Kitabı oku: «Зграя», sayfa 3
Воўчы сон
– Чакай, Гаўл. Вельмі шмат навін для аднаго дня. Хочаш сказаць, іх важак – ваўчыца?
– Так. Толькі не важак, а каралева. Доўгі час кожны новы важак-воўк не мог вырашыць – як выратаваць зграю ад голада. Тэрыторыя, на якой яны жывуць – гэта сапраўдная пустэльня. Там практычна няма жывёл, а таму стагоддзі яны жылі ў голадзе. Нават зубры, калі мігруюць на поўдзень, мінаюць іх землі. І пасля чарговай вайны, калі зграя Алык-Ачын пацярпела паразу і варожыя ваўкі забілі ўсіх іхных шчанюкоў, адна з ваўчыц забіла важака. І, згодна традыцыі, заняла яго месца. Яна змяніла зграю.
– Якім чынам?
– Ваўчыца нараджае ад трох да васьмі шчанюкоў. Гэта немагчыма кантраляваць. З-за гэтага зграя Алык-Ачын не магла сябе пракарміць. А таму… Мне цяжка гэта гаварыць і яшчэ цяжэй у такое паверыць. З аднаго прыплоду, якім бы вялікім ён ні быў, яны пакідаюць двух ваўчанят, самых здаровых і моцных – астатніх забіваюць. А калі ўсе малыя ды кволыя, што часцяком бывае, калі ваўчыца нараджае восем шчанюкоў, могуць забіць усіх.
– Не разумею. Яны што, забіваюць сваіх жа?
– Забіваюць. З-за гэтага ў іх зграі няма такіх, як я. Там усе вялікія і моцныя.
Грык засмяяўся.
– Хочаш сказаць, калі б ты нарадзіўся там, цябе б забілі?
– Так.
– І ўсё роўна хочаш, каб мы аб’ядналіся?
– Хачу. Бо інакш не выжыць. Яны жывуць так, як дазваляе ім жыць навакольны свет. Калі б на іх тэрыторыі было багата ежы, ніхто б не стаў рабіць тое, што робяць яны.
– І што яны сказалі наконт аб’яднання?
– Акіра, каралева зграі, пагадзілася. Аднак яны дапамогуць не за так. Яна просіць перадаць ім чатыры нашых паляўнічых надзелы.
– Гэта немагчыма! Дзе мы будзем паляваць? Тады і нам самім ежы не хопіць.
– Акіра сказала, што пасля бойкі з белымі нас застанецца так мала, што ежы хопіць тром зграям. Шмат каго заб’юць…
– Я разумею гэта. А што яна дасць узамен?
– Калі мы пагодзімся, то заўтра да нас прыйдуць шэсцьдзесят яе лепшых ваўкоў і будуць выконваць вашы загады. Яшчэ трыццаць пойдуць на выведку на землі белых. А на саму бойку яна абяцае прывесці ўсіх дарослых ваўкоў, акрамя ваўчыц-карміліц.
Аўк ляжаў побач з Грыкам і слухаў моўчкі. Ён, як і важак, ацэньваў прапанову так званай “каралевы”. Чатыры паляўнічыя надзелы – вялікая тэрыторыя, якая можа пракарміць шмат ваўкоў. І калі пагадзіцца на гэта, то Суу-Ардун сама вымушана будзе ў будучыні кантраляваць сваю колькасць. Хай і не такімі метадамі.
– Гаўл, ты сказаў, што яна прывядзе з сабой усіх дарослых ваўкоў. Старых таксама?
Адзінец апусціў галаву.
– Калі я прыйшоў у іх горад, то заўважыў там шмат старых. Іх пысы і цела пакрывалі шнары, хаця Алык-Ачын не ваюе з іншымі згарямі пятнаццаць гадоў. Ніводны ветэран не пражыў бы столькі. Я спытаў пра гэта Акіру і яна сказала, што калі ваўку спаўняецца трынаццаь гадоў, ён штогод павінен даказваць зграі сваю каштоўнасць у бойцы з ваўкамі такога ж узросту. Бойкі ідуць да смерці. Іншымі словамі – усе ваўкі зграі, якімі б старымі ні былі, могуць біцца.
Аўк узняўся на ногі і зарычэў.
– Гэта немагчыма. Мы заўсёды паважалі старых. Яны пражылі сваё жыццё так, каб пасля іх маглі добра жыць мы. Хай імі кіруе ваўчыца, хай яны забіваюць сваіх ваўчанят – з усім можна пагадзіцца. Акрамя забойства старых. Я супраць аб’яднання з гэтай зграяй, Грык. І калі ты думаеш інакш, то я не магу заставацца тваім сябрам і саветнікам. Бо, ты ж разумееш, у іх зграі я б даўно загінуў.
Грык думаў. Не пра словы Аўка, а пра саму магчымасць аб’яднання двух зграй. Ніколі такога раней не было і, мабыць, калі іх з’ядуць белыя, ніколі не будзе. Гэта ідэя не проста парушае нейкія там традыцыі. Усе зграі маюць падвойную назву – Суу-Ардун, Алык-Ачын, Агыр-Санан, Кер-Адына і іншыя. Першае слова – імя ваўка-бацькі, першага важака. Другое слова – імя ваўчыцы, якая нарадзіла ваўчанят, якія і сталі зграяй. А калі яны аб’яднаюцца, што тады? Ператворацца, хай і часова, у Суу-Ардун-Алык-Ачын?
– Я пачуў цябе, Аўк. І цябе таксама, Гаўл. І, як важак, павінен рабіць тое, што будзе лепш для зграі, нягледзячы на нашы традыцыі і забабоны. Прабач мяне, стары сябар – мы прымаем прапанову Акіры.
Аўк нічога не сказаў і выйшаў з будкі Грыка.
– Цяпер, Гаўл, ты станеш маім саветнікам. Ідзі назад і раскажы пра ўсё Алык-Ачын. А потым паспрабуй замацаваць свой поспех з іншымі згарямі.
– Дзякуй, уладар. Для мяне вялікая пашана, быць тваім саветнікам. Зусім запамятаваў – Акіра сказала, што цяпер іх згаря завецца проста Ачын.
– Ачын… Як цікава. Яны адмовіліся ад імя бацькі-важака. Спадзяюся яны сапраўдытакія добрыя воіны, як ты расказваеш. Інакш нядоўга мне быць важаком.
7.
Філіп прыйшоў з міліцыі праз чатыры гадзіны. На пытальны позірк Максіма падміргнуў і весела адказаў:
– Галоўнае для добрага адваката – самому мець добрага адваката. Ці шмат грошай.
На правах гаспадара ён зварыў бульбу, нарэзаў агуркоў з памідорамі, разагрэў мяса з халадзільніка. І ўвесь час балбатаў – пра вучобу ў інстытуце, пра бацькоў і бабулю, ад якой засталася хата, пра хуткі яе знос і пераезд у Шабаны, пра цётку Балеславу, якую ў іх сям’е клікалі Болька і шмат пра што іншае. Рот не затыкаўся. З карыснай інфармацыі Макс даведаўся, што Філіп сапраўды адвакат і альбінояс.
Размаўляць пра ваўкоў ды троіцу Філіп адмаўляўся не паеўшы, таму Максім чакаў. У самога кавалак у рот не лез. Выпіў кавы і цярпліва глядзеў як хутка есць суразмоўца.
– Для мяне ежа – галоўнае задавальненне ў жыцці. А калі перабіваць яе сур’ёзнымі размовамі, то і апетыт знікне. Навошта тады жыць?
А пасля прыйшлося прыбіраць са стала – посуд памыць, у хаце падмесці, смецце на вуліцу вынесці. Пасля гэтага задаволены Філіп сеў насупраць Максіма.
– Цяпер пытай.
– Ты хто? Тваё прозвішча Гаўл?
– Не, Гаўла я выкарыстаў, каб ты мне даверыўся. А так я сапраўды Філіп і адвакат. Калі ж ты пытаеш у сувязі з апошнімі падзеямі і тваімі сненнямі, то лічы мяне наглядальнікам.
– Што значыць – наглядальнік?
– Я не ўмешваюся і сачу, каб гісторыя ішла так, як выбіраюць людзі. Без прымусаў, пагроз і іншага.
– А калі яны грошы даюць – гэта не прымус?
– Не, канечне. У цябе ж свабодная воля – браць іх ці не.
– А якое ты маеш дачыненне да гісторыі? Табе таксама некалі расказалі пра ваўкоў?
– Не, ніхто мне нічога не расказваў. І не ведаю, чаму я звязаны з вамі. Ёсць апавядальнікі – такія, як ты. Яны расказваюць гісторыю. А ёсць я – чалавек, які з дзяцінства бачыць у сне іншых людзей і ваўкоў. Я да дваццаці гадоў не мог зразумець, чаму іншым кожную ноч сняцца розныя сны, а мне заўсёды аднолькавыя. Маці таскала мяне і да псіхолага, і да псіхіятра, і да неўрапатолага, пакуль я не паразумнеў і сказаў, што незвычайныя сны скончыліся.
– Дык табе сняцца ваўкі?
– І ваўкі, і апавядальнікі. Можа, я б ніколі не зразумеў сваё прызначэнне, каб не сустрэў аднаго з апавядальнікаў у рэчаіснасці. А потым пазнаёміўся з троіцай.
Пры ўпамінанні аб іх па целе Максіма прабеглі мурашы.
– Хто яны?
– Цяжка сказаць. Упэўнены ў адным – яны не людзі. Для сябе я называю іх паляўнічымі на гісторыі.
– Ты іх не баішся?
– Не. Яны намагаліся страшыць, ды я дзедаву дубальтоўку дастаў і ўсё. З таго часу троіца мяне пазбягае.
– Лічыш яны спужаліся? Мая дзяўчына…
Максім змоўк. Ён назваў Насту сваёй дзяўчынай. І зразумеў: увесь час, што яны не жылі разам, працягваў так лічыць. Гэта адкрыццё цунамі накрыла яго і хлопец заплакаў. Гора, насычанае чорнае гора затапіла пачуцці. Філіп не кінуўся суцяшаць, сядзеў і чакаў.
– Прабач. Я…
– Не хвалюйся. Я ведаю што значыць губляць блізкіх людзей. У сне я бачыў, што твая Наста зрабіла з белабрысым.
– На ім жа нават драпіны не засталося… Няўжо дубальтоўка іх спужае?
– Галоўнае, не як ці чым ты яго раніш, а хто гэта робіць. Паміж намі – троіцай, мной і табой ёсць сувязь.
– Значыцца, я параніў белабрысага, калі выпіхнуў яго з вакна?
– Упэўнены ў гэтым.
– Тады наступным разам я заб’ю яго.
– Наўрад ці ты яго пабачыш. Павер, яны баяцца цябе не менш, чым ты іх.
– Раскажы мне пра ваўкоў і воўчыя сны.
– У свой час. Спачатку паслухай іншую гісторыю.
Гісторыя пра апавядальніка
Хлопчык, назавем яго Іван, жыў у Беларусі на пачатку мінулага стагоддзя. У тыя часы, калі дзяржава чамусьці вырашыла, што чалавек можа пражыць без ежы. А таму сілай забірала ўсё да апошняй бульбіны. Ды й зямля ў тых мясцінах была дрэнная – нічога карыснага не расло на ёй. Адзін бурўян. Ён і выратоўваў вёску. Бо траву елі козы ды авечкі, а пасля давалі людзям мяса і малако.
Трэба колькі слоў і пра самога Івана сказаць. Ён жыў з маці і дзедам. Бацька яго некалі прыйшоў у іх вёску разам з польскім войскам, згвалціў маці Вані. І ад гэтай кароткай сувязі з’явіўся на свет хлопчык. І з дзяцінства яго ўсе ненавідзелі.
Мама Вані да яго нараджэння лічылася першай прыгажуняй на вёсцы. Усе казалі, што яна пойдзе замуж за заможнага чалавека. Можа нават у горад паедзе. І дзяўчына таксама верыла ў гэта. Аднак гвалт і нараджэнне хлопчыка ўсё змяніла. А таму маці ненавідзела свайго сына больш за іншых вяскоўцаў. Адзіным чалавекам, які любіў Ваню, быў дзед.
Колькі памятаў сябе, Іван працаваў пастухом у полі. Яму трэба было не столькі глядзець за жывёламі, колькі адпугаць ваўкоў. Рабіць гэта было няцяжка – бярэш дзве драўляныя, гладка выскубленыя пласціны і моцна б’еш адна аб адну. Гук атрымоўваецца падобным на стрэл і ваўкі пужаюцца.
Кожную раніцу Іван падымаўся да ўсходу, а клаўся спаць пазней за ўсіх у хаце. Не дзіва, што аднойчы хлопчык не вытрымаў і, выгнаўшы авечак у поле, заснуў. Ачуняў праз чатыры гадзіны ад мужчынскіх крыкаў. Вялікая зграя галодных ваўкоў напала на статак і загрызла трыццаць авечак. Вяртанне дадому праз усю вёску стала для Вані сапраўдным выпрабаваннем. Нехта пляваў у твар, іншы біў смярдзючай анучай, а адна старуха выліла на яго памыі. Дома на хлопца накінулася маці, узяла дубец і біла яго па нагах і руках, прыгаворваючы:
– Лепш бы цябе ваўкі забралі і з’елі. Нам бы менш ртоў карміць і вёска вольна б уздыхнула. Каб ты здох, нягоднік. Скажу старасце – хай прагоніць цябе з вёскі.
Адступіла яна, калі ад гэтай працы рука знямела. Іван ляжаў на падлозе і плакаў. Не столькі ад болю, колькі ад невыносных слоў.
– Ціха, Ванечка, не трэба плакаць. Жыццё пераменлівае. Сёння яна цябе б’е, а заўтра палюбіць. Хадзем лепш да мяне – раскажу казку.
Дзед пагладзіў хлопца па галаве, падняў на руках і аднёс у ложак.
– Не плач, Ванька. Во бяда – ваўкі авечак пагрызлі. Ды колькі я жыву года не было, каб шэрыя кагосьці не загрызлі. Людзі галадаюць і ваўкі таксама. Мы хочам жыць і яны. Але калі малы ваўчонак не здолее забіць вялікага зубра, ніхто з роднай зграі не будзе кусаць яго за гэта.
Слёзы высахлі на шчаках Вані, ён уважліва слухаў дзеда.
– А ты бачыў нашага старасту? Да кіраўніцтва з горада ліслівы, нібы парасё ў маці цыцку выпрошвае. А як да сваіх адносіцца? Слова добрага не пачуеш! Ды й які з яго кіраўнік? У мінулым годзе адмовіўся збожжа купляць, якое можа на нашых землях расці. Сказаў: “І так пражывем”. Ён-та пражыве, а мы – не. Сярод ваўкоў жа ў зграі важаком становіцца заўсёды самы моцны і разумны. Той, хто ведае як і дзе паляваць, куды ісці, каб паляўнічыя цябе не злавілі. Такім павінен быць сапраўдны кіраўнік. Не тое што ў нас.
– Дзед, атрымоўваецца, ваўкі лепшыя за людзей? І жывецца ім лепш?
– Не ведаю, унучак. Я ж ніколі сярод ваўкоў не жыў.
– А што б яны зрабілі з такім, як я… “непажаданым”?
– “Непажаданым”… Маці навучыла так казаць? У шэрых няма чужых ці сваіх ваўчанят. Калі ты нарадзіўся ў зграі, то ўся зграя – твая сям’я. Ніхто не будзе шукаць – хто твой бацька, а хто маці. У ваўкоў усё проста – калі ты са зграяй, цябе будуць любіць.
Ваня працягваў працаваць пастухом і трываць здзекі аднавяскоўцаў. Аднак з таго дня ён не звяртаў на гэта ўвагі, бо стаў уяўляць на месцы аднавяскоўцаў ваўкоў. Сядае ў траве, трымае драўляныя пласціны ў руках і думае: “А што б было, калі б замест людзей паўсюль жылі ваўкі? Якія б законы ў іх былі? Як бы яны размаўлялі?”. І сам адказваў на гэтыя пытанні. Так, павольна, у галаве хлопчыка ствараўся ваўчыны свет. Насамрэч, ваўкі Вані мала паходзілі на сапраўдных, жывых ваўкоў. Уяўленне хлопчыка пра іх было складзена з фантазій і аповедаў дзеда.
Хутка ў Івана з’явіўся і лепшы сябар – Антоні, мясцовы дурань, над якім смяялася ўся вёска. А любімае захапленне старасты вёскі –падпальваць адзежу Антонія і глядзець, як той весела бегае і збівае агонь рукамі. Увесь час дурань пасміхаўся, нават калі яго білі.
Аднаго разу Антоні прыйшоў на поле, дзе пасвіліся авечкі і сеў каля Вані. Той пабачыў ваўка і ляснуў пласцінкамі. Дурны спужаўся і хацеў збяжаць, ды хлопчыку стала сорамна. Ён спыніў яго, пасадзіў каля сябе і расказаў гісторыю пра ваўкоў. Так Антоні стаў прыходзіць кожны дзень і слухаць аповеды.
Чым старэйшы рабіўся Іван, тым больш часу праводзіў не ў нашай рэчаіснасці, а ў сваім уяўленні. Не, ён не здурнеў, проста паверыў, што ваўчыны свет існуе і туды можна збегчы. Таксама ў гэта верыў і Антоні, які ўсё слухаў і запамінаў.
Калі Ване споўнілася сямнаццаць пачалася вайна, на якой ён і загінуў. Але свет ваўкоў застаўся жыць у галаве Антонія. Дурань мог дакладна ўспомніць кожную гісторыю Івана нават праз дваццаць гадоў пасля смерці свайго сябра.
Адной ноччу яму прысніўся ваўчыны сон. Усё адбывалася ў свеце, які стварыў Іван. Толькі гісторыі былі іншымі, новымі. І яны так захапілі старога Антонія, што ён імі падзяліцца.
Так Іван стаў стваральнікам сусвета Ваўкоў, а Антоні – першым апавядальнікам.
***
– Ну, як табе казка пра хлопца, дурня і ваўкоў? Не, лепш назваць яе “Гісторыя стваральніка сусветаў”.
– Гэта праўда?
– Напэўна.
– Як гэта – “напэўна”? Ты што, усё выдумаў?
– Не. Я ж кажу – з дзяцінства бачыў сны. Нешта запомніў, дэталі дадумаў, частку выдумаў.
– А сам ты верыш у тое, што расказаў?
– Чаму б і не? Нашы думкі ствараюць сусветы, калі мы сапраўды паверым у свае фантазіі. Пра астатняе даведаемся заўтра.
– Дзе?
– Не дзе, а ў каго. Троіца прыйдзе ў госці.
– Што? Яны знайшлі твой дом?
Філіп пасміхнуўся.
– Ты не зразумеў? Ад іх немагчыма схавацца. Яны заўсёды ведаюць дзе ты. Нават схавайся ты пад зямлёй у цынкавым бункеры, гэтыя лёгка да цябе прыйдуць. Таму я не стаў чакаць, а сам іх запрасіў.
– Яны прыйдуць сюды… Ты казаў, у цябе ёсць дубальтоўка…
– Не, зброю ты не атрымаеш. Аднаго можа і паспееш забіць, а астатнія збягуць і лёгка зарэжуць у сне цябе ці тваіх родных. Трэба быць асцярожным з тым, што не да канца разумееш. Абяцай, што не ўтворыш глупстваў заўтра.
– Буду старацца.
– Гэтага недастаткова. У мяне з імі дамоўленасць – яны не чыняць шкоды людзям і дамаўляюцца з апавядальнікамі. Да твайго з’яўлення ўсё было добра. А цябе ад пачатку моцна прэсавалі, ды яшчэ забойства… Трэба зразумець, што здарылася. Таму абяцай, што калі яны прыйдцуь, ты будзеш сядзець і слухаць нашу размову моўчкі. Інакш сустрэчы не будзе. У мяне таксама ёсць сябры і родныя. Не хачу, каб іх жыццю нешта пагражала.
– Добра, я абяцаю.
***
Троіца сядзела ў парку і чакала. Іх целы выглядалі такімі ж мёртвымі, як і раней, а вочы свяціліся нецярплівасцю, страхам і гневам.
Воўчы сон
Гаўл спадзяваўся, што пасля зграі Ачын яго нічога не здзівіць. І памыліўся. Мяжа са зграяй Вый-Кло была самай маленькай на поўдні зямель Суу-Ардун – менш за трыста хвастоў. Можа таму пра яе ваўкоў рэдка расказвалі. Ды й мала хто сустракаў іх з цяперашняга пакалення.
Гаўл чакаў з вечара ўсю ноч. На ўсходзе з’явіліся пробліскі святла, калі ён пабачыў іх. Дванаццаць ваўкоў, на іх баках віселі драўляныя дошкі, а на шыях – бранзалеты з маленькіх вострых костак. Яны падыйшлі да самай мяжы і Гаўл адчуў, што з лесу за ім сочаць яшчэ больш шэрых.
– Чаго трэба, воўк?
– Я прыйшоў размаўляць са сходам зграі. У мяне пасланне ад нашага важака, Грыка.
– Мы не будзем з табой размаўляць.
– Паслухайце, гэта вельмі важна. Ад нашай размовы залежыць бяспека зграі.
– Нам усё роўна, будзеце вы жыць, ці памрэце.
– Не толькі мы, але і вы таксама. Гэта агульная небяспека для ўсіх ваўкоў.
– Мы не будзем з табой размаўляць. Бывай.
– Справа ў белых ваўках. Яны да ўсіх дабяруцца і ўсіх з’ядуць.
Дэлегацыя павярнулася спінамі да Гаўла і пайшла ў свой лес. Саветнік кінуўся следам.
– Чакайце, вы не можаце прыйсці сюды і адмовіцца размаўляць. Гэта няправільна.
Ён хацеў дабегчы да ваўкоў, ды не паспеў – пачуўся глухі “шчоўк” і Гаўла рэзка падкінула ўверх. Ён трапіў у пастку і балтаўся ў сетцы. Пад ім сабралося не менш за два дзясяткі ваўкоў, якія перашэптваліся між сабой: “Няверны парушыў мяжу”, “За такое – смерць”, “Заб’ем яго і выкінем на чужую тэрыторыю, каб усе ведалі”.
– Калі зараз мяне заб’ёце, то ў будучыні загінеце самі.
Ваўкі сцішыліся, агаломшаныя яго словамі. Галоўны паглядзеў на Гаўла і кіўнуў галавой.
– Забіраем яго.
***
Да горада Вый-Кло Гаўла неслі звязаным за ногі і падвешаным уніз галавой на дліннай палцы. Калі праз дзве гадзіны яны дайшлі да месца, яму невыносна балела галава, а ногі анямелі. Саветніка не занеслі ў хату, а кінулі звязаным каля вогнішча, вакол якога ўтварылася кола з ваўкоў апранутых у незвычайную адзежу – скуры жывёл з намаляванымі на іх незразумелымі сімваламі. Некаторыя насілі на галаве чэрапы зуброў, а восем з адзінаццаці былі без хвастоў.
– Развяжыце яго. Няверны, ты парушыў святую зямлю Вый-Кло. Ніколі такога не здаралася. Ваўкі, у што б яны не верылі, не дазвалялі сабе парушаць традыцыі. І цяпер мы ня ведаем, што з табой рабіць. Адны кажуць – забіць, іншыя – адрэзаць хвост, трэція – пусціць з мірам. Скажы нам, адзінаццаці апосталам месяца, які лёс для сябе хочаш.
Гаўл спрабаваў трымацца на нагах, але нічога не атрымалася і ён лёг на зямлю.
– Ваўкі, мне трэба размаўляць ці з важаком, ці са сходам, ці з каралевай. У мяне навіна, якая патрабуе неадкладнага абмеркавання. Гэта пра белых ваўкоў.
– Няверны, ты не маеш права гаварыць, чаго хочаш. І мы не будзем слухаць казкі пра белых ваўкоў.
– Гэта не казкі. І калі нічога не рабіць хутка пабачыце белых на свае вочы.
– Нас не пужае смерць. На месяцы нам будзе добра. Таму яшчэ раз пытаю – які лёс для сябе хочаш?
– Паважаныя прарокі, – у кола ўвайшоў адзін з ваўкоў, які нёс Гаўла да горада. – Мы б не неслі яго сюды, а забілі на месцы. Аднак ён прамовіў: “Калі вы зараз мяне заб’ёце, то ў будучыні загінеце самі”. А гэта дакладныя словы прарока.
– Цікавыя рэчы ты гаворыш, каб няверны… Хто можа пацвердзіць гэта?
– Усе вернікі, што былі разам са мной.
Кола ўстала і зрабіла крок у правы бок. Насупраць Гаўла цяпер стаяў іншы воўк.
– Адкуль ты ведаеш словы нашага прарока, чужак?
– Я не ведаю ніводнага ваўка з імем Прарок.
– Прарок – не імя, а прызначэнне. Раз ты не ведаеш гэтага, то альбо выпадкова прамовіў тыя словы, альбо сам месяц паслаў цябе да нас. Што ты думаеш пра гэта?
– Думаю, што пагаджуся з любой прапановай, калі выслухаеце мяне.
Кола зрабіла яшчэ адзін крок у правы бок.
– Як цябе клічуць, воўк? Адкуль ты і што хочаш расказаць?
– Я – Гаўл, саветнік важака зграі Суу-Ардун, што знаходзіцца на поўнач ад вас. І я прыйшоў прасіць дапамогі ў барацьбе з белымі ваўкамі.
– Мы чулі пра іх і думаем, што гэта казкі…
– Не, не казкі. Тыдзень таму яны былі на нашай мяжы. Яны не размаўляюць, а забіваюць шэрых ваўкоў. І ніхто не можа перашкодзіць ім. Бо яны большыя па памерах, мацнейшыя… Адзіны выхад – аб’яднацца. Я заручыўся дапамогай зграі Ачын. І калі вы будзеце ваяваць разам з намі, мы пераможам захопнікаў.
Воўк-субяседнік змяніўся ў чарговы раз. Гаўла раздражнялі такія перамовы. Ён не мог вызначыць, хто з іх галоўны.
– Дзякуй, што прыйшоў да нас, Гаўл. Мы можам дапамагчы, і не толькі войскам. У нас вялікія поспехі ў вырабе прылад для забойства. Але… Мы не будзем дапамагаць нявернаму.
– Не разумею. Што значыць верны ці няверны, хто такі Прарок, чаму вы завяцеся апосталамі і дзе важак зграі? І чаму, урэшце, вы ходзіце вакол мяне і гаворыце па чарзе?
– Звычайна мы не распавядаем сваёй гісторыі няверным. Аднак, улічваючы, што цябе мог паслаць Месяц… Слухай.
Кола ваўкоў зрабіла крок у правы бок.
Гісторыя пра прарока
Сто дванаццаць гадоў таму мы былі звычайнай зграяй. Мы палявалі на трусоў і птушак, будавалі фермы, адганялі ад межаў іншыя зграі. У нас былі важакі, якія казалі што рабіць, судзілі нас. А раз на пяць-шэсць гадоў яны біліся з маладымі ваўкамі, каб даказваць, што яшчэ маюць права займаць сваю пасаду. Не будзем доўга распавядаць пра былыя часы. Ты і сам ведаеш, як жывуць зграі.
Усё змянілася сто адзінаццаць гадоў таму – нарадзіўся вялікі прарок. Гэты воўк быў непадобны да іншых. Як адарваўся ад матчынай цыцкі, ён днямі сядзеў у хаце і чытаў усё, што мог знайсці. Разварушыў нашы скураныя скруткі з гісторыяй зграі, схемамі пабудовы хат і ферм, запісамі традыцый. Іншыя ваўкі смяяліся з яго, бо прарок нават не ўмеў здабываць ежу. Выпраўляўся на паляванне, а вяртаўся з пустымі зубамі. А таму еў ягады ды яйкі птушак, якія робяць гнёзды на зямлі. Часам шанцавала і ён ласаваўся аб’едкамі ад іншых ваўкоў.
Прарок схуднеў, вочы яго запалі глыбока ў чэрап. Над ім перасталі смяяцца, а сталі пазбягаць, лічыць дурным ваўком. І на кожным сходзе нехта прапаноўваў прагнаць яго са зграі. Утрымлівалі традыцыі – ніколі яшчэ за гісторыю не было ваўка, якога б мы выгналі.
Але час і знешнасць прарока зрабілі сваю справу. Прыхільнікаў выгнання з году ў год рабілася болей, а абаронцаў менела. Апошняй кропляй стала смерць важака. Ён памёр не ў бойцы з супернікам, а з-за таго, што папярхнуўся косткай. І шмат маладых ваўкоў вызваліся ўдзельнічаць у спаборніцтвах на права стаць новым важаком. Бойкі ішлі тры дні. Сем ваўкоў было забіта, чацвёра – скалечана. Новы важак, малады і моцны, адразу сабраў сход і прапанаваў прагнаць Прарока. Зграя прагаласавала аднагалосна.
У той жа дзень ваўкі прыйшлі да яго і сказалі, каб ішоў куды вочы глядзяць, што ён нам ад таго часу не брат. Прарок не чуў. Схіліўся над скурай, у зубах заціснуў пэндзаль і пісаў. Ваўкі зубамі схапілі яго за лапы і выцягнулі з хаты, працягнулі праз увесь горад і кінулі на дарозе. А Прарок быццам не адчуваў, што з яго цячэ кроў, не зважаў на нашы папярэджанні.
Яму зламалі заднюю лапу, а ён на трох пацягнуўся назад, у горад. І зноў ваўкі схапілі і выкінулі яго за сцяну. І так адзінаццаць раз Прарок падымаўся, а мы выкідалі яго з горада. Кожнага разу маладыя ваўкі былі ўсё нецярплівей. Яны разумелі, што іх учынак – няправільны, а таму былі жорсткімі. Іх зубы ўсё глыбей пракусвалі скуру і мяса Прарока.
На дванаццаты раз Прарок не падняўся. Так і ляжаў на дарозе, з павернутай да горада пысай. Лапы былі зламаны ў некалькіх месцах, хвост – адгрызены, выбіта вока. Ён усвядоміў, што не зможа ніколі вярнуцца да сваіх скур, у сваю хату і завыў на месяц. Усю ноч зграя не магла заснуць з-за воя. І раніцай наш новы важак перагрыз Прароку горла.
Пяць гадоў пасля гэтага, пакуль нарадзілася і вырасла наступнае пакаленне ваўкоў, ніхто не заходзіў у хату Прарока. Яе лічылі праклятай і не заўважалі. Але якую моладзь спыняць забабоны старэйшых?
Шасцёра маладых ваўкоў прыйшлі ў будку Прарока, каб спаліць яе. Адзін з іх заўважыў стосы спісаных скураных скруткаў і пачаў чытаць, каб даведацца аб чым пісаў вар’ят. Разам з ім сталі чытаць і пяцёра іншых.
Сямнаццаць дзён яны выходзілі з будкі толькі паесці. Ад раніцы да ночы чыталі тое напісанае Прарок. Выйшлі адтуль прасветленымі і сталі вучыць зграю мудрасці. Мы назвалі іх шасцю Вялікімі Апосталамі.
Са спісаных скур Прарока мы даведаліся, што ваўкі з’явіліся на зямлі не зніадкуль. Нас стварыў Месяц. Кожны дзень ён са сваім малодшым братам Сонцам глядзіць на нас з нябёсаў – ці шмат зла мы робім, ці добра паводзімся са сваімі старымі, ці не забіваем больш жывёл, чым можам з’есці.
А пасля смерці добрыя ваўкі выпраўляюцца ўверх каб жыць на месяцы. А тыя ваўкі, якія за жыццё зрабілі больш зла, юудуць жыць на раскаленым сонцы. І да сканчэння часоў будуць бегаць па ім, каб не апаліць свае лапы.
Скруткі, у якіх была напісана гісторыя паходжання і жыцця ваўкоў мы называем святымі. Але прарок пакінуў не толькі іх. Ён навучыў нас, як рабіць драўляныя даспехі, лук і стрэлы, катапульты і іншыя прылады. З іх дапамогай мы сталі непераможнымі. А як усвядомілі гэта, адразу знікла патрэба ў вайне. Навошта біцца з іншымі ваўкамі, калі ўпэўнены, што з лёгкасцю пераможаш?
Хутка ваўкоў, якія ўшаноўваюць Месяц і яго брата Сонца ў нашай зграі стала больш, чым іншых. Таму яны сабраліся разам і забілі важака, таго самага, які перагрыз горла Прароку. Астатнія альбо далучыліся да нас, альбо назаўсёды пакінулі зграю. Уладу ў свае рукі ўзялі адзінаццаць ваўкоў у гонар адзінаццаці спроб, якія рабіў Прарок, каб вярнуцца дахаты. На пачатку ў іх лік уваходзілі і шэсць Вялікіх Апосталаў.
***
Падчас гісторыі пра прарока кола з ваўкоў зрабіла адзін абарот і насупраць Гаўла стаяў той самы апостал, што ў самым пачатку размовы.
– Цяпер зразумеў? Мы лічым астатніх ваўкоў, якія не ведаюць пра Месяца ды ягонага брата Сонца – нявернымі. Іх час яшчэ не прыйшоў. Але хутка ў кожнай зграі з’явіцца свой прарок і навучыць яе мудрасці.
– Дзякуй за гісторыю. І яшчэ раз звяртаюся да вас, апосталаў. Ніводнага прарока ніколі не з’явіцца ў іншых зграях, калі белыя знішчаць іх. Яны заб’юць кожнага і нават Месяц не выратуе іх.
Апосталы сцішыліся. Таксама ціха было і ва ўсім горадзе. Гаўл пачуў, як ваўкі пераказваюць яго словы тым, хто дрэнна пачуў.
Кола перайшло.
– Гаўл, ты і не ведаеш, што ў другі раз паўтарыў словы прарока з яго апошняга скуранага скрутка. Ён не паспеў яго дапісаць, бо быў забіты. У гэтым апошнім скрутку Прарок расказвае пра апошнія часы шэрых ваўкоў. Піша, што хутка прыйдзе час і з нябёс прыйдуць іншыя ваўкі, якія заб’юць усё жывое. А выжыць змогуць толькі тыя, хто даведаецца пра Месяц. Апошнія словы, якія ён напісаў: “Яны заб’юць кожнага і нават Месяц не выратуе няверных ваўкоў”. Цяпер мы ўпэўнены, што цябе даслаў да нас сам Месяц. І словы твае – папярэджанне.
Кола зрабіла абарот.
– Мы дапаможам, бо такім чынам выратуемся самі.
– Аднак?…
– Не разумеем цябе, Гаўл.
– Заўсёды ёсць нейкія ўмовы.
– Так, умовы ёсць. Тычацца яны цябе, усіх Суу-Ардун і Алык-Ачын.
– Я магу гаварыць за сябе і Суу-Ардун. Аднак Ачын не стане слухаць мяне ці вас.
Кола перайшло.
– Добра. Гэтага дастаткова. З Алык-Ачын разбярэмся пазней. У нас адна ўмова. Ты, а потым і ўся твая зграя, павінны прызнаць Месяц і яго брата Сонца. І гэта павінна адбыцца да бойкі з белымі, бо толькі так можна перамагчы. Так пісаў Прарок. За гэта мы перададзім усе свае веды, якія захоўвалі дзесяцігоддзямі.