Kitabı oku: «Зграя», sayfa 9
14.
Лена прачнулася і пабачыла Максіма. Ён скруціўся абаранкам і спаў на кушэтке побач. Яго вусны варушыліся. Дзяўчына заўважыла, што хлопец паспеў пераапрануцца і набыў для яе яблыкаў і бананаў з сокам. Апошняе, што яна памятала з учорашняга дня – як хуткая везла яе ў аперацыйную. А потым сон.
Макс заварушыўся і адкрыў вочы:
– Добрай раніцы, Лена.
– Прывітанне, мой герой.
Яна пасміхнулася і пра сябе адзначыла: “Сапраўды герой. Ён перамог іх. Усіх траіх. Аднаго нават забіў”.
– Па твары бачу, хочаш спытаць пра ўчорашняе. Але… Не ведаю, што сказаць. Я быў вельмі злы, таму не ўсведамляў нічога.
– Ты ж забіў бялявага.
– Мабыць, так… Прынамсі, у гэтым сусвеце. Цела яго не ўставала, і нова ягалава не адрасла. Але астатнія збеглі.
– Думаю, турбаваць яны нас не будуць.
– Сапраўды ў гэта верыш? А як жа мая гісторыя?
– Нешта мне падказвае, што сваё жыццё ім даражэй, чым свет ваўкоў. Дарэчы, што там у іх адбываецца?
Максім апусціў галаву ў падлогу.
– Гісторыя скончана. Пачалася вайна.
– Адбылася бойка?!
– Не. Я пабачыў толькі пачатак, як белыя выйшлі з-за лесу, а шэрыя ваўкі чакаюць іх. Я прапусціў чатыры дні і не ведаю, што за гэты час адбывалася. Апосталы распавялі нейкія таямніцы, Акіра таксама, шчанюкоў і старых эвакуявалі на якісьці востраў, з-за мора плывуць ваўкі…
Максім пераказаў сон.
– Макс, усё ж добра. Яны зрабілі, што маглі і сустракаюць ворагаў у найлепшым стане. Што цябе непакоіць?
– Лена, адкажы мне… Ты адчувала, што твая гісторыя скончана і трэба расказаць яе працяг?
– Так.
– На што гэта падобна?
– Быццам ты прачынаешся, а ў цябе адабралі самае дарагое і каштоўнае, што было. І невыноснае жаданне каму-небудзь расказаць пра тое, што згубіла. Трымалася колькі магла, а потым прыйшла ў кавярню, пабачыла цябе і вырашыла – ён наступны. А чаму ты пытаешся? Таксама адчуваеш нешта падобнае?
– У тым і справа, што не. Мне падавалася, што бойка і будзе маёй гісторыяй. Усё прадумаў наперад. Прыйдуць белыя ваўкі і я раскажу, як яны прайгралі, як іх целы завалілі ўсё поле і шэрыя тры тыдні запар закопвалі іх, каб пазбегнуць хвароб… Усю гісторыю ў галаве пракруціў некалькі разоў з дэталямі. І што? Я нічога не адчуваю. Нічога, разумееш? Вайна з белымі пройдзе без мяне. Не ведаю – ці яны заб’юць Суу-Ардун, ці Гаўл нешта сам выдумае, але без мяне.
– Максім, можа, яшчэ не час?
– Я думаў пра гэта, але мая гісторыя неразрыўна звязана з Гаўлам і Суу-Ардун. Бо ў кожным сне я бачыў гэтага ваўка і гэту зграю. А калі яны загінуць, то…
– А раптам перамогуць?
– Так не лепш. Пра што мне тады расказваць? Гісторыя ж скончыцца.
– Гісторыя ніколі не скончыцца.
Максім паглядзеў на Лену і пагладзіў яе па валасах.
– Ты цудоўная дзяўчына, Лена. Без цябе я б не здолеў нічога зрабіць. А зараз адпачывай. Мне трэба дадому.
***
– Што рабіць? Час сыходзіць. Калі не заўтра, то праз дзень ён стане апавядаць. Мы будзем чакаць?
– Так. Час – наша зброя.
– Дазволіш яму расказаць сваю гісторыю?
– Магчыма.
– Мы не можам гэта зрабіць. Ён забіў аднаго з нас. І ты не адпомсціш?
– Не.
– А калі шэрыя перамогуць?
– Яны не перамогуць. Нават самая вялікая іх перамога будзе нязначнай для ўсёй гісторыі. Мы дабіліся такіх поспехаў, што лёгка вытрымаем адну паразу. Да таго, я вельмі сумняюся, што нават з усёй падрыхтоўкай іх тысяча здолее што-небудзь зрабіць з дзесяцю тысячамі нашых братоў.
– Ты не бачыў яго сны і не ведаеш, што зараз адбываецца ў тым сусвеце.
– І што яны маглі прыдумаць супраць нас? Хутка нарадзіць і выхаваць яшчэ пяць тысяч шчанюкоў? Не, а таму маўчы і слухай. Мы пачакаем, пакуль усё скончыцца. А далей ён усё роўна раскажа тое, што дазволіць яму сказаць гісторыя. І мы. Для гэтага неабавязкова лезці са сваімі прапановамі ды ідэямі. І не забывай пра законы гэтага сусвету. Тое, што адбылося паміж намі незаўважным не пройдзе. Хутка гэты апавядальнік апынецца ў пастцы.
Дзіўнаватая пара, лысы і чарнявы, сядзелі на дзіцячай пляцоўцы і перамаўляліся. Абодва трымалі ў руках кіі.
***
Максім сядзеў на прыступках бальніцы і смаліў. Звычка, ад якой ён пазбавіўся ў падлеткавым узросце, вярнулася. Яна не давала хлопцу звар’яцець. Выратаванне праз павольнае самагубства.
Наста, Філіп, Лена… Усе яны – яго ахвяры. На шчасце, апошняя засталася жывой. А трэба было проста пагадзіцца. Сказаць: “Згодзен”. Так гаварылі на працягу тысяч гадоў мільёны чалавек. Нягледзячы на сваю нязгоду яны сціскалі вусны і прамаўлялі: “Я згодзен”. Усё, каб выратаваць тых, каго яны любілі.
“Я не мог. Інакш ператварыўся б у забойцу разумнай расы са сваімі традыцыямі і культурай”– запэўнівала свядомасць. А падсвядомасць нашэптвала: “А хто такія гэтыя ваўкі? Навошта яны табе патрэбны, як іх жыццё звязанае з табой і іншымі людзьмі? Ты дурань, які думае, што абраны героем. А насамрэч – звычайная дрэнь. Іншыя праз цябе гінуць. Змагайся далей і пабачыш яшчэ больш болю. Ты наогул упэўнены, што тыя ваўкі існуюць? Можа гэта масавая галюцынацыя? А тая троіца таксама сніць сны і верыць у сваю праўду? Ці гэта вірус, які захоплівае мазгі? Табе трэба ісці да доктара, легчы ў Навінкі. Там дапамогуць, выратуюць. І ты нікому не нашкодзіш”.
***
Максім вярнуўся ў палату праз тры гадзіны, весела пасміхаўся і жартаваў. Лена смяялася разам з ім. Для дзяўчыны ваўкі і бессмяротная троіца падаваліся вясёлай прыгодай.
Міліцыянеры з’явіліся неспадзявана. Начапілі на Максіма кайданкі і вывелі. Ён не супраціўляўся і працягваў пасміхацца. Падчас затрымання Лене падалося, што ёсць у такіх паводзінахнешта вар’яцкае.
Калі канвой вывеў хлопца у палату зайшоў Угву Рыльке, бацька Лены. За гады працы ён ад звычайнага інжынера па харчовых пытаннях стаў дырэктарам харчовага камбінату з асабістым кіроўцам. Цёмны колер скуры ў гэтым пытанні яму не перашкаджаў, а ў некаторых выпадках дапамагаў. Бо яго лічылі замежнікам, у які жыве зусім па іншых прынцыпах.
– Лена, калі ласка, скажы, як ты звязалася з гэтым чалавекам?
У яго голасе не было асуджэння ці прыніжэння. Ён сапраўды хацеў ведаць.
– Папа, ён добры…
– Дачка, учора гэты хлопец прастрэліў табе нагу. Міліцыя так і не змагла даведацца, каму належыла гэтая стрэльба. Імя чалавека няма, ёсць толькі адрас – нейкая старая хата на Грушаўцы. Там адшукалі адбіткі твайго сябра і сляды пораха.
– Усё не так, папа. Выратуй яго.
– Лена, ён жа страляў у цябе, як ты не разумееш? А таму павінен несці адказнасць. Скажы мне, справа ў наркотыках? Калі так, мы пакладзем цябе ў клініку. Усё будзе добра. Ці можа… Ты ад яго зацяжарыла? Гэта мы таксама вырашым.
– Як вырашым, папа? Аб чым ты гаворыш? Дай мне падняцца, не трымай!
– Дык гэта праўда дзіця?
– Няма ніякага дзіця. Я нават не спала з ім ні разу. Проста… Ты не зразумееш.
– Ты сама ўсё ўскладняеш. Застанешся тут, а потым паедзеш да нас з мамай. Будзем жыць разам. І не думай уставаць з ложка. Каля палаты будзе сядзець мой чалавек. Па ўсіх пытаннях звяртайся да яго.
***
Максім вярнуўся ў СІЗА. Міліцыянеры, якія ўдзельнічалі ў затрыманні, палічылі яго вар’ятам і рэкамендавалі накіраваць у іншае месца.
“У гэтым ёсць нешта іранічнае. І тыдня не прайшло, як мяне зноў кінулі за краты. Абодва разы справядліва. Спачатку за забойства Насты, а цяпер з-за Лены. Трэба, каб яшчэ і за Філіпа некалькі гадоў да сроку дадалі. І збегчы на гэты раз не атрымаецца. Адваката няма, а троіца не стане дапамагаць. Яны, мабыць, і рады. Адно дрэнна – сваю гісторыя прыйдзецца расказваць якому-небудзь зэку”.
Макс адказаў на пытанні следчага і павялічыў свае шанцы патрапіць у Навінкі. Расказаў усю праўду – і пра ваўкоў, і пра троіцу, і пра Насту, і пра гаспадара стрэдьбы – Філіпа. Міліцыянеры на ўсялякі выпадак праверылі па сваіх базах, але не знайшлі такога чалавека. Максіма абмацюкалі пакінулі аднаго.
Воўчы сон
З-за лесу з’явіліся белыя. Выйшлі на вялікую прагалу, падзеленую на дзве часткі драўлянай сцяной з парубленых дрэваў. Іх было шмат. Гаўл да гэтага моманту не ўяўляў такога відовішча. Яны рухаліся павольна і не спяшаліся. Звыклыя да перамог з асалодай чакалі новай бойкі.
Пачулася кароткае завыванне, трэск дрэва, і катапульты, шырока размахваючы сваімі хвастамі, кінулі ўверх сотні камянёў – ад малых, памерам з воўчы нос, да вялікіх, якія ваўкам прыходзілася несці ўпяцярох. Белыя таксама пачулі новыя, дзіўныя гукі. Не толькі трэск дрэва, але і свіст паветра, якое разрывалі каменныя знарады. Аднак яны не глядзелі ўверх, а працягвалі гэтак жа ісці наперад, да прыемнага водару сваёй ежы.
Камяні абрушыліся зверху, ламаючы хрыбты, прабіваючы галовы, пераломваючы ногі. Маленькі каменьчык, які ўтварыўся ў паветры ад сутыкнення двух вялікіх валуноў, патрапіў аднаму з белых у вока, прабіў яго і пацэліў у мозг. Яшчэ некалькім ваўкам прышчаміла камянямі хвасты. Прыкаваныя да зямлі, яны працягвалі рабіць крокі наперад. Нават тыя, хто не маглі ісці, валачыліся ўслед за сваімі. Пасля таго, як апошні знарад упаў на зямлю, чарговае кароткае завыванне ўзняла ў неба другую партыю камянёў.
Гаўл назіраў за гэтым без радасці ці ўпэўненасці. Не менш за шэсць дзясяткаў белых назаўсёды засталіся ляжаць на зямлі. Іншыя і не заўважылі гэтага. Працягвалі ісці наперад, наступаючы на сваіх памрелых, не дапамагаючы параненым.
Па разліках генерала, катапульты павінны былі страляць на працягу ўсяго боя. Бо белых было так шмат, што калі першыя пачнуць пераскокваць роў, апошнія яшчэ не выйдуць з лесау
***
Прарок намаляваў схему катапульты на адным са сваіх скруткаў, але ніколі не спрабаваў яе сабраць. А Вый-Кло не мелі ніводнай магчымасці выкарыстаць сваю зброю. А атму ніхто не чакаў з якімі наступствамі прыйдзецца сутыкнуцца.
Дзясяткі ваўкоў, у асноўным старых, а таксама трохгодкі, падносілі камяні да катапульт. Іх спіны, на якія нагружалі мяхі, сцёрліся да крыві. А ваўкі, якія гэтыя самыя мяхі пераносілі ў мятальныя лыжкі, павыдзіралі са сваёй пашчы не адзін зуб. Яны працавалі як маглі хутка.
Другі стрэл адбыўся адразу пасля першага, а паміж другім і трэцім узнікла невялічкая паўза. Паміж трэцім і чацвёртым яна стала больш. Да пятага стрэлу яна магла зацягнуцца на некалькі хвілін, а на дзясятым ваўкі пачнуць падаць і паміраць.
– Перапынак, усім адпачываць адну хвіліну, – скамандаваў апостал.
Ваўкі ляглі на зямлю. За хвіліну нічога страшнага не павінна здарыцца. Адна хвіліна кожныя тры стрэлы. Так яны пратрымаюцца дольш.
***
Праз некалькі хвілін пасля з’яўлення ваўкоў на прагале, пачуўся новы ваўчыны загад. Другі апостал камандаваў стралкамі і цяпер насустрач белым ляцелі доўгія завостраныя трэскі, якія з вялікай хуткасцю лёгка пранізвалі тоўстую поўсць і скуру белых.
Каля кожнага лука стаяла тры ваўка. Двое трымалі зброю, а трэці браў у зубы стралу, устаўляў яе ў цеціву, нацягваў і адпускаў. Апостал глядзеў куды трапляюць стрэлы праз сваю трубку з чароўнымі шкельцамі, якія маглі набліжаць ці аддаляць выявы. І камандаваў:
– Падняць лукі вышэй.
Праз пяць стрэлаў ваўкі мяняліся месцамі. Той, хто страляў, хапаў адзін канец лука, а той, хто трымаў, сам нацягваў цеціву. Усе рабілі стрэл сінхронна і ў паветра адначасова ўзляталі шэсць дзясяткаў стрэл.
Адзін з ваўкоў завішчэў. Ён дрэнна ўзяў стралу і цеціва адрэзала яму кончык языка. Няўдальца накіравалі да лекара, а яго месца заняў адзін з вайскоўцаў з шаломам на галаве.
Стрэлы ляцелі над галавой Гаўла. Бойка ішла па яго сцэнары. Белыя ваўкі паміралі, гублялі магчымасць хадзіць. А шэрыя заставаліся жывымі. Генерал лічыў колькасць забітых. Атрымоўвалася, што за паўгадзіны загінула не менш шасцісот ворагаў – вельмі добры вынік. Нават лепшы, чым ён мог уявіць. Але іх заставалася вельмі шмат.
***
Акіра, як і іншыя ваўкі яе арміі, не бачыла белых з-за высокага вала. Яна стаяла сярод першых, у дваццаці кроках ад чорнага рова і чакала сваёй чаргі. Стралкі заб’юць шмат ворагаў, у гэтым яна была ўпэўнена. Аднак асноўны бой будзе за імі. Яны будуць забіваць і паміраць.
“Дзякуй Стыр-Калі за вынаходніцтва атруты для поўсці. З ёй я не буду шкадаваць, калі мяне заб’юць, бо пасля памрэ кожны белы вырадак, які паспрабуе мяне на смак”.
Адзін з Апосталаў назваў гэта “пасмяротнай помстай”. Калі яны ўсе загінуць і белыя пачнуць жэрці іх целы, то ўсе загінуць і далей не пройдуць.
Акіра не баялася бойкі. Яна ведала, што тут ім не перамагчы. Трэба будзе адступаць да горада і там змагацца да апошняга. “Уся надзея на Гаўла, на яго мазгі і планы”. Думаючы пра важака Суу-Ардун Акіра апусціла галаву, нібы капіявала свайго каханага.
“Мы вельмі зблізіліся. Так нельга рабіць ваўкам розных зграй. Будзе лепш, калі нехта з нас загіне падчас гэтай бойкі. Інакш я не ведаю, што рабіць”.
Гэтыя думкі пераследавалі ваўчыцу. Як каралева яна ў першую чаргу павінна была думаць пра сваю зграю, а не пра нешта асабістае. Але не магла адкінуць думкі пра важака Суу-Ардун.
“У нашай зграі яго б забілі пасля нараджэння. Бо такія не могуць прынесці пользы. А зараз я сама гатова шкадаваць кожнага шчанюка ў надзеі, што адзін з іх стане такім жа, як Гаўл. Відаць, мне прыйдзецца змяніць Ачын, калі мы пераможам. Зноўку, услед за сваёй маці, ламаць традыцыі”.
Акіра кінула погляд на памост генерала. Гаўл глядзеў наперад. Побач з ім вярцеліся шчанюкі. За бой ён яшчэ не перадаў ніводнага загаду. “Відаць, усё ідзе так, як было задумана. І калі мы выжывем, і ён і я…”. Ваўчыца з цяжкасцю задушыла пачуцці шчасця і чакання ў сваёй душы.
***
Белыя запаволілі ход. Перашкаджалі шматлікія целы, якія былі раскіданы па ўсёй прагале. За дзесяць крокаў ад валу яны быццам упершыню пабачылі гэту земляную сцяну, створаную за месяц ваўкамі чатырох зграй. Для белых яна была не надта высокая – яны маглі пераскочыць яе з разбегу. Уперад скокнулі не менш за сем дзясяткаў ваўкоў. Адзін з іх быў паранены і не змог высока ўзняцца ў паветры, урэзаўся пысай у вал і пакаціўся ўніз. Астатнія пераскочылі і трапілі ў роў з укапанымі каламі. Перабрацца здолелі толькі двое. Да першага, з двумя стрэламі ў спіне, падскочыла Акіра. Яна лёгка праслізнула пад яго жывот і з імпэтам утыркнула рог са свайго шалома ў жывот ваўка. І гэтак жа хутка выбегла з-пад яго. Тры шэрых з яе фланга ўрэзаліся ў ворага і спіхнулі ў роў. Ён упаў на самае дно і, перамазаны ў чорнае, працягваў целяпацца, губляючы кроў.
Другога ваўка, які вбыраўся на іншым фланзе, сустрэў Аўчылак. Пяцёра шэрых схапілі белага за поўсць і трымалі, пакуль галоўнакамандуючы зубамі, каб не шкодзіць шалом, разгрызаў яго жывот. На зямлю вываліліся вантробы, пасля чаго белага таксама кінулі ў роў.
Гаўл наглядаў за двума першымі сутычкамі з не меншым задавальненнем, чым да гэтага за трапнымі стрэламі катапульт і стралкоў. Па яго падліках – не менш за тысячу белых забіта. Яшчэ столькіх ж павінна быць паранена. І зараз надыйшоў момант асноўнай бойкі.
Белыя массава пераскоквалі праз вал і валіліся ў яму з доўгімі каламі, нанізваючыся на іх сваімі целамі. Пяць хвілін не прайшло, як роў запоўніўся мёртвымі і параненымі белымі. Тых, хто выбіраўся, хутка забівалі.
“Самы момант выкарыстаць таемную зброю”. Гэта быў першы загад, які ён перадаў аднаму са сваіх малых кур’ераў – “Запальвай”. Той памчаўся да старога ваўка каля вялікага вогнішча, раскладзенага паміж двух флангаў, і перадаў тое ж слова: “Запальвай”.
Стары, адзін са зграі Вый-Кло, выцягнуў галавешку і кінуў яе на чорную пляму пад сваімі нагамі, над якой хутка ўзнялося полымя. Яно панеслася па чорнай вадкасці ўперад, да самага рову з каламі, ўсё дно якога было заліта гэтай бруднай вадкасцю.
***
Углядаючыся ў агонь, які павольна паўзе да месца бойкі, Гаўл успомніў як Апосталы расказалі пра гэты новы від зброі.
– Уладар, мы называем гэту вадкасць чорнай вадой. Прарок не вынаходзіў гэта, ваўкі Вый-Кло ведалі пра яе існаванне шмат дзесяцігоддзяў да яго нараджэння. На тэрыторыі нашай зграі ёсць некалькі месцаў, дзе яна выходзіць на паверхню з зямлі. Мы выкарыстоўваем яе ў лекаванні і для сваіх абрадаў. Адна з асаблівасцей чорнай вады – яна гарыць.
– Ты хочаш сказаць, што гэта вадкасць гарыць як дровы?
– Не так. А ў шмат разоў лепш. Гаўл. Яна густая, а таму і цячэ не так добра, як звычайная вада. Але ёй можна абліваць поўсць белых ваўкоў, а потым падпаліць іх
– І колькі ў вас ёсць гэтай чорнай вады?
– Столькі, колькі табе будзе патрэбна.
– Дзякуй, Апостал. У мяне ёсць план, як выкарыстаць яе.
***
Полымя, спачатку нябачнае, вырвалася на волю і ўзнялася вышэй вала. Поўсць белых ваўкоў гарэла з такім імпэтам, што нават тыя, хто трапляў у роў не на калы, а на целы памерлых, адразу ўзгараліся і імгненна паміралі.
Навала спынілася. Упершыню з таго моманту, як белыя выйшлі з лесу, яны зрабілі нешта разумнае. Стаялі ў дзесяці кроках ад вала і пазіралі на языкі вогнішча, якія ўздымаліся ўверх.
– Агонь, яны баяцца агня! – разуменне гэтага факта адначасова было шчаслівым і няшчасным для Гаўла. Калі б ён мог ведаць пра гэтую слабасць сваіх ворагаў раней, бойка была б куды прасцей, асабліва з сакрэтамі Апосталаў. Яны маглі б перамагчы без адзінай смерці.
Камяні і стрэлы працягвалі лётаць над ваўкамі, забівалі дзясяткі, калечылі сотні белых. А яны не зважалі на гэта. Стаялі і чакалі. Гаўл сачыў, як аднаго з ваўкоў наскрозь прабіла страла, ён паваліўся на зямлю. А яго браты па не зірнулі на гэта і на яго мёртвае цела стаў іншы белы воўк.
Чорная вада хутка згарэла, агонь стаў меншым і трымаўся толькі на целах мёртвых. Апосталы-камандуючыя катапультамі і стралкамі далі перадых сваім падначаленым.
Цішыня, якая ўтварылася на месцы бойкі, уражвала сваёй гучнасцю. Чаканне непапраўнага зацягвалася. Напружанне стала невыносным.
Белыя пачалі разбег. Першыя з іх пераскочылі вал і трапілі ў раскалёны роў, на косткі сваіх братоў. На іх галовы скокнула наступная хваля наступаючых. І калі яма запоўнілася, яны сталі вылазіць. Ззаду зноў пасыпаліся камяні і паляцелі стрэлы. Акіра завыла і кінулася на ворагаў. Тое ж зрабіў Аўчылак. Пачалася сапраўдная бойка.
15.
Нага балела, але Лена магла хадзіць без дапамогі мыліц. Яна хацела збегчы з бальніцы, каб хоць неяк дапамагчы Максіму. Сёння з раніцы дзяўчына два разы тэлефанавала бацьку, аднак той адмаўляўся размаўляць. Казаў, што Макс сапраўдны вар’ят – вярзе ў міліцыі пра паралельныя сусветы ды разумных ваўкоў. І хутка яго адвязуць у Навінкі.
“Відаць, Максім вырашыў усім расказаць праўду і не думае пра будучыню. Стаў жыць з ваўкамі. Скончылася яго гісторыя, або не? Калі ўчора ён бачыў, як белыя выйшлі з лесу, то сёння павінна была адбыцца бойка. І, магчыма, вядомы пераможац”.
У палату зайшоў доктар:
– Спадарыня Рыльке, вам рана ўставаць з ложка. Кладзіцеся назад. Паспееце нахадзіцца на фізіятэрапіі.
– Калі мяне адпусцяць, доктар?
– Калі будзеце здаровы, тады і адпусцім. А пакуль кладзіцеся. Лепш самі, а то паклічу санітараў з заспакаяльным.
– Не, не трэба.
– Вось і добра. Давайце паглядзім на вашу нагу.
Доктар расшнураваў повязь. Вышэй калена нага была пранізана невялікімі адтулінамі. “Дзякуй богу, што ў мяне няма трыпафобіі”, – падумала Лена, гледзячы на такую “прыгажосць”.
– Заражэння няма. Раны загойваюцца добра. Баліць?
– Калі спрабую хадзіць, а так не.
– Дык не хадзіце пакуль не загоіцца. Інакш раны раскрыюцца і лячэнне будзе змарнавана. Мы сорак драбін з вас выцягнулі. Не спяшайцеся збягаць адсюль. Рэабілітацыя зойме некалькі тыдняў.
– Тыдняў?! Я не магу чакаць так доўга. Думала заўтра ці хаця б на выходных…
– Не, гэта немагчыма. А цяпер адпачывайце.
Доктар сышоў. Лена зразумела, што яе роля ў гісторыі Максіма скончана. Яна ніяк не дапаможа яму ў бойцы з троіцай.
***
Максім ляжаў на нарах адзіночцы. Хлопца хвалявала толькі два пытання: па-першае, чаму яго дагэтуль не перавялі ў агульную камеру, а па-другое, чаму бойка з белымі ваўкамі не скончылася ва ўчорашнім сне. І Макс не адчуваў, што гісторыя скончана.
“Быццам шэрыя вырашылі самастойна перамагчы белых, без майго ўдзелу. Калі так, то добра. Але ж ці значыць гэта, што да канца жыцця я буду бачыць пра іх сны. Спачатку гэта было цікава, але зараз – невыносна”.
Дзвер камеры адчынілася і ўнутр зайшоў малады міліцыянер:
– Строцаў, на выхад.
“Вось і пераезд”, – Максім падняўся, выйшаў з камеры, пачакаў, пакуль на яго руках зашпіляць кайданкі і пайшоў за міліцыянерам у кабінет следчага. “Відаць, яшчэ раз хочуць, каб я ім казкі парасказваў. Можа, спадабалася? А раптам я такім чынам зраблю аднаго з іх апавядальнікам?”.
У кабінеце не было следчага, а за яго сталом сядзеў высокі цёмнаскры мужчына з сівымі валасамі.
– Сядайце, Максім. Мяне клічуць Угву Рыльке. Ведаеце, хто я такі?
– Думаю родны Лены.
– Так, я яе бацька. Следчы дазволіў перамовіцца з вамі, бо сам не ведае, што рабіць – ці выклікаць хуткую, ці правесці больш дасканалыя допыты, каб адбіць жаданне займацца сімуляцыяй. А вы як лічыце, што яму лепш выбраць?
– Не ведаю. Хай робіць, што хоча.
– Вы ж разумны чалавек. Навошта расказваць брыдоту пра ваўкоў? Калі б і хацелі падмануць, то маглі лепшае што прыдумаць. А то паралельныя сусветы, ваўкі…
– Я вырашыў нікога не падманваць. Не хачу выдумваць, як вы сказалі, брыдоту. Калі мая праўда падаецца несапраўднай, то рабіце са мной усё, што заўгодна. Падманваць не буду.
– І ў цэнтры гэтай гісторыі з ваўкамі знаходзіцеся вы, як галоўны герой. Ведаеце, Максім, вы не падобны на героя.
– Я пра гэта думаў. Але гісторыя сама абірае сваіх герояў. Напалеон таксама не быў прыгажуном.
Угву дастаў цыгарэту і засмаліў.
– З вамі цяжка размаўляць. Не трэба было мне прыходзіць. Адкажыце – якім чынам Лена паверыла ва ўсе гэтыя казкі.
– Бо сама іх расказвала.
Мужчына пасміхнуўся.
– Давайце так. Я ўплывовы чалавек. Магу дамовіцца, каб вас выпусцілі, забяру заяву з міліцыі. Зможаце жыць як пажадаеце. Аднак выканайце просьбу – забудзьце пра Лену. Што б там паміж вамі не адбывалася– каханне, ці агульнае памяшанне.
– Дык засадзіце мяне ў Навінкі на ўсё жыццё і праблема вырашана.
Рыльке дастаў з пінжака сурвэтку і працёр лоб.
– Максім, вы чулі калі-небудзь пра комплекс Рамэо і Джульеты? Чым больш змагаешся за тое, каб каханыя не бачылі адзін аднаго, тым больш іх цягне быць разам. А я не хачу, каб яна кожныя выходныя бавіла ў вар’ятні. Таму цябе адпусцяць. І ты паабяцаеш, што калі Лена прыедзе, прагоніш яе.
– А калі не?
– У такім разе машына з Навінак ужо прыехала і чакае. Выбірай, зламаць свой і яе лёс, альбо працягваць жыць, як нармальны чалавек.
– Мне трэба падумаць.
– На гэта няма часу. Альбо зараз пагаджаешся, альбо едзеш да псіхаў. Вырашай.
Максім схапіўся за галаву. Ён ненавідзеў выбіраць. Сунічнае марозіва ці бананавае, гуманітарны клас ці фізіка-матэматычны, разумная Маша ці прыгожая Даша. Усё жыццё цяляпаўся пасярэдзіне і, як вынік, губляў усё. Бо ўсярэдзіне пустэча. Нават у гісторыі з ваўкамі, ён то вырашаў змагацца з троіцай, то ішоў на саступкі, то зноў ператвараўся ў крыжака. І нічога не мог парабіць з гэтай рысай характару.
Лена – адзіны чалавек, які мог зразумець яго пачуцці, выслухаць гісторыю пра ваўкоў. Першы яго сябар за шмат гадоў. Аднак і ў словах бацькі дзяўчыны быў сэнс. Ён нічога не атрымае, калі адмовіцца ад яго прапаноў. Лена застанецца невыносна далёка, а ён да канца жыцця будзе збіраць пазлы ды маляваць фігуры Роршаха.
– Я не ведаю, што рабіць.
– Тады я адкажу за цябе. Абяцай ніколі не бачыцца з маёй дачкой. Абяцай і ўсё скончыцца.
“Усё скончыцца? Нішто не скончыцца! Ваўкі б’юцца, двое з троіцы жывыя, а я ў пастцы”, – Максім засмяяўся. Чалавек насупраць не ведаў ні пра што і пры гэтым прымушаў зрабіць неверагодны выбар паміж вялікім і яшчэ большым няшчасцем.
– Чаго ты смяешся? Відаць, сапраўды звар’яцеў. Дамовы не будзе. Перадавай прывітанне псіхам.
Угву Рыльке выйшаў і праз хвіліну ў кабінет зайшоў следчы, даў хлопцу падпісаць нейкія паперы. Затым тры санітары пад рукі павялі яго да машыны.
***
– Тата, як ты мог такое прапаноўваць? Гэта… гэта дрэнна. Так нельга.
– Лена, я зрабіў усё, каб яму дапамагчы. Але ён вар’ят, а там дапамогуць. Упэўнены, праз два-тры гады выйдзе здаровы.
– А я хто? Таксама вар’ятка? Магу пацвердзіць кожнае слова Максіма. Гісторыі пра ваўкоў і троіцу чужых – праўда. Гэта я першая пабачыла сны пра іншы сусвет, гэта я падыйшла ў кавярні да Максіма і расказала яму ўсё. З-за мяне ён сярод вар’ятаў.
– Дачка, супакойся. Мы з тваёй маці зробім усё патрэбнае. Ноймем кваліфікаванага псіхолага…
– Ты мяне не чуеш. Я не пра сябе кажу, а пра Макса. Ён жа нічога не зрабіў дрэннага. Ён…
– Прастрэліў табе нагу, Лена. Не трэба кідацца на мяне.
– Тата, калі ласка, сыйдзі. Мне цяжка зараз бачыць цябе.
– Лена…
– Прашу цябе.
Лена, як толькі бацька выйшаў, падхапілася з ложка. Яна цвёрда вырашыла збяжаць і выратаваць Максіма, хай і не ведала як. У пакоі не было адзежы, а звонку сядзеў целаахоўнік, які наўрад ці дазволіць ёй выйсці. Дзяўчына падбегла да вакна – на вуліцы ішоў моцны дождж, а калі б яго і не было, яна б не здолела збегчы з пятага паверху. З-за бездапаможнасці Лена забілася ў кут і заплакала.
***
Пра адзіночку ў псіхіятрычнай лякарні можна было не марыць. Макса змясцілі ў агульную палату разам з адзінаццацю хворымі. Гэта былі спакойныя, ці, як іх празвалі санітары, бяспечныя псіхі. Адзін цэлы дзень стаяў тварам да сцяны, другі хадзіў ад дзвярэй да вакна і назад, нашэптваючы сабе пад нос дзіцячыя вершы. Трэці засоўваў палец глыбока ў нос, даставаў казяўкі і еў. Сусед Максіма злева ляжаў і чытаў “Братоў Карамазавых” Дастаеўскага.
Самым цікавым быў правы сусед. Яго звалі Андрэй, ён любіў сучасныя серыялы і выглядаў цалкам здаровым. Падчас размовы прызнаўся, што ляжыць у Навінках па сваёй волі. І робіць так кожныя шэсць месяцаў, бо на працы стрэс і калі не будзе адпачынку, то ён з глузду з’едзе.
– Цікавы ты абраў адпачынак у вар’ятні.
– А дзе яшчэ? Да сонца на поўдзень ехаць? Там заспакаяльныя мне калоць ніхто не будзе. Мне ж трэба каб мозг адпачываў, а не цела. А на курорце я ўсё роўна буду пра працу думаць. Таму і прыязджаю сюды.
– А што сям’я, жонка?
– Якая сям’я… Я ж кажу – адна праца ў маім жыцці. З васьмі раніцы да дзесяці вечара. А прыходжу дадому, хапае сіл толькі каб паваліцца і захрапець.
– А выходныя?
– Субота – працоўны дзень. А нядзеля – час, каб закрыць касякі.
– Кім жа ты працеш? Гэта ж парушэнне заканадаўства.
– У мяне свой бізнэс. Працоўны дзень доўжыцца дваццаць чатыры гадзіны. Але мне падабаецца. Пра адно шкадую – жыццё праходзіць, а ў ім нічога не адбываецца. А я ж не маладзею. Мне сорак пяць стукнула ў тым годзе. Адзіная радасць – серыялы.
– На іх часу хапае?
– Не, што ты. Я задаў сабе мэту – кожны дзень гляджу адну серыю. А ў суботу і нядзелю па тры. Так хоць нешта новае ў жыцці кожны дзень здараецца.
– Але ж не ў тваім жыцці.
Максіма выклікалі да галоўнага ўрача, прапісалі курс лекавання – таблеткі з незнаёмымі назвамі, расказалі пра рэжым, перадалі некалькі дакументаў на подпіс, папрасілі яшчэ раз пераказаць гісторыю пра ваўкоў і далі падпісаць іншы стос дакументаў. А потым, “на ўсялякі выпадак”, зрабілі ўкол з заспакаяльным і адпусцілі.
Пасля вяртання ў ложак Максім зразумеў, што яму ўкалолі не заспакаяльнае, а дрыму. Ён адключыўся.
***
Лысы сядзеў у кустах пад вокнамі палаты Максіма. Ён не ведаў, што адбываецца на планеце ваўкоў і хваляваўся з-за гэтага. І сёння ноччу, калі ўсе заснуць, вырашыў пра гэта даведаецца. Хай без згоды апавядальніка і пабачыць не ўсё.
У гэты ж час чарнявы стаяў каля бальніцы, дзе ляжала Лена і сачыў за ёй. Гэта было цяжка, бо не адчуваў дзяўчыну. Але ён прызвычаіўся – дастаткова было сканцэнтравацца.
Яны сачылі і чакалі свайго часу.