Kitabı oku: «Зграя», sayfa 2

Yazı tipi:

4.

Макс разглядаў у люстэрке чырвоныя адметкі на скронях. Пасля ўчарашняга здарэння ён праспаў больш дваццаці гадзін. З самай раніцы ён палез у сеціва, каб выстветліць, што гэта за гісторыя пра ваўкоў. І не знайшоў нічога. Запыты “гісторыя пра ваўкоў”, “белыя ваўкі” і нават “Суу-Ардун” нічога не далі.

“Відаць, незнаёмка выдумала брыдоту пра разумных ваўкоў. Але навошта гэтая троіца хоча пачуць ад мяне працяг? І які? І як яны зрабілі гэта?”

Хлопец дакрануўся да адмецін. Яны ўжо не балелі, але выглядалі так, быццам ён перажыў электрашокавую тэрапію.

За некалькі гадзін у сеціве Максім знайшоў толькі адну падказку – на форуме пра жывёл ананім распытваў пра злых белых ваўкоў з поўначы. Хлопец напісаў невядомаму паведамленне ў прыват і яны дамовіліся сустрэцца ў цэнтры горада.

“Да чаго дайшоў – спатканні незнаёмцам прызначаю”, – пасмяяўся сам з сябе Макс. На ўсялякі выпадак паклаў у заплечнік кухонны нож і выйшаў з кватэры.

***

Інтэрнэт-ананімам аказалася чатырнаццацігадовая дзяўчынка Ася са светлымі валасамі і блакітнымі вачамі. Яна сама падсела за столік Максіма.

– Ну прывітанне, ці што?

Хлопец не ведаў што адказаць, таму ў адказ кіўнуў галавой.

– Так і будзеш маўчаць? Калі так, то я пайду, –прамовіла яна з выклікам.

– Чакай, я пра ваўкоў хачу пагаварыць.

– Ведаю, ты пісаў. Інакш я б і не прыйшла да незнаёмага мужыка. Што хочаш ведаць?

– Ты пісала пра белых ваўкоў з поўначы. І яны мяне вельмі цікавяць.

– А я табе навошта? Ідзі да біёлагаў.

– Слухай, мяне цікавяць не звычайныя белыя ваўкі, а гісторыя… Гісторыя, як белыя ваўкі прыйшлі з поўначы і… І забілі астатніх ваўкоў.

Дзяўчына з палёгкай выдыхнула.

– Фух, дзякуй богу. А то мямліш нешта, я нават напружылася. Табе таксама нехта расказаў гэту казку?

– Так, а пасля…

– А пасля прыйшлі трое – чарнявы, бялявы і лысы. Прапанавалі расказаць працяг.

– Усё так. Скажы, што гэта за ваўкі такія і што мне рабіць? Як паводзіць сябе з гэтымі людзьмі.

– А я скуль ведаю, што гэта за ваўкі? Адно скажу – пагаджайся. Наконт грошай яны не падманваюць. Вось, глядзі, што я купіла, – Ася пакруціла ў руках новы айфон. – І яшчэ шмат чаго.

– І што трэба рабіць?

– Ды нічога. Воўчыя сны бываюць у цябе? Гэта і ёсць гісторыя. Не ведаю, пад гіпнозам яны бачацца, ці што… Мне сніліся дзён дзесяць, потым спыніліся. Тады троіца прыйшла. Сказалі, што я павінна знайсці незнаёмца і расказаць працяг маіх сненняў. Але не той, які захачу, а той, які яны скажуць.

– Каму ты расказала?

– Нейкай негрыцянцы з месяц таму. Яна сядзела на прыпынку, прыгожая. Я і вырашыла ёй дапамагчы. Упэўнена, пасля троіца і да яе прыходзіла.

– А далей?

– Далей не было нічога. Сны скончыліся, гэтыя зніклі.

– І што будзе са зграяй Суу-Ардун у канцы? Што яны загадалі расказаць?

– Хто такія Суу-Ардун? Я расказвала пра іншую зграю. Яна загінула. Ааа, – Ася шчоўкнула сябе па лобе. – Ты вырашыў, што я тваю гісторыю пераказваю? Усё не так – мы працягваем тое, што нам расказаў папярэдні апавядальнік. Не ведаю, як гэта працуе. Містыка нейкая… О, бачу да цябе прыйшлі “сябры”. Прабач, не хачу яшчэ раз сустракацца з імі. Бывай і памятай – з усім пагаджайся і ўсё будзе добра. І грошы атрымаеш, і сам цэлы застанешся.

Ася сышла і праз імгненне на яе месца сеў чарнявы з троіцы. Макс адчуў, што белабрысы з лысым стаяць ззаду.

– Табе нельга сустракацца з мінулымі апавядальнікамі. Іх час прайшоў, а твая гісторыя яшчэ не скончана. Вашы размовы могуць усё змяніць. А гэта дрэнна паўплывае на нашы дамоўленасці.

– Я хачу зразумець, што адбываецца. І хто вы такія…

– Не трэба нічога разумець. Ты сам адчуеш, калі прыйдзе час. Атрымаеш свае грошы, мы – сваю гісторыю. І ўсё.

– Хопіць з ім неньчыцца, – другім заўсёды пачынаў гаварыць бялявы. – Трэба правучыць, каб ведаў сваё месца. Тады і думкі дурныя ў галаву не палезуць.

– Не. Ён разумны чалавек, – мычанне лысага Макс мог бы пазнаць сярод тысяч іншых галасоў. – Ён усё зразумеў, так? А зараз нам трэба пабачыць працяг. Ты дазволіш?

Максім успомніў, як ён у мінулы раз пагадзіўся на такую прапанову і прачнуўся на наступны дзень.

– Не хачу!

Усхапіўся з месца і пабяжаў да бліжэйшага прыпынку. Троіца не кранулася з месца.

***

Максім памятаў, як троіца лёгка адшукала і зайшла ў яго кватэру з зачыненымі дзвярыма. А потым гэтак жа лёгка адтуль сышла, а дзверы так і не адчыніліся. Яны ведалі дзе ён жыве, значыцца ехаць дадому было нельга. Макс вырашыў схавацца атм, дзе яго ніколі не стануць шукаць.

Наста засталася жыць у кватэры, якую раней яны здымалі разам – аднапакаёвая хрушчоўка ў Серабранцы. Дзяўчына кінула яго за “абыякавасць” і “адсутнасць планаў на будучыню”. Як потым расшыфравалі гэтыя словы сябры, гэта азначала, што яна хацела замуж. А ён, ёлупень, не здагадаўся.

Пасля расставання яны працягвалі мець зносіны. Тры-чатыры разы на месяц спісваліся ў сацсетках, двойчы сустракаліся ў кавярнях, а аднойчы ў кіно пайшлі. Праўда, той раз скончыўся вялікай сваркай, бо Максім спрабаваў прасіць прабачэння і прапанаваў зноў сысціся. На гэта Наста запыталася: “А як ты бачыш нашы адносіны”. Ён і выпаліў першае, што ў галаву прыйшло.

– Будзем жыць так, як хочаш ты. Хочаш – ажэнімся, хочаш – як раней жыць будзем. Мне ўсё роўна.

– Значыцца, табе ўсё роўна на нашыя адносіны. Абы б жанчына была пад бокам і ежа на стале. Ідзі ты ў дупу!

Пасля яны два тыдні не спісваліся. Максім думаў, што на гэтым іх адносіны канчаткова пахаваны. Але цяперашнія абставіны вымушалі хапацца нават за такі варыянт.

Перад дамафонам Макс зразумеў, што не патэлефанаваў. І калі Насты не будзе дома, прыйдзецца бадзяцца па горадзе. На шчасце, праз два гудкі дзяўчына адказала.

– Слухаю, хто там?

– Наста, гэта я, Максім.

– Што табе трэба?

– Мне вельмі патрэбна твая дапамога. Калі ласка. Абяцаю, буду паводзіць сябе добра.

Маўчанне. Хлопцу падалося, што дзяўчына кінула слухаўку

– Добра, заходзь.

У пад’ездзе Макс адчуў, што вярнуўся дахаты – родны пах, знаёмыя зялёныя выцвілыя сцены, сарваныя паштовыя скрыні. Падняўся на трэці паверх, дзе ў дзвярах чакала Наста – дзяўчына, якую ён кахаў настолькі, што пасварыўся з бацькамі, сябрамі і амаль не кінуў вучобу. Здавалася, што цяпер ад тых пачуццяў нічога не засталося.

Яна стаяла ў хатнім халаце, непрычосаная і без касметыкі. Менавіта такой Наста падабалася Максіму больш за ўсё – сапраўднай і мілай.

– Прывітанне.

– Прывітанне. Нашто прыйшоў?

“Груба, нават не пасміхнулася. І глядзіць на мяне не са злосцю, як падчас сварак, а з абыякавасцю. Няўжо гэта і ёсць канчатак адносін?”

– Наста, мне трэба некалькі дзён пажыць у цябе.

– Што?! Ты з глузду з’ехаў? Не хачу я з табой жыць. Гэта нейкая методыка пікапераў, ці што?

– Калі ласка, мне пагражае небяспека. Ты – маё адзінае выратаванне.

– Дык едзь да маці ў Навінкі.

– У маці ды бацькоў будуць шукаць у першую чаргу.

– Ты думаеш у былых каханак шукаць не будуць?

– Гэтыя не будуць. Напэўна. Прабач, што я так прыпёрся. Мне сапраўды патрэбна дапамога.

– А што ты нарабіў? Забіў каго? Цябе міліцыя шукае?

– Не, не міліцыя. Я не ведаю хто. Бандыты нейкія, а чаму – не ведаю. Глядзі, што зрабілі, – ён рукойзадраў валасы і паказаў свае скроні з чырвонымі плямамі.

– Чым гэта яны?

– Не ведаю. Не памятаю. Але калі зловяць наступным разам будзе горш.

Дзяўчына з хвіліну глядзела на былога каханка.

– Добра. Сёння і заўтра. А ў панядзелак пойдзеш на працу і не вернешся. Раскладанка ў кладоўцы. Спаць будзеш на кухні. Толькі абяцай, што не будзеш чапляцца.

– Абяцаю.

– Заходзь.

***

Воўчы сон

Гаўл стаяў на мяжы і чакаў. Згодна з традыцыямі зграі маглі размаўляць толькі так – стоячы на сваёй тэрыторыі. Воўк завываў тройчы, аднак дагэтуль ніхто не прыйшоў. Альбо ўсе ваўкі іншай зграі далёка і не чуюць, альбо не хочуць размаўляць.

“Буду чакаць, колькі трэба. Хто-небудзь павінны прыйсці. Ці каб размаўляць, ці каб забіць. Шляху назад няма, інакш Аўк з Грыкам з радасцю прагоняць мяне са зграі”.

Зграя Алык-Ачын, на мяжы якой сядзеў Гаўл, ніколі не была добрым суседам. За апошнія сорак гадоў яна тройчы ваявала з суседзямі. Аднаго разу і з Суу-Ардун. Але вінаваціць ваўкоў у гэтым нельга. Іх зямля – пустэльня, дзе няма ежы, вады і немагчыма збудаваць добрую ферму. З-за гэтага іншыя зграі не хацелі захопліваць гэту тэрыторую – каму патрэбны камяні ды пыл? Цікава, што апошнія пятнаццаць гадоў Алык-Ачын не ваявалі.

Гаўл завыў яшчэ раз і ў гэты ж момант з лесу выбеглі чатыры вялікіх ваўка – тры маладыя ашчэрылі зубы. Чацвёрты, старэйшы, нізка нахіліўся, рыхтуючыся да скоку. Гаўл падціснуў хвост, але не сышоў з месца. Секунды ператварыліся ў хвіліны, а потым адзін з супернікаў засмяяўся.

– Я вырашыў, што Суу-Ардун пайшлі на нас вайной. А яны нейкага калеку падаслалі. Што табе трэба, воўк? Спадзяюся, ты не па сваім жаданні сюды прыйшоў, а па ўказанні важака. Інакш жывым не сыдзеш.

– Мяне паслаў важак. Я хачу размаўляць з уладаром Алык-Ачын. А лепш выказацца на сходзе зграі.

Старэйшы воўк ашчэрыў зубы ва ўсмешцы.

– Ты мне падабаешся. Мяне клічуць Акіра. Скажы сваё імя.

– Я – Гаўл.

Гаўл расслабіўся. Па традыцыі, калі воўк гаворыць сваё імя, ён не будзе нападаць.

– Гаўл… Я ведаю цябе. Наша выведка добра працуе. Ты – адзінец.

– Пад гэтай мянушкай мяне ведаюць у зграі.

– І ты хочаш, каб мы паверылі, што Грык накіруе ў якасці пасла такога, як ты?

– Яму не шкада, калі мяне заб’юць.

– Можа і так. І што хоча нам сказаць зграя Суу-Ардун?

– Я буду размаўляць альбо з важаком, альбо на сходзе.

– Калі так, то можаш гаварыць. Я – важак Алык-Ачын. І мне крыўдна, што ў вас гэтага не ведаюць.

– Ты – важак? І прыйшоў на мяжу пад аховай трох ваўкоў? Гэта ж самагубства.

– Ты так лічыш? Павер, нават калі б тут было дваццаць вашых ваўкоў, перамога была б на маім баку. Гавары, не хачу вабіць з табой шмат часу.

– Белыя ваўкі падышлі да межаў нашай тэрыторыі. А праз месяц ці менш яны змятуць нас і прыйдуць да вас.

Акіра стаў сур’ёзным. З яго пысы знікла ўсмешка.

– Белыя. Мы чулі пра іх. Аднак не ведалі, што яны настолькі блізка. Добра, Гаўл, праходзь на нашу тэрыторыю. Даю свой дазвол. Між іншым, ты станеш першым ваўком за дзвесце гадоў, які прыйшоў да нас не з вайной.

5.

Макс прачнуўся ад кухонных гукаў – шкварчэнне алея, стук патэльні, кіпенне імбрыка. Ён раскрыў вочы і пабачыў Насту, якая гатавала бліны. Яна паглядзела на хлопца.

– Без мяне звыкся спаць да дванаццаці гадзін?

– З табой я падымаўся раней, бо было чым раніцай заняцца.

– Не хочаш расказаць, што ў цябе здарылася і хто гэтыя бандыты? – Наста праігнаравала яго словы.

– Хачу, ды не ведаю як. Сам яшчэ не ўсё зразумеў.

– Я ноччу ўставала. Ты ў сне размаўляў. Нешта пра ваўкоў. Не памятаю за табой такога.

– Гэта так, прыснілася нешта. Мабыць ад стрэсу.

– Сядай есці. Так і быць, пакармлю цябе, а то з голаду памрэш.

– Яшчэ раз дзякуй, што дазволіла застацца.

– Няма за што. Не разлічвай толькі, што гэта нешта мяняе ў нашых адносінах.

– Я і не разлічваю.

Максім сеў і стаў з апетытам есці. Ён так і не навучыўся гатаваць блінцы, асабліва тонкія. А за апошнія месяцы наогул не частаваўся нармальнай ежай – адны ролтаны ды яечня з сасіскамі.

– Смачна есці! – сказалі з дзвярэй кухні.

Хлопец пазнаў голас, хацеў усхапіцца, ды не паспеў. Яго схапілі за патыліцу і моцна ўдарылі тварам аб стол, потым яшчэ раз. Максім адчуў як з носа цячэ кроў. Наста закрычала і нязваны госць кінуўся да яе, ўдарыў дзяўчыну ў жывот. Яна сагнулася папалам, усхліпнула і села на карачкі.

Макс падняў твар і ўбачыў белабрысага з троіцы. Астатніх побач не было.

– Што, збяжаць надумаў? Лічыш нас дурнямі? Думаў не знойдзем цябе? Ты належыш нам, запомні. Мы можам даць усё, што хочаш, альбо зрабіць тваё жыццё невыносным! А гэта што за баба? Каханка?

Максім хацеў падняцца ды кінуцца на белабрысага. Аднак той быў хутчэй – падскочыў, схапіў хлопца за шыю і ўзняў у паветра.

– Я лічу, не трэба з табой лясы тачыць. Калі з першага разу не зразумеў, то ўсе пытанні вырашым па-даросламу. Некалькі маіх урокаў і ты да канца жыцця будзеш слухацца, што рабіць далей. А цяпер…

Наста ззаду засадзіла ў шыю белабрысага нож. Яго пальцы аслаблі і Максім паваліўся на зямлю, стаў хапаць ротам паветра. Малы лёгка выцягнуў нож і павярнуўся да дзяўчыны. Тая забілася ў вугал паміж падваконнем і халадзільнікам, рукамі захіліла твар з галавой, закрычала. Белабрысы хуткім рухам загнаў лязо ў грудзь Насты.

– Сядзела б на месцы і не варушылася – засталася б жывой.

Дзяўчына ўпала і захрыпела. Сэрца Максіма моцна забілася, пераганяючы кроў насычанаю адрэналінам, у вачах пацямнела. Ён адштурхнуўся нагамі, усёй вагай кінуўся на забойцу і рукамі штурхануў яго ў вакно. Белабрысы ўзвыў і праз шкло паляцеў уніз.

Макс нахіліўся над Настай. Яе вочы замерлі і не міргалі. Кроў заліла падлогу маленькай кухні. Дзяўчына памерла.

***

Міліцыя прыехала праз дваццаць хвілін – суседзі паскардзіліся на шум і разбітае шкло. На Максіма надзелі кайданкі і вывелі з пад’езду, нахіліуўшы тварам у падлогу. Хлопец спытаўся – ці знайшлі яны труп забойцы. Яму нічога не адказалі.

Воўчы сон

Горад Алык-Ачын месціўся на кругавой пляцоўцы з усіх бакоў абкружанай каменнымі скаламі. Адзіны праход ахоўвалі два ваўка. Яны нізка нахілілі галовы, калі пабачылі Акіру. Таксама ўсе паводзілі сябе і ў горадзе.

– Бачу, цябе вельмі паважаюць.

– Яшчэ б. Я ж не звычайны важак, а каралева.

– У сэнсе – каралева?

“Каралева – значыцца ваўчыца. Ваўчыца кіруе зграяй ваўкоў. Гэта ж немагчыма!”. Гаўл здзіўлена паглядаў на свайго суправаджаючага. Па-першае, ён не адчуваў, што гэты воўк – жанчына. Па-другое – за ўсю гісторыю яго зграі ніколі ваўчыцы нават саветнніцамі не станавіліся. Гэта было… немагчыма. Тое ж самае, каб важаком стаў, напрыклад, зубр.

Яны падышлі да вялікай будыніны, якая ўздымалася не менш чым на дзесяць галоў, а шырыня даходзіла да дваццаці хвастоў. Складзена яна была з невялікіх прамакутных каменняў, якія змацоўваліся цэглай. Уваход ахоўваў стары вялікі воўк са мноствам шнараў на пысе.

Гаўл упершыню бачыў такую пабудову. У горадзе іх зграі хата важака была менш разоў у пяць.

– Каралева – значыцца уладарыня. А гэта мой палац – заходзь.

Знутры пабудовы было вялікае памяшканне, адкуль можна было прайсці ў іншыя пакоі. Па цэнтры месцілася лесвіца на другі паверх.

– Вы будуеце шматпавярховыя хаты?

– Я ж сказала – гэта не хата, а палац. Пайшлі ў маі пакоі.

Акіра пайшла на другі паверх, Гаўл паследаваў за ёй. На вяршыні лесвіцы сядзеў яшчэ адзін стары воўк са шнарамі. Ён нізка нахіліў галаву і сказаў:

– Мая каралева, якія будуць загады?

– Нічога не трэба. Праз гадзіну прынясіце нам ежу.

– Слухаюся.

– Пайшлі, Гаўл.

Праз невялікі праём яны апынуліся ў доўгім пакоі, пол якога быў засланы скурамі зуброў. У адным з кутоў месціўся ложак са шкурак трусаў. Акіра прайшла да невялікага драўлянага стала ў цэнтры.

– Кажы, навошта Грык паслаў цябе сюды? Як вы хочаце змагацца з белымі?

– Ёсць толькі адзіны шанец перамагчы. Яны мацней нас і іх больш. Ніводная зграя ў адзіночку не выстаіць. А таму трэба аб’яднацца.

– Прапануеш, каб две зграі біліся разам?

– Так.

– Хочаш сказаць, Суу-Ардун запросіць нашых ваўкоў на сваю тэрыторыю, падзеліцца ежай і вадой?

– На час бойкі. Потым усё будзе па-старому. Таму я і прапанаваў склікаць сход, каб ваўкі вырашалі, ці пагадзіцца на нашу прапанову.

– Гаўл, ты так і не зразумеў? Я не важак, а каралева.

– Не ведаю, што гэта значыць. Я не чакаў, што кіраўніком зграі можа стаць ваўчыца. Аднак калі вы пагадзіцеся на прапанову, то мне ўсё роўна.

– Каралева – не тое ж самае, што важак-жанчына. Каралеве не патрэбна згода іншых ваўкоў. Любое маё рашэнне – закон для іншых.

Гаўл разгубіўся і апусціў галаву ніжэй, чым звычайна.

– Як гэта? Такога не можа быць…

– Усё магчыма. І я не першая каралева Алык-Ачын. Да гэтага каралевай была мая маці, якая забіла апошняга важака. пасля яе смерці ўлада перайшла да мяне ў спадчыну.

– Не разумею. Гэта ж парушае ўсе традыцыі. Мала таго, што ваўчыца стала уладаром над зграяй, дык і наступным важаком стала яе дачка, ды без бойкі…

– Традыцыі не каштуюць нічога. У нашай зграі быў выбар – загінуць у войнах з іншымі згарямі, ці цалкам змяніць тыя самыя традыцыі на новыя. Заставайся маім госцем да заўтра і я ўсё раскажу. Наконт тваёй прапановы – мы згодныя. Але каштаваць гэта будзе шмат.

***

Гісторыя пра ваўчыную каралеву

Мяне клічуць Акіра. Такое імя было ў маёй маці. Таму ваўки міжсобку гавораць Акіра Другая. Я не крыўджуся. Бо імя нічога не значыць без адносін. А мяне паважаюць.

Не буду расказваць пра апошнюю вайну. Яна, напэўна, была падобнай да любой іншай вайны – ваўкі ды ваўчыцы без шкадавання забіваюць адно аднаго. Бо так павялося ад самага з’яўлення ўсіх ваўкоў: твая зграя – гэта сям’я, а іншая – ворагі.

Я раскажу пра заканчэнне вайны. Тую гісторыю, якую расказала мне маці. Ворагі Алык-Ачын адпомсцілі нам, пераможаным. Забралі ўсю ежу ды спалілі нешматлікія драўляныя пабудовы. Але не спыніліся на гэтым. Відаць марылі, каб тут засталася мёртвая пустэльня. А таму забілі ўсіх ваўчанят. І наша згаря, дакладней тыя шэсць дзясяткаў ваўкоў якія ад яе засталіся, стаялі і бездапаможна на гэта глядзелі. Інакш загінулі б усе. Чужыя абшукалі кожную хату, нару ды дзірку ў зямлі і загрызлі ўсіх шчанюкоў. Іх мёртвыя целы выцягнулі ў сярэдзіну горада і сышлі.

Мы зліліся, але не на ворагаў. Разумелі, што на іх месцы зрабілі б тое ж самае. Нас не задавальняла становішча галодных і слабых. Мы хацелі жыць, як астатнія зграі, хацелі дабрабыту і міру. І ў гэты момант агульнай роспачы да мёртвых шчанюкоў выйшаў важак і стаў рычэць:

– Нічога, ваўчыцы новых панараджаюць. А праз пяць гадоў мы зноў пойдзем на вайну і адпомсцім.

Ваўкі і ваўчыцы глядзелі на яго і не разумелі – што ён кажа. Які дурань пасля перажытога захоча ваяваць? А ён не спыняўся.

– Мы прыйдзем у іх горад, заб’ем шчанюкоў, а пасля згвалтуем ваўчыц. А іх тэрыторыі стануць нашымі. Бо мы знішчым кожнага ваўка ня нашай зграі.

Мая маці не вытрымала і кінулася ўперад. Схапіла важака за шыю, пракусіла скуру і паваліла на зямлю. Важак быў вялікім ваўком, самым моцны з тых, хто застаўся. Аднак на баку маці былі нечаканасць і гнеў. Ён кінуўся ўбок і вырваўся з яе пашчы. Кроў лілася ручаём, заліла мёртвых дзяцей. Важак стаяў над імі і цяжка дыхаў. Нахіліўся каб скокнуць і не здолеў падняцца на ногі.

Ваўкі і ваўчыцы, старыя і маладыя нічога не сказалі маёй маці ў той дзень. І ў наступны таксама. Усе працавалі – пахавалі целы мёртвых, адбудавалі жытло, паляўнічыя здабывалі ежу каб пракарміць зграю. А потым нехта з ваўкоў падыйшоў да маці і спытаў – як яна лічыць, ці будзе бяспечным ісці на паляванне да мяжы. Праз дзень іншы воўк спытаўся – дзе лепш трымаць параненых ваўкоў і што рабіць з калечанымі. А праз тыдзень маці зразумела, што вырашае ўсе пытанні зграі. Яе прызналі уладаром.

Не, гэта не спужала, наадварот. Яна зразумела – так павінна быць. І ў хуткім часе перабралася ў будку былога важака і паклікала сход. На ім яна абвесціла, што наракае сябе каралевай. І з гэтага дня ваўкі больш не будуць кіраваць зграяй Алык-Ачын – толькі ваўчыцы.

Думаю табе цікава, як мы дайшлі да традыцый, пра якія ты сёння даведаўся. Маці мне расказвала. Калі ў нас засталося мала ваўкоў і зусім не засталося шчанюкоў, згаря Алык-Ачын упершыню была сытая. Наша зямля, тэрыторыя, адведзеная лёсам, лёгка магла пракарміць шэсцьдзесят ваўкоў і пакідала галоднымі чатырыста. Таму каб жыць сярод нас і быць нашым братам ці сястрой, мала нарадзіцца ў зграі. З першага дня жыцця трэба даказваць сваю карысць.

Кожны нашай крыві вучыцца паляваць, будаваць і біцца. У бойцы адзін на адзін мой воўк лёгка пераможа вашага. Нават калі з нашага боку будзе ваўчыца ці сямнаццацігадовы стары.

Праўда, кошт такой моцы вялікі. Не кожная зграя пагодзіцца яго плаціць. І не кожная зграя заключыць з намі дамову. Таму заўтра, калі сустрэнешся са сваім уладаром, раскажы яму пра ўсё, нічога не хавай. Калі ён прыме нашу прапанову, мы станем хаўруснікамі. Калі не, то праз месяц ці два мы будзем самастойна біцца з белымі, якія пройдуць праз вашу тэрыторыю так лёгка, як зубы маёй маці прайшлі праз шыю нашага важака.

6.

Максім чацвёрты раз адказваў на адны і тыя ж пытанні – імя, прозвішча, у якіх стасунках знаходзіўся з памерлай, як апынуўся ў кватэры, чаму адбылася сварка, ці ўжываў алкаголь або псіхаактыўныя рэчы, ці меў судзімасці, навошта прынёс нож у заплечніку. Змянялася толькі паслядоўнасць пытанняў. Следчыя з першага погляду прызначылі яго забойцам і хацелі, каб хлопец напісаў “чістосердечное”. Вінаваціць іх за гэта было цяжка – цела белабрысага не знайшлі, у кватэры была кроў Насты і яго – парэзаўся, калі вытаскваў нож. Веб-камера, якую ўсталяваў у пад’ездзе адзін з суседзяў, не зафіксавала нікога чужога.

“Напрошваецца адзіны вывад – губляю розум. Можа сапраўды я забіў Насту? А троіца, ваўкі, цёмнаскурая дзяўчына – мая хворая фантазія”.

– Прапаную апошні раз – напішыце прызнанне. Вам жа лепш будзе, пазбегніце вышэйшай меры пакарання.

У адказ Макс пахістаў галавой. Адзіны, каму стане лепш ад яго “чістосердечного” – гэта сам следчы.

– Ваша права. Потым не трэба бегаць і скаргі з апеляцыямі падаваць. Зараз да вас прыйдзе адвакат. Можа ён дасць вам правільную параду.

– У мяне ёсць адвакат? Я ж не наймаў.

– Значыцца нехта іншы наняў.

Яго адвакатам быў дзіўнаваты бландзін-альбінос з зачэсанымі назад валасамі. На скуры снежнага колеру не было ніводнай зморшчынкі, а вочы свае ён хаваў за круглымі чорнымі шкельцамі акуляраў.

– Прывітанне, Максім. Мяне завуць Філіп Гаўл і я буду вашым адвакатам.

Максу падалося, што яго падманвае слых.

– Паўтарыце, калі ласка, ваша прозвішча?

– Гаўл. Спадар следчы, дазвольце перамовіцца са сваім кліентам сам насам?

Калі яны засталіся адны, Філіп нізка нахіліўся да Максіма і зашаптаў.

– А цяпер слухай – я ведаю ўсё і пра цябе, і пра ваўкоў. Нам трэба збяжаць адсюль, інакш тры твае блізкія сябры хутка прыйдуць у госці. А з-за кратаў ты далёка не збяжыш. Таму выконвай усё, што я скажу.

Адвакат разарваў падкладку пінжака, дастаў адтуль крэм, адкрыў і пачаў намазваць твар Максіма.

– Не варушыся, усё пашкодзіш.

Следам за тварам Філіп абмазаў рукі Максіма. Затым зняў з сябе валасы, якія апынуліся парыком, і начапіў іх на галаву хлопца. Тое ж самае зрабіў з акулярамі і пачаў распранацца.

– Скідай адзежу. Зараз ты ператворышся ў мяне, а я некалькі гадзін пабуду табой.

Пасля пераапранання адвакат зрабіў яшчэ некалькі мазкоў крэмам.

– Цяпер слухай, часу мала. На выхадзе пакажаш мой пропуск, на вуліцы чакае таксі. Кіроўца ведае куды ехаць. На месцы выходзь і ідзі ў хату.

– А калі мяне зловяць? І што будзе з табой?

– Ні аб чым не хвалюйся.

***

Усё атрымалася, як і сказаў Філіп. Ніхто не спыніў Максіма, нічога не спытаў. Міліцыянер нават на пропуск не глянуў. Таксі адвезла яго не за горад, як думаў хлопец, а да адной са старых, цудам не знесеных, хат на Грушаўцы. Знешне яна выглядала закінутай, але знутры падавалася, што гаспадары сышлі хвіліну назад. Пасярод адзінага пакоя стаяў стол з нарэзаным мясам і гароднінай. На ім жа ляжаў ліст:

"Максім, частуйся, адпачывай, чакай мяне. Праз гадзіны тры сустрэнемся".

Макс сеў за стол і апусціў галаву на рукі. Пасля смерці Насты ён выцягнуў з яе грудзей нож і глядзеў на мёртвае цела да прыезду міліцыі. Толькі зараз, у пустой хаце, ён адчуў як накатвае гора, па шчаках паліліся слёзы. Упершыню за дванаццаць гадоў ён плакаў і не мог спыніцца. Наста, ці сапраўды ён любіў яе, ці гэта было звычайнае юнацкае захапленне якое б ніколі не перарасло ў нешта іншае? Ён пра гэта не даведаецца.

“Такое адчуванне, што гэтую троіцу ніхто не бачыць, акрамя мяне. Не, яшчэ бачыла Ася. І Наста таксама. Значыцца, яны не прывіды. Аднак і людзьмі іх назваць нельга. З шыі гэтага малога і кропля крыві не ўпала. Што ж яны такое?”.

Yaş sınırı:
12+
Litres'teki yayın tarihi:
21 temmuz 2023
Yazıldığı tarih:
2023
Hacim:
180 s. 1 illüstrasyon
Telif hakkı:
Автор
İndirme biçimi:
epub, fb2, fb3, ios.epub, mobi, pdf, txt, zip