Kitabı oku: «Дом для адзінай», sayfa 4

Yazı tipi:

10

Да Пакроваў паспеў Міхалка з дапамогаю брата і бацькі паставіць дубовыя слупы для падмосця ды пакласці некалькі ніжніх дубовых вянцоў, далей меў намер узводзіць хату з сасновых бярвенняў. Свята спыніла працу на адзін дзень, таму выправіўся Міхалка на кірмаш, каб купіць клямкі, замкі, завесы і зашчапкі для вокнаў, а таксама цвікоў розных памераў. Зайшоў у краму, дзе прадавалі абутак, і набыў Калінцы чаравічкі, няхай малая не ходзіць босая. Каб меў удосталь грошай, дык упрыгожыў бы ён сваіх дзяўчатак, апрануў бы і абуў, але спярша трэба паставіць хату, а пасля думаць пра апранахі. Чаравічкамі пацешыў і малую дачку, і Хрысціну, абцалавалі яны Міхалку, пакармілі смачнаю вячэраю, а пасля выправіўся ён зноў да бацькоў, каб раненька ўстаць ды будаваць сваю першую ў жыцці хату. Хацелася зрабіць хутка, але будаўніцтва расцягнулася на гады, таму што і бацькі тэрмінова ўзяліся будаваць хату сабе. Міхалка мусіў дзень працаваць на бацькавай сядзібе, а пасля ўжо прыцемкам бег да сваёй хаты, каб хоць што-небудзь зрабіць, бо і падлогу трэба пакласці, і столь падшыць, і печ паставіць. А яшчэ кожная хата павінна мець плот і вароты на добрых шулах, як было заведзена тут спрадвеку. За гадзіну ці дзве да змяркання не вельмі шмат паспяваў. Нарэшце ў кастрычніку 1926 года хата і хлеў былі гатовыя. Міхалка вельмі спяшаў зрабіць збольшага ўсё да зімы. Хрысціна павінна была ў хуткім часе нарадзіць яшчэ адно дзіця. Хацелася нарэшце пажыць сям’ёй у сваім доме ды на сваім хлебе. Яўсей дапамог перавезці рэчы Хрысціны, Куліна ў якасці пасагу дала сястры цялушку, ад якой яшчэ трэба было дачакацца малака недзе зімой, але ж ужо было каго паставіць у хлеў. Маладая гаспадыня павесіла на вокны накрухмаленыя марлевыя занавескі, заслала ложак посцілкаю, паставіла падушкі з вышыванымі навалачкамі, накрыла настольнікам стол, хата напоўнілася жыццём. Малая Калінка тупала па жоўтых масніцах. Шчасце панавала ў хаце.

Па абедзе выправіўся Міхалка да бацькоў, каб расказаць пра сваю радасць, што дажыў усё ж да наваселля, хоць зусім схуднеў ад гэтых бясконцых турбот, але і радасць атрымаў вялікую – займеў уласную хату, дзе будзе жыць з жонкаю і дачкою. Аднак не спяшаўся выказвацца, збіраў у заплечнік свае рэчы, маці заўважыла і спытала:

– Куды гэта ты?

– Дадому. Хрысціну з дачкою перавёз. Там цяпер буду жыць, – адказаў Міхалка, не падымаючы на маці вачэй.

– З наваселлем, сын, – павіншаваў бацька. – Няхай ладзіцца ў цябе жыццё.

– Дзякую.

– Што ў яго можа ладзіцца? Хіба гэта жонка! – абурылася Аксіння.

– Прыйдзі, мама, і паглядзі, як у нас хораша.

– Адсохнуць мне ногі і рукі, перш чым я да вас пайду.

– Не хочаш, дык і не трэба, – абыякава азваўся Міхалка, звыклы да матчынай незадаволенасці.

– Трэба сыну каня даць, маладога жарэбчыка, – прапанаваў бацька.

– Жарэбчык самім патрэбны, прадамо – будуць грошы, каб хату дабудаваць. Няхай бярэ старога каня. Хопіць з яго! Жонку старую ўзяў, няхай і каня бярэ старога, – маці злосна засмяялася.

– Як кажуць, даронаму каню ў зубы не глядзяць, якога дасце, такога і вазьму, – адказаў Міхалка, хоць крыўда і апякла сэрца, ці не заслужыў ён добрага слова ад маці? – Дык бывайце здаровы, жывіце багата.

Бацька выйшаў правесці сына, вывеў з хлява каня, перадаў повад і пажадаў шчаслівага жыцця, папрасіў:

– Заходзь калі. На маці не крыўдуй. Яна не злая, а вельмі ўпартая, любіць, каб усё было так, як яна жадае. А жыццё складанае, наперад не разлічыш. Вось і пакутуе яна па дурноце бабскай. Нічога, адляжа і ў яе некалі ад сэрца, яшчэ і пашкадуе, што была такая жорсткая.

– Дзякую, тата, і ты заходзь, паглядзі, як мы ўладкаваліся, – сказаў Міхалка, падаў руку, ускінуў заплечнік на спіну, адчуў, што слёзы наварочваюцца, і паспяшаў развітацца.

Выйшаў з двара, не стаў чакаць, калі з’явяцца Аляксей і Таня, не ў далёкую дарогу сабраўся, на край вёскі, самі могуць яго наведаць.

Хрысціна сустрэла яго ў двары, узрадавана сказала:

– Мабыць, табе коніка падаравалі?

– Стары гэты конь, але паслужыць трохі, а пасля будзем бачыць.

– Ты пакрыўдзіўся на бацькоў? – удакладніла Хрысціна, якая ўжо ўмела добра па твары чытаць настрой мужа.

– Здавалася мне, што заслужыў лепшага каня. Ат, які ёсць, абы мы нарэшце разам. Не трэба мне за сем вёрст хадзіць у госці да жонкі, – усміхнуўся Міхалка.

– Я тым часам вячэру зварыла, – весела адказала яна і пайшла наперад, несучы вялізны жывот.

«Добра, што паспелі да нараджэння дзіцяці перасяліцца, – падумаў Міхалка. – Пастараўся я, каб хата была цёплая, кожную шчылінку заткнуў, камар носа не падточыць. Хачу, каб хлопчык нарадзіўся, быў бы мне памочнік. Але каго Бог дасць, таму і буду рады».

Праз тыдзень Хрысціна нарадзіла сына. Міхалка пачуваўся шчаслівым, але бацькам хваліцца не пайшоў, бо ведаў, маці не ўзрадуецца, яшчэ пачне праклінаць нявестку і ўнука, што не на карысць ягонай сям’і. Аднак навіны па вёсцы разносяцца хутка. Увечары, калі Аксіння чакала сваіх дзвюх кароў з чарады, падышла да яе суседка Сынклета павіталася і павіншавала з нараджэннем унука.

– Якога яшчэ ўнука? – перапытала Аксіння, думаючы пра дачок Гарпіну і Хадоску.

– Хрысціна хлопчыка нарадзіла, схадзіла б пабабіць.

– Адсохнуць мне рукі і ногі, калі я пайду туды! – злосна адказала Аксіння і ажно пачырванела ад злосці, найбольш разгневала тое, што не ад сына, ад чужой жанчыны дазналася.

– Кажуць, што і малака ў іх няма, цялушка яшчэ не доіцца, занесла б, там жа і ўнучка падрастае, – сыпала соль на рану Сынклета.

– Не твая справа, лепш за сваімі дочкамі сачы, каб не прынеслі ў прыполе, – злосна адказала Аксіння і пайшла ў двор.

Нельга было сказаць, што яе не цікавіў лёс сына, але вельмі была незадаволена, што ад самага пачатку пайшоў наперакор маці. Дзе гэта бачна, каб дзеці не слухаліся бацькоў? Яна нават хадзіла крадком паглядзець на Міхалкаву хату, сказала сямейнікам, што выправілася ў Холмеч, каб купіць паркалю на хустку, няспешна прайшла міма, агледзела і засталася задаволеная: добрая будыніна атрымалася, вокны нават велікаватыя, светла ў хаце будзе. Двор не разгледзела, бо хаваўся ён за высачэннымі варотамі. Унучка сядзела каля весніц, прыгожая дзяўчынка ў хустачцы, бабу не пазнала. Ніколі ж не бачыла. Захвалявалася Аксіння ад нечаканай сустрэчы, ледзь не кінулася абняць малую, але стрымала сябе, ажно сэрца разбалелася, быццам адчувала, што нешта не так робіцца. Але хіба ж яна павінна скарыцца, пераступіць цераз свае перакананні? Не для таго гадавала сына, каб чужая дзеўка завалодала ягонаю душою, прывязала да сябе, прычаравала, свет яму завязала. І сам жа не зломак, знешне прывабны, высокі, дужы, усялякую справу па гаспадарцы зробіць. Вунь якую хату ўзвёў! Нічога не скажаш, залатыя рукі ў хлопца. А мусіць жыць з гэтаю пераспелкаю. Божа літасцівы, за што ты нас так пакараў?

Аксіння, молячыся па вечарах, кожны раз пытала ў Бога, за што ёй такая бяда выпала, і не знаходзіла адказу, толькі яшчэ больш распалялася злосцю і нянавісцю да нявесткі і дзяцей, якіх тая нарадзіла. Праклінала каханне, якое зрабіла чужым сына, не прынесла радасці ў хату, заадно кляла нявестку і яе вывадак, каб ніколі ім шчасця не зведаць. Добра, што хоць у Хадоскі і Гарпіны нарадзілася па дачцэ, гэта сапраўдныя былі ўнучкі, якім яна была гатовая і душу ахвяраваць. Дасць Бог, будуць унукі ў Аляксея і Тані, не засумуе бабуля Аксіння на старасці, будзе з кім словам перакінуцца. Гэтым суцяшала сябе, адганяла дакучлівыя думкі, што часам будзілі яе сярод ночы і не давалі заснуць да рання.

11

Цяжкаваты аказаўся першы год самастойнага жыцця для Міхалкі і Хрысціны. Напачатку даймала нішчымніца, аднак пачалі да іх суседзі наведвацца ды разгледзелі, якія прыгожыя парабіў Міхалка стол, суднік, ложак, услоны, зэдлікі, сталі звяртацца з просьбамі, каб і ім нешта змайстраваў, а за гэта плацілі хто кавалачкам сала, хто яйкамі, малаком для дзяцей. А яшчэ ж у кожнай гаспадарцы неабходныя цэбрык, бочка, карытца, маслабойка – усё гэта ўмеў зладзіць Міхалка. Праўда, даводзілася пакуль стругаць ды рэзаць у сенцах, а калі асабліва было холадна, тады ў хаце. Таму на лета задумаў сабе між іншымі справамі паставіць павець, таксама неабходна было зладзіць гумно, бо восенню не будзе дзе малаціць збожжа. Гаспадыня папярэдзіла, што зімой ёй спатрэбяцца кросны, каб саткаць палатно, бо адзенне пры чорнай працы дзярэцца хутка, а грошы зарабіць на крамнае няма дзе, таму трэба самім прасці ды ткаць. Усё ладзілася ў Міхалкі, сядзе каля парога, майструе нешта, спявае песню, пачутую некалі на вайне ад аднапалчан:

 
Сухой бы я корочкой питалась,
Воду б я холодную пила…
 

Хрысціна падцягвала за ім:

 
Табой бы, мой милый, любовалась
И век давольная была…
 

Спявалі і шчасліва ўсміхаліся адно аднаму, не страшныя ім ні безграшоўе, ні нішчымніца, ні цяжкая праца, якую рабіць і не перарабіць.

 
Сруби ты мне комнату уютну,
Где б век я могла коротать,
Приди ко мне хоть на минутку,
Тебя, мой милый, буду ждать.
 

Ужо і Калінка, калышучы брата, падхапіла тую песню, бо чула яе шмат разоў, нават маленькі Радзік падаў ціхі галасок. Выйшла жанчына на колькі хвілін у сенцы ўзяць бобу і замачыць, каб заўтра зварыць крышаны, а сямейнікі ўжо амаль даспявалі, апошні куплет застаўся. Міхалка і Хрысціна любілі гэтую песню, бо яна апавядала пра неразлучных закаханых, якія знайшлі адзін аднаго і не жадаюць, каб нехта ўплываў на іхні лёс. Яны былі перакананыя, што адолеюць усе нягоды. Так і атрымалася: своечасова засеялі соткі, перажылі касавіцу, сабралі ўраджай, праўда, хапіла Хрысціне працы на полі, бо ўсё трэба было палоць і не адзін раз. Міхалка пастараўся і да лістапада сплёў з лазы павець і гумно, атынкаваў глінай, накрыў дахам. Пашанцавала нават з падаткамі разлічыцца, праўда, сабе засталося толькі тое-сёе на насенне ды на сціплае харчаванне.

Пачынаўся 1929 год, які прынёс вялікія перамены. У лютым запрасілі ўсіх гаспадароў на сход у сельсавет, але з Міхалкам здарылася непрыемнасць, паехаў па дровы, угрэўся, а пасля трохі астыў і прастудзіўся, кашляў і адчуваў сябе блага, таму пайшла Хрысціна. Прынесла яна непрыемную вестку: начальства хоча стварыць калгас, так загадала партыя, прапаноўваюць уступаць усім вяскоўцам. Хто не ўступіць, тыя будуць называцца аднаасобнікамі, на іх ускладуць павялічаныя падаткі.

– Як яно будзе выглядаць, тое ўступленне? – спытаў Міхалка з печы, дзе выграваў сваю хваробу.

– Хочуць забраць у людзей усё: жывёлу, вупраж, плугі, хто што мае, і з гэтага зрабіць калектыўную гаспадарку.

– Вар’яцтва нейкае! Чалавек усё жыццё працаваў, а цяпер аддай задарма невядома каму! А куды яны тую жывёлу паставяць, што ў людзей забяруць? Куды падзенуць кароў, коней і авечак? Гэта ж якія хлявы трэба мець!

– Не ведаю, Міхалачка, толькі адчуваю, што нешта дрэннае насоўваецца на нас. Яны яшчэ казалі, што тыя, хто мае асабліва вялікую гаспадарку, будуць называцца кулакамі.

– Кулакамі? Во дзіва! А бедныя, выходзіць, – пальцы?

– Дык вось у гэтых кулакоў усё будуць забіраць, а іх з вёскі выганяць.

– Куды выганяць?

– Вывозіць у Сібір ці куды, дзе людзі не жывуць.

– Ад такіх навін самому немаведама куды ўцякаць хочацца.

Хрысціна скінула світку, развязала з галавы шэрую канаплянку, пагрэла рукі каля грубкі, падышла да сына, які спаў на кароткім дзіцячым ложку, з любасцю змайстраваным бацькам, спытала:

– Як тут наш маленькі?

– Пад’еў і спіць, – адказаў Міхалка.

– А Калінка як? А ты?

– Дачка таксама пагартала кніжкі і пайшла спаць, а я кашляю патроху. Цяжка ў грудзях. Думаў, прапацею – і ўсё пройдзе, а нешта нічога не дапамагае.

Міхалка хварэў, з цяжкасцю адсеяўся вясною. Не столькі працаваў, колькі ляжаў, сілы не было. Калі старшыня сельсавета Веня (высокі, з пышным светлым чубам) зайшоў да яго спытаць, чаму не ўступае ў калгас, Міхалка так і растлумачыў, што няма здароўя на сваіх сотках працаваць, дык які з яго будзе калгаснік.

– А што з табою здарылася? – спытаў Веня.

– Сам не ведаю. Нейкі кашаль бясконцы, слабасць, якое толькі зелле ні парыла Хрысціна, нічога не дапамагае.

– Чаго ты, цёмны чалавек, зелле парыш, едзь да доктара ў Холмеч, няхай лекі выпіша. Так і памерці можна.

– Я ўжо казала яму, – уставіла слова Хрысціна, – а ён упарціцца.

– Жонку іншы раз трэба слухаць, – заўважыў старшыня. – Заўтра зноў будзем сход збіраць, начальства прыедзе. Прыходзьце. І скажы сваім бацькам, каб у калгас уступалі. У іх сад, два кані, дзве каровы, дзве хаты – кулакі!

– Сапраўды могуць выгнаць з вёскі? – спытаў Міхалка.

– Не тое слова «выгнаць»! Вывязуць, куды Макар цялят не ганяў. Ні кала, ні двара з сабой не возьмеш, як на той свет. Хоць, кажуць, і там людзі неяк жывуць.

– Як жа так можна? Забраць у чалавека ўсё, што ён за жыццё набыў? Гэта ж проста рабаўніцтва нейкае!

– Барані цябе Бог, нікому не кажы такія словы, бо прыпішуць контррэвалюцыю і таксама павязуць да белых мядзведзяў.

– Сам казаў, цёмны я, не разумею, – азваўся Міхалка.

– Таму і тлумачу. Гэта лінія партыі. Людзі павінны жыць і сумесна працаваць у сацыялістычным калектыве, усё зробленае і заробленае дзяліць па-брацку! Уяўляеш, як усё цудоўна вымалёўваецца?

– Уяўляю, – адказаў гаспадар, а сам падумаў: «Ішоў бы ты на сухі лес са сваімі лініямі. Дадумаліся, сумесна працаваць, дзяліцца. Начальства сваімі заробкамі ні з кім дзяліцца не будзе, а з сялян пры ўсялякай уладзе скуру дзяруць…»

– Калі вы ўсё зразумелі, пайду цяпер да Архіпа, а вы бывайце здаровы, – развітаўся Веня і выйшаў.

Хрысціна праз акно прасачыла, як за Венем зачыніліся весніцы, уздыхнула і сказала:

– Чуў, што дзеецца? Казала я табе, што наспявае не лепшы час.

– Пажывём – пабачым.

– Міхалка, давай заўтра з’ездзім да доктара, можа, ён што параіць. Я цябе не вылечу.

– Паедзем, – пагадзіўся ён.

На другі дзень з самага ранку Міхалка з Хрысцінаю пакінулі гаспадарку і Радзіка на Калінку і паехалі ў мястэчка. Любіў гэтую дарогу Міхалка, асабліва падабалася яму высокая гара, на якой стаяў Холмеч, і вялізны роў, які прарэзала вада, што кожную вясну бегла з палёў у Дняпро. Казалі, некалі тут было замчышча. Сапраўды, вельмі прыдатная мясціна для замка. З аднаго боку – рака, з другога – натуральны роў, пастаў яшчэ сцены – і будзеш абаронены. Зямля па-вясноваму ўбіралася ў хараство, за парканамі цвілі вішні, абапал вуліцы паднялася маладая трава, прырода прагнула жыцця і красавання. У душу міжволі ўсялялася надзея на ўсё добрае ў будучыні.

Міхалка пайшоў у амбулаторыю, Хрысціна засталася сядзець на возе. На плошчы ўзвышалася царква, стаялі аднапавярховая крама і школа на два паверхі. Царкву зачынілі, яна не працавала, але Хрысціна перажагналася, пазіраючы на ўзнёслы і лёгкі будынак, памалілася, папрасіла Бога, каб памог ачуняць Міхалку. Пасля паклала руку на жывот і стала маліць Бога, каб ён даў здаровае дзіцятка, якое неўзабаве павінна было нарадзіцца. Слёзы выступілі на вачах жанчыны. Ёй здавалася вельмі несправядлівым тое, што якраз цяпер, калі яны займелі ўласнае жытло, новыя беды пагражаюць ім. Не ўтрымалася, каб не зазірнуць у краму. Агледзела вітрыны, дзе на шкле былі намаляваны мужчына ў чорным гарнітуры, белай сарочцы, жанчына ў квяцістай сукенцы і чырвонай хустцы. У памяшканні востра пахла селядцамі, гаспадарчым мылам і газаю. Усе гэтыя непрыемныя пахі былі ў нос, можа, з-за таго, што паветра тут занадта застаялася. На прылаўку ляжала некалькі сувояў паркалю і цёмнага корту, стаяў абутак. Хрысціна ўздыхнула і з болем падумала, што Калінка вырасла з тых чаравічкаў, якія ёй падарыў бацька, цяпер іх носіць Радзік, а дзяўчынцы з восені не будзе чаго абуць у школу. Ды і сама Хрысціна хадзіла ў такіх атопках, што, як казаў Міхалка, няма куды латкі ставіць. Але нават, каб і мела грошы, нічога не купіла б, патрэбны былі яшчэ талоны, якія выдавалі толькі начальству ды найлепшым працаўнікам. Аднаасобнікі і марыць не маглі пра дазвол купіць нешта ў краме. У другой палавіне памяшкання прадаваліся крупы, хлеб, цукеркі-падушачкі, бляшанкі з кансервамі. У Хрысціны грошай не было, хоць і хацелася парадаваць нечым смачным дзяцей, але разумела, што цяпер трэба думаць, за што Міхалку купіць лекі. Маладзіца вярнулася да воза, пагладзіла па шыі каня, акінула позіркам пустую плошчу, прайшлася трохі па вуліцы, чакала мужа. Неўзабаве вярнуўся Міхалка.

– Ну што? – нецярпліва спытала яна.

– Доктар сказаў, што ў мяне сухоты.

– А Божачкі! Што ж рабіць?

– Лекаў ад гэтай хваробы няма, толькі сонца, паветра і добрыя харчы. Там нейкі чалавек сядзеў, казаў, што яму барсучыны тлушч памагае, – патлумачыў Міхалка.

– Дзе ж той тлушч браць?

– Не ведаю, мо ў якіх паляўнічых. Трэба да сясцёр наведацца. Яны ў лесе жывуць.

– Божа мой, за што нам такая бяда?

– Мабыць, за тое, што былі занадта шчаслівыя.

– Хіба ж за гэта караюць?

– Бог зверху ўсё па-свойму бачыць. Хвароба гэтая заразная. Доктар сказаў, што цяпер я павінен мець сваю міску, лыжку, есці асобна і старацца не дыхаць на іншых, каб не перадаць нікому сухоты. Пара ехаць, нічога мы тут з табою не выстаім. Дома дзеці адны, а табе пад вечар на сход трэба.

– Можа, і ты пойдзеш?

– Нельга мне між людзьмі быць, заразны я, – адказаў Міхалка, тузануў лейцы, і конь рушыў у зваротны шлях.

Са сходу Хрысціна прынесла дрэнныя навіны:

– Архіпа будуць высяляць, бо ён кулак, летась наймаў баб капаць бульбу, малацілку мае і жыўнасці рознай шмат.

– Куды высяляць? – удакладніў Міхалка.

– Ніхто не ведае. Але маюць намер усё забраць і перадаць у калгас.

– Вось гэта ўлада! Спачатку самых багатых абабралі, цяпер за сялян узяліся.

– Калі твае бацькі не запішуцца ў калгас, іх таксама вывезуць. Папярэдзіў бы ты іх.

– Ці ж маці пераканаеш? Яна, мабыць, ніколі не пагодзіцца нешта аддаць.

– Дык забяруць жа гвалтам.

– Можа, толькі палохаюць?

– Надта сур’ёзна ўсё гэта казалася, неяк не да жартаў усім было. Чалавек дзесяць ужо запісаліся са страху.

Хрысціна назвала вяскоўцаў, які палічылі за лепшае ўступіць у калгас. Міхалка пасміхнуўся ў адказ:

– Дык гэтым няма чаго губляць, бедната беззямельная. Ім і ў калгас няма чаго аддаць, хіба апошнюю карову.

– Веня пра цябе пытаўся, калі ў калгас пойдзеш. Я сказала, што ў цябе дактары знайшлі сухоты, ён і змок, быццам страціў цікавасць.

– Дзіва што. Ведаюць, што з гэтаю хваробаю людзі доўга не жывуць.

– Ты будзеш жыць, Міхалка! Нельга, каб Бог забраў бацьку ў дзяцей. Хутка ж і трэцяе з’явіцца, – прамовіла Хрысціна, і вочы яе напоўніліся слязьмі.

– Не плач, мо яшчэ трохі пажыву, – усміхнуўся ён у адказ.

12

Міхалка выправіўся да бацькі, каб пагутарыць з ім і расказаць пра ўсё, што чула Хрысціна на сходзе. Няспешна пайшоў па гары, шчодра зазелянелай з майскім цяплом, нават на доле там-сям рассыпаліся дробныя рамонкі. Дняпро разлёгся шырока і вольна, заўсёды прыцягваў да сябе позірк, палоніў душу прыгажосцю. Забываліся ўсе горкія думкі, цяжкія прадчуванні, непазбежныя і нежаданыя перамены. Бацьку сустрэў нечакана. Той нёс з-пад гары такі агромністы пук лазы, які хіба толькі канём можна было вывезці.

– Добры дзень, тата, – павітаўся Міхалка, падаў руку.

Бацька скінуў пук з плячэй, паціснуў сынаву руку, аддыхаўся.

– Навошта такія вялізныя пукі носіш? Я спачатку падумаў, што нехта канём едзе.

– Па звычцы, сіла пакуль ёсць. Куды ты сабраўся?

– Да цябе ішоў, каб сказаць навіну. Ты ж учора не быў на сходзе?

– Чаго я пайду да тых галадранцаў? Няхай больш працуюць і меней языкамі мелюць, дык усё ў іх будзе.

– Новая ўлада жартаваць не будзе. Цябе таксама ў кулакі запісалі. Могуць усё забраць, а сям’ю вывезці за свет вочы.

– Чаго гэта раптам? – здзіўлена зірнуў Мірон на сына.

– Кажуць, такая лінія партыі: у сялян забраць усё, што маюць, і стварыць калгас, а калі хто з багацейшых заўпарціцца, дык тых будуць вывозіць у Сібір. Такія справы, тата.

– Якое ж у мяне багацце?

– Дзве каровы, два кані – у іхнім разуменні ўжо зашмат. Дзве хаты маеш: старую і новую. Адну тэрмінова трэба разбіраць, бо лепшую могуць забраць. Думай, тата, што рабіць мусіш.

– Старую хату разбяру, няма нічога лягчэйшага. Толькі мне цікава, мо і ты ў той калгас сабраўся?

– Калі б я і сабраўся, дык мяне не возьмуць, – адказаў Міхалка і закашляўся.

– Чаму гэта? – здзівіўся бацька.

– Сухоты ў мяне, тата, хвароба невылечная. Працаўнік я ніякі.

– Скуль ты ўзяў? – насцярожана спытаў Мірон.

– Учора ў доктара быў. Лекаў ад гэтай хваробы няма, кажуць, трохі барсучы тлушч памагае, а больш нічога.

– Як жа так выйшла? Дзе ж ты дастаў гэтую хваробу?

– Сам не ведаю. Зімою, калі дровы вазіў, быццам прастудзіўся, дык да гэтага часу кашаль не сціхае.

– Дык Аляксей наш таксама кіхікае, а мы і ўвагі не звяртаем.

– Завязіце яго да доктара, мусіць, і ён гэтую цацку зарабіў.

– Але дзе?

– Ці ты не помніш, колькі мы па людзях хадзілі, што елі, дзе начавалі, колькі ў халодных калодзежах сядзелі! Гэтая хвароба не ў адзін дзень выяўляецца, можа нават некалькі гадоў прайсці, а пасля пачне чалавек кроўю харкаць, як я цяпер.

– Што рабіць думаеш?

– Трэба шукаць барсучы тлушч. Да Хадоскі ці Гарпіны наведацца хачу, мо там які паляўнічы знойдзецца.

– Ведаеш, мы з маці збіраліся дачок праведаць, я сам распытаю там у людзей, што ды як. А ты мацуйся, сын, у цябе дзеці, сям’я, трэба жыць. Можа, да нас зойдзеш?

– Не варта, зноў маці будзе лаяцца. Скажы, тата, Аляксею няхай забяжыць да мяне, пераканаю яго, каб да доктара пайшоў. Калі ён акажацца здаровы, мне будзе спакайней, бо ягоная хвароба на маім сумленні, гэта я цягаў яго скрозь з сабою. А я, можа, гэтую хваробу яшчэ на вайне зарабіў, калі газам труцілі. Хто ведае?

– Не бяры на сябе гэты цяжар, у кожнага свая доля, яе і на кані не аб’едзеш.

– Дзякую, тата, будзь здаровы, рады быў пабачыцца, пайду я.

Праз колькі дзён прыйшоў да Міхалкі Аляксей. Хрысціна на той час палола грады, каля яе на агародзе былі і дзеці. Гаспадар ляжаў на печы і кашляў.

– Быў я ў доктара. Апанавала нас з табою аднолькавая хвароба. Я і не ведаў, што такія страшныя захворванні ёсць на свеце, – сказаў брат.

Міхалка злез з печы, павітаўся з Аляксеем за руку, спытаў:

– Як пачуваешся?

– Кашляю, пацею, але не звяртаў на гэтую немач увагі. А цяпер, калі доктар сказаў, што і ў мяне сухоты, дык розныя думкі ў галаву лезуць.

– Ці ездзіў бацька да сясцёр?

– Ездзіў і шукаў той тлушч, але нічога не знайшоў. Адзін дзядзька яму сказаў, што барсука трэба забіць перад зімой, калі ён яшчэ спаць не залёг, тады ён найбольш тлушчу мае. Але ж тых барсукоў вельмі мала, так што надзеі няма ніякай нам падмацавацца тым тлушчам.

– Бяда, – са скрухай прамовіў Міхалка.

– Той дзядзька казаў, што для нашай хваробы падыдзе тлушч усялякіх дзікіх жывёл, якія спяць зімою, напрыклад, вожыкаў. Яны таксама назапашваюць тлушч на час спячкі.

– Дык у нас пад гарою процьма вожыкаў жыве, – узрадавана прамовіў Міхалка.

– Няўжо ты зможаш есці вожыка? – здзівіўся Аляксей.

– А што? Абсмалю і ў печы засмажу…

– Гэта ж гідота! Лепш памерці, чым такое паскудства есці, – упарта прамовіў брат.

– Мне нельга паміраць. У мяне двое дзетак, хутка трэцяе з’явіцца. Што Хрысціна адна з імі будзе рабіць? Як падумаю, што яе чакае, дык зямлю гатовы есці, каб толькі не пакідаць адну.

Паслухаў Аляксей брата і суцешыўся, што не мае ён ні жонкі, ні дзяцей, а таму няма чаго асабліва задумвацца пра гэтую хваробу, сама прыйшла, сама пойдзе. Няўжо яму, маладому ды здароваму, паміраць ад нейкіх сухотаў? Ды няхай ідуць яны лесам.

Міхалка доўга абдумваў пачутае і вырашыў, калі няма іншага выйсця, давядзецца есці вожыкаў, няхай яны спрахнуць. У тую ж ноч не ўспаўся, не давала спакою думка пра лекі. Вырашыў схадзіць на паляванне. Ведаў, што ўдзень вожыкі спяць, а ноччу выходзяць, заяўляюцца і на сядзібу, каб на сметніку падабраць што-небудзь ядомае. Устаў ціхенька сярод ночы, каб Хрысціну не пабудзіць, ускінуў на плечы світу, бо майскія ночы яшчэ халаднаватыя, выйшаў на гару, пастаяў, прыслухаўся. Недзе чуліся галасы. Гэта было дзіўна. Хто ў такі час можа размаўляць, хіба моладзь з вячорак вяртаецца ў суседнюю вёску. Наблізіўся да сваіх варот, выглянуў на вуліцу, убачыў, што каля Архіпавай хаты стаіць воз і нейкія людзі ходзяць. Насцярожыўся Міхалка: «Што ж гэта робіцца сярод ночы? Ці не рабаўнікі якія? Пайшоў у левы край свайго гарода, адкуль лепш было відаць Архіпаву хату, прысеў і сцішыўся за плотам. Заўважыў, што з вокнаў падае святло на вуліцу. Крыку ніякага няма. Падумалася, мо пазабівалі ўсіх, у Архіпа шасцёра дзяцей, трое дарослых жывуць асобна, астатнія з ім. Зноў пачуліся галасы, на вуліцу выйшлі два вайскоўцы. «Няўжо банда пераапранулася?» – сам у сябе спытаў Міхалка. Але праз колькі хвілін Архіп вывеў каня, запрэжанага ў воз. У паўзмроку разгледзеў Міхалка ягоную постаць. На возе ляжалі нейкія клункі. Услед пацягнуліся трое сыноў, моўчкі селі на воз, апошняй, галосячы, выйшла з двара гаспадыня. Нехта крыкнуў на яе:

– Молчать! Не на базаре!

Жанчына асеклася, села на воз, абхапіла галаву рукамі, глядзела на сваю хату і быццам закалыхвала боль.

– Паехалі! – загадаў нечый уладны голас.

Чацвёра незнаёмцаў ускочылі на вольны воз, усе скіраваліся ў бок Холмеча. Міхалка выйшаў з двара, правёў іх позіркам. Толькі цяпер зразумеў, што гэта ж Архіпа вывезлі з сям’ёй. Улада моцна трымалася ўзятага курсу, нішто яе не магло спыніць: ні слёзы, ні скаргі, ні просьбы.

Устрывожаны пабачаным, Міхалка страціў цікавасць да палявання, падаўся ў хату, але доўга не мог заснуць, задрамаў толькі пад ранне. Калі прачнуўся, Хрысціна абурана сказала:

– Ідзі, Міхалачка, паглядзі, што робіцца ў Архіпавай хаце.

– А што там робіцца? – спрасоння спытаў ён.

– Сельсаветчыкі расцягваюць гаспадарку, а Архіпа, кажуць, ноччу некуды вывезлі. Можа, нават судзіць будуць.

– За што? – здзіўлена ўскрыкнуў Міхалка.

– Нехта чуў, што той лаяў Савецкую ўладу. Бедныя Архіп, Параска і іхнія дзеці, як шкода людзей!

Міхалка не стаў расказваць жонцы, што бачыў ноччу, меней будзе размоў, але зразумеў, што трэба быць вельмі асцярожным, лішняга слова не казаць, бо з сухотамі апынуцца на поўначы ці ў Сібіры – самы горшы варыянт, таму сказаў Хрысціне:

– На ўсялякі выпадак нам трэба прыкінуцца недалёкімі і цёмнымі. Кажы ўсім, што я непісьменны, пра цябе ведаюць: ты заявы ўмееш пісаць, тут не падманеш. Да ўсяго ў мяне сухоты, гэтая хвароба шмат каго ў магілу звяла ў ваколіцах, таму, думаю, пакуль да нас чапляцца асабліва не будуць. Тым больш конь стары, і ўсяго ў нас багацця – маладая карова.

– Я ўсё зразумела. Сапраўды, трэба быць больш асцярожнымі.

– Асабліва табе, вунь ужо пуза да каленяў абвісла, а ты ўсё на градах сядзіш.

– А хто ж зробіць? Калінка дапамагае, але ж яна зусім яшчэ дзіця. Радзік нічога не разумее, толькі шкоду на градах робіць.

– Ураджай збірае, – усміхнуўся Міхалка. – Добры гаспадар будзе.

– Дай Бог…

– Цяпер шмат гаспадароў развялося, мала таго, што праз падаткі вымятаюць сялянскія засекі, дык яшчэ ноччу, як бандыты, налятаюць, жнуць, дзе не сеялі.

Міхалка нацягнуў шапку ніжэй на лоб і падаўся на вуліцу, каб паглядзець, што ж там робіцца ў двары Архіпа, як новыя ўладары чужое дабро разбіраюць.

Ücretsiz ön izlemeyi tamamladınız.

Yaş sınırı:
16+
Litres'teki yayın tarihi:
14 ağustos 2025
Yazıldığı tarih:
2025
Hacim:
311 s. 2 illüstrasyon
ISBN:
978-985-581-737-7
İndirme biçimi: