока Максім бачыў, што імі любуюцца, і гэта надавала яму яшчэ большага імпэту.

Вальс скончыўся. Максім, крыху задыханы і ўзрушаны, з удзячнасцю пакланіўся партнёршы і пацалаваў руку.

– А ведаеце што? – сказала нечакана тая. – Давайце ўцячом адгэтуль.

– А як жа Іван?

– А ён вунь ужо сыпле кампліменты іншай.

Яны выйшлі ў парк, які прымыкаў да санаторыя. У слабаасветленых, маўклівых алеях было ўтульна і рамантычна.

– Як тут прыемна пасля душнай залы! – раскрыліўшы рукі, удыхнуў на поўныя грудзі Максім. – Толькі няёмка неяк атрымалася.

– Ай, – махнула рукою жанчына. – Надакучыў гэты Віні-Пух са сваімі кампліментамі. Дый танцаваць не ўмее, адтаптаў усе ногі.

– Тады давайце пазнаёмімся. Мяне завуць Максімам.

– А я ведаю, – усміхнулася яна. – Я вас прыкмеціла яшчэ тры дні таму. Думала, што Іван пазнаёміць нас. Але ён чамусьці не захацеў… А ў мяне імя даволі мудрагелістае – Ангеліна. Але ўсе завуць проста Лена.

Максім пры гэтым усміхнуўся.

– Нічога не бачу смешнага, – здзівілася і, здаецца, нават пакрыўдзілася Лена.

– Даруйце, калі ласка. Даруйце… Гэта я прыгадаў аднаго нашага вяскоўца. Ён, калі злаваўся на жонку, то называў яе Палашкаю, а калі быў у гуморы, то клікаў ласкава: «Мая ты Любачка». А звалі жонку Марыяй.

Лена засмяялася – па-дзіцячы залівіста, шчыра, звонка. Максіму спадабаўся яе смех. Як і тое, што яна тонка ўлавіла гумар. І ён натхніўся, стаў расказваць розныя санаторныя байкі. Яны прасмяяліся цэлы вечар і апомніліся толькі тады, калі ў парку пачалі гаснуць ліхтары.

– Ой! – спахапілася Лена. – Бяжым хутчэй у санаторый, а то замкнуць дзверы, і будзем кукаваць на дварэ…

Развітваліся ўжо як даўнія знаёмыя. І перайшлі нават на «ты».

– А можна я буду называць цябе Алёнай, па-беларуску?

– Алёна… – прамовіла яна задуменна, як бы спрабуючы слова на смак. – Хораша…

– А яшчэ лепш – Алёнка.

Ля дзвярэй свайго пакоя, яна прыстоіла і, здаецца, са шкадаваннем сказала:

– Ну, я пайду. Да заўтра!

– Дзякую за цудоўны вечар, – Максім цырымонна пакланіўся і памкнуўся было пацалаваць Алёне руку, але яна рашуча адняла яе, нейкую секунду павагаўшыся, узнялася на дыбачкі і пацалавала Максіма ў шчаку. І не паспеў ён, ашаломлены, апомніцца, як яна ўжо схавалася за дзвярыма, кінуўшы яшчэ раз такое кароткае, але такое чароўнае, хвалюючае «да заўтра».

3

А заўтра была нядзеля. Выхадны ад працэдур дзень. І Максім з самай раніцы зайшоў па Алёну, каб разам ісці на «вадапой».

– А я ўжо хацела цябе шукаць, – абрадавалася тая. – У мяне ёсць прапанова. Давай пасля сняданку з’ездзім у Кіславодск. Я хачу паказаць табе мой горад.

– Што значыць «мой»? – здзівіўся Максім.

– Дык я ж табе не паспела ўчора расказаць… Кіславодск сапраўды мой родны горад. Я там нарадзілася, вырасла і цяпер працую ўрачом у адным з санаторыяў. У мяне там і свая кватэра, якая засталася мне ў спадчыну ад бацькоў.

Максім прапанову з задавальненнем прыняў. І яны, паснедаўшы, паехалі. Электрычкай. Зручна і хутка. Недзе праз гадзіну ўжо былі ў Кіславодску.

Адкрыцці пачаліся адразу, як толькі выйшлі на перон. Максім быў моцна здзіўлены, убачыўшы, што рэйкі тут упіраліся ў тупік: чыгунка, прабегшы не адну тысячу кіламетраў, больш нікуды не вяла. Гэта было нязвычна і дзіўна.

– Пайшлі, пайшлі, – узяла Алёна Максіма за руку і павяла наперад. Але праз якую сотню метраў спыніліся зноў.

– Глянь сюды, – паказала яна на ўзгорак злева, на якім стаяў аднапавярховы дом мудрагелістай архітэктуры з арыгінальнай верандай і мноствам розных веж і вежачак. – Гэта дача Шаляпіна. Не адно лета знакаміты спявак прыязджаў у Кіславодск і жыў у гэтым доме. Цяпер тут музей. Але мы туды не пойдзем. Мне табе яшчэ многае трэба паказаць, а часу ў нас мала.

– Тады я цалкам у тваім распараджэнні, – не то жартам, не то ўсур’ёз сказаў Максім.

Алёна кінула на яго кароткі дапытлівы позірк:

– Глядзі, не пашкадуй…

І ўзяла пад руку.

Звычайна Максім не любіў хадзіць пад ручкі: гэта было нязручна, скоўвала рухі, ён збіваўся з нагі, вымушаны быў падстройвацца пад чужы тэмп хады. З Алёнай жа атрымалася ўсё адразу проста і натуральна, як бы яны ўсё жыццё хадзілі парай. Да таго ж, лёгкае цяпло, што ішло ад Алёнінай рукі, прыемна яго хвалявала.

Так, пад ручкі, яны мінулі Нарзанную галерэю, нетаропка, любуючыся кожным шыкоўным будынкам, прайшліся па галоўным гарадскім бульвары і праз высокую, паўкругам каланаду ўвайшлі ў Курортны парк. І толькі тут Алёна хацела далікатна вызваліць руку, але Максім не адпусціў яе, пяшчотна ўзяўшы яе цёплую далоньку ў сваю.

Нешта незвычайнае тварылася з Максімам. Ён адчуваў сябе захопленым, рамантычным юнаком, якому хацелася чытаць вершы, спяваць, гарэзліва, напрапалую заляцацца да гэтай мілай, сімпатычнай жанчыны, якая падабалася яму ўсё больш і больш. Падабаўся аксамітны тэмбр яе голасу, прыемны, залівісты смех, пах свежавымытага цела. Як у ружовым тумане, ішоў ён сцежкамі парку, трымаючы Алёну за руку, і замілавана, з трапяткім хваляваннем слухаў усё, што яна гаварыла.

– А гэта Даліна руж, – сказала Алёна, калі яны выйшлі на вялікую паляну, залітую морам яркіх, рознакаляровых кветак. – Тут можна было б крыху і пасядзець, падыхаць чароўным водарам, але, як бачыш, усе лаўкі занятыя. Ты, дарэчы, любіш ружы?

– Па праўдзе кажучы, не вельмі. Мне больш падабаюцца рамонкі, незабудкі.

– А я люблю. Але калі іх так многа, як тут, то яны як бы абясцэньваюцца. Часам адна ружа дае воку, душы значна больш, чым цэлы абярэмак.

– Гэта праўда, – з цеплынёй паглядзеў Максім на Алёну.

– Але пойдзем далей. Пакажу яшчэ адну нашу славутасць.

Яны спусціліся ў ніжні ярус парку. Вузенькая сцежка вывела іх да невялікага гарбатага мастка з прыступкамі.

– Гэта і ёсць ваша славутасць? – здзівіўся Максім.

– Славутасць, ды яшчэ якая! – падкрэсліла Алёна. – Гэта сёння ў гэтым месцы нешта нікога няма. А звычайна тут шмат людзей, асабліва моладзі, цалуюцца на мастку, робяць здымкі на памяць.

– І чым жа гэты масток знакаміты?

– Ага, заінтрыгавала цябе, – загадкава ўсміхнулася Алёна. – Тады слухай. Некалі, шмат гадоў таму, у Кіславодску адпачывалі толькі багатыя людзі. Іх спешчаныя жонкі шукалі рамантычных забаў. Асабліва іх вабіў грот кахання ў гэтым парку. Яго ты зараз бачыш вунь там, – паказала яна рукою на цёмны праём, які віднеўся ў засені недалёкіх дрэў. – Але дарогу туды перагароджвала рэчка Альхоўка. Цяпер яна абмялела, застаўся нешырокі ручай, які квола бруіцца па камянях. А тады яна была і шырэйшай, і глыбейшай. Дык сталічныя дамы нізашто не згаджаліся пераходзіць раку ўброд. А мужчыны ленаваліся пераносіць іх на руках. Гарадскія ўлады вымушаны былі пабудаваць гэты масток. І назвалі яго «Дамскі капрыз».

– Якая проза! – засмяяўся Максім. – Упэўнены, што тыя дамы зусім не гэтага хацелі.

– А чаго? – какетліва паглядзела на яго Алёна.

– А вось чаго! – у імгненне вока Максім падхапіў Алёну на рукі і перанёс на другі бераг. Перад уваходам у грот ён затрымаў яе на руках. На момант іх вусны аказаліся блізка-блізка і, здаецца, самі па сабе раптам злучыліся ў прагным, салодкім пацалунку.

– Ой, што мы робім… – пачала далікатна вызваляцца з абдымкаў Алёна і, стаўшы на ногі, даверліва прытулілася да Максімавага пляча. – У цябе так б’ецца сэрца…

– Я ледзь не страціў прытомнасць… – пераселым голасам шапнуў ёй на вуха Максім.

Яна раптам адхінулася і пырснула смехам:

– Вось было б весела, калі б мы абое пляснуліся ў рэчку…

Уявіўшы такое, засмяяўся і Максім.

На выхадзе з парку яны яшчэ затрымаліся ля вадаспада «Крышталёвы струмень». Максім быў нямала здзіўлены: звычайна вадаспады бываюць шумныя, пеністыя, а тут вада цякла ціха, паволі і была такой жывой, зіхатлівай, нібы і праўда расплаўлены крышталь.

Незвычайна выглядала і сажалка, якая прымыкала да вадаспада. Паверхня яе была ідэальна роўнай і такой спакойнай, што ў ёй, нібы ў люстэрку, адбівалася і неба, і белыя рухомыя аблокі, і прыбярэжныя дрэвы.

Алёна акуратна, па-жаночы зграбна прысела на кукішкі і апусціла далоньку ў ваду:

– Цёплая…

Павярнула галаву да Максіма:

– У цябе ёсць манетка?

– Павінна недзе быць, – паляпаў па кішэнях Максім і дастаў пятак.

– Кінь у сажалку.

– Навошта?

– Каб прыехаць сюды яшчэ раз. Табе што, Кіславодск не спадабаўся?

– Спадабаўся. А яшчэ больш – экскурсавод.

– Ах ты, хітрун! – яна дастала далоньку з вады і пырснула Максіму ў твар.

Той зрабіў выгляд, што страшна ўзлаваўся, схапіў Алёну ў абдымкі і знарок сурова прыгразіў:

– Вось я табе зараз пакажу!

– І што ты мне зробіш? – пацвельвалася Алёна.

Максім прыняў артыстычную позу і прадэкламаваў:

 
Зацелую допьяна,
Изомну, как цвет,
Хмельному от радости
Пересуду нет.
 

– Ой-ой, як страшна, – у яе вачах скакалі чорцікі, яна сарвала прыдарожную сцяблінку і паказытала ў Максіма за вухам.

Так, жартуючы ды сваволячы, яны выйшлі з парку. І толькі тут заўважылі, што сонца ўжо схавалася, а ўсё неба задратавана нізкімі цёмна-шэрымі хмарамі. Вось-вось павінен пайсці дождж.

– Ну і куды мы цяпер? – заклапочана паглядзеў на Алёну Максім.

Тая няпэўна паціснула плечуком:

– Далейшую экскурсію, відаць, прыйдзецца адмяніць. Бяжым у Нарзанную галерэю, перачакаем дождж. А там будзе бачна.

Аднак пакуль яны дабеглі да галерэі, дождж паспеў іх пераняць і добра-такі вымачыць.

– У мяне ёсць прапанова, – здзімаючы з носа дажджавыя кропелькі, сказала Алёна. – Самае разумнае цяпер – пайсці паабедаць.

– Дык жа ў такім выглядзе нас ні ў які рэстаран ці ў кавярню не пусцяць.

– А навошта кавярня? Тут амаль побач мая кватэра. Па дарозе заскочым у магазін, штонебудзь прыкупім, і я згатую абед. Ты калі-небудзь еў сіненькія, смажаныя па кітайскім рэцэпце?

– А што гэта такое?

– Эх ты, цемната… – засмяялася Алёна. – Гэта ж у нас так баклажаны называюць. Калі не спрабаваў – паспрабуеш. Заадно ацэніш мае кулінарныя здольнасці. Так што пайшлі!

– Чакай, а што скажа муж? – са здзіўленнем глядзеў на яе Максім.

– Муж аб’еўся груш, – спахмурнела Алёна. – Быў ды сплыў. Развяліся мы два гады таму…

– Прабач, калі ласка, – збянтэжыўся Максім. – А што здарылася?

– Банальная гісторыя… Не сышліся характарамі… Ён працаваў у нашым санаторыі культарганізатарам. Быў харошы, вясёлы хлопец. Але для сямейнага жыцця аказаўся зусім непрыстасаваны. Не мог нават цвіка забіць. Ну ды бог з цвіком – пачаў выпіваць. І чым далей, тым больш… А калі аднойчы не прыйшоў дадому начаваць, я сабрала яму чамадан і выставіла за дзверы. Праз нейкі час яго звольнілі і з работы. Дзе ён і што з ім цяпер – не ведаю.

– А дзеці? – асцярожна, каб не пакрыўдзіць, папытаў Максім.

– Не паспелі завесці. Але не будзем пра сумнае. Пайшлі.

У кватэры Алёна адразу загадала Максіму зняць мокрую адзежу і пайсці ў ванны пакой спаласнуцца.

– Вось табе халат, які я некалі купляла для мужа, але ён так ні разу яго і не надзеў. Ручнік каля ванны на вешалцы. Марш! А я пакуль згатую сіненькія.

Калі Максім выйшаў з ваннага пакоя, Алёна ўжо пераапранулася ў сухое і шчыравала ля пліты.

– Ой, як смачна пахне! – пацягнуў носам Максім. – Хачу хутчэй сіненькіх.

– Пачакай крыху. Я пайду таксама прыму душ.

Але паабедаць ім так і не ўдалося. З ваннага пакоя Алёна выйшла ў адным халаціку з незашпіленымі двума ніжнімі гузікамі. І калі ўзняла рукі, каб паправіць распушчаныя валасы, Максім краем вока згледзеў, што пад халацікам, які на імгненне расхінуўся, нічога няма. І яго ахапіла такая жарсць, такое шалёнае жаданне блізкасці, што ён не стрымаўся, схапіў Алёну ў свае абдымкі і пачаў горача, апантана цалаваць. Яна абвіла яго рукамі і, шэпчучы нешта бязладнае, пяшчотнае, абвяла ў ягоных абдымках.

4

Тая хмельная, бяссонная ноч праляцела як адно імгненне. Калі раніцаю сонейка зазірнула ў акно, Алёна глянула на гадзіннік і, смеючыся, пацягнула Максіма за вуха:

– Пара ўставаць. Табе ж сёння збірацца ў дарогу.

– Ох, як не хочацца нікуды ні ісці, ні ехаць. – соладка пацягнуўся Максім. – Мне так хораша з табою! А давай застанемся тут яшчэ на адну ноч?

– Я б таксама гэтага хацела… – шчасліва засмяялася Алёна. – Але нельга, харошы мой, нельга. Для санаторыя гэта будзе скандал, надзвычайнае здарэнне. Чалавек павінен быў выпісацца, а ён узяў ды прапаў, знік. Так што ўставай, хуценька перакусім – і на вакзал.

У Жалезнаводск яны на «вадапой» ужо, канешне, спазніліся, але на сняданак патрапілі. Так што ніхто нічога і не заўважыў.

Пасля Максім выстаяў немалую чаргу да доктара, каб выпісацца, атрымаць рэкамендацыі на далейшае лячэнне. Зайшоў да сястрычкі, падзякаваў ёй за клопат. І ў дванаццаць гадзін, сабраўшы чамадан, быў ужо цалкам гатовы да ад’езду. Засталося толькі заказаць таксі, каб ехаць у Мінеральныя Воды.

Амаль увесь гэты час побач была Алёна.

– Ты б ішла на працэдуры, – мякка ўшчуваў яе Максім. – Я ж не маленькі, не згублюся.

– Ты ў мяне не маленькі, – ласкава глядзела на яго Алёна. – Ты ў мяне дурненькі. Мне ж хочацца пабыць з табою як мага даўжэй. А напрацэдурыцца я паспею яшчэ – наперадзе два тыдні.

І ў Мінеральныя Воды яны паехалі разам. У таксі сядзелі цесна абняўшыся і амаль маўчалі. Да таго начнога настрою, што чароўным туманам ахутваў іх, цяпер, перад блізкім расстаннем, прыбаўляліся выразныя ноткі шчымлівай журбы.

На вакзале Максім высветліў, што да цягніка на Мінск яшчэ цэлая гадзіна.

– Пайшлі ў рэстаран, паабедаем, – прапанаваў ён Алёне.

Але тая пакруціла галавою:

– Не хочацца. Давай лепш дзе-небудзь спакойна пасядзім.

Узяўшы ў буфеце пару бутэрбродаў і пляшку кока-колы, яны прыселі ў зацішным кутку прывакзальнага скверыка. Алёна была маўклівай і журботнай. Каб як-небудзь яе падвесяліць, Максім хацеў пажартаваць, сказаць, каб яна больш не запрашала нікога на белы танец і не паддавалася на заляцанні мужчын, асабліва розных віні-пухаў. Але, зірнуўшы на самотны Алёнін твар, зразумеў, што гэта, бадай, прагучыць недарэчы і, можа, нават крыўдна. Таму ён наважыўся прачытаць ёй свой самадзейны верш, які паспеў скласці, пакуль ладаваў чамадан і быў у пакоі адзін. Верш, за няйменнем часу, атрымаўся без рыфмы, але шчыры, эмацыянальны, пачуццёвы. Толькі як ён будзе ўспрыняты?

– Ведаеш, Алёнка, – сказаў Максім, узяўшы яе руку, – у такія хвіліны хочацца так многа сказаць, што, баюся, галоўнага і не змагу вымавіць. Можна я лепш табе сёе-тое пачытаю?

Яна здзіўлена паглядзела на яго і моўчкі кіўнула галавою.

Максім дастаў з кішэні складзены напалам ліст паперы, рукамі, якія прыкметна дрыжэлі, разгарнуў яго і, ледзь стрымліваючы хваляванне, пачаў чытаць:

 
Сорок восемь часов.
Много это или мало?
Конечно, до обидного мало!
Ведь я не успел даже
Как следует насмотреться
В твои глаза-криницы,
Что искрились всегда
Такой нежностью и добротой;
Всласть надышаться
Хмелем твоих волос,
Который пьянил меня,
Как самое дорогое вино;
Наслушаться твоего голоса,
Так подобного на песню жаворонка
Над звонким весенним полем.
Ну а самое обидное,
Что я не успел сделать главное —
Сказать, как ты мне дорога!
Сорок восемь часов…
И все-таки это так много!
Два дня и две ночи
Ты была безраздельно моей.
И для нас одних
Неумолчно звучала
Чистая, чарующая музыка.
И легкие волны волшебного света,
Обнимая нас,
Поднимали в небесные выси.
И я отчетливо ощущал,
Как счастье
Касалось меня своим дыханием,
Рождая в душе
Умиротворение и блаженство.
Сорок восемь часов!
Страшно подумать,
Что их ведь могло и не быть.
 

Ад хвалявання ў Максіма ажно перасохла ў горле. Гэты яго начуццёва-настальгічны настрой перадаўся і Алёне.

– Дзякуй, – узрушана сказала яна і даверліва прытулілася шчакой да Максімавага пляча. – А ты мне аддасі гэта на памяць?

– Канешне.

– Я буду яго перачытваць, калі мне зробіцца адзінока і самотна. Перачытваць і ўспамінаць цябе, нашыя сорак восем гадзін.

Яна ўзняла галаву і вачыма, поўнымі неверагоднай пяшчоты і затоенага болю, паглядзела на Максіма:

– І чаму на свеце такая несправядлівасць? Усё жыццё шукаеш, чакаеш сваю палавінку, і вось, калі нарэшце гэтая палавінка, здаецца, знойдзена, аказваецца, што яна не твая, і лёсам табе адведзена ўсяго нейкіх сорак восем гадзін.

Алёна памаўчала і ўжо весялейшым голасам дадала:

– А ведаеш што? Мы ж нездарма кінулі ў сажалку ля мастка закаханых манетку. Наступным летам я чакаю цябе ў Кіславодску. Запішы мой адрас і тэлефон.

У гэтую хвіліну з вакзальнага дынаміка прагучала аб’ява аб тым, што да прыбыцця мінскага цягніка засталося дзесяць хвілін.

Максім і Алёна заспяшаліся на перон. Па дарозе Максім яшчэ, згледзеўшы кіёск з надпісам «Кветкі», заскочыў туды і выйшаў з даўжэзнай белай ружай.

– Гэта табе.

– Божа мой, якое хараство! – уткнулася носам у ружу Алёна. – Мой любімы колер.

Яна яшчэ нешта дадала, але ён не пачуў, бо з пыхканнем, з вуркатаннем матора падышоў цягнік і ўсё вакол прыйшло ў мітуслівы, хаатычны рух.

Перш чым зайсці ў вагон, Максім абняў Алёну і пацалаваў яе ў вусны доўгім пяшчотным пацалункам:

– Дзякую табе, мая незабудка, за ўсё.

У Алёны на вачах заблішчэлі слёзы. І яна ціха, пакутліва выдыхнула:

– Я буду цябе чакаць.

Цягнік паволі крануўся. Алёна, пакуль не скончыўся перон, ішла ўслед за вагонам, махала рукою, і было бачна, што яна плакала. А Максім яшчэ доўга стаяў, уткнуўшыся лбом у аконнае шкло, і адчуваў, як гулка, балюча калоціцца ў грудзях сэрца. Цяжка было вызначыць, што рабілася зараз у ягонай душы: светлая, трапяткая радасць, шчымлівая журба, бязмежная, невымоўная пяшчота… Ад усяго гэтага хацелася плакаць.

Ледзь стрымліваючы слёзы, Максім вярнуўся ў купэ. Суседзі, здаецца, нешта казалі яму, але ён нічога гэтага не чуў. Моўчкі залез на сваю верхнюю лаўку і, павярнуўшыся тварам да сцяны, аддаўся салодкім успамінам… Вось ён нясе Алёну на руках да «Грота кахання»… Першы пацалунак… А вось яны, мокрыя ад дажджу, стаяць у Нарзаннай галерэі і шчасліва смяюцца. Вось Алёна выходзіць з ваннага пакоя – уся такая свежая, прыгожая, спакусна-прывабная… І развітальныя слёзы.

Што гэта было? Банальнае, распусна-грэшнае захапленне, што нярэдка здараецца падчас курортнага адпычынку, ці сапраўднае, шчырае пачуццё, якое знянацку, так нечакана і так неадольна-ўладарна абрынулася на іх, захапіла, да краёў перапоўніла абаіх трапяткой радасцю, бязмежнай, хвалююча-хмельнай асалодаю? У гэтых летуценных мроях-успамінах, пад лёгкае калыханне вагона, ён незаўважна і заснуў.

Раніцаю Максім прачнуўся ад таго, што цягнік стаяў на нейкай станцыі, а прывакзальны дынамік металічным голасам нешта гучна, неразборліва бубніў. Ён улавіў толькі адно слова: «Гомель…» Ага, значыць, яны ўжо на тэрыторыі Беларусі. Хутка і Мінск. Жыва ўявілася, як на вакзале яго сустрэне, свецячыся ўсмешкай, жонка Наташа. І, напэўна, не адна, а з пяцігадовай пястухай-дачушкай. Тая радасна кінецца яму насустрач, абхопіць за шыю сваімі ласкавымі ручанятамі і нешта радасна зашчабеча.

Ціхая, лагодная ўсмешка кранула Максімавы вусны. І ў гэтыя хвіліны ён са здзіўленнем адчуў, што таго чароўнага, настальгічнага настрою, які, нібы туман, ахутваў яго апошнія дні, ужо няма. Ён некуды знік, амаль бясследна растаў. А ўсё, што было ў тыя дні, цяпер здавалася яму нейкім мімалётным сном, нерэальна-прыгожым і далёкімдалёкім.

Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.

₺272,17
Yaş sınırı:
16+
Litres'teki yayın tarihi:
23 mayıs 2024
Yazıldığı tarih:
2023
Hacim:
278 s. 14 illüstrasyon
ISBN:
978-985-19-7292-6
Telif hakkı:
Аверсэв
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 5, 1 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 5, 1 oylamaya göre
Metin
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre