Sadece LitRes`te okuyun

Kitap dosya olarak indirilemez ancak uygulamamız üzerinden veya online olarak web sitemizden okunabilir.

Kitabı oku: «Душа твая светлая», sayfa 3

Kollektif
Yazı tipi:

2

Праз тыдзень Наталля пазваніла.

– Васіль Пятровіч, я падрыхтавала матэрыял, хачу, каб вы яго пачыталі. А раптам пракралася якая недакладнасць.

– Зраблю гэта з задавальненнем. Прыходзьце… Наталля…

Вымавіў гэтае імя і адчуў, як нешта цёплае, хвалюючае разлілося ў грудзях. Дзіўна: пасля балючага, складанага разводу, калі жонка абвінаваціла яго ва ўсіх смяротных грахах, а найперш у тым, што ён, няўдачнік, не змог забяспечыць ёй прыстойнае жыццё, і выставіла яго з кватэры з адным чамаданам, ён даў сабе слова больш ніколі не звязвацца з жанчынамі. Ад іх у яго адны непрыемнасці. Ён, відаць, і сапраўды няўдачнік. Пасада навуковага супрацоўніка ніколі не была грашовай. Але ён любіць сваю справу і гатовы прападаць у аранжарэі з ранку да вечара.

Амаль тры гады ён мужна трымаўся заведзенага правіла – пазбягаў усялякага знаёмства з жанчынамі. Што ж здарылася цяпер? Чаму званок малазнаёмай журналісткі так усхваляваў яго? Каханне з першага погляду? Смешна пра гэта нават думаць. Але ж нешта ўсхвалявала. Напэўна ж, не толькі голас? Не толькі вочы… Чаму ўвесь гэты тыдзень ён не-не дый лавіў сябе на думцы, што прыгадвае Наталлю, хоча яе бачыць. Аднойчы нават сабраўся патэлефанаваць. Але спыніў сябе іранічна-здзеклівым: а ці патрэбен ты ёй, такой модніцы?

Наталлю ён сустрэў на прахадной. Яе знешні выгляд прыязна ўразіў Дзядзюлю. Жанчына была ў кароценькай спадніцы, якая адкрывала стройныя, па-дзявочы прыгожыя ногі. Белая прыталеная кашуля хораша падкрэслівала высокія, прывабныя грудзі. На хвілінку ён залюбаваўся Наталляй.

– Добры дзень! – нарэшце адгукнуўся Дзядзюля і, каб схаваць сваё нечаканае хваляванне, прапанаваў: – Давайце пройдзем да сажалкі, знойдзем там вольную лаўку, сядзем і пачытаем. Вы не спяшаецеся?

– У прынцыпе, не. Хаця праз гадзіну мне трэба быць у рэдакцыі.

Чытанне інтэрв’ю многа часу не заняло. Ніякіх правак, заўваг Дзядзюлю рабіць не давялося. Наадварот, ён пахваліў Наталлю, што ўсё яна напісала правільна і таленавіта.

– Адчуваецца, што вы пішаце не толькі для газеты. Прызнайцеся: вершамі балуецеся?

Наталля засмяялася:

– Па-першае, вершамі нельга балавацца, імі трэба займацца сур’ёзна. Гэта вялікі Боскі дар. Па-другое, я такога дару пазбаўлена і ніколі – ні ў юнацтве, ні пазней – вершаў не пісала.

– А што пісалі? Пішаце?

Наталля прыкметна збянтэжылася, ажно запунсавелі шчокі:

– Так, глупства рознае.

– І ў чым гэтае глупства заключаецца?

– Вам цікава?

– Вельмі.

Яна паглядзела на яго засяроджана-ўважліва і, павагаўшыся, адказала:

– Лірычныя мініяцюры, эсэ.

– А што такое эсэ?

– Гэта свабодны літаратурны жанр, які дазваляе аўтару не прытрымлівацца строгага сюжэта, вольна выказваць свае думкі, мысліць асацыятыўна.

– А вы дасце мне што-небудзь сваё пачытаць?

– Васіль Пятровіч, навошта гэта вам?

– Вы, можа, здзівіцеся, але ў школьныя гады я сур’ёзна марыў стаць пісьменнікам. Пісаў так званыя вершы, апавяданні і рассылаў іх па розных рэдакцыях. Іх не друкавалі, але я ўпарта пасылаў новыя. Пакуль адзін аўтарытэтны літкансультант з Саюза пісьменнікаў не прыслаў мне вялікае, па-бацькоўску заклапочанае пісьмо і сказаў шчыра і прама, што літаратура – гэта не мая справа. Варта заняцца чым-небудзь канкрэтным. Я падумаў, падумаў і пасля школы паступіў на біяфак універсітэта, вырашыўшы, што прырода і паэзія – у нечым вельмі блізкія сферы. І не памыліўся. Я люблю тое, чым сёння займаюся…

Наталля зноў паглядзела на яго пільна-ўважліва і як бы трохі са здзіўленнем. Сказала ціха, задуменна:

– Гэта шчасце, калі ёсць работа, якую любіш. А яшчэ… вялікае шчасце, калі цябе хто-небудзь кахае.

Шчокі Наталлі зноў запунсавелі. Яна ўзяла з рук Дзядзюлі свой рукапіс і парывіста паднялася з лаўкі:

– Прабачце. Мне трэба ісці.

– Наталля, і ўсё-такі я вельмі хацеў бы пачытаць што-небудзь вашае. Я магу вам пазваніць?

– Не ведаю. Будзе бачна.

І заспяшалася ў бок прахадной. Толькі цяпер Дзядзюля заўважыў, якая ў яе лёгкая, спружыністая паходка. Паходка балерыны.

3

Яны сустрэліся недзе тыдні праз два. Для гэтага выпала зручная нагода: у газеце нарэшце надрукавалі інтэрв’ю.

Дзядзюля пазваніў Наталлі, павіншаваў з публікацыяй, сказаў, што газету прачытала кіраўніцтва саду і яго на планёрцы пахвалілі.

– Наташа, – нечакана сказаў ён і асекся, упершыню назваўшы яе гэтак, неафіцыйна. Але адчуў, што новае імя яму спадабалася, яно больш цёплае, блізкае. – Наташа. А што вы робіце сёння вечарам?

Яна памаўчала і адказала, як яму падалося, з нейкім прыхаваным сумам:

– Сёння ў мяне заняткі ў спартыўнай секцыі.

– А заўтра?

– Заўтра – танцы.

– Калі ж у вас вольны вечар?

– Толькі ў сераду.

– Тады я пачакаю да серады. Толькі вы, калі ласка, нічым яе не займайце. Мне вельмі трэба з вамі пагаварыць. Дамовіліся?

– Будзе бачна.

Дзядзюля абрадаваўся: ужо ў тым, што яна не адмовіла яму ў спатканні, быў добры знак. Знак чаго? Ён задаваў гэтае пытанне самому сабе і знаходзіў адзіны адказ: у іхніх адносінах можа нешта атрымацца.

Вечарам у сераду яны сапраўды сустрэліся. Усе гэтыя дні нецярплівага чакання ён са здзіўленнем лавіў сябе на тым, што думае пра яе, што яму хочацца бачыць яе, чуць яе прыемны голас, які выклікае ў душы даўно забытае хваляванне.

Дзядзюля запрасіў Наталлю ў сваю любімую, як ён жартам назваў, імянную кавярню «Васількі». Гэта было зручна: блізка і ад Дома прэсы, і ад яго работы. Да таго ж кавярня прываблівала цікавымі нацыянальнымі стравамі і была ад самага адкрыцця вельмі папулярнай у горадзе.

Заказалі дранікі і журавінавы сок. Ад большага, у тым ліку і ад віна, Наталля адмовілася.

Яму было прыемна, што Наталля прыйшла на сустрэчу сціпла, але з густам апранутая, акуратна намакіяжаная. Дзядзюля не раз пераконваўся, як мала жанчын, што валодаюць гэтым тонкім майстэрствам: альбо не дамажуцца, альбо, наадварот, нафарбуюцца так, што і саміх вачэй не відаць.

– Слухаю вас, Васіль Пятровіч, – з лёгкай усмешкай прамовіла Наталля, калі яны нарэшце ўладзілі з заказам.

– Па праўдзе кажучы, гэта я вас хачу паслухаць, – чамусьці збянтэжыўся Дзядзюля. – Памятаеце, у мінулы раз я казаў вам, што ў школе спрабаваў нешта крэмзаць. Нічога з гэтага ў мяне не атрымалася, але цікавасць да літаратуры засталася. На жаль, вучоба ў аспірантуры, цяпер вось напісанне дысертацыі не дазваляюць мне сачыць за літаратурнымі навінкамі. Вы да гэтага бліжэй. Чым цяпер народ захапляецца?

Наташа ўсміхнулася:

– Не ведаю, як народ, а я люблю сучасныя замежныя раманы. Напрыклад, Міларада Павіча. Чыталі такога?

– Да свайго сораму, не толькі не чытаў, але нават і не чуў.

– Ну вось… А гэта ж адзін з самых яркіх прадстаўнікоў сучаснага еўрапейскага постмадэрнізму.

Дзядзюля адчуў, што чырванее, але не мог не запытацца:

– Даруйце, Наташа, а чым адрозніваецца гэты мадэрнізм ад старога, добрага, стагоддзямі выпрабаванага рэалізму?

– О, гэта няпроста. Я ж не крытык. Магу толькі сказаць, што ў гэтых раманах падабаецца асабіста мне.

І Наталля спачатку як бы неахвотна, а пасля ўсё больш захоплена, усё з большым натхненнем стала апавядаць аб нядаўна прачытаных раманах, аб іх асаблівасцях, аб тым, што яны зачароўваюць сваёй нетрадыцыйнасцю, сваёй містычнасцю, неверагоднай напружанасцю і драматызмам сюжэта, свежасцю думак, стылю, мовы.

Калі б у гэты момант хто-небудзь чуў іхнюю размову, то, напэўна, нямала здзівіўся б. Бо гаварылі яны зусім не пра тое, аб чым павінны гаварыць мужчына з жанчынай, а тлумілі адно аднаму галаву бог ведае чым. Але для Дзядзюлі гэта была зусім не марока. Ён слухаў Наталлю з такой асалодай і зачараваннем, як не слухаў нікога ўжо апошнія гады. Ім абодвум было цікава. І ў гэтым Дзядзюля таксама ўбачыў пэўны знак.

Развітваліся яны ўжо больш блізкімі, як бы даўно знаёмымі людзьмі.

Дзядзюля правёў Наталлю на аўтобусны прыпынак і толькі тут схамянуўся:

– Ой, ледзь не забыўся. Вы ж абяцалі мне прынесці свае публікацыі.

Яна ледзь прыкметна ўсміхнулася:

– А я падумала, што вам гэта ўжо не цікава.

– Цікава, яшчэ як цікава! – ён беражліва ўзяў часопіс «Полымя», які дастала са сваёй сумкі Наталля, і прыклаў да грудзей. – Буду чытаць і ўспамінаць сённяшні цудоўны вечар.

4

Набліжаўся час абароны кандыдацкай дысертацыі. Судны дзень быў прызначаны на канец чэрвеня. Наперадзе мелася яшчэ амаль два месяцы. Два месяцы трывог, бясконцых клопатаў і мітрэнг. Трэба было пасля заўваг на папярэдняй абароне давесці дысертацыю да ладу, напісаць рэферат, надрукаваць і разаслаць яго па спісе. Дамовіцца з апанентамі. Заказаць залу для банкету…

Але ўсе гэтыя дні, калі Дзядзюля як ачмурэлы насіўся па горадзе, ён не забываў два разы на дзень – раніцай і пад вечар – званіць Наташы. А кожную сераду выкройваў гадзінку-другую, каб пасля работы сустрэцца з ёю, пагуляць у парку Чалюскінцаў альбо пасядзець у кавярні «Васількі».

Дзіўна, але гэтая жанчына, якую яшчэ зусім нядаўна ён і ведаць не ведаў, станавілася для яго ўсё больш блізкай, усё больш жаданай. Яму прыемна было думаць пра яе, яшчэ больш прыемна бачыць, слухаць захопленыя аповеды пра новыя кнігі. Ён ужо ведаў не толькі пра Павіча, але і пра Януша Вішнеўскага, Сціга Ларсана, Стывена Кінга… Некалькі кніг Павіча ён паспеў прачытаць. Не сказаць, каб быў паланёны яго раманамі, але чытаў з цікавасцю, сёе-тое выпісаў. У прыватнасці, пра пацалункі, якія бываюць больш красамоўныя за любыя словы.

Да пацалункаў, праўда, справа ў іх пакуль не дайшла. У яго было некалькі спроб, але як толькі ён вуснамі набліжаўся да яе вуснаў – жанчына сваёй далонькай закрывала яму рот і далікатна выслізгвала з абдымкаў.

Ён пасля гэтага хмурыўся, хацеў паказаць, што крыўдуе, ды яна так гарэзліва, так прыязна смяялася, што мужчына таксама пачынаў усміхацца і крыўда імгненна раставала.

Яны даўно перайшлі на «ты». І нават ласкавыя імёны сабе прыдумалі. Яна называла яго Васільком, а ён яе на замежны лад – Наталі. Ужо многае ведалі адно пра аднаго. Праўда, больш даводзілася расказваць пра сябе Дзядзюлю. Асабліва ўнікліва Наташа распытвала пра яго былую жонку, чаму развяліся і чаму да гэтага часу ён ходзіць у халасцяках.

– А таму, што той, хто апёкся на малацэ, будзе дзьмуць і на ваду, – тлумачыў ён сваё адзіноцтва. А жартам дабаўляў: – Дык у мяне ж замест жонкі дысертацыя.

А вось Наташа пра сябе не спяшалася расказваць. На ўсе яго просьбы адказвала няпэўна-загадкава:

– Усяму свой час.

Нарэшце надышоў дзень абароны. Яго даследаванне хвалілі, гаварылі, што ён змог сказаць новае слова ў адаптацыі дзікіх архідэй ва ўмовах Беларусі. Вынікі тайнага галасавання таксама парадавалі: васямнаццаць «за» і толькі два галасы «супраць».

Наташа, якая прысутнічала на абароне, павіншавала яго, але застацца на банкет не захацела:

– Ну што я буду сярод вас як белая варона.

– Тады мы з табой адзначым гэту падзею асобна.

– Будзе бачна.

5

Запрашаць каханую жанчыну ў рэстаран Дзядзюлю падалося вельмі ж банальным. Хацелася нечага незвычайнага, рамантычнага. Прыгадалася, як у гады студэнцтва яны невялічкай кампаніяй у выхадны дзень выязджалі за горад, дабіраліся да глухога ляснога возера, лавілі там рыбу, варылі юшку, спявалі пад гітару хуліганскія песні.

Праўда, даўно ўжо няма ні рыбацкіх прылад, ні начыння для юшкі. Але застаўся заплечнік з палаткай ды яшчэ надзея на тое, што возера па-ранейшаму на сваім месцы. Невядома было толькі, як аднясецца да такой прапановы Наташа. Але тая, як толькі пачула пра вылазку за горад, ажно запляскала ў далоні:

– Выдатна! Цудоўна!..

Але тут жа спахмурнела:

– А хіба мы ўправімся пасля работы?

– Не ўправімся. Трэба па меншай меры цэлы дзень.

Аднак адпрошвацца ў начальства не хацелася ні яму, ні ёй. Заставалася субота альбо нядзеля.

– А што я скажу мужу? – заклапочана паглядзела на яго Наташа. І тут жа махнула рукой: – А, што-небудзь прыдумаю. У нас часам бываюць рэпетыцыі ў выхадныя дні…

Выбралі бліжэйшую суботу.

Наташа здзівіла яго ў чарговы раз. Прыйшла ў простай летняй сукенцы, якая хораша аблягала яе зграбную, стройную постаць. Аднак Дзядзюля яе мякка пажурыў:

– Наталі, мы ж у лес сабраліся, а не на танцы.

– А ў мяне во тут, – паказала яна пакет, – запасная адзежа. І красоўкі таксама.

– Тады ладна. Малайчына.

Частку дарогі праехалі рэйсавым аўтобусам, пасля – спадарожнай легкавушкай і кіламетры са два ішлі лясной сцяжынай пешкі.

Возера адкрылася раптоўна, як толькі яны прадраліся скрозь густы зараснік дзікай маліны, калючай шыпшыны і густога вербалозу. Блакітнае люстэрка вады зачароўвала глыбокім спакоем і першародным хараством.

Знайшлі невялічкі лапік чыстай травы з такім жа чыстым пясчаным берагам. Дзядзюля з палёгкаю зняў са спіны цяжкі заплечнік і стомлена ўпаў на траву, закінуўшы рукі за галаву. У высокім блакітным небе паволі плылі аблокі.

– Вось ён, зямны рай!..

Наташа засмяялася:

– Добра, Адам. Давай ставіць палатку, а то як сонца прыпячэ – не будзем ведаць, куды дзявацца.

Дзядзюля думаў, што з палаткай яму давядзецца важдацца аднаму, але Наташа дапамагла яму надзвычай спрытна і кемліва.

– А ты адкуль гэта ўсё ўмееш? – здзівіўся Дзядзюля.

– Пасля раскажу. Давай спярша крыху перакусім ды будзем купацца.

Яна дастала з заплечніка, які прынёс Дзядзюля, цырату, акуратна разаслала на траве, нарэзала кружочкамі агурок, паклала іх разам з вяндлінай на хлеб – і атрымаліся апетытныя бутэрброды.

Перакусіўшы, пайшлі купацца. Наташа хуценька зняла цераз галаву сукенку (купальнік ужо быў на ёй) і адразу кінулася ў ваду. Паплыла лёгка, прыгожа, далёка.

А ён у нерашучасці ўсё стаяў на беразе, мацаючы нагою даволі халодную ваду і, напэўна, так і не рашыўся б увайсці, калі б не прысутнасць Наташы. Вады ён баяўся панічна. Двойчы яму давялося тануць. У дзяцінстве – у сваёй рэчцы, куды яго больш дарослыя зубаскалы кінулі на самае глыбокае месца і ледзь пасля адратавалі. А другі раз гэта здарылася ў сочынскім санаторыі. Ён адважыўся заплыць за буйкі і нечакана захлынуўся хваляю, ледзь не пайшоў на дно. Як ён дагрэбся да берага, адзін Бог ведае. Пасля гэтага плаваў толькі ўздоўж берага.

– Эй, плыві сюды! – гукнула з сярэдзіны возера Наташа. – Тут такая харашыня-а-а!

Ён усё ж увайшоў у ваду і паплыў – няўмела, па-сабачы. Пабоўтаўся крыху і выбраўся на бераг. А Наташа была ў сваёй стыхіі. Плавала і на сажонкі, і на спіне і нырала, ды так надоўга, што ён ажно пачаў хвалявацца:

– Наталі, хопіць ужо. Вылазь!

6

З вады яна выйшла як Афрадыта – уся ў брыльянтавых кропельках, пазалочаная сонцам. «Якая ж яна зграбная, стройная, лёгкая… – залюбаваўся Дзядзюля. – Ёй пазайздросціць любая дзяўчына».

Ён хацеў накінуць ёй на плечы вафельны ручнік, але жанчына адвяла яго руку:

– Не трэба. Мне не холадна. Такое ласкавае сонейка…

Пакуль Наташа загарала, падставіўшы твар сонцу і развёўшы рукі ўбакі, Дзядзюля расклаў цяпельца і стаў падсмажваць на ражэнчыку скрылёчкі сала. Нічога ў свеце няма смачнейшага за гэты паходны, з дымком далікатэс!

Наташы спадабалася тут усё – і возера, і гэтае ўтульнае цяпельца, і нават віно, пляшку якога прыхапіў з сабою Дзядзюля. І, мусіць, усё гэта разам паспрыяла таму, што яна нарэшце разгаварылася і даволі шчыра расказала пра сябе. Аказваецца, будучы студэнткай журфака, яна на канікулах хадзіла ў шматдзённыя паходы (тады і навучылася ставіць палаткі). У Карпатах стаяла на вяршыні гары Гавэрла. На байдарцы плавала па рэках і азёрах Браслаўшчыны.

Былі і непрыемнасці. На апошнім курсе закахалася ў замежнага аспіранта. Яго звалі Азамат, па-арабску – герой, асілак. І гэта сапраўды быў высокі, дужы, прыгожы хлопец. Яна закахалася так, што згубіла галаву. Пасля вечарынкі апынулася разам з ім у адной пасцелі. А праз месяц зразумела, што зацяжарыла. Калі сказала аб гэтым Азамату, той разгубіўся, занерваваўся, стаў угаворваць зрабіць аборт, прапаноўваў грошы. І ёй адкрыліся вочы на гэтага героя. Яна рашуча парвала з ім усялякія адносіны. А дзіця, што б там ні было, вырашыла пакінуць.

І ўсё ж ёсць на свеце Бог. Неўзабаве яна сустрэла Антона, свайго аднакласніка, які ці не з восьмага класа быў у яе закаханы, а пасля школы прапаноўваў ажаніцца. Але ёй, залатой медалістцы, мроіўся прынц на белым кані. Антон жа быў звычайны, несамавіты хлопец, спецыяльнасць выбраў сабе рабочую і зорак з неба не хапаў.

Яна паступіла на журфак, пачала друкавацца ў рэспубліканскіх газетах. Некалькі разоў яе паказвалі па тэлебачанні. І пра Антона забылася канчаткова. А ён, аказваецца, увесь гэты час пільна сачыў за яе поспехамі і па-ранейшаму моўчкі, аддана кахаў.

Пачалі сустракацца. І паколькі ў яе становішчы было ўжо не да прынца, яна прыняла яго прапанову, і яны неўзабаве згулялі вяселле. А праз сем месяцаў нарадзілася Алеська, любімая дачушка. Такое бывае, растлумачыла яна Антону, дзіця неданошанае, але абсалютна нармальнае, здаровенькае.

Антон – добры, клапатлівы муж. Яна паважае яго, хаця ніколі не кахала і не кахае. Ну і што? Так жывуць тысячы сямейных пар: кахае нехта адзін, а другі дазваляе сябе кахаць.

Наталля паглядзела на Дзядзюлю сумным, як бы вінаватым позіркам і ціха сказала:

– Ну вось. Цяпер ты ведаеш пра мяне ўсё. І як пісаў паэт: «Чего же боле? Что я могу еще сказать? Теперь, я знаю, в вашей воле меня презреньем наказать».

І горка ўсміхнулася:

– Што было, тое было… Тым не менш я ні аб чым не шкадую. Мой любімы Януш Вішнеўскі навучыў мяне, што варта слухацца сваіх жаданняў, як толькі яны прыходзяць, і нічога не адкладваць на пасля.

Яна паднялася і пайшла да возера, нерухома застыла на краёчку вады. І ў гэтай маўклівай постаці было столькі суму, журбы, жаночай горычы, што Дзядзюля не вытрымаў, падышоў да Наталлі, пяшчотна абняў яе за плечы. Яна павярнулася да яго, і ён убачыў, як з яе вачэй паволі сцякаюць жамчужынкі слёз.

– Наталі… мілая… не плач, – суцешна шаптаў ён, цалуючы яе шчокі, вусны. – Не плач. Я кахаю цябе, Наталі.

Яна парывіста абняла яго і апякла гарачым, невымоўна салодкім пацалункам. Дзядзюля не помніць ужо, як ён, ап’янёны, нібы звар’яцелы ад неспатольна-страсных пацалункаў, ад яе маладога, пругкага, гарачага цела, праваліўся ў нейкае аглушальнае прадонне, дзе бушаваў расхрыстаны шторм і гучала нечуваная, незямная музыка.

Выплылі яны ў рэальнасць ледзь жывыя, задыханыя. Моўчкі ляжалі побач усё яшчэ ва ўладзе неверагодных пачуццяў.

Наталля павярнулася да яго і шапнула на вуха:

– Сёння я ўпершыню адчула сябе жанчынай.

– Наталі, – пяшчотна адгукнуўся ён. – Дзякуй табе за ўсё. Я сёння шчаслівы.

7

Наталля знікла раптоўна і нечакана.

Дзядзюля званіў ёй на дзень шмат разоў – абанент быў недаступны. Хадзіў да Дома прэсы пад канец рабочага дня, спадзеючыся сустрэць жанчыну там, – марна. Аднойчы не вытрымаў, зайшоў у рэдакцыю. На пытанне, ці можна бачыць Наталлю Кот, яе каляжанка абыякава, не адрываючы галавы ад папер, адказала:

– А яна захварэла.

Захварэла. Чаму ж упарта маўчыць? Што здарылася?

Дзядзюля пакутаваў у розных здагадках і не знаходзіў сабе месца.

Яна пазваніла сама.

– Наталі! – абрадаваўся Дзядзюля. – Дзе ты? Што ты?

– У мяне ўсё кепска. Вельмі кепска, – глухім, як не сваім голасам адказала яна. – Калі ласка, выслухай мяне і зразумей. Нам больш нельга сустракацца.

У Дзядзюлі пахаладзела пад сэрцам:

– Але чаму, Наталі?

– Муж адчуў перамену ў маіх адносінах. Я не магу прытварацца. Ён усё зразумеў. Аддаліўся. Не лае, не б’е. Маўчыць. І дачушка на яго баку. А для мяне гэтае гнятлівае маўчанне – невыносная пакута. Лепш бы ён мяне лаяў, біў.

– Наталі, нам трэба сустрэцца. Гэта сур’ёзна, вельмі сур’ёзна. Размова не па тэлефоне.

– Не, Васілёк. Не магу.

– Не можаш ці не хочаш?

– Не магу і не хачу. За свой грэх я заслужыла тое, што маю. Павіч праўду казаў: кожнае вялікае каханне – гэта свайго роду кара.

– Глупства! Якое неймавернае глупства. Каханне – гэта Боскі дар, які даецца не кожнаму. І адракацца ад яго – вось гэта сапраўды грэх. Чуеш, Наталі?

– Не будзем уступаць у дыскусію. Я больш не хачу слухацца сэрца. Я падпарадкоўваюся розуму. Бывай, Васілёк.

І адключыла сувязь.

Дзядзюля сядзеў агаломшаны, узрушаны тым, што сказала Наташа.

8

Колькі дзён ён хадзіў сам не свой. Усё валілася з рук. Нават любімыя архідэі не прыносілі радасці, супакаення. Нарэшце не вытрымаў, набраў яе нумар.

– Алё… – азвалася яна сумным голасам. І нечакана запыталася: – Чаму ты мне не званіў?

– Баяўся.

– Баяўся чаго?

– Што ты мне скажаш, каб я забыў пра цябе назаўсёды. А я не магу без цябе! Ты ўжо стала для мяне самым блізкім, самым родным чалавекам. Мне трэба бачыць цябе, гаварыць з табою…

– І мне. Мне таксама трэба ведаць, дзе ты, што робіш, пра што думаеш… Я хачу, каб мы засталіся сябрамі. Калі гэта магчыма.

– Канешне, магчыма, – ухапіўся за гэту саломінку Дзядзюля. – Можна я буду табе званіць? Кожны дзень, як і раней.

– Не, лепш буду званіць я сама.

І пачаліся доўгія, тужліва-пакутныя дні. Поўныя няпэўнасці, недагаворанасці і глыбока прытоенай надзеі. Звычайна яна званіла раніцай, і яны доўга гаварылі аб рабоце, прачытаных кнігах, надвор’і. І толькі старанна пазбягалі кранацца галоўнага – сваіх пачуццяў.

Часам ён угаворваў яе сустрэцца. І тады гулялі па горадзе альбо заходзілі ў кавярню, пілі гарбату і вялі ветлівую гаворку. Ён праводзіў яе да прыпынку, на развітанне дакранаўся вуснамі да яе жаданых, але нямых вуснаў і самотны вяртаўся дадому.

Набліжаўся дзень яе нараджэння. Дзядзюлю хацелася зрабіць Наталлі падарунак незвычайны, нечаканы. Дапамог выпадак. Ідучы з работы, ён чамусьці завітаў у суседні магазін кветак. Абводзячы вачыма шыкоўнае багацце руж, гербер, лілій, цюльпанаў, ён раптам як спатыкнуўся: прама перад ім стаяла-красавалася ярка-пунсовая Ванда – каралева сярод усіх архідэй! Рэдкасць у адкрытым продажы неймаверная.

– Скажыце, а адкуль у вас гэтая красуня? – папытаўся ён у прадаўшчыцы.

– Красуня то красуня, ды вось браць ніхто не хоча. Дарагая занадта. Прывезена з-за мяжы, з нейкай экзатычнай краіны.

Абрадаваны такой нечаканай удачай, Дзядзюля тут жа набыў архідэю. Лепшага падарунка нельга было і прыдумаць.

Яны сустрэліся ў кавярні. Дзядзюля павіншаваў Наташу і падаў ёй прыгожы, сувенірны са шнурочкамі пакет.

– Што гэта? – здзівілася яна.

– А ты дастань пакунак, разгарні. Толькі акуратна.

І калі яна ўбачыла жывую каралеўскую архідэю, не змагла стрымаць свайго захаплення:

– Ой, якая прыгажосць! Які цуд! Дзякую, Васілёк.

І Дзядзюля ўпершыню за час іхняга расстання ўбачыў у яе журботных вачах іскрынкі радасці, а твар кранула цёплая, даверлівая ўсмешка.

Развітваліся яны, як звычайна, на аўтобусным прыпынку.

Прыціскаючы пакет да грудзей, Наталля сказала:

– Яшчэ раз дзякуй за Ванду! Я нават пра гэта і не марыла.

– А я мару ведаеш аб чым? Вывесці гібрыд новай архідэі і назваць яе тваім імем. Як гэта будзе чароўна гучаць – На-та-лі-і…

– Дзякуй, Васілёк…

Па звычцы апошніх дзён ён памкнуўся пацалаваць Наташу і адчуў, што вусны яе адгукнуліся ледзь улоўным трымценнем і затрымаліся на яго вуснах крыху даўжэй, чым гэта абавязвала сяброўства.

Дадому ён ішоў акрылены, адчуваючы, як у грудзях трапечацца казытліва-пяшчотны матылёк.

₺272,17
Yaş sınırı:
16+
Litres'teki yayın tarihi:
23 mayıs 2024
Yazıldığı tarih:
2023
Hacim:
278 s. 14 illüstrasyon
ISBN:
978-985-19-7292-6
Telif hakkı:
Аверсэв
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 5, 1 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 5, 1 oylamaya göre
Metin
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre
Metin PDF
Ortalama puan 0, 0 oylamaya göre