Kitabı oku: «Дом для адзінай», sayfa 2

Yazı tipi:

3

Непрыкметна адцвіў сад, абсыпаў пяшчотныя пялёсткі на дол бэз у гародчыку, адкрасаваў буйной і духмянай квеценню, а Міхалка за бясконцымі гаспадарчымі турботамі так і не сабраўся наведаць Хрысціну, хоць і вельмі карцела. Адважыўся ўсё ж на Купалле, апрануў белую кашулю, з любасцю вышытую сястрой Гарпінай, абуў хромавыя боты, падпаясаўся салдацкім паскам, падкруціў вусы, агледзеў сябе ў люстэрка, застаўся задаволены і нарэшце з хваляваннем выправіўся ў Засекі. Прыйшоў поначы, заўважыў на пагорку высокае зыркае вогнішча, падаўся туды. Людзей сабралася шмат, пераважала моладзь, аднак таўкліся тут і падлеткі, былі і людзі сталага веку, ужо дзяўчаты браліся вадзіць карагод. Хадзіў і прыглядаўся да твараў, але Хрысціны нідзе не было. «Куды ж ты падзелася? Пачуй, здагадайся, што я шукаю цябе, – прамаўляў ён у думках. – Выйдзі насустрач, прашу цябе. Вельмі ж запала ты мне ў душу, што ні раблю, чым нi займаюся, а ўсё ты стаіш у вачах…»

– Міхалка, – аклікнуў яго радасны і ціхі голас.

– Хрысцінка, ты тут? Я ўжо тройчы абышоў гэтае вогнішча, здаецца, кожнаму чалавеку ў твар зазірнуў, а цябе не ўбачыў.

– Я з дзяўчатамі была, мы людзей склікалі на свята.

Ён замілаваным позіркам акінуў стройную постаць дзяўчыны ў вышытай кашулі, спаднічцы, аздобленай чырвонай тасьмой, з фартушком таксама ўпрыгожаным карункамі. Як і большасць прысутных вяскоўцаў, была Хрысціна босая (не варта ў цёплую пару таптаць абутак), ад таго ў трапяткім святле вогнішча выглядала безабароннай і лёгкай. Здавалася, падхапіў бы яе на рукі і панёс на край свету, каб не разлучацца ніколі. Яна ціха прыемным голасам раптам заспявала:

 
Ішла Купалка сялом, сялом,
Закрыла вочкі пяром, пяром,
Вітала хлопцаў чалом, чалом…
 

Хрысціна ўсміхнулася і нізка пакланілася, як быццам і Міхалку клікала на Купалле. Яны адышлі ад вогнішча, пашыбавалі напрасткі праз лужок. Хрысціна спатыкнулася, войкнула, Міхалка падхапіў яе пад руку і падтрымаў, а пасля ўжо і не выпускаў яе далонь.

– Як ты пражыла гэты час, пакуль мы не бачыліся? – спытаў ён.

– Цябе згадвала, хацела пабачыць, пагутарыць, а цяпер іду побач – і ўсе думкі з галавы вылецелі.

– Я таксама сябе адчуваю дурнем, але мне добра з табою і памаўчаць, толькі б ты была побач.

– Вой, Міхалачка, ты мяне гэтак прыручыш, што я дзень і ноч толькі пра цябе буду думаць, бо вельмі цяжка знайсці ў гэтым свеце блізкую душу, а з табою мне неяк спакойна і добра.

– І я ўжо думаю ўвесь час, не ведаю, як мне адважыцца прыйсці ў хату да тваёй сястры, каб паклікаць цябе, пагутарыць з табою сам-насам. А тут яшчэ бясконцыя гэтыя турботы на гаспадарцы, колькі ні рабі, век не пераробіш.

– Дык і ў мяне тое ж самае. Кручуся цэлы дзень, як вавёрка ў коле. Мужчыны хоць зімою маюць нейкі роздых, а жанчыны прадуць, ткуць, шыюць, вышываюць…

Кароткая купальская ночка, толькі-толькі, здаецца, адышлі ад вогнішча, а ўжо неба пасвятлела, набліжаўся досвітак. Апамятаўся Міхалка, што хутка развітвацца з любаю дзяўчынаю, пяшчотна абняў за плечы і пацалаваў нясмела ды няўмела спачатку ў шчаку, а пасля ў вусны, адчуў задаволена: яна цягнецца да яго, прыемная ёй ягоная ласка.

– Мабыць, пайду ўжо я дадому, – сказала Хрысціна.

– Калі яшчэ сустрэнемся?

– Можа, дзе ўжо восенню, як скончыцца праца на полі.

– Не забывай мяне, – папрасіў ён. – З часам нешта вырашыцца. А да восені ўжо недалёка. Тваю пятую хату з краю помню, не заблуджуся.

– Не забуду ніколі, – усміхнулася яна. – Ідзі шчасліва.

– Можа, я цябе дахаты правяду?

– Не варта. Бачыш, людзі ўжо таксама разыходзяцца, не трэба, каб нас бачылі, яшчэ сурочаць.

– Няўжо ты такая прымхлівая?

– Анягож, – засмяялася яна і ўзмахнула рукою на развітанне, – да сустрэчы, Міхалачка!

Хлопец паўзіраўся ёй услед, пакуль не знікла ў натоўпе, нацягнуў кепку на лоб і патупаў у бок сваёй вёскі. Дома ўпаў на пасцель і заснуў, бы забіты, ледзьве маці раніцай дабудзілася, пачала адразу выгаворваць, маўляў, валачыўся недзе ўсю ноч, а бацькам сэрца баліць. Міхалка нічога не адказаў на тыя папрокі, ведаў, што з маці лепш не спрачацца, усё роўна будзеш вінаваты.

Лета выдалася турботнае, шчодрае на спёку, пацягнуліся доўгія дні, напоўненыя працаю, якая забірала сілу. Такі лад жыцця быў заведзены спрадвеку, людзі знаходзілі ў ім задавальненне ад зробленага, перажывалі святочныя моманты пачатку і завяршэння працы, не скардзіліся і не ўяўлялі сабе інакшага жыцця.

Усё здарылася так, як і прадбачыла Хрысціна, сустрэцца з ёю ўдалося Міхалку толькі на Пакровы. Бацькі раненька выправіліся на кірмаш нешта прадаць ды купіць, дачок узялі з сабою, Міхалку і Аляксея пакінулі даглядаць гаспадарку. Як толькі хлопцы ўправіліся і паснедалі, малодшы брат пачаў прасіць старэйшага, каб расказаў пра вайну.

– Нічога цікавага на той вайне няма. Як пачнуць гарматы страляць, дык, здаецца, у зямлю закапаўся б, як крот, бо ў тым акопе няма ратунку. А як пусцяць немцы газ, дымок такі салодкі ды ружовенькі, дык мала хто паратуецца, калі своечасова процівагаз не нацягне на морду. Такая вайна, братка. Не назаляй ты мне гэтымі ўспамінамі.

– Раскажы яшчэ што…

– Што я табе раскажу? Пашанцавала мне, што ў рэзерве доўга прастаяў, а так бы з табою тут зараз не балабоніў, і касцей маіх ты не знайшоў бы. Слухай, мне трэба адлучыцца, мо зоймешся гаспадаркаю сам, дасі есці парасятам, курам…

– Добра, калі вельмі трэба, дык ідзі, – пагадзіўся Аляксей.

Міхалка хуценька сабраўся, паклаў у кішэню два сакаўныя яблыкі на гасцінец і рушыў у Засекі. Яму тыя сем вёрст на доўгіх нагах прайсці, як няма чаго рабіць. І не згледзеў, як апынуўся каля хаты Хрысціны. А тут ужо захваляваўся. Але ўсё ж адважна адчыніў весніцы, насустрач рвануў калматы чорны сабачка на ланцугу. Хлопец прыпыніўся, але адразу на ганку з’явілася Хрысціна і ўскрыкнула ад нечаканасці:

– Дарагі госць!

– Добрага здароўя, Хрысцінка!

– Добры дзень! Заходзь у хату, Міхалачка!

– А ці можна? – спытаў ён, адчуваючы вялікую радасць ужо ад таго, што чуе яе голас, бачыць яе.

– Заходзь, я адна дома. Сястра з мужыком паехала на кірмаш, дзяцей з сабою ўзялі. З’явяцца толькі пад вечар.

Увайшлі ў сенцы. Хрысціна адчыніла дзверы ў пакой і сказала:

– Тут жывуць мае сямейнікі, як бачыш, усё звычайна: печ, стол, услоны, іконы на покуці. А я аддзялілася ад іх, упрасіла Яўсея паставіць грубку ў каморы ды прарэзаць акно. Цяпер жыву асобна.

Яна адчыніла дзверы ў маленькі ўтульны пакойчык, дзе стаялі ложак і невялічкі стол, зроблены з негабляваных брускоў, але засланы чыстым вышываным настольнікам, у процілеглым кутку амаль упрытык да стала размясцілася скрыня.

– Хоць і цеснавата, але ўтульна, – сказаў Міхалка і прыгарнуў да сябе дзяўчыну. – Калі ты маеш уласнае жытло, дык я змагу часцей наведвацца да цябе.

– Паспрабуй, – засмяялася яна.

– І паспрабую, – адказаў Міхалка і прагна прыпаў да яе вуснаў. Дзяўчына быццам абмякла. Ён адчуў яе падатлівае цела і доўга не выпускаў з абдымкаў. Яны лашчылі адно аднаго, прыпадалі вуснамі да разгарачаных твараў, цалаваліся і ніяк не маглі спатоліць прагу кахання.

– Прыйшоў госць, а я нават нічым не пачаставала, пойдзем папалуднуем, – прапанавала яна.

– Пойдзем, – пагадзіўся Міхалка, – але ты для мяне – найлепшы пачастунак! Як пабачу цябе – так соладка на душы, быццам мёду адведаў, – засмяяўся хлопец. – А гэта табе гасцінец, – спахапіўся ён і аддаў яблыкі, яна ўдзячна прыняла іх, удыхнула прыемны водар.

– Дзякую. Бачу я, Міхалачка, што з табою не засумуеш.

– А чаго сумаваць? Трэба жыць весела, калі Бог даў такую магчымасць.

– Сядай да стала, пачастую цябе баршчом і наліснікамі, сама ўсё гатавала.

Яны абедалі няспешна, перакідваліся жартамі, адчувалі еднасць, уласцівую блізкім душам. Міхалка нахвальваў стравы, Хрысціна дзякавала, хоць сама толькі рабіла выгляд, што есць, мусіць, саромелася. Па абедзе аглядалі грады і бясконца размаўлялі, не згледзелі нават, як дзень пачаў хіліцца да захаду.

– Цяпер ты, пэўна, толькі на Каляды зноў прыйдзеш? – спытала дзяўчына.

– Чаму ты так думаеш?

– Неяк так атрымліваецца, што сустракаемся мы толькі па вялікіх святах.

– Кожны раз, калі цябе бачу, для мяне – найвялікшае свята. Прыходзь у наступную нядзелю надвячоркам на той узгорачак, дзе Купалле адзначалі, буду цябе там чакаць, – прапанаваў хлопец.

– Прыйду, – паабяцала яна і зноў сарамліва апусціла вочы, быццам сказала ці зрабіла нешта забароненае.

Па вуліцы праехалі першыя вазы – вяскоўцы вярталіся з кірмашу, толькі тады Міхалка спахапіўся, развітаўся з Хрысцінаю і паспяшаў дадому, несучы ў душы святло яе вачэй і згадкі пра той час, які бавілі разам.

4

Тое, што сын пачаў некуды знікаць па вечарах амаль кожную нядзелю, зацікавіла і ўстурбавала Аксінню, яна паспрабавала ў Гарпіны дапытацца, дзе бывае Міхалка, ці ходзіць на вячоркі, але дачка нічога пэўна не змагла патлумачыць.

– Можа, да якой дзяўчыны ўнадзіўся? – удакладніла маці.

– Не ведаю, мама, на вячорках разы два пабыў і пры мне ні да якой дзяўчыны не заляцаўся, неяк абыякава стаяў, пазіраў, а пасля рана адзін сыходзіў дамоў. А зараз яго і там не бачу.

– Куды ж ён ходзіць? Гэта ж цяпер такая непагадзь, дождж, халадэча, а ён некуды пасунуўся.

– Табе што за справа, Аксіння? Няхай ходзіць, – азваўся муж, які па звычцы гэтаю слотнаю парою ў будні дзень нечым бы займаўся, а ў святую нядзельку мусіў лайдачыць, сядзеў ля грубкі ды час ад часу падкідваў паленцы.

– Табе, Мірон, можа, усё роўна, якую нявестку сын у хату прывядзе, а я хачу, каб тая дзяўчына была з добрага роду ды з ладным пасагам.

– Вядома, пасаг нам не зашкодзіць, але ж галоўнае, думаю, каб была яна добрым чалавекам, а ўсё астатняе можна нажыць. А нажывеш, дык прыйдуць дабрадзеі і забяруць, што маеш. Бачыш, што на свеце робіцца, бясконцыя войны, рабункі, бязладдзе. Казалі мужчыны, што ў Холмечы нейкая банда парабавала ды пазабівала жыдоў.

– Ай-ёй! Што робіцца! Чаму ж ты мне раней не сказаў?

– Не паспеў яшчэ.

– І каго ж яны там забілі? Я шмат сем’яў ведаю.

– Выбралі тых, у каго хаты самыя дыхтоўныя.

– І ўправы на тых забойцаў няма! Дзе ж той Міхалка ходзіць? Каб не трапіў на якіх ліхадзеяў.

Аксінні не спалася, чакала сына. Міхалка вярнуўся дамоў недзе апоўначы. Хацела яго паўшчуваць, але пашкадавала сямейнікаў, бо за гаворкаю магла ўсіх пабудзіць, таму адклала размову да раніцы. Як толькі ўправіліся па гаспадарцы ды паснедалі, маці пачала распытваць сына, куды ён хадзіў учора, але той асабліва не кідаўся ў гаворку, аджартоўваўся:

– Хаджу па ваколіцах, прыглядаюся, што да чаго.

– І ў непагадзь таксама прыглядаешся? І не сорамна табе роднай маці хлусіць? Пэўна, нейкая дзяўчына цябе прычаравала.

– Калі і прычаравала, дык што?

– Можа, ты жаніцца думаеш? – дапытвалася яна ў хлопца.

– Маці, супакойся, як настане час, усё скажу, пакуль я не гатовы.

– Дык рыхтуйся, толькі не думай, што прывядзеш мне абы-каго, глядзі, каб дзяўчына была цябе вартая. За такога высокага ды прыгожага хлопца самая найлепшая палічыць за гонар пайсці.

– Не перабольшвай, мама. Няма пра што гаварыць, – адмахнуўся Міхалка, схапіў старую світку і выскачыў на двор, бо яшчэ шмат трэба было малаціць. Аксіння наўздагон толькі рукамі пляснула і незадаволена крыкнула:

– Бач, які ўпраўны, ні пагаварыць, ні дамовіцца, ні параіцца.

Міхалка падаўся ў гумно, развязаў сноп, кінуў на дол перавясла, расклаў калівы жыта, пачаў малаціць, думаючы пра Хрысціну. Сапраўды, чаго сноўдацца па начах за сем вёрст, калі можна ажаніцца ды жыць з каханаю побач. Але ж не хацелася весці ў хату да бацькоў маладую жонку, бо добра ведаў напорысты характар сваёй маці: ледзь што не па ёй, дык трываць не будзе, знойдзе самыя балючыя словы, бы крапівою апячэ. Збіраўся ён на вясну куды-небудзь на заробкі. Трэба было займець сваё жытло, каб жыць незалежна ад бацькоў ды цешыцца з жонкаю.

Міхалкаў одум парушыла Хадоска, якая прыйшла ў госці да маці па першым лёдзе праз Дняпро, была ўжо прыкметна цяжарная, але гаваркая і вясёлая. Сямейнікі пакінулі справы і сабраліся ў хаце, каб пабыць з госцяй, якая прынесла навіну, што Раман, які гадоў колькі таму сватаўся да Гарпіны, аўдавеў, жонка памерла ў час родаў. Застаўся маленькі хлопчык, цяпер яму тры гады, бацькі нябожчыцы забралі ўнука да сябе, а Раман мае намер зноў пасватацца да Гарпіны. Аксіння нават узрадавалася гэтай навіне, пачала ўгаворваць старэйшую дачку не адмаўляцца ад магчымага шлюбу, бо ўжо хутка на яе ніхто не паглядзіць. Раман мае сваю хату і добрую гаспадарку, да таго ж мужчына ладны. Такой бяды, што ўдавец, сам Бог судзіў, каб зноў ён вярнуўся, бач, не забыўся за столькі гадоў… Маці пераконвала сябе, дачку і ўсіх сямейнікаў, а Гарпіна доўга маўчала, думала і нарэшце дала згоду, чым усцешыла ўсіх, толькі Міхалка засмуціўся трохі, што свой шлюб пакуль мусіць адкласці. Хаця, з другога боку, хутка ў хаце стане на адну душу меней, цяпер, безумоўна, яго чарга жаніцца.

Гэтая навіна змяніла лад жыцця сям’і Дубровічаў. Спачатку рыхтаваліся да сустрэчы сватоў, а пасля таго як сватанне прайшло ўдала, вяселле прызначылі пасля Калядаў. Пачалася новая падрыхтоўка, больш грунтоўная: зарэзалі вялізнага парсюка, колькі гусей і курэй. З захоўваннем мяса клопату не было, бо стаялі моцныя маразы. Свежына за суткі замерзла на костку. Можа, і занадта шчыравала Аксіння, бо колькі таго вяселля, свая радня пасядзела адзін дзень, пабалявала, пакуль маладыя павянчаліся, а як вярнуліся, трохі пасядзелі за сталом і пачалі збірацца да маладога. Зімовы дзень кароткі, трэба ехаць праз Дняпро, а там яшчэ лесам да Рудні вярсты тры па цяпершнім неспакойным часе.

Міхалка таксама выправіўся з маладымі, каб паглядзець, дзе сястры належыць жыць. Вёска аказалася не надта вялікая, кругом лес, на жаль, далекавата ад Дняпра. Свае Чаплічы ні на якое іншае месца жыхарства не памяняў бы, а сястра няхай жыве шчасліва. Тут яна не адна, вунь і Хадоска жыве праз тры хаты. Міхалка наведаўся і да малодшай сястры таксама, застаўся задаволены, як добра ўпраўляецца сястра з гаспадаркаю, як згодна жыве са сваім Рыгорам.

Ранічкаю пешкі накіраваўся дамоў. Лёд на Дняпры спрэс занесла снегам, было зусім не коўзка, і Міхалка парадаваўся, што можа так лёгка пераадолець шырокую раку. Яна вымасціла выдатны мост, які вясною растане, і тады ўжо толькі на чаўне можна будзе дасягнуць другога берага. Ніхто з ягоных сябрукоў у маленстве не браўся пераплываць Дняпро, хоць ён здаецца спакойным, але цячэнне мае моцнае, з ім не паспрачаешся. Думаў пра Хрысціну, дамаўляўся сустрэцца з ёю яшчэ перад Калядамі, але з-за розных турбот з вяселлем сястры так і не сабраўся наведаць любую дзяўчыну. Мабыць, яна пакрыўдзілася, трэба будзе вымольваць дараванне. А калі не даруе? Ажно спалохаўся гэтае думкі, бо, здавалася, ні адна жанчына не магла замяніць яе. Таму вырашыў не адкладваць сустрэчу, на другі дзень па абедзе выправіўся ў Засекі, пайшоў проста ў хату, іншага выйсця не было. Застаў дома гаспадара з гаспадыняю ды Хрысціну, павітаўся.

– Гэта ж хто такі да нас завітаў? – здзівілася Куліна, узіраючыся ў твар хлопца. – Ці не Міронаў сын, быццам на яго падобны.

– Так, Міхалкам мяне завуць, – ніякавата адказаў госць.

Куліна зірнула на сястру, заўважыла, што тая засвяцілася ад радасці, і ўсё зразумела.

– Дык ты, мусіць, да Хрысціны прыйшоў? – спытала гаспадыня.

– Не да цябе ж, – засмяяўся Яўсей.

Ад гэтага жарту ўсім зрабілася весела. Тут ужо Хрысціна авалодала сабой і прапанавала Міхалку:

– Пойдзем у маю камору.

Маладыя выйшлі. Гаспадары задаволена пераглянуліся. Куліне не надта хацелася адпускаць з хаты малодшую сястру, усё ж добрая памочніца, але дзяўчыне даўно пара ўладкоўваць уласнае жыццё.

– Можа, што добрае атрымаецца, – сказала яна мужу. – Хлопец ладны.

– Мабыць, старыя Дубровічы не пагодзяцца. Ты Аксінню не ведаеш. З такою свякрухаю ні адна нявестка не ўжывецца, – заўважыў Яўсей. – Ліхая баба.

– А я вось без свякрухі жыву.

– Не ўсім так шанцуе, – зноў засмяяўся Яўсей.

Маладыя, як толькі зачынілі за сабою дзверы каморы, кінуліся адно аднаму ў абдымікі і доўга наталяліся пацалункамі.

– Я думала, што ты ўжо ніколі не прыйдзеш, – сказала Хрысціна.

– Прабач, так атрымалася, наша Гарпіна, старэйшая сястра, замуж выйшла. Малады вельмі спяшаўся, таму за два тыдні вяселле зладзілі. Вельмі ж было шмат турбот, ледзь не палову гаспадаркі парэзалі дзеля гэтае падзеі.

– Вось яно што, няхай ім жывецца шчасліва.

– Я думаю, калі сёстры павыходзілі замуж, дык цяпер мая чарга жаніцца. Ці пойдзеш ты за мяне, Хрысцінка?

Дзяўчына захвалявалася, апусціла вочы, нібы раздумваючы, пасля адказала:

– Пайшла б я, Міхалачка, за цябе, але ж баюся, што нічога ў нас не атрымаецца.

– Чаму?

– Не роўня я табе. Усе бацькі жадаюць, каб нявесткі былі з багатым пасагам.

– Я ж бяру цябе, а не твой пасаг. На вайне наш полк каля Смаргоні стаяў. Ад таго мястэчка адны падмуркі засталіся. Людзі пазбавіліся жытла і ўсялякай маёмасці, аднак жа неяк абжывуцца, пабудуюцца. Не варта засмучацца раней часу. Параюся з бацькамі, калі яны пагодзяцца, дык зашлю сватоў, каб па Вялікадні згуляць вяселле.

– А калі не пагодзяцца? – спытала яна, напружана ўзіраючыся ў яго вочы.

– Мы дарослыя людзі і самі можам вырашаць свой лёс, любая мая, – Міхалка прыцягнуў да сябе дзяўчыну і прытуліў, адчуў стук яе сэрца – і невыказнае замілаванне напоўніла ягоныя грудзі.

– Мабыць, нам трэба трохі пачакаць, – раптам прапанавала Хрысціна. – Твае бацькі толькі адбылі адно вяселле і адразу брацца за новае ім будзе цяжка. Так усю гаспадарку можна звесці.

– Я памру ад чакання, – усміхнуўся хлопец.

– Тады і я разам з табою памру, а лепш давай будзем жыць і спадзявацца на ўсё самае лепшае ў нашым жыцці.

– Бадай, слушная твая думка. Згодны, трохі пачакаем, – пагадзіўся Міхалка. – Хаця, як вядома, адклад не ідзе на лад.

5

Новы 1919 год ляцеў вельмі хутка, мо таму, што прынёс шмат трывожных навін. Нарэшце сышлі немцы, бальшавікі адразу разгарнулі харчразвёрстку, нікому з сялян не падабалася разлучацца са здабыткамі ўласнай працы. Зброю насельніцтва мела, тыя, хто не жадаў мірыцца ні з якою ўладаю, сыходзілі ў лясы і ваявалі супраць усіх. Казалі, што і ў Гомелі ўспыхнуў нейкі мяцеж, але яго на працягу месяца задушылі. Незаўважна прамінула зіма з завеямі ды маразамі, прыгрэла вясновае сонца і разбудзіла сілу Дняпра, які з грукатам узарваў панцыр лёду, раструшчыў на крыгі і панёс да мора, усім сваім выглядам паказваў, які ён па-маладому дужы. Адчайна зацвілі сады, галінкі шчыльна былі абсаджаны кветкамі да ненатуральнасці, бо столькі пладоў ні адно дрэва не магло даспеліць. У краіне таксама нешта ўвесь час адбывалася. Хоць чуткі ў вёску даходзілі са спазненнем, аднак стала вядома, што насунуліся на краіну ваяўнічыя палякі. Па-ранейшаму спакою не было ад розных бандаў, якія прыходзілі з Украіны, ці свае, што хаваліся па лясах, рабавалі і забівалі людзей. Насельніцтва існавала ў трывозе, але суцяшала сябе прымаўкаю: паміраць збірайся, а жыта сей.

Сям’я Дубровічаў жыла адвечнымі сялянскімі клопатамі, рыхтавала глебу, сеяла, палола, збірала ўраджай, даглядала гаспадарку. Справы хапала ўсім, кожная хвіліна была занятая, аднак знаходзіў Міхалка час, каб наведаць Хрысціну, пагутарыць, прыціснуць яе да грудзей і пацешыцца ўзаемным каханнем. Нават зацягнутае чаканне будучага сумеснага жыцця не абцяжарвала, бо ўсе сустрэчы былі ў радасць.

Аксіння прасачыла за сынам, заўважыла, што часцяком кіруецца ён у Засекі, ды зноў пачала дапытвацца, да каго ж ён ходзіць. Міхалка вырашыў схлусіць, каб супакоіць маці:

– Хаджу да хлопцаў, з якімі на вайне быў, гуляем у карты.

– Як можна на такое глупства час марнаваць? – незадаволена прабурчала маці.

– Ведаеш, мама, што я табе скажу, мы працуем усе разам, адпачываем паасобку. Тата ходзіць да дзядзькоў, ты – да суседак, малая Таня – да сябровак, Аляксей – да прыяцеляў. І я знайшоў сабе кампанію.

– Нашто ў такую далеч хадзіць па вечарах? Можна ў сваёй вёсцы завесці сяброўства. Столькі ліхадзеяў сноўдаецца па ваколіцах, могуць і забіць дзеля жарту.

– У кожнага свой лёс, але, думаю, калі мяне на вайне не забілі, дык тут быццам не павінны, – усміхнуўся сын.

– Глядзі, хлопец, не дазваляй сабе жыць з ветрам у галаве, бо скруціш шыю, – падвяла Аксіння рысу ў гаворцы.

У гэты час падбегла да яе Таня з нейкаю патрэбаю, маці быццам забылася пра размову, а Міхалка з палёгкаю ўздыхнуў. Не было ў ягонай галаве ніякага ветру, адна думка толькі турбавала, як забраць да сябе Хрысціну, колькі разоў прапаноўваў пабрацца, а яна быццам і не спяшалася замуж, адцягвала тэрмін вяселля.

На Каляды прыдыбаў хлопец у Засекі ўвесь заінелы ад шапкі да вусоў. Дзяўчына ажно ў ладкі пляснула:

– Божа мой, як ты не замерз?

– Яшчэ трохі такога жыцця – зусім прападу, – з папрокам адказаў Міхалка.

– Годзе, не крыўдуй, усе ідзе да лепшага. Вось і сонца на лета павярнула.

– Хрысцінка, думаю, нам не варта далей адкладаць вяселле. Безумоўна, хаты сваёй пакуль я не маю, але ж усе людзі спачатку жэняцца, а пасля будуюцца.

– Нашто нам хата, мы і ў маёй каморы можам жыць, – засмяялася яна ў адказ.

– Не, у прымы ісці я не згодны, – адмоўна паківаў галавой Міхалка.

– Які прывярэдлівы!

– Такі ўжо ўдаўся. Скажы мне нарэшце, ці будзеш маёю жонкаю?

– Дык мы ж пра гэта і гаворым, што толькі тваёю я магу быць, – усміхнулася яна і пацягнулася вуснамі да хлопца.

– Ластавачка мая, – прашаптаў Міхалка, абняў яе і доўга цалаваў, наталяючы шал кахання.

Дамоў вяртаўся, быццам ляцеў на крылах, такая лёгкая была ў яго хада. Звонка рыпеў пад ботамі снег, мароз пашчыпваў за вушы і шчокі, час ад часу ён расціраў твар, пазіраў у начное неба, здавалася, што зоркі падскоквалі і весяліліся разам, падміргваючы вострымі промнямі, і ўвесь свет радаваўся разам з ім. На другі дзень па абедзе, калі ўсе Дубровічы яшчэ сядзелі за сталом, сказаў Міхалка:

– Надумаў я жаніцца.

– І каго ж сабраўся браць? – зацікаўлена спытала маці.

– Хрысціну…

– Якую Хрысціну? У нас іх на вёску, мабыць, пяць будзе, – настойліва ўдакладніла Аксіння, бо нядобрае прадчуванне закралася ў яе сэрца.

– З Засекаў яна, Паўла Марфетчынага сястра.

– Гэтую беспасажніцу, сірату сабе абраў? Яна ж старая дзеўка, нікому не патрэбная! Як ты мог да такога даўмецца? – абурылася маці. – І на парог яе не пушчу!

Міхалка ўстрывожана перавёў позірк на бацьку, той качаў крошку на стале, але па ўсяму было відаць, што і ён не ўхваляў выбар сына. Хлопец запярэчыў, хоць і разумеў, што жартуе з агнём:

– А чаго ты, мама, гэтак расхвалявалася? Гэта ж мне з ёю жыць, а не табе. І пасаг яе мне без патрэбы, усё нажывецца з часам.

– Добрыя людзі з самага пачатку ўсё маюць, таму і дабро нажываюць. А бедната як пачне з галечы, так у галечы і памрэ! Не дазволю жыццё калечыць з гэтаю галадранкаю! За такога хлопца, як ты, найлепшая дзяўчына пойдзе, а ён выбраў сабе старую карову! – крычала Аксіння, ажно сліна пырскала з рота, а на шыі непрыгожа напружыліся жылы.

Апошнія словы абурылі Міхалку, і ён адказаў хоць і стрымана, але цвёрда:

– Я кахаю яе!

– Кахае ён! Ды хай яно спрахне такое дурное каханне! Мы калі з бацькам жаніліся, ні пра якое каханне не ведалі. Прыехалі сваты, і я да вяселля з маладым не бачылася. А пражылі век усім людзям на зайздрасць. А цябе што чакае? Падумай!

– І мяне тое чакае. Калі не яна, дык ніхто! Лепш у манахі пайду.

– Гаспадар, чаго ты маўчыш? Скажы сваё слова. Глядзі, гэтая ведзьма, мабыць, абпаіла нейкім зеллем нашага сына, ён жа сам не свой, – папракнула Мірона жонка.

– Нікудышні выбар ты зрабіў, сын, – сказаў бацька. – Перш, чым нешта рабіць, трэба добра падумаць, каб пасля шкадаваць не давялося.

– Дзякую, тата, за параду, толькі я падумаў, сваё рашэнне мяняць не збіраюся.

– Людцы добрыя, рашэнне ён прыняў! Вунь жанатыя, бывае, разводзяцца, а ён, нічым не абцяжараны, вырашыў свой лёс! Ці бачыш, нічога памяняць не можа! Поўная вёска дзяўчат! Выбірай любую, а ён выбраў нейкі абносак! Я гэтага не перажыву! – Аксіння схапілася за сэрца.

Міхалка хутка падняўся з-за стала, сарваў з кручка світку і выбег на двор. Працягваць гаворку не было сэнсу. Характар маці ён ведаў добра, што задумала, свайго даможацца. Калі малую Таню везлі кум з кумою хрысціць, сказала ім, каб Адаркаю дзіця не называлі. Перад выездам у царкву кум з кумою прычасціліся, пакуль даехалі на месца, пра той наказ забыліся. Поп спытаў у іх, як дзіця хочуць назваць, тыя ніяк не маглі ўспомніць, а пасля кума згадала, што быццам была гаворка пра Адарку. Пахрысцілі дзіця, прывезлі дамоў. Як пачула Аксіння імя дачушкі, дык за галаву схапілася, загаласіла, маўляў, што вы нарабілі, дзіця загубілі. Аднак нічога не зробіш, справа здзейснена. Тады і сказала Аксіння куме з кумам і сямейнікам, што будуць яе дачку зваць Таняю. Вось і расце Таня, некалі ахрышчаная Адаркаю.

«Няхай кажуць, што хочуць, а я ад Хрысціны не адступлюся! Толькі як мне ёй паведаміць пра гэтую спрэчку? Зрэшты, сама папярэджвала, што бацькі не ўзрадуюцца майму выбару. Нешта прыдумаем, неяк будзем жыць. Хіба можна няволіць людзей, прымушаць іх адмаўляцца ад кахання? Гэта ж вялікі грэх! – з абурэннем думаў Міхалка. – Як маці не разумее, што не ўяўляю сябе побач з іншаю дзяўчынаю? Ды яна не надта імкнецца каго разумець, звыкла рабіць усё на сваю патрэбу, нават з бацькам не надта лічыцца. Проста дзіўна, як такі магутны чалавек можа падпарадкавацца маленькай жанчыне? Толькі яна вырашае, колькі парасят купіць на кірмашы, колькі жыта прадаць, колькі гусей завесці…»

Хлопец выйшаў на гару, яго сустрэлі заінелыя бярозкі, прыгожыя, быццам дзяўчаты ў вэлюмах. Дняпро спаў, акрыты лёдам. Унізе гаманілі дзеці, коўзаліся на самаробных каньках. Некалі і яму зрабіў тата драўляны канёк, прымацаваў замест ляза таўставаты кавалак дроту. На тым каньку і гойсаў Міхалка па Дняпры. Калі гэта было? Здаецца, вечнасць мінула.

Yaş sınırı:
16+
Litres'teki yayın tarihi:
14 ağustos 2025
Yazıldığı tarih:
2025
Hacim:
311 s. 2 illüstrasyon
ISBN:
978-985-581-737-7
İndirme biçimi: